Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 32 (всего у книги 38 страниц)
– Пане Спарыш, вы-ж, пэўна, ведаеце, што я – таксама беларус.
– Так? – усьмiхнуўся зь iронiяй Сымон. – Не, ня ведаў, пане Юры. Цi вы гэта гаворыце вось толькi сабе так, каб мне прыпадабацца, цi жартуеце?
– Не, пане Спарыш, я зусiм паважна.
Сымон доўга i ўважна прыгледзеўся вузкаму твару Радзiвiла. У вачах у "прынца" сьвяцiлася самая сапраўдная шчырасьць.
– Ведаеце, пане Юры, ня знаю проста, што вам на гэта адказаць. Нiколi не даводзiлася мне чуць, каб хто зь цяперашнiх Радзiвiлаў лiчыў сябе беларусам. Можа, вы, калi шчыра гаворыце, уважаеце сябе беларусам толькi таму, што маёнткi вашай сям'i знаходзяцца ў Беларусi.
– Не, зусiм не таму.
– А чаму?
– Таму, што наш род даўней быў беларускiм, цi, як тады называлi, лiтоўскiм.
– Ваша беларускасьць – гэта вельмi-ж акадэмiчнае пытаньне. Хаця нельга адмовiць вам пэўнага права на беларускасьць, цяжка сягоньня было-б пераканаць людзей у тым, што вы цi ваша сям'я – беларусы.
– Чаму-ж так?
– Вы-ж, пэўна, нядрэнна ведаеце гiсторыю Лiтвы ды асаблiва пэрыяд швэдзкiх войнаў. Можаце прыгадаць, што Януш Радзiвiл пры дапамозе швэдаў хацеў аднавiць незалежнасьць ад Кароны Вялiкага Княства Лiтоўскага, значыцца, Беларусi. I вы, пэўна-ж, прыгадваеце, як за тую спробу князя Радзiвiла Януша збэсьцiў у сваёй трылогii Генрык Сянькевiч. Дарэчы, Радзiвiла Януша гiсторыкi й лiчаць апошнiм беларусам з роду Радзiвiлаў. Ён быў беларусам. Але вы, пане Юры... што-ж у вас беларускага? Вы навет мовы беларускай ня ведаеце, аб iншым ужо не гаворачы...
На такi Сымонаў аргумэнт "прынц" нiчога не адказаў, хаця ў будучынi шмат разоў вяртаўся да тэмы аб колiшняй здраджанай Бацькаўшчыне.
VI
Адвард Дэмарчык паходзiў дзесьцi з Пазнаншчыны. З выгляду належаў да тых людзей, якiя здалёк кiдаюцца вам у вочы i пабачыўшы якiх, будзеце помнiць цэлае жыцьцё. Глыбака сядзелi пад густымi бровамi малыя блакiтныя вочкi й яўна выставаў навiслы ўперад вузкi высокi лоб, зьверху закончаны лесам густых i хвалiстых сьветлых валасоў. Гэта быў чалавек рухавы й энэргiчны. Усё рабiў плянава й сiстэматычна, нiкому ня ўступаў з дарогi за найменшую дробязь. Аддаваў належную данiну навуцы, быў старанны пры вывучэньнi лекцыяў, а галоўным яго заняткам пасьля школьнага працоўнага часу была ангельская мова й дзяўчаты.
Дэмарчык пасябраваў з Сымонам ня толькi таму, што той таксама цiкавiўся ангельскаю мовай.
– Ты ведаеш, Сымон, – гаварыў да яго аднойчы, – падабаешся ты мне за твой здаровы, як кажуць англiчане, horse sense*. Дый ня толькi за гэта. Ты маеш арыгiнальнасьць характару. Ведаеш, што ты ёсьць, чаго хочаш i чаго ад жыцьця вымагаць. Сяньня людзей такiх няшмат.
* Конскi сэнс, розум (англ.).
– Няўжо-ж праўда? – усьмiхнуўся Сымон, што прыняў тое за хвальбу, ды асаблiва ня мог зносiць такой хвальбы ў вочы.
– Ты ня сьмейся. Шчыра гавару. Тое, што ты – беларус, зусiм ня робiць цябе горшым ад iншых. Наадварот ты ў няспрыяльных абставiнах, там, дзе шмат хто скрыўся-б са сваёй нацыянальнасьцю, – бо ты-ж ведаеш, што мы, палякi, кульгаем на талеранцыйнасьць, – ты, значыцца, у такiх абставiнах ня цураешся нацыянальнасьцi й адстойваеш свае правы. Тут то й вызначаецца ня толькi нацыянальная, але перадусiм асабiстая вартасьць чалавека.
– Ну, браце, а што-ж гэта за чалавек, што сябе й свайго адракаецца?
– Вось то-та. У тым то й справа, што сягоньня гэта модна. Мне-ж здаецца, што адракацца свайго, цурацца свае нацыянальнасьцi гэта значыць, стаптаць сябе самога ў гразь, не гаворачы ўжо аб тым, што такi суб'ект, страцiўшы пашану да свае вартасьцi, ня будзе шанаваць i нiколi ня зможа добра ацанiць iншых.
– Ну ты ведаеш, Эдзё, у гэтым я з табой згаджаюся на сто процант, проста слова ў слова.
– Як-жа б ты не згадзiўся, калi жывеш паводле гэтага прынцыпу.
– Ты ўсё-ткi тое-сёе адносна мяне падмецiў.
– Ды ня толькi адносна цябе. Вывучэньне людзей, перадусiм iхных характараў, ды найбольш слабасьцяў характараў, зьяўляецца маiм hоbbу*.
* Улюбёны занятак (англ.).
– А навошта-ж табе гэта? Вось так сабе толькi дзеля "гобi"?
– Шчыра прызнацца, дык не. Мне гэта некалi прыдасца. Пры нагодзе раскажу, толькi не цяпер.
Калi прыйшла тая нагода, аб якой успамiнаў Дэмарчык, а сталася тое пару месяцаў пасьля, калi хлапцы больш пасябравалi й зблiзiлiся, пазнаняк выявiў Сымону, што ў будучынi мае намер улезьцi (так i казаў – "улезьцi") у ангельскую разьведку – "Iнтэлiджэнс Сэрвiс".
– Гэта, братка, – гаварыў, разгарачыўшыся й сьцiснуўшы кулак, Дэмарчык, дасьць мне шанс адпомсьцiць шмат якiм сукiным сынам за крыўды, што зрабiлi нашаму народу. Цяпер войска канчаецца, дык трэба шукаць iншых шляхоў змаганьня. Я, братка, доўга думаў i прыйшоў да выснаву, што гэта для мяне адзiны й найлепшы шлях.
– Ого-го! – зьдзiвiўся Сымон. – Дык ты маеш нявузкiя пляны.
– I даю табе слова гонару, няхай гэтая чужая зямля й Матка Чэнстахоўская будуць ммне сьведкамi, што да свае намечанае мэты дабяруся.
– Якая-ж гэта мэта? Хiба-ж "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" будзе толькi сродкам?
– Слушна. "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" лiчу толькi сродкам. А мэта мая – выдушыць як найбольш ворагаў. Буду рэзаць, душыць i ўпiвацца варожай крывёй. Буду ў экстазе помсты насалоджвацца перадсьмяротнымi мукамi ворагаў нашага народу. Буду калечыць, забiваць, i нiколi ва ўзбуджэньнi ня здрыгане маё павека. Буду зь мядовай асалодай прыглядацца, як уецца ў перадсьмяротных цярпеньнях цела людзкое гадзюкi...
Сымон уважна сачыў сьцiснуты, аж пабялелы, таўсты Дэмарчыкаў кулак, зьзяючыя агнём нянавiсьцi маленькiя вочкi, дрыжачую ад узбуджэньня адвiслую нiжнюю губу.
– А беларусаў ты таксама залiчаеш у лiк тых шчасьлiўцаў, якiх душыць маеш намер? – iранiчна спытаў Сымон.
– Я чуў, што беларусы – добрыя людзi. Але ясна, калi-б яны апынулiся ў лiку нашых ворагаў, то...
– Ну, ведаеш што, – пахлопаў Сымон Дэмарчыка па-сяброўску па плячы, хвалю цябе за шчырасьць. Аднак ты ведаеш, што заўсёды палякi накiдвалi нам сваё ярмо, а нiколi наадварот...
– Дык у чым-жа справа? Вы там нейкае сваё княства на федэрацыйных правах далучыце да Польшчы, й будзем жыць шчасьлiва разам.
– Табе гэта надта-ж простым выдаецца. Зрэшты, мне не падабаецца тваё выражэньне "нейкае княства". Што за "нейкае" й чаму-ж "княства"? У гэтым вычуваю нотку вышэйшасьцi, панскасьцi, а ня толькi няпрошанага панiбрацтва. Нотка гэта даволi добра далася нам ужо ў знакi.
– Але-ж ты, брат, i прычэплiваешся да словаў. Зусiм ня тое хацеў я сказаць.
– Мо й ня тое, але, як у нас у Беларусi кажуць, вылезла зь мяшка шыла.
– Ну, браце каханы, але-ж ты й крыўдны характар маеш.
– Скажы мне, – спытаў Сымон, – якi народ ты найбольш ненавiдзiш?
– Немцаў.
– А пасьля?
– Расейцаў. А ты?
– Насамперш маскалёў.
– А яшчэ каго?
Сымон адказаў не адразу. Дэмарчык спасьцярог хiстаньне.
– Скажы, скажы, што ненавiдзiш палякаў! – спанукаў Сымона.
– Што ты хочаш, каб табе сэрца выняў ды ў жменi паказаў? – узлаваўся Спарыш.
– Ты мне прабач, я разумею. Можа, я замнога хацеў даведацца.
Дэмарчык чуўся нiякавата й адвярнуў зрок у другi бок.
– Калi я й ненавiдзеў, то цi маю аб гэтым гаварыць? Навет i табе, здаецца, блiзкаму сябру. Ёсьць-жа пэўная рацыянальнасьць i такт, якi трэба захаваць. Мо ты шмат чаго й дагадваешся, але-ж гэта – адно дагадкi. Зусiм iншае, калi б ты пачуў тое з маiх вуснаў.
– Разумею, брат, разумею. Закрануў я ў тваiм сэрцы адну з балючых ран.
– Разуменьне – то адно, а дамаганьне цераз меру лiшняга – гэта зусiм другое. Слухай, Дэмарчык, добра, каб мы былi з табой сябрамi, бо гэтак нам цяпер выгадней. Дык нiколi ня пытайся, цi ненавiджу палякаў.
– Разумею й згаджаюся. Але чаму ты сказаў "гэтак нам цяпер выгадней"? Цi ты прадугледжваеш, што ў будучынi будзем ворагамi?
– Магчыма. Хто-ж яго ведае...
– Ведаеш, я й ворага ўважу больш адкрытага, чым затоенага. Дык i хвалю цябе за шчырасьць.
– Не перасольвай ужо. На меншае я здабыцца ня мог, так як i ты. Бо-ж ведай ты, знаток людзкiх характараў i студэнт слабасьцяў, што не магу быць хвальшывым, асаблiва перад самiм сабой.
– Давай тады руку, й будзем жыць у згодзе ды хадзiць разам на дзяўчат, а розную палiтыку пакiнем на той час, калi прыйдзе момант.
– Бяз сумлеву.
VII
Хадзiць "на дзяўчат", як выражаўся Дэмарчык, давялося зь iм Сымону шмат разоў. Пазнанскi хлапец тлумачыў, быццам тое было надта патрэбным, бо спалучала карыснае з прыемным – вывучэньне ангельскае мовы з гуляньнем.
– Ну што ты, братка, уявiш сабе лепшае? – пачынаў разважаць будучы кандыдат у "Iнтэлiджэнс Сэрвiс". – Пойдзеш сабе на танцы цi на спатканьне, разам дзяўчыну прытулiш i пацалункаў нап'ешся дый ангельскую мову падвучыш. Ох, якая гэта асалода! Навет i ня шукай лепшых настаўнiкаў мовы, чымся ангельскiя красунi, бо ня знойдзеш. На жаўнерскi мундзiр яны таксама гоняцца, як тыя мухi на гной. Тут толькi выпадае паставiць кропку над "i", скарыстаць з нагоды.
– Можа, й маеш слушнасьць.
– Браце каханы! Дык ты яшчэ ў гэтым сумляваешся? Чакай-жа тады. Толькi дазволь пану Дэмарчыку пакiраваць у блiжэйшай будучынi некаторымi тваймi сьцежкамi, пабачыш, што чалавекам будзеш. I каханьнем насыцiшся, й мовы навучышся.
– А ты ўжо ў гэтым такi вялiкi спэцыялiст?
– Яшчэ якi! Хочаш пераканацца?
– Чаму-ж не. Што-ж мне перашкаджае.
– Ты, братка, глядзi на гэта з пункту карысьцi.
– Дык што-ж маю рабiць?
– Перш за ўсё пойдзем разам на забаву.
– Дзе-ж тая забава?
– Усюды колькi хочаш. Навет тут у абозе кожнае серады й пятнiцы ў вялiкай залi кавярнi адбываецца. Але тут замнога войска, а замала баб. Лепш у Рычманд цi навет у Дарлiнгтон езьдзiць – там баб, як смецьця. Чым далей ад абозу, тым больш дзевак, а менш войска. А ты танцаваць умееш?
– Некалi пробаваў, але танцую, быццам той слон на калёсах.
– Ня журыся, брат, навучу. Гэта надзвычайна лёгка. Толькi пакажу табе асновы, пару крокаў з кожнага танца, й будзеш цэлы балетмайстар...
– Пабачым...
Раз неяк надвечар Дэмарчык схапiў Сымона за руку:
– Хадзем.
– Куды?
– Танцаваць вучыцца.
– Куды?
– А вось хадзi й ня пытайся.
Дэмарчык накiраваўся ў кiрунку прыбiральнi.
– Дык што-ж ты мяне ва ўборную цягнеш? Я-ж ня маю патрэбы.
– Ня ў уборную, а ў умывальню. Там ёсьць шмат месца, дзе разгуляцца можна. А дзе-ж, ты думаў, у нашым бараку будзем, каб усе прыглядалiся й кпiлi?
Умывальны барак быў прасторны. Мiж двух радоў, дзе над карытамi знаходзiлiся ўмывальныя краны, сапраўды было шмат месца, каб разгуляцца.
– Вось тут, бачыш, як выгадна будзе?
– А дзе-ж той музычны iнструмент, пад якi танцаваць будзем?
– А вось! Бачыў? – Дэмарчык выставiў даўгi, зложаны ў трубку язык i зарагатаў.
– Ха-ха-ха! – памог Сымон. – А добра-ж ён iграе хаця?
– Слухай: До-рэ-мi-фа-соль-ля-сi-до-оо. До-сi-ля-соль... Ну як?
– Будзе аll right*.
* Поўны парадак (англ.)
– То цяпер давай крокi. Перш за ўсё хачу сказаць табе, што танцы такiя, як факстрот, якi англiчане тут завуць "квiк стэп", танго, навет i "джайв", палягаюць на трох асноўных кроках. Ставяцца ногi разам – глядзi, о так! Тады зачынаецца зь левай наперад, пасьля iдзе правая наперад, iзноў левая, а тады ўжо правая прыстаўляецца на зьмену. Глядзi ўважна: так – левая, правая, левая, зьмена, раз, два, зьмена – i так цэлы час. Пры гэтым можаш рабiць выкрунтасы, гэта само прыйдзе. Асноўнае, каб ты крокi ведаў, гэты альфабэт усiх танцаў. Разумееш?
– Ну.
– Дык хадзi. Давай мне рукi. О так, гэту залажы за плячо. I чакай, ня прытуляйся-ж так, я-ж табе ня дзеўка. Пастаў ногi разам, i пачынаем. Я вяду. Ну, увага! Тра-та-та-та-та, тара-та-тата, та-ра-та-та-та. Стой! Ногi крышку заштыўныя, быццам калкi тыя. Старайся свабадней крыху, не напiнайся, каб гнуткiя ў каленях былi. Ну давай яшчэ раз: та-ра-та-та-ра...
– Дык у гэтым цэлая штука?
– Ясна. Нiчога тут надзвычайнага. Цяпер паспрабуй сам.
– Тра-ля, тра-ля-ля-ля... – пачаў Сымон, сам сабе падпяваючы, тупаць па ўмывальным бараку.
– Маладзец, вельмi ўдала! Бачу, што будуць яшчэ зь цябе людзi. А цяпер пакажу табе танго, самым простым спосабам, значыцца, глядзi, пачынаецца таксама: тра-ля-ля-ля, та-ра-та-та-та...
Гэткiм чынам Дэмарчык, выясьнiўшы Сымону асновы самых простых танцавальных крокаў i паваротаў, намовiў яго ў наступную сераду пайсьцi разам у кавярню на забаву.
– Ведаеш, – гаварыў ён, – i мне будзе выгадней, бо калi захочаш якую дзяўчыну падчапiць, а прыйдзеш сам, дык цяжкавата. Звычайна вольныя дзяўчаты гуляць прыходзяць парамi. Дык бачыш, у чым штука. Адна-ж сяброўка другой не пакiне, нiякавата, разумееш? А калi з табой, дык мы цяпер любую парачку падзелiм, надта-ж зручна будзе.
– I, пэўна-ж, ты заўсёды больш прыгожанькую прыгалубiш?
– Аб гэтым ужо неяк памяркуем. Можа, навет у нас смак да прыгажосьцi ня той самы. Я заўсёды прыглядаюся, цi прыгожыя ногi. А ты?
– Твар.
– Ну бачыш. I гэты гарэх мы ўжо раскусiлi. Пойдзеш у сераду са мной?
– Чаму ж не.
Сымон раней ня браў на ўвагу забавы ў кавярнi, хоць часта даводзiлася, праходзячы, чуць там нейкую неразьбярыху гукаў. Цяпер-жа, вечарам у сераду, калi разам з Дэмарчыкам прыблiзiўся й, зiрнуўшы на натоўп танцораў праз вакно, стаў, як укопаны на месцы, й разявiў рот. З кавярнi даносiўся нейкi зусiм несуладны, на Сымонава вуха, гукавы гармiдар. Найбольш вырозьнiвалiся саксафон, трамбон i бубен. Здавалася, што гэтыя iнструманты былi расстроеныя, кожны зь iх цягнуў зусiм у iншы бок, не зважаючы на астатнiя.
Колькi жыў, ня чуў Спарыш такога. Ня было гэта падобнае на нiякую, веданую iм дагэтуль музыку. Сярод таго галасу можна было адрознiць нейкi мерны такт, ды i ўсяго, бо мэлёдыi зусiм ня было, цi, прынамсi, так Сымону здалося.
– Чаго раптам стаў? – штурхануў яго Дэмарчык. – Спалохаўся, цi якое?
– Што гэтыя музыканты там вырабляюць? Цi яны iнструмантаў не панаводзiлi, цi з глузду зьехалi? Няма-ж нiякай мэлёдыi. Цi то ў мяне, можа, слухавыя ворганы ненармальна працуюць.
– А што, ты нiколi ня чуў джазу?
– Джазу, кажаш? Недзе некалi каля вуха абабiлася, што ёсьць такое нешта. Але няўжо-ж гэта музыка? Гэта чорт ведае што...
– Глянь вунь на гэных людзей. Бачыш, як танцуюць? I ўсе пад такт. Значыцца, ёсьць-жа нейкая мэлёдыя й рытм. Ну, хадзем, – цягнуў Дэмарчык хлапца за рукаво.
Хаця-нехаця паплёўся Сымон да дзьвярэй.
– Ну пойдзем, хаця-б для цiкавасьцi паглядзець.
У кавярнi аж кiшэла. На адну дзеўку выпадала каля пяцi кавалераў. Дзяўчаты былi таксама вайсковымi з Кэтэрык Кэмпа, "пэсткi", як называлi iх палякi.
– Гэта "квiк стэп" танцуюць. Бачыш, – паясьняў услужлiвы Дэмарчык. – Давай iдзём, чаго-ж марудзiць...
– Дык-жа дзевак няма.
– Пачакаем, пакуль наступны танец пачнецца. Толькi-ж не праваронь, рот разiнуўшы, бо iншыя дзяўчат пабяруць.
Пры пачатку наступнага танца Дэмарчык шмыгнуў мiж сьцiснутых у кучу людзей i ўжо ўчапiўся за нейкую "пэстку", што цямкала ў роце жвачку. Сымон ня ўбачыў нiкога вольнага й таму прыглядаўся, як iншыя выкручваюцца. Прарэзьлiвыя гукi музыкi дакучалi няпрывыклым вушам. Нiяк ня мог хлапец асвоiцца ня толькi з такой мэлёдыяй, але навет з думкай, што такiя несуладныя гукi можна было назваць музыкай.
Дэмарчык пару разоў кiўнуў Сымону галавой, каб прыблiзiўся, а калi той ня рушыўся зь месца, сам падвёў сваю партнёрку i перадаў яму. Юнак нязручна пачаў стаўляць крокi, забыўся трымацца рытму аркестра й колькi разоў, ваступiўшы дзяўчыне на ногi, прамовiў "соры". Калi танец скончыўся, зьнеахвочаны хлапец з палёгкаю ўздыхнуў, быццам паўкапы жыта цапом адпярыўшы.
– Слухай, мусiць, я лепш пайду дамоў. Якое-ж гэта задаваленьне, чорт знае што за музыка й танцы.
– Нiчога, браце, дробязь гэта ўсё. Ня траць веры. Невялiкая бяда, калi зь першага разу не пайшло. Наглядай вось партнёрку й не марудзь.
Сымон намагаўся падбадзёрыцца. Калi наступнае зайгралi танга, ён у адзiн мiг ужо стаяў пры дзяўчыне ды, падхапiўшы яе пад рукi, пачаў больш уважна стаўляць крокi. Патрапляў i то не найгорш. Навет на ногi ня ступаў. Пасьмялеўшы, паспрабаваў навет убок павярнуць – таксама ўдалося. Павёў назад выйшла зусiм як трэба. Да канца танца хлапец зусiм асьмелiўся i з радаснай усьмешкай сустрэў Дэмарчыка.
– Ну што? Ужо ўмееш?
– Братка, як стары ўсё роўна.
– А што, не казаў я табе? Будзеш яшчэ танцорам.
Пасьля такой iнiцыяцыi Сымон быў сталым спадарожнiкам Дэмарчыка на вечарынах. Адно што нiяк ня мог прывыкнуць да музыкi. Уся яна была то нейкая занадта галасьлiвая, то зноў-жа вельмi сумна-хаўтурная. Навет самая папулярная тады ў Ангельшчыне, хвалёная й модная "Месячная сэрэнада" Глена Мiлера зусiм Спарышу не падабалася. Усяго, што прыносiлi танцы, гэта нагода гутарыць па-ангельску, падлавiць колькi словаў цi зваротаў ды выйсьцi хоць на хвiлiну на волю, пакiнуўшы манатонны i невясёлы сьвет вайсковага жыцьця.
VIII
У бараку восьмага курсу Школы Падхаронжых Сымонавым суседам цераз прамежак мiж радамi пасьцеляў быў нейкi Хшаноўскi. Гэта быў сярэдняга росту, фiзiчна добра разьвiты, але бледны i зь вельмi паморшчаным тварам, блiзу трыццацiгадовы бляндын. Нiчым асаблiвым не вызначаўся, хiба апрача таго, што найбольш ад усiх часу пасьвячаў навуцы. Кажнюсенькi дзень, на дзьве цi на тры гадзiны прылёгшы й выгадна выпрастаўшыся на ўсю даўжыню пасьцелi, браў сшытак з запiскамi дзённых лекцый i, прагавiта заглядаючы ў нататкi, паўголасам паўтараў то радыёвыя шыфры, то тапаграфiчныя правiлы. Быццам перад экзаменамi, шматлiкае завучваў на памяць, проста зубрыў. За гэта й празваны быў "зубрыцкiм".
– Ну, пане зубрыцкi, якую барбару ты сяньня апрацоўваеш? – жартаваў ня раз Сымон. "Барбара" ў радыёвых шыфрах вызначала станцыю.
– Цii-i-i-ха! – спыняў Хшаноўскi рукою суседа й малоў далей. Адно ўпэўнiўшыся, што ведаў усё на сто працэнтаў, уставаў з пасьцелi, адкладаў сшытак i звычайна браўся за напiльнiк, каб агледзець свае ногцi, або прысьвячаў колькi часу чаравiкам, якiя глянцаваў пад люстра.
Хшаноўскi не хадзiў на танцы. Затое шмат часу трацiў на пiсаньне пiсьмаў нейкай Марысьцы, што пакiнуў у Францыi i якую нярэдка ў апавяданьнях сябрам маляваў быццам нябеснага анёла. Якое то было "золатца" i што за прыгожая "красачка" паводле Хшаноўскага! Няхай хаваюцца перад ёю ня толькi ўсе разам узятыя Рафаэлевы мадонны, але й сама незраўнаная ў харастве Вэнэра. У дэталёвым маляваньнi Марыськi Хшаноўскi насамперш затрымоўваўся на апiсаньнi ножак, якiя, паводле яго, быццам сам Творца ўласнай рукою вытачыў i ўдасканалiў на зайздрасьць усiм iншым. Далей немалую ўвагу прысьвячаў гнуткаму й прывабнаму стану, не забываўся падчыркнуць вынятковыя "грудцы" i ўжо аж пад канец адтвараў у памяцi "боскiя" вусенкi, анёльскi выраз твару, глыбiню вачэй i пушыстыя. напоеныя водарам францускай парфумы валасы. Насалоджваўся ўспамiнамi, як любiў насычаць цалункамi кончыкi Марысьчыных вушэй ды марыў аб наступнай сустрэчы. Сапраўды, слухаючы Хшаноўскага, не маглi яму не пазайздросьцiць, што здабыў сэрца найпрыгажэйшай на сьвеце жанчыны. Праўда, здымак дзяўчыны не надта каму паказваў. Адылi некаторым удалося аднойчы ўбачыць, калi нахабны Шчуроўскi бесцырымонна выцягнуў фота з раней нагледжанага таемнага месца. Тады паўсталi нейкiя супярэчнасьцi адносна анёльскага выгляду Марыськi. Хшаноўскi, сквапны на пахвалу, калi ўбачыў на тварах у сяброў крывыя мiны, махаў рукою ды абвяшчаў зацiкаўленым, што яны не разумеюцца на харастве так, як ён – стары й спрактыкаваны ў гэтай галiне майстра. Калi прадугледзеў, што могуць пачацца кпiны, звычайна пакiдаў барак, каб, баранi Божа, не пачуць якога абразьлiвага слова пад адрасам "мiлачкi". Вiдаць, вельмi цанiў i нiзавошта не хацеў пазбыцца ўяўленага вобразу той, хараство якой у найлепшым выпадку было адноснае да створанага аб ёй уяўленьня.
Неяк Хшаноўскi, пад час рэпетыцыi аб харастве сваёй каханай, прыгадаў, што сустрэўся зь ёю ў Эльзасе ў часе вайны, калi служыў у францускiм чужаземным легiёне.
– То ты ваяваў у Эльзасе? – зацiкавiўся Сымон.
– Так.
– А дзе-ж, каля якiх мясцовасьцяў ваш адзьдзел быў у акцыi?
– Кольмар, Мюльгаўзэн, наогул каля швайцарскай мяжы.
– А вы былi каля Бэльфорту цi пад Альткiрхам?
– А як-жа. Як наступалi з-пад Дыжону, дык аж пад Альткiрхам затрымалiся на пару тыдняў. Пасьля прарвалi фронт i папхнулi швабаў аж да Рэйна.
– Ня помнiш, больш-менш калi, у якiм часе гэта было? – зацiкавiўся яшчэ больш Спарыш. – Дзе? У якiм месцы?
– Пад Альткiрхам.
– Чакай, можа, прыпомню. Здаецца, дзесь пад канец лiстапада. Так, гэта мусiла быць пад канец лiстапада, бо пасьля за пару тыдняў, недалёка пад Каляды, дайшлi мы да Рэйна.
– Ха-ха-ха-ха! – раптоўна зарагатаў Сымон.
– Што за сьмех? – наежыўся Марысьчын паклоньнiк.
– Дык i я-ж там у тым часе быў. Ха-ха-ха-ха!
– Як то й ты? Таксама ў францускiм легiёне?
– Але дзе-ж там! У тым-то й справа, што я быў з другога боку.
– У швабаў?
– Як табе сказаць... гэта была беларуская дывiзiя, якая ў першы дзень францускага наступу бяз бою пайшла ў палон.
– Ты дрэнi кавалак! – жартаўлiва лаяўся Хшаноўскi. – Дык вось каго, значыцца, я мусiў выкурваць з тых глiняных акопаў! Вось дзе ўкрыўся мой вораг?
– Ты, братка, асьцеражней! Ня зьневажай мяне! Мусiш падзякаваць, што мае сябры i я не адстрэльвалiся ды зусiм не баранiлiся. Чаго добрага – маглi б трапiць у цябе, такога адважнага ваяку. Пасьля не давялося-б табе сустрэць той боскай Марыськi.
– Эх, лайдаку едэн! Ён значыць, быў маiм працiўнiкам.
– Бачыш, як нашы дарогi дзiўна сышлiся. Цi ты сабе ўяўляў, што некалi з франтавым працiўнiкам будзеш насiць аднолькавы мундзiр i спаць на суседняй пасьцелi? Ха-ха-ха!
– Сьмешны й дзiўны гэты сьвет.
– Зусiм заблытаны, – згадзiўся былы менскi кадэт.
IX
Зь iншых навучэнцаў восьмага курсу трэба прыгадаць Усаевiча, сярэднiх гадоў паляка зь беларускай Смаргонi, найбольш здольнага й пiльнага вучня, што пры сканчэньнi школы заняў першае месца. Усаевiч адбыў час зьняволеньня ў бальшавiцкiх лягерах ваеннапалонных, служыў у войску яшчэ перад вайной, а на фронце быў у панцырных адзьдзелах. Меў вялiкiя веды з усiх панцырных дзялянак i таму ў школе амаль ня меў патрэбы вучыцца. Пад час заняткаў на радыёвым курсе практыкаваў альфабэт Морзэ, хоць вымагалася адно павярховае веданьне яго. Пасьля заняткаў найбольш сядзеў з Радзiвiлам у бараку, то падгладжваючы ангельскую мову, якую вельмi добра ведаў, то заглядаючы ў кнiжку матэматыкi, вiдаць, рыхтуючыся на будучыню трапiць у нейкую школу.
Зьвязны Бончэк належаў да старэйшых векам падафiцэраў. Некалi трапiў у нямецкi палон i пасьля, уцёкшы зь лягеру зьняволеных, быў iнтэрнаваны ў Швайцарыi, дзе адсядзеў у лягеры гады тры. Швайцарыя была частай тэмай ягоных гутарак. Хвалiў маленькую альпiйскую краiну, а асаблiва ейныя гадзiньнiкi. Паводле ягоных мяркаваньняў, "Тысот" быў найлепшым гадзiньнiкам на сьвеце. Каб падтрымаць гэтую думку, мог бы залажыцца на вялiкую суму. Таму што навокал не было вялiкiх аматараў i знаўцаў швайцарскiх гадзiньнiкаў, нiхто з Бончкам не закладаўся.
Найбольш мiзэрным, цi, калi ўжыць тут самае адпаведнае польскае слова, "нэндзным" чалавекам на восьмым курсе быў малы сьлiмазарны, заўсёды наракаючы й невясёлы Янкоўскi. Няцяжка было спасьцерагчы, што ён патрапiў набыць i захаваць у сабе самыя адмоўныя якасьцi так добра ведамага ў Заходняй Беларусi, асаблiва ў апошнiя гады акупацыi яе палякамi, тыпу польскага гiмназiста, што, скончыўшы сярэднюю школу, маючы вялiкiя вымаганьнi й прэтэнзii да грамадзтва з прычыны свае быццам адукацыi, шукаў цёпленькае пасады – звычайна дзесьцi ў малым урадзе, навет пiсарчуком, абы мог корчыць зь сябе вялiкага пана ўраднiка.
У бальшынi такiя гiмназiсты, памiма немалой акумуляцыi ведаў з лацiнскае мовы й iншых клясычных прадметаў, былi зусiм няздольнымi да практычнага жыцьця, ганьбавалi чорнай працай i саромелiся яе. Заўсёды старалiся дастаць нейкую пасаду. Польская адмiнiстрацыя, выпусьцiўшы на рынак такi своеасаблiвы няжыцьцяздольны прадукт нерацыянальнай адукацыйнай сыстэмы, каб неяк знайсьцi лiшнюю дзiрку для выгадаванага панка, часта пашырала ўрадавы апарат, тварыла новыя й лiшнiя пасады, а гiмназiст зь недахопу працы калупаў дзесьцi ў валасной управе свой нос, даглядаў ногцi, корчыў зь сябе высокага ўраднiка ды непатрэбна забiраў час сялянам, платнiкам падаткаў – ягоным кармiцелям, якiм абцяжваў жыцьцё.
Янкоўскi лiчыў сябе пакрыўджаным жыцьцём i людзьмi, думаў, што нiхто да гэтага часу не ацанiў ягоных здольнасьцяў, не гаворачы ўжо аб пашане да ягонага шляхоцкага паходжаньня. Лiчыў, што капрызны лёс закiнуў яго ня ў той асяродак, дзе ён мусiў-бы быць, i вызначыў яму ў жыцьцi не адпаведнае месца. I з выгляду быў малым i нявыглядным, заўсёды натапыраным i шурпатым у адносiнах да iншых.
– А што-ж, пане Янкоўскi, будзеш рабiць, як скончыцца вайсковая масьленiца ды прыйдзецца ў цывiльным жыцьцi самому раду сабе даваць? – пацiкавiўся аднойчы Сымон.
– Фраер ты, – самазадаволена й звысоку гледзячы, адказаў панок, – дамоў вярнуся. Там каля Кракава цёця мае маёнтак. Вось дзе я буду жыць.
– Ого, брат! – засьмяяўся Сымон. – Дык ты, мусiць, уяўляеш, што маскоўскiя таварышы пакiнулi тваёй цёцi маёнтак i, пэўна-ж, таксама i для цябе цёпленькае местачка. Адно прыходзь i сядай панаваць! Нявузка!
– Ах! – махаў дробненькi палячок рукой. – Што з табой гаварыць! Ты – мужык i на гэтых рэчах не разумеешся.
– Я разумею, што хто працы не баiцца, таму ўсюды дарога.
– Працаваць? Дзiвак ты. Я створаны да рэчаў лепшых, а не да працы. Няхай дурнi працуюць.
– Але-ж ты й паразiт! – плюнуў Сымон.
Янкоўскi не спасьцярог вялiкiх пераменаў, што прынесла на акупаваныя бальшавiкамi польскiя землi ваенная бура. Ня тое каб не хацеў, але прост-напраст няздольны быў сьмела заглянуць у вочы рэальнасьцi, ацанiць зьмены, што адбылiся ў сьвеце, а асаблiва на землях, захопленых Сталiным, а ў сувязi з гэтым i прадбачыць розныя магчымасьцi цi немагчымасьцi ды са здаровым розумам плянаваць будучыню. Ва ўяўленьнi шляхцiца маячыўся ўтульны маёнтак з белым выгадным домiкам у засенi высокiх стройных таполяў, пагулянкi з суседнiмi прыгажунямi-шляхцянкамi ў травеньскiя вечары, нагляданьне за паўпрыгоннымi сялянамi, гадаваньне кругленькага сыценькага жывоцiка й пагарда да чорнай працы. Сымон глядзеў на Янкоўскага больш з палiтаваньнем, чымся пагардай, i зусiм нядрэнна ўяўляў расчараваньне панка, калi-б той вярнуўся ў Берутаву Польшчу на "цёцiн маёнтак".
Iснаваў на восьмым курсе й гэтак званы покерны гурток. Да яго належала нейкiх пяць асобаў, сярод якiх галоўным быў зьвязны Розмарэк, сам стары й перадваенны яшчэ жаўнер, што больш увагi ў жыцьцi аддаваў пазакулiсным, чымся простым, хадам. Ён пранюхаў, што камандзер школы, маёр Палiшэўскi, сам любiў часта прысесьцi ў "покерэчэк". Гэткiм чынам iснавалi спрыяльныя ўмовы для карцёжных гульцоў i адно заставалася выкарыстаць нагоду. Розмарэк аб тым i парупiўся.
Няцяжка было спасьцерагчы, як часта пасьля заняткаў покернiкi адзiн за адным iшлi ў суседнi з маёравай кватэрай барак, дзе жылi падафiцэры. Там мелi асобны вольны пакой, дзе нярэдка займалiся ўлюбёнай гульнёй цэлымi гадзiнамi. Вучнi школы ведалi нямала адносна прайграных i выйграных, але таму, што сам Палiшэўскi часта прымаў удзел у картах, трымалi язык за зубамi. Розмарэк i сябры-покернiкi трымалiся з Палiшэўскiм за панiбратаў i будучыню ў школе мелi больш-менш забясьпечанай.
РОДНЫ ЗЬНIЧ
I
Пасьля пары месяцаў побыту ў Школе Падхаронжых Сымон быў прыемна зьдзiўлены адносiнамi да яго з боку сяброў курсу. Змалку прывыклы да польскае неталеранцыйнасьцi. падрыхтаваны быў на розныя няпрыемнасьцi, шпiлькi, дакоры цi навет i варожасьць. Але нiчога падобнага ня мог заўважыць. Наадварот нiколi не спасьцярог, каб вучнi вырозьнiвалi яго памiж iншых. Шмат хто паважаў яго й цанiў як аднаго зь лепшых вучняў курсу. Ведама-ж, часта настаўнiкi, а ў даным выпадку – iнструктары, ня ведалi так добра сваiх вучняў, як самi вучнi ведалiся мiжсобку. Нярэдка прыходзiла ў галаву Сымона думка, што прычынай ягонага згоднага сужыцьця зь iншымi на курсе была адсутнасьць там гэтак добра ведамага з ранейшай жыцьцёвай практыкi i з войска тыпу зласьлiвага беларускага рэнэгата, якi, намагаючыся быць лепшым палякам за сапраўднага паляка, вечна так цi iнакш спаганяў злосьць на сваiх суродзiчах. Дзесь у глыбiнi ў такога рэнэгата была звычайна захаваная макулiнка зраненага сумленьня, якая цэлае жыцьцё не давала яму супакою таму, што здрадзiў i апаганiў народ i самога сябе. Дзеля насычэньня эгаiзму й апраўданьня сябе як чалавека, дзеля таго, каб давесьцi палякам, што ён самы сапраўдны й цэнны паляк, нiкчэмнiк такi вечна мсьцiўся на здраджаных суродзiчах. Помста гэтая – кусаньне цела роднае маткi, прымае розныя формы. Найчасьцей выказваецца дробнай дакучлiвасьцю й ядавiтасьцю ў дачыненьнi да сваiх братоў, у канцы-ж становiцца для рэнэгата хутчэй бiялагiчнай, чымся духовай патрэбай. Адгэтуль такая цягласьць i ўпорыстасьць у дакучаньнi здраджаным людзям.
Нягледзячы на карэктныя й прыязныя адносiны сяброў, Сымон намагаўся заўсёды трымацца асьцярожна. Ведаў, што нiколi з палякамi ня мог-бы зблiзiцца так, як калiсьцi, хаця i ў вельмi кароткi час, з кадэтамi Менскай Школы Камандзераў БКА. Там быў часткаю суцэльнага нацыянальнага арганiзму, тут крошкай у чужым целе. Сяброўства з Дэмарчыкам цi iншымi замыкалася ў рамках зацiкаўленьняў штодзённымi заняткамi, экскурсiямi на танцы цi навукай ангельскае мовы. Далейшы доступ у сапраўднае духовае сяброўства з гэтымi спадарожнiкамi быў зачынены.
Тое, што адносiлася да сяброў з курсу, нельга сказаць было аб маёру Палiшэўскiм. Ужо вельмi рана на пачатку школы спасьцярог Сымон, што маёр-покернiк чапляўся да яго часта бязь нiякае прычыны, за абы-якую дробязь. Сустрэне, бывала, Сымон па дарозе камандзера школы. Адсалютуе карэктна, як належыцца. Ведаў, як салютаваць. Практыкi-ж хапала, ня першы дзень быў у войску.
– Гэй! – рэзка крыкне на хлапца, затрымаўшыся, Палiшэўскi. – Спарыш! Ану-ка вярнiся!
– Слухаю пана маёра! – падыйдзе Сымон.
– Як гэта вы, радавы, салютуеце, быццам у вас рукi вялыя, зусiм без касьцей? Што гэта, лепш ня ўмееце? Як гэта вы ходзiце, быццам той дзед стары? Так жаўнер павiнен хадзiць?
Сымон стаiць i чырванее, сочачы, як дрыгае маёраў падвойны падбародак.
– Я вам устаўлю яшчэ яйцы! Навучу вас, як будучы афiцэр хадзiць павiнен, пся косьць! Можаце адысьцiся!
Сымон адсалютуе й манiцца йсьцi.
– Гэй, Спарыш! Вярнiцеся! – зноў гаркне покернiк Палiшэўскi.
Сымон затрымаецца.
– Жывей вы ня можаце? Ану-ка папробуйце лепш, пся крэў!
За гэткiя частыя маёравы натацыi Сымону было надзвычайна крыўдна, асаблiва калi заўважыў, што Палiшэўскi яму аднаму з цэлага курсу манiўся "яйцы ўстаўляць", адно на яго рэгулярна накiдваўся.
Ужо пасьля, бывала, здалёк угледзеўшы маёра, прысьпешыць Сымон кроку i йдзе, здаецца, быццам той прускi жаўнер на парадзе – выпяцiўшы наперад грудзi, высока трымаючы галаву й сьмела гледзячы афiцэру ў вочы.