Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 37 (всего у книги 38 страниц)
Нягледзячы на афiцыяльны характар захадаў, шмат беларусаў не магло пазбыцца нагнанага да гэтага часу палякамi страху перад самавыяўленьнем. Арганiзаваньне йшло марудна. У кожным амаль адзьдзеле меншыя афiцэры стаўлялi розныя перашкоды. Адны застрашвалi, фабрыкавалi iнтрыгi й плёткi, iншыя адмаўлялi, трэцiя iгнаравалi просьбы iнiцыятыўных арганiзатараў, чацьвёртыя адкрыта ставiлi перашкоды й не дазвалялi анi нарадаў, анi тварэньня адзьдзелаў. Перамагаў ранейшы недавер i нялюбасьць палякаў да ўсяго чужога.
Адылi арганiзацыйнага прагрэсу беларусаў не ўдалось iм спынiць. Хутка расло новае цела. Выяўлялiся людзi, дужэў нованароджаны арганiзм. У Лондане навокал двух першых iнiцыятараў зьбiралася кiраўнiчая група. Адбывалiся паседжаньнi часовае ўправы Згуртаваньня Беларусаў у Вялiкай Брытанii, рабiлiся пляны першага агульнага зьезду, апрацоўваўся праект статуту, абмяркоўвалiся пляны куплi першага Беларускага дому.
IV
Зiмовым вечарам 1947-га году ў перапоўненай пiўнушцы лёнданскага раёну Сого пры колькiх сталах на покуцi сядзелi тры групы маладых жаўнераў. Сталы былi застаўленыя пляшкамi й шклянкамi зь пiвам. Жаўнеры ня прыглядалiся, здавалася, да каляровай публiкi, што тут зьбiралася. Таўставатая жанчына сярэднiх гадоў, перакулiўшы, вiдаць, некалькi порцый вiскi, барабанiла разбразганым пiянiнам i падпiтым голасам то цягнула "Му Johnу is over the ocean", то зноў вярталася да "Onlу Five minutes more"*.
* "Мой Джонi за акiянам", "Толькi пяць хвiлiн больш" (англ.)
Пры адным стале сядзелi Вiктар Сянькевiч, Кастусь Дзежка, Вiктар Караткевiч i Сымон Спарыш. Па суседзтву былi сябры, зь якiмi некалi пачалi супольную вандроўку з Паўночных казармаў на менскiм бруку. Ад гэтага дня мiнула два з паловаю гады. Час узбагацiў iх вялiкай практыкай, прыспорыў цярпеньняў i выкiнуў на чужы незнаёмы бераг. У сэрцах гарэў нязгасны зьнiч вялiкага каханьня да паняволенага народу. Няведаньне лёсу пакiнутых дома блiзкiх й найдаражэйшых, вечная журбота па родных, цяжкое перажытае ды няпэўнасьць заўтрашняга адлюстравалася як на iхных выглядах, так i ў духовых iстотах. За пару зь лiшнiм гадоў перажылi тое, што людзi ў нармальныя мiрныя часы праходзяць за дзесяткi, калi наогул спатыкаюць на жыцьцёвых дарогах сваiх нейкiя лiхалецьцi.
У пiўнушцы пры сталох былых менскiх кадэтаў вялiся ажыўленыя гутаркi. Шмат хто даўно мiжсобку ня сустракаўся. Заўтра мае адбыцца першы агульны зьезд Згуртаваньня Беларусаў у Вялiкай Брытанii, i гэта падзея была для iх ня толькi днём супольнае сустрэчы, але й пэўнага трыюмфу. Як-нiяк будавалi новае, пракладалi новыя шляхi на тым агульным шляху, якi некалi мае завярнуць на вызваленую Бацькаўшчыну.
Пад хмяльком дзялiлiся цяпер рознымi згадкамi зь перажытага, чутага, бачанага. Нагода-ж была першая й агульная.
– Маладзец ты, Вiктар. Адным словам, Капанскаму кажаш, межы беларускiя паказаў. Нявузка! – гаварыў Сянькевiчу Кастусь Дзежка. – За тваю працу мала цябе пахвалiць, але, мусiць, прыйдзецца й паставiць. Як ты думаеш, Сымон?
– Прапанову падтрымоўваю.
– Гэй! – паклiкаў Дзежка кельнара й замовiў чатыры вiскi.
– А ты помнiш, Кастусь, як мы ў Занеўскага твае боты ў Вiльнi на адыходзе з Бацькаўшчыны прапiлi? – прыгадаў Вiктар Караткевiч.
– I добра зрабiлi, а то чорту рагатаму Веньцю засталiся-б.
– Хапiла яму й Сымонавага кажушка.
– Ха-ха-ха! – зарагаталi дружна два Спарышовы сябры.
– Ты, мусiць, не ведаеш, Сянькевiч, пра Сымонаў кажушок. Трэба будзе табе пры нагодзе расказаць, – прыабяцаў Дзежка, а Вiктар Сянькевiч слухаў зь ветлiвай загадкавай усьмешкай.
Кельнар паставiў перад хлопцамi чатыры порцыi шкоцкага вiскi.
– Ну то, хлопцы...
– За што-ж вып'ем?
– Ты, Дзежка, прапануй.
– Сябры, як паперакульваем чаркi, то вобземлю iх, бо будзем пiць тост за нашу галоўную мэту! – прыўстаў Дзежка, а за iм i сябры.
– Добра. Дык аб гэтай мэце давай.
– Сябры! Прапаную выпiць за хуткае вызваленьне нашае Бацькаўшчыны! I давайце будзем старацца ўсiмi сiламi, каб тое вызваленьне прысьпешыць!
– За вызваленьне!
У адзiн мiг апусьцелi чаркi й адна за другой пырснулi кавалкамi дробнага шкла на падлозе ў кутку.
– Брава, хлопцы! – захапiўся Дзежка й зрокам нявiннага сустрэў устрывожаны погляд кельнара. Падхмеленая публiка прыцiхла, зацiкавiўшыся водгаласам шкла.
– А ты чаго, брат, так перапалохаўся? – гаварыў Дзежка кельнару. – За чаркi зараз плачу. Мы пiлi за вызваленьне! Разумееш? Адкуль ты можаш разумець. Ты думаеш, братка, што Гiтлер быў найгоршы, але пачакай. Ты ня ведаеш маскалёў!
V
Назаўтра вялiкая заля ў будынку на Лiндэн Гардэнс была перапоўненая жаўнерскай масай. Пазьяжджалiся з розных адзьдзелаў чужое армii, з усiх закуткаў Вялiкае Брытанii. Сабралася звыш паўтары сотнi сяброў i дэлегатаў. Было-б, пэўна, больш, калi-б не перашкоды шматлiкiх афiцэраў, якiя адмаўлялiся выдаваць пропускi на гэты, паводле iх, некарысны для польскiх iнтарэсаў зьезд. Але лёд быў праламаны. Першы зьезд Згуртаваньня Беларусаў Вялiкае Брытанii меў быць асноўнай вехай на шляху да самавыяўленьня й згуртаваньня беларусаў з польскае армii, а пасьля й iншых беларускiх эмiгрантаў у Ангельшчыне.
I гэтыя сябры й дэлегаты арганiзацыi, першыя жаўранкi першага ў гiсторыi беларускага зьезду-зьлёту ў Ангельшчыне, адчувалi ўрачыста-сьвяточны настрой дня. Як-нiяк гэта яны, сыны працоўнага беларускага народу, сяньня яшчэ жаўнеры-выгнаньнiкi, мелi палажыць трывалкiя падвалiны пад першую беларускую нацыянальна-грамадзкую арганiзацыю на гэтым iмглiстым абтоку. Вонкавай адзнакаю сьвяточнасьцi i ўрачыстасьцi была вялiкая "Пагоня" на сьцяне й засланы нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам стол прэзыдыюму.
Тыя, што гадамi ня бачылiся, доўга й сардэчна сьцiскалi рукi, знаходзiлi згубленых, здабывалi новых сяброў, сьмялелi й нанава ажывалi духам у вялiкай роднай грамадзе. Былi мiж iх тыя, што належалi да сваiх арганiзацый дома, былi й такiя, якiм нiколi не давялося быць сябрамi беларускiх гурткоў. I вось першы раз на вольнай, хоць i чужой зямлi зьехалiся яны, як вольныя людзi, каб абгаварыць i наладзiць справы, якiя ўсiм роўным цяжарам ляжаць на сэрцах. I самi радзiць, пастанаўляць будуць, супольныя раны гаiць i моцы ў далейшым змаганьнi за вызваленьне Бацькаўшчыны набiраць.
Старшыня Часовае Ўправы ЗБВБ прафэсар Гук адкрыў зьезд i цёплымi словамi вiтаў сяброў i дэлегатаў. Гаварыў з узрушэньнем, але выразна й паволi, быццам стараючыся нацешыцца сьведамасьцю гiстарычнага моманту.
– Сабралiся мы тут сягоньня, – гаварыў ветэран беларускага незалежнiцкага руху, – каб палажыць цьвёрдыя асновы пад нашу першую незалежнiцкую грамадзкую арганiзацыю ў Вялiкай Брытанii. Дзеля развагi дзьвюх асноўных праблемаў зьявiлiся мы ўсе ў Лёндан; першая зь iх – гэта праблема нас самiх, значыцца, нашага перадусiм арганiзацыйнага, а ў ня меншай меры й прыватнага, iндывiдуальнага жыцьця на чужыне, а другая – гэта праблема нашай паняволенай Бацькаўшчыны.
Мы ўсе сяньня стаiм на парозе новага й няведамага. Войска канчаецца. Мусiм iсьцi ў цывiльнае жыцьцё, выбiраць сабе месца жыхарства да часу, як мы надзеемся, ня так далёкага павароту на вольную Бацькаўшчыну. У сувязi з гэтым перад кожным з нас паўстае шмат праблемаў. Шматлiкiя зь iх кожны з нас вырашыць самастойна, але будуць i такiя, якiя лепш i з большым посьпехам вырашым супольна. Гэтае вырашэньне й дапаможа мiжсобку й будзе адной з асноўных мэтаў нашай новапаўсталай арганiзацыi.
Бацькаўшчына наша знаходзiцца сяньня ў маскоўска-бальшавiцкай няволi. Народ беларускi стогне ў непасiльным ярме маскоўскай калгаснай паншчыны, чужынцы паступова й мэтадычна эксплуатуюць ягоныя матэрыяльныя багацьцi й людзкiя рэзэрвы. Народ ня мае нiякага голасу ў справах свайго жыцьця й будучынi. За яго й ад iмя яго гавораць тыя, што яго прыгнятаюць. Бальшыня нас тут прысутных шмат цярпела пад цiскам нялюдзкай маскоўска-бальшавiцкай бязбожнай сыстэмы й дасканала ведае, цi можа ўяўляць сабе тое жахлiвае палажэньне, у якiм апынулiся нашы суродзiчы на Бацькаўшчыне.
Дзякуючы незалежным ад нас абставiнам, знаходзiмся мы на гасьцiннай ангельскай зямлi й хоць будзёншчына наша – цяжкая, будучыня – цёмная, а сэрцы нашы стала тужаць за Бацькаўшчынай, мы – вольныя людзi. Мы маем адно незаменнае й для жыцьця неабходнае, чаго ня мае паняволены народ наш: вольнасьць слова, рэлiгii, згуртаваньня, прапаганды, прыватнай собскасьцi й шмат iншых вольнасьцяў.
Такiм чынам, само палажэньне наша накладае на нас вялiкiя абавязкi. Перш за ўсё, безумоўна, як я ўжо раней успомнiў, будзем тут на зьезьдзе радзiць i абмяркоўваць, як дапамагчы самiм сабе. Грамадою гэта зробiм лягчэй i хутчэй. Але не забываймася аб нашым асноўным абавязку, гэта аб тым, што мы, як згуртаваная ўжо й сiльная адзiнка, мусiм расказаць сьвету аб здзеках над нашым народам, аб ягоным змаганьнi за вольнасьць i незалежнасьць, аб тым, што народ не жадае ўлады Масквы, што хоча сам гаспадарыць бяз прымусу крамлёўскiх чыноўнiкаў i iхных падхалiмаў. Вольны сьвет пра наш народ i ягонае вызвольнае змаганьне ведае мала або й зусiм ня чуў. Тут i ёсьць наша асноўнае заданьне: праз нашу грамадзкую й палiтычную працу, як тут, у Вялiкай Брытанii, так i ў iншых краiнах пасяленьня беларускае эмiграцыi, расказаць вольнаму дэмакратычнаму сьвету праўду аб беларускiм народзе, ягоным змаганьнi, правах дый мабiлiзаваць яму дапамогу...
Прафэсар Гук гаварыў даволi доўга. I расла, слухаючы яго, першая згуртаваная беларуская грамада ў Вялiкай Брытанii. Расла ўлiванымi ў сэрца надзеямi, сьведамасьцю сiлы ў супольнасьцi i ў рэалiзацыi агульных заданьняў i абавязкаў. Расла, будуючы першы, мо й часовы, дом на чужыне, каб спрычынiцца пазьней да пабудовы вольнага агульнанароднага. I рыхтавалася iсьцi штурмаваць недаступныя да гэтага часу чужыя ўрады, амбасады, арганiзацыi, прэсу, каб несьцi праўду пра Беларусь, каб знаёмiць чужых i прыхiльных зь лёзунгам вызваленьня, каб мабiлiзаваць паняволеным дома дапамогу. Ставiла першыя вехi на шляху сваiм, каб у будучынi не паўтарылася тое, што было ў мiнулым, i каб беларускi народ, калi прыйдзе наважальны дзень, меў за межамi вушы, што прыслухоўвалiся-б, сэрцы, што спачувалi-б, галасы, што закiнулi-б слова, i рукi, што дапамаглi-б.
Таронта, 1959-1960
Уладзiмiр Арлоў
Змагарныя шляхi Кастуся Акулы
(Уступ да Менскага перавыданьня 1994 году)
У кастрычнiку 1967 году эмiгранцкая газэта "Новое Русское Слово" паведамiла пра iнцыдэнт, што адбыўся ў дзень Савецкага Саюзу на сусьветнай выставе ЭКСПО-67 у Манрэалi: "Тысячы людзей сачылi за першым намесьнiкам Касыгiна – Палянскiм, якi рабiў агляд ганаровай варты, калi з боку секцыi прэсы пачуўся моцны голас, што разлёгся далёка над натоўпам: "Няхай жыве незалежная Беларусь!"... Адначасова адтуль паляцелi ўгору сотнi брашураў. Палiцэйскiя схапiлi чалавека, якi крычаў, i зацiснулi яму рот. Гэта быў беларускi пiсьменьнiк Кастусь Акула. Яго пратрымалi ў манрэальскай вязьнiцы пяць гадзiн, а ўвечары, заплацiўшы 25 даляраў штрафу "за парушэньне грамадзкага парадку", ён вярнуўся ў гатэль. I палiцыя, i судзьдзя паставiлiся да яго вельмi карэктна й зь няпрытоенаю павагай. Пра арышт Кастуся Акулы двойчы iнфармавала мясцовая й трансканадыйская тэлевiзiйная сеткi, у шмат якiх газэтах зьявiлiся разам з ягоным партрэтам паведамленьнi пра зьмест беларускай брашуры". Аўтарам працытаванай публiкацыi быў вядомы пiсьменьнiк нашага замежжа Юрка Вiцьбiч, якi не хаваў свайго захапленьня хай экстравагантным, але адначасова й мужным учынкам калегi, дзякуючы якому тысячы канадыйцаў даведалiся пра антынацыянальную палiтыку маскоўскага кiраўнiцтва, а шмат хто наагул упершыню ў жыцьцi пачуў, што ёсьць на сьвеце такая краiна – Беларусь.
Карэспандэнцыю Вiцьбiча я прачытаў недзе ў сярэдзiне 80-х, яшчэ да "перабудовы", у адной менскай кватэры, гаспадар якой, уладкаваўшы мяне нанач, трохi павагаўшыся, выцягнуў зь нетраў кнiжнае шафы колькi эмiгранцкiх выданьняў – пагартаць на сон. Дзякуючы гэткаму падарунку заснуў я толькi пад ранiцу.
Сярод тых кнiжак была i "Усякая ўсячына" Кастуся Акулы. Так адбылося маё першае знаёмства зь беларускiм пiсьменьнiкам зь берагоў Антарыё.
Потым раз-пораз трапляла да рук выдаваная спадаром Кастусём у Таронта газэта "Зважай". З кожнага нумару можна было даведацца што-небудзь такое, да чаго тагачаснай нашай "галоснасьцi" было яшчэ ой як далёка. Напрыклад – пра лёс дысiдэнта Мiхала Кукабакi, цi не адзiнага жыхара БССР, якi адкрыта пратэставаў супроць агрэсii 1968 году ў Чэхаславаччыну. Або – пра колькасьць вайсковых базаў з ядзернай зброяй, якiмi Беларусь была (дый застаецца) нашпiгаваная да такой ступенi, што ад адной згадкi пра гэта паўзе за каўнер халадок страху. Або – пра традыцыйную сустрэчу беларусаў Паўночнай Амэрыкi...
Буду шчыры: каб у тыя задушлiвыя гады, калi мы жылi пад пiльным вокам КДБ, калi пасланыя мною для хворага сэрца Ларысы Генiюш лекi iшлi па пошце з майго Полацку ў яе Зэльву два з паловаю месяцы, каб у тыя гады мне сказалi, што я буду рыхтаваць да друку творы заакiянскiх лiтаратараў-беларусаў у менскiм выдавецтве "Мастацкая лiтаратура", я ўспрыняў бы гэта як ня зусiм удалы жарт.
Але час раптам узбунтаваўся i з соннай азярыны ператварыўся ў хуткую рачную плынь, зрабiўшы немагчымае зусiм рэальным.
Завочнае знаёмства з Кастусём Акулам атрымала свой працяг улетку 1992-га, калi ён амаль праз паўстагодзьдзя вымушанага расстаньня з Бацькаўшчынай зноў ступiў на родную зямлю. Лёсу было заўгодна, каб мы пазналiся блiжэй не на шумных палiтычных мiтынгах цi зьездах, а на цiхiх вулiцах майго роднага Полацку, куды заакiянскага госьця запрасiлi сябры гарадзкога гiстарычнага клюбу "Вытокi".
Нас, палачанаў, не магла не падкупiць неўдаваная зацiкаўленасьць спадара Кастуся станам архiтэктурных помнiкаў, якiм лёсiла ўратавацца ад шалу сучасных герастратаў. Не магла не крануць шчырасьць малiтвы ў Спаса-Еўфрасiньнеўскай царкве, на рэстаўрацыю якой таронцкi госьць зрабiў ахвяраваньне. Навет яго раптоўная рэзкасьць таксама падабалася, балазе падставы для яе былi – i няздатнасьць зьвязаць двух слоў падзякi на роднай мове ў тутэйшага беларуса, якому прывезьлi ад замежных сваякоў падарунак, i нетактоўнасьць людзей, што не давалi застацца ў храме сам-насам з мошчамi сьвятой Еўфрасiньнi...
Там, на старажытным гарадзiшчы часоў Рагнеды, на замчышчы, "дзе Сафiя плыве над Дзьвiною, нiбы карабель", каля магiлы Янкi Журбы на Ксавэраўскiх могiлках, у Спасаўскiм манастыры, пад час сустрэчы з полацкiмi лiтаратарамi, я пакрысе ўведаў асноўныя вехi жыцьцёвай дарогi заакiянскага паломнiка.
Выявiлася, што Кастусь Акула – колiшнi Аляксандар Качан, якi прыйшоў на сьвет 16 лiстапада 1925 года ў заходнебеларускай вёсцы Верацеi, што паблiзу ад чыгуначнай станцыi Каралеўшчына (цяпер гэта Докшыцкi раён Вiцебскай вобласьцi). Бацькi – Iгнат i Паўлiна – мелi, апрача Алеся, яшчэ сем дзяцей ды дванаццаць гектараў ворнай зямлi. Мацi сканала ад хваробы i была пахаваная ў Вiльнi на пачатку верасьня 1939-га (спадар Кастусь марыць знайсьцi яе магiлу i паставiць там помнiк). Бацька iмкнуўся даць сынам i дочкам асьвету.
Кастусь – будзем карыстацца цяперашнiм iмем – вучыўся сьпярша ў пачатковай польскай школцы, пасьля – у савецкай. У часе нямецкае акупацыi скончыў у Глыбокiм шасьцiмесячныя настаўнiцкiя курсы i пасьпеў паспытаць хлеба вясковага настаўнiка. Увосень 1943-га здаў iспыты ў апошнi, восьмы кляс Вiленскай беларускай гiмназii. Пазьней, у газэце "Зважай", ён будзе прыгадваць той час: "Ззамоладу прываблiваў мяне Полацак... Раньняй восеньню 1943 году мы, тры студэнты зь Вiльнi, пастанавiлi наведаць старадаўнюю сталiцу Беларусi над Дзьвiной. Таварным цягнiком трэба было ехаць "на зайца", бо нямецкiя акупанты дазвалялi на чыгунку адно сваймi "райзэшайнамi", а ў Вiльнi здабывалi iх хiба толькi польскiя спекулянты за адпаведных разьмераў "лапуўкi". Удалося за два днi празь Дзьвiнск даехаць да Дзiсны, а там загарадзiлi нам далейшую дарогу нейкай ваеннай сьцяной... Плакаць хацелася".
Хлапцу не пашчасьцiла не толькi трапiць у Полацак, але i скончыць гiмназiю: пад час адной з паездак дадому трапiў у Менску ў аблаву. Вучэньне перапынiлася трыма месяцамi нямецкай вязьнiцы й месяцам канцлягеру, што быў паблiзу Камароўкi.
Чэрвень 1944-га – паступленьне добраахвотнiкам у Менскую школу камандзераў Беларускае Краёвае Абароны, а праз колькi тыдняў – эвакуацыя навучальнай установы, якая так i не пасьпела афiцыйна адкрыцца. Чыгуначныя эшалёны, бамбёжкi, першыя маршы па дарогах Эўропы. Напрыканцы жнiўня таго ж году школа арганiзавана перайшла да францускiх партызанаў – макiсаў. Кастусь уступiў у 8-ю брытанскую армiю ў Iталii, браў удзел у баёх зь гiтлераўцамi на Апенiнскай паўвыспе, памяткаю аб чым засталiся ўзнагароды – ангельскi "Медаль за вайну" i "Зорка Iталii".
Вяртаньне на радзiму абяцала поўны набор сацыялiстычных радасьцяў ГУЛАГу. (Там загiнуў бацька пiсьменьнiка.) Памiж Беларусьсю, але паняволенай, i чужынаю, але свабоднай, Кастусь Акула выбраў другое.
Жыцьцё ў вольным сьвеце пачалося з польскай вайсковай школы ў Ангельшчыне. Потым – пераезд у Канаду, праца на фарме. Таронта, дзе спадар Кастусь пасялiўся з мэтаю заснаваць беларускую нацыянальную арганiзацыю. У 1948 годзе такая арганiзацыя – Згуртаваньне беларусаў Канады – была створаная, i Акулу абралi яе першым старшынём. Наперадзе чакалi грамадзкiя клопаты, палiтычныя акцыi, што мелi немалы розгалас у прэсе.
Зарабляў на жыцьцё ў прамысловых кампанiях. Ажанiўся з беларускаю Надзяй Вернай, што нарадзiла яму чацьвярых дзяцей...
I, вядома, творчая праца ў журналiстыцы i на лiтаратурным палетку, якая, па словах спадара Кастуся, давала добрую духоўную падтрымку ў нялёгкiм эмiгранцкiм быце. З 1948 да 1954 года ён рэдагаваў штомесячную газэту "Беларускi эмiгрант". Быў сябрам рэдкалегii расейскамоўнага таронтскага часопiса "Современник", супрацоўнiчаў з парыжскiм "Континентом". У 1962-м пабачыла сьвет першая кнiга.
Шмат якiя факты свайго жыцьцяпiсу Кастусь Акула дапаўняе i ўдакладняе калярытнымi й дасьцiпнымi аўтабiяграфiчнымi абразкамi пад агульнаю назвай "Россыпы", зьмешчанымi ў згаданай ужо кнiзе "Усякая ўсячына" (Таронта, 1984).
Вось першыя ўражаньнi ад польскай "паўшэхнай" школы, дзе настаўнiца спачатку на чужой, незразумелай мове дапытвалася пра "назьвiско", а потым "дала аловак ды пасадзiла на пярэдняй лаўцы... й загадала рысаваць сабачую будку".
Вось абразок "Нацыянальнасьць": "Першы раз давялося пачуць, што мы Беларусы й што мова наша беларуская пад час пярэпiсi насельнiцтва ў 1931 годзе. Два паважныя паны заселi за стол у нашай хаце, сабраўшы ўсю Качанову сям'ю, ды кажнага па чарзе пыталi iмя. I памятаю, што сарамнавата было перад такiмi важнымi ўраднiкамi замурзаны твар паказваць, але на iхнае пытаньне бойка адказаў: "Аляксандар". Ды найбольш зьдзiвiла, што бацька на пытаньне: "Нацыянальнасьць?" адказаў: "Беларус". Было мне тады шэсьць гадоў".
А вось "Паланiзацыя праз Марусю" – пра старэйшую сястру, што прыехала на вакацыi з польскае вучэльнi ў Новай Вiлейцы ды ўзялася з усiм дзявочым iмпэтам "паланiзоўваць" сям'ю, аж пакуль бацька Iгнась, паволi налiўшыся чырваньню ды падкруцiўшы вусы, не зьняў з крука папругi...
Знаёмства ў 1939-м з савецкай уладаю таксама пакiнула ў душы вечную засечку: "Першай зiмой, як вызвалiла нас ад усялякага дабра бальшавiцкая бязбожная навала, аўдавелы бацька ледзь даваў сабе раду з дзецьмi й гаспадаркай... Бацька будзiў мяне зiмою дзесьцi а гадзiне чацвёртай ранiцай i пасылаў у хлебную краму ў адлеглае за тры кiлямэтры мястэчка...
У адзiн марозны й ветраны дзень я быў на самым перадзе чаргi. Калi мяне прыперлi да клямкi, нешта кальнула ў грудзi. Я самлеў. Калi ачуняў, не мог адразу сьцямiць, дзе знаходжуся. Чаму я ляжаў на сьнезе, чаму так балела ў левай грудзiне? Вецер немiласэрна сьцёбаў дзьве "чырвоныя анучы" – сьцягi над дзьвярамi крамы, а вышэй iх, на вялiкiм i доўгiм чырвоным палатне, белыя лiтары крычалi: "Спасибо товарищу Сталину за счастливое детство!"
Я спрабаваў устаць, разглядаўся. Людзi, няйнакш, звярамi парабiлiся. Пакiнулi мяне, скалечанага, самлелага на сьнезе... Лекара не было. Прырода ўзяла верх. Гады чатыры пасьля пачуў я ад медычнага афiцэру Восьмай армii ў Iталii: "А дзе й калi ты рэбры паламаў?"
У "Россыпах" пiсьменьнiк зьмясьцiў i свае юначыя вершы, друкаваныя ў беларускiх газэтах у 1943-1944 гадах, калi ў Аляксандра Качана зьявiўся першы лiтаратурны псеўданiм – Мiхась Козыр. Тады-ж ён упершыню даведаўся, што такое цэнзура. Калi ў "Беларускiм голасе", якi лацiнкаю выдаваў Францiшак Аляхновiч, быў апублiкаваны верш Козыра "Прывiтаньне Вiльнi", ён прынёс семнаццацiгадоваму аўтару не ўсьцеху, а горыч: нямецкi або летувiскi цэнзар зьняў цэлую страфу:
Прывiтаньне табе, Вiльня!
Слаўны горад Крывiчоў,
Места памятак магiльных
Нашых прадзедаў, дзядоў.
Больш радасьцi падараваў паэту-пачаткоўцу апублiкаваны ў красавiку 1944-га ў газэце "Ранiца" верш "Вяльля".
Вецер цiхi, лагодна купаецца ў хвалях,
Махам крыльля пяшчотна ласкае iх гладзь.
Косы сонца ў вясновых цудоўных каралях
Рассыпаюцца ў тонь, каб з вадой пагуляць.
Плыве цiха Вяльля, поўна велiчы, казкi,
Палыскуе блакiтам чароўна ўдалi,
Вее подыхам лёгкiм, чуцьцём дзiўнай ласкi
Да радзiмае мацi, крывiцкай зямлi.
Вершы Кастусь Акула пiсаў i потым. Здаецда, найбольш атрымлiвалiся ў яго трапныя i па-добраму злыя насьледаваньнi-пародыi на рыфмаплёцтва ўлаўраных "песьняроў", што сьпявалi асанну "партыi роднай".
Апрача аўтабiяграфiчных згадак, вершаў, фельетонаў i нарысаў з жыцьця беларускай дыяспары, чытач "Усякай усячыны" знойдзе ў кнiзе камедыю ў трох дзеях "Тараканы ў саладусе", галоўныя дзейныя асобы якой паходзяць зь сялянскай сям'i Сьцяпана Пiнкевiча, што, шукаючы лепшай долi, пераяжджае ў Канаду. Мiж iншым, гэтая п'еса разьвенчвае створаны некаторымi празьмерна захопленымi айчыннымi журналiстамi мiф, паводле якога за акiянам што нi беларус – то палымяны патрыёт ды нястомны захавальнiк роднае мовы. Праз тры гады Пiнкевiчы ўжо маюць свой дом, але затое ўжо не маюць свайго прозвiшча, замянiўшы яго на Пiнк. Другая дзея пачынаецца са сцэны, калi Сьцяпанава жонка Марыля лiчыць, раскладаючы па кучках, даляры, а яе сынок Васiль (ён жа – Бiл) лётае вакол з захопленым крыкам "How much money!" ("Колькi грошай!").
I ўсё ж Кастусь Акула найперш празаiк.
"Сядзьце побач, – даверлiва зьвяртаецца ён да чытача, – падумаем, паразважаем. Зь якога, дазвольце спытаць, вы году й каторага стагодзьдзя? Прызнаюся вам, люблю, як некалi Стэндаль, зьвяртацца да тых, што пасьля прыйдуць. Цi мала хто мяне за маю пiсанiну дзiваком лiчыць. Вы, пэўна-ж, з адлегласьцi часу, iнакш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: празь мяне вы можаце зазiрнуць у мой сьвет, а я ў ваш анiяк не магу..."
Зазiрнуўшы ў сьвет К.Акулы, вы, напэўна, не пашкадуеце. У лепшых сваiх творах пiсьменьнiк па-беларуску грунтоўны, схiльны да роздуму й чуйны да дэталi, нясьпешлiвы й паважны. Але зьнячэўку – i зноў-жа зусiм па-беларуску возьме ды напiша нешта накшталт "Запiсак Яўхiма Крайняга" з эпiграфам "Каму прысьвячаю, той сам адгадае". А прысьвячаюцца гэтыя вясёлыя замалёўкi жыхарам канадыйскага мястэчка Сторывiла, дзе (як напiсала-б савецкая прэса пра якi-небудзь наш заводзкi пасёлак) "у дружнай сям'i прадстаўнiкоў розных народаў" жывуць i беларусы. Праблемы ў сторывiльцаў, што праўда, трохi розьняцца з нашымi. Бальшавiкi, да прыкладу, запускаюць у космас штучны спадарожнiк з сабакам, а жыхарства Сторывiла – не каб разам з усiм прагрэсiўным чалавецтвам пляскаць у ладкi – распачынае змаганьне супроць зьдзекаў з жывёлiны, рыхтуе пратэст у савецкiм пасольстве ды разам са сваймi чацьвераногiмi сябрамi зьбiраецца ў зале ратушы на мiтынг, куды потым мусiць, дзеля падтрымкi патрабаваньняў – нехта запускае цэлую грамаду катоў...
Кастусём Акулам напiсана багата празаiчных твораў. Пачаў жа ён, як здараецца нячаста, адразу з рамана. Пэўна, гэта можна вытлумачыць тым, што надта ж вялiкi цяжар уражаньняў, надзей, расчараваньняў i новых спадзяваньняў захоўвала ў сабе душа. "Вызвольны" паход Чырвонай Армii ў верасьнi 1939-га. Гiтлераўская акупацыя. Ваенныя шляхi празь некалькi дзяржаў. Пакутлiва-няпростае ўрастаньне ў чужы сьвет, дзе трэба – каб застацца самiм сабою – зьберагчы свой характар, звычаi, мову. Такi багаж не заладуеш нi ў аповяд, нi ў аповесьць. З тых юначых уражаньняў, якiх хапiла-6 на колькi лёсаў, i нарадзiўся дакумэнтальны раман "Змагарныя дарогi".
Твор адкрывае ўводная частка "Гiтлераўская акупацыя Беларусi", дзе падаецца агульная ацэнка становiшча, апавядаецца пра адмiнiстрацыйны падзел захопленай зямлi, ахвярную працу беларускiх настаўнiкаў, пра беларускiя арганiзацыi й вайсковыя фармаваньнi. Параўноўваючы сталiнскi i гiтлераўскi таталiтарныя рэжымы зь мiфалагiчнымi пачварамi Сцылай i Харыбдай, К.Акула з непадробленым болем пiша пра трагэдыю нашай зямлi: "Душылася, крывавiлася, гарэла й папялiлася мiж двума хiжакамi-тытанамi бедная й шматпакутная Беларусь... I не было аднiкуль дапамогi, ратунку, анi спагады. Дзе што магло й як магло – арганiзавалася й ратавалася. У жахлiвых муках i цярпеньнях нарадзiлася ўсьведамленьне iстоты iснаваньня: каб быць i жыць, каб знайсьцi ратунак, трэба было лiчыць толькi й выключна на свае собскiя сiлы".
У гэтым вось пекле i апынуўся Сымон Спарыш (у iм досыць лёгка пазнаецца сам аўтар) ды ягоныя сябры зь Менскай школы камандзераў БКА, якiм прысьвечаны раман. Змагарныя дарогi Спарыша пачынаюцца ў рамане з моманту эвакуацыi школы зь Менска ўлетку 1944-га, а заканчваюцца зiмою 1947-га ў Лёндане, на Першым зьездзе беларусаў Вялiкае Брытанii, дзе Сымон зноў сустракаецца са сваймi баявымi таварышамi Вiктарам Караткевiчам, Кастусём Дзежкам, Вiктарам Сянькевiчам. Прамiнулыя гады сталiся для iх часам хуткага грамадзянскага ўзмужненьня.
Раман складаецца з трох асноўных частак, у назвах якiх дакладна пазначаны ваенныя маршруты яго герояў: Менск – Альткiрх – Бэрлiн – Цвiзель – Неапаль Балонья – Лёндан. У шэрагу раздзелаў – "Беларуская цэнтральная рада ў Бэрлiне. Генэрал Езавiтаў, Астроўскi й Шувалаў", "Загуба генэрала Езавiтава", "Дывiзiя "Беларусь" пераходзiць да амэрыканцаў" i г.д. – аўтар, выкарыстоўваючы сьведчаньнi ўласнае памяцi, дакумэнты, а таксама ўспамiны вiдавочцаў, аднаўляе падзеi, што выходзяць далёка за межы асабiстага лёсу некалькi галоўных персанажаў. На старонках кнiгi дзейнiчаюць ня толькi прэзiдэнт БЦР Радаслаў Астроўскi й рэферэнт вайсковых спраў Рады Канстанцiн Езавiтаў, але й кiраўнiк створанай у гады акупацыi "Беларускае Самапомачы" Iван Ермачэнка, камандуючы "Беларускай Краёвай Абаронаю" Францiшак Кушаль ды iншыя вядомыя постацi таго часу. Акула пасьпяхова пазбягае iдэалiзацыi гэтых людзей i паказвае, што, апынуўшыся ў жорнах вайны, яны паводзiлi сябе па-рознаму: адны найвышэй ставiлi iнтарэсы заняволенай Бацькаўшчыны, iншыя былi няздольныя падняцца вышэй асабiстых амбiцый i iнтарэсаў, для некага наагул ня iснавала нiчога сьвятога. Сярод гэрояў раману i такiя самаадданыя беларусы, як намесьнiк камандуючага БКА капiтан Мiкула, якi гiтлераўцаў ненавiдзеў гэтаксама, як бальшавiкоў, працаваў дзеля стварэньня нацыянальнага войска i ў вынiку папоўнiў бясконцы сьпiс ахвяраў газавых крэматорыяў Дахаў. Да рэальных асобаў "Змагарных дарог" належыць i князь Юры Радзiвiл, з якiм Сымон Спарыш (i Кастусь Акула) вучыўся па вайне ў "Школе падхаронжых панцырнай зброi".
Кнiга багатая на аўтабiяграфiчныя прыгады. Аўтар няраз выклiкае з памяцi вобраз бацькi, што пасьля прыходу бальшавiкоў "вечна праклiнаў гэтую нячыстую сiлу", маючы вечныя турботы а6 тым, як выплацiць падаткi, аддаць "культналогi", "iзлiшкi" й iншае, бясконцае...". Створаны незабыўнай Ларысай Генiюш хваласпеў беларускай сям'i мiжволi ўзгадваецца, калi чытаеш гэткiя ж прачулыя "сямейныя" мроi-ўспамiны К.Акулы. Напрыклад, гэты – пра бясконца дарагое нашай нацыянальнай душы сьветлае таемства Куцьцi, што дае Спарышу духоўны падмацунак за тысячы мiляў ад дому, у Iталii: "Вось сядае за стол уся сямейка, й бацька адмаўляе малiтву. Усе набожна хрысьцяцца. Месцы навокал стала занятыя, акрамя аднаго. Мусiць, пакiнулi для яго – Сымона... Вунь пачалi ўжо цягнуць з-пад абруса сена й варажыць. Найдаўжэйшую травiну выцягнула найменшая Сымонава сястра. Усе прарочаць ёй шчасьце i ўсмiхаюцца. Бацька выцягнуў найкарацейшую й зажурыўся... За Сымона цягне малодшы брат. Усе пiльна сочаць за ягонай рукой. Выцягвае доўгую, сухую, пакручаную, тонкую травiну. Задумаўшыся, прыглядаюцца i ўздыхаюць. Цi-ж могуць угадаць Сымонаў лёс?.."
Праз увесь раман праходзяць дзьве скразныя тэмы: любасьць да бацькоўскае зямлi й пратэст супроць вайны зь яе вусьцiшнымi гекатомбамi й нязьмернымi пакутамi ўцягнутых у крывавы вiр народаў. Лежачы ў настылым вайсковым бараку на другiм краi Эўропы, Сымон дае Беларусi самiм сабою прыдуманую прысягу. "Няхай Бог усемагутны будзе мне сьведкам, – шапталi ў цемнаце вусны, – дарагая мая Бацькаўшчына, што на ўсё жыцьцё прысягаю служыць Табе й толькi Табе... Прысягаю на сьветлую памяць пакойнай маткi маёй, на нявiнную кроў маiх суродзiчаў, на памяць загiнуўшых нязьлiчоных нашых змагароў за лепшую долю, што верным застануся Табе аж да сьмерцi. Калi-б я сьвядома адрокся тут прырэчанага – няхай мяне пакарае Бог. Сьведкамi гэтаму ёсьць маё сэрца й сам Усемагутны". I – у працяг гэтых слоў – яшчэ адна вынятка: "Калi ўжо пакiнуць убаку iншыя прычыны, дзеля якiх юнакi пачалi хутка ненавiдзець сваiх нямецкiх iнструктараў, адну, самую асноўную, трэба яшчэ раз падчыркнуць: усе яны прыйшлi ў армiю добраахвотнiкамi й прыйшлi змагацца за iдэю, а не за нямецкi хлеб. Калi паўстала думка аб пераходзе да францускiх макiсаў, то кожны разважаў, што ... i адысьцi можа сам, калi захоча. Наверх усяго, мяркавалi яны, прыйшлi-ж у беларускую армiю, а не ў нямецкую, ваяваць за беларускi народ, а не за нямецкi. Дык i за што-ж мелi змагацца яны, апынуўшыся ўжо ў Францыi, калi цэлая Беларусь была зноў у бальшавiцкiм ярме? Цi не лепш было далучыцца да тых народаў, што змагаюцца супраць тыранаў?" Невыпадкова Спарыш i яго таварышы з такiм урачыстым натхненьнем чыталi потым "Беларускiя Навiны" адну зь першых газэт новай эмiгранцкай хвалi.
Зусiм iначай успрымаў ваенную рэчаiснасьць былы школьны вартаўнiк з Каралеўшчыны Вiтвiцкi, што ў зялёным муньдзiры ўраднiка разгульваў па вулiцах Глыбокага з пiсталетам у кiшэнi й страляў без папярэджаньня ў мясцовых жыдоў, якiя не пасьпелi зьняць перад iм шапкi й пакланiцца. Кожная праходка па мястэчку давала свой страшны плён, але кату было гэтага мала, i, каб увесьцi сваiх няшчасных ахвяраў у зман i пакiнуць на бруку паболей трупаў, ён адмыслова апранаўся ў цывiльнае. З таго самага разраду й начальнiк палiцыi раённага гарадка лейтанант Сьцервiн (прозвiшча цi не занадта знарочыстае), "беларус адно з назову й для выгады", якi з цынiчнай адкрытасьцю называў сваю пасаду "карытам" i дзеля свайго iнтарэсу – каб прысабечыць чужы набытак цi займець у ложак чужую жонку – мог абвясьцiць камунiстам i ворагам "новага парадку" каго заўгодна.