355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » Змагарныя дарогi » Текст книги (страница 26)
Змагарныя дарогi
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 12:41

Текст книги "Змагарныя дарогi"


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 26 (всего у книги 38 страниц)

– Глянь, глянь, якiя танкi! Дзе швабам да нас цяпер дараўняцца! Няхай уцякаюць, бы тыя мышы пад мятлу! – захапляўся ён на трэцi дзень, калi зьвяз рыхтаваўся да наступу на супрацьпаводны насып ракi Сантэрно, а танкi й людзi станавiлiся на выхадныя пазыцыi ў занятай учора вёсцы.

Артылерыя пачала падрыхтоўчую атаку. Над самым насыпам ракi пiкавалi ангельскiя "спiтфаеры", такiя самыя, як помнiў Сымон, што калiсь так моцна дакучалi iм у Эльзасе. Адзiн штурмавiк шпурнуў бомбу ў бункер i, занадта зьнiзiўшыся, раптам разьляцеўся на кавалкi. Адбылося гэта ў адлегласьцi ня больш паўкiлямэтра ад выхадных пазыцый пяхоты й танкаў.

– Пся крэў! Свая артылерыя самалёт зьбiла! Галганы еднэ! Не бачаць, цi што?

– То не артылерыi, а самалёта вiна. Ты чуў, што яны заўчора збамбардавалi перадавыя пазыцыi трэцяй Карпацкай дывiзii й забiлi дзесяць людзей ды больш як паўсотнi ранiлi?

– То праўда?

– Але.

– Дык тады яму й варта.

– Як то яму? Гэты-ж "спiтфаер", пэўна, там ня быў.

– Не важна, быў цi не. Усё роўна-ж гэта ангельцы палякаў пабiлi.

– Але-ж у цябе лёгiка, як у таго асла.

Самалёт разьляцеўся на драбнюсенькiя кавалачкi. Свой артылерыйскi снарад трапiў простым цэлам. Наступаючыя адзьдзелы, заняўшы пазьней першы супрацьпаводны насып, знайшлi на iм вялiкую выгаралую пляму i ў шматлiкiх мясцох адломкi мэталу. Нехта казаў, што адшукаў кавалкi стлелых касьцей i навет шматок чалавечай скуры. Вiдаць, сам ладунак бомбаў брытанскага штурмавiка больш чым што спрычынiўся да катастрофы.

– Паглядзi, пан, паглядзi! – штурхануў Спарыша Кiцынскi. – Хто гэта такiя?

Група пераважна маладых мужчын праходзiла вулiцаю вёскi. Былi гэта апранутыя ў цывiльнае iтальянцы з белымi апаскамi на левых рукавах.

– Вiва полякi! Вiва лiбэраторы! – крычаў адзiн, махаючы капелюшом i скалячы зубы.

– А вы хто? – пытаўся Кiцынскi.

– Партызаны. Iтальяны партызаны. Тэдэскi вiя! Вiва полякi!

Iтальянец, як вiдаць, быў падпiты.

– Ты скурчы сын! Ты такi партызан, што толькi ўмееш баб падшукваць ды вiно прадаваць! – вурчаў Кiцынскi, быццам да яго толькi адносiлася тое "вiва лiбэраторы".

Лейтанант, камандзер зьвяза, паклiкаў партызанаў i распытваўся пра нямецкiя ўмацаваньнi, iх колькасьць i iншае. Тыя самi ня ведалi. Былi яны, вiдаць, прыфрантавыя партызаны – значыцца, такiя, якiм нiколi ня думаецца партызанiць, аж пакуль вораг сам не ўцячэ. Ужо пасьля прыходу вызвольнiкаў начэплiвалi на рукавы белыя павязкi й лiчылi сябе калi ня гэроямi, дык, прынамсi, баявымi людзьмi.

– Глядзi, калега, глядзi на гэтых гэрояў. Ня вузка табе прэзэнтуюцца скуррр... – таўхаў iзноў Спарыша Кiцынскi.

– Перастаў-бы ты нарэшце малоць! Аж брыдка, яй-богу! – зьнецярплiвiўся нарэшце Сымон. – Вечна быццам тая малатарня. Адкуль гэта ў цябе бярэцца. Ты-ж ужо, напэўна, будзеш лепшым гэроем.

– Лепшым цi ня лепшым, але-ж ня тое, што гэтыя макароньнiкi. За iх мы мусiм кроў нашую польскую пралiваць!

– Але-ж ты й напралiваў ужо, жалься Богу. Ха-ха-ха! Хвалiўся-б хто пралiтай крывёю, але-ж ня ты. Ха-ха-ха! – рагатаў Сымон.

– То-ж я не аб сваёй гавару, вуйка ты, – бурчаў малы паляк, што, здаецца, аж прыгiнаўся пад цяжарам шасьцi снарадаў. Вiдаць, "б'янка" затуманiла яму ў галаве. Шмат хто быў пад хмяльком, ня выключаючы й Сымона. Ужо "партызаны" пастаралiся пачаставаць не аднаго "лiбэратара".

Артылерыйская кананада скончылася або часткова была перанесеная на далейшыя пазыцыi працiўнiка. Танкi рушылi ў наступ, а за iмi й побач iх пяхота. З супрацьпаводнага насыпу ракi Сантэрно там-сям адазвалася дробная аўтаматычная зброя. Танкi пару разоў спынялiся й абсыпалi пачарнелы ўжо ад агню насып градам куляў. Трушком перабягалi пехацiнцы. Тры агнямётныя "шэрманы", спынiўшыся ў адлегласьцi каля сотнi мэтраў ад насыпу, пусьцiлi наперад густыя чырванаватыя языкi полымя й лiзалi iмi ўзбочча й верх першага насыпу.

– Так iм, сукiным сынам! Так iм трэба, швабам праклятым! – камэнтаваў Кiцынскi. Быццам у адказ яму "швабы праклятыя" з выдатнай рэгулярнасьцю дзяўблi поле наступу зь цяжкiх мiнамётаў. Мэтраў за пяцьдзесят направа ад Сымона, зараз ззаду за "шэрманам", снарад трапiў у групу людзей. Пачулiся крыкi й енкi. Зьявiлiся санiтары. Лежачы нiцма на насiлках, чалавек сьцякаў крывёю з вялiкай, вырванай ззаду аж да нырак раны. Хвiлiны ягонага жыцьця былi палiчаныя.

Першы супрацьпаводны насып выказваў адно спарадычны супрацiў. Неўзабаве апошнiя пункты ягоныя былi зьлiквiдаваныя, й месцамi над акопамi загайдалiся на палках белыя рызманы. Наступаючыя падпаўзалi на пахiлае ўзбочча. З малых акопаў паказвалiся ўверх найперш верхнiя канцы рук, пасьля шлемы й чорнымi бародамi аброслыя, замурзаныя, худыя твары. У адным месцы чалавек намогся быў выкарабкацца з акопа, i ў той жа момант "томсан" абсыпаў яго дажджом куляў. Верхняя палова чалавека пахiснулася, уздрыгнула, рукi, быццам апаленыя, схапiлiся за грудзi, i той, што хацеў быць палонным, носам занурыў у абсмаленую агнямётамi зямлю.

– Не страляць палонных, лайдаку ты едэн! – крычэў афiцэр. – Што ты хочаш, каб кожны зь iх змагаўся да апошняга патрону?

Самыя сьмялейшыя з наступаючых спрабавалi вылазiць на верх насыпу. З процiлеглага насыпу чуўся грукат "спандава". Немцы трымалiся на другiм баку. Тое, што ня зьнiшчыла артылерыя, ня выбiлi танкi, мусiла выкарчоўваць пяхота. Рэчышча рэчкi Сантэрно было вузенькае, але супрацьпаводныя насыпы па баках шырокiя. Адлегласьць мiж iхнiмi хрыбтамi сягала да ста мэтраў.

Найгоршы вораг наступаючага жаўнера – гэта нецярплiвасьць i нэрвовасьць. У гэтым на собскiя вочы мог пераканацца Сымон. Мо вiною тут быў хмялёк у галаве. Здавалася вельмi непраўдападобным, каб цьвярозы чалавек мог зрабiць так, як адзiн з жаўнераў зьвязу. Цяжка было пасьля, гледзячы на акрываўлены труп, у агнi бою варажыць, якiмi матывамi ён кiраваўся, калi раптам, падпоўзшы да самага верху першага насыпу ды асачыўшы на другiм баку "спандаў", што, быццам гарохам, сеяў кулямi, ён устаў на цэлы рост i, нешта моцна крыкнуўшы, пачаў з "томсана" абсыпаць бункер, адкуль адзываўся "спандаў".

– Што ты робiш, вар'яце?! Кла-а-дзiся! – крычаў на яго зьвязовы. Ледзь пасьпеў падафiцэр скончыць заглушаную стрэламi перасьцярогу, як з процiлеглага берагу пачуўся грукат другой сэрыi "спандава". Неразумны польскi куляметчык ад вялiкага болю здрыгануўся ўсiм целам ад галавы да ног, рукi выпусьцiлi "томсан". Чалавек скурчыўся й пакацiўся ўнiз па даволi стромым насыпе, прыцiснуўшы рукамi залiтыя крывёю грудзi. Два жаўнеры падскочылi да яго ў часе перадсьмяротных сутаргаў. Зьбялелы, стогнучы, варушыў яшчэ вуснамi й нешта стараўся сказаць, але ня мог, а ў адкрытых вачах адлюстраваўся неспадзяваны жах. Быў гэта той самы кулямётчык, што пару хвiлiн таму застрэлiў немца, якi з паднятымi рукамi вылазiў з акопу, каб стацца палонным.

III

– "П'ят"! Давайце сюды "п'ят"! – клiкаў Сымона камандзер зьвязу. – Там! Бачыш? – паказваў пальцам, падпоўзшы да самага верху насыпу, афiцэр. – Гэты бункер.

– Так ёсьць, пане лейтанант.

– Пачастуй iх.

На насыпе з другога боку рэчкi Спарыш заўважыў прыкрыты зверху абсохлымi ўжо зялёнымi галiнкамi невялiкi бугор. Крыху нiжэй чарнелася падоўжаная адтулiна.

– Уважай! Ня вылазь занадта наверх! – перасьцерагаў камандзер. Сымон на жываце ад'ехаў крок назад i выставiў правую руку да Кiцынскага:

– Давай хутчэй снарад!

З мэталёвай пушкi, з верхняй кiшэнi "батледрэсу" выцягнуў доўгi, на сантымэтры тры, запальнiк i завастрыў бомбу. Рыжа-чарнявы насып, сьпечаны нядаўна танкавымi агнямётамi, курыў яшчэ карэньчыкамi травы. Моцна пякло зьверху сонца. Левым рукавом Сымон выцер зь iлба пот, што залiваў вочы, i паставiў на ножку "п'ят", вызначыўшы адлегласьць на шэсьцьдзесят мэтраў. Прыклад кароткай стрэльбы моцна таўхануў правае плячо, што адчувала яшчэ ранейшы боль. Снарад разарваўся,не далятаючы да бункера, крышку направа ўнiз.

– Давай зараз другi! Не марудзь! – спанукаў лейтанант. – Калi за гэтым разам трапiш у мэту, заробiш ад мяне пляшку водкi.

– Думаю, што траплю.

– Дык давай.

У гэты час цемнаватая адтулiна з супрацьлеглага боку адклiкнулася "спандалавым" залпам. Наступаючая пяхота не магла вылезьцi на верх насыпу. Дождж куляў бзыкаў па яго хрыбце, а некаторыя, адбiўшыся рыкашэтам ад рэдкага каменьня, быццам тыя жукi, страцiўшы ранейшы iмпэт, завурчалi, пералятаючы за плечы.

Сымон падняў "п'ятаву" ножку вышэй, аблiчаючы на адлегласьць дадатковых дзесяцi мэтраў, i заладаваў другую бомбу. Прычакаўшы, пакуль сьцiхне кулямёт, на жываце пад'ехаў да самага верху насыпу i цэлiўся мо пяць секунд. Гэтым разам даўганосая, круглаватая, велiчынёю з добрую бручку хвастатая бомба трапiла проста ў вызначаную адтулiну. Стаўбур зямлi, пылу й кавалкаў дробнага сучча падняўся на мэтраў пяць уверх. Бункер ахутаўся пылам, полымем i дымам.

– Брава! Вось маладзец! – крыкнуў у захапленьнi малады афiцэр. – Маеш ад мяне пляшку водкi.

– Калi, пане лейтанант? – усьмiхнуўся ад задаваленьня Сымон.

– Пасьля сканчэньня акцыi.

– Ну, гэта дык па вадзе вiламi пiсана. Хто ведае, калi тая акцыя скончыцца.

– Я-бы цяпер табе даў, дык уп'ешся й другi раз не трапiш у бункер, тлумачыў афiцэр, вылезшы ўжо наверх i разглядаючыся па баках.

– Усё роўна я гэтага вам не дарую, пане лейтанант.

Але той ужо ня слухаў. Рукамi паказваў людзям, каб вылазiлi наверх i падцягвалi для пераправы лодкi.

– Бяры ўжо, калега, i гэтую, – сунуў Кiцынскi апошнюю з кантэйнера бомбу. Сымон узяў яе й завастрыў. На правым крыле жаўнеры спускалiся ўжо ўнiз.

– Але-ж i душна, – жалiўся Кiцынскаму Спарыш.

– Няхай яе кроў залье, такая сьпякота, – памог наракаць паляк. – I цягай, як той дурань, столькi ладунку на плячох. Добра, што хаця крыху ўжо выстралялi.

Рэчка была няглыбокая й вузкая. Пантонныя лёгкiя лодкi бралi па пяць чалавек. Сымон пераяжджаў на другi бок устоячкi, перавесiўшы цераз плячо "п'ят" i трымаючы ў правай руцэ завостраную бомбу. Вельмi ўважаў на доўгi нос i чырвоны запальнiк, каб, баранi Божа, чаго iм не дакрануцца. Запальнiк быў надзвычай адчувальны, й часта бомба выбухала, стукнуўшы носам аб якую галiнку...

На другiм баку Спарыш не хацеў бачыць, якое зьнiшчэньне зрабiла ягоная бомба ў бункеры. Хоць даўно звыкся з касьбой сьмерцi навокал, ён адно ў выпадку неабходнасьцi пазiраў на забiтых цi пакалечаных. Апынуўся разам зь Кiцынскiм i нейкiм малым тоўсьценькiм капралам у вузкiм, кароценькiм акопе, выкапаным накшталт лацiнскае пяцёркi. Раён ракi Сантэрно на гэтым адрэзку ўжо маўчаў. Адно на левым флянгу, мо на кiлямэтр цi больш воддаль, трывала самая заядлая перастрэлка ўсялякае зброi, улучна з артылерыяй. Абаронцы моста й шашы сканцэнтравалi там вялiкiя сiлы.

Вось наперадзе над чупрынамi садоў праiмчалiся ў заходнiм кiрунку адзiн за адным тры ганчакi-"спiтфаеры", й там дзесь над шашою загрукацелi з гарматак якраз так, як калiсь, пранюхаўшы калёны трыццатае дывiзii на гладкiх эльзаскiх дарогах.

Тыя самыя самалёты. Калiсь – чужыя, цяпер – свае. Iхнi грукат некалi напаўняў цябе трывогай, цяпер улiваў моц i сiлу. I гэта ўсё на працягу пяцi-шасьцi месяцаў. Цi-ж ня здурэў гэты сьвет? – думаў "п'ятавы" стралец.

Пераправа пяхоты праз рэчку трывала каля гадзiны. Займалi акопы й бункеры на паўночным баку. Нiзка хiлiлася на захад сонца. Загадана было затрымацца. Шмат акопаў, як вiдаць было, абаронцы лiнii Сантэрно нiколi ня ўжывалi. Магчыма, што наступ быў занадта гвалтоўны, магчыма, што ў немцаў не хапiла людзей. Апошняе было менш праўдападобным, бо як-нiяк Сантэрно было другой абароннай лiнiяй i мусiла быць абсаджана жаўнерамi.

На паўночны бок ад рэчкi краявiд нiчым ня розьнiўся ад таго, з паўдзённага боку. Ад акопа, дзе сядзеў Сымон, празь цьвiтучы сад вiдаць была напаўразбураная артылерыяй фэрма. Курыў, дагараючы, стог саломы й пуня. Уцалела адно белая хата-ляпянка. Меншы хутар знаходзiўся ў адлегласьцi мэтраў ста пяцiдзесяцi наперадзе крышку налева. Навокал нiкога ня было вiдаць.

Сымон зiрнуў на ляжачы наўзверх акопа свой пуцаты завостраны "п'ятавы" снарад, на той малы хутар i звярнуўся да капрала:

– Як вы думаеце, пане капрал, цi ня варта было-б гэтай бомбачкай смалянуць па гэтай хатцы? – кiўнуў на снарад i на хату.

– Хто-ж яго ведае. Мо й не зашкодзiла-б.

Падбадзёраны такiм адказам, стралок ужо стаўляў сваю пузатую стрэльбу.

– Давай, кохасю, – песьцiў i гладзiў сварад Кiцынскi, пакуль перадаць яго Сымону, – заляцi ты туды й секанi па швабах.

Ацанiўшы адлегласьць да абгароджанай плотам i аброслай зеленьню хаты, Сымон мяркаваў, што "п'ятаў" засяг мог быць закароткi, дзеля таго й выцягнуў ножку на максiмальную адлегласьць. Капрал моўчкi прыглядаўся. Камандзер зьвязу, што абяцаў Сымону пляшку, пайшоў дзесьцi налева, цi не да камандзера роты, каб атрымаць далейшыя iнструкцыi.

Сымон прыцэлiўся ў самы шчыт страхi i, моцна прыцiснуўшыся да пляча прыкладам, нацiснуў курок. Снарад разарваўся ў садзе, не далятаючы да хаты на мэтраў дзесяць. Навокал амаль ня было стральбы. Усе зацiкавiлiся выбухам у садзе.

– Эх, партач ты, калега, – скрывiў тоўстыя вусны Кiцынскi.

– Сам ты партач! Не бачыш, што задалёка?

Як хутка выявiлася, шчасьце было ў тым, што "п'ят" не дасягнуў хаткi. Адно сьцiхла рэха выбуху, як з хаты выбегла нейкая фiгура ў "батледрэсе" i, махаючы стрэльбай над галавой, крычала:

– Не стра-а-а-а-ляць, вы там, скуррр-чы сыны!

– То нашы там! – усхапiўся капрал.

– Мусiць, – схамянуўся Сымон.

– Пся крэў, матка Боская Чэнстахоўская, вось дык было-б! – перапалохаўся Кiцынскi.

– Хто тут страляў?! – прыбег, засопшыся, з левага крыла камандзер роты. Пытаюся, хто тут стрэлiў цяпер у гэну хату?

Усе навокал маўчалi. Капiтанаў зрок затрымаўся на "п'яце" й акопчыку, дзе сядзела тройка вiноўных.

– Пане капрал, вы бачылi, хто тут цяпер стрэлiў? Капрал адказаў не адразу. Уталопiўся зрокам у Сымона, быццам мяркуючы, што сказаць, i шукаючы парады ды вырашыўшы, што была й ягоная вiна, адказаў:

– Не, не бачыў, пане капiтан.

– Там пайшоў наш патруль, i маглi пакалечыць сваiх людзей.

– Пане лейтанант, – накiнуўся ён на бягучага зь левага боку камандзера звязу, – чаму не загадалi вы сваiм людзям спынiць агонь?

– Пане капiтан, то само сабой было зразумелым, што лiшняга...

– Мусiць, ня ўсiм было зразумела. Ледзь сваiх людзей не пастралялi. Будзьце пры зьвязе й чакайце далейшых дыспазыцыяў, – кiнуў на адыход.

Сымону прыгадаўся дваццаты патрон, што ў батальёне Мураўёва выстралiў пад час практыкаваньняў над Рэйнам i за якi адседзеў колькi гадзiн арыштаваны ў бункеры. "Мо трэба больш кiравацца развагай, а менш iмпульсамi", – мяркаваў юнак.

IV

Сантэрно засталося ззаду. Ад часу той пераправы дзелiць iх ужо пару дзён. Сямнаццаты батальён зноў iдзе ў наступ. Былi прыйшлi на зьмену iншыя, памаглi. Цяпер зноў iдзе iхняя чарга. Абы хутчэй дабiць i скончыць. Слабое дрыжыць, баронiцца рэшткамi сiл, крышыцца, раздрабняецца, разьлятаецца, а нешта з паднятымi рукамi, раненае й змучанае, перасочваецца на другi бок у палон. Вызвольныя армii iмкнуццца на поўнач. Нiкому ня ўдасца ўжо iх стрымаць, аж пакуль ня дойдуць да мэты. Мэтаю – руiна праектаванага вялiкага тысячагадовага Райху. Праекты засталiся марамi, заўзятасьць i вытрываласьць, падпёртыя людзкой зьверскасьцю й безагляднасьцю да ўсяго чужога, не змаглi пабудаваць супэрiмперыi, што праiснавала-б дэкаду, ня тое што тысячагодзьдзе.

У вялiкай i шматнацыянальнай армii iдзе наперад сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады. Чаму якраз Львоўскай? Некалi й недзе паны стварылi яе, ахрысьцiўшы назовам чужога гораду. Мусiць, не дзеля чыстага сымбалiзму, а каб зьвязаць-замацаваць за сабой чужое, каб выставiць руку па яго i ў будучынi, так як выстаўлялi ў мiнулым. Дый ня толькi выставiць, але й прыгнесьцi ды прысвоiць...

Паны, як вiдаць, мала, а мо й нiчога не навучылiся. I сяньня паўтараюць старое, колькi разоў iмi-ж перажованае й для чужых жыватоў нястраўнае: аб бастыёне заходняе культуры на ўсходзе, аб мiсiянэрстве каталiцтва, падмуры хрысьцiянства, паклiкаюцца на Вастрабрамскую Божую Мацi й шчарбец Баляслава Харобрага...

Пятая пяхотная дывiзiя называецца "крэсовай", а на жоўтым палотнiшчы нарукаўнага шчытка красуецца горды зубр – волат Белавескае пушчы. Ёсьць-жа й розныя iншыя "крэсовыя" палкi й брыгады, у iх лiку й Вiленскi. Паназывалi, каб трымаць у памяцi, што ў чужых краiнах ляжаў i ляжыць рэзервуар iхных багацьцяў.

У шэрагах той шостай Львоўскай крочаць у шматтысячнай масе й Сымон Спарыш, i Ялонскi, i Ялушэвiч – колiшнiя менскiя кадэты, што пачалi змаганьне ня толькi супраць чырвона-маскоўскiх, але наогул супраць усiх рабаўнiкоў, у тым лiку й супраць паноў, магнатаў i ўраднiкаў, што пратапталi сьцежку ў Беларусь з Варшавы. Дый цi толькi гэтая тройка? Ёсьць-жа iх шмат, вялiкая маса. Некаторыя сяньня пахавалiся, прытаiлiся. Нявольнiцкi страх душыць iм грудзi. Ня ў сiлах цяпер выявiцца, клiкацца сваiм iмем. Але пры нагодзе выявяцца. Бо ў глыбiнi сэрцаў iхных – гарачая любоў да адзiнай i пакрыўджанай. Там – Вострая Брама й Жыровiцы, Наваградзкiя й Троцкiя муры, Замкавая гара ў Вiльнi й Сьвятынi Полацку. Нiхто не адбярэ тых бясцэнных скарбаў-успамiнаў.

Нуртуе й бурлiцца гарачая любоў. Дарма, што сяньня навокал i слова роднага не пачуеш, што й песьнi чужыя прыходзiцца заводзiць, дарма, што ў чужым мундзiры – надыдзе час выяўленьня. Бо беларускi народ жыве, бо ня зьнiшчылi яго стагодзьдзямi, бо яшчэ ўчора ўсхапiўся да новага жыцьця й паслаў у баявы марш тысячы юнакоў i юначак, сотнi тысяч жаўнераў i iнтэлiгенцыi. Дарма, што на дарозе шмат перашкодаў – шэрагi вырастуць, узмацнеюць. Бо няма большае зброi на сьвеце, чымся любоў да свайго, бо яна зьяўляецца асноваю асноў, бо на ёй расьце, красуецца, даспявае й дае плён ўсе добра пачатае.

Дык i дарма, што Спарыш, цi Караткевiч, цi трэцi й чацьвёрты iдуць сяньня ў лiку семнаццатай цi шостай Львоўскай, у лiку тых, што – калi-б не Ялта зноў прынеслi-б паняволеньне. Дарма, што й сэрцы iхныя сяньня да ўсяго абыякавыя, зачарсьцьвелыя. Прыйдзе яшчэ ўзлёт, новае аднаўленьне.

А калi Львоўская, дык i што-ж? Былi-ж розныя й раней, будуць i пасьля. Вунь-жа на другiм баку агнявой крывулi крышацца й нявечацца сiлы такога-ж самага, што паквапiўся на занадта вялiкi кусок чужога ды пасьля праглынуць ня стала сiлы. А мо й здолеў-бы, каб часам з другога боку памяркавалi. Але-ж не дазволiлi. Дык заўсёды i ўсюды адзiн i той самы працэс – з аднаго боку прагавiтасьць, гвалт i агрэсыя, з другога – абарона пакрыўджаных, часова цi даўжэй прыгнечаных, а то й зусiм проста абарона, абы не дацца. Быў некалi-ж такi працэс i зь Лiтвой-Беларусьсю. Толькi-ж зашмат ворагаў адразу навалiлiся, прыцiснулi, ледзь зусiм не задушылi, дый цяпер яшчэ душаць з большай сiлаю, чымся калiсьцi. Але дарма iхныя натугi. Як сказаў-бы той Сымон у хвiлiну адсутнасьцi ўсялякага натхненьня, так, проста з моста: "А скулу вам у бок, гадаўё i пошасьць, хеўра цёмная! Ня ўдасца – падавiцеся!"

Дык што-ж, калi сяньня крочыць ён сярод чужых па чужой зямлi й за чужое. Прыкрыў, захутаў абыякавасьцю сэрца, каб, крывавячыся, зусiм не аслабела, каб вытрымала, каб у часе паходаў гартаваўся дух i вера, каб мацаваўся ў днях злыбяды й вялiкiх выпрабаваньняў юнацкi характар. Прыйдзе час – спатрэбiцца. Учора цi заўчора страляў "п'ятам" па тых з гэтага боку. А якая розьнiца – за каго страляў цi па кiм? Не так даўно-ж страляў i з другога боку i таксама-ж панцырфаўстам-"п'ятам", хоць, праўду гаворачы, не страляў, бо ўдалося абысьцiся, моўчкi й бяз стрэлу на другi бок пералезьцi. А тут-жа, на гэтым баку, ня было куды й чаго пералазiць, дык i страляў, бо й трэба-ж было неяк абысьцiся.

Але-ж вунь на другiм баку засталiся радня й сябры. I хто ведае – капрызны лёс мог-бы прынесьцi iх у гэты час i на гэты адрэзак. Дык i што? Ведаў-бы Сымон, у каго страляе? Яны-ж не са свае волi ў чужых мундзiрах, там, дзе ён быў раней... Сяньня, пэўна, галадуюць, церпяць – не так, як ён тут, на гэтым баку: усяго хоць завалiся. Падзялiлi-ж, паразганялi па ўсiм сьвеце сыноў Беларусi, разьвеялi, быццам лiхi асеньнi вецер лiсьце па полi. Самы-ж люты й найстрашнейшы з усiх страшных вунь дома бацькоўскiя гнёзды разбурае-папялiць, ды, можа, дзе й Сымонаву сям'ю ў Сiбiр на самыя страшныя цярпеньнi пагнаў. Колькi-ж зь iх, што дома пажадалi застацца, таксама загiне. А колькi пасьля буры дахаты дарогi ня знойдзе, а мо й шукаць ня будзе ды на чужыне пачне часовыя гнёзды вiць, каб змаганьне праводзiць за вольнасьць тых, што церпяць. Маса загiне, але-ж, пэўна, ня ўсе. Будуць такiя, што знойдуцца, згуртуюцца, пачнуць новы марш у новых шэрагах ды ўжо са сваiмi клiчамi й пад собскiм штандарам.

Дык i што, калi Спарыш сягоньня ў лiку ўчарашнiх, i хто ведае, цi не заўтрашнiх захопнiкаў з "п'ятам" па чужых сьцяжынах i пад чужымi посьвiстамi куль крочыць? Прыйдзе мо хутка час, што гэты "п'ят" ськiруе супраць сяньняшнiх "апякуноў"... Дай-жа Божа! Абы хутчэй тое надышло. А што гэтага дажыве, што мусiць дажыць, дык нiколi на маленькую часiну ня сумляваўся. Бо – "скулу вам у бок, не праглынеце яшчэ раз, падавiцеся!".

V

Усюды вiдаць сьляды ўчарашнiх баёў i яшчэ ранейшых зьнiшчэньняў ды рабункаў. Iтальянцы наракаюць, што акупанты агалiлi iх ад усяго дамашняга статку, усяго дабытку, гвалцiлi жанчын, зьдзекавалiся над мужчынамi. Хто яго там разьбярэ, што праўда, i цi ўсё тое, аб чым гавораць, на што наракаюць, па чым плачуць – праўда. Яно-ж як зачнуць наракаць, дык разьмеры стратаў да невядомых маштабаў вырастуць. Пасьля бою гэрояў – хоць адбаўляй, а ў цывiльнага жыхарства стратаў i цярпеньняў канца ня дойдзеш. Бо чым большыя былi цяжкасьцi, тым больш гэрояў праслаўляць будуць. Дык цi-ж iтальянскае цывiльнае жыхарства хацела быць выняткам? Яно-ж таксама хаўрусьнiкам старалася выказаць, што цярпела, а ў доказ паказвала, што рабавалi, бiлi, гвалцiлi...

Iдзе наперад сямнаццаты батальён, а ў яго лiку й Сымонаў звяз. Мiнае Мардано й прыблiжаецца да каналу (тады бязводнага), дзе займае выхадныя становiшчы да новага наступу. Першая й другая роты зьявiлiся апаўднi, пасьля нялёгкiх баёў.

Па баках польнае дарогi стаяць дзьве хаты. На панадворку правае ад дарогi нiцма, раськiнуўшы рукi, ляжыць забiты немец. Сонца бязьлiтасна смажыць аблiтыя крывёю плечы. Мухi роем таўкуцца навокал, стараюцца далезьцi да сьвежае лiпкае пажывы. За хатай у малым акопчыку сядзiць цi, лепш сказаць, тырчыць другi немец. Пры трапным прыцэле танка засталося адно тулава без галавы. Людзi глядзяць i адварочваюцца. Крыху далей, каля пунi дагарае салома. Гэта быў стог, пад якiм нейкi праворлiвы ваяка выграб сабе ямку й сеў за "спандавам". Ваяка быў кемны. Пусьцiў першых польскiх жаўнераў у хату бяз стрэлу, прытаiўшыся й чакаючы на таўсьцейшую рыбу. I вось на долю нейкага малажавага лейтананта выпала тая цягучая стальная сэрыя, якой немец лiтаральна перарэзаў лейтананту грудзi. Лiшнiм гаварыць, што фанатык са "спандавам" ня выратаваўся, бо ня толькi застрэлiлi, але й стог запалiлi, каб там-жа падсмажыўся – сьпёкся як сьлед. Але-ж большай рыбы перад няўхiльнай пагiбельлю дачакаўся. Можа, гэта быў адзiн з тых, якога бацька ў юнацтве навучаў: "Сынок, кроў за нашу айчыну пралiваць трэба, ды лепш чужую, чымся сваю. Калi маеш загiнуць, дык з найбольшымi стратамi для ворага. Бо ведай, што няма большае шкоды й сораму ад таго, якi прыносiш сям'i сваёй i народу, калi гiнеш задарма". Дык вось мо й стараўся загiнуць з найбольшымi стратамi для працiўнiка. Хто-ж ведае...

Нейкiх пяцьдзесят мэтраў ззаду за хатамi дымяць два "шэрманы". Немцы з панцырфаўстамi сядзелi на полi ў ямках да апошняй хвiлiны, аж пакуль маглi на цэлы рост устаць i разбiць пяцiдзесяцiтонных зьвяроў. Ведама-ж, калi нэрвова вытрымае стралок з панцырфаўстам, дачакаецца i ўстане перад танкам за пару дзесяткаў мэтраў, танк выратавацца ўжо ня здолее, бо навет замантаванымi наверсе кулямётамi гэткага адважнага ваяку не дасягне. Дык вось пару такiх дасядзелася, дачакалася, а пасьля ўсталi й з халоднай крывёй разьбiлi.

Заходзяць людзi, у тым лiку й Сымон, у хату. У сенцах ляжаць два параненыя палонныя немцы. Абодва з адзьдзелу парашутыстаў. Адзiн зь iх, аўстрыяк, ранены ў нагу. Ёе ня можа хадзiць, але, вiдаць, i ня надта церпiць. Хтосьцi з палякаў даў ужо яму цыгарэту й гаворыць зь iм па-нямецку. Мо адзiн з тых, што сам нядаўна з таго боку перабраўся. Другi – старэйшы, чарнявы, цяжэй ранены ў плечы – варочаецца з боку на бок i стогне. Твар ягоны худы й зьбялелы.

На парозе жаўнеры абступiлi маладую iтальянку й на ўсе лады калечаць прыгожую мову Дантэ. Дзяўчына, абкружаная такой грамадой "лiбэратараў", ня ведае, што рабiць. Быццам вось-вось злоўленае ў клетку птушанё, перапалохана-трывожным зрокам аглядаецца навокал. Хто-ж iх там ведае, што ў iх у думках пад тымi жалезнымi талеркамi-шлемамi... Тым часам "лiбэратары" пацягваюць вiно са сваiх, абшытых зялёным сукном жаўнерскiх i пуцатых гаспадарскiх пляшак.

У хаце вялiкi гоман. Поўна дыму, гутаркi й смеху. Пусьцеюць пляшкi. Гаспадар пастачае новыя. На пасьцелi й на падлозе – крывавыя сляды. Тут ляжалi параненыя, тыя, што ўцяклi з разьбiтых танкаў, i тыя зь пяхоты, якiх раней прыбралi санiтарныя машыны. Паўп'янай грамадзе тыя крывавыя плямы абы-што. Цi-ж яны першыя, што такое бачылi, цi апошнiя, што яшчэ ўбачаць. Былi раней, ёсьць цяпер i будуць пасьля. А жывое тым часам мусiць жыць, моцнае – змагацца, маладое – весялiцца. Хутка зноў рухнуць у наступ. Дык i закурылi нутро хаты дымам, асушылi колькi пляшак, дый яшчэ асушаць. Стараюцца нацешыцца й красою дзявочай.

Жанчына вешаецца старому на шыю з плачам: дом яе зруйнаваны, тры асобы зь сям'i забiтыя. Церпiць i крывавiцца сэрца маткi. Гармiдар у хаце не да апiсаньня. Вiно цячэ побач з кроўю, сьмех крыжуецца з плачам, пагарда да сьмерцi – побач са страхам, пералётнасьць жаўнерскiх думак – побач з трагэдыяй разьбiтых i блiзкiх патрацiўшых.

VI

Паўзуць наперад танкi. У канавах каля дарогi шмат трупаў, цэлых i, як-бы сказаў цынiк, падзеленых на няроўныя кавалкi. Сьмярдзiць порах i гарэлае мяса, дымяцца купiны травы, й чарнеюць сьвежыя, узрытыя снарадамi канаўкi, зьвiсае пакалечанае гальлё садовых дрэў, i засьцiлаюць бельлю траву абтрэсеныя пялёсткi садовага цьвету.

Зьвяз даходзiць да хаты, дзе яшчэ апоўднi забралi ў палон двух немцаў са "спандавам". Нага раптоўным штуршком адчыняе дзьверы, а руля аўтамату, быццам тое жыгала ядавiтае гадзюкi, снуе навокал у паўцемры. Спацелы ўказальны палец лашчыць курок аўтамату: найменшы рух у сярэдзiне будынку й круглая стальная адтулiна зазьзяе полымем. Ногi з аўтаматам iдуць у пуню, адчыняюцца з працяглым галасьлiвым скрыпеньнем дзьверы. У прамежку мiж саломай чуваць нейкi рух, нехта карабкаецца. Ногi з аўтаматамi замярзаюць у чаканьнi, паказальны палец замiрае на курку скарастрэлу. З адтулiны найперш вылазiць пасiвелая лысiна, пасьля зарослы барадою звышпяцiдзесяцiгадовы твар.

– О, miа bаmbinо, miо duе рiссoli bаmbini. Тedeschi non sparare?* галосiць стары iтальянец.

* Мае дзеткi, мае два маленькiя, немцы iх не пашкадавалi. (iтал.)

– Niento раura, niеntа раurа adessо, – адказвае жаўнер, – tutti Тedeschi viа.*

* Не бойцеся, не бойцеся сяньня, усе немцы ўцяклi. (iтал.)

Нехта тыцкае старому цыгарэту. Бярэ дрыжачай рукой i асмельваецца вылезьцi наверх. За iм карабкаецца падростак-хлапчук гадоў сямi, худы й мiзэрны, як бацька цi дзед.

Няма часу. Наступаючыя iдуць далей. "Шэрманы" плююць агнём. Чуваць "спандавы" й "шмайсары". Працiўнiк бесьперапынна абкладае наступаючых зь мiнамётаў. Сымонава дружына, у лiку якой знаходзяцца сябры-кадэты Ялонскi i Ялушэвiч, вужам выходзiць з-за хаты й зiгзагамi перабягае наперад. Сымон зь Кiцынскiм мае iсьцi апошнi й яшчэ раз пазiрае з-за вугла хаты, сочыць, як пайшлi першыя, стараецца памяркаваць, адкуль немец пасылае агонь.

У гэты момант дзесяткамi вялiкiх снарадаў з "нэбэльвэрфэра" пачынае дрыжаць i енчыць паветра. Здаецца, што недзе ў зямных нетрах адчынiлася пякельная лавiна й нейкая пачвара стараецца зь вялiкiм стогнам праз вузкую шчылiну грудзей зямлi вылезьцi-выбiцца наверх. Вельмi дэмаралiзуе сэрыя стрэлаў з "нэбэльвэрфэра". "Нэбэльвэрфэр" – гэта вязка мiнамётаў, па шэсьць у кожнай батарэi. Снарады адпальваюцца электрычнасьцю й шахаўнiцай пакрываюць поле абстрэлу. Бедны той пехацiнец, што трапiць пад такi агонь. Удар паветрам пры дэтанацыi доўгiх, больш чым на мэтр, пузатых мiнаў можа прынесьцi ня менш шкоды, чымся асколкi. За адзiн раз "нэбэльвэрфэр" можа пасеяць сьмерць на паверхнi колькi гактараў плошчы. Для неакопанай пяхоты няма тады ратунку.

Сымон, пачуўшы прарэзьлiвы стогн, робiць пару крокаў назад i зноў хаваецца за рог хаты. Поле перад хатаю замяняецца ў разбушаванае, стогнучае пекла. Iдзе адна хваля, другая, трэцяя. Вось падымаецца зь зямлi Ялонскi, а за iм Ялушэвiч i паўзуць за хату. Першы ранены ў вуха, другi ў руку. Сымон глядзiць з сумам на сяброў. Няма часу словам перакiнуцца, бо "нэбэльвэрфэры" сьцiхлi й дружыновы загадвае пасоўвацца наперад.

Пры наступнай хаце гарыць стог саломы. Ад нейкага часу танкiсты атрымалi загад палiць пры фэрмах усе стагi, бо выявiлася, што пад iмi звычайна гнязьдзяцца нямецкiя аўтаматчыкi. На дзьвярах хаты вiдаць разьвешанае белае палатно, але яны зачыненыя. Сыплецца сэрыя з "томсана". Зялёныя, спацелыя фiгуры ўрываюцца ўсярэдзiну. Хвiлiна цiшынi, й насьцярожаныя крокi. Раптам ажываюць усе куткi. Цывiльныя з плачам, зьмешаным з радасьцю, кiдаюцца ў абдымкi жаўнерам. Маладыя дзяўчаты прагна туляцца да вызвольнiкаў. Нейкая таўставатая дзеўка абняла Сымона й аж падскоквае, выючы з радасьцi.

– Аsрettа, asрettа, siqnоrinа! Chе сosа?* – стараецца пазбыцца дзявочых пяшчотаў спацелы ад хуткiх перабежак Сымон.

* Пачакай, паненка! Што такое? (iтал.)

– Што гэта тут? Гарэм быў цi якое што? – пытаецца адзiн з жаўнераў, лепш ведаючы па-iтальянску. Тлумачаць, што гэта ўсе суседнiя. Схавалiся кагалам, каб мець большую адвагу ператрываць небясьпеку ды каб весялей было. Новыя акупанты ня дзiвяцца. Iм ведама, што iтальянцы наогул любяць бываць вялiкiмi групамi, кагаламi.

Iдзе ў рух вiно. Сымон прамывае прасохлае горла з тыцнутай яму ў рукi пляшкi й разглядаецца. Каля сьцяны на вока трапляе вайсковы нямецкi пляцак. Падыходзiць i пераварочвае яго нагой. Адпяразвае рамянькi й выцягвае вайсковую марынарку. Вока спасьцерагае нарукаўны шчыток з надпiсам "Летува".

Няма часу. Iзноў наперад. Войска пакiдае хату. Жаночыя галасы праводзяць яго ўсялякiмi найлепшымi пажаданьнямi. Да другога каналу адлегласьць невялiкая. Кiрунак – згрупаваньне хат. Сымон iдзе пры дарозе канаўкай, за iм валачэцца й нешта меле языком, наракаючы на вагу амунiцыi, Кiцынскi. За Кiцынскiм – зьвязны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю