Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 28 страниц)
19
А на другі дзень ёй пазваніў Тарас. У бальніцу. Яна толькі скончыла з хірургам Лапацінай аперацыю. Дзяжурная па аддзяленню сястра паклікала яе да тэлефона, амаль таямніча паведаміўшы:
– Трэці раз звоніць.
Маша падумала, што гэта Славік, і пайшла незадаволеная, сярдзітая, збіраючыся добранька прабраць яго.
Ды раптам зусім другі голас, усхваляваны да невыразнасці:
– Маша? Маша! Я прашу прабачыць. Можа, адарваў вас ад работы? Прабачце. Гэта Тарас… Маша… Помніце? Ну, Ганчароў.
Яна павіталася сур'ёзна, стрымана:
– Добры дзень, Тарас.
Ён ажно засмяяўся ад радасці, што яна помніць яго.
– Добры дзень, добры дзень… Маша! Вы прабачце. – І раптам выпаліў на адным дыханні: – Я запрашаю вас на канцэрт Дзяржаўнай капэлы ў клуб Леніна. Сёння ў восем.
Яна анямела ад нечаканасці. Успомніла, што паабяцала Славіку сустрэцца з ім. Яна ніколі не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Праўда, да яе раней не надта заляцаліся. І раптам два такія хлопцы, розныя і цікавыя! Каго ж выбраць? Адмовіцца ад спаткання з Тарасам ды яшчэ на канцэрце, на які немагчыма дастаць білетаў? Не, не, не.
Пра Тараса яна думала больш, чым пра каго другога. Падвесці Славіка? Яму можна пазваніць. Не, не трэба і званіць. Няхай паблукае па парку. У яго залішне самаўпэўненасці, хоць учора пад канец ён і быў сур'ёзны. Няхай не думае. Ёй зрабілася смешна, калі яна ўміг уявіла, як Славік будзе шукаць яе. Два дні, учора і сёння, быццам нейкі вясёлы чорцік штурхаў яе на гарэзлівыя ўчынкі. Пакуль мільгалі гэтыя думкі, яна чула, як цяжка дыхаў у слухаўку Тарас.
«Хвалюецца… Няўжо хвалюецца?»
Адказала весела, гучна:
– Дзякую, Тарас. Я з прыемнасцю пайду з вамі. Дзе мы сустрэнемся?
Ён задыхнуўся ад шчасця:
– Дзе хочаце.
– На пераходным мосце. А палове восьмай. Добра?
Яна паклала слухаўку і вясёлымі вачамі пераможна агледзела сваіх калег – маладога лекара і дзвюх сясцёр.
– Хто гэты Тарас? – спытала адна, старэйшая, замужняя і незадаволеная сваім замужжам.
– Ярашаў сын.
– Антона Кузьміча? О-о!
– Нішто сабе!
– Цэліш правільна!
Маша засмяялася. Яна, напэўна, зарагатала б, каб ведала, што адбылося на заводзе.
Славік з'явіўся на працу такі шчаслівы, нібы за ноч ён засвоіў усе таямніцы зборкі і заняў месца брыгадзіра ці нават начальніка цэха. Да гудка частаваў хлопцаў «Казбекам».
– Ого! Ці не атрымаў ты спадчыну? – пажартаваў Косця.
Славік кінуў Тарасу між іншым:
– Табе прывет.
– Ад каго?
– Адгадай.
– Што мне гадаць!
– Ад Машы.
– Ад той?
– Ад той.
– Дзе ты яе бачыў?
– Сустрэў на вуліцы. Яна пыталася пра цябе.
Ён не схлусіў. Маша сапраўды пыталася ў яго пра Тараса.
Косця адразу ж, як толькі адышлі ўбок, накінуўся на свайго брыгадзіра:
– Ну што, не казаў я табе? А ты – вось. – Ён моцна і злосна стукнуў сябе кулаком у лоб. – Я ж бачыў, што яна не зводзіла з цябе вачэй. Дагэтуль не сустрэцца! Аблавух! А яшчэ ў арміі служыў. Памрэш ты халасцяком.
Тарас не крыўдзіўся і не адбіваўся. Ён думаў пра Машу. Яму вельмі хацелася сустрэцца. Але як гэта зрабіць?
– Ведаеш што? – не адставаў між тым Косця. – Я аддаю табе свой білет на сённяшні канцэрт. Запрасі яе.
– Як?
– У дваццатым стагоддзі існуе тэлефон, майстар. Калі ты баішся, я пазваню ад твайго імя.
Рэдка калі Тарас адрываўся ад работы. А то раптам знік да абеду на добрыя паўгадзіны.
У яго, як у намесніка сакратара, быў другі ключ ад пакоя камітэта камсамола. Падпільнаваўшы, калі сакратар пайшоў на чарговую нараду ў райком, ён нырнуў у пакой. Можа, дзесяць разоў падымаў тэлефонную слухаўку і клаў назад, часам набраўшы тры лічбы з чатырох. Па-першае, баяўся наскочыць на бацьку. Кніжка і даведачная станцыя паведамлялі той жа нумар, па якім ён званіў Ярашу. Урэшце адважыўся, вырашыўшы, што калі нават слухаўку возьме і бацька, то ён усё адно папросіць паклікаць Машу. Што тут такое? Бацька – гэта нават лепш, бо ён, на жаль, не ведае прозвішча дзяўчыны.
Адгукнуўся жаночы голас.
– Паклічце, калі ласка, аперацыйную сястру Машу.
– Літвін? Яна на аперацыі.
Так, так, гэта яна Літвін, ён бачыў гэтае прозвішча ў Ярашавых паперах – апісаннях аперацый.
Другі раз ён званіў смялей, чамусьці ўпэўнены, што яе не паклічуць. Трэці раз, пасля абеду, зусім смела. Але калі пачуў і пазнаў яе голас, то спалохаўся, пачаў заікацца.
З'явіўся ў цэх як удачлівы змоўшчык. Прашаптаў аднаму Косцю:
– Запрасіў.
– Згадзілася?
– Ага.
– А што, не казаў я табе? Заяц! Будзеш тыдзень паіць мяне півам.
Але самае смешнае, што Косцю не прыйшлося ахвяраваць у імя дружбы сваім білетам. Ад канцэрта адмовіўся Славік. У канцы змены ён з посным выразам твару сказаў:
– Нешта маці званіла, прасіла прыехаць на дачу. Хлопцы, хто прадасць мой білет?
– Дай мне, – падскочыў Косця. – Да мяне сястра прыехала. Сама ў калгасным хоры спявае.
У хлопцаў былі дарагія месцы, у другім радзе. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнітурах. Косця і Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха і гальштук – бабачка; блішчалі манжэты накрухмаленых сарочак, зіхацелі дарагія запанкі. Ішлі па зале ўсе разам. Яна сярод іх – як вогненная кветка. Менш бачыла вачамі, больш адчувала аголенымі рукамі, шыяй, патыліцай, спіною, што яе працінаюць позіркамі, разглядаюць усе: мужчыны – з захапленнем, з цікавасцю, жанчыны – з рэўнасцю, асуджэннем, скептыцызмам, пагардай. Гіпноз соцень вачэй моцна і незвычайна хваляваў: радаваў і страшыў.
Добрая палавіна залы – музыкальная публіка, яны калі не былі знаёмы паміж сабой, то помнілі адзін аднаго па сустрэчах на канцэртах, у тэатры. Натуральна, што іх зацікавіла група добра апранутых маладых людзей, якія прабіраюцца да пярэдніх радоў.
– Хто? Адкуль? – пыталіся шэптам сусед у суседа.
– Ды гэта з кінагрупы, што фільм на рацэ здымаюць, – адказаў адзін з тых, што ведаюць усё на свеце.
– Актрыса?
– Як прозвішча?
Маша пачула гэта. І Косця, які ішоў побач, пачуў. Дакрануўся да яе рукі:
– Чулі?
Маша нервова засмяялася. Ёй зрабілася яшчэ больш весела ад таго, што яе прымаюць за кінаактрысу. Але чамусьці боязна, быццам перад адказным экзаменам. Яна так навучылася трымацца сярод людзей, самых розных! І ў тэатры – хіба ўпершыню! А вось жа хвалюецца. Чаму?
Перад канцэртам яна з хваляваннем, першы раз у жыцці, ішла ў лепшую цырульню горада, каб зрабіць прычоску. І нечакана для самой сябе выявіла такую патрабавальнасць, што малодшая майстрыца мусіла перадаць яе старшай, а тая пакрыўджана сказала:
– Ляціце, мілая, у Маскву рабіць сваю прычоску, калі вам не падабаецца ў нас.
Толькі сеўшы ў крэсла паміж Тарасам і жонкай Лапаціна, схаваўшы плечы і рукі, Маша супакоілася.
Адкрылася заслона. Ва ўсім белым, як лебедзі, стаялі праз усю сцэну паўсагнутай шарэнгай спявачкі. Над імі ўзвышаліся ў два ярусы спевакі, у нацыянальных кашулях, у чорных сурдутах.
З-за куліс выйшаў стары. Сівыя валасы, сівая, прыгожая, на клін, бародка, высакароднае інтэлігентнае аблічча і зусім маладая пастава каранастага цела, зацягнутага ў чорны фрак і белы камізэль. Ішоў ён лёгка, ступаў мякка. Пакланіўся зале. Яму горача запляскалі.
Маша падумала, што сам выгляд гэтага чалавека абяцае штосьці харошае, прыгожае.
Ён павярнуўся да хору. Падняў дзве рукі, і на нейкі міг усё замерла. Ён лёгка павёў правай рукой – і палілася песня.
Машы нават спачатку здалося, што спявае не хор, што спяваюць недзе там, за сцэнай, на вуліцы, у полі. Яна ўпершыню чула капэлу – спеў без музычнага суправаджэння. Калі песня нарасла, наблізілася і было бачна, што спяваюць усе харысты, Маша слухала заварожаная, але не бяздумная. Думкі ляцелі, як іскры: то па адной, то роем, згасалі адны, успыхвалі другія. То вясёлыя – яна ўспомніла Славіка. То сумныя – і яна не бачыла сцэны, хору, а праз затуманены зрок убачыла маці: вось яна, вярнуўшыся з калгаснага поля, гне спіну на сваім гародзе. Бясконца ў працы! На нейкі момант дзяўчыне стала сорамна, што яна заплаціла гэтулькі за сваю шыкоўную прычоску. Маці жахнулася б, каб даведалася, што яна столькі плаціць за такую непатрэбшчыну. Якая пані! «Рыжоцце такое!»
«Заўтра я пашлю вам грошы, слаўныя мае, – звярталася яна да маці і малодшых сястры і брата. – Не крыўдуйце на мяне. Я добрая. Я люблю вас».
Потым падумала, што яна разумее рухі гэтага дзівоснага чалавека на сцэне. Яны – як у Яраша. Такія дакладныя. Адзін няправільны рух, адна памылка, і смерць: там – чалавеку, тут – песні.
– Бачылі, які чарадзей? – нахіліўся да яе Тарас.
– А? Але, – яна ўдзячна паклала сваю руку на яго.
Яна тут жа, з новай песняй, забылася на гэта. А ён баяўся паварушыцца. Ён нічога не чуў і нічога не бачыў, толькі адчуваў яе халаднаватую руку.
На перапынак яна выйшла трохі як бы засмучаная – задумлівая, маўклівая. Хлопцы, яе спадарожнікі, круціліся вакол і рознымі спосабамі памагалі Тарасу развесяліць яе. Ажно Вера прыраўнавала свайго Лапаціна і адцягнула ўбок.
У буфеце яны частавалі яе шампанскім, лепшым марожаным і самымі дарагімі цукеркамі.
З нейкай прычыны яна спытала:
– Гэта ўся ваша брыгада, Тарас?
– Не. Яшчэ Славік.
– Які Славік? Той? – вельмі здзівілася яна. – Ён хіба ў вас?
– Мы ўзялі яго вучнем. Хочам зрабіць чалавекам, – адказаў Ходас.
– А дзе ён цяпер?
– Нешта маці пазваніла. Паехаў на дачу.
Маша незнарок праліла на стол шампанскае і зарагатала. Яны не ведалі, чаму яна смяецца, і таксама смяяліся. На іх звярталі ўвагу.
20
Гукан амаль спалохаўся, калі сакратарка паведаміла, што да яго хочуць зайсці Яраш і Шыковіч. Хутка падняўся з крэсла, перабіраючы паперы, як бы шукаючы самую патрэбную.
– Скажы, што я заняты.
Гэта была праўда: пільныя справы, нарады падганялі ў той дзень адна адну. Але ён тут жа сцяміў, што не прыняць Яраша, дэпутата гарсавета, старшыню камісіі, і Шыковіча, таксама дэпутата, было б больш чым неразумна. Можна адкласці размову, калі яна ў іх доўгая, але не пусціць у кабінет…
Ён спыніў дзяўчыну, здзівіўшы яе парушэннем сваёй звычайнай паважнасці, памяркоўнасці.
– Не, не… Няхай заходзяць. Калі ласка, – сказаў мітусліва, разгублена, а сам думаў:
«Абодва. Без званка. Не папярэдзіўшы. Што ім трэба?»
Намеснік яго, Кушнер, з якім яны працавалі над пісьмом у Дзяржплан, падняўся, каб пайсці. Гукан і яго спыніў:
– Не, не… Застанься.
Пайшоў да дзвярэй, шырока і прыветліва расставіўшы рукі, нібы хочучы абняць яшчэ нябачных гасцей.
– Ну, ну!.. Каго я бачу! – выгукнуў ён, калі ў дзвярах з'явілася мажная постаць Яраша. – Прашу, прашу. А то вы, Антон Кузьміч, старшыня камісіі, а ў гарсавет заглядваеце рэдка. Дый ты, Кірыла, даўно ўжо не быў, – паціскаючы руку Шыковічу, усміхнуўся Гукан. – Усё ездзіш? Шукаеш герояў?
– Шукаю, – адчуўшы хітра схаваную іронію ў Гуканавых словах, сур'ёзна і цвёрда адказаў Шыковіч.
– Прашу, прашу, – паказваў на мяккія крэслы каля рабочага стала Гукан.
Калі яны прывіталіся з Кушнерам і селі насупраць адзін аднаго, Гукан зірнуў на вялікі гадзіннік, што стаяў у куце, даючы зразумець, што на доўгія размовы ў яго часу няма. Спытаў напалову з жартам:
– Які клопат звёў разам медыцыну і літаратуру?
Яраш сказаў проста, без дыпламатыі:
– Сямён Парфёнавіч, трэба памагчы аднаму чалавеку.
– Трэба – паможам. Калі хадайнічаюць два дэпутаты…
– Жанчыне, – сказаў Шыковіч, зазіраючы старшыні ў вочы.
Гукан увесь час, з самага парога, адчуваў, што Шыковіч не зводзіць з яго вачэй, і гэтыя дапытлівыя позіркі – «Што ён хоча ўбачыць?» – нервавалі яго.
– Тым больш неабходна памагчы.
– Трэба невялічкая, на адзін пакой, але асобная кватэрка.
Гукан ціха свіснуў:
– Таварышы дарагія, дэпутаты мае, вы не ў курсе нашых кватэрных спраў.
– Жанчына ў бальніцы. Пасля цяжкай аперацыі.
– На сэрцы, – падказаў Шыковіч, разглядаючы на гэты раз Гуканавы рукі, у якіх ён круціў тоўсты зялёны аловак.
– Яшчэ адна аперацыя на сэрцы? – зацікаўлена спытаў Кушнер, падняўся з крэсла каля стала для пасяджэнняў, дзе было прымасціўся, каб не перашкаджаць размове, падышоў да Яраша. – Што ў яе – нікога няма родных?
– Няма.
– А дзе яна жыла да аперацыі?
– Наймала прыватны куток. На ўскраіне. А ёй цяпер неабходны меднагляд.
– Безумоўна, – згадзіўся Кушнер і паківаў галавой. – Выпадак цяжкі. Трэба нам падумаць, Сямён Парфёныч.
Гукан падсунуў да сябе вялікі настольны каляндар, нацэліўся ў яго алоўкам:
– Як яе прозвішча?
– Савіч, Соф'я Сцяпанаўна, – хутка адказаў Кірыла, ва ўпор гледзячы на старшыню.
Аловак уздрыгнуў. Расшырыўся вузкі твар каля вачэй і тут жа звузіўся – шчокі аплылі ўніз. Абяскровіліся глыбокія залысіны. Гукан залішне доўга не ўзнімаў вачэй. А потым схамянуўся, хутка глянуў, і нешта накшталт сумнай усмешкі скрывіла яго вусны:
– Гэта не таго Савіча?
– Таго, – жорстка адказаў Кірыла.
– Яна прапісана ў нас? – спытаў Гукан абыякавым голасам.
– Чатыры гады жыве. І працуе.
Шчокі аплылі яшчэ раз – нібы пад гладка паголенай скурай перакочваліся нейкія валікі.
«Чорт! – вылаяўся Сямён Парфёнавіч у думках. – Трэба міліцыі накруціць, каб такіх без майго дазволу не прапісвалі».
Ён падняўся, выпрастаўся на ўвесь рост, быццам узлез на п'едэстал, засунуў рукі глыбока ў кішэні штаноў. Сказаў афіцыйна і катэгарычна:
– Што ж… Паглядзім. Можа, возьмем на чаргу.
– Не будзь бюракратам! – амаль пагрозліва папярэдзіў Шыковіч.
Гукана ашаламілі не столькі словы, колькі тон, тое, што «пісака гэты» вось так да яго – на «ты».
– Дзён праз дзесяць Савіч можна выпісаць, – спакойна паведаміў Яраш і наском чаравіка наступіў сябру на нагу, каб той трымаўся спакайней.
– Праз дзесяць дзён, Антон Кузьміч, і размовы не можа быць. – Гукан звяртаўся цяпер толькі да хірурга. – Што вы! Ды яшчэ асобная… Такіх і кватэр няма для аднаго чалавека. Ёсць дзяржаўная норма.
– Тады яна зойме свой дом. Судовага рашэння аб канфіскацыі маёмасці няма. Дом належыць ёй, – сказаў Шыковіч, гледзячы ў гэты раз не на Гукана, а на Яраша.
– Яслі? – на міг аслупянеў старшыня, а потым шырока махнуў рукамі, як журавель на ўзлёце крыламі, і закрычаў, здавалася, узрадавана: – Цудоўна! Цудоўна! – Да Кушнера: – Ты чуў? Выкінем на вуліцу дзяцей! Сотню дзяцей! І аддамо дом, у якім, дарэчы, амаль нічога не засталося Савічавага, ён перабудаваны і надбудаваны намі з табой… аддамо гэты дом – каму? Дачцэ…
– Віна Савіча не даказана! – злосна перапыніў яго Кірыла.
Гукан шырокімі крокамі выйшаў з-за стала і стаў перад Шыковічам у непахіснай паставе, з цвёрдасцю і жорсткасцю ў твары.
– Не, таварыш Шыковіч, даказана! Вельмі добра даказана! Усімі органамі. А вы не думайце, што калі знайшлі нейкую знахарку і яна напляла вам казак, дык вы ўжо ўсё даказалі, зрабілі пераварот у гісторыі падполля. Вы наіўны чалавек, Шыковіч. Для мяне цяпер ясна, чаму напісаны ваш артыкул. Як толькі паявілася гэтая асоба…
– Пра асобу гэту ты памаўчы. – Кірыла хацеў сказаць: «Хто, як не ты, загнаў яе ў Сібір?», але Яраш зноў штурхануў яго нагой.
Антону Кузьмічу хацелася патушыць гэтую нечаканую ўспышку. Цяпер галоўная мэта – кватэра. Ён даў сабе слова любымі сродкамі вырваць для Зосі пакой, і сварыцца з Гуканам зусім не ўваходзіла ў яго планы.
– Не прэтэндуе яна на дом, – сказаў ён. – Наліха ёй той дом!
– А вось камуніст, работнік рэдакцыі прэтэндуе. – Гукан адступіў ад Шыковіча, павярнуўся да свайго намесніка. – Дзеля гэтага ён гатовы выкінуць дзяцей… Чаго хочаш… Абы даказаць сваё…
«Ох і дэмагог, сабачы сын. Выдаў бы я табе», – думаў Шыковіч, але пад выразнымі позіркамі і жэстамі сябра маўчаў.
– А чаму, сапраўды, мы не можам даць кватэру гэтай жанчыне? – неспадзявана для Гукана спытаў Кушнер. Ён не ўсё зразумеў са спрэчкі, але, чалавек сумленны, просты і шчыры, адчуў, што праўда на баку хірурга і пісьменніка, што жанчына гэтая мае ўсе правы на кватэру.
Гукан аж крутнуўся на адной назе – да намесніка:
– Ты можаш даць?
– Магу, – з добрай усмешкай адказаў Кушнер. – Роўна праз тыдзень рачнікі здаюць дом па Элеватарнай. Напішам ім гарантыйнае пісьмо, і яны пазычаць адну кватэру. Такі выпадак!
– Ну, ведаеш, я не магу адказваць за падобны шахер-махер. Ёсць партыйны і грамадскі кантроль.
– Які ж тут шахер-махер? Вынесем на выканком. Папросім таварыша Яраша далажыць. А я тым часам дамоўлюся з рачнікамі. Яны хлопцы добрыя, зразумеюць. – Спакойная разважлівасць Кушнера неяк адразу ўтаймавала ўсіх. Нават Гукана. Але, забыўшыся, Кушнер нахіліўся ў адчыненае акно і сарваў зялёны калючы плод каштана. І тады Сямён Парфёнавіч закрычаў вісклявым, як у істэрычнай бабы, голасам:
– Не рві каштанаў! Абшморгаў усё дрэва!
21
Яны стаялі перад шырока адчыненым акном пустога пакоя, у якім пахла фарбай і цэментам. Пакой быў на другім паверсе. Але і адгэтуль паміж садамі віднелася лукавіна ракі і зарэчныя, спачатку лугавыя, далей палявыя і лясныя прасторы.
– Цудоўна! Малайцы рачнікі! – ухваліў Шыковіч пасля добрых пяці хвілін маўклівага любавання і далёкімі прасторамі, і блізкімі садамі, і гонтавымі, шыфернымі дахамі дамоў, што густа, як ластаўчыны гнёзды, ляпіліся на пакатым беразе.
– Малайчына Кушнер! – адгукнуўся Яраш. – Ён вытрымаў галоўны бой.
– А ты маўчаў?
– Не маўчаў. Але калі пачалася бойка паміж старшынёй і намеснікам за галасы сябраў выканкома, то цяжка ўставіць слова…
– Не было мяне!
– Ты хутчэй сапсаваў бы справу. Я думаў, ты – флегматык, а ты – афрыканец.
Маша, якая стаяла крыху збоку ад іх, павярнула сваю залатую галаву, усміхнулася Шыковічу, як бы ўхваляючы, што ён вось такі, неспакойны.
– Не, ты растлумач, Антон… Здаецца, усё разумею, а паводзін яго зразумець не магу. Добра, дапускаю, што ён упэўнены, што Савіч вораг… Хоць зноў-такі, чаму такое нежаданне сур'ёзна, па-новаму разабрацца з фактамі? Чаму такая ўпартасць? Але мяне больш абурае другое: што ён мае да гэтай няшчаснай дзяўчыны? Ужо каму-каму, а яму-то ўбівалася ў галаву формула, што сын ці дачка не адказваюць за бацьку.
– Формула! Ты скажы, навошта яна патрэбна была, такая формула? Чаму, нарэшце, не адказвае? Тады па логіцы трэба ісці далей: і бацька не адказвае за сына. Ніхто ні за каго не адказвае. А вось я, наіўны чалавек, хачу адказваць за ўсіх. І хачу, каб усе адказвалі за мяне. І радуюся, што гэта цяпер запісана ў такім дакуменце!
Яраш выказаўся злосна – што стасавалася да мінулага, і любоўна-горача – аб сваім жаданні і пра той партыйны дакумент, пра які ў тыя дні гаварылі ўсе.
Маша паглядзела на яго з захапленнем, як глядзела неаднойчы ў час аперацый і пасля іх. Не ўсю сутнасць размовы, якую яны пачалі яшчэ ў машыне і прадаўжалі тут, у толькі што атрыманай Зосінай кватэры, яна адразу зразумела. Гісторыю Зосі і яе бацькі яна ведала, але не здагадвалася, што гісторыя гэтая не скончана, і не магла ўцяміць, чаму яны так абураны Гуканам. Асабліва Шыковіч. Не хацеў даваць кватэры? А каму ён вось так, адразу, даў кватэру? Што-што, а кватэрныя справы, пажыўшы ў горадзе, яна добра ведала, штодня чула размовы пра гэта, у размовах часта ўпаміналася імя Гукана: адны яго хвалілі, другія лаялі. Маша ўмела быць аб'ектыўнай. Думала, што каб яна прасіла кватэру і ёй не далі, то яна не рабіла б з гэтага такой трагедыі, як робяць другія. Таму і абурэнне Кірылы Васільевіча яна спачатку не зусім разумела. А пасля апошніх слоў, якія мужчыны сказалі, асабліва пасля слоў Антона Кузьміча, ёй усё праяснілася. Галоўнае – не кватэра, галоўнае – адносіны да чалавека ўвогуле і ўзаемаадносіны людзей, усіх людзей. Маладой душой сваёй, усім складам характару і жыцця дзяўчына была за тое, што сказаў Яраш.
Яна зноў падумала пра маці, брата, сясцёр, і ёй стала радасна, што на другі дзень пасля канцэрта яна паслала ім грошы, якія збірала на новае плацце, і напісала доўгае і добрае пісьмо.
Ехаць глядзець і абсталёўваць Зосіну кватэру Маша папрасілася сама. Кватэрка яе парадавала. Даволі прасторны пакой, маленькая, але ўтульная кухня, дзе ўсё пад рукой: двухканфорная газавая плітка, беленькая ракавіна, бліскучы кран, павярнулі – палілася вада.
Шыковіч, зайшоўшы, сказаў:
– Каб трохі вышэй. Усё-такі нізка. Час ужо адмаўляцца ад такіх габарытаў.
Яраш дастаў рукой столь і засмяяўся. Ого, дзіва што! З яго ростам! А Машы ўсё здалося нармальным і прыгожым. Яна ўзрадавалася, калі мужчыны пахвалілі від з акна.
Яна каторы раз прайшлася па пакоі. Абцасікі прыліпалі да свежай фарбы і, адліпаючы, патрэсквалі. Заставаліся ледзь прыкметныя сляды. Таму яна хадзіла не па сярэдзіне, а каля сцен, дзе стане мэбля.
– Падлогу трэба памыць халоднай вадой, – сказала дзяўчына і пашкадавала, што няма вядра і анучы.
Яраша не здзіўляў яе гаспадарчы практыцызм. Здзіўляўся Шыковіч. І любаваўся дзяўчынай. Ён таксама, як некалі на дачы Валянціна Андрэеўна, параўнаў яе са сваёй дачкой і падумаў аб адказнасці за выхаванне дзяцей. Да Іры ён, праўда, хоць быў трохі абыякавы, сына ж з рук не спускаў, а вынікі хоць і розныя, але аднолькава не надта радасныя.
Пасля яны паўдня ездзілі па горадзе – шукалі мэблю. Іх усіх аднолькава захапілі клопаты па абсталяванню кватэркі. У ашчаднай касе, калі бралі грошы, Кірыла прашаптаў сябру:
– Ты ведаеш – я скупы. Але для яе мне чамусьці нічога не шкада.
Машыну ён вёў з вясёлай зухаватасцю. Яраш жартаўліва папярэдзіў:
– Кірыла, я не застрахаваў свайго жыцця.
– Я недзе чытаў, што хірургі – найбольшыя баязліўцы. Страшэнна баяцца трапіць пад нож свайго калегі.
– Няпраўда! – сур'ёзна запярэчыла Маша.
Крамаў было некалькі. Яны аб'ехалі ўсе. І адусюль выходзілі расчараваныя.
Маша, пра густ якой Шыковіч спачатку, калі яна выказала захапленне маленькай, просценькай кватэркай, быў невысокай думкі, тут нечакана выявіла здзіўляючую патрабавальнасць. Яна ніколі яшчэ ў жыцці не купляла мэблі. Але тое, што яны ўбачылі ў крамах, яна ганіла адразу, з першага позірку. Сталы, шафы, крэслы былі вялікія, нязграбныя, непрыгожыя.
Яраш хмура маўчаў. Шыковіч сварыўся з дырэктарамі.
– Не мы выпускаем, таварыш.
– Дык не бярыце, што не ідзе. Патрабуйце!
– А план?
– Ды не жывіце адным днём. Адзін месяц не выканаеце, на другі перавыканаеце, калі атрымаеце, што трэба.
Яны паблажліва і скептычна ўсміхаліся: нічога, маўляў, ты не разумееш, дарагі пакупнік, у гандлёвых справах.
Нарэшце адзін малады прадавец употай, у цесным праходзе паміж шафамі-бегемотамі параіў Машы:
– З'ездзіце да Грабара. На складзе вы знойдзеце, што вам трэба.
– А хто гэта – Грабар?
– «Гармэблягандаль».
Маша, сядаючы ў машыну, расказала пра гэтую патаемную размову. Шыковіч адразу ж згадзіўся:
– Ідэя! Стану лепшы даставала з усіх нашых даставал!
– Ненавіджу пакупку па блату, цераз чорны ход.
– Антон – ідэаліст! – засмяяўся Шыковіч, крута паварочваючы свайго шматпакутнага «Масквіча». – Будзе мэбля. Будзе і факт для фельетона.
У калідоры гандлёвай установы Кірыла са смехам штурхаў мажнага Яраша да абабітых жоўтым дэрмацінам дзвярэй з шыльдай «Дырэктар».
– Заходзь смела, паважна. Каб зрабіць уражанне.
Але ніякая смеласць і паважнасць уражання на «ўсемагутнага Грабара», маленькага лысаватага чалавечка, не зрабіла. Ён не адказаў нават на іх прывітанне і прадаўжаў размову з двума сваімі работнікамі: вырашалі важнейшае пытанне – у якую краму перамясціць нейкую Гаюнкову. Потым дырэктар, мабыць, спахапіўся, што пытанне гэта незвычайная тайна, і незадаволена звярнуўся да наведвальнікаў:
– Вам што, таварышы?
– Я – Шыковіч, – сказаў Кірыла і ўбачыў, што прозвішча яго ніякага ўражання не зрабіла. Нязлосна падумаў: «Газеты чортаў гандляр не чытае». Аднак рушыў далей: – А гэта – Яраш, наш праслаўлены хірург.
Антон Кузьміч сціснуў кулакі.
Але – о дзіва! – перад Ярашам маленькі Грабар пачціва падняўся, працягнуў руку:
– Ведаю, ведаю. Хто ў нас не ведае таварыша Яраша! Прыемна, вельмі прыемна.
«Клюнула», – падумаў Кірыла, падставіўшы крэсла сябру. Сеў побач сам і тут жа пайшоў у наступленне:
– Справа такая, таварыш Грабар… У Антона Кузьміча жаніўся сын. (Яраш уздрыгнуў ад нечаканасці.) Хлопец узначальвае брыгаду камуністычнай працы на станкабудаўнічым. Яму даюць кватэру. Бацька ў падарунак хоча абсталяваць яе. Але, ведаеце, трэба прыстойнае што-небудзь… Сучаснае. Стыль. Каб не сорамна было.
– Разумею. Усё зробім, – чамусьці ўзрадаваўся дырэктар.
Яраша неаднойчы здзіўлялі нечаканыя выдумкі Шыковіча. Але гэтая яго проста ашаламіла. Ён спачатку абурыўся, пасля натужліва стрымліваў смех, каб не здацца гэтым людзям дзіваком. У цесным калідоры ён даў сябру кухталя.
– А што ты яму будзеш тлумачыць? Шукаем стыльную мэблю для хворай? Казка!
Яны паклікалі Машу. І сам Грабар, вырашыўшы, відаць, за тры хвіліны, якія яны чакалі яго, куды перавесці Гаюнкову, павёў іх на склад. Праўда, перад гэтым ён здзівіў Машу. Раптам спытаў:
– Нявестка, таварыш Яраш? – і працягнуў руку, пачаў віншаваць.
У дзяўчыны бровы палезлі на лоб.
Але Шыковіч міргаў ёй так выразна, што яна зразумела: ён нешта выдумаў.
На складзе яна адразу звярнула ўвагу на гарнітур вытворчасці адной з латышскіх фабрык, просты, прыгожы, з наборам рэчаў для аднаго пакоя: канапа-ложак, нізкі стол, разборная кніжная паліца, нізкія зручныя крэслы.
– О, у вас густ! – усміхнуўся Грабар. – Я мог бы ўзяць вас тавараведам. – І пашкроб патыліцу. – Мы пакідалі гэта для выстаўкі-продажу. Але калі такі выпадак – бярыце.
У машыне, задаволеныя пакупкай, якую Грабар паабяцаў праз гадзіну прывезці, яны рагаталі з выдумкі Кірылы Васільевіча. Асабліва смяшыла, што «мэблевы начальнік» палічыў Шыковіча «заўхозам» Яраша. Потым Машу скаланула думка: магчыма, што гэты хітры Шыковіч ведае, што яна сустракаецца з Тарасам, а таму і выдумаў такую прычыну. Не, не падобна. Хутчэй ён мог бы даведацца, што яна сустракаецца з яго сынам: Славік балбатун. І ёй зноў стала весела ўжо ад іншай думкі: можа здарыцца, што некаму з іх сапраўды прыйдзецца купляць з ёй мэблю з такой прычыны – жаніцьба сына.
* * *
– Ну, Соф'я Сцяпанаўна, пара дадому.
Словы Яраша, іх тон, не, як звычайна, афіцыйна-лекарскі, хоць і ласкавы, а нейкі вельмі ўжо сяброўскі, спалохалі Зосю. Зноў той жа незразумелы прыступ страху, ад якога яна душэўна пакутавала. Сапраўды незразумелы. Дзіўны. Чаго ёй баяцца цяпер? Многа год яна пераконвала сябе: не скардзіся на лёс, жыві, як жывецца, заўтра можа здарыцца горшае, і нічога не баялася, ніякіх хвароб, ніякіх нягод. А прыйшло збаўленне ад цяжкай хваробы – яна адчувае, што сэрца яе не тое, з якім яна жыла многа год, і ўсе лекары робяць такое заключэнне (яе слухала, можа, сотня лекараў і практыкантаў)… Прайшло многа добрага… Яраш яшчэ колькі дзён назад сказаў, што атрымалі для яе кватэру амаль у цэнтры горада. І Маша паведаміла з радасцю: «Такая сімпатычная кватэрка. Сюрпрыз для вас». Вярнулася здароўе, знайшліся шчырыя, чулыя сябры, чаго ж баяцца? Аднак страх не праходзіў.
Збірала рэчы, пераапранулася – і ў яе калаціліся рукі, ногі.
– Слабенькая ты яшчэ. Чаго ён цябе выпісвае? – загаварыла бабуля-санітарка.
Зося сама з задавальненнем засталася б у бальніцы. Тут яна хоць з усімі і ўсім звыклася, нават са сваім страхам. А што там? Яна многа дзён ужо гуляла па садзе. А цяпер баялася глянуць на адчыненыя вокны, за якімі шумеў вялікі горад. Дзень быў не вельмі вясёлы – амаль па-асенняму хмурны, з дрэў злятала першае лісце. Можа, і ад гэтага яшчэ незнаёмы боль у сэрцы?
Магчыма, што адчуванні яе можна было б параўнаць з адчуваннем таго шахцёра, якога, не па яго волі, спусцілі ў глыбокую шахту, завалілі і пратрымалі там у цемры доўга-доўга. А потым другія людзі, добрыя, адкапалі і паволі падымаюць наверх. І вось гэты міг, калі ён павінен ступіць на паверхню зямлі, убачыць неба і сонца, – самы страшны. Не аслепнуць бы!
Правесці яе выйшлі многія лекары, сёстры, санітаркі, хворыя аддзялення, якія маглі хадзіць. Яны ведалі яе лёс, аперацыю. Некаторых, праўда, цікавіла іншае: хворую выпісвае і забірае сам Яраш.
Ёй выказвалі найлепшыя пажаданні.
«Колькі добрых людзей», – падумала Зося і, расчуленая, заплакала: даўно ўжо яна так не развітвалася з людзьмі, з якімі зводзіў яе лёс.
Маша ўзяла яе за руку, сказала амаль жорстка да ўсіх:
– Даволі! – да Зосі: – Вам нельга хвалявацца, – і павяла да цэнтральнай алеі, дзе іх чакаў сіні «Масквіч».
Яраш стаяў каля машыны. Зося зноў спалохалася, убачыўшы яго тут, без халата, у добра адпрасаваным шэрым гарнітуры. Ён быў зусім не такі, як той асілак-чарадзей у белым халаце, якога ў бальніцы ўсе любілі і баяліся. Ён нават здаваўся не такі высокі і мажны і ўсміхаўся не так, як у палаце, – прасцей, цяплей. Яна раптам больш выразна, чым калі-небудзь раней, убачыла ў ім таго да дзёрзкасці смелага, вясёлага «Кузьму», якога хавала на гарышчы дзевятнаццаць год назад. Усміхаўся ён так, як тады, і амаль гэтак жа трохі збянтэжыўся. Яна таксама ўсміхнулася, і дзіўна – страх яе як рукой зняло. Яна выйшла з падзямелля, расплюшчыла вочы, убачыла неба, сонца і… не аслепла. Антон Кузьміч узяў з яе рук пакуначак, сказаў зноў-такі зусім не так, як у палаце:
– Віншую. Бальніца наша добрая, але лепш у яе не трапляць. Можаце паверыць, што я не буду сумаваць без работы.
– Будзеце, – не згадзілася Маша.
– Не, не буду. – Ён адчыніў ім заднія дзверцы. – Калі ласка.
Сам пайшоў садзіцца за руль.
– А Кірылы Васільевіча няма? – азірнулася Маша.
– У яго ўчора аднялі правы за перавышэнне хуткасці. Сёння недзе дае тлумачэнні інспекцыі.
Маша засмяялася:
– Гэта я накаркала. Помніце, я сказала: «Аднімуць у вас правы». А ён: «Ціпун вам на язык».
Чамусьці хораша зрабілася Зосі ад гэтай жартаўлівай іх размовы пра чалавека, якога яна ведала па расказах Машы, ведала, што ён хацеў пабачыцца з ёй, але Антон Кузьміч пусціў яго толькі на аперацыю, дзе той самлеў. Хораша ад іх вось такой дружбы.
Машына павярнулася і выехала за вароты. Зося азірнулася на бальніцу, але без жалю, без жадання застацца там і без страху перад тым, што чакае яе наперадзе. Яраш вёў асцярожна, павольна. Зося залюбавалася горадам, амаль незнаёмым, новым. Хоць жыла яна тут ужо чатыры гады, але ёй цяжка было хадзіць па горадзе, рэдка яна выязджала са сваёй далёкай ускраіны на аўтобусе ў цэнтр.
Са здароўем, з сілай да яе вярталася разуменне прыгожага, замілаванне хараством. Калі яе вывелі першы раз у сад, яна глянула на яблыні з рэдкімі пладамі і, як дзіця, засмяялася ад радасці. Там, у бальніцы, і гэтае пачуццё яе палохала. А тут, на цэнтральнай вуліцы, яна глядзела на маладыя ліпы, каштаны, і сэрца яе поўнілася здаровай, незнаёмай ці даўно забытай радасцю. Яна ўсміхалася, не падазраючы, што Яраш бачыць яе ўсмешку праз люстэрка.
Праўда, калі машына павярнула на вуліцу, на якой мала што змянілася з таго часу і якую яна ведала лепш, чым любую другую вуліцу, Зося замерла – куды ён вязе? Але прамінулі завулак, да болю блізкі, – і яна зноў супакоілася.
Шыковіч чакаў іх каля пад'езда. Машына яшчэ не спынілася, а Зося ўжо здагадалася, што гэта ён.
– Кірыла Васільевіч? – спытала яна ў Машы.
– Відаць, правы яму аддалі – лысіна блішчыць, што намаслены блінец, – пажартаваў Яраш. – На яго фізіяноміі – усе яго пачуцці.