Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 38 страниц)
Сымон заўважыў у натоўпе жанчыну гадоў сарака з дзiцём на руках. Яна, прыглядаючыся да палонных, горка плакала. Хто-ж мог увайсьцi ў тайнiцы ейнага гора ў гэты дзень i час? Магчыма, што дзесь на далёкiм фронце, мо на другiм баку Эўропы, мела сына цi мужа ды ўяўляла, што й ён дзесь галодны, празяблы, а мо й хворы пляцецца ў лiку палонных пад чужым канвоем. А мо ўжо была ўдавой...
Адно двух– цi трохгадовае дзiця, нiчога не разумеючы, чаму навокал такая вялiкая суматоха, шырока расплюшчанымi нявiннымi вочкамi, толькi дзецям уласьцiвым поглядам, пазiрала навокал.
На заходнiм баку Асбаху, зьлева, дымiлi яшчэ галавешкi хаты, а ў суседняй вываленая была цэлая сьцяна. Магчыма, што якраз адгэтуль заiкаўся халоджаны вадою стары бальшавiцкi "максiм" пад час раньняга наступу францускiх адзьдзелаў. Далей дарога зьбягала ў лагчыну. Па абодва бакi яе валялiся снарадныя лускi, нямецкiя шлемы, шапкi, патранташы. Крыху воддаль, налева й направа ў вадзе ляжала колькi пашматаных на кавалкi францускiх жаўнераў. Як давялося даведацца пазьней Сымону, французы ранiцою, зусiм бяз элемэнтарнай асьцярожнасьцi, вiдаць, п'янаватыя, iшлi тут групамi ў наступ. Адзiн з пярэдняе абароны батальёну Мураўёва пачаставаў iх парай панцырфаўстаў, ды, пэўна-ж, i той, ужо раней прыгаданы "максiм" таксама наступоўцаў не пагладзiў.
Плетучыся паволi побач бясконцай калёны машын i танкаў, пад дзiкiя крыкi й насьмешкi мараканцаў, палонныя мiнулi на рэчцы новапабудаваны мосьцiк i накiравалiся ў вялiкi двор фабрыкi пры ўваходзе ў Альткiрх. У варотах двара групе загадалi спынiцца й пачалi вобыскi. Акрамя канвойных, падыходзiлi да палонных i iншыя, што спынiлiся з машынамi. Яны шукалi па кiшэнях, выцягвалi запальнiчкi, ножыкi, забiралi з рук гадзiньнiкi, а некаторыя навет выкiдалi ў гразь усякую непатрэбную iм дробязь. Праз увесь гэты час палонныя былi прымушаныя трымаць рукi ўверх.
Непадалёк на адкрытым джыпе сядзеў афiцэр i штосьцi балбатаў у радыёперасыльны апарат. Магчыма, гэта быў карэспандэнт, а мо й афiцэр сувязi.
– Вы откудова? Вы русские? – адлажыўшы набок трубку, раптам спытаў ён па-расейску.
– Не, беларусы.
– Да всякие есть, – паправiў iншы.
– А чего же вы за Гитлера воевать пошли?
– Да мы не пошли. Он нас сам забрал.
– Да уж ожидайте, пока вам поверим, – скрывiўся афiцэр.
Адзьдзел, да якога трапiў Рэшатаў са сваёй групай, як выясьнiлася, складаўся пераважна з мараканцаў. Было сярод iх шмат чорных, а таксама расейцаў, палякаў, а магчыма, што й беларусаў. Зрэшты, дзе пад час Другое Сусьветнае вайны ня было славянаў? Ваявалi яны пад усiмi сьцягамi й па ўсiх тэатрах вайны.
На вялiкай фабрычнай плошчы група спынiлася. Пачаўся ўжо другi i яшчэ больш грунтоўны кантроль з боку канвойных. Бедны быў той, хто меў добрыя боты: хутка давялося зь iмi разьвiтацца. Сымон быў задаволены, што меў адно падношаныя чаравiкi. Разутыя найчасьцей не атрымоўвалi нiчога ўзамен. Французы, вiдаць, запасалiся абуткам, каб пры нагодзе было за што выпiць.
Воддаль ад новапрыбылых стаяў натоўп – сотнi мо тры – раней ужо прыгнаных з трыццатай дывiзii. Сымон спасьцярог там Налепу й шмат iншых са свае роты. Афiцэры стаялi ў асобнай групе побач. Лейтанант Башмакоў нiяк не мог дапытацца, дзе згубiўся лейтанант Сьцервiн. Камандзер роты Багданаў цьвердзiў, што пазаўчора каля гадзiны адзiнаццатай Сьцервiн сабраўся ў абход пазыцыяў i ад гэтага часу яго не бачыў. Думалi, што пазьней выясьнiцца, што мо на гэты бок забадзяўся, ажно й тут няма. Чалавек як у ваду кануў. Нiхто зь iх так i не даведаўся, што сталася са Сьцервiным, а тыя, што ведалi, тым часам маўчалi.
Пасьля блiзу гадзiннага чаканьня ўсiх палонных накiравалi ў горад пад канвоем мясцовае палiцыi. Прайшоўшы колькi вулiцаў, спынiлi iх перад будынкам каманданта. Афiцэраў паклiкалi на допыты. У гэтым часе францускiя жаўнеры, што праходзiлi й праязджалi, шнырылi ў людзей па кiшэнях. Ужо зусiм сьцямнелася, калi загналi палонных у падвал нейкага вялiзнага будынку. Там прасядзелi мо пару гадзiн, атрымаўшы першую страву па гэтым баку – па лыжцы нясмачнай полiўкi.
Заладаваўшы людзей на шматлiкiя транспартныя машыны, завезлi iх за паўдзесятка кiлямэтраў у нейкае мястэчка, дзе разьмясьцiлi на начлег (як Сымон назаўтра даведаўся, прыгледзеўшыся) у пустой жыдоўскай сiнагозе. Пры ўваходзе ў яе яшчэ раз лазiлi людзям па кiшэнях, i ў шматлiкiх беларусаў вытварылася iдэя, што французы – дасканалыя кiшанёвыя майстры.
Сымон апынуўся наверсе, у вялiкiм бочным пакоi. Людзей напакавалi туды, як у бочку селядцоў. Праз вокны сьвiстаў вецер. Было цёмна. Людзi клалiся адпачываць на сьцюдзёнай падлозе. Ногi й галовы так паблыталiся, што цяжка было-б i разгледзець, што да каго належыць.
У адным кутку чуваць было нямецкую мову.
– Ты куды нагу ўпёр мне ў плечы! – жалiўся адзiн голас.
– Павярнiся-ж ты хаця крышку, каб i я прылёг.
– Вось дык i жывём, – уздыхнуў трэцi.
– Камэрад, камэрад! Дас iст фаў драй! – дражнiў немцаў Рэшатаў.
Колькi чалавек гучна засьмяялася.
II
Ранiцою Сымон разгледзеўся. Бажнiца была паўнюсенька набiта народам. Балькон, нiжняя заля, бочныя каморкi – усё было перапоўнена.
– Слухай! – гукнуў Сымона Пiсаронак. – Караткевiч тут ёсьць.
– Так? Дзе ён?
Знайшлi Вiктара на бальконе. Сядзеў i, пазяхаючы, разглядаўся. Усмiхнулiся, паздароўкалiся, моцна пацiснулi рукi.
– А калi-ж ты трапiў? – пытаў Сымон.
– Учора апаўднi.
– Дык дзе-ж ты так доўга быў заваляўся?
– Братка, каб ты толькi ведаў, – пазяхаў iзноў той. – Хацеў я ўжо быў заставацца ў селянiна. Дамовiўся, усё абцяпаў, як належыцьца. Начаваў у яго цэлую ноч. Дзе-ж ты, братка, такое бачыў... Як пасядзеў адну пару ў тых вакопах – вады па каленi... Не, думаю, не такi я дурань, каб калець на сьцюжы. Дык ведаеш, пайшоў да Рэшатава й прашу, каб даў мне боты. Ён кажа: дам табе боты, дык хутка нi цябе, нi ботаў не ўбачу. Зараз змыешся, кажа. Як узяла мяне, братка, злосьць. Не, думаю, скула-ж табе ў бок. Калi так, думаю, дык i фiгу мяне больш убачыш. Забраўся я да мужыка ў пуню на сена й выспаўся як належыцьца. Спаў да васьмi. Ранiцаю ўстаў, папiў культурна кавы, пасьнедаў у гаспадара дый толькi ўжо збiраўся ў цывiльнае пераапранацца, як тутака табе й пачалося. Ад хаты да пунi не было як перабегчы: мiны кругом клалiся, кулi навокал сьвiсталi...
– А я-ткi думаў, чаго яны так моцна ў тым баку страляюць? – жартаваў Сымон, ведаючы, што сябра заўсёды дабаўляе й перахвальвае. – Ажно гэта яны цябе старалiся зь бясьпечнага сховiшча вывудзiць. От яно як!
– Ты сьмейся ня сьмейся, – крыху зьбянтэжыўся Вiктар, – а надта смачна й ня было. Гаспадар дамовiўся мне цывiльную вопратку ў пуню прынесьцi. Дык дзе там! Ня было як. Цi то ня мог прайсьцi, цi то пабаяўся. Ягоная хата была якраз з таго боку вёскi, дзе найбольш абстрэльвалi. Што-ж тады мне заставалася рабiць? Залез я, ведаеш, у хлеў i схаваўся пад бычкоў за карыта...
– Куды? Куды?
– Схаваўся за карыта ў быкоў.
– У быкоў? Га-га-га! – рагатаў Сымон, а Пiсаронак яму памагаў. – Але-ж зь цябе й ваяка. I даволi арыгiнальнае сховiшча. А даiць iх ня пробаваў? Га-га-Та, хэ-хэ...
Вiктар зьбянтэжыўся.
– Ну, апавядай далей, – спанукаў сябра.
– Што-ж там многа апавядаць? Прыйшлi й выцягнулi.
– Хто прыйшоў i як выцягнулi?
– Гаспадар сказаў iм, мусiць, бо доўга чакаць – не чакаў. Прыйшло, брат, двое – чорны зь белым. Як хвацiлi мяне за рукi й ногi ды як павалаклi з-за таго карыта, дык чаго ўсiх канцавiнаў не павыкручвалi. Як убачылi, заразы, гадзiньнiк, дык чаго з рукой не адарвалi. Забралi ўсё ўсенькае: i хлябак, i шапку, застаўся во як стаю.
– Эх, брат, ну й ваяка-ж зь цябе, – сьмяяўся Сымон. Рана пачалi ладаваць палонных на машыны. Мiж афiцэраў вiдаць было й маёра Мураўёва. Ён стараўся быць вясёлым, але гэта не надта ўдавалася. Вясёласьць была штучная. Тое-ж наглядалася й мiж iншых афiцэраў. Яны апранулi штучныя маскi бесклапотнасьцi, з-пад якiх вiдаць было няпэўнасьць цi навет i некаторую трывогу. Магчыма, што ў галовах гнязьдзiлiся ранейшыя, часта паўтараныя немцамi пагрозы, што ўсе палонныя будуць аддадзеныя ў рукi Сталiна.
Даўгi транспарт з палоннымi, што стаялi ў кузавах аўтамашынаў, ужо каля паўдня выехаў у кiрунку Бэльфорта. Праяжджалi празь вёскi, густа ўпрыгожаныя францускiмi сьцягамi, мiма сьвяточна апранутых жыхароў i калёнаў францускага войска, што пасоўвалася на фронт. З боку як адных, так i другiх у адрас палонных чулiся дзiкае выцьцё, пагрозы й насьмешкi. Той цi iншы з французаў падбягаў i стараўся плюнуць у палонных. Хто ведае, цi сустрэчныя адносiлiся-б iнакш, калi-б ведалi, што палонныя ня былi немцамi.
Транспарт праяжджаў празь вялiкую вёску, дзе разбурэньнi й розны хлам на вулiцы сьведчылi аб нядаўнiх баёх. Усюды было поўна цывiльных i вайсковых. На павароце аўтамашыны спынiлiся. Сымон зь сябрамi стаяў у кузаве другой машыны. Колькi цывiльных, у тым лiку адна жанчына, набраўшы поўныя прыгаршчы гразi, пачалi абкiдваць ёю палонных. Яны дзiка смяялiся й крычалi, калi гразь пападала ў мэту. Канвойныя, што стаялi па чатыры ў кожным кузаве з бакоў, з уцехаю глядзелi на тыя зьдзекi, бесьперапынна жуючы амэрыканскую гуму.
Малы смаркаты падлетак, каб зблiзку лучыць гразёй у каторага палоннага, спрабаваў узабрацца на прыступку кабiны. Гразь, няўмела кiнутая малой рукой, адбiлася аб борт кузава й часткова трапiла смаркачу за каўнер. Пачырванеўшы ад сораму й злосьцi, ён схапiў з кучы хламу палку й зноў стараўся дастацца на прыступку, каб бiць безабаронных людзей. У гэты час адзiн старэйшы чарнавусы мужчына, прыдбаўшы добрую дубiну, пачаў абкладаць ударамi палонных на кузаве трэцяй машыны. Былi там пераважна немцы, й тым па краях добра папалася. У кузавах машынаў адбываўся ў часе гэтых пабояў рух: мацнейшыя выпiхалi слабейшых на краi, а самi цiснулiся, прысеўшы на кукарэчкi, у бяспечную сярэдзiнку. Пабоi й дзiкiя крыкi натоўпу прадаўжалiся, аж пакуль транспарт ня рушыў зь месца.
На змярканьнi транспарт прыехаў у малое мястэчка блiзу Монтбэльярда. Вялiзарная пустая хвабрычная заля памясьцiла звыш тысячы чалавек. У лiку iх было каля чвэрцi немцаў. Вечарам былi выдадзены першыя харчы: дванаццаць бiсквiтаў (сухароў) на кожнага, вялiзная пушка – каля трох кiлаграмаў валовай кансэрвы на восем чалавек i па пушцы кансэрваванага супу на кожнага. Многiя цьвердзiлi, што паёк гэты быў лепшы, чымся ў армii пры немцах. Мелi слушнасьць. Такi-ж самы паёк атрымалi й на наступны вечар, дык i на голад не давялося жалiцца. Адчувалася адно нястача вады, якой выдавалася абмежаваная колькасьць. Пасьля валовай кансэрвы нядрэнна п'ецца, й дзеля таго кожны хацеў прапаласкаць рот. На другi дзень немцаў пачалi накiроўваць у далейшы вабоз, а новыя транспарты цэлы час прывозiлi палонных з фронту. Да Спарыша, Караткевiча й Пiсаронка далучылiся тут Жылякоўскi, Дудкевiч, Сакоўскi, Лобiк, Замочак i iншыя. Пасьля абмену весткамi выявiлася, што на фронце зь лiку былых кадэтаў зь Менскай афiцэрскай школы загiнула двое сяброў. Качаноўскi, празываны спартсмэнам, загiнуў у лесе на правым крыле ад Асбаху. Лях, што паходзiў дзесьцi з Наваградчыны ды разам з Дудкевiчам трымаў пазыцыю пры кулямёце на поўдзень ад Альткiрху, быў забiты незаўважаным навет сваймi сябрамi побач. Вiдаць, снайпер узяў яго на мушку. Як сядзеў пры кулямёце, якога не манiўся выкарыстоўваць, так i ўзьлёг на яго. Сябры думалi, што задрамаў. Пасьпелi яшчэ пахаваць. Нiхто ня мог з пэўнасьцю сказаць, цi хто з былых кадэтаў адступiў зь немцамi на ўсход.
III
Дзьве пары прабылi палонныя ў пустой хвабрыцы й на трэцi дзень пехатой былi накiраваны ў Монтбэльярд, дзе затрымалiся на вялiкiм школьным панадворку. Тут-жа былi ўжо ўсе палонныя афiцэры. Адлучыўшы немцаў у асобную групу, француз у цывiльным адзеньнi загадаў сваiм людзям пры дапамозе палонных афiцэраў перапiсаць асобна палякаў, а асобна расейцаў. Беларусаў i ўкраiнцаў як быццам i ня было. Выглядала, што французы мелi наўвеце дзяржаўную прыналежнасьць, а не нацыянальнасьць. Гэткi загад паставiў у тупiк шматлiкiх гарачых патрыётаў беларусаў i ўкраiнцаў, для якiх адмова ад собскае нацыянальнасьцi азначала шмат больш, чымся двукосьсе на ўрадавай паперы. Дарэмным было-б старацца даводзiць некаму з французаў, што акрамя палякаў i расейцаў ёсьць народы, якiя страцiлi незалежнасьць, але нiколi ня выраклiся сваёй гiстарычнай спадчыны й змагаюцца за аднаўленьне дзяржаўнасьцi. Па-першае, палоннага нiхто ня слухаў, i той, хто наважыўся-б выясьнiць справу нацыянальнасьцi, сьцягнуў-бы, пэўна, на сваю галаву больш клопату, чым дабiўся-б карысьцi, па-другое, хто-ж мог бы спадзявацца, каб нейкi францускi вайсковы цi цывiльны чыноўнiк мог разьбiрацца ў такiх справах ды шчэ ў такiх умовах, дзе ён быў поўным гаспадаром жыцьця й сьмерцi гэтых палонных...
Разумеючы ўсё гэта, навет самыя гарачыя беларускiя патрыёты пакiнулi думкi аб тым, каб пiсацца беларусамi. Ведалi, што гэта магло-б раўняцца самагубству. Маглi-б iх палiчыць за расейцаў. Пасьля-ж, хто ведае, маглi-б выслаць да Сталiна. Усё-ж такi цяжка чалавеку рабiць гвалт над собскiм сумленьнем, тым больш калi яно да гэтага часу было чыстым перад сабою, Богам i Бацькаўшчынай. Адно ратаваньне жыцьця змусiла шмат каго на такi крок.
Пасьля даўгаватага працэсу перапiскi выявiлася, што група расейцаў была вельмi скупая – усяго пару дзесяткаў чалавек. У iх лiку апынулася трое кадэтаў зь Менску, што да вайны гадавалiся пад маскоўскай акупацыяй. Польшча-ж значна пабагацела на новых "палякаў", на перапiску якiх пайшло шмат аркушаў паперы. "Палякамi" сталiся Сымон Спарыш, Вiктар Караткевiч i iншыя iх сябры з былое Школы Камандзераў БКА.
Калi жарты й кпiны ў амаль бязвыхадным становiшчы сапраўды вызначаюць жыцьцяздольнасьць i трываласьць некаторых людзей, дык можна сказаць, што якраз да такiх належала бальшыня былых менскiх кадэтаў.
– Вiдаць, братцы, выгадней будзе ад цяперашняга часу апрануць чужую скуру, – камэнтаваў адзiн перапiс i шлях у "палякi".
– Як то чужую? А што-ж ты мо не паляк? Цi-ж ня сам гэта меў гонар радзiцца ў вялiкай i моцарствовай? – падпусьцiў другi зь няскрыванай iронiяй.
– Цi-i-i-i-i-ха вы! – перапалохаўся трэцi. – Не забывайцеся, што могуць непаклiканыя вушы гэту гутарку пачуць. Вам тады не на жартачкi выйдзе.
– Дык, мусiць, братцы, калi мы – "палякi", варта й на польскую гутарку памаленьку пераключацца.
– Пся крэў! – пераключыўся ўжо адзiн.
– Перастанеце вы нарэшце цi не? Пара ўжо вырасьцi й быць больш асьцярожнымi. А то быццам дзецi малыя, сьмешачкi ўсё...
Ноч пераначавалi ў школьным падвале на голай падлозе. Назаўтра ранiцою, заладаваўшы палонных на аўтамашыны, транспарт накiраваўся ў Бэзансон. Ехалi той самай дарогай побач ракi Дуб, якой калiсьцi адступалi з Францыi. Пазнавалi вёскi й мястэчкi. Кадэты БКА пазналi навет тое месца, дзе бальшыня iхных сяброў перайшла да макiсаў. Шмат мясьцiнаў было цалкам разбурана й спалена. Макiсы, як вiдаць, дрэнна старалiся ўсьцерагчы маёмасьць свае краiны перад знiшчальнымi адзьдзеламi немцаў.
У Бэзансоне аўтамашыны накiравалiся на ўсход ад гораду дарогай, што вяла на высокую гару, на версе якой палонныя пабачылi высокiя муры старой цвярдынi – Форт Брэвiль. Вужакай узабраўшыся наверх, дарога перарэзала першую старасьвецкую каменную сьцяну. Зараз за гэтай першай, даволi высокай сьцяной паабапал дарогi налева й направа вiдаць былi руiны. Другая сьцяна была яшчэ вышэйшая й мацнейшая. За ёй цягнулася глыбокая шыракаватая канава, абодва бакi якой спалучаў трывалы каменны мост. Аўтамашыны спынiлiся перад галоўнай брамай цьвярдынi, ля якой стаяў вартавы. Гэта ўжо трэцi з чаргi мур вышынi мо на мэтраў пятнаццаць быў асноўным i найлепш утрыманым. Скрыпнулi дзьве вялiкiя палавiны старое брамы, i машыны зь людзьмi пакацiлiся адна за другой на шырокi двор.
Амаль у цэнтры яго, на невялiкiм бугры, стаяў немалы каменны двухпавярховы будынак прастакутнае формы. Крыху воддаль за iм ззаду стаяла малая каплiца. Памiж двума будынкамi, як давялося пасьля заўважыць прыезджым, знаходзiлася брацкая магiла закатаваных немцамi францускiх патрыётаў. На магiле стаяла вялiкая плiта з крыжам ды дзесяткамi iмёнаў i прозвiшчаў. Можна было меркаваць, што Бэзансонская цьвярдыня – Форт Брэвiль была ператворана немцамi ў катоўню. Муры ейныя былi апырсканы кроўю францускiх патрыётаў.
Вялiкi двор, у цэнтры якога былi прыгаданыя намi кагадзе аб'екты, быў абкружаны двух– i трохпавярховымi будынкамi з тоўстымi каменнымi сьценамi, у прызначэньнi якiх цяжкавата было разабрацца. Сярод палонных было шмат немцаў, адасобленых ад усiх iншых. Па схудзелых i змучаных тварах можна было здагадацца, што кармiлi iх дрэнна ды што знаходзяцца яны тут ад даўжэйшага часу, збiраныя з усiх адрэзкаў фронту.
Новую групу зноў падзялiлi паводле нацыянальнасьцяў. Групай "палякаў" заапекаваўся сярэдняга росту й веку, шыракатвары, добра адпасены мужчына, апрануты напалову па-цывiльнаму, напалову па-вайсковаму. Меў цёмна-зялёны мундзiр, шэрую вайсковую фуражэрку з жаўтаватым арлом наперадзе й чорныя цывiльныя штаны.
– Uwaga! Bacznosc! – вырвалася з ягонае хрыплаватае глоткi. – Ustawic sie w trojszeregu!*
* Увага! Зважай! У тры рады шыхтуй! (польск.)
"Палякi" схамянулiся, пачуўшы новую для iх цi ўжо надта-ж даўно забытую мову й каманду, ды памалу, як авечкi, топчучыся, i не бязь лiшнiх таўхалёў, пачалi станавiцца ў калёну па трое.
– Naprawo r-o-o-wnaj! – ня сунiмаўся новы камандзер. Беларускiя афiцэры на правым крыле, а за iмi цэлая вялiзарная калёна так-сяк выраўнялася. Камандзер з двума французамi пералiчыў усiх, пачынаючы з правага крыла, выдзелiў у асобную групу афiцэраў, параўнаў колькасьць усiх з колькасьцю прозьвiшчаў на перапiсаных лiстах i, адлiчаючы зноў па колькi дзесяткаў, накiроўваў кожную групу ў адны цi ў другiя дзьверы падвалу каменнага будынку.
IV
Зьмяркалася. Падвал, у якi трапiлi Вiктар i Сымон зь сябрамi, быў зусiм цёмны. Палонныя вобмацкам шукалi, дзе прытулiцца нанач. Новапрыбылыя хутка выявiлi, што падвал ня быў пусты: колькi папярэджаньняў i лаянак у польскай мове сьведчылi, што тут ужо прысутнiчала пэўная група "родакаў". Пасьля колькiх пытаньняў новапрыбылыя даведалiся, што тыя таксама служылi пры нямецкiм войску, хоць i былi палякамi, як яны тлумачылi, сiлаю забранымi з "кангрэсоўкi" або зь Сiлезii. Беларусы ўгадвалi, што быў гэта ня хто iншы, як польскiя "фольксдойчы", якiя цяпер пры зьмене палiтычнага ветру зьмянялi й нацыянальны колер.
Людзей налезла, як селядцоў. Паветра было цяжкое, пахла цьвiльлю. Сымон i Вiктар вобмацкам знайшлi пустое месца на вялiкiм круглым камянi. Угадвалi, што быў гэта млыновы камень. Тут-жа побач яго намацалi вялiкае драўлянае кола. Усё гэта сьведчыла, што падвал некалi служыў млыном.
– Вот, братка, будзе табе сяньня пасьцеля, – гаварыў упоцемку сярод цiхага агульнага гоману Вiктар.
– Адно, што на галаву капаць ня будзе. Што й гаварыць – высьпiмся па-людзку.
– Яшчэ-б! Бяда вось адно, што нiчога пасёрбаць не далi. Кiшкi марш граюць.
– Весялей, брат, будзе спаць.
– I што, ты думаеш, з намi будзе?
– Вось дзiвак, яшчэ пытаецца. Усё добра будзе. Ты сягоньня памножыў шэрагi палякаў, дык яны цяпер аб табе й клапацiцца будуць.
Удзень яшчэ, адразу пасьля прыезду ў Форт Брэвiль, "палякi" даведалiся, што ў хуткiм часе маюць быць добраахвотна высланыя ў польскую армiю ў Iталiю.
– Так, гэта я ведаю. Мяне цiкавiць толькi, як яно там тое польскае войска выглядае, – мяркаваў Вiктар.
– Нейкi-ж там цяпер у iх маршалак цi "вудз начэльны" ёсьць. I, пэўна-ж, такiмi, як мы, "патрыётамi" заапякуецца.
– Чорт пабяры, але-ж, брат, i цьвёрда. Нiколi-ж не даводзiлася яшчэ на каменi спаць, – жалiўся Вiктар, паспрабаваўшы прылегчы i не зьвярнуўшы ўвагi на саркастычную нотку ў Сымонавым адказе.
– Але ты ведаеш, – цягнуў сваё Спарыш, – нашы дарогi, мая з тваёй, значыцца, мусiць, нiколi не разлучацца. Гэта-ж я думаў, як нас там пад Альткiрхам разлучылi ды паслалi ў iншыя вакопы, што мо прыйдзе якая завiруха й згубiмся. Ажно не. Мусiць, ужо нам лёс вызначыў быць усюды разам.
– Або як мы некалi ўмовiлiся ўцякаць у горы, – прыпамiнаў Вiктар, – i ты пайшоў, а я не. То ты пасядзеў на гары й вярнуўся. Iзноў дарогi чуць не разлучылiся.
– Даволi дзiўна злажылася. Вiдаць, што й будучыня ў нас супольная. Давай, брат, ужо трымацца разам, што-б нi было.
– Трымалiся ад пятае клясы, дык чаму-б цяпер ня трымацца. Але-ж, брат, i мулiць гэты камень, чорт-бы яго пабраў!
– Гэй, сусед! Сусед! – клiкнуў Сымон у курiнку агню папяроскi, што мiгаў упоцемку. – Хто гэта? Ты, Дудкевiч? Дай i мне пару разоў смактануць, хоць вусны папячы.
– Нiчога, браток, ужо не пацягнеш. Дастаў во сам на ногаць даўжынi тут ад аднаго збоку, – тлумачыў Дудаевiчаў голас, – адно слiнькi засталiся.
Дзесьцi з кутка, спачатку цiха, а пасьля галасьней, дрыгаючы, заiкаючыся й захлынаючыся ў агульным бубненьнi людзкiх галасоў, прыбегла да вушэй якаясьцi песьня аб Касi й Ясю.
– Вось табе й весялей цяпер будзе, – таўхануў Спарыш Вiктара. – Мо калiсь i сам сьпяваў ды забыўся, дык прыпомнi.
– Глядзi во, некаму-ж i весела тут. Маўчалi-б ужо лепш. Гул у падвале паволi сьцiхаў. Нядоўга трывала й выцьцё сьпевакоў. "Няма лепшага лякарства на забыцьцё нядолi, чымся сон", – думаў Сымон, стараючыся заснуць. Адылi сон нялёгка прыходзiў. Акрамя мулкага млыновага каменя пад бакамi й галавой, сама галава была перапоўнена роем думак.
Поўная зьмена абставiн, а самае галоўнае – тое, што воляй-няволяй давялося трапiць у "палякi", вярэдзiлi пачуцьцi й сумленьне беларускага патрыёты. Ясна, што ня было iншага выйсьця, што чалавек бачыў сябе, як нейкую дробненькую бездапаможную пылiнку на хвалях бурлiвага ваеннага мора. Але пачуцьцё не заўсёды накiруеш сьцюдзёнага й прадуманага выснаву, асаблiва калi iм кiруе гарачая й бязьмежная любоў да паняволенай Бацькаўшчыны.
V
Разбудзiлi рана. Пры дзьвярах падвалу, зь якiх паволi вылазiлi на двор палонныя, стаялi па тры перапiшчыкi. Сымон зь Вiктарам i iхныя сябры заўважылi пры сваiх дзьвярах Кнора – камандзера iхняга зьвяза ў Менскай Школе БКА. Зь iм быў iншы афiцэр з батальёну Мураўёва й трэцi, якiх хлопцы ня ведалi па прозвiшчах.
– Як прозьвiшча? – спытаў Кнор па-польску Сымона.
– Сымон Спарыш.
– Пан зьяўляецца палякам, пане Спарыш?
Пры гэтым Кнор зусiм выразна, але незаўважна для двух iншых афiцэраў маргнуў Сымону правым вокам.
– Так, я ёсьць паляк.
Пры гэткiм пытаньнi й адказе карцiла юнаку зарагатаць перад Кнорам на ўвесь голас, але асьцярожнасьць падказала iншае. Кнор адзначыў знаёмага ўжо яму амаль шэсьць месяцаў "паляка" па сьпiску й апытваў далейшых. На шырокiм двары электрычны рухавiк пампаваў ваду. Адна помпа забясьпечвала нейкiя тры тысячы палонных у мурах Форт Брэвiль. Як давялося даведацца нашым гэроям, бальшыня тутэйшых сталых палонных былi немцамi. Атрымоўвалi яны на дзень па 250 грамаў чорнага хлеба й па макулiнцы маргарыну. Два разы на дзень атрымоўвалi ваду, за якой ужо цяпер станавiлiся групамi ў чаргу каля помпы.
З аднаго будынку двое палонных вынесьлi на насiлках цень чалавека й заладавалi на аўтамашыну, што накiравалася вонкi цераз галоўную браму. Яшчэ адна ахвяра вайны й няволi...
Атрымаўшы сьцiплую порцыю чорнага хлеба й маргарыны, палонныя рушылi каля паўдня на Бэзансонскую станцыю. Сымон дачуўся ўжо пазьней, што маёр Мураўёў з Рэшатавым i шматлiкiмi iншымi былымi савецкiмi афiцэрамi, а таксама й група радавых, трапiлi з Бэзансонскай цьвярдынi за калючы дрот вабозу, адкуль старалiся iх выслаць да "бацькi" Сталiна. Хадзiлi чуткi, што некаторым зь iх удалося дастацца ў францускi чужаземны легiён, а некаторых везлi ў савецкую Расею, ды што не адзiн зь iх кiнуўся з борта мараплаву ў Мiжземнае мора. Усё гэта былi толькi чуткi, якiя немагчыма было вайной праверыць.
Эшалён з палоннымi быў пад наглядам былых афiцэраў. Канвойных ня было, акрамя колькiх чалавек польскае ваеннае мiсii. Фактычна людзi ўжо ня былi палоннымi й вальней уздыхнулi. Сымона здзiвiла тое, што бальшыня людзей ўжо пераключылася на польскую мову. Калечылi яны яе, зьдзекавалiся над ёй на розныя лады – аж слухаць было брыдка. Усё-ж Сымонавы й Вiктаравы сябры, былыя кадэты зь Менску, гутарылi па-беларуску й нi перад кiм ня крылiся.
Цягнiк з таварнымi вагонамi, перапоўненымi "палякамi", пакiнуўшы Бэзансон, накiраваўся праз Доль, Дыжон i Валенцыю ў Авiньён, што ляжыць у дэльце Роны, блiзка на поўнач ад Марсэлю. Iншым разам чалавек мог бы захапляцца хараством вiнаградных палёў ронскай далiны, жахнуцца, убачыўшы зьнiшчэньнi Дыжона й iншых спадарожных гарадоў. Цяпер усё было ахутана пакрывалам абыякавасьцi. Голад, нядоля й няволя прытупiлi рэакцыю на ўсё чутае й бачанае. Апатыя да жыцьця зьяўляецца адзiнай меркай перыяду iснаваньня, калi нармальна ня жывецца й не адчуваецца.
VI
Польскi транзiтны вабоз у Авiньёне меў адно заданьне: працай вайсковае мiсii, што трымала кантакты з камандамi хаўрусьнiцкiх сiлаў у паўдзённай палавiне Францыi, зьбiраць усiх грамадзян былой Рэчы Паспалiтай, так цi йнакш трапiўшых пад нямецкiя вайсковыя штандары, i накiроўваць iх у Iталiю ў Другi корпус, што ўваходзiў у Восьмую брытанскую армiю. Акрамя людзей з нямецкiх фармацыяў, вайсковая мiсiя старалася вербаваць i iншых палякаў на тэрыторыi Францыi. Вабоз быў адно зборным i перасыльным пунктам. Ня было тут анi дакладнага медыцынскага агляду, анi выдаваньня вайсковай вопраткi, анi вайсковых заняткаў. Людзей зьбiралi, кармiлi, у выпадку патрэбы давалi медыцынскую дапамогу i адсылалi мараплавамi з Марсэлю ў Нэапаль.
У абозе былi выгодныя баракi, кухнi, лазьнi, прасторны пляц, што пад восеньскiмi дажджамi замянiўся ў жыдзенькую жаўтаватую калатушку, ды – цi не самае найважнейшае – вялiкiя канцылярыi, што гулi сотнямi галасоў, вечна пульсавалi жыцьцём бесканечнае ракi народу. Харчы былi добрыя. Праежджыя адпачывалi тут, нiчога не рабiлi, адно памалу загойвалi фiзычныя раны.
Якiх там толькi людзей i тыпаў не давялося бачыць! Перадусiм – вопратка. Шмат было апранутых па-цывiльнаму. Iншыя дзесьцi й аднекуль, мо яшчэ зь перад вайны, захавалi ведамыя чатырохрожныя шапкi, званыя рагатоўкамi. Надта сьмешнымi выглядалi яны для непрывычных вачэй. Вялiзная колькасьць, мо больш паловы, насiла нямецкую вайсковую вопратку. Былi некаторыя ў амэрыканскiх i брытанскiх "батледрэсах". Акрамя польскае мовы, чуваць было найбольш беларускай i ўкраiнскай. Не ўсе хавалiся са сваёй мовай i нацыянальнасьцю. Хiба-ж i вайсковая мiсiя й каманда Другога корпусу ў Iталii ня ведалi, што амаль палова насельнiцтва перадваеннай Польшчы была беларусамi i ўкраiнцамi? Дык i цяпер мусiлi талерантна адносiцца да моваў i нацыянальнасьцяў.
У Авiньёне нашы гэроi прабылi цэлы тыдзень. За гэты час адпачылi й фiзычна пахарашэлi. Чысьцiлi, мылi, латалi, вылежвалiся ў сухiх i цёплых чыстых пасьцелях або хадзiлi па абозе й зьбiралi навiны.
На трэцi дзень пасьля прыезду сустрэлi пры санiтарным пункце Вiктара Сянькевiча й Касiновiча – двух сяброў з групы Грамыкi. Узрадавалiся iм, як братам, тым больш яшчэ, што ад iх здабылi весткi аб частцы колiшняй афiцэрскай школы, што перайшла да макiсаў. Была надзея, што зноў усе зьбяруцца ў кучу, хоць ужо на iтальянскiм беразе.
Пасьля шасьцiдзённага адпачынку ў Авiньёне група ў лiку 418 чалавек накiравалася ў Марсэль, дзе затрымалася ў транспартным абозе блiзка порту Пару дзён пазьней прыехала з Авiньёна яшчэ 200 чалавек. Выходзiць у горад было забаронена. Забiвалi час гульнёю ў карты. На зьведаньне гораду мала было ахвотнiкаў. Ня ведалi мовы, ня мелi грошай. Нiхто не жадаў валачыцца бяз мэты. Чакалi на выезд.
ЧАСТКА ДРУГАЯ
БЭРЛIН-ЦЬВIЗЭЛЬ-НЭАПАЛЬ-БАЛЁНIЯ
КЛЯЙМО НЯЧЫСЬЦIКА
I
Вялiкiя прасторы пустога адкрытага мора заўсёды натхняюча ўзьдзейнiчаюць на чалавека. Якi прастор! Якая вольнасьць! Якая магутнасьць! Зрок ваш блудзiць па шэра-блакiтных цi зеленкаватых бурлiвых хвалях i, не знаходзячы пункту апоры, мiмаволi паведамляе розуму пра велiч i бязьмежнасьць бачанага. Мо першы раз у жыцьцi вы бачыце мора цi акiян i ня можаце наглядзецца. Яно вас паглынае, усочвае ў сябе. Яно – вольнасьць, яно – уздым, яно – магутнасьць! Вы адрываецеся ад рэчаiснасьцi, забываецеся, што, будучы на борце мараплава, усё яшчэ зьяўляецеся часткаю людзкога й цывiлiзаванага. Блудзiце зрокам туды, дзе амаль незаўважна край мора зьлiваецца з прасторам неба. Захапляецеся стыхiяй бязьмежнае, здаецца, вады й паветра i ўяўляеце, што вы таксама частка яе. Калi вы здольныя глыбока думаць i марыць, то забудзецеся аб фiзычным iснаваньнi й станеце часткаю неабсяжнага мора, часткаю вольнае, магутнае прыроды.
Ня дзiвiцеся, калi паэт, сутыкнуўшыся зь вялiкiм прасторам мора, гойдаючыся дзесь на мараплаве, адкоцiць такi ёмкi верш цi паэму, што вы нiколi й не падазравалi-б яго ў такiх здольнасьцях. Мора – яго натхненьне. Ён-жа абавязкова пад тым вершам цi паэмай i зазначыць, што напiсана на Атлянтычным цi iншым акiяне, дый не забудзецца аб даце, каб ведалi, маўляў, што ён быў там i што магутныя воды маюць i на яго такi самы творчы ўплыў, як на сотнi й тысячы iншых слаўных папярэднiкаў – тварцоў мастацкага слова.
Ня дзiвiцеся, калi пачуеце, што мора мае й гаючыя ўласьцiвасьцi. Цi адзiн духова змучаны й скалечаны чалавек знойдзе ў мерных i шумных марскiх пералiвах бальзам, што гоiць духовыя раны, дапамогу ў турботным жыцьцi, раўнавагу духовае трываласьцi, знойдзе надзею й пабачыць зарысы лепшае будучынi.
Але мора – гэта перадусiм стыхiя, сiла. Неабмежаваная, нявычарпальная. Яно ад бяспамятных часоў нiшчыла, крышыла й тапiла на сваiм шляху ўсё слабое, бездапаможнае. Нязьлiчоныя разы было загубай для чалавека. Тапiла ягоныя заакiянскiя экспэдыцыi, руйнавала ўзьбярэжную маёмасьць i здабытак. Чалавек нарэшце знайшоў сродкi бясьпечнага падарожнiчаньня па моры, але нiколi не пакарыў яго неабмежаванай сiлы.
Сымон, едучы з Марсэлю ў Нэапаль мараплавам разам са сваймi сябрамi, першы раз быў на моры. Перад вачыма задумлiвага юнака разьлёгся новы, вялiкi й бязьмежны сьвет. Цiхае зеленкаватае Мiжземнае мора дыхала магутнасьцю, вольнасьцю. Лёгкi паўдзённа-заходнi вецер часаў грывы хваляў, асеньнiм халадком перакачваўся й разгульваў па шурпатай гладзi. Чарада чаек шнурам цягнулася ў хвасьце за мараплавам, манатонным i сумным крыкам наганяючы нейкую тугу й журботу.
II
Пасажыры павольна хадзiлi па палубе, заглядалi ва ўсе закануркi старога мараплава, сачылi за рутыннай працай матросаў, прыглядалiся хвалям i птушкам, гаманiлi аб тысячы й адной розных дробных справаў;
Задуманы Сымон стаяў, абапёршыся на агароджу борту, i дзесьцi блудзiў зрокам удалечы. Лёгка-шумнае мора, журботны крык чаек i раўнамерны рух мараплаву нараджалi ў юнацкай галаве цi мала думак. Жыцьцё, як яго бачыў хлапец, было няцiкавае й невясёлае. Даўно абыякавасьцю апранулiся ягоныя пачуцьцi. Як мараплаў цяпер плыў у нейкi чужы Нэапаль, у новую прыстань, так, выдавалася яму, плыла й вялiкая, страшная хваля жыцьця. Хтосьцi аднекуль кiраваў гэтай хваляй, вызначаў ейны бурлiвы ход да нейкай мэты. Ён, Сымон, быў несены ёю мiма сваёй волi, кiданы з аднаго канца Эўропы ў другi. Вось хваля тая хутка выкiне яго на незнаёмы бераг, там падхопiць iншая ды з новай сiлаю панясе далей у няведамасьць, i так, здавалася, будзе без канца. Ня быў гаспадаром самога сябе, не загадваў курсам жыцьця й лёсу, а даўно ўжо стаў часткаю нейкай вялiкай, бяздушнай, жахлiвай пражорлiвай машыны. Яна дыхала агнём i жалезам, харчавалася смерцю й калецтвам, нiшчыла слабое й бездапаможнае, крышыла-папялiла ўсё па дарозе.