355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 13)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 28 страниц)

– А калі бацька ўсё дазваляе сабе, то чаму сыну адставаць? Не, ён хоча быць наперадзе. У яго размах большы. Кулакоў яму мала, за каўнер схапіць – глупства. Яму атамную бомбу давай…

Шыковіч бачыў, як, схіліўшыся над сталом, паківаў галавой Тужыкаў, крыва ўсміхнуўся, паправіў акуляры. Сцёр далоняй з шырокага твару ўсмешку Тарасаў. Мабыць, Гукан убачыў, што пра бомбу – не ўхваляюць, і загаварыў больш горача і гнеўна:

– Як вы думаеце, таварыш Шыковіч, што вырасце з дзіцяці, якому бацькі ні ў чым не адмаўляюць? Усё падносяць на залатой талерцы. Машыну, дачу, вучобу, работу… Не паступіў у інстытут – куды жадаеш, сынок? На тэлестудыю? Калі ласка. Выгналі адтуль – навошта прымушаць яго падумаць, папакутаваць, пашукаць… З помпай, як героя, – на лепшы завод, у лепшую брыгаду. У брыгаду камуністычнай працы! Падумайце, таварышы! Ці не выклік гэта?..

Цяпер словы Гукана балюча білі сваёй несправядлівасцю. Ён мог усё гаварыць пра бацькоў. Кірыла, бадай, з усім згадзіўся б: нічога не скажаш, выхоўваць-такі не ўмеем. Але калі Гукан робіць вунь якія вывады з таго, што Славік пайшоў на завод, калі вядзе да таго, каб патрабаваць выгнаць хлопца з брыгады, – з гэтым Кірыла не мог згадзіцца. Зноў хлынуў пот. Стрымліваў і супакойваў Тарасаў; глядзеў добрымі вачамі і нават кіўнуў: трымайся.

– Мы ж добра ведаем, Шыковіч – лепшы сябра хірурга Яраша. А Ганчароў – прыёмны сын Яраша. Добры хлопец, а, на жаль, не вытрымаў такога націску, паддаўся.

– Эх, чорт! – абурыўся Грыбок. – І тут блат! Ну, не! Тут яго не будзе! Дарожку закрыем! Такіх сынкоў на вярсту не падпусцім да камуністычных брыгад!

Флегматычны Тужыкаў рэзкім рухам зняў акуляры, махнуў імі, гатовы запярэчыць.

Але яго апярэдзіў Шыковіч.

– А такіх – куды? – усхапіўся ён з месца. – У турму, ці што? Дык няма ў кодэксе…

– Вы чулі, Сяргей Сяргеевіч? – таксама ажно падскочыў Грыбок.

– Чулі! – адказаў яму Тужыкаў. – А праўда – дзе такіх выхоўваць?

– Дзе? – сумеўся Грыбок і асеў, з'ядаючы вачамі першага сакратара.

– Я мушу заявіць, таварышы сябры бюро, – працягваў між тым Шыковіч, – з усёй сур'ёзнасцю і адказнасцю сябра партыі, што абвінавачванне мяне, Яраша, Ганчарова, усяе брыгады ў нейкім блаце… – гэта, мякка кажучы, глупства. Ганчароў і яго хлопцы самі прапанавалі Ўладзіславу пайсці да іх у брыгаду. І я лічу, што яны паступілі правільна. І радуюся, што сын згадзіўся. Значыцца, разумее… Мяне не здзіўляе, Сямён Парфёныч, ваш погляд на такія рэчы. Цяжка глянуць на свет па-новаму. Здзіўляе малады Грыбок.

– Я?

Гукан стаяў, упёршыся алоўкам у стол, і спакойна чакаў, пакуль выказваліся другія. Ніхто, магчыма, не прыкмеціў, як змяніўся ён пры апошніх словах Шыковіча: на шчоках выступілі сінія плямы, а карак наліўся крывёю, дзіўна неяк скрывіліся вусны. Калі ўсе нарэшце сціхлі, Гукан сказаў усё тым жа роўным голасам:

– Прапаную вынесці Шыковічу суровую вымову, – і сеў.

Прапанова з'явілася нечаканасцю для ўсіх – і сябраў бюро, і прысутных. Гамбіцкі быццам прыліп да крэсла, у Левановіча выцягнуўся і без таго доўгі твар. Не менш спалохаліся і другія бацькі: калі Шыковічу вось так, дык што будзе ім?

Ашаломлены Кірыла спытаў шэптам:

– Завошта?

– За няправільнае выхаванне дзяцей, – Гукан стукнуў алоўкам па стале, – раз. За грубыя паводзіны ў калектыве, за парушэнне партыйнай этыкі, – і зноў стукнуў, – два. За прыватнаўласніцкія тэндэнцыі, – не стукнуў. – Між іншым, мне вядома, што дача Шыковіча і Яраша збудавана незаконна. Няправільна, зноў-такі па блату, я не баюся паўтарыць гэтае слова, адведзены ўчастак. Лічу, што гарком павінен высветліць усе акалічнасці.

«Што гэта ён так уз'еўся на Шыковіча? – думаў Тарасаў. – Праўду кажуць: сааўтары – што палюбоўнікі адной жанчыны. Абавязкова счэпяцца. Трэба будзе разабрацца».

Калі на пасяджэннях узнікалі вось такія складаныя сітуацыі, Тарасаў любіў паназіраць за людзьмі. Хто як рэагуе? Хто каго падтрымлівае? Гэта лёгка чыталася па тварах. Бо здаралася, што чалавек займае ўпачатку адну пазіцыю, а ў канцы – зусім супрацьлеглую, зрэдку бывае і так, што ў думках ён за адно, а на словах – за другое. Такіх Тарасаў не любіў. Маўклівага для прапагандыста, упартага, цяжкаватага па характару Тужыкава ён паважаў за тое, што той заўсёды трымаўся пэўнай думкі. Такога лёгкі вецер не паверне, толькі добрая бура. Мабыць, адчуваючы, што сябры бюро разышліся ў сваіх адносінах да таго, што сказаў Гукан, Тужыкаў шчыра раіў вачамі: «Скажы ты, Сяргей Сяргеевіч». Тарасаў паслухаўся гэтай парады.

– З дачамі мы разбяромся, – сказаў ён да Гукана, потым – да Шыковіча: – Паводзіны вашага сына, таварыш Шыковіч, – ганебныя паводзіны. І мы вас сур'ёзна папярэдзім. Не толькі вас. Увогуле будзем сурова патрабаваць ад камуністаў, каб яны адказвалі за сваіх дзяцей, за выхаванне моладзі. Гэта закон нашага жыцця. Я асабіста ўхваляю, што ваш сын пайшоў на завод. Калі праўда, што хлопцы з брыгады Ганчарова самі яго ўзялі, то хвала ім і чэсць. Думаю, што яны больш шырока разумеюць сваю ролю ўдарнікаў камуністычнай працы. Правільна разумеюць. Не замыкаюцца. Змагаюцца за кожнага чалавека. Як, таварышы прапагандысты? Правільна я разумею, што такое брыгада камуністычнай працы? – Ён глядзеў на Грыбка, і ў светлых вачах яго скакалі іскаркі хітрага смеху.

– Правільна, Сяргей Сяргеевіч! – умомант згадзіўся Грыбок.

«Ну і флюгер!» – ужо без злосці і абурэння падумаў Шыковіч. Разам з усведамленнем, што пагроза быць выгнаным з брыгады ад Славіка адведзена, прыйшла дзіўная фізічная слабасць. Зашумела ў вушах, самлелі ногі, высахла ў роце. Наступіла разрадка пасля нервовага напружання гэтага багатага на ўражанні, цяжкага дня. Ён нават дрэнна чуў, хто яшчэ што гаварыў пра яго і Славіка. Помніў: Гукан настойваў на сваёй прапанове.

«Завошта?» – хацелася спытаць зноў, але Кірыла і гэтага не здолеў зрабіць, толькі са здзіўленнем падумаў: «Што мае да мяне гэты чалавек? Што яму не спадабалася? Я да яго заўсёды з адкрытым сэрцам».

Адкрытае сэрца…

Нутро гарэла ад смагі. Але не хапіла смеласці падняцца і наліць з графіна, што стаяў на сакратарскім стале. Раптам з'явілася боязь самлець – як там, у аперацыйнай. Грыбок цяпер амаль што абараняў яго і абмяжоўваў спагнанне папярэджаннем. Красоўскі падтрымліваў Гукана. Кірыла падумаў: «Цікава, якая сям'я ў сакратара райкома? Дзеці ёсць? Трэба даведацца», – хоць адчуваў, што наўрад ці будзе займацца гэтым. Не хопіць энергіі. Здавалася, што яе ўвогуле ўжо няма, энергіі, што ён разрадзіўся, як акумулятарная банка, – увесь, ад галавы да ног.

Сябры бюро пагадзіліся на вымове. Шыковіч не аспрэчваў, не апраўдваўся – абы хутчэй. Нават не запытаў, якая вымова – без занясення ці з занясеннем ва ўліковую картку. (Пасля даведаўся – не запісана.)

Калі паднялі Левановіча, Кірыла спытаў:

– Мне можна ісці?

– Чаму? Паслухайце другіх. Вам будзе карысна. І цікава, – сказаў Тужыкаў.

А Тарасаў, які больш пільна назіраў за ім, нечакана дазволіў:

– Ідзі.

13

Бадай што ён не толькі «не разрадзіўся» ў той дзень, як яму здавалася, зморанаму фізічна і душэўна, а, наадварот – «зарадзіўся».

Шыковіч адчуў гэта на другі дзень. У той вечар ён моцна выпіў. Гэтая слабасць была агідная. Усё астатняе на адлегласці ў адны суткі ўяўлялася зусім інакшым. Ён адразу ж падумаў пра Зосю. Ці жывая? Пазваніў у бальніцу (начаваў у горадзе). Яраш да тэлефона не падышоў: ён не выходзіў з палаты.

Кірыла прарваўся ў аддзяленне, яго ведалі па ўчарашнім здарэнні і далі халат. Нясмела адчыніў дзверы. У маленькай пасляаперацыйнай палаце яна ляжала адна. І амаль так жа, як у часе аперацыі, да яе былі падключаны датчыкі прыбораў. Дзяжурылі лекары і сёстры. Трымалі на кіслародзе. Шыковіч не адважыўся пераступіць парог палаты, дзе ішла нябачная барацьба жыцця і смерці.

Яраш выйшаў у калідор. Магчыма, толькі пухліны пад вачамі выдавалі, што ён не спаў. А больш – ніякіх прыкмет стомленасці. Нават пагаліўся, як заўсёды раніцой.

– Што? – нецярпліва спытаў Шыковіч, сціснуўшы яго рукі каля локцяў, паверх халата, і зазіраючы знізу ў вочы.

– Ты думаў, аперацыяй усё канчаецца? Аперацыя толькі пачатак барацьбы… Былі крытычныя хвіліны. Але, здаецца, мы перамаглі…

– Дай я абдыму цябе.

Яраш баязліва адступіў.

– Мне – не да тваіх жартаў.

– Ну, чорт з табой.

– Дзякую. Ты што замочваў учора?

– А што табе! Прэсны мараліст!

Павярнуўся і пайшоў па доўгім калідоры. Можна было падумаць, што яны пасварыліся. Але Яраш глядзеў услед сябру з добрай усмешкай, як часам глядзіць дарослы, шчыры і душэўна багаты чалавек на капрыз здольнага падлетка. Крыкнуў:

– Перадай маім, што і сёння я не прыеду.

Шыковіч павярнуўся, адсалютаваў рукой. Гэтая кароткая, крыху дзіўная сустрэча з сябрам, як кажуць, «паставіла Шыковіча на рэйкі». А ўсё тое, што ён убачыў і перажыў учора, сапраўды надало энергіі, імпэту.

І Кірыла зноў кінуўся на пошукі.

…Тыдні два назад ён заходзіў у КДБ. Падпалкоўнік Вагін, высокі брунет, на выгляд зусім малады («Відаць, толькі з камсамола», – падумаў Шыковіч), прыняў ветліва. Здаецца, нават узрадаваўся знаёмству з пісьменнікам. Адразу пачаў гаворку пра літаратуру, паказваючы сваю начытанасць. Паведаміў сціпла, быццам між іншым, што сустракаўся з Шолахавым. Шыковіч у думках адзначыў, што амаль усе афіцэры, з якімі яму прыходзілася страчацца, хваліліся сваім знаёмствам з выдатным пісьменнікам.

Выслухаўшы просьбу Шыковіча – пашукаць у спецархівах матэрыялы аб дзейнасці патрыётаў і здраднікаў у іх горадзе ў час акупацыі, – Вагін шчыра загарэўся. Расказ пра падполле, пра першы гарком, групы Мельніка і Дубецкага, пра Вараву, Ганчарова, цётку Любу, Яраша і, нарэшце, пра Савіча ён выслухаў з вялікай цікавасцю. Чалавек новы ў горадзе, малады і цікаўны не толькі па абавязку службы, але і па прыродзе сваёй, ён, як губка, убіраў усё, што ўзбагачала яго веданнем людзей і абставін. А справа Савіча – здалося Шыковічу – проста-такі захапіла кіраўніка абласной дзяржбяспекі. Ён тут жа выклікаў капітана, бадай разы ў два старэйшага за сябе, пасівелага і ссутуленага.

Шыковіч, які стараўся запомніць усе дэталі паводзін работнікаў, пільна прасачыў, як капітан увайшоў. Не выцягваўся, не дакладваў. Аднак па-вайсковаму спыніўся каля парога, сказаў:

– Слухаюся, Андрэй Астахавіч.

– Сядайце, Анатоль Барысавіч, – запрасіў падпалкоўнік і, калі той наблізіўся да стала, спытаў: – Знаёмы?

Капітан кіўнуў Шыковічу галавой, але рукі не працягнуў. Сеў у крэсла насупраць, нязграбна неяк сеў, яшчэ больш згорбіўся і разглядваў свае вялікія мазолістыя, як у дрывасека, далоні, сашчапіўшы пальцы.

«Чаму ў яго такія рукі?» – падумаў Шыковіч.

Вагін сам пачаў выкладаць сутнасць просьбы нечаканага наведвальніка. Кірыла здзівіўся, што падпалкоўнік адразу запомніў прозвішчы людзей.

«Зайздросная памяць».

Капітан, здавалася, не слухаў – думаў пра нешта сваё, абыякавы да ўсяго на свеце. Разы два падняў вочы, але былі яны халодныя – ніводнай іскры цікаўнасці. Шыковіч ведаў гэтага чалавека, хоць знаёмы не быў. Нехта некалі яму сказаў, што гэты сівы капітан працаваў у іх горадзе яшчэ ў трыццаць сёмым годзе. І Кірыла адчуў цяпер непрыязнасць да яго.

Перапыніўшы начальніка, Шыковіч сказаў:

– З тых, што супрацоўнічалі з акупантамі, мяне больш за ўсё цікавіць Савіч.

Капітан падняў вочы і кароткім позіркам вопытнага следчага як бы прасвяціў Шыковіча.

– У якім сэнсе?

– Ёсць у мяне ўпэўненасць, што доктар памёр сумленным савецкім чалавекам.

– Доказы, здагадкі?

– І тое і другое. Трэба дакументальнае пацвярджэнне.

– Вы думаеце пісаць раман ці займацца пасмяротнай рэабілітацыяй?

– А вы лічыце, што гэта несумяшчальна? – спытаў Шыковіч. – Я хачу напісаць аповесць, якая была б праўдзівым дакументам… Народ павінен ведаць і герояў і здраднікаў.

Капітан паглядзеў на свайго начальніка. Той хораша ўсміхнуўся.

– Вы ведаеце, што ў горадзе жыве дачка Савіча? – спытаў пасля паўзы капітан.

– Ведаю. – Кірыла хацеў быў расказаць, што яна ў бальніцы і ёй будзе зроблена вельмі складаная аперацыя, якая можа скончыцца трагічна; нават Яраш не дае гарантыі.

Але капітан раптам падняўся, звяртаючыся да свайго начальніка ўжо больш афіцыйна, па-вайсковаму:

– Зраблю, таварыш падпалкоўнік, усё, што можна.

І на развітанне зноў толькі кіўнуў галавой. У той міг Шыковіч падумаў пра яго інакш. Калі Сербаноўскі гэтулькі год у органах і, як відаць, карыстаецца павагай маладога начальніка, то вельмі можа быць, што гэта адзін з сапраўдных чэкістаў.

Шыковіч званіў Сербаноўскаму два разы. Той адказваў: «Пакуль што нічога цікавага няма».

Кірыла не стаў больш званіць, а проста з бальніцы рушыў у камітэт.

Капітан сядзеў адзін у даволі вялікім ценявым пакоі – старыя ліпы засланялі шырокія закратаваныя вокны. Калі Шыковіч увайшоў, Сербаноўскі спачатку паклаў у вялізны сейф нейкія паперы, з якімі, відаць, працаваў, і толькі тады прывітаўся за руку.

Хоць прайшло ўсяго нейкія паўтары гадзіны рабочага дня, у яго быў выгляд стомленага і абыякавага да ўсяго чалавека.

Шыковіча ён пачаў цікавіць сам па сабе. Як жыве гэты чалавек? Чаму ў яго мазолістыя рукі? Чым яго разварушыць, выклікаць на шчырую размову? Яшчэ нават не сеўшы, Кірыла паведаміў:

– Учора Соф'і Савіч зрабілі аперацыю. На сэрцы. Яраш аперыраваў.

Капітан неяк устрапянуўся і ўпершыню ў прысутнасці Шыковіча выявіў сапраўдную чалавечую цікавасць: абапёршыся ўпалымі грудзьмі на стол, ён неяк па-дзіцячы падпёр кулаком шчаку, гатовы слухаць, і вочы яго засвяціліся.

– Я толькі што з бальніцы. Яны ўсю ноч змагаліся за яе жыццё. Яраш радуецца: перамаглі! Будзе жыць!

– І будзе здаровая?

– Яраш кажа, што восемдзесят працэнтаў такіх аперацый даюць добрыя вынікі.

– Восемдзесят?

– Гэта нямала, калі ўлічыць, што аперыруецца. Сэрца!

– Але.

– А ведаеце, я прысутнічаў на аперацыі.

– Сур'ёзна?

– Праўда, для мяне гэта скончылася трагічна.

– У якім сэнсе?

– Я самлеў.

– Проста там?

– Не. Паспеў выйсці ў перадаперацыйную.

– І што?

– Упаў.

– Так нічога і не пабачылі?

– Бачыў. Як раскрывалі грудную клетку. Як Яраш трымаў яе сэрца ў руках…

– У руках?

– Але, на далоні. Ведаеце, яно маленькае, сэрца. З жаночы кулачок. Ён узяў яго на далонь, а яно білася, спалохана так…

Шыковіч убачыў, што Сербаноўскі непрыкметна прытуліў руку да левай стараны грудзей і задумліва паўтарыў:

– Маленькае…

– А ведаеце, што за суткі сэрца пераганяе дзесяць тон крыві?

– Дзесяць тон?!

– Я вас пазнаёмлю з Ярашам. Ён можа цэлую ноч расказваць пра сэрца. Прыязджайце да нас на дачу. Вы не рыбак?

Чэкіст раптам цяжка ўздыхнуў:

– У мяне хворая жонка. Таксама сэрца. Стэнакардыя.

Ледзь-ледзь падняў чалавек заслону над сваім асабістым жыццём і адразу ўвесь раскрыўся. Цяпер Шыковічу ўсё стала зразумела: і яго стомлены выгляд, і загрубелыя рукі, і смутак у вачах. Нялёгкая ў яго праца – нялёгкае і жыццё. Кірыла адчуў яшчэ большую прыязь, давер, добрую сімпатыю. І пачаў падрабязна расказваць, як Зося ратавала Яраша, як пасля шукала сына Ганчарова. Гадзіны дзве гаварыў. Факты і свае здагадкі. Сербаноўскі слухаў уважліва, не перапыніў ніводным пытаннем ці заўвагай. А потым раптам глянуў на гадзіннік і сказаў:

– Вы амаль пераканалі мяне, што Савіч – наш чалавек. Але скажу вам шчыра: даказаць гэта будзе нялёгка. Нам прыслалі з спецархіва яго справу, – ён кіўнуў на сейф. – Там – ніводнага дакумента ў яго карысць.

– Можна паглядзець справу?

– Не! – катэгарычна адмовіў чэкіст і ў той жа міг быццам замкнуўся на сто замкоў. Куды дзяваўся просты, стомлены чалавек, які дома абірае бульбу, мые бялізну, даглядае хворую жонку!

– Чаму?

– Вы для нас пакуль што прыватная асоба. Хто вас упаўнаважваў?

– Маё партыйнае сумленне. Хіба не аўтарытэтны орган?

– Таварыш Шыковіч, парадак ёсць парадак. Дакументы, якія з'яўляюцца дзяржаўнай тайнай…

– А па-мойму, ніякі гэта не парадак, а ўсё тая ж бюракратыя. Не веру я ў сакрэтнасць гэтай справы! Праз дваццаць год вы ўсё яшчэ лічыце такія дакументы дзяржаўнай тайнай? Што там ёсць, чаго нельга паказаць камуністу?

Капітан не адказаў. Ён зноў разглядваў свае натруджаныя рукі.

– Нічога там няма! Калі вы кажаце, што ніводнага дакумента ў карысць Савіча. – Шыковіч падняўся. – Пайду да Вагіна.

– Дарэмна.

– Што трэба?

– Адносіна партыйных органаў. Зайдзіце ў гарком – вас там добра ведаюць.

– Значыцца, трэба паперка – і ўсяго?

Капітан развёў на стале рукі і, падняўшы вочы, усміхнуўся па-сяброўску шчыра:

– Што зробіш.

Але ўсмешка гэтая ўжо больш не падзейнічала на Шыковіча. Ён не меў злосці на Сербаноўскага – радавы работнік, дзейнічае па інструкцыі. Аднак развітаўся холадна, расчараваны і ўзлаваны ўвогуле. У думках лаяўся:

«Не можаце паказаць дзве паперкі без гаркома».

Яму страшэнна хацелася хутчэй заглянуць у справу – што і як там інкрымінуюць мёртваму Савічу? Але не хацелася ісці ў гарком. Пасля ўчарашняга. Каб не падумалі, што ён выстаўляе сябе, іграе гэткага дзеяча, якога цікавяць матэрыі больш высокія, чым клопаты пра сына.

У рэдакцыі ішла лятучка. Калі Шыковіч з'явіўся ў кабінеце рэдактара, выступаў Рагойша – разносіў яго фельетон. Прамоўца сумеўся на нейкі момант. Але «адбою» не даў, наадварот, пачаў крытыкаваць яшчэ больш бязлітасна і зласліва. Журналісты заварушыліся ў прадчуванні бойкі. Фельетон Шыковіча – не самы лепшы, гэта так. Але ў тым жа нумары надрукаваны артыкул самога Рагойшы. Калі Рагойша гаворыць, што фельетон сумны, то ад яго артыкула, напэўна, «падохлі мухі». Многім карцела сказаць пра гэта, ды нікому не хацелася заядацца з такім інтрыганам. Лепш далей ад яго, а то ён знойдзе выпадак сапсаваць табе кроў. Цяпер спадзяваліся на Шыковіча: ён не стрывае. Але Кірыла праявіў поўную абыякавасць да крытыкі. Нават слухаў няўважліва – думаў пра сваё. Некаторыя палічылі, што гэта своеасаблівая форма адказу – поўная знявага да крытыка. Нецярплівы, гарачы Васіль Парэчка, загадчык аддзела культуры, шаптаў ззаду:

– Плясні ты яго, Васільевіч. Няхай не гаўкае. Артыкул яго блытаны…

Але Шыковіч не чытаў артыкула, не да газеты яму было ўчора. Ды каб і чытаў, то ўсё адно не выступіў бы: пасля аперацыі, гаркома, размовы ў КДБ яму здавалася: не на тое, на што трэба, ён часта траціў сілы і энергію. У сорак пяць год усвядоміць гэта – не вельмі прыемна.

Выступіў Парэчка, па-юнацку ўлюбёны ў свайго кансультанта. Счапіліся з Рагойшам.

Жывіцкаму прыйшлося «ліць халодную ваду». Асцярожны рэдактар, добры чалавек, ён не любіў сварак у калектыве. З-за гэтай дабраты з яго ўпотай кпілі, але ўвогуле паважалі.

Маўчанне Шыковіча на лятучцы ўсіх здзівіла. Звычайна ён кідаў трапныя жарты.

Рэдактар тут жа, плануючы будучыя нумары, папрасіў яго з'ездзіць у раён, даць нарыс пра лепшага камбайнера.

Застаўшыся пасля лятучкі, Кірыла адмовіўся ад задання.

Жывіцкі разгубіўся.

– Ты што, нездаровы?

– Не. Захоплены другой работай.

– Шкада. Вельмі шкада.

– Я дам у суботні нумар апавяданне.

Жывіцкі любіў прозу і не любіў вершаў. З Парэчкам, які кожны дзень адкрываў новых паэтычных геніяў, у яго ішлі бясконцыя баталіі.

Кірыла паспрабаваў працаваць – правіць матэрыял. Але ўсё здавалася сумным, непатрэбным – і чужое і сваё. У галаве круціліся нейкія «касмічныя думкі», далёкія і ад газетных матэрыялаў і ад справы Савіча. Мабыць, ён доўга сядзеў нерухома, бо Парэчка, які працаваў за суседнім сталом, раптам прапанаваў:

– Давай махнём на раку, Васільевіч. Будзе навальніца. Люблю навальніцу на лузе! І клёў будзе. Вось пабачыш.

Кірыла паглядзеў у акно і ўбачыў, што неба, яснае з раніцы, завалакла бела-попельная смуга. Аднак сонца, да ненатуральнасці абстрактна-жоўтае (на яго можна было глядзець без акуляраў), пякло зямлю па-ранейшаму. Было ціха і душна. Вяла лісце на маладых ліпах, прасіла піць.

«Але, будзе навальніца. І, магчыма, пачнуцца дажджы. Заўсёды, калі ў разгары ўборка, пачынаюцца дажджы. Сельскай гаспадарцы проста не шанцуе», – падумаў Кірыла і пашкадаваў, што адмовіўся ад паездкі ў раён; ён заўсёды адчуваў сябе як бы вінаватым перад людзьмі сяла і пісаў пра іх многа, з любоўю.

«А можа, праўда, паехаць на луг, пад стагі? І да ніткі вымакнуць пад дажджом».

Але тут жа прыйшло адчуванне, што ён не зрабіў нечага вельмі важнага. Не адразу нават зразумеў – чаго. А зразумеў – кіўнуў загадчыку аддзела:

– Пачакай мяне, – і знік за дзвярыма.

Няхай што хочуць думаюць пра яго, абы дазволілі паглядзець справу Савіча.

Вырашыў пагутарыць з Тужыкавым. Праўда, ён – тугадум, як той анекдатычны фін, – на пытанне, якое задалі раніцой, адкажа ўвечары, але затое аб'ектыўны і разумны.

У калідоры гаркома Кірыла неспадзявана сустрэўся з Тарасавым. Прывіталіся.

– Ну, як – вычухаў? – спытаў сакратар як быццам жартаўліва, але без усмешкі.

– Што?

– Галавамойку. Не апеліруй. Другім дасталося больш.

– А я і не меў намеру апеліраваць, – адказаў Шыковіч і падумаў: «Ну, вось, я так і ведаў».

Дайшлі да дзвярэй прыёмнай. Спыніліся. Тут Тарасаў адчуў, што Шыковіч, які пры сустрэчы неяк даверліва пацягнуўся да яго, раптам, пасля гэтых слоў, быццам палез у панцыр. Сакратар падумаў пра сябе: «Гэтыя ўмоўнасці, згары яны, мімаволі робяць нас бюракратамі. Інстанцыя, дыстанцыя… А пасля глядзіш: усё па форме правільна, а па сутнасці… Нялёгка нам вяртацца да ленінскага стылю», – і шчыра запрасіў, адчыніўшы дзверы:

– Заходзь – пагутарым.

На нейкі момант Шыковіч застыў у нерашучасці – ісці ці не ісці? Пра што ён мае намер гутарыць са мной? Зноў пра сына?

Тарасаў зразумеў, чаму ён вагаецца. Пажартаваў:

– Не бойся. Маралі чытаць не буду.

Ужо ў кабінеце, скінуўшы пінжак і расслабляючы гальштук, спытаў:

– Каго там з тваіх блізкіх аперыравалі? Мне Ларыса Пятроўна сказала.

І Шыковіч пачаў расказваць усё з яшчэ большымі падрабязнасцямі, чым раніцой расказваў Сербаноўскаму, – пра Савічаў, бацьку і дачку, пра падпольшчыкаў, імёны якіх раней нідзе не ўпаміналіся, пра свае здагадкі, меркаванні, пра суб'ектыўнасць кнігі Гукана. «Вось яно што, – падумаў Тарасаў, прыгадаўшы, як Гукан выступаў на бюро. – Зразумела. „Старому“ нялёгка адмовіцца ад старых поглядаў. Яму здаецца, што ён адзін усё сказаў. І хочацца любымі сродкамі збіць з тропу гэтага няўрымслівага чалавека, свайго сааўтара, які можа ўсё перавярнуць дагары нагамі. Метад той. Але час не той, Сямён Парфёнавіч».

– Я тут чалавек новы, Кірыла Васільевіч. Але ведаю, што пасля вайны гарком разы чатыры, здаецца, займаўся падполлем.

– І кожны раз у спіс падпольшчыкаў заносілі дзесяткі новых імён. Хіба гэта не доказ таго, які размах мела барацьба нашых людзей? Хіба для выяснення і ўслаўлення гэтай барацьбы не варта папрацаваць? – Шыковічу здалося, што Тарасаў супраць таго, каб яшчэ раз вяртацца да падполля, і ён выказаў гэта горача, з наступальным запалам.

– Але, для гэтага варта папрацаваць, – задумліва згадзіўся сакратар гаркома, шукаючы ў спісе пад шклом нумар тэлефона.

– Першапачаткова нават імя Яраша нідзе не ўпаміналася. А ён выконваў спецзаданні гаркома.

Тарасаў павярнуўся да століка з тэлефоннымі апаратамі і набраў кароткі нумар.

– Ало. Вагін? Добры дзень. Тарасаў. Многа шпіёнаў злавіў? Што? Вывеліся, кажаш? Глядзі, як бы мы не прытупілі пільнасць. То-та. Андрэй Астахавіч, што гэта ў цябе баяцца паказаць дакументы часоў вайны нашаму пісьменніку? Чалавек цікавую працу задумаў. Трэба памагчы. Што? – Тарасаў змоўк і слухаў даволі доўгае тлумачэнне, кідаючы час ад часу кароткае: «Ыгы».

Кірыла заўважыў, што ў нейкі момант ён шчыльней прыціснуў слухаўку да вуха. Сакрэт. Кірыла падняўся з крэсла і адышоў да акна. Неба зрабілася шэра-попельным. Сонца рассеяла свае праменні ў гэтых сухіх і высокіх аблоках. Не пякло больш. Але нерухомае паветра не астывала, яно як бы згушчалася, ад чаго духата нават мацнела – ажно цяжка рабілася дыхаць.

«Але, паедзем з Парэчкам на луг. Пад навальніцу. Станем на беразе і будзем гукаць грому: о-го-го! Некалькі гадзін першабытнага жыцця. Васіль умее арганізаваць яго. Каб ні пра што не думаць…»

– Добра. Давай у чатыры.

Шыковіч схамянуўся, узрадаваны, што гэта яму назначае Вагін сустрэчу на чатыры. Глянуў на гадзіннік: было без чвэрці тры. Тарасаў паклаў слухаўку.

– Дні праз два яны пакажуць табе, Кірыла Васільевіч, патрэбныя дакументы. У такіх органах нельга без некаторых фармальнасцей.

«Два дні, якія, напэўна, расцягнуцца ў тыдзень!» – нецярплівы даследчык расчаравана ўздыхнуў.

Сакратар нібы прачытаў яго думкі.

– Не бойся, гэта не будзе праз два тыдні. У чатыры Вагін будзе ў мяне, і я яшчэ раз напомню яму. Жадаю поспеху.

На трэці дзень пасля аперацыі Яраш нарэшце пакінуў бальніцу і прыехаў на дачу. З'явіўся гадзін у пяць дня на таксі, акуратна паголены, у новай чэшскай тэнісцы (дома ведалі, што пасля ўдалай аперацыі ён заўсёды нешта купляе), з шампанскім, цукеркамі, падарункамі. Быў уважлівы, далікатны, ласкавы, быццам не бачыў сям'ю і суседзяў цэлы год.

Галіна Адамаўна ўмела сустрэць яго ўрачыста. Калі ён затрымліваўся ў бальніцы на суткі, на двое пасля такіх вось аперацый, у яе не ўзнікала ніякіх дурных думак. Нішто не псавала настрою, і яна сама радавалася, што страчае мужа з чыстай душой. Пра аперацыі яна звычайна не любіла распытваць. Але на гэты раз выпадак быў асаблівы.

– Па тваім выглядзе бачу, што ўсё добра. Віншую.

– Не трэба віншаваць, Галка. Не трэба. Ты ведаеш, я не люблю віншаванняў, калі размова ідзе аб жыцці чалавека. Ды і не ўсё яшчэ добра.

Але калі прыбегла з лугу Наташка і павісла на шыі, спытала таямнічым шэптам: «Ну, як там, тата? Што?», то ён адказаў:

– Добра, Наталка. Мы з табой перамаглі яшчэ раз.

– Раскажы.

Яна адна любіла слухаць, як бацька расказваў пра сваю работу, і даволі добра ўжо для свайго ўзросту разбіралася ў хірургічнай тэрміналогіі. А таму Яраш ахвотна пачаў перадаваць увесь ход аперацыі, амаль гэтак жа падрабязна, як расказваў бы студэнтам, трохі хіба больш спрошчана, з меншым ужываннем спецыфічна медыцынскіх слоў.

Маці не падабалася гэтае дзіўнае, не па ўзросту, захапленне дачкі хірургіяй, але яна маўчала, рабіла выгляд, што таксама слухае з цікавасцю. Неяк раней яна аднойчы сказала:

– Антон, я зусім не хачу, каб Наташа была лекарам. Даволі ў хаце медыцыны!

Наташа горача запярэчыла:

– Хіба дрэнна быць такім лекарам, як тата?

– Такіх нямнога… А быць такім, як я… Вырываць гнілыя зубы…

Антон тады абурыўся, закрычаў, што ён катэгарычна забараняе ёй гаварыць гэтак пры дзецях аб сваёй прафесіі, ды і наогул аб любой прафесіі. Дзеці павінны паважаць кожную карысную працу! З таго часу яна не перашкаджала іх медыцынскім размовам. Толькі радавалася, што медыцына зусім не цікавіць сына. Але не радавалася, што ён, як бацька, галубятнік.

Віктар дапамагаў маці ставіць на стол з паважнасцю дарослага. Але ў душы раўнаваў да сястры, што яна захапіла бацьку. Яму таксама хацелася пахваліцца, што ён перабудаваў галубятню, нечакана пазнаёміўся з галубятнікам з суседняй вёскі, тутэйшым настаўнікам, і выменяў у яго пару рэдкіх паштавікоў. Але не можа ж ён вось так з бухты-барахты, як тая Наташка, кінуцца бацьку на шыю і прапанаваць: «Хутчэй лезем на гарышча!» У самым пачатку сустрэчы з бацькам Віця паведаміў толькі адну навіну:

– Учора, ведаеш, якая навальніца шуганула. Франтальная. За Студзёнкай на тры кіламетры лес палажыла. Максім Рыгоравіч кажа – тысячы дзве кубаметраў буралому.

Пра галубоў сказаў пасля полудня, калі выйшлі на двор. Сказаў стрымана, між іншым.

Яраш усё зразумеў. Выгукнуў, нібы нават з крыўдай:

– Што ж ты маўчаў? – і адразу палез на веранду. Праз колькі хвілін вясёлы, пранізлівы свіст абудзіў адвячоркавую цішыню лесу і лугу.

Увечары, калі прыехаў з горада Шыковіч, яны палілі свой касцёр і на агні варылі юшку; Яраш з сынам паспелі налавіць рыбы.

Мокрае яшчэ ад учарашняга ліўня ламачча гарэла роўна і нягорача. Юшка варылася доўга. Елі яе ўжо ўпрыцемку. Накармілі дзяцей.

– Наташа і Віця! Спаць!

– Мама!

– Спаць. Спаць.

Дзеці неахвотна рушылі да дачы.

– Ты бязлітасная, Галя. Віктар збіраў дровы і лавіў рыбу.

– Галя – лепшы педагог, чым мы з табой.

– Правільна, жонка. Педагогі мы з табой – дрэнь.

– Як там Уладзіслаў? – спытаў Яраш.

– Працуе.

– Ты яго бачыў?

– Хіба яму да сына! Ён увесь – у падполлі.

– Не іранізуй з сур'ёзнай справы. Сын пазбягае сустракацца са мной. Яму сорамна. Прыязджаў Тарас.

Жанчыны сядзелі на лавачцы, мужчыны – па-турэцку, на вільготнай зямлі, насупраць адзін аднаго.

Яраш адпачываў. Яму не хацелася ні гаварыць, ні думаць. Ён глядзеў у агонь, любаваўся водбліскам полымя, жарам, бурштынавымі кроплямі смалы, што выступілі на тоўстым суку. Прыгожыя кроплі. Шкада было, што яны згараць. І ў гэты міг упершыню пасля таго, як паехаў з бальніцы, варухнулася ў душы трывога за Зосю. Ды ён прагнаў яе. Нічога не здарыцца. Яшчэ ўчора хворая апрытомнела. Сёння глядзела на яго з удзячнасцю яснымі вачамі. Спрабавала ўсміхнуцца. Прашаптала: «Мне лёгка дыхаецца!» Але, цяпер ёй будзе лёгка дыхацца і лёгка хадзіцца па зямлі! Ярашу было радасна. Аднак выказваць сваю радасць усім не хацелася. Ён выдаў яе Наташы. Мог бы яшчэ прызнацца Шыковічу, каб яны былі адзін на адзін.

Кірыла пачаў расказваць пра свае пошукі, пра размовы ў КДБ і гаркоме.

Яраш здзівіўся:

– Ёсць справа на Савіча? На мёртвага?

– Ты ж сам казаў, што ў твае абавязкі падпольшчыка ўваходзіла вывучаць тых, хто супрацоўнічаў з акупантамі. Я думаю, не дзеля спартыўнай ці мемуарнай цікавасці гэта рабілася.

– Але, – згадзіўся Яраш задумліва.

Галіна Адамаўна падала яму місачку з юшкай.

– Дзякую, – сказаў, як чужой, паспытаў варыва з лыжкі, паставіў місачку на край лавачкі. – Горача. – І да Шыковіча: – Слухай, Кірыла, а ці варта варушыць такія архівы? Каб узняць пыл, ад якога нехта будзе чыхаць?

– Хто? Ты? Я? Я не буду чыхаць ад такога пылу! – Шыковіч ажно падхапіўся. Яго абурыла, што Яраш, які быў загарэўся таксама, як і ён, раптам зноў дае адбой. Чаму? Сам жа падпольшчык! На самога ж былі забыліся і колькі год ніхто не ўспамінаў!

– Чакай. Я лічу, што гэта трэба было рабіць або раней, адразу ж па гарачых слядах… Мы не здолелі тады разабрацца ва ўсім, наадварот, шмат што заблыталі… Няхай даруюць мне, але я не веру ў аб'ектыўнасць спраў, якія заводзіліся ў той час… Або гэта трэба рабіць пазней, калі загояцца ўсе раны… Найдаражэйшая якасць памяці – забыўлівасць… Каб нічога не забывалася, чалавецтва загінула б. Забыўлівасць лечыць і раны душы, і раны цела.

– Дзіўная ў цябе філасофія! Ведаеш, з якога арсенала?

– Давай, Кірыла, без арсеналаў. Я думаю пра жывых людзей, пра іх сэрцы, а не пра адносіны паміж дзяржавамі. Хоць у палітыцы таксама забываюць і варта забываць… Інакш ніколі б не канчалася варожасць.

– Ты думаеш пра Зосю.

Галіна ўстрапянулася, балюча ёкнула сэрца: «Але, ён думае пра яе. Чаму ён так хвалюецца за яе?» І ў гэты міг у душу яе ўпала зерне раўнівай падазронасці – упершыню да пацыенткі мужа.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю