Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 38 страниц)
СКРЫГОТЫ I ЎЗДРЫГI
I
У вялiкай канцылярыi базы сёмай дывiзii ў Сан-Базыльё поўна людзей. Сюды й туды снуюць меншыя й большыя начальнiкi, скрыпяць дзьверы, шоргаюць падковы, нярэдка чуваць стук запяткаў. Пры двух шэрагах сталоў сядзяць пiсары. Капаюцца ў паперах, прыводзяць у парадак гэтак званую эвiдэнцыю – пэрсанальныя гiсторыi рэкрутаў. У невялiкiм шэрым сшытку жаўнер А цi Б мае запiсанае ў асноўным усё, што датычыцца ягонага паходжаньня, адукацыi й шмат iншага ад часу нараджэньня. Шэрыя сшыткi, званыя эвiдэнцыйнымi, пасьля будуць стала папаўняцца: там будуць значыцца ўсе зьмены ў вайсковым статусе А цi Б, водгукi афiцэраў, поступы па вайсковай лесьвiцы, удзелы ў баях, мэдалi й iншае.
Перад самым крайнiм сталом канцылярыi ад раньня стаiць чарга. Рэгiструюцца найнавейшыя "ахвотнiкi" другога корпусу – тыя, што трапiлi сюды з-пад сьцяга свастыкi. Адзiн капрал, не сьпяшаючыся, выпаўняе фармуляры, другi выпiсвае вайсковыя кнiжкi. Iдуць пытаньнi й адказы.
– Ваша iмя й прозьвiшча?
– Спарыш Сымон.
Пасьля йдзе месца й дата нараджэньня.
– Веравызнаньне?
– Праваслаўны.
Капралава пяро асьцярожненька крутлымi прыгожымi лiтаркамi запiсвае адказы. Сымон сочыцць за ягоным кончыкам. Калi яно пад рубрыкай "нацыянальнасьць" пачынае "п", "а" i ўжо пераходзiць да "л", з вуснаў юнака зрываюцца словы:
– Хвiлiнку, пане капрал!
– Што такое?
Пяро адрываецца ад недакончанага "пал" i павiсае ў паветры.
– Я па нацыянальнасьцi беларус, а не паляк.
Твар капрала выражае зьдзiўленьне. Глядзiць на Сымона, быццам на вар'ята, i, нарэшце, зьвяртаецца да лейтананта, загадчыка секцыi:
– Пане лейтанант.
– Слухаю вас.
– Можна да пана з пытаньнем?
– Калi ласка.
Капрал падыходзiць да афiцэра з фармулярам у руцэ ды кладзе на стале перад носам.
– Гэты рэкрут кажа, што ён не паляк, а беларус. Як маю пiсаць?
Афiцэр адказвае не адразу. Перш глядзiць на фармуляр, пасьля акiдвае зрокам Сымона.
– Праваслаўны? Гм... – мармыча пад носам. – Запiшыце яго беларусам.
Капрал вяртаецца да свайго стала. Пяро перачырквае тое незакончанае "пал" i выводзiць слова, да напiсаньня якога рука надта нязвыклая. Сымон уздыхае з палёгкай i пазiрае на сяброў, што стаяць за iм. "Ага, бачыце, як трэба? Крышку сьмеласьцi – i ўсё будзе ў парадку. Паспрабуйце-ж цяпер вы запiсацца палякамi", – гаворыць ягоны зрок.
– Наступны! – загадвае капрал. – Як прозьвiшча?
– Жалудовiч.
– Жолондовiч?
– Не Жолондовiч, а Жалудовiч.
– Па-польску будзе Жолондовiч, – нецярплiвiцца капрал.
– Я-ж не казаў, што хачу зьмянiць прозвiшча.
– То ня зьмена. Вы былi раней Жалудовiчам, а цяпер будзеце Жолондовiч! гаворыць капрал з нацiскам, якi не пакiдае нiякiх сумлеваў, што пытаньне вырашана.
Жалудовiч, заклапочаны, цярэбiць за вухам, аглядаецца на сяброў, што ледзь заўважна ўсьмiхаюцца, i ня ведае, што рабiць.
Капралава пяро прыгожымi роўненькiмi чорнымi нiтачкамi напiсала пад рубрыкай "прозвiшча" Жолондовiч.
– Як iмя?
– Аляксандар.
– Веравызнаньне?
– Каталiк.
– Рыма-каталiк?
– Так.
– Нацыянальнасьць – паляк? – глядзiць капрал на Жалудовiча з усьмешкай, што быццам гаворыць "Папрабуй-жа сказаць, што не".
– Не паляк, а беларус.
– Пёрруне! – лае пiсар, злосна кiдаючы асадку аб стол. – А цо то за звежэ? Рыма-каталiк i беларус? Як то можа быць?
– Звычайна, – не трацiць раўнавагi "Жолондовiч". – Рэлiгiйная прыналежнасьць – рыма-каталiк, а нацыянальнасьць – беларус.
– Няма каталiкоў беларусаў! – злосна трымае сваё капрал. – Усе каталiкi гэта палякi.
– Так? – зь iронiяй адказвае "Жолондовiч". – Дык тады запiшыце, пане капрал, i ўсiх французаў, iтальянцаў i гiшпанцаў палякамi. Яны-ж таксама каталiкi.
Пiсар, зьдзiўлены й анямелы, талопiцца ў Жалудовiча, быццам яму хто мокрай анучай зьехаў па твары.
– Пся крэў! – гарачыцца ён бездапаможна. Падбягае зноў да лейтананта, й абое паўголасам доўга абменьваюцца думкамi. Капрал вяртаецца да свайго стала, i ў эвiдэнцыйным фармуляры польскае армii родзiцца яшчэ адзiн беларус.
II
База другога польскага корпусу, званая "сёмкай" у Сан-Базыльё, займала звыш трохсот гактараў плошчы. Заўсёды была па берагi перапоўненая рэкрутамi, што вялiкiм адмiнiстрацыйным апаратам дзялiлiся тут на розныя зброi й адзьдзелы, i або на месцы атрымоўвалi перашкаленьне ў майстэрстве пяхотнае зброi, або высылалiся, пасьля сэгрэгацыi, у iншыя цэнтры шкаленьня. Камянiстая раўнiна была ўсеяна тысячамi палатак. З паўдзённага боку абозу шыракаваты каменны вал адзьдзяляў абоз ад нiкому няпрыдатных карлаватых кустоў-зарасьнiкаў.
У цэнтры абозу, пасярод вялiкае плошчы, знаходзiўся даволi вялiкi, збудаваны зь белых вапнякоў будынак. У буднiя днi быў ён кiнатэатрам, у нядзелю – касьцёлам. Пры польным алтары ксяндзы па чарзе служылi там iмшу. Войска не магло памясьцiцца за адзiн раз у будынку, й дзеля таго iмша паўтаралася.
Адылi ня ўсе жаўнеры iдуць у касьцёл. Праваслаўныя маюць сваю каплiцу побач галоўнае шашы. Iх невялiкая жменя, дый тая пад час службы не мае даволi месца ў палатцы, дзе ледзь памясьцiўся алтар. Сьвятар, стары сiвенькi 70-гадовы мужчына, прыбыў сюды з палякамi, вывезенымi калiсьцi з акупаваных Польшчаю зямель Заходняй Беларусi i Ўкраiны ў глыб Савецкага Саюзу. Як i ксяндзы, ён мае ступень капiтана й бярэ капiтанскi "жолд". Заданьне ягонае духовая апека над праваслаўнымi "палякамi" й iншымi.
Сьвятар служыць лiтургiю па-славянску, а казаньнi гаворыць па-польску. Язык змагаецца зь няпрывычнай мовай. Выходзiць зусiм ня гладка. Здаецца, што ў кожны момант накiнутая сiлай у царкву польшчына заглохне ў вуснах старога, язык адмовiцца слухаць гаспадара й пераключыцца на чысьцюсенькую расейшчыну.
Мiж наведвальнiкаў праваслаўнае каплiцы бальшыня радавых. Рэдка стрэнеш падафiцэра, а афiцэраў хоць ты са сьвечкай шукай. На грамнiчнае сьвята 1945 года сабралася каля сямiдзесяцi чалавек. Некаторыя ўцiснулiся ў каплiцу, iншыя прыслухоўваюцца да службы блiзка ўваходу, а бальшыня стаiць групкамi воддаль. Мова ў бальшынi польская, рэдка беларуская або ўкраiнская. Адно самыя сьмелыя й сьвядомыя ня толькi не хаваюцца, а быццам наўмысьля дэманструюць сваю няпольскую нацыянальнасьць.
Усё гэта выдаецца нейкiм нярэальным. Сказалi-б вы, што перад вамi стаяць ценi людзей, якiя баяцца самiх сябе. Выкрыўленая сьвятаром мова камiчна пераплятаецца з калечаньнем яе вернiкамi. Адчуваецца, што нечая нябачная рука прыдушыла, але зусiм не зламала яшчэ гэтых людзей. Дзесьцi ў глыбiнi сэрца засталiся родныя парасткi, якiм дай добрую пажыву, сонца й глебу – вырастуць i зацвiтуць сваiм родным.
Зусiм зразумела, што Сымона Спарыша цiкавiць, якiя тут людзi. Дзе-ж ужо тады, калi ня тут сваiх шукаць. Ён i цяпер, паслухаўшы й пэўна ацанiўшы сьвятара, лянiва блукае мiж малымi групкамi й прыслухоўваецца. На вока трапiла тройка, якiх па веку й выгляду назваў-бы спарахнелымi грыбамi. Па iх рухах i павольнай сьпеўнай гутарцы, па берэтах, што, быццам тыя сялянскiя круглыя аладкi, нязграбна ляжаць на пасiвелых галовах, Сымон дагадваецца, што гэта дзядзькi-сяляне. Капрызны лёс некалi адарваў iх ад плугоў, кiнуў на Сiбiр цi ў Нямеччыну, а пасьля прынёс аж сюды.
Адзiн зь iх, росту сярэдняга, гадоў каля пяцiдзесяцi, выцягнуў зь кiшэнi чырвоную вайсковую кнiжку й штосьцi паказвае сябрам. Гаворыць па-польску. Сымон незаўважна асьцярожненька прыблiзiўся.
– А я падаваўся беларусам, – кажа той, трымаючы ў руках кнiжку, – але пакуль запiсалi ў кнiжку, дык палякам зрабiлi.
– Ты беларусам падаўся? – пытае вастраносы, мо саракагадовы субяседнiк.
– Так. I паглядзiце – тут напiсалi паляк.
Тоўстым нязграбным пальцам тыцкае ў кнiжку. Сымон пазiрае цераз плячо. У дзвюх рубрыках, дзе павiнна быць паказана нацыянальнасьць маткi й бацькi паводле нараджэньня, густым чорным чарнiлам замазаныя два словы, а пад нiзом фiгуруе па-ангельску "полiш" (паляк).
– А вось ты не беларус, – цьвердзiць гаспадару кнiжкi вастраносы.
– Чаму так?
– Ну, бо ў Польшчы жыў. Я таксама праваслаўны, але не беларус. Я табе скажу вось што: дзе быў польскi касьцёл, там ня было беларусаў, а дзе была царква – там былi.
– Дык што гэта ты пляцеш? – адазваўся трэцi. – Гэта-ж цi ня помнiш, што ў нас праваслаўных рускiмi называлi? Так i казалi – польскiя Каляды й рускiя Каляды. Iначай я i ня чуў...
– Дык тыя, што называлi рускiмi, то й былi беларусы.
Сымон спачатку манiўся ўмяшацца ў гутарку, але пасьля памяркаваў, усьмiхнуўся й вярнуўся да сваiх сяброў.
III
Давялося за апошнiх колькi месяцаў нашым гэроям навучыцца глядзець праз пальцы на шмат якiя рэчы, праходзiць безьлiч фармальнасьцяў i дзеля таго, калi пасьля двухнядзельнага побыту загадалi iм стаць да прысягi "на вернасьць Рэчы Паспалiтай" у тым кiна-касьцёле, загад ня выклiкаў вялiкiх супярэчнасьцяў. Мо паўгода назад, калi-б нехта сказаў iм, што змушаныя будуць прысягаць на бел-чырвоны сьцяг, не адзiн плюнуў-бы гэтаму некаму ў вочы. Сяньня ўважалi акт прысягi простаю фармальнасьцю без значэньня, неабходным злом, якога нiкому зь iх ня мiнуць. Важнае было тое, што гарэла ў сэрцы, а не безьзьмястоўныя для iх гукi шаблённае прысягi ў чужой мове й чужому пану.
Адылi мы далёка размiнулiся-б з праўдай, калi-б сказалi, што нiводнаму зь iх гэта прысяга не лягла цяжкiм болем на сэрцы. Дарма што лёгiка жыцьця падказвала iншае – у сэрцах не пагасла юнацкая любоў да Радзiмы й блiзкiх. Прысяга была той тупой iржавай пiлой, што бязьлiтасна шоргала па крывавячых духовых ранах. Калi вусны аўтаматычна паўтаралi ксяндзовы словы "на вернасьць", уся духовая iстота пратэставала супраць такога гвалту. Дзесьцi з самага жыцьцёвага нутра ўпэўнены голас супакойваў, што гэта ўсё адна фармальнасьць i дурнiца, што галоўнае – гэта прысяга пачуцьця, сумленьня й гонару. Але й цяпер, як раней у Францыi, калi, трапiўшы ў палон, трэба было запiсвацца палякамi, уся натура старалася баранiцца перад новым i яшчэ горшым гвалтам.
У чацьвёртай роце ўсе рэкруты былi зь сярэдняй асьветай. Зьбiралi iх сюды, каб накiраваць пасьля ў афiцэрскiя школы, званыя падхаранжоўкамi. У першай палове студзеня 1945 году ў роце было каля паўсотнi былых кадэтаў зь менскае Школы Камандзераў БКА. Прыходзiлi групамi й паасобку: тыя, што перайшлi былi да макiсаў у Францыi, i тыя, што пасьля папалiся ў палон з трыццатае дывiзii. Усе, быццам змовiўшыся, накiроўвалiся ў чацьвёртую роту. Чым больш прыходзiла старых сяброў, тым было весялей.
Бальшыню зь iх ня зьвiхнуў бурны лёс – яшчэ больш памужнелi, набралiся практыкi, дасведчаньня, пасталелi розумам. Хоць ня кiдалася цяпер так у вочы тое патрыятычна-юнацкае злучво, дзякуючы якому некалi перамаглi супольна так шмат цяжкасьцяў, хоць, здавалася, ня было мiж iмi сяньня такой спаенасьцi, як некалi, iх трэба было лiчыць адзiным i моцным целам. Трымалiся й сябравалi мiж сабою, часьценька сьпявалi родныя песьнi й зь вялiкiм недаверам адносiлiся ня толькi да польскiх камандзераў, але й да палякаў наогул. Сваiмi рэнегатамi пагарджалi й iгнаравалi iх.
Найсьмялейшымi былi Кастусь Дзежка й Сымон Спарыш, першы мо навет больш, чымся апошнi. Дзежка, дарма што надта пацярпеў у амэрыканскiм палоне, ня страцiў ранейшага гумару. Больш таго – ён цяпер патрапiў быць здольным цынiкам. Нiколi й нiкому ня ўступаў, асаблiва-ж калi ведаў, што слушнасьць на ягоным баку. Выразна разумеў, што сьмех – гэта ня толькi здароўе, але й найлепшая зброя ў дасьведчаных руках. Сымон, што на свой век быў занадта сур'ёзным, шмат думаў i перажываў, ня мог адразу зразумець таго-сяго зь Дзежкавага захаваньня, аж пакуль адно здарэньне ня выясьнiла шмат чаго раней загадкавага.
У палатцы, дзе памяшчалiся Дзежка, Лабун, Самароб i Яронскi – чатыры менскiя кадэты – жылi й чатыры палякi: жартаўлiвы й звычайна ветлiвы, паходжаньнем дзесь з Пазнанскага краю, Чарнецкi, паважны й цiхi Фост'як, бесталковы й балбатлiвы Скронскi й бурклiвы, вечна незадаволены сын асаднiка з Заходняй Беларусi, беларусаед Мыдлеўскi. Ён ад свайго бацькi атрымаў у спадчыну тое пачуцьцё "вышэйшасьцi", панскасьцi й "лепшасьцi" ў дачыненьнi да сялянскага беларускага народу, не гаворачы ўжо аб неталеранцыйнасьцi да ўсяго беларускага ды iншых адмоўных "цнотах". Не абмiнаў нагоды, каб пазьдзекавацца над "кацапамi". Пад слова "кацапы" падводзiў ня толькi расейцаў, але й беларусаў i ўкраiнцаў. Хаця нейкiм чынам трапiў у роту "цэнзусоўцаў", некаторыя сумлявалiся, што меў сярэднюю асьвету. Пабыўшы ў Сiбiры, надта зьненавiдзеў расейцаў. Разам умацавалася ў яго й ранейшая нянавiсьць да беларусаў, на целе якiх некалi ўзрос i гадаваўся.
У Дзежкавай палатцы часьценька гулялi ў карты, пераважна ў ачко. Стаўкаю былi цыгарэты, але таму, што яны ў банку нiшчылiся й брудзiлiся, дык гулялi сернiкамi, якiя пасьля зменьвалi на цыгарэты. Гэтак у адзiн студзеньскi падвячорак, пасьля дзённых рэкруцкiх заняткаў на полi, аматары картаў заселi вакол малога столiка. Дзежку выдатна шанцавала, i пасьля няцэлай гадзiны перад iм ляжала з паўтузiна выйграных пачак цыгарэтаў. Ён паклiкаў аднаго зь сяброў, што сачылi за гульнёй, i, пашаптаўшыся, сунуў таму ў кiшэню тры пачкi. Праз паўгадзiны сябра вярнуўся з дзьвюма пляшкамi добрага вiна. Дастаў яго, пэўна-ж, ад iтальянца, шмат якiх цэлы час круцiлася каля базы, каб якi гандаль зрабiць.
– Ну, хлопцы! – пачаў Дзежка, трымаючы ў кожнай руцэ па пляшцы вiна. Ведайце добрае сэрца радавога Канстантына Дзежкi. Не хацеў-жа я абгульваць вас сяньня, але калi вы, проста сказаць, напрасiлiся, дык дазвольце мне хоць пачаставаць вас.
– Брава! Маладзец! – гукнуў Скронскi, што надта-ж любiў пацягнуць вiна, асаблiва дармавога.
– А за што-ж п'ём? – пытаўся Фост'як.
– Увага, панове, увага! – падняў уверх руку Дзежка. – Вып'ем сяньня за новы беларускi ўрад!
– Урад? А дзе-ж ён?
– А вось зараз зарганiзую.
– А мiнiстраў маеш?
– А во зараз будуць. Колькi-ж гэта мне патрэбна? Чакайце хвiлiнку: найперш мушу мець мiнiстра вайны, пасьля гандлю, гаспадаркi, замежных справаў, асьветы, нутраных справаў, – лiчыў на пальцах. – Цьфу на цябе! Ужо шэсьць трэба, а ў мяне пад рукою адно чатыры беларусы.
– Прэм'ер-мiнiстрам хiба-ж сам будзеш? – падказваў Скронскi.
– Абсалютна ясна, зразумелая рэч.
– У вас, у цэлай "Кацапii", цi знойдзецца столькi разумных людзей, каб на ўрад хапiла... – кiнуў з кутка Мыдлеўскi. Ён сядзеў воддаль ад гульцоў i ўшываў гузiк. Хлопцы й забылiся-б аб ягоным iснаваньнi, калi-б цяпер не адазваўся.
Арганiзатар "урада" зiрнуў на шляхцюка.
– Ты ня бойся. Наш просты дзядзька цябе гэткага разумнага шляхцiца прадасьць, купiць i грошы палiчыць.
– Зьдзiсек, перастань ты! – гукнуў да Мыдлеўскага Фост'як.
– Я гэтых хамаў знаю... – буркнуў той у адказ.
Дзежка ўдаў, што ня чуў апошнiх слоў.
– Ну дык давайце, хлопцы, вып'ем. Бяры, Чарнецкi, ты гэту пляшку, – сунуў Дзежка суседу вiно, – ты самы тут у нас, мабыць, паважнейшы й пачынай, а я буду з гэтай.
– Дык ты-ж ураду ня скончыў арганiзаваць, – спасьцярог Самароб.
– Няважна, братка, зарганiзую пасьля, а цяпер вып'ем за ягоныя посьпехi.
У гэты час Спарыш, пачуўшы знадворку шумiху, увайшоў у палатку.
– А вось i яшчэ адзiн мiнiстр, – паказаў на новапрыбылага Скронскi.
– Так, братка, – хлопнуў Дзежка па плячы Сымона, – добра, што на час зьявiўся. Арганiзую беларускi ўрад i якраз раздаю мiнiстэрскiя партфелi. Хочаш цёпленькую пасаду?
– То як гэта ты? – усьмiхнуўся Сымон. – З пляшкаю ў руцэ ўрад арганiзуеш?
– Ну, ведаеш, трэба-ж за здароўе й за будучыя посьпехi аблiць крышку. Дык давайце, хлопцы: за здароўе новага беларускага ўраду! – падняў Дзежка ўверх пляшку й прапаласкаў горла. – На, цягнi, Самароб, i перадавай далей.
– За здароўе беларускага ўрада! – гукнуў Скронскi й нахiлiў пляшку. Абедзьве пляшкi пайшлi па руках. Кожны, не шкадуючы, стараўся добра пацягнуць.
– Давай-жа мне, а то ўсё вып'еш! – адбiраў наступны.
– То як-жа там з партфэлямi? – пытаўся Скронскi.
– Няхай сабе то й жарт, – заўважыў Чарнецкi, – але як беларускi народ будзе нас паiць, дык, можа, й нашы суседзкiя дачыненьнi ўнармалiзуюцца.
–Ясна, абы пабольш вiна й водкi.
Усе дружна засьмяялiся.
– Дык вось што да мiнiстраў цяпер, панове, – прадаўжаў Дзежка, – Самароба назначаю мiнiстрам гандлю, Яронскага – вайны. Сымон Спарыш будзе ў мяне мiнiстрам юстыцыi – надта-ж паважная й вялiкая ў яго галава. Кацялок, панове, у яго варыць, што называецца. На мiнiстра юстыцыi падходзiць. Згода, панове?
– Згода, брава! – памог Скронскi.
– Лабуна... чакайце, што-ж тут даць Лабуну?
– Дай яму гаспадарку, – прапанаваў Чарнецкi.
– Куды ён. Гаспадар зь яго нiякi. Беларусь галадаць будзе, – жартаваў Дзежка. – Вы-ж не забывайцеся, што й вам, палякам, харчы прадаваць будзем, бо ў вас-жа на тых голых мазурах нiчога надта не расьце. Не, мусiць. На мiнiстра гаспадаркi я каго iншага знайду, а цяпер мушу Лабуна партфелем забяспечыць.
– Дай яму вонкавыя справы.
– Дай яму партфель хамскае асьветы. Будзе вучыць кацапаў, як клапоў i вошы ганяць, – параiў гэтым разам ужо надта-ж голасна Мыдлеўскi.
Усе ў палатцы сьцiхлi й пазiралi на Дзежку. Той змоўк i пачырванеў. Ледзь заўважна дрыгнула нiжняя губа. У вачах зьявiлiся маланкi. Мыдлеўскi ня першы раз дапякаў Дзежку й iншым беларусам i цяпер цi не перабраў мерку.
– Ты агiдны, сьмярдзючы паразiт! – прашыпеў зьмяёй арганiзатар "ураду". Ты гнiль з падонкаў жыцьця людзкога! Я-б цябе, гада...
Мыдлеўскi ня даў скончыць. Маланкаю кiнуўся на Дзежку. Беларус адступiў пару крокаў убок, а былы асаднiк з разгону, зачапiўшыся за нейчую нагу, бразнуўся вобземлю. Дзежка хутка накiнуўся на яго й пачаў таўчы кулакамi.
Усё гэта сталася так хутка, што адно цяпер прысутныя спасьцераглi сур'ёзнасьць выпадку. У палатцы падняўся крык i вэрхал. Змагароў пачалi разбароньваць, а Фост'як, выбегшы на двор, клiкаў службовага. У дзьвярах пачуўся прарэзьлiвы гук сьвiстка й вырасла высокая фiгура капрала падхаронжага зь бела-чырвонай павязкай на левым рукаве.
– Зва-а-жай! Што тут такое дзеецца? Што за балаган?
Змагары стаялi пасярод, засопшыся, i абтрасалi з вопраткi пясок.
– Ён на мяне накiнуўся, пане падхаронжы! – жалiўся Мыдлеўскi.
– Я на цябе накiнуўся? Ах ты, лгар! Няхай во хлопцы скажуць! – баранiўся Кастусь.
– Цi ня бойка гэта тут была? – распытваў службовы.
– Нiхто ня бiўся, пане падхаронжы, – асьмелiўся Лабун.
– Як то не бiўся? Ён мяне бiў! – крычаў паляк. – Пане падхаронжы, я ня лгу. Я яму гэтага не дарую.
– Хадзеце вы двое за мною ў канцылярыю.
IV
Камандзерам чацьвёртай роты "цэнзусоўцаў" быў сярэдняга росту, лысаваты й гарбаносы лейтанант Эдвар Цясьлюк, празваны жаўнерамi Эдзем. У войску ёсьць два роды афiцэраў: франтавыя й заднiя або школьныя. Эдзё быў дасканалым прыкладам апошняга роду. Належаў да тых, што любяць капацца ў паперах, прытрымлiвацца лiтараў загадаў, сачыць за найменшымi дробязямi; пiльнаваць, каб блiшчэла на кожным рэкруце вышлiфаваная спражка й зьзялi выглянцаваныя чаравiкi; дагледзець, каб на мушцы стрэльбы ня было анiводнай пылiнкi, каб былi зашпiлены ў жаўнерскiх мундзiрах усе гузiкi й аплiкi; спасьцерагаць, каб на паголенай жаўнерскай барадзе ня было анiводнай валасiнкi i каб у шэрагу роты, пастаўленай на "зважай", не зварухнулася без загаду анiводная постаць. Эдзё належаў да тых, што робяць усё магчымае, каб агарчыць i абрыдзiць жыцьцё рэкрутам розных ваенных школаў. Можна было-б сьмела залажыцца, што калi-б Эдзё нейкiм чынам трапiў ваяваць на фронце ў лiку рэкрутаў, якiх школiў на жаўнераў, то першая куля, якую яму давялося-б атрымаць, прыляцела-б ня з боку працiўнiка, а ззаду ад сваiх людзей. Мо з гэтай прычыны школьныя афiцэры й ня высылаюцца на фронт, хiба ўжо ў самыя крытычныя часы, калi вычарпаюцца афiцэрскiя рэзэрвы.
Адылi Эдзё, акрамя спраўнага вока на розныя неабходныя й лiшнiя дробязi, валодаў яшчэ й iншым талентам, – яму, прынамсi, здавалася, што гэта быў талент, – красамоўства. Калi не ўяўляў сябе Цыцэронам, то ўжо найменш Пятром Скаргам. Бяз сумлеву лiчыў сябе адным са слупоў узгадаваньня вызвольнай польскай армii, а дзеля гэтага акрамя найстражэйшага выкананьня загадаў i розных, часамi аж камiчных драбнiцаў, уважаў здольнасьць прамаўленьня за адзiн з найважнейшых сваiх атрыбутаў. Калi-б Эдзё, з гэтымi прамоўчымi здольнасьцямi, апынуўся нейкiм чынам на перадвыбарчай плятформе мiтынгу ў дэмакратычнай краiне, то здарылася-б адно з двух: або пасьля колькiх хвiлiн прамаўляў-бы да пустых крэслаў, або прамоўца быў-бы абшлёпаны памiдорамi й гнiлымi яйкамi. Але Эдзё быў вайсковым афiцэрам. У войску-ж цi табе хочацца цi не, падабаецца цi не, а слухаць мусiш. Афiцэр тое выкарыстоўваў i хiба сам адзiн у найбольшай меры насалоджваўся собскiмi прамовамi.
Амаль кожнае ранiцы, пасьля агульнае раньняе малiтвы, сьнеданьня, падлiку людзей i рапарта чацьвёртая рота хаця-нехаця мусiла слухаць колькiхвiлiнныя Эдзевы прамовы. У лейтананта было шмат тэм, сярод найбольш улюбёных былi – аб чысьцiнi й парадку, аб падпарадкоўваньнi загадам i аб розных духовых "цнотах".
Выпадак зь Дзежкам i Мыдлеўскiм адкрыў перад Эдзем новыя небакраi. Чампiён пашырэньня й узгадаваньня розных духовых "цнотаў" убачыў перад сабою новыя вялiкiя магчымасьцi выяўленьня сваiх прамоўнiцкiх здольнасьцяў.
Перш за ўсё назаўтра два вiноўнiкi былi паклiканы да карнага рапарту. Мыдлеўскаму лейтанант даў адно вуснае папярэджаньне, а Дзежку пакараў чатырма гадзiнамi гэтак званае "стойкi ў поўным рыштунку". Кастусь адбываў кару на працягу чатырох дзён у абеднюю пару – па адной гадзiне кожны дзень. Роўна а дванаццатай адзначаўся ў службовага падафiцэра роты. Апрануты быў як для паходу, улучна з плецаком, шлемам, патранташамi й стрэльбай. Пляцак напакаваны быў прыпiсаным жаўнерскiм рыштункам. Вопратка мела быць вычышчаная й выпрасаваная, як з-пад iголачкi. Службовы падафiцэр пасьля iнспэкцыi адводзiў Дзежку ў цэнтральнае месца на пляцы перад палаткамi роты, дзе ставiў пакаранага на "зважай" са стрэльбаю на левым плячы, i ў гэтай пазыцыi юнак мусiў адстаяць цэлую гадзiну. Каму здаецца, што гэта лёгенька, няхай паспрабуе пастаяць гадзiну, як сказаў-бы селянiн, улегцы, а ня то што наладаваўшы на сябе мо пуды два рознага знарадзьдзя. Пакараны ня мае права зрабiць найменшага руху, акрамя морганьня вачыма. Галоўная небясьпека – млявасьць, што праз пэўны час апаноўвае пакаранага. "Стойка" ў асноўным i палягае на змаганьнi ўкаранага з млявасьцю i драньцьвеньнем цела. Апрача ротнага службовага падафiцэра, што ня спускаў зь Дзежкi вока, заглядаў у роту дзеля дапiльнаваньня адбыцьця кары й батальённы службовы афiцэр.
На наступны дзень пасьля пакараньня Дзежкi Эдзё наважыўся асьвяжыць свае прамоўнiцкiя здольнасьцi. Нагодаю была раньняя зборка пасьля сьнеданьня перад заняткамi ў полi.
– Рэкруты! – пачаў да пастаўленай на "вольна" роты самародны Цыцэрон. Учора пакараў я радавога з нашай роты сумай чатырох гадзiнаў "стойкi ў поўным рыштунку пад стрэльбай". Ведаеце, што гэта адна з найцяжэншых караў, якiя ёсьць у войску, але я кажу, што за ягоную вiну – гэта кара надта лёгкая. Так, пане, гэта лёгкая кара, якую я мог адмераць за тое, што ён зрабiў. Нiколi, паўтараю, нiколi, колькi часу служыў я афiцэрам у войску, ня было мне мiла караць падуладных. Заўсёды аб гэтым зазначаў, казаў i вам колькi разоў, прасiў, каб вы захоўвалiся й трымалiся ўсiх рэгулямiнаў* i загадаў. Калi караю, дык толькi ў меру крайняй неабходнасьцi, толькi тады, калi падуладны ня бачыць, што ўсё, што я раблю, гэта дзеля ягонага дабра. Так, пане, дзеля ягонага дабра й сам заслугоўвае кары.
* Статутаў.
Гарбаносы лейтанант паправiў сваю напалеонаўскую паставу, кашлянуў разоў пару, прачысьцiў прасочанае алькаголем горла й пасьля, акiнуўшы суровым зрокам тры шнуры твараў, працягваў:
– Вы, можа, думаеце, што рэкрут Дзежка адбывае кару за звычайную бойку, пад час якой без правакацыi накiнуўся на невiнаватага сябру? Кажу вам, што не. То ня была бойка зь нейкае звычайнае прычыны. Бiлiся не таму, што падпiлi цi не падзялiлi дзяўчыны. Прычына была другая. Над ёй хачу й затрымацца.
Другi польскi корпус пасьля цяжкiх i зацяжных гэройскiх баёў у паўночнай Афрыцы пад Тобрукам i ў Iталii, асаблiва пад Монтэ Касына й на Лiнii Готаў, страцiў тысячы, а мо й дзесяткi тысяч сваiх найлепшых жаўнераў. Дарога наша са зброяй у руках да вольнай Айчыны яшчэ далёкая. Прайшлi мы, можа, толькi палавiну яе. Так, пане, хто ведае. Таму й армiя наша патрабавала новых папаўненьняў, сьвежых сiлаў. Таму, ведаючы, што акупант Польшчы сiлаю забiраў у свае шэрагi нашых "родакаў" i што яны цяпер, карыстаючы зь пераможнага маршу хаўрусьнiкаў, пераходзяць да iх масамi ў палон i жадаюць далучыцца да нас, наша каманда даўно папаўняе шэрагi корпуса палоннымi зь нямецкае армii. З гэтага дваякая карысьць: i для тых, што прыходзяць, i для нашай армii, бо яна расьце й мацнее. Найбольшая-ж з таго карысьць для нашай Айчыны Польшчы, бо ейнае дабро толькi ляжыць у нас на сэрцы.
Але не забывайцеся, што гiтлераўскi акупант Польшчы разьядаў i нiшчыў цела нашага народу. Вынiшчыўшы мiльёны голадам i ў канцэнтрацыйных абозах, ён уводзiў розьнiцу й сеяў нязгоду сярод жывых. Адным з мэтадаў такога "ружнiчкаваньня" быў вынаход на тэрыторыi Польшчы нацыянальнасьцяў, якiх раней ня было або якiя ня выявiлiся. Некаторыя людзi, якiм убiта ў галовы, што яны не палякi й што палякi – iх ворагi, трапiлi й да нас. Яны ёсьць прадукт гiтлераўскае палiтыкi, аб чым найчасьцей i ня ведаюць. Я скажу вось што: пара было-б iм прыпомнiць тыя дабрадзействы, якiмi iх надзялiла перадваенная Польшча, i забыцца...
– Ачхi! А-ачхi! А-а-апсiк! – пачулася гвалтоўнае кашляньне пару дзесяткаў асоб у роце. Эдзё раптоўна змоўк i, злосны, зачырванеўся. Былыя менскiя кадэты зрабiлi анёльскiя мiны й чакалi далейшага.
– ...кажу, варта было-б iм прыпомнiць тыя дабрадзействы зь перадваеннай Польшчы, – працягваў са злосным нацiскам афiцэр, – i выкiнуць з галавы гiтлераўскiя "бздуры". Так, пане, асаблiва цяпер, калi наша армiя ўзяла iх пад крыльлi свае апекi, павiнны яны быць удзячнымi Польшчы. Але здаецца, што яны яшчэ ня ўсвоiлi лекцыi. Пад нямецкай акупацыяй маглi пашыраць розныя дурнiцы й марыць аб нейкiм "ружнiчкаваньнi". Для нас-жа яны былi й будуць польскiмi грамадзянамi. Iхнi абавязак, так, як i наш, змаганьне за вызваленьне польскай Бацькаўшчыны. Таму дзiўна, што некаторыя зь iх, трапiўшы навет цяпер у нашыя адзьдзелы, стараюцца дэманстраваць нейкiя нацыянальныя розьнiцы. Я не хачу гэтага чуць i бачыць у сваёй роце! – крыкнуў, ледзь не запенiўшыся, нашчадак езуiта Скаргi. – Хачу папярэдзiць тых, што хочуць уводзiць у нас розьнiцы й нязгоду, што мусяць спынiць гэта неадкладна! Няхай выкiнуць з галавы гiтлераўскiя "бздуры" дзеля свайго дабра. Або яны будуць добрымi жаўнерамi й добрымi польскiмi грамадзянамi, як усе iншыя, або, калi будуць далей прадаўжаць бруднае палiтыканства, для iх знойдзецца месца па-за рамамi армii. Так, пане. Запiшыце гэта сабе на лбе, да каго гэта адносiцца!
Чампiён духовых "цнотаў" спынiўся, каб адсапнуцца, пераступiў з нагi на нагу й закончыў такiмi словамi:
– Вы ўсе ёсьць жаўнеры, й аб тым, што маеце рабiць, думае армiя, у даным выпадку думаю я. Жывеце, працуйце, захоўвайцеся як жаўнеры. У войску няма й не можа быць нiякай палiтыкi. Ясна цi не?
Рота стаяла нямая. Злосны й зьбялелы Дзежка, здавалася, каб мог спапялiў-бы зрокам i разьвеяў бы цень Эдзi.
– Пане старшыня, – звярнуўся камандзер да старшынi роты, старэнькага, але чэрствага сяржанта харонжага, – дайце дыспазыцыi да дзённых заняткаў.
V
Вечарам таго-ж дня Сымон Спарыш заглянуў у палатку да Дзежкi. Там аж у дзьве партыi рэзалi ў "ачко". Сымон пакруцiўся i, лiчачы сваю асобу лiшняй, наважыў наведаць Лабуна. Застаў яго адзiнокага ў пустой палатцы. Пры млявым сьвятле сьвечкi нешта разглядаў у кнiжцы. Лабун належаў да людзей, якiх слушна называюць кнiжнай мольлю. Калi ня бываў п'яны цi падвыпiты (што часьценька здаралася), вольныя хвiлiны прысьвячаў кнiжкам. Быў надзвычайна здольны й начытаны. Сымон часьценька клiкаў яго прафэсарам.
– Здароў, прафэсар! – прывiтаўся.
– Здароў, брат, здароў. Хадзi й прысаджвайся.
Сымон сеў побач i прыглядаўся да матэматычных фiгур у Лабуновай кнiжцы.
– Вось, братка, гэта дык неспадзеўка. Хто ў чым: адзiн у карты, другi на выпiўку, трэцi да дзяўчат бяжыць, а ты тут зь нейкiмi перапутанымi матэматычнымi фiнцiклюшкамi забаўляешся. Як цябе нешта такое цiкавiць можа ў такi час?
– Кожнаму, братка, сваё, як ты сам сказаў, – блiснуў матэматык акулярамi.
– Дык гэта ты называеш сваiм?
– Пэўна-ж. Я люблю матэматыку.
– Ну ведаеш ты што? Я-б хутчэй зразумеў, каб ты якi цiкавы раман чытаў, цi што... Не магу ўявiць, як нехта ў такiх абставiнах i пры такой атмасфэры матэматыку грызьцi можа...
– Дык вось ведай, што ёсьць адзiн такi, – распрамянiўся Лабун сьмехам, нагадваючым грымасу.
– Пахвалiся-ж хаця, як далёка залез ты па матэматычнай драбiне.
– Глядзi вось сам, – падсунуў хлапец Сымону кнiжку ў мяккай рудой вокладцы.
– Ого, братка, – кiваў Спарыш галавою, – ты ўжо так далёка, што я нiчога не разумею. Вышэйшая матэматыка? Гм... Ня ведаю, хвалiць цi ганiць. Навошта табе яна?
– А вось няхай будзе. Што навучуся – маё, нiхто не адбярэ, – адказаў Лабун абыякава.
– У школу iсьцi манiшся?
– Будзе вiдаць. Пакуль што няма магчымасьцяў.
– Можа й, выпадала-б табе пазайздросьцiць, што такую хлёсткую маеш мазгаўнiцу. Я каб i хацеў, то ня мог-бы, асаблiва ў такiх абставiнах.
– Невядома, цi лепшыя будуць.
– Я ня гэта меў на думцы. Мяне страшна прыгнятае тое, што мы воляй-няволяй папалiся да гэтых пшэкаў, i ты бачыш, якiя яны. Вазьмi гэты выпадак зь Дзежкам. Што ты думаеш наконт яго?
– Паводле нашага Эдзi, дык ён заслужыў.
– Эдзю маю ў... Пытаюся, як паводле цябе.
– Думаю, што гэта крайняе сьвiнства з боку Эдзi, вялiкая несправядлiвасьць. Шляхцюк даўно правакаваў i прасiў аплявухi. Але, ведаючы гэту псiну, цi можна было чаго iншага спадзявацца?
– Хлопцы нашы ўсе такой думкi, а палякi глядзяць па-рознаму. Можна выпадак ацэньваць з двух бакоў: як чыстую бойку – i ў даным выпадку Мыдлеўскага поўная вiна, бо ён першы на Дзежку скочыў, – або дашукоўвацца матываў i правакацыю разглядаць правакацыяй. Як нi вазьмi, якiм бокам нi абярнi, усяроўна кругом вiнаваты панок гэты. А Эдзё з поўнай сьведамасьцю судзiў аднабакова: прыпiсаў Дзежку ўсю вiну й знайшоў матывы ў нейкiм гiтлераўскiм выхаваньнi й "бздурах". Вось дык судзьдзя, каб ты галавой налажыў! Гэта-ж проста зьнявага й аплявуха для нас, беларусаў. Гэта, братка, найбольш i балiць. Якi-б ён дурны, гэты сукiн сын, нi быў, але тут прызнаць выпадае, што ведае, дзе ўдарыць у балючае месца. Хутчэй за ўсё ён кiраваўся абшарнiцкай логiкай: я тут пан, а ты – хлоп, ня варты майго польскага пса. Правоў нiякiх не маеш i дзеля таго мусiш лiзаць ногi свайму пану й яму падпарадкоўвацца. Вось як усё гэта выглядае.