Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 38 страниц)
Хлопцы зарагаталi.
– Цяпер-жа сытуацыя паправiлася, – закончыў стары Дзежка, – едзем у Розэнбэрг, а там нас будуць вызначаць на працу да гаспадароў.
23 жнiўня 1944 года адзьдзел пакiнуў Альбрзхтаў i накiраваўся ў Розэнбэрг, каб заладоўвацца на цягнiк дзеля паездкi ў Францыю.
ПАДАРОЖЖА Ў ФРАНЦЫЮ
I
Нехта недзе зрабiў вялiкую памылку, загадаўшы перакiнуць трыццатую дывiзiю з Усходняй Прусii ў Францыю. Можа, пасьля асоба цi асобы, адказныя за тое, i плявалi сабе ў бароды за такi промах, калi пабачылi, да чаго тое прывяло. Ды было позна. Мо да пастановы спрычынiлiся пэўныя мяркаваньнi, але калi такiя й былi, то, пэўна-ж, яны не палягалi на разьлiку на найбольшую баёвую выдайнасьць дывiзii ў будучынi. Хiба-ж немцы ня ведалi, што для жаўнераў трыццатае дывiзii – беларусаў, украiнцаў, расейцаў i палякаў, найбольш небясьпечным ворагам быў бальшавiзм? Хiба-ж яны не прадугледжвалi, што ў змаганьнi з Чырвонай Армiяй мала каторы зь iх дастаўся-б жыўцом у бальшавiцкiя рукi?
Людзi, што пазналi й добра адчулi панаваньне Сталiна, мелi ўсе прычыны на сьвеце, каб змагацца супраць бальшавiкоў да апошняга патрону, навет ведаючы, што на другiм баку могуць быць iхныя браты, нявышкаленыя й сiлай загнаныя ў савецкiя шэрагi. Адылi ў iх ня было нiводнае прычыны, каб змагацца супраць заходнiх хаўрусьнiкаў. Хiба-ж за нямецкi чэрствы хлеб i той "фарфлюктар", хiба-ж за спаленыя немцамi вёскi, гвалчаных жанчын, за бацькоў, старых i дзяцей? Не, нiводнай прычыны да змаганьня з заходнiмi хаўрусьнiкамi ў iх ня было. Таму й дзiўным выдаваўся загад, паводле якога дывiзiя была накiраваная ў Францыю.
Ня ўсе жаўнеры адразу й поўнасьцю ўсьведамiлi, што загад гэны быў быццам Богам пасланым збаўленьнем. Мо некаторыя й нiколi таго не спасьцераглi, хаця, як чытач пазьней пабачыць, амаль усе скарысталi пасьля з нагоды, каб апынуцца на другiм баку, дастацца ў вольны сьвет. Дый чаму-ж было ня скарыстаць?
II
Эшалён, на якi заладавалiся адзьдзелы 4-га палка, мiнуўшы Торунь, Франкфурт-над-Одрай, праязджаў праз паўднёвыя прадмесьцi Бэрлiну. Тут першы раз на чыгуначнай станцыi была супрацьлятунская трывога. Зараз-жа ўсе цягнiкi пакiдалi станцыю, не так як у Вiльнi – дзе чакалi на няпрыяцельскiя бомбы.
На чыгунцы сустракалiся работнiкi з Усходу. Жаўнеры, праязджаючы, кiдалi iм цыгарэты, на якiя тыя прагна накiдвалiся. Усходнiя работнiкi часта вiдаць былi i на палях. Цi ў адным месцы жанчыны зграбалi й зьбiралi рукамi жытнiя каласкi. Немцы старалiся не пакiнуць на полi на змарнаваньне нiводнага зярнятка. Паабапал чыгункi там-сям тырчэлi рэдкiя сасновыя лясы, а спрактыкаванае сялянскае вока адразу заўважыла, што бедныя ўраджаi далi ў гэтым годзе пясчаныя глебы Саксонii. На другi дзень пад вечар, мiнуўшы Вiттэнбэрг, цягнiк на даўжэйшы час затрымаўся ў Ляйпцыгу.
Сымон быў прыдзелены да батальённай кухнi. Мусiў дапiльнаваць, каб былi дровы, вада, каб на час была распаленая кухня, ды наагул быў на загадах у кухара Вальтэра. Каля Сымона тоўкся й Вiктар. Абодва разьмясьцiлiся на адной з каламажак, што стаялi на адкрытых плятформах. Верх зацягнулi маскавальнымi палаткамi, званымi "пляндэкамi", пазатыкалi ўсе дзiркi й шчэлкi зь пярэдняга боку, каб не прадзьмуваў вецер, а ў сярэдзiне ўладзiлi ненайгоршы мярлог. Тут-жа збоку была й кухня, якую Сымон даглядаў, а Вiктар тое-сёе памагаў.
Кухар Вальтэр – гэта сярэдняга веку карлаваты немец, якi, як сам хвалiўся, перад вайной працаваў дзесь у рэстаране. Мо ён i не працаваў у нiякiм рэстаране, бо, каб зварыць якую вайсковую гарохавую зупу, ня трэба было шмат умець, але-ж калi кухар Вальтэр гаварыў сваiм жаўнерам, што некалi працаваў у рэстаране, дык тады й няўдалая зупа навет лепш смакавала, бо Вальтэр як-нiяк быў прафэсiянальным кухарам, што дадавала смаку. Мо Вальтэр быў кухарам проста таму, што ўсе пазыцыi ў трыццатай дывiзii, дзе варылiся цi раздавалiся харчы, былi абсаджаныя немцамi – гэта таксама магчыма. Хто там надта ўваходзiў у такiя дробязi. Галоўнае, што Вальтэр варыў, а як варыў, дык гэта ўжо зусiм iншая справа. Галодная кiшка ўсё стравiць.
