Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 31 (всего у книги 38 страниц)
* Ачкамi, баламi.
IV
Для Сымона Спарыша, што пасьпяхова справiўся з усiмi заданьнямi, найцьвярдзейшым арэхам сталася якраз тое, што для iншых было наймякчэйшым. Група кандыдатаў паклiкана была ў школьны барак. Кожны атрымаў лiст паперы, на якiм стаяла наступнае пытаньне, на якое трэба было адказаць пiсьмова: "Чаму хачу быць афiцэрам панцырных адзьдзелаў польскае армii". Для палякаў адказ на пытаньне быў лёгкiм, для Сымона-ж, як яму здалося, амаль немагчымым. Гэтае вось "чаму" й было тым балючым рычагом, што падчэплiвала самыя кволыя нетры ягонае душы, беларускага й асабiстага "я", iстотнага духовага быту й нябыту. Кiнуўшы вокам направа й налева, хлапец спасьцярог, як узялiся скрабцi паперу пёры суседзяў. Як хто ўмеў, прыводзiў у адказ розныя прычыны, найчасьцей-жа любасьць да польскай бацькаўшчыны, жаданьне ўзмацненьня збройных сiл польскае армii, каб прагнаць з радзiмай зямлi ўсiх захопнiкаў яе, каб помсьцiць за крыўды й iншыя падобныя рэчы.
Сымон сядзеў задуманы колькi часу i незаўважна для сябе церабiў галаву. I часу трацiць нельга было, каб не зьвярнуць залiшняе ўвагi кавалерыста-капiтана, што роўнымi крокамi хадзiў перад фронтам сталоў ды заглядаў то ў адно захмаранае вакно, то ў другое, часта поглядам кiдаючы на жаўнераў.
"Што-ж тут адказаць? – мазолiў мазгi Сымон. – Няўжо-ж таксама аб патрыятызме? Пайшлi вы к чорту з вашым патрыятызмам. Навошта-ж мне крывiцца? Трэба штось кароткае й даволi хiтрае, каб надта не падкапалiся. Пэўна-ж, зьвернуць асаблiвую ўвагу на мой адказ, бо я-ж адзiн беларус сярод iх. Дык, можа, проста тлумачыць звычацным кар'ерызмам? Здаецца, так найлепш. Эх, так i быць. Памажы, Божа!"
Сымонава пяро роўненькiмi й стараннымi, хаця й сьпешна пiсанымi лiтарамi вывела на паперы наступны адказ: "Хаця на школу падхаронжых панцырнай зброi прысланы я быў згодна з загадам вышэйшых вайсковых уладаў, аднак таму, што амбiцыя кожнага чалавека накiроўвае яго да здабыцьця вышэйшага становiшча ў асяродзьдзi, да асягненьня вышэйшае вайсковае ступенi, – таму й хачу быць афiцэрам. Не ўхiляючыся навет ускосна ад простага адказу на вышэйпастаўленае пытаньне, хачу заўважыць, што ў даным выпадку кiруюся вылучна сваёй амбiцыяй".
V
З выгляду й прыёмаў у адносiнах да людзей камандзер школы падхаронжых, маёр Палiшэўскi, мог-бы прыгадаць тып валаснога старшынi. Быў ён сярэдняга росту, таўставаты, пузаценькi, у саракавых гадах. Шырокi вайсковы брызентавы пас, расьцягнуты на максымальную даўжыню, ледзь здолеў абхапiць круглы жывот. Азызлы й пульхны, гладка голены твар зьвiсаў двума падбародкамi над цесна зашпiленым каўняром "батледрэсу". Рэдкiя цемнаватыя валасы, зачэсаныя сьпераду назад, ледзь пакрывалi лысiну. Жыва бегалi заплылыя, ясна-блакiтныя маленькiя вочкi. Абвiслы мяшком "батледрэс" рабiў маёра таўсьцейшым, чым фактычна быў. Рухi меў жывыя, гаворку – хуткую й адрывiстую. Паводле выразу ягонага твару вы нiкол– б не маглi сказаць, цi жартуе, цi злуецца. Значэньне нявыразнай грымасы можна было распазнаць, адно прыслухаўшыся да маёравай гутаркi.
Палiшэўскi належаў да таго тыпу людзей, што чуюцца вялiкiмi гаспадарамi на малых гаспадарках, ня любяць пярэчаньняў з боку iншых ды проста падпарадкоўваньне цi навет i звычайнае патакваньне. Ён апынуўся-б якраз на сваiм месцы, калi-б нейкiм чынам раптам стаў валасным старшынёй. Рэзкi й крыклiвы голас выдатна памагаў-бы ў сьцягваньнi падаткаў, а натуральная вожыкава натапыранасьць – у страшаньнi жанчын i дзяцей.
Калi Сымону, на другi дзень пасьля апошнiх экзаменаў i адказу на гэтае "чаму хачу быць афiцэрам", загадана было зьявiцца да маёра ў канцылярыю, Палiшэўскi сядзеў за сталом i мучыў у руках нейкую паперыну. Сымон, стукнуўшы моцна абцасамi й адсалютаваўшы, адразу распазнаў ва паперы характар свае рукi. Акрамя камандзера школы ў канцылярыi прысутны быў худы й бледны, здаецца, зь недахопу ў Ангельшчыне сонца, лейтанант Монiк, якi, як пазьней выказалася, быў некалi й недзе выкладчыкам у вышэйшай школе, славiўся як спэцыялiст па ангельскай мове, аматар боксу й фiзкультуры. Аднойчы меў пару лекцыяў для восьмага курсу школы, дзе намагаўся вытлумачыць асновы складу й спосаб дэтанацыi атамнае бомбы. Трэцiм прысутным быў капiтан Баяноўскi, кiраўнiк восьмага курсу, што складаўся бальшынёй з жаўнераў Другога корпусу. Быў гэта высокi, чарнявы, тонкi, але мускулiсты, спакойны й заўсёды зраўнаважаны мужчына. Ён роўнымi крокамi шпацыраваў ад дзьвярэй да акна канцылярыi й часта кiдаў зрокам на дажджлiвае надвор'е. Пры ўваходзе Сымона стаў каля стала i ўталопiўся ў новапрыбылага. Монiк сядзеў напрыканцы стала зь левага боку Палiшэўскага i, флегматычна рухаючы скiвiцамi, жаваў гуму.
– Адкуль вы тут узялiся? – бязь нiякае прадмовы кiнуў Сымону маёр.
– Зь Iталii, – спакойна адказаў хлапец.
– Зь якога вы адзьдзелу?
– Апошнi час быў на фронце ў семнаццатым батальёне шостай Львоўскай брыгады пяхоты.
– Чаму вы не пайшлi ў школу пяхоты, а прыехалi ў панцырную?
– На гэтае пытаньне ня ведаю, цi сумею адказаць... бо...
– Вы прыехалi сюды ахвотнiкам?
– Камандзер майго адзьдзелу падаў маё прозьвiшча без майго ведама.
– А пасьля вы згадзiлiся?
– А што-ж я меў рабiць?
– Я вас пытаюся, пся косьць! – пачырванеў раптоўна Палiшэўскi, i на твары ў яго зьявiлася нейкая неакрэсьленая грымаса. – Адказвайце на пытаньне!
– Калi ўжо так сталася, дык мусiў згадзiцца.
– Значыцца, вы ахвотнiкам сюды прыехалi?
– Думаю, пане маёр, што гэтага нельга назваць ахвотай, калi чалавека прапануюць безь яго ведама...
– Дык як вы сабе ўяўляеце такую справу? Не маглi стаць да рапарту з просьбай, каб вас пакiнулi ў адзьдзеле, а прыехалi й хочаце давесьцi, што вас прымусам прыслалi? Га? – нэрваваўся маёр.
На буйным твары цяжка было спасьцерагчы такую раптоўную перамену. Адно па голасе Сымон здагадаўся, што тлумачыць Палiшэўскаму аб ягонай абыякавасьцi да школы ня будзе ладу.
– Дык як вы ўрэшце думаеце? Ахвотнiк вы цi з прымусу? – прыпадняўся маёр за сталом. – Няма чагосьцi сярэдняга. Або так, або не. На маю думку, вы ахвотнiк. Хочаце, каб за такога вас уважалi?
– Так ёсьць, пане маёр.
– Адкуль вы з дому?
Сымон назваў мясцовасьць нараджэньня.
– Хто ваш бацька?
– Селянiн.
– Колькi меў зямлi?
– Дванаццаць гэктараў.
"Чорт цябе пабяры, – думаў Спарыш, – яшчэ возьмеш загадаеш, як тыя бальшавiкi, аўтабiяграфiю, пачынаючы ад прапрадзеда, пiсаць". Ужо падымалася правая рука, каб з заклапочаньня пацерабiць патылiцу, але калi хлапец прыпомнiў, дзе знаходзiцца, хутка апусьцiлася.
– Колькi часу вы былi на фронце?
– Тры месяцы.
– З чым ваявалi?
– Зь немцамi, пане маёр.
– Я ня пытаюся, зь кiм, але – якой зброяй, якую функцыю вы выконвалi, пачаў хвалявацца зноў верхнi маёраў падбародак.
– З "п'ятам", пане маёр.
– Гм... можаце iсьцi.
Сымон адсалютаваў i, павольна павярнуўшыся, зрабiў тры крокi ды ўжо браўся за клямку дзьвярэй.
– Спарыш! – гукнуў голас Палiшэўскага.
– Я ёсьць, пане маёр! – адвярнуўся юнак.
– Як то вы паварачваецеся, як тая цяжарная баба! Не можаце вы гэта жывей, рухавей? Помнiце, як вазьму вас на школу, то яйцы вам хутка ўстаўлю, пся косьць!
– Так ёсьць, пане маёр!
– Можаце адыйсьцi.
Сымон хуценька крутануўся на левым абцасе, жвава адсалютаваў i жывенька выскачыў за дзьверы.
– Як вы думаеце? – зьвярнуўся быццам да сьцяны, гледзячы на свежазачыненыя за Сымонам дзверы, Палiшэўскi. Капiтан Баяноўскi аднавiў ранейшае шпацыраваньне ды ўважна зiрнуў у вакно, быццам там намагаючыся знайсьцi адказ на камандзерава пытаньне.
– Здаецца, у яго ў галаве крыху ёсьць, – флегматычна, усё яшчэ жуючы гуму, адказаў, выцягнуўшыся ў крэсьле, Монiк.
– Пане лейтанант, – з уданай паважнасьцю павярнуўся да яго Палiшэўскi, будзьце ласкавы, перастаньце ў маёй прысутнасьцi ў часе службовых гадзiн жаваць гуму. Iншым часам – як сабе хочаце.
– Перапрашаю пана маёра, – спахапiўся бледны лейтанант i, хутка выцягнуўшы зь кiшэнi кавалак туалетнае паперы, паднёс яе да вуснаў, улажыў туды жвачку ды, устаўшы з крэсла, выкiнуў яе ў кошык для сьмецьця.
– Колькi пунктаў атрымаў ён на экзаменах?
– Семдзесят два, – адазваўся Баяноўскi.
– Выглядае, што трэба прыняць. З гэтай нацыянальнасьцю, пся косьць, чалавек чужога ўзгадаваньня... Як вы думаеце, пане капiтан?
– Няма прычынаў, каб адкiнуць.
– А вы, пане лейтанант?
– Варта прыняць.
– Няхай так i будзе, – заключыў Палiшэўскi.
VI
Калi абвешчаны былi вынiкi экзаменаў у школу, аказалася, што тры чалавекi былi адкiнуты. Кандыдаты й раней ведалi, што некага мусiлi адкiнуць, бо на дваццаць чатыры месцы было дваццаць сем кандыдатаў. Двое адкiнутых былi жаўнеры зь Iталii. Яны цэлую вайну былi ў панцырных адзьдзелах. Чулiся моцна пакрыўджанымi. Дарма што колькi разоў спрабавалi абiваць парогi ў Палiшэўскага, камандзер i гаварыць не хацеў. Да таго-ж выказалася хутка, што згодна з загадам брытанскiх уладаў восьмы курс меўся быць апошнiм. Гэткiм чынам адкiнутыя ня мелi надзеi паступiць на дзевяты, бо школа мела быць закрытая. Адзiн з гэтых адкiнутых, што па дарозе з Iталii ў Кэтэрык Кэмп пасябраваў з Сымонам, вельмi яму зайздросьцiў такой удачы, намякаючы ў гутарцы й на тое, што Сымон быў беларусам i яго прынялi, а яго – як паляка, дый, пэўна-ж, зусiм ня горшага, калi ня лепшага, – адкiнулi.
Спарыш ня лiчыў таго за такую вялiкую, як выдавалася паляку, удачу. Наогул быў хлапцом здольным, адылi ягоныя зацiкаўленьнi ў навуцы ня былi ў кiрунку тэхнiчным – больш за ўсё любiў лiтаратуру, гiсторыю, фiлязофiю й мовы. Аднак глубока ўнутры, здавалася, навет падсьведама, ганарыўся тым, што ўдалося на жыцьцёвай дарозе пералезьцi яшчэ адзiн парог, дарма што адчыненыя дзьверы вялi ў цемру. Для яго гэта ўдача, як гаварыў адкiнуты паляк, была яшчэ адным доказам сваёй вартасьцi й разьвiтасьцi, асаблiва-ж калi параўноўваў сябе з тымi спрактыкаванымi ваякамi, бальшыня якiх выводзiлася з панцырных адзiнак. Некаторыя былi падафiцэрамi з доўгiм стажам службы, з грудзьмi, поўнымi медалёў. Яшчэ ў пачатковай i сярэдняй школе Сымон стараўся вучыцца й амаль заўсёды быў першым паводле ацэнак у сваёй клясе. Там меў справу заўсёды з аднагодкамi, значыцца, шансы былi амаль роўныя. Даваўся ўсiм роўны й да гэтага часу невядомы матэрыял да вывучэньня, i адно найбольш здольныя й працавiтыя трымалiся на вярху данае клясы. Тут-жа пры экзаменах былi людзi з усiх пластоў грамадзтва, пачынаючы ад князя Юрыя Радзiвiла (аб iм i iншых будзе мова пазьней), пераходзячы да сынкоў бюракратаў i вайскоўцаў ды канчаючы дзяцьмi сялян. Розьнiлiся й паводле сваiх гадоў, i вайсковых ступеняў, i ваеннае практыкi, i ўзгадаваньня, й навуковага падрыхтаваньня. Былi й людзi з вышэйшай асьветай. Дык у тым i меў Сымон асабiстае задаваленьне, што ня толькi наогул трапiў у школу, але паводле ацэнак апынуўся дзесь усярэдзiне.
Быў гэта чэрвень 1945-га году. Мiмаволi прыбягаў Сымону на думку чэрвень мiнулага году ў Менску. Прыгадвалiся афiцыяльна нераспачатыя заняткi Школы Камандзераў БКА, маладыя, поўныя веры ў сябе й свой народ юнакi, што пазьляталiся былi з усiх куткоў Бацькаўшчыны, каб у будучынi стацца авангардам беларускiх збройных сiл. Як хутка ўсё тое расплылося-разьвеялася, зьмянiлася, шмат чаго спарахнела-спапялiлася, iншае зламалася, а некаторае – самае мацнейшае й пасьля вайны яшчэ больш трывалае й узмоцненае – раськiданае было сяньня па ўсiх кутках Эўропы. Была калiсь для ўсiх адна дарога, ясная й простая, быў кiрунак, было кiраўнiцтва. Сягоньня, год пазьней, стаялi на розных сьцежках, у розных месцах кантынэнту, гукалiся й шукалiся мiжсобку ў чужых джунглях. Адно хiба ў iх засталося супольнае – зьнiч непахiснай любовi да Бацькаўшчыны.
Хоць параўнаньнi й прыгадваньнi мiнулага наводзiлi на Сымона вялiкую журботу, закрадалiся сумлевамi ў душу, напаўнялi горыччу сэрца, ня трацiў надзеi, што неба хутка праясьнiцца. Адплылi ўжо ваенныя хмары, створыцца нейкi паваенны лад i парадак, i што хаця Бацькаўшчына апынулася, як казаў той Чэрчыль, за жалезнай заслонай, усё-ж лягчэй будзе адшукаць сваiх родзiчаў, неяк выкарабкацца з чужога лябiрынту, а там ужо вiдаць будзе, ях i што рабiць. Гэткага моманту праясненьня й чакаў Сымон са сталай надзеяй на лепшую будучыню.
Дык на даным этапе, пакуль сваiх ня было яшчэ вiдаць, пакуль ня вызначана была дарога заходняга палiтычнага сьвету, навет i такая маленькая, паводле слоў таго-ж палячка, "удача" была крынiцаю духовай падтрымкi, апраўданьня сваёй вартасьцi, жыцьцёвага дасьведчаньня, поступу й трываласьцi.
Калi ўжо навет i сярод чужых, калi няма iншага выйсьця, дык хаця-ж каб не апошнiм. Надта-ж нядобра цягнуцца ў хвасьце сярод сваiх, хоць гэта яшчэ паўбяды, але-ж сярод чужых (ды яшчэ такiх, што вечна тыцкалi раней i вытыкаюць цяпер сваю вышэйшасьць i лепшасьць), дык гэта было-б для Сымона прост-напраст духовай катастрофай, тым больш што на палякаў глядзеў часта з пагардай, а рэдка з пашанай.
САМАГУБСТВА РАЧЫЦКАГА Й ЛЮДЗI ВОСЬМАГА КУРСУ
I
Ня мiнула пары месяцаў ад пачатку заняткаў восьмага курсу, як лiк вучняў зьменшыўся на аднаго. Улан Рачыцкi пазбавiў сябе жыцьця стрэлам у рот.
Рачыцкага памятаў Сымон з "Лэмi Кэмпу" каля Нэапалю. Улан адразу кiнуўся беларусу ў вочы таму, што хвалiўся ўжо ў той час веданьнем ангельскае мовы. Ясна, Сымон ня мог ацанiць, як добра Рачыцкi ведаў мову. У гаворцы, якую ўлан вёў быццам з сабою, быццам зь iншымi, нiчога ня ведаючымi, як Сымон здагадваўся, было шмат "лацiны", г. зн. лаянкi. Сьпяваў па-ангельску адну цi другую песьню, тое-сёе гаварыў да iншых сяброў, быццам каб пахвалiцца веданьнем мовы, i, самае галоўнае, мог навет у кавярнi дагаварыцца з ангельскiмi вайсковымi жанчынамi. Шмат хто яму ўжо тады гэтак моцна зайздросьцiў, бо як-нiяк ехалi-ж у Ангельшчыну, й кожнаму веданьне мовы прыдалося-б.
Быў гэта шыракаскулы ў твары, чорны, сярэдняга росту, мускулiсты й добра збудаваны мужчына гадоў звыш трыццацi. Паходзiў дзесьцi з Заходняе Ўкраiны, што была пад польскай акупацыяй, быў сынам асаднiка, прайшоў савецкiя канцлягеры, трапiўшы ў 1939 годзе да бальшавiкоў у палон. Ваенны шлях ягоны цягнуўся ад Тобруку ў Афрыцы аж да Балёнii. Аб ваенных здольнасьцях сьведчылi два шэрагi берэтак вайсковых медалёў на левым баку грудзей мундзiра. Рачыцкi вельмi любiў сьпяваць i быў гаспадаром прыемнага басу. Звычайна, кончыўшы "Над Янцэ-Кянгам зьзяе месяц", пачынаў "Сагару", а часта заводзiў, наўмысьля выкрыўляючыся й сакавiта пераплятаючы "лацiнай", "Я – стары араб".
Шырокi й злёгку пакалечаны воспай твар звычайна насiў пагодную ўсмешку, але яна часьценька й надта-ж раптоўна зьнiкала, а на яе месца зьяўлялася задуманая й сумная маска, што магла сьведчыць аб нутраных перажываньнях. Пасьля самагубства, калi сябры пачалi прыпамiнаць розныя дэталi зь ягонае размовы, выгляду й адносiнаў да iншых, вырашылi, што Рачыцкi раней насiўся з думкай аб самагубстве, адно скрытнасьць характару й зьверхняя пагодлiвасьць добра маскавалi ягоныя намеры. Тыя, што найблiжэй яго зналi, цьвердзiлi, што нябожчык даўно страцiў быў усялялую веру ў лепшае, у тым лiку перадусiм у хуткае вызваленьне Польшчы, дый, магчыма, у занадта чорных колерах уяўляў будучыню на чужыне. Як-бы там нi было, Рачыцкi павялiчыў i так ужо немалы лiк тых палякаў, што пасьля Ялцiнскай канфэрэнцыi, пазбаўленыя надзеi на лепшую будучыню свае краiны, собскiмi рукамi вызначалi апошнiя разьдзелы свайго жыцьця.
II
Прыступаючы да азнаямленьня чытача з удзельнiкамi восьмага курсу школы, варта спынiцца найперш на вучню найбольш ведамым i паважаным сярод iншых Юрыi Радзiвiле. Але перш яшчэ льга прыгадаць тое-сёе аб самым доме Радзiвiлаў, бо апошнiя сусьветныя буры, разам з дэтранiзацыяй старых паноў – магнатаў на зямлi беларускай, змылi з памяцi людзей i мiнулае найвызначнейшых арыстакратычных дамоў.
Род Радзiвiлаў карэньнямi сягае ў далёкае мiнулае Вялiкага Княства Лiтоўскага. Iмёны Радзiвiлаў сустракаем сярод найвызначнейшых людзей княства ваяводаў, бiскупаў, дворных гэтманаў i князёў. Стаяць яны побач Сапегаў, Астрожскiх, Хадкевiчаў, Мiрскiх, Алелькавiчаў, Глiнскiх. Радзiвiлам належалi вялiкiя абшары беларускае зямлi – пачынаючы ад Случчыны праз Нясьвiж i Клецк, Лiдчыну i Трокi – аж да Коўна. Амаль ва ўсiх вялiкiх местах Радзiвiлы мелi свае палацы.
Калi ўсьлед за дынастыяй лiтоўскiх князёў (пазьней-жа польскiх каралёў Ягайлавiчаў) беларускiя магнаты кiруюць позiрк на Варшаву й Рым ды пасьля зусiм пакiдаюць свой народ i шпарка адчыняюць дзьверы польскiм уплывам на Беларусь i Жамойць, Радзiвiлы знаходзяцца ў iхнiх шэрагах. Яшчэ ў 1709 годзе князь Януш Радзiвiл з Багуславам намагаюцца пры дапамозе ў той час агрэсыўных швэдаў аднавiць поўную незалежнасьць Вялiкага Княства Лiтоўскага ад Польшчы (Кароны). Палякi змаўляюцца з расейцамi i йдуць наперасек швэдам i беларусам. Iдэя Радзiвiлаў ня была зрэалiзаваная. Другi пярэхрыст з княжага дому, званы Сiроткам, пры дапамозе iнтрыганцкiх польскiх магнатаў i ордэна езуiтаў, канчаткова перахiляе вагу будучага лёсу гэтага некалi слаўнага дому ў польскi бок. Януш Радзiвiл за свае стараньнi аднавiць незалежнасьць Вялiкага княства Лiтоўскага атрымоўвае ад Варшавы мянушку здраднiка, а род Радзiвiлаў цьвёрда становiцца ў калёны iншых вялiкiх i малых магнатаў-паноў, рэнэгатаў беларускага народу.
Радзiвiл Сiротка зачыняе ў Нясьвiжы беларускую друкарню, што ў гэты час, калi на беларускiх землях моднымi былi розныя плынi заходнеэўрапэйскай рэлiгiйнай рэфармацыi, была адным з агменяў беларускага друку й культуры. Сiротка прывозiць у Нясьвiж рыцараў польскага каталiцызму – езуiтаў. Будуе для iх вялiкую сьвятыню й езуiцкую калегiю, а для сябе распачынае будову магутнага замку. Нясьвiж дзякуючы Радзiвiлу Сiротку становiцца, бадай, найгалоўнейшым асяродкам пашырэньня ў Беларусi рыма-каталiцызму й паланiзацыi нашай Бацькаўшчыны. Ад гэтага часу аж да акупацыi Беларусi Расеяй не зарастае пустазеллем дарога зь Нясьвiжу ў Кракаў i Варшаву. Польшча пры дапамозе сваiх паноў-iнтрыганаў i езуiтаў, пры пасярэднiцтве нясвiжскiх рэнэгатаў, моцна сьцiскае абшарнiцка-паланiзацыйнае ярмо на шыi сялянскага беларускага народу.
У 1784 годзе гасьцяваў у Нясьвiжы польскi кароль Станiслаў Аўгуст, а ў 1929 годзе – будаўнiк павэрсальскай Польшчы маршал Пiлсудзкi. Апошнi прыяжджаў быццам дзеля наведаньня i ўшанаваньня магiлы свайго слугi – ад'ютанта князя Станiслава Радзiвiла. Фактычна-ж мiж гэтымi вiзытамi ня было iстотнай розьнiцы: сьведчылi яны аб тым, якую вялiкую вагу надавалi пануючыя ў Варшаве асобы дому Радзiвiлаў. Уважалi яго супоняй таго абшарнiцкага польскага каланiзацыйнага ярма, якiм пры дапамозе беларускiх магнатаў-здраднiкаў запрэглi ў няволю беларускiя сялянскiя масы.
III
Вучань восьмага курсу Школы Падхаронжых Юры Радзiвiл меў у апiсаным намi часе гадоў дваццаць пяць. Быў гэта вельмi высокi ростам, тонкi чарнявы дзяцюк. Густыя чорныя бровы парасьлi малымi стрэшкамi над доўгiмi вейкамi. Цёмна-рудыя вочы сядзелi блiзка простага й тонкага носу. На высакаватым лобе ледзь заўважныя былi раньнiя маршчыны. Невялiкiя прагалiны па кутах ужо разрэджаных валасоў, чэсаныя проста назад, былi вестунамi раньняга лысеньня. Дзякуючы вялiкаму росту Юры рабiў уражаньне худога й тонкага. Вузкiя, з доўгiмi тонкiмi пальцамi рукi лёгка, быццам наскi лыжаў, маглi загiнацца ўверх. Нямала ўвагi прысьвячаў Радзiвiл сваiм пазногцям, вострым i доўгiм, заўсёды чыстым i дагледжаным. Тыя арыстакратычныя рукi, пэўна-ж, шмат пацярпелi-б, каб давялося iм падаiць з паўтузiна кароў цi падужацца пару дзён зь вiламi пры вывазе гною. Асьмелiмся цьвердзiць, што Юрыю нi таго, нi другога не даводзiлася рабiць, хоць ня будзем запэўнiваць, што ён наогул цяжка не працаваў цi фiзычна не цярпеў.
У 1939-ым годзе дзякуючы нейкаму асаблiваму зьбегу абставiн бальшавiцкiя "вызвольнiкi" захапiлi хлапца ў Нясьвiжы. Юрыю собiла зусiм непавярхоўна пазнаёмiцца з маскоўскай Лубянкай. Як i тысячы iншых палякаў, скарыстаў з нагоды ў 1942 годзе, уступiўшы ў арганiзаваную са згоды Сталiна на тэрыторыi Расеi польскую армiю. Далейшы шлях праз Iран, Iрак i Палесьцiну прывёў у Эгiпет i Лiвiю, пазьней – у Iталiю ды Ангельшчыну. Хаця Юры браў удзел у ваенных акцыях на фронце, адылi, вiдаць, адвагай не грашыў, бо на грудзях вiднелася адно пара берэтак ваенных адзнакаў i то якраз такiх, што давалiся ўсiм жаўнерам Другога корпусу бяз увагi на тое, былi яны пад агнём цi не.
Як казалi на курсе (што цяжка было праверыць), бацькi ягоныя з адной дачкой знаходзiлiся ў Монтэ-Карла, а старэйшы брат служыў у польскай авiяцыi. Юры здабыў сярэднюю асьвету ў Швайцарыi, там-жа студыяваў i эканомiку ва ўнiверсiтэце. Гэты рослы дзяцюк быў вельмi сьцiплага характару й абмежаваных вымаганьняў. Калi-б навет i не насiў ведамага гiстарычнага прозьвiшча, заслугоўваў-бы, бадай, на тую самую пашану, якую меў сярод сяброў. Наскрозь i заўсёды вырозьнiваўся мiж iншых жаўнераў сваёй ветлiвасьцю, ласкавасьцю й сьцiпласьцю. У мове ягонай цалкам адсутнiчала будзённая жаўнерская "лацiна". Можна было быць мiзэрным па характары й асабiстай маральнасьцi чалавекам, стаяць на найнiжэйшай сацыяльнай прыступцы, але калi Радзiвiл гаварыў з вамi, магло здавацца, што вы самi замянiлiся ў сваю адваротнасьць: зьяўляецеся чалавекам у вялiкай меры вартасным, да якога якраз таму й адносяцца з такой вялiкай пашанай. Лiшнiм гаварыць, што ад вас належылася-б чалавеку ўзаемнасьць.
Самым вартасным у Радзiвiлавых адносiнах да людзей было тое, што анi тая ветлiвасьць, анi пашана й добразычлiвасьць да iншых ня былi вымушанымi, штучнымi, як гэта часьценька даецца заўважыць у людзей зьверху палiтураваных, а ўсярэдзiне – грубых i фальшывых. Магчыма, што частка сакрэту Радзiвiлавай этыкi ляжала ў тым, што ўсiх людзей лiчыў добрымi, залiчаў iх у свае сябры i, ужо зыходзячы з гэтага, зблiжаўся зь iмi. Пазнаўшы гэтага рослага дзяцюка, вы хутка ўсьведамiлi-б, што гэта было ўпоенае ў яго змалку, дадзенае ўзгадаваньнем, што iнакш ён ня мог, калi-б навет i хацеў. Некаторыя спрабавалi справакаваць яго на злосьць цi дрэнны язык. Звычайна не ўдавалася. Калi Юры спасьцерагаў, што наўмысьля правакуюць, тады зь ледзь заўважнай, але заўсёды пазбаўленай зласьлiвасьцi ўсмешкай збываў усё жартамi, нiколi не рэваншуючыся на тых, што намагалiся яго правакаваць. У кожным чалавеку, зь якiм так цi iнакш зблiжаўся, гэткiм падыходам здабываў сабе сябру.
На курсе клiкалi яго "прынцам" (ад ангельскага слова "рrinсе" – князь). Другiя дзьве, заўсёды мiж людзей вельмi рэдкiя, а найбольш цэнныя якасьцi Радзiвiлавага характару – уменьне маўчаць i слухаць iншых ды – цi не найважнейшае – неятолькi не выстаўляцца сваiм "я", але зусiм мала гаварыць аб сабе. Апошняе – найцяжэйшае, бо кожны чалавек у першую чаргу – эгаiст. Таксама штука ўменьня слухаць iншых зьвязана больш цi менш з собскiм эгаiзмам i зьяўляецца мiж людзей зьявiшчам даволi рэдкiм.
IV
Кажуць, што багатыя людзi – таму багатыя, што ўмеюць ашчаджаць. Гутарка йдзе не пра тых, што нажываюць капiтал у спадчыну цi багацеюць нясумленнымi мэтадамi, а пра такiх, што пачынаюць зь нiчога i ўсялякую манэту горнуць пад сваю моцную апеку, хоць гэта быў-бы, як часта выражаюцца ангельцы, сhicken feed*. Да гэткiх людзей трэба аднесьцi Юрыя Радзiвiла. Казалi некаторыя з вучняў восьмага курсу, што быццам Радзiвiл меў ад бацькоў вызначаную месячную суму ў памеры ста ангельскiх фунтаў на свае патрэбы. Плётка была малапраўдападобная. Вядома было адно, што Юры нiякiх грошай ад нiкога не атрымлiваў, але ня выключана, што бацькi дзесь адкладалi на ягонае конта нейкую месячную суму. Затое было публiчнай тайнiцай, як гавораць, што Юры ашчаджаў самую найдрабнейшую манэту з вайсковай платнi, якую атрымлiваў, як i ўсе iншыя, у памеры двух з паловаю фунтаў на дзесяць дзён.
* Курыны корм (англ.).
Iншыя трацiлi свае грошы на пiва, курава, вечарынкi, дзяўчат, на пячэньне й каву вечарамi ў мясцовай кавярнi. Радзiвiл ня пiў i ня курыў, не хадзiў на танцы й надзвычайна рэдка заглядаў у кавярню. Затое часта ўдзень прыносiў са сталоўкi закручаны ў паперку белы хлеб. Вечарам, седзячы ў бараку пры круглай напаленай печцы, раскладаў яго на гарачым кружку i, падпякаючы з двух бакоў, быццам тоўст, спажываў з прынесенай таксама з кухнi кавай цi гарбатай. Калi каторы зь сяброў, бачачы гэта, абяцаў купiць Юрыю пару пячэньняў i кавы ў кавярнi, калi-б той быў ласкавы з iм пайсьцi, "прынц" вельмi ветлiва, але станоўка адмаўляўся – мо таму, што самому прыйшлося-б выдаткаваць пару пенсаў.
Ашчаднасьць Юрыя не канчалася на грашох, якiя ахвотна пазычаў усiм, хто прасiў. Пад канец навукi меў iх цэлае бярэма – магчыма, ня толькi ўсе атрыманыя за восем месяцаў фунты, але й шылiнгi зь пенсамi. Ён ашчаджаў i вайсковую вопратку й абутак. Кожны жаўнер меў па два мундзiры-"батледрэсы" й па дзьве пары абутку. Адна пара прызначаная была на буднi дзень, другая – на сьвяты. Рэдка давялося-б пабачыць Юрыя навет у сьвяточны дзень у лепшай вопратцы, хiба адно тады, калi разам з усiмi iшоў на абавязковую багаслужбу. Затое часта давялося-б бачыць "прынца" з прасам у руцэ пры стале ў бараку прасаваў порткi цi горшы штодзённы мундзiр. Прас быў куплены колькiмi сябрамi для супольнага ўжытку. Трэба тут заўважыць, што бальшыня жаўнераў прасавала свае порткi саматужным мэтадам, г. зн. пакрапiўшы злёгку вадою, злажыўшы роўненька на канты, клалi порткi на сяньнiк i зьверху ў падвойную столку засьцiлалi коцам. Гэта рабiлася кожны вечар перад ночным адпачынкам. Калi чалавек праспаў ноч на сваiх портках, дык ранiцай былi яны зусiм нядрэнна выпрасаваныя, хоць, вядома, не такiмi, як можна было зрабiць пры дапамозе праса. Але на буднi дзень i такога прасаваньня было даволi.
Калi Юры купляў паперу й канверты для карэспандэнцыi, абавязкова выбiраў найгоршае й самае таннае. Няважна да каго пiсаў – да "прынцаў" цi звычайных сьмяротных – карыстаўся тымi самымi, найбольш таннымi пiсьмовымi матэрыяламi.
Найбольшую ўвагу зьвяртаў Юры на сваё здароўе. У Ангельшчыне, пры капрызнай i дажджлiвай пагодзе, шчасьлiвы той, чый арганiзм адпорны на звычайны катар i прастуду. "Прынц" да такiх не належаў. Часта сябры бачылi Юрыя з нейкiмi кроплямi ад прастуды ў руцэ, а яшчэ часьцей – з пластыкавай ампулкай, у сярэдзiне якой, быццам той тонкi алавiк, сядзеў медыцынскi сродак супраць прастуды. У канцы ампулкi была маленькая дзiрачка. Яна ўкладалася ў нос i моцна цягнулася ў сябе для прачышчэньня насавых каналаў. Цiкава было сачыць, як Юры сваiм доўгiм i тонкiм пальцам прыцiсьне адзiн бок носу, а ў другую дзiрку ўложыць ампулку ды колькi разоў з вялiкiм смакам пацягне носам, навет аж зморшчыцца часам. Пасьля палец прыцiсьне другi бок носу, а ампулка загляне ў другую адтулiну. Апэрацыю тую паўтарае часта й некалькi разоў. На зьмену прыйдуць густыя пахучыя кроплi з малой пляшачкi, ужываньне якiх вымагае ня менш складанай апэрацыi. Юры дасягнуў верху мастацтва пры ўжываньнi тых кропляў i ампулкi, а ўжо лiшнiм будзе прыгадваць, што ўкладаў у гэта ўсю сваю душу. У моманты, калi Юры прысьвячаў увагу свайму правiльна-роўнаму панскаму носу, здавалася, што нiчога больш, акрамя яго, на сьвеце не iснавала. Пры тым "прынц" лёгка вурчэў, наракаючы на капрызную ангельскую пагоду.
Падсушваючы пры печцы хлеб, Юры часта заводзiў зусiм нядрэнным тэнарам iндыйскi раманс:
When I'm calling you-u-u,
Will you answer to-o-o...*
* Калi я паклiчу цябе, Ты адгукнешся мне... (англ.)
V
Толькi адзiн Шчуроўскi любiў пажартаваць над "прынцам". Шчуроўскаму й прозьвiшча надзвычайна пасавала да ягонага вонкавага выгляду. Шылаваты нос i падбародак, што нагадваў пацукову мордачку, ды цьвёрдзенькая, заўсёды настаўбураная грыўка, што нейкiм чынам нагадвала пацуковы вушы, вузка разьмешчаныя побач шылаватага носу вочы – усё гэта, здавалася, мела сувязь з прозьвiшчам языкатага хлапца.
– Ну, "прынчэ", як там сягоньня маецца твой панскi хрыбет? – прыйшоўшы аднойчы зь дзённых заняткаў, зьвярнуўся да Радзiвiла Шчуроўскi. – Вы ведаеце, хлопцы, сягоньня "прынц" алiву ў "Кромвелi" зьмяняў. Але-ж i стагнаў, але-ж i крактаў. Праходжу я гэта каля танка, гляджу – нечыя доўгiя ногi, быццам тыя качэргi, з-пад гусенiцаў тырчаць. Стаю ды думаю – у каго-ж гэта ў нас на курсе такiя кавёлы даўжэзныя. Гадаю гэта я ды ажно чую, што нехта крэкча пад нiзом, як тая баба пры родах. Гэй! – крычу. – Што гэта там вам, пане калега, сталася? Памагчы, можа? Ажно сунецца з-пад "Кромвеля" нейчы доўгi кодаўб, i тады я пазнаў, што гэта наш "прынчэ". Замурзаны-ж, каб вы бачылi! I стукнула-ж таму iнструктару пану Юрыю такую брудную работачку даць! Ах, ах! Як-жа, "прынчэ", чуешся?
"Бруднай работай", аб якой гаварыў Шчуроўскi, была зьмена алiвы ў танкавым маторы. Каб выцадзiць старую алiву, трэба было зьнiзу мiж гусенiцаў залезьцi пад матор, зьняць цяжкую стальную плiтку, пасьля адкруцiць шпунт ад алiўнага збарнiка. Найцяжэйшым было гэтае адкручваньне й закручваньне, бо мiж танкавым нiзам i зямлёй было вельмi няшмат прасторы. Трэба было лезьцi пад танк на плячах, а пры працы цяжка было разагнуць рукi. Работу тую, i не адзiн раз, мусiў выканаць кожны вучань пад час вывучэньня кансэрвацыi танкавых маторных мэханiзмаў.
– Крыху балiць мне спiна, – гаварыў, лежачы на пасьцелi й не зьвяртаючы ўвагi на зласьлiвы сьмех Шчуроўскага, "прынц". Той-сёй, прыслухоўваючыся, хiхiкаў, але хiба не так з самога "прынца", як са Шчуроўскага, а найбольш з мэтаду ягонага насьмiханьня. Тое, што "прынцу" давялося ў "Кромвелi" алiву зьмянiць, ня было сьмешным. Раней цi пазьней кожны з вучняў адбываў тую павiннасьць.
Сымон Спарыш шмат скарыстаў з Радзiвiлавай дапамогi пры вывучэньнi ангельскае мовы. Мяркаваў, што ў будучынi гэтая мова прынясе больш карысьцi, чым вайсковыя веды. Як-нiяк вайна была скончаная, i хто мог з пэўнасьцю сказаць, калi будзе прыдатны да ўжытку здабываны цяпер запас ваенных ведаў. Затое-ж, пэўна, шмат дзе прыйдзецца карыстацца ангельскай мовай. Хлапец вельмi лёгка засвойваў новы матэрыял з дзённых заняткаў i амаль зусiм ня трацiў часу на тое "зубрэньне", як шмат iншых пасьля пятае гадзiны вечара, значыцца, пасьля сканчэньня жаўнерскага працоўнага дня. Вельмi сур'ёзна ўзяўся Сымон за навуку новае мовы. Юры Радзiвiл дасканала ведаў пяць асноўных эўрапэйскiх моваў: нямецкую, францускую, гiшпанскую, iтальянскую й ангельскую, не гаворачы ўжо аб польскай, якой штодня карыстаўся, цi расейскай, якую, як казаў, навучыўся сам i ўжо не на школьнай лаўцы. Радзiвiл нiколi не адмаўляўся дапамагчы анi Сымону, анi iншым, што хацелi скарыстаць зь ягоных ведаў, навет тады, калi, здавалася. быў вельмi заняты сваймi справамi.
Ведаючы Сымона як адзiнага беларуса на восьмым курсе й наогул у школе, "прынц" рэдка мiнаў нагоду, каб тое-сёе даведацца пра Беларусь. З пытаньняў ягоных вiдаць было, што аб Беларусi меў ён вельмi сьцiплыя веды, хоць мо шмат багацейшыя, чым iншыя палякi ў сiлу тых абставiнаў, што род ягоны калiсьцi быў беларускiм i маёмасьць у бальшынi знаходзiлася ў Беларусi. Сымон ахвотна i падрабязна тлумачыў усё, што цiкавiла "прынца" аб ягонай Бацькаўшчыне, асаблiва-ж ейнай гiсторыi. Аднойчы пры такой гутарцы Радзiвiл зусiм нечакана сказаў: