355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 24)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 24 (всего у книги 28 страниц)

– Па сутнасці, – заўважыў Сербаноўскі.

Швагераў зноў павярнуўся да Шыковіча.

– Натуральна, што Савічам занялося само гестапа. Не паспелі мы агледзецца, як усё здарылася… Пасля я даведаўся, што ў дзень налёту і смерці доктара гестапа стала вядома, што ў яго хаваецца прадстаўнік партызанскага штаба. Ад каго, якім чынам яны даведаліся пра гэта, ніхто мне не сказаў. Але, безумоўна, гэта паскорыла развязку. У паліцыі казалі, што Савіч адстрэльваўся. Сапраўды, былі забіты два гестапаўцы і тры ці чатыры ранены. Забілі Савіча ці сам застрэліўся – пра гэта маўчалі. Хто мог разявіць рот, калі афіцыйна было аб'яўлена, што доктара забілі партызаны? Пасля нашаму начальніку расказаў п'яны ад'ютант фельдкаменданта лейтэнант Крэйман, што ў часе аперацыі «Доктар» – яны назвалі гэта цэлай аперацыяй – машыны гестапа былі абстраляны з суседняга саду з аўтаматаў. Відаць, тады і былі забіты і ранены гестапаўцы. Мяркую, што гэта і навяло іх на думку аб'явіць, што Савіч забіты партызанамі. Вы пыталіся, навошта трэба была акупантам такая правакацыя? Я так думаю: баяліся прыкладу. Калі агласіць, што шасцідзесяцігадовы доктар, кіраўнік аддзела гарадской управы, вёў актыўную барацьбу, як бы гэта ўзняло дух падпольшчыкаў і ўсіх патрыётаў. А так, наадварот, магло дэмаралізаваць тых, хто быў звязаны з Савічам. Па гэтай справе я ведаю яшчэ, што лекар інфекцыйнай бальніцы Акулава…

– Вакулава, – паправіў Шыковіч.

– Мне добра помніцца, што начальнік сказаў – Акулава. А можа, і не так… Столькі прамінула год! Дык вось гэтая жанчына ў калідоры гестапа, па дарозе на допыт ці з допыту, спрабавала вырваць у канваіра аўтамат. Вядома, была застрэлена на месцы. Мабыць, гэтага яна і хацела. Такі выпадак быў не адзіны. Скатаваныя людзі кідаліся на аўтаматы.

– Швагераў, чаму ў вашых паказаннях на працэсе пра Савіча нічога не сказана?

– Ні следчы, ні суддзі, пэўна, не надалі запісцы ўвагі і не націскалі на гэты факт. А каму, грамадзянін начальнік, хацелася браць на сябе лішнюю справу? Каб атрымаць «вышку»? Ваенны час. Ваенны трыбунал. Маё шчасце, што я сам з'явіўся.

Шыковіч спытаў пра другія групы, пра правалы – хто вінаваты, хто выдаў? Дымар маўчаў. Швагераў адказваў ахвотна і, здавалася, шчыра, але не без хітрасці: стараючыся так падаць усё, каб нідзе не ўблытаць сябе. А вядома, што «паліцыя агульнага парадку» крымінальнымі злачынствамі займалася між іншым і ў большасці выпадкаў забойцаў, рабаўнікоў, зладзеяў рабіла правакатарамі, агентамі; галоўная дзейнасць паліцыі, у тым ліку і следчага аддзела, была скіравана на выкрыццё савецкіх патрыётаў, на дапамогу гестапа і СД. Таму былы следчы з надзвычайнай асцярожнасцю абыходзіў небяспечныя мясціны. Але Шыковіч і Сербаноўскі ведалі значна больш, чым думалася Швагераву; мелі магчымасць супаставіць факты, параўнаць яго паказанні з іншымі крыніцамі. Што-нішто ён усё-такі праясніў і ўдакладніў. Раскрыў, напрыклад, структуру і метады шпіянажу, даўшы Кірылу новы матэрыял для кнігі. Калі нарэшце арыштаванага адвялі, а сведка пайшоў чакаць вырашэння свайго лёсу: застанецца ён толькі сведкам ці сядзе на лаву побач з агентам, Сербаноўскі сказаў:

– Вось цяпер, я думаю, ніхто ўжо не затрымае ваш артыкул. Устаўляйце запіску, карыстайцеся пратаколам допыту – і друкуйце. Толькі назву прыйдзецца мяняць. Думаю, што больш не існуе пытання, хто ж такі доктар Савіч?

– Асабіста для мяне яго даўно не існавала.

– Але патрабаваліся доказы.

– Дзякую вам.

– Няма за што. Святы абавязак.

– Як вам удалося выкапаць гэтага дыназаўра?

– Няхай гэта застанецца нашай прафесійнай тайнай.

Яны хораша, з разуменнем усміхнуліся адзін аднаму, як два добрыя сябры, якія агульнымі сіламі зрабілі карысную справу.

* * *

– Хадзем да Зосі. Я люблю прыносіць людзям добрыя весткі.

Яраш, надзвычай узбуджаны расказам пра Дымара, хадзіў па сваім кабінеце, прыгадваў паводзіны агента, калі той сачыў за ім, выкрываў філасофію здрады. Нечаканая прапанова Кірылы захапіла яго знянацку.

– Да Зосі? – Ён спыніўся каля акна і як бы раптам патух: уся яго магутная і прыгожая постаць у чорным світэры ў нейкі міг зрабілася каржакавата-нязграбнай. Ён згорбіўся, выгнуў шыю, быццам убачыў нешта незвычайнае ў белай ваце паміж рамамі.

– Няўжо баішся? – укалоў Кірыла без злоснага намеру.

Яраш крута павярнуўся да сябра. На твары яго з'явілася пакутлівая грымаса.

– Я даў клятву… Галі.

– Ух, людзі добрыя! Да чаго мы дажылі!

– Я ніколі не парушаў сваіх клятваў. – Голас Антона Кузьміча ўпаў да шэпту.

Кірыла ўзлаваўся. Падхапіўся, адскочыўшы ад крэсла, як гумавы мяч, пакаціўся да кніжных паліц, што займалі ўсю сцяну. Загрымеў на поўны голас, забыўшыся, што ў суседнім пакоі Наташа:

– Ты прабач… Я паважаю клятвы… Паважаю Галіну… Але калі на кожны бабскі капрыз… Не будзе ж жыцця…

Яраш знясілена апусціўся ў тое ж мяккае крэсла, дзе толькі што сядзеў Шыковіч, выцер далонямі твар.

– Кінь! Я сам ведаю. Але калі не хапае розуму і, я ўжо казаў табе, звычайнай інтэлігентнасці… Што рабіць? Скажы, інжынер душ?

Пасля прымірэння Галіна вырвала ў яго гэтую клятву – што ён ніколі больш не наведае Зосі. Ён пакляўся з бяздумнай лёгкасцю, абы замацаваць прымірэнне, бо бачыў, як цяжка перажываюць разлад дзеці. Пасля зразумеў, што такая клятва абражае яго. Хіба ён у чым вінаваты? Магчыма, у яго і не было б патрэбы і ахвоты заходзіць больш да Зосі. А цяпер яму рабілася брыдка за ўласную слабасць і бязвольнасць і часта хацелася пайсці да Зосі на злосць жонцы. Дзіўна, што жаданне такое мацнела з кожным днём. Ён змагаўся з ім. Ён сумленны чалавек і сапраўды ніколі не парушыў свае клятвы. Урэшце, справа не ў клятве. Ён проста вышэй за ўсё гэта і не дазволіць, каб подласць плеткароў і жончына неразумнасць давялі іх да разрыву, што было б трагедыяй і для іх абаіх і яшчэ большай – для Віктара і Наташы.

Так ён думаў. Але ад гэтай лагічнай разважлівасці не рабілася лягчэй. Ён мог усё дараваць, але нічога не дараваў сабе – памылак, слабасці, неразумных слоў, непатрэбных учынкаў. У той міг ён пазайздросціў Шыковічу і ўзлаваўся за гэта на сябе і на яго.

Кірыла раптам спыніў разважанні, якія ён было пачаў, аб ролі мужа ў выхаванні жонкі. Мабыць, ён адчуў, што сябру непрыемна і цяжка выслухоўваць гэта. А можа, упершыню адчуў непавагу да таго, кім захапляўся, хаваючы сваё захапленне за кепліва-жартаўлівымі словамі. Яшчэ ўлетку на дачы ён неяк сказаў пра Яраша: «Такі вялікі і такі маленькі перад жонкай». Гэта быў жарт. Аднак, магчыма, падсвядома хацелася, каб яго лепшы сябра і герой быў вялікі ва ўсім. Зашпіліўшы верхні гузік на сарочцы і падцягнуўшы гальштук перад чорнымі тамамі энцыклапедыі, Шыковіч грубавата сказаў:

– Чорт з табой! Пайду адзін, – і рушыў да дзвярэй.

У суседнім пакоі зірнуў цераз Наташына плячо ў кнігу, якую дзяўчынка чытала, дакрануўся далоняй да яе белых шаўкавістых валасоў. Яна глянула на яго і ўсміхнулася вінавата, як бы просячы за штосьці прабачэння, можа, за тое, што падслухала іх размову, ці, можа, за бацькаву нерашучасць.

Кірыла апранаўся ў калідоры. Калі выйшаў Антон, ён таксама пачаў моўчкі апранацца. Праз адчыненыя дзверы Наташа глядзела на бацьку з ухвалой і страхам, нібы несла адказнасць за яго ўчынкі.

На дварэ добра прымарозіла. У паветры кружыліся сняжынкі. Але асфальт вуліцы быў сухі і шэры ў цьмяным святле ліхтароў, пабялелі толькі лункі каля ліп і каштанаў.

Шыковіч даўно ўжо прыкмеціў: у іх горадзе найбольшы рух на тых вуліцах, што ідуць паралельна цэнтральнай, а на тых, што перасякаюць яе, нават у нядзелю ціха і бязлюдна, хоць гэта бадай самыя прыгожыя вуліцы, нешырокія, зялёныя, утульныя, асабліва іх кароткія ўчасткі ад Савецкай да ракі. Шыковіч любіў гэтыя вуліцы. Любіў гуляць па іх.

Яны ішлі не спяшаючыся. Звычайная рабочая хада ў Яраша такая, што побач з ім трэба ісці ўподбег, каб не адстаць. А тут ён ішоў надзіва павольна – магчыма, усё яшчэ вагаўся. Яны як бы знарок забыліся, да каго і з якой прычыны ідуць.

– Што, аднак, ты думаеш рабіць з дачай?

– Паеду, раскладу пасярод кабінета касцёр, пагрэю вочы… Асалода на ўсё жыццё.

– Не вярзі лухты, Кірыла.

– А як інакш ты яе знясеш за месяц? Куды?

Тры дні назад яны атрымалі рашэнне аблвыканкома, у якім ім прапаноўвалася ў месячны тэрмін знесці дачу. Матывы: зямельны ўчастак адведзены райвыканкомам незаконна. Яраша гэтая бюракратычная паперка здзівіла, пакрыўдзіла і расстроіла, Кірылу – абурыла.

– Гуканаў ход канём! – адразу здагадаўся ён.

– Але ж гэта не яго сфера.

– Ты наіўны чалавек, доктар.

– Навошта яму?

– Даць нам лішні клопат, выбіць з нармальнай каляіны, адцягнуць увагу, абвінаваціць у прыватна-ўласніцкіх тэндэнцыях. Зусім нядрэнна прыдумана. Заадно паказаць сваю прынцыповасць і непрымірымасць да перажыткаў…

– Але як маглі прыняць такое рашэнне, не пагаварыўшы нават з намі? Быццам мы з табой дармаеды нейкія, – перажываў Яраш.

Яны хадзілі ў выканком. Іх ветліва прымалі, выслухоўвалі, спачувальна паціскалі плячамі. Здавалася, ніхто нічога не ведае. Толькі намеснік старшыні Мухля чамусьці ўзлаваўся:

– А што вы хацелі, таварыш Шыковіч? Будаваць асабнякі, калі людзі не маюць яшчэ звычайных кватэр? Вам волю дай – палову калгаснай зямлі захопіце…

Кірыла таксама ўзлаваўся.

– Ясна. Значыцца, ты хапуга і спекулянт, доктар Яраш! – сказаў ён сябру, які панура маўчаў, барабанячы па замку партфеля.

Мухлю стала няёмка перад Ярашам.

– Ніхто так не думае. Не кідайцеся словамі, Шыковіч. Мы абавязаны былі паправіць райвыканком.

– Іншым чынам гэта нельга зрабіць?

– Падумаем. Пастановы часам адменьваюцца.

Але пастанова не адмянілася. У той дзень яны атрымалі напамінак з раёна, на зямлі якога стаяла дача. Райвыканком скасаваў сваё, трохгадовай даўнасці, рашэнне аб адводзе ім зямельнага ўчастка. Абжытая будыніна не мела права стаяць на зямлі.

Ад злосных жартаў Кірыла паступова перайшоў да менш злоснай сур'ёзнасці і разважлівасці:

– Днямі бюро гаркома займалася майстэрнямі для мастакоў. Абавязалі гарсавет знайсці патрэбныя памяшканні. А я сам, за сумленна запрацаваныя грошы збудаваў сабе майстэрню. Мне не дача патрэбна! Мне трэба цішыня!

Ён гаварыў гучна, размахваў рукамі. Прахожыя азіраліся на яго, як на п'янага. Захапіўшыся, ён не заўважыў, што той, каму ён усё гэта гаворыць, бадай не слухае яго. Яраш раптам страціў цікавасць да гэтай дачнай праблемы, і яму стала ўсё адно, што будзе з іх дачай. Няхай хоць сапраўды Кірыла распальвае там касцёр.

Калі падыходзілі да дома, дзе жыла Зося, Антона Кузьміча апанавала незразумелае хваляванне. Такога пачуцця ён не ведаў ужо даўно, магчыма, з гадоў юнацтва. Было радасна і боязна. Амаль страшна, аж халадзела пад сэрцам. Ён прыслухаўся да сябе, каб зразумець, што гэта. І не мог зразумець. Боязь жонкі? Але адкуль гэтая радасная нецярплівасць? Як у юнака перад першым спатканнем. Дзіўна. Можа, яму няёмка перад Машай, якая, напэўна, будзе там? Не, няпраўда, што пачуцця такога ён не ведаў сто год. Яно ўжо неяк з'яўлялася і, здаецца, зусім нядаўна. Калі? З якой прычыны? Нешта знаёмае, блізкае і адначасова далёкае, забытае. Пэўна, адно – парушана душэўная раўнавага. Кім? Ці чым?

Многа год ён меў той спакой, упэўненасць, што нараджаюцца ад веры, ад пераканання ў карыснасці сваёй дзейнасці, ад пазнання людзей і з'яў ва ўсёй іх дыялектычнай складанасці. Былі, безумоўна, хваляванні: перад цяжкімі аперацыямі, перад нараджэннем дзяцей, у часе іх хваробы, пасля сварак з жонкай, ад яе беспадстаўнай рэўнасці. Але ўсё гэта было проста і ясна як божы дзень, яно ядналася адным акрэсленым паняццем – быццё. А гэтае хваляванне не падобна ні на адно з тых, ранейшых. Ён спытаў у Кірылы:

– Ты не баішся, што наш візіт падмацуе плёткі?

– А ты баішся ўсё-такі?

– Баюся, – прызнаўся Яраш, каб хоць чым-небудзь вытлумачыць свой душэўны стан. – Ты ведаеш Галіну.

– Ты проста дрэнна выхаваў яе. Ідэаліст – вось ты хто. Хірург-ідэаліст – унікальная рэдкасць. Мае сталічныя калегі, якія пішуць слязлівыя вершы, у сто разоў больш практычныя і зацвярдзелыя… Каб я напісаў, што былы падпольшчык, славуты хірург так заціснуты жончыным абцасам…

– Трапло ты. Абараняй свае тэндэнцыі. Але май на ўвазе, што я думаю аддаць сваю палавіну нашаму прафсаюзу пад летні дзіцячы сад.

Шыковіч сігануў наперад, зазірнуў знізу ўгору сябру ў твар, каб пераканацца, сказаў той сур'ёзна ці жартам. Яраш глядзеў удалеч, некуды ў канец вуліцы, быццам хацеў нешта разглядзець у святле цьмяных ліхтароў.

– У нас розныя прафсаюзы. Не памірацца. У іх аднолькавыя характары. – Шыковічу спадабаўся ўласны жарт, і ён засмяяўся.

Яраш таксама хмыкнуў.

Ім адчыніла Маша.

– Ах, вы?! – здзівілася яна. – Калі ласка! – Аднак не адступала ад дзвярэй, не прапускала іх, быццам хацела адцягнуць час і даць некаму схавацца ці замясці нейкія сляды.

Шыковіч нахіліўся і жартаўліва нырнуў пад яе руку, якой яна ўсё яшчэ трымалася за адчыненую палавіну дзвярэй.

«Няўжо плётка дайшла і да яе?» – амаль са страхам падумаў Яраш.

Маша збянтэжана адступіла, і ён нерашуча ўвайшоў у калідор. З пакоя выйшла Зося. Яраш не бачыў яе больш за месяц. За гэты час яна яшчэ больш памаладзела і папрыгажэла. У добра скроеным сінім плацці, з двух'яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Як лёгка жанчыны харашэюць!

Зося выявіла шчырую радасць, збянтэжанасці ў яе не было ні кроплі. Яна сказала надзвычай проста:

– Якія вы добрыя, што не забываеце нас. Хоць зрэдку заглядваеце на аганёк. Распранайцеся. У нас ёсць чай.

Але праз адчыненыя дзверы Яраш убачыў у пакоі Тараса. Хлопец сядзеў за нізкім сталом, застаўленым чайным посудам, услухоўваўся ў галасы і крыху дзіўна ўсміхаўся. Хоць Яраш ведаў, чаму ён тут, і ў душы ўхваляў яго выбар – абы толькі сур'ёзна, але нечаканая сустрэча з сынам тут, у Зосі, збянтэжыла яго, магчыма, нават больш, чым Машу. Ён адчуў сябе як бы ў нечым вінаватым. Што сказаць Тарасу, калі зойдзе ў пакой? Як будзе паводзіць сябе Тарас? Прыйдзецца прасіць яго, каб не прагаварыўся дома, а то зноў будзе скандал.

Ад гэтай думкі зрабілася да балючасці непрыемна. Тое, што ён вымушаны рабіць з гэтага бязвіннага наведвання тайну, уніжала і абражала. А ўніжэнне для яго, гордага і незалежнага, было самай страшнай карай.

Яраш пашкадаваў, што прыйшоў сюды.

30

Грукат крана над галавой быў для Славіка цяпер як нечаканы гром для забабоннага грэшніка. Ён уціскаў галаву ў плечы, палахліва азіраўся і, калі плыла цяжкая дэталь, адступаў, а то і зусім хаваўся за высокія станіны. Ён баяўся падняць вочы вышэй крука – да шкляной будкі, у якой сядзела кранаўшчыца, «дзятлік» з востранькім носікам і вострым чубком, бо сваю чырвоную касыначку Нінка заўсёды чамусьці абпінала «домікам», ад чаго твар яе яшчэ больш завострываўся. Славік баяўся сустрэчы з ёй.

Кран панёс да ўпаковачнай гатовы станок. Яго ўрачыста суправаджалі кіраўнікі цэха і амаль уся Тарасава брыгада. Акрамя Славіка. І Генрыха. Яны былі заняты другім станком: прыладжвалі зманціраваны электрыкамі праграмны вузел. Гэтую тонкую складаную і марудную работу заўсёды браў на сябе будучы інжынер. А ў Славіка гэта была апошняя стадыя вучнёўства, набліжаўся экзамен на разрад, і трэба было, хоць збольшага, ведаць зборку ўсіх вузлоў.

Усунуўшы галовы ў люкі тумбы, яны падганялі счапленне электраматора з перадачай аўтаматычнага з'ёмшчыка дэталей.

Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Звінелі шыбы і дрынчалі незамацаваныя дэталі і ключы на станку.

І раптам усё сціхла: кран спыніўся, замёр. Славік упусціў гайкі, якія падаваў Генрыху. Спіной сваёй, што вытыркала з-пад станка, ён адчуў, што цяжкі крук павіс якраз над ім. Больш таго, ён адчуў позірк Ніны, яна высунулася са сваёй шкляной будкі і глядзіць… глядзіць на яго.

Славік уціснуўся глыбей пад станіну. Хацелася ўсяму залезці ў вузкі люк, схавацца, ператварыцца ў электравузел, каб рухаць станок, а самому нікога не бачыць, нічога не адчуваць.

Не раз за сваё нядоўгае жыццё ён чыніў шкоду. Здаралася, што колькі дзён жыў з бояззю кары. Але ніколі яшчэ ў яго не было такога страху. Агіднае і цяжкае пачуццё! Яно скавала ўсю яго істоту. Яно – як невылечная хвароба, як рак, пра які чалавек ведае і нічога не можа зрабіць для свайго ўратавання, толькі слухае, чакае, калі, як ён праявіць сябе і нанясе апошні ўдар.

Станок уздрыгнуў, як жывая істота, – кран паволі рушыў далей.

Славік стоена ўздыхнуў. Генрых сказаў:

– Пасвяці сюды.

Славік падняў вышэй «пераноску», ад яркага святла якой слязіліся вочы.

Генрых кінуў на яго кароткі позірк і рухамі штукара пачаў мацаваць маленькія гаечкі. Недасведчанаму чалавеку, які бачыць станок толькі звонку, можа здацца, што такая аграмадзіна складзена з адных вялікіх і цяжкіх дэталей. Так упачатку здавалася і Славіку. А тут ёсць дэталькі не большыя за гадзіннікавыя, асабліва ў электраабсталяванні. Між іншым, гэтая складанасць і прываблівала няўрымслівага хлопца. Каб усё было проста і аднастайна, як яму ўяўлялася па школьнаму знаёмству з заводамі, адно і тое з хвіліны ў хвіліну, з дня ў дзень, то, напэўна, даўно ўсё абрыдла б. А на зборцы заўсёды нешта новае.

– Што ў цябе з Нінай? – спытаў Генрых, працягнуўшы руку па гайкі і пракладкі.

Рабро станіны здушыла Славіку грудзі. Пракладкі прыліплі да потнай далоні.

– А-а… нічога. Ходзім у кіно…

– Ты ж не любіш яе.

– А хіба нельга так?

– Як «так»?

– Ну… разам працуем, разам гуляем.

– Я сам, стары, раней глядзеў на дзяўчат несур'ёзна. Нібы яны для адных танцулек створаны. З Нінкай нельга так, май на ўвазе. Яна не такая, як тыя… У яе ўсё сур'ёзна. І планы яе сур'ёзныя і простыя: выйсці замуж, нараджаць дзяцей… Некаторыя моднікі фыркаюць: мяшчанства. Ёлупы! Схіліце галовы! Гэта жыццё ў яго натуральным выглядзе. Самі вы мяшчане!

«Чаму ён гаворыць гэта мне? Няўжо ведае? У вочы, у вочы б яму глянуць».

Але «зайчыкі» ад яго прафесарскіх акуляраў сляпілі. І Славік – што той трусік перад кобрай. Толькі вушкамі варушыў. Куды знікла дасціпнасць, кідкасць: ты мне слова – я табе дзесяць. Ён, акулярысты чорт, здаецца, працуе, а зіркае, усё бачыць. Разбіць пераноску, ці што? Быццам незнарок.

Нарэшце Славік скінуў чары. Выскаліўся:

– Думаў, хоць адзін чалавек як чалавек. А ты – як Ходас і Тарас. Маралісты! – і завыў у вантробе станка: – Сумна жыць, Генрых!

Ён неаднойчы хіліў Варэніка на свой бок вось такімі жартамі. У яго і Косці найлепшае пачуццё гумару.

– Думаеш, калі сапсуеш камусь жыццё, табе стане весялей?

– А каму я псую? Пайшлі вы ўсе…

Хвілін праз колькі Тарас накіраваў яго ў склад па дэталі. Славік напусціў на сябе такую бестурботнасць і весялосць, каб нікому і ў галаву не ўлезла, што ў яго штось нядобрае на душы.

Ён ішоў паміж станкамі, як па лесе. Насвістваў. І раптам з-за станка – яна, Нінка. Носік – чырвоны, вочы – злыя.

– Славік!

Ён спалохана азірнуўся.

– Такая цана тваім словам? Дзе твае вочы бессаромныя? Цяпер табе нічога не трэба? Ведай жа: або на сябе рукі налажу, або цябе станінай прыдушу. Цяпер мне ўсё адно не жыць. – Яна ўсхліпнула.

А побач, за станком, – галасы. Здаецца, начальнік цэха.

Славік схапіў яе за руку.

– Чаго ты? Дурная, дурная… У мяне проста часу няма. Я на падрыхтоўчыя курсы ў політэхнічны паступіў. Кожны вечар… Ну добра. Сёння, сёння…

Ішоў знаёмы рабочы, і Славік, узрадаваны, пакінуў дзяўчыну і закрочыў побач з ім. Расказваў новы анекдот. Хацеў смяяцца. Выціскаў з сябе смех, бо ўсё скаваў страх, новы, невядомы. О, жорсткае жыццё! Ніякай радасці і гэтулькі пакут! Ён праклінаў той час і міг, калі яму прыйшла ў галаву гэтая дзіўная думка – пазабаўляцца з ёй, адпомсціць за свой спалох у першы дзень.

Месяц ён вадзіў яе ў кіно, у тэатр і гаварыў, гаварыў, гаварыў. Пра ўсё на свеце ён ведаў. Заходзіў проста ў інтэрнат, пакідаючы ў строгай каменданткі свой заводскі пропуск. Сяброўкам яе па пакоі падабаўся: вясёлы. Адны, праўда, папярэджвалі: «Ой, глядзі, Нінка, загаворыць ён цябе». Другія падбадзёрвалі: «Хапай, Нінка, на ляту. Закруці яму галаву. Чаго на свеце не бывае! Вунь Лідка за інжынера выскачыла. Цяпер вітацца, зараза, не хоча».

Яна ведала, што не вызначаецца прыгажосцю. Але дзявочае сэрца перамагло розум, нараджаючы адвечную наіўную ілюзію. Хіба адны прыгожыя падабаюцца? Славік пакарыў тым, што не саромеўся паказацца з ёй на людзі – у кіно, у тэатры, знаёміў са сваімі знаёмымі, прыгожа апранутымі хлопцамі і дзяўчатамі, і рабіў гэта, здавалася ёй, з гонарам. Для простай дзяўчыны, якая была яшчэ ў палоне вясковых уяўленняў, гэта з'яўлялася найвышэйшым доказам яго кахання. Магчыма, было і другое: цяга чалавека, які жыў у беднасці і нястачы, да прыгажэйшага, вышэйшага, лепшага.

У тую нядзелю ён з'явіўся ў інтэрнаце раніцай і запрасіў яе на дзённы сеанс. А калі выйшлі з кіно, прапанаваў зайсці да яго дадому. Нінка на міг сумелася, але не ўтрымалася ад спакусы паглядзець, як ён жыве. Увогуле, як жыве пісьменнік? Хіба гэта не цікава? Адначасна мільганула патаемная дзявочая думка, што хлопец хоча паказаць яе сваім бацькам. Славік не прызнаўся, што дома нікога няма. Бацькі разам з Ярашамі паехалі на дачу садзіць нейкія адмысловыя дэкаратыўныя кусты, па якія «стары конь» ездзіў ажно на Ўкраіну. Іра з курсам у калгасе, паехалі выбіраць бульбу.

Славік адчыніў дзверы і сам «здзівіўся», што ў кватэры ніводнай душы жывой. Ён паказаў ёй бібліятэку, бацькавы кнігі. Потым уключыў радыёлу і ўсё ставіў «нярасейскія пласцінкі». Пад гукі прыгожай і незразумелай музыкі выставіў на стол доўгую і тонкую пляшку, таксама не нашу. Віно Нінцы не спадабалася – кісляціна. Але яна ведала, што ўсе інтэлігенты п'юць чамусьці кіслае, а не смачнае салодкае віно, а таму асушыла два высокія келіхі. І ёй стала хораша і весела. Яна сама прапанавала:

– Давай патанцуем.

Яна любіла танцаваць, а Славік не. Ён хадзіў з ёй усюды, толькі на танцы ў заводскі Дом культуры не пайшоў ні разу.

Яны закружылі ў кабінеце вакол маленькага століка, паўз шкляныя шафы, з якіх глядзелі на іх маўклівыя і суровыя кнігі.

Славік пацалаваў дзяўчыну. Нінка шчасліва засмяялася. Яна заўсёды так смяялася, калі ён цалаваў яе. Праходзячы міма канапы, Славік «спатыкнуўся» і… паваліў дзяўчыну на канапу. Пачаў цалаваць прагна вусны, шчокі, шыю.

– Славічак… Родненькі… не трэба, Славічак… Пасля, пасля… даражэнькі… – шаптала яна, цалуючы з такой жа прагнасцю, балюча.

Ён быў у тым узросце, калі сніў пра гэта. І думаў бясконца. І шукаў.

Але адбылося зусім не так, як у сне і ў думках… Калі праз хвіліну наступіла працверазенне, ён замест задавальнення адчуў нешта зусім супрацьлеглае – сорам само сабой, але яшчэ агіду, да гэтага, да сябе, да яе. Раптам убачыў, якая яна непрыгожая, Нінка. І адразу чамусьці ўспомніў Машу, якую даўно не бачыў, але не забываў. Зашчымела сэрца. Нясцерпна захацелася, каб побач была Маша, каб яе рукі абдымалі, яе залатыя валасы датыкаліся яго шчок. І ўсё больш расла непрыязь да Ніны. Нават злосць… Чаму яна так лёгка аддалася? Можа, ён не першы?.. Як лашчыцца!..

– Славічак… даражэнькі… цяпер мы звязаны з табой назаўсёды.

Яго нібы агнём апякло.

«Звязаны… назаўсёды… Усё жыццё з ёй? З-за адной хвіліны? Што яна вярзе? Чаго яна хоча?»

І да ўсяго непрыемнага – яшчэ страх. Як удар. У галаву, у грудзі. Ажно пот выбіла.

А ў гэты момант – званок. Яны падхапіліся. Славік спалохаўся, разгубіўся. Кінуўся да радыёлы, выключыў. Настойліва прагучалі кароткія тры званкі. Іра! Так звоніць яна. А калі бацькі? Славік уключыў радыёлу зноў. Крутнуў рэгулятар гучнасці залішне. Музыка запоўніла кватэру.

Здалося, што Нінка знарок павольна наводзіць парадак у сваім туалеце. І робіць гэта перад ім бессаромна. Славік узненавідзеў яе ў гэты міг. Шыкнуў злосна:

– Хутчэй! – і пабег да дзвярэй. Прыслухаўся. Доўгі званок. Але, Іра. Злуецца. Ён адчыніў. Сястра ляпнула яго па твары рукавіцай, з якой пасыпаўся пясок.

– Соня! Не дазваніцца!

У яго рыбацкай куртцы, у штанах, у акулярах яна падобна была на геолага. Кінула шапку ў калідоры на столік і, нібы ўчуўшы нюхам прысутнасць старонняга, заглянула ў кабінет. Славік убачыў, як Ніна, недарэчна (о, як недарэчна!) абшмаргнуўшы плацце, прывіталася, сарамліва і лісліва. Іра не адказала. Яна глядзела на незнаёмку амаль з жудасцю. Здавалася, не толькі вочы, але і акуляры яе расшырыліся. Потым кінула позірк на брата, позірк бязлітасны, знішчальна-грэблівы, крута павярнулася і пабегла ў свой пакой. Хаця б слова сказала.

«Кобра!» – хацелася крыкнуць Славіку. Аднойчы, калі яны сварыліся, ён ляпнуў гэтую абразлівую мянушку. Рэакцыя была нечаканая: на яго страшэнна ўзлавалася маці, ніколі ён не бачыў маці такой расхваляванай і злоснай. Таму ён баяўся гэтага слова. Не крыкнуў ён нічога ўздагон сястры яшчэ і таму, што злосць на яе тут жа перайшла на Нінку. Але, ва ўсім вінавата гэтая «дзятліха». Не знайшла другога жэста, як абшмаргнуць плацце. Варона.

Разгубленая, пакрыўджаная дзяўчына страціла сваю ўпэўненасць і ад гэтага сцялася, змізарнела. Апранала паліто і палахліва азіралася. Але гэта яшчэ больш раздражняла Славіка. Фу, якая недарэка! Дзе былі яго вочы? Як ён мог звязацца з такой?

Але за дзвярамі кватэры, на лесвіцы, Нінка, як бы страсянуўшыся, як тая птушка, уміг набыла ранейшую ўпэўненасць.

– Пыхлівая якая сястра твая! Падумаеш, пані!

– А што яна, цалавацца з табой павінна была? – груба адказаў Славік.

– А чым я горшая за яе?

У Славіка хапіла тактоўнасці змаўчаць. Калі вёў Нінку ў дом, тады ён не баяўся, што ўбачыць нехта з суседзяў. А цяпер баяўся. Узрадаваўся, што на лесвіцы нікога не сустрэлі. Але на вуліцы было многа народу, і яму пачало здавацца, што многія, асабліва жанчыны, глядзяць на іх з разуменнем і насмешкай. Дагэтуль ён дэманстратыўна знаёміў сваіх стыляжных сяброў з рабочай дзяўчынай і пляваў на іх кпіны. Цяпер жа халадзеў ад думкі, што можа сустрэць каго-небудзь з гэтых сяброў. Вынаходлівы і не дужа далікатны, ён не мог прыдумаць, як пазбавіцца ад яе, застацца аднаму. А яна, як ніколі, стала гаманкая. Расказвае пра сваіх дзяўчат, што Верка збіраецца замуж. Яго спалохала гэтае слова – «замуж». Дайшлі да Палаца спорту, і ён узрадаваўся нечаканай думцы:

– Я ў басейн. На трэніроўку.

…Безумоўна, паводзіў ён сябе пасля як апошні дурань. Не здолеўшы перамагчы сваю антыпатыю, не пайшоў больш у інтэрнат, не запрасіў Нінку ні разу ў кіно, пазбягаў сустрэчы адзін на адзін у цэху. Яна, аднак, праз колькі дзён падпільнавала яго, заплакала:

– Я табе аддала ўсё. А ты… Зняславіў, насмяяўся… З дзіцем хочаш пакінуць?

«З дзіцем», – во адкуль гэты страх.

«Няўжо яна можа зацяжараць?!» – ні на хвіліну не пакідала яго думка з таго дня. Ён купіў тоўстую кнігу «Акушэрства», прачытаў у пустым асеннім парку ўсё пра цяжарнасць і закінуў кнігу ў кусты. Не, нічога яшчэ яна не ведае. Але зацяжараць можа, калі не ад яго, то ад каго другога, ахвотнікі знойдуцца. А зваліць на яго. Чым больш ён думаў пра гэта, тым больш пераконваў сябе, што Ніна абавязкова гэтак зробіць, і ўсё больш пачынаў ненавідзець дзяўчыну за гэтую яе ўяўную каварнасць. Яе пагроза прыдушыць яго станінай спалохала Славіка значна менш. Але ўстрывожыла Генрыхава пытанне. Што, калі яна расказала сяброўкам, а яны Косцю, які жыве ў інтэрнаце побач і часты госць у дзяўчат? Тады, напэўна, ужо ведае ўся брыгада. Даведаецца ўвесь цэх, завод. Чаго добрага, пачнуць разбіраць на сходзе.

Не, няма чалавеку волі на зямлі. Тысячу ўмоўнасцей звязваюць рукі і ногі, тысячу страхаў падпільноўваюць на кожным кроку. Ён, Славік, доўгі час лічыў, што пазбавіўся ад такіх «перажыткаў і забабонаў», як сумленне, сорам, каханне, пакланенне аўтарытэтам і г.д. Ні д'ябла не атрымалася. Ён не толькі такі, як усе, ён горшы – сентыментальны слюнцяй. А вінаваты бацькі, гэта яны так выхавалі. І ў такім абкружэнні перарабіцца, выходзіць, проста-такі немагчыма. На турыстаў крыкнуў – у каталажку, вузкія штаны надзеў – у сатырыкон, дзяўчыну пацалаваў – прымусяць жаніцца. Жах!

Дзень той, аднак, скончыўся спакойна: станіна яго не прыдушыла, у камітэт камсамола не выклікалі.

Але Славік не ўзрадаваўся гудку. Ён паабяцаў Нінцы сустрэцца ўвечары. А страчацца зусім не хацелася. І не страчацца боязна.

З цэха і заводскіх варот яны выйшлі разам з Тарасам. Брыгадзір часта затрымліваўся, часам і зусім заставаўся начаваць у інтэрнаце. А тут раптам спяшаўся дадому, да Ярашаў. Хоць як сказаць – спяшаўся, калі прапанаваў пайсці пехатой? Тым больш не спяшаўся Славік. Дома ў яго былі складаныя адносіны з Ірай. Яны, на здзіўленне маці, зусім перасталі сварыцца паміж сабой. Сястра глядзела на яго з грэблівай пагардай. А ён баяўся адказаць нават злосным позіркам. Ён проста пазбягаў яе. Не чапаў. Абы ціха было.

Тарас доўга ішоў моўчкі. У яго быў свой клопат: адносіны ў сям'і Ярашаў – у яго сям'і. З малых год ён ведаў рэўнасць Галіны Адамаўны і цяпер, калі ўсё разумеў, шкадаваў бацьку. Першая паведаміла яму Наташа, што маці зноў да кагосьці прыраўнавала. Дзяўчынка была ў роспачы: маці ўпершыню груба абразіла яе. Пасля іх нечаканай сустрэчы на кватэры ў Зосі Антон Кузьміч упершыню расказаў сыну пра свае адносіны з жонкай, расказаў усю праўду… Тарасу зрабілася балюча: як можна ўскладніць простыя і ясныя рэчы, забрудзіць чысцейшыя чалавечыя адносіны! Хочучы шчыра дапамагчы ім, ён паспрабаваў пагутарыць з Галінай Адамаўнай. Але тая груба перапыніла яго: «Я цябе прашу не ўмешвацца ў нашы справы». Ён, Тарас, не прыхільнік таго, каб лезці ў чужую душу. Але ж нельга і абыякавым заставацца, калі двое добрых і блізкіх людзей, пражыўшы разам многа год, раптам не разумеюць адно аднаго. Як многа яшчэ гэтага неразумення!

– Катка сёлета, відаць, не дачакаешся. Бр-р, – скурчыўся Славік і наставіў каўнер свайго лёгкага кароткага паліто.

Снег, што выпаў тыдзень назад, раставаў. Было сыра, слізка і холадна. Тарас у скураной куртцы на футры, у галёшах крочыў размашыста, упэўнена. Славік з галёшаў смяяўся – старамодна! – і ў даўганосых чаравіках коўзаў па талым снезе, пераскакваў лужыны, лаяў недарэчную зіму. Гаварыў ён прыкладна гэтак жа, як ішоў: скакаў з прадмета на прадмет, з пагоды на кінаафішу, адтуль на валёнкі і бахілы сустрэчнага селяніна… У сувязі з чым усплыла раптам гэтая думка, ён і сам не здолеў бы растлумачыць. Ляпнуў нечакана не толькі для Тараса, а вельмі можа быць, што і для самога сябе:

– У цябе моцна ўтрэскалася адна дурніца.

Баючыся злоснага жарту, Тарас змаўчаў, толькі глянуў на Славіка як бы з недаверам.

– Не верыш? Не цікавішся хто? Мая сястра. Іра.

– Яна ўпаўнаважыла цябе сказаць пра гэта?

– Ну што ты! – засмяяўся Славік. – Яна авечка. Я прачытаў у яе дзённіку.

– Прыгожа, няма чаго сказаць!

– А ты не прачытаў бы дзённіка сястры, каб ён трапіў табе на вочы? Не люблю прытвораў! А я чытаў з цікавасцю. Як яна цябе там узносіць! Культ Ганчарова.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю