Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 22 (всего у книги 38 страниц)
– I з гэтага ты надта зьдзiўлены?
– Прызнацца – так. Чалавек шмат чаго нядобрага ведаў i бачыў у палякаў, але спадзяваўся, што мо вайна зрабiла на iх нейкi дадатны ўплыў, навучыла чаго. Кажуць – дасканалiшся ў нядолi. Можа, яно не адносiцца да палякаў, а мо Эдзё – вынятак. Калi-ж яны ўсе такiя, тады трэба iх пашкадаваць, бо не скарысталi зь вялiкай гiстарычнай лекцыi.
– Ведаеш, я не фiлязоф i ня гiстарычны тэарэтык. Але тое-сёе ў гэтым разбiраюся. Успомнi дачыненьнi палякаў да беларусаў мiж гэтымi войнамi. Польскiя паны, дзякуючы сваiм iнтрыгам, дурной палiтыцы ў дачыненьнi падбiтых народаў i бяздарнай гаспадарцы, зруйнавалi ня толькi сваю "Карону", але й Вялiкае княства Лiтоўскае. Лагiчна вынiкала-б, што доўгая няволя пад Маскоўшчынай мусiла-б спрычынiцца да пераацэны iмi дагэтуляшнага шляху, знаходу памылак, канкрэтнага перабудаваньня палiтычнай псыхiкi вядучае клясы, пастаўленьня новых вехаў да лепшае будучынi. А яны – што? Гiстарычная лекцыя ня была засвоена. Адразу пасьля здабыцьця незалежнасьцi ў васямнаццатым годзе прагавiтыя панкi i iншая трухлядзь, кiруючыся абшарнiцка-рабаўнiчымi iнтарэсамi, узялiся абрабоўваць наш бедны сялянскi народ, адбiраць у яго апошнюю зямельку, школы, цэрквы й iншае. Iмкнулiся да поўнага зьнiшчэньня нашай апрычонасьцi, да асiмiляцыi. Ты, зрэшты, ведаеш, як было. Там вось i былi зародкi iхняга няшчасьця, новае вялiкае трагэдыi, якая адбывалася й цяпер адбываецца на нашых вачох. Мы, братка, не пазналi яшчэ добра палякаў цяпер, ня ведаем добра, якiя ўплывы зрабiла на iх вайна. Прытым заўваж, што маем тут справу зь мiлiтарыстамi. Ня трэба забывацца, што пасьля першай вайны якраз легiянеры-пiлсудчыкi былi тымi асаднiкамi, што прыехалi ў Беларусь i паадбiралi ў нашых сялян найлепшую зямельку. Калi-б гэтай хэўры ўдалося адваяваць Польшчу хоць у перадваенных межах, дык нашы сяньняшнiя афiцэры былi-б заўтрашнiмi асаднiкамi. Такi Эдзё лавiў-бы беларускую рыбку й паляваў-бы на беларускiх зайцаў, а ты й я вывозiлi-б ягоны гной i гадавалi-б збожжа.
– У тым-то й сук. Яно-то й самае цяжкое. Для нас якая з таго карысьць, што палякi сяньня, стараючыся адваяваць дзяржаву, адначасна ўжо руйнуюць i ейныя асновы? Ад таго часу, калi лёс спалучыў шляхi беларускай дзяржавы з польскай, наша нацыянальная зорка перастала ясна свяцiць, а цяпер амаль зусiм зьнiкла. Толькi маскалi на тым скарысталi. Польскiм панком варта было-б зрабiць парадак у сваiм катушку, пакуль у чужы пхацца. Нiколi нiкому ня прынесьлi яны дабрабыту. А цяпер, дзякуючы сваёй палiтычнай недасьпеласьцi, самi лятуць у бездань i iншых за сабой цягнуць!
– Нам трэба зь iмi мець як найменш супольнага. Як ты кажаш, будуць цягнуць нас за сабою ў бездань.
– Гэта ўсё справы будучынi. Цяпер вось трэба неяк ператрываць, асьцерагацца, каб панскiя "псы" цябе ня ўкусiлi. Можа, варта вучыцца на iхных памылках. Гэта цi ня будзе найбольшая карысьць для нас у польскай армii. Прыйдзе канец вайны, й хто ведае, як будзе сьвет выглядаць. Але што-б нi сталася, тое, што навучыўся, – тваiм будзе, а для нашай Бацькаўшчыны патрэбныя спрактыкаваныя людзi. Вучыся на памылках ворага. Як прыйдзе час – будзеш ведаць ягоную моц i слабасьць. Змаганьне зь iм ня будзе тады вялiкай праблемай.
– Ты-ж хаця не пачынай змагацца цяпер, пакуль на iхным хлебе сядзiш.
– На iхным хлебе? Але-ж i дурань ты, хлопчык мой. А на чыiм яны? Ангельцы iх кормяць, i фактычна яны цяпер ня больш чым наймiты.
– Няхай сабе.
– Дык вось i "няхай сабе". Не зрабiлi яны для нас нiякай ласкi, прымаючы ў армiю. Кiравалiся сваймi iнтарэсамi й ня маюць чаго цяпер з чорнага рабiць белае. Ня быў-бы ты патрэбны iм за "пахолка" – фiгу цябе ўзялi-б.
– То праўда. Разумна гаворыш. Аж не пазнаю цябе часамi.
– Ну, ты ўжо кпiнкi ня строй, браце. Ясна, што праўда. I чаго-ж цяпер маюць зь сябе шляхоткаў удаваць, калi адзiным матывам iхнiм было выкарыстаньне нашых людзкiх сiл. Тут i прабiваецца, як пад вясну вада празь лёд, тая фальшывасьць, гнiлiзна й недаспеласьць iхнага палiтычнага характару. Заўсёды кiравалiся й кiруюцца лёгiкай таго нэгра, што сказаў: "Калi я ў каго ўкраў карову – дык гэта добра, а калi хто ў мяне ўкраў карову – дык гэта дрэнна".
– Ведаеш, я гаварыў зь Дзежкам, i ён раiў, каб мы абое падалiся ахвотнiкамi на фронт, – перайшоў на iншую тэму Лабун.
– На фронт? Ахвотнiкамi? Як гэта разумець?
– Ня ведаю й сам... Надакучыла гэта вазьня рэкруцкая, абрыдла, агоркла проста. Вечна толькi "зважай" ды "вольна". Чацьвёрты цi пяты раз ад таго самага пачынаем. Нейкай перамены трэба было-б.
– Але-ж Дзежкава башка й зварыла. Цi, можа, i твая тут памагла?
– Можа...
– Яго псiна гэта карае, а ён на фронт пайшоў-бы. Якая-ж тут лёгiка?
– Кажа, што асабiстыя прычыны.
– Кiнь ты. Няма ў яго асабiстых прычынаў, выдумкi толькi. Я лепш яго знаю, чымся ты. Зрэшты, калi ззаду можна тое-сёе зманкiраваць, то на фронце ня ўдасца. Цi мо пайшлi-б пры нагодзе ў палон да ранейшага пана? Ах, – махнуў Сымон рукою, устаючы, – я ня думаю, што гэта вы паважна.
– Была такая думка.
– Думкi могуць быць. Асаблiва ў Дзежкi дык аж роiцца ад iх у галаве. Ён, брат, такi гарачы. Як нешта пастановiць, дык зараз загараецца саламяным агнём. А праектаў i думак – цьма. Не хачу слухаць. Слухай, цяпер хачу аб больш празаiчным. Цi ня грызе цябе чарвячок часамi?
– Прызнацца, – пацерабiў Лабун за вухам, – дык грыэе. Варта было-б замарыць.
– Вось цяпер толкам гаворыш. А маеш за што?
– Павiнна дзесь быць.
– Ты-ж ня курыш. У цябе цыгарэтаў, пэўна-ж, i свiньнi не ядуць. Цягнi, брат, хутчэй. А я зараз знайду дзесь макароньнiка, й крышку заморым чарвяка.
– Чарвякоў, – паправiў Лабун, – бо й твайго таксама.
– А ты думаў, я аб якiм гэта? Ну дык ты насалоджвайся матэматыкай, пакуль я вярнуся, – казаў Сымон, узяўшы ад Лабуна дзьве пачкi цыгарэтаў i выходзячы па вiно.
VI
Кожная вёска мае сваiх баб-пляткарак, а кожны вайсковы абоз дзiвакоў-гэрояў. У Сан-Базыльё найбольш папулярным i ведамым гэроем быў ня хто iншы, як сам камандзер базы 7-й дывiзii генэрал Пшэўлоцкi, празваны Прашка. I прычынаю гэтага ня была яго пазыцыя як камандзера абозу, а зусiм iншае. Цi то ён сапраўды быў камiчным, цi то выглядаў камiчным у вачох жаўнераў – было, мабыць, адно й другое. Стаўся аб'ектам показак, жартаў i насьмешак...
Пшэўлоцкi распачаў вайсковую кар'еру яшчэ ў расейскай царскай армii. Быў чалавекам расейскай культуры i ўзгадаваньня. Як нi сьцярогся, расейскiя словы ўсё роўна траплялi ў ягоную мову, як i тая "пряжка", што сталася ягонай мянушкай. Генэрал меў слабасьць да блiскучых жоўта-залатых спражак, што аздаблялi шырокабрызентавыя ангельскiя вайсковыя пасы. Гэтак, сустрэўшы ў абозе жаўнера ды кiнуўшы вокам на брудны пас i спражку, генэрал нахмурыўся.
– Гэй, стшэльцу! – гукнуў радавога, калi той адсалютаваў.
– Я ёсьць, пане генэрал! – выпрастаўся радавы.
– Чаму ходзiце з такой бруднай пряжкай?
Радавы, зьбянтэжыўшыся, нiчога не адказаў.
– Пытаюся, чаму пряжка брудная? – падняў голас на нотку вышэй Пшэўлоцкi.
– Не разумею, пане генэрал.
– Як гэта не разумееш? Хто за цябе мае чысьцiць?
– Што чысьцiць, пане генэрал?
– Дурнем прыкiдваешся? Пряжку чысьцiць, пся косьць!
– А што гэта такое "пряжка"?
– Пряжка то ёсьць... гэта ёсьць спшоншка, стшэльцу, – растлумачыў, на момант зьбянтэжыўся Пшэўлоцкi.
Ад гэтага часу мянушка прылiпла да старога афiцэра.
Расейшчына часьценька прабiвалася наверх то ў генэралавай гутарцы, то ў навыках. Аб расейскiм узгадаваньнi Пшэўлоцкага сьведчыў сапраўдны факт, што здарыўся пры адкрыцьцi курсаў для жаўнераў корпусу ў Мачэраце. Генэрал прамаўляў да вучняў, звяртаючы асаблiвую ўвагу на тое, каб не марнавалi часу, казаў, што патрабуе iх Бацькаўшчына, а дзеля таго ён лiчыць патрэбным падкрэслiць трагiзм Польшчы ў мiнулым.
– Польшча патрабуе асвечаных i квалiфiкаваных кадраў як у войску, так i ў iншых дзялянках дзяржаўнага апарату. Старайцеся й вучыцеся, каб гэныя кадры папаўняць, каб народ наш быў мацнейшы, каб у будучынi апяклi рукi тыя, што палезуць па наша дабро.
– На працягу гiсторыi, – палез Пшэўлоцкi ў мiнулае, – Польшча пацярпела тры распадзелы. Здарылася яно так таму, што мы ня былi пiльнымi. Першы распадзел быў у 1772 годзе, другi за дваццаць гадоў i яшчэ за пару гадоў апошнi. Нашы непрыяцелi пачацьвярцiлi Польшчу на тры няроўныя палавiны. З захаду, – тут генэрал намаляваў у паветры нейкую крывулю, быццам дэманструючы дзе, – немцы забралi Памор'е й Пазнаншчыну, з паўдня другi кавалак узялi аўстрыякi, а з усходу мы таксама ўзялi кавалак... цьфу! – запозна спасьцярогся генэрал. – Я хацеў сказаць, што з усходу росыяне забралi кавалак.
Тое неспадзяванае "мы", замiж расейцы, зьбiла генэрала з панталыку, i ён пачырванеў. Шмат хто з прысутных, ня тоячыся, зарагатаў. Ня ведама, што больш сьмяшыла: цi тое, што Польшчу "пачацьвярцiлi на тры няроўныя палавiны", ш тое, што пузаценькi афiцэр прыдзялiў сябе да расейцаў, распадзельнiкаў Польшчы.
Акрамя "пряжак", Пшэўлоцкi зьвяртаў цi не найбольшую ўвагу на салютаваньне. У базе сёмай дывiзii прыгадвалi iншае здарэньне, што магло адпавядаць праўдзе.
Пры армii была дапаможная жаночая служба, афiцыяльна ведамая як "Помоцнiча Служба Кобеца" (у скарочаньнi ПСК – пээска). Ад гэтых скаротаў усiх жанчын пры войску ахрысьцiлi "пэсткамi". Пару сотняў было iх у Сан-Базыльё.
I вось, апавядаюць, выяжджае Пшэўлоцкi джыпам з абозу на шашу. Сьпераду шафёр, а ззаду, развалiўшыся на сядзеньнi, выставiўшы кругленькi жывоцiк, сам генэрал. Сьпераду джыпа, на самым цэнтральным месцы над радыятарам, хвалюецца ў ветры малы генэральскi сьцяжок. Высокi пасажыр, пагладжваючы жывоцiк, разглядаецца навокал.
Непадалёк за брамай абозу трапляе яму на вока маладая дзяўчына ў вайсковым адзеньнi. На вялiкае генэралава здзiўленьне, яна ня толькi не салютуе, але, здаецца, навет не спасьцерагае генэралавай машыны, анi пасажыра ў ёй.
– Стой, Збысю! – загадвае шафёру генэрал.
Машына борзда затрымоўваецца, а Збысь узiраецца ў камандзера.
– Кранi машыну назад да гэнай "пэсткi", – паказвае зрокам афiцэр дзяўчыну, што засталася крокаў больш дваццацi ззаду.
Аўтамабiль едзе назад i затрымоўваеца каля "пэсткi".
На твары ў дзяўчыны зьяўляецца цень зацiкаўленьня. "Няўжо-ж ён вярнуўся, каб мяне ўзяць ды падвезьцi?" – думае, вiдаць, яна.
– Охотнiчко! – пачынае высокiм тонам Пшэўлоцкi.
– Так ест, пане...
– Хадзi блiжэй!
Дзяўчына падыходзiць.
– Паглядзi сюды! Едзе генэральскае аўта, на перадзе фур-фур повева хоронгеўка i генэрал сядзiць, як бык... а охотнiчка для чэго не салютуе?
"Пэстка" зусiм анесьмялела й згубiла язык, асаблiва таму, што генэрал параўнаў сябе да быка.
Хутка па абозе Сан-Базыльё ды незадоўга й па цэлай армii пачалi "пэстак" дражнiць генэралам-быком. Iдзе, бывала, якi Ясё цi Здзiсё й сустрэне "пэстку".
– Гэй, охотнiчко! – гукне. – Едзе аўта, хоронгеўка повева фур-фур, генэрал сядзiць, як бык, а охотнiчка што на гэта?
Да гэтага аматары анэкдотаў дабаўлялi часьценька зусiм няцэнзурныя варыянты.
У першых тыднях 1945 году рота "цэнзусоўцаў", акрамя шматлiкiх вайсковых заняткаў, здавала экзамены, каб пацьвердзiць сярэднюю адукацыю. У суседняй вялiкай палатцы штодзённа зьяўлялiся сябры вайсковай школьнай камiсii.
Вiктар Караткевiч пад час экзаменаў зь лiтаратуры пахвалiўся, што польскай лiтаратуры ня ведае, адно беларускую. Настаўнiк адаслаў яго да мiзэрнага з выгляду, дробненькага, худога калегi.
– Раскажыце мне, што вы ведаеце аб "Пану Тадэвушу", – пачаў апытаньне новы экзаменатар.
– Я-ж казаў таму другому пану, што вучыўся ў беларускай гiмназii...
– Дык вы ведаеце беларускую лiтаратуру?
– Так.
– Дык раскажыце, што ведаеце пра Пранцiша Аляхновiча.
Караткевiч быў адным з вучняў Вiленскае Беларускае Гiмназii, што побач зь сяброўкай-гiмназiсткай нёс адзiн з дзесяткаў хаўтурных вянкоў за дамавiнай вялiкага беларускага мучанiка й драматурга, застрэленага бальшавiцкiм агентам зiмою 1944 году. Крышку зьдзiвiўся з такога пытаньня.
– Магу гаварыць па-беларуску?
– Калi ласка, – адказаў па-беларуску афiцэр. Пасьля выяўленьня сваiх ведаў аб творчым багажы Аляхновiча Караткевiч расказаў аб трагiчнай сьмерцi драматурга й паховiнах, у якiх браў удзел. Афiцэр чуў аб гэтым першы раз i вельмi зацiкавiўся. Пазнаёмiлiся. Караткевiч даведаўся, што настаўнiк быў некалi блiзкiм сябрам замардаванага пiсьменьнiка, што сам быў вывезены ў Сiбiр у 1939 годзе, што быў беларусам, заслужаным у беларускiм адраджэнскiм руху. Быў гэта прафэсар Гук.
VII
Пасьля экзаменаў, у канцы студзеня рознымi загадамi 4-я рота "цэнзусоўцаў" пачала разьдзяляцца. З групы колiшнiх менскiх кадэтаў чалавек дзесяць, у тым лiку Сымон Спарыш, Кастусь Дзежка й Аляксандр Лабун, трапiлi на падафiцэрскi курс у 21-шы батальён. Вiктар Караткевiч i Мiкола Дудкевiч трапiлi ў лiку iншых у школу падхаронжых у недалёкую Матэру. Доўта iм там не давялося пабыць. Палякi, заўважыўшы, што ў афiцэрскую школу трапiла блiзу паўсотнi беларусаў, выдалi загад, што вайсковыя ўлады не маглi прызнаць ступеняў адукацыi, здабытых пад нямецкай акупацыяй. Зацiкаўленыя ў будучынi, паводле таго-ж загаду, могуць складаць заявы на курсы, што мелi быць зарганiзаваныя пры войску, а тым часам, хiба яшчэ пасьля некаторага вышкаленьня, мелi папоўнiць франтавыя адзьдзелы. Гэтак палякi, у час спасьцярогшыся, не дапусьцiлi ў афiцэрскую школу беларусаў, хоць тая самая прычына, г. зн. адукацыя, здабытая пад нямецкай акупацыяй, не перашкодзiла iм затрымаць у Матэры ўсякiх "слёнзакаў", "поможакаў" i "кашубаў". Шматлiкiя былыя менскiя кадэты, уцалеўшы ў апошняй фазе вайны, падалi ўсё-ткi заяўкi на курсы й пасьля пасьпяхова iх пакончылi.
Другая рота 21-га батальёну – фактычна падафiцэрская школа – праходзiла навуку прысьпешаным тэмпам. Выглядала, што на фронце патрабавалiся людзi й што вучнi недарма елi белы хлеб. Вестка аб сканчэньнi шкаленьня прыйшла ў канцы лютага. Камандзер роты, лейтанант Олесь, ранiцою пасьля сьнеданьня сабраў людзей у прасторнай сьвятлiцы школы i, прыняўшы рапарт, пачаў гаварыць да вучняў:
– Сабраў я вас, хлопцы, дзеля таго, каб паведамiць, што сяньня нам, на вялiкi жаль, прыйдзецца разысьцiся. Хачу таксама ў кароткiх словах закрануць i нашу палiтычную сытуацыю. Няма чаго хаваць, што палажэньне наша сягоньня крытычнае. Вы самi гэта ведаеце. Iнфармую вас згодна з загадам вышэйшых кiраўнiкоў армii. Палажэньне наша проста трагiчнае. Гэта не значыць, што мусiм апускаць унiз галовы. Былi ў нашай гiсторыi цяжэйшыя моманты, й мы ператрывалi, дзякуючы гэраiзму нашага народу. Ператрываем i гэты. Дый ня толькi ператрываем, але й дасягнем намечанае мэты.
Слухаючы, здавалася, што й сам лейтанант Олесь ня надта верыў у гэтае "ператрываньне" й перамогу.
– Крымская афэра, як вам ужо ведама, паказала, да чаго здольны тыя, якiх мы ўважалi за сваiх хаўрусьнiкаў. Яны зрабiлi з ворагам гандаль нашым коштам. Яны нас здрадзiлi. Выглядае цяпер, што Ангельшчына й Амэрыка перастануць прызнаваць наш адзiнапраўны лёнданскi ўрад. Але гэта ня значыць, што й мы перастанем прызнаваць яго. Ялта цi ня Ялта, ён – адзiны ўрад, вакол якога згуртаваны ўвесь польскi народ. Мусiм згуртавацца ля яго яшчэ шчыльней, каб з большай упэўненасьцю iсьцi да мэты. Лёнданскi ўрад – адзiная наша апора й адзiны легальны ўрад Польшчы.
Для паiнфармаваньня чытача мусiм прыгадаць, што падчас Другой сусьветнай вайны Сталiн утварыў з польскiх камунiстаў, гадунцоў Масквы, гэтак званы Люблiнскi камiтэт, перайменаваны пазьней у Варшаўскi ўрад. На канферэнцыi ў Ялце Сталiн дамагаўся ад заходнiх хаўруснiкаў прызнаньня гэтага камунiстычнага твора як адзiнапраўнага ўраду Польшчы. Хаўруснiкi ня надта настойвалi, што эмiграцыйны ўрад у Лёндане, пад загадам якога быў другi корпус у Iталii, першы корпус Мачка ў Галандыi, нешматлiкi марскi флот й паветраныя сiлы, ды (пакуль яно трывала) збройныя сiлы Варшаўскага паўстаньня, быў адзiным легальным польскiм урадам. Справу разьвязалi кампрамiсам.
Да часу вольных выбараў у парлямант у акупаванай савецкiмi войскамi Польшчы наважылi ўтварыць урад з двух iснуючых урадаў. Гэткiм чынам польскi вызвольны фронт поўнасьцю прайграў, а маскоўскi чырвоны дыктатар атрымаў вольную руку ў акупаванай краiне.
Пасьля абвешчаньня Ялцiнскае ўмовы на Захадзе вялiкая частка палякаў страцiла надзею на вызваленьне Польшчы. Нашчадкi Касьцюшкi й Пiлсудзкага добра ведалi цану маскоўскiм словам, i адно самыя наiўныя маглi верыць, што Польшча пасьля вайны нейкiм чынам станецца вольнай. Да такiх наiўных, як выглядала, лейтанант Олесь не належаў.
– Я раней казаў i цяпер кажу, – прадаўжаў ён, – што канфлiкт мiж заходнiмi хаўруснiкамi й Масквой нямiнучы. Гэта толькi справа часу. Мусiм ня трацiць веры, мусiм захаваць свае сiлы да апошняга бою.
Афiцэр адчытаў спэцыяльны загад камандзера Другога корпусу генэрала Ўладыслава Андэрса, якi закранаў Ялцiнскую канферэнцыю, ейныя пастановы ў справе Польшчы й заклiкаў жаўнераў ня толькi прадаўжаць няскончанае змаганьне зь Нямеччынай, але вытрываць i мацавацца духам у далейшым.
Вучнi падафiцэрскае школы таго-ж самага дня разышлiся па сваiх адзьдзелах. Нашы гэроi, вярнуўшыся да Эдзi й прабыўшы там дзьве пары, атрымалi загад выяжджаць на фронт i ў канцы лютага паехалi ў Брындызi – суседнi порт на Адрыятычным моры, каб адтуль мараплавам накiравацца на поўнач.
ВЭГЭТАЦЫЯ
I
Найцяжэйшым i найбольш страшным момантам, што пабуджае глыбокiя духовыя перажываньнi для трапiўшага першы раз у жыцьцi за краты вязьня, ёсьць першая хвiлiна сьведамасьцi пасьля абуджэньня з начнога сну. Яна больш жахлiвая за той момант, калi чалавек перакрочыць першы раз парог турмы. У вязьнiцу чалавек уваходзiць усё-ж падрыхтаваным да гэтага; ён пагаджаецца, што ў сiлу нейкiх нямiнучых абставiн сустрэне за гэтым парогам няволю, зьдзекi й цемру. Адмоўна зарэагуе ён на абставiны, новае навакольле за цяжкiмi ржавымi жалезнымi дзьвярыма, можа, зь перапалоху зробiць iнстынктыўны крок назад адно таму, што ўяўленьне раней не змагло адлюстраваць у сьведамасьцi ўсiх нечаканасьцяў, якiя яму цяпер наканавана перажыць. Адно – ён ня можа дакараць сябе за тое, што ня ведаў, куды яго вядуць. Тым часам, будзячыся рана пасьля першай ночы ў вязьнiцы, адкрыўшы вочы, не адвыкшы яшчэ ад вольнага жыцьця й хатнiх абставiнаў, у гэную першую хвiлiну соннай паўсьведамасьцi пачне чалавек вадзiць зрокам па шэрых турэмных сьценах i столi i зь вялiкай натугаю старацца ўгадаць, дзе знаходзiцца. Першыя пасьля сну промнi сьведамасьцi пастараюцца паклiкаць на помач памяць, каб разьвязаць загадку. Паволi падымецца галава; вочы ськiруюцца на адзiны сноп сьвятла, што падае знадворку ў камэру праз густыя краты маленькага ваконца; розум пачне адрознiваць людзей, рэчы, навакольле, i ажно тады прыйдзе страшнае разуменьне, што чалавек знаходзiцца ў вязьнiцы.
Iнстынкт самазахаваньня падкажа розуму, што гэта цi ня ёсьць адно непрыемная зьява, мiраж; недавер у момант авалодае галавою. На момант заплюшчацца вочы й зьявiцца борзда народжаная надзея, што няпрыемная зьява, пэўна-ж, зьнiкне, што гэта, мабыць, толькi благi, кашмарны сон. Паволi й нясьмела зноў пачнуць адкрывацца вочы, а зьява ўсё-ж не аддалiцца. Наадварот ворганы чуцьця пачнуць з упэўненасьцю дэманстраваць, што першая зьява была канкрэтнай i цалкам рэальнай; ценi вязьняў пачнуць рухацца й гаварыць; моцныя жалезныя краты ў цеснай адтулiне ўсё яшчэ тырчаць, разрэджаныя хмарным снапом сьвятла; з-за цяжкiх турэмных дзвярэй прылятуць гукi мерных крокаў турэмнага вартаўнiка, лязгат турэмных ключоў – усе самыя розныя гукi й водгулле раньняй вязьнiчнай беспрасьветнай будзёншчыны. Разбуджаны навiчок, канчаткова ўпэўнiўшыся, што ён знаходзiцца ў катушку, будзе сядзець нейкi час нярухома, рукою падпёршы падбародак; пазяхаючы ды ўздыхаючы, пачне шкадаваць, чаму салодкi сон забыцьця ня трываў далей, чаму на зьмену прыйшоў бязьлiтасны кашмар сапраўднасьцi. У гэны момант як нельга лепш ацэнiць ён волю й нiколi ўжо ня зможа забыцца, якую вартасьць мае сон, забыцьцё, нябыт, летуценьнi. Калi мае крылатае ўяўленьне, дык пры дапамозе яго, магчыма, зробiць выснаў, што найлепш змог-бы адсядзець у вязьнiцы, калi-б увесь час мог спаць або знаходзiцца ў забыцьцi. Яшчэ ўчора, ведзены ў вязьнiцу, уяўляў, пэўна-ж, гэту няцiкавую сапраўднасьць, фiзычную нядолю. Адылi й цяпер ужо, пасьля першага пачуцьцёвага ўструсу, здолеў пагадзiцца, што хаця-нехаця, а мусiць зжыцца з абставiнамi, што гэтыя абставiны iснуюць i iснаваць будуць ад яго зусiм незалежна. Ён ужо дасьць гэтым абставiнам правы грамадзянства дзесьцi ў малой каморачцы свайго пачуцьця й розуму. Зразумее, што й сам цяпер зьяўляецца арганiчнай, шэрай, бястварай часьцiнай гэтых абставiнаў, што мусiць падрыхтавацца фiзычна й духова, прытарнавацца найвыгадней i найлепш, каб перажыць з найменшай для сябе стратай той быт-нябыт.
Але непераможны й заўсёды прысутны iнстынкт самазахаваньня вечна шэпча й падказвае iншае, заўсёды намагаецца ратаваць, абнадзейваць, цягнуць з прадоньня. Ён – падсьведамы й, здавалася-б, неазначаны, але заўсёды прысутны i ў момант фiзычнага цi духовага крызiсу сьпяшае людзкой iстоце на хуткi ратунак. Паколькi фiзычнае iснаваньне чалавека бязвыхаднае, ён цягне пачуцьцёва-разумовую людзкую iстоту цераз адзiн парог часовага ратунку, пераносiць яе ў зусiм iншы сьвет – туды, дзе сам чалавек зьяўляецца поўным i абсалютным валадаром быту й нябыту – у сьвет мараў i лятуценьняў. Кожны чалавек, няхай будзе ён найбольшы скэптык, самы заядлы пэсымiст i нявера, мае гэткi сьвет – менш або больш абмежаваны. Туды ён у найбольш цяжкiя й крытычныя хвiлiны ўцякае ад назойлiвай сапраўднасьцi, там валадарыць i як магутна крылаты арол бушуе па неабсяжных прасторах летуценьняў. Шматочкi парваных i разьбiтых надзеяў саўюцца ў тонкую пражу нейкай суцэльнасьцi, з руiнаў разбуранага й разьвеянага духовага самабыту пачнуць вышукоўвацца рэшткi, макулiнкi веры ў лепшае й сьвятлейшае. Паўстануць падпоры й масты, празь якiя зьняможаны духовы арганiзм пачне памалу, вобмацкам крочыць праз безданi да будучынi. Адно нявера можа затрымацца над непраходным прадоньнем, а ў веруючага народзiцца надзея, аснованая на вечнай, адзiнай i незаменнай боскай справядлiвасьцi. Нефартунны духовы мучанiк даверыць сябе ў рукi апекi й ласкi Найвышэйшага i Ўсемагутнага. У гэты час духовага ўпадку й фiзычнага крызiсу ён пачне мацнець любоўю да Адзiнаправiльнага Валадара. Iнстынкт самазахаваньня, узброiўшы гэткiм чынам прагнучага дапамогi, прынясе яму найбольшую ўслугу якраз тым, што ў першапачатковай стадыi свайго дзеяньня зьяўляецца штуршком, пабуджальнiкам успамагальных сiлаў духовае натуры, мабiлiзатарам крынiцаў супрацьдзеяньня й абароны перад цяжкой рэальнасьцю.
II
У нармальных мiрных умовах дзяцiнства, пакуль чалавек не стане на собскiя ногi, навет падбiраючыся, а то й пераскочыўшы жыцьцёвую дваццатку, ён рэдка мае змогу з аб'ектыўнасьцю заглянуць жыцьцёвай рэчаiснасьцi ў вочы. Абапiрае свае мяркаваньнi й крокi на слаба абгрунтаваных, а то й фальшывых поглядах, бачачы твар жыцьця праз сваю, асаблiвую адно для яго, прызму. Адсюль такiя шматлiкiя ў юнацкiм веку памылкi, рашчараваньнi цi iншыя няшчасьцi.
Сымон Спарыш мала меў часу, каб дасьпяваць у нармальных спакойных абставiнах ды паўтараць тыя памылкi, што рабiлi раней i будуць прадаўжаць рабiць пазьней юнакi ранейшых i будучых пакаленьняў.
Сусьветны катаклiзм кiнуў яго ў лiку iншых сяброў на скрыжаваньнi пякельных дарог, туды, дзе разьюшаная сiла й гвалт. Там ня мелi вагi анi пачуцьцё, нi розум. Сiла была правам, а права – сiлаю. Магутны цыклён-гiгант душыў i цёр на мязгу ўсё падатнае й слабое, арганiчна хворае, фiзычна нятрывалае й крохкае. Трывала й буйнела адно моцнае й непахiснае.
Як малая, цьвёрда зьлепленая снежная куля, кiнутая па зьмякчаным адлiгаю снегу з высокай горнай вяршынi, буйнее, таўсьцее й набiрае разгону й сiлы па дарозе ды крышыць пасьля й нiшчыць усё жывое й мёртвае, гэтак раздзьмуханая сiла ваеннага гвалту й зьнiшчэньня, здавалася, што далей, то больш набiрала моцы й iмпэту. Дэструкцыйнасьць ваеннае сiлы ня можа быць рацыянальнай, поўнасьцю накiраванай цi кантраляванай. У меру павялiчэньня ейнае разьюшанае гвалтоўнасьцi першапачатковыя дзейнiкi, што выклiкалi яе з пэўнымi вызначанымi мэтамi, трацяць над ёю навет частковы кантроль. Гэтаксама, як у групе падвыпiтых дзецюкоў паб'юцца двое, пасьля-ж на дапамогу цi проста, каб узяць нейкi ўдзел, прыйдуць усе непаклiканыя, й зробiцца неразбярыха такая, што пад канец няведама, каго вiнавацiць, – таксама i ў вялiкiх войнах. Пасьля пэўнае мяжы сiла гвалту выклiкае дзейнасьць пабочных элемэнтаў, дзеля розыгрышу асноўнае стаўкi непатрэбных. Гэтак бандыты рабуюць i забiваюць, выкарыстоўваючы ваеннае бязладзьдзе там, дзе няма пiльнага вока ўлады; садысты страляюць i жыўцом паляць людзей не дзеля таго, што гэта неабходна, а таму, каб насыцiць сваю зьвярыную прагавiтасьць сьмерцi й зьнiшчэньня iншых. Нарэшце навет найбольш нэйтральныя, што, як кажуць, "Богу духа вiноўныя", дзеля свае абароны змушаны прыняць удзел у агульнай разьнi й забойствах. Хто-ж пасьля гэтага здолее разабрацца – дзе, хто i ў чым вiнаваты? У Беларусi падчас Другой сусьветнай вайны бальшыня сялянскiх вёсак, пераважна зь лясных раёнаў краiны, пайшла з дымам. Жыхары – або там-жа жыўцом паленыя, або страляныя – не жадалi браць удзел у чужой для iх вайне двух тытанаў. Хiба-ж iхняя вiна палягала ў тым, што ня сумелi ў час абаранiцца...
Маладому Сымону ў галаве не мясьцiлася, што цывiлiзаваны чалавек можа перайсьцi ўсе межы дзiкасьцi й быць рухавiком такога ўсеагульнага гвалту купацца ў крывi, засьцiлаць касьцьмi нявiнных мiльёнаў прасторы сьвету й пры гэтым яшчэ сьпяваць гiмны й оды вялiкiм i малым катам. Гэта звярыная крайнасьць людзкой натуры да глыбiнi скаланула й зрушыла нясьмелыя яшчэ погляды юнака, паставiла перад iм цэлы сьцяг пытаньняў, на якiя нельга было знайсьцi гатовых адказаў.
"Чалавека, што забiвае, называюць зьверам, – думаў юнак, – але-ж зьвер, калi ён забiвае, то ня без патрэбы. Найчасьцей спажывае здабычу, пасьля адпачывае й не мае патрэбы зьнiшчаць iншых дзеля самога толькi зьнiшчэньня. Iнакш кажучы, зьвер робiць толькi бiялагiчную функцыю, забiвае для ўтрыманьня пры жыцьцi свайго арганiзма, робiць тое, да чаго паклiканы ў прыродзе, рэдка цi навет нiколi ня выходзiць за рамы бiялагiчных нормаў iснаваньня. Зусiм iншае з чалавекам. Ён паклiканы не для забойства, а для сужыцьця зь iншымi ў любовi. Бог стварыў яго, даў розум, каб дасканалiўся й наследаваў Творцу. Да забойства пхае яго прагавiтасьць, ненасычанасьць. Раз распачаўшы гвалт над iншымi, ня ведае межаў. Калi, такiм чынам, параўноўваць чалавека са зьверам, то параўнаньне выпала-б на карысьць апошняга. Больш таго: калi-б зьвер меў розум i ведаў, што ягоным iменем празываюць чалавека-забойцу, то, пэўна-ж, моцна пакрыўдзiўся-б. Было-б гэта для яго цi не найбольшай зьнявагай".
Пасьля такiх крайнасьцяў у сваiх роздумах i выснавах Сымон мяркаваў, што чалавеку добраму, якi трымаецца Божых прыказаньняў, няма на зямлi месца. Ён заўсёды будзе крыўджаны й эксплуатаваны, таптаны й бiты iншымi. "Сярод ваўкоў вый па-воўчаму", – прыходзiла на думку старая народная мудрасьць. Перад уяўленьнем прабягаў шлях беларускага народу за апошнiх пару стагодзьдзяў шлях нядолi, крыўдаў i зьдзекаў з боку чужынцаў.
Цi беларус выйграў што-небудзь таму, што ня бiў i ня гвалцiў, што служыў чужым панам? Чым менш супрацiўляўся, тым больш зносiў крыўдаў. Сьвет, аснованы на сiле, лiчыцца адно зь сiлаю. Нiхто нiколi ня ўважыць слабога, няважна, колькi-б ён малiўся цi прасiўся, колькi-б нi даводзiў аб сваiх правох, аб дабрынi, чысьцiнi душы й сэрца.
III
Як таму вязьню, што першы раз абудзiўся з начнога сну ў вязьнiцы, здавалася часамi Сымону, што ўся гэта жахлiвасьць гвалту й сiлы, гэты жудасны рогат сьмерцi, панарамы папялiшчаў i могiльнiкаў, людзкой нядолi й енкаў зьяўляюцца адно благiм сном, што ня можа-ж гэта быць, што ёсьць-жа нейкiя нормы маралi, iснуе-ж нейкая любоў на сьвеце, дабрата ў сэрцы чалавечым. Пытаўся ня раз сам сябе: цi дзякуючы нейкаму нявытлумачальнаму прыпадку ня сьнiць ён часамi, цi прост-напраст ня здурэў?
Да агульных гэткiх перажываньняў далучалiся зусiм асабiстыя, сямейныя. Постаць старога, хваравiтага, спрацаванага бацькi рэдка пакiдала юнакова ўяўленьне. Сьнiў страшныя сны: то капаў бацьку магiлку, то бачыў бацьку ў дамавiне, то выносiў тую дамавiну й спушчаў у яму. Цэлы цыкл сноў ад часу выхаду з Бацькаўшчыны аж да Iталii й далей заўсёды круцiўся навокал бацькi.
"Цi не завiнiў я часам перад iм? – пытаў сябе. – Цi ня мусiў я застацца ў хаце й быць яму падпораю, дапамогаю на старасьцi? А мо, – i пры гэтай думцы аж дрыжэў хлапец з жаху, – мо бальшавiкi ўжо зьвялi яго са сьвету за тое, што я пакiнуў дом i што, будучы яшчэ дома, нiдзе ня крыўся са сваймi антыбальшавiцкiмi паглядамi? Цэлая-ж вёска аб тым ведала. А цi-ж ня было ў вёсцы здраднiкаў-юдаў, дрэнных людзей?"
Думкi пра бацьку й сям'ю не давалi хлапцу супакою. Часьценька ўночы, сасьнiўшы бацьку, найчасьцей мёртвага, з дрыготамi будзiўся й выцiраў з твару халодны пот. Доўга пасьля ляжаў, адплюшчыўшы вочы, углядаючыся ў цемру й раздумваючы над цяжкiм лёсам. Адылi як мага падбадзёрваў сябе й мацаваўся на духу, прысягаючы на бацьку, радзiму i ўсiх сьвятых, што выкарыстае рэшту свайго жыцьця, не пашкадуе сiлаў, каб у будучынi служыць пакрыўджанаму й паняволенаму народу, каб адпомсьцiць крыўдзiцелям i катам – чужым i сваiм. I ў той момант сьведамасьць бясьсiльнасьцi радзiла бязьмежную злосьць i нянавiсьць на ўсiх тых, што старалiся й цяпер яго, Сымона, выкарыстаць для сваiх шкодных мэтаў.
"Каб гэта з Божай дапамогай, – думаў хлапец, – я стаўся нейкiм вялiканам або замянiўся ў непераможныя мiльёны, ведаў-бы, што рабiць. Пазьбiраў-бы па зямлi ўсе цацкi, званыя гарматамi, самалётамi й iншымi прыладамi зьнiшчэньня, пераплавiў-бы iх на плугi, машыны й iншыя прылады мiру й жыцьцёвага дабра, а ўсiм чысьценька людзям загадаў-бы працаваць i паводле запрацаванага атрымоўваць так, як вызначыў Бог. Даў-бы вольнасьць усiм народам i не дазволiў-бы на нiякiя крыўды цi зьдзекi. Любоў блiжняга сталася-б асноваю ўсяго жыцьця".
IV
Сымон часта параўноўваў сябе да пабочнага гледача, якi для задаваленьня цiкавасьцi выйшаў на гарадзкi ходнiк, каб прасачыць вялiкую й бурлiвую хвалю натоўпу, што бушавала й iмкнулася некуды да вызначанай мэты. Натоўп быў чужы, як i чужым было для яго змаганьне, на якое сьпяшылi хвалi людзей. Ён вось толькi сабе так, з простай, людзкой цiкавасьцi выйшаў з памяшканьня, каб блiжэй прыгледзецца, што навокал рабiлася й што азначала вялiкая мiтусьня. А мiтусьня й гармiдар павялiчвалiся, хвалi людзей нясупынна прабягалi мiма, дзесьцi чуваць было стралянiну, аднекуль несьлi параненых, цягнулi забiтых. Усё мацней бушавала й