355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » Змагарныя дарогi » Текст книги (страница 8)
Змагарныя дарогi
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 12:41

Текст книги "Змагарныя дарогi"


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 38 страниц)

Цэлы апошнi тыдзень лiпеня праходзiў пад знакам рэарганiзацыi. Было шмат зборак, перапiсвалi ўсiх у роце, выдзялялi спэцыялiстых – кулямётчыкаў, мiнамётчыкаў, розных патрэбных рамесьнiкаў. Рота зноў зрабiла 25 кiлямэтраў у паўночна-ўсходнiм кiрунку i затрымалася ў вёсцы Альшэўка Пустулскага раёну. Разьмясьцiлiся ў сялянскiх гумнах. У суседняй вёсцы Кзы быў штаб чацвёртага палка.

VII

Пагода пагоршала. Колькi дзён бесьперапынна лiў дождж i значна пасьцюдзянела. Аднаго дня рэкруты праводзiлi страявыя заняткi ў гумнах. Пасьля заняткаў, калi Сымон Спарыш iшоў з кухнi, несучы ў кацялку зупу, хтосьцi гукнуў яму збоку:

– Сымон, iдзi, вунь Кастуся Дзежкi бацька прыйшоў.

– Дзежкаў бацька? – спытаў зьдзiўлены Сымон, i ў ягоным уяўленьнi мiльгануў вобраз спакойнага, разважлiвага, жартаўлiвага старога, добрага беларускага патрыёта.

Сымон на хаду зьеў зупу й накiраваўся ў гумно, дзе быў трэцi зьвяз. Здалёк заўважыў пад згорбленай вярбой тры постацi. Вiктар Караткевiч стаяў каля бацькi й сына. Сымон аж жахнуўся: ледзь пазнаў старога Дзежку. Пасiвелая кароткая барада пакрывала ўвесь схудзелы твар. Худы, босы, з пасiнелымi ад холаду нагамi, апрануты ён быў у нейкiя танныя падкасаныя штаны й палатняную сьвiтку. З-пад расшпiленай на ўсю шырыню кашулi выглядалi касматыя грудзi. Вочы блiшчэлi ад недахопу сну, харчаваньня й адпачынку.

– Вельмi прыемна бачыць вас на чужыне, – сказаў Сымон, вiтаючыся, – дай Бог, каб я дачакаўся такой нагоды, як Кастусь. – Уяўленьне Сымонава намалявала постаць свайго бацькi – старога, прыгорбленага, заклапочанага. Цяжкi боль тузануў за сэрца. Сгары Дзежка й Сымон прывiталiся.

– Якiм чынам вы сюды зьявiлiся? – спытаў юнак.

– А вось тут недалёка едзе наш вабоз, недзе ў маёнтку затрымаўся. Дачуўся, што вы тут, i прыйшоў.

– Вельмi рады вас бачыць. Але-ж вы й зьмянiлiся. Матка Боская! Вось паглядзi, сын, – гаварыў Сымон да Кастуся, – як выглядае твой бацька на чужыне.

Кастусь моўчкi пазiраў на старога.

– Калi-ж вы з Глыбокага выехалi? – пытаўся Сымон.

– З Глыбокага выехалi мы 27 чэрвеня. Усё яшчэ было цэлае. Пасьля дайшлi чуткi, што ў панядзелак бальшавiкi былi ўжо ў Глыбокiм, а мы выехалi ў папярэднюю пятнiцу. Хто хацеў, той выяжджаў. Загадаў на гэта ня было.

Навокал старога сабралася грамада хлапцоў. Хутка кiшэнi яго былi напоўнены махоркай, сухарамi, цыгарэтамi. Вiктар аддаў яму сваё афiцэрскае гумовае дажджавое палiто, што купiў яшчэ ў Вiльнi. З апавяданьняў старога Дзежкi вынiкала, што ў ваколiцы былi беларускiя ўцекачы з Глыбоччыны, Наваградчыны й Баранавiччыны. Разьвiтаўшыся зь iм, Вiктар, Кастусь i Сымон моўчкi пайшлi ў свае гумны. Вобраз схудзелага зморанага старога цяжкiм каменем лёг iм на сэрцы. Гэта быў вобраз тысячаў, мо сотняў тысяч уцекачоў-беларусаў, што йшлi й ня ведалi куды – худыя, галодныя, абдзёртыя, гаротныя.

МАРШ У ПРУСIЮ. СТРАЙК ЗА "ФАРФЛЮКТАР", АЛЬБРЭХТАЎ

I

Трэцяга жнiвеня 1944 году прыйшоў загад рыхтавацца ў дарогу. Мелi йсьцi пехатою каля 150 кiлямэтраў на поўнач ва Ўсходнюю Прусiю, дзе канцэнтравалася дывiзiя для вайсковага вышкаленьня. Назаўтра ранiцою а шостай гадзiне дванаццатая рота пакiнула Альшэўку й спалучылася па дарозе з батальёнам. Прайшоўшы Цеханаў, батальён накiраваўся на Млаву. Iшлi больш пехатой, а рэдка ехалi. Дзе была добрая дарога з горкi, там прысядалi на хурманкi й пад'яжджалi, хто мог i каму ўдавалася. Сымон ужо колькi разоў шкадаваў свайго маленькага гнядога конiка, якiм калiсьцi ехаў зь Менску Камовiч, а пры iм цэлая суполка, ды якога пасьля перадалi пад апеку Шуло.

Дзень быў iзноў сьпякотны. Каля трэцяй гадзiны дванаццатая рота затрымалася на ўзгорку пры дарозе. Хурманкi былi пастаўлены ў адзiн шэраг, канюхi таўклiся пры сваiх конях. Адна з хурманак неўзабаве вярнулася ад батальённага харчавога з "фарфлюктарам". Службовы падафiцэр клiкаў людзей, каб iшлi браць харчы. Нiхто не варушыўся зь месца. Хлопцы стаялi групамi й штосьцi абгаворвалi, нярэдка заядла спрачаючыся. Ужо ад некаторага часу заўважылi, што пайкi значна паменшылi бязь нiякай, як iм здавалася, прычыны. Пастанавiлi знайсьцi прычыны гэтага.

Калi нямецкi харчавы падафiцэр сам яшчэ раз гукнуў, каб iшлi браць i дзялiць харчы, й калi нiхто не паварушыўся – ён зьбянтэжыўся. Да яго падыйшлi Кастусь Дзежка й Сымон Спарыш i заявiлi, што гавораць ад iмя цэлай роты. Выясьнiлi немцу, што рота адмаўляецца браць харчы аж да таго часу, пакуль ня будзе выясьнена, чаму паменшылi пайкi. Людзi былi галодныя й на тых пайках, што iм належылiся, а тут яшчэ iх зьменшылi. Немец спачатку пачырванеў, пасьля, выняўшы з-за пазухi паперку, пачаў выясняць, колькi й чаго належылася на дзённы харчовы паёк. Каля яго хутка зьявiлiся Турн i Кацынскi, якiя, разьведаўшы, у чым справа, адвялi Кастуся й Сымона на бок ды побач паставiлi са стрэльбаю вартавога. Два сябры толькi цяпер пабачылi, што справа была надта паважная, што яны былi арыштаваныя, i зь нецярплiвасьцю сачылi, што будзе далей, цi падтрымае iх салiдарна цэлая рота.

Кацынскi загадаў усiм неадкладна сабрацца. Паставiўшы iх у тры шэрагi, сказаў усiм тым, што падтрымоўваюць дамаганьнi, выказаныя двума iхнымi сябрамi харчавому афiцэру, адыйсьцi тры крокi наперад i пяць направа. Рота адышла на вызначаную "фольксдойчам" адлегласьць. Толькi Мулага й Жук засталiся на месцы. Два чалавекi з паўтары сотнi выламалiся з агульнай салiдарнасьцi. Кацынскi стаяў i думаў. Гэтага ён нiяк не спадзяваўся. Бачыў, што справа тут паважная, бо за выняткам двух недалугаў (аб iх будзе мова пасьля) усе былыя кадэты выступiлi заадно. Кацынскаму, пэўна-ж, выдавалася, што выступiць толькi адзiн цi другi дзесятак чалавек. У такiм выпадку арыштаваных можна будзе абвiнавацiць у падбухторваньнi да бунту цэлага адзьдзелу i, згодна ваеннага права, застрэлiць тут-жа на вачох ва ўсiх. З другога боку – прызнацца немцам, што яны давалi людзям меншыя пайкi толькi таму, што iх абкрадалi, таксама было цяжка. А калi й ня прызнацца, дык усё-ж хлопцы ня дурныя, яны й самi аб гэтым ведалi. Гаворка iшла пра сам факт пацьверджаньня гэтага немцамi.

Кацынскi iзноў паставiў роту на месца ды абяцаў, што разгледзiць iхнюю скаргу, праверыць, як яно ёсьць з пайкамi ў харчовага падафiцэра. Ён звольнiў Кастуся й Сымона з-пад арышту, загадаў усiм разысьцiся ды браць харчы. Хутка пайкi былi падзеленыя, i ўсе зь нецярплiвасьцю чакалi заўтрашняга дня. Цiкава было пабачыць, што прынёс страйк за "фарфлюктар".

Назаўтра кожны з роты атрымаў больш хлеба, па адной кансэрве мяса на тры днi й iншае. Ужо чаго-чаго, а мяса рэкруты даўно не бачылi. Значыцца, сьмеласьць i салiдарнасьць аплацiлiся. Ад гэнага часу раз назаўсёды перасталi давяраць немцам, бо вось самi-ж былi змушаныя прызнацца, што зьяўляюцца зладзеямi.

Усе хвалiлi за адвагу Кастуся Дзежку й Сымона Спарыша, ды проста зьдзекавалiся з двух рэнэгатаў – Жука й Мулагi. Рота больш, чым дагэтуль, сталася адной цэласьцю, скансалiдаваным арганiзмам, якi пазнаў, што ў змаганьнi за сваё iснаваньне й правы павiнен палягаць толькi на свае сiлы.

II

Калi даводзiлася праходзiць праз горад, калёна маршыравала роўным прыгожым жаўнерскiм крокам, нягледзячы на вялiкую фiзычную зьнямогу. Чысьценькi, зялёны, абкружаны возерам гарадок Дойчэ Эйлаў, каля самай паўдзённай мяжы Ўсходняй Прусii, ветлiва ўсьмiхаўся ў цёплых праменьнях сонца, што ўжо кацiлася зусiм на захад, калi даўгая расьцягнутая калёна забубнела сотнямi жаўнерскiх i конскiх падковаў на яго вулiцах. Жыхары зь вялiкай цiкавасьцю прыглядалiся праходзячым.

Наперадзе йшла рота, утвораная з былой палiцыi, пераважна ўкраiнцаў. Калi мiнула невялiкi мост i ўзышла на роўную вулiцу, жыдзенькi тэнар прышчаватага казачка-ўкраiнца голасна зацягнуў "Чапаева".

– А мы што? – пачулася злоснае ў перадавых шэрагах дванаццатай. – Гэта яшчэ маюць нам праклятым "Чапаевам" галаву дурыць?

– Давайце iх перакрычаць!

Кацынскi, што ехаў пры чале роты на самакаце, ня браў увагi на гутаркi.

– Што за iдэя – перакрычаць? Сьпявайма па-людзку!

– Дудкевiч, зачынай!

– Давайце там, зачынайце! – данеслася i з хваста.

– Мы бойкая моладзь, арлы маладыя,

пачаў ня надта яшчэ сьмела сьпераду голас, але тут больш сотнi пасьпяшыла яму на дапамогу:

За намi нядоля братоў,

Ў душах нашых шчырых iдэi сьвятыя,

А ў жылах крывiцкая кроў.

Падраўнялiся крокi, выпрасталася, мiнуўшы мосьцiк, калёна, i, здавалася, з усёй моцы паўтары сотнi глотак старалiся сапраўды заглушыць "Чапаева". Але гэта ня было так проста, як магло выглядаць. Сьпяваючы "Бойкую моладзь" цi пасьля "Першы зьвяз", рэкруты з былой афiцэрскай школы БКА выяўлялi й сваю нянавiсьць да бальшавiцкага Чапаева й пагарду да сьпевакоў-палiцаяў, шмат хто зь iх думаў i рабiў адно, служыў iншаму, а песьнi, запазычаныя ад ненавiснага ўсяму чалавецтву ворага, цягнуў i сьпяваў па ўсёй Эўропе. Быў гэта ня першы выпадак песеннага змаганьня з палiцаямi, а разам з тым i змаганьня з усiм бальшавiцкiм, чужым, наносным, рэнэгацкiм. Таму й ня дзiва, што й гэтым разам "Бойкая моладзь" i "Першы зьвяз" гучалi прыгажэй i ямчэй, чым "Чапаеў", i ўжо некаторыя з той, "чапаеўскай", калёны аглядалiся ў кiрунку патрыётаў-беларусаў з незадаваленьнем. Жыхары-ж гораду зь цiкавасьцю пазiралi на калёну i прыслухоўвалiся да песеннага канцэрту. Цi хто зь iх ведаў, што ў гэты момант першы раз мiж iхных вулiцаў i будынкаў разьлягалася тут-жа побач i адначасова песьня ўжо недалёкай будучынi акупанта й песьнi стагодзьдзямi крыўджанага й прыгнятанага гэным-жа акупантам народу...

III

Пасьля ўсяночнага маршу, каля гадзiны чацвёртай над ранiцай батальён прыйшоў у вялiкую вёску Альбрэхтаў, дзе й разьмясьцiўся. Дванаццатай роце была адведзена вялiкая пуня. Рэкруты ўляглiся спаць на леташняй саломе, намошчанай навокал каля сьцен. Толькi канюхi са сваймi хурманкамi затрымалiся ў iншым гумне.

Вёска Альбрэхтаў, як i тысячы iншых прускiх вёсак, мела высланую гладкiмi камянямi вулiцу, свой "гастгаўз" (у дадзеным выпадку "Рэшкэ гастгаўз"), сваю стараватую мураваную лютэранскую сьвятыню зь вялiкiм пляцам каля яе, школу, дзе размясьцiлiся таксама нашы жаўнеры, ну i ясна – колькi дзесятак гаспадарак.

Вёска Альбрэхтаў, пэўна-ж, мела сваю гiсторыю й традыцыi, мо й свой характэрны дыялект i сваiх баб-плётак ды наагул усё, што складае вясковае жыцьцё. Гэтымi дэталямi новапрыбылыя жаўнеры ня цiкавiлiся, а каб i цiкавiлiся, дык што з таго? Час iм на тое не пазваляў. Затое iх абыходзiла ўсё, што беспасярэдна адносiлася да iх, а да гэтага ў самую першую чаргу належалi дачыненьнi да iх прускiх баўэраў i наагул мясцовых немцаў. Трэба-ж не забывацца, што першы раз у сваiм жыцьцi апынулiся яны ў нямецкай вёсцы й тут мелi сустрэцца з карэннымi жыхарамi, што не насiлi вайсковых мундзiраў.

Гэтак, у самы першы дзень побыту ў Альбрэхтаў, калi была зробленая зборка, зьвязовы Турн яшчэ раз, адно з шмат большым нацiскам паўтарыў i прыпомнiў тое шнайдараўскае "кайн Руслянд", што iм так ужо ўелася ў памяць. Турн сказаў, што яны ўжо цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне, што Нямеччына гэта не Расея i што ўсiх рэчаў, якiя можна там – у Расеi, тут нельга рабiць. Пад гэтым разумеў, што ў Расеi можна красьцi, можа, й забiваць, а тут – у Нямеччыне, усяго гэтага рабiць нельга. Не адзiн з юнакоў пачырванеў ад злосьцi, яшчэ раз слухаючы тую зьнявагу. Але што-ж зробiш?

Калi малы Лабуня, неяк iдучы па вулiцы, кiнуў вокам на яблыкi, што сваiм цяжарам зьгiналi сукi шматлiкiх дрэваў у садзе аднаго баўэра, то навокал, адкуль нi вазьмiся, сабралася група малых падросткаў-немцаў, што махалi кулакамi й пагражалi яму, быццам злодзею. Вiдаць, дзецi былi ўжо навучаныя старэйшымi. Беларусы адразу заўважылi, што, дзе-б яны нi павярнулiся, цi то на вулiцы, цi ў загуменьнi, iх сачыла не адна пара вачэй – быццам разбойнiкаў цi зладзюгаў, якiм нiяк нельга было давяраць. Ясна, што такiя "добрасуседзкiя" дачыненьнi выклiкалi са свайго боку й нэгатыўнае стаўленьне беларусаў да немцаў. Варожасьць да сваiх афiцэраў i падафiцэраў, што нарадзiлася пад Варшавай цi яшчэ раней, цяпер паглыбiлася i ўгрунтавалася ў сэрцах маладых беларускiх патрыётаў пры сутычцы з прусакамi.

Ужо на другi дзень немалая частка роты пашла на вясковы пляц на страявыя заняткi, а iншым было загадана йсьцi да баўэраў на працу. Сымон i Вiктар пайшлi касiць жыта да гаспадара, у якога затрымалася рота. Iшло цяжкавата. Па-першае, яны былi амаль галодныя. Кожны касец ведае, што на чорнай каве й кавалку хлеба надта не накосiш. Нязручныя цяжкiя нямецкiя косы з крывымi касавiдламi нiяк не спрыялi працы. На далонях хутка паднялiся чырвоныя, набеглыя крывёю мазалi. Разам з Сымонам i Вiктарам працаваў на полi паляк, што служыў у баўэра ўжо пяць год. Ён разгаварыўшыся, наракаў на немцаў i свой дрэнны лёс. Каля абедняе пары касцы зусiм аслаблi. Калi вярнулiся на абед, Турн спытаў:

– Ну, як працавалася? Не лянiлiся?

– Працавалася так сабе. З пустым жыватом надта-ж цяжка касiць, – адказаў Сымон.

– Як гэта? – насупiўся зьвязовы. – Што, ты ранiцай не атрымаў кавы цi хлеба не маеш?

– Я пiў каву, але на вадзiчцы надта не накосiш. Цьвярдзейшым чым-небудзь на такую працу пасiлкавацца трэба.

– Альфонс! – клiкнуў гаспадара зьвязовы Штык, што быў прыкамандыраваны да роты ў вёсцы. – Гэтыя два пойдуць да цябе на абед.

Баўэр быў ужо выхiлiў галаву цераз адкрытае акно й сам, мусiць, хацеў клiкаць работнiкаў на абед.

– Спарыш! – гукнуў Сымона Турн. – Аддай каму свой кацялок, каб прынёс тваю абеднюю порцыю зупы, вечарам зьясi. Абед у немца складаўся з кавалачка мяса, аблiтага сосам, тоўчанай жменькi бульбы, тоненькай ськiбачкi хлеба й кубка масьлянкi. Умясьцiўшы той скупы абед у жываце ды яшчэ наверх уплёўшы порцыю гарохавае зупы, прынесенай з жаўнерскае кухнi, Сымон i Вiктар зусiм нядрэнна падсiлкавалiся. Пасьля паўдня зноў пайшлi ў поле вязаць снапы. Працавалi паволi, шмат гаварылi, але не стаялi. Дзень быў сьпякотны, ды надта й перапрацоўвацца ня было для каго. Пад вечар прыйшоў гаспадар i, агледзеўшы зьвязаныя снапы, сказаў, што малавата зрабiлi й каб iшлi дадому. Было тое незадоўга перад канцом працы, й хлопцы здагадалiся, што прусак адсылае iх загадзя, каб ня даць вячэры. Вiктар з Сымонам, вярнуўшыся, заселi зь iншымi сябрамi гуляць у "ачко" i так прагулялi той час да вячэры. Даводзiлася iм працаваць яшчэ пару дзён у таго Рэшкэ, што меў гасподу. Калi хлопцы прыйшлi на абед, гаспадар – пузаценькi пяцiдзесяцiгадовы падсiвелы немец, загадаў мыцца ў хляве, а пасьля казаў яшчэ звазiць дровы. Юнакi моцна пакрыўдзiлiся й сакавiта лаялiся, iдучы дадому.

IV

Яшчэ на Бацькаўшчыне давялося Сымону аднойчы пазнаёмiцца з адным беларусам, што меў прэтэнзii быць пiсьменьнiкам, дый сапраўды тое-сёе пiсаў i там-сям друкаваўся. За часоў нямецкае акупацыi працаваў нейкiм малым канторшчыкам пры Генэральным Камiсарыяце, дзе й сталаваўся. Гэта быў, сьцiпла гаворачы, немафiл. У кожным нямецкiм учынку бачыў штось асаблiвае, вартае насьледаваньня. Здаецца, што й сапраўды ўважаў немцаў за вышэйшую расу "гэрэнфольк". Сымон быў перакананы, што навет i самога сябе той пiсьменьнiк уважаў за iстоту, якая немцам далёка не раўня.

– Ты паглядзi на немцаў вунь, – гаварыў неяк Сымону пiсьменьнiк, – вось дык культурны народ. Гэта цi бачыў хто! Хаджу на абед у сталоўку Генэральнага Камiсарыяту. Дык што ты думаеш? Ня толькi чысьценька з талерак ядуць, што нiводнай макулiнкi не марнуюць, але ўжо калi йдзе аб хлеб, дык, глядзiш – i ўчарашнiя чорствыя скарыначкi падчысьцяць ды яшчэ й крошачкi пазбiраюць. Вось гэта дык культура! Гэта дык народ!

Сымону пазьней часьценька прыгадвалiся тыя словы. Мо й трэба з пашанаю адносiцца да эканомнасьцi й ашчаднасьцi, – думаў Сымон, – ды часамi ня толькi варта, але прост-напраст неабходна. Адно калi йшла гаворка пра тую пiсьменьнiкаву заўвагу адносна немцаў, дык Сымон дабачваўся там i нечага iншага. Будучы ў Прусii, заўважыў ненармальную нямецкую скупасьць. Адна рэч, калi казаць пра нямецкую скупасьць у дачыненьнi да чужых, але-ж яна, скупасьць гэтая, не абмяжоўвалася толькi чужымi, абымаючы ўсiх – у тым лiку й сваiх нямецкiх жаўнераў. Нiколi, прыкладна, не давялося Сымону бачыць, каб нейкi нямецкi баўэр пачаставаў цi хаця-б даў што-небудзь свайму нямецкаму жаўнеру. Тут вайсковыя не хадзiлi так па вёсках, жабруючы й просячы: "Матка, яйка, матка, шпэк", як гэта рабiлi ў Беларусi.

Праўда, былi розныя гiтлераўскiя строгiя правы аб падатках, усё ў кожнага баўэра было праверана й падлiчана – i жывёла, i маёмасьць, i цэлы дабытак. Але-ж тое было i ў Беларусi, куды ў большай меры экспляатаванае акупантам.

Як ужо тыя акупанты нi душылi бедных беларускiх сялян, якiм ужо не ставала самiм не толькi хлеба, а часамi й бульбы. У найцяжэйшыя ваенныя часы беларусам нiяк нельга было раўняцда да прускiх баўэраў. I зноў у Сымонавай памяцi ўваскрасала доўгая, здавалася, бясконцая, худая, абарваная калёна шкiлетаў палонных з Чырвонае Армii. Калёна мiнае Сымонавую вёску. Сялянкi, панабiраўшы ў пелены што было ў хаце пад рукою – скарынкi цi акрайцы хлеба, вараную бульбу, выходзяць да дарогi й шпурляюць яду ў калёну. Чуваць крыкi палонных, яны кiдаюцца кучамi на яду, сьмерць косiць бедных людзей жалезьзем зь нямецкiх аўтаматаў.

Беларусы, самi бедныя, абрабаваныя, ледзь не жабракi, дзялiлiся з беднымi людзьмi апошнiмi кавалкамi хлеба, а хто й таго ўжо ня меў – бульбiнай. I цi зрабiлi-б гэтак нямецкiя баўэры? Сымон быў перакананы, што не. Гэта – народ без душы, без спачуваньня.

З гэткага параўнаньня прыходзiла юнаку ў галаву думка, што народ ягоны быў адным з найлепшых, найбольш гасьцiнных, спагадных у бядзе. Меў вялiкае, гуманнае, поўнае хрысьцiянскае любовi сэрца. Яно абымала полымем каханьня ня толькi сваiх родных дзяцей – беларусаў. Войны паказалi, што навет жаўнер акупанта, калi ён быў галодны й папрасiў у беларускага селянiна кавалак хлеба, дый цi толькi хлеба, нiколi не адыходзiў ад дзьвярэй з пустымi рукамi. I магчыма, што беларускi народ якраз за такую сваю дабрату так шмат пацярпеў на працягу цэлае гiсторыi ад iншых. Мо ён быў зашмат даверлiвы, занадта добры, цераз меру спагадны.

Нараканьнi прускiх баўэраў, што быццам беларусы iх аб'ядаюць, а ня едуць на фронт, былi зусiм недарэчныя. Па-першае, жаўнеры хадзiлi паўгалодныя. Ужо як тады будзе на фронце, думаў цi адзiн зь iх, калi тут, дзе павiнны быць нармальныя даставы, даводзiцца галадаваць. Па-другое, калi вы хочаце, каб вас баранiлi, разважалi беларусы, дык хаця накармiць галодных выпадала-б. Iншыя, у злосьцi на немцаў, кiдалiся ў крайнасьцi.

– Чакайце, вы, швабы! – пагражалi немцам. – Хоць ня з нашых рук, але дастанеце вы хутка. Вам бальшавiкi пакажуць, дзе ракi зiмуюць!

V

У кожнай сям'i – гаворыць народная мудрасьць – бывае паршывая авечка. Знайшлася адна i ў дванаццатай роце. Даўно заўважылi сябры, што Курэц меў зладзейскiя прывычкi. Гэта быў чарнявы, вастраносы, з зялёнымi вачыма, слабой iнтэлiгентнасьцi хлапчук. Ужо цi раз бачылi, як ён то там то сям, бывае, якую малапатрэбную рэч у кiшэню суне. Мо яна й нiколi яму не прыйдзе ва ўжытак, але ўсё-ж сьцiбне, от так – толькi з прывычкi. Дык i ня дзiва, што ў Альбрэхтаў адзiн цi другi ў роце заўважыў: глядзi, як Курэц вунь носам водзiць. Ужо цi не наважыў ён там што налева зрабiць...

I калi здарылася гiсторыя з гуркамi, то ўсе адразу падазравалi Курца, хоць не шмат хто ў яго тыя гуркi бачыў.

Было гэтак. У баўэра, у якога рота затрымалася ў пунi, на панадворку, тут-жа каля вулiцы й калодзезя, расьлi гуркi. Гэта быў малы, трохкутны, абгароджаны частаколам, лапiк. Ведама, як немец выкарыстоўвае кожную пядзю зямлi. Тут-жа й выгадна было, ня трэба здалёк ваду на палiўку прыносiць адразу каля студнi. Усе былi заўважылi тыя гуркi, што, як парсюкi, ляжалi на малых лешках. Уночы звычайна стаяў тут-жа вартавы. Гэтак было i ў тую ноч, калi гуркi прапалi. Ранiцою некаторыя зь немалым зьдзiўленьнем пабачылi, што бальшыня гуркоў зьнiкла мiнулае ночы, а на лехах засталiся сьляды панабiваных цьвiкамi падноскаў вайсковых чаравiкаў ды паломанае калiўе.

Як-жа тут знойдзеш злодзея? Вартавыя нiчога ня бачылi (i як-жа маглi не бачыць?!), нiхто да пакражы не прызнаваўся. Колькi нi рабiў скандалу баўэр, колькi нi муштраваў цэлую роту нямецкi падафiцэр, нiхто пра гуркi нiчога ня ведаў. Ды i з самой роты, ясна, бальшыня нiчога ня ведала, а тыя, што ведалi, маўчалi.

– Няхай сабе, калi ў нас i ёсьць злодзей, дык ён наш. Нашто дазваляць немцам каб каралi яго, – мяркавалi некаторыя. Гэта былi ўголас выказаныя думкi бальшынi роты.

Як i раней, пры страйку за "фарфлюктарам", рота выказала поўную салiдарнасьць. Няхай i шмат хто думаў пра Курца, былi-ж i такiя, што ведалi дый разам спажывалi, але нiхто не паказаў пальцам. Колькi-ж за гэта прыйшлося ўсiм, падаючы й падымаючыся, пабегаць па полi, колькi немцу давялося дзерцi глотку. Злодзея так i ня выкрылi.

Пасьля нейкае нядзелi побыту ў Альбрэхтаў прыйшла ў адзьдзел вестка, што цэлая трыццатая дывiзiя будзе перакiнутая ў Францыю. Адзьдзелы ад'язджалi чаргова, ладуючыся на цягнiк на станцыi Розэнбэрг. Неяк аднойчы пад вечар прыйшоў у дванаццатую роту загад падрыхтавацца да ад'езду. Рыхтавалiся дацямна й чакалi. Позна вечарам загад быў адклiканы. Яшчэ чатыры днi затрымалiся на месцы.

VI

Зараз на загуменьнi на скошаным жытнiшчы адбывалiся заняткi. Гэта былi самыя элемэнтарныя вайсковыя практыкаваньнi. Вучылi маршыраваць роўным крокам, паварочвацца, салютаваць, трымаць у розных позах зброю. Звычайна заняткi праводзiў нямецкi зьвязовы Штык. Каманда ўжывалася нямецкая, а не беларуская як у Менску, i ня ўсе добра цямiлi нямецкую мову. Звычайна перакладчыкам служыў Вечка, высокi чарнявы худы хлапец з-пад Баранавiчаў. Штык дзялiў роту на зьвязы, даваў беларускiм зьвязовым iнструкцыi, каб праводзiлi тыя самыя практыкаваньнi ў сваiх зьвязах, а сам хадзiў i наглядаў. Амаль кожны дзень з роты выдзялялi каля пяцi чалавек, якiя пасылалiся на працу да нямецкiх сялян.

Часьценька заняткi ў роце праводзiў шэф Кацынскi. Выпадае пазнаёмiцца зь iм крышку блiжэй. Гэта быў "фольксдойч" (фактычна паляк) з Быдгошчы. Гаспадарчы падафiцэр дванаццатае роты сяржант Грамыка служыў разам зь iм у польскiх уланах у Грудзёндзу, дзе Кацынскi адбыў 18 гадоў. Лёгка было заўважыць у яго вайсковыя ўхваткi. Шэф насiў боты з кароценькiмi халяўкамi i нагадваў, як здавалася Сымону, то жолуд, завостраны зьверху, то, iншым разам, растапыраны камель зношанай мятлы. Мо да гэтага крыху спрычынялiся адтапыраныя нiзы мундзiра, востры вялiкi нос цi навет i тая ўланская, вельмi характэрная хада. Росту Кацынскi быў высокага. Падоўжаны твар быў сьпераду закончаны даўгiм шылаватым носам. Шпарка й злосна пазiраючы на ўсе бакi, верцячыся навокал, быццам тыя сьвярдзёлкi, бегалi нясупынна маленькiя вочы. Цяжка было разрозьнiць, цi Кацынскi сьмяяўся, цi моршчыўся ад злосьцi. А мова! Што гэта за мова! Калi пачынаў камандаваць, то вусны яго плявалi несупынным ручаём словаў нямецкiх, польскiх i чыста мазурскiх.

Бывала зранку, пасьля сьнеданьня, службовы зробiць зборку ўсёй роты i паставiць у тры шэрагi. Кацынскi стаiць воддаль i прыглядаецца. Прыняўшы ад падафiцэра рапарт, фэльдфэбэль пачынае:

– Асhtung! Gerade aus! Rownaj, rownaj! Таm, psiakrew, bzusek do tylu! Jesce, jesce! Verfluchte Mensch, wieviel mal muss ich sagen?!*

* Увага! Раўняйся, раўняйся! Там, пся крэў, жывот назад! Яшчэ, яшчэ! Колькi я павiнен табе таўчы?! (ням. i польск.)

Калi той, што не схаваў жывот – "bzusek do tylu", не зьвярнуў належнае ўвагi на "фольксдойчавы" словы, Кацынскi падбягаў да вiнаватага рэкрута, браў абедзьвюма рукамi яго сьпераду за плечы ды правым каленам з усёй сiлы пхнуў у жывот. Ясна, пхнуў ён не шкадуючы, так што гаспадару жывата ўжо не хацелася высоўвацца задалёка наперад круглай часткай свайго тулава. Калi пасьля сакавiтае лаянкi Кацынскi выраўняе ўсе тры шэрагi i калi побач няма старшага лейтананта камандзера роты Петрыка, ён iдзе павольна перад фронтам i прыглядаецца да кожнага паасобку. Баранi Божа, калi ў цябе незашпiлены гузiк або брудныя чаравiкi. Ой i дастанецца-ж! Звычайна спаганяў усю злосьць на Мулагу.

Бывае-ж амаль у кожнай роце адзiн найбольш неахайны й недалужны, а з прычыны гэтага – звычайна "ахвярны казёл". Гэткi знайшоўся i ў дванаццатай. Мулага быў цi не найбольшы за ўсiх ростам. Здавалася, што ён слаба панаваў над часткамi свайго цела. Ня было агульнай каардынацыi, гармонii. Хадзiў, быццам складаны з кавалкаў. Дый цi толькi хадзiў. Усё рабiў ня так, як належылася маладому й рухаваму хлапцу.

– Вы ведаеце што? – жартаваў адзiн зь сяброў. – Сяньня прачнуўся я й гляджу: Мулагаў азадак ужо стаiць на варце, а галава яшчэ сьпiць.

Мулага хутка стаўся пасьмешышчам роты. Што-б нi рабiў, усё выходзiла быццам не сваймi рукамi. Калi й гаварыў, то здавалася, што язык адмаўляўся яго слухаць. I найбольш караны быў за сваю павольнасьць. У той час, калi ўсе ўжо пасьнедаюць, апрануцца, пачысьцяцца й павыходзяць на зборку, Мулага яшчэ толькi канчае есьцi. Ня тое што многа любiў есьцi, калi было што, бо й росту быў вялiкага й патрабаваў, але надта-ж паволi варушыў пры ядзе ськiвiцамi. Здаралася, што прыбяжыць на зборку з выпушчанай наверх нiжням кашуляй або без аднае цi дзьвюх брызентавых халявак, якiмi абкручвалiся й зашпiльвалiся каля чаравiкаў нiжнiя канцы нагавiцаў.

Спынiцца "фольксдойч" перад Мулагам i ўвесь, пачырванеўшы, як бурак, аж анямее ад злосьцi.

– Мulaha! – раўне на ўсю глотку фэльдфэбэль. – Verfluchte Mensch! Наst du keine Zeit Ordnung zu machen? Вiдзiш там то дзеўко? – пакажа Кацынскi пальцам на суседняе дрэўца. – Forwaerts maarsch! – Мулага бяжыць па-маленьку. – Lauf, lauf, Mensch! Schnell, schnell!* – раве ўсьлед Кацынскi, Мулага паскорыць крок.

* Мулага! Ах ты, пракляты! Няма часу навесьцi парадак? Наперад марш! Гэй ты! Бяжы, бяжы! Хутчэй, хутчэй! (ням.)

– Нinlegen!* – загадвае шэф.

* Кладзiся! (ням.)

Мулага падае.

– Auf!* – камандуе фэльдфэбэль.

* Падымайся! (ням.)

Мулага падымаецца.

– Нinlegen! Аuf! Hinlegen! Auf! Links marsch! Schnell, schnell! Hinlegen! Auf! Zurueck marsch! Hinlegen! Auf!*

* Кладзiся! Падымайся! Кладзiся! Падымайся! Налева! Хутчэй, хутчэй! Кладзiся! Падымайся! Назад марш! Кладзiся! Падымайся! (ням.)

Каманды Кацынскага – падаць i падымацца на бягу – так хутка чаргуюцца, што Мулага ня ўсьпее легчы, як ужо мусiць уставаць. Фэльдфэбэль наўмысьля накiруе рэкрута ў якую брудную лужыну цi каўдобiну. Спачатку ўся рота прыглядаецца гэнаму караньню Мулагi з насьмешкамi й задаваленьнем. Паволi сьмех сьцiхае, й на шматлiкiх тварах зьяўляецца цень сымпатыi да адсталага сябры. Нiкому не падабаюцца зьдзекi "фольксдойча" Кацынскага, якога ў роце нiхто ня любiў.

Пасьля такой муштры Кацынскi звычайна пашле змучанага, спочанага, зусiм забруджанага ў гразь Мулагу ў гаспадарскi панадворак з загадам вычысьцiцца й зьявiцца назад, быццам нованароджанаму, за дзесяць хвiлiн. У такiм кароткiм часе загад выканаць немагчыма. Калi Мулага спозьнiцца, атрымае другую кару, iншага характару. Адылi нiякiя кары Мулагу не памагалi. Назаўтра паўтаралася тое самае, што было сяньня. Дык i ня дзiва, што насьмешкi над адсталым сябрам з боку самых навет надаедлiвых прыелiся. Паступова пачыналi ўважаць нармальнымi ўсе Мулагавы ненармальнасьцi.

VII

Аднойчы вечарам Вiктар Караткевiч i Бука, вярнуўшыся з працы ад баўэра, голасна хвалiлiся ўсiм, хто хацеў слухаць, што яны сяньня надта добра наелiся.

– Калi-б так кармiлi, – гаварылi абое, – то бязь нiякiх цырымонiяў згадзiлiся-б быць у немцаў парабкамi да канца вайны.

Хлопцы, папрыносiўшы з кухнi чорную каву, пасядалi ў пунi кожны ля сваiх клункаў i пасьцеляў ды бралiся за вячэру. Заяву Букi й Вiктара прынялi па-рознаму.

– Гэта вы сказалi, што гатовы быць парабкамi? – зьдзiўлена папытаў Сымон. – Дзiўлюся. Я ведаю, што, пакуль трымаю ў руках стрэльбу, датуль буду чалавекам. А як пакiну, тады хто ведае...

– Праўду Спарыш кажа, – падтрымаў Сымона Шытко. – У сяньняшнi час стрэльбы кiдаць няварта.

Прысутныя паволi ажывiлiся. Пачулiся з усiх бакоў галасы. У спрэчцы вырозьнiвалiся тры групы: адны падтрымлiвалi Сымона, другiя баранiлi Буку, якога падтрымлiваў Халяўка, рэдка адзывалiся Каранькевiч i Будрэвiч. Трэцяя група спачатку маўчала.

– Гаворыце вы шмат усе, – пачуўся голас прадстаўнiка трэцяй групы Качановiча, – але што з таго, калi мала робiце...

– А што-ж рабiць, па-твойму?

– Ты, спартсмэн, можаш пакiнуць свае дурныя абзацы, бо нiкому яны не патрэбныя, – упiкнуў нехта Качановiча. Чаму яго называлi спартсмэнам няведама. Мо таму, што быў высокi ды вельмi рухавы.

– Але чаму вы, хлопцы, як галодныя, – баранiўся Бука, – чаму вы тады гэтага ня скажыце? Чаму тады кожны з вас вурчыць i злуецца? Чаму ты, Спарыш, тады не зьясi сваёй стрэльбы замест хлеба?

Некаторыя засьмяялiся.

– Думкi аб стрэльбе тады, пэўна, у галаву не прыходзяць, – працягваў Бука. – Цяпер дык вы ўсе гаворыце, усе Спарыша падтрымлiваеце, а тады дык не адзiн кажа, што гатоў мундзiр ськiнуць i за хлеб працаваць.

– Трэба й зброя, й хлеб, – сьцвердзiў Каханчык. – Возьмем хаця-б сабе такi прыклад, няхай i гiстарычны. Як Напалеон стаяў у Альпах ды жаўнеры яго галадалi, яны-ж не пакiнулi зброi й не пайшлi зарабляць на хлеб. Напалеон сказаў: вунь хлеб, iдзеце й заваюйце. Яны пайшлi й заваявалi.

Гутаркi на гэтую тэму цягнулiся доўга, бо аж да гадзiны адзiнаццатай вечара. Шмат было й дзяцiнна-наiўнага й проста недарэчнага ў iх. Нехта ўспомнiў i тое, што ўсе ўжо iх пакiнулi (пад гэным "усе" разумелася перадусiм Беларуская Цэнтральная Рада) i што справа была кепская, бо без правадыра можна лёгка загiнуць.

– Правадыр сярод нас знойдзецца, – запэўнiў Жылякоўскi.

– Мы цяпер, хлопцы, ваюем якраз так, як калiсьцi палякi йшлi разам з Напалеонам, – укiнуў сваё Вiктар.

– А ты, Караткевiч, лепш маўчаў-бы, бо ты свайго голасу ня маеш, накiнуўся на яго Бука. – Цягнеш то за адных, то за другiх. Ваяка гэткi знайшоўся. Ваюем, кажа. Дзе-ж гэта ты ваюеш, браце шаноўны? Вунь, каб пачуў порах, то нябось як тая мыш пад мятлу ўцякаў-бы.

У канцы ўжо нiхто не падтрымлiваў Букi.

– Як гэта, хлопцы, Бука мог быць у Крывiчах асьветным афiцэрам? Гэта-ж трагэдыя была, – сьмяяўся зь яго Сымон. – Куды-б гэта ён завёў i чаго навучыў-бы тых людзей? Падумайце-ж толькi. Вось дзе-б цярпела Беларусь!

Будучы ў Альбрэхтаў, Кастусю Дзежку яшчэ раз давялося сустрэць свайго бацьку. Валачыўся ён пры абозе ўцекачоў, што ехаў у Розэнбэрг. Вабоз складаўся са сваякоў людзей, што служылi ў войску. Стары Дзежка яшчэ больш пастарэў за гэты час. Вось што расказаў ён Кастусю й сябрам:

– Калi ехалi мы празь вёскi Прусii, немцы адносiлiсяда нас вельмi дрэнна. Глядзелi на нас, як на людзей нiжэйшых, сьвiней якiх. Заходжу аднойчы ў хату i прашу вады. Вунь iдзi, – паказвае мне баба помпу на панадворку. А чым-жа, пытаюся, – пiць? Рукой, кажа. Ну й злосьць-жа мяне ўзяла. Проста-напраста лiчыць нас за жывёлу. Што я тады раблю? Як прыязджаю дзе ў вёску цi ў горад, адразу здымаю кашулю й б'ю вошы. Гэта iм за кару. Няхай прыглядаюцца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю