Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 25 (всего у книги 38 страниц)
Са спагэцi нiчога ня выходзiла. Дзяўчына, заўважыўшы хлапцову нязручнасьць, перапрасiла, падсунула ягоную талерку на сярэдзiну стала, узяла вiдэлец i спрактыкаванаю рукою накруцiла на яе вялiкi клубок.
– Грац'я, – адказаў зьбянтэжаны хлапец i аж крыху пачырванеў, стараючыся нешта дагледзiць у цёмна-прамянiстых вачах.
– Ваша дачка? – запытаўся ён, пасьмялеўшы, у селянiна.
– Дзьве дачкi, – адказаў, выцершы рукою вусны, iтальянец. – А гэта Джузэпэ – нарачоны Анджэлiны.
Сымон столькi ведаў iтальянскай мовы, што зразумеў.
– Нарачоны? Дык скора вясельле будзе?
– Пасьля вайны, як скончыцца вайна, – пасьпяшыла на дапамогу мацi.
Кавалер паглядзеў на Анджэлiну, быццам на якi ласы кавалак. У тым паглядзе свяцiлася нецярплiвасьць няведама якога доўгага чаканьня й няпзўнасьць адносна няведамага канца вайны.
– Але-ж якi вы бляндын! Якiя прыгожыя маеце блёнд валасы! – выказала сваё зьдзiўленьне, гледзячы на Сымонаў чуб, Анджэлiна.
– А ў вас, iтальянцаў, няма бляндынаў?
– Ёсьць, – усьмiхнулася дзяўчына, – толькi маляваныя.
– Ты ведаеш, браце, – сказаў да Сымона, канчаючы свае спагэцi, Кашыбанда, – хутчэй мы iхныя ўсе бочкi асушым, чымся ў iх вырасьце бляндын. Як Бога кахаю.
Пасьля гэтага, не зважаючы на iншых, налiў са шклянога графiна шклянку "б'янка" й вялiкiмi глыткамi прапаласкаў спагэцi.
– Мольто грац'я, сiньёры, – дзякаваў, устаючы, Кашыбанда, а за iм пасьпяшыў i Сымон. – Спагэцi мольто боно.
– Прэго, сiньёры, прэго, – падняўся з крэсла гаспадар.
– Арывiдэрчы, – разьвiталiся жаўнеры й пайшлi вылежвацца на сонцы.
V
Прыйшоў загад у зьвяз "кар'ераў" даць пяць чалавек на падмацаваньне перадавога абароннага пункту (ПАП) на левым флянгу роты. У лiк вызначаных трапiў i Сымон.
– Запрагай каня! – крычалi Прануку жаўнеры.
– Конь запрэжаны. Сядайце! Хочаце, дык да самых швабскiх бункераў давязу.
Пранук Бонк, як i заўсёды, быў падпiты. Калi ўсе ўселiся, пусьцiў у рух матор i, ад'ехаўшы з паўкiлямэтра назад, разагнаў борзды "кар'ер" на поўную хуткасьць. Густы пыл курыў па польнай жвiровай дарожцы. Праехаўшы мо кiлямэтр на захад, зусiм не зьмяншаючы хуткасьцi, крутой дугой павярнуў направа. Мясцовасьць была тут больш узвышаная, i, прыгледзеўшыся ўважней, льга было спасьцерагчы воддаль насып над Сэньё. Пяцёрка сядзела на "кар'еры", выпрастаўшыся на поўны рост. Раптам зь нямецкага боку праз гул матора пачулася густая траскатня аўтаматычнай зброi. "Кар'ер" умiг спынiўся, а ездакi, быццам тыя галовы качаноў, пакацiлiся ў бочную канаву.
– Ты, вар'яце! – крычаў нехта. – Чаго ты прэш? З глузду зьехаў?
– Як то – чаго прэш? Чым вальней, тым iм лягчэй узяць на прыцэл.
– Усе цэлыя?
У адказ зь нямецкага боку пачуўся працяжны й дэмаралiзуючы рогат "спандаву", а кулi завiшчэлi навокал пустога "кар'ера". Шасьцёрка яшчэ мацней прылiпла да зямлi няглыбокай прыдарожнай канавы. Ясна было, што немцы добра асачылi "кар'ер".
– Давайце паўзём на гэну руiну. Чакайце яшчэ, забярэм рэчы з воза!
Мэтраў дваццаць налева ад дарогi тырчаў мураваны шкiлет фермы. Да ПАП было ўжо недалёка, але "кар'ерам" неяк было далей ехаць. Трэба было перачакаць агонь.
– Ты, Пранук, перачакай тут, пакуль спынiцца агонь, ды давай назад, а мы ўжо дойдзем, – загадаў Бонку яфрэйтар.
– О'кэй, давайце.
Яфрэйтар асьцярожна ўспоўз ззаду на "кар'ер" i па хвiлiне пачаў адтуль шпурляць клункамi й зброяй у канаву.
– Бярыце ды паўзiце за гэныя сьцены.
Лiшнiм было паўтараць. Хуткiмi перабежкамi пяцёрка неўзабаве апынулася за сьцяной разьбiтага дому. Усьпелi ў добры час. Адно прыселi за сьцяной, як паблiзу скалатнулася зямля, i колькi чарговых артылерыйскiх снарадаў падняло ўверх стаўбуры мяккай чорнай зямлi.
– Скурррррр... сыны! – лаяўся адзiн з тых, што схавалiся.
Спрактыкаванае вока магло ацанiць, што немцы ўстрэльвалiся ў "кар'ер". Пасьля двух снарадаў па баках i аднаго ззаду цяпер мусiў прыляцець наступны, якi меў папасьцi ў мэту. Гэтак звычайна артылерыст трапляў у малы нярухомы аб'ект чацьвёртым снарадам, а больш спрактыкаваны мог рызыкнуць i трэцiм. Чацьвёрты не трапiў. Выкапаў вялiкую яму мэтры два сьпераду "кар'ера" i абкiдаў зямлёю ды асколкамi машыну й канаву. Пяцёрка з-за сьцяны прыглядалася з затоеным дыханьнем. Цiкавiлiся, цi паранены быў Пранук, што застаўся ляжаць у канаўцы побач возу. Як быццам у адказ iм, з канавы найперш паднялася Пранукова галава, а пасьля й тулава. Хуткiм крокам скочыў на "кар'ер", мяркуючы, мусiць, што хутка запозна будзе ратаваць. Ня ўсьпеў ускарабкацца, як зь нямецкага боку зарагатаў "спандаў". Пранук уздрыгнуў, застагнаў, i бязладнае цела звалiлася перад гусенiцамi сьпераду.
– Пранук! Пранук! – крычаў
У адказ пачуўся ледзь чутны стогн.
– Пся косьць, на чорта яму той воз, чаму не ляжаў! – камэнтаваў адзiн за сьцяной.
Яфрэйтар маланкай перабег ад сьцяны да "кар'еру". Прылёг i памацаў рукою параненага. Пасьля колькiх хвiлiнаў ён iрвануў назад, i амаль у той самы момант, як дабягаў да сьцяны, снарад шарпануў па "кар'еры", якi ўмiг ахапiла полымя й дым. Тыя, што хавалiся за сьцяной, ужо ня мелi патрэбы пытацца, цi жыве Пранук Бонк.
– Пся крэў! Скурр... сыны! – вылаяўся зноў яфрэйтар. – Давайце наперад, бо зараз i па нас зачнуць!
Пяцёрка трушком i перабежкамi кiнулася наперад. З гэтага боку адазвалiся гарматы й мiнамёты. Дрыжала й калыхалася залатое вясеньняе, напоўненае смяротнымi зыкамi паветра.
VI
Асноваю перадавога абароннага пункту, куды зьявiлася пяцёрка, была вялiкая мураваная хата. Вокны з паўночнага боку былi пазакладаныя мяшкамi зь пяском. У кутах мура павыбiваныя былi адтулiны дастатняй вялiчынi, каб наглядаць поле абстрэлу. Зь iх тырчэлi цёмна-шэрыя рулi цяжкiх кулямётаў браўнiнгаў. Два былi на першым, а адзiн – на другiм паверсе. Нанач варта ўзмацнялася – адзiн трымаў старожу ззаду хаты, а другi – на першым паверсе дома сьпераду. Узброеныя былi ручнымi аўтаматамi "томсанамi". Камандзерам ПАП-у быў сухi ў твары, высокi й тонкi. у трыццатых гадох зьвязовы падхаронжы. Меў дванаццаць чалавек пад сваёй камандай.
Ззаду хаты, на мэтраў пяцьдзесят воддаль, стаяў пусты хлеў i сьвiран, побач яго – абрэзаны навокал даволi тонкi ўжо, але высокi стог саломы. Гэты ПАП больш быў умацаваны, чымся суседнiя. Рака Сэньё рабiла тут дугу, й нямецкiя пазiцыi больш былi высунутымi ў глыб польскае лiнii, чымся ў iншых месцах. Да варожых пазыцыяў было адсюль каля трох сотняў мэтраў. З паўночнага боку хаты, зараз каля яе, раўналегла да абароннае лiнii бегла мiжхутарная дарога. Цяпер яна ня ўжывалася. Адно начамi хадзiлi па ёй патрулi. Згодна зь iхнымi апавяданьнямi, немцы часта падкрадалiся да самых польскiх пазыцыяў. Ночы былi найбольш небясьпечныя. Удзень абодва бакi абмяжоўвалiся лёгкiмi перастрэлкамi зь мiнамётаў, аўтаматычнай ручной зброi й зусiм рэдка з артылерыi.
Яфрэйтар адрапартаваў камандзеру ПАП-у аб зьнiшчэньнi немцамi "кар'ера" й сьмерцi Пранука Бонка. Гэта была адно фармальнасьць, бо раней яшчэ данесьлi камандзеру ягоныя-ж людзi, што сачылi за ўсiм выпадкам. Тэлефанiчна камандзер зьвязаўся з ротным, якому перадаў няпрыемную навiну. Пасьля зьмярканьня рэшткi Пранука Бонка былi прыбраныя з дарогi людзьмi з санiтарнае часьцi.
Сымонаў твар разьяснеў шчырай, ветлiвай усьмешкай, калi ўбачыў Аляксандра Лабуна. Гэта быў, апрача яго, адзiн беларус на ПАП. Сябры моцна пацiснулi адзiн аднаму рукi.
– Здароў, брат, здароў. Сьцiпла называю цябе братам, але ты мне даражэйшы цяпер, як брат, – трос рукой Сымон.
– Такiх мiлых гасьцей чымся пабольш. Ведаеш, як мне аднаму сярод чужых надакучыла.
– Што й гаварыць.
– Як-жа ты ўцалеў? "Кар'ер" ваш немцы разьбiлi.
– Жартуеш? Такога загартаванага ваяку, як я, i кулi ўжо не бяруць.
– Ня вер тым кулям, бо яшчэ, чаго добрага...
– Ускочылi былi за сьцяну руiнаў. Толькi бядака-шафёр папаўся, бо хацеў з "кар'ерам" – наўцёкi. "Спандавам" зрэзалi.
– Сукiны каты!
– Вам добра дакучаюць тут?
– Гэта месца даволi небясьпечнае, асаблiва ўночы.
Як быццам на запярэчаньне гэтаму колькi мiн тузанула паветрам. Адна ўпала блiзка хлява, але не дэтанавала.
– Гэй, там! – пачулася з хаты. – Чаго пасталi, як разiнькi сярод панадворку?! Бяжыце ў хату або трымайцеся блiжэй сьцяны!
Два беларусы падыйшлi й селi ля кучы зь пяском каля самай сьцяны.
– Ну, як ты? Ужо прывык да фронту? – пытаўся Лабун.
– Ведаеш, братка, спачатку было страшнавата. Быў-жа чалавек ужо ня раз пад абстрэлам i на фронце – сам ведаеш. Але кожны новы раз, якi-б ты стары жаўнер ня быў, калi трапiш пад агонь, то нанава прывыкай. Здаецца, што ўсе кулi лятуць у тваiм кiрунку й абавязкова ў цябе трапяць.
– А тая, што мае трапiць, дык так неспадзявана бзыкне, што й не агледзiшся.
– У тым-то й сук. Толькi пасьля ўжо чалавек звыкне, што цi кулi сьвiшчуць, цi чмялi гудуць – усё роўна.
– Кажы, што дзе новага. Бачыў каго з нашых цi чуў мо?
– Не, братка, нiкагусенькi, – адказаў Сымон. – А ты?
– Бачыў на днях Дзежку. Казаў, што ўсе нашы цэлыя й здаровыя. Як i раней, ня страцiў гумару.
– Ага, вось маю i я навiну.
– Ну?
– Не так даўно, тыдзень мо таму назад, чытаў я ў дывiзiйнай газэтцы разьдзел пошукаў Чырвонага Крыжа. I ведаеш, каго напаткаў?
– Каго-ж?
– Мiкула Мар'ян шукае брата Вiталiя Мiкулу.
– Мар'ян Мiкула?
– Так.
– Выглядае, што капiтан Мiкула меў брата.
– Мусiць.
– I што ты зрабiў?
– Ну, што-ж мог... напiсаў у Чырвоны Крыж, што ягоны брат Вiталi быў, ведаеш, у БКА, пасьля ў трыццатай, ды што быў немцамi арыштаваны й, падобна, застрэлены.
– Адказу яшчэ не атрымаў?
– Ня было-ж калi.
– Цiкава. Мы й ня ведалi, што Мiкула меў брата ды яшчэ ў польскай армii.
– Ды яшчэ маёра.
– Так?
– Гэтак падаваўся ў пошуках.
– Гм. Ён табе, напэўна, яшчэ раз напiша. Думаю, варта было-б паiнфармаваць яго дакладна, што ведаеш аб капiтану Мiкуле i што ён, ягоны брат, павiнен толькi ганарыцца Вiталем. Гэта быў адзiн з гэрояў нашага народу. Кажу "быў"... Хто ведае, мо яшчэ жыве...
– Хадзiлi чуткi, што зьлiквiдавалi яго ў Дахаў.
– Сам Бог ведае.
I сапраўды за нейкi тыдзень пазьней Сымон Спарыш атрымаў ад маёра Мiкулы лiст, дзе той, пiшучы па-польску, распытваўся пра брата й прасiў, каб Сымон напiсаў усё-ўсенька, хаця-б найменш важнае, што ведае. Сымон напiсаў другi лiст на беларускай мове. У цёплых словах адлюстраваў усё яму ведамае адносна былога свайго камандзера, пачынаючы ад Менску й канчаючы Эльзасам ды пераходамi беларусаў да макiсаў. Што да далейшага лёсу шэфа штаба БКА, хлапец адно мяркаваў, бо й сам ня ведае напэўна, цi капiтан быў зьлiквiдаваны немцамi ў Дахаў. На другi лiст адказу не атрымаў.
VII
Пяшчотна-цёплае вясеньняе сонейка вяртала прыродзе жыцьцёвыя сiлы. Навокал абароннага пункту пачыналi зелянець сады й вiнаграднiкi, усьмiхалiся краскi. Травiца зарастала й пакрывала зеленьню сляды танкаў i "кар'ераў", няглыбокiя канаўкi ад мiнаў i снарадаў. Парваная, патаптаная, парэзаная зямля, як магла, лячыла ваенныя раны. Густым зялёным дываном буйнела на палях азiмiна. Ад ПАП у кiрунку нямецкiх умацаваньняў на насыпе ракi Сэньё роўнымi шэрагамi апраналiся ў лiсточкi яблынi, грушы й вiнаграднiк. Птушкi, часта палоханыя ўзрывамi й перастрэлкаю, маўклiва таiлiся ў садох, а то i ўцякалi ад фронту, каб у бясьпечнейшых месцах будаваць гнёзды. На гэтак званай нiчыёй зямлi – паласой мiж нямецкiмi й хаўрусьнiцкiмi абароннымi пазыцыямi – зелень дрэваў мела ўплыў на павышэньне двухбаковай актыўнасьцi патрулёў. Пад аховай зеленi людзi падпаўзалi зусiм блiзка да ўмацаваньняў працiўнiка. Вартавыя напружвалi зрок, сачылi за рухам кожнае галiнкi, каб у час спасьцерагчы ворага й не дапусьцiць яго за мяжу небясьпечнае лiнii.
У адзiн з такiх прыгожых вясеньнiх дзён на панадворку фэрмы сядзела група жаўнераў. Бальшыня была разьдзетая вышэй паясьнiцаў i старалася здабыць першы вясеньнi загар. Чацьвёра зь iх, седзячы на траве на разасланых коцах, крокаў за восем ад задняе сьцяны дома, гулялi ў карты. Адзiн выпыльваў коц. Сымон прымасьцiўся на старым крэсле пад сьцяною каля дзьвярэй i штосьцi чытаў. Лабун стаяў побач карцёжнiкаў. Было цiха й цёпла. То з аднаго, то з другога боку адклiкаўся фронт. Мiны капалi на палях i агародах новыя канаўкi.
Адна такая мiна раптам разарвалася крокi за два ад карцёжнiкаў i блiзка чалавека, што выпыльваў коц. Цэлая група здаровых i дужых людзей за iмгненьне да гэтага раптам замянiлася ў акрываўленых калекаў. Рэзультат быў настуюны:
Аднаму карцёжнiку, што ляжаў на левым баку ды, выставiўшы ўверх рукi, трымаў карты, адарвала тры галоўныя пальцы правае рукi. Вiселi яны на перасечанай амаль напалову далонi, што ператварылася ў акрываўлены кавалак мяса. Другому карцёжнiку, што сядзеў задам да месца ўзрыву, асколак патузаў правае плячо. Трэцяму кавалак, жалеза зашыўся ў мякаць правага бока. Аляксандру Лабуну два маленькiя кавалачкi гарачай сталi трапiлi ў нiжнюю шчаку. Кроў тоненькiмi нiтачкамi сачылася па шыi. Чалавека, якi, трымаючы абедзьвюма рукамi за рагi, выпыльваў коц, нейкiм цудам жалеза мiнула. Адно ў руках з тоўстага суконнага коца засталiся падзюраўленыя, быццам сiта, абрыўкi. Сымону, што сядзеў найдалей ад месца дэтанацыi, нешта балюча ляпнула па цеменi на пальцы чатыры ўверх ад левага вуха. Ён памацаў мiж густых валасоў маленькi гузячок, прыцiснуў яго, зiрнуў на плямку крывi на пальцы i пераканаўшыся, што косьць была непашкоджаная i што пад скураю ня было асколку, прыглядаўся суматосе сярод параненых.
На панадворку паднялiся енкi. З хаты выбеглi жаўнеры. Раненыя хутка так-сяк былi перавязаныя, а выклiканая тэлефонам санiтарная машына забрала чатырох на пункт першае дапамогi. Ужо на зьмярканьнi Аляксандр Лабун вярнуўся назад з аблепленай бандажом нiжняй часткай левай шчакi. Тры раненыя засталiся ў шпiталi.
Мiна, мо адна з тысячы такiх, выпушчаных працiўнiкам, гэтым разам знайшла здабычу. ПАП паслабеў на трох чалавек. Таго самага вечара камандзер ПАП забаранiў жаўнерам бяз службовай патрэбы выходзiць па-за сьцены ўмацаванага будынку.
VIII
На другую ноч пасьля вышэйапiсанага выпадку, каля дзесятае гадзiны, Сымон стаяў на варце. Меў загад перш страляць, а пасьля ўжо распытвацца, хто й што. Сымонаў пост быў пры паўдзённа-ўсходнiм куце хаты. Сядзеў у сярэдзiне высокай, паўколам вылажанай гурбы мяшкоў з пяском. Адно шлем i вочы тырчэлi над краем. Перад носам – заладаваны скарастрэл "томсан", а побач яго – паўдзесятка гранатаў.
Спевы конiкаў часта заглушалiся водгульлем ад выбухаў снарадаў i мiн. На правым фланзе, ад польскiх пазыцыяў на ўсход, кожную ноч амаль бесьперапынна гучала сымфонiя гармат. Там былi пазыцыi жыдоўскай брыгады, створанай з уцекачоў з розных краiнаў Эўропы. Адносна гэтага адзьдзелу хадзiлi мiж жаўнерскае масы розныя сьмешныя анэкдоты. Тэмай бальшынi была прыказкавая баязьлiвасьць нашчадкаў Аўраама. Якраз яна, як тлумачылi суседзi па фронце, спрычынялася да бесьперапыннай начной стральбы на жыдоўскiм адрэзку. Стралялi не таму, што немцы iх атакавалi, цi таму, што адрэзак iх быў найбольш важным i небясьпечным, а, як казалi, таму, што старалiся дэмаралiзаваць i палохаць працiўнiка згодна старой адносна iх прыказкi: "жыда ня б'юць яшчэ, а ён ужо крычыць". Гэтак i цяпер: жыдоўскi адрэзак захлынаўся агнём, хаця суседнiя хаўрусьнiцкiя адзьдзелы абмяжоўвалiся адно самай неабходнай перастрэлкай.
Дзесь недалёка на захад i крышку наперад у нямецкi бок крычалi iндыкi. Сымону давялося раней чуць, што iндычыны гоман даносiўся з пакiнутай птушынай фэрмы, якая апынулася на нiчыёй тэрыторыi. Птушкi, трывожаныя стрэламi, а то й патрулямi, праводзiлi неспакойныя ночы. На фэрму часьценька заглядалi патрулi з абодвух бакоў, i пасьля кожнага такога вiзiту сям'я iндыкоў зьмяншалася. Бывала, што варожыя патрулi там сустракалiся. Месца было вельмi небясьпечнае. Паводле апавяданьняў, на мiнулым тыднi капрал зь iншай польскай роты, што са сваiм пяцiасабовым патрулём заглянуў на фэрму ўночы (быццам службова, але фактычна таму, каб наладаваць мяшок птушкамi), застрэлiў чатырох немцаў. Удалося гэта яму, як апавядалi, толькi дзякуючы вялiкай цьвярозасьцi й неразгубленасьцi ў крытычны момант, калi на фэрме лоб у лоб сустрэўся зь немцамi. Апавядалi далей, што капрал за гэткую вялiкую баявую заслугу быў прапанаваны да ўзнагароды крыжам "Вiртуцi мiлiтары" – найвышэйшай польскай адзнакай за адвагу ў баi. Колькi было ў тым праўды цi выдуманага, Сымон ня мог ведаць. Але ў тым, што на левым флянзе крышку ўперад iснавала птушыная фэрма й што там яшчэ й цяпер былi iндыкi – ня было сумлеву. Гэтак i цяпер гоман iхнi гучаў дысанансам у агульным сьвiсьце снарадаў, тарахканьнi "брэнаў" i рогаце "спандаваў".
Пры сьвятле батарэйнай электрычнай лямпачкi зьвязовы падхаронжы камандзер ПАП вызначыў трасы патруля, агледзеў трох чалавек у баявой гатоўнасьцi й тэлефанiчна паведамiў камандзеру роты аб высланьнi людзей. Той у сваю чаргу меў паведамiць iншыя польскiя пасты, каб ведалi, што свае людзi знаходзяцца ў баёвай разьведцы.
Сымон Спарыш, седзячы на варце й прыслухоўваючыся розным гукам ночы, думаў аб усiм i аб нiчым. Абыякавасьць ягонай, звычайна чульлiвай натуры зьмянiлася атупеньнем. Падобным быў да таго палена, якое нядбайлiвы гаспадар топча на дрывотнi дзясяткi разоў замест таго, каб прыхаваць у зацiшнае й сухое месца пад страхою. Аднаго дня нечакана заўважыць яго пад нагамi ды знойдзе ўжытак. Хлапец быў маленькай незаўважнай пешкай, якому дзесьцi ў будучынi на нейкiм адрэзку жыцьця прыйдзецца выканаць нейкую сваю, для яго асаблiвую ролю. У гэтым ня меў сумлеваў. Абы захаваць жыцьцё. А цяпер? Што-ж цяпер? Няхай кiдаюць i топчуць. Як бы нi тапталi, а ўжо-ж зусiм ня стопчуць. Тапталi-ж i раней, дый не такiя таптуны. Цяпер дык хоць па-людзку кормяць i апранаюць, хаця фiзычна ня прыходзiцца цярпець нястачаў. А абавязкi-ж, якiя-б яны нi былi, выконваць трэба. Аб тым, што штучна прычэплены да гэтага чужога цела, зь якiм нiколi ня зможа зрасьцiся, думаць шкада было. Даўно й безьлiч разоў раней ужо думаў i паставiў кропку над "i".
Думкi нейкiмi нязьвязанымi абрыўкамi мiтусiлiся ў галаве. Прыслухоўваўся да заядлай стралянiны на жыдоўскiм адрэзку, пiльна ўглядаўся ў вялыя ценi садовых дрэў i час ад часу пазiраў на ясны поўны месяц, што, здавалася, маестатычна i абыякава дзiвiўся проблiскам агню на халявiне iтальянскага бота. Сымон нагнуўся й прыкурыў папяроску. Трымаў яе ў жменi, каб, баранi Бог, хто-небудзь зводдаль не заўважыў. Нiколi-ж нельга было быць пэўным, што адна цi другая пара вачэй ня прытаiлася дзесь за зеленьню.
За сьцяной ледзь чутны быў шоргат ног i гоман прыцiшаных галасоў. У заднiх дзвярох зашастала вопратка, прыклад нечага аўтамата стукнуў аб аўшак, i Сымон заўважыў тры постацi. Крокаў амаль ня было чуваць. Абутымi былi ў лёгкiя гумовыя спартовыя атопкi, каб у выпадку патрэбы цiханька, быццам тыя ценi, падкрасьцiся да пазыцыяў працiўнiка ды, калi собiць, i ўцячы баржджэй. Трохасабовы патруль, трымаючы напагатове аўтаматы, асьцярожнымi крокамi абышоў хату й схаваўся за вуглом яе.
Сымона нi разу ня высылалi яшчэ на начны патруль. Цяпер-жа ён пачаў думаць, як чуўся, калi-б яму давялося iсьцi ў лiку тых трох, на якую-б выстаўляў сябе небясьпеку. Шнурок ягоных думак быў раптоўна абарваны сухiм i густым трэскам нямецкага скарастрэлу "шмайсара" зь пярэдняга боку ПАП. Пару часiнаў пасьля прыляцеў адтуль нечы крык, i з-за вугла выбеглi тры жаўнеры-патрулёўцы. Адзiн зь iх трымаў сьцiснутую вышэй локця левую руку. Ледзь усьпелi ўбегчы ў хату, як цэлы ПАП зь пярэдняга боку ажывiўся цяжкiм грукатам усёй аўтаматычнай зброi. Два браўнiнгi зьнiзу й адзiн зьверху ды пара ручных скарастрэлаў сеялi жалезным дажджом па агародзе, вiнаграднiках i садовых дрэвах сьпераду. З хаты выбег камандзер зьвяза i, прабегшы каля Сымона, прысеў за яблыняй ды пусьцiў у кiрунку немцаў яркую асьвятляльную ракету. За ёй – другую й трэцюю. Пасьля пабег назад.
Стралянiна трывала хвiлiн дзесяць. Аўтаматчыкi, заўважыўшы, што сьпераду, адкуль нехта пусьцiў пару сэрыяў са "шмайсара", ня было нiякага водклiку, далi адпачыць нагрэтым аўтаматам.
Ужо на свiтаньнi два чалавекi высланы былi агледзець поле сьпераду хаты. Прынесьлi назад два панцырфаўсты, адзiн "шмайсар", колькi стрэльбаў i гранатаў. Не знайшлi забiтых анi параненых немцаў. Паводле iхняга апавяданьня пра пазыцыi, дзе знайшлi нямецкую зброю, можна было ўявiць наступнае: вялiкi нямецкi патруль, чалавек дзесяць цi больш, падкраўся да ПАП. Немцы йшлi вужом ля шэрагу вiнаградных кустоў, маючы на мэце акружыць i зьнiшчыць ПАП. Аб гэтым сьведчыла раськiнутая дугой на траве зброя. Колькi часiнаў, вiдаць, патрэбна iм было, каб хвост патруля падыйшоў наперад зь левага боку й каб распачаць атаку. Праслухаўшы такi рапарт, зьвязовы падхаронжы пацерабiў галаву.
– Бачыш, дрэнi, ледзь нас не накрылi.
– I як то яны падпаўзьлi зусiм так незаўважанымi.
– Добра сталася, што наш патруль у той час выйшаў.
– I яшчэ як добра.
Ня было найменшых сумлеваў, што калi-б патруль выйшаў на пару хвiлiн пазьней... але тады зусiм ня выйшаў-бы. Два панцырфаўсты замянiлi-б хату ў вялiкае полымя. Iм дапамаглi-б гранаты. Калi-б немцы заатакавалi згодна з плянам – можна было надвое варажыць, цi ўратаваўся-б хто з ПАП.
Два днi пасьля зь нямецкага боку прыйшлi два жаўнеры. У палон зьявiлiся самахоць, бачачы бессэнсоўнасьць безнадзейнага змаганьня. Ад iх палякi даведалiся, што дваццацiасабовы патруль, заданьнем якога было зьнiшчэньне ПАП, зь вялiкiм перапалохам уцёк з-пад граду агню. Было трое параненых. Камандзер яго, нейкi фельдфебель, у сваёй справаздачы казаў, што па дарозе трапiў неспадзявана на засаду, што мусiў як мага ўцякаць, навет зброю пакiнуўшы.
IX
На працягу сакавiка й пачатку красавiка хаўрусьнiцкiя адзьдзелы папаўнялiся рэзэрвамi людзей i матэрыялаў. Асфальты гладкiх дарог угiналiся пад цяжарам шматтонных вазоў, калечылiся гусенiцамi танкаў. Зьявiлiся дадатковыя сотнi цяжкiх i лёгкiх гарматаў, танкаў, кулямётаў, амунiцыi, тысячы новых людзей. Ярка-зялёныя галiнкi садоў хавалi замаскаваныя даўгiя й тоўстыя жаролы артылерыi, што неўзабаве агнём i жалезам мела зьмянiць карту Апенiнскага паўабтоку.
Калёны ангельскiх танкiстаў пры дарозе спынялi свае "чэрчылi" й "кромвелi", каб не праваронiць "ты тайм" (гарбатны перапынак). Вайна цi мiр, а жыхар Ёркшыра цi Ланкашыра трымаўся сваiх звычак i традыцыяў. Вылазiў зь пяцiдзесяцiтонных стальных пудзiлаў, распальваў польны прымус i спажываў гарбату з малаком i бiсквiтамi. Цяпер-жа й перашкодаў ня было: двухкрылыя машыны маршала Гэрынга з недахопу палiва ржавелi на паўзьнiшчаных лётнiшчах, а хаўрусьнiцкая авiяцыя была поўным гаспадаром неба.
Сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады сабраўся ў вялiкiм тэатры места Фаэнцы. Камандзер батальёну гаварыў аб дысцыплiне, п'янстве, вэнэрычных хваробах, карным кодэксе. Гаварыў аб неабходнай жаўнерскай маралi, аб тым, што Андэрсаў корпус стаiць напярэдаднi апошняга бою. Хутка мае распачацца наступ, што выкiне гiтлераўцаў з паўдзённага боку Альпаў. Камандзер гаварыў, што ў немцаў, паводле здабытых разьведкамi вестак, бракавала алiвы да гарматаў, палiва, харчоў, медычных прыпасаў, амунiцыi, транспарту, людзей. Камандзер запэўнiваў, што дарога ад Сэньё да Балёнii будзе шмат лягчэйшай, чымся тая, якой прыйшлi яны на поўнач ад падножжа iтальянскага бота. Жаўнеры слухалi й напаўнялi вялiкую тэатральную залу густым блакiтным дымам сотняў цыгарэтаў. Што-ж iм? Так цi iнакш пачатае давядзецца скончыць. Хоць Сталiнавы янычары ўжо панавалi ў Варшаве й Кракаве, хоць колiшняя мэта – вольная й незалежная Польшча – даўно пахаваная была ў кучы ялцiнскiх папераў, хоць зьнiклi й спапялiлiся тысячы надзеяў, дарма страчаны дзесяткi тысячаў маладых жыцьцяў пачатае трэба скончыць.
На гэнай зборцы Сымон не дашукаўся сваiх найблiжэйшых сяброў – Кастуся Дзежкi й Вiктара Караткевiча. Згодна ранейшага загаду, паехалi яны на кароткатэрмiновыя курсы дзесь у паўдзённую Iталiю. Туды-ж накiраваўся й Аляксандр Лабун. Сымонава пасьпяховая здача экзаменаў у Сан-Базыльё спрычынiлася, мусiць, да таго, што быў пакiнуты на фронце. Апошнiмi днямi прыдзелены быў да трэцяга зьвязу свае роты, дзе зь менскiх сяброў знайшоў Ялонскага й Ялушэвiча. Было крышку весялей – усё-ж час ад часу колькiмi роднымi словамi з другiмi перакiнуцца можна будзе.
Спарыш атрымаў "п'ят" i двух амунiцыйных на помач. "П'ятам" называлася кароткая, на мэтр даўжынi, супрацьтанкавая стрэльба. Дакладней кажучы, цяжка было назваць яе стрэльбай. Трэцюю частку даўжынi складаў паўадкрыты кодаўб, куды заладоўвалася шасьцiфунтавая бомба. У даўгi й вузкi нос бомбы ўкладаўся запальнiк, i яна тады называлася завостранай, а сама аперацыя – вастрэньнем бомбы. Другой часткай "п'ята" была даўгаватая, мо на сантымэтраў дзесяць у дыямэтры труба, закончаная паўкруглым прыкладам. У сярэдзiне мэталёвай трубы была доўгая й тоўстая пружына, якая пры нацiску курка пускала ў рух адбой, што дэтанаваў капсуль таўставатага патрона ў хвасьце бомбы. З "п'ята", пастаўленага на кароткай ножцы, стралялi лежачы. Меў максiмальны засяг на сто дваццаць мэтраў, але толькi на дзевяноста мэтраў стралец мог мець шансы трапiць у мэту. Пры выстрале прыклад "п'ята" з вялiкай сiлаю таўхаў у плячо, а паўадкрыты кодаўб, у якiм ладаваўся снарад, зусiм не заглушаў дэтанацыi патрону, пры дапамозе якога ладунак зь вялiкiм цiскам выкiдаўся да мэты.
Неяк у адзiн дзень, пры баявых практыкаваньнях з п'ятам" недалёка ад франтавой лiнii, Сымон выстралiў дваццаць адзiн снарад. Пасьля гэтага, асаблiва-ж пасьля начнога адпачынку, надта разбалелася правае плячо. Ня мог бяз болю паварушыць рукой, а ў вушах шумела й зьвiнела цэлыя наступныя тры днi. Адылi й да гэтага трэба было прывыкаць.
"П'ят" важыў звыш трыццацi фунтаў. На час акцыi прыдзялiлi Сымону двух амунiцыйных. Кожны зь iх меў насiць па шэсьць снарадаў. Ляжалi яны па тры штукi ў кантэйнеры, што меў палатняны пасак дзеля перавескi цераз плячо. Калiсьцi ў трыццатай дывiзii на эльзаскiм фронце вартаваў Сымон у акопах з нямецкiмi панцырфаўстамi, цяпер-жа быў таксама супрацьтанкавым стралком з ангельскiм "п'ятам". Паўставала адно пытаньне, цi будзе ў што страляць, цi мелi немцы на фронце танкi, а калi мелi, дык цi было палiва й алiва для iхняга ўжытку? Сымон пацяшаў сябе, што неабавязкова страляць у танкi; ня толькi можна, але, пэўна-ж, i трэба будзе зьнiшчаць кулямётныя гнёзды ў бункерах, акопах цi мурах. Для гэтага ж "п'ят" надаваўся зусiм ня горш, чымся для лiквiдацыi панцырнай зброi.
НАСТУП МIЖ ЦЬВIТУЧЫХ САДОЎ
I
Цудоўны сонечны вясеньнi дзень 9 красавiка 1945-га году запачаткаваў апошнi разьдзел хаўрусьнiцкай ваеннай кампанii ў Iталii. Неўзабаве пасьля абеду блакiтнае бясхмарнае неба загрымела тысячамi цяжкiх ангельскiх i амэрыканскiх бамбавiкоў. Яны плылi на поўнач, каб зьнiшчыць пульс жыцьця ворага: пусьцiць з агнём ваенныя склады, чыгуначныя станцыi, раськiдаць i спапялiць канцэнтрацыйныя пункты армiй фон Кэсэльрынга...
У праменьнях мякка-цёплага й вясёлага вясеньняга сонца зьзялi смертаносныя магутныя птушкi, напаўняючы жыцьцядайнае неба злавесным рэхам маторных грымотаў. Iх былi сотнi, а мо тысячы. Плылi роўненька й паволi. Здавалася, што нiякая сiла ня здольная зьмянiць iхняга курсу, перашкодзiць цi не апошняму ўжо падарожжу туды, дзе пасеюць сьмерць i руiны. Сымон нiколi ў сваiм жыцьцi ня бачыў столькi самалётаў. Помнiў нямецкi наступ на ўсход. Тады таксама немцы амаль закрывалi неба. Але зь цяперашнiм ня было параўнаньня. Здавалася, што ўся плошча неба была занятая, кожная вышыня над зямлёю раўла тысячамi матораў.
З жаролаў дзесяткаў тысяч гарматаў ад Генуйскай затокi да Адрыятычнага мора артылерысты здымалi маскаваньнi й ахоўныя чахлы. А трэцяй гадзiне прыйшоў сiгнал, i хвалiстая стужка хаўруснiцкай лiнii пачала шпурляць стальлю й полымем на поўнач. Крышылiся аслабленыя нямецкiя ўмацаваньнi, пражылася зямля, й ападалi ў магутным дрыжэньнi кволыя пялёсткi кветак у цьвiтучых садах. Дбайлiвая й працавiтая пчолка, зьбiраючы мёд, губiла шлях у свае вульлi, слабы матылёк сьляпiўся пылам i дымам з разьдзiраных грудзей зямлi. Здавалася, што сатана раздзьмухаў усе вогненназьнiшчальныя моцы пекла.
Ёсьць нешта над меру магутнае й натхняючае ў гуле й грымотах тысячаў чародных гарматных залпаў. Трэба ўявiць, што стрэлы былi настолькi густымi й частымi, што ня было мiж iмi нiводнага, хаця-б найкарацейшага перапынку. Гул гэткi ўлiвае сiлу й падымае з пасьцеляў фiзычна аслабленых i вычарпаных старых жаўнераў, змушае iх да самых крайнiх натугаў, улiвае моц i дынамiчнасьць у змучаныя арганiзмы, дэмаралiзуе й паралiзуе тых, што бароняцца. Трэба мець сталёвую сiлу волi й жалезныя нэрвы, каб, апынуўшыся пад такiм лiўнем бомбаў i агню, ператрываць колькi гадзiнаў, захаваўшы спакой i здольнасьць супрацiву.
Зьвяз i рота, да якой прыдзелены быў Сымон, былi ўчора адклiканыя з фронту й знаходзiлiся ў адлегласьцi мо трох кiлямэтраў ад яго на хутары паблiзу вёскi Санта-Лючыя. Адсюль франтавая лiнiя ва ўсходнiм кiрунку вiдаць была на дзесяткi кiлямэтраў.
Цiкава было назiраць, як густая лавiна перамешанага з дымам сiнявата-шэрага пылу хутка расла, буйнела ўшыр i ўвышкi ды паволi пасоўвалася ў паўдзённым кiрунку. За пару гадзiн яна зусiм пакрыла паўночны небакрай, даплыла й густой павалокай апранула вёску Санта-Лючыя, замурзала, а пасьля амаль зусiм схавала сонца, што хiлiлася за грэбень Апэнiнаў.
– Але-ж i даюць, – гаварылi жаўнеры з Сымонавага зьвязу. – Малайцы, што й гаварыць. Так iм i трэба! Лягчэй нам будзе, – i прамочвалi глоткi "б'янкам" з пукатых пляшак.
Бесьперапынная артылерыйская кананада трывала больш дзьвюх гадзiнаў. Пасьля парадзела, а эстафету пераняла танкавая й дробная пяхотная зброя. У гэты вечар фронт курыўся нязьлiчонымi вялiкiмi й малымi агнямi. На адрэзку шматнацыянальнай Восьмай армii працiўнiк быў выкiнуты зь першых умацаваньняў над Сэньё й iншых стратэгiчных месцаў. Найбольш заўзята баранiўся ён пры асноўных дарогах. Страты на хаўрусьнiцкiм баку былi нязначныя, на нямецкiм вялiкiя. Навет у гэту познюю пару вайны гiтлераўскiя фанатыкi заядла баранiлiся, нягледзячы на вялiкiя ахвяры.
II
Сымонаў амунiцыйны Кiцынскi, паляк з Лодзi, быў навiчком у польскай армii. Прыйшоў зь нямецкага боку ня так даўно. У характары ягоным зазначалася так свойская палякам пыха, пабудаваная на зусiм, здавалася-б, нязначных дробязях, нонсэнсах. Здольны быў зрабiць з мухi слана, калi гэта была муха польская. Язык ягоны камэнтаваў усё навакольнае i, быццам тыя жорны ў дужай сялянскай руцэ, бесьперапынна цёр рознае вотруб'е. Здавалася, што язык гэты й сам худаваты, сярэднi ростам, чарнявы Кiцынскi хацелi надрабiць тое, што давялося iм страцiць за час побыту пад нямецкай акупацыяй.