Дык хлопцы й прывыклi да Вальтэра, часьценька гаварылi й жартавалi зь iм. I кухар сам быў, здавалася, нядрэнны чалавек, на нiкога ня гаркаў i часьцей усьмiхаўся, чым хмылiўся, што, як вядома, было рэдкасьцю сярод вайсковых немцаў. Гэтак i пад час пастою цягнiка ў Ляйпцыгу каля Вальтэра сабралася група хлапцоў. Гутарылi аб паляках. Кухар цьвердзiў, што палякi – гэта зусiм не народ, што яны не маюць нiякай Бацькаўшчыны, што як тая скула сядзяць на нямецкiм баку. Даводзiў, што палякi паўсталi толькi пасьля 1918 года на нямецкiх землях. Адным словам, гаварыў аб паляках так, як мог гаварыць аб iх кожны немец-шавiнiст. Ад Вальтэра хлопцы даведалiся, што восьмага жнiўня палякi распачалi ў Варшаве паўстаньне, што ад немцаў моцна дасталося iм у скуру i што Варшава цяпер зусiм зруйнаваная. Паводле кухара, палякi распачалi паўстаньне, надзеючыся на хуткую падтрымку бальшавiкоў, каб захапiць уладу ў свае рукi.
Нямецкi стары чыгуначнiк апавядаў, што дзесьцi наперадзе была чыгуначная катастрофа – стукнулiся два цягнiкi – i таму гэтаму эшалёну давялося так доўга чакаць. Чыгуначнiк папрасiў у Вальтэра закурыць i скардзiўся, што ў Нямеччыне цяпер вельмi цяжка з куравам. На месяц даводзiлася скурваць ня больш чым адну пачку махоркi.
На наступны дзень ехалi праз Ваймар, Эрфурт i Айзэнах у кiрунку на Франкфурт-над-Майнам. Учарашнi манатонны краявiд замянiўся ўзгоркамi, далiнамi, густа пакрытымi садамi. Каля кожнай дарогi цяжка зьвiсалi пад вагою пладоў сукi садовых дрэваў. Месты Турынгii танулi ў зеленi садоў i таполяў. Кiдалiся ў вочы сьпiчастыя гатыцкiя сьвятынi, чырвоныя чарапiчныя дахi будынкаў, кветкi пры дамах, дагледжаныя агародчыкi. Усё гэта тварыла нязьмерна прыгожы малюнак прыроды Турынгii. Яна ўсьмiхалася цёпламу жнiвеньскаму сонцу, натхняла чалавека жыцьцём, радасьцю i хараством, быццам тысячамi галасоў старалася запярэчыць, што вунь не так далёка – на ўсiх канцах гiтлераўскае iмпэрыi – пануе сьмерць i знiшчэньне.
III
У Герстунгэн цягнiк коратка затрымаўся. З правага боку, на суседнiм чыгуначным палотнiшчы, стаяў эшалён з варшаўскiмi ўцекачамi. Гэта былi пераважна старыя й маладыя жанчыны ды дзецi. На схудзелых тварах утрывалiўся цяжкi адпячатак вайны. Цярпелi з голаду. У кожны таварны вагон было ўпакавана па 50 чалавек. Хлопцы даведалiся, што пакiнулi яны Прагу й Варшаву ў мiнулую нядзелю. Уцекачы пацьвердзiлi весткi, што места было поўнасьцю зруйнаванае й спаленае. Але змаганьне паўстанцаў прадаўжалася. Немцы вывозiлi ўсiх, хто трапляўся iм пад рукi.
Сымон аж жахнуўся, прыглядаючыся да руiнаў Франкфурта-над-Майнам. Як вокам сягнуць па правым баку чыгункi калiсь быў вялiзны горад – сяньня там засталiся папялiшчы. Толькi высокая, ведамая па ўсiм сьвеце франкфурцкая гатыцкая катэдра, як быццам той помнiк над магiлай, стаяла цэлай. Высокай сьпiчастай вежай, нiбыта пальцам, паказвала яна ў неба, можа, хочучы зьвярнуць увагу Нябеснага Валадара на тыя спустошаньнi й сьмерць, што адбывалiся ў зямным пекле.
Блiжэй, побач самой чыгункi, ня было руiнаў. Тут уся зямля была падзеленая на маленькiя лапiкi, што зелянiлiся агароднiнай. На кожным кавалачку стаяла маленькая будка, дзе, пэўна-ж, гаспадары трымалi свае агароднiцкiя прылады, а мо й самi бавiлi якi час. Толькi ў адным такiм агародчыку заўважыў Сымон згорбленага старога, што корпаўся з матыкай мiж градак. Наагул людзей нiдзе ня было вiдаць. Цi-ж Франкфурт сапраўды замянiўся ў могiльнiк?
IV
– Спарыш! Спарыш! Уставай! – пачуў Сымон праз сон.
– Чаго?
– Пара хлапцоў будзiць, каб кухню дагледзiлi.
– Добра, ужо зараз.
Сымон выкарабкаўся паволi з свайго мярлогу на каламажцы й абтрасаў салому, што там-сям папрыставала да вопраткi. Гэта клiкаў яго службовы падафiцэр Гуць.
– Ку-у-ка-а-ры-ку-у-у-у-у, – пачулася тоненькiм голасам.
– Цiкава, якога пеўнiка сьпеў мы чуем, – голасна думаў, пацягваючыся, Сымон. – Можа, францускага? Як вы думаеце, спадар Гуць?
– Хутчэй усяго што францускага, – адказаў той.
Сымон разбудзiў хлапцоў, якiм чарга была даглядаць за кухняй, заспанымi вачыма паглядзеў на ахутаныя iмглою дамы нейкага гораду ды зноў палез у цёплы яшчэ мярлог. Але ўжо больш ня мог спаць. Паволi пачалi прачынацца навокал. Па голаснай гутарцы хлапцоў з суседняга вагону дадумаўся, што нехта зь iх зрабiў ужо экскурсiю ў блiжэйшы сад i на ўвесь голас хвалiў смачныя сьпелыя яблыкi. Быў гэта голас самага выдатнага "садоўнiка" Курца.
"Садоўнiк" у гэты момант меў, пэўна-ж, шмат сяброў, бо чуваць было, як не адзiн прасiў яго, каб падзялiўся здабычай.
Калi Сымон, па некаторым часе, iзноў выкарабкаўся з хурманкi, пабачыў навокал сябе вялiкi паўразбураны горад. Зь левага боку чыгункi ляжаў густа зрыты бомбамi могiльнiк, там-сям тырчэлi павыкiданыя наверх косьцi, пахiлiлiся на бакi або зусiм павалiлiся надмагiльныя помнiкi.
– Навет i мерцьвякам супакою не даюць. Вось дык шэльмы, – вурчаў сам да сябе Сымон.
Побач цягнiка работнiкi папраўлялi пашкоджаныя бамбардзiроўкай шляхi чыгунак. Далей на левым баку вiдаць былi шматлiкiя комiны фабрыкаў. Там-жа высiлася ў праменьнях узыходзячага сонца вострая высокая вежа сьвятынi. Гэта быў Штрасбург – Эльзас, паводле таго-ж кухара Вальтэра – усё яшчэ Нямеччына.
Iзноў рушыў цягнiк i мкнуў проста на поўдзень. Побач чыгункi раськiнулiся паласатыя шырокiя палеткi, найчасьцей засаджаныя кукурузай, засеяныя пшанiцай, радзей бульбай, а найбольш – з садовымi дрэвамi й вiнаграднiкамi. Направа сонца залацiла вяршынi Вагезаў. Прыгожа ў iхных падножжах раськiнулiся шматлiкiя вёскi. Раўнiна – быццам стол. Сымон заўважыў, праяжджаючы праз станцыi, што людзi з выгляду былi тут нейкiя iншыя, ня зусiм мо такiя, як немцы, дык прыйшоў да выснаву, што, пэўна, цi не французы.
А гадзiне дзевятай ранiцы праехалi праз Кольмар, апаўднi мiнулi Мюльгаўзэн i адтуль накiравалiся на захад.
Цягнiк даўжэйшы час стаяў перад семафорам станцыi Альткiрх. З блiжэйшага домiку жанчына вынесла поўную кашолку сьпелых яблык. Колiшнiя палiцаi, быццам тыгры, напалi на здабычу. Паналадоўвалi сабе поўныя кiшэнi, так што тым, якiя на колькi хвiлiн падасьпелi пазьней, не засталося нiчога. Жанчына стаяла побач i, усьмiхаючыся, прыглядалася, як палiцаi душылiся за яблыкамi. Пабегла ў хату i зноў вярнулася з поўным кошыкам, ва ўзнагароду, што пабачыла тую самую штурханiну.
Пад вечар, каля гадзiны шостай, цягнiк прыехаў у Бэльфорт, першы, навет паводле кухара Вальтэра, ужо зусiм францускi горад. I мо таму, што ўязджалi ў Францыю, перад прыездам яшчэ кожны жаўнер атрымаў па шэсьцьдзесят штук патронаў да стрэльбы:
– Ну, братка, цяпер ужо й дадзём! Трымайцеся, французы! – жартаваў адзiн, пакуючы амунiцыю ў патранташы.
Колькi ўжо даводзiлася хлапцам бачыць разбураных i зьнiшчаных гарадоў, але пабачыўшы руiны Бэльфорту, яны аж жахнулiся. Места так было ўсеяна ямамi ад бомбаў, што, здавалася-б, не знайшоў мiж iмi цэлага няўшкоджанага лапiка, каб чалавеку льга было сесьцi. Станцыi ў горадзе ня было. Навет чыгунка й тая праходзiла па зусiм сьвежым насыпе. Паперакульваныя паравозы, вагоны, абгарэлыя руiны будынкаў, уся дашчэнту ўзараная бомбамi зямля – вось гэта быў вобраз Бэльфорту, што кiнуўся новапрыежджым у вочы.
Яшчэ таго самага вечару, праехаўшы чарапашным ходам колькi кiлямэтраў, цягнiк затрымаўся ў малой мясцовасьцi. На станцыi транспарт стаяў каля дзьвюх гадзiнаў, пасьля адыйшоў крыху назад i затрымаўся сярод поля нанач. Навокал была пастаўлена моцная варта. Тлумачылi гэта тым, што ноччу ехаць было нельга з прычыны вялiкай небясьпекi з боку францускiх партызанаў, званых макiсамi.
Ранiцою (а гэта была нядзеля) Сымон, прачнуўшыся, памыўся ў суседняй рэчцы i памог нанасiць у кухню вады. У гэны час з захаду надыйшоў ваенны транспарт, што затрымаўся побач. Гэта быў адзьдзел з трыццатае дывiзii, якi, паводле апавяданьняў, даехаў быў на нейкiх 70 кiлямэтраў да нармандзкага фронту, як раптам атрымаў загад вяртацца назад.
Шмат чаго апавядалi паяжджане. Паводле iх, у Францыi становiшча было кепскае з прычыны сiльнай, узмоцненай хаўрусьнiкамi партызанкi. Нейкая казацкая вайсковая адзiнка пайшла на лiквiдацыю макiсаў у гарах i сама была зусiм зьлiквiдаваная. У другiм месцы – апавядалi далей – адзiн транспарт з трыццатай дывiзii спынiўся нанач блiзка нейкай станцыi. Там чыгунка праходзiла праз адкрыты тунэль, вышыня якога дасягала месцамi дзесяцi мэтраў, мераючы ад узроўню чыгуначных рэек. Ноччу наляцелi амэрыканскiя самалёты й так закiдалi эшалён бомбамi, што жывымi выйшла адтуль усяго дзесяць чалавек.
Цiкава, хто так дакладна падлiчыў гэную дзесятку. Вiдаць, што перапалох меў вялiкiя вочы, а плеткары – надта-ж даўгiя языкi й нядрэннае ўяўленьне. Лiшнiм было-б сумлявацца, аднак, што ў гэных апавяданьнях была доза праўды. Вайна тут, як вiдаць, не абмяжоўвалася толькi да асноўнага фронту. Фронт быў i ззаду, як i ў Беларусi, дык i трэба было быць падрыхтаванаму на найгоршае, на ўсякiя неспадзеўкi.
Хлопцы з дванаццатай роты сустрэлi ў гэным транспарце Мельнiка, што калiсьцi быў пры школе камандзераў БКА, а цяпер – у трэцiм батальёне. Ён застаўся ў чыне афiцэра. Мельнiк апавядаў, што ў iхным батальёне, як i ў першым, кожная рота мела беларускага й нямецкага афiцэра. Не адзiн з дванаццатай роты пытаўся сябе, чаму яны ня мелi свайго афiцэра. I ўжо каму як каму, але iхняй-жа роце, колiшняй афiцэрскай школе, трэба было-б мець беларускага камандзера. I, вiдаць, было тое зусiм не прыпадковым. Мо гэта мсьцiлiся на iх цяпер за тую салiдарнасьць, выказаную аднойчы так дружна i ўдала пры страйку за харчы, а iншым разам – пасьля пакрадзеных у прускага баўэра агуркоў. Хто-ж мог ведаць...
У нядзелю днём давялося нашым хлапцам блiжэй пазнаёмiцца з французамi. Побач чыгункi з правага боку працякала невялiкая плыткая рэчка. Дзень быў спякотны й парны. Шмат хто пайшоў купацца. Каля паўдня пазыходзiлася шмат французаў, старых i маладых, хлапцоў i дзяўчат. Хоць нiхто ня ведаў мовы, там-сям бачныя былi ўсьмешкi, размахваньне рук, пры дапамозе якiх тлумачылася тое, чаго ня змог язык. Кiнулася новапрыехаўшым у вочы й сьмеласьць дзяўчат. Дзе-б вы бачылi ў Беларусi, каб узрослыя дзяўчаты так вось проста бязь нiякага сораму прыходзiлi туды, дзе купалiся жаўнеры? А тут-жа во былi побач, усялякiх выглядаў i ростаў. Што-ж, калi языка ня было. Навет i самы галоўны флiртаўнiк Кастусь Дзежка стаяў бязрадным.
БЭЗАНСОН – ВАЛЬДАГОН
I
Раньнiмi гадзiнамi 28 жнiўня 1944 году жыхары францускага гораду Бэзансон, што ляжыць на паўночна-заходнiх сьхiлах Альпаў, зь вялiкiм зацiкаўленьнем прыглядалiся да даўгой калёны войск, што, пакiнуўшы чыгуначную станцыю, пасоўвалася вулiцамi ва ўсходнiм кiрунку. Жыхары Бэзансону бачылi вайсковыя мундзiры, пэўна-ж, ня першы раз, i сам факт таго, што ў горадзе зьявiлася новае войска, ня спрычынiўся-б да вялiкага зацiкаўленьня iм. Адно, што гэтае войска, усё пяхотнае, выдавалася iм зусiм iншым, чымся тое, што бачылi дагэтуль. Найбольш цiкавасьцi выклiкала не самая людзкая калёна, але тое, што цягнулася ў хвасьце за ёю: маленькiя ў параўнаньнi зь мясцовымi конiкi, што хуткiм дробненькiм крокам цягнулi такiя-ж малыя каламажкi з падвойнымi аглоблямi й дугамi. Французам найбольш дзiўнымi выдалiся тыя дугi – бачылi iх першы раз у жыцьцi. I чатырохколавыя вазы пабудаваныя былi зусiм iнакш, чым iхныя, францускiя, але ўжо-ж гэныя малыя конiкi сваёй пародай нiяк не маглi быць сваякамi iхным францускiм цяжкiм цяглавым коням.
Дык i ня дзiва тады, што амаль усе аддавалi асноўную ўвагу коннаму вабозу. Ён быў прадметам гутарак i пераважна насьмешак. Апошнiя плылi ня толькi на адрас самых вайскоўцаў i iх хурманак, што йшлi ў гэным часе па вулiцы, але i на адрас "бошаў" – немцаў. I як-жа было не сьмяяцца з будаўнiкоў "новай Эўропы", якiя даваявалiся да таго, што паклiкалi на дапамогу адзьдзелы, якiя так выразна рэпрэзентавалiся перад варожым насельнiцтвам такiм выдатна-сваеасаблiвым транспартам? Хутка прыйдзе iм канец – так, напэўна, заключылi французы свае выснавы з тых назiраньняў.
Вестка пра гэтае дзiўнае войска хутка разжляцелася па Бэзансоне й суседнiх вёсках, найперш тых, што ляжалi побач шашы ў Вальдагон. Спынiўшыся на часовы адпачынак у наступнай за горадам вёсцы, жаўнеры заглянулi ў шматлiкiя крамы. Тыя, што ўжо нейкiм чынам прыдбалi франкi, накiнулiся на вiно. Крамнiкi надта неахвотна бралi ў заплату нямецкiя маркi. Дый чаму-ж мелi-б браць? Яны зусiм справядлiва варажылi, што днi нямецкага панаваньня былi палiчаныя. А пасьля што ты будзеш рабiць з маркамi?
Не адзiн крамнiк усьпеў ужо распытацца й даведацца, дарма што жаўнеры ня ведалi францускае мовы, пра iхную нацыянальнасьць.
– Нон алеман? – пытаўся крамнiк, паказваючы пальцам на прысутнага жаўнера. Той па нейкiм часе здагадваўся, што, мусiць, пытаюцца, якой ён нацыянальнасьцi.
– Но, нон алеман, – адказваў. – Я – белорусьен, рус блянк, – тлумачыў.
– Рус блянк? – кiваў зь цiкавасьцi галавой крамнiк.
Хто ведае, цi ня думаў, што жаўнеры гэтыя былi белымi расейцамi, у адрозненьне ад чырвоных. Пасьля мо ў галаве ягонай узнiклi iншыя, зьвязаныя з гэным пытаньнi, на якiя не ўдалося-б здабыць ад гэтых людзей адказу.
– Шпрэхэн зi дойч? – пытаўся крамнiка жаўнер. Француз з запярэчаньнем кiваў галавой, што па-нямецку не разумее. На гэтым звычайна гутарка канчалася. Жаўнер паказваў пальцам на палiцы тое, што хацеў купiць, зь цяжкасьцю дагадваўся аб цане, iзноў-жа паклiкаючы на дапамогу рукi, i, заплацiўшы, выходзiў.
II
Асфальтавая, добра дагледжаная шаша вiлася па гарах i ўзгорках, часта разьдзяляючы падгорныя зарасьнiкi й лясы, месцамi рэжучы горныя скалы. Прадугледжваючы магчымасьцi нечаканае засадкi з боку партызанаў, была выдзеленая й высланая на фронт калёны пярэдняя старожа ў сiле адной дружыны. Яна йшла са зброяй напагатове. Заўсёды трымалася на адлегласьцi зрокавага кантакту з галоўнай калёнай. Такая-ж самая старожа замыкала калёну ззаду. Хоць войска было больш двух батальёнаў i непраўдападобным магло здавацца, што французы кiнуцца ў ясны дзень на змаганьне з такой сiлаю, меры асьцярожнасьцi былi нармальнымi ў чужой няпрыяцельскай тэрыторыi.
Конiкам, асаблiва ўзьбiраючыся пад горы, даводзiлася цяжкавата. Наагул падарожжа было вольнае й маруднае. Дакучала сьпякота. Дарога пуставала. Рэдка праедзе ў заходнiм кiрунку вайсковая аўтамашына.
Першую ноч пасьля Бэзансону адзьдзел затрымаўся пры дарозе на чыстым полi. Ноччу разбудзiў жаўнераў густы лiвень. Спалi пад наскора пабудаванымi палаткамi. Кожны меў трохкутны густы й непрамакальны кавалак матэрыялу, званы "пляндэкай", або проста маскiроўкай. Па самай сярэдзiне яе была прарэзаная падоўжаная адтулiна, у якую ўсоўвалася галава ў выпадку, калi маскiроўка апраналася. Канцы-ж зашпiльвалiся навокал каля пояса. Калi трэба было пабудаваць палатку, чатыры жаўнеры складалi свае трыкутнiкi-маскiроўкi, прымацоўвалi нiжнiя канцы матузамi да паўбiваных у зямлю калочкаў, i было гатовае "памяшканьне", дзе, хоць у цеснаце, магло памясьцiцца чатыры ўдзельнiкi. Дый спаць было цяплей. Трэба прызнаць, што выдумаў гэныя маскiроўкi нехта надта практычны, бо служылi яны дзьвюм мэтам: для апрананьня й для аховы ад ападаў у часе адпачынкаў.
Жаўнеры трыццатае дывiзii зь вялiкай цiкавасьцю прыглядалiся да францускiх гарадоў i вёсак. Найбольш дзiўным выдалася iм вялiкая колькасьць гандлёвых рэкламных шыльдаў. У Беларусi гэтулькi ня было. Цэлыя франты крамаў былi размалёваны й пазавешаны рэклямамi. Рэдка дзе пуставаў кавалак сьцяны. Сымону яшчэ раней, прыкладам, вельмi дзiўным выдаўся нейкi вялiкi надпiс, што займаў цэлую сьцяну сялянскай пунi ў прыдарожнай фэрме. Гэтая рэкляма была-б проста дзiвам у Беларусi. У тым знадворным выглядзе краiны жаўнеры й бачылi найперш асноўную розьнiцу мiж Францыяй i iхняй Бацькаўшчынай.
Хлопцаў з дванаццатай роты апанавала нейкая абыякавасьць. Рэдка былi чуваць гутаркi. Калi дзе пад час маршу пры дарозе напаткалася яблыня, абкiдвалi яе з усiх бакоў палкамi й хутка падбiралi ападкi. Немцы не глядзелi скоса й ня крычалi ўжо, што тут "кайн Руслянд".
III
На другi дзень пад вечар адзьдзел прыйшоў у мясцовасьць Вальдагон i затрымаўся на адпачынак у бараках. Быў тут вялiкi й выгадны вайсковы вабоз, прыгожа расплянаваны на плоскай падгорнай раўнiне. Вiдаць было, што ня быў ён на скорую руку пабудаваны вайною, а, мабыць, раней.
Было тут i некалькi кухняў, i сталовых, i заля са сцэнаю, дзе, пэўна, некалi забаўлялi вайскавiкоў мастацкiя гурткi, i лазьнi, i маса розных будынкаў, што служылi складамi, i наагул усё неабходнае для вайсковага жыцьця.Проста на поўнач ад вайсковага вабозу знаходзiўся вялiкi кавалак поля для вайсковых шкаленьняў. Там былi стрэльбiшчы й палi практыкаваньняў, плошчаю мо на пяцьдзесят квадратных кiлямэтраў.
Дванаццатая рота разьмясьцiлася ў двух суседнiх бараках. Зь вялiкiм задавальненьнем некаторыя заўважылi, што на жалезных ложках былi сьвежапанапiханыя сеньнiкi. Цi адзiн ужо, кiнуўшы збоку сваю зброю й вайсковыя клункi, зь вялiкай насалодай выпрастаўся на пасьцелi, адчуваючы прыемную мяккасьць сена. Прыемнасьць трывала каротка. Прыйшоў загад, што ўсе без вынятку неадкладна павiнны здаць усю амунiцыю. Гэткi нязвычайны загад зацiкавiў не аднаго. Пачалiся адразу здагадкi й роспыты. I няведама дакладна, хто й адкуль прынёс тую вестку, мо навет яна раней яшчэ трапiла ў адзьдзел, што затрымаўся цяпер у Вальдагоне, – цяжка было ўстанавiць. Адно, што калi немцы загадалi здаць амунiцыю, дык тут-жа адразу знайшлося й паясьненьне: адзьдзелы з трыццатае дывiзii ў шматлiкiх месцах i нярэдка масава пераходзiлi ў горы да францускiх макiсаў. Паясьненьне было зусiм рацыянальнае. Усе адразу паверылi.
Характэрнай была настойлiвасьць немцаў, каб нiхто не пакiнуў пры сабе нiводнага патрону. Мусiлi здаць якраз па шэсьцьдзесят штук, колькi былi раней атрымалi. Бяда была тым, што па дарозе згубiлi адзiн цi пару патронаў. Як-жа ты давядзеш немцу, што згубiў?
Загад аб здачы амунiцыi лiшнi раз пацьвердзiў, што немцы не давяралi беларусам. Каму было малавата довадаў да гэтага часу, той цяпер канчаткова пераканаўся. Думкi аб уцёках у горы да макiсаў былi ўжо ў некаторых юнакоў з дванаццатае роты й раней, амаль зь першага дня прыезду ў Францыю. Цяпер-жа, калi прыходзiлi з усiх куткоў чуткi, што беларускiя адзьдзелы пераходзiлi да французаў, зьявiўся штуршок, падахвочаньне, прыйшла й сьмеласьць. Iдэi пачалi крышталiзавацца. Быў грунт для зьдзяйсьненьня задуманага. Хiба-ж тыя колькi дзесяткаў нямецкiх афiцэраў ды падафiцэраў маглi стаць перашкодай пры зрэалiзаваньнi пляна? Асноўнае – трэба было здабыцца на тую сьмеласьць, уплянаваць, а там ужо неяк пойдзе.
IV
Даўно сьцiх шум у бараку. Людзi, што ўжо два месяцы не спалi пад страхою будынку, акамянелi моцным сном. Некаторыя працяжна храплi. Толькi Сымон зусiм ня спаў. У галаве маячылiся розныя думкi, уражаньнi, успамiны. Перш за ўсё прыгадаў, што гэта быў вечар 29 жнiўня – роўна два месяцы з таго часу, калi афiцэрская школа пакiнула Менск.
Вось ён i цяпер бачыць сябе, як мерыць крокамi менскi запылены брук. Плечы давiць цяжкi жаўнерскi хатуль, едкi пыл душыць горла. Ён Сымон Спарыш, пакiдае за сабою сэрца Беларусi – Менск. Уся iстота моўчкi пратэстуе супраць такога нечаканага гвалту. Ён усхваляваны. Ногi быццам адмаўляюцца ступаць наперад. Маршыруе маўклiвы, апусьцiўшы галаву. Як-жа выразна нарысаваўся ў памяцi ягонай гэты момант, той памятны нешчасьлiвы дзень! Дзе гэта ён спынiцца? Цi ў той абяцанай Турнам Гораднi?
Ажно вось прайшло роўна два месяцы, й за гэты час лiхi лёс закiнуў яго зь сябрамi за тысячы кiлямэтраў ад дарагой радзiмы, на другi канец Эўропы, аж у негасьцiнныя францускiя Альпы. Чаго тут апынуўся? Што тут мае рабiць? Ваяваць? За каго? Ягоная-ж Бацькаўшчына й так ужо страчаная. Вораг даўно вунь зьдзекуецца над гаротным народам. Пакiнуў адзiн, пайшоў другi, а гвалт i зьдзекi надалей прадаўжаюцца. Толькi зьмянiлiся крывавыя катнiя рукi. Значыцца, ужо страцiў усё найдаражэйшае – Бацькаўшчыну й сям'ю. Адно засталася свая галава. I як-бы тады было, калi-б i гэта апошняе давялося трацiць? Цi мае ваяваць за немцаў супраць французаў, што таксама, як i беларусы, цярпелi пад панаваньнем нялюдзкага акупанта? Тое-ж было-б запярэчаньнем усялякай лёгiкi. Адносна гэтага ня было нiякiх сумлеваў. Ён даўно разьмежаваў ворагаў ад прыяцеляў. Бунтарны дух нiяк ня мог пагадзiцца, што мусiць выконваць загады тых, якiх ненавiдзеў. Неяк прыйшлi на памяць радкi верша, што ўлажыў некалi, будучы шчэ ў Вiльнi:
Павесiм немцаў на вяроўку
I скуру пасмамi здзяром,
А бальшавiцкаму звяругу
Сякерай голаў адсячом.
Сымон i раней ня думаў вешаць усiх немцаў, адно тых, што зьдзекавалiся над ягоным народам, самых асноўных гiтлераўскiх катаў, што палiлi беларускiя вёскi, жанчын, дзяцей. Дый вершык той злажыўся ў яго зусiм бязь нiякiх разумовых намаганьняў, а проста спрычынены быў мо аж надмерным патрыятызмам i нянавiсьцю да ўсiх ворагаў Бацькаўшчыны, перадусiм бальшавiкоў i гiтлераўцаў.
Вось i цяпер гэны вершык прыгадаўся. Як там ужо будзе з вешаньнем немцаў, думаў Сымон, але-ж у горы да францускiх партызанаў то скаблянуць можна. Ёсьць усе магчымасьцi. Дык i чаму-ж не скарыстаць? I Сымон аж заварушыўся на пасьцелi ад такой новай, маласпадзяванай думкi. Крыху дзiвiўся, чаму гэта раней такая добрая iдэя ня прыйшла. Але-ж i цяпер яшчэ ня позна. Там трэба будзе з тым-сiм пагаварыць, супольна абмеркаваць. А мо й ня толькi ў яго аднаго такая думка ёсьць, мо i ў каго iншага? Дык тады мо й разам? Варта падумаць больш глыбей, абмеркаваць усе "за" i "супраць", як кажуць. Гэта-ж бо такi важны жыцьцёвы крок меў бы быць. Дый ня толькi важны, але й небясьпечны. Асаблiва-ж небясьпечны. Крыху рызыкоўна, бо й краiна чужая ды няведамая. Але якая-ж iншая магчымасьць ратунку? Жыцьцё-ж належыць да адважных i сiльных духам.
Прыгадалася Сымону, што да гэтага часу анi ён, анi сябры ягоныя – нiхто не даваў вайсковае прысягi. Спарыш не ўважаў прысягу, як некаторыя iншыя, за чыстую фармальнасьць. Прысяга для яго была таксама нечым большым, чымся ўрачыстая дэкларатыўнасьць. Яна абазначала поўнае адданьне, без рэзэрву, без павароту, усяе свае духовай й фiзычнае iстоты на службу Бацькаўшчыне, народу. Магло пасьля прыйсьцi Бог ведае што – раз дадзеная прысяга для Сымона былаб сьвятым правам i абавязкам на цэлае жыцьцё.
Лежачы ў Вальдагоне ў бараку на пасьцелi, Сымон пастанавiў злажыць прысягу на вернасьць Бацькаўшчыне. Лiчыў, што час i месца зусiм ня горшае, чымся якое iншае. Дагэтуль – дарма што пайшоў у беларускую армiю – нiхто не парупiўся зь яго й пару сотняў iншых сяброў узяць прысягi. Тут-жа чалавек стаяў на парозе няведамага, цёмнага, небясьпечнага. Хто ведае, што можа стацца, куды лёс закiне. Што-б у будучынi зь iм, Сымонам, нi здарылася, якiя-б нi давялося рабiць фармальнасьцi, куды-б нi давялося трапiць – няхай Бог i Бацькаўшчына ведае, што ягоная ўрачыстая прысяга ёсьць сьвятым словам, абавязкам, вехаю дарожнай, якая будзе накiроўваць яго ў будучынi. "Няхай Бог усемагутны будзе мне сьведкам, – шапталi ў цемнаце вусны, – дарагая мая Бацькаўшчына, што на ўсё жыцьцё прысягаю служыць Табе й толькi Табе. Колькi ў мяне стане сiл, здольнасьцяў, здароўя – усё аддам для Твайго дабра. Прысягаю на сьветлую памяць пакойнай маткi маёй, на нявiнную кроў маiх суродзiчаў, на памяць загiнуўшых нязьлiчоных нашых змагароў за лепшую долю, што верным застануся Табе аж да сьмерцi. Калi-б я сьведама адрокся тут прырэчанага – няхай мяне пакарае Бог. Сьведкамi гэтаму ёсьць маё сэрца й сам Усемагутны".
Аж сьлёзы пакацiлiся з вачэй, Сымон так сябе ўзрушыў, так усхваляваўся, што толькi цяпер, пасьля даньня волi сэрцу й душы, пасьля прысягi, супакоiўся. Незадоўга ўжо спаў моцным i спакойным сном.
V
Ранiцою, пасьля скупога сьнеданьня й атрыманьня ўсёй, учора здадзенай, амунiцыi назад, даўгая шэра-зялёная калёна накiравалася проста на поўнач. Дзень быў сонечны й душны. Маршыравалi павольна. Пераначаваўшы па дарозе яшчэ адну ноч, на другi дзень дайшлi да рэчкi Дуб, што плыла лагчынай, з абодвух бакоў абмежаванай гарамi. Войска павярнула шашой на ўсход. Сымон цэлы час iшоў моўчкi i ўсё песьцiў тую неспадзяваную думку аб уцёках у горы, што ўчора так раптоўна стрэлiла яму ў галаву.
– Што-ж ты так нос павесiў, быццам-бы бацьку ў магiлу пахаваў? – пачуў бас каля левага вуха. Гэта быў Вiктар.
– Ведаеш, я й сам думаў з табой парадзiцца, але раней пастанавiў яшчэ перадумаць i абмеркаваць. Таму й нос, як ты кажаш, павесiў. Цi ня варта было-б смаргануць нам у горы?
– Як гэта ў горы? – зьдзiвiўся той.
– Звычайна. – Сымон азiрнуўся навокал, цi хто не прыслухоўваецца.
– Да францускiх партызанаў, – дакончыў амаль шэптам.
Вiктар ня выказаў зьдзiўленьня. Добрых некалькi хвiлiн iшоў побач, нiчога не адказваючы, ды, здавалася, перажоўваў такую новую iдэю.
– Га? Што ты думаеш? – перапытаў Сымон.
– Цяжка так адразу сказаць. Там няведама, дзе й да каго трапiш, мовы францускай не знаеш... Ды хто яго ведае. Надта-ж рызыкоўна.
– Я ведаю, што рызыкоўна. Небясьпека вялiкая як з боку адных, так i другiх. Але падумай, як-жа тут далей быць? Паўгалодныя цэлы час жывём. Пачакаўшы-ж, пакуль прыйдзе фронт, у такое пекла трапiш, што сам Бог ведае, як удасца ўцалець. А выжыць трэба было-б за ўсялякую цану. Не за таўстапузых швабаў, а за сваю Бацькаўшчыну мы йшлi ваяваць.
– Гэта лiшнiм i гаварыць... Ведаю, што ваяваць няма за каго. Можа, й варта было-б уцячы. Толькi трэба было-б абдумаць, як гэта зрабiць...
– Дык вось давай i абдумаем.
– А як ты думаеш уцякаць – нам дваiм цi ўсiм гуртам?
– Лепш было-б усiм гуртам, гэта ясна. Калi-б пасьля дзе й трапiлася небясьпека, дык лягчэй было-б. Ды каб i да французаў цэлая сiла людзей прыйшла, дык больш лiчылiся-б. А то пару чалавек – чорт ведае каму можна ў рукi папасьцiся.
– Трэба лiчыць на ўсё, навет на самае найгоршае.
– Вось-жа пра тое i йдзе. Варта было-б пагутарыць з блiжэйшымi хлапцамi й паглядзець, што яны думаюць. Мо хто яшчэ знойдзецца.
Памаўчалi.
– Слухай, – распачаў зноў Сымон, – пад час абедняга перапынку давай парадзiмся з Кастусём i некаторымi iншымi. Пабачым, што яны аб гэтым думаюць. Калi-ж нiхто ня знойдзецца для кампанii, дык смарганём удвух.
– Няхай будзе й так, – згадзiўся Вiктар. – Толькi-ж калi-б давялося нам удвух, то як i калi гэта зрабiць?
– Няма нiчога лягчэйшага. Адышоўся набок у кусьцiкi, быццам дзеля патрэбы, пачакаў, пакуль усе пяройдуць, а там i гайда...
– Так проста?
– Нiчога ня можа быць прасьцейшага. Немцы навет не заўважаць да наступнай. зборкi, а тая будзе ўжо аж надвечар, як затрымаюцца.