Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 38 страниц)
– Слухайце, хлопцы, уважна! – пачаў ён голасна. – Тое, што вам зараз скажу, ня будзе вельмi прыемным. Датычыць гэта нашых iнструктараў-немцаў, якiх ня зьбiраюся ў гэтым часе й месцы крытыкаваць. Як вы бачылi, перад хвiлiнай гаварыў да нас капiтан Шнайдар. Згодна зь ягоным загадам, у далейшую дарогу ўсе немцы паедуць асобна вазамi, а мы маем iсьцi пехатой. Нам пакiнуць толькi пяць хурманак, на якiх павязецца харчы й амунiцыя. Усю рэшту – колькi там вазоў?
– Восем... – адказаў нехта.
– Усе, значыцца, гэныя вазы забяруць яны з сабою. Бачыце, якраз цяпер немцы вазы выбiраюць. З кожным з тых, выбраных немцамi вазоў, паедзе адзiн канюх, якi сваю работу ведае. Усе iншыя пойдуць ззаду. Загадана ўсiм кiравацца на Вiльню. Затрымаемся там дзесьцi ў мурах былога гэтто паблiзу Нямецкай вулiцы. З прычыны таго, што дарога перад намi далёкая, раджу вам асабiста, каму толькi ўдасца, садзiцца на спадарожныя нямецкiя машыны, бо пехатой, хто ведае, цi дойдзеце. Хто можа – няхай ад Маладэчна едзе таксама цягнiком. У Вiльнi на станцыi, а таксама ў горадзе, будуць некаторыя з нашых, ад якiх даведаецеся аб зборным пункце. Стрэльбы раджу браць з сабою для собскае бясьпекi. Гэта будзе ўсё. Пытаньнi?
Колькi хлопцоў засталося пры капiтане, iншыя-ж паразыходзiлiся да сваiх рэчаў i радзiлiся, як найлепш кiравацца ў далейшую дарогу. Шмат зь iх ахвоцiлася на нямецкiя машыны й кiравалася да шашы. Тым часам iнструктары-немцы павыбiралi найлепшыя хурманкi й клiкалi канюхоў ды загадвалi пераладоўваць свой багаж зь iншых на выбраныя.
– Слухай, Коля! – зьвярнуўся да Камовiча Кастусь Дзежка. – Кiдаем к чорту наш воз. Няхай гэныя швабы на iм едуць, а мы, калi ўдасца, давай паедзем машынай. Ты ведаеш, колькi ты часу будзеш з гэнымi брухатымi валачыцца!.. Але пабач! Немцы твайго воза не выбралi. Дзе там хто захоча ехаць на такiм здохленькiм конiку.
– Ну ты, уважай. Не зьневажай гнядога! – адгрызнуўся Камовiч.
– Няма часу на жарты. Iдзi, пацалуй яго на развiтаньне ды аддай гэтай iмiтацыi Шулу, ён ахвотна згодзiцца ўзяць пад апеку.
– То хадзем, забярэм хаця кулямёт. Той нам спатрэбiцца, хаця-б i на самагонку.
– Ты ўсё з самагонкай!
– Ды й рэчы таксама.
Сябры накiравалiся да свае хурманкi й хутка пачалi абвешвацца рознымi пакункамi й хатулямi. Дзежка ўзяў "дзегцярова", Сымон Спарыш i Вiктар Караткевiч – па адной скрынцы амунiцыi. Шуло ахвотна згадзiўся ўзяць пад сваю апеку iхняга лянiвага гнядога конiка. Чацвёрка накiравалася на дарогу.
Некаторым зь юнакоў ужо пашанцавала ўскочыць на вольныя нямецкiя аўтамашыны, й групкi пры дарозе радзелi. Два капiтаны на верхавых, нямецкiя падафiцэры й некаторыя беларусы на хурманках накiравалiся на дарогу.
Нашай чацьвёрцы ўдалося перабрацца на левы бок шашы, дзе чакалi, наглядаючы выгаднай машыны.
– Толькi-ж, хлопцы, старайцеся, каб усiм разам сесьцi ды не разьдзялiцца.
– Ты ўжо ня бойся.
У гэны момант наладаваная трубамi плятформа крыху звольнiла, й Камовiч з Дзежкам, быццам маланкаю, ускочылi i ўжо сядзелi наверсе.
– Хутчэй! Давайце сюды! – крычалi яны. Сымон нагнуўся, каб схапiць пастаўленую перад сабою цяжкую скрыню з амунiцыяй. У гэны момант нейкая хуткая машына, што абмiнала калёну, наехала на скрынку i ўгнетла яе ў мяккi, разьежджаны, быццам попел, сiвы пясок. У апошнi момант нечыя моцныя рукi схапiлi Сымона ззаду й адцягнулi ад дарогi.
– Але-ж зь цябе й расьцяпа! – буркнуў Вiктар. – Шчасьце маеш, што не пакалечыла.
– Каб ня ты, дык i пакалечыла-б. Ну, а тыя дзе? Паехалi?
– Паехалi. Але ня бойся. Удасца й нам. Дагонiм iх яшчэ ў Маладэчне.
Доўга не давялося чакаць. Большасьць транспарту валачылася паволi, й незадоўга наша двойка ўжо сядзела наверсе вялiкае машыны. Хутка абмiнулi школьныя хурманкi, пакiнулi ззаду некаторых сяброў, што яшчэ чакалi на добрыя шансы, ды, з палёгкаю ўздыхнуўшы, перанесьлiся ўжо думкамi ў Маладэчна.
КРЫВАВАЯ НОЧ У ВIЛЬНI
I
Больш аднае пары часу заняло даўгому таварнаму цягнiку, перапоўненаму ўцекачамi й жаўнерамi, пакуль дапоўз з Маладэчна праз Лiду ў Вiльню. Цывiльныя ўцекачы былi пераважна з Полаччыны. Апавядалi, што бальшыня местаў на ўсход ад Маладэчна, улучна з найблiжэйшай Вiлейкай, ужо эвакуавалася. У лiку едучых было шмат палiцыi, цi мала зь iх са сваймi сем'ямi й сваякамi. Адзiн палiцай Сталюкевiч, чалавек у трыццатых гадох, ужо разьвёў добрае знаёмства з Камовiчам i iншымi сябрамi нашае чацьвёркi, што хутка знайшлася пасьля прыезду ў Маладэчна. Хто ведае, цi ня была першапачатнай прычынай гэнага знаёмства празрыстая зьзяючая Камовiчава пляшка сьпiрту, якую гаспадар тым часам песьцiў за пазухай, аж пакуль усе не разьмясьцiлiся ў зьверху адкрытым вагоне, прызначаным для перавозу бярвеньня й дроў. Дзе й як ён яе здабыў – для iншых сяброў было таямнiцаю. Праўда, яны й ня дзiвiлiся, ведаючы ягоныя здольнасьцi ў гэным кiрунку. Дый часу ў Маладэчне меў даволi.
Такiм чынам i дарога весялейшай стала. Як-бы нi было, а навет найменш адпорныя на алькаголь i не прывыклыя да яго Сымон i Вiктар i тыя сербанулi па шклянцы, хоць надта-ж моршчачыся. Здавалася пасьля, што й цягнiк весялей iшоў, што й вайна, пэўна-ж, не такая ўжо страшная, дый цыганскае жаўнерскае жыцьцё, да якога во толькi што пачалi прывыкаць, неяк там ужо паплыве.
Сталюкевiч з Камовiчам i поглядамi выразна згаджалiся. Згода была блiжэйшая ў меру таго, як пусьцела лiтроўка. Першы красамоўна распавядаў субяседнiку аб сваiм гарачым патрыятызьме, аб тым, колькi яму ўдалося зьнiшчыць чырвоных партызанаў, дый аб тым, колькi ворагаў Беларусi ён сваймi-ж собскiмi рукамi вынiшчыць яшчэ ў будучынi.
Камовiчавым грудзям даволi-ткi добра дасталося, пакуль яму, божачыся, сяк-так удалося пераканаць субяседнiка, што i ён, Камовiч, не такi ўжо самы апошнi чалавек на гэтай плянэце, i што ён шмат каму й шмат чаго яшчэ пакажа. Блiжэй гэных двух быў прымасьцiўся Кастусь, якi, хоць у гутарцы малы браў удзел, сардэчна патакiваў, калi ад яго вымагалi.
II
Калi цягнiк на другi дзень каля паўдня давалокся да Вiльнi, давялося яму шмат пачакаць, пакуль уцiснуўся на таварную станцыю. Даслоўна ўцiснуўся. Па бакох ня было анiводнага вольнага чыгуначнага шляху. Колькi квадратных кiлямэтраў таварнае станцыi было запруджана ваеннымi эшалёнамi.
На адным зь пешаходных пераходных масткоў над цэлым гэтым комплексам чыгунак i ваеннае ды ўцякацкае масы стаяла невялiкая група вiленскiх "анткаў", якiя, назiраючы за гэтай вялiкай кангламерацыяй жаўнераў, народаў i простых нешчасьлiвых людзей, яўна цешылiся, часта ўсьмiхаючыся й час-ад-часу вузенькай нiтачкай сьлiны выказваючы сваю зьнявагу да тых, якiх лёс у гэны час i дзень, на добрае цi благое, сагнаў на станцыю.
– Цьфу на вас, нячысьцiкаў! – паказаў на iх Сымон.
– Ты бачыш, пасабiралiся басякi! – памог злаваць Кастусь.
З "анткамi" другi раз i то ўжо больш паважна давялося нашай чацьвёрцы сустрэцца тут-жа налева за Вострай Брамай, непадалёк ратушы. Пакiнуўшы свайго прыпадковага спадарожнiка Сталюкевiча, яны накiравалiся ў былое гэттто, дзе, як было сказана, затрымалася Менская Школа.
– Давайце спынiмся на перакурку, – пасулiў Кастусь, зьнiмаючы з пляча "дзегцярова" на рагу вулiцы.
– Давай, – адазвалiся iншыя.
Хлопцы моцна зацягнулiся цыгарэтамi й, не сьпяшаючыся далей, разглядалiся. Два чалавекi сярэдняга росту затрымалiся крокаў за пяць воддаль i зь несхаваным зацiкаўленьнем прыглядалiся ня так хлопцам цi iхным стрэльбам, як кулямёту.
– Скажыце, панове, – ня выцерпеўшы, агрэсыўна зьвярнуўся да iх Кастусь, цi не закахалiся вы ў нас часам?
– У вас-то, можа, й не, – адказаў паляк з грымасай, – але ў гэты кулямёт, то можа...
– Як-бы то, пане, – з вымушанай ветлiвасьцю прыйшоў на дапамогу другi, каб мы так зрабiлi маленькi гандэлек?
– Як то значыцца гандэлек? – удаў Кастусь, што не разумее.
– Прадайце нам кулямёт, – паясьнiў той.
Камовiч штось шапнуў Кастусю на вуха i, вiдаць, для падмацаваньня свайго аргуманту пстрыкнуў вялiкiм пальцам па адамавым яблыку. Дзежка спахмурнеў.
– Здурэў ты, цi што? – кiнуўся ён на Камовiча.
– Не разумееш, што ў сяньняшнiя часы гэта твой найлепшы сябра?
– Ды я-ж толькi думку такую... – залепятаў Камовiч.
– Эх ты, разам з думкай. У цябе думка толькi аб самагонцы. Як табе ня сорамна!
Дзежка раптоўным рухам ськiнуў з пляча i ўзяў напагатоў для стрэлу "дзегцярова".
Палякi змылiся вельмi хуценька.
III
У адным зь вялiкiх будынкаў былога гэтто сабралася ўжо больш сотнi юнакоў са Школы Камандзераў БКА. Засьведчыўшы службоваму падафiцэру сваю прысутнасьць i даведаўшыся, што тым часам нiякiх загадаў i плянаў няма, з дазволу падафiцэра Камовiч пайшоў наведаць сваiх бацькоў, а Сымон, Вiктар i Кастусь выправiлiся да Веньця. Гэтак называлi свайго колiшняга гаспадара, у якога жылi на памешканьнi. Польскае слова "венц", адпаведнае беларускаму "дык", ён вымаўляў, непатрэбна зьмякчаючы два апошнiя гукi. Гэта й паслужыла для яго гатовай мянушкай.
Быў Веньць старым шасьцiдзесяцiгадовым кавалерам. Зь iм жылi дзьве сястры, таксама яшчэ дзеўкi, адна на колькi гадоў старэйшая, а другая малодшая за брата. Цэлы сьвет гэтай асаблiвай тройкi круцiўся памiж анёлкамi, касьцёлам, працай i "халупай", як яны называлi сваю хату. У Вiльнi жылi даўно. Веньць працаваў дзесь у гарбарнi. Не раськiдалiся, жылi вельмi сьцiпла. Пакоi iхныя паабчэплiваныя былi рознымi глiнянымi й парцалянавымi Езусамi ды Боскiмi Маткамi, пачынаючы ад Вастрабрамскай, а канчаючы Чанстахоўскай i iншымi сакрамантамi, у тайнiцу якiх тройка студэнтаў нiколi ня ўглыблялася. Адвялi хлапцам пакой на падстрэшшы. Былi там тры нiзкiя пасьцелi, стол з двума крэсламi й дзьве шуфляды. Адной выгадай для студэнтаў быў вялiкi франтавы балькон, здадзены поўнасьцю для iх карыстаньня. Адтуль быў добры вiд на Вяльлю й Замкавую Гару. Там хлопцы праводзiлi шмат свайго пазашкольнага часу.
Здаралася неаднойчы ранiцою ў нядзельку, калi тройка храпла яшчэ моцным сном справядлiвых у сваiм душным пакойчыку, малодшая Веньцiха, пастукаўшы ў дзьверы, безь вялiкай цырымонii прыходзiла гнаць студэнтаў "да касьцёла". Даўгiя й шчырыя запэўненьнi хлапцоў, што яны не каталiкi, а праваслаўныя й што акрамя касьцёлаў ёсьць у Вiльнi таксама й цэрквы, нiяк не маглi памясьцiцца ў цеснай галаве старой дэвоткi, якая часамi так надакучала, што найбольш гарачы й непаўстрыманы з тройкi – Кастусь, ускочыўшы з пасьцелi паўголы, у адных падштанiках, не так ужо ветлiва выпрошваў нахабную мiсiянерку за дзьверы. Пасьля гэтага хлопцы звычайна пераварочвалiся на сваiх цьвёрдых сеньнiках на другi бок i храплi аж да абеду.
Бывала часта, што студэнты хадзiлi паўгалоднымi. Мясцовыя харчовыя карткi далёка не задавалялi iхнага сялянскага апэтыту, й, прынамсi, раз на пару месяцаў то адзiн, то другi ехаў за дзьвесьце з гакам кiлямэтраў да бацькоў, каб прывалачы пару мяшкоў ежы, пераважна тлушчаў. Iншым разам, а бывала гэта вельмi рэдка, бацькi то аднаго, то iншага самi перасылалi харчы, калi нехта знаёмы ехаў ад iх у Вiльню, бо поштай пераслаць было нельга, а за бiлетам на праезд чыгункай трэба было доўга абiваць парогi ў мясцовага нямецкага акруговага камiсара. Бывала й так, што навет тых харчоў з картачак ня было за што купiць. Пакуль удалося ў кагосьцi пазычыць колькi марак – кiшкам даводзiлася граць марша.
Па-свойму спачувала хлопцам старая Веньцiха. Часьценька такое спачуваньне замянялася ў тры няглыбокiя талеркi рэдкага зупы, званай "полевэчкай", якая ня так лагодзiла голад, як яшчэ больш спрычынялася да бурклiвасьцi кiшок. Але, як кажуць, галоднаму й жук – мяса. Дык навет i за гэткую дабрату, выражаную трыма няглыбокiмi талеркамi рэдзенькай зупы, Кастусь пасьля дазваляў старой дэвотцы заапякавацца не так ужо малым кусочкам сала, якое хоць часамi й пазнавата, але ўсё-ж знаходзiла iхны адрас.
IV
– Знаеце што, хлопцы, – гаварыў да сваiх двух сяброў, кiруючыся на вулiцу, Кастусь, – я ў Веньцi пакiнуў цэлую кучу сваёй вопраткi, а самае галоўнае тыя найлепшыя боты з блiскучымi халявамi. Чаму маюць нямытаму чорту заставацца? Давайце возьмем апылiм iх i пагуляем харашэнька. Як вы думаеце?
Апылiць – у тэрмiналёгii Кастусёвай азначала збыць, прадаць, або, як часьценька казаў ён у размовах з палякамi, "сьпененжыць" – замянiць на цьвёрдую манэту.
– Добрая iдэя, – падтрымаў Вiктар.
– Шкада мне зь iмi расставацца, але ў войску яны лiшнiя, а грошы прыдадуцца, – дабавiў Кастусь. Хварсiў ён моцна тымi ботамi, надта-ж элегантнымi, шытымi з найлепшага хрому. Былi яны прадметам зайздрасьцi не аднаго з падлеткаў у гiмназii.
– Ды й мой-жа кажушок у Веньцi заваляўся дзесь, калi толькi мышы не дабралiся да яго, – адазваўся Сымон.
– Ну, брат, на твой цэнны й слаўны кажушок дык хiба й Веньцевы галодныя мышы ня кiнуцца, – зарагатаў звычайна больш маўклiвы Вiктар. – Каб ты паслухаў нашай рады, то даўно кiнуў-бы яго й перастаў саромiць нас у таварыстве.
– Га-га-га! Знайшоў што прыпамiнаць, свой незаменны кажушок! – памог Вiктару Кастусь.
Сапраўды прадзяўблi сябры Сымону галаву з гэтым рудым, ужо вынашаным, аж пачарнелым ягоным дамашнiм кажушком. Сымон з дому быў бяднейшы за сваiх сяброў. Бацька ня мог здабыцца, каб прыдбаць сыну, якi безь ягонага дазволу самадумам паехаў у Вiльню вучыцца, лепшую вопратку. Меў, акрамя Сымона, яшчэ, як любiў гаварыць, пяць ратоў накармiць i пяцёра плячэй апрануць.
За Сымонаў самадумны выезд на навуку бацька яму па некаторым часе дараваў, але на лепшую вопратку для сына так i не здабыўся.
– Ну што-ж, сынок, едзь, вучыся, – казаў ён да сына, калi той, пераскочыўшы колькi класаў, здаў у Вiленскую гiмназiю iспыты й з няскрываным задавальненьнем паведамiў аб гэтым старога. – Але Бог ведае, колькi я табе змагу памагчы. Так коратка з усiм, што канца нiколi няма. Што-ж да вопраткi, то бяры во й насi, якую маеш, бо лепшай я табе ня спраўлю. Каб во сядзеў дома ды мне памагаў, то, можа-б, што... а так, то адкуль-жа. Рабiць, казаў той, некаму...
Сымон i ня крыўдзiўся за гэткiя бацькавы словы. Ведаў добра тую вечную, ужо ў вёсцы прыказкавую бяду ў сям'i, дзе амаль усе грошы йшлi то на шпiталi, то на навуку. Маючы чатырнаццаць гадоў, страцiў матку. Хвароба з якойсьцi, самому Богу ведамай прычыны вечна не пакiдала iхнай хаты. Да таго-ж бацька яшчэ стараўся, каб кожнае дзiця, прынамсi, скончыла сямiгодку. Для малазямельнага селянiна пад польскай акупацыяй, што меў да працы адно сваiх двое рук, гэта ня было такiм простым. А вайной яшчэ пагоршылася.
– Ды й чаго аж у тую Вiльню? – крыўдзiўся на сына бацька. – Цi ня мог-бы ты дзе тут блiжэй, па суседзтву?
Так i давялося Сымону згрэбцi з вопраткi што папала, у тым лiку й бацькавы падношаныя чаравiкi, званыя iм шчыблетамi, амаль на цэлую паўпядзь завялiкiя на сынавы ногi, ды й той не такi ўжо зусiм новы, таксама-ж бацькаў, руды кажушок. Хоць i даволi рослым быў Сымон, але бацькаў кажушок сягаў яму аж па каленi, не гаворачы аб прадаўгаватых рукавах, якiя даводзiлася закасваць.
– Ты ўявi сабе, Вiця, якое мне няшчасьце сягоньня здарылася, – гаварыў аднойчы Вiктару Кастусь з выразным намерам, каб пакпiць з Сымона. – Стаю вунь на рагу Мiцкевiча ў таварыстве гэтай прыгажунi з шостай клясы, ты яе знаеш, гэту з пульхненькай мордачкай?
– Знаю.
– Дзяўчына што называецца: можна i ў таварыстве паказацца; абстуканая, казаў той, дый з выгляду – i ззаду й сьпераду – цiп-топ. Адным словам, хоць ты да сэрца прытулi. Стаю, значыцца, i ўдаю джэнтлмэна, розныя кавалкi залiваючы. Ажно гляджу, адкуль нi вазьмiся, прэ з-пад Зялёнага маста нейкi кажушок, проста так i сунецца, як той слонь, толькi зьнiзу гэтае палозьзе даўгое, што ён называе туфлямi, у паветры нейкiя замашыстыя паўкольлi выпiсвае. Я аж ахнуў. Авохцi, думаю, пакрака! Яшчэ возьме ды затрымаецца й дзяўчыну спудзiць. Тут ня ўсьпеў я ў душы перахрысьцiцца, як той спыняецца ды, мiргнуўшы на мяне бельмамi, дзяўчыне грабу на прывiтаньне сунiць. I што-ж ты думаеш... Тая крышку зьбянтэжылася, што мядзьведзь такi вiтацца зь ёю манiцца, ды, хвiлiну пастаяўшы, перапрасiла мяне й змылася. Якi мне стыд, якi сорам! Сьвет не бачыў!
V
Так i цяпер, вярнуўшыся да старой улюбленай тэмы i, як Сымону здавалася, да ягонага забытага кажушка, аб якiм меў неасьцярожнасьць напамянуць, хлопцы й не заўважылi, як мiнулi Зялёны мост i, павярнуўшы сьпярша направа, а пасьля ў вулачку налева, станулi перад Веньцевымi дзьвярыма. Па знадворных сходах узабралiся на першы паверх i коратка пастукалi ў дзьверы. Адчынiла маладзейшая дэвотка. Яна зь немалым зьдзiўленьнем прыгледзелася да чорных юнакоў ды, распазнаўшы ў iх колiшнiх кватарантаў, кароткiм "проша" ўпусьцiла ў хату.
– Ведаеце, панiчка, што? – пачаў Кастусь. – Думалi мы, што, праязджаючы праз Вiльню, выпадала нам вас наведаць, ды тут i некаторыя нашы рэчы ў вас яшчэ засталiся.
– То панове сюды ненадоўга?
– Хто ведае, можа, толькi на пару дзён...
– О-о-о! Каго я бачу! – зь няскрыванай iронiяй, выйшаўшы з кухнi, пачаў Веньць. – Праўдзiвы рыцары бялорусiны! Маем гонар! Маем гонар! – прадаўжаў зьядлiва. – О, а што-ж гэта ў вас на шапках? – зрабiў Веньць грымасу, прыглядаючыся блiжэй да "Пагоняў". – "Пагоня"! Ох, не! Навет i гэрб мусiлi ад лiтвiнаў украсьцi! Ха-ха-ха! Але-ж то й войска! Хэ-хэ...
– Пане Веньць... – моцна пачырванеўшы ад злосьцi, пачаў Кастусь.
– Пшэпрашам пана Костка, – перабiў яго Веньць, – але здаецца, што пан Костэк знае маё прозвiшча.
– О так, знаю, пане Пшэпулкевiч... Скажыце мне, чаго вы так скачаце? Здаецца, што вы зусiм iншы былi чалавек. Цi часам ня тое на вас падзеяла, што з усходу прыблiжаюцца так званыя вызвольнiкi?
– Але-ж i камэдыя! – сьмяяўся, не зважаючы на Кастуся, закасваючы нiжнюю лупiну, Веньць. – Ну i як жа вы так? Збудавалi тую сваю Бялорусь? Рыцэжэ!.. Ха-ха-ха! Хэ-хэ... А дзе-ж ваша зброя?
У гэны момант Сымон выхапiў з-за пазухi й палажыў перад сабою на стале новенькi блiскучы "вальтэр". Купiў яго не так даўно ў нямецкага жаўнера ў Вiленскiм парку, разьмянiўшы на маркi залатую царскую пяцiрублёўку, якую мачаха, быццам талiсман, дала яму перад ад'ездам у Вiленскую гiмназiю.
– Ёсьць i зброя, пане Веньць! – сказаў ён паляку паволi i з прыцiскам на кожнае слова. – Цi, можа, вы дагаворыцеся да таго, каб яе выпрабаваць на вас?
Старэйшая дэвотка, што, прытулiўшыся да вушака дзьвярэй, выглядала з кухнi, убачыўшы пiсталет, з трывогай перахрысьцiлася. Веньцеў твар хутка й выразна пабляднеў.
– Што, панове, сабе зычыце? – акiнуўшы ўсiх позiркам i ня страцiўшы раўнавагi, спытаў ён хлапцоў.
– Жадаем тое, што наша. Калi ласка, давайце ўсю вопратку, што мы тут пакiнулi, – загадаў Кастусь. – I чым хутчэй, тым лепш. Мы думалi, што зайшлi да людзей, ажно выходзiць, што вы такiя самыя сабакi, як i шмат iншых. I чакалi толькi нагоды, каб выявiць сваю хвальшывую натуру. Цьфу!
Пры ўспамiне аб вопратцы Веньць яшчэ больш пабляднеў. Ён, здавалася, з запытаньнем i трывогай зiрнуў на малодшую сястру, тая, таксама перапалоханая, пазiрала моўчкi то на пiсталет на стале, то на хлапцоў, то на брата.
– Пане Веньць! – з выразным акцэнтам на тое "Веньць" пагрозлiва прадаўжаў Кастусь. – Чакаем!
– Пане Костэк... – пачала нарэшце тонам просьбы маладзейшая Веньцiха, мы-б рады, зараз-бы аддалi, але яе, вашай вопраткi, тут няма.
– Як то няма? – падскочыў да яе Дзежка. – А дзе-ж яна?
– Мы аддалi на перахаваньне.
– Перахаваньне? А што гэта такое, гэтае перахаваньне? Хлусiш, старая! Ты сваю вопратку заўсёды трымаеш дома й не аддаеш на перахаваньне. А як-жа ты чужую магла аддаць?
– Брэша сука, – буркнуў, скоса паглядаючы на старую, Сымон, – прадала, напэўна.
– Толькi боты засталiся, – прызналася перапуджаная дэвотка.
– Боты? – паўтарыў Кастусь i, паглядзеўшы ўважна на ўсiх гаспадароў, хутка адчынiў дзьверы суседняга пакою, дзе калiсьцi жылi студэнты, i пачаў пароцца па кутках i шуфлядах. Па хвiлiне вярнуўся з парай сваiх блiскучых ботаў.
– Запраўды нiчога, акрамя гэтых, няма, – паведамiў, паказваючы на боты.
– Дзе-ж, вы думаеце, яны падзелi ўсю нашу вопратку?
– Слухай, можа, гэты памог-бы даведацца? – спытаў Дзежку, зрокам паказваючы на свой пiсталет, Сымон.
– Ат, кiньце вы, хлопцы. Лепш пакiнем мы гэту бяду ў супакоi ды хадзем, парадзiў сябром Вiктар.
– Можа, ты й праўду кажаш, што бяда. Гэта-ж падумаць, пражылi тут пару год i ня ведалi, што за сукiны сыны... – з фiнальным адценкам згадзiўся Кастусь. Цьфу! – плюнуў ён на падлогу ў бок гаспадароў ды хуткiм крокам ськiраваўся да дзьвярэй. – Няхай вам Бог належна адплацiць! – дабавiў з-за пляча, выходзячы.
Далейшае адбылося, як можна было прадбачыць. Зайшоўшы да школьнага сябра Занеўскага, што жыў непадалёк на другiм баку Кальварыйскай, тых блiскучых ботаў "апылiць" не ўдалося, але Занеўскi прыабяцаў, што ў будучынi гэта абавязкова пастараецца зрабiць, i на довад гэтага тут-жа, доўга не чакаючы, пасьля кароткiх шэптаў зь Дзежкам, паставiў на самы цэнтр стала не такую ўжо зусiм сiвую пляшку самагонкi.
– Ну, унтэрмэншы, – з жартам i пацiраючы з задаваленьня рукi, гаварыў да сяброў Кастусь, – жлопайце й ведайце залатое сэрца Канстантына Iванавiча.
Доўга ня трэба было прасiць. Хлопцы абселi стол, на якiм для датрыманьня таварыства лiтроўцы хутка зьявiўся халадзец, квашаная капуста й чорны хлеб.
Перакусилi й замянiлiся колькiмi словамi. Занеўскi не пакiдаў Вiльнi. На прапанову Кастуся ехаць разам адказаў нявыразнай грымасай.
– Эт, братцы, едзьце ўжо вы. Я не такi гарачы патрыёт, як вы, неяк, можа, усё гэта лiха прамiне й не зачэпяць.
На гэткi аргумант хлопцы пацiснулi плячыма.
– Магу я цяпер прапанаваць, – прыпадняўся Сымон, – каб мы выпiлi ня толькi за вольнасьць нашай Бацькаўшчыны, але й за наш шчасьлiвы паварот, адкуль-бы нi прыйшлося там варочацца.
– Дык вы ня ведаеце, куды едзеце? – спытаў Занеўскi.
– Быццам у Горадню.
– Гэта вiламi пiсана.
– Дык вып'ем за тое, каб вярнулiся да сваiх вольных хатаў! – ня ўступаў Сымон.
– Давайце.
Усе апаражнiлi чаркi.
– Божачкi-ж мае, дык вы ўяўляеце сабе тое, што нячыстая сiла гэна ўжо заняла нашы мясцовасьцi? – дрыжачым голасам прыпомнiў Сымон.
– Так, Дзiсна ўжо напэўна ў iх руках.
– Магчыма, ужо дабiраюцца да Паставаў i Вялейкi.
Ужо пазнавата вечарам. не без малых цяжкасьцяў, удалося нашай тройцы знайсьцi месца прыпынку ў былым гэтто. Сымону й Вiктару, што менш былi прывыклымi да алькаголю, здавалася, што ў Вiльнi ў гэны вечар была аж падвойная колькасьць вулiцаў i што адлегласьцi надта-ж пабольшалi.
VI
Трэцяга лiпеня папаўднi Школа Камандзераў атрымала загад маршыраваць на вiленскую таварную станцыю й ладавацца на цягнiк. Кiрунак ад'езду – iзноў захад. Аб той Гораднi, што фiгуравала ў загадзе ў Менску, i сьлед зьнiк. Конны школьны вабоз ужо знаходзiўся ў горадзе, не бяз прыгодаў прывалокшыся запруджанымi дарогамi зь Менску. Зьявiўся й капiтан Ласкутовiч, беларускi камандзер Школы, якi заяжджаўся ў Стоўпцы па сваю сям'ю.
Пасьля зборкi пэрсаналу й пералiчэньня выявiлася, што блiзу пятая частка кадэтаў недзе згубiлася. Фактычна нiхто ня ведаў, цi згубiлася, цi сьведама засталася. Праўдападобным было апошняе. Нiхто таму надта ня зьдзiвiўся. Так з кожнае грамады пры напатканьнi першых цяжкасьцяў адстаюць або зусiм губляюцца найслабейшыя. Ваенныя-ж лiхалецьцi, калi нейкi вайсковы адзьдзел апынецца ў цяжкiм палажэньнi, калi дысцыплiна паслабее, а камандзеры ня маюць беспасярэдняга нагляду за падуладнымi або навет часова й страцяць кантакт зь iмi, зьяўляюцца без параўнаньня найлепшым сiтам, выдзяляючы тых моцных i вытрывалых, што трымаюцца парадку й загадаў, ад тых слабых, ненадзейных або проста й недалужных, няздольных. Гэткiя выпрабаваньнi прыходзяць тут на дапамогу камандзерам, якiя ведаюць, што ў далейшым могуць з большаю надзеяй пакладацца ў часе крытычных момантаў на жаўнераў, што бязь хiстаньня здадуць першы iспыт. Можа, й лепш было для будучынi цэлае Школы, што ўсё тое слабое, нявытрывалае, ненадзейнае выдзелiлася на першым этапе дарогi.
Вечар трэцяга лiпеня быў надзвычайна цёмны, душны й цiхi. Быў строгi загад, каб у нiякiм выпадку – цi то пад час ладаваньня на цягнiк, цi пасьля не запальваць нiякага сьвятла, на адкрытым паветры ня курыць папяросаў. Паволi, асьцярожна, вобмацкам карабкалiся чорныя постацi на прыдзеленыя вагоны, разьмяшчаючыся бязь лiшняга розгаласу. Размяшчэньне паводле дружынаў i зьвязаў свайго скромнага багажу, таксама ўжо перасеянага да самых неабходнасьцяў двухсоткiлямэтровай дарогай, адбылося хутка. Стрэльбы й амунiцыю (хоць рэкруты на выпадак патрэбы яшчэ слабавата ўмелi iмi карыстацца) загадана было кожнаму трымаць пры сабе ў вычышчаным баёвым стане.
Нашы чатыры кулямётчыкi й амунiцыйныя занялi сабе выгадны, ня надта цесны куток, а сам апякун "дзегцярова" заявiў усiм зацiкаўленым i незацiкаўленым суседзям, што ён, Канстантын Iванавiч, разам са сваймi трыма сябрамi, заняў баявую пазыцыю, што суседнiя адзiнкi мелi ня толькi гэну пазыцыю, а й самога Канстантына Iванавiча рэспэктаваць i, баранi Божа, у нiякiм выпадку не асьмелiцца займаць вызначанае iм тэрыторыi. Пасьля такой голаснай заявы, што ня выклiкала нiякiх сумлеваў, ён запрапанаваў сябром вылезьцi з вагону й дакладней пазнаёмiцца з працэсам навакольнай актыўнасьцi.
Калi такiм чынам чацьвёрка пакiнула свой выгадны куток i, праходзячы каля вагонаў, цiкавiлася, як далёка ўжо пайшлi падрыхтовы да ад'езду, дзесьцi высока ў цёмным, здавалася, дзёгцевым, версе пачуўся добра ўсвоены iмi з бальшавiцкiх налётаў на Менск роўнамерны гул. Коратка там-жа ўверсе мiльганула й разам пагасла сьвятло. Хутка з навакольных узгоркаў пачала рэгулярна пляваць процiлятунская артылерыя. Таўстыя слупы пражэктараў густаватай сеткай упiвалiся ў чорны дзёгаць неба й крэмзалi яго ўва ўсiх кiрунках. Як раптоўна ўсё пачалося, так па колькi хвiлiнах i спынiлася. Iзноў запанавала душная цiшыня.
На таварнай станцыi чуваць быў раўнамерны гоман Усе чыгункi былi занятыя эшалёнамi. У цёмных вагонах гуло прыглушанае, паўсоннае жыцьцё.
Калiсьцi на гэтай i на сотнях iншых станцыяў па цэлай Беларусi навет у гэткую вячэрнюю пару пачулi-б вы рытмiчныя гукi "Вiр маршырэн Энгельлянд"* або iншым часам сiвы ўжо, барадаты, здаецца, раманс "Лiлi Марлен". Час мараў i падрыхтовак да маршаў "гэгэн Энгельлянд" даўно мiнуў. Сяньня жаўнер з таго-ж "Энгэльлянд" глыбокiмi клiнамi ўрэзаўся ў Нармандыю, часьценька ўжываючы тактыку колiшняга слаўнага нямецкага, што такiя цяжкiя прынёс яму страты, Дункiрку.
* Мы iдзем на Англiю.
Ад'езд меў адбыцца дзесь каля поўначы. Канюхi ўзялiся ладаваць хурманкi й коней. Наблiжалася дзевятая...
VII
Раптам...
Але якiм-жа нiкчэмным будзе само слова "раптам", калi яго тут ужыць пры апiсан;нi таго, што здарылася.
Раптам разарвалася неба... Не. I так нядобра. Цяжка было сказаць, што здарылася перш, а што пасьля. Ясна было адно. На цэлай станцыi стала так прарэзлiва вiдна, што нельга было адразу адкрыць зьнеспадзеўку асьлепленыя вочы й разгледзецца. Але цi быў i час, каб разглядацца. Здавалася, што бязьмежнае неба ў адну й тую самую часiну павесiла не толькi над станцыяй, ня толькi над местам, але над цэлым навакольным прасторам незьлiчоныя мiльёны лямпаў. Пад нагамi можна было-б знайсьцi найменшую iголачку, найдрабнейшае зярнятка. Нябёсныя высi напоўнiлiся адным суцэльным, густым, выючым гукам, што сеяў найглыбейшую панiку. Таварная вiленская станцыя, а найперш усё тое i ўсе тыя, што на ёй былi ў гэны нешчасьлiвы вечар, – усё гэта пачало рвацца, тузацца, ламацца, крышыцца на тысячы, дзесяткi тысячаў, мiльёны кавалачкаў.
Даўгiя й сытыя кодаўбы цягнiкоў пачалi ў незьлiчоных месцах займацца буйным полымем, зьверху закончаным дымам. I як быццам-бы на нейкую раптоўную, часiнную, маланкавую, магутную, усёабдымную каманду гэныя цягнiковыя кодаўбы пачалi сыпаць пад свае колы й жываты сотнямi жывых цьвярозых i поўнасьцю прытомных, дрыгаючых, рэдка яшчэ пакалечаных людзкiх целаў. Быццам тыя майскiя жукi, магутным штуршком рукi пазбаўленыя тысячаў галiнак i лiсточкаў клёну, покалi яны глухiм градам на мулкi жвiр i, быццам чэрвi, паўзьлi пад шырокiя жываты цягнiкоў. А зьверху, быццам з адчыненага на ўсе вароты пекла, без найменшага перапынку неслася лавiна цяжкога, выючага й стогнучага мэталу. Пры сутычцы зь вiленскай таварнай станцыяй яна замянялася ў магутны немiласэрны цыклён. Мiльёнамi гулкiх асколкаў iрвала драўляныя й стальныя хрыбты й бакi цягнiкоў, уядалася ў сотнi людзкiх целаў, тонамi распаленага фосфару, клубамi сьмярдзючага дыму жорла ўсё драўлянае, здольнае гарэць, доўгiмi й шырокiмi вогненнымi языкамi лiзала па хрыбтах чыгунак. Магутнымi стальнымi рукамi ськiдвала з рэек вагоны й выгiнала тыя рэйкi дугамi. Быццам абцярэбленыя й абсмаленыя рогi, тырчэлi яны ўверх. Цераз вузкую паласу чыгуначнага жвiру вогненныя языкi перакiнулiся ў хуткiм часе й на будынкi суседнiх складоў.
VIII
Стальны лiвень зьверху быў такi густы й бесьперапынны, што мала каму з гэных запоўзшых пад нiзы вагонаў нефартунных падарожнiкаў уздумалася перабягаць у суседнiя, паробленыя ў насыпах, бамбасховiшчы. Усё-ткi Кастусь Дзежка адважыўся. Пасьля колькiх нырцоў цераз вогненна-стальную мяцелiцу ён зь вялiкай сiлай выцяўся, быццам аб гуму, аб суцэльна-сьцiснутую, наўзор тых селядцоў у бочцы, мяккую масу людзкiх целаў у бункеры.
– Пане, тут i так ужо поўна! – крыкнуў адзiн з тых селядцоў да Кастуся па-польску.
– Пацiсьнецеся вы, скурчы сыны! – раўнуў Дзежка ў адказ. – А то застрэлю! – На довад такой злоснай пагрозы ён цэлай сiлай, быццам руляй пiсталета, укалоў пальцам у плечы аднаго з тых селядцоў, што стаяў з самага краю. Палякi, што пазьбягалiся, вiдаць, у бамбасховiшча з суседнiх хатаў, пацiснулiся, й Кастусь пачуўся больш бясьпечным.
Сымон i Вiктар запаўзлi i ўторкнулi свае галовы пад самую таўстую вось вагону. Перабягаць у бамбасховiшча не адважылiся. Так здарылася, што iхны вагон шмат не пацярпеў, хiба крыху зьверху. Праўду кажучы, яны апынулiся не пад тым вагонам, на якi былi заладавалiся, бо калi пачало ўсё тое, што было ў вагоне, паўзьцi пад яго, дык трэба было чакаць чаргi, каб знайсьцi сабе бясьпечнае месца. Скочылi тады адразу пад суседнi, дзе было амаль пуста й прасторна. Можа, гэтым i выратавалiся ад амаль пэўнай пагiбелi, бо якраз на той, раней iхны вагон выпаў шмат горшы лёс. Адзiн бок ужо поўнасьцю заняўся полымем, а з-пад нiзу чуваць былi стогны, енкi й просьбы дапамогi. Хтосьцi нема крычаў, што гарыць жыўцом, iншыя енчылi ад ранаў. Чым даўжэй трывала вогненнае пекла, тым больш гусьцелi й паўтаралiся стогны й просьбы помачы, часта заглушаныя выбухамi бомбаў.
Капiтан Ласкутовiч папаў пад вагон, што быў заладаваны сажнёвымi дровамi. Не паспеў добра разгледзецца, як цэлы вагон падскочыў, засклыгатаў коламi аб сталь рэек. Цяжкая й густая хваля паветра жвiрам лупянула ў ягоны твар i двума абухамi ўдарыла ў перапонкi вушэй. У галаве пачуўся працяжны гул тысячы званкоў i фабрычных гудкоў, у вачах паказалася нязьлiчоная колькасьць рознаколерных зорак. Па ўсiм целе прайшла, пачынаючы дзесь ад каленяў, вялiкая млявасьць, i хутка ўсе ворганы пачуцьцяў зьдзервянелi.