355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 12)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 28 страниц)

11

Яраш перад аперацыяй начаваў у горадзе. Шыковіч ляцеў на сваім «Масквічы» адзін, рызыкуючы апынуцца пад адхонам. У прыгарадзе, на чыгуначным пераездзе, быў зачынены шлагбаўм. Старэнькі закапцелы паравозік з адной платформай дошак манеўраваў быццам на здзек шафёрам. Шыковіч, машына якога стаяла першая, утыркнуўшыся ў шлагбаўм, кіпеў: крычаў вартаўніцы, пагражаў кулаком машыністу, праклінаў усе чыгуначныя парадкі.

А ў бальніцы яго не прапусціла другая вартаўніца – у белым халаце. Дарэмна ён даказваў, што запрошаны самім Ярашам прысутнічаць на аперацыі, што ён карэспандэнт, пасля выдумаў, што асістэнт і без яго не будуць аперыраваць і ўвогуле ўсё паляціць дагары нагамі.

– Нічога не ведаю. Ніхто нічога не казаў, – флегматычна адказвала старая жанчына, не без цікаўнасці, аднак, назіраючы праз акенца, як нервуецца гэты поўны, лысаваты ўжо мужчына ў пакамечаным парусінавым касцюме.

Шыковіч скрыгатаў зубамі. Успомніў, што Антон не вельмі ахвотна згадзіўся, каб ён прысутнічаў на аперацыі. Няўжо перадумаў? Не пусціць? Пажартаваў. Аднак за такі жарт… Кірыла хадзіў каля варот, круціў у руцэ ключы ад машыны і выдумляў сябру самую страшную кару.

Але раптам адчыніліся дзверы, і юная істота ва ўсім белым ветліва запрасіла:

– Кірыла Васільевіч? Калі ласка, праходзьце.

І куды дзеліся яго злосць і абурэнне! Ідучы па бальнічным двары, ён узяў сястру за локаць. Яна глянула на яго, збянтэжана ўсміхнулася, вызваліла руку. Але ад гэтага дотыку да маладосці ён таксама адчуў сябе маладым, бадзёрым, свежым, як той ліпеньскі ранак.

На другім паверсе, у асобным пакоі, сястра памагла яму надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку і палатняныя бахілы вышэй каленяў. Ён пажартаваў, што ўпершыню ў жыцці падобны на прафесара. Яна не ўсміхнулася на яго жарт. Правяла па калідоры, паказала на дзверы:

– Сюды.

У перадаперацыйнай было многа людзей у белых халатах, з ссунутымі на падбародкі маскамі. Але ніхто з іх нічога не рабіў. Усе чакалі. Шыковіч зразумеў, што гэта такія ж назіральнікі, як і ён, – маладыя лекары, практыканты.

Ён пачаў разглядаць інструменты ў шкляных шафах, будку для стэрылізацыі з адчыненым акенцам у аперацыйную. Падумаў, як нялёгка вывучыць назвы і прызначэнні ўсіх гэтых інструментаў – іх тысячы. Хацеў пачуць, што лекары гавораць пра сённяшнюю аперацыю. Але побач з ім малады высокі мужчына, яўна заляцаючыся, шаптаў чорнай тоўсценькай дзяўчыне:

– Клава, махнём пасля абеду ў Палянкі? На кацеры?

– На Будаеў луг. Там пляж лепшы.

Шыковіч абурыўся: вось-вось будзе вырашацца лёс чалавека – жыццё ці смерць! – а яны, чэрці, пра пляж думаюць.

На яго не звярталі ўвагі.

«Як у лазні. Усе роўныя».

Жанчына, што сядзела за сталом і нешта занатоўвала ў журнал, паднялася і шырока адчыніла дзверы аперацыйнай.

Кірыла ўбачыў Яраша. Той стаяў у кутку вялікай залы, выставіўшы перад сабой да локцяў голыя рукі, нібы ўзважваючы растапыраныя пальцы. Белізна яго шапачкі аж ззяла ў святле раніцы. А святла гэтага, роўнага, ледзь-ледзь падзеленага водбліскам дрэў і шыб, лілося мора: уся сцяна – шкло.

Незвычайны ў сваёй паставе і адзенні, велікан побач з нізенькім Майзісам, якому сястра, як малому, выцірала салфеткай рукі, галоўны хірург здаваўся звышчалавекам, богам.

Кірыла падумаў: «Як можа пераўтварыцца чалавек! Ці той гэта Антон, просты, свойскі, шчыры хлопец?»

Той. Убачыў сябра і кіўнуў галавой, усміхнуўся зусім звычайна. Нацягнуў тонкія гумавыя пальчаткі, падышоў бліжэй да дзвярэй. Сказаў да ўсіх, хто чакаў у перадаперацыйнай:

– Таварышы! Не скажу, што аперацыя незвычайная. Але адказная. Хворай трыццаць шэсць год. Могуць быць любыя нечаканасці. Прашу: ніякіх каментарыяў. Поўная цішыня. Каму дазволіў, сядайце тут, – ён кіўнуў на лаўку каля сцяны, адгароджаную шырмай са стэрыльных прасцін. – Астатнія глядзяць па тэлевізары. Калі ласка, – і адступіў убок.

Чалавек сем хірургаў-практыкантаў, бесцырымонна адціснуўшы Шыковіча ўбок, хутка і смела прайшлі ў аперацыйную, залезлі за шырму.

«Прабіўны журналіст», можа, упершыню разгубіўся – што рабіць, адкуль глядзець? Але пачуўся голас Яраша:

– Кірыла Васільевіч! Заходзь!

Шыковіч нясмела ступіў у «святую святых» медыцыны. Цяпер на яго звярнулі ўвагу. У аперацыйнай таксама было нямала людзей. Маша, у масцы ўжо (праз гэта Кірыла не адразу пазнаў яе) і ў пальчатках, перакладала на маленькім століку бліскучыя інструменты, быццам лічыла, ці ўсё ёсць. Яна ўсміхнулася яму вачамі. Майзіс здалёк памахаў рукой. Гледачы пачалі перашэптвацца: «Хто гэта? Хто?» Яраш наблізіўся, па-сяброўску падміргнуў, паўшэптам спытаў:

– Не баішся?

Кірыла ў адказ тайком паказаў яму кулак. Гэта быў працяг іх дачнай размовы. Жонка адгаворвала яго ісці на аперацыю:

«Самлееш ты, Кірыла, я ж ведаю, як ты баішся крыві».

«Ну, глупства, самога мяне рэзалі – не млеў».

Галіна Адамаўна, наадварот, падтрымлівала яго жаданне: «Нічога страшнага. Яраш жартаваў».

Ён і цяпер засмяяўся:

– Аднак садзіся з краю, на выпадак чаго.

Практыканты паціснуліся, і Шыковіч сеў за шырмай.

Першае, што ўразіла яго, – гэта спакой сябра. Там, у лесе, каля іх вогнішча, расказваючы план аперацыі, Антон хваляваўся, бадай, больш і прызнаваўся ў гэтым. А тут – ходзіць, як упэўнены ў перамозе спартсмен. Хоць бы чым-небудзь выдаў сваю ўзрушанасць.

Кірыла прыкаваў да яго позірк.

«Не, не можаш ты быць такім спакойным. На чым-небудзь сарвешся, выдасі сябе».

Аднак ніводная рыска не ўздрыгвае на твары хірурга. Хіба толькі залішне пільна сочыць ён за калегамі і памочнікамі, якія таксама даволі спакойна поркаюцца каля апаратаў.

Апараты… Апараты… Розныя. З экранамі. Без экранаў. На калёсіках. З правадамі. Са шлангамі. Кірыла ўспомніў Ярашавы «лекцыі» па хірургіі, фразу, якую той аднойчы кінуў яўна з гонарам:

«Мая аперацыйная цяпер – што цэх».

Сапраўды, што цэх.

Вунь тая зялёная скрынка з лейкай, шкляным балонам, сігнальнымі лямпачкамі, ці не той гэта апошні цуд, па які Яраш ездзіў у Кіеў, – апарат «сэрца – лёгкія»?

Яраш нешта кажа сваім памочнікам. Лекары адказваюць незразумелымі Шыковічу словамі.

Нечакана адчыняюцца другія дзверы. Санітары хутка і бясшумна падводзяць хворую і гэтак жа, да абразлівасці хутка, быццам нежывую, кладуць на аперацыйны стол.

А яна жывая. Яна звычайная. Нават прыгожая. Вялікія вочы, і ў позірку іх не страх, а як бы здзіўленне і любаванне ўсім, што ўгледзела. Зося Савіч! Шыковіч бачыць яе ўпершыню. А вобраз яе ўжо месяц жыве ў яго ўяўленні – пасля таго як Яраш расказаў пра яе. Дзіўна. Менавіта такой яна і ўяўлялася. Да незапамінальнасці звычайная з твару. Маленькая жанчына, спакутаваная жыццём і хваробай… Але ён убачыў больш: схаваную, замураваную пакутамі прыгажосць, абаяльнасць і… мужнасць. Усё гэта цяпер толькі ў яе вачах, у яе позірку.

Кірыла ажно прыўзняўся, каб добра разглядзець твар жанчыны. Запомніць. Ці ўбачыць ён яе, жывую, другі раз?

Яраш, усё такі ж спакойны і велічны, прыветліва ківае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нічога не сказаўшы, ён адыходзіць. Працягвае рукі Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткі і накрывае яго вялікія рукі салфеткай. Ён садзіцца. Ён адпачывае. Можа, апошні раз прадумвае план аперацыі. А яго памочнікі – лекары і сёстры – не вельмі каб спешліва падключаюць да хворай датчыкі апаратаў: пад спіну, да галавы, да рукі, да нагі… Правады, шлангі звісаюць над сталом. Шыковічу чамусьці больш за ўсё кінуўся ў вочы і запомніўся маленькі апарацік, які надзелі Зосі на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксігемометр – прыбор, які вызначае насычанасць крыві кіслародам.)

Яраш расказваў яму пра назначэнне многіх апаратаў. Але цяпер у галаве ў Шыковіча ўсё пераблыталася. Ды прыборы і машыны яго ніколі не цікавілі. Цікавяць людзі. Цяпер больш за ўсіх яна, Зося. І лекары. Здавалася, злачынна павольна яны ўсё робяць. Хіба можна ў такі момант быць такімі марудамі? Хацелася крыкнуць Антону: «Чаму ты ўсеўся, як Буда? Падгані іх!»

У самога яго ўсё часцей і мацней б'ецца сэрца. Ён амаль пачынае дрыжаць ад хвалявання і нецярплівасці: хутчэй, хутчэй! Нарэшце Майзіс, першы асістэнт, кідае:

– Гатова, Антон Кузьміч.

Толькі ў гэты міг бліскае ў шырока расплюшчаных вачах Зосі іскра страху. Шыковіч ловіць гэтую іскру. Невядома, што робіцца ў яе хворым сэрцы, але яго сэрца пачынае грукацець так, што ўдары аддаюцца ў скронях, у руках, у паху – ва ўсім целе.

– Наркоз! Вера Паўлаўна! – устае з табурэціка Яраш.

Секунды – і павекі хворай цяжка апускаюцца. Яна засынае.

Над сталом загараецца велізарнае кола бясценевай лямпы. Нехта адкідвае прасціну, і Шыковіч бачыць яе грудзі, залітыя яркім святлом, зусім дзявочыя, па кулачку, – узгорачкі з ружовымі маячкамі на вяршынях.

Яму робіцца няёмка, як бывае няёмка глядзець на голую нябожчыцу. Ён пераводзіць позірк на Яраша. Той падыходзіць да стала, хвіліну пільна глядзіць на хворую і раптам праводзіць пальцам пад левай груддзю, потым – ад падложачкі пад паху.

Вось так ён распаласуе ёй грудзі? Шыковічу робіцца страшна. Дарэмна ён храбрыўся!

Скіраваць увагу на што-небудзь другое!

Шчоўкаюць апараты. На адным экранчыку бяжыць блакітная стужка, як тая змейка ў бажоўскім сказе. На другім – маланкі, то ўзлятаюць, то падаюць, пішуць ломаную крывую. Не, не адарвацца яму ад рук хірурга! А ў гэтых руках ужо электраскальпель.

Шыковіч зажмурваецца, уявіўшы, як пырсне кроў, залье халаты лекараў, прасціны. Але храбрыўся ён дарэмна, крыві ён сапраўды баіцца. Вочы падаюць на падлогу, на Машыны і Майзісавы ногі ў белых панчохах. Нешта ціха патрэсквае, нібы рвецца тканіна. Трэск мацнее. Пахне крывёю. Ён доўга баіцца глянуць на стол.

Першы позыў на рвоту. Але сорам і страх перамагаюць, і Кірыла прымушае сябе падняць вочы, паглядзець, што робіць хірург. І перад тым, што ён бачыць, на нейкі момант адступае ўсё іншае. Жывое чалавечае сэрца, пра якое ён так многа пісаў, – вось яно, перад яго вачамі, у раскрытых грудзях. Невялікае, трапяткое, а галоўнае – жывое! Пульсуе, б'ецца…

Кірыла ажно зноў прыўзнімаецца над шырмай, цягнецца, каб лепей разгледзець гэтае цуда.

Зусім іншы рытм работы хірургаў і лекараў каля апаратаў. Цяпер усе спяшаюцца, усе – уважлівыя і напружаныя.

– Ціск восемдзесят на пяцьдзесят.

– Стадыя ўзбуджэння…

Лічбы. Словы. Шыковіч не ўнікае ў іх сутнасць. Ды каб і хацеў, то не здолеў бы.

Маша спрытна мяняе Ярашу пальчаткі. І вось яго пальцы, тоўстыя, але чулыя, абмацваюць сэрца. Удакладняюць дыягназ. Вось сэрца ляжыць на яго шырокай далоні. Жывое сэрца на далоні! І б'ецца, б'ецца, нібы хоча вырвацца.

Але ў другой руцэ хірурга бліскае скальпель… І гэтая сталь над жывым сэрцам, яна вінавата ва ўсім.

Калыхнулася сцяна аперацыйнай, паплылі ўбок хірургі. Але Кірыла зноў перамог сябе і надзвычай асцярожна, каб нікому не перашкодзіць, прыціскаючыся да сцяны, рушыў да дзвярэй. Як яны далёка, дзверы! У жоўтым тумане. Але ён дабраўся да іх, адчыніў. Нехта спытаў:

– Вам блага?

Ён вінавата ўсміхнуўся:

– Не.

Павярнуўся туды, куды глядзелі ўсе, – да экрана тэлевізара. І зноў убачыў яго, сэрца. І ўбачыў нешта зусім жудаснае: тоўсты палец праткнуў яго, маленькае, здалося, ужо нерухомае, нежывое.

Тэлевізар падскочыў угору, закруціліся плафоны на столі… Нехта закрычаў…

Больш дапытлівы журналіст нічога не помніў.

Апрытомнеў у кабінеце галоўнага хірурга. Сястра, якая праводзіла яго, паднесла да твару тампон, змочаны нашатыром. Кірыла чыхнуў. Нашатыр асвяжыў. Але ў галаве гудзела, як у пустым склепе. Цяжкімі зрабіліся ногі, і пальцы іх варушыліся недзе, здавалася, за вярсту. А ў роце быццам ваты напхана, і яна прамакнула ўсю сліну; язык прыліп да паднябення. Ён прыслухаўся да гэтага дзіўнага стану ў целе.

Сястра схілілася над ім і ўсміхнулася, яму здалося, насмешліва.

– Нарабіў я вам клопату. – Ён не пачуў ці не пазнаў свайго голасу.

– Нічога, на першы раз гэта з многімі здараецца.

Тады ўсплыла карціна таго, што прывяло яго да непрытомнасці, і Кірыла ўстрапянуўся:

– Што там?

– Аперыруюць.

– Яна жывая?

– Безумоўна. Хіба аперыравалі б на мёртвай?

Ён на поўныя грудзі ўдыхнуў паветра і адразу адчуў сябе лепш.

– Ляжыце спакойна, – строга сказала сястра і выйшла з кабінета.

Ён глядзеў у белую столь і… бачыў сэрца, жывое, трапяткое, на далоні, на шырокай добрай далоні. Яму не рабілася страшна і непрыемна, ён з цікавасцю ўглядаўся ў гэты маленькі і вельмі складаны апарат. Ён мацаў сваё сэрца, слухаў яго ўдары. Але як толькі тоўсты палец, здавалася, чужы, варожы, набліжаўся, каб праткнуць гэты жывы камячок, Кірыла ўвесь скаланаўся, быццам хацелі праткнуць яго сэрца, зажмурваўся, круціў галавой, каб рассеяць прывід. Так паўтаралася колькі разоў, і яго пачало трохі ліхаманіць.

Заглянула сястра.

– Як вы тут?

– Што там?

– Зашываюць сардэчную сарочку. Я па тэлевізары бачыла.

Кірыла ледзь не закрычаў. Ліха на іх, як яны гавораць пра такія рэчы! «Зашываюць сардэчную сарочку». Нібы зашываюць начную сарочку.

Але разам з тым гэта настроіла яго на звыклую, крыху гумарыстычную разважлівасць. Падумаў, як, напэўна, Антон і жанкі будуць кпіць з яго.

«Усё бярэшся апісаць – нараджэнне і смерць, а сам не мог вытрымаць аперацыі».

Паглядзеў на гадзіннік. Было адзінаццаць. Каля дзвюх гадзін ужо ідзе змаганне за жыццё чалавека. Не, ён усё-такі напіша пра гэтую аперацыю, хоць Яраш і не хоча, каб пра яго пісалі. І не толькі пра аперацыю… Абавязкова напіша пра гэтую жанчыну. Пра яе жыццё. І пра бацьку яе!

Задумаўшыся пра сваю работу, Кірыла Васільевіч набыў душэўную раўнавагу і ўспомніў, што на дванаццаць яго выклікаюць на бюро гаркома.

12

У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калі ідзе бюро. Чалавек сем панурых мужчын. Двое – знаёмыя Шыковіча: загадчык кафедры ў педінстытуце Левановіч і галоўны архітэктар горада Гамбіцкі.

Кірыла прывітаўся з імі і з Ларысай Пятроўнай, сакратаркай. Гамбіцкі як сарваўся з крэсла, каб падаць руку, так і пакаціўся ад акна да дзвярэй, ад дзвярэй да акна. Ён сапраўды нагадваў шар, адглянцаваны, бліскучы, галава голая, як бубен, пінжак на пузе выцерты аб чарцёжную дошку і такія ж выцертыя штаны.

Кірыла пацікавіўся, чаго выклікаюць.

Ларыса Пятроўна, сярэдніх год жанчына, стары работнік, абвяла ў надрукаваным на машынцы парадку дня яго пытанне чырвоным алоўкам.

– «Аб выхаванні дзяцей», – прачытаў ён уголас і не адразу зразумеў.

– За сыноў будуць пясочыць, – растлумачыў з кутка пануры Левановіч, доўгі, сутулы, з суровым тварам аскета, і цяжка ўздыхнуў: – Эх, сыны, чортавы сыны!

– Ясна, – па-сяброўску ўсміхнуўся сакратарцы Шыковіч. Гэта яго не ўстрывожыла, за Славіка ён цяпер спакойны.

Да яго падкаціўся Гамбіцкі, выхапіў з кішэні вялікую хустку, абмахнуў ёю твар.

– Дык у вас хоць сыны. А ў мяне – дачка… Дачка! – прашыпеў з гневам, з абурэннем, спалохам і пакаціўся да дзвярэй.

Было душна. Кірыла скінуў пінжак, павесіў на крэсла. Гамбіцкі паглядзеў на яго спачатку са здзіўленнем, потым – з удзячнасцю. І тут жа сцягнуў з плеч свой цесны пінжачок, які трашчаў па ўсіх швах. І ажно павесялеў, няшчасны. Дагэтуль, мабыць, лічыў, што здымаць пінжак у гаркоме няёмка. Падкаціўся да століка ў куце, націснуў клапан пустога сіфона, уздыхнуў, напіўся з графіна – і зноў да Шыковіча:

– Растлумачце, чаго ім не хапае? Чаму яны растуць такія, нашы дзеці?

– Дзеці як дзеці. – Кірылу чамусьці зусім не хацелася разважаць на гэтую тэму. Раптам зноў прыгадалася аперацыя.

Загнаўшы машыну ў двор рэдакцыі, ён ішоў сюды цераз парк, пастаяў над абрывам каля ракі, углядаючыся ў засмужаную лугавую даль. Гэта хораша супакоіла, ён пачаў думаць пра свой «хірургічны» эксперымент з гумарам.

Аперацыя працягвалася, калі ён пайшоў з бальніцы, – значыцца, усё ў парадку.

А тут – зноў перад вачамі сэрца. І трывога… Не, больш чым трывога. Амаль страх за жыццё жанчыны, якую ён упершыню ўбачыў на аперацыйным стале, але якая здавалася цяпер вельмі блізкай і роднай, як сястра, як жонка, як дачка… Дзіўна.

Ён спытаў у сакратаркі:

– Ларыса Пятроўна, вы сэрца бачылі?

– Чыё? – усміхнулася яна, відаць, думаючы, што ён спытаў з алегарычным сэнсам.

– Чалавечае.

– Бачыла. У анатамічным музеі. Наглядзелася – тыдзень не магла есці.

Кірыла паморшчыўся; жаданне расказаць пра аперацыю адразу знікла. Ён зноў застаўся сярод людзей у адзіноце са сваім незвычайным, да болю вострым уяўленнем, прыгожым і страшным.

Пазваніў у бальніцу. Дазваніцца туды было нялёгка: то ніхто не адказваў, то занята. Нарэшце адазваліся.

– Скажыце, калі ласка, аперацыя скончылася? – спытаў ён далікатна, ветліва.

– Якая?

– Якую рабіў Яраш.

– Так.

– Як «так»? Што?

– Нармальна.

Сястра (ці лекар) адказвала голасам манахіні – халодным, бясстрасным. Шыковіча гэта ўзлавала.

– «Нармальна»! Чорт бы вас!.. Калі вы навучыцеся адказваць па-чалавечы? Фармалісты ў белых халатах! Паклічце Яраша!

Голас адразу змяніўся, зазвінеў ручайком: відаць, там, у бальніцы, падумалі, што гаворыць нехта з высокага начальства.

– Антон Кузьміч не можа падысці. Ён у палаце. Каля хворай. Пасля такой аперацыі, зразумейце… Што перадаць доктару Ярашу?

– Вось так заўсёды гаварыце з кожным, хто вам пазвоніць.

Шыковіч паклаў слухаўку.

– Хто-небудзь з вашых блізкіх? – спытала паўшэптам Ларыса Пятроўна.

Ён кіўнуў: але!

– Цяжкая аперацыя?

– На сэрцы. Набыты парок.

Яна ўстрапянулася, паглядзела на яго спачувальна. І ўсе, хто пачуў, таксама зацікавіліся.

– Я магу сказаць Сяргею Сяргеевічу, што ў вас такі дзень. Сказаць?

– Не, не трэба.

– Вас будуць крытыкаваць.

– Мяне заўсёды крытыкуюць. Такая ў мяне прафесія.

Бясшумна адчыніліся абабітыя дэрмацінам дзверы ў кабінет першага сакратара. Групай вывалілі работнікі тэлестудыі: галоўны рэжысёр, сакратар партбюро, загадчыкі рэдакцый, акторы тэатра. Відно было, што ім не церпіцца пагаварыць, паспрачацца, таму і спяшаліся хутчэй у калідор, на вуліцу. Толькі актор Павел Стэльмах затрымаўся, прывітаўся з Шыковічам за руку.

– А ты чаму не быў? Ты ж таксама сябра мастацкага савета.

– Хапае другіх клопатаў.

– Далі нам за перадачы для моладзі, – паведаміў шэптам, азірнуўся на дзверы: – Тукала – дуб. Не слухаў мяне. Ну, будзь…

Шыковіча крыху закранула, што яго не запрасілі на абмеркаванне работы тэлестудыі: ён з'яўляўся бадай самым актыўным сябрам савета.

«Хто гэта пастараўся? Тукала? Ці гаркомаўскія „палітыкі“? Каб перад персанальнай справай патрымаць для строгасці ў прыёмнай?»

Ён не вызначаўся залішняй самалюбівасцю, але яго заўсёды абурала, калі дзе пачыналася палітыканства – гульня ў важнасць і строгасць. А галоўнае, у яго ёсць што сказаць пра тэлеперадачы.

Ларыса Пятроўна сутыкнулася ў дзвярах з Тукалам. Той далікатна ўступіў ёй дарогу ў кабінет. Убачыўшы Шыковіча, Тукала прыветліва, па-сяброўску ўсміхнуўся і накіраваўся да яго. Але Кірыла знарок адвярнуўся да акна.

«Што, наківалі табе – лезеш цалавацца? Не, ты мяне папросіш яшчэ, кар'ерыст няшчасны».

– Заходзьце, таварышы, – запрасіла Ларыса Пятроўна.

Шыковіч рушыў першы, абмінуўшы разгубленага Тукалу.

Павітаўся з сябрамі бюро. Усе – знаёмыя людзі, з якімі прыходзіцца сустракацца амаль штодня і якія нязменна праяўляюць цікавасць да яго працы шаблонным запытаннем: «Чым новенькім парадуеш нас?»

Цяпер на яго «добры дзень» адказаў адзін Тарасаў. Гукан не адарваўся ад папер і не глянуў нават. Затое сакратар гаркома камсамола Васіль Грыбок тарашчыў крыху лупатыя бясколерныя вочы з бесцырымоннай нахабнай цікаўнасцю. Так глядзяць у судзе на злачынцу.

Шыковіча перасмыкнула ад гэтага.

«Што ты ўставіўся, як малады баран на новыя вароты?»

Сакратар па прапагандзе Тужыкаў таксама разглядаў Шыковіча праз свае вялікія, у рагавой аправе акуляры, але зусім інакш, бяскрыўдна. На прывітанне ён адказаў кіўком галавы, сумна ўсміхнуўся і цяпер як бы хацеў нешта падказаць ці здагадацца загадзя, пра што ён, Шыковіч, будзе гаварыць. Яму было балюча, што большасць з тых, каго сёння будуць слухаць па такім незвычайным пытанні, – людзі ідэалагічнага фронту, яго памочнікі. Злосці на іх сакратар не меў. Былы дырэктар школы, ён, магчыма, лепей, чым хто другі, ведаў, якая гэта складаная рэч – выхаванне дзяцей.

Дырэктара машынабудаўнічага завода Лукашэнку нават самыя нечаканыя персанальныя справы мала цікавілі, калі яны не мелі дачынення да выпуску станкоў.

Лукашэнка быў сам канструктар і вынаходца і на ўсіх такіх пасяджэннях займаўся тым, што абдумваў дэталі новых канструкцый, занатоўваў у вялікую запісную кніжку разлікі і формулы. Ён адарваўся ад сваёй запісной толькі таму, што сярод вінаватых бацькоў быў інжынер яго завода. Дырэктар дакорліва паківаў яму галавой. Пакуль рассаджваліся, Гамбіцкі падышоў да Гукана і нешта шаптаў яму на вуха.

Тарасаў пачакаў, пакуль яны скончаць шаптацца. Не дачакаўся. Сказаў:

– Сядайце, таварыш Гамбіцкі. Архітэктурныя справы вырашыце пасля, – і абвёў позіркам сваіх светлых вачэй усіх – і сябраў бюро і «падсудных». – З каго пачнём, паважаныя бацькі?

– Усё адно – з каго. Але я так мяркую, што пісьменніку нашаму належала больш, чым каму, задумацца над такімі пытаннямі, – сказаў Гукан, зноў-такі нават не глянуўшы ў бок Шыковіча.

– Ну, што ж… Раскажыце, таварыш Шыковіч, як вы выхоўваеце сваіх дзяцей.

Кірыла падняўся і… раптам адчуў, што не ведае, пра што гаварыць. Ён не вызначаўся красамоўствам увогуле. А ў такіх абставінах – тым больш. Яму варта было, пакуль сядзеў у прыёмнай, прадумаць сваё выступленне. Але яго мала закранула, што выклікаюць з-за сына. Хвалявала другое – аперацыя.

І цяпер зноў, узіраючыся ў шырокі добры твар Тарасава, Кірыла бачыў… сэрца на далоні. На вялікай, умелай, чулай, ласкавай далоні Яраша. І захацелася яму расказаць пра ўсё гэта сябрам бюро – пра Яраша, Зосю, пра чалавечае сэрца, якое можна адрамантаваць… Але ён усведамляў, што цяпер на хаду не знайсці яму лагічнай сувязі, «трывалага мастка» паміж адным і другім і яго, безумоўна, не зразумеюць, падумаюць, чаго добрага, што ён знарок «расказвае казкі», «водзіць бюро за нос». З чаго ж пачаць?

Ажно ўспацеў ад думак. Дастаў хусцінку і выцер лоб, шыю. Цяпер ужо ўсе, хто прысутнічаў, глядзелі на яго, адны – з цікаўнасцю, другія – са спачуваннем, трэція – з трывогай. Ён стрэўся позіркам з Гуканам, той, можа, адзін з усіх глядзеў амаль зларадна.

«Чаму?»

Успомніліся словы Гукана. З іх ён і пачаў упэўнена і смела:

– Але, Сямён Парфёныч, я многа думаў пра гэта. Вельмі многа. Не толькі як бацька, але як сябра партыі, грамадзянін… Не здымаючы з сябе адказнасці за паводзіны майго сына, я хачу разабрацца… пранікнуць у сутнасць… з вашай дапамогай, таварышы: чаму сярод нашай увогуле здаровай, адданай партыі моладзі трапляюць вось такія…

– Як ваш сын, – кінуў Грыбок.

– Як мой сын. Хоць сын мой не самая небяспечная з'ява, як я разумею. Ёсць горшыя прыклады…

– Гаварыце за сябе. Па сутнасці, – сказаў сакратар Чыгуначнага райкома Красоўскі, малады высокі брунет, апрануты ў асляпляльна белы, модна скроены часучовы касцюм. Шыковіч мала ведаў гэтага чалавека. Глянуўшы на яго, падумаў: «Сам ты ў студэнцкія гады, відаць, быў хват», – і адчуў непрыязнасць, адказаў раздражнёна:

– Маё жаданне разабрацца – не па сутнасці хіба? Я не буду апраўдвацца, але хачу сказаць: у тым, што мой сын вырас, на жаль, не такім, якім бы хацелася і мне, і грамадству, – не толькі віна бацькоў… Думаецца, што ўсе разам мы робім у гэтай важнейшай справе сур'ёзныя промахі… Школа, камсамол…

– Вы не ўмееце выхоўваць, а вінаваты камсамол! Здорава! – хмыкнуў няўрымслівы Грыбок.

Шыковіч глыбока ўдыхнуў гарачае паветра, якое гнаў у адчыненыя вокны лёгкі скразняк, і – быццам захлынуўся ім.

Тарасаў пастукаў алоўкам па стале, папярэдзіў:

– Таварышы, не перашкаджайце. Дайце яму сказаць.

Грыбок паслухмяна апусціў галаву. Але Шыковіча ўзлаваў наскок гэтага маладога пеўня. І ён не стрымаўся, каб не спытаць уедліва:

– А вы лічыце, таварыш Грыбок, што гарком камсамола працуе ідэальна?

Грыбок змаўчаў. Адказаў Гукан, паважна, ветліва:

– Кірыла Васільевіч! Гарком мы будзем слухаць асобна. А цяпер слухаем вас. І ў нас во колькі яшчэ пытанняў. – Ён паляпаў далоняй па стосе папер, што ляжаў перад ім, і адштурхнуўся ад стала, выпрастаўся ў крэсле; найвышэйшы ростам, як бы ўзняўся над усімі і глядзеў паверх галоў.

– Але, – пацвердзіў першы сакратар з нечаканай строгасцю. – Без доўгай прэамбулы, таварыш Шыковіч.

– Добра, Сяргей Сяргеевіч. Як я выхоўваю сваіх дзяцей? Было б недарэчнасцю сказаць – абсалютна правільна, бо абсалютна правільнае выхаванне, у маім разуменні, само па сабе – абсалютнае глупства. Але я адно магу сказаць: у галоўным мы – я і жонка – ніколі не давалі дрэнных прыкладаў…

– У чым – у галоўным? – спытаў Гукан.

– У чым? Я быў дармаедам? Несумленным перад грамадствам, перад партыяй? Хітраваў? Браў хабары? Жыў не па сродках? Вы мяне ведаеце, Сяргей Сяргеевіч. І вы, Сямён Парфёнавіч. Усю вайну я быў на фронце. Пасля настаўнічаў. Жонка і зараз настаўнічае. Можа, хто-небудзь скажа, што праца журналіста лёгкая?

– Чакайце, – перапыніў яго Тарасаў. – Чаму вы задаяце такія катэгарычныя пытанні? Ніхто не сумняваецца, што вы працуеце сумленна.

– Дык у чым жа заключаецца выхаванне дзяцей? Адносіны ў сям'і? Я жыў і жыву з жонкай, далібог жа, душа ў душу. Абодва працуем. Паважаем працу адно аднаго. Скандалаў нашы дзеці не чулі. Калі спрачаемся, то па прынцыповых пытаннях. Між іншым, часцей за ўсё менавіта з-за гэтага самага выхавання. Яна педагог, і, думаю, нядрэнны. Але ў адносінах сваіх дзяцей робіць тую ж памылку, якую робяць многія маці ў інтэлігентных сем'ях. Асцерагаюць ад фізічнай працы. «Я сама зраблю». Год дзесяць ужо мы не трымаем нават хатняй работніцы. Прынцыпова. Усё робім самі. І я не сказаў бы, што сын мой Уладзіслаў – гультай і лежабока. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелі. Пасля дзесяцігодкі хлопец пачаў адбівацца ад рук. За яго ўчынкі, і ў прыватнасці за апошні ўчынак, я бяру віну на сябе. Вас не віню, таварыш Грыбок, хоць мог бы сказаць пра работу камсамольскай арганізацыі тэлестудыі. Няма там ніякай работы. Але пра гэта – пасля. А што датычыць майго сына, то думаю, што больш, таварышы, вы нічога благога пра яго не пачуеце. Хлопец нарэшце трапіў у добрыя рукі – у брыгаду Ганчарова.

– На станкабудаўнічы? – здзівіўся Тарасаў і глянуў на Лукашэнку. Той нарэшце адарваўся ад сваіх формул.

– Да нас? Цікава. – Аднак дырэктар зусім не выказваў гэтым «цікава» здзіўлення. Не. У яго быў свой погляд на моладзь: пасталеюць – паразумнеюць. Але затое ажно падскочыў уважлівы Грыбок.

– Яшчэ як цікава! Проста з турмы, без перасадкі, – у брыгаду камуністычнай працы. Куды там глядзіць Клецень? Вы бачыце, Сяргей Сяргеевіч, што робіцца!

Шыковіч адчуў, што спіну яго, павернутую да акна, абадзьмуў халодны вятрыска, непрыемны, калючы.

«Няўжо яны супраць, каб Славік быў у брыгадзе?»

Больш, чым пры любой другой акалічнасці дагэтуль, спалохаўся за сына. І разгубіўся. Як даказаць, што нельга выганяць хлопца з брыгады, куды ён пайшоў з радасцю. Што гэта не толькі жорстка і несправядліва… Зноў – каторы раз ужо! – уявілася жывое чалавечае сэрца. А слоў, важкіх, пераканаўчых, каб абараніць сына, не было. Кірыла пакутліва шукаў іх.

Яму сказалі раз і другі: «Сядайце». Кірыла дайшоў да сэнсу слова толькі тады, калі перад ім падняўся Гукан. Гаварыў старшыня роўна, не павышаючы і не паніжаючы голасу, націскі рабіў стукам алоўка аб стол, паўзамі. Атрымлівалася важка, пераканаўча, салідна.

Шыковіч, думкі якога насіліся ад аднаго полюса да другога, успомніў, што Кушнер, намеснік старшыні гарвыканкома, камічна перадае Гуканаву манеру выступаць, і не стрымаў усмешкі.

– …Вы думаеце, калі працуеце вы, жонка, дык гэтага даволі? Не, Кірыла Васільевіч. У нас працуюць усе. Дармаедаў у нас адзінкі. Але акрамя працы ёсць яшчэ маральныя прынцыпы, грамадскія паводзіны чалавека… І яны часта з'яўляюцца рашаючымі ў выхаванні дзяцей. Гляньце на сябе! Уважліва гляньце на свае паводзіны! Вы аналізуеце другіх – прааналізуйце сябе. Вы здзіўляецеся, чаму ваш сын вырас такі? А я не здзіўляюся. Быццё вызначае свядомасць. Дабрабыт нашага народа расце. І я не супраць таго, што вы купілі машыну. Трэба вам машына. Але на ёй ездзіць ваш сын.

– Я забараніў яму.

– Ездзіў. Машына, лішнія грошы, кампанія… Дзяўчаткі, выпіўкі… А ў бацькоў тым часам другія клопаты. Машыны ім мала – трэба дача. Абуджаюцца дробна-ўласніцкія тэндэнцыі.

Шыковіч слухаў надзіва спакойна. Разумеў: Гукан «задае тон». Кірыла ненавідзеў гэты тэрмін – «задаць тон», народжаны ў часы культу. Але ў такой сітуацыі, відаць, інакш нельга. Трэба пагаварыць з бацькамі такіх сынкоў з усёй суровасцю! Што ж, няхай сабе валяць на яго, што хочуць, – усё стрывае, абы толькі пакінулі Славіка ў брыгадзе.

Тарасаў таксама не любіў «задавання тону». Ён, кіраўнік новага тыпу, умеў і думаць і вырашаць па-новаму. Але і ён упачатку прыняў выступленне Гукана як зусім натуральнае. Гукан выпраўляе сваю памылку. Яны, сябры бюро, не дамаўляліся аб парадку – як заслухоўваць бацькоў, але відавочна, што пачынаць трэба было не з Шыковіча. Не самы небяспечны выпадак. І не той бацька. Яго разважлівы роздум, трапныя адказы на заўвагі сябраў бюро ў нейкай меры згладзілі вастрыню пытання і навучылі другіх, як абараняцца. Тарасаў, назіральны і праніклівы, бачыў, што нават твар Левановіча пасвятлеў, а непаседлівы, вяртлявы Гамбіцкі стаў менш выціраць лысіну і больш круціцца, шэпчучы нешта суседзям.

– Зазнаўся ты, Кірыла Васільевіч, – нечакана з разважання аб уласніцкіх тэндэнцыях зрабіў вывад Гукан, чамусьці перайшоўшы раптам на фамільярнае «ты». – Адрываешся ад жыцця. Закапаўся ў архівах…

«А пры чым тут архівы?» – падумаў Шыковіч.

– Лічыш, што табе ўсё можна, усё дазволена і ўсё даруюць. Не! Дысцыпліна ў партыі адна для ўсіх! Адны нормы. Ленінскія. А як сябе паводзіць камуніст Шыковіч? – Пытанне прагучала сурова, асуджальна, без кроплі фамільярнасці, аловак гучней, чым звычайна, стукнуў па стале. – Машына, дача – адзін бок… А паводзіны ў калектыве?.. Калі камуніст свайго таварыша па рабоце выкідвае з кабінета…

«Паскардзіўся, паскуда», – падумаў Шыковіч пра Рагойшу са злосцю.

– А другому, адказнаму работніку, пагражае, што выкіне праз акно…

«І гэты таксама скардзіўся? Ёлуп! Зусім страціў пачуццё гумару».

– Каментарыі, як кажуць, наўрад ці патрэбны. – І пагрозліва стукнуў алоўкам.

Тарасаў насцярожыўся. Не, у Гукана гэта больш чым «задаць тон».

«Што гэта яны, сааўтары, ганарару не падзялілі, ці што?» – падумаў ён. Аб выпадку з Рагойшам яму расказваў Тужыкаў, і ён згадзіўся з думкай сакратара па прапагандзе: не трэба ўсё валіць у адну кучу; Рагойша вядомы інтрыган, і можна зразумець, што ў Шыковіча пасля такога здарэння з сынам не вытрымалі нервы. Варта ўсё-такі разбірацца ў пачуццях людзей. Не з кожнага факта трэба рабіць палітыку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю