355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » Змагарныя дарогi » Текст книги (страница 5)
Змагарныя дарогi
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 12:41

Текст книги "Змагарныя дарогi"


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 38 страниц)

Пасьля гадзiны зь нечым бамбардзiроўкi яе тэмп запаволiўся, а неўзабаве неба зусiм супакоiлася. Толькi вiленская таварная станцыя крывавiлася шырокiм чырвона-жоўтым полымем, енчыла сотнямi галасоў параненых i памiраючых. Вялiкае шчасьце, што на станцыi ня было эшалёнаў з узрыўнымi матэрыяламi. Аж жах падумаць, якое магло-б быць жнiво сьмерцi. Так i тут зноў апраўдалiся словы пiсьменьнiка: "у кажным няшчасьцi шчасьце захована".

Усё, што жывое й цэлае, кiнулася памагаць ратаваць параненых, тушыць пажары. Нашы рэкруты ратавалi сваю зброю й хатулi. З вагонаў, што былi прызначаныя для Школы Камандзераў БКА, два былi па-за межамi ўсякага ратунку. Гарэлi зьверху i з усiх бакоў, i да iх нельга было падыйсьцi. Шмат хто аплакваў забiтых сяброў. Паветра насычалася няпрыемным смуродам сьвежаабгарэлых целаў. Людзi, як ценi, снавалi па гарачай станцыi. Лянiва цягнулiся адна за адной гадзiны, й быццам не хацела нiколi скончыцца жудасная ноч.

IX

З нашай чацьвёркi найбольш пацярпеў Камовiч. Выцягнулi яго з-пад вагону ледзьве прытомнага. Увесь левы бок галавы, шыя й плячо былi апаленыя. Бядак стагнаў i енчыў.

– Гэй вы, абiбокi! – клiкаў Кастусь сваiх сяброў. – Ану памажыце мне яго выцягнуць.

Камовiч быў перанесены воддаль ад вагню ў групу iншых параненых i аддадзены пад апеку санiтару. Хтосьцi даў яму глыток вады, хлапец адкрыў вочы й пачаў стагнаць.

Было ўжо над ранкам.

– Хадзем, давайце паглядзiм, там нешта цiкавае адбываецца наперадзе, запрапанаваў Вiктар. Крокаў трыста ў заходнi бок станцыi чуваць былi час ад часу нейкiя выбухi. Хлопцы туды й накiравалiся.

Пры вагоне, што там-сям капцiў сiнявым дымам, аблiзваны маленькiмi чырвонымi язычкамi, сабралася купка жаўнераў. Былi тут пераважна немцы ды колькi чорных унiформаў са Школы БКА. Вагон быў паўнюсенькi, наладаваны скрынямi зь нямецкiм каньяком. Алькаголь, добра прыгрэты, часьценька выбухаў i сiнiм полымем разлiваўся ды сьцякаў на белы жвiр пад вагонам. Але ратунак быў на месцы. Жаўнеры голымi рукамi хапалi нагрэтыя пляшкi з вагону, то цiснулiся збоку каля абгарэлай сьцяны, то адскоквалi далёй. Некаторыя, адкаркаваўшы пляшкi, вялiкiмi глыткамi каўталi рудую жыжку. Iншыя напаўнялi пляшкамi кiшэнi. Нейкi "фрыц", сеўшы на рэйку суседняе чыгункi, трымаў пляшкi ў абедзьвюх руках i, моцна кiваючы галавою, то сакавiта лаяўся, то нешта да некага прамаўляў, то па чарзе з кожнае пляшкi напаўняў горла. Побач ляжала цэлая куча паўнюсенькiх пляшак з алькаголем.

Было шмат п'яных. Некаторыя рэкруты са Школы Камандзераў БКА зь вялiкай заядласьцю ўзялiся за ратаваньне цэннае вадкасьцi. Кастусь, Сымон i Вiктар у адпаведны момант выхапiлi з паўтузiна пляшак. Натоўп каля вагона гусьцеў. Лаянка й таўханiна, гоман п'яных узрасталi.

– Was machst du hier, Mensch? – гаркнуў Сымону над самым вухам Турн. Weg, weg, schnell!* – Сымон аж падскочыў зь перапалоху. Турн i Будке зараўлi на поўныя глоткi на сваiх чорных шкаляроў. Калi тыя хаця-нехаця мусiлi адысьцiся ад сьпiртнога вагона, самi два нямецкiя iнструктары, усё яшчэ з бурчэньнем пад носам, пацiснулi iншых, каб абладаваць сябе рэдкай здабычай. Аднекуль зьявiлася й пачала наводзiць парадак вайсковая жандармерыя.

* Што ты тут робiш? Прэч, прэч, хутчэй! (ням.)

Х

Сымон, Вiктар i Кастусь, усьмiхаючыся, накiравалiся ў бок свайго эшалёну цi рэштак яго. Па дарозе натрапiўся зьвязовы Масюк. Гэта быў у трыццатых гадах мужчына, паходзiў дзесьцi з Наваградчыны. Ён быў добра выпiўшы. Моцна хiстаючыся на нагах, баранаваў iмi мiж двума чыгуначнымi эшалёнамi. Запэцканы ў сажы, з насунутай на самую патылiцу шапкай, у правай руцэ трымаў пляшку, у якой вiдаць было яшчэ чацьвяртушку каньяку, левай-жа размахваў да каго нi папала з сустрэчных.

– Гляньце, хлопцы, мой найлепшы сябра... ж-жыў... ж-жыў-цом згарэў...

– Хто гэта?

– Д-дык ты ня з-зннаеш? Майго найлепшага сябру ня з-знаеш? – Пахiснуўшыся, ён моцна штурхануў у грудзi Кастуся. Ад яго несла на колькi мэтраў, як з броварнай бочкi. -П-петт-раша ня знаеш, лейт-нанта? -цягнуў зьдзервянелым языком.

– Каго? Петраша? Хто-ж яго ня знае? Згарэў, кажаце? – Лейтанант Петраш быў школьным медычным афiцэрам. Гэта быў вельмi сяброўскi, ветлiвы, бадзёры й заўсёды вясёлы чалавек. Усе хлопцы ў школе яго паважалi й любiлi.

– Так, браточкi мае, згарэў... – кiнуўся ў сьлёзы зьвязовы. Вельмi няпрыемна было бачыць дарослага мужчыну-жаўнера са сьлязамi ў вачох. Алькаголь зрабiў сваё.

– Х-ха... Х-ха-дзi, хадзiце, пакажу... вунь там ляжыць ш-шкiлет...

Масюк цягнуў хлапцоў да зусiм абгарэлага шкiлета, якога анiяк нельга было распазнаць. Нечая дбайлiвая рука ўжо парупiлася напiсаць на аркушы кардону, што ляжаў побач: "Доктар лейтанант Петраш са Школы Камандзераў БКА". Шкiлет ляжаў за нейкiх дзесяць крокаў ад тых двух зусiм спаленых вагонаў. Цi лейтанант Петраш, замянiўшыся ў жывую сьвечку, сам быў адпоўз, цi яго хто адцягнуў, цяжка было даведацца. Масюк кiнуўся, прыгаворваючы й плачучы, абдымаць гэтыя косьцi, але яго адцягнулi.

Капiтан Ласкутовiч ня ведаў, якой зорцы дзякаваць за сваё цудам выратаванае жыцьцё. Гэта цi не якi "вораг народа", працуючы дзесь на бальшавiцкай хвабрыцы, наўмысьля ўлажыў у бомбу пусты дэтанатар. Велiчынёю з добрую дзежку, яна трапiла проста ў наладаваны дровамi вагон, пад якiм ляжаў капiтан, i, не дэтанаваўшы, толькi часова яго аглушыла.

Дорага каштавала бамбардзiроўка Школе Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны. Было шэсьць забiтых i пятнаццаць параненых – некаторыя цяжка. Найбольш пацярпела група юнакоў зь Нясвiжа. Забiта было i двое коней.

Ужо позна, аж пад самы вечар, школа гатовая была да далейшай дарогi. Галоўныя палотнiшчы чыгунак былi напраўленыя, i адзiн цягнiк за другiм пачалi пакiдаць станцыю, а на iх месца прыходзiлi новыя з усходу. Школа пакiнула ззаду колькi чалавек – хаваць забiтых. Усiх параненых забралi з сабою, бо Вiльня таксама знаходзiлася ў працэсе эвакуацыi.

Вечарам чацьвёртага лiпеня цягнiк затрымаўся ў Ляндварове. Каля дзевятай гадзiны чорныя рэкруты iзноў сачылi за бамбардзiроўкай Вiльнi. Паводля гуку й пажараў вiдаць было, што бальшавiкi паўтарылi ўчарашняе пекла. Дый хто ведаў, цi абмежавалiся яны зноў адно таварнай станцыяй.

Гэтак маладыя патрыёты, вучнi школы камандзераў БКА, на парозе чужога й няведамага сьвету бездапаможна хвалявалiся ў той вечар, бачачы, як крышылася й папялiлася ў полымi пажараў дарагая для iх сэрцаў гiстарычная сталiца Беларусi. Гэны вобраз яны ўтрывалiлi ў памяцi н панесьлi на чужыну. Быў гэта малюнак пакуты й цярпеньняў усяго роднага, душанага й бэшчанага чужынцам...

КОЎНА – ВIРБАЛЕН – КЭНIГСБЭРГ

I

Цягнiк iмчыцца ў заходнiм кiрунку. Ён не затрымлiваецца на малых станцыях, бо сьпяшаецца, не мае часу. Шпарка рэжа дрымотныя летувiскiя лясы, густым дымам засьцiлае ярка-зялёныя палi й квiтнеючыя сенажацi, грукатам напаўняе пушчы й дубровы. Цягнiку няма часу. Там, на ўсходзе, дзясяткi, а мо й сотнi такiх-жа цягнiкоў чакаюць на вольную дарогу. Там-жа стогнуць дарогi й палi пад цяжарам мiльёнаў ног i гусенiцаў маскоўскае навалы. Яе мэта – чым найхутчэй дайсьцi да Бэрлiну й зьнiшчыць бярлог тэўтонскага тырана – будаўнiка "Новае Эўропы". Калi гэта будзе дасягнута, найбольшаму крывапiўцу й душыцелю ўсiх часоў чалавечае гiсторыi – Джугашвiлi-Сосо-Сталiну лягчэй будзе дабрацца да горла цывiлiзаванай хрысьцiянскай Эўропы й сьвету.

Таму цягнiк не мае часу. Ён сьпяшаецца. Пасьля поўдня пятага лiпеня хутка перапаўзае шырокi павольны зялёны Нёман i затрымоўваецца ў Коўне. Тут чакае колькi гадзiн, мусiць, каб перапусьцiць наперад яшчэ пiльнейшыя, яшчэ хутчэйшыя цягнiкi, а вечарам зь яшчэ большай заўзятасьцю, пакiнуўшы сталiцу Летувы, пажырае адлегласьць, сьпяшаючы ў кiрунку Кэнiгсбергу. Так Горадня й тое "шкаленьне ў Го-раднi" застаецца збоку. Чорныя юнакi-кадэты пакiдаюць Бацькаўшчыну на доўгi час. Адзiн Бог ведае, на як доўга...

Пакуль цягнiк сьпяшаецца, выпадае нам блiжэй пазнаёмiцца з асноўнымi асобамi аповесьцi, бо як-нiяк, а прыйдзецца падарожнiчаць зь iмi праз цэлую Эўропу. Ды й цi толькi падарожнiчаць.

II

Нашы тры гэроi былi аднагодкамi. У той час, аб якiм iдзе мова, кожнаму зь iх быў дзевятнаццаты год. Характарамi шмат розьнiлiся й быццам адзiн другога дапаўнялi. Найбольш рухавым i бадзёрым з тройкi быў Кастусь Дзежка. Ён-жа быў i найбольш зухаватым i рызыкоўным, хоць, здавалася, менш разважным, чым ягоныя сябры. Заўсёды здольны на гумар, глядзеў на жыцьцё лёгка. Амбiцыянер зь яго быў першае клясы. Здавалася, што рэдка трацiў галаву. Хоць ваенныя падзеi кiнулi яго не на выбраную iм дарогу, усё-ж i тут ён чуўся як дома, добра прытарнаваўся да новага асяродзьдзя. Здольнасьцяў у яго не бракавала. Ды ўжо калi йдзе гаворка аб здольнасьцях, дык усе тры былi не калекамi.

Уся тройка была сынамi сялянаў, якраз тых перадавых i добрасумленных, гаспадарлiвых беларускiх сялянаў, сыны й дочкi якiх за часамi гiтлераўскае акупацыi запоўнiлi беларускiя сярэднiя школы й арганiзацыi моладзi, каб узбагацiць вынiшчаныя польскiмi й бальшавiцкiмi акупантамi шэрагi сярэдняй беларускай iнтэлiгенцыi, а пасьля вырываць, адбiраць дзе што ўдасца ад акупанта, будаваць нацыянальны адмiнiстрацыйны, а пасьля й вайсковы апарат Бацькаўшчыны.

Пазнаёмiлiся мiжсобку на шасьцiмесячных настаўнiцкiх курсах у Глыбокiм. Кастусь, скончыўшы пасьпяхова курс, маючы тут-жа пад бокам у Глыбокiм бацьку, што працаваў урадоўцам у бюро акруговае ўправы Беларускае Самапомачы, паехаў у Вiльню й здаў iспыты ў Вiленскую Беларускую Гiмназiю. Ён ужо цэлы год вучыўся ў Вiльнi, а сябры яшчэ працавалi настаўнiкамi ў пачатковых школах. На наступны год прыехаў вучыцца й Сымон, што ў сваю чаргу намовiў i Вiктара. Такiм чынам усе апынулiся ў Веньцi, зь якiм чытач ужо быў знаёмлены.

Бацька Кастуся ня быў багатым. Меў усяго каля дваццацi гактараў зямлi. Другi сын быў малодшы за Кастуся. Стары Дзежка быў старанным гаспадаром, i сям'я жыла ў дастатку, навет i ў часе вайны. Шматлiкiя знаёмыя Кастусёвага бацькi, будучы ў Глыбокiм, заходзiлi ў бюро БСП зусiм без патрэбы, абы толькi пагутарыць са старым Дзежкам. Гэтае прозьвiшча нiяк не падыходзiла нi да бацькi, нi да сына: абое былi тонкiмi й высокiмi, дый зусiм ня круглымi, як звычайна бываюць дзежкi.

Стары ўмеў цiкава павесьцi гутарку зь кiм-бы там нi было й быў з тых тыповых беларускiх сялянаў, што мелi прыроджаную й практыкай разьвiтую iнтэлiгентнасьць, якая так часта прыходзiла iм на дапамогу там, дзе бракавала асьветы. Гэтак, калi Кастусь прыходзiў да бацькi й абое жартавалi, размаўляючы мiжсобку, то магло здацца, што гэта гаворыць не бацька з сынам, а два сябры цi, яшчэ лепш, два дзяцюкi, што вось-вось зьбяруцца й зараз пойдуць разам да дзяўчат. Калi-ж зойдзе патрэба й будзе якая паважная справа, то й там дадуць сабе рады. Гэта сяброўскае дачыненьне бацькi да сына высока падняло ў вачах Кастуся аўтарытэт старога, за што яго любiў i паважаў.

Мацi Кастусёва сядзела ўдома на гаспадарцы з малодшым сынам. Яна й шкадавала, што сям'я пачала распаўзацца па сьвеце, ды, як i кажная клапатлiвая, дзяцей i сям'ю любячая беларуская матка, не раз ахкала ды ойкала, думаючы то аб мужу, то аб Кастусю, ды малiлася за ўсiх Богу, каб сьцярог iх у небясьпечны ваенны час.

Вiктар Караткевiч вельмi розьнiўся ад Кастуся перадусiм у падыходзе да жыцьця. Калi ў першага было заўсёды поўна плянаў на далёкую будучыню, не гаворачы ўжо аб заўтрашнiм днi, дык Вiктар, здавалася, жыў цяпершчынай, сягоньняшнiм днём, а то й гадзiнай i зусiм ня журыўся аб тым, што будзе заўтра цi за год. I плянаў нiякiх не будаваў. У яго ўсё пакрывалася словамi "неяк будзе".

– Навошта, – пытаўся ён сяброў, калi даходзiла да гутаркi, – думаць мне аб тым, што будзе заўтра цi пасьля? Няхай сушаць сабе галовы iншыя, а я вось пражыў дзень, i добра. Будзе заўтра, буду тады й думаць. Яшчэ нiколi так ня было, каб нiяк ня было. Неяк будзе.

Гэткая непарушная Вiктарава фiлязофiя ў асноўным падыходзе да жыцьця перш за ўсё адбiвалася на ягоным выглядзе. Заўсёды быў спакойны, павольны й зусiм у меру разважны. Здавалася, й думаў зусiм ня больш, чым было патрэбна, але якраз у меру, быццам ашчаджаў сваё iнтэлектуальнае знарадзьдзе. Праўда, й бяды ён у жыцьцi ня ведаў нiякай. Быў заўсёды добра дагледжаны, апрануты й накормлены, ды шчэ й капейка ў кiшэнi на дробныя расходы ня зводзiлася. Вiктарава мацi глядзела сынка як сваё вока. Вучыўся, бывала, у Глыбокiм, глядзiш – прыйдзе чацьвер, кiрмашны дзень – мацi ўжо й тут. Так i прывалачэ мяшок усякай емiны. Дый аб найменшых драбнiцах здароўя распытае й на будучыню парадзiць ды асьцеражэ, быццам той сын так ужо той будучыняй цiкавiўся.

Няхай чытачу не здаецца, што Вiктар быў расьпешчаны сынок. О не, зусiм ня тое. Калi быў ён расьпешчаны, дык толькi ледзь-ледзь, зусiм крышачку: нiколi не вымагаў больш, чым патрабаваў, ды навет часамi мог выцярпець i не адзiн недахоп. Такiм ужо быў Вiктар.

Дома пакiнуў ён, акрамя бацькоў, малодшага брата. Бацька, здавалася, зусiм мала цiкавiўся сынам не таму, што матка цiкавiлася iм цi не замнога, а мо таму, што чакаў, аж пакуль сын вырасьце, i ўжо тады будзе гаварыць зь iм як мужчына з мужчынам. Нiколi ня супярэчыў, анi не загараджваў сыну дарогi да навукi. Для яго гэтае пытаньне не iснавала. Што-ж, аб чым-жа тут i раздумоўваць? Грошы ёсьць, хлеб i скаромiна ёсьць, вопраткi – хоць завалiся, помач сынава на гаспадарцы не патрэбна, бо й сам яшчэ малады, дык чаму-ж ня вучыцца. Няхай лепшым чалавекам будзе.

III

Толькi адзiн раз, здаецца, Вiктар выявiўся ў вачох мамы дрэнным сынком. Ды мо тут крышку й непаразуменьне ў нас. Мо словы "дрэнны сынок" i ня зусiм адпавядаюць для яго характарыстыкi пасьля таго, што зрабiў. У кожным выпадку добрая Вiктарава мама ўважала, мусiць, што сыну было яшчэ не сямнаццаць гадоў, а мо, паводле яе, трынаццаць. Ды i хто-ж з нас ня ведае мамаў, якiя ўжо выгадаваўшы сваiх дзяцей на кавалераў, усё ставяцца да iх як да дзяцей цi, прынамсi, стараюцца бачыць у iх маленькiх хлопчыкаў, якiх час-ад-часу, здаецца, пагладзiлi-б i прытулiлi, а калi якая малая бяда навернецца, то й пашкадавалi-б зусiм ня так, як шкадуюць дарослых кавалераў. Зусiм пэўна тады, што гэткая добрая мацi адзiн дзень будзе нямiла рашчараваная й моцна зьдзiўленая. Гэтак было i зь Вiктаравай мамай.

Вiктар належаў да тых хлапцоў, цi мо ўжо й кавалераў, што рана пачынаюць падабацца дзяўчатам. Мо й ня ўсiм дзяўчатам, а толькi некаторым. Ды й паўбяды было-б з усяго таго, калi-б усё толькi й абмяжоўвалася падабаньнем. Але ж не. Глядзiш – як адной цi другой харашунi закруцiцца галава, а там ужо й пайшло. Там ужо неяк i лiст проста па-вучнёўску, яшчэ саромячыся, напiша. Неяк той лiст незаўважна цi то ў сшытак, цi то ў кiшэню ткне, а ўсё-ж ён да Вiктара дарогу знойдзе. Хлапец, удаючы моцна зьдзiўленага й не бяз сораму (ды навет i зачырванеўшыся), прачытае. Дый цi толькi прачытае. Глядзiш, адкуль тут у зусiм, здавалася, нясьмелага Вiктара той сьмеласьцi прыгаршчы набярэцца, ды й адказ напiша.

А там ужо на школьным калiдоры Вiктар чамусьцi палюбiць падаконьнiк на самым тым вялiкiм вакне, прылiпшы да якога ў часе перапынку, можна надта-ж добра да ўсiх дзяўчатак прыгледзецца, дый не так да ўсiх, як асаблiва да тэй аднэй – аўтарцы лiста. I каб-жа толькi прыгледзецца, а то й вокам падмiргнуць, хоць пасьля мо яшчэ й зачырванеўшыся, засаромеўшыся, на момант адвярнуцца. А там глядзiш, неяк iдучы са школы, й сьцежкi iх разам зьбягуцца. Ды ўжо навет пасьля так бывае здарыцца зь Вiктарам, што й адна цi другая лекцыя нявывучанай чамусьцi бывае, у клясе заiкацца, настаўнiку адказваючы, давядзецца. А там, пэўна-ж, была ўжо прычына...

Цяжка было-б устанавiць, цi Вiктар пачаў быў свае аморы якраз тым шляхам, аб праўдападобнасьцi якога мы тут мяркавалi, адылi адно пэўнае, што зацiкаўленую дзяўчыну ня толькi не адштурхнуў ад сябе, а наадварот: калi паехаў сам вучыць у пачатковую школу, то неяк так неўзабаве выпала, што абое апынулiся ў адной школе. Дый тут яшчэ было-б паўбяды. Але трэба ж было здарыцца, каб папаўся ў такую цесную вёску, што давялося з той самай дзяўчынай-настаўнiцай адну супольную кватэру наймаць. Як там да гэнага дайшло – няважна, галоўнае, што Вiктар зусiм зраньня пазнаў найглыбейшыя тайнiцы каханьня.

Няведама, хто быў данёс аб тым усiм добрай Вiктаравай маме. Мо яна й сама неяк пранюхала, дапыталася цi дагледзела. Аднаго прыгожага дня добрае матчына сэрца ня вытрымала, й жанчына зьявiлася да сынка на памешканьне. Доўга ня думаючы, пусьцiла ў рух добрую бярозавую палку. Дасталося-ж не толькi Вiктару, але й ягонай каханай. Пасьля гэнага неяк у вёсцы знайшлося й другое памешканьне. Але якая-б вёска вялiкая ня была, каханьне ня ведае нi адлегласьцi, нi часу.

Дык i выезд у Вiльню быў для добрай Вiктаравай мамы на пацеху. Бачыла ў тым, пэўна, ня менш чым збаўленьне сына. Што мог ён рабiць у Вiльнi – гэта ўжо зусiм iншая справа, але-ж там матчыны вочы нiчога ня бачылi й вушы ня чулi. А ад Вiктаравай каханкi той надта-ж моцна дасталося Сымону. Яна так i думала, што Сымон намовiў сябру вучыцца ў Вiленскай Беларускай Гiмназii адно таму, каб разлучыць зь ёй.

IV

Быў Вiктар i хвалько першаклясны. Сымон, што сябраваў зь iм ад пятае клясы сямiгодкi, сам ня мог-бы дакладна сказаць, калi першы раз заўважыў гэту рыску ў Вiктаравым характары. Мо яна паходзiла ад поўнага дастатку й дабрабыту ў сям'i. Ён езьдзiў у школу самакатам, а Сымону цяжка было здабыцца ня толькi на вопратку, але навет на новы школьны сшытак цi алавiк. Вiктар заўсёды быў добра апрануты й абуты, а Сымону пад час бальшавiцкай акупацыi прыходзiлася, ня гледзячы на кпiны ня толькi Вiктара, але й iншых школьнiкаў, наведваць заняткi ў лапцёх. Ня тое каб Сымон быў надта сарамлiвы й моцна зважаў на насьмешкi iншых вучняў. Бяда-ж ня ведае сораму. Адно што неяк часамi цяжкавата й крыўдна было цярпець тыя насьмешкi й самахвальства з боку найблiжэйшага сябры.

Асаблiва-ж тое самахвальства выявiлася ў Вiктара пазьней – на настаўнiцкiх курсах i ў Вiльнi. I прычынаю было, здаецца, ня што iншае, як посьпехi ў першым каханьнi. Як расхвалiць, бывала, сам сябе Вiктар, як зачне апавядаць, якi зь яго Казанова, дык часамi аж слухаць брыдка. I найбольш характэрным было якраз тое, што Вiктару не належылася анiякiх заслугаў у першым каханьнi. Бо сама-ж дзяўчына навязалася, прычапiлася, быццам смала тая. Вiктар быў тут толькi змушаным, сказаць-бы iнэртным, удзельнiкам, што бязь нiякага супрацiву паддаўся быў дзявочым хiтрыкам. Адно ролi былi замененыя. Ня Вiктар заляцаўся да дзяўчыны, а тая да яго. I сам пасьля мо не раз шкадаваў, што такi меў пачатак на дарозе амораў, бо, трэба прызнаць, пазьней быў зусiм няздольны, каб самому, з сваёй собскай iнiцыятывы, пачаць заляцаньнi да якой-небудзь дзяўчыны Мо калi й былi ў Вiктара якiя-небудзь, хоць маленькiя, здольнасьцi ў гэтым кiрунку. Ня быў-жа зусiм калекам. Мо й разьвiў бы iх, каб ня тая замена роляў у першым каханьнi. Як там нi было, а стаўся зусiм няздольным да заляцаньня да дзяўчат. Ня ведаў самых элемэнтарных правiлаў падыходу да прыгожага роду, ня кемiў, аб чым гаварыць зь дзяўчатамi, а калi, бывала, каторая падабалася, то ў яе прысутнасьцi зусiм трацiў галаву.

Iншая рыса Вiктаравага характару, што кiдалася ў вочы, гэта была ягоная поўная згода з жыцьцёвымi абставiнамi, цi, лепш сказаць, з курсам собскага жыцьця. Часам здавалася, што ня ён кiраваў сваiм жыцьцём, а яно iм. Гэта ня значыць, што быў ён незарадны ды недалужны. О не. Далёка не. У сваiх межах, у пэўных рамках заўсёды патрапiў добра выкарыстаць магчымасьцi, прыстасавацца да абставiнаў. Але ўжо зусiм немагчыма ўявiць, каб Вiктар пачаў накiдаць лёсу собскую волю або, тым больш, абвяшчаць яму вайну. Да гэтага ня быў здольны. Анi не стараўся глыбей аналiзаваць жыцьцё й падзеi або браць iх у свае рукi. Калi дзе траплялiся на шляху перашкоды, дык стараўся iх абмiнуць, а калi-ж не ўдавалася – выбiраў найлягчэйшую дарогу.

Калi-б, прыкладам, здарылася, што Вiктар цяпер не едзе ў Кэнiгсбэрг i не ўцякае ад бальшавiкоў, а трапiў зусiм у iншыя варункi ды абудзiўся ранiцою ў бальшавiцкiм цялятнiку-цяплушцы, што вёз яго ў Сiбiр, то й тады, здавалася-б, многа не пачаў-бы думаць, але якраз толькi ў меру i зараз-жа пагадзiўся-б са сваёй новай пераменай лёсу ды стараўся-б выкарыстаць – дзе што далося-б – для свае выгады. Яму, пэўна, нiколi-б ня прыйшло ў галаву, каб неяк вырвацца цi ўцячы з гэнай, абчапанай бальшавiцкiмi канвоямi цяплушкi, а ўжо, баранi Божа, нагаварыць да таго iншых цi навет павесьцi iх, выскачыць першым. Iншая рэч, што каб нехта плянаваў тыя ўцёкi ды ўсе згадзiлiся-б уцякаць дружным гуртам, то там, пэўна-ж, i Вiктар не застаўся-б ззаду, больш таго – i з вагону выскачыў-бы ўцякаць далёка не апошнi.

Гэткi ўжо быў наш Вiктар. I ў сумесным жыцьцi са сваймi двума сябрамi ён быў, здавалася, залатой сярэдзiнай мiж гарачым, парывiстым, бойкiм i агрэсiўным Кастусём i флегматычным, павольным, заўсёды задуманым, разважным i цьвёрдым Сымонам.

V

Цэлае Сымонава дзяцiнства было перапоўнена горам i нядоляй. Зь семярых дзяцей, што былi ў бацькi, Сымон быў пятым з чаргi паводле веку. Меў трое сясьцёр i столькi-ж братоў. Бацька меў нейкiх дзесяць гактараў ворнай зямлi й каля дванаццацi гактараў балота – у тым лiку каля чатырох гактараў балотных сенажацяў. Калi-б не тыя вечныя хваробы ў хаце, аб якiх нам раней давялося ўспамiнаць, можна было-б сямейку добра прагадаваць i, як кажуць, песенькi сьпяваць. Але Бог хацеў iнакш...

Зь дзяцiнства малому Сымону помнiлiся толькi дактары, шпiталi, нараканьнi, праклёны, малiтвы – усё гэта перамешанае, здавалася-б, без пачатку й канца. Старэйшы брат, сястра й мацi ўжо былi адышлi на той сьвет. Асаблiва помнiлася Сымону мацi. Якая гэта залатая, якая працавiтая й гаротная была жанчына. Як цяжка змагалася яна зь вечнымi хваробамi, недахопамi, жыцьцёвымi катастрофамi, як старалася вывесьцi ўсiх дзетак у людзi. Сымон нiколi ў жыцьцi ня здольны быў безь вялiкага хваляваньня ўспамiнаць пра матку. Дый цi толькi з хваляваньнем, але й з сьцiснутымi зубамi. Бо хто-ж iншы, калi не вясковыя знахары, бабы-шаптухi злячылi, са сьвету зьвялi саракадвухгадовую гаротную матку. Толькi тады, калi выразна вiдаць было, што трэба шукаць нейкага наглага ратунку, павёз яе бацька зноў да гарадзкога лекара, якi парадзiў адаслаць жанчыну аж у Вiльню, у шпiталь. Нядоўга давялося ёй там ляжаць. Пасьля двух тыдняў адышла на той сьвет. Далёка ад дому, без блiзкага чалавека каля смяротнае пасьцелi, яна i ў апошнюю хвiлiну жыцьця ня мела нармальнае для памiраючага ўцехi, што прыносiць прысутнасьць блiзкiх. Езьдзiлi на паховiны бацька са старэйшай сястрой перад самым прыходам бальшавiкоў.

Ажно тры гады пазьней, калi Сымон вучыўся ў Вiльнi, адшукаў магiлку маткi на Росах. Пагода амаль злiзала надпiс з пахiленага драўлянага крыжа, i Сымон не без цяжкасьцяў пераканаўся, што гэты, а ня iншы грудок быў магiлкай ягонай маткi. Пацяшаў сябе думкай, што некалi, мо i ў недалёкай будучынi, паставiць на месцы збуцвелага драўлянага крыжа нейкi трывалы, мо каменны. Нiчога з таго не выйшла. Ня ведаў, што хутка й самому прыйдзецца пакiнуць Бацькаўшчыну, хоць i не на той сьвет iдучы, як матка...

На давяршэньне ўсiх бедаў зь сямейнымi хваробамi, са знахарамi ды шаптунамi, што больш шкоды, чым карысьцi прыносiлi малаасьвечанаму народу, была ў сям'i Сымонавага бацькi Спарыша яшчэ й вялiкая гiсторыя з замужжам найстарэйшай дачкi Веры. Замужжа гэтае характэрнае для беларусаў, i было яно паўтаранае па ўсёй Беларусi ў тысячах розных варыянтаў. Вера выйшла замуж не за чалавека, а за зямлю. З агiдай успамiнаў пра свайго швагру Сымон.

– Яно-ж сабе Лявон чалавек кепскi, да працы няздатны, п'янiца й гультай, казаў, бывала, Сымонаў бацька пра будучага зяця, – але-ж зямлi мае дваццаць пяць гактараў. Там ужо яно неяк уложыцьца, утрэцца. Будуць жыць, нiдзе ня дзенуцца.

Ажно i не "ўлажылася" i ня "ўцёрлася". I быў Лявон добры, пакуль жончын пасаг прапiў (а былi ў той час яшчэ ў старога Спарыша царскiя залатыя пяцiрублёўкi, й не адзiн дзесятак Веры ў пасаг даў). А як прапiў, тады й жонку пачаў выганяць.

– Iдзi, – крычыць абнаглелы п'янiца, падгавораны вясковымi абiбокамi, што да старога Спарыша розныя злосьцi мелi, – нясi ад бацькi яшчэ золата! А як не прынясеш, дык ня жывацей! Я зь цябе выкалачу, такую тваю!..

I хадзiла Вера ўся ў сiняках. З прыгожай, як кветка, васемнаццацiгадовай дзяўчыны за пару год адабраў Лявон усю маладосьць i сiлу. Колькi, бывала, даводзiлася малому Сымону нагледзецца й наслухацца, як пакрыўджаная, да паўсьмерцi зьбiтая старэйшая сястра гадзiнамi й днямi плакала, прыбегшы да бацькоў, i жалiлася, што яе, маладую, за бандытаву зямлю замуж аддалi.

Але нядоўга Лявону давялося жыцьцём цешыцца. Неяк хапiла яго раз цi два на жывот. Лекар загадаў ад усякае садавiны ўстрымацца. Дык дзе-ж там! Аднойчы, падпiўшы на кiрмашы, сьпеленькiмi грушамi да адвалу наладаваўся. Там-жа хутка й скончыўся. Сьляпая кiшка, мусiць, ня вытрымала, цi што. Так i на паховiнах плакала Вера па iм адно для вачэй людзкiх. Жыцьцё ейнае зруйнаваў ды ўдавой з трохгадовым сынам ды старэнькай сьвякроўкай пакiнуў. I зь зямлi тэй толк малы быў, бо хутка-ж прыйшлi крывадушныя "вызвольнiкi" са зьненавiджанымi калгасамi, дык зямлi хапiла ўсiм, ажно пачало адрыгацца.

Мы вельмi павярхоўна пазнаёмiлi чытача з тым, што адбывалася й як жылося ў сям'i Сымонавага бацькi. Мы пэўныя, што калi-б хацелi апiсваць самыя неабходныя й цiкавыя дэталi адносна шматлiкiх хваробаў, то мусiлi-б сьпiсаць вялiкую шпiтальную кнiжку, а калi-б яшчэ давялося заглыбляцца ў розныя асноўныя беды сям'i старога Спарыша, то вунь колькi трэба было-б паперы!

Хто сказаў, што для маляваньня жыцьця ў аповесьцi патрэбна фантазiя? Само жыцьцё бывае часта перапоўнена такiмi капрызамi й фокусамi лёсу, што й найбольшы фантазёр пры найлепшым выдумляньнi выявiўся-б мiзэрным майстрам. I таму якраз жыцьцё бывае такое непраўдападобнае, такое жахлiвае, бо праўдзiвае.

Часта Сымону даводзiлася думаць над тым, чаму якраз у iхняй хаце ня выводзiлiся хваробы й калецтвы. Губiўся хлапец. Дый хто мог адказаць на тое пытаньне? Ахкалi й надзiвавацца не маглi суседзi, а старэйшыя бабкi так i вырашылi, што сям'я Спарышова пад нейкiм урокам была. Урок нехта, дый годзе.

– Божа мой, Божа, – бедаваў часта Сымонаў бацька, – залом нейкi ў мяне ў сям'i. I чаму гэта ў мяне ня так, як у людзей? Цi-ж я больш за каго награшыў? Калi-ж гэтаму канец будзе?

I ня мог ужо, састарэўшы ад нядолi й цяжкой працы, бацька прадугледзець, што й самому яму, больш чым каму iншаму з сям'i, найбольш трагiчны й найбольш жахлiвы канец прыйдзе ўжо ў часе другой бальшавiцкай акупацыi ў канцэнтрацыйным лягеры... Ды што й рэшткi сям'i ягонай, тых калекаў i цэлых яшчэ, раней захаваных неяк лёсам, разьвее-раськiдае люты лёс па цэлым сьвеце...

VI

Усе гэтыя нядолi-няшчасьцi моцна адбiлiся на Сымонавым характары. Будучы яшчэ школьным вучнем, ён паставiў, што зямля не для яго, што трэба будзе шукаць iншых сьцежак-дарожак. Гэтым i тлумачыцца тое, што без дазволу бацькавага паехаў i паступiў у Вiленскую гiмназiю. Але ня толькi бацькава, матчына цi сямейнае гора й жыцьцё цiкавiла Сымона. Бачыў ён, што й навакол у суседзяў-сялян ня лепш. Дый без хваробаў, як у iх. Бачыў навакол бяду й галечу.

Пад час першай бальшавiцкай акупацыi хадзiў у школу й вельмi падатны быў на ўсялякую прапаганду, навет i на школьную, бальшавiцкую. Дома бачыў зусiм адваротны бок жыцьця. Бацька, выпрацаваны да зьнямогi, вечна праклiнаў "гэтую нячыстую сiлу", вечныя турботы аб тым, як выплацiць падаткi, аддаць "культналогi", "iзьлiшкi" й iншае, бясконцае й ня зусiм яшчэ малому хлапцу зразумелае, – усё гэта яўна запярэчвала казённай прапагандзе розных школьных i пазашкольных партыйных агiтатараў. Народ апынуўся ў яшчэ большай галечы, чымся быў раней за панамi. Самае асноўнае, чаго Сымон Спарыш ня мог зразумець i аб чым нельга было нiкога запытацца, гэта – чаму бальшавiкi так душылi людзей, чаму вывозiлi, чаму абкладалi такiмi непасiльнымi падаткамi, што прыходзiлася сем дзён цэлымi порамi працаваць на тыдзень; агульна гаворачы – чаму не давалi людзям жыць?

Балючымi былi бясконцыя нараканьнi бацькi. Звычайна пасьля колькiднёвай адсутнасьцi з дому па нейкай бальшавiцкай працоўнай норме, вывазцы лесу або каменьня, стары Спарыш, вярнуўшыся зьняможаным дахаты, хрысьцячыся, вымаўляў: "Госпадзi мiласэрны, дзе твая справядлiвасьць? Цi-ж доўга ты яшчэ дазволiш, каб нячыстая сiла так народ душыла? Божа-ж мой, Божа, няхай бы ўжо хоць нейкi чорт прыйшоў на зьмену, абы ня гэтая нечысьць паганая. Дзе-ж яна на нас узялася, каб яна скрозь зямлю правалiлася!"

Ажно прыйшла й зьмена, й той "чорт" на зьмену, што выявiўся анiчуць ня лепшым за тую "нечысьць".

Маладому Сымону спачатку здалося, што пойдзе на лепшае. Неба было праясьнiлася. Пачулася нешта роднае, дарагое, цела ад свайго цела, дагэтуль забароненае, апаганенае, стаптанае. У беларускiх школах хлапец выразна ўсьведамiўся. Да гэтага спрычынiлiся найбольш лекцыi гiсторыi й лiтаратуры на настаўнiцкiх курсах. Настаўнiк гiсторыi, сам добры беларускi патрыёт, сваiм навучаньнем будаваў у сьведамасьцi й сэрцы Сымона лепшага, паўнавартаснага чалавека, добрага й сумленнага беларуса, вялiкага патрыёта.

I ня дзiва, што цешылася юнакова сэрца, калi бачыў, як навокал расьлi беларускiя школы, арганiзоўвалася моладзь, грамадзкiя iнстытуцыi. Здавалася тады яшчэ Сымону, што немцы былi найлепшымi прыяцелямi беларусаў, а хто ведае – мо й найлепшымi людзьмi. Любiў надзвычайна чытаць i чытаў усё, што друкавалася па-беларуску. Нейкi час захапляўся перадавiцамi Ўладыслава Казлоўскага ў "Беларускай Газэце". Здавалася, што каб тады даў яму хто ў рукi стрэльбу й сказаў самому аднаму абараняць, прыкладам, ад бальшавiкоў Менск, то пайшоў-бы без найменшага хiстаньня.

Хутка прыйшлi рашчараваньнi, а пасьля й зьмены поглядаў, калi тое, што юнак меў у галаве дагэтуль, можна было назваць поглядамi. Дачуўся Сымон, што спалiлi немцы вёску Залатуху непадалёк Парафiянава, побач чыгункi Маладэчна Полацак. Аб сапраўднасьцi весткi ня было сумлеваў – перадалi яе Сымону людзi, якiм поўнасьцю верыў. Спалiлi-ж ня толькi малыя ў вёсцы будынкi, але папалiлi жыўцом, пазганяўшы ў пуню, усiх жыхароў Залатухi, пераважна жанчын, старых i дзяцей. Хутка цэлая ваколiца з жахам пачала аб тым учынку гаварыць. Сымон глыбока задумаўся. У вёсцы, як апавядалi людзi, зусiм ня было партызанаў. Адной вiной Залатухi было тое, што ляжала воддаль чыгункi непадалёк лесу, значыцца, бальшавiцкiя партызаны маглi раз цi два заглянуць у яе па дарозе да чыгункi, якую падмiноўвалi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю