Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 38 (всего у книги 38 страниц)
Зьяўленьне першых значных фрагментаў "Змагарных дарог" у айчыннай беларускай перыёдыцы ("Беларусь", No 1, 1992; "Нёман", No 2, 1992) было з прыхiльнай цiкавасьцю сустрэтае крытыкай, а мабыць-жа, i чытачамi. Зьдзяйсьняецца даўняя мара пiсьменьнiка – раман iдзе да чытача на Бацькаўшчыне. Кастусь Акула спадзяецца й на другi выхад у сьвет ягонай выдадзенай у Таронта трылогii "Гараватка" ("Дзярлiвая птушка", 1965; "Закрываўленае сонца", 1974; "Беларусы, вас чакае зямля", 1981), чый галоўны гэрой Янук Бахмач праходзiць шлях ад пастушка з заходнебеларускай вёскi, якi пасьвiў статак у асаднiка, да ўдзельнiка Другога Ўсебеларускага кангрэсу ў 1944 годзе ў Менску.
Як i ў iншых творах К.Акулы, у мастацкай тканiне "Гараваткi" моцна адчуваецца досьвед асабiстых перажываньняў. Другая кнiга трылогii ўспрымаецца важкiм даробкам у лiтаратуру, што створана аб прыходзе Саветаў у Заходнюю Беларусь. Пагатоў, Акула, у адрозненьне ад аўтараў, якiя пiсалi на гэтую тэму ў нас, у выяўленьнi сваiх поглядаў i ацэнак ня быў скаваны нiякiмi iдэалагiчнымi догмамi й цэнзурнымi перашкодамi. Ну хто-б у Беларусi ў 70-я гады мог без замiлаванасьцi й захапленьня, а зусiм зь iнакшымi пачуцьцямi напiсаць (i, галоўнае, надрукаваць), скажам, сцэну вясковага сходу, на якiм бальшавiцкi агiтатар з усёй езуiцкай спрытнасьцю чмурыць сялянскiя галовы малюнкамi шчасьлiвага ды справядлiвага жыцьця ў краiне, "где так вольно дышит человек".
"– Таварыш камiсар, вы от сказалi, што дадуць зямлю панскую тым, каторыя нi маюць зямлi саўсiм цi мала яе маюць. Ну а як будзiць у нас з тымi, каторыя многа зямлi маюць?..
– Кожны палучыць зямлi столькi, колькi зможа апрацаваць.
– А цi праўда гэта, што ў калхозах жывуць людзi так добра, як байцы нам расказваюць?
– Гэта што байцы вам расказваюць, усё дакладна й правiльна. Ды вы ж памяркуйце самi: усе сяляне нашага неаб'ятнага Савецкага Саюза цяпер у калгасах. Iх нiхто не прымушаў i прымушаць не мог. Ды як жа? Вам ужо вядома, што ў Савецкiм Саюзе няма эксплуататараў i эксплуацiраваных, ды i ўладарамi самой дзяржавы ёсьць не хто другi, а рабочыя й сяляне. Выбраныя народам дэпутаты кiруюць дзяржавай. З гэтага паўстае пытаньне: цi-ж яны, як i наагул усе людзi, маючы ўладу ў сваiх руках, будуць самi сабе шкоду рабiць?"
У трылогii ёсьць адзiн асаблiвы вобраз – самой Гараваткi, узвышша, што ляжала памiж хутарамi "як бохан хлеба", трымаючы на сваiх плячох празваны Архiпам дуб-волат, аб грудзi якога "разьбiвалiся вятры й непагадзi цэлых стагодзьдзяў", якi "помнiў Баторага i Iвана Грознага, сачыў за шведамi й Напалеонам", чуў галасы беларускiх iнсургентаў трох нацыянальна-вызваленчых паўстаньняў супроць царызму. У маляўнiча-плястычным апiсаньнi Гараваткi высьвечваецца яшчэ адна адметнасьць творчасьцi К.Акулы – яго пiльная ўвага да мiнуўшчыны, гiстарызм позiрку. Пiсьменьнiк перакананы, што бяз гiстарычнае памяцi й самасьвядомасьцi народ будзе асуджаны на лёс бязмоўнага дрымотнага насельнiцтва, што пакорлiва ўспрыме любыя, навет самыя злачынныя сацыяльныя эксперыменты.
Адчуваючы гэтую глыбiнную повязь часоў, Кастусь Акула шукае й знаходзiць у далёкай i нядаўняй мiнуўшчыне нечаканыя, але пераканаўчыя аналёгii. Напрыклад, памiж паленьнем Скарынавых выданьняў у Маскве па загадзе сьвецкiх i духоўных уладароў у сярэдзiне XVI стагодзьдзя й зьнiшчэньнем бальшавiцкiмi каланiзатарамi тысячаў беларускiх кнiг у 1935-м. У мастацкiх творах i публiцыстычных нарысах пiсьменьнiка зноў i зноў узнiкаюць iмёны й вобразы ганарлiвай Рагнеды й ахвярнай Еўфрасiньнi, яшчэ аднаго палачанiна – сейбiта друкаванага слова Францiшка Скарыны й сейбiта "мужыцкае праўды" Кастуся Калiноўскага. Ягоныя, легендарнага Яськi-гаспадара з-пад Вiльнi, словы "Ваюй, народзе, за свае правы!" – цёзка паўстанцкага каманьдзiра абраў дэвiзам сваёй газэты "Зважай".
Апошнi па часе напiсаньня й выхаду ў сьвет раман К.Акулы "За волю" (Таронта, 1991) – твор завострана публiцыстычны. Мяркуючы па прэсе, ён ужо дастаткова ўважлiва прачытаны прафэсыйнай крытыкай i ўведзены ў наш лiтаратурны кантэкст. Дадамо, што знайшоў, здаецца, свайго перакладчыка й першы i пакуль адзiны ангельскамоўны раман пiсьменьнiка "Tomorrow is Yesterday" ("Заўтра – гэта Учора"), дзе нямецкiя фашысты i расейскiя бальшавiкi паказаныя аднолькава небясьпечнымi ворагамi Беларусi.
Сустрэча з роднай зямлёй, здаецца, прыкметна дадала спадару Кастусю жыцьцёвых i творчых сiл. Ён, як заўсёды востра, пiша ў "Зважай" (трэба спадзявацца, што iдзе праца й над новай кнiгай), уважлiва сочыць за навiнкамi нашага прыгожага пiсьменства й наагул за друкам (у Таронта гэта не так ужо й проста), ахвяруе грошы на беларускiя выданьнi...
Далёкiя берагi робяцца блiжэйшымi. У полiфанii нашае лiтаратуры пачынае гучаць i адметны голас Кастуся Акулы.
Станiслаў Станкевiч
"Змагарныя Дарогi" К.Акулы
(Уступ да арыгiнальнага Таронтска-Мюнхенскага выданьня 1962 году)
Кнiжка маладога беларускага публiцыстага Кастуся Акулы "Змагарныя дарогi" станецца бясспрэчна цэнным i цiкавым укладам у сучасную беларускую лiтаратуру ў вольным сьвеце. У наагул сьцiплай нашай лiтаратурнай прадукцыi яна на сяньняшнi дзень зьяўляецца адзiным, прычым вельмi ўдалым i годным далейшага насьледваньня, узорам мэмуарнай лiтаратуры, гэтак багата i ўсебакова культываванай як у нашых найблiжэйшых суседзяў, гэтак i сярод народаў Захаду. Бурныя падзеi апошняй вайны й спрычыненыя ёй вялiзарныя зьмены ў узаемадачыненьнях людзей i народаў прыдбалi шмат цiкавага матарыялу для мэмуарыстыкi, за якую апошнiмi гадамi сквапна хапiлiся ня толькi прафэсыянальныя, але й зусiм прыпадковыя аўтары, будучыя гэтых падзеяў беспасярэднiмi сьветкамi й актыўнымi ўдзельнiкамi. Дык ужо навет з аднаго гэтага гледзiшча кнiга Акулы, як адзiная пакуль што ў нас спроба чыста мэмуарнае аповесьцi, заслугоўвае на ўвагу.
Хаця яна й названая лiтаратурным жанрам "аповесьць", фактычна-ж зьяўляецца аўтабiяграфiчным дзёньнiкам аўтаравых усамiнаў зь мiнулае вайны i такiм чынам належыць не да мастацкае ў сьцiслым ейным значаньнi, але, як успамiналася, да мэмуарнае лiтаратуры, адно пададзенай у мастацкай форме. Таму ў вадрозьненьне ад чыста лiтаратурна-мастацкiх твораў, у ваповесьцi "Змагарныя Дарогi" няма лiтаратурнага сюжэту, вакол якога канцэнтравалiся-б паасобныя эпiчныя матывы апавяданьня, не знаходзiм драматычнае iнтрыгi, якая трымала-б у напружаньнi ўвагу чытача, адсутнiчаюць i канфлiкты характараў, якiя раскрывалi-б узаемадачыненьнi ўведзеных у акцыю пэрсанажаў. Але ня гледзячы на адсутнасьць у "Змагарных Дарогах" найбольш вызначальных лiтаратурных элемэнтаў, твор Акулы, як закругленая тэматычная цэласьць, чытаецца з напружанай увагай i родзiць глыбокiя рэфлексii й перажываньнi. Гэта ўжо доказ, што мы маем дачыненьне з творам асаблiвай якасьцi.
Такая рэакцыя чытача на падзеi, апiсаныя ў "Змагарных Дарогах", выклiкаецца галоўным чынам iх дакумэнтальным характарам, паказаным з тонкай знаёмасьцяй жыцьця й людзей ды авееным глыбокай пачуцьцёвасьцяй аўтара. Пры гэтым аўтар ня толькi рэгiструе ведамыя яму здарэньнi й факты, ня толькi выводзiць цiкавыя й часта ўдала зьiндывiдуалiзаваныя постацi людзей, але, што найважнейшае – углыбляецца ў сэнс гэтых здарэньняў, знаходзiць прычыны, што iх выклiкаюць дае iм глыбокую маральную й палiтычную ацэну, раскрывае духовы зьмест людзкiх перажываньняў i iмкненьняў.
Апавяданьне пачынаецца мамэнтам эвакуацыi зь Менску пад нацiскам бальшавiцкага наступу ў канцы чэрвеня – пачатку лiпаеня 1944 году неадкрытай яшчэ школы Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны й разьвiваецца шляхам маршу сяброў гэтае Школы цераз Заходнюю Беларусь, Летуву, Усходнюю Прусiю, Польшчу, Нямеччыну, Францыю й Iталiю, а заканчваецца ў Ангельшчыне, дзе пасьля заканчэньня вайны знайшлi сабе часовае прыпынiшча ўжо моцна працярэбляныя рады гэтае Школы й iншых беларускiх вайсковых фармацыяў. Спасярод вялiкага мноства ўведзеных у вапавяданьне пэрсанажаў вырозьнiваюцца, як цэнтральныя фiгуры, Кастусь Дзежка, Вiктар Караткевiч i Сымон Спарыш, зьвязаныя мiж сабою супольнымi нiцямi ранейшага жыцьця й цяперашняга лёсу. Усе тры спаткалiся й пазнаёмiлiся на настаўнiцкiх курсах у Глыбокiм падчас нямецкае акупацыi, пасьлей разам вучылiся ў Беларускай Гiмназii ў Вiльнi, там-жа навет i жылi разам на аднэй гасподзе. Вакол гэтых трох дзеючых асобаў канцэнтруецца вялiкае мноства iншых iснаваўшых ў запраўднасьцi пэрсанажаў апавяданьня, названых або рознымi выдуманымi псэўдонiмамi, або iхнымi аўтэнтычнымi прозьвiшчамi, якiх супольны лёс кiнуў у вiр вайны й прымусiў быць навочнымi сьветкамi й актыўнымi ўдзельнiкамi ейных падзеяў. Усе гэтыя пэрсанажы, узятыя з розных нацыянальнасьцяў (беларусы, немцы, палякi, расейцы, украiнцы), з розных сацыяльных слаёў i розных, часамi ўзаемна супярэчных маральных i iдэйных катэгорыяў, пачынаючы ад прадстаўнiкоў кiраўнiчых палiтычных ворганаў ды канчаючы звычайнымi радавымi шэрымi людзьмi, даюць у разрэзе разнастайны й аўтэнтычны праўдзiвы абраз людзей, што ў часе апошняе вайны й нямецкае акупацыi былi дзейнымi ў Беларусi й мелi той або iншы ўплыў на лёс беларускага народу. Вымушанае вандраваньне ўспомненае тройкi разам з мноствам ей падобных зь Менску церазь Вiльню, Коўню, гарады й вёскi Ўсходняе Прусii, Польшчы, Нямеччыны, Францыi, Iталii й напасьледак Ангельшчыны й твораць сабою хоць i складаную, але багатую падзеямi й перажываньнямi эпапэю.
Перажываньняў галоўнага гэроя апавяданьня Сымона Спарыша нельга ўспрымаць абыякава. Замнога ў iх болю й жыцьцёвае праўды, каб прайсьцi мiма iх, як звычайна праходзiм мiма каля перажываньняў фiкцыйных лiтаратурных пэрсанажаў. Увесь жах цярпеньняў беларусакага народу ў умовах жорсткага нацыянальнага паняволеньня даваеннае Польшчы, бальшавiцкае Расеi й напасьледак гiтлераўскае Нямеччыны паказаны ў перажываньнях Сымона Спарыша, як i ў дыгрэсiях, паходзячых ад самаго аўтара, зь нязвычайнай жыцьцёвай сiлай i праўдай. У гэтым, на нашую думку, i хаваецца галоўная, як лiтаратурная, гэтак i iдэйная вартасьць "Змагарных Дарогаў".
Асаблiва ярка й праўдзiва адмаляваныя ў ваповесьцi адмоўныя тыпы ўсякага роду ворагаў i прыгнятальнiкаў безбароннага беларускага народу, што рэкрутавалiся з розных народаў, ня рэдка й зь беларускiх рэнэгатаў i дэгэнэратаў, якiя, выкарыстоўваючы спрыяльныя для iх умовы ваеннага часу, бязьлiтасна зьдзеквалiся з народу й нажывалiся на ягонай крыўдзе. Яшчэ да надрукаваньня "Змагарных Дарог" некаторыя прыпадковыя iх чытачы нярэдка рабiлi аўтару заўвагi, што, паказваючы ў вельмi адмоўным сьвятле нашых суседзяў, ён быццам палiць масты да будучага паразуменьня зь iмi. Нажаль, аднак, такое, а ня iншае прадстаўленьне нашых нацыянальных суседзяў, пададзенае ў "Змагарных Дарогах", было пўнасьцяй, навет у паасобных жахлiвых дэталях, згоднае з праўдай. Пры гэтым суровы асуд паасобных нацыянальных вайсковых адзiнак зь нямецкае дапамаговае службы й канкрэтных iх удзельнiкаў, як неаднаразова падчыркавае й сам аўтар, у нiякiм выпадку не расьцягваецца на дадзеныя нацыянальнасьцi ў iхнай цэласьцi, да якiх групы гэтыя належылi. Таму ў нiякай аднабакосьцi, а тым больш тэндэцыйнасьцi абвiнавачваць аўтара нельга. Адзiным ягоным заданьнем, як у дачыненьнi да сваiх, гэтак i чужых было паказаць праўду й тым самым пакiнуць аўтэнтычны дакумант панурай запраўднасьцi нядаўняга мiнулага. I гэтае важнае, хоць мо й няўдзячнае заданьне аўтар выканаў.
Некатарага выясьненьня вымагае й сам назоў "Змагарныя Дарогi", якi даў аўтар сваёй аповесьцi. Iзь зьместу твору бачым, што слова "змагарныя" нельга разумець даслоўна, як змаганьня збройнага iз аружжам у руках, бо для такога ня было анi магчымасьцяў, анi патрэбы, а трэба яго разумець у значэньнi пераносным, як змаганьне маральнае, iдэйнае, духовае, па сваей сiле й глыбiнi ня менш эфэктоўнае за змаганьне фiзычнае. Выразна аб гэтым гаворыць i сам аўтар: "Памiнаючы розную лебяду, што заўсёды стараецца ўкаранiцца побач карыснага й плённага на добрай глебе, два асноўныя iмкненьнi былi целам i душою асноўнае масы вайскоўцаў гэтай нешчасьлiвай дывiзii (дывiзii "Беларусь"): жаданьне служыць пакрыўджанай i паняволенай бацькаўшчыне й адмова ваяваць за сваiх ворагаў. Хаця першаму iмкненьню ня суджана было зьдзейсьнiцца, беларускiя вайскоўцы да канца вытрымалi без кравапралiцьця за чужыя iнтарэсы" (бачына 434). Хаця, як сьцьвярджае аўтар, "першаму iмкненьню ня суджана было зьдзейсьнiцца", аднак маладыя беларускiя вайскоўцы рабiлi ўсё для iх магчымае, нярэдка здабываючыся на на акты бяспрыкладнага гэраiзму й самаахвярнасьцi, дзеля зьдзейсьненьня сваiх нацыянальных iмкненьняў, i якраз у гэткiм сэньсе трэба расшыфроўваць назоў "Змагарныя Дарогi". Чыстыя й з кажнага гледзiшча iдэальныя патрыятычныя пачуцьцi й нацыянальныя iмкненьнi нашае моладзi, безаглядная ейная гатоўнасьць пасьвяцiцца поўнасьцю для народнае справы – з аднаго боку, а немагчымасьць зьдзейсьненьня гэтых iмкненьняў i дарэмнасьць бяспрыкладных ахвяраў, для гэтага зьдзейсьненьня ахвотна, часамi безразважна прыношаных – з другога стваралi той глыбокi нацыянальны трагiзм, якi стаўся агульным удзелам беларускага народу ў часе апошняе вайны. Аб гэтай гiстарычнай трагэдыi беларускага народу i ў першую чаргу ягонае моладзi зь нязвычайнай сiлай перакананьня гаворыць кажная бачына "Змагарных Дарогаў".
Кнiга К.Акулы, напiсаная сакавiтым лiтаратурным стылем, авееная глыбокiмi пачуцьцямi й перажываньнямi аўтара ды шырака адсланяючая жахлiвую жыцьцёвую праўду недалёкае мiнуўшчыны, якая сталася балючай трагэдыяй беларускага народу, напэўна знойдзе шырокае кола сваiх чытачоў i энтузiястых, асаблiва сярод былых беларускiх вайскавiкоў, якiя ў кнiзе напаткаюць шмат знаёмага й асабiста iмi перажытага.
Мюнхен, у сьнежнi 1961 г.
Кастусь Акула
Пасьля першых адгалоскаў
Пра раман "Змагарныя дарогi"
Кожнаму аўтару, асаблiва калi праца ягоная паважная тэмай i разьмерам, карцiць ведаць думку чытачоў. У эмiграцыйных абставiнах водгукi й крытыка асаблiва вартасныя, бяручы на ўвагу, што ўмовы для творчасьцi тут цяжкiя й няспрыяльныя. Гэткi ўжо лёс палiтычнага эмiгранта,
Мiнуў ужо блiзка год ад часу, як "Змагарныя дарогi" трапiлi ў рукi чытачоў.
Паводле першых адгалоскаў цяжка мяркаваць яшчэ аб вартасьцi працы, ды хiба-ж аўтару адно выпадала-б сядзець i прыслухоўвацца, як ганяць цi хваляць. I гэты скупы артыкул зьявiўся не з намерам самагратыфiкацыi. Адылi пэўныя рэчы ўжо цяпер уважаю сваiм абавязкам высьветлiць.
Найперш хочацца надзякаваць чытачам, што вусна цi пiсьмова выказалi аб успомненым творы свае думкi. Iхныя выказваньнi зьяўляюцца да гэтага часу адзiным i, бадай, цi не найлепшым баромэтрам, якi ня толькi ў адносiнах да "Змагарных дарог", але ў ладнай меры вымярае наогул ступень лiтаратурнай зацiкаўленасьцi нашага эмiграцыйнага грамадзтва.
Мiмабегам аддаю вялiкае дзякуй усiм супрацоўнiкам "Бацькаўшчыны"* ды iншым добразычлiвым сябрам, што прыйшлi мне на дапамогу пры распаўсюджваньнi кнiгi, зьбiраньнi й складаньнi ахвяраў на пакрыцьцё даўгоў за выданьне яе. Даўгi гэтыя яшчэ адно напалову пакрытыя, i тых, што змаглi-б далей дапамагчы, прасiў-бы гэта зрабiць.
* Газэта беларускае эмiграцыi, што выходзiла з 1947 году ў Мюнхэне.
Да гэтага часу нарабiлi найбольш шуму пераважна моманты палiтычна-вайсковага характару, адлюстраваныя ў кнiзе. На iх i хачу спынiцца.
Зьбiраючы матэрыялы для "Змагарных дарог", у свой час я прасiў шмат каго, каб памаглi iнфармацыямi. Ад часу апошняе вайны сплыло шмат вады. Тое, што тады магло паказацца нам у сьветлых колерах, сяньня выглядае чорным або наадварот. Групавае палiтыканства на эмiграцыi шмат чаго больш зацямнiла, чым высьветлiла. З пэрспэктывы часу лягчэй ацэньваць падзеi, характарызаваць людзей адно тады, калi ёсьць доступ i да людзей, што бралi ў iх удзел, i да архiўных матэрыялаў, ды калi ёсьць умовы да гэтага.
Калi-ж няма такiх перадумоваў, тады ствараецца зусiм адменная i для бальшынi тых, што й жадалi-б такiмi працамi займацца, прост-напрост немагчымая сiтуацыя. Усё гэта добра мне было ведама.
Беручыся за працу над "Змагарнымi дарогамi", давялося разьлiчваць адно на добрую волю людзей, што былi ў вiры беларускiх гiстарычных падзеяў ды маглi больш-менш аб'ектыўна ацэньваць iншых i iнтэрпрэтаваць выпадкi цi навет прыгадваць простыя факты. Шматлiкiя людзi, выказваньнi й iнфармацыi якiх былi нагвалт неабходнымi дзеля аб'ектыўнага асьвятленьня падзеяў, зусiм ня рэагавалi на мае звароты, уважаючы, вiдаць, што, як той казаў: "Вось там нехта зноў носiцца зь нейкiм праектам, зь якога й так выйдзе пшык". Зь iншымi-ж, на вялiкi жаль, навет ня ўдалося ўстанавiць пiсьмовага кантакту. I вось давялося арганiзаваць, ацэньваць, узважваць, перасейваць тое, што было вядома, дый намагацца на гэтай аснове знайсьцi нейкi аб'ектыўны вобраз як характарызаваных падзеяў, так i ўдзельнiкаў iх. Ня ўсюды гэта ўдалося.
Ужо пасьля выхаду кнiгi з водклiкаў прыйшло шмат новага й цiкавага. Гэты новы матэрыял будзе, безумоўна, выкарыстаны некалi пры перапрацоўцы твора для перавыданьня (на вольнай Бацькаўшчыне!). Пакуль-жа тое будзе, ужо цяпер хачу выправiць адну прыкрую памылку, бо ёсьць гэта мой маральны i аўтарскi абавязак.
Празь няведаньне некаторых фактаў i бяз дрэнных заднiх думак у кнiзе зроблена вялiкая крыўда былому камандзеру афiцэрскае школы БКА ў Менску капiтану Ласкутовiчу. На вялiкi жаль, былыя вучнi гэтай школы яшчэ й сяньня маюць дрэнную думку аб капiтане Ласкутовiчы, а я гэты крывы вобраз заслужанага беларускага школьнага працаўнiка, вайскоўца й насамперш вялiкага патрыёта, дзякуючы недастатковым або фальшывым iнфармацыям, замацаваў у сваёй кнiзе.
За гэта прашу капiтана Ласкутовiча мне выбачыць i хачу падаць да ведама высьветленыя факты.
Атрымаўшы загад аб эвакуацыi з Менска, капiтан Ласкутовiч папрасiў капiтана Мiкулу, каб на час пераняў школу, бо сам хацеў заехаць па сям'ю. Мiкула згадзiўся. Не дастаўшы дазволу ад камандуючага БКА на адлучку па сям'ю, Ласкутовiч зьвярнуўся да прэзэдэнта БЦР, якi даў яму дазвол. Ранiцаю 29 чэрвеня капiтан Ласкутовiч, прадставiўшы капiтана Мiкулу кадэтам, разьвiтаўся зь юнакамi.
Ажно 2 лiпеня, пасьля шматлiкiх прыгодаў, ужо разам зь сям'ёю, ён далучыўся да школы ў Вiльнi.
Усюды быў вялiкi хаос. Беларускiя цывiльныя й вайсковыя ўлады ня мелi нiякага кантролю над адступаючымi цывiльнымi й жаўнерамi.
Бачачы гэта ды намагаючыся вярнуць нейкую арганiзаванасьць,капiтан Ласкутовiч наважыўся зьвярнуцца з пэўнымi прапановамi да прэзыдэнта БЦР, што пераездам затрымаўся ў Вiльнi. Найбольш баяўся Ласкутовiч таго, каб гiтлераўцы не паслалi на бойню ня вышкаленых "зялёных" кадэтаў зь ягонае школы. Таму й хацеў адвесьцi iх як найдалей ад фронту.
Якая-ж была рэакцыя Астроўскага? Выслухаўшы камандзера школы, ён выдаў пiсьмовы загад, паводле якога капiтан Ласкутовiч звальняўся з займанага становiшча. Старшы лейтанант К-i быў прызначаны камандзерам школьнае роты, а капiтан Мiкула быў затрыманы пры школе як прадстаўнiк ад БЦР. Паiнфармаваўшы двух апошнiх аб зьменах, капiтан Ласкутовiч усё-ж наважыўся трымацца школы, памагчы юнакам ад'ехаць найдалей ад фронту, каб немцы iх ня кiнулi ў вагонь. Характэрна, што з прычыны нейкага дзiўнага недагляду найбольш зацiкаўленыя асобы (значыцца, самi кадэты) нiчога афiцыйна так i ня ведалi аб зьмене каманды. Вось чаму, калi капiтан Ласкутовiч адлучыўся ад школьнае роты ў Полацку ды разам зь сям'ёй паехаў у Нямеччыну, нехта сказаў, што камандзер школы "змыўся" цi проста "пакiнуў нас". Аж да сяньняшняга часу ў сьведамасьцi шмат каго пануе памылковая думка, нiбыта капiтан Ласкутовiч быў дэзэртырам, што ў сьвятле вышэйсказанага зьяўляецца няпраўдай.
Ня ўсiм ведама, што капiтаны Мiкула й Ласкутовiч, пабачыўшы безгалоўе ў БЦР, былi добра прадыскутавалi i ўстанавiлi агульны кiрунак дзеяньня на будучыню. У iм прадбачвалася арганiзацыя Беларускага войска (не СС цi палiцыi) пад нацыянальным сьцягам, папаўненьне школы БКА й навучаньне афiцэрскiх кадраў, магчымая сувязь з заходнiмi хаўрусьнiкамi й пераход на iхны бок дзеля рэалiзацыi iдэi вызваленьня Бацькаўшчыны. У сьвятле гэтага факта й лягчэй зразумець апiсанае ў "Змагарных дарогах" выступленьне капiтана Мiкулы на канфэрэнцыi ў Эльбiнгу. Будучы там адным са старэйшых беларускiх афiцэраў, не спадзяючыся ад малодшых актыўнай падтрымкi на канфэрэнцыi, ён, мусiць, трымаўся той узгодненай з Ласкутовiчам iдэi.
Пэўна-ж, Мiкула ня быў фантазёрам. Як тады вытлумачыць тое, што кiнуў маскалям у вочы: "Даволi намi камандавалi маскалi! Гэта нашы людзi, i дывiзiя будзе наша!"? Хiба што спадзяваўся на нейкi пралом, цi быў гэта крык роспачы бясьсiльнага гэройскага сялянскага сына! Кадэты Школы Камандзераў БКА ня мелi магчымасьцi блiжэй паэнаць капiтана Ласкутовiча. Шмат каму ён выдаваўся "надзьмутым, напампаваным, з вонкавай палiтурай". Вiдаць, ён належыцьда людзей, што не адразу адкрываюцца, адносна iх на першы погляд памыляешся, а пасьля, пазнаўшы iх блiжэй, прыемна расчароўваешся.
Такiм было й маё знаёмства з капiтанам Ласкутовiчам. Цi ж трэба яшчэ казаць, што я задаволены тым, што мой першы погляд быў памылковым.
"Бацькаўшчына", 24 лютага 1963 г.