355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 27)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 27 (всего у книги 28 страниц)

– Безумоўна. Каму ж тады даваць.

– Ты ведаеш усе мае заслугі?

– А хто іх не ведае! Ты сам іх распісаў…

Гукана ўсяго перасмыкнула.

– Здзекуешся? – пабялелымі дрыжачымі вуснамі прашаптаў ён.

Кушнер сумеўся:

– Сямён Парфёнавіч! Далібог, нічога дрэннага не падумаў. Меў на ўвазе тваю кнігу. А выйшла бог ведае што… Дурны ў мяне язык! Вы ж ведаеце. Прабачце.

Гукан супакоена падумаў:

«Гэты яшчэ не ведае, – але тут жа падумаў пра другое: – А даведаецца, злараднічаць не будзе. Проста скажа, як і той: „Не хачу падаць табе рукі“. І ён адчуў нечаканы прыліў нянавісці да іх – да Тарасава, да Шыковіча, да Кушнера, да Яраша, да гэтага маладога архітэктара – за тое, што яны такія, у нечым галоўным не такія, як ён».

35

Пасля сустрэчы ў кіно Славік пачаў дзейнічаць даволі рашуча. Спачатку званіў у бальніцу. Маша або не падыходзіла да тэлефона, або падыходзіла і ў адказ на яго прапановы сустрэцца смяялася.

Тады ён вырашыў схадзіць да яе на новую кватэру. Двойчы падыходзіў да дома, падоўгу блукаў вакол. Але ўвайсці – не хапала рашучасці. Каб Маша жыла адна. А то з ёй – нейкая Зося Савіч, пра якую бацька напісаў у газеце як пра гераіню падполля, значыцца, не маладая ўжо. Столькі часу ён выпрацоўваў у сабе незалежнасць, бессаромнасць, абвяшчаў вайну ўсім умоўнасцям, якія ўстанавілі людзі, а прыйшло да паверкі, і ён, выходзіць, як усе, як вучань восьмага класа, які ўпершыню прыйшоў на спатканне. Смешна! Ён здзекаваўся з сябе, каб раззлавацца і, сапраўды плюнуўшы на ўсе ўмоўнасці, пайсці ў гэты дом і сказаць пры ўсіх, што ён кахае гэтае рыжае дзіва. Але нічога не выходзіла. Рашучасці хапала да дзвярэй…

Нарэшце ў трэці раз ён з ходу ўскочыў на другі паверх, з ходу націснуў на званок. Адчынілі адразу, быццам чакалі каля дзвярэй. Адчыніла Зося. Агледзела яго, стыльна апранутага, трохі падазрона.

Ён спытаў:

– Маша дома?

Тады яна, відаць, здагадаўшыся, прыветліва ўсміхнулася:

– Няма. Ды вы заходзьце, калі ласка. Пачакайце, я думаю, яна хутка вернецца.

Але яго чамусьці збянтэжыла гэтая маленькая жанчына ў халаце, яе ўсмешка, яе цікаўнасць, з якой яна разглядала яго. І Славік не здолеў адразу ж пераступіць парог. А ў наступны момант адбылося недарэчнае. Яна спытала:

– Вы – сын Кірылы Васільевіча?

– Не. Не ведаю я ні Кірыла, ні Мяфодзія.

– О, тады і я вас не ведаю. І не магу пусціць у кватэру, – сказала яна без усмешкі, самым сур'ёзным чынам, і зачыніла дзверы.

Славік застаўся на пляцоўцы адзін, як дурань, якога прагналі з вяселля. Ён гатовы быў адкусіць свой балбатлівы язык. Які д'ябал штурхнуў яго адмовіцца, што ён сын Кірылы Васільевіча? Чаму? Прыйшлося зноў збегчы ўніз і зноў блукаць каля дома. Але Маша, якая павінна была «хутка прыйсці», як на злосць, не з'яўлялася. А ён, Славік, быў не вельмі цярплівы. Звык, каб жаданні яго здзяйсняліся неадкладна.

Зноў званкі ў бальніцу. Зноў смех у адказ. «Славік! Не дуры галаву!» – «Я памру». – «Абяцаю быць на тваім пахаванні».

У наступную суботу яму амаль пашанцавала. Ён убачыў Машу на катку. Не адну, з Тарасам. Шчаслівы сапернік вучыў яе катацца. Яна толькі-толькі навучылася стаяць на каньках і, як дзіця, рабіла першыя крокі. Ён, Славік, прыйшоў без канькоў – заглянуў проста так, ад суму. Вось выпадак! Што рабіць? Бегчы дадому па канькі? Але пакуль туды ды назад… Убачыў аднаго са сваіх школьных сяброў – да яго:

– Дай канькі!

Той паказаў кукіш:

– Свае май.

Славік схапіў яго загрудкі:

– Дай канькі, а то выб'ю душу!

– Ты што, звар'яцеў? Міліцыянера паклічу.

– Дай канькі. Можаш ты зразумець, янычар? Трэба адной марсіянцы сказаць два словы.

– То так бы адразу і казаў, – здаўся сябра, зацікаўлены, хто ж яна, гэтая «марсіянка»?

Бацінкі аказаліся малыя. Славік усё-такі нацягнуў іх. Ціснулі да вострага болю. Напляваць. Каб там былі набіты нават цвікі, ён усё адно не адступіў бы. Кінуў на снежны бар'ер паліто, шапку, не клапоцячыся, хто будзе вартаваць іх. Чорт з ім, з паліто! Маці купіць новае! Як вецер, вырваўся на ледзяное поле. Спрытна лавіруючы, пайшоў супраць плыні канькабежцаў, каб хутчэй дабрацца да чырвонай шапкі і блакітнага світэра, з якіх ён не спускаў вачэй, пакуль надзяваў канькі. Падляцеў ззаду, схапіў Машу за руку. Яна войкнула, але, убачыўшы, што гэта Славік, засмяялася.

– Вітаю вялікіх спартсменаў эпохі! Хочаш, за паўгадзіны я зраблю з цябе рэкардсменку?

– А ці не замнога самаўпэўненасці? – Расчырванелая, яна ўся свяцілася, ззяла, сыпала з вачэй такія ж вясёлыя іскры, як блёсткі на снезе ад святла ліхтароў.

Тарас, пэўна, не надта ўзрадаваны, што з'явіўся гэты шалапут, сказаў, аднак, з клопатам:

– Што ты так лёгка? Прастудзішся.

– Брыгадзір! Ты дрэнна ведаеш свае кадры!

Маша зазвінела смехам.

Падтрыманая за абедзве рукі двума даволі спрактыкаванымі канькабежцамі, яна пайшла больш упэўнена, хутка, смела.

Шоргат соцень канькоў, галасы і смех, дзесяціградусны мароз, ззянне інею, іскрыстае святло ліхтароў, пах елкі – елка ўжо стаяла пасярод катка, але не была яшчэ ўпрыгожана і асветлена, – усё гэта п'яніла, напаўняла ўзнёслымі жаданнямі, весялосцю.

– Місіс марсіянка! Корпус наперад! Вось так. Глядзі на мае ногі! Не глядзі на яго! Ён жа ходзіць, як лось на лёдзе. – Пад нібыта бяскрыўднымі жартамі хаваўся намер, можа, нават і несвядомы, асмяяць, прынізіць свайго саперніка. – Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так.

Славік паспрабаваў абняць дзяўчыну за талію, але яна адхілілася і вырвала сваю руку. Славік ламаў галаву, якім чынам адшыць Тараса і хоць на кароткі час застацца з ёй з вока на вока. Тады ў гэтым карагодзе ён, напэўна, здолеў бы сказаць ёй пра свае пачуцці. А сказаць трэба сур'ёзна і горача, каб яна паверыла, каб зноў не палічыла гэта за легкадумны жарт, на яго звычайную безадказную балбатню. Недарэчна ўсё выходзіць! Можа, упершыню ў жыцці яму захацелася пагаварыць з дзяўчынай з усёй сур'ёзнасцю, і няма як. Магчыма, што ўрэшце ён усё-такі нешта прыдумаў бы. Але калі ўжо не шанцуе, то не шанцуе да канца. Усё складвалася так, каб перашкаджаць яму. Немаведама адкуль з'явіўся Яраш з усім сваім вывадкам – з Наташай, Віцем. Яны адразу падхапілі Машу. Побач з імі пайшоў і Тарас. Уся сям'я сабралася! І ён, Славік, аказаўся як бы лішні. Колькі хвілін ён круціўся вакол гэтага сямейнага ансамбля, выпісваючы самыя адмысловыя фігуры. Яму хацелася паказаць свой спрыт, уменне. Але раптам сам Антон Кузьміч вырваўся наперад і зрабіў два-тры такія віражы вакол Славіка, што хлопец, пры ўсёй сваёй несамакрытычнасці, зразумеў: здзівіць свет яму няма чым. А тут яшчэ падляцеў дурань сябра з яго, Славікавым, паліто і шапкай і закрычаў, парасё, на ўвесь каток:

– Аддай мае канькі!

Размовы не адбылося. І ўвесь наступны тыдзень Славік быў заняты тым, што пісаў Машы пісьмы. Увогуле ён не любіў пісаць. А тут штодня сачыняў даўжэзныя пасланні. Пісьмы не падабаліся яму: яны былі сентыментальныя, як Ірынін дзённік. А ён ненавідзеў залішнюю чуллівасць. Хацелася сказаць пра сваё каханне проста, але гэтак шчыра, каб яна адразу паверыла. Цяпер ён добра разумеў, што толькі вера ў сур'ёзнасць яго прызнання можа нарадзіць у Машы гэтакія ж пачуцці. Толькі такім чынам можна перамагчы саперніка, а не дуэллю, бойкай, сваркай, знявагай, крыўляннем ці якім іншым глупствам. Але такія шчырыя пісьмы не выходзілі. Выявілася, што напісаць так, каб табе паверылі, гэта зусім нялёгка.

* * *

Сакратар камітэта Валодзя Клецень перабіраў у шуфлядзе стала паперы і доўга не пачынаў гаворкі. Тарас зразумеў, што размова мае быць далікатная і Валодзя, хлопец добры і мяккі, хоча, каб пачала яе Вера Куцькіна, лабарантка, сябра камітэта. Гэтая нязграбная, высокая, у чорных акулярах дзяўчына сядзела каля стала і вельмі ўважліва чытала нейкую чарговую доўгую пастанову вышэйшага камсамольскага органа.

Вера ў камітэце – спецыяліст па маральна-бытавых пытаннях. Усе на заводзе ведалі яе гнеўную непрымірымасць да ўсялякіх амаральных учынкаў. Тарас таксама цаніў яе прынцыповасць: нікому не змоўчыць, калі трэба, – ні дырэктару, ні парторгу. Таму ўсе пакрыўджаныя, асабліва дзяўчаты, ішлі да яе. Але што датычыць яе высокіх маральных прынцыпаў, то Тарасу здавалася, што Куцькіна не заўсёды бывае шчырая, што гнеў яе да парушальнікаў гэтых прынцыпаў – не ад глыбокага пераканання, душэўнай чысціні і дабраты, а хутчэй – ад злосці на людзей за тое, што самую яе прырода пакрыўдзіла. Таму Тарас трохі недалюбліваў гэтую дзяўчыну. Не падабалася яму, што яна залішне ўважліва прыглядаецца да яго брыгады, быццам паставіла сабе за мэту: абавязкова знайсці крамолу. Генрых сказаў ёй аднойчы:

– Ты, Вера, можаш глядзець на нас як хочаш. Але не забывай, калі ласка, што мы не ангелы, мы – людзі. Маладыя хлопцы.

Сакратар не дачакаўся, пакуль Куцькіна праявіць ініцыятыву. Сказаў:

– Давай, Вера, ты… выкладвай…

Яна з неахвотай адарвалася ад пастановы, бліснула акулярамі, крутнула галавой.

– Ох, ліберал! – І павярнулася да Тараса: – Даклад кароткі. Я патрабую, каб гэтага твайго піжона Шыковіча выцягнулі на камітэт.

– Завошта?

– Ён пакрыўдзіў дзяўчыну Ніну Байкач.

– Як пакрыўдзіў?

Вера сурова глянула на брыгадзіра з-пад акуляраў.

– Не прыкідвайся, Ганчароў, дурнем. Ты добра ведаеш, як можа пакрыўдзіць такі.

Тарас пачырванеў. Ён заўсёды адчуваў сябе няёмка, калі гаварылі пра такія рэчы маладыя людзі, ды яшчэ дзяўчаты.

– Яна паскардзілася табе?

– Не. Праз дурны дзявочы гонар яна нікому нічога не расказвае. Але сяброўкі чуюць, як яна начамі раве ў падушку.

– А чаму, Вера, па-твойму, гэта дурны гонар? – нечакана спытаў Валодзя Клецень.

Куцькіна доўга разглядала сакратара праз свае вялікія акуляры, як бы здзіўленая, што ён мог задаць такое пытанне. Потым, як суровая настаўніца, паківала яму пальцам.

– Клецень! Табе не да твару такая пазіцыя. У цябе спытаюць… Гарком спытае… Чаму такі чалавек носіць званне сябра брыгады камуністычнай працы? Я дагэтуль не ведаю, як ён апынуўся ў брыгадзе…

– Мы самі яго ўзялі.

– Ведаю, што самі. А завошта? За якія заслугі?

– Баюся, што ты, Вера, гэтага не зразумееш, – уздыхнуў Тарас, як бы шкадуючы, што яна не можа зразумець такой простай рэчы. А Вера прыняла гэта як абразу. Абурана закрычала:

– Ты чуў, Валодзя? Адны яны ўсё разумеюць! Што гэта такое, як не зазнайства? Хіба я не казала, што нам трэба глядзець ды глядзець за гэтай брыгадай?!

Тарасу хацелася пасварыцца, але ён змаўчаў. Іншае ўзрушыла. Ён быў супраць, каб адносіны Славіка з Нінай выносілі на камітэт. Хто ведае, што ў іх было. Калі дзяўчына не скардзіцца, а толькі плача па начах і сохне, то, на думку Тараса, справа гэтая не для такога разбору. Тут трэба нешта другое. Неяк інакш. Больш далікатна.

Акрамя ўсяго Тарас баяўся, як бы Славік не падумаў, што ўсё гэта ўзняў ён, брыгадзір, з-за Машы. Безумоўна, падумае.

Славікавы настойлівыя заляцанні да Машы прынеслі Тарасу нямала цяжкіх перажыванняў. Асабліва трывожыла, што Маша ўсё яшчэ не адказвае, ці згодна яна выйсці за яго замуж. Але каб выгнаць Славіка з брыгады, – такой і думкі ніколі не было. А вось жа могуць стварыцца абставіны, што зробяць іх ворагамі. І тады ўжо напэўна ў адной брыгадзе ім не працаваць. Валодзю Клеценю можна было б пра ўсё гэта расказаць. Але Куцькінай – не. Перакруціць усё дагары нагамі, даводзячы свае высокія прынцыпы. Тарас сказаў:

– Дайце спачатку нам самім пагутарыць з ім. У брыгадзе.

Вера падазрона прыжмурылася.

– Хочаце выпрацаваць тактыку, як абараняць свайго любімчыка? Ой, глядзі, Ганчароў, зацягне ён цябе ў балота!

Славік і Генрых прыйшлі апошнія: даўжэй другіх мыліся ў душы; любілі паплёскацца. Генрых ведаў, з якой мэтай збіраецца брыгада. Ён, як і Ходас, адразу паверыў, што Славік мог зрабіць подласць, і ўзлаваўся на гэтага «безадказнага шчанюка». Яны разам працавалі – на зборцы аўтаматычнага дэталез'ёмшчыка. Славік, як ніколі, быў уважлівы і старанны. «Асісціраваў» без адзінай памылкі. Гэтае яго ўменне яшчэ больш злавала «прафесара». Няўжо ўсе іх спадзяванні і намаганні дарэмныя? Няўжо не будзе чалавека? Генрых дзіўна гасіў сваё абурэнне і выдаваў свой настрой: увесь час, ад абеду да канца змены, бурчаў словы адной і той жа песні:

 
Миленький ты мой, возьми меня с собой
И в той стране далекой зови меня женой.
 

Славіку песня спачатку падабалася, потым пачала раздражняць.

– Бабская песня, – сказаў ён.

– Бабская, – згадзіўся Генрых.

Славік зразумеў, што сабраліся гаварыць пра яго адразу ж, як толькі ўвайшоў у пакой інтэрната. З якой прычыны?

Паважнай хадой «кіруючага таварыша» – Славік навучыўся перадражніваць гэтую паходачку – крочыў па пакоі Іван Ходас, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні штаноў. Косця заваліўся на свой ложак, прытуліўшыся патыліцай да сцяны – да фатаграфій кінаактрыс, і, чырвоненькі, узбуджаны, зіркаў сваімі цыганскімі вачамі на Івана. Відно было, што яны пасварыліся. Тарас і Лапацін сядзелі за сталом. Лапацін з дзіцячай цікавасцю разглядаў маленькую штучную елачку, круціў у руках, асцярожна дакранаўся да кожнай мініяцюрнай цацачкі.

– Скажы, калі ласка! Косця! Колькі каштуе?

– Сто рублёў.

– Маніш. Толькі што гаварыў – трыццаць. Але і трыццаць – дорага. – Пасля таго як Вера нарадзіла сына, Васіль стаў надзіва ашчадны.

«Знарок цягнуць», – падумаў Славік. Яго неаднойчы прабіралі ў школе, на студыі, у брыгадзе. Але ніколі ён не адчуваў сябе так кепска. Ён ненавідзеў сябе за гэтую незразумелую боязь. Загадваў сабе быць дзёрзкім і смелым. Але калі казаць шчыра, то таксама ўпершыню ўсумніўся, што здолее быць такім.

Генрых падышоў да этажэркі, узяў нейкую кніжку, разгарнуў і зноў ціха заспяваў:

 
Миленький ты мой, возьми меня с собой
И в той стране далекой зови меня чужой…
 

Славік узарваўся:

– Не вый! – Але спахапіўся і сказаў да ўсіх з усмешкай, быццам бы жартам: – Што вы паселі, важныя, як суддзі? Судзіце.

– І а-су-дзім, – пагрозліва, з націскам, праз зубы працадзіўшы склады, адказаў Ходас. Спыніўся перад Славікам, выцягнуў з кішэні сціснуты кулак. – Брыгаду ганьбіць не дамо!

– Хлопцы, няўжо трэба псаваць настрой перад Новым годам? – зморшчыўся Косця, просячы вачамі ўсіх, каб яны былі больш далікатныя, не сварыліся. Адкуль столькі чуласці і дабраты ў гэтага хлопца!

– Ён, можа, жыццё чалавеку сапсаваў, а не настрой! – крыкнуў Ходас. – А ты – добранькі!.. Хрыстосік!..

У Славіка захаладала ўсяродку. Пад нагамі, здавалася, калыхнулася падлога.

Вось яно, прыйшло… Няўжо Нінка зацяжарала і пра ўсё расказала? О жах! На лбе выступіў пот. Здрадны пот. Выцерці? Не. Славік паварушыў пальцамі і адчуў, што яны зліпліся, быццам іх вымазалі смалой.

– Чакай, – спыніў Тарас Ходаса, які пачаў быў ужо гаварыць гнеўную прамову, і спакойна спытаў у Славіка: – Скажы нам шчыра, што ў цябе з Нінкай. Дзяўчына плача начамі…

«Значыцца, не скардзілася, а толькі плача, – узрадаваўся Славік. – Тады – адмаўляць. Усё адмаўляць! Не здавацца! Наступаць!» Ён даўно ўжо пераканаўся, што лепшая форма абароны – наступленне. І закрычаў:

– Ты ўжо пытаўся ў мяне пра гэта. І я табе адказаў. І табе адказаў! – тыркнуў Славік пальцам у Генрыха. – Шчыра. Чаму вы не верыце мне? Крычыце пра веру ў чалавека, а самі… Лезеце ў душу, дзе трэба і не трэба…

– Не, дзе трэба! Дзе не трэба – не лезем, – адказаў Тарас і папрасіў ветліва: – Не гарачыся, калі ласка.

А Генрых з узнятай кнігай ступіў да Славіка і сказаў са сваёй звычайнай разважлівасцю:

– Па маралі мяшчанскай мы, відаць, сапраўды не маем права лезці ў душу, як ты кажаш, калі справа датычыць тваіх адносін з дзяўчынай. А па маралі нашай, я думаю, мы маем гэтае права. Абавязаны, Косця! – павярнуўся «прафесар» да Косці і… сунуў яму ў рукі кнігу, невядома навошта.

– А ён плюе на нашу мараль! – ніяк не мог супакоіцца Ходас. – У яго свая, брадвейская… Выхоўваем… Даўно пара гнаць!

– А я веру Славіку! Хіба ён падвёў нас у чым? Дрэнным таварышам быў?

Славік хмыкнуў:

– Ты наіўны, Косця. Хіба не бачыш, што камусьці хочацца мяне выжыць? – Ён нахіліўся над сталом, да Тараса, заглянуў зблізку яму ў твар, у вочы, аскаліўся, як ваўчаня. – Што? Знайшоў прычыну, брыгадзір? Хочаш адпомсціць? Дык ведай. Я люблю Машу!

Усе адразу сціхлі. Тарас апусціў вочы, лоб яго пабялеў, а шыя налілася крывёю.

«Я так і ведаў», – падумаў ён, але схамянуўся, смела глянуў на Славіка і сказаў спакойна і цвёрда:

– І я люблю Машу. Але помсціць табе… – ён паківаў галавой, – няма за што. І не думай, што нам прыемна разбіраць такія справы. Вырашым так… – Брыгадзір рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такі рашучы выгляд, звычайна ён любіў параіцца, разважыць. – Вырашым так… Калі ты сумленны перад Нінай, перад намі, – прыходзь заўтра ў брыгаду і – працуй. Мы слова больш не скажам. У камітэце я ўладжу. Калі ж ты зрабіў подласць і не маеш мужнасці прызнацца, – не прыходзь. – Ён вымавіў гэтае «не прыходзь» амаль шэптам, але выразна і цвёрда. – Так будзе лепш для цябе. Праўду не схаваеш. Выганім з ганьбай!

36

Славік не спаў усю ноч. Пасля доўгага роздуму вырашыў – пойдзе на завод. А можа здарыцца, што абыдзецца. Але калі маці раніцой пачала будзіць яго, сказаў, што ў яго выхадны.

Доўга валяўся ў ложку. Не хацелася нікога бачыць, нікому глядзець у вочы. Здавалася, глянуць на яго і ўсе адразу здагадаюцца.

Падняўся – і адразу схапіўся з сястрой. Знарок, на злосць ёй, абвясціў, што чытаў яе дзённік.

– Сентыментальная лухта.

Рэакцыя Іры была зусім нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважліва і на поўны голас, пры маці, сказала:

– Падонак ты! Што ты разумееш? Так, я люблю яго!

– Але ж ён цябе, дурніцу, не любіць.

– Ну і няхай. І няхай. А я люблю! Люблю так, як ты, цынік няшчасны, не палюбіш ніколі. І мне хораша!.. І ты не чапай!.. Не лезь сваімі бруднымі лапамі! – Ёй было так «хораша», што слёзы паліліся ў яе з вачэй.

Славіку стала сорамна. Дурань! Надумаў здзекавацца… З каго? І з чаго? Сам такі.

Ніколі ён яшчэ не прасіў у сястры прабачэння. А тут збянтэжана папрасіў:

– Я не хацеў цябе пакрыўдзіць. Даруй.

Гэта да слёз кранула Валянціну Андрэеўну. Прызнанне дачкі, трагедыя яе першага кахання, нечаканая чуласць сына – як усё гэта адгукнулася ў мацярынскім сэрцы! Адначасна – і болем і радасцю. Папракнула сябе: мала займаецца дзецьмі.

Прыкмеціўшы, як за апошні час Славік пасталеў, пасур'ёзнеў, Валянціна Андрэеўна радавалася і сачыла, каб хто незнарок не абразіў яго напамінкам пра мінулае ці яшчэ чым-небудзь, што магло б зрабіць душэўную траўму.

Жадаючы замацаваць мір паміж дзецьмі, улагодзіць, яна дала кожнаму з іх прыемнае даручэнне.

– Я не веру, што бацька прывязе елку з лясніцтва. Ён тыдзень абяцае і не можа выбрацца. Ды, кажуць, леснікі і міліцыя затрымліваюць усіх елачных браканьераў. Славік, разбіся, а знайдзі добрую елку. Што гэта за такая абыякавасць да Новага года? Зрабіце прыемнае мне, калі не хочаце рабіць сабе. Іра, сходзіш у краму, купіш цацкі. Каб да вечара ў нас стаяла елка. Будуць госці.

Славік узрадаваўся, што ёсць прычына пабадзяцца па горадзе, нечым заняцца. Абы забыцца на ўчарашняе. Каб можна было забыцца! А што, уласна кажучы, здарылася? Нічога. Яго ж не выгналі з завода. Ён можа працаваць. Не, чорта з два! Як ён можа вярнуцца, калі не пайшоў сёння?

Ён хацеў прымусіць сябе на ўсё махнуць рукой з цынічнай абыякавасцю чалавека, вольнага ад усіх умоўнасцей. Такім яму хацелася некалі быць. Але цяпер гэта не атрымоўвалася. Адбылося нешта незразумелае для яго. Каб раней яму сказалі, што здарыцца так, што яму будзе цяжка расстацца з брыгадай, то ён, напэўна, засмяяўся б. А цяпер, калі ён так прыжыўся там, нават з Ходасам, здаецца, паладзіў, набыў прафесію і палюбіў яе!.. Крыўдна, шкада. І ён не саромеецца гэтых «банальных пачуццяў». Застацца на заводзе? Але тады трэба ісці ў другі цэх, зноў вучнем, зноў пачынаць усё спачатку, могуць нават паставіць рознарабочым. Разгружаць вугаль ці вывозіць з цэха стружку разам з тымі дзяўчатамі, што толькі ўчора прыйшлі на завод з вёскі.

Праўда, цяпер ён не думаў са знявагай пра гэтых дзяўчат. Ні да каго – якую б чорную работу ні рабіў чалавек! – ён не ставіўся цяпер з вышыні сваёй выключнасці. Якая там, да д'ябла, выключнасць! Таксама знайшоўся звышчалавек! Ён скептычна ўсміхаўся з ранейшых думак пра свае таленты, незвычайнасць, са сваёй гульні ў расчараванасць, незадаволенасць. Не, цяпер яму хочацца аднаго – быць звычайным, звычайным слесарам-зборшчыкам, такім, як Косця, як хітрун і насмешнік Варэнік, як Лапацін, як Тарас, як нават Ходас. Як усе яны разам і кожны паасобку – з усім тым добрым, што ў іх ёсць, і з усімі чалавечымі слабасцямі. І мець звычайнае шчасце – Машына каханне. Больш нічога не трэба. Але, пэўна, ён горшы за ўсіх: Маша з ім не хоча нават сустрэцца, і з брыгады яго выгналі…

Славік спыніўся пасярод шырокай і пустой плошчы. У далёкім канцы яе, каля паркавай агароджы, прадавалі елкі. Углыбіўшыся ў развагі, ён зусім быў забыўся, чаго ішоў сюды. Убачыў елкі – успомніў і адчуў, што нішто яго не цікавіць: ні елка, ні Новы год.

А можа, пайсці да хлопцаў? І сумленна расказаць ім пра ўсё. І з Нінкай пагаварыць – папрасіць: даруй. Ён адчуў раптам павагу да дзяўчыны, якая «па начах раве ў падушку», але нікому – ні слова. Але ж – сорамна, ганебна. Як скажаш: даруй, што не кахаю цябе. Не, ён сапраўды такі пашляк і не мае права быць у такой брыгадзе. Каб можна было зайсці да Машы і да гэтай жанчыны з добрымі сумнымі вачамі… Чамусьці здалося, што толькі яны маглі б зразумець яго. Вельмі захацелася зайсці да іх. Але ён разумеў, што цяпер у яго тым больш не хопіць рашучасці.

– Што ты прывезла ламачча нейкага, а не елак? – закрычаў ён на маладую чырванашчокую жанчыну, якая ў кажуху, у валёнках сядзела на грудцы крыжавін і смачна ела свежую булку. – Думаеш, гарадскія – дурні, любую дрэнь праглынуць? Ці, можа, ім грошай няма куды дзяваць?

– А ты б пазней паспаў, можа б, табе сама Снягурачка прынесла елку, – хораша ўсміхнулася яна. – Елкі як елкі. Хто гэта будзе добры ельнік рубіць? У цябе елка два дні пастаяла, ды і на сметнік. А з добрай ялінкі якое дрэва вырасце!

Яе мудрая разважлівасць, спакой і здаровы апетыт неяк дзіўна супакоілі Славіка, нават развесялілі, настроілі па-святочнаму. Ён хутка выбраў елку, разлічыўся. Жанчына зычліва параіла:

– Галінак захапі. Падвяжаш, будзе елачка што лялечка.

Славік нёс сваё свята, дарагое яшчэ з маленства, і стараўся адагнаць прэч усе сумныя думкі. Пакінуць усе турботы старому году! О, каб можна было ўвайсці ў новы год зусім новым, без усяго мінулага! Нехта ўчапіўся ззаду за елку, пацягнуў. Нехта жартаваў. Ён намерыўся панатужыцца, пацягнуць на сябе, а пасля рэзка адпусціць – няхай грымнецца нейкі дурань. Але ззаду пырскнуў дзявочы смех. Славік хутка павярнуўся. Перад ім стаяла Маша. Трымала маленькую пушыстую елачку і ўсміхалася. Чырвоная, як жар, рукавічка гарэла паміж цёмнай зеляніны. Іскрылася інеем хлапчуковая шапка.

– З наступаючым, Славік.

Ён так узрадаваўся, што забыўся нават павіншаваць яе ў адказ. Стаяў, глядзеў і блазнавата ўсміхаўся.

Потым яны ішлі побач. Неслі елкі, вялікую і рэдкую – Славікаву, маленькую і густую – Машыну. Як у лесе. Славік сапраўды ішоў, як у лесе, – нікога вакол не бачыў, нічога не чуў, акрамя яе голасу. Гаварылі пра пустое, дробязнае. Але ён увесь час думаў, што хутка ёй трэба павярнуць… Яна са смехам развітаецца і… пойдзе. А ён зноў застанецца са сваімі пакутамі. Калі яшчэ здарыцца такі выпадак?

Славік спыніўся, глыбока ўдыхнуў марознае паветра, як бы рыхтуючыся нырнуць.

Маша са смяшынкай у вачах глядзела на яго, напэўна, здагадваючыся, пра што ён хоча сказаць. Ён сказаў амаль шэптам:

– Я люблю цябе, Маша. Я вельмі…

І змоўк – спалохаўся, што яна засмяецца. Яна не засмяялася. Наадварот, зрабілася раптам вельмі сур'ёзнай. Ласкава дакранулася вогненнай рукавічкай да адварота яго паліто.

– Выкінь з галавы, Славік. Я выходжу замуж, – і ўздыхнула.

Словы яе – як удар молата, таго, шматтоннага, што ў механічным цэху. Неяк назіраючы за яго работай, Славік падумаў, што было б, каб пад молат трапіў чалавек. Ён «трапіў пад молат»… «Яна выходзіць замуж за Тараса. Але, за яго, безумоўна. За каго ж яшчэ?»

– Ты дзіця, Славік. А я – старая. Мне дваццаць тры. Тарас – цудоўны чалавек.

Усё. Цяпер – усё. Няма Машы, няма брыгады. Нічога няма. Што ж рабіць?

Кінуўшы елку, як непатрэбную рэч, Славік доўга без мэты і без думак, з пустой галавой блукаў па горадзе. Спачатку не бачыў людзей. Пасля іх узбуджаныя і шчаслівыя твары пачалі раздражняць яго. Што іх радуе? Новы год? Елкі? Смешна. Куды б пайсці, дзе б схавацца, каб нічога не бачыць, не чуць звычайных, банальных слоў?

Каля пад'езда рэдакцыі стаяў бацькаў «Масквіч». Славік як бы спатыкнуўся на яго. Доўга стаяў, разглядаў, як дзіва нейкае. Потым з'явілася думка. Вось яно – выйсце! Паехаць – куды вочы глядзяць. За горад! У снежны прастор! Ляцець, каб вецер свістаў! З'ехаць на край свету. Няхай шукаюць!

Бацька яшчэ вясной забараніў яму ездзіць на машыне і адабраў аматарскія правы. Але запасныя ключы Славік усё яшчэ насіў з сабой, на ланцужку ў маленькай кішэні штаноў. Ён насіў іх з восьмага класа, калі навучыўся вадзіць машыну, і дужа любіў пакруціць ключыкамі перад сябрамі, перад дзяўчатамі – усё, маўляў, мы маем і ўсё ўмеем!

Шыковіч-старэйшы спахапіўся, што няма машыны, хвілін праз дваццаць. У рэдакцыі ўзняўся вэрхал. Гэта ж нечуванае нахабства! Украсці машьшу ад дзвярэй рэдакцыі сярод белага дня, ды яшчэ пад самы Новы год!.. Жах! З абурэннем званілі ў міліцыю з некалькіх тэлефонаў – у абласное, у гарадское кіраўніцтва: якога д'ябла вы там робіце, калі зладзеі дзейнічаюць вось так?! Гонар міліцыі быў закрануты, і яна праявіла незвычайную аператыўнасць.

Па горадзе Славік ехаў павольна: усюды міліцыя, асабліва пры выездзе, правяраюць кожную машыну, якая вяртаецца ў горад, адбіраюць елкі. Ён праехаў кантрольны пункт, кіруючыся ўсіх правілаў, спакойны і ўпэўнены, з папяросай у зубах. Як добры знаёмы, адсалютаваў міліцыянеру. Але як толькі вырваўся за горад, даў такі газ, што стрэлка спідометра хутка перапаўзла лічбу 100 і пачала канвульсіўна скакаць, падбіраючыся часам ажно да 120. Стары «Масквіч», здавалася, не датыкаўся сваімі аблыселымі шынамі слізкай дарогі.

Славік ехаў пасярод шашы, у лоб сустрэчным машынам. І спрактыкаваныя шафёры ў апошні міг кідалі свае ГАЗы і МАЗы ўбок, узнімаючы снежны пыл. Мацюкаліся, пагражалі ўслед вар'яту кулакамі.

Шалёная хуткасць канчаткова ап'яніла хлопца. І чым далей – тым горш. Падскаквала, дрынчала машына, кідаліся пад яе голыя вербы, і шумела ў галаве, мільгала і дваілася ў вачах.

У пасёлку хімічнага завода аўтаінспектар хацеў спыніць яго за перавышэнне хуткасці. Славік праляцеў міма. Але пільны вартавы дарожкага парадку ўсё-такі паспеў запомніць нумар. Таму вельмі хутка міліцэйскае кіраўніцтва, на радасць сабе, дакладна ведала, у якім кірунку гоняць украдзеную машыну. На дзвесце кіламетраў па магістралі былі падняты на ногі ўсе аддзяленні міліцыі.

Хто затрымае небяспечнага злодзея?

Кіламетраў за трыццаць ад горада Славік убачыў наперадзе на дарозе сярод пустога поля матацыкл. Двое ў чорных кажухах стаялі пасярод шашы. Ён зразумеў, што чакаюць яго. І тут жа ўявіў амаль дакладна, што адбылося там, у горадзе. Гэта надало яму панурую весялосць. Не аднаму яму пакутаваць. Няхай і самазадаволены «стары конь» паперажывае за сваю «рухомую ўласнасць». У апошні час ён занадта вясёлы.

– Іду на таран! – закрычаў ён і, наддаўшы газу, памчаў на міліцыянераў.

Натуральна, што яны не вытрымалі – адскочылі ўбок. Праз люстэрка Славік убачыў, як адзін выхапіў пісталет.

«Страляюць? Вось гэта здорава! Зусім як у кіно». Хутка ён убачыў, што міліцыянеры ўскочылі на матацыкл. Гоняцца. І хлопца апанавала новае пачуццё – азарт гоншчыка-ўцекача. Ён засвістаў, загалёкаў, як той каўбой на кані:

– Ану, злавіце!

Убачыўшы, што матацыкл адстае, ён знарок прытармазіў газам, даў ім пад'ехаць бліжэй. Зноў убачыў цераз люстэрка, як той, што сядзеў у калысцы, дастаў пісталет. Тады зноў ірвануў уперад так, што з-пад колаў паляцеў ледзяны пыл.

Міліцыянераў чакалі дома жонкі, дзеці і навагоднія сталы: яны адсталі, упэўненыя, што наперадзе ёсць другія.

Кіламетраў праз пятнаццаць – дваццаць уцекача чакала другая засада, больш хітрая і моцная.

Насустрач ішоў ГАЗ-69. Славік спачатку нічога не падумаў: ці мала было сустрэчных машын! Ды раптам метраў за дзвесце «газік» нібы занясло – ён стаў пасярод дарогі.

– А-а! – Славік завыў, як дзікун. – Вы так?! А мне як?! Мне як?!

Але волі хапіла не перакінуць нагі з педалі газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Заплюшчыў вочы. Не вытрымалі нервы ў міліцыянера, які сядзеў за рулём: ірвануў машыну да кювета, і Славік праскочыў і гэтую засаду. Глянуў у люстэрка, убачыў, як «газік» вылазіць са снегу, паварочваецца, і амаль радасна галёкнуў:

– А што, укусілі?

Начальнік раённай міліцыі, чалавек добры і спакойны, заключыў:

– П'яны. Не гані, Пятро. Нікуды не дзенецца. А то яшчэ разаб'ецца, дурань. – Начальнік шкадаваў п'яных, нават зладзеяў. Але Пятра заела: нейкі шчанюк так напалохаў, увагнаў у сорам. І ён націснуў на газ.

Славік раптам адчуў, што «Масквіч» як бы знясіліўся. Не, стрэлка па-ранейшаму дрыжала направа ад 100. Але ўсё-такі нешта не так. А тут яшчэ ён выскачыў да рэчкі. Круты-круты спуск, а на тым беразе яшчэ вышэйшая гара. І Славіка раптам апанаваў страх. Здалося, што машына, набыўшы інерцыю, не здолее праскочыць вузкі мост, што ў яго не хопіць сілы ўтрымаць руль і ён зляціць у рэчку, праломіць лёд…

Не паспеў ён падумаць пра гэта, як нага сама рэфлекторна пераскочыла на тормаз. І ў той жа міг Славік адчуў, што машына, нібы раз'юшаны звер, выйшла з-пад яго ўлады. Ірванула ўлева. Ён крутнуў руль управа. Тады машына з шалёнай хуткасцю закруцілася на месцы, адарвалася ад зямлі і па спіралі ўзнялася ў паветра. Адзін віток, другі, трэці… Пры кожным вітку стрымгалоў ляцелі падстрыжанымі вяршалінамі ўніз старыя вербы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю