Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 38 страниц)
У Заходняй Беларусi, як мы ўжо вышэй прыгадвалi, проста масава кiнулiся ў палiцыю палякi. Стваралася ўражаньне, што рабiлася гэта зь нейчага загаду. Мiж палякаў было шмат падафiцэраў i наагул людзей, што ведалi вайсковую справу ды часьценька й нямецкую мову. Маса зь iх пiсалася "фольксдойчамi". Хутка яны сталiся перакладчыкамi, улезьлi ў давер гэбiтс-камэндантаў палiцыi, а стаўшыся iхнымi дараднiкамi, фактычна праводзiлi ў жыцьцё палiтыку экстэрмiнацыi беларусаў. У Дапаможную Палiцыю трапiла таксама нямала розных ападкаў грамадзтва, крымiнальнiкаў, агулам гаворачы, рознага элемэнту, што пранюхаў магчымасьцi рабункаў i нажываў за кошт мясцовага насельнiцтва.
Ва Ўсходняй Беларусi ў Дапаможную Палiцыю насамперш хлынулi энкавэдзiстыя, адсталыя ад сваiх адзьдзелаў або проста недабiткi-чырвонаармейцы й злачынцы розных масьцяў i велiчыняў, выпушчаныя з турмаў пасьля прыходу немцаў. Масава пайшлi ў палiцыю й такiя немцы з-над Волгi, што былi людзьмi малой вартасьцi й нiзкай маральнасьцi. Немцы-ж ахвотна iх прыймалi, як сваiх аднапляменцаў. Яны й апанавалi становiшчы камэндантаў палiцыi ў "гэбiтах", стаўшыся найчасьцей дараднiкамi й перакладчыкамi. Немцы хутка апяклiся, бо крымiнальны элемэнт адразу пачаў сябе выяўляць. Пачалiся рэпрэсii. Злачынцаў вылоўлiвалi й сурова каралi – найчасьцей вешалi.
Беларусы спачатку зусiм ухiлялiся ад супрацоўнiцтва з акупантам, але хутка адчынiлiся iм вочы, калi ўбачылi, .што чужы, часта крымiнальны й наагул варожы элемэнт, скарыстаўшы з нагоды, узяў у свае рукi зброю й рабiў больш шкоды, чым самыя гiтлераўцы. Беларуская iнтэлiгенцыя, спачатку рассыпаная й незарганiзаваная, бачачы, як радзеюць ейныя шэрагi, вынiшчаныя рукамi гiтлераўскiх калябарантаў, таксама лiчыла патрэбным шукаць нейкага ратунку. Немцы-ж са свайго боку хутка пераканалiся, што калi ў акупаванай краiне маюць утрымаць парадак i мець добрую апору, то элемэнт, якi спачатку прыйшоў у палiцыю, буў у вялiкай меры да гэтай адказнай службы непрыдатным.
Камандантам палiцыi гораду Менску быў спачатку калiшнi капiтан савецкае армii нейкi Пугачоў, беларус, што зь беларускага Пугача перамянiўся ў маскоўскага Пугачова. Д-р В.Тумаш, першы старшыня гораду Менску пад акупацыяй, у верасьнi 1941 года скантактаваўся з капiтанам Ф.Кушалем i запрапанаваў яму, каб абняў каманду менскае палiцыi. Апошнi, прыгледзеўшыся й запазнаўшыся з палiцыяй, запрапанаваў нямецкаму камандаваньню, каб выбрала больш вартасных людзей зь менскага адзьдзелу й зарганiзавала для iх падафiцэрскую школу. З дапамогаю д-ра Тумаша гэта ўдалося зрабiць. Капiтан Кушаль выбраў у школу сорак маладых беларусаў зь Менску й ваколiцаў. Апрача вайсковых дысцыплiнаў у школе выкладалася беларусаведа й праводзiлася нацыянальная праца. Курс скончыўся ў травенi 1942 году й даў добрыя вынiкi. Ад гэтага часу немцы й пачалi папаўняць дапаможную палiцыю маладым элемэнтам зь беларускае вёскi.
Тым часам на правiнцыi пачаўся прымусовы набор у Дапаможную Палiцыю. Пачалi тварыцца палiцыйныя палкi. Адзiн такi полк i быў зарганiзаваны ў Случчыне, другi – у Астрашыцкiм Гарадку. Адылi прымусова браныя людзi не хацелi служыць, i пачалiся масавыя дэзэрцыi, зь якiмi немцы не маглi справiцца.
Камандант палiцыi Генэралькамiсарыяту Беларусi, нямецкi палкоўнiк Каўфман, запрапанаваў капiтану Кушалю паехаць зь iм у палiцыйныя палкi, каб правесьцi гутаркi. Гэткiм чынам абодва, разам з капiтанам Кумерам, што добра ведаў расейскую мову, паехалi на правiнцыю. Кушаль тлумачыў людзям, што беларусам трэба стварыць кадры свае збройнае сiлы, што гэта неабходна для паўстрыманьня вынiшчэньня беларусаў чужымi варожымi элемэнтамi. Таму-ж, што ўтварэньне беларускае збройнае сiлы пакуль што немагчыма, трэба беларусам здабываць веды ў шэрагах палiцыi. Дэзэрцыя неўзабаве паменшала. Немцы-ж пераканалiся, што без дапамогi мясцовае iнтэлiгенцыi не даць iм рады зь мясцовым насельнiцтвам. Гэткiм чынам падрыхтоўваўся грунт пад Самаахову, а пазьней – Беларускую Краёвую Абарону.
САМААХОВА
Першай легальнай, чыста гаспадарчай арганiзацыяй у Генэральным Камiсарыяце была Беларуская Народная Самапомач (БНС), пазьней перайменаваная ў Беларускую Самапомач (БСП). Заданьнем БСП была дапамога ежаю й вопраткаю пацярпеламу жыхарству ў межах Ген. Камiсарыяту Беларусi. На чале БСП паставiлi акупанты д-ра Iвана Ермачэнку, лекара паводля прафесii, што перад вайной жыў у Чэскай Празе. Якiм чынам здабыў ён у гiтлераўцаў давер – няведама. Прывезьлi яго ў Менск восеньню 1941 году. Ермачэнка быў зусiм незалежным ад мясцовых беларускiх установаў i арганiзацыяў, за ягонымi плячыма стаялi толькi немцы. За даручанае заданьне арганiзацыi БСП узяўся надта энэргiчна, выканаўшы яго ў параўнальна кароткi час. У Менску паўстаў цэнтр "Самапомачы", а на правiнцыi адзьдзелы.
У сьнежнi 1941 году немцы пацярпелi вялiкую паразу пад Масквою. Нямецкая армiя ня толькi не здабыла Масквы, як гэтага спадзявалася, але была прымушаная адступiць на захад амаль на 150 кiлямэтраў. Зiмою 1942 году пад Сталiнградам была акружаная й цалкам зьнiшчаная 6-я армiя маршала фон Паўлюса. Падмацаваныя на духу яшчэ першымi нямецкiмi няўдачамi на фронце, бальшавiцкiя партызаны ў Беларусi пачалi праяўляць ужо вясною 1942 году вялiкую актыўнасьць i прыносiць немцам каштоўныя страты. Акупанты былi змушаныя пераацанiць палажэньне й шукаць нейкага ратунку. З партызаншчынай самi немцы не маглi даць рады. Арганiзацыя палiцыйных палкоў зь беларусаў таксама ня прынесла палёгкi. Беларусы немцам ня верылi, i паўстрымаць дэзэрцыю ў палiцыйных палках маглi толькi нацыянальна-сьведамыя, аўтарытэтныя ў беларускiм грамадзтве людзi. Адылi такiя людзi ня йшлi служыць у палiцыю. Трэба было нейкiм спосабам змусiць iх да гэтага. Гэткiм чынам i паўстала iдая арганiзацыi Беларускае Самааховы.
Праўда, нельга сказаць. што й зь беларускага боку ня было ўзьдзейнiчаньня на згаданую справу. Наадварот, беларускiя дзеячы ўвесь час старалiся пераканаць немцаў, каб у нейкай форме дазволiлi стварыць беларускiя збройныя адзiнкi. Пад цiскам беларускага грамадзтва гаварыў аб гэтым немцам i той-жа Ермачэнка й праф. В.Iваноўскi, што пераняў ад д-ра Тумаша пасаду старшынi гораду Менску.
У чэрвенi 1942 г. начальнiк нямецкае палiцыi Беларусi й Генэральны Камiсар супольна далi загад, накiраваны да Ермачэнкi, аб арганiзацыi Беларускае Самааховы. Атрымаўшы загад, Ермачэнка склiкаў сход, на якiм былi запрошаныя прадстаўнiкi ад беларускага грамадзтва, ад Генэральнага Камiсарыяту й ад штабу нямецкае палiцыi. Ермачэнка прачытаў загад, зьмест якога быў прыблiзна гэткi: Генэральны Камiсар Беларусi дазваляе беларускаму жыхарству Ген. Камiсарыяту арганiзаваць у мэтах самаабароны перад бальшавiцкiмi партызанамi палiцыйныя адзiнкi ў акругах, у сiле батальёну кожная. Кажны з батальёнаў мае быць самастойным i падлягаць нямецкаму гэбiтс-каманданту палiцыi. Склад батальёну мае быць беларускiм, улучна з усiмi камандзерамi. Нямецкi камандант палiцыi Ген. Камiсарыяту мае даць батальёнам узбраеньне. Утрыманьне й абмундараваньне батальёнаў ускладаецца на Беларускую Самапомач. Адказнасьць за арганiзацыю й за палiтычную надзейнасьць Самааховы ўскладаецца на кiраўнiка Беларускае Самапомачы д-ра Iвана Ермачэнку.
Пасьля прачытаньня загаду пачалася дыскусiя. Паўстала пытаньне: з чаго распачынаць арганiзацыю Самааховы. Кушаль запрапанаваў прысутным узяцца за падрыхтоўку кадраў. Паколькi няведама было аб колькасьцi й якасьцi афiцэраў, дык найперш трэба было зрабiць iх улiк. Найлепш было-б дзеля таго паклiкаць iх у Менск на перашкаленьне. Прапанова была прынятая.
Першы курс перашкаленьня пачаўся 1 лiпеня 1942 г. Было паклiкана 120 афiцэраў. Паводля веку й вайсковых ведаў быў гэта надта разнаякi матэрыял. Былi там шасьцiдзесяцiгадовыя прапаршчыкi запасу царскае армii, а побач зь iмi – дваццацiдвухгадовыя падхаронжыя рэзэрвы польскае армii, савецкiя лейтананты й iншыя. Былi выпадкi, калi на курс прыязджаў бацька з сынам.
Камандзерам курсу стаўся капiтан Кушаль, а заступнiкам – паклiканы з Нясьвiжа капiтан Вiталi Мiкула. Адкрыцьцё адбылося вельмi ўрачыста ў прысутнасьцi гасьцей як зь беларускага, так i зь нямецкага боку. Вiтаў першы курс Генэральны Камiсар Вiльгельм Кубэ. Перашкаленьне цягнулася месяц часу. Першага жнiвеня пачаўся другi курс, таксама ў складзе 120 чалавек, а першага верасьня – трэцi, у складзе 60 асоб. Гэткiм чынам быў ня толькi сьцьверджаны лiчбавы стан беларускiх афiцэрскiх кадраў, але й iхныя вайсковыя веды ды ўсiм дадзеная аднолькавая вайсковая дактрына. Пасьля заканчэньня афiцэрскага перашкаленьня гэнымi-ж афiцэрамi ў вакругах было праведзена перашкаленьне падафiцэраў паводле гэткага-ж узору.
Вонкава курсанты прэзэнтавалiся блага. Як прыгадвалася вышэй, вопраткай iх мусiла забясьпечыць Беларуская Самапомач. Ясна, што нiякага абмундараваньня яна даць не магла. Таму кажны насiў што папала, а гэта выглядала надта розна. Аднак, незалежна ад гэтага, настрой панаваў добры. Сiвы бацька крочыў у такт зь бязвусым сынам, колiшнi савецкi лейтанант – побач з ранейшым польскiм падхаронжым. У часе перапынкаў чулiся дасьцiпныя жарты й вясёлы сьмех. Камандзеры курсу былi задаволены з добра праведзенай працы.
Зарганiзаваныя ў вакругах батальёны Самааховы, па адным у кажнай, вонкава ў выглядзе мала чым розьнiлiся ад партызанаў. Зброя й амунiцыя былi самыя розныя. Здаралася, што апошняя не пасавала да першай. Усё-ж, нягледзячы на розныя цяжкасьцi й недахопы, батальёны добра сябе выявiлi ў змаганьнi з чырвонымi партызанамi. Праiснавалi яны аж да адыходу немцаў зь Беларусi. Пад час эвакуацыi шмат людзей разыйшлося па хатах, частка-ж адступiла на захад i пазьней улiлася ў 30-ю дывiзiю Зiглiнга.
Калi вышэй мы гаварылi, што д-р Ермачэнка, старшыня Беларускае Самапомачы, гаварыў немцам аб патрэбе арганiзацыi беларускiх збройных адзьдзелаў толькi пад цiскам беларускага грамадзтва, дык зусiм не прыпадкова. Д-р Iван Ермачэнка быў нямецкiм стаўленьнiкам i надта верна служыў сваiм гаспадаром. Акрамя намiнальнага старшынства Беларускае Самапомачы, пэўна-ж, заглядаў i ў iншыя, не зусiм чыстыя "справы". Гэта якраз ён спрычынiўся да загубы беларускiх каталiцкiх сьвятароў Глякоўскага й Мальца ды сьветлага патрыёта ксяндза В.Гадлеўскага, першага генэральнага iнспэктара беларускiх школаў i закладчыка нелегальнае Беларускае Незалежнiцкае Партыi.
Калi пасьля арышту немцамi сьвятароў беларускае грамадзтва дамагалася ад Ермачэнкi, каб выступiў перад немцамi ў iхнай абароне, той наадрэз адмовiўся.
Пад вясну 1943 году д-р Ермачэнка скампрамiтаваўся перад сваймi гаспадарамi. Немцам удалося высьлядзiць, што старшыня БСП цэлымi вагонамi адсылае ў Чэскую Прагу беларускае сала. Тут мо выраз "немцам удалося высьлядзiць" зусiм не адпаведны й сьмешны. Бо i як-жа Ермачэнка сам мог адсылаць сала, ды яшчэ й цэлымi вагонамi, бяз супрацоўнiцтва зь немцамi? Мусiў-жа мець супольнiкаў. Пасьля паказалася, што яно так i было.
У Чэскай Празе жыла Ермачэнкава жонка, а давераныя людцы на рынках па спекуляцыйных цэнах збывалi тавар, прызначаны на прахарчаваньне поўгалоднага Менску. Грошы, ведама, iшлi ў кiшэнi нясьцiплага лекара й ягоных супольнiкаў. Некаму з апошнiх, мусiць, замала дасталося, бо, пэўна-ж, пачаў жалiцца, справа выйшла наверх, ну – а пасьля-ж, ведама, – у лiку iншых i Iван Ермачэнка паляцеў з цёплага местачка.
Плёткi апавялi, што ў Бэрлiне адбыўся над Ермачэнкам суд, што быццам яго пасадзiлi ў вязнiцу й iншае. Адылi пасьля выявiлася, што ня толькi сам лекар застаўся цэленькiм i добра нагрэтым, але што ў афэру былi замешаныя некаторыя нямецкiя службоўцы Генэральнага Камiсарыяту. Пасьля Ермачэнкi на старшыню Беларускае Самапомачы быў паклiканы Юры Сабалеўскi, што й займаў становiшча да канца вайны.
НАВАГРАДЗКI БЕЛАРУСКI ЭСКАДРОН
Калi параўнаць Наваградзкi Беларускi Эскадрон зь iншымi беларускiмi збройнымi адзьдзеламi за часоў гiтлераўскае акупацыi Беларусi, дык ён розьнiўся найбольш тым, што быў цалкам незалежны ад мясцовых немцаў. Зарганiзаваўся зь iнiцыятывы капiтана Барыса Рагулi, што й камандаваў iм. Не падлягаў загадам мясцовае нямецкае палiцыi, а беспасярэдня Генэральнаму Камiсарыяту ў Менску. З гэтай прычыны эскадрон уваходзiў у частыя канфлiкты зь мясцовай нямецкай палiцыяй, асаблiва-ж у часе апэрацыяў, калi даводзiлася абараняць перад немцамi нi ў чым ня вiнаватыя беларускiя вёскi ў апэрацыйных зонах, якiя, як ведама, немцы надта-ж былi прывыклi пушчаць з дымам, улучна з жывым насельнiцтвам.
Ядром эскадрону сталiся вучнi Настаўнiцкае Сэмiнарыi ў Наваградку. Адзьдзел прэзэнтаваўся вельмi добра фiзычна й высака стаяў маральна. Патрыятызм i адданасьць роднаму народу, як i сьведамасьць заданьняў абароны собскага насельнiцтва перад немцамi й бальшавiцкiмi партызанамi, былi найбольш вiдавочнымi якасьцямi эскадрону.
Пазьней, калi арганiзавалася Беларуская Краёвая Абарона, эскадрон улучылi ў Наваградзкi батальён БКА i называлi коннаю ротай. У баёх батальёну даводзiлася сутыкацца ня толькi з бальшавiкамi, ня толькi адстойваць беларускае насельнiцтва перад немцамi, але змагацца з палякамi, партызанка якiх дзейнiчалi ў Наваградзкай акрузе.
Пры эвакуацыi немцаў з Наваградчыны частка людзей з батальёну палiчыла патрэбным знайсьцi сьцежкi да сваiх хат i застацца пад бальшавiцкай акупацыяй, а бальшыня пад камандаю старшага лейтананта Др-кi прыйшла ў Нямеччыну, дзе пасьля апынулася ў дывiзii Зiглiнга.
ЧЫГУНАЧНЫ БАТАЛЬЁН
Чыгуначныя шляхi сувязi ў акупаванай гiтлераўцамi Беларусi былi заўсёды адным з асноўных аб'ектаў нападаў чырвоных партызанаў. Увесну 1942 г., спэцыяльна для аховы чыгунак, акупанты зарганiзавалi г. зв. Чыгуначны батальён, складзены вылучна зь беларусаў. Камандзерам быў капiтан С-ч. Жаўнеры ў батальён набiралiся быццам паводля прынцыпу дабраахвотнасьцi, але фактычна з прымусам, якi вёўся па лiнii Беларускае Самапомачы i з дапамогаю нямецкiх камандантаў палiцыi на месцах. У батальёне было больш тысячы чалавек. Чыгуначныя лiнii ў Беларусi, пачынаючы ад лета 1942 г., аж да канца нямецкай акупацыi ахоўвалiся ў ладнай меры беларускiмi людзьмi.
Калi-ж немцы пад напорам Чырвонае Армii, пакiдалi Беларусь, яны зусiм не клапацiлiся аб беларускiх жаўнерах, што былi iм так вялiкай дапамогаю пры ахове чыгунак. Частка iх засталася дома, а тыя, што тралiлi ў Нямеччыну, увайшлi пасьля ў 30-ю дывiзiю.
БЕЛАРУСКI СПЭЦЫЯЛЬНЫ БАТАЛЬЁН
У 1942 г. ў Менску быў зарганiзаваны г. зв. Беларускi Спэцыяльны Батальён, што ў пазьнейшы час разросься да сямi ротаў. Апошнiя выконвалi гарнiзонную службу i ўдзельнiчалi ў супрацьпартызанцкiх акцыях у Слуцку, Глыбокiм, Вiлейцы, Лiдзе й iншых месцах. Камандзерам батальёну быў нямецкi маёр Юнкер, ротамi й зьвязамi камандавалi беларускiя афiцэры.
Зь гiсторыi гэтага батальёну варта прыгадаць дзьве падзеi, што кiдаюць яркае сьвятло ня толькi на дачыненьнi немцаў да беларусаў, але й на беларусаў-рэнэгатаў.
Камандзерам аднае з ротаў батальёну ў Менску быў старшы лейтанант Мазур. Быў гэта вельмi добры й амбiтны беларускi афiцэр, што стала й найперш дбаў аб сваiх жаўнерах, маючы наўвеце дабро Бацькаўшчыны. З гэтай прычыны ён уваходзiў у частыя канфлiкты зь Юнкерам.
Аднойчы нямецкi камандзер батальёну сабраў усiх беларускiх афiцэраў i паведамiў, што старшы лейтанант Мазур высланы ў Нямеччыну ў афiцэрскую школу для паглыбленьня сваiх ведаў. Шматлiкiя паверылi. Мазур быў паклiканы ў СД быццам дзеля атрыманьня дакумантаў на падарожжа, й пасьля гэтага больш нiхто яго не пабачыў. Ня маючы нiякiх вестак ад Мазура, беларускiя жаўнеры й афiцэры пачалi трывожыцьца. Дзеля ўспакаеньня iх маёр сабраў батальён i абвесьцiў, што ў Нямеччыне быў ангельскi паветраны налёт на афiцэрскую школу, куды выехаў Мазур, i што ён загiнуў пры бамбардыроўцы.
Адно пазьней беларусы даведалiся, што Мазур не пакiнуў Менску, а быў закатаваны ў менскiм СД за сваю стойкасьць i беларускi патрыятызм. Гэтак сьмерць выдатнага патрыёты пасьведчыла ў Беларускiм Спэцыяльным Батальёне, што немцы не талеравалi найменшага, хаця-б навет вуснага, супрацiву.
Пад час адступленьня зь Беларусi ўлетку 1944 году немцы загадалi ўсiм ротам батальёну, раськiнутым па розных кутках краiны, сабрацца каля Аўгустова. Гэтак яны й зрабiлi. Але тут адступаючых гiтлераўцаў заскочыла новая неспадзеўка. Камандзер аднае з ротаў старшы лейтанант Бандык, а таксама ягоныя афiцэры Iванiцкi, Мохарт i Дрозд, сабраўшы сваiх людзей, загадалi iм забраць з сабой лёгкую зброю, а з пакiнутай цяжкой павыкiдаць замкi. Цэлая рота пайшла ў лес. Назаўтра ад Бандыка зь лесу адыйшлi, раздумаўшыся, два лейтананты Мохарт са Слуцку й Дрозд з Баранавiчаў. Былi гэта маладыя хлапцы, гадоў па дваццаць кажны. Iхныя сем'i й сваякi ехалi паблiзу ў лiку iншых вайсковых сем'яў, кiруючыся на Граева. Афiцэры, вярнуўшыся зь лесу й далучыўшыся да сваiх сем'яў, навет не парупiлiся ськiнуць вайсковае вопраткi й пераапрануцца ў цывiльнае. Тым часам нямецкiя батальённыя афiцэры, даведаўшыся аб дэзэрцыi, паднялi алярм i пачалi рабiць пошукi. Да двух немцаў, што выехалi шукаць, прымазаўся й сяржант I.С. са Слуцку – з паходжаньня беларус, што калiсь служыў у Чырвонай Армii. Гэта быў тып службiстага-рэнэгата. Для яго не рабiла iстотнай розьнiцы, каму служыць, – адно абы прыдбаць пару мэдалёў цi iншых заслугаў. А калi-ж у часе службы давядзецца над кiм пазьдзекавацца, асаблiва над сваiм, дык i весялей будзе I.С.
Сустрэўшы вабоз вайсковых сем'яў на галоўнай дарозе ў Граева, немцы й I.С. здалёк заўважылi на возе Мохартавага бацькi двух маладых беларускiх афiцэраў. На загад – падняць рукi ўверх – лейтанант Дрозд анiчуць не замарудзiў, а Мохарт, як выглядала, яшчэ думаў, што рабiць, падымаць цi не. Немец стрэлiў зпiсталета й ранiў Мохарта ў правае плячо. Тут-жа немцы затрымалi хурманку з двума беларускiмi афiцэрамi. На запытаньне бацькоў Мохарта, куды iх павязуць, I.С. адказаў, што перавяжуць рану. Сьведкам гэтага выпадку быў старшы лейтанант Д. Кл-ч, якi ехаў крокаў на дзесяць ззаду за Мохартавай хурманкай.
Мохарт i Дрозд адвезеныя былi ў палатку й трыманыя там цэлую ноч пад вартай. Назаўтра ранiцою I.С. i адзiн радавы забралi арыштаваных i на той жа хурманцы, узяўшы з сабой аўтаматычны пiсталет i пару рыдлёвак, павезьлi iх у лес. Там адбылася экзэкуцыя. Сяржант I.С. меў нагоду прадэманстраваць сваю ляяльнасьць да гiтлераўскiх гаспадароў. Адно шкадаваў, што ня было паблiзу больш сьветак, калi бяз прынукi i са смакам ды насалодаю пазбавiў жыцьця двух маладых суродзiчаў. Ужо каля абеду вярнуўся ў сваю роту. Толькi тады некаторыя агледзелiся, што сталася, ды было позна.
Для адступаючых жаўнераў Спэцыяльнага Батальёну лёс Бандыка й ягоных людзей, што пайшлi ў Аўгустоўскiя лясы, застаўся тайнiцай. Немцы адсунулi ад камандаваньня часьцямi ў батальёне ўсiх беларускiх афiцэраў, даўшы iм вольную руку iсьцi, куды хочуць. Атрымаўшы чыгуначныя бiлеты, шмат паехала ў Бэрлiн, дзе пасьля ўлучылася ў беларускае войска, што канцэнтравалася на Лiхтэнэрштрасэ. Некаторыя працавалi пры пабудове вакопаў i чыгунак. Жаўнеры Беларускага Спэцыяльнага Батальёну, пазбаўленыя сваiх афiцэраў, былi пасьля прыдзеленыя немцамi ў iншыя адзьдзелы.
Акрамя Мохарта й Дразда ў нямецкiя рукi трапiла й колькi iншых "дэзэртыраў", мiж iмi падафiцэраў i радавых, зь якiмi гiтлераўцы й распраўлялiся на месцы.
БЕЛАРУСКАЯ КРАЁВАЯ АБАРОНА
Вялiкiя няўдачы на Ўсходнiм фронце ды ўзмацненьне актыўнасьцi бальшавiцкiх партызанаў у акупаваных раёнах Беларусi прымусiлi немцаў грунтоўна пераацанiць сытуацыю. Для ўтрыманьня шляхоў сувязi мiж Райхам i ўсходнiм фронтам, а таксама для кантролi пазафрантавых абшараў трэба было новых мiлiтарных сiлаў. Немцы вычарпалi ўдома людзкiя запасы, дарма што ўжо паклiкалi на службу самыя старэйшыя й малодшыя гадавiкi. Сытуацыя была крытычная. Пры неабходнасьцi адступленьня з усходу магло здарыцца, што лiнейныя адзьдзелы ў адзiн прыгожы дзень апынуцца ў поўнай iзаляцыi ад Райху. Прыйшлося-б сiлаю прабiвацца праз другi фронт. Меншым адзьдзелам пагражала-б поўная лiквiдацыя. Трэба было шукаць нейкага ратунку.
Пастаўленыя перад такой дылемай, нямецкiя дзеячы ўважалi, што зь дзьвюх нядобрых сытуацый найлепшым выйсьцем была-б мабiлiзацыя людзкiх рэзэрваў акупаваных абшараў Беларусi. Тыя-ж беларусы, да голасу якiх немцы час-ад-часу прыслухоўвалiся, маючы наўвеце дабро свайго народу, верылi, што ў гэным бязвыхадным становiшчы лепш для беларускае моладзi ўзяцца за зброю й дзе мага ратавацца перад зьнiшчэньнем мiж двумя агнямi. У кажным выпадку нельга забывацца, што беларусы ня мелi выбару: або сiлком маглi быць загнаныя ў партызаншчыну, чаго нiхто не жадаў, або, атрымаўшы зь нямецкiх рук зброю, выкарыстоўваць яе найперш, дзе дасца, для самазахаваньня ня толькi сябе, але шырокiх масаў беларускага народу.
Камандуючым Беларускае Краёвае Абароны быў вызначаны маёр Кушаль, а начальнiкам штаба – капiтан Вiталi Мiкула. Абодва распрацавалi мабiлiзацыйны плян, i 10 сакавiка 1944 году была абвешчана мабiлiзацыя. Было зарганiзавана 44 батальёны пяхоты й адзiн сапёрны. Аблiчана было, што агулам у вайсковых шэрагах алынулася каля 50 тысяч рэкрутаў. Кожны батальён быў самастойны, й хаця камандзерамi былi беларусы, яны падлягалi загадам нямецкiх уладаў. Немцы нiдзе не дазволiлi стварыць большую за батальён беларускую вайсковую адзiнку.
Зь пяцiдзесяцi тысяч арганiзаваных людзей можна было-б утварыць корпус, што быў-бы вельмi паважнай ваеннай сiлай. Адылi немцы на гэта не дазволiлi, не давяраючы беларусам, i трымалi раздробленае войска пад сваiм пiльным наглядам. Беларуская Краёвая Абарона разам зь ейным беларускiм штабам была падпарадкаваная нямецкаму Генэрал-Камiсару Беларусi – ген. фон Готбэргу. Усе загады, пасыланыя беларускiм штабам у батальёны, мусiлi праходзiць празь нямецкi штаб Готбэрга. Такая залежнасьць беларускiх камандзераў ад немцаў не дала iм магчымасьцi выяўляць свае собскае iнiцыятывы.
Афiцэрскi склад Беларускае Краёвае Абароны з гледзiшча фаховых ведаў быў наагул слабы. Бальшыня людзей трапiла ў афiцэрскiя шэрагi з падафiцэраў i атрымала рангi праз штаб БКА ад прэзiдэнта Беларускае Цэнтральнае Рады. Многа новаменаваных афiцэраў выявiлi добрыя камандзерскiя здольнасьцi i, калi-б былi магчымасьцi, маглi-б згуляць вялiкую ролю ў беларускiх збройных сiлах. Магчымасьцi былi абмежаваныя цесным нямецкiм кантролем.
У чэрвенi 1944 году ў Менск была паклiканая моладзь зь сярэдняй асьветай на першую Школу Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны. На гэтую моладзь, нацыянальна добра ўзгадаваную ў беларускiх школах, наскрозь патрыятычную, штаб БКА ўскладаў вялiкiя надзеi. Апошнiм не суджана было збыцца. Змабiлiзаваныя сiлы БКА i Школа Камандзераў былi зьмеценыя зь беларускае зямлi наступаючымi з усходу бальшавiцкiмi армiямi.
Маса паклiканых, ня бачачы нiякае будучынi побач адступаючых гiтлераўскiх акупантаў, выбрала сьцяжыны да сваiх хатаў, хоцькi-ня-хоцькi запрагаючыся ў бальшавiцкае ярмо. Большасьць зь iх хутка пасьля прыходу бальшавiкоў была змабiлiзаваная ў Чырвоную Армiю i нявышкаленая, апынуўшыся на перадавых пазыцыях, каб "адкупiць свае грахi", страцiла жыцьцё. Iншыя-ж лiчылi больш мэтазгодным выбраць дарогу на захад. Характэрна, што ў лiку апошнiх апынулася цi не бальшыня самага перадавога, нацыянальна-патрыятычнага як грамадзкага, так i вайсковага актыву зь Беларусi.
БЕЛАРУСКАЯ ЦЭНТРАЛЬНАЯ РАДА Й РАДАСЛАЎ АСТРОЎСКI
"Кладуцца падвалiны", – пiсаў у менскай "Беларускай Газэце" ўвосень 1943 года ейны рэдактар Уладыслаў Казлоўскi з нагоды паклiканьня Беларускае Цэнтральнае Рады. Уладыслаў Казлоўскi загiнуў ад кулi бальшавiцкiх агентаў у Менску, дарма што быў беларускiм патрыётам, а не прыслужнiкам акупантаў. Пiшучы аб "падвалiнах" i маючы наўвеце Беларускую Цэнтральную Раду, Казлоўскi разумеў будову беларускага самастойнага нацыянальнага жыцьця. Загаловак перадавiцы быў няўдалым, бо падвалiнамi беларускага нацыянальнага самастойнага жыцьця (калi пад гiтлераўскай акупацыяй наагул можна было гаварыць аб нейкай самастойнасьцi) можна й трэба было лiчыць хутчэй беларускае школьнiцтва, арганiзацыю моладзi, а найбольш той нацыянальна-патрыятычны элемэнт, якi ахвярна вырываў з рук акупанта дзе што ўдалося ды як мага стараўся ратаваць народныя iнтарэсы, абараняць народ перад вынiшчэньнем...
Беларуская Цэнтральная Рада была паклiканая акупантамi дзеля кантролi ўсяго беларускага жыцьця, дзеля каардынацыi працы нямецкiх акупацыйных уладаў зь беларускiмi цывiльнымi й вайсковымi дзейнiкамi.
Мала хто зь беларусаў лiчыў БЦР за нейкi ўрад. Гэткiм яна й не была. Скарэй лiчылi яе экспазытурай(прадстаўнiцтвам) акупанта. Тое ж прыблiзна адносiцца й да гэтак званага Другога Кангрэсу, склiканага ў канцы чэрвеня 1944 году ў Менску для выяўленьня "народнае волi", як сяньня яшчэ намагаюцца цьвердзiць некаторыя прыхiльнiкi рэштак таго, створанага акупантам цела. "Дэлегаты" на зьезд былi вызначаныя валаснымi й раённымi ўправамi, ехалi ў Менск па назначэньню, а не па выбары людзей. Сьмешна было-б гаварыць там аб нейкай дэмакратыi, хаця трэба прызнаць, што на гэны зьезд, гучна званы "кангрэсам", зьехалася была маса самай перадавой, адданай iнтарэсам народу, нацыянальнай працоўнай iнтзлiгенцыi.
У статуце Беларускай Цэнтральнай Рады было сказана, што прэзыдэнт БЦР назначаецца й звальняецца Генэральным Камiсарам Беларусi. Беларускi народ тут ня меў анiякага слова. Трэба з усёй аб'ектыўнасьцяй моцна падкрэсьлiць, што некаторыя рэфэрэнтуры БЦР былi абсаджаны людзьмi, якiя ўсiм сэрцам былi адданыя iнтарэсам паняволенага народу, а не акупанта. Адылi нельга гэтага сказаць адносна ўсiх чысьценька, асаблiва-ж самога прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага.
Аб асобе Астроўскага шмат пiсалася й гаварылася, дый шмат яшчэ пройдзе часу, пакуль будзе сказана апошняе слова. Асаблiва сяньня, калi чалавек жыве, людзi падыходзяць да ацэнкi яго з рознымi тэндэнцыямi. Сьвежыя ў памяцi падзеi перашкаджаюць у ладнай меры адзьдзялiць зерне ад мякiны, вызначыць з пэўнай аб'ектыўнасьцяй добрае й благое. Можна дыскутаваць над тым, цi – калi-б беларускi народ пасьля Другой Сусьветнай вайны здабыў незалежнасьць, пасадзiў-бы ён Радаслава Астроўскага на лаву злачынцаў i судзiў бы яго, цi не. Людзi вяжуцца з падзеямi, а мера цярпеньняў, прынесеных беларускаму народу пад час апошняе вайны, такая вялiкая i ўсёпаглынаючая, што яна ў ладнай ступенi яшчэ сяньня ўплывае на ацэнку тых цi iншых людзей, зьвязаных з пэрыядам таго жахлiвага адрэзку гiсторыi.
Сяньня цяжка яшчэ вызначыць Радаславу Астроўскаму адпаведнае месца ў галерэi людзей, што мiтусiлiся цi працавалi пры адмiнiстрацыйным апараце ў Беларусi ў часе гiтлераўскай акупацыi. Хвалi бурлiвых часоў разам з добрым выкiдаюць на паверхню плынi падзеяў i рознае шумавiньне. Усё яно бывае так зьмяшанае i неўпарадкаванае, што, зблiзу гледзячы, нельга адрозьнiць навет, цi добрае прылiпла да благога й цягне яго за сабою, цi наадварот. Толькi з адлегласьцi часу, зважыўшы ўсе рухаючыя сiлы, плынi ды розныя матывы заангажаваных людзей, можна так-сяк падсартаваць, вызначыць, ацанiць, паставiць на належнае месца.
Гаворачы аб Радаславе Астроўскiм, адно можна сьцвердзiць з абсалютнай пэўнасьцю: памыляюцца тыя, што, ацэньваючы яго, кiдаюцца ў скрайнасьцi – цi то прыдзяляючы зусiм да здраднiкаў i народных злачынцаў, цi, з другога боку, залiчаючы да палымяных, адданых народу ахвярных патрыётаў ды разумных палiтыкаў. Абедзьве ацэнкi – памылковыя. Трэба меркаваць, што калi ў 1941 годзе Астроўскi прыехаў у Менск, а пасьля накiраваўся ў Смаленск, каб быць блiжэй Масквы, дзе хацеў быць пасьля гiтлераўскае акупацыi яе камiсарам, ён кiраваўся вылучна сваёй амбiцыяй. Зноў-жа, калi ў 1943 годзе Астроўскi стаў прэзыдэнтам БЦР, дык i тут хутчэй за ўсё галоўным рухавiком такога кроку былi жаданьнi аўтарытэту, нейкай матар'яльнай карысьцi, чымся шляхотныя матывы служэньня паняволенаму народу. Надта-ж добра ведама, як немцы абыходзiлiся зь перадавымi патрыётамi. Накiроўвалi iх шляхам ксяндза Гадлеўскага й выканчывалi ў склепах вязьнiцаў. Быў-бы Астроўскi вызначным патрыётам, чалавекам поўнага нацыянальнага й асабiстага гонару, беззаганнае маралi, ня быў-бы ён прэзыдэнтам БЦР. Немцы не хацелi бачыць на гэным становiшчы асобы дамiнуючай, аўтарытэтнай, перад народам заслужанай i яму поўнасьцю адданай. Iм патрэбна было калi нешта ня зусiм маральна нiзкое, дык, прынамся, цьмянае, але разам з тым i здольнае выклiкаць пэўны давер, пашану сярод беларусаў. Астроўскi адпавядаў гэтым вымаганьням.
Прасачыўшы жыцьцёвую дзейнасьць Радаслава Астроўскага, можна прыдзялiць яго да апартунiстых, а мо навет i да апаратчыкаў, хаця ня зусiм у такiм разуменьнi апошняга тэрмiну, якое прыдаюць яму бальшавiкi, зь сiстэмы якiх, здаецца, гэты тэрмiн i выводзiцца. Вось-жа, калi залiчыць прэзыдэнта БЦР да апаратчыкаў, то тут адразу-ж трэба й дадаць, што будучы прыладай нейкага апарату (звычайна чужога, акупацыйнага), Астроўскi заўсёды намагаўся мець у гэтым вялiкiм апараце свой малы апарацiк, да пэўнай меры аўтаномны. Тут ён любiў быць поўным гаспадаром, навет з эрзацам нейкага дутага аўтарытэту, са сваёй вялiкай шыльдай. Гэнае жаданьне аўтарытэту, штучна-эрзацнай надзьмутасьцi, шумна-мнагазначнага тытулу й цi не зьяўлялася ў Астроўскага галоўным стымулам да дзейнасьцi пад час гiтлераўскае акупацыi, дый пазьней ужо – на эмiграцыi ў Нямеччыне. Бо чым-жа можна было-б тады вытлумачыць такi палiтычна самазабойчы крок Астроўскага пасьля вайны на эмiграцыi, калi з музея абняслаўленых палiтычных рэлiквiяў выцягнуў ён на паверхню бурлiвага эмiграцыйнага палiтычнага жыцьця палiтычны труп – БЦР i стараўся яго ўваскрасiць? Хiба-ж рацыянальна думаючы палiтык мог такое зрабiць?
Асьмельваемся цьвердзiць, што калi-б былы прэзыдэнт БЦР, пасьля ўпадку гiтлераўскае Нямеччыны, ня выцягнуў на дзённае сьвятло нефартуннага мерцьвяка – БЦР, то шматлiкiя беларусы памiналi-б яго добрым словам. Не трэба забывацца, што прэзыдэнт БЦР у часе гiтлераўскае акупацыi Беларусi меў вялiкiя магчымасьцi рабiць добрае й благое, i тут трэба аддаць праўдзе справядлiвасьць: ён зрабiў нашмат больш першага, чымся апошняга. Навет сяньня й навет ягоныя палiтычныя працiўнiкi з поўнай шчырасьцю цьвердзяць, што Астроўскi як прэзыдэнт БЦР пад час гiтлераўскае акупацыi Беларусi стаяў на вышынi свайго заданьня. Пад заданьнем, ясна, разумеецца выкарыстоўваньне пазыцыi прэзыдэнта БЦР для абароны iнтарэсаў i рэпрэзэнтацыi беларускага народу. У Астроўскага гэна дзейнасьць выявiлася перадусiм у намаганьнях стрымаць азьвярэлае вынiшчэньне немцамi беларускiх вёсак i насельнiцтва. Гэтак ён часта дакучаў Ген. Камiсару фон Готбэргу, каб хутчэй арганiзаваць беларускiя збройныя сiлы. Калi-ж была праведзена мабiлiзацыя ў БКА, а рэкруты ня мелi зброi, Астроўскi пагражаў Генэрал-Камiсару, што, калi ў хуткiм часе БКА не дастане зброi, ён, Астроўскi, выдасьць загад аб дэмабiлiзацыi. Гэта было падзейнiчала на немцаў. Астроўскi аддаваў асаблiвую ўвагу вайсковаму рэфэрату пры БЦР як у Менску, так i пасьля ў Бэрлiне. Другое-ж, ня менш важнае – Астроўскi ня толькi не перашкаджаў, але спатураў, ды нярэдка й памагаў у працы самай перадавой i найбольш адданай iнтарэсам народа беларускай iнтэлiгенцыi.