Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 28 (всего у книги 28 страниц)
37
Зося, пачуўшы званок, таропка адчыніла дзверы, убачыла Антона Кузьміча аднаго і спалохалася.
Яна чакала яго колькі дзён і… баялася. Ён таксама трохі сумеўся і нейкі міг стаяў за дзвярамі, на асветленай пляцоўцы, расчырванелы, велічны, у багатай «баярцы», шалікавы каўнер з нейкага адмысловага футра заінеў наперадзе і, здавалася, ззяў пад святлом. Доктар трымаў некалькі пакункаў. Марозам і снегам, водарам елкі, святочным пахам пакупак і яшчэ нечым прыемным, здаровым павеяла ад яго на Зосю. Яна ўдыхнула ўсё гэта, і ў яе закружылася галава. Яна адступіла ад дзвярэй. Ён увайшоў, зачыніў дзверы. У калідорчыку не было ўключана святло, і яны апынуліся ў паўзмроку.
Зося мацала па сцяне, шукала выключальнік і ніяк не магла знайсці. Антон Кузьміч цераз яе галаву працягнуў руку і адразу ўключыў святло, але пры гэтым упусціў адзін з пакункаў. Нешта шкляное разбілася. Зося хутка нахілілася, каб падняць пакунак. Ён таксама ў гэты міг нахіліўся, і яны стукнуліся галовамі, добра, што шапка яго такая мяккая.
Антон Кузьміч засмяяўся:
– Гэта на шчасце.
Яна не зразумела, што на шчасце, ці тое, што нешта разбілася, ці тое, што яны стукнуліся, але таксама засмяялася.
Ён сказаў тут жа ў калідорчыку, трошкі ўрачыста, трошкі афіцыйна:
– Віншую вас, Соф'я Сцяпанаўна, з наступаючым Новым годам. Жадаю… Ну, жадаю ўсяго самага найлепшага. Рад быў бы сустрэць Новы год з вамі. Але не магу. Буду ў гасцях. Вось зайшоў… павіншаваць… І маленькі падаруначак прыміце…
Ён працягнуў адзін з пакуначкаў. Яна збянтэжылася:
– Што вы! – але ўзяла і прытуліла да грудзей, як нешта самае дарагое.
– Я сёння паўдня, як Дзед Мароз, разношу падарункі. Люблю прынесці хоць маленькую радасць.
– Маленькую?!
Ёй варта было прапанаваць яму распрануцца, запрасіць у пакой. Але яна на ўсё забылася. Стаяла перад ім, скрыжаваўшы на прыціснутым да грудзей падарунку рукі, але баялася падняць галаву, каб глянуць у яго вочы.
Антону Кузьмічу таксама зрабілася няёмка.
– Ну, прабачце, – сказаў ён. – Яшчэ раз віншую. Шчасця вам і здароўя… Мой першы клопат…
Тады яна расставіла рукі, трымаючы ў адной за матузок падарунак, як сляпая, ступіла да яго і раптам… прыпала тварам да халоднага паліто, да пахучай поўсці каўняра.
Ён зусім разгубіўся, не ведаючы, што рабіць.
– Што з вамі?
Яна адказала не адразу. Праз нейкі момант падняла галаву, глянула нарэшце яму ў вочы, без сарамлівасці, без збянтэжанасці, проста, шчыра, ясна, як глядзяць вельмі блізкія людзі.
– Са мной? Нічога. – І гэтак жа проста папрасіла, упершыню на «ты»: – Нахіліся, я пацалую цябе, – і паднялася на пальчыках.
Нечаканая гэтая просьба чамусьці не здзівіла Антона Кузьміча, і ён без вагання нахіліўся і сам пацалаваў яе ў вусны, нязграбна абняўшы – перашкаджалі пакункі. Ёй захацелася ў адказ павіншаваць яго так, няхай будзе так. Што тут асаблівага?
А яна гэтак жа нечакана і раптоўна – жанчыну ніколі нельга зразумець! – выслізнула з яго рук, павярнулася і, нічога не сказаўшы, пайшла ў пакой.
Антон Кузьміч неўразуменна паціснуў плячамі і ціхенька, нібы ў кватэры спала дзіця, выйшаў.
38
Яны сядзелі ў кабінеце ў Яраша. Кірыла – у старым скураным крэсле, схіліўшыся, закрыўшы твар рукамі; Валянціна Андрэеўна – на краі жорсткай канапы, на якой аглядалі хворых. Не, яна не сядзела. Яна прысядала на хвілінку, на момант і тут жа падхоплівалася, нецярпліва камечачы мокрую хусцінку, ломячы пальцы рук. Падыходзіла да стала, нервова перастаўляла на ім канцылярскую аўтаручку ў выглядзе касмічнай ракеты. Баязліва дакраналася да чорнай скрынкі танометра. Адны і тыя ж рухі кожны раз. Потым кідалася да прыадчыненых дзвярэй і напружана ўслухоўвалася ў насцярожаную начную цішыню бальніцы. Хоць увогуле цішыні не было. Угары, над імі, хадзілі, гаманілі, ляпалі: хворыя страчалі Новы год.
Кірыла сядзеў нерухома. Можа, упершыню ў жыцці ён гэтак доўга сядзеў у такой нерухомасці. Зрэдку адсоўваў далоню і сачыў за жонкай.
Вось яна зноў тройчы пераставіла ручку-ракету, як бы хочучы адвярнуць убок яе пагрозліва нацэленую вастрыню. Нарэшце здагадалася: выняла ручку з крылатага каўпака на зялёнай падстаўцы – і «ракета» разбурана, абясшкоджана. Прайшла да парога. Прыслухалася.
– Я не магу. Я пайду туды.
Кірыла адняў ад твару рукі, папрасіў:
– Не трэба, Валя. Ідзе аперацыя.
– Але, але, – адразу пакорліва згадзілася жанчына, прысела на канапу, заціснула хусцінкай распухшы ад слёз нос.
Нейкі момант было чуваць, як цікаў Кірылаў ручны гадзіннік. А потым зноў гучна затупалі ўгары. Нехта, відаць, скакаў па лесвіцы на мыліцах. Валянціна Андрэеўна прыглушана ўсхліпнула:
– Калі ён памрэ, я таксама не выжыву.
– Ну навошта такія думкі? Усё будзе добра.
– Добра! О Божа! Мне абрыд твой аптымізм. Усё ў цябе добра. Гэты твой аптымізм пераходзіць ужо ў абыякавасць. Да ўсяго. Да мяне. Да дзяцей. Усё ў нас будзе добра – навошта ж ламаць галаву? Хапае другіх праблем…
Яна кінула гэта са злосным дакорам.
Кірыла зноў папрасіў:
– Не трэба, Валя. Пра гэта пасля. Не хапае нам яшчэ пачаць сварыцца… Цяпер…
Яна разумела і ў душы ўхваляла мужава маўчанне ў такі момант, калі сын на аперацыйным стале. Але, лепш усё-такі маўчаць. Чалавек робіцца прымхлівы, калі ведае, што блізкі яго на краі жыцця. Не трэба думаць пра яе – смерць. Але Валянціне Андрэеўне лезлі ў галаву самыя жахлівыя думкі, таму ёй цяжка было сядзець у нерухомасці і тым больш маўчаць. Яна зноў усхапілася. Зноў падышла да стала. Механічна працягнула руку, але ні да чаго ўжо не дакраналася (пэўна, яе несвядома трывожыла «ракета»).
– Не, гэтага я не магу зразумець! Абвяшчаць сябе знаўцам чалавечых душ… Пісаць разумныя кнігі, разумныя артыкулы і… не разумець, не ведаць уласных дзяцей… чым яны жывуць…
Жонка за гэтыя колькі гадзін, як прыйшло трагічнае паведамленне, каторы раз дакарае яго, то мякка, з жаночай слязлівай чуллівасцю, то цвяроза-злосна. Кірыла ўрэшце не вытрымаў і першы раз кінуў ёй глуха, нязлосна:
– Вучыць чужых дзяцей…
Валянціна Андрэеўна змоўкла, да нечага прыслухалася. Паўтарыла яго словы, здавалася, неўсвядомлена:
– Вучыць чужых дзяцей… – і, мабыць, асэнсаваўшы, загаварыла з горыччу, з болем: – Але, вучыць чужых… У тым і бяда. Хіба я апраўдваю сябе? Я хачу разабрацца. Чаму… чаму так выходзіць? Чаму ты… мы так мала ведалі… так мала цікавіліся жыццём сына? Справы, праблемы, пошукі, знаходкі… Некалі ты быў проста бацька. Сябраваў з сынам. Ездзілі з ім на рыбалку, хадзілі на лыжах… А потым… ты ўмеў толькі накрычаць на яго і нават ударыць. Як пасля ён мог даверыцца табе, калі ты не верыў яму? А ён такі чуллівы. Ты лічыў яго шалапутам… А ён вось як… Калі ўжо пакахаў… У кішэні ў Славіка знайшлі неадасланае пісьмо Машы. Не, не, не кажы мне, што гэта няшчасны выпадак.
– За ім гналіся.
– Божа мой! Якая недарэчнасць! Бацька падняў на ногі ўсю міліцыю, каб злавіць сына, які…
– Не трэба, Валя…
– А што трэба? Што нам з табой трэба цяпер? Кірыла? Калі С-л-ла-вік…
– Валя!..
Яна змоўкла і нейкі час стаяла ў нерухомасці.
Зноў настала такая цішыня, што чуваць было ціканне ручнога гадзінніка.
Ды раптам цішыню гэтую разарваў рэзкі званок. Званіў тэлефон на стале. Яны абое трохі спалохана глядзелі на белы апарат. Нарэшце Валянціна Андрэеўна схапіла слухаўку.
Званіла Іра. Яе звайшлі на інстытуцкім бале, каб паведаміць пра няшчасце з братам. Пазнала маці, заплакала: што са Славікам?
Кірыла здзівіўся, як разважліва і амаль спакойна адказвала жонка:
– Нічога, Ірачка. Не плач, – і паўтарыла яго словы: – Усё будзе добра. Перакуліўся на машыне. Пералом рукі. Антон Кузьміч аперыруе. Не пускаюць? Дай трубачку вахцёру. – Яна доўга і цярпліва ўгаворвала вартаўніка, каб дазволіў прайсці дачцэ. Але той быў няўмольны, ні просьбы, ні доказы не памагалі. – Пачакай там, Ірок. Антон Кузьміч дазволіць, – супакойвала яна дачку, калі тая зноў узяла слухаўку. – Што? Не думай пра гэта. Я ведаю, што ты любіш яго.
Валянціна Андрэеўна паклала слухаўку і, зусім знясіленая, прысела на канапу.
– Якія жорсткія людзі. Гэты стары – што чурбан. «Не магу», і ўсё.
– Ён выконвае свае абавязкі.
Пасля даволі працяглай паўзы Валянціна Андрэеўна сказала:
– У нас добрыя дзеці, Кірыла. Іра так перажывае, што яны пасварыліся. «Ты ведаеш, кажа, мама, як я люблю яго…»
Валянціна Андрэеўна заплакала, па-дзіцячы ўсхліпваючы.
– Не трэба, Валя. Ты ж сама сказала: усё будзе добра.
– Маўчы, калі ласка! Зноў твой дурны аптымізм!
Яны доўга пасля гэтага сядзелі ў маўчанні. Думалі пра адно. Але, магчыма, па-рознаму. Маці магла задаць тысячу пытанняў сабе, мужу, усяму свету, але ў такім стане ёй было не да пошукаў адказаў на іх, на гэтыя трывожныя пытанні. Ёй уяўляўся Славік маленькім, добрым, ласкавым, чулым, і яна вінаваціла сябе, што так рана палічыла яго дарослым, і думала, як зоймецца дзецьмі ў будучым, калі няшчасце міне сям'ю.
Кірыла, наадварот, спрабаваў даць адказы на гэтыя «чаму?», жончыны і свае ўласныя. Ён думаў шырока і самакрытычна, што ў яго, таксама як і ў тых, каго ён выкрывае, часам жыве абыякавасць да чалавека, нават блізкага. Валя мае рацыю: здараецца, і, на жаль, нярэдка, што за карыснымі і патрэбнымі справамі, якімі займаешся, за гуманнымі і высакароднымі мэтамі часам хаваюцца звычайнае сябелюбства, эгаізм, індывідуалізм. Відаць, найлепшае жыццёвае правіла: будзь добры да другіх і бязлітасны да сябе. А мы яшчэ часцей бываем лепшымі ў адносінах да сябе, чым да другіх…
Крокі ў калідоры хуткія, лёгкія, але з цяжкім поступам, аж, здалося, дрыжалі сцены і брынчалі шыбы. Яраш!
Шыковічы адразу абодва падхапіліся. Чакалі, як найвышэйшага суддзю, – са страхам і надзеяй.
Антон Кузьміч у дзвярах звыклым рухам рукі ссунуў на падбародак павязку. Выгляд яго, суровы і велічны ў асляпляльна белым каўпаку і ў жаўтаватым халаце, спалохаў Валянціну Андрэеўну. Яна застыла з нямым пытаннем на твары, у вачах.
– Нічога. Арганізм малады, здаровы. Аперыравалі своечасова. Адужае.
Маці ўзрадаваў яго бадзёры голас, яго лекарская ўпэўненасць, але адначасова непрыемна і ўразіла: лепшы друг сям'і, Яраш гаворыць пра Славіка як пра звычайнага хворага.
– Мяне непакоілі раны на галаве. Але яны дробязь. Рассек, відаць, казырком. А так зламаны ўсяго тры рабрыны…
– Усяго! – жахнулася Валянціна Андрэеўна.
– …Пералом рукі… Шок. Траўматычны. Гэта нам не вельмі падабаецца, але нічога, цяпер мы ўзброены лекавымі ракетамі. Пусцім у ход усе сродкі. – Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла, закінуў нагу на нагу, дастаў з-пад халата гадзіннік, глянуў: – О-о! З Новым годам, сябры мае!
– З Новым… – горка ўсміхнулася Валянціна Андрэеўна.
– Не вешай носа, Валя. Прыйшоў Новы год – прыйдуць новыя радасці. Трэба нам з табой, Кірыла, хоць спірту па мензурцы цяпнуць за Новы год.
– Трэба, – панура згадзіўся Шыковіч. Валянціна Андрэеўна, не будучы ніколі ханжой, аднак, амаль узненавідзела іх у гэты міг, мужа і доктара, які ўратаваў яе сына і якога яна ўвогуле богатварыла, – за тое, што ў такі момант, калі Славік, можа, на валаску ад смерці, яны збіраюцца піць спірт. Кашчунства!
– Туды можна, Антон Кузьміч?
– Нельга. Зашываюць. Перавязваюць. Навошта маці глядзець на гэта. Хутка яго прывязуць у палату.
– Ты няўмольны.
– Я няўмольны. Папяроска ёсць, Кірыла?
Ведаючы, што Яраш закурвае толькі ў выключных выпадках, Валянціна Андрэеўна раптам зразумела, якой нялёгкай была для яго аперацыя, і ўміг даравала яму і спірт, і абыякава грубы тон.
У калідоры зашоргалі крокі людзей і шыны хірургічнай каляскі. Маці насцярожана прыслухалася, а калі зразумела, што гэта, кінулася да дзвярэй. Людзі ў белым правезлі каляску міма яе. Яна не ўбачыла Славіка – адны бінты. Жахнулася, але не закрычала, не заплакала. Моўчкі, вельмі асцярожна ступаючы, пайшла следам. У дзвярах пасляаперацыйнай палаты яе руку сціснула чыясьці вельмі далікатная, мяккая і халодная рука. Валянціна Андрэеўна павярнула галаву. Знаёмыя залатыя вочы глядзелі на яе з ласкавым спачуваннем, з тым разумным жаночым спачуваннем, якое не паглыбляе болю, не кранае ран, а прыносіць заспакаенне і надзею: побач добрыя людзі, яны адгоняць бяду.
39
Апошняя думка была: «Толькі б не загарэлася. І не заклініла дзверцаў».
Праўда, у міліцэйскай машыне Славік апрытомнеў і хвілін колькі мацюкаў міліцыю. Нават спрабаваў выскачыць з машыны, што моцна ўзлавала добрага начальніка. А потым настала другая фаза шоку: паўнейшая абыякавасць да ўсяго на свеце. Лекар раённай бальніцы беспамылкова ўстанавіла дыягназ і сур'ёзна ўсхвалявалася за жыццё пацыента, хоць міліцыя і сказала ёй, што гэта вядомы злодзей-рэцыдывіст і ўмее хітра прытварацца: паўгадзіны назад крычаў і рваўся з машыны, а цяпер, бачыш, ляжыць быццам нежывы.
Нежывым позіркам ён сустрэў маці, якая прыляцела на санітарным самалёце. Гэта яе вельмі напалохала. Такімі ж вачамі ён глядзеў на Яраша, калі яго прывезлі ў бальніцу, не пазнаваў яго. Але Машу, здаецца, пазнаў: спрабаваў усміхацца ёй і нешта гаварыць…
Маці спалохалася яшчэ больш, калі пасярод дня – першага дня новага года – Славік раптам пачаў трызніць і кідацца на ложку. А Яраш зразумеў: найбольш небяспечнае – шок – пераможана. Толькі ён адзін уяўляў поўную карціну таго, што тварылася ў разбітым целе і ў мазгу хворага. Ён пайшоў адпачываць, здалося Валянціне Андрэеўне, у самы небяспечны момант.
Хлопец гарэў – у машыне. Кідаўся, каб адчыніць дзверцы, іх заклініла. Як жа выбрацца з гэтай палаючай мышалоўкі? Разбіць шкло? Ветравое шкло! Але што з рукой? Ён не можа падняць яе – як бервяно. Няўжо ў яго не хопіць сілы разбіць шкло? ІІаклікаць на дапамогу? Каго? Міліцыю. Не, ён не пакліча нікога! Але полымя бліжэй, яно паліць, гудзіць у вушах.
– Ма-ма!
– Сына! Сыначка! Я тут, з табой. Супакойся.
І раптам цішыня. Няма спякоты, не гудзіць полымя. Снежная бель перад вачамі. Ага, яго выкінула з машыны! Дык гэта ж добра! Наглытацца снегу і ўстаць на ногі – і бывайце здаровы. Вада сама льецца ў рот. Ах, рэчка! Рэчка, якую яму не ўдалося праскочыць. Але ж ён лепшы плывец.
Так паўтаралася разы тры. А потым ён убачыў вочы маці, яе твар, родны, ласкавы. Радасць у яе вачах, што лілася праз слёзы, дабрата ва ўсмешцы затапілі яго гарачай хваляй невядомай дагэтуль пяшчоты да маці, удзячнасці ёй. Гэта яна, маці, ратавала яго. Яна першая з'явілася, калі ён апынуўся ў бядзе. А можа, яму гэта толькі здаецца? Можа, яму хочацца, каб маці была тут, побач? Ён спрабуе падняць руку, каб дакрануцца да яе. Засмяглыя вусны яго варушацца:
– Ма-ма!
Ён, забінтаваны, не чуе, але па руху яе вуснаў здагадваецца, што маці кажа:
– Дурненькі мой! Хіба можна так?
Не, гэта не трызненне. Маці сапраўды каля яго. Славік адразу ўсё прыгадвае, нават санітарны самалёт, Яраша і Машу. Здагадваецца, што далей была аперацыя. І вось ён зноў жывы. Усведамленне гэтай немалаважнай акалічнасці напаўняе яго такой радасцю, што, каб былі сілы, ён, пэўна, загалёкаў бы, закрычаў на ўсю бальніцу, на ўвесь свет.
Валянціна Андрэеўна была надзвычай удзячна Машы, што яна засталася ў бальніцы ў першы, святочны, дзень новага года і не толькі памагала дзяжурнаму лекару і сёстрам, але бадай што кіравала імі, трымаючы сувязь з Ярашам. Ніхто яе, аперацыйную сястру, не прымушаў сядзець тут. Не выходзячы двое сутак з палаты, яны перагаварылі пра ўсё на свеце. І Маша ўсё расказала ёй. «Чаму ім так не пашанцавала ў каханні, маім дзецям?» – з горыччу думала маці.
Кожная маці ў любых абставінах думае пра будучае сваіх дзяцей, верыць у іх шчасце. Валянціна Андрэеўна падумала, што яна з радасцю назвала б гэтую «залатую дзяўчыну» сваёй дачкой.
На другую ноч Маша прымусіла знясіленую жанчыну прылегчы ў Ярашавым кабінеце. Сама засталася ў палаце. Славік застагнаў ад болю і прачнуўся. Убачыў ноч (гарэў адзін сіні начнічок) – затрывожыўся са сну. Маша запаліла настольную лямпу, схілілася над ім. Ён здзівіўся і ўзрадаваўся.
– Даць піць?
Прагна піў з яе рук. Потым пацягнуўся вуснамі, каб пацалаваць яе руку. Яна пагразіла пальцам:
– Не варушыся, будзе балець.
Балела прыступамі, часам нясцерпна моцна, галава і рука. Боль знімалі сёстры ўколамі. Яму здавалася, што ён сам перамагае яго. Такая ўпэўненасць надавала сілы. Перамогшы чарговы прыступ, ад якога ўсё цела заліў непрыемны ліпучы пот, спачатку гарачы, потым халодны, Славік вачамі паклікаў, каб Маша наблізілася.
Спытаў:
– Ты выйшла эамуж?
– Не.
– Не ідзі ад мяне.
– Я не пайду. Спі.
Другога студзеня, пасля работы, прыйшлі хлопцы – уся брыгада. Іх не пусцілі. Маша выйшла да іх у вестыбюль. І ўбачыла тую дзяўчыну, якую некалі сустрэла са Славікам у кіно. Нічога дзіўнага – разам працуюць. Але чаму яна ўспыхнула і адышла ўбок? Хлопцы сустрэлі Машу прыветліва-ўзрадаваным гоманам. Генрых пажартаваў:
– Добра ўсюды мець сваіх людзей.
– Як там наш аўтааматар?
Яны не ведалі таго, што ведала яна.
– Перадай, мы чакаем яго на завод, у брыгаду. Пра размову, якая была, няхай забудзе. Нічога не было. Абавязкова перадай.
А гэтага не ведала яна. Але зразумела, пра што яны кажуць.
– Вы хацелі выгнаць яго з брыгады? Завошта?
Яна ўбачыла, як сумеўся Тарас, быццам адчуваў нейкую віну. Увогуле ён быў маўклівы, непрыкметны сярод сяброў, больш, чым хто другі, засмучаны. Маша пашкадавала яго. А пасля – сябе. Адчула смутак, нібы ёй трэба было развітацца з нечым вельмі дарагім і паехаць у невядомае.
40
Яраш і Маша разам выйшлі з бальніцы. Скончыўся рабочы дзень, даволі напружаны – былі аперацыі, якія заўсёды стамлялі. Славік адчуваў сябе добра, нават маці нарэшце даверыла яго дзяжурным сёстрам і санітаркам.
Да аўтобуснай супынкі ішлі моўчкі. Свяціла марознае сонца, якое, здавалася, прамяніла не цяпло, а холад. Снег пад нагамі ў прахожых звінеў на сотні ладоў.
Маша расчырванелася, узбадзёрылася. Ёй зрабілася весела. Яна сказала:
– Сёння я буду страчаць Новы год. Ох і пагуляю! Як там мая Зося? Учора я забягала на гадзінку, дык яна нейкая кіслая была. Засумавала.
Антон Кузьміч зразумеў яе словы як запрашэнне разам сустрэць Новы год і нічога не адказаў. Ён абяцаў раніцай Віцю і Наташы пайсці з імі на лыжах за горад. Але пад вечар памацнеў мароз. Наўрад ці варта ў такі мароз выводзіць дзяцей у поле. Маці, напэўна, будзе супраць.
У апошнія дні нечакана Галіна Адамаўна прыкметна змянілася. Атмасфера ў доме ачышчалася. Знікала напружанасць. Праўда, жонка ішла на прымірэнне асцярожна, паступова. Раней ён заўсёды стараўся любымі сродкамі прымірыцца як можна хутчэй. Цяпер жа нічым не паспяшаў падзей, але нічым і не запавольваў іх. Няхай усё ідзе сваёй чаргой. Можа, так нават лепей у іх гадах: менш гарачых прызнанняў у любві – менш будзе трагедый, рэўнасці і сварак. Ён проста змарыўся ад усяго гэтага. Колькі энергіі і нерваў прыходзіцца траціць на глупства? Калі гэта людзі стануць такімі, каб разумелі адзін аднаго ва ўсім, – у палітыцы, навуцы, мастацтве, у сям'і, побыце? А можа, і не трэба такое ідэальнае ўзаемаразуменне? Сумна будзе. Барацьба супрацьлегласцей – закон жыцця і руху. Любоў і нянавісць, любоў і рэўнасць, цяпло і холад…
Многа і другіх думак роілася ў галаве, пакуль Антон Кузьміч, ужо адзін, ішоў ад аўтобуса да свайго дома па ціхай вуліцы, дзе снег не ачышчаўся з пачатку зімы.
Жонка сустрэла з большай прыветлівасцю, чым праводзіла раніцай.
– Вось добра, што ты так рана сёння. А я як ведала, у мяне ўжо гатовы абед.
Яшчэ адзін крок. Ну што ж, так лепей: спакой для яго працы ў клініцы і дома, над дысертацыяй, – самае дарагое. Трэба і яму зрабіць нейкі крок насустрач.
Ён распрануўся і, памыўшы ў ваннай рукі, заглянуў на кухню, весела і смешна пацягнуў носам паветра.
– Адгадаць?
Гэта яго даўні жартаўлівы занятак – па пахах адгадаць, што гатуецца на абед. Жонка шчасліва засмяялася:
– Не адгадаеш.
І раптам тэлефонны званок. Ён рушыў у калідор, дзе стаяў тэлефон, узяў слухаўку.
Пачуўся яго ўстрывожаны голас:
– Што здарылася? Што з ёй? Кіньце жарты! Не да жартаў? Добра. Еду.
Галіна Адамаўна з няяснай трывогай у душы, з бояззю выйшла з кухні. Муж спешліва апрануў паліто. Яна спытала асцярожна:
– У аддзяленні што-небудзь?
– Не. Званіла Маша. Просіць зараз жа прыехаць. Відаць, нешта з Савіч. – Ён зашпільваў гузікі, рукі яго дрыжалі.
«Як ён хвалюецца», – пабляднела Галіна і памкнулася да яго.
– Можна, я з табой?
– Навошта? – спытаў ён з суровым здзіўленнем. Яна адступіла, сцялася, быццам Антон Кузьміч замахнуўся на яе.
Дзверы за ім са стукам зачыніліся, калыхнуўшы паветра. А яна працягвала стаяць як анямелая.
Ён вярнуўся неспадзявана для яе хутка, можа, праз гадзіну, якая, аднак, з'явілася бадай што самай пакутлівай у яе жыцці.
Галіна пачула яго цяжкія крокі на лесвіцы. Вельмі цяжкія. Так ён ідзе, калі бывае страшэнна змораны. Гэта яе спалохала яшчэ больш, яна чакала яго там жа, у калідоры, быццам і не саступала з месца. Ён не пазваніў. Ён адчыняў дзверы сваім ключом, адчыняў доўга, шкрабаючы, быццам не мог прасунуць ключ у шчыліну. Яна не кінулася, каб адчыніць хутчэй. Ёй страшна было зрушыць з месца.
Антон увайшоў нарэшце, глянуў на жонку і пачаў павольна распранацца. Зняў сваю баярку. Паклаў яе акуратна на палічку вешалкі. Паволі расшпіліў гузікі, раскручваў чырвоны шалік. І ўсё гэта моўчкі. Галіна баялася спытаць: што там? Што здарылася? Зразумець, здагадацца яна не магла. Каб Савіч было кепска, ён не вярнуўся б так хутка, пакуль бы завёз у клініку, уладзіў, памог… Каб памерла, не так ён паводзіў бы сябе, не, не так. Ён неяк дзіўна, сапраўды зморана заспакоены.
Распрануўся, заглянуў у люстра, правёў далонямі па твары, прыгладзіў валасы. Пайшоў у пакой. Праходзячы міма, ударыў пальцам па клавішы піяніна, бас глуха загудзеў. Пастаяў каля акна. Павярнуўся, убачыў, што Галіна стаіць на парозе і глядзіць на яго, спалоханая, з нямым запытаннем, і адразу стаў звычайным, толькі ўсміхнуўся так, быццам за нешта неўзлюбіў у першую чаргу самога сябе. Ён сказаў проста, спакойна, без злосці, без эфектаў:
– Ты можаш радавацца. Твая дурная рэўнаць выгнала чалавека ў свет… Хворага. Пасля такой аперацыі!..
– Каго?
– Каго! Соф'ю Савіч.
– Я выгнала?! Куды?
– Каб я ведаў куды. У тым і бяда, што не ведае ні Маша, ніхто… Пакуль мы ратавалі маладога Шыковіча, яна з'ехала. Куды? У яе нікога няма з блізкіх. На дварэ – вунь якая лютая зіма…
«Проста так, без прычыны, не знікаюць», – хацела была жорстка кінуць Галіна Адамаўна, бо ў яе ўзнікла падазронасць: ці не хітрасць гэта? Але яна стрымалася. Занадта ўжо незвычайным – ніколі такім не быў! – здаваўся муж. Спытала прыцішаным голасам, мякка, асцярожна:
– Адкуль табе вядома, што яна з'ехала з-за маёй рэўнасці?
Антон Кузьміч моўчкі дастаў з кішэні пінжака сіні канверт, палажыў на стол.
Спакой здрадзіў жанчыне: яна амаль скочыла да стала, схапіла таямнічы канверт, дрыжачымі рукамі выхапіла з яго, як з агню, пісьмо. Спачатку акінула ўвесь тэкст адным ліхаманкавым позіркам, потым, забыўшыся, што муж сочыць за ёй, прачытала скорагаворкай напаўголасу:
«Антон Кузьміч! Як мне звярнуцца да Вас? Дарагі мой таварыш, дарагі чалавек, друг і брат! Вы вярнулі мне жыццё. Якое дзякуй трэба сказаць за адно гэта! Але Вы вярнулі не толькі жыццё. Вы вярнулі мне веру ў людзей, у іх дабрату. У мяне няма слоў, каб выказаць усё тое, што я адчуваю да Вас. Ды і не варта гэта рабіць. Я магла б сказаць, што люблю Вас, а гэта не ўсе могуць зразумець правільна. Дзякуй Вам за ўсё, за ўсё – вось словы, што выходзяць з глыбіні майго сэрца, якое Вы трымалі на далоні. Дзякуй Вам, дарагі Антон Кузьміч!
Нядаўна я даведалася, што з-за мяне ў Вас непрыемнасці ў сям'і. Божа мой! Каб з-за мяне Вы перажывалі, трацілі спакой і цвёрдасць рукі, якая ратуе людзей. Ды лепш я памру! Не, не бойцеся. Я не памру. Цяпер я не памру. Цяпер мне вельмі хочацца жыць, калі я паверыла, убачыла, што навокал многа добрых, сардэчных людзей і свет такі прыгожы. Не турбуйцеся. Не шукайце мяне. Я буду далёка. Можа, пазней я прышлю вестачку. Супакойце Машу. Каб Вы ведалі, як мне цяжка пакідаць усіх вас.
Перадайце прывет Кірылу Васільевічу…
Дзякуй яму за тое, што ён зрабіў для мяне і асабліва для памяці бацькі майго.
Бывайце, добры чалавек. Дазвольце ў думках абняць і пацалаваць Вас.
С. Савіч».
Галіна Адамаўна глытала словы. Яна задыхалася. Спачатку захлынулася шчасцем. Потым у сэрца ўдарыла хваля ўдзячнасці жанчыне, якую, дарэчы, так і не пабачыла. Цяпер яна разумела Зосю і… палюбіла ў адзін міг, як сястру. Безумоўна, тая кахала яе мужа і адчувала, што гэта можа прывесці да няшчасця… А яна сама зведала няшчасце на поўную меру, таму і зрабіла так высакародна. Але, гэта высакароднасць! Сапраўдная. Без фальшу, без позы. Самаахвярная. Так магла зрабіць толькі жанчына, якая кахае гэтак жа моцна, як і яна, Галіна Адамаўна. Але цяпер у яе няма ні рэўнасці, ні злосці. Цяпер яна ўдзячна той, другой, і па-жаночы шкадуе яе.
«Сапраўды, куды яна магла паехаць у такі час?» – Галіна Адамаўна глянула на акно, на шыбах якога мароз выткаў дзівосныя ўзоры. Адчула холад. Яна не ўбачыла, як Антон сеў каля стала. Пачула яго словы:
– Сорам! Які сорам! – Ён цёр далоняй свой лоб.
Цяпер Галіна Адамаўна і мужа цудоўна разумела і таксама пашкадавала. Падышла нячутна, ціха палажыла рукі на дужыя плечы. Памаўчала. Ён таксама нібы стаіўся, нібы чакаў, што ж будзе далей.
– Табе цяжка?
– Мне сорамна.
– Ты кахаў яе?
Ён перасмыкнуў плячамі, нібы хацеў скінуць яе рукі.
– Зноў ты са сваім глупствам. Ды зразумей ты нарэшце, што гэта недарэчна… – Словы такія, што іх трэба было крычаць, а ён казаў ціха, стомленым абыякавым голасам. У яго бракавала сілы абурыцца. Ды і навошта?
Яна прыціснулася шчакой да яго галавы, удыхнула знаёмы родны пах валасоў, і твар яе заззяў ад шчасця.
– Каб ты ведаў, як я люблю цябе, ты не называў бы гэтага глупствам, ты разумеў бы…
– Я ведаю, як ты любіш мяне. Але пара ўжо, каб твая любоў рабілася разумная.
– Любоў ніколі не бывае разумнай, – адказала яна старой кніжнай ісцінай. А яму гэтая сцёртая ісціна чамусьці здалася амаль адкрыццём. Ён падумаў:
«А праўда, ёсць яна ў каго, разумная любоў?»
Антону Кузьмічу не зрабілася непрыемна ад таго, што жонка лашчыцца. Наадварот, яму раптам чамусьці захацелася ласкі. Ён узяў яе руку і прыціснуў да сваёй шчакі. Галіна Адамаўна ледзь стрымалася, каб не зарыдаць. Вось яна, яе перамога, яе шчасце. Ад такога раптоўнага шчасця бывае, што разрываецца сэрца. Яна баялася паварухнуцца, нібы яно магло выпырхнуць, шчасце, ці выплеснуцца з сэрца. А яна даражыла кожнай кропляй яго.
Яны доўга маўчалі.
Кажуць, мозг выпраменьвае электрычныя імпульсы.
Каб яна мела здольнасць лавіць іх, то ўбачыла б, што яго мозг у той міг быў радыётэлескопам, які шукаў згубленую зорку.
Дзе яна?
Куды знікла?
Галіна Адамаўна спытала нарэшце:
– Будзем абедаць?
– Будзем абедаць.
Яна адарвалася ад яго, адчыніла шуфляду серванта, выхапіла бялюткі абрус, узмахнуўшы, заслала ім стол. Антон Кузьміч адышоў да акна. Жонка кінулася на кухню, уміг вярнулася з талеркамі, прыборамі. Паставіла на стол і з пяшчотай у голасе сказала:
– Мы не сустракалі Новы год.
Антон Кузьміч адказаў абыякава:
– Не сустракалі…
Ён не заўважыў, як яна знікала і з'яўлялася зноў. Некалі ён любаваўся яе спрытнасцю ў дамашняй рабоце: усё гарэла пад яе рукамі. Цяпер ён думаў пра іншае, не задумваючыся, адказваў ёй.
– У нас не крануты ўвесь навагодні запас віна. Што ты будзеш піць?
– Усё адно.
– Шампанскае?
– Не. Лепш каньяк.
– Можа, паклікаць Кірылу?
– Як хочаш.
– Не. Я хачу быць з табой. Каб ніхто не перашкаджаў. Дзеці пайшлі на каток. Яны не паверылі, што ты так рана прыйдзеш.
– На ноч бярэцца мароз.
– Але… Пятнаццаць ужо.
– У полі, напэўна, больш.
– Натка лёгка адзяецца. Баюся, прастудзіцца.
– Наташа не прастудзіцца.
– Прашу вас, доктар, да стала.
Ён здзівіўся, што за такі кароткі час – некалькі хвілін – яна так хораша і прыгожа сервіравала стол. У гэтай жанчыны свой талент: яна добрая маці і гаспадыня.
Антон Кузьміч сеў за стол. Жонка села насупраць. Пільна, з замілаваннем і пяшчотай глядзела на яго. Гэтае замілаванне неяк дзіўна збянтэжыла яго. Зрабілася няёмка глядзець ёй у вочы. Ён заняўся бутэлькамі. Доўга адкаркоўваў бутэльку з каньяком. Яшчэ даўжэй, з асцярожнасцю – не заліць бы абрус! – шампанскае.
Галіна любавалася яго вялікімі і прыгожымі рукамі, павольнымі рухамі.
Ён наліў шампанскае ў высокія келіхі. Стралялі пахучымі пырскамі бурбалачкі, лопаючыся.
– За нашых дзяцей! – першая прапанавала тост Галіна Адамаўна, па-мацярынску шчыра.
– За нашых дзяцей.
Наташа ціха адчыніла дзверы (у кожнага з іх свой ключ, бо выходзілі з дому і прыходзілі яны ў розны час), ціха палажыла канькі, ведаючы, што маці не любіць, калі стукаюць, а ў апошні час маці вельмі нервовая. І раптам паверх занавескі на шкляных дзвярах дзяўчынка ўбачыла, што маці і бацька сядзяць за сталом і… чокаюцца келіхамі. Памірыліся!
Ёй гэта найлепшы навагодні падарунак. Таму не магла яна стрымаць сваёй дзіцячай непасрэднасці. Ускочыла ў пакой, калі яны толькі прыгубілі келіхі, здзівіўшы іх – адкуль узялася? – падбегла да бацькі, абняла, моцна пацалавала.
– Я люблю цябе, тата! Ты добры, ты разумны! – Потым, як вавёрка, пераскочыла да маці, пацалавала яе. – І цябе люблю, мама! – І закружыла па пакоі, як на катку, грацыёзная ў сваіх блакітных штоніках, чырвоным світэры і такой жа чырвонай шапачцы. – Я люблю вас! Я ўсіх люблю! Усіх добрых людзей!
Яраш засмяяўся, шчыра ўзрадаваны, што з'явілася дачка. Прапанаваў жонцы:
– Вып'ем за добрых дзяцей. І за добрых людзей!
Але, п'ючы, ён зноў падумаў пра Зосю. Дзе яна? Куды магла паехаць у такі час?
1960–1963 гг.