355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » Змагарныя дарогi » Текст книги (страница 36)
Змагарныя дарогi
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 12:41

Текст книги "Змагарныя дарогi"


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 36 (всего у книги 38 страниц)

Плiнта зьбялеў як палатно й чаго не звар'яцеў ад страху. Зачаў тупаць у панiцы, страцiўшыся зусiм. Хлопцы кiнулiся за гару, а там ужо цэлае мора агню. Пазьбiралiся iтальянцы. Крык, гоман, плач. На цэлае шчасьце, хата нiякая шчэ не занялася. Гарыць стог адзiн, другi, трэцi, а вецер агонь па полi стралою нясе. Плiнта паслаў некалькi хлапцоў, бо ня ведаў, што там мора агню. Казаў страляць далей з двухцалёвага мiнамёта. Страляйце, кажа, у гэтую чорную полаць раллi. Як так, то давай! – хлопцы зноў пачалi. Не прайшло й пару хвiлiн, як адзiн ладунак трапiў на ржышча, якое тут-жа ўмiг занялося полымем. Нiчога дзiўнага, бо сьпякота страшэнная. Там абы лёгкая iскра, i ўсё пайшло-б з дымам, а што гаварыць, калi некалькi фосфарных ладункаў звалiлася.

Вецер маланкаю паганяў агнём, i не агледзелiся, як полымя абняло цэлыя нiвы. Ну што-ж ты будзеш рабiць. Пабеглi мы ратаваць. Але дзе-ж там! – навет мовы ня было, каб маглi што зрабiць. Напрацавалiся, як дурнi, аж дух занiмала. Я апарыў сабе плечы й рукi, бо вопратку быў ськiнуў. Лапаты й гасьнiцы, што мы мелi, гэта – капля ў моры. Перш пачалi капаць канавы, каб агонь адгарадзiць, але што пачнём якiх сто метраў наперадзе, то за пару мiнут агонь нас дагонiць. Бачым тады, што не дамо рады. Зрэзыгнавалi ўжо зусiм з гашэньня, адно пачалi капаць канавы па баках, каб не даць пажару пашырыцца, бо спынiць яго было зусiм немагчыма. Удалося нам скiраваць яго з ветрам на суседнюю гару, дзе й пагас. Маткi мае боскiя! Ты не ўяўляеш сабе, што за велiзарныя абшары збожжа спалiлi. I то пераважна пшанiцы, ды такой сьпеленькай, што толькi на серп чакала. Як станеш на суседнiм узгорку, то пад табою чорнае мора, як вокам сягнуць. Шчасьце, што хаты не пагарэлi. А людзi пазьбягалiся з усёй ваколiцы. Iтальянкi кiнулiся ў лямант: "О мiо панэ, мiо панэ!" О хлеб мой, значыцца. Жандармэрыя наша й iтальянская, поўна iхных i нашых афiцэраў, шмат лiмузiнаў панаяжджала. Там багатых мужыкоў маса, што аддаюць зямлю ў арэнду. Для iх страта не так балючая, як для тых бедных арандатараў. Там-жа на месцы даходжаньнi, тэлефоны, тэлеграмы, я цябе... калатня будзе, якой сьвет не бачыў. Наш Плiнта бегае як звар'яваны.

– Ну й што, яны яшчэ ня скончылi?

– Скончылi, недзе ўжо едуць. Я прыехаў з Тадзiкам паўтаратонкай, а Плiнта застаўся быў ззаду для выясненьня гэнага цэлага б...

– Дзе ляжыць тая бедная вёска?

– На захад ад Мiлiёнiко. Як яна завецца – ня ведаю. Будзе адсюль кiлямэтраў сорак пяць – пяцьдзесят. Але што за прыгожая ваколiца! Шкада мне гэных людзей. Ты ведаеш, на колькi ацанiлi шкоду?

– Ну?

– На восем мiльёнаў лiраў. Цiкава, хто iх заплацiць. Хiба-ж не наш Плiнта.

– А дзе-ж быў наш самы галоўны гэрой?

– Карпiнскi?

– Так.

– Прыехаў, як пажар ужо бушаваў.

– Дык i хто-ж за гэта будзе адказным?

– Хiба-ж што не я. Плiнта цьвердзiць, што яму гарнiзонны афiцэр па справах стрэльбiшчаў вызначыў там месца, хаця ў ваколiцы ёсьць такiя дзiкiя горы, што самi просяцца...

– Але-ж там мусiла быць весела. Добра, што я не паехаў.

– Маеш шчасьце. Глянь во! – паказаў Рэмi Сымону паабсмальваныя рукi. – Я дзякую iм за такую прыемнасьць. Плiнта будзе адказваць за неасьцярожнасьць пры страляньнi, а афiцэр ад стрэльбiшчаў – за неадпаведнае месца. Як справа пойдзе ў суд, тады пазнаюць. А Плiнта кажа: "Гэта нiчога. Мы ў Рыеты, кажа, ня гэтулькi папалiлi. I ты думаеш, ангельцы далi адшкадаваньне? Анi на ногаць. Казалi iтальянцам пазвозiць збожжа, а як ня справiлiся, то маеце..."

– Я-б хацеў бачыць, каб падобнае нешта здарылася ў Ангельшчыне. Нам танкамi навет па дарогах езьдзiць не дазвалялi, каб, баранi Божа, асфальту не пашкодзiлi.

Падхаронжыя змоўклi. Рэмi курыў бесьперапынна ўжо трэцюю з чаргi сыгарэту. Сымон пазiраў на яго ды нешта мяркаваў у галаве. Паважнае аблiчча твару паступова пачало перамяняцца ў грымасу, i раптам Спарыш зарагатаў голасна й працяжна. Сьмех быў нейкай канвульсiяй, пачаўся ўнiзу ў жываце й страсануў усiм целам. Сымон ускочыў з ложка, падскакваў па палатцы, часамi аж прысядаў i, стукаючы абедзьвюма далонямi па каленях, рагатаў бесьперапынна, ажно вочы набеглi сьлязьмi, а на лбе пачалi выступаць каплi поту. Напаўдзiкi канвульсыйны грымотны сьмех ня спыняўся.

Рэмi анямеў, сачыў за Сымонам, ня ведаючы, як тое разумець.

– Што з табою? Не ў парадку што?

– Чу-га-га! Чудак ты, га-га-га! Чаго са мною, што мае быць не ў парадку. Ой не магу, га-га-га! Жывот ужо пачынае ад сьмеху балець. Дэмабiлiзацыя, казаў той, на носе, а тутака паехалi панове ў "ваенку" гуляць, па чужых пшанiчных нiвах снарадамi псяюрыць, бедным людзям збожжа палiць! Га-га-га! Яшчэ не наваявалiся, мусiць, яшчэ iм усё мала. Ах, каб вы падохлi, каб вы... га-га-га!

Рэмi стаяў у нерашучасьцi. Прыглядаючыся да Сымона, заразiўся ягоным сьмехам i пачаў таксама рагатаць з усёй сiлы. Цяпер ужо пайшло дружней. Абое глядзелi адзiн на другога й выбухалi гулкiм рогатам. Рэмi кiнуўся на ложак i пачаў з раптоўна знойдзенай весялосьцi выдрыгваць у паветры нагамi, залiваючыся ўсё новымi хвалямi сьмеху й прыгаворваючы:

– Але-ж, браце каханы, i наваявалi мы сягоньня. А няхай iх кроў залiе! Ха-ха-ха!

Невядома, як доўга трываў-бы той дзiкi рогат падхаронжых, калi-б ня грукат танкаў з панадворку. Паабсмальваныя, запыленыя й усхваляваныя танкiсты дзялiлiся мiжсобку рознымi цiкавымi эпiзодамi з таго, што здарылася. Плiнта, не аглядаючыся на нiкога, быццам злосны, пабег у сваю палатку.

– Бачыш? Вось i наш "вудз". Пад ягонай камандай нашы чарапахi атрымалi сягоньня, мусiць, апошняе баявое заданьне перад тым, пакуль пойдуць на злом. Iтальянцам доўга будзе помнiцца наша "военка" ў iхняй пшанiцы.

Сымон, слухаючы гэтыя заключныя словы Сварычэўскага, ня меў ужо фiзычнае сiлы рагатаць. Ды глянуўшы на выпадак з другога боку – з боку тых пакрыўджаных сялян – цi-ж гэта было так надта сьмешна?

VII

Мiж вучняў школы падхаронжых у Матэры сустрэў Спарыш колькi сваiх сяброў, колiшнiх менскiх кадэтаў. Надзвычайна ўзрадаваўся з такога спатканьня. Мiж iмi быў i Мiкола Дудкевiч.

– Ну, братка, расказвай, што там у Ангельшчыне, – абступiлi яго, – тут ёсьць плёткi, што хутка пераяжджаць будзем. Цi там будзем мець магчымасьць скончыць яшчэ школу?

– Школу скончыць? – усьмiхнуўся Сымон. – Забудзьцеся ўжо аб войску. Там даўно яго няма.

– А ты-ж скончыў.

– Дык разам са мною перастала iснаваць i школа. Людзi там ужо мяркавалi, як рыхтавацца да цывiльнага жыцьця пасьля дэмабiлiзацыi.

– Няўжо-ж?

– Каб я з гэтага месца ня зыйшоў.

– Цьфу на цябе. А мы тут яшчэ галовы мазолiм, каб ацэнкi добрыя дастаць i ў хвасьце не застацца.

– Дарма вы, хлопцы. Ня дурыце сабе галоваў. Войска ўжо скончылася. Будзе арганiзоўвацца нейкi быццам корпус прыстасаваньня, дзе будуць вучыць цывiльных фахаў, пэўна, як капаць вугаль у шахтах цi працаваць з лапатамi пры будовах. Вось якое войска.

– Ты не жартуеш?

– Чаго-ж маю жартаваць. Дадушы праўду кажу.

Сымонавы словы былi, быццам вядро сьцюдзёнай вады на гарачыя юнацкiя галовы сяброў. Шмат хто шкадаваў тых стараньняў, уложаных дасюль у ваенную навуку, якiя цяпер выглядалi дарэмнымi. Ад iх падхаронжы Спарыш даведаўся, як палякi, спасьцярогшы вялiкi наплыў беларусаў у афiцэрскiя школы ў Матэру, пазбылiся iх, ня прызнаўшы адукацыi пад нямецкай акупацыяй, як пасьля, на курсах, загароджвалi дарогу да экзаменаў, iншых-жа на тых экзаменах паабразалi. Некаторыя былыя менскiя кадэты, якiя вытрымалi экзамены, не пайшлi пасьля ў афiцэрскiя школы. Мiж iмi былi два найблiжэйшыя Сымонавы сябры Вiктар Караткевiч i Кастусь Дзежка.

Будучы ў Парко Гатынi й маючы вольны доступ у афiцэрскае казiно ў Матэры, Сымон часта заглядаў туды не так дзеля выпiвак, як дзеля таго, каб пазнаць, што робiцца "на вярхах". Тое, што пабачыў i пачуў, поўнасьцю пацьвердзiла ягоныя ранейшыя мяркаваньнi адносна маральнага раскладу й гнiльля, што панавала сярод афiцэрскага пэрсаналу. Найчасьцейшымi тэмамi гутарак у казiно былi грашова-спэкуляцыйныя абароты на чорных рынках. Вышэйшыя афiцэры, што мелi ад'ютантаў, выкарыстоўвалi розныя нагоды, каб, паслаўшы свайго чалавека па "службовай справе" ў Эгiпет, зрабiць сыценькi гандаль капiталам. У Эгiпце куплялi ангельскiя залатыя фунты, званыя "каштанамi", што там прадавалiся на вольным рынку. У Iталii заработкi на iх сягалi семсот працэнтаў. Атрыманыя лiры пры дапамозе ваўсковых дзейнiкаў выменьвалiся на ангельскiя папяровыя фунты.

У апошнiя часы побыту Андэрсавага корпуса ў Iталii вялiзарная колькасьць вайсковых матэрыялаў пайшла на чорны рынак. Былi гэта часы лiквiдацыi. Кожны, хто дзе быў на якiм становiшчы, што мог нешта прадаць i зарабiць, ня трацiў нагоды. Адно меншыня трапляла ў рукi вайсковае палiцыi й пад суд. Гэтак рамонтны адзьдзел базы Другога корпуса, што памяшчаўся ў Леччэ каля Таранто, зарабiў пры лiквiдацыi некалькi мiльёнаў лiр. Дзякуючы неасьцярожнасьцi iтальянца, што накупляў матораў, апонаў ды iншых матэрыялаў i прыладаў, гешэфт выйшаў наверх i цэлы пэрсанал рамонтнага адзьдзелу разам з камандзерам трапiў у ангельскую вязьнiцу.

Таму, што ведаў ангельскую мову, Сымону Спарышу даручылi адвезьцi чатыры "шэрманы" з Матэры на злом у Форлi. Для дапамогi юнак меў васьмёра людзей i Сварычэўскага. Танкi былi дастаўленыя цягнiком на аграмаднае лётнiшча ў Форлi. Сымонавы людзi, кiнуўшы вокам на амаль бязьмежную масу танкаў, панцырных машынаў, "кар'ераў" i навет звычайных транспартных машынаў, што як вокам сягнуць заграмазьдзiлi колькi квадратных кiлямэтраў лётнiшча, не маглi надзiвiцца. Нiдзе й нiколi нiхто зь iх ня бачыў у адной кучы столькi ваеннага матэрыялу. Брытанскi ўрад прадаў яго на злом Iталii. Ангельскi сяржант, што прыняў Спарышовы "шэрманы", адно вокам кiнуў на iх i падпiсаў квiт даставы. Зусiм не заглядаў усярэдзiну. А там-жа была маса матэрыялу, пачаўшы ад алiвы, сьлясарскiх прыладаў, ключоў, а канчаючы электрычнымi дынамкамi, што маглi быць па дарозе прададзеныя. Кожны танк меў дасканалае радыё. Як апавядалi мясцовыя жыхары, нямецкiя палонныя, што працавалi пры парадкаваньнi й разьбiраньнi злому на лётнiшчы, парабiлiся мiльянерамi.

Вяртаючыся назад у Галiполi-Галятонэ цягнiком, Сымон думаў аб мiнулым i цяперашнiм. Прыгадаў пачатак вайны ў 1939 годзе, калi быў малым хлапчанём i басанож бег па полi, каб прыгледзецца тром самалётам, бо-ж раней нiколi iх так шмат не бачыў разам. Цяпер-жа, пасьля вайны, ён вось завёз i здаў на злом тыя танкi, якiм прызначана было, згодна летуценьням польскiх паноў, трыюмфальна "вызваляць" Вiльню й Львоў, а мо й ягоныя родныя мясьцiны. Якое крутое, капрызнае й непрадугледжанае было жыцьцё. Некалi босы й бедны падлетак быў цяпер дасьпелым, зьведаў Эўропу, бачыў шмат баёў i лiхалецьцяў, стаў загартаваным жаўнерам. Але гэта ўсё было адно памылка лёсу – вынiк чужое гульнi. Якая-ж пацеха была з таго Сымону, што ён вось здаў на злом частку зброi, якой паны зноў хацелi паняволiць Беларусь, калi там, дома, iншыя танкi рэзалi родную зямельку й крывавiлi змучанае цела Бацькаўшчыны.

Вярнуўшыся з Галiполi, Спарыш за пару дзён далучыўся да другога транспарту, што накiроўваўся ў Ангельшчыну. Невялiкi мараплаў "Эмпаер Батл'акс" пакiнуў Нэапаль у пачатку жнiўня. Для бальшынi пасажыраў было гэта першае падарожжа пасьля вайны ў Ангельшчыну, для Сымона-ж – адно паўтарэньне ранейшага шляху. Ужо ня ехаў у чужое й няведамае, але – у даволi добра знаёмае. Прадугледзеў, чаго можна чакаць i спадзявацца ў будучынi.

ВАСЕНЬНIЯ ХМАРЫ

I

Нiзка па небасхiле плывуць васеньнiя хмары. Грозныя, бурлiвыя, цяжкiя, алавяныя. З гулам, свабодаю й размахам бушуюць у прасторы, хвалююцца й перавальваюцца цераз горы, зьвiсаюць жыватамi над далiнамi ды зь нястрыманым iмпэтам iмчацца далей i далей. Дзiка вые заходнi марскi вецер. Калоцiць верхавiнамi дрэваў, бязьлiтасна сячэ ледзяным дажджом па шэрых тонкiх сьценах вайсковых баракаў, спрытна прабягае мiж блёкаў прыгарадных паселiшчаў, абозаў ды, вырваўшыся на цьмянае прамоклае поле, паганяе далей у няведамае.

Хмары з мора вельмi неспакойныя. Рэдка дазваляюць яны ўсьмiхнуцца сонцу. Бывае, што парадзеюць, i тады вясёлы праменьчык зазiрне ў памяшканьне праз брудныя шыбы вайсковых баракаў, але ненадоўга. Наступная разбушаваная хваля прыходзiць тым першым на зьмену, закрые разьяснеўшыя нядаўна кавалкi неба ды новым змрокам зноў хлыне ў вокны шэрых будынкаў. Густыя кроплi дажджу заядла сьцебануць па чырвоных сьценах вiлаў, за iмi новыя, цяжэйшыя, сапраўдным ужо ручаём паплывуць па пачарнелых ад дыму стрэхах работнiцкiх дамоў, пачнуць уядацца ў шчылiны сьценаў сьпешна будаваных абозаў, абмываць цёмна-шэрае каменьне фармарскiх забудаваньняў.

Iмгла часта ахутае суседнiя палi й узгоркi. Зрэб'ем учэпiцца яна за ськiбы шэрае ральлi, апране суцэльнай павалокаю залiтыя вадой далiны. Бывае й так, што густой заслонай залягае цэлыя далявiды, й пiльна павiнен тады натужваць свае вочы падарожны шафёр.

Часамi заходнi бераг абтоку дыхае сухiм ветрам, i здавалася-б, што няскора прыйдзе дождж цi бура. Але найчасьцей зманлiвымi бываюць прадугледжаньнi, бо далёкая марская бура ня стрымоўваецца на гарбатых узьбярэжжах заходняга Ўэлсу, а лёгка пранiкае ў сярэднiя i ўсходнiя абшары Мiдланда, каб сьмелым жыхарам, якiм заяснела думка пагоднага "уiкэнду", адабраць нованароджаную надзею.

Жаўнеры прысьпешанымi крокамi прабягаюць тады вузкiмi цэмэнтавымi ходнiкамi мiж баракаў ды, зачынiўшы сьпешна дзьверы, зь iронiяй паўтараюць падобныя заўвагi: "Ну, нарэшце падае дождж. А так доўга-ж чакалi". Адзiн пачне тады ўсьмiхацца, iншы заапрабуе папярэднiя заўвагi моцнымi слоўцамi сяньняшнiя днi, пачне тануць ва ўспамiнах аб салодкiх, пагодных ды як жа чароўных днях iтальянскае мiнуласьцi.

Такiя ўспамiны й нараканьнi ня прыносяць найчасьцей нiякiх канкрэтных высноваў анi палягчэньня, бо адно часовае ўзварушаньне, спрычыненае няспрыяльнымi абставiнамi, i дробныя з таго дэталi зьяўляюцца iх крынiцаю. Таксама ня трываюць яны доўга, бо колiшнi ваяка, а сяньня выгнаньнiк Сярэдняе Эўропы, патрапiў прывыкнуць i зжыцца зь бясколернымi буднямi.

Алавяна-шэрымi й цяжкiмi выглядаюць ангельскiя васеньнiя хмары. Неспакойнымi й бурлiвымi, але цяглымi i, здаецца, бясконцымi. Шэрыя й бязьмежна цяжкiя днi жаўнерскага быту ў бязьдзейнасьцi. Дзесьцi ва "Уор офiс" вялiкiмi кучамi ляжаць друкi асведчаньняў, праектаў брытанскага ўраду адносна арганiзацыi й будучынi Польскага Корпусу Прыстасаваньня й Разьмяшчэньня (ПКПР). Ляжаць i набiраюць, як прывыклi казаць жаўнеры, "урадавай сiлы". Дзесьцi на зьездзе Рады ангельскiх прафсаюзаў у Брайтане голасна разьлягаюцца словы: "...Фашысты, здраднiкi радзiмы, ворагi новага ладу й сваiх народаў". У зале паседжаньняў вее забойчы ўсходнi вецер. Але шмат мiне часу, пакуль пазачыняюць вокны й дзьверы. Дзесьцi на паседжаньнях брытанска-польскiх арганiзацый чуваць: "Гэроi, баявiкi за вольнасьць! Ня даць, каб iх пакрыўдзiлi. Яны першыя, што супрацьставiлiся, яны апошнiя, што пакiнулi поле бою. Даць iм людзкiя абставiны жыцьця!"

Асведчаньнi, прамовы, бясконцыя дэбаты, пахвалы, закiды, дэклярацыi... Дзесьцi з-над Эльбы вее ўсходнi вецер...

Пры круглых сталох, у вялiкiх праветраных сонечных залях, у малых накураных кабiнэтах прадстаўнiкi розных народаў, расаў, уладаў i сьветапоглядаў праводзяць гандаль. Часта ахутаны ён таямнiчым маўчаньнем, радзей – розгаласам. Ён выдаецца сталым i бясконцым, цi адно цяпер пакуль што ня вiдаць вынiкаў.

А над Вялiкай Брытанiяй плывуць густыя, алавяныя, заходнiя марскiя хмары. Прасочваецца вада ў няшчыльныя баракi шматлiкiх абозаў. Жаўнеры сядзяць бязьдзейна. Сушацца махоркаю, гуляюць у карты. Быццам тыя хмары, плыве марудны, шэры й назойлiвы час.

Сотнi тысячаў палякаў i людзей зь iншых народаў, перад вайной зьняволеных Польшчай, у вайсковай вопратцы ступiлi на зямлю капрызнага надвор'я пад час i пасьля другой сусьветнай вайны. Паводле сацыяльнага паходжаньня жаўнерская сям'я была каляровай мазаiкай. У зялёным "батледрэсе" радавога сустрэць можна было прафэсара, iнжынера й селянiна, сумленнага й злодзея, гандляра й бандыта, саба-тажнiка-партызана й звычайнага работнiка. Iшлi, ехалi, валачылiся сюды рознымi шляхамi й розным часам. Адным сiбiрскiя лягеры й Казахстан перажыць давялося, iншым проста праз мора з Польшчы ўцякаць, трэцiм – праз Нарвэгiю, чацьвёртым – праз Францыю, пятым з абедзьвюх Амэрыкаў ахвотнiкамi ў гэту армiю ўступiць давялося. Адно тыя, з-за акiянаў, пасьля вайны хутка дамоў пасьпяшылi. Iншыя-ж мяркавалi, як выбрацца з тупiка. Сярод iх найцяжэй давялося беларусам i ўкраiнцам, землi якiх "бацька" да самых сваiх "ласкавых" грудзей прытулiў, ужо нiколi ня маючы намеру пазбыцца ахвяры.

II

Шмат жаўнераў, нягледзячы на ўзмоцненыя ўгаворы афiцэрскага корпусу, каб заставалiся на выгнаньнi, ехалi ў Польшчу пад рэжым Берута. ПКПР, што павiнен быў падрыхтаваць гэтае мора людзей да цывiльнага жыцьця, меў нялёгкае заданьне. На працягу шасьцi – васьмi гадоў бальшыня зь iх нiчога не рабiла, акрамя вайны й п'янства; iншыя зь юнакоў павырасталi на мужчынаў, адны загартавалi сваю волю й сiлы, набылi практыку: iншыя-ж здэмаралiзавалiся, зьвiхнулiся, упалi на дно жыцьця.

Праблема прытарнаваньня iх да цывiльнага жыцьця была нязвычайна цяжкой i складанай. Перанаселеная Вялiкая Брытанiя не магла ахвяраваць iм адпаведных месцаў i працы ў цывiльным жыцьцi, яна ледзь давала рады са сваiмi здэмабiлiзаванымi, магчымасьцi-ж эмiграцыi за акiян былi сьцiплымi перадусiм з прычыны недахопу транспартных сродкаў дый абмежаваных эмiграцыйных квотаў. I гэтак замкнулася шматтысячная жаўнерская маса ў шэрых, няпрылюдных, няпрыветных i сьцюдзёных вялiкiх вайсковых абозах, раськiданых па абшары брытанскiх абтокаў ад Тэрсо да Брайтана i ад Блэкпула да Сандэрланда.

Цяжкi i нявыносны, сумны й няволячы жаўнерскi быт у бязьдзейнасьцi. У некалi здысцыплiнаваныя й дасканала вышкаленыя шэрагi вояў прыносiць ён упадак дысцыплiны, маральны расклад, зьнеахвочаньне, безнаазейнасьць, мiзэрнасьць i абыякавасьць. Жаўнерам можа быць адно чалавек чыну, працы, вечна нястомнага й дзейнага духу, чалавек энэргii й руху. Пакiнь жаўнера самога сабе на нейкi час, не дай яму заданьняў, працы й занядбай дысцыплiну, дазволь на пэўныя ўплывы, i ён перастане быць жаўнерам.

Колькi месяцаў пераходнага арганiзацыйнага часу, калi шмат яшчэ было няпэўнага й нявыясненага, калi нейкiя рамесьнiцкiя курсы цi праца – рэдкая зьявiшча, а дысцыплiна амаль цалкам занядбаная, зрабiла жахлiвы ўплыў на польскую армiю, прывезеную з кантынэнту ў Ангельшчыну ў 1946-1947 годзе. Найбольш дэструктыўным дзейнiкам была няпэўная будучыня гэтых людзей. Разам зь першымi паваеннымi мiжнароднымi канфэрэнцыямi, разам з акупацыяй Беларусi, Украiны й Польшчы бальшавiкамi й замацаваньнем там камунiстычнае ўлады разьвеялiся шматлiкiя пляны й надзеi гэтых людзей. Шмат губiла сябе сваiмi-ж рукамi, iншыя апускалi галовы й трацiлi ўсякую iнiцыятыву...

III

У падафiцэрскiм бараку людзi сядзелi бязьдзейна. Сымон па абедзе прылёг на пасьцелi. Рэмi Сварычэўскi меў службу дзяжурнага. Колькi асоб, абсеўшы ў кутку стол, перакiдвалiся картамi. Надвор'е было хмарнае. У бараку панаваў змрок. Крокаў дзесяць воддаль Сымона сядзеў на пасьцелi зьвязны. Даўно кiнуўся ён у вока Спарышу. Прычынай была, пэўна, i ягоная сьпеўная, няскладная польская гутарка. Часта, быццам вада з-пад вясеньняга лёду, прабiваўся беларускi склад, характэрнае аканьне. Нягладка язык ягоны спраўляўся i з характэрнымi польскiмi сугукамi. Здавалася, што зь вялiкай натугай, гвалтам выпiханыя яны былi праз таўсты гарляк. Сымон быў амаль пэўны, што зьвязны быў беларусам. Дагэтуль ня меў нагоды даведацца. Ды i як спытацца? – думаў хлопец. Акружнай дарогай пачаць цi проста з мосту, як кажуць па-беларуску?

Да таго-ж i выглядам быў зьвязны проста выкапаным дзядзькам-селянiнам. Неяк i "батледрэс" нязграбна на iм ляжаў. Здавалася, што шэрая саматканая сьвiтка скарэй-бы гарманiравала з выглядам. Дзесьцi ў тумане памяцi захаваўся ў Сымона вобраз беларускага сейбiта, што бачыў калiсьцi ў нейкiм каляндары. Шырокi круглы твар, паморшчаны лоб, закруглены падбародак, парадзелыя сiвыя валасы, ясна-блакiтныя вочы.

– Адкуль ты, дзядзька, будзеш? – зарызыкаваў Сымон.

Зьвязны, што сядзеў побач на пасьцелi, схамянуўся, быццам-бы яго хто iголкай у мяккае месца ткнуў. Мусiць, ня верыў сваiм вушам. Азiрнуўся назад, каб пераканацца, што да яго, а не да некага iншага ззаду за плячыма адносiлася тое пытаньне.

– Цо проша?

– Пытаюся, адкуль ты, дзядзька, будзеш? – паўтарыў голасна Сымон ды дадаў цiха пад носам: – Чорт вазьмi, няўжо-ж памылiўся?

– Я ад Навагрудка. А вы таксама тамтэйшы? – пасьмялеў дзядзька.

– Эх не, я не ад Наваградка, але-ж таксама беларус. Вы-ж беларус, не?

– Я праваслаўны, дык i беларус, – адказаў дзядзька, прыйшоў ды сеў побач Сымона на пасьцелi. Язык ягоны хадзiў шмат гладзей, чымся ў польскай гутарцы.

– Дык што вы, праваслаўны – гэта-ж толькi рэлiгiя.I каталiк-жа можа быць беларусам.

– У нас удома так было, што каталiкоў лiчылi палякамi, а праваслаўных...

– ...рускiмi? – падхапiў Сымон.

– А цi-ж ня так?

– Яно-ж так. Але цi-ж гэта справядлiва?

– Хто-ж яго ведае. Усё так у галаву нам дзяўблi.

– Дзяўблi тыя, каму гэта было карысна. Маскалi казалi, што праваслаўныя гэта рускiя, а палякi чаўплi, што каталiкi – усе палякi. Дык дзе-ж тады беларусы? А ёсьць-жа такi народ, не, дзядзька?

– Дык во, панятна, што ёсьцека.

– Ну дык нам, мусiць, няпраўду старалiся казаць.

– А хто-ж тое надта ведаў. Называлiся тутэйшымi, ды ўсё.

– Праўду кажаце. Гэта таксама, каб мы забылiся, хто мы ёсьць. Навет нашай нацыянальнасьцi не памiналi.

– Цiкава вы гэта ўсё й так проста выводзiце, – адсапнуўся зьвязны. – Ну, а самi-ж адкуль?

– З Глыбоччыны.

– Ад Глыбокага.

– Недалёка. Ведаеце. Можа, былi там?

– Чуў. Меў знаёмых адтуль.

Хвiлiну памаўчалi.

– Эх, братка ты мой, сьвет цяпер так перамяшаўся. Забадзялiся-ж мы й пагубiлiся. Хто гэта ведае, што будзе... Ведаем толькi, што было. Дый цяжка-ж, цяжка, – уздыхнуў зьвязны.

– А вы даўно ў войску?

– Браток, здаецца, ужо век цэлы. Перад вайной яшчэ чынную службу адбыў. Пасьля на рэзэрву пазвалi. Змабiлiзавалi перад вайной, а тады ў плен да бальшавiкоў папаў...

Зьвязны пачаў апавядаць доўгую сваю гiсторыю. Шмат такiх цi падобных чуў Сымон раней. Седзячы побач яго, гаротнiк сумным i поўным уздыханьняў i жалю голасам апавядаў аб цяжкiх цярпеньнях у сiбiрскiх лягерох, аб тым, як з крываўкi ледзь ня скончыўся ў Казахстане, але нехта сьпiртам выратаваў. Прыгадаў пасьля й пра сям'ю. Голас ягоны пачаў дрыжаць. Мясцамi спыняўся, ня могучы гаварыць.

Сымон цярплiва слухаў i не перашкаджаў яму апавядаць. Вiдаць было, што чалавек пастанавiў адкрыць сваю душу й сэрца. Хто ведае, цi ня першага сустрэў у войску чалавека, што асьмелiўся загаварыць да яго моваю маткi. Сям'я зьвязнога, згодна з апавяданьнем, была застрэленая ў час вайны немцамi, а хата спаленая. Жонка й дачка, што па гадах мела быць сяньня дзеўкай – адзiнае са шматлiкага, але найдаражэйшае, што вязала яго з Бацькаўшчынай, – сталiся ахвярамi гiтлераўскага сьляпога тэрору. Зьвязовы ад хваляваньня гаварыў урыўкамi, а на вочы набягалi сьлёзы. Аб сямейнай трагэдыi даведаўся ня так даўно ад суседа з дому, якога сустрэў кагадзе ў войску. Вiдаць было, што насiў у сэрцы сьвежую, нiколi, можа, ня меўшую нагоды загаiцца рану.

– ...i так, браток ты мой, застаўся сягоньнiка адзiн, як палец. Ды мне-ж ужо й гады самыя лепшыя мiнулi. А тут во якое лiха прыйшло. Думалася нядаўна, што хоць дадому вернешся. Надзеiўся, што жывуць. Ажно во...

Дзядзька, здавалася, ня мог далей гаварыць. Сымон чакаў. Гледзячы на гаротнiка, балела яму сэрца. Вось гэта быў адзiн зь мiльёнаў беларусаў, што страцiлi ўсё й наперадзе бачылi адно беспрасьветную цьму й безнадзейнасьць. Выкiнутыя на чужы бераг, ня ведаючы анi людзей, анi не маючы сiл для далейшага жыцьця, страцiўшы найлепшыя гады ў службе за чужое або ў нядолi ў чужым ярме дома, кешкалiся цяпер у цемры.

– Дый варочацца-ж няма куды. Што было, тое пайшло з дымам. Мая бедненькая жоначка й дачушка. Каты са сьвету зьвялi. Куды-ж мне цяпер кiнуцца, што рабiць i з чаго пачаць? Як-жа мне тут заставацца? Ня знаю нi языка, дый гады ня тыя. А калi-б i ў Польшчу ехаць, дык ужо, мусiць, на тыя "адзысканыя" землi пасулiлi-б... Божа-ж мой, Божа! Як-жа далей быць i што рабiць?

Сьлёзы, быццам гарох, пасыпалiся з вачэй дзядзькi зьвязнога. Пакуль нязручным рухам стараўся iх выцерцi, адна сьлязiна ўпала на левыя грудзi й раздрабiлася аб востры рог адной з чатырох зорак на сiняй берэтцы. Гэта былi зоркi за раны. Побач было з паўтузiна берэтак ад iншых крыжоў i медалёў.

– Калi-б я ведаў, што вам парадзiць. Ня плачце, супакойцеся, – прамовiў зусiм непераконлiвым голасам Спарыш, i перад вачыма памяцi ягонай устала прыгорбленая, запрацаваная постаць свайго беднага гаротнага бацькi. Ня мог глядзець на сьлёзы. Прыгадаўшы родных, ведаў, што тыя стогнуць у непасiльным ярме. Дый цi толькi яны... Цэлы беларускi народ.

Сымон устаў i падышоў да вакна. На сэрца нахлынула вялiкая дэпрэсiя. Глядзеў на захмаранае неба. Думкi разбягалiся, быццам тыя неспакойныя васеньнiя брытанскiя хмары. А яны бесьперапынна й стала плылi ў няведамае.

ПАРАСТКI НА ЧУЖЫНЕ

I

Павуцiньне сувязi мiж адзiнкамi й групамi беларусаў Другога корпусу, так дбайлiва й цярплiва снаванае й сплятанае ў вадзiн клубок у Iталii, было парванае-парастрасанае зь пераездам у Ангельшчыну ўлетку 1946 году. Адзьдзелы войска паразьяжджалiся й пасялiлiся на новых месцах па цэлым абтоку. Адзiнкi й групы страцiлi сувязь. Спынiўся ня толькi працэс вышукоўваньня й выкопваньня тых, што пазашывалiся яшчэ раней i ў Iталii ня былi знойдзенымi. Трэба было найперш устанавiць i спалучыць асноўную пражу сувязi самых цьвёрдых i iнiцыятыўных, што маглi-б пасьля навокал сябе разглядацца й вышукоўваць.

Перад беларусамi стала зусiм новае, першараднае вагi пытаньне: што далей? Войска канчалася. Трэба было рупiцца аб будучынi. Так удала пiсалася пасьля ў першых радках часопiса "На шляху": "На шляху, а ня дома, стаiмо мы, выгнаныя з-пад родных стрэх вайной i чужацкай навалай. Мяркуем, дзе пайсьцi, куды кiнуцца..."

Пытаньнi "дзе пайсьцi, куды кiнуцца" лягчэй было-б вырашыць арганiзавана, грамадою. Патрэба беларускай арганiзацыi адчувалася вельмi пякуча. Гэткiм чынам iзноў пачыналася ад нiтак сувязi, супольнага кантакту. Цэнтры пры 5-й i 3-й дывiзiях былi ўтрымалiся, хаця ня мелi сувязi мiжсобку. Адшукацца дапамог старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублiкi iнжынер Мiкола Абрамчык i рэдакцыя "Беларускiх Навiн" з Парыжу. Пры iхняй дапамозе беларусы зьвязалiся ня толькi мiжсобку, але i з саюзам украiнцаў Вялiкай Брытанii, управа якога добразычлiва аднеслася да iнiцыятараў праектаванай першай беларускай арганiзацыi ў Ангельшчыне.

II

Каля лётнiшча Боднi Эйрфiлд у правiнцыi Норфолк сканцэнтраваныя былi ўсе школы 3-й дывiзii. Вучань лiцэя Вiктар Сянькевiч налiчыў навокал сябе дваццаць трох беларусаў i пачаў аднаўляць працу, спыненую пераездам зь Iталii. Група зактывiзавалася. Адбывалiся сяброўскiя зборкi, супольна радзiлiся й пастанаўлялi пра будучыя арганiзацыйныя крокi. Устанавiлася й пiсьмовая сувязь зь беларусамi iншых адзьдзелаў. Да Сянькевiча зноў сотнямi хлынулi пiсьмы.

Дзейнiкi з "двойкi" зноў паклiкалi юнака й пыталiся, што пiшацца ў карэспандэнцыi. Вiктар адказваў, што панам з "двойкi" й так добра ведамы змест пiсьмаў. Пачалiся новыя цяжкасьцi. На Сянькевiча ад шматлiкiх палякаў пасыпалiся даносы. Давялося хлапцу разьвiтацца, ня скончыўшы школы, з навукай i ехаць у свой адзьдзел каля Лёндану. Крыху пазьней змусiлi пакiнуць працу выкладчыка ў гiмназii й прафэсара Гука.

Увосень 1946 году ва ўкраiнскай газеце "Наш клiч" зьявiўся Сянькевiчаў заклiк-артыкул. Аўтар зьвяртаўся да вайскоўцаў-беларусаў, каб адклiкалiся, вышукоўвалi iншых, арганiзоўвалi часовыя групы. Падкрэсьлiваў, што насьпеў час да ўтварэньня беларускае арганiзацыi.

III

Праз знаёмых, што мелi сувязi мiж верхавiны польскае армii, прафэсар Гук умовiўся сустрэцца з шэфам штаба генэралам Капанскiм. Мэтаю было атрыманьне афiцыяльнага вайсковага дазволу на ўтварэньне беларускае арганiзацыi самапомачы. Капанскi прыняў Гука й Сянькевiча ў кастрычнiку. Да добра абгрунтаванае й матываванае просьбы беларусаў генэрал аднёсся прыхiльна й абяцаў выдаць аб гэтым адмысловы вайсковы загад. Адылi пасьля гэтага два разы яшчэ давялося прафэсару Гуку рабiць вiзiты да генэрала Капанскага, каб папхнуць справу абяцанага загаду, што заграз дзесь у канцылярыi штабу. Вiктару Сянькевiчу, што жыў блiжэй Лёндану, восем разоў трэба было езьдзiць у сталiцу. Кожны раз ад'ютант раiў прыйсьцi заўтра. Агоркла юнаку цяганiна ўзад i ўперад, быццам тая рэдзька. Нарэшце пры дапамозе знаёмага палкоўнiка пашанцавала атрымаць вiзыту ў шэфа штабу.

Капанскi паклiкаў Вiктара ў кабiнэт i прасiў пачакаць, пакуль машынiстка напiша тую доўгачаканую й так вартасную пiсульку.

Тым часам распытваў юнака пра беларусаў, iхныя пляны на будучыню ды пра iх колькасьць у польскай армii. Тон гутаркi быў сяброўскi. Генэрала цiкавiла, дзе, на думку Сянькевiча, павiнны быць беларускiя межы. На сьценах кабiнэта вiсела шмат мапаў. Вiктар паказаў беларускiя этнаграфiчныя межы, уключыўшы Беласточчыну, Сувальшчыну й Берасьцейшчыну. Як некалi лейтананта Пшэрэмбскага, зацiкавiў Капанскага факт, што Сянькевiч быў каталiком i беларусам. Роспытам у гэтай справе адвёў колькi хвiлiн часу.

Нацiсканьне з усiх бакоў зрабiла сваё. Загад быў