355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 6)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 28 страниц)

«Я ўзрывала нямецкія эшалоны».

Увогуле, яны пускалі паглядзець на вісельнікаў, для гэтага пакараных пакінулі на шыбеніцах – каб устрашыць гараджан. Але я стаяў, мабыць, занадта доўга. Бо вартавы раптам пагразіў мне аўтаматам і закрычаў, каб я праходзіў. Чаго добрага, яшчэ стрэліць. Што ім значыла забіць аднаго чалавека! А мне паміраць так недарэчна нельга! Таму я паслухмяна пайшоў, развітаўшыся з Паўлам, з таварышамі, якіх я не ведаў пры жыцці, але смерць іх зрадніла нас.

Вартавы паліцай ведаў мяне. Я сказаў яму, што хачу паступіць да іх на службу. Ён узрадаваўся:

«Давай. Такія хлопцы нам цяпер во як патрэбны!»

«Начальнік у сябе?»

«Толькі што прайшоў».

Але сакратарка-перакладчыца затрымала мяне. Гэтую асобу я таксама ведаў: Павел хадзіў з ёй нават разы два ў кіно, каб выведаць, чым яна дыхае. І заключыў: «Дрэнь поўная». Яна сказала, што ў спадара Лучынскага важная нарада і наўрад ці прыме ён мяне. Я адказаў, што ў мяне пільная справа.

«Якая?»

«Хачу паступіць у паліцыю».

Яна паглядзела на мяне зацікаўлена і больш прыветліва.

«О,тады пачакайце».

Здраднікам падабалася, калі іх большала. Магчыма, кожнага з іх цешыла думка: «Не я адзін».

Сакратарка была стройная брунетка, гадоў дваццаці пяці, але са стомленым ад бяссонных начэй тварам распусніцы. Ды, мабыць, траплялі ёй у апошні час мужчыны падношаныя, тыпу Лучынскага. Бо калі яна бліжэй агледзела мяне і падумала, што я буду служыць побач, у яе юрліва заблішчалі вочы. Яна пачала заляцацца. Мне зрабілася агідна. Я думаў пра помсту, ішоў на смерць, а тут трэба было «сушыць зубы», гаварыць чорт ведае пра што. Хацелася стукнуць яе з пісталета, а потым тых, усіх, што за дзвярамі, абабітымі жоўтым дэрмацінам. Сакратарка сказала мне, хто там: «Заступца і следчы».

Не, раней трэба іх. У мяне не хапала сілы чакаць. Я падняўся і наблізіўся да дзвярэй. Але яна загарадзіла дарогу. Аўчарка пільна сцерагла свайго гаспадара.

«О, ты нецярплівы. Але начальнік не любіць. Май на ўвазе».

Яна наступала на мяне і адціскала ад дзвярэй. На маё шчасце, халуі хутка выйшлі. Яны шапталі нешта адзін аднаму на вуха і задаволена ўсміхаліся. Лысы намеснік начальніка паліцыі Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кіўнуў на мяне:

«Ці не хахаля ты такога знайшла, Мура? У гэтага ёсць брандспойт».

Яны цынічна зарагаталі.

«Нахабнікі», – сказала яна ўслед ім, як бы апраўдваючыся перада мной.

І пайшла ў кабінет, каб далажыць пра мяне. Выйшла не хутка ці, можа, мне так здалося – цягнуліся хвіліны. Помню, што я раптам захваляваўся, пачуў, як грукае сэрца. Яшчэ міг, адзін міг – і я адпомшчу за Паўла, за таварышаў. Дзверы адчыніліся. Яна, Мура, сказала: «Прахадзі» і прапусціла мяне. Я зачыніў за сабой дзверы асцярожна, быццам яны былі з танюсенькага шкла. Ступаў па дывановай дарожцы на пальчыках, пачціва і ціха, каб не спужаць звера. Круціў у руках шапку. Лучынскі глянуў насцярожана, трымаючы руку пад сталом, можа, на кнопцы званка ці на пісталеце. Але пазнаў мяне (ён інспектаваў пажарную і разоў колькі з'яўляўся на пажары) і заспакоіўся. Паклаў абедзве рукі на паліраваны стол двухметровай даўжыні, як бы абняў гэты сімвал сваёй улады. Выпрастаўся ў высокім крэсле. Сядзеў, як на троне. Яны ўсе ігралі, гэтыя мізэрныя пустыя людзі, здраднікі, уяўлялі сябе фюрэрамі і былі такімі ж бяздарнымі акторамі, як і Гітлер.

Я спыніўся крокі за тры ад стала ў пачцівай паставе. Я загадваў сабе: «Не выдаць… Ніводным рухам не выдаць сябе!» Хоць і марудзіць нельга было: мог зайсці хто-небудзь з паліцаяў.

«Дык, кажаш, хочаш перайсці ў паліцыю? Чаму? Пажарная – тая ж паліцыя. І нам патрэбны там адданыя людзі».

«Хачу помсціць за бацькоў, пан начальнік».

Кузьма Клешч – сын раскулачанага, у паліцыі былі мае анкеты.

Лучынскі крыва ўсміхнуўся:

«Мы нікому не помсцім. Мы будуем новую Беларусь».

Пры гэтых словах ён адсунуў нагайку, якая ляжала на стале, каля правай рукі.

Я меўся застрэліць яго ва ўпор, а таму глядзеў толькі на вузкі твар, на лоб у кароне прыгожых пасівелых валасоў. Я цэліўся, выбіраючы момант. І раптам нагайка… Тая, якой ён ударыў Паўла. Адной гэтай дэталі было даволі, каб маланкава змяніўся план. Я скочыў да стала. Я кінуў цераз стол усю сілу свайго цела. Каб ён не паспеў націснуць кнопку, ударыў кулаком у пераносіцу. Ударыў так, што пасля ў мяне было запаленне надкосніцы ўказальнага пальца. Я схапіў нагайку, накінуў скураную пляцёнку яму на шыю і што ёсць сілы рвануў за канцы – за тоўсты, абглянцаваны, з раменьчыкам, і тонкі, з мяцёлкай калючых дроцікаў. Хруснулі шыйныя храшчы. Спадар Лучынскі вываліў ненатуральна доўгі язык. Вылезлі з арбіт вочы… Я падсунуў крэсла да сцяны, каб цела не ўпала і не нарабіла грукату. Было брыдка і пагана: ніколі яшчэ не выконваў прысуд такім чынам. Звычайна страляў ці кідаў гранату… Але ўсведамленне, што я выканаў справядлівы прысуд, адплаціў за смерць таварышаў у дзень іх пакарання, дало новыя сілы, новы імпульс жыцця і барацьбы. Не, цяпер не хацелася паміраць! Я скочыў да дзвярэй: ці не ідзе хто? За шчыльнымі дзвярамі прыглушана стукала машынка. Ціха. Вярнуўся да стала і на нейкім нямецкім цыркуляры буйна напісаў:

«Гэта першы акт помсты за павешаных. Дрыжыце, каты! Смерць здраднікам!»

Выйшаўшы, зачыніў дзверы за сабой гэтак жа ціха і асцярожна, як і тады, калі заходзіў у кабінет. Мура ўсміхнулася мне:

«Дамовіўся?»

«Ага».

«Да нас ці на ўчастак?»

«Да вас. Да заўтра».

«Да заўтра», – задаволена развіталася яна.

Але ў доўгім і пустым калідоры з'явілася жаданне пабегчы. Я ледзь стрымаў сябе. Дайшоў да лесвіцы, учапіўся рукой у поручні і зноў-такі прымусіў сябе сысці з другога паверха не спяшаючыся. Вартавы таксама спытаў:

«Узяў?»

«Але».

«З цябе – куш. Пакуль што цыгарэту».

Я памацаў пісталет і гранату. Цыгарэт не было.

«Аддаў Муры», – прыгадалася, што яна паліла, калі я выходзіў.

«Ого, хутка ты знаёмішся, – зарагатаў вартавы. – Але заўтра з пустымі кішэнямі не прыходзіць, у нас свае законы».

«Ведаю».

А сам лавіў кожны гук – ці няма трывогі?

Па вуліцы я пайшоў шпарка. Накіраваўся на Савецкую. Спадзяваўся, што на цэнтральнай будуць людзі і я схаваюся сярод іх і здолею перабрацца ў Залінейны раён. А там – некалькі явак. Я паспеў выйсці на Савецкую. Але ў той дзень яна была бязлюдная. Рэдкія прахожыя, і то, відаць, большасць – агенты ў цывільным.

І тут мяне дагнала трывога. Гукі яе даляцелі не з паліцыі – з гестапа, ажно з Паркавай. Зараўлі сірэны і маторы, загаўкалі аўчаркі. Вуліца ўміг яшчэ больш апусцела. Нават агенты, відаць, кінуліся да тэлефонаў, каб даведацца, што здарылася, атрымаць указанні. Я не паскорыў хаду, каб не выдаць сябе. Але імкнуўся хутчэй дасягнуць разбуранага бамбардзіроўкай квартала, каб схавацца ў руінах. І раптам – бываюць жа стрэчы! – насустрач Лотке. У вопратцы рабочага. Я зрабіў выгляд, што не пазнаў яго, і прайшоў міма. Але інстынкт вопытнага агента і, безумоўна, падазронасць, якую ён меў да мяне ўвесь час, прымусілі яго дзейнічаць.

«Стой! Руки вверх!» – У гэты раз ён крыкнуў на чысцейшай расейскай мове.

Я павярнуўся… Падняў рукі. Але з правай вылецела лімонка. Я паспеў убачыць, як Лотке кінуўся ў акно майстэрні па рамонту гадзіннікаў. Раней чым грымнуў выбух, дзынкнула вітрыннае шкло. Я схаваўся ад узрыву ў нішы замураваных дзвярэй. А потым кінуўся ўніз, звярнуў у першы праезд і пайшоў па задворках. Я ішоў назад, паўз двор управы, амаль паўз самую паліцыю, дзе стаяў гоман галасоў. Па шуму матораў, брэху сабак лёгка было здагадацца, што гестапаўцы абкружаюць кварталы па той бок Савецкай, кварталы руін. І, аднак, я шкадаваў, што не перасек галоўную магістраль. Там быў увесь горад, разбураны і цэлы. Там жылі нашы людзі, адтуль быў выхад у поле, у лес. А тут я быў заціснуты ў невялікім раёне паміж цэнтральнай вуліцай, якую цяпер ужо не перайсці, і ракой, за якую таксама не перабрацца. Уздоўж вуліцы – управа, паліцыя, правей – казармы зондэркаманды, над ракой – элеватар, прыстань са складамі, на беразе – вартавыя вышкі, агнявыя кропкі. І паміж гэтым – некалькі ціхіх вуліц, да якіх не дайшоў пажар і дзе заставаліся жыць нашы людзі. Нашы… А ці ўсе нашы? Гэта своеасаблівы раён. Дарэвалюцыйнай забудовы. Сяліліся тут пры цару галоўным чынам чыноўнікі. Пасля рэвалюцыі шмат якія дамы былі нацыяналізаваны, сталі камунальнымі. Але больш за ўсё эвакуіравалася ў пачатку вайны менавіта з гэтых камунальных кватэр. Рабочыя, савецкія служачыя. А хто застаўся… Не ўсе яны, відаць, нашы. Акрамя таго, я ведаў, што тут кватаруе многа немцаў – афіцэры, камерсанты. Праўда, была ў мяне перавага: я выдатна ведаў гэты раён, не толькі кожны завулак, але кожны дом і сад. Я жыў тут, калі вучыўся ў медвучылішчы.

У адзін міг я ўзважыў усе мінусы і плюсы. Тут жа выявіў яшчэ адзін мінус: я быў ранены. Асколкам уласнай гранаты. Ніша не схавала мяне ўсяго, і асколак пацэліў у нагу, вось сюды… Я нават намацаў яго. Штаніна набрыняла крывёю. Рана няцяжкая. Але па крывавым следзе лёгка ідуць аўчаркі. Таму я мусіў спусціцца ў склеп разбуранай крамы, падраць споднюю кашулю і перавязаць нагу. Патраціў некалькі хвілін. За гэты час пачалі абкружаць раён узрыву. Цяпер ужо не толькі шум матацыклаў, але і нямецкія каманды даляталі да мяне. Мабыць, упэўненыя, што я нікуды не дзенуся, немцы, здавалася, не вельмі ўжо спяшаліся.

У невялікіх руінах таго раёна схавацца нельга, я добра разумеў. Трэба выходзіць. І я выйшаў у Пушкінскі завулак, рушыў да ракі. Схаваць могуць толькі людзі, савецкія людзі. Я зазіраў у вокны драўляных дамоў. Я ведаў гэтыя дамы, але не ведаў людзей. Жыдоўская сям'я, дзе я кватараваў, эвакуіравалася. Другіх знаёмых тут не было. Якія знаёмыя ў студэнта!

Прайшла міма добра апранутая жанчына, агледзела мяне залішне зацікаўлена. Што прыцягнула яе ўвагу? Я намагаўся не кульгаць, закрываў рукой прабітую палу пінжака. З двара выбег афіцэр, на хаду зашпіляючы гузікі. Я сціснуў ручку пісталета. Але немец не зачапіў мяне, глянуў абыякава і пабег у бок цэнтра. Мабыць, яго выклікалі па трывозе.

Я звярнуў у вузкі безыменны завулак, па якім некалі хадзіў да ракі. Можа, і цяпер спусціцца да ракі і паспрабаваць пераплыць яе? Але на тым беразе бязлесны луг. Кожны, хто з'яўляецца там, бярэцца на мушкі кулямётаў. Не, ратунак можа быць толькі ў адным з гэтых дамоў. Але ў якім? Аўчаркі брахалі ўжо недзе каля ўправы. Калі натрапілі на след, яны будуць тут цераз дзве-тры хвіліны. Нельга марудзіць.

Я азірнуўся і… убачыў дом, у які мяне пацягнула нейкае асаблівае чуццё. У такія моманты з'яўляецца інтуіцыя, якая вядзе беспамылкова. Дом гэты стаяў не ў рад з іншымі дамамі, а ў глыбіні добрага саду. Прыгожы асабняк. Аднойчы я быў у гэтым доме. Прыходзіў здаваць экзамен гаспадару яго доктару Савічу.

– Савіч? Той Савіч? – не вытрымаў і выказаў сваё здзіўленне Шыковіч.

– Але. Той Савіч, пра якога Гукан з тваёй дапамогай піша, як пра здрадніка. Той Савіч, які супрацоўнічаў з немцамі, узначальваў аддзел управы і якому фашысты арганізавалі пышнае пахаванне.

– Тысяча і адна ноч. І ты пайшоў у гэты дом?

– Але. Сігануў цераз паркан, пераканаўшыся, што завулак пусты. Безумоўна, я рызыкаваў. Я ведаў, хто такі Савіч. Больш таго, я ведаў, што ў доме кватаруе лекар нямецкага шпіталя. Што ж… паміраць, дык з музыкай, чорт вазьмі! Я ішоў ужо ў той дзень раз на смерць. Яна дала адтэрміноўку. І калі не было іншага выйсця, калі любы варыянт даваў яшчэ менш шанцаў… Але, акрамя ўсяго, была нейкая інтуіцыя… Была вера ў гэтага чалавека. У Сцяпана Савіча. Я ведаў не Савіча-здрадніка, а Савіча-лекара, буйнейшага інфекцыяніста, бясстрашнага чалавека, які за сорак год лекарскай дзейнасці патушыў дзесяткі эпідэмій. Яго паважалі ў горадзе. Няўжо такі чалавек мог прадацца?

Зваліўшыся ў чужы сад, як з неба, я спалохаў мілую істоту. Яна карміла трусікаў. Клеткі з трусамі стаялі паўз паркан у два паверхі. Я пазнаў дзяўчыну. Дачка Савіча. Калі мы прыходзілі да хворага доктара здаваць экзамен па інфекцыйных хваробах, яна, падлетак, школьніца, падавала нам чай. Доктар, знаёмячы нас з ёй, сказаў: «Гэта мая гаспадыня». Але імя яе за тры гады я, безумоўна, забыўся.

Яна войкнула, а потым сурова спытала:

«Што вам трэба? Хто вы?»

«Цішэй! – шыкнуў я. – Я друг тых, каго сёння павесілі».

«Павесілі? А каго павесілі?»

Я ўзлаваўся. Калі ідзе такая вайна, калі штохвіліны гінуць людзі, жывуць, аказваецца, вось і так: за высокім парканам, у добрым садзе, кормяць трусікаў… Жаруць трусяціну… І не ведаюць, што робіцца навокал.

«Людзей, якія не сагнулі спіны. Чуеце? Аблава! Схавайце мяне!» Узлаваны, я не прасіў – загадваў.

І яна зразумела. Схапіла мяне за руку і шпарка пабегла да дома. У калідоры спынілася, задыханая, узбуджаная.

«Куды ж вас схаваць? Пад кухняй ёсць пограб. Хочаце туды?»

Я паверыў у яе шчырасць і цалкам даверыўся ёй. Але на парозе кухні яна спынілася. Перадумала.

«Не, у пограб дрэнна. На другім паверсе пакоі нямецкага лекара пана Грота, ён кватаруе ў нас. Я зачыню вас у яго пакоях. Добра?»

Я згадзіўся і на гэта. Яна збегала некуды, вярнулася з ключамі. Мы падняліся ў мансарду, у добра абстаўленыя пакоі. Пакідаючы мяне, яна ўсміхнулася ласкава і разгублена.

«Ключа ў мяне няма. Няхай шукаюць Грота. У тым пакоі за шафай дзверы на гарышча. А там у нас чорт нагу зламае».

Я падзякаваў. Яна зачыніла дзверы на ключ. Але праз хвіліну вярнулася і прашаптала ў замочную шчыліну:

«Слухайце, вы… Як вас? Калі яны ўсё-такі ўварвуцца сюды, вы будзеце страляць?»

«Буду!» – цвёрда і бязлітасна адказаў я.

«У шафе ў Грота стаіць аўтамат».

О, дзяўчо гэтае было не з баязлівых! Дарэмна я ўпачатку блага падумаў пра яе. З той хвіліны я адчуў да яе павагу. Безумоўна, учынкі яе ў той міг маглі быць не ад свядомага пераканання, а ад жадання рамантыкі, што ўласціва такому ўзросту. Але было бясспрэчна – чалавек наш, сумленны. Інтуіцыя не падвяла. І гэта радавала.

У завулак яны ўскочылі ў той жа міг, як я застаўся адзін у шыкоўнай кватэры нямецкага афіцэра. Я ўбачыў іх праз акно. Гестапаўцаў з сабакамі і паліцаяў. Але я перабольшваў ролю аўчарак. Не такія яны ўжо разумныя і не такі ўжо ў іх тонкі нюх, як пра гэта расказвалі легенды. Звычайныя сабакі. Усе тры чамусьці кінуліся ў адзін двор. Безумоўна, следам за імі туды ўскочыла ўся зграя гестапаўцаў і паліцаяў. Пачаўся вобыск. Пошукі ў тым доме занялі хвілін дзесяць. Потым з'явілася тая модна апранутая жанчына, якую я сустрэў. Я пазнаў яе нават з такой адлегласці. Яна паказала гестапаўцам на гэты безыменны завулак. У мяне ёкнула сэрца. Няўжо яна бачыла, як я пераскочыў цераз паркан?

Гестапаўцы кінуліся сюды. Я заглянуў у шафу. Сапраўды, там стаяў аўтамат. Я не адважыўся набліжацца да акна, каб сачыць за імі. Маглі ўбачыць. Але вось сабакі загаўкалі, заскуголілі каля таго месца, дзе я пераскочыў паркан. Значыцца, напалі на след. Я дастаў аўтамат.

І раптам у садзе пачаўся дзікі вэрхал: вой, брэх, піск, крык. Я жахнуўся. Няўжо яны кінуліся на маю ўратавальніцу? Яна датыкалася да мяне, брала за руку. Забыўшыся на небяспеку, я наблізіўся да акна. І ўбачыў: аўчаркі рвалі трусоў.

Ты ведаеш, што зрабіла гэтае дзяўчо? Не кожны вопытны падпольшчык мог бы дадумацца. Яны выпусціла трусоў. Больш таго, яна забіла аднаго і кінула на сцежку каля таго месца, дзе я пералез паркан. Раз'юшаныя, галодныя сабакі, учуўшы пах крыві, ашалелі. Гестапаўцы не маглі іх стрымаць. Дзве аўчаркі пераскочылі паркан і, убачыўшы трусоў, пагналіся за імі.

А ў фортку грукалі гестапаўцы.

Гаспадыня спалоханым голасам крычала з ганка:

«Я баюся вашых сабак! Я баюся вашых сабак!»

Відаць, нехта з гестапаўцаў пералез і адчыніў калітку.

Тады яна закрычала абурана: «Панове! Панове! Што вы робіце? Гэта трусы пана Грота! Хірурга шпіталя пана Грота. Яго трусы. Божа мой! Што мне скажа пан Грот?»

Сабак нарэшце ўгаманілі. Цяпер яны толькі гырчалі, даядаючы трусяціну.

Яе спыталі ветліва:

«Скажыце, фрэйлейн, сюды ніхто не заходзіў?»

Яна ўсхліпнула:

«Трусы пана Грота! Гэта дом доктара Савіча. І ў нас кватаруе пан Грот, хірург шпіталя».

Гестапавец ці, магчыма, паліцай паўтарыў пытанне па-расейску.

«У нас заўсёды зачынена фортка. Тату пагражаюць, што яго заб'юць за тое, што ён служыць у немцаў. Я казала яму: навошта яму служыць? Ён мог прымаць хворых дома, як доктар Грайпінер. У Грайпінера хутка будзе свая клініка. А тату сапраўды могуць забіць. Няшчасныя трусікі!.. Што скажа пан Грот?»

Яна іграла наіўную дурную дзяўчынку. Але гестапаўцам не было калі слухаць яе балбатню. Старэйшы закамандаваў:

«Пашукаць!»

Яны зайшлі ў дом. Сабакі не пайшлі, бо іх цікавілі больш трусы, а не мой след. Ды і ад следу, як я пасля даведаўся, нічога не засталося. Гэтая дзяўчынка зрабіла яшчэ адзін надзіва хітры ход: яна паспела працерці ганак і падлогу ў калідоры растворам фармаліну.

З пакояў першага паверха далятаў да мяне гул галасоў, але слоў нельга было разабраць. Потым я пачуў іх крокі на лесвіцы. І яе голас:

«Там жыве пан Грот. Але ён не пакідае ключа. Ён не верыць, што я магу ўпільнаваць дом. Вы можаце, безумоўна, паламаць дзверы. Вы падушылі яго трусікаў. Але што скажа пан Грот? Ведаеце, давайце лепш я пазваню яму, няхай ён прывязе ключы. Ён хутка, у яго свая машына. Тады вы самі растлумачыце яму, што гэта вашы сабакі падушылі яго трусоў. Каб ён не думаў, што я не ўпільнавала».

«Ну і знайшоў сабе трашчотку гэты Грот», – сказаў адзін гестапавец, націскаючы на ручку дзвярэй.

Другі, недзе ўнізе, засмяяўся:

«А так яна нічога. Маладзенькая. Ножкі стройныя».

Відаць, глядзеў, нахабнік, на яе ногі знізу. Крокі пачалі спускацца, аддаляцца. І ўсё звінеў яе галасок. Яна ўсё яшчэ нешта гаварыла пра свайго тату, пра пана Грота і пра трусоў. Я пачуў шум машыны. Потым падрабязны даклад аб пошуках нейкаму начальніку. Магчыма, што гэта быў сам Бругер. Выслухаўшы, ён рэзюмаваў:

«Ідыёты! Перавярнуць дагары ўвесь раён, але знайсці гэтую сволач! Вось яго фатаграфія».

Працавалі яны аператыўна, нічога не скажаш: менш як за гадзіну пасля здарэння была размножана мая фатаграфія.

Я чакаў: будуць яны «пераварочваць» дом Савіча ці не? Прызнаюся, у той міг мне не хацелася страляць у іх ні з пісталета, ні з аўтамата. Я разумеў, якую небяспеку наклікаў бы ўзброеным супраціўленнем на гэтую мілую «трашчотку». Пры ўсёй суровасці і бязлітаснасці таго дня мне да болю стала шкада яе. Ёй трэба жыць! Трэба жыць… каб прынесці камусьці многа радасці.

Нам пашанцавала: у дом яны больш не вярнуліся. Бругер верыў доктару Савічу. «Пераварочвалі» суседнія дамы.

Праз некаторы час яна зайшла да мяне. Ціхенька адчыніла дзверы, моўчкі прайшла да канапы, зморана села, выцерла далоняй лоб. Але вочы яе блішчалі радасна і ўзбуджана.

«Ух, здаецца, мінула. Як я баялася! Ох, каб вы ведалі, як я баялася. Цяпер я ведаю, што такое „душа ў пятках“. – Яна скінула басаножку і памацала сваю пятку; гэта было наіўна і смешна, і яна сама засмяялася: А хораша я вадзіла іх за нос. Вы чулі? З мяне магла б выйсці актрыса. Да вайны я хадзіла ў драмстудыю пры клубе чыгуначнікаў».

І яна ўздыхнула, успомніўшы той дарагі даваенны час.

Я спытаў, як яе імя.

«Софа… Мама звала – Соня, а тата і цётка – Зося. Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, і яе забралі ў армію, мама – хірург. У нашу армію, – з гонарам падкрэсліла дзяўчына і тут жа ўздыхнула. – А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Праўда? Цёця Марына памерла два месяцы назад. Пасварылася з татам, а ў яе хворае сэрца. Тата вельмі перажывае цяпер. А што гэта я, тата, тата… А вы, можа, не ведаеце, хто мой тата… Гэта – доктар Савіч. Вы гараджанін? У горадзе яго многія ведаюць».

Я адказаў, што ведаю Сцяпана Андрэевіча, ён вучыў мяне.

Гэта яе проста ашаламіла. Яна падскочыла, наблізілася і пільна ўгледзелася ў мой твар.

«Божа мой! Цяпер я, здаецца, успамінаю. Вы прыходзілі да таты здаваць экзамены, калі яго аперыравалі з прычыны тромбафлебіту».

І раптам стала задумліва-сур'ёзнай. Спытала:

«Скажыце, вы ведалі, што тата працуе ў немцаў?»

«Ведаў».

«Ведалі і прыйшлі ў наш дом?»

«Ведаў і прыйшоў, бо ўпэўнены, што доктар Савіч не прадасць мяне».

Яна доўга глядзела мне ў вочы, а потым нахілілася і… пацалавала ў шчаку. Пацалавала не па-дзявочы, сарамліва ці гарэзліва, а па-даросламу, сур'ёзна, з удзячнасцю.

Мая першая падпольная клічка была «Віктар», і я чамусьці сказаў яе, а не сапраўднае імя, хоць пасля зразумеў, што гэта недарэчна, непатрэбна і няшчыра перад Зосяй.

«Дзякую вам, Віктар. Цяпер вы мне брат. І я вас схаваю, як брата. Так схаваю, што фрыцы за сто год не знойдуць. Хадземце. А то праз гадзіну прыйдзе Грот. Ён дакладны».

Тады я спытаў:

«Думаю, у доме, дзе жывуць два лекары, знойдзецца скальпель і пінцэт?»

«Скальпель? Навошта вам скальпель?»

«У бядры маім сядзіць асколак гранаты».

Вельмі магчыма, што толькі ў той міг яна адчула ўсю сур'ёзнасць барацьбы, свайго мімавольнага ўступлення ў гэтую барацьбу, небяспекі, якая цяпер пагражала ёй, бацьку. Трусы, фармалін, балбатня з гестапаўцамі – усё гэта, відаць, рабілася ў парыве, у захапленні незвычайнасцю, усё гэта была амаль гульня ў хованкі маладога здаровага хлопца. А тут яна зразумела. І разгубілася, спалохалася, замітусілася.

«Што ж рабіць? Хадземце ў бацькаў кабінет, там усё ёсць. Не, не… Нельга. Могуць прыйсці. Давайце сюды… на гару. Аўтамат паставім на месца… Вось так… Крыві не накапала?» – агледзела падлогу. Потым адчыніла невялічкія сцянныя дзверы, і мы апынуліся ў каморы, завешанай вопраткай. Дзесяткі паліто, касцюмаў, плаццяў. Нешта зашыта ў прасціны, мабыць, футры. Пахла нафталінам.

«Багата жыве доктар Савіч. Шкада дабра, таму і да немцаў падаўся», – падумаў я нядобразычліва.

Мы падлезлі пад вопратку і яшчэ праз меншыя дзверкі выйшлі на гарышча – вузкі тунель паміж сцяной мансарды і дахам. Аднекуль здалёк цадзілася святло, і было відаць, што тут сапраўды «чорт зламае нагу». Старыя крэслы, карціны, дываны, верстакі, рыбацкія сеткі, мяшкі, посуд – усё гэта было нагрувашчана абы-як. Мы ледзь прабраліся. Нават паўзлі праз нейкую шчыліну. Гэта быў праход пад выступам акна. Такім чынам мы перабраліся на другі бок, за глухую сцяну мансарды, дзе было больш прасторна і светла.

Тут на старым матрацы Зося зрабіла мне прытулак. Праз другі ход, праз люк у столі над кухняй, яна прынесла прасціну, падушку, коўдру, інструменты, бінты, вату, ёд.

І я зрабіў сабе аперацыю – дастаў асколак. З яе дапамогай. Перад гэтым мы паспрачаліся. Я лічыў сябе ўжо закончаным медыкам. Медтэхнікум, як тады называлі, курс інстытута… Ва ўсякім разе, даўно ўжо пазбавіўся фальшывай сарамлівасці, калі што тычылася хваробы. Але, ведаеш, перад гэтай дзяўчынкай мне стала сорамна агаляць сябе. Я папрасіў яе адысці. Яна запярэчыла.

«Я ніколі не хацела быць лекарам. Але я дачка лекараў», – сказала яна рашуча.

І такі добра памагла мне. Ва ўсякім разе, крыві не баялася і павязку зрабіла прафесійна.

А потым прыйшоў Грот. Мы пачулі, як ляпнулі за сцяной дзверы. Зося нырнула ў люк. Цяжкія крокі. Іх галасы, яго і яе. Словы глухлі ў сцяне. Пра што яны гаварылі? Я ненавідзеў немца двайной нянавісцю: і за тое, што ён афіцэр гітлераўскай арміі, і за тое, што адарваў Зосю і не дае ёй з'явіцца сюды. Аднаму мне было цяжка. Вечарэла. Узняўся вецер. Стары бляшаны дах грымеў на тысячу ладоў. А мне здавалася, што над горадам ідзе страляніна, што крычаць жанчыны, дзеці. Уявіліся павешаныя, так, як ні разу яшчэ за гэты доўгі і страшны дзень. Вецер гойдае іх целы. Счарнелыя твары. Счарнелы твар Паўла. Той жывы, ясны твар, па якім заўсёды гуляла ўсмешка, то гарэзлівая, вясёлая, то хітрая, то сумная. Ён стаяў перада мной жывы і прасіў: «Антоша, калі са мной што здарыцца, не забудзь Тарасіка». Я не знайшоў Тарасіка. І мне хацелася раўці ад крыўды і болю.

Пачуўся глухі барытон Савіча. Недзе ўнізе. Туды ж спусціўся немец. Галасы сціхлі. Напэўна, селі вячэраць. У светлай сталовай, за круглы стол, накрыты белым абрусам. Упершыню я ўспомніў, што цэлыя суткі нічога не еў. Але есці не хацелася. Гудзела ў галаве. Хто такі Савіч? Зося горача падзякавала, калі я сказаў, што ўпэўнены, што доктар Савіч не прадасць мяне. Але яна не сказала: прыйдзе тата і зробіць вам аперацыю, не павяла ў бацькаў кабінет. Чаму? Ці скажа яна яму пра мяне?

Тысячы думак адразу. Яны палілі мозг. Я адчуваў, што пачынаецца гарачка. Калі страчу прытомнасць, пачну трызніць – выдам сябе, выдам яе… І я напружваў усе сілы…

Сцямнела. А вецер не сціхаў. Асенні. Халодны. Злы. І я такі праваліўся ў жудасную яму. Там, клубком сплёўшыся, качаліся ваўкадавы. Гледзячы на іх, іржалі эсэсаўцы, і морды ў іх таксама сабачыя. Раптам Лучынскі страшэннай доўгай рукой, як у Вія, паказаў на мяне: «Вось ён!» Я ўцякаў. А яны гналіся за мной. З надзвычайнай лёгкасцю я скакаў цераз парканы, цераз дамы нават. А яны не адставалі. У мяне калацілася сэрца. Вось-вось дагоняць.

Апрытомнеў я ад дотыку да твару халоднай мяккай далоні і шэпту над вухам:

«Родненькі мой! Што з табой? Гарачка? На, выпі вось гэта. І з'еш».

У поўнай цемры дзяўчына сунула мне цёплую пляшку. Памагла падняць галаву. Я выпіў салодкую вадкасць, ад якой пахла парэчкамі і вермутам. Яна падбадзёрвала:

«Пі, пі. Ты стагнаў. Не трэба стагнаць. Нельга. Каб я магла застацца тут з табой! Я пільнавала б цябе. З'еш вось гэта».

У руцэ маёй апынуўся кавалак мяса, відаць, трусяціны.

«Яны селі гуляць у шахматы, бацька і Грот. Абодва нечым усхваляваны, нешта хаваюць ад мяне. А я – ад іх. Каб мне застацца з табой, Віктар. Я пільнавала б цябе».

Пітво і ежа падмацавалі. Я зразумеў, чаго яна баіцца. Прыйшлося заспакоіць яе, што я не буду больш стагнаць і крычаць:

«Гэта ў сне. Больш спаць не буду».

Яна бясшумна знікла. Але пакінула мне сілу і заспакоенасць. Цяпер я адчуваў яе прысутнасць, яе клопат. І мне не было страшна ў цемры, пад дахам, які гудзеў і ляскатаў. Каб толькі не залішні быў яе клопат, а то якраз яна, а не я, можа праваліць нас. Цяпер ужо я думаў не пра сябе – пра нас.

Мне сапраўды стала лепш. Ва ўсякім разе, прытомнасць больш не траціў.

Недзе апоўначы пайшоў дождж. Тысячы малаткоў загрукалі па блясе. Потым па маёй галаве. Аглушылі. І я праваліўся ў пустую яму, дзе не было ні сабак, ні гестапаўцаў.

Прачнуўся, калі развіднела. Адчуванне ранішняе – здаровае. Нават нага не вельмі балела. Больш балеў палец на руцэ, і я доўга не мог успомніць – ад чаго. У думках – цішыня. І на двары ціха. Ляпнула фортка. Галасы. Нехта пайшоў. Хутка з'явілася Зося. Прынесла сняданак – кашу, малако, яблыкі. Смачна і многа. Была яна засяроджаная, сур'ёзная, не такая гаварлівая, як учора. Паведаміла з болем і смуткам:

«Яны павесілі адзінаццаць чалавек. На плошчы. Якое зверства! А нашы задушылі начальніка паліцыі», – і таксама з болем.

«Сабаку – сабачая смерць», – не вытрымаў я.

Яна глянула на мяне і… здагадалася:

«Ах! Гэта – вы?!»

Цяжка зразумець, чаго больш было ў яе воклічы: здзіўлення, захаплення, інтэлігенцкай грэблівасці ці страху? Я спалохаўся, што цяпер гэтае аранжарэйнае дзіця будзе баяцца мяне. Страшна стане ёй заставацца адзін на адзін з чалавекам, які можа вось так проста задушыць другога.

«Я выканаў прыгавор народа. Гэтаму гаду даўно быў вынесены прысуд. У мяне не было другой зброі…»

Гэта было як апраўданне, і самому мне стала непрыемна. Чаму я апраўдваюся? Не, яна зразумела. Уздыхнула цяжка і сказала:

«Я хачу ненавідзець іх, як вы. Хачу і не магу. Грот добры чалавек. Культурны, ветлівы».

Яна меркавала аб фашыстах па адным нямецкім лекары.

«Для таго каб ненавідзець іх так, трэба ўбачыць тое, што бачыў я!» – і горача пачаў расказваць ёй пра расстрэл ваеннапалонных у кар'ерах цагельнага завода, пра катаванні нашых людзей у сутарэннях гестапа, пра жудасці жыдоўскага гета, пра зверскае забойства дзевяцігадовага хлопчыка, майго суседа, віна якога заключалася ў тым, што, гуляючы на вуліцы, ён напісаў на снезе слова «Гітлер»… І пра барацьбу, якую вялі армія, народ, партызаны. Пра падполле ў горадзе. Пра Паўла. Як крычаў ён да людзей апошнія словы перад карай. Не, яна жыла не так ужо ізалявана. Многія факты даходзілі да яе. Але паводзіны бацькі, якога яна любіла і з маленства верыла кожнаму слову яго і ўчынку… А потым гэты Грот. Ён хітра капаў на дзявочы розум. Быццам асуджаў жорсткасці ўлад. Але тут жа апраўдваў іх тым, што нібыта з нашага боку вайна вядзецца антыгуманна, у парушэнне ўсіх канвенцый. Факты фанатычнага забойства нямецкіх салдат і чыноўнікаў вымушаюць улады да такой жорсткасці. Вайна ёсць вайна. А вось каб наш народ скарыўся, яны, немцы, рабілі б толькі адно: неслі б сваю высокую культуру. Ён многа і часта казаў ёй пра вялікую культурную місію нямецкай нацыі.

Паслухаўшы Зосю, я зразумеў, што не такі ўжо ён бяскрыўдны, хірург Грот. Шмат у чым ён страшнейшы за тых, што страляюць і вешаюць. Розніца хіба ў тым, што ён проста разумнейшы за іх. Юная чыстая душа рвалася да змагання, а яе хітра скоўвалі ланцугамі хлуслівых слоў і перакананняў. Ператваралі ў чысценькую культурную кухарку. Хацелі, каб у будучым яна ведала толькі тры «К»: кірхен, кюхе, кіндэр. Яны даручылі ёй усю гаспадарку, каб у яе не заставалася часу на што другое. У доме мог быць дзяншчык, работніца. Не, яна гаспадарыла адна. Грот і бацька памагалі ёй. Ну, Грота я разумеў. За год пабачыў усялякіх фашыстаў. Але Савіч… той Савіч, які ўсё жыццё смела змагаўся з эпідэміямі… Навошта яму завязваць вочы ўласнай дачцэ? Добра, што яна вось такая выйшла з савецкага жыцця, са школы. Без бунту, без шуму, аднак ірвала ўсе іх путы.

«Якая была б падпольшчыца!» – падумаў я, калі яна між іншым расказала пра трусоў і фармалін.

Мы з ёй гутарылі гадзіны дзве. Потым яна спахапілася: «Ой, трэба ж абед гатаваць!» Савіч і Грот з'яўляліся на абед роўна ў гадзіну дня. З нямецкай дакладнасцю.

Пасля абеду мы гутарылі зноў. Шэптам, безумоўна. Яна нахілялася да мяне, і я адчуваў яе гарачае дыханне. І мне было хораша…

На трэці дзень раніцай мяне наведаў сам гаспадар.

– Савіч? – зноў перапытаў здзіўлены Шыковіч.

– Савіч. Ён з'явіўся нечакана. І не праз люк. Відаць, яму цяжка было падымацца па крутой лесвіцы. А адтуль, з пакояў Грота. Я пачуў чужыя крокі і схапіўся за пісталет. Ён прадугледзеў гэта. Сказаў з-за вугла: «Не ўздумайце страляць. У мяне мірны намер». Я схаваў пісталет пад коўдру, але не выпускаў з рукі.

Савіч наблізіўся. Сівы, ссутулены, стары. Зусім сівы. З белай-белай галавой. У часе акупацыі я стараўся не трапіць яму на вочы, каб ён не пазнаў свайго былога студэнта. Зрэдку бачыў здалёк. Як ён змяніўся! Куды дзеўся той стройны рухавы жыццярадасны мужчына, якога мы любілі ў тэхнікуме, нягледзячы на яго патрабавальнасць. «Навошта такому старому працаваць у немцаў, ды яшчэ ўзначальваць аддзел аховы здароўя? Чыё здароўе ён ахоўвае? Сваё ўласнае не мог захаваць», – саркастычна падумаў я.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю