Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 28 (всего у книги 38 страниц)
– Камандзер беларускае дывiзii, да генэрала Мальцава! – пачулася перададзенае па лiнii.
Кушаль з капiтанам Орсiчам, прыйшоўшы да ўласаўскага камандзера, заўважылi ягонае вялiкае зьнерваваньне.
– Сам ня ведаю, што рабiць, – казаў той. – З аднаго боку радыяграма Андрэя Андрэевiча загадвае чакаць зь пераходам фронту, а з другога – паслухайце самi.
Ад'ютант Мальцава, што ведаў ангельскую мову, пачынае чытаць i тлумачыць загад камандзера амэрыканскага корпусу наступнага зьместу: "Расейская дывiзiя генэрала Мальцава й беларуская дывiзiя сяньня маюць перайсьцi нямецкi фронт на шашы Айзенштайн Маркт – Цьвiзэль. Мая артылерыя пачне абстрэльваць нямецкiя пазiцыi а гадзiне дванаццатай апаўднi. У гэтым часе пачне дзейнiчаць i авiяцыя".
– Што-ж рабiць? – пытаецца ў прысутных афiцэраў уласаўскi камандзер. Бальшыня выказваецца за пераход да амэрыканцаў. Калi-б гэтага не зрабiлi, амэрыканцы могуць зразумець падзеi, як здраду, й пачаць атакаваць з паветра. Генэрал Мальцаў канчаткова быў перакананы. Войска атрымала загад завярнуць назад i памаршыравала гэтым разам ужо без затрымак.
IV
Шаша бегла мiж гор. Па абодвух бакох яе быў вялiкi лес. Для паўстрыманьня наступу амэрыканскiх танкаў немцы пазразалi й панавальвалi ўпоперак дарогi шмат дрэваў. Апрача гэтага, шаша была замiнiраванай. Беларусы й расейцы пасоўвалiся наперад з хуткасьцю чарапахi, адцягваючы з дарогi дрэвы й разьмiнiрваючы яе.
Нямецкiя пазыцыi праходзiлi ўздоўж ракi Рэген у кiлямэтрах трох ад Цьвiзэля, дзе былi ўжо амэрыканцы. На Рэгене быў мост. Адзьдзелы беларускае дывiзii мелi выйсьцi наперад, заняць мост i ахоўваць яго, пакуль пяройдзе ўся калёна. Пасьля гэтага беларусы мелi йсьцi як задняя старожа калёны.
Рота беларускiх жаўнераў, узброеная шматлiкiмi ручнымi кулямётамi, згрупаваўшыся на краi лесу, рушыла на здабыцьцё моста, што быў адлеглы прыблiзна на паўкiлямэтра. Воддаль вiдаць быў горад Цьвiзэль. Амэрыканская артылерыя пачала абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Жаўнеры дывiзii "Беларусь" хутка перабягалi па чыстым полi. Калi ўжо зусiм прыблiзiлiся да моста, быццам з-пад зямлi вырас з паднятымi ўверх рукамi цэлы адзьдзел немцаў. Беларускi камандзер загадаў немцам разьмiнiраваць мост, а калi праца была закончаная, падафiцэр з дружынаю адвялi палонных у лес i адпусьцiлi iх.
Хаця вiдаць было, што немцы ня мелi намеру супрацiўляцца, беларускiя адзьдзелы прынялi баявы парадак. Моцныя старожы былi пастаўленыя па двух бакох моста. Уласаўцы рушылi цераз мост першыя. Калёна iх была страшэнна доўгая. Асаблiва вялiкiм быў абоз. Шматлiкiя вазы запрэжаныя былi павольнымi баварскiмi валамi, што ледзь-ледзь ступалi з нагi на нагу. Ехалi жанчыны й дзецi – сем'i жаўнераў.
На краi Цьвiзэля амэрыканскiя танкi з рулямi кулямётаў, накiраванымi на дарогу, не варажылi нiчога добрага. Каля танкаў у баявой гатоўнасьцi чакалi жаўнеры, амаль палова зь iх – чорныя.
– Кiдайце зброю! – крычалi амэрыканцы. Бальшыня так i рабiла, не марудзячы. Адзiн зь беларусаў не сьпяшыў кiдаць свае стрэльбы. Да яго падбег амэрыканскi сяржант, выхапiў стрэльбу з рук i, бразнуўшы яе вобземлю, пачаў таптаць нагамi.
Беларускi адзьдзел адведзены быў у будынак велiзарнае пустое фабрыкi. Жаўнеры, змучаныя цэладзённым маршам, сядзелi на сьцюдзёных цэмэнтовых падлогах; i шмат хто хутка засынаў.
– Камандзер дывiзii! Дзе ён ёсьць? – пачуў Кушаль праз сон i раптоўна ўсхапiўся: – тут ёсьць!
Наступаючы ляжачым на ногi, падышлi да яго два амэрыканцы, адзiн зь iх перакладчык. Папрасiлi Кушаля ў штаб камандзера амэрыканскае дывiзii. Там беларускi падпалкоўнiк спаткаў i генэрала Мальцава.
Афiцэры бяз слоў замянiлiся паглядамi, у якiх выражалiся няпэўнасьць i неспакой. Амэрыканскi афiцэр, разгарнуўшы на стале карту, тыцнуў у адно месца пальцам.
– У гэтым месцы зараз-жа пастроiце вашу дывiзiю, – загадаў Кушалю. Тое самае, паказаўшы ў другое месца карты, кiлямэтры два воддаль ад першага, загадаў i Мальцаву. Гэты факт быў довадам для падпалкоўнiка Кушаля, што генэрал Мальцаў сапраўды вёў з амэрыканцамi перамовы ад iмя беларускай дывiзii, як зусiм асобнай ад сваёй.
Праз гадзiну часу, калi сонца ўжо нiзка сьхiлiлася на захад, дывiзiя "Беларусь" стаяла ў стройным парадку на вызначаным месцы. На правым крыле кожнага батальёну быў разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг. Ззаду за войскам дымiлi кухнi абозу. Гатавалi вячэру. Неўзабаве зьявiўся амэрыканскi маёр зь перакладчыкам. Кушаль скамандаваў на "зважай" i здаў яму рапарт. Амэрыканец уважна агледзеў дывiзiю й сказаў, што яна вельмi добра прэзэнтуецца. Пасьля таго загадаў падзялiць войска на групы па пяцьдзесят чалавек у кожнай дзеля заладаваньня на транспартныя машыны, што зараз пад'едуць.
– А абоз наш? – спытаўся Кушаль, паказваючы амэрыканцу на кухнi, вазы й конi.
– Застанецца тут як наша ваенная здабыча, – адказаў амэрыканец.
З гэтага адказу беларускi камандзер зразумеў, што маюць перавезьцi iх у лягер ваеннапалонных.
Калi войска заладавалася на аўтамашыны, што неўзабаве зьявiлiся, Кушаля пасадзiлi побач шофера ў самай пярэдняй. Калёна рушыла зь месца. Ехалi гадзiны тры. Ужо зусiм на зьмярканьнi заўважыў беларускi падпалкоўнiк на полi велiзарную грамаду народу. Гэта быў зборны пункт ваеннапалонных. Стаялi на мокрай сенажацi, месцамi аж па каленi ў вадзе й гразi. Навокал быў калючы драцяны плот. Былi тут жаўнеры розных нацыянальнасьцяў: немцы, вугорцы, славакi, сербы, расейцы, палякi, грузiны й iншыя. У гэтую загарадку загналi й беларусаў.
Гэтак на мокрай сенажацi ў абозе ваеннапалонных скончылася беларуская ваенная эпапея. Трыццатая дывiзiя, пераназваная пасьля ў дывiзiю "Беларусь", двойчы згуртавала вялiкiя масы беларускiх вайскоўцаў – першы раз каля Варшавы, другi раз у Баварыi. Памiнаючы розную лебяду, што заўсёды стараецца ўкаранiцца побач карыснага й плённага на добрай глебе, два асноўныя iмкненьнi былi целам i душою асноўнае масы вайскоўцаў гэтай нешчасьлiвай дывiзii: жаданьне служыць пакрыўджанай i паняволенай Бацькаўшчыне й адмова ваяваць за сваiх ворагаў. Хаця першаму iмкненьню ня суджана было зьдзейсьнiцца, беларускiя вайскоўцы да канца вытрымалi бяз кровапралiцьця за чужыя iнтарэсы.
На мокрай балотнай сенажацi каля Каму беларускiя ваеннапалонныя старалiся трымацца разам. З надыходам ночы кожны хацеў неяк прымасьцiцца й заснуць. Плецакi, шынялi й людзi вязьлi ў разьмешанай гразi. Уночы выпаў густы сьнег. Пакрытая бельлю зверху, празяблая зьнiзу шматтысячная маса людзей, хто седзячы, а хто скруцiўшыся ў клубок i прылёгшы, старалася заснуць.
Пад ранiцу падпалкоўнiк Кушаль прачнуўся ад нязноснае сьцюжы. Ськiнуў зь сябе цэлую гурбу сьнегу, цёр здранцьвелыя рукi й ногi. Нягледзячы на фiзычныя нявыгады, Кушаль быў у душы задаволены тым, што лёс наканаваў яму падзялiць долю сваiх жаўнераў да канца.
V
Адылi канец гэты быў пачаткам новага. Беларусы, што добраахвотна, бяз бою перайшлi да амэрыканцаў, надзеялiся, прынамсi, на людзкiя дачыненьнi цi неадкладнае атрыманьне вольнасьцi, забыўшыся, што заакiянскi гiгант па руках i нагах быў зьвязаны ўмовай са Сталiным. Умова абавязвала амэрыканцаў выдаваць бальшавiкам усiх вайскоўцаў зь сям'i паняволеных народаў, у тым лiку й беларусаў, што так цi iнакш апынулiся на баку тых, хто ваяваў за гiтлераўскую "новую Эўропу". Амэрыканцы, абуджэньне якiх перад пагрозаю бальшавiцкае небясьпекi мела прыйсьцi на колькi гадоў пазьней, старалiся ўмову са свайго боку ганараваць.
У першым зборным абозе ваеннапалонных каля Каму, куды акрамя беларусаў трапiла й дывiзiя Мальцава, людзi ў голадзе й холадзе цярпелi больш тыдня. Пагода была капрызная, маральна-духовы стан палонных – нiжэй нуля.
Аднаго дня пасьля абеду прыехала ў абоз дваццаць амэрыканскiх транспартных аўтамашынаў. Тым, што жадалi ладавацца для пераезду ў другi абоз каля Нюрнбэргу, выдавалi вельмi скупыя харчовыя пакеты. Нiхто нiкога ня строiў у калёны й не падганяў. Галодныя палонныя, каб здабыць колькi бiсквiтаў цi пушку фасолi, самi падыходзiлi да аўтамашынаў i заладоўвалiся. Гэткiм чынам, не пранюхаўшы наперад, куды яны лезуць, вялiкая часьць беларусаў, мiж iмi й афiцэраў, трапiла на першы этап падарожжа за другi бок "жалезнае заслоны".
У вялiзарным лягеры ваеннапалонных каля Нюрнбэргу жыцьцёвыя ўмовы былi яшчэ горшымi. Абоз, вельмi глiнiсты й гразкi, абстаўлены быў моцнай вартай. Людзi кешкалiся, мясiлiся ў глiне, тапталiся, каб не акалець з холаду. Перавезьлi сюды з-пад Каму адну часьць войска. Пасьля колькiх дзён накiравалi цягнiкамi пад Вюрцбург, а адтуль – пад Майнц.
У вялiзарным лягеры каля Майнца, за дратамi й пад моцнай аховаю, было ў гэты час звыш двухсот тысяч ваеннапалонных, сярод iх шмат немцаў – афiцэраў i радавых. Тут беларусам упершыню давялося сутыкнуцца са шчупальцамi маскоўска-бальшавiцкае гiдры. У абозе было колькi сотняў падсавецкiх грамадзян, некалi вывезеных немцамi на працу ў Нямеччыне. Пасьля капiтуляцыi, перад паваротам дадому, яны заангажавалiся на помач хаўрусьнiкам, насамперш бальшавiкам у пошуках i вылоўлiваньнi як цывiльных, так i вайсковых, што не хацелi вяртацца пад панаваньне Крамля. Гэтыя людзi, прагныя помсты над немцамi, жадаючы выслужыцца амэрыканцам i бальшавiкам, апраўдаць свае собскiя вялiкiя й малыя грахi перад "бацькам", былi свайго роду "капо"* ў адносiнах да палонных. Яны рабiлi ўсё, каб пагоршыць жыцьцё й долю зьняволеных. Iм памагалi ў гэтым жыды-перакладчыкi, што служылi амэрыканцам. Зьдзекi зь людзей выражалiся найбольш у выдачах харчаваньня. Адна баханка хлеба на сто чалавек, пара пудоў сырое бульбы, для гатаваньня якое выдавалi адну палачку дрэва гэткай зброяй змагалiся з палоннымi, каб канчаткова зламаць iхны супрацiў i завабiць у бальшавiцкую пастку. Людзi грызьлi сырую бульбу, хварэлi на жываты, больш рашучыя собскiмi рукамi адбiралi сабе жыцьцё. Шматлiкiя заламвалiся. Амэрыканцы празь перакладчыкаў пыталiся, цi жадаюць ехаць "на родину". Некаторыя ўважалi, што бальшавiзм ёсьць менш страшны вораг, чымся голад, i згаджалiся. Бальшыня ўсё-ж трымалася.
* У гiтлераўскiх канцлягерах гэтак называлi чалавека, выбранага зь лiку палонных, заданьнем якога было бiцьцё й падганяньне зьняволеных. Капо звычайна стараўся выслужыцца перад гаспадарамi i надта зьдзекваўся са зьняволеных.
Тых беларусаў, што, бачачы перад сабою кашмарную бальшавiцкую бездань, ня выракалiся свайго нацыянальнага iмя, можна й трэба ўважаць за гэрояў. Гэты гэраiзм мо большы за той, якi жаўнер выказвае ў баi. Там ён выкарыстоўвае, акрамя духовых, i свае фiзычныя здольнасьцi. Тут-жа, стоячы на парозе гiбелi ад голаду, чалавек адмаўляецца вырачыся свайго найдаражэйшага, што духова вяжа яго з народным целам: нацыянальнага iмя й гонару. Супраць яго, слабога й апаганенага, змовiўся, як выглядае, цэлы сьвет. Заходнiя хаўрусьнiкi, непаiнфармаваныя аб Беларусi, несьведамыя вялiкiх цярпеньняў i крывавых змаганьняў гэраiчнага народу, памагалi бальшавiкам заганяць ваеннапалонных беларусаў, што добраахвотна перайшлi на iхны бок, у маскоўскую пастку.
Былы камандзер батальёну ў дывiзii "Беларусь" капiтан Тамiла, народжаны ў Амэрыцы i ўзгадаваны ў Беларусi, што добра ведаў ангельскую мову, шмат разоў намагаўся тлумачыць амэрыканцам, што яны робяць велiзарную крыўду пакрыўджаным – фактычна iхным сапраўдным хаўрусьнiкам. Тамiлавы словы адбiвалiся аб глухiя вушы. Адганялi яго, як карова ўлетку ў часе сьпякоты адганяе назойлiвага авадня.
Пасьля доўгiх фiзычных i духовых выпрабаваньняў палонныя беларусы апынулiся ў абозе Рэн у Францыi, а адтуль перавезеныя былi пад Шэрбург. Тут цiск на неахвотных, каб вярталiся ў Савецкi Саюз, дайшоў да кульмiнацыйнага пункту. Пасланцы генэрала Голiкава, шэфа бальшавiцкае рэпатрыяцыйнае мiсii ў Парыжы, праводзiлi допыты й дзялiлi на жадаючых i нежадаючых павароту.
У Шэрбургу "возвращенцы" атрымалi амэрыканскiя "вiндбрэйкары". На плячах кожны меў намаляваную вялiкую чырвоную зорку. Iм дазволена было хадзiць удзень у горад, i людзi iх добра ведалi. Выкарыстоўвалi гэта пры спэкуляцыi на рынках. Ад "невозвращенцев" за ськiбку хлеба адкуплiвалi прыхаванае да гэтага часу самае цэннае й найдаражэйшае – гадзiньнiкi, пярсьцёнкi цi iншае й нажывалiся ў сотнi разоў. "Возвращенцев" вельмi добра кармiлi. Рассыцелыя й аж папухлыя ад раптоўнага прыплыву тлушчаў, яны зьяўлялiся вiдавочнай насьмешкай у вачох тых, што яшчэ трывалi й адмаўлялiся ад павароту ў рукi Сталiна. Было гэткiх у Шэрбургу звыш трыста чалавек. Iх пазнавалi лёгка па выдадзеных амэрыканцамi паласатых капялюшах, гэтак званых панамах, якiя мусiлi заўсёды насiць.
Зь беларускiх афiцэраў, больш ведамых, трапiлi ў Шэрбург наступныя: падпалкоўнiк Сокал-Кутылоўскi, колiшнi камандзер брыгады падчас Слуцкага Паўстаньня, капiтан Орсiч, старшы лейтанант Кушняровiч, старшы лейтанант Сурнiн, старшы лейтанант Сасiновiч, што жахлiва дрыжэў пры самой думцы, што пападзе ў бальшавiцкiя рукi, бо раней быў маёрам у Чырвонай Армii, старшы лейтанант Зьмiтро Стэльмах, два лейтананты браты Чырко i старшы лейтанант Мiхаль. У лiку афiцэраў было й колькi iншых, менш ведамых сярод беларускага агулу.
З найбольш ведамых расейцаў у групе быў насамперш сам генэрал Мальцаў, якi некалi давяраў амэрыканцам i прывёў сваю вялiкую дывiзiю ў iхныя рукi, ды маёр Бычкоў, раней два разы Гэрой Савецкага Саюзу. У Шэрбургу двух вышэйменаваных расейцаў i падпалкоўнiка Сокал-Кутылоўскага адзьдзялiлi ад рэшты афiцэраў як асаблiва важных. Трымалi над iмi спэцыяльную варту.
Наважыўшыся, што даволi цацкацца зь "невозвращенцами", заладавалi iх у заднiя тры вагоны чыгуначнага транспарту для перавозу ў бальшавiцкую зону Нямеччыны. Транспарт прыехаў у Айзэнах – першую станцыю ў савецкай зоне. Усiх загналi ў вялiкую гестапаўскую турму, дзе днямi й начамi трывалi допыты. Там апошнi раз бачылi Сокал-Кутылоўскага, Мальцава й Бычкова, якiх некуды вывезьлi.
Рупар на вялiкiм вязьнiчным двары абвясьцiў палонным, што "родина вам простила". Неўзабаве людзi паспыталi гэтага "прощения". Бясконцыя допыты, галадоўкi, зьдзекi, пабоi, i гэта ўсё, нягледзячы на тое, што НКВД мела ўжо дакладныя iнфармацыi й сьпiскi адносна кожнага палоннага, зробленыя яшчэ раней у Францыi. Гэтак сiта бальшавiцкае палiцыi перасейвала, перабiрала, дзялiла на групы. Пасьля пары месяцаў нешчаслiвыя людзi, якiх лёс у гэту гiстарычную пару паставiў мiж двух гiгантаў, што змагалiся на сьмерць i жыцьцё, дорага заплацiлi за давер да амэрыканцаў i за тое, што верылi ў недзе на сьвеце iсную справядлiвасьць. Сьляды iхных далейшых крокаў, для шмат каго – апошнiх крокаў жыцьця, сягоньня ўжо зацёртых, шукаць трэба пры сьценах бальшавiцкiх катоўняў, на вiсельнях цi ў халодных бязьлюдных прасторах мачыхi Сiбiры.
VI
Фiналам апiсаных у гэтым разьдзеле падзеяў трэба лiчыць не апошняй важнасьцi выпадак улетку 1945 года. Калi вецер разьвеяў-разьнёс дымы апошнiх ваенных пажараў, а над пакалечанай Эўропай запанаваў супакой, прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады Радаслаў Астроўскi зазiрнуў у малы баварскi гарадок, дзе адшукаў былога камандзера дывiзii "Беларусь". Мусiць, стараючыся прадбачыць новыя плынi й кiрункi пасьляваенных хваляў i вятроў, Астроўскi замянiў сваё прозвiшча на Крывiцкi.
Нельга сказаць, каб сустрэча Крывiцкага з Кушалем была радасная цi поцiск рук пры вiтаньнi быў надта моцным. Прэзыдэнт БЦР зь вялiкай цiкавасьцю слухаў пра лёсы беларускiх жаўнераў у апошнiя днi вайны й пра тое, як масы людзей выратавалiся, перайшоўшы да амэрыканцаў. Кушаль ня мог расказаць, дый сам ня меў вестак пра тое, як шматлiкiя выратаваныя iм вайскоўцы пасьля, дзякуючы помачы амэрыканцаў, трапiлi ў бальшавiцкiя рукi.
Перад выездам прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады пакiнуў гаспадару два дыплёмы, зьмест якiх падаецца.
Першы:
"Прэзыдэнт
Беларускай Цантральнай Рады
No 85/Прс Гэкстар, 2 лiпеня 1945 г.
ДЭКРЭТ
За мужны прарыў нямецкага фронту на лiнii Айзенштайн – Цьвiзэль дня 30-га красавiка 1945-га году 1-м беларускiм нацыянальным палком пад камандаю падпалкоўнiка Ф.Кушаля, гэтым надаецца Францу Кушалю ранга ПАЛКОЎНIКА БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА.
Р.Астроўскi
Прэзыдэнт"
Другi:
"Прэзыдэнт
Беларускай Цантральнай Рады
No 86/Прс Гэкстар, 2-га лiпеня, 1945 г.
Камандуючаму БКА
Сп. Падпалкоўнiку Кушалю
ў Амбэргу
Гэтым сьпяшаюся выказаць Вам, Сп. Палкоўнiк, сваю глыбокую падзяку за ўсе тыя мерапрыемствы, праведзеныя Вамi ў часе памiж 10-30 красавiка г. году, якiя ўратавалi нашу дывiзiю "Беларусь" перад зьнiшчэньнем яе немцамi.
Адначасна за мужны прарыў Вамi нямецкага фронту дня 30 красавiка г.г. на лiнii Айзенштайн – Цьвiзэль надаю Вам рангу ПАЛКОЎНIКА БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА.
З глыбокай пашанай
Р.Астроўскi
Прэзыдэнт"
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
БАЛЁНIЯ – ЛЁНДАН
ЗАРОДКI
I
Калi Вiктара Сянькевiча прыдзялiлi ў другую роту сёмага батальёну трэцяе дывiзii й адразу выклiкалi ў канцылярыю на рэгiстрацыю, юнак ня зьдзiвiўся. Ведаў, што пад гэтай "рэгiстрацыяй" трэба разумець допыт вайсковае дэфэнзывы ("двойкi"). Наогул Сянькевiч пасьля сваiх прыгодаў у Францыi, калi тры разы ўдалося ашукаць сьмерць, няшмат з чаго дзiвiўся. Жыцьцё сваё заўдзячваў перадусiм боскай дапамозе, а пасьля – спрытнасьцi ног i прыпадковасьцi. Тым, што ўдалося яму колькi разоў выратавацца ад расстрэлу, нiдзе надта не хвалiўся. Быў натуры сьцiплай i стрыманай. Адылi ў сэрцы заўсёды дзякаваў Богу за ратунак i мяркаваў, што не для зьбiваньня бiбiкаў на гэтым сьвеце тры разы амаль цудам захаваў сваё жыцьцё.
Можна было-б варажыць надвое: цi ў галаве ў Сянькевiча так рана пасьля прыбыцьця ў польскую армiю ў Iталii паўстала-б думка аб пякучай неабходнасьцi арганiзаваньня сваiх суродзiчаў, калi-б ня самi палякi, дакладней гаворачы, iхныя адносiны да беларусаў. Зусiм не падазраючы гэтага, якраз палякi прысьпешылi працэс афармленьня гэткiх думак ня толькi ў Сянькевiча, але i ў шмат каго яшчэ.
Перш за ўсё Сянькевiч прыгадваў бойку ў абозе каля Нэапалю, зараз пасьля прыезду з Францыi. Беларусаў было там больш за семдзесят. Зь iмi зьблiзiлася й трымалася разам жменька ўкраiнцаў. Беларусы былi больш-менш параськiданыя па цэлым абозе, але ў палатках жылi разам. Зразумела, карысталiся мiж сабою беларускай мовай i перад палякамi ня скрывалiся. Апошнiм надакучыла слухаць "хамскую" мову, й аднойчы вечарам група iх, добра падвыпiўшы, рушыла на палатку, дзе памяшчаўся Кастусь Дзежка зь iншымi былымi менскiмi кадэтамi, каб "даць кацапам". Бойка пачалася чаравiкамi, кулакамi, вайсковымi кацялкамi ды наогул усiм, што было пад рукамi. Трывала амаль паўгадзiны. Была выклiкана вайсковая палiцыя, i пару дзесяткаў людзей, бальшыня зь iх беларусаў, была пратрыманая ноч у вайсковым арышце. У вынiку колькi беларусаў кiнулася з аднаго агню ў другi: запiсалiся на выезд i былi адасланыя ў СССР. Бальшынi-ж, што засталася, адкрылiся вочы. Ведалi, чаго чакаць ад палякаў у будучынi.
Прыгадваў Сянькевiч i першыя допыты "двойкi" ў Ёляньдзе. Ужо даўно пагадзiўся з тым, што быў у палякаў на "чорным" лiсьце. Лiчыў гэта за гонар. Дый цi толькi ён быў на тым лiсьце. Амаль усiх iншых сяброў па колькi разоў цягалi й тлумачылi iм, што яны ня беларусы. Колькi-ж гэта каштавала нэрваў i вытрываласьцi, каб часам ня страцiць кантролю, не ўзлавацца ды ня кiнуць iм у твар лiшняга, чаго пасьля шкадаваць давялося-б. Пасьля-ж iзноў прыходзiла на памяць тая школа падхаронжых у Матэры, куды былi выслалi, патрымалi зь нядзелю ды назад у адзьдзелы парассылалi, ня прызнаўшы атрыманай беларусамi за часамi нямецкае акупацыi асьветы. Дык i цяпер, калi быў прыдзелены ў трэцюю дывiзiю й атрымаў новы выклiк на "рэгiстрацыю", Вiктар ня зьдзiвiўся.
II
У канцылярыi лейтананта Пшэрэмбскага, загадчыка батальённай "двойкi", пасярод прасторнага стала, заваленага ўсякiмi паперамi, ляжаў раскрыты пэрсанальны вайсковы сшытак Вiктара Сянькевiча. Шэрая вокладка яго была шмат больш зношаная, чымся ў iншых жаўнераў – ад частага карыстаньня. На гэтую, не апошняй вартасьцi дэталь Пшэрэмбскi насамперш зьвярнуў увагу. Вiдаць, што клiентам шмат цiкавiлiся й iншыя зь пэрсаналу "двойкi". Аб гэтым сьведчыла колькi лiсткоў густа запiсаных сьледчых дадаткаў. Лейтанант Пшэрэмбскi, уважна прачытаўшы iх, не знайшоў там нiчога асаблiвага, акрамя рутынных пытаньняў i адказаў ды шаблонных справаздачаў.
Пшэрэмбскi, што паходзiў зь сям'i польскага асаднiка ў Беларусi ды перад вайною яшчэ на службе дэфэнзывы шмат займаўся зь беларускiм элемэнтам, меў у гэтай справе набiтую руку. Ведаў народ i мову, кансьпiрацыйныя шляхi й дарожкi, мэтады працы й нацыянальную псiхiку. Розьнiца мiж Сянькевiчам i ягонымi суродзiчамi перад вайной, зь якiмi даводзiлася Пшэрэмбскаму мець справы, была ў тым, што раней лейтанант мог да падазроных прымяняць агульна-ўжываную, зьверху накiнутую формулу: абвiнавацiць iх у камунiзьме, у тым, што дзеяць на шкоду польскае Рэчы Паспалiтае, загадаць некаму з агентаў, каб падкiнулi намечаным асобам камунiстычную лiтаратуру, iншым агентам – каб ператрэсьлi й знайшлi яе, дый годзе. Справа была шыта-крыта, як кажуць.
Тут-жа, у армii, ды на чужыне, было зусiм iншае. Старыя мэтады й формулы мелi вартасьць леташняга сьнегу. Быў вайсковы карны кодэкс, былi палявыя суды. Для абвiнавачаньня чалавека трэба былi нейкiя яўныя довады. Iх не ставала. Камунiзм тут ня мог быць тым конiкам, што быў дома перад вайной. Бо калi-б прышпiлiлi камунiзм аднаму, дык трэба-ж было-б пасьля шукаць каранёў, галiнаў дый навокал розных парасткаў. Гэта-ж быў-бы поўны абсурд. Ды i, урэшце, што можна было закiнуць Вiктару Сянькевiчу? Нiчога канкрэтнага адносна нейкай канспiрацыйнай дзейнасьцi ня было. Хлапец быў "на воку", дый толькi. Так, прынамсi, вынiкала зь iншых сьледчых запiсак. Пшэрэмбскаму кiнулася ў вочы зусiм нешта iншае, што, як мог дадумацца, трывожыла й ягоных сяброў з "двойкi", якiя раней апытвалi юнака: прозьвiшча, веравызнаньне й нацыянальнасьць. Якiм чынам Сянькевiч дый каталiк мог быць беларусам? Гэтага лейтанант нiяк ня мог памясьцiць у галаве.
Пшэрэмбскi любiў лiтаратуру, асаблiва гiстарычную. Генрык Сянькевiч зь ягонай трылогiяй займаў некалi цэнтральнае месца ў ягоным дзяцiнстве. Прыпамiналася старая "бабця" на фальварку, што доўгiмi асеньнiмi й зiмовымi вечарамi чытала яму з тоўстых падношаных кнiжак школьнае бiблiятэкi. Уставаў перад вачыма бравурны й голасны буян Заглоба, пранырлiвы й адважны гэрой Кмiцiц ды цэлая галерэя iншых. Любiў некалi Пшэрэмбскi аж да забыцьця ўпiвацца духовымi сокамi польскае мiнуўшчыны, так, здавалася, проста й па-майстэрску адлюстраванай вялiкiм пiсьменьнiкам. Ня дзiва, што ў сэрцы ягоным для Сянькевiча захаваны быў цёпленькi куточак. I вось тут – на табе, проста цi не зьнявага да гэнiяльнага майстры: тое самае прозьвiшча, у дадатак i каталiк, дык пры чым-жа тут беларуская нацыянальнасьць? Не. Тут недзе й некiм была зроблена памылка. Калi так, дык ужо хто як хто, але ён, Пшэрэмбскi, напэўна, нейкi недагляд зможа выправiць.
III
У канцылярыю ўвайшоў малы ростам круглатвары бляндын.
– Вiктар Сянькевiч да пана лейтананта! – адрэкамэндаваўся, ёмка стукнуўшы падковамi чаравiкаў.
Юнак, як выглядала, быў зраўнаважаны й апанаваны. У ягоным спакойным, уталопленым у твар Пшэрэмбскага позiрку ня было анi ценю неспадзеўнае баязьлiвасьцi, што характэрная шматлiкiм людзям, якiм даводзiцца лоб у лоб сустракацца з гэтак званымi рукамi кары й справядлiвасьцi.
– Прашу, сядайце, – кiўнуў лейтанант на крэсла, спачатку добра вонкава прыгледзеўшыся да "загадкi". Ня зводзячы з хлопца вачэй i лянiвым рухам касматае рукi выстукаўшы попел з даўно патухлае люлькi, ён адвалiўся на сьпiнку крэсла.
– Ваша прозьвiшча Сянькевiч?
– Так, пане лейтанант.
– Па веравызнаньнi каталiк?
– Так.
– Дык чаму-ж вас тут запiсалi беларусам?
– Таму, што я такiм ёсьць, пане лейтанант.
– Вы мне хочаце сказаць, што вы каталiк i беларус?
– Я так сказаў, пане...
– Слухайце, давайце-ж паважна. Я ня маю часу на жарты. Вы самi ведаеце, што гэта абсурд: ня было-ж каталiкоў беларусаў у Польшчы.
– Былi, пане лейтанант.
– Як то?
– Навет па афiцыяльных дадзеных польскага цэнзусу з 1931 году было шэсьцьдзесят тысяч беларусаў каталiкоў.
– Я ня ведаю, дзе й хто вам гэта сказаў. Гэта няпраўда.
– Наадварот, праўда.
– Слухайце, "стшэльцу", я з вамi ня буду спрачацца. Вы лепш паслухайце маёй рады. Я бачу, што вы маеце асьвету, зьяўляецеся чалавекам зь iнтэлiгенцыi i дзеля таго, напэўна, зразумееце мяне. Да таго-ж i прозьвiшча ваша Сянькевiч. Знаеце, хто для палякаў быў Сянькевiч?
– Чаму-ж не...
– Коратка гаворачы, вы, будучы каталiком i маючы такое прозьвiшча, ня можаце ня быць палякам. Што вам дае вашая беларускасьць? Вы гэтым загараджваеце сабе ўсюды дарогу, дый толькi. А калi вы паляк, дык вам дарога ўсюды будзе адкрытая: i да авансаў, i да навукi, i да лепшай будучынi. Прымiце па-добраму маю раду й запiшыцеся палякам.
– Не магу, – цьвёрда адказаў юнак.
– Дык хто-ж можа?
– Пане лейтанант, цi-ж вы не разумееце, што гэта справа нацыянальнага гонару?
– Вы, як Сянькевiч, мусiце быць палякам!
– Як гэта мушу?
– Я думаў, што недзе была памылка. Можа, гэта вашае ваеннае ўзгадаваньне, можа, вам "бздураў" у галаву ў акупацыйных школах напхалi. Гэта-ж ня можа быць. Гэта проста несумяшчальна: Сянькевiч, каталiк i беларус! – з грымасай заключыў Пшэрэмбскi.
Беларускi юнак зь цiкавасьцю студыяваў заклапочанага лейтананта.
– Пане лейтанант, я цяпер узрослы чалавек. Ведаю, што гавару. Успрымайце, як хочаце. Адно нiколi ня пiшыце мяне палякам, бо я iм ня ёсьць.
– Добра. Вы хочаце быць упартым. Рабiце, як уважаеце. Я вам скажу адно: мы можам пастарацца, каб вас адаслалi ў савецкую Расею. Як гэта вам будзе падабацца?
– Калi вы пачуваецеся сябрамi бальшавiкоў, дык адсылайце.
Гэткага адказу Пшэрэмбскi нiяк не спадзяваўся. Яму аж голас заняло. На момант разгубiўся й ня ведаў, што на тое сказаць. Спачатку ледзь ня кiнуўся ў гiстэрычную злосьць, але ўмiг апанаваўся. Дзесьцi ў падсьведамасьцi голас падказваў, што юнак гаворыць праўду й добра адстойвае сваё. Навет узьнiкла iскра пашаны да яго.
Пшэрэмбскi спрабаваў зайсьцi з iншага боку, угаворваць лагодненька, спачатку адводзiць на бочнае, каб пасьля з супрацьлеглага боку падыйсьцi да галоўнага. Пытаўся пра матку й бацьку, пра мову, якой дома Сянькевiч карыстаўся, пра касьцёл, якi наведваў, на якой мове ў малiтвах з Богам размаўляў. Калi выявiлася, што ў польскай, папробаваў на гэтым факце мост доказаў будаваць, але калi зноў падышоў да галоўнага, упарты беларус адным сказам адрэзаў, што польская мова ў каталiцкiх касьцёлах на гэтак званых "Крэсах" яшчэ ня была доказам таго, што ўсе каталiкi былi палякамi. Наадварот, беларускiя вернiкi чулiся пакрыўджанымi, што ня мелi свае душпастырскае апекi. Для падмацаваньня Сянькевiч прыгадаў каталiкоў iтальянцаў, французаў i гiшпанцаў i, як здалося Пшэрэмбскаму, з пэўнай дозай кпiнаў запытаўся, чаму-ж iх усiх не запiсаць палякамi.
Давялося Сянькевiча яшчэ раз запiсаць беларусам. Пасьля прайшло некалькi малаважных рутынных пытаньняў, i юнака давялося адпусьцiць. Лейтанант Пшэрэмбскi павольнымi крокамi пачаў мераць пакой, спынiўся каля стала, аднатаваўна апытальным лiсьце, што трэба Сянькевiча трымаць "на воку", пару разоў голасна сказаў "пся крэў", адзiн раз навет плюнуў у сьметнiцу ды зрабiў пэўныя перастаноўкi ў сваiх дагэтулiшнiх паглядах адносна беларусаў.
IV
У студзенi 1945 году Вiктар Сянькевiч быў прыняты ў гiмназiю трэцяй дывiзii (ДСК), што знаходзiлася ў ваколiцах Форлi. Там, на сваю радасьць, сустрэў вялiкую групу былых менскiх кадэтаў. З супольных гутарак выявiлася, што й iншыя з ахвотаю падзялялi Вiктараву думку аб патрэбе ўтварэньня нейкае беларускае арганiзацыi. Вайсковы рэгулямiн* забараняў тварэньне ў войску якiх-небудзь гурткоў. Адно, што можна было рабiць – шукаць сяброў з колiшняе афiцэрскае школы ў Менску, трымаць зь iмi сталы кантакт ды вышукоўваць у чужой армii наогул усiх беларусаў. Гэтае павучыньне сувязi ў будучынi, калi-б умовы зьмянiлiся, паслужыла-б адразу базай да ўтварэньня арганiзацыi. Гэтым група студэнтаў-беларусаў зь гiмназii й пачала займацца.
* Статут.
Сянькевiч вельмi шмат часу прысьвячаў перапiсцы зь сябрамi. Па-за школьнай навукай карэспандэнцыя паглынала ўвесь ягоны час. Лiсты, якiя пiсаў, былi наогул сяброўскiмi й простымi зместам. Юнак ведаў, што польская дэфэнзыва трымае яго на воку. Намагаўся быць асьцярожным. Пасьля колькiх месяцаў лiставаньня колькасьць сяброў-карэспандэнтаў перавысiла 250 чалавек. Калi ўлiчваць, што зь iх кожны меў кантакт, прынамсi, з двума цi трыма беларусамi, дык лiк асобаў, зь якiмi Вiктар трымаў сувязь, перасягнуў 700.
Людзi з "двойкi" хутка зацiкавiлiся масавай карэспандэнцыяй Вiктара Сянькевiча. Спачатку адно назiралi. Адылi хутка ў пакой да Вiктара прыслалi новага жыхара. Быў гэта высокi, худы, зь сiнiмi вачыма бляндын. Назваў сябе Чманевiчам. Адно ў меру цiкавiўся Вiктаравай беларускасьцю i наогул стараўся быць карэктным ды, як кажуць, ня ступаць чалавеку на пальцы.
Аднойчы Вiктар спасьцярог, што недзе зьнiкла колькi ягоных лiстоў. Свайму новаму "сябру" нiчога не сказаў, але здагадаўся, што той iх "пазычыў", каб перадаць тым, што яго прыслалi. На другi дзень пiсьмы раптам вярнулiся на старое месца. Вiктара пакуль што нiхто нiкуды ня клiкаў. У пiсьмах нiчога ня было асаблiвага, апрача хiба таго, што былi пiсаныя па-беларуску. Сянькевiч мяркаваў, што "двойцы" чапiцца да яго за карэспандэнцыю ў беларускай мове было-б нязручна. Паклiкаў сяброў i расказаў iм аб выпадку зь пiсьмамi. Пастанавiлi быць больш асьцярожнымi, а карэспадэнцыю зьнiшчаць. Вiктар падаў сваiм карэспандэнтам цывiльны iтальянскi адрас.
Лейтанант Пшэрэмбскi зноў выклiкаў Вiктара. Цiкавiўся, чаму юнак атрымоўвае такую масу пiсьмаў. Беларус адказаў, што мае вялiкую колькасьць сяброў. Пшэрэмбскi зусiм недвузначна намякнуў, што было-б шмат лепш, калi-б колькасьць сяброў-карэспандэнтаў паменшылася.
У гiмназii пятае дывiзii (КДП) была iншая група беларусаў. Арганiзатарам яе быў прафэсар Гук, што выкладаў у школе гiсторыю, той самы, якi некалi экзаменаваў у Сан-Базыльё Вiктара Караткевiча зь беларускай лiтаратуры. У групе было колькi былых менскiх кадэтаў. Прафэсар Гук трымаў кантакт з групай старэйшых беларусаў, якiя, як i ён сам, прайшлi праз савецкiя канцлягеры.
Вясною 1945 года добразычлiвы ўкраiнскi сьвятар Пятрунчык дапамог прафэсару Гуку скантактавацца з групай Сянькевiча ў гiмназii 3-й дывiзii. Новая i самая асноўная нiтка кантакту мiж дзьвюма групамi была, зусiм зразумела, немалой удачай у iмкненьнi да беларускага арганiзацыйнага жыцьця й сталася прычынаю вялiкай радасьцi ў двух беларускiх асяродках. Падрыхтоўчая праца для агульнага арганiзаваньня беларусаў у польскай армii шпарчэй пайшла наперад.