Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 28 страниц)
Непрыязны адказ на недарэчнае пытанне сваё Рагойша прыняў як жарт. Засмяяўся. Сеўшы насупраць, глянуў у рукапіс, які правіў Шыковіч, здзіўлена свіснуў:
– Вось аўтара гэтага сапраўды няма. Ні рожак, ні ножак не засталося. Хто пісаў?
– Я.
– Сам сябе так правіш? – шчыра здзівіўся Рагойша. – Ну-у? Здорава! – І пажартаваў: – Талстой. Толькі не Леў.
Але, відаць, усумніўшыся, пацягнуўся да перагорнутых выпраўленых старонак, каб глянуць на тытульную. Кірыла прыціснуў старонкі локцем. Аўтарам рэцэнзіі была супрацоўніца рэдакцыі, да якой Рагойша ставіўся не надта прыязна. І Шыковіч не хацеў даваць яму лішні козыр супраць гэтай жанчыны. Рука Рагойшы застыла на стале, пальцы ляглі на рукапіс. Пасінела ружовая піка лысіны – абразіўся чалавек, што Шыковіч, не жадаючы паказаць рукапіс, як бы выказвае яму недавер. Але Рагойша знайшоў выйсце з няёмкага становішча. У левай руцэ ён трымаў кніжку. І тут жа паклаў яе на стол. Гэта была аповесць Шыковіча, што нядаўна выйшла з друку. Кірылу здзівіла такая неспадзяванка. Ён адарваўся ад рукапісу і пільна паглядзеў у лупатыя, як у хворага на зоб, вочы Рагойшы. Вочы былі халодныя, а твар разрыхліўся ад усмешкі.
– Вось купіў. Надпішы на памяць. Сам не здагадаешся падараваць.
Кірыла ведаў, што ў дадатак да ўсіх іншых сваіх якасцей загадчык прамысловага аддзела яшчэ і скупы, кнігі купляе рэдка. А таму той факт, што ён купіў яго аповесць, прыемна ўразіў і нават закрануў аўтарскае самалюбства. Кірыла адразу падабрэў. Узяў кніжку, задумаўся, што напісаць, каб не шаблоннае.
– Колькі ганарару адхапіў?
– Тры.
– На новыя? Ого! Куды ты дзяваць іх будзеш?
– Палавіну табе аддам.
І дзіўна, гэты, здавалася б, зусім нявінны жарт пакрыўдзіў Рагойшу. Ён усхапіўся з крэсла, тоўсты нос яго і вушы пабурэлі. Злосна кінуў:
– Сынку свайму аддай. Яму на рэстараны трэба.
Не, не абразіла і не пакрыўдзіла гэта Шыковіча, а неяк балюча ўкалола. Ён раптам зразумеў, што зайздросны і крывадушны чалавек гэты зайшоў зусім не за тым, каб атрымаць аўтограф, што ў душы ён радуецца непрыемнасці са Славікам. Абурэнне яго было дзіўнае – ціхае. Няхай бы ён лепш закрычаў, вылаяўся. Пры сваёй флегматычнасці ён зрэдку-такі ўзрываўся і мог моцна крычаць, гэта ў рэдакцыі ведалі. Дык не ж, ён зрабіў нешта зусім нечаканае і для самога сябе, і для Рагойшы, для ўсіх. Спакойна ўстаў з-за стала, падышоў да загадчыка аддзела, узяў за каўнер паласатага пінжака, падвёў яго, страшэнна ашаломленага, да дзвярэй, ударам нагі шырока адчыніў іх і выкінуў Рагойшу ў калідор, як непатрэбную рэч. Зачыніў дзверы і зноў-такі даволі спакойна вярнуўся да стала. Ціхае кіпенне ўсярэдзіне пачало хутка ўтаймоўвацца. Прыгадаўшы, які ў Рагойшы зрабіўся твар, калі ён узяў яго за каўнер, Кірыла нават засмяяўся.
Хутка яго паклікалі да рэдактара. У доўгім і вузкім кабінеце акрамя рэдактара сядзеў дырэктар тэлестудыі Аляксей Тукала, стары прыяцель Шыковіча, некалі разам пачыналі пісаць, разам працавалі многа год. Кірыла ўзрадаваўся, што размова будзе не адзін на адзін і што нарэшце ён зможа высветліць віну сына. Тукала, напэўна ж, усё ведае.
Шыковіч, як звычайна, весела прывітаўся. Але тое, што Аляксей, працягваючы руку, афіцыйна-ветліва прыўзняўся, насцярожыла яго.
Няўжо Алёша Тукала падкрэслівае дыстанцыю паміж сабой і ім, Шыковічам? Смешна.
Не таму, што сумеўся, а знарок, каб паглядзець, што ж будзе далей, Кірыла напусціў на сябе выгляд вінаватага – не павітаўся з рэдактарам за руку, ціха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Але бачыў, што і дырэктар студыі і рэдактар разглядаюць яго з павышанай цікавасцю.
«Алёшу ўразіла мая новая якасць – уменне выкідваць з кабінета дурняў», – падумаў весела.
Жывіцкі – прынцыповы кіраўнік і ўвогуле добрай душы чалавек. Ён цаніў людзей, якія ўмеюць пісаць, абараняў кожнага здольнага журналіста. Шыковічам жа проста ганарыўся – не кожная газета мае такога нарысіста і фельетаніста. Ніколі ў адносінах да яго не выяўляў сваю рэдактарскую ўладу. Таму і размову гэтую яму пачаць было нялёгка.
– Кірыла Васільевіч, скажы, калі ласка, што ў вас адбылося. Рагойша тут дакрычаўся да сардэчнага прыступу. Лекара выклікалі. Заявіў, што пойдзе ў гарком…
– Няхай ідзе…
Мяккасць і асцярожнасць, з якой Жывіцкі пачаў сваю прамову, адразу зрабілі Кірылу сур'ёзным і злосным. Злосным на Рагойшу. Дзіўна, да слоў рэдактара ён не адчуваў гэтай злосці.
– Не, ты чакай… З крыку Рагойшы я нічога не зразумеў. Растлумач ты хоць, што ў вас адбылося.
– Нічога не адбылося. Ён папракнуў мяне за сына. Я не ведаю яшчэ, што там натварыў мой сын. Але калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! – цвёрда папярэдзіў ён, чамусьці звяртаючыся да Тукалы.
Той як бы ўздрыгнуў, узняў галаву ад паперы, на якой рысаваў тоўстым сінім алоўкам кароткіх смешных чалавечкаў, пільна паглядзеў на Шыковіча праз вялікія люстраныя акуляры, у якіх адбіваліся вокны і дрэвы на вуліцы, сказаў:
– Але, накуралесіў твой Уладзіслаў.
– Што ён зрабіў?
– Напіўся. Прыставаў да ангельскіх турыстаў. Чаго ты лезеш да чужаземцаў? Што табе трэба ад іх? Раскрычаўся, што скіне на Ангельшчыну бомбу. Скажы, калі ласка, камандуючы ракетнымі войскамі! – абурана перасмыкнуў Тукала плячамі.
– Усяго? – мімаволі вырвалася ў Кірылы, бо сапраўды ён адчуў палёгку, даведаўшыся дакладна, што ўчыніў сын.
– «Уся-го»?! – Тукала падхапіўся, загрымеўшы крэслам, абурана кінуў аловак, і шасціграннік пакаціўся па доўгім стале з дробным стукам, але не ўпаў на падлогу, спыніўся на самым краі. – «Усяго»! Ты чуў, Станіслаў Іванавіч? З яго гэтага мала! Табе хацелася, каб ён перавярнуў рэстаран дагары нагамі ці забіў каго?..
Шыковіча напачатку мала закрануў крык Тукалы. Ён прасачыў, як каціўся аловак, і сур'ёзна зацікавіўся, якая перашкода спыніла яго на самым краі стала. Сказаў лагодна:
– Не крычы, Аляксей.
Але той ужо ўзрушана хадзіў па кабінеце, зняўшы акуляры (мабыць, баяўся, што яны зваляцца) і размахваючы імі.
– «Усяго»! Вось так мы выхоўваем моладзь! Пішам адно… Шумім пра высокія матэрыі… А ўласныя дзеці…
У гэты міг, мабыць ад Тукалавых крокаў, аловак зваліўся.
Шыковіч перавёў позірк на свайго ўгневанага сябра, на яго маладжавы, заўсёды як бы загарэлы хударлявы твар з радзімай плямкай на левай шчацэ, на прыгожую кучаравую шавялюру. Потым глянуў на рэдактара, які слухаў з сумным і збянтэжаным выразам на змораным твары, убачыў яго парадзелыя светлыя валасы, вялікія залысіны. І чамусьці ўспомніў, што ўсе яны равеснікі, рэдактар нават на год маладзейшы. Але лепш за ўсіх выглядае Тукала, здаецца, якім быў гадоў дваццаць назад, такім і застаўся, нават ніводнай сівай павуцінкі ў валасах. Падумаў непрыязна: «Умее сябе берагчы, чорт».
А Тукала ўсё больш разыходзіўся:
– …Канешне, калі бацька будзе выкідваць з кабінета людзей, то сыну ёсць з каго ўзяць прыклад… Калі бацька сабе дазваляе…
Рэдактар зморшчыўся, быццам яму наступілі на мазоль, і папрасіў:
– Аляксей Рыгоравіч!.. Пагаворым спакойна.
Тукала на момант асекся. Шыковіч глядзеў на яго цяпер так, быццам не пазнаваў старога сябра, з якім з'еў не адзін пуд солі. Сказаў з глыбока затоенай іроніяй:
– Значыцца, ты, Алёша, рашыў навучыць мяне, як выхоўваць дзяцей? Давай, давай…
Гэта быў тонкі намёк на тое, што Тукала некалі пакінуў першую жонку з дзіцем. Ён зразумеў гэты намёк і закіпеў яшчэ горш. Але голас панізіўся:
– Я не думаю цябе вучыць. Але калі ты лічыш, што з цябе мала таго, што зрабіў твой сын, то з мяне гэтага – вось так. – Ён правёў далоняй па шыі. – Я не буду трымаць у сябе хуліганаў.
Ах, вось яно што! Нарэшце Шыковічу ўсё стала ясна: Тукалу цяжка было паведаміць аб рашэнні звольніць Славіка, а таму ён гэтак і нерваваўся.
«Баязлівец! Атрымаў цёплую пасаду і забываеш, што ёсць звычайныя чалавечыя адносіны».
Раптам стала шкада сына: нельга караць двойчы за адну і тую ж віну. Знявага да Тукалы расла, як снежны камяк. Кірыла адчуў нават страх: не сарвацца б зноў. Падняўся, засунуў рукі ў кішэні, ступіў бліжэй да рэдактара – пад яго спакой.
– Страхуешся? – спытаў знешне спакойна, але з'едліва.
– Мне няма чаго страхавацца! – ужо без нервовасці, паважна адказаў Тукала, надзеючы акуляры.
– Лягчэй за ўсё выкінуць чалавека з калектыву, – уздыхнуў Жывіцкі. – Ніколі не спяшайся…
– А што яму да чалавека!..
– Няхай пра такога чалавека падумае ў першую чаргу бацька!.. А калі бацька апраўдвае… Калі бацька паказвае прыклад… А потым ходзіць прасіць за сына… шукае яму цёплага месца…
Гэта быў подлы ўдар. Шыковіча перасмыкнула ўсяго. Ён не верыў сваім вушам. Няўжо гэта кажа Алёша Тукала, якога яшчэ тыдзень назад ён запрашаў да сябе ў госці? Слізняк!
Халодная разважлівая злосць апанавала Кірылу. Цяпер ён рабіў усё свядома, з разлікам.
Сумна паківаў галавой.
– Столькі год я з табой сябраваў і не ведаў, што ты такая дрэнь.
Эх, як Тукала зноў падскочыў.
– Чуеце?.. Станіслаў Іванавіч!
– Хлопцы, як вам не сорамна, – паспрабаваў прымірыць рэдактар.
– Цяпер разумею, што не зусім таго, каго трэба, я выкінуў за дзверы. Вось каго трэба! І не за дзверы. За акно. Дазволь, Станіслаў Іванавіч? – І Кірыла пайшоў, каб абысці доўгі стол.
Тукала хутка адступіў за рэдактарскі стол. Спалатнелы, стаў побач з Жывіцкім, які таксама насцярожана падняўся.
Шыковічу стала смешна. Ён дайшоў да краю стала, хмыкнуў і накіраваўся да выхаду. Калі дзверы за ім зачыніліся, Тукала выхапіў хусцінку і пачаў выціраць успацелыя рукі і лоб.
– Ты бачыў? Зазнаўся! Напісаў дзве бяздарныя кніжачкі і гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Жах!
Жывіцкі засмяяўся.
Не разумеючы прычыны яго смеху, Тукала пачаў развіваць цэлую тэорыю наконт славы і зазнайства.
8
Яраш абсталёўваў аперацыйную навейшай апаратурай. Рэканструкцыі яго неаднойчы прыводзілі ў жах аддзел аховы здароўя. Але няўмольныя вартавыя фінансаў не маглі ўстаяць перад яго хірургічным аўтарытэтам. Патрыёты горада, яны таксама ганарыліся славай хірургічнага аддзялення бальніцы, якое лічылася лепшым у рэспубліцы. Аперацыйная прывяла ў захапленне дэлегацыю чэшскіх лекараў, якіх нялёгка здзівіць медыцынскай тэхнікай. А Яраш усё адно быў незадаволены: ёсць апаратура лепшая. Пераабсталяванне ён планаваў даўно. Многія з патрэбных апаратаў былі набыты загадзя. Але ўстаноўку іх адцягваў: па-першае, шмат чаго не хапала, па-другое, ён спадзяваўся, што пад канец года галоўны лекар і аддзел будуць больш шчодрымі.
І раптам ён пачаў работу па пераабсталяванню нечакана. Сам працаваў з манцёрамі і мантажнікамі вечарамі. Плаціў ім прэміяльныя са сваёй кішэні. За гэтае дзівацтва яму ўжо неяк раней наківалі на партбюро. З тым жа, што ён часта працуе не толькі з манцёрамі, але і са сталярамі, з паркетчыкамі, у клініцы звыкліся. Добрыя душы тлумачылі, што Ярашу проста няма куды дзяваць сілу і энергію, злыя – што такім чынам ён хоча павялічыць сваю папулярнасць.
Каб яму сказаў хто, што ўсё гэта робіцца так тэрмінова з-за адной хворай, ён, напэўна, пачаў бы аспрэчваць, можа, нават з абурэннем. Не, апаратура ўдасканальваецца не для адной хворай! Для ўсіх. Але ён разумеў, што было б няпраўдай адмаўляць, што гэта ўваходзіць у падрыхтоўку да аперацыі Зосі Савіч. Ён зрабіў сотні розных аперацый, нямала ўжо і такіх – на сэрцы. Але бадай ні да адной не рыхтаваўся з такой стараннасцю і адказнасцю. Як да найвышэйшага экзамену. Тут усё павінна быць узважана і ўлічана. Каб ніякай выпадковасці. Яго апраўдаюць усе, што б ні здарылася. Але сам ён не даруе сабе, калі гэтая спакутаваная жанчына скончыць сваё жыццё на аперацыйным стале. Неяк уначы ён увесь захаладаў ад такой думкі, гэтак жа, як некалі, калі цяжка хварэў Віця і ён, хірург Яраш, страціўшы веру ў медыцыну, раптам падумаў, што сын можа памерці. З'яўлялася думка: а можа, запрасіць каго-небудзь з калег з Масквы, з Кіева? Да яго прыедуць. Рэдка які хірург бярэцца аперыраваць блізкага чалавека. Блізкага… А гэтую дзяўчынку ён ведаў роўна восем сутак, бачыў, размаўляў, калі яна прыносіла яму ежу на гару, дзе і ўдзень панаваў паўзмрок. Ён амаль не ведае (можа, толькі здагадваецца), як яна жыла васемнаццаць год свайго жыцця. І ўсё-такі яна была блізкім чалавекам. Ні адзін хворы ці хворая не жылі так у яго сэрцы, у думках.
Пакуль што Яраш аддаў яе тэрапеўтам, каб падлячылі, паназіралі, зрабілі ўсе кардыяграмы, здымкі і аналізы. Сам заходзіў рэдка, раз у тры дні, на кароткі час, як лекар. Гэта не збліжала, наадварот, аддаляла іх. Калі ў дзень сустрэчы ён казаў ёй «ты», то цяпер звяртаўся на «вы», як належыць лекару да хворай. На такое аддаленне ён пайшоў свядома. У той жа час папрасіў Машу, каб тая наведвалася да Зосі. Ён сказаў пра гэта аперацыйнай сястры чамусьці крыху збянтэжана:
– Маша, ёсць у мяне да вас просьба…
Яна адразу насцярожылася.
– Калі ласка, Антон Кузьміч. – І падняла свае тонкія рукі, каб паправіць бялюткі чэпчык на высокай дзівосна залатой кукле валасоў. Ён даўно заўважыў, што яна заўсёды слухае вось так – з паднятымі рукамі.
– У тэрапіі ляжыць хворая Соф'я Савіч. Нам з вамі, здаецца, прыйдзецца аперыраваць яе. Я хацеў бы, каб вы наведваліся да яе. Не як сястра. Як добры друг. Разумееце? Жанчына гэтая пражыла цяжкае жыццё.
Яраш адчуваў, што, выказаўшы такую просьбу, ён абавязаны растлумачыць Машы, хто ж такая Савіч. Але што сказаць?
Што Зося ратавала яго ад смерці? Чамусьці не хацелася, каб да аперацыі пра гэта даведаліся ў бальніцы. Ён добра ведаў, што, бадай, няма большых легендатворцаў і аматараў сенсацый, як лекары і сёстры.
Падумаўшы пра легенды, ён сказаў пра другое:
– Вы ведаеце, Маша, я не люблю казак. Але ёй расказвайце пра мяне любыя легенды.
Сястра застыла, як манекен, зграбная і халодная; яна заўсёды астывала, калі чаго не разумела. Ён растлумачыў:
– Пра маю хірургічную славу. Псіхічная падрыхтоўка.
Маша ўсміхнулася проста і цёпла, здавалася, што ўсміхнуўся не толькі яе твар, вусны, а ўся постаць – ад залатых валасоў да бронзавых ад загару стройных ног.
– Цяжка расказаць больш, чым вы заслугоўваеце, Антон Кузьміч.
– Не будзем гаварыць адно аднаму кампліментаў, Маша. Нам не патрэбна псіхічная падрыхтоўка.
Жарт гэты збянтэжыў дзяўчыну.
Дні праз два Маша зайшла да яго ў кабінет у той час, калі ён адпачываў паміж дзвюма складанымі аперацыямі. Яна не магла не ведаць, што хвіліны такога адпачынку былі свяшчэннымі. Як добры актор настройвае сябе на інакшае псіхалагічнае гучанне ў другой дзеі, так ён настройваў сябе на другую аперацыю. Сядзеў у мяккім крэсле, скінуўшы чаравікі, паклаўшы ногі на другое крэсла, і паліў. І вельмі не любіў, калі хто-небудзь заходзіў, перашкаджаў адпачынку. Пра гэта ў аддзяленні ведалі.
На стук у дзверы адказаў незадаволена:
– Хто там? – і скамячыў цыгарэту.
– Я.
Ён здзівіўся, убачыўшы Машу. Яна ўвайшла, нясмелая і надзіва збянтэжаная. Куды падзеліся яе разлічаныя, да ненатуральнасці артыстычныя рухі! Спынілася каля дзвярэй, трымалася за ручку, як бы рыхтуючыся ўцякаць. Выраз твару быў вінаваты.
Яраш хутка сунуў ногі ў чаравікі.
– Што здарылася, Маша?
– Я дрэнная сядзелка, Антон Кузьміч, – сказала яна так, як магла б сказаць тады, калі ён выказваў сваю просьбу, каб мела намер адмовіцца. – Мы не разумеем адна адну. Яна, Савіч, адносіцца да мяне з дзіўнай падазронасцю…
– З падазронасцю? – перапытаў Яраш.
– Можа, не тое слова я сказала. Але… дзіўная яна. Пра такіх у нас кажуць: нелюдзімая.
– Нелюдзімая? – з суровым дакорам перапытаў ён і гэтай суровасцю зусім збянтэжыў дзяўчыну. Але тут жа мякка прапанаваў: – Сядайце, Маша, – і паказаў на тое мяккае крэсла, у якім толькі што сядзеў сам.
Яна нясмела села. Як тая вясковая дзяўчынка, што ўпершыню трапіла да суровага і бязлітаснага прафесара. Яраш не пазнаваў сваю маўклівую, але надзвычай упэўненую, спакойную, гордую аперацыйную сястру.
– Яна нічога не расказала вам пра сваё жыццё?
– Не, нічога.
– Вы чулі што-небудзь пра доктара Савіча?
Маша паківала галавой – не.
Цяпер Яраш зразумеў, чаму яна прыйшла вось так і такая: хацела, каб ён расказаў ёй пра хворую, тады толькі яна можа выканаць яго просьбу. Ён узлёг на стол сваім магутным целам і такім чынам даверліва наблізіўся да яе.
– Скажыце, Маша, а вы да каго-небудзь адносіліся з падазронасцю?
– Я? Калі бачыла, што перада мной хлус, няшчыры чалавек… Але гэта не тая падазронасць! – Тут яна застыла ў сваёй звыклай паставе – не зразумела яго.
– Скажыце, а вы ніколі не баяліся людзей, Маша?
Яна ўсміхнулася, але ўсмешка не растапіла халоднага неразумення і не зварухнула застылыя рысы твару.
– У школе я баялася нашага гісторыка. Мне дрэнна давалася гісторыя.
Ярашу здалося, што пра гісторыю яна выдумала знарок, надаўшы словам хітры і тонкі сэнс. Ён не здзівіўся, бо заўсёды лічыў яе разумнай і дасціпнай. Закрыўшы далонямі вочы, задумаўся: як расказаць ёй пра Зосю?
У часе гэтай паўзы Маша спытала ва ўпор:
– Хто яна вам, гэтая Савіч?
Антон Кузьміч хутка адняў ад твару рукі.
– Вы маглі б, Маша, спытаць пра гэта адразу. Я сказаў бы вам. Зося Савіч ратавала мяне ў падполлі ад смерці.
– Вас? – Маша здзівілася, устрапянулася і адразу стала звычайная: сур'ёзная, але чуткая, як сейсмограф. Магчыма, нейкі момант яна не давала веры, што тая худзенькая, маленькая, спакутаваная – скура ды косці – нелюдзімая жанчынка ратавала такога асілка.
Яраш, зразумеўшы гэта, сказаў:
– Яна мужная дзяўчына. І ў яе цяжкі лёс. Смерць бацькі, загадкавая смерць. Нямецкі канцлагер. Сібір… Хвароба. – Ён падняўся, вялікі, крыху ўсхваляваны, выйшаў з-за стала. – Я хацеў, Маша, каб вы растапілі лёд у яе душы.
Пільна назіраючы за ім, Маша нейкі час яшчэ сядзела. А потым падхапілася, збянтэжаная: ніколі яна не садзілася, калі доктар Яраш стаяў. Цяпер ёй было сорамна і за тое, што яна не здолела нават шчыра пагаварыць з Савіч, і за тое, што вось так настойліва дамагалася тлумачэння ад Антона Кузьміча. Што ён можа падумаць? Але яна не стала прасіць прабачэння і не стала запэўняць, што цяпер пастараецца ўсё зрабіць, каб хворая не адчувала адзіноту. А зусім нечакана папрасіла пра другое:
– Антон Кузьміч, раскажыце пра гэта на нашым камсамольскім сходзе.
– Пра што?
– Пра сваю работу ў падполлі. Пра тых людзей… Пра Савіч…
Яраша трохі здзівіў такі нечаканы паварот. Ён пільна ўгледзеўся ў яе вочы-азёры з залатымі берагамі: сур'ёзна яна ці зноў з іроніяй, помсцячы, што ён нічога не расказаў адразу? Не, сястра прасіла сур'ёзна. І яго хораша кранула такая яе сур'ёзнасць.
Калі яна выйшла, Антон Кузьміч зноў сеў у крэсла, зноў запаліў (другую цыгарэту!) і доўга думаў. Пра лёс Зосі. Пра пакаленне, якое не ведае падазронасці і нічога не баіцца… Але што ён, Яраш, ведае пра гэтае пакаленне? Належаць да яго Тарас і Маша… Але ёсць і Славік Шыковіч… Як і чым жыве Маша? Тарас? Што хвалюе Славіка? Як далёка ён, нядаўні камсамолец Яраш, адышоў ад гэтага пакалення! Калі быў апошні раз на камсамольскім сходзе? Год дзесяць ужо, не менш, публічна не расказваў пра падполле. Чаму? А раней, калі часам выступаў, ці расказаў хоць раз пра Зосю Савіч? Не, так, між іншым, зрэдку ўспамінаў дзяўчыну, якая памагла ўратавацца. Цяпер яму стала сорамна і агідна. Няўжо і ён баяўся? У падполлі не баяўся сто разоў ісці на смерць, а тут…
Адразу пасля вайны адчуваў маральны абавязак перад памяццю таварышаў, якія загінулі, напісаць пра іх барацьбу. Не напісаў. Пісаў дысертацыі. Кандыдацкую, пасля доктарскую (якую збіраецца абараняць). Гэтым апраўдваўся перад сваім сумленнем. А потым увогуле падполле пачало здавацца далёкай гісторыяй, да таго ж вельмі заблытанай людзьмі і часам. Ён не зразумеў нават адразу жадання Шыковіча вярнуцца да гэтай гісторыі, ператрусіць яе, перагледзець. Яму здавалася, каму гэта патрэбна цяпер? І вось уваскрэсла з мёртвых Зося Савіч… Ужо тады, у тую ноч, калі расказваў пра яе Шыковічу, ён, Яраш, зразумеў, што гэта патрэбна людзям, патрэбна новаму пакаленню – Тарасу, Славіку, Віцю, Наташы. Пасля размовы з Машай, пасля яе нечаканай просьбы расказаць пра ўсё на камсамольскім сходзе ён пераканаўся ў гэтым цвёрда і непарушна.
Асноўныя работы ў аперацыйнай былі закончаны. Апошнія дні поркаліся з тэлевізійнай апаратурай. Яраша доўга не задавальняла яркасць адбітка на экране, і ён выгнаў з інжынера, з рабочых і з самога сябе сем патоў, пакуль дамогся, каб дарагая навінка гэтая давала належны эфект і карысць.
Калі тэхнікі пайшлі «замочваць» добрую справу за яго прэміяльныя, Яраш застаўся адзін. Ён яшчэ раз агледзеў сваю гаспадарку, якой употай ганарыўся. Усюды – нікеляваная сталь: безліч бліскучых інструментаў у шкляных шафах, дэталі апаратаў. Сталь, якая ў разумных руках хірурга прыносіць людзям ратунак, жыццё. О, ён ведаў вартасць сталі!
Але не дзеля таго, каб лішні раз агледзець аперацыйную, ён застаўся. Хацелася самому, без спецыялістаў, праверыць тэлеапаратуру. Быў у яго непахісны закон – усё ўмець рабіць самому.
Ён палажыў на аперацыйны стол разгорнуты падручнік па анатоміі, навёў на старонку тэлевізійную пушку, якая была ўманціравана ў бясценевую лямпу. Націснуў кнопкі. Засвяціўся экран, задрыжалі на момант звілістыя ніткі кадраў. А потым застыў павялічаны адбітак каленнага сустава. Ён гартаў старонкі і бачыў на экране свае рукі. Чалавеку старонняму магло б здацца, што ён забаўляецца, як дзіця, цешыцца новай цацкай, назначэнне якой у аперацыйнай не кожнаму лёгка зразумець. На экране з'явілася сэрца. Яраш перастаў гартаць старонкі падручніка, выпрастаўся і ўважліва пачаў разглядаць адбітак, быццам убачыў гэтае дзіва першы раз у жыцці. У той міг ён падумаў пра Зосю. І яго ўласнае сэрца дало пачуць сябе. Такія нечаканыя штуршкі ён адчуваў ужо некалькі разоў. Няўжо гэта боязь будучай аперацыі?
Яраш выключыў устаноўку і бясценевыя лямпы і адышоў да шырачэзнага – на ўсю сцяну – акна. Вечарэла. Сад пакрыўся ценем ад будынкаў. Сонца заходзіла з другога боку, за бальнічнымі карпусамі. Адзіны прамень яго прабіўся паміж муроў і асвяціў верхавіны таполяў, маладых, але самых высокіх дрэў. Яраш прыгадаў, што таполевая алея гэтая была пасаджана ў вясну Перамогі. І вунь якія вымахалі дрэвы! У садзе гулялі хворыя. Адны сядзелі, другія хадзілі. Санітарка ў белым халаце гушкала дзіця, загорнутае ў такі ж шэры бальнічны халат, якія былі і на дарослых. Яраш ненавідзеў форму і колер гэтых халатаў і ўжо колькі год вёў вайну, каб замяніць іх. З ім згаджаліся, а пасля – ён ведаў – кпілі, ацэньваючы яго дамаганні як дзівацтва таленавітага чалавека, які ва ўсім хоча быць арыгінальным.
Амаль пад самым акном аперацыйнай пад яблыняй сядзелі трое маладых людзей: адзін у бальнічным халаце з падвязанай рукой, двое ў майках. Хлопцы разлівалі віно. Хворы быў яго, Ярашаў, рабочы-будаўнік з пераломам рукі. Але як трапілі сюды ў такі час наведвальнікі?
«Хаця б схаваліся. А то расселіся на вачах усёй бальніцы. Вось жа лайдакі!» – з нязлосным дакорам падумаў хірург. Ён мог адчыніць акно і накрычаць на хлопцаў. Але замест гэтага далікатна адступіў у глыб аперацыйнай, каб не спугнуць іх. І самому яму захацелася хутчэй апынуцца на дачы. Сесці вось так на траву, каля свайго ўлюбёнага вогнішча. А потым ляжаць, глядзець у неба і слухаць крыху блытаныя, але цікавыя разважанні Шыковіча пра палітыку, мараль і літаратуру. Пра адно толькі падумаў з непрыемнасцю: зноў трэба тлумачыць Галіне, дзе так затрымаўся. Але не ўзлаваўся на жонку, а пашкадаваў яе: яна варта жалю за сваю неразумную рэўнасць.
Павярнуўся, каб пайсці, і ў адчыненых шкляных дзвярах убачыў Машу. Яго трохі спалохала, што сястра магла доўга назіраць за ім. І ён спытаў амаль груба:
– Што вы робіце тут у такі час? – Але спахапіўся і пажартаваў: – Вашы равесніцы даўно танцуюць.
– Я была ў Зосі. – Вочы яе дзіўна бліснулі. – Яна расказвала, як ратавала вас… І пра сябе.
Яраш падумаў: а ці правільна ён робіць, што ні пра што не распытвае ў Зосі? А раптам… Не, не! Ён рашуча адганяў гэтую думку. Таму і не распытвае і рэдка пакуль што наведваецца, бо хоча пераканаць у першую чаргу яе (ды і сябе таксама!), што аперацыя гэтая звычайная і ўсё скончыцца найлепшым чынам.
«Што яна расказвала пра сябе?» – хацелася яму спытаць у Машы. Але нешта стрымала яго.
– Значыцца, больш яна не адносіцца да вас з падазронасцю?
– Мне здаецца, мы пасябравалі.
– Дзякую, Маша.
– Няма за што, Антон Кузьміч. – Яна апусціла вочы, сказала: – Яна пыталася, ці знаёма я з Тарасам, – і раптам папрасіла: – Пазнаёмце мяне з Тарасам.
Цяжка не здзіўляцца – такія нечаканыя паведамленні і просьбы ў гэтай дзяўчыны. Але гэтая просьба Ярашу спадабалася.
– Прыязджайце ў нядзелю да нас на дачу. Пазваніце раніцай доктару Майзісу, у яго свая машына. Я запрашаў яго.
– Дзякую, Антон Кузьміч. Я магу ісці?
– Калі ласка, Маша…
Нейкі момант ён стаяў у аперацыйнай, слухаючы, як недзе далёка ляпаюць дзверы. Потым рушыў у калідор, на хаду развязваючы нарукаўныя матузкі халата. Перад сваім кабінетам спыніўся, хвіліну пастаяў у задуме і… хутка пайшоў па доўгім калідоры, завязваючы матузкі.
У тэрапеўтычным аддзяленні ён пачуў, як адна дзяжурная сястра спалохана крыкнула другой:
– Яраш! – І забегалі, замітусіліся. Ён ніколі не мог зразумець, чаму ў другіх аддзяленнях і клініках яго гэтак баяцца.
Зося, у адной сарочцы, доўгай, пацямнелай ад часу і мыцця, сядзела каля акна і ела чарэшню, выплёўваючы костачкі на газету. Убачыўшы яго, яна войкнула, засаромелася, закрыла рукамі грудзі. Ад яе сарамлівасці і яму зрабілася ніякавата. Год пятнаццаць ужо ён не адчуваў нічога падобнага, заходзячы да хворых і застаючы іх у любым выглядзе. Ды і ўвогуле з ім было гэта толькі аднойчы: калі нарадзіўся іх першынец Віктар і ён, студэнт-выпускнік, наведаўся ў палату, дзе ляжалі парадзіхі.
«Што ты закрываешся? – падумаў ён пра Зосю. – Столькі разоў я цябе аглядаў, выслухоўваў… Буду трымаць у руках тваё сэрца…»
Прывітаўся да ўсіх. У адзін позірк убачыў, што і другія жанчыны накрываюцца коўдрамі, зашпільваюць халаты, прычэсваюць валасы. Іх было ў палаце шэсць чалавек. Дзіўная жаночая псіхалогія! Сарамлівасць іх залежыць ад часу і абставін.
Яраш спытаў у Зосі, як пытаюць усе лекары ў сваіх пацыентаў:
– Як мы адчуваем сябе?
– Добра, – нясмела адказала яна і ўсё яшчэ закрывала грудзі і хавала пад табурэт свае босыя ногі.
Ён узяў на ложку стракаты халат і падаў ёй. Яна хуценька накінула яго, зашпілілася.
– Лажыцеся, – сказаў ён.
Узрадаваная, яна даволі рухава нырнула пад коўдру. Ён узяў табурэт, на якім яна сядзела каля акна, сеў побач.
– Гуляем?
– Мне дазволілі ўставаць, – прыдушаным і спалоханым голасам адказала Зося.
– Ёй дазволілі, – пацвердзіла суседка.
Яраш адгарнуў коўдру і агледзеў ногі хворай, памацаў іх. Ацёк знік. Зусім звычайная жаночая нага – і па колеру і па форме. І твар змяніўся за два тыдні, якія Зося знаходзіцца ў іх бальніцы. Твар памаладзеў, папрыгажэў. Цяпер Яраш лёгка пазнаваў рысы той Зосі, якая некалі смела і дзёрзка схавала яго. Але яму хацелася ўбачыць рысы і таго ж характару. Няхай бы бліснула хоць адна іскра яе дзёрзкасці, рашучасці, весялосці, дасціпнасці, хітрасці! Не, усё задушана, нават хітрасць. Адно хіба свяцілася ў яе вачах – захапленне ім, Ярашам. Але і яно было зусім інакшае, чым тады, нейкае па-рабску пакорлівае.
Хворыя, якія маглі хадзіць, па адной далікатна пакідалі палату: яны шмат што ўжо ведалі. Толькі новая старая, адчуўшы, што гэта «важны доктар», папрасіла:
– Доктар, паглядзіце і мяне.
Ды засталася дзяўчына з прыроджаным парокам сэрца, якую Яраш таксама меўся аперыраваць, хоць згоды яе яшчэ не пыталі, але яна, відаць, адчувала ці чула размовы і кожны раз глядзела на яго з панічным страхам.
З'явілася дзяжурная лекар, ужо заспаная.
– Я вам не патрэбна, Антон Кузьміч?
– Не. Толькі не спіце, калі ласка, так рана. Няёмка, ведаеце… Дзесяць гадзін.
Маладая лекарка «правалілася» скрозь падлогу.
– Дык як самаадчуванне, Соф'я Сцяпанаўна? – ужо зусім не як лекар, хоць і лічыў у гэты момант пульс, а як добры сябра спытаў Яраш, інтымна, даверліва. Гэтая даверлівасць перадалася і ёй.
– З мая сорак трэцяга я ніколі не адчувала сябе лепш, – сказала яна амаль шэптам, але так, што ў Яраша здавіла горла.
Васемнаццаць год фізічных і душэўных пакут! У парыве пяшчоты і спачування ён лёгка сціснуў яе руку, сухую і гарачую. Ад маленькай ласкі такой вочы яе сталі вільготныя. Ён глядзеў у іх бяздонне праз малюсенькія шарыкі плафонаў. Яму не хацелася, каб яна заплакала, і ён падбадзёрыў яе добрай усмешкай і словамі, якія гаварыў многім хворым, але з той розніцай, што ёй ён зноў сказаў «ты» – як блізкаму чалавеку:
– Ты будзеш адчуваць сябе зусім добра. Як усе здаровыя людзі. Можаш паверыць мне.
– Я сто разоў памірала… І, бачыце, не памерла… Бо хачу жыць. Я веру вам.
Яна так вымавіла «хачу жыць» – з працягам, з націскам, што Яраш скалануўся. Дзіўна, але менавіта ў гэтых словах ён нарэшце адчуў характар той Зосі. Сапраўды, дзіўна. Тая Зося ніколі не сказала б такіх слоў.
Тая сказала: «Калі яны ўсё-такі ўварвуцца сюды, вы будзеце страляць?»
«Буду».
«У шафе ў Грота стаіць аўтамат».
І хоць бы задрыжаў голас. Нібы паведаміла, што ў шафе стаіць варэнне.
Незразумела, чаму ў памяці Яраша бліснуў гэты эпізод і гэтыя словы. І невядома, па якіх лагічных законах ён звязаў іх з тым, што яна сказала цяпер, праз васемнаццаць год пакутлівага існавання на мяжы жыцця і смерці.
Яна спытала:
– Вы таксама дзяжурыце?
– Не. Я працаваў.
– Аперацыя?
– Не. Я рамантаваў адзін прыбор.
– Сам?
– З электраманцёрамі.
– Вы ўсё ўмееце! – І, о дзіва, захапленне ў яе вачах ён убачыў таксама ўжо другое, амаль такое ж, што і тады, калі яна даведалася, хто ён.
– Усё ўмець у наш час немагчыма.
– А я нічога не ўмею, – уздыхнула яна.
– Вам здаецца так. Пражыць такое жыццё…
– Хіба я жыла!
– Прафесію можна набыць.
– У трыццаць шэсць год?
– Хіба гэта многа?
– Я ўмею трохі шыць. Там я шыла. Але не люблю. Гэта цяжка і нецікава. Каб вы ведалі, якая пакутлівая работа – прыёмшчыца кравецкай арцелі. Людзі жорсткія і грубыя.
– Людзей кепска абслугоўваюць. Я не думаю, што ў вашым атэлье добра шылі.
– Дрэнна. Але падымаць крык з-за няправільна прышытага гузіка.
– Гузік можа сапсаваць чалавеку настрой.
Яна крыва ўсміхнулася.
– Тады, – ён зразумеў сам – у падполлі, – вам мог сапсаваць настрой гузік?
– Кожны час мае свае законы і нормы.
– Людзі пачынаюць патрабаваць замнога ўвагі…
– Па-мойму, гэта натуральна. Бяда ў іншым, што яе мала яшчэ ў нас, узаемнай увагі. У грамадстве, дзе чалавек чалавеку брат…
– Брат? – Зося, як бы спалохаўшыся, сцерла хусцінкай з вуснаў скептычную ўсмешку і сказала мякка, ласкава: – У вас добрае сэрца, Антон Кузьміч, – пэўна, каб такім чынам скончыць гэтую маленькую філасофскую спрэчку.
Яраш разумеў яе. Занадта многа людзі прынеслі ёй гора і пакут. Яе шчасце, што яна зусім не страціла веры ў жыццё і ў людзей, верыць яшчэ, што побач са злоснымі ёсць людзі добрыя.