Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 28 страниц)
Далей Гукан пісаў, што дачка жыла з бацькам, вяла яго добрую гаспадарку і «мела цесныя адносіны» з гітлераўскімі афіцэрамі, якія ўвесь час кватаравалі ў «гасцінным доме Савіча».
– Подласць! – злосна кінуў Кірыла, скончыўшы чытаць.
– Не абурайся. – Тарасаў падсунуў яму пачак з папяросамі. – Быў час усеагульнай звышпільнасці.
– Але ж можна было даведацца, з якім «камфортам» яны вывезлі яе ў Германію і дзе трымалі там.
– Гэта, бадай, можна было, але, відаць, не хапала часу. Мнагавата было такіх спраў.
Шыковіч прыпаліў і прагна зацягнуўся дымам.
– Дзякую, Сяргей Сяргеевіч. Для мяне ў гэтым дакуменце больш важна другое. Чаму Гукан нічога не сказаў пра тое, што Савіч быў звязан з падпольшчыкамі? З кім канкрэтна? І з атрадам… З якім? Не сказаў ні тады, калі мы пісалі кнігу, ні цяпер, калі я хадзіў да яго з запіскамі Варавы. Чаму?
– Вось і паспрабуй высветліць чаму. У псіхалагічным плане, – ледзь прыкметна ўсміхнуўся сакратар гаркома.
– Можна сказаць яму пра гэта? – спытаў Кірыла, працягваючы заяву Гукана.
– Лепш не адразу. Такі лабавы ход наўрад ці дапаможа знайсці ісціну.
– Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволіць пагаварыць з Савіч. Можа, яна што праясніць.
Яраш шырока замахнуўся. Застракатала катушка. Блешня, зіхатнуўшы на сонцы, плёснула на сярэдзіну ракі. Яраш даў блешні патануць, і плынь аднесла яе і леску яшчэ далей. Нарэшце ён пачаў круціць катушку павольна-павольна. Катушка ледзь чутна папісквала.
Кірыла стаяў крокаў за пяць. Мачаў з абрыву блешню свайго спінінга ў мелкую ваду, з цікавасцю сачыў, як чырвона-срэбная пялёстачка то лажыцца на жоўты пясок, то выскаквае на паверхню.
«Зараз зачэпіць», – думаў ён пра сябра, пазіраючы, як той павольна круціць – блешня паўзе па дне. Чамусьці хацелася, каб Яраш зачапіўся і адарваў усю леску. Яму абрыдла гэтае бясконцае кіданне.
Сонца з-за ракі біла ў вочы. Лёгкі вецярок шастаў лазнякі. Хацелася сесці ў цяні пад стогам і пагутарыць.
Блешня Ярашава, не зачапіўшы нават ніводнай водарасці, зайграла на мелі.
«Чорт!» – вылаяўся пра сябе Шыковіч.
Яраш зноў гэтак жа прыгожа размахнуўся, далёка закінуў блешню і зноў моўчкі вёў з той жа задумлівай павольнасцю. Кірыла больш не вытрымаў:
– Чаму ты маўчыш?
– Я думаю, – адказаў, не павярнуўшыся нават, Антон Кузьміч. – Я, здаецца, пачынаю разумець сэнс таго, што ты робіш. Пасля твайго расказу…
– Дзякуй Богу. Нарэшце дайшло да тваіх заспіртованых мазгоў. Ты павінен заўтра ж дазволіць мне пагаварыць з Зосяй!
– Не! – пагнаў Яраш блешню шпарчэй. – Не! Ты – як азартны ігрок. Табе абы хутчэй выйграць. А ў мяне – жыццё чалавека. Я ніколі не іграю жыццём.
Кірыла размахнуўся і што ёсць сілы не кінуў, а пляснуў блешню ў ваду.
– Ты халодны, што той шчупак! – кіўнуў ён назад, дзе ў траве сутаргава раздзьмухваў жабры, задыхаючыся ад паветра, светлы рачны шчупак, злоўлены, як ні дзіўна, Шыковічам. Нечаканая ўдача сябра распаліла рыбацкі азарт Яраша, а таму ён і не пераставаў кідаць.
– Не хваліся ты сваім шчупаком. Дрэнь шчупачок. А галоўнае – усё адно дома не павераць, калі я не пацверджу.
– Пайшоў ты… Эскулап! Канавал!
– Мыло, ошэнь мыло, – бяскрыўдна бубніў Яраш, зноў закінуўшы блешню. – А ты ведаеш, што канавал вельмі тонкая прафесія?
– Антон, ты мяне сваім дурацкім спакоем давядзеш, што я нап'юся сёння.
– Выпі ракі.
– А-а, чорт! Дулю ж ты ў мяне з'ясі, а не юшку. – І, шыбануўшы ў траву спінінг, Кірыла з ваяўнічым намерам рушыў да шчупака.
Тады і Яраш кінуўся яму наперарэз, схапіў за рукі.
– Э-э! Што ты дурны – я ведаю. Але выкінуць такога шчупака!
Шыковіч хацеў падставіць яму ножку. Але Антон Кузьміч лёгка падняў мяккі пяціпудовік, панёс да абрыву.
– Астуджу я тваю гарачую галаву.
– Чакай. Вунь на тым беразе людзі. Знарок патану – цябе пасадзяць.
Яраш адпусціў сябра. Яны селі на мяккую атаву, звесіўшы ногі з абрыву. І так, ужо сур'ёзна размаўляючы, прасядзелі, пакуль з неба не палілося ў раку расплаўленае золата захаду.
18
Маша, у якой у бальніцы быў разлічаны кожны рух, ускочыла ў палату, як гарэзлівае дзяўчо, вясёлая, узбуджаная. Падбегла да ложка Зосі, прысела, асцярожна і мякка абняла яе.
– Віншую, Соф'я Сцяпанаўна. Цудоўная кардыяграма! Усе лысыя дзяды – кансіліум – горача віншуюць Антона Кузьміча. Бліскучая аперацыя! Рэдкая! Хутка мы будзем з вамі танцаваць. Вы любілі танцаваць?
Вялікія Зосіны вочы раптам напоўніліся слязамі.
– Што вы?! – спалохалася Маша. – Я сказала што-небудзь не так?
– Нічога. Не звяртайце ўвагі. – Зося выцерла слёзы рагом новенькай прасціны. – Гэта я так. Я любіла танцаваць. Але я была вучаніца. Мяне не пускалі на вечары. Толькі ў драмгурток.
Яна сумна ўсміхнулася.
«Божа мой! Гэта ж дваццаць год яна як бы і не жыла, – жахнулася Маша, і ёй зрабілася да болю шкада жанчыну. – І цяпер яшчэ ў яе такія сумныя вочы. Каб я ведала, чым можна ўзрадаваць цябе!»
– З заўтрашняга дня за вас возьмецца лекар лячэбнай фізкультуры.
Зося ў знак удзячнасці ледзь прыкметна кіўнула галавой.
Да аперацыі яна была больш гаваркая і цікаўная. А цяпер быццам баіцца са словамі страціць сілу, якая павольна вяртаецца да яе.
Сапраўды, Зося з дня ў дзень адчувала прыліў гэтай новай сілы, даўно забытай, і ёй было хораша і… страшна. Ніколі, ні ў гестапа, ні ў лагеры, ні перад аперацыяй, у яе не было такіх прыступаў страху, якія здараюцца часам цяпер. Часта сніцца, што ў яе зноў хворае сэрца, што яна зноў задыхаецца, і яна прачынаецца ў халодным поце і слухае сваё сэрца. Ну вось, зноў яно калоціцца ліхаманкава. Але праходзяць хвіліны – і сэрца пачынае біцца поўна, спакойна, у рукі і ногі вяртаецца здаровая моц.
Ёй хочацца расказаць пра свой страх Антону Кузьмічу ці Машы, але яна не адважваецца, прымхліва баіцца – не спалохаць бы словамі гэтую дзівосную сілу.
З удзячнасцю, улюбёна глядзіць Зося на Машу, любуецца яе залатымі вейкамі і такімі ж незвычайнымі валасамі, і вельмі хочацца ёй сказаць гэтай дзяўчыне сардэчныя словы, сказаць, што палюбіла яе не як бальнічную, а як родную сястру. Але чамусьці і гэтыя словы яна баіцца сказаць. А Маша таксама заварожана, з замілаваннем, як на дзіця, глядзіць на Зосю, думае, чым бы развесяліць яе, і пакутуе ад таго, што нічога не можа прыдумаць. Зрэдку яны ўсміхаюцца адна адной вачамі і позіркамі прызнаюцца ў любві.
– Соф'я Сцяпанаўна, хочаце, я пачытаю вам вершы Блока. Антон Кузьміч любіць Блока, і ў яго кабінеце ляжыць томік.
Яна згадзілася, ледзь прыкметна кіўнуўшы галавой і заплюшчыўшы вочы.
Узрадаваная Маша пабегла за кнігай. Яна не ўбачыла, як Зося ўздрыгнула ад гэтай нечаканай прапановы. Блока любіў яе бацька і чытаў ёй, малой. Маці не вельмі ўхваляла гэта, раіла Маякоўскага. Яны па-рознаму выхоўвалі яе, маці і бацька. Маці, напрыклад, каб навучыць яе плаваць, аднойчы выпіхнула з лодкі на сярэдзіне ракі і гэтым так напалохала бацьку, што ў таго ледзь не быў сардэчны прыступ. У дзевятым класе Зося таксама палюбіла Блока.
Пасля вайны яна рэдка думала пра маці. А ў той момант, калі Маша сказала пра Блока, яна чамусьці ўспомніла маці, і сэрца яе, яшчэ не загоенае, сціснулася і зашчымела забытым болем. Маці загінула ў Польшчы, у жонкі яе брата ёсць паведамленне, у якім горадзе яна пахавана.
Зося падумала:
«Калі я зусім ачуняю, то збяру грошай і з'езджу на яе магілу. Я папрашу кветак з нашага саду. Работніцы ясляў дадуць. – І раптам зноў страх: – Няўжо мяне не пусцяць на магілу маці?»
Прыгадала, што, вярнуўшыся з Германіі, яна не знайшла магілу бацькі, хоць помніла, дзе яго пахавалі, і ёй захацелася плакаць. Яна паспрабавала стрымацца і не здолела – заплакала па-дзіцячы, наўзрыд. Суседка, таксама пасляаперацыйная, слабым голасам спытала:
– Чаго вы? У вас жа ўсё так добра! – Сама яна здагадвалася, што ў яе выразалі ракавую пухліну, і з жахам думала, што гэта не збаўленне ад хваробы.
– Калі ласка, не звяртайце ўвагі. – Зося ўсхліпвала і выціралася прасціной.
Вось і гэтага ніколі не было да аперацыі: хворае сэрца яе было чэрствым.
Маша, вярнуўшыся і ўбачыўшы сяброўку ў слязах, спалохалася. Але тая заспакоіла яе:
– Ды не, нічога, Маша, слаўная вы мая. Я проста ўспомніла. Мой бацька любіў Блока.
Пра бацьку яе Яраш забараніў гаварыць. І Маша, каб нічога не адказваць, наўздагад разгарнула томік і пачала чытаць:
В сыром ночном тумане
Все лес, да лес, да лес…
В глухом сыром бурьяне
Огонь блеснул – исчез…
Опять блеснул в тумане,
И показалось мне:
Изба, окно, герани
Алеют на окне…
Адзін верш, другі, і раптам убачыла, як азарыўся Зосін твар. Не было ў яе яшчэ такой усмешкі. Невясёлыя вершы, а смутак з вачэй яе знік. Дзіўна. Ды ім перашкодзіла суседка: заплакала яна.
Усё адно Маша выскачыла з бальніцы на вуліцу з надзвычай узнятым настроем. Свяціла неспякотнае ўжо жнівеньскае адвячоркавае сонца. Ішлі па вуліцы людзі, адны – павольна, другія – спешліва. Імчалі аўтобусы, «Волгі» і «Масквічы».
Маша любіла свой горад. Любіла гуляць у парку, які лічыцца найлепшым у рэспубліцы. Але адной усё-такі сумна. Каб сустрэць каго-небудзь вясёлага! Яна ўспомніла Славіка. Яна думала пра яго і раней. І пра Тараса. Пра абаіх. Употай чакала, што хтосьці з іх захоча сустрэцца з ёй.
Але хлопцы не праяўлялі ініцыятывы. Славік, безумоўна, несур'ёзны суб'ект, балбатун і нахабнік. Але Маша не магла забыцца, як ён з першага позірку захапіўся ёю. Ніхто яшчэ так адразу не захапляўся. Часцей за ўсё яна чула: «Глядзі, якое рыжоцце пайшло!» Гэта яе абражала. А вось Славік, той адразу: «Вы ж незямная». А яна зямная, звычайная дзяўчына з палескай вёскі, і ёй, як усякай дзяўчыне, было прыемна пачуць такі шчыры камплімент. Акрамя ўсяго, яна адчувала сябе вінаватай – за аплявуху. Не такая ўжо яна «кісейная паненка», каб так абражацца за яго дурную балбатню.
Так, ёй хацелася сустрэцца. Але дзявочы гонар не дазваляў ёй першай шукаць гэтай сустрэчы.
А тут ёй раптам захацелася зрабіць нешта незвычайнае, гарэзлівае.
Паабедаўшы ў кафэ, яна пайшла ў парк. Размяніла ў прадаўшчыцы газіроўкі пяцікапеечную манету, папрасіла «дзве па дзве». Шчыльна зачыніла дзверцы будкі аўтамата. Даведалася па 09 тэлефон Шыковіча.
– Ало! – пачулася ў трубцы. Яна пазнала голас Славіка і не адказвала.
– Ало! – крыкнуў ён. – Што? Правяраеш, ці ёсць хто дома? На жаль, браток, ёсць я, верны вартавы бацькавых мільёнаў. І май на ўвазе – узброены атамнай пушкай. Але калі ты пазычыш мне пяць рублёў, мяне тут не будзе. Залазь, рабуй. Хрэн з імі, з мільёнамі!
Маша ледзь вытрымала, каб не зарагатаць ад гэтай Славікавай тырады невядомаму абаненту. Праглынуўшы смех, яна піскнула:
– Уладзіслаў Кірылавіч!
– О-о! – Відаць, яго здзівіў жаночы голас і такі нечаканы зварот. – Хм… сапраўды, гэта, здаецца, я – Уладзіслаў Кірылавіч. Я слухаю вас.
– Адна ашоба чакае ваш каля ўвахода ў парк, – па-старэчы прашамкала Маша.
– Колькі ёй год, ашобе гэтай?
– Шэмдзешат.
– Самы мой любы ўзрост! – засмяяўся хлопец.
– Калі вы не будзеце праз пятнаццаць хвілін, многа страціце, – сказала Маша звычайным голасам і павесіла слухаўку.
Славік быў упэўнены, што знаёмыя дзяўчаты хочуць з яго пажартаваць. Але ён ніколі не баяўся апынуцца ў смешным становішчы. Ён сумаваў у пустой кватэры, без грошай і ўзрадаваўся выпадку хоць чым-небудзь забавіцца. Праз дзесяць хвілін Маша ўбачыла яго на пляцоўцы каля ўвахода ў парк. Яна стаяла па той бок агароджы за кніжным кіёскам і ўпотай назірала. Ён ішоў павольна, засунуўшы рукі ў кішэні блакітных штаноў. Трошкі насцярожана азіраўся. Прайшоў раз да варот і назад, заглядаючы спачатку ў твары дзяўчат, потым – пажылых жанчын, нарэшце і бабуль не стаў мінаць.
Машу гэта смяшыла. На яе з цікавасцю пазіралі: адна, а такі гарэзлівы выраз яе твару, такія чорцікі ў вачах.
Так яна памучыла яго хвілін пятнаццаць. І толькі калі ўбачыла, што цярпенне яго вычарпалася і ён энергічна рушыў у парк, яна пайшла насустрач – на выхад. Ішла спешліва, глядзела ўбок – на партрэты перадавікоў вытворчасці. Была ўпэўнена, што міма яе ён не пройдзе. Сапраўды, хутка пачула яго радасны вокліч:
– Маша!
Яна спынілася, зрабіла здзіўленыя вочы, нібы не пазнавала яго. Ён працягнуў руку. Яна не падала сваю. Але Славік не збянтэжыўся.
– Гэта ты званіла мне?
– Я званіла вам? І не думала! Многа ў вас самаўпэўненасці, таварыш Шыковіч.
– Нейкая бабуля назначыла мне спатканне.
– То і чакайце вашу бабулю.
– На д'ябла мне яна! Я рады, што сустрэў… вас. – Славік раптам страціў сваю смеласць і не адважваўся казаць «ты». Тут яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым там, на дачы. Вельмі захацелася, каб Маша засталася з ім, пайшла ў парк. Няхай бы паглядзелі яго даўнія сябры і пазайздросцілі: якая дзяўчына з ім!
Але Маша глянула на ручны гадзіннік так, быццам давала зразумець, што яна спяшаецца. Ён нясмела ўзяў яе за руку, каб утрымаць.
– Вы крыўдуеце на мяне? Я прашу прабачэння. Я не крыўдую на вас за аплявуху. Я гатовы атрымліваць па аплявусе кожны дзень, абы быць з вамі. Хадзем пагуляем.
– Каб вы зноў сказалі якую-небудзь брыдоту?
– Клянуся. Я адкушу сабе язык, калі з яго сарвецца хоць адно непрыстойнае слова.
Маша ўсміхнулася. Усё-такі ён пацешны, гэты балбатліва-галантны хлопчык. З ім не засумуеш. Гэта той вясёлы чалавек, якога ёй хацелася сустрэць пад свой сённяшні настрой.
– Веславаць вы ўмееце? На лодцы пакатаеце? – неспадзявана для Славіка, весела і проста, як малая, спытала Маша.
Славік не ўзрадаваўся, што яна згадзілася. Ён пахаладзеў: у яго кішэні было ўсяго некалькі капеек. О, якія эпітэты паслаў ён у той міг бацьку, які не даваў яму цяпер ні капейкі. Ды і сяброў па брыгадзе ўспомніў:
«Самі, чэрці, па дзве сотні калупаюць, а мне далі ў аванс вучнёўскіх пятнаццаць рублёў. Вось табе роўнасць і брацтва!..»
Ён ляпнуў далоняй па нагруднай кішэні сваёй моднай, навыпуск, жоўта-блакітнай сарочкі.
– Чорт, я забыўся захапіць грошы. І дакумент.
Маша прыхавала ўсмешку, успомніўшы яго прызнанне па тэлефоне ўяўнаму рабаўніку.
– У мяне ёсць грошы, – паказала яна сумачку і пажартавала, нечакана перайшоўшы на «ты»: – Я буду эксплуатаваць цябе.
– О, з вамі я згодзен плыць хоць да Чорнага мора. Вы былі б маім сонцам і маяком.
– Пайшлі, – сказала яна. – А то на нас звяртаюць увагу.
Славік толькі цяпер убачыў, што яны стаяць пасярод праходу ад плошчы да варот парку, што навокал многа людзей, і схамянуўся, што ён гаворыць залішне гучна.
Чоўны былі ў разгоне. Прыйшлося чакаць. Маша аддала яму сумачку, скінула басаножкі і хадзіла па мелі. Зайшоўшы глыбей, яна ледзь прыўзняла сукенку, і Славік любаваўся яе прыгожымі каленямі з залатымі кропкамі радзімак. Ён стаяў на беразе паважны, сцішаны, з сумачкай у руках і з нейкім салодкім страхам адчуваў, што ў галаве яго як бы ўтварылася шчыліна і праз яе выцякаюць тыя скептычна-насмешлівыя словы, якія былі запасены там на ўсе выпадкі і якімі ён вельмі спрытна ўмеў адгароджвацца і ад сур'ёзнага і ад смешнага. Ён падумаў, што сябры, напэўна, кпілі б з яго, каб убачылі ў такім стане – вартаўніком дамскай сумачкі, нібы ён верны муж суровай жонкі. Але адчуваў, што, каб Маша сунула яму ў рукі і басаножкі, ён з прыемнасцю трымаў бы іх, не баючыся ніякіх кпінаў. Чаго не зробіш для такой дзяўчыны!
Яна пырснула на яго вадой. Ён адскочыў.
– Здымай чаравікі!.. Закасвай свае модныя штаны і лезь у ваду. Так прыемна!
– Мы на лузе пакупаемся. Згода?
– Я без купальніка.
Любой другой дзяўчыне ён, напэўна, адказаў бы: «Тым лепш». Або пачаў бы «філасофстваваць»: «Гэта ўмоўнасць. Чалавецтву пара выкінуць сарамлівасць, як шкодны перажытак мінулага». А Машы ён не сказаў ні таго, ні другога. Не, не пабаяўся, помнячы аплявуху. Стрымала нейкае інакшае, зусім яшчэ не знаёмае яму пачуццё. Ён трохі ўжо пачаў злаваць на сябе за такую нязвыклую разгубленасць. З нецярпеннем чакаў чоўна і злаваў на ўсіх, хто праплываў міма.
«Якога д'ябла без патрэбы плаваць? Вунь тумба якая! Яшчэ за вёслы села. Каб ты перакулілася!»
Прыйшла маторка, і хвалі, пацалаваўшы Машыны ногі, пакаціліся на пясок. Дзяўчына стала тварам да сонца, грацыёзна падняла рукі, папраўляючы капу залатых валасоў.
– Паглядзі, які прыгожы адгэтуль чыгуначны мост. І лёгкі-лёгкі. Здаецца, можна ўзяць яго на рукі і панесці. Табе не хочацца падняць яго?
– Не, мне хочацца ўзяць на рукі цябе.
Яна пагразіла пальцам.
– Дамовіліся, што ты не будзеш крыўляцца. Я не люблю.
А ён зусім не крыўляўся. Яму сапраўды ў той міг нясцерпна хацелася падхапіць яе на рукі і панесці ў невядомую даль, ад людскіх вачэй, дзе б яны маглі застацца адны.
Нарэшце яны атрымалі лодку…
Славік, паказваючы сваю радасць і сілу, адразу ад мастка так шырока замахаў вёсламі, што ледзь не ўрэзаўся ў другую лодку.
– Асцярожна! – упікнула Маша, яна сядзела на карме. – І не туды. Туды, – паказала ўверх па цячэнню. – Я ж сказала, што буду эксплуатаваць.
– А я хацеў да Чорнага мора.
– Не, лепш ужо да Балтыйскага. Вёрст трыста правалачэш па сушы. Так рабілі нашы продкі. Яны былі сапраўднымі рыцарамі. Не тое што ў наш час.
Славік, не дужа натрэніраваны вясляр, хутка адчуў, як нялёгка веславаць супраць, здаецца, непрыкметнай, а ў сапраўднасці даволі моцнай плыні ракі. Павольна праплылі зарослыя кустамі чаромхі і каліны абрывы парку, няхітрыя збудаванні і дэбаркадэры прыстані з закапцелымі стомленымі параходзікамі каля прычалаў. На высокай кручы над прыстанню, за старымі таполямі, бялелі новыя дамы.
Маша не толькі любіла горад знутры, яна любіла глядзець на яго адгэтуль, з ракі, а яшчэ лепш здалёк, з насыпу акружной дарогі, і з таго вунь гаю, да якога ёй хочацца даплыць. Няхай папацее гэты шукальнік лёгкіх прыгод! Яна, задумліва чэрпаючы ў жменю ваду, глядзела на горад.
Модная Славікава сарочка змокла ад поту і пакамячылася. Пот заліваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасці, хлопец не кідаў вёслаў. Расла злосць на сябе: ніколі яшчэ ён так па-дурному не выстаўляў сябе перад дзяўчатамі. На нейкі момант з'явілася тое ж пачуццё, што і да Ніны: адпомсціць гэтай рыжай чарадзейцы за такое сваё ўніжэнне.
«Вытры пот, дурань!» – весела і лагодна думала Маша. Настрой яе яшчэ больш харашэў. Не марна згіне вечар. Будзе што ўспомніць. І расказаць. Каму? Ці не расказаць заўтра Соф'і Сцяпанаўне?
– Слава, заспявай што-небудзь.
Гэта быў амаль ужо здзек: як ён мог спяваць, так вяслуючы!
– Я пяю толькі п'яны, – прахрыпеў хлопец без усмешкі.
Яна зразумела, што даволі, бо цярпенне яго вычэрпваецца, і закамандавала:
– Права руля. Да тых кустоў. Адпачнём.
Славік азірнуўся і «высушыў» левае вясло. Лодка крута павярнула да берага, уткнулася носам у травяністую купіну. Ён, закінуўшы вёслы, выскачыў першы, выцягнуў нос лодкі на бераг. Яна, сыходзячы, падала яму руку. Ён рэзка пацягнуў яе да сябе, схапіў на рукі, лёгка падняў, цяжка дыхаючы; паспрабаваў цалаваць, нягледзячы на тое, што міма праплывалі другія лодкі.
Маша далонямі ўперлася яму ў твар, у вусны. Ён пацалаваў халодную ад частага мыцця спіртамі і эфірамі далоню. Дзяўчына спрытна, як рыбіна, выслізнула з яго абдымкаў. Адскочыла. З нядобрымі вачамі Славік ступіў да яе. Яна не адступала. Стаяла ў ваяўнічай позе, залажыўшы рукі за спіну.
– Ну!.. Паспрабуй! Атрымаеш такую аплявуху, што апынешся ў рацэ. Не лезь са сваімі пацалункамі… пакуль што…
Гэтае «пакуль што» неяк адразу астудзіла разгарачанага і ўзлаванага цяжкім веславаннем хлопца.
– Пакуль што? А калі можна будзе?
– Ніколі!
Ён весела засмяяўся.
– Ніколі? Тады дазволь цяпер пацалаваць хоць край сукенкі. Ці твой пальчык. Адзін. Любы з дваццаці.
Яна таксама не стрымала ўсмешку:
– Блазен! Калі-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкі.
Яна з апаскай абышла яго, ускочыла ў лодку, села за вёслы:
– Адпіхні.
Лодка захісталася. Славік стаяў ззаду, трымаючы раўнавагу, дыхаў ёй у патыліцу, у залатыя косы. Як яму хацелася пацалаваць іх. Што за ліха! Ніколі яшчэ яму не хацелася так пацалаваць ніводную дзяўчыну, хоць цалаваўся ён з многімі. Яна як бы адгадала яго намер.
– Праходзь на карму. Але да мяне не дакранайся, а то будзеш за бартом. – Пасунулася на лавачцы, адхілілася ўбок. Але калі лодка, якую круціла плынь, хіснулася, схапіла яго за руку, падтрымала.
Яна скіравала не ўніз, а таксама ўверх і веславала лёгка, роўна, спорна. Славік, зразумеўшы, што яна знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусім сур'ёзна думаючы, як бы ёй адпомсціць.
Але яна сказала проста, па-сяброўску:
– Ты, дурань, траха не сапсаваў мне настрой. А ў мяне сёння такі настрой!
– Ад чаго гэта?
– Не ведаю. Быў кансіліум у Савіч. Сэрца яе ўсе прафесары прызналі нармальным. Цудоўная аперацыя! Антона Кузьміча віншавалі.
– А хто гэты Савіч?
– Гэты! Соф'я Савіч! Няўжо ты нічога не ведаеш? – вельмі здзівілася Маша. – Табе Яраш не расказваў?
– Ты думаеш, я з Ярашам штодня п'ю чай?
– А бацька твой?
– Бацька заклапочаны, каб перавыхаваць мяне.
– О, я табе раскажу.
Яна павярнула лодку назад, уніз па плыні, і, амаль не вяслуючы, толькі накіроўваючы, каб не круціла, пачала расказваць, што ведала, пра Зосю, пра яе бацьку, пра Яраша, Тараса. Славік слухаў, як казку, без скептыцызму, удумліва, забыўшыся на сваю крыўду і ўсе іншыя пачуцці. Калі яна дайшла да аперацыі, ён недаверліва спытаў:
– Ты сама бачыла, як ён дабраўся да сэрца?
– Дзівак! Я аперацыйная сястра. Ты ведаеш, што робіць аперацыйная сястра?
Ён засаромеўся свайго пытання.
Дзіўна, яе расказ не проста зацікавіў хлопца. Ён неяк зусім з іншага боку адкрыў яму самую Машу. Пры першай сустрэчы і цяпер ён глядзеў на яе як на незвычайную, па-свойму цікавую і прыгожую, дасціпную і вясёлую дзяўчыну, з якой прыемна правесці час. Ён не ўнікаў у сутнасць яе прафесіі і ў самую сутнасць як чалавека, які трохі больш пажыў і, безумоўна, значна больш пабачыў. Цяпер ён адчуў гэта, і ў яго з'явілася павага да яе – такая, як да Яраша, да Тараса, да Галыгі, да ўсіх, хто меў цікавую і карысную, на яго думку, для людзей прафесію і цвёрдыя погляды на жыццё.
Машу здзівіла, крыху спалохала і нават расчаравала, калі пасля катання Славіка быццам падмянілі. Пакуль яна разлічвалася і забірала дакумент, ён стаў сур'ёзны да паважнасці, рахмана-сцішаны і ветлівы. Можа, таму позна ўвечары, каля яе кватэры, яна не вырвала сваёй рукі і не абурылася, калі ён раптам на развітанне сціснуў яе тонкія пальцы, нахіліўся і пацалаваў іх.
Ёй упершыню быў прыемны такі пацалунак.