355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 23)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 23 (всего у книги 28 страниц)

– Што? Выдала?

Антон Кузьміч сціснуў рукамі скроні, на твары яго была пакута.

– Жах! Калі гэта будзе паўтарацца, калі так будзе далей – немагчыма жыць, працаваць…

Шыковіч адкінуў прэч свой гулліва-жартаўлівы тон. Пэўна, справа сур'ёзная, калі нават Яраш, які да ўсіх нягод ставіўся з гумарам, так перажывае. Кірыла ўпаў у крэсла насупраць сябра. Пстрыкнуў партсігарам.

– Ты мне растлумач. Чым ты вінаваты перад ёй, што яна так не верыць?

– Не хапае інтэлігентнасці. Звычайнай культурнасці. Усё няшчасце наша, што мы не выхавалі ў нашай інтэлігенцыі неабходнай інтэлігентнасці. Адгэтуль дзікая рэўнасць маёй жонкі, дзікая подласць Гаецкай, усё што хочаш.

Яны доўга гутарылі пра гэта. Можа, праз добрую гадзіну Валянціна Андрэеўна паклікала іх у спальню.

– Ну вось што, хлопчыкі, – сказала яна двум сталым мужчынам, як малым. – Сядайце і расказвайце. Толькі не круціце хвастамі, а то надзяру вушы.

Яны расказвалі, дапаўняючы адзін аднаго, да позняй ночы.

Здавалася, наступіла прымірэнне.

27

Старшынёй сесіі выбралі Гаецкую. З'яўленне яе за сталом прэзідыума дэпутаты сустрэлі вясёлымі апладысментамі. Раней увесь час старшынёй выбіралі мужчыну, сакратаром – жанчыну. На мінулай сесіі нехта з дэпутатаў зрабіў заўвагу аб такім парадку. І вось упершыню зрабілі наадварот.

Тамара Аляксандраўна са сціплай усмешкай ківала галавой у залу і крышку даўжэй, чым трэба, ціснула руку сакратару – зусім юнаму электразваршчыку будаўнічага трэста. Яна ўмела паказаць сябе людзям! Прыемным голасам абвясціла парадак і рэгламент. Усё было распісана, звыкла, і ніхто не чакаў, што могуць быць заўвагі па парадку. Ды раптам падняўся Яраш і сказаў, што яму для садаклада патрэбна не дваццаць хвілін, як прапануюць, а мінімум гадзіна – ёсць што сказаць пра медыцынскае абслугоўванне гараджан.

Зала загудзела. Такія з'явы здараліся рэдка.

Нехта кінуў уголас:

– Чаму раней не дамовіліся?

Гукан падхапіўся, каб адхіліць просьбу Яраша: будзе грунтоўны даклад загадчыка аддзела і няма патрэбы гэтулькі часу даваць садакладчыку. Але яго апярэдзіла Гаецкая. З абваражальнай усмешкай сказала:

– Я думаю, дамо доктару Ярашу гадзіну. Пытанне важнае, а ён наш лепшы спецыяліст. Хто «за» – прашу падняць рукі.

Работнікі гарсавета, лекары прагаласавалі з-за пэўнай цікавасці, усе другія – з павагі да вядомага хірурга.

А сам Яраш раптам падумаў, што не трэба яму гадзіна. У садакладзе яго, які напісаны даўно, добрыя хвілін дваццаць адводзіліся трэцяму клінічнаму аб'яднанню, якім кіравала Гаецкая. Як будзе вытлумачана цяпер такая жорсткая крытыка яе дзейнасці? Яшчэ да пачатку сесіі па тым, як віталіся з ім знаёмыя, ён зразумеў, што «царыца Тамара» не абмежавалася яго жонкай і жонкай Шыковіча. Кругі ад яе плёткі-каменя шырока разыходзяцца.

Што рабіць?

Майстар у сваёй справе, Яраш быў не надта вопытны ў выступленнях. Шкада, што няма побач Кірылы, той добра ведае «псіхалогію сходаў». Але хітрун з'явіўся, пазубаскаліў з дзяўчатамі, якія рэгістравалі дэпутатаў, атрымаў блакнот і карандаш і знік. У яго прынцып: «На ўсіх пасяджэннях не перасядзіш, усіх дакладаў не пераслухаеш». Праўда, на яго, Ярашаў, садаклад абяцаў прыйсці.

Пакуль загадчык аддзела аховы здароўя да нуднасці аднатонна чытаў свой даклад, Яраш бязлітасна перакрэсліваў, выпраўляў свой.

Пасля даклада патрабавалі перапынку.

Гукан і Тарасаў селі ў буфеце за адзін столік.

– Што, Сямён Парфёнавіч, знішчым па парасяці? Бачыш, як заліты? – весела прапанаваў Тарасаў.

– Не, я – кефірчык.

– Баішся халестэрыну? Мая дачка кажа: халерастэрын. А я не баюся ніякай халеры.

– У твае гады і я нічога не баяўся.

– Але? Нічагусенькі? – як бы здзівіўся Сяргей Сяргеевіч, пасылаючы ў рот ладны кавалак парасяціны. – А я дык усё жыццё каго-небудзь ці чаго-небудзь баяўся. Малы – бацькі, у мяне суровы бацька, у арміі – камандзіра. Калі ранілі, ведаеш, як я баяўся, каб гэтыя эскулапы не адхапілі нагі…

Гукан, слухаючы, стукаў кулаком па дне бутэлькі, каб выліць захаладзелы кефір.

– Бачыў, якія анархічныя замашкі ў Яраша? – раптам перапыніў ён сакратара і так трасянуў бутэльку, што кефір плёхнуўся цераз край шклянкі на стол. Адразу падскочыла афіцыянтка, каб выцерці.

– Чаму анархічныя? А калі яму сапраўды ёсць што сказаць?

– Ох гэтыя мне свяцілы! – Сямён Парфёнавіч разрэзаў лімон, выціснуў палавіну ў шклянку з кефірам.

– Моцна ты вітамінізуешся, – усміхнуўся Тарасаў.

Старшыня гарсавета азірнуўся, нахіліўся над сталом, спытаў паўшэптам:

– Чуў пра яго інтымнае жыццё?

Але, Тарасаў чуў. Нават яго жонка, работніца бібліятэкі, прынесла дадому гэтую навіну. Спачатку ён паверыў: што ж, усё можа быць, такому мужчыну, як Яраш, любая ў абдымкі кінецца. Ён не любіў падобных гісторый, асабліва калі справа даходзіла да партыйнага разгляду, а таму ўзлаваўся на Яраша: яшчэ яго не хапала туды ж? Але калі пра гэта пачалі гаварыць многія другія, сакратар адчуў, што тут нешта не так, што нехта стараецца, каб плётка разышлася па горадзе. Хто і з якой мэтай – хацелася яму даведацца. Таму ён насцярожыўся, калі пра гэта загаварыў і Гукан.

– Старая любоў з дачкой Савіча. Адкуль цягнецца, а? Цяпер ты можаш зразумець «прынцыповую» падаплёку артыкула Шыковіча.

Тарасаў чытаў ужо другі варыянт артыкула, дапоўнены расказам Зосі, Шыковіч прыходзіў раіцца з ім. Усе факты, на яго думку, заслугоўвалі самай сур'ёзнай увагі, хоць для публікацыі патрабаваліся дадатковыя даследаванні. А тут, выяўляецца, вунь як паварочваюць, вунь да чаго зводзяць! Дагэтуль ён ставіўся да старшыні даволі прыязна, хоць бачыў і разумеў яго слабасці і памылкі, частка з якіх ішла ад яго асабістых чалавечых якасцей, другая – ад пэўнага часу, калі ён выхоўваўся як кіраўнік. Ён дараваў Гукану шмат якія слабасці і памылкі: ідэальных людзей мала. Але ад гэтых Гуканавых слоў яго скаланула. Тарасаў раптам убачыў, адчуў, зразумеў: чалавек гэты варожы яму па духу, па складу думак, па адносінах да людзей – па ўсім. І нельга яму паблажліва дараваць! Яго трэба бязлітасна выкрываць!

Сяргей Сяргеевіч сказаў спакойна, але з гнеўнай непрымірымасцю:

– Ух, з якой радасцю ты зрабіў бы іх правакатарамі і агентамі гестапа. Усіх. Нават Шыковіча, які быў у арміі.

Гукан папярхнуўся кефірам.

А ў гэты момант Яраш у фае палаца раіўся з Кірылам, які выканаў сваё абяцанне – з'явіўся паслухаць садаклад сябра. Антон Кузьміч выказаў сваю боязь, каб калегі не палічылі яго крытыку Гаецкай за акт помсты. Ён не хацеў бы змешваць асабістага з грамадскім. Шыковіч, які гадзіну гуляў па парку – любаваўся залатой восенню і абдумаў цікавы кампазіцыйны ход для наступнага раздзела сваёй кнігі пра падполле, быў у бадзёрым і ўзнёслым настроі. Ён бачыў, што Яраш хвалюецца, і як бы радаваўся гэтаму: хоць раз угледзець сябра ў хваляванні. Кірыла слухаў яго з іранічнай усмешкай. Перапыніў нечакана для Яраша, сказаў з вясёлай жорсткасцю:

– Па-мойму, ты робішся талстоўцам.

Яраш здзівіўся:

– У якім сэнсе?

– У гэтым самым сэнсе. Ты мяне здзіўляеш, падпольшчык, дыверсант Яраш. Навука яўна псуе цябе.

Ты – той прыклад, калі інтэлігентнасці замнога, а гэта таксама шкодна. Ды калі яна дала табе аплявуху, плясні яе пяць разоў. Плясні так, каб іскры з вачэй пасыпаліся, нягледзячы на яе прыналежнасць…

– Ты так думаеш?

– Я так зрабіў бы. Тут няма чаго размяжоўваць асабістае і грамадскае.

Пошукі фактаў пра падполле выклікалі ў Шыковіча гэты ваяўніча-наступальны настрой. Памяркоўны, ленаваты і ліберальны раней, ён здзіўляўся цяпер сам сабе: адкуль бярэцца такая энергія, такі імпэт і рашучасць?

Яраш не паспеў у другі раз перабудаваць свой даклад, а таму гаварыў, амаль не заглядваючы ў напісанае. Але гэта прыдало выступленню пафасную жвавасць і злосць да тых бюракратычных непарадкаў, якія мелі месца ў медыцынскім абслугоўванні. Ніхто з дэпутатаў не чытаў больш газеты, ніхто не кляваў носам. Разоў колькі яго перапынялі воплескамі.

Тамара Аляксандраўна кляла тую хвіліну, калі дала згоду заняць старшынскае месца. Сотні вачэй свідравалі яе. Яна бачыла ўсмешкі, розныя па сваіх адценнях, ад зларадных да спачувальных.

Дасталося і выканкому гарсавета.

Гукан не глядзеў на Яраша, ён увесь час, яўна і ўпотай, глядзеў на Тарасава: хацеў зразумець па яго рэакцыі, ці не ўзгадняўся садаклад з ім. Калі ўзгадняўся, тады ўсё ясна. Але было падобна, што многія факты сакратар гаркома чуе ўпершыню. Гэта трохі супакойвала Сямёна Парфёнавіча.

Расчырванелая, узрушаная Гаецкая ў наступны перапынак злавіла Яраша ў фае. Сказала яхідна, але зноў-такі дэманструючы перад людзьмі сваю блізасць з ім:

– Ведаеш, Антон, прымаўку: смяецца той, хто смяецца апошні.

– Уяві сабе, Томачка, што ведаю, – засмяяўся Яраш.

28

Гукану гарком даручыў прысутнічаць на станкабудаўнічым заводзе. Мітынг адбыўся ў апошні дзень з'езда.

Заводскі двор – мора замасленых кепак і палінялых касынак. Трыбуна – грузавік з адкінутымі бартамі – была абсталявана ў глыбіні двара.

Рашэнні дваццатага з'езда аб кульце Гукан прыняў параўнаўча спакойна. Была кароткая разгубленасць, але ні ў якім разе не спалох. Магчыма, усе іншыя пачуцці перамагла тады сенсацыйная цікаўнасць. За пяць год умацавалася перакананасць у тым, што культ сапраўды прынёс шкоду, і ён, Гукан, зусім шчыра гаварыў пра гэта ў сваіх дакладах і выступленнях. І, здавалася яму, гэтак жа шчыра змагаўся за адраджэнне ленінскіх норм кіраўніцтва і жыцця. Рашэнне гэтага, дваццаць другога, з'езда ён таксама прыняў як заканамерную з'яву. Але калі на мітынгу – першы ж пасля сакратара парткома – Тарас Ганчароў нечакана прапанаваў знесці заводскі помнік, Сямён Парфёнавіч неяк балюча скалануўся і… спалохаўся. Не так даўно ён адкрываў гэты помнік.

Ведаючы, што Ганчароў – прыёмны сын Яраша, ён адразу падумаў: «Адна хеўра. Анархісты!»

Яму варта было выступіць, ён не выступіў – не ведаў, што сказаць.

Адпусціўшы машыну, пайшоў пехатой па вуліцах, якія забудоўваліся пад яго кіраўніцтвам. Ён падумаў пра гэта – што амаль увесь новы горад будаваўся пры яго ўдзеле, пад яго кіраўніцтвам. Ён заўсёды адчуваў сябе гаспадаром горада. Гэта надавала яму ўпэўненасці, сілы. І раптам цяпер адчуў, што ніякі ён не гаспадар тут… Але ад гэтага адчування яму зрабілася страшна. Упершыню ён не радаваўся рашэнням партыі, а ён жа заўсёды лічыў сябе самым верным яе сынам. Што ж здарылася, Сямён Парфёнавіч? Што змянілася? Вось ад гэтага яму сапраўды стала страшна, аж кінула ў пот, хоць апошні кастрычніцкі дзень быў ужо амаль па-зімоваму халодны. Ён падумаў пра Шыковіча і Яраша, падумаў неяк зусім інакш, чым думаў дагэтуль, – без сувязі з гісторыяй, якую расказала Гаецкая, з учынкам Славіка, выступленнем Тараса. Ён пазайздросціў ім. Лёгка ім жывецца, калі што і няясна, незразумела, то – пра другіх, а ў саміх іх, напэўна, усё ясна і ўсё проста. А вось ён, Сямён Гукан, у самім сабе не можа разабрацца. Хто і што ён, маленькі чалавек, радавы работнік? (Ён раптам пачаў думаць пра сябе як пра зусім маленькага чалавечка.) «З якою радасцю ты зрабіў бы іх правакатарамі». Няпраўда, таварыш Тарасаў! Я нікога не думаю рабіць правакатарамі! – хацелася крыкнуць яму на ўвесь горад.

Дадому ён прыйшоў разбіты, з галаўным болем. Хацелася легчы ў ложак, выклікаць лекара.

Жонка яго, Вольга Раманаўна, старая і шчырая работніца ашчаднай касы, раней газеты толькі праглядала і чытала галоўным чынам фельетоны ці тыя матэрыялы, якія хто-небудзь перад гэтым параіў. А тут за вялікім сталом сядзела абкладзеная кіпамі газет.

Гукан заглянуў цераз жончына плячо, вырваў вачамі абзац, другі. Захацелася яму шчыра, па-сямейнаму, без сведак, пагутарыць з жонкай. Яна, на яго думку, не надта разумная, аднак па-жаночы чулая. За трыццаць год добра вывучыла яго, неаднойчы ў цяжкую хвіліну суцяшала, можа, і цяпер зразумее, як нялёгка яму.

– Як табе, Оля, падабаецца ўсё гэта?

– Што?

– Ну, з культам…

– А што? Правільна! Не так трэба служыць народу, каб быць побач з Леніным, – не ўзняўшы галавы, адказала жанчына.

Сямёна Парфёнавіча чамусьці ўзлаваў яе такі адказ і тое, што яна не адарвалася ад газеты.

– Разумныя вы ўсе пасталі! Заднім чыслом. Палітыкі ліпавыя! Абед давай! Зачыталася!

Здаралася, што раней ён гэтак крычаў на яе, у маладосці. Але калі выраслі і раз'ехаліся дзеці, а ў іх пасівелі галовы, Сямён многа год ужо такім тонам з ёй не размаўляў.

Вольга Раманаўна здзівілася. Пільна паглядзела на мужа. Яна не разумела яго. Чаму ён у такой злосці, калі ўвесь народ радуецца? Мякка спытала:

– Што здарылася, бацька? Непрыемнасці?

Яму зрабілася няёмка, ён памякчэў:

– Ніякіх непрыемнасцей няма. Стаміўся. У сэрца коле.

– Прымі валідол. Паляжы, пакуль я згатую што-небудзь. Я сапраўды зачыталася.

Ляжаць Сямён Парфёнавіч не здолеў. Лекара не выклікаў. Пахадзіў па трох пакоях сваёй кватэры, пачытаў газеты, паглядзеў па тэлевізары канец нейкага замежнага кінафільма – нічога не зразумеў.

Зноў вяртаўся ў думках да заводскага мітынгу.

Ён не дапускаў думкі, што не згодзен з рашэннем з'езда. Не, ён згодзен. Але ўсё-такі, здавалася яму, нешта рабілася не так. Асабіста ён так не зрабіў бы.

Вось хаця б з помнікамі гэтымі… Прыгадалася, што помнік на плошчы рабіўся ў першы год яго старшынства. Ён, гаспадар горада, прыклаў столькі энергіі. Было ўрачыстае адкрыццё. Свята. Мітынг. Ён казаў прамову, і прамова яго была адной з лепшых. Праўда, напісаць яе дапамог Шыковіч. Ён, Гукан, пазваў, і той адразу ж з'явіўся, сеў за працу… Быў парадак. А цяпер? Той жа Шыковіч, сярэдні журналіст, паводзіць сябе бог ведае як. Усё хоча перавярнуць дагары нагамі.

Моцна кальнула ў сэрца. Сямён Парфёнавіч прыціснуў руку да грудзей, быццам жадаючы падтрымаць яго, сваё патрывожанае сэрца.

29

Шыковіч пісаў дакументальную аповесць пра падполле. Але «белая пляма» – група інфекцыйнай бальніцы – моцна перашкаджала завяршэнню работы. Уласна кажучы, не было ніякай «белай плямы». Пра гэтую групу ён ведаў цяпер больш, чым пра любую другую. Аднаго толькі не разумеў: навошта гестапа спатрэбілася такая правакацыя з Савічам? Гэтага не разумелі многія. Выказвалі сумненні. Яны злавалі Кірылу: жыве яшчэ недавер да людзей! Хіба жывыя людзі – Сухадол, Зося – не самыя лепшыя дакументы? Праўда, ніхто, акрамя хіба Гукана і Рагойшы, так адкрыта не паказваў, што не верыць іх расказам. Аднак недзе паміж радкамі выказванняў самых аб'ектыўных і шчырых людзей Шыковіч чытаў: усё-такі Зося – дачка, Сухадол – нейкая лекарка, да таго ж не такая ўжо актыўная падпольшчыца, старая жанчына, якая з-за склерозу і даўнасці магла шмат што наблытаць.

Урэшце і сам даследчык зразумеў, што не хапае яму той нітачкі, знайшоўшы якую можна разблытаць увесь клубок. Тут трэба было або шукаць гэтых кончыкаў ніткі, або секчы гордзіеў вузел. Ён шукаў настойліва, упарта. Ездзіў у цэнтральны партызанскі архіў. Доўга сядзеў там, выкарыстаўшы свой адпачынак. Шукаў падпольшчыкаў. Ах, каб яму далі магчымасць апублікаваць артыкул! Тады людзі, безумоўна, прыйшлі б самі. Тарасаў абяцаў, але ўсё чамусьці адцягваў.

Шыковіч у адным памыляўся: яму здавалася, што ўсёй гэтай справай па-сапраўднаму займаецца адзін ён. Ды яшчэ Яраш. І ўсё. Ён не думаў, што падполлем займаюцца многія людзі, па розных лініях, у розных аспектах. Яго пошукі, магчыма, толькі з'явіліся тым каталізатарам, які паскорыў рэакцыю. Неўзабаве ён зразумеў гэта.

У лістападзе ўжо, калі за акном лёталі «белыя мухі», пазваніў Сербаноўскі. Кірыла даўно не бачыўся з капітанам і ўжо амаль страціў надзею, што той можа нечым памагчы яму. Сербаноўскі прасіў зайсці да яго заўтра.

– А сёння нельга? – з нецярплівасцю спытаў Шыковіч.

– Не, заўтра. У адзінаццаць.

Капітан за гэты час зрабіўся маёрам. Вырас. Але здавалася, яшчэ больш схудзеў: глыбей запалі вочы і як бы пабольшалі вушы – адтапырыліся наперад, быццам чалавек насцярожана ўслухоўваўся ў падманную цішыню. Вітаючыся, Шыковіч адчуў мазалі на яго далоні, успомніў пра хворую жонку і пашкадаваў гэтага засяроджанага і, відаць, упартага ў любой працы чалавека. Але Сербаноўскі нечакана выявіў даволі бадзёры настрой і добрую, амаль сяброўскую прыязнасць.

– Што маем новае, Кірыла Васільевіч?

– Па групе чыгуначнікаў знайшоў гару новых дакументаў, па групе Савіча… – Шыковіч развёў рукамі. – Акрамя ўсяго іншага, гэтыя людзі здорава ўмелі маўчаць.

– Але, – згадзіўся чэкіст. – Не дзеля ўласнай славы яны змагаліся. І не думалі, што нам з вамі прыйдзецца не спаць начамі, каб даследаваць іх дзейнасць.

Не спыняючы размовы, маёр набраў нумар тэлефона, коратка загадаў:

– Арыштаванага Дымара да мяне.

Шыковіч устрапянуўся:

– Што-небудзь новае?

– Зараз пабачыце і пачуеце, – усміхнуўся Сербаноўскі. Падняўся з-за стала, пацягнуўся, падышоў да акна і адчыніў фортачку. – Як ваш сябра Яраш жыве?

Шыковіч насцярожыўся: ці не дайшла і сюды, у гэты старажытны будынак, плётка пра сувязь Антона о Зосяй? Адказаў жартам:

– Рэжа людзей без літасці.

– Мне Вагін расказваў: здорава ён выступіў на сесіі. Малайчына!

– Але. Прыйшлося каму-нікаму пачухацца.

Пастукалі ў дзверы.

– Заходзьце! – гучна крыкнуў Сербаноўскі. Хутка ўзяў ад сцяны крэсла, паставіў на вугал стала, з таго боку, дзе сядзеў сам. Кіўнуў Шыковічу: – Сюды, калі ласка…

Кірыла хутка перасеў.

Ён чакаў убачыць у арыштаваным грамілу з бандыцкай мордай, а ўбачыў раптам у дзвярах старога – сівога, сухога, з пакорліва-дабрадзейным выразам твару. Салдат з аўтаматам на грудзях пачаў дакладваць:

– Таварыш маёр…

Сербаноўскі спыніў яго знакам рукі:

– Пасядзіце ў калідоры.

– Слухаюся, таварыш маёр! – Шчоўкнулі абцасы, бясшумна зачыніліся дзверы.

Стары, як бы раптам успомніўшы, сарваў з галавы кепку:

– Добры дзень, грамадзянін следчы.

– Добры дзень, – адказаў Сербаноўскі як быццам і ветліва, але Шыковіч адразу адчуў знявагу і агіду ў яго голасе.

Маёр стаяў каля акна, залажыўшы рукі за спіну. Шыковіч упершыню ўбачыў яго такім – высокім, стройным, паважным і нават гордым, магчыма, за сваю нялёгкую, але пакуль што вельмі патрэбную прафесію. Ва ўсякім разе, у гэты момант ён зусім быў не падобны на таго сутулага, са змораным тварам капітана, якога Шыковіч некалі сустракаў на вуліцы і чамусьці неўзлюбіў завочна, пакуль не пазнаёміўся, не пачаў разам працаваць.

– Сядайце, – паказаў Сербаноўскі арыштаванаму на крэсла, што стаяла амаль пасярод пакоя.

Стары цяжка ўздыхнуў і сеў. Маёр прайшоў міма яго і зайшоў з другога боку стала на сваё месца.

«Няўжо гэты дзядуля сур'ёзны злачынца? – думаў Шыковіч, разглядаючы арыштаванага. – Такі бяскрыўдны твар. Тонкія кісці, пальцы рук, як у музыкі. Няўжо з інтэлігентаў? Не, ёсць у ім нешта лакейскае. Хутчэй афіцыянт які-небудзь. Сумеў агледзець мяне так, каб не сустрэцца позіркамі. Ацаніў касцюм».

Сапраўды, сівы дзядуля прыкінуў па адзенню: хто гэты другі – цывільны ці пераапрануты чэкіст? Пазнаваць людзей па вопратцы ён умеў добра.

– Грамадзянін… – Сербаноўскі як бы забыўся прозвішча і заглянуў у паперы, – Дымар-Сокалаў-Беразоўскі… Я ўсё забываю, якое з гэтых прозвішчаў ваша сапраўднае?

– Ну Дымар, Дымар, Ды-ы-ма-ар, – раздражнёна праскрыпеў стары.

Сербаноўскі ўскінуў галаву, сказаў:

– Я прашу вас спакайней.

– Ды я спакойны, грамадзянін следчы. Я ўжо спакойны, – раптам скіс, згорбіўся арыштаваны, нахіліўся, кранаючыся кепкай падлогі.

– Чым вы займаліся да вайны, Дымар?

– Рабіў закройшчыкам у атэлье.

– У часе вайны?

– Трымаў сваю майстэрню, кравецкую. Невялічкую.

– А яшчэ чым займаліся?

– Эх, грамадзянін начальнік! – ляпнуў раптам стары кепкай па падлозе, выпрастаўся, упершыню не хаваючы вачэй, паглядзеў на Шыковіча. – Не абрыдла вам цягнуць адно і тое ж па дзесяць разоў?

– Адказвайце на пытанні!

– Ну, выконваў некаторыя заданні паліцыі, – глуха, у падлогу, адказаў Дымар.

– Чые яшчэ заданні выконвалі?

– У СД не служыў! – пісклява крыкнуў арыштаваны. – Чаго не было, таго не было! Я ўсё вам сказаў. Нагаворваць на сябе мяне не прымусіце!

– Чакайце, чакайце. Не прыкідвайцеся дурнем. Нам добра вядомы ўзаемаадносіны СД і паліцыі. І вам яны не горш вядомы. Якія канкрэтна заданні вы выконвалі?

Прозвішча выпала ў Шыковіча з галавы – эпізадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамінаць сотні розных прозвішчаў, беларускіх, расейскіх, нямецкіх. Але калі ён пачуў аб прафесіі гэтага чалавека, то адразу прыгадаў Ярашаў расказ. Не стрымаўся, звярнуўся да Сербаноўскага:

– Прабачце, Анатоль Барысавіч. Як імя, імя па бацьку арыштаванага?

– Адказвайце, Дымар!

– У вас жа запісана.

– Пытаюць у вас.

– Назар Авяр'янавіч.

– Гэты тып шпіёніў за Ярашам, – сказаў Шыковіч маёру.

Дымар зноў выпрастаўся, з неўразуменнем паглядзеў на Шыковіча, які задае пытанні зусім не прафесійна. Значыцца, не чэкіст, не вышэйшы начальнік. Хто ж? Сведка?

– Вы ведаеце Яраша? – спытаў у яго Сербаноўскі.

– Не, не, – хутка, не падумаўшы, адказаў здраднік. – Такога прозвішча не чуў.

– Кузьма Клешч. Пажарнік. Ведалі такога?

Дымар на хвіліну задумаўся, непрыгожа, па-старэчы, звесіўшы сківіцу, ад чаго рот ператварыўся ў нейкую бясформенную шчыліну. Потым як быў узрадаваўся:

– Ах, Клешч? Пажарнік? Помню, помню. Прызнаюся, меў заданне прасачыць за ім. Меў, меў… Але. Грамадзянін начальнік! Прашу запісаць гэта. Не выдаў. Не. Не выдаў, хоць раскусіў, што гэта за птушка. Аро-ол! – на высокай ноце, як бы з захапленнем выгукнуў стары шакал і раптам хіхікнуў: – Гэта ж ён Лучынскага… фота яго пасля размножвалі. А я не выдаў. Добры чалавек. Спадабаўся мне. Значыцца, жыве Кузьма Клешч? Хе-хе, Клешч. Вось вам яшчэ факт. Запішыце. Не выдаў я добрых людзей!

– Гэта запішам, – сказаў Сербаноўскі, сапраўды старанна занатоўваючы ўсю размову, яго проста-такі прафесійна ўзрадавала, што Яраш ведае здрадніка і на працэсе будзе такі аўтарытэтны сведка.

– Ад каго вы, Дымар, атрымалі заданне шпіёніць за Кляшчом?

– Усё ад таго ж Швагерава.

– А Лотке вы ведалі? – спытаў Шыковіч.

– Лотке? Немец? Першы раз чую.

– У той час, калі вы шпіёнілі за Ярашам, Лотке быў механікам у пажарнай.

– Я пажараў не тушыў, – нахабна і нечакана дзёрзка адказаў здраднік.

– Вы іх распальвалі, – кінуў Сербаноўскі, запісаўшы і гэты дыялог.

Нечаканыя адкрыцці далі новы матэрыял, новых сведкаў.

У Шыковіча цудоўная памяць. У падполле ён улез грунтоўна. Але ён, Сербаноўскі, ведае, што больш за ўсё зараз цікавіць пісьменніка. Дзеля гэтага і паклікаў яго сюды.

Узяўшы з папкі пажоўклы аркуш з вучнёўскага сшытка, Сербаноўскі паказаў яго арыштаванаму.

– Вы пісалі?

– Ну я. Я. Я! – зноў раздражнёна, перакасіўшы твар і прыціснуўшы дзвюма рукамі кепку да грудзей, праскрыпеў Дымар.

Маёр падсунуў аркуш да Шыковіча. Кірыла ўбачыў тую ж запіску начальніку следчага адзела паліцыі пра Савіча, якую ўжо аднойчы Сербаноўскі паказваў яму.

– Ён?

– Ён. Паўмесяца адмаўляўся. Не хацеў прызнаваць ніякіх экспертыз. Пакуль не выклікалі з далёкіх краёў таго, каму адрасавана запіска.

Здраднік сядзеў, панурыўшы галаву, быццам і не слухаў, не чуў, пра што гавораць следчы і гэты, другі, незнаёмы.

– Грамадзянін Дымар, што вы можаце сказаць пра доктара Савіча?

– Што я магу сказаць пра Сцяпана Андрэевіча Савіча? – Ён па-жаночы гаротна схіліў сваю маленькую сівую галаву набок, паківаў ёй. – Я магу толькі сказаць, што гэта быў залаты чалавек. Я пятнаццаць гадоў шыў яму касцюмы і паліто. Прымяраў на даму. І заўсёды выходзіў з гэтага дома начаставаны вось так. – Дымар правёў далоняй па шыі; дзіўна мяняліся інтанацыі яго голасу: то ён скрыпеў, як старая асіна, то сыпаў, як гарохам, то цягнуў павольна, з амаль лірычнай задумлівасцю.

– І вы гатак аддзякавалі яму? – не вытрымаў Кірыла.

Здраднік закаціў вочы пад лоб, быццам намерваўся прачытаць пакаянную малітву.

– Усё зло ў свеце ад грошай. Хацеў выбіцца ў людзі… – Ён цяжка ўздыхнуў.

– На смерці другіх?

Спачатку Кірыла слухаў спакойна. Больш было прафесійнай цікаўнасці да гэтай быццам выкапанай пачвары, да таго, як ён паводзіць сябе, і наогул да ўсяго працэсу допыту, чым абурэння, гневу. Але калі дайшло да Савіча, калі здраднік з цынічным прытворствам пахваліў нябожчыка, у Кірылы перавярнула ўсю душу. У яго не было выпрацаванага гадамі спакою Сербаноўскага. Яго прафесія дазваляла яму даваць волю сваім пачуццям. Ён адчуваў, як усё мацней і мацней грукае сэрца, аж пачало звінець у вушах. Ён зняў са стала рукі свае, каб яны былі далей ад цяжкага чарнільнага прыбора. Мабыць, маёр адчуў, што робіцца з ім, бо сурова сказаў арыштаванаму:

– Давайце, грамадзянін Дымар, без філасофіі. Што дало вам падставы напісаць такую запіску?

– Чуццё. Я ды каб не ведаў Савіча! Хе. Як аблупленага. Я ніколі не верыў, што ён шчыра служыць немцам. Ён заказаў у мяне касцюм. Я на прымерках пачаў «мацаць», чым жа ён дыша. Даверліва расказаў яму пра зверствы гітлераўцаў. А ён кажа: мы самі вінаваты. І супраць партызан нешта сказаў. Хе, Савіч супраць партызан! Я падумаў тады: «Каго ты хочаш правесці, доктар Савіч? Хе».

– Ну і гніда! – кінуў Шыковіч з агідай.

Здраднік уздрыгнуў, але тут жа натапырыўся, як певень, віскнуў:

– Прашу не абражаць! Я чалавек…

– Які ты чалавек! Ты горш вошы тыфуснай!..

– Кірыла Васільевіч! – дакорліва паківаў галавой Сербаноўскі.

– Калі да мяне будуць вось так, я не скажу больш ні слова. – І Дымар надзьмуўся, ужо з інакшым выразам адвесіўшы сківіцу.

Шыковіч толькі цяпер убачыў, што ўсе зубы ў яго ўстаўныя. Ад гэтага зрабілася так брыдка, што Кірыла баяўся, каб не званітавала.

– Гэта вы засвоілі, – сказаў Сербаноўскі, набіраючы нумар тэлефона. – Ало. Швагерава да мяне. – Паклаўшы слухаўку, паўтарыў: – Свае правы вы засвоілі, – і сказаў Шыковічу: – Аднойчы, калі ён вывеў мяне з цярпення вось так, як вас, і я павысіў голас, ведаеце, што сказаў гэты «законнік»? «Можа, ударыць хочаце? Ага, баіцеся! Не той час». Ніколі, ні ў які час, я не стаў бы пэцкаць рукі аб вас, Дымар. Брыдка.

Шыковіч спытаў ужо амаль спакойна?

– Усё ж цікава, што вас прымусіла прадаваць людзей фашыстам? Лепшых людзей.

Дымар заплюшчыў адно вока, быццам крыўляўся, як блазен, і не адказваў.

– Раскажыце, як вы сталі Беразоўскім, – загадаў маёр.

Здраднік заплюшчыў другое вока і звесіў сівую галаву на грудзі.

Расказаў сам Сербаноўскі:

– Вам гэта павінна быць цікава, Кірыла Васільевіч. Знішчыўшы дакументы на Дымара, ён сімуляваў прыступ эпілепсіі. Упаў на вуліцы ўвечары. У Куйбышаве гэта было. Так, Дымар? Натуральна, трапіў у бальніцу. Апрытомнеў – цап-мац, пуста ў кішэнях. Усё нібыта вычысцілі: дакументы, грошы, гадзіннік. Прозвішча? Беразоўскі, Сяргей Пятровіч. Па даведцы з бальніцы атрымаў новы пашпарт. Хутка асталяваўся ў Вольску. Лепшым краўцом лічыўся ў рабочых цэментавых заводаў.

Дымар на міг падняў галаву, і дзіўная ўсмешка скрывіла яго бяскроўныя вусны.

У пакой, атрымаўшы дазвол, увайшоў каранасты барадач у ватоўцы, у высокіх юхтовых ботах. Постаць яго, хада, рукі выдавалі чалавека фізічнай працы. Можа, таму недарэчнымі і непатрэбнымі здаваліся акуляры на яго барадатым шырокім твары.

Шыковіч угледзеў, з якой нянавісцю зірнуў на дзябёлага барадача мізэрненькі Дымар.

Швагераў – былы следчы паліцыі – прывітаўся і дысцыплінавана пачакаў каля парога, пакуль Сербаноўскі не паказаў яму, куды сядаць.

– Ну, чым вы займаецеся? – спытаў маёр.

– Аглядаю горад. Які горад вырас! Які горад! – і ўздыхнуў на поўныя грудзі не то ад захаплення, не то шкадуючы, што горад збудаваны без яго.

– Горад – песня, – згадзіўся Сербаноўскі.

– Песня?! Гэта вы добра сказалі. – Швагераў, не здымаючы акуляраў, выцер чыстай хусцінкай вочы.

– Скажыце, Швагераў, што даносіў вам Дымар пра Кузьму Кляшча?

Падследчы насцярожана павярнуў галаву да сведкі. Швагераў задумаўся.

– Я вам напомню. Пра таго хлопца, які пакараў Лучынскага.

– Ах, пра Яраша?

– Скажыце, адкуль вы ведаеце яго сапраўднае прозвішча?

– Пасля таго здарэння хутка ўстанавілі, што ніякі ён не Клешч, а студэнт медтэхнікума Яраш. Уся паліцыя была паднята на ногі, каб знайсці яго.

– Хочаце ведаць, у каго ён хаваўся? У доктара Савіча.

Кашлатыя бровы Швагерава варухнуліся ад здзіўлення. А Дымар каўзануўся на крэсле і праскрыпеў:

– Пра Кляшча я нікому слова не сказаў.

Швагераў паківаў галавою:

– Мне пра Яраша ён не гаварыў.

– Швагераў, я не хачу вам лішні раз напамінаць, што значыць для вас шчырасць і сумленнасць.

– Таварыш маёр! За сваю віну я пятнаццаць год меў. Нядаўна пачаў жыць нанова. Адчуў сябе чалавекам. Вы чыталі мае характарыстыкі… Дык няўжо вы думаеце, што я буду цяпер выблытваць гэтага… павука?

– Сам ты павук! – злосна агрызнуўся Дымар.

– Быў, – спакойна згадзіўся Швагераў. – Але цяпер стаў чалавекам.

– Вы ведалі, – Сербаноўскі глянуў у паперы, – Лотке? Механік у пажарнай быў перад здарэннем з Лучынскім.

– Лотке? – Швагераў хмыкнуў. – Якіх толькі прозвішчаў у яго не было. Гэта Ганс Крафт. Каланіст з Украіны. Шпіён.

– Агент СД?

– Безумоўна.

– Дымар быў знаёмы з Крафтам?

– Не, не быў! Не ведаю ніякага Крафта! – паспяшаўся адмовіцца стары правакатар.

– А па-мойму, быў, – сказаў Швагераў. – Нешта мне прыпамінаецца, што, калі ты шыў мне касцюм, Крафт таксама прыйшоў на прымерку. Тады ён быў у форме чыгуначніка.

– Мала каму я шыў! Усіх…

– Ясна! – перапыніў Сербаноўскі. – А цяпер паўтарыце коратка свае паказанні па справе Савіча.

Швагераў зразумеў, што паўтарыць трэба для гэтага, другога, незнаёмага яму чалавека ў цывільным, і павярнуўся да Шыковіча, пачаў расказваць яму:

– Ну, Савіча мы лічылі надзейным. Вядома, для «новага парадку». Многія дзеячы выклікалі падазрэнне. Ён – не. І раптам яго запіска, – кіўнуў на Дымара, потым на стол, – тая, што ў справе. Я ведаў яго манеру, – зноў кіўнуў на свайго былога сябра. – Там, дзе няпэўна, ён гаварыў вусна, дзе пэўна, заўсёды пісаў, каб пакінуць дакуменцік, відаць.

– Хлусіш! – праскрыпеў Дымар.

– Навошта ж мне хлусіць? Я нават разгубіўся. Прызнаюся, было жаданне самому злавіць такога сама, як доктар Савіч. Падзяка, грошы, кар'ера, няхай яны спрахнуць… Мы ж там адзін аднаму не верылі, адзін аднаго хаваліся, каб перахітраваць, вырвацца ўперад. Але пабаяўся я сам… Вялікая адказнасць. Куды мне! Начальніку сказаў. Той, помню, таксама разгубіўся. Калі, кажа, Савіч з імі, з нашымі, значыцца, з партызанамі, нікому, кажа, з нас не будзе веры ад СД. Уцячэ Савіч – труба будзе нам. Узяць яго без доказаў – таксама не лягчэй. Адным словам, ламаў галаву начальнік. Мне нічога не даручыў, хоць справай з медыкаментамі займаўся я. Але мы яшчэ раней дамовіліся весці яе, як звычайную крымінальную. Гэта, ведаеце, куды прасцей: крымінальнымі справамі менш цікавіліся. Хто з іх данёс у гестапа, – ён, – зноў ківок у бок Дымара, – ці начальнік паліцыі – гэтага я не ведаю.

– Сам ты!.. Сам данёс! – раптам закрычаў Дымар. – А цяпер хочаш зваліць на мяне? Хочаш быць чысценькім? Не выйдзе!

– Не, я не чысценькі. Але я ў сорак чацвёртым прыйшоў з лесу. Вось я, судзіце. А ты дзе быў? Не я пачаў шпіёніць за Савічам. Я наогул ні за кім не шпіёніў. Я вёў справы як следчы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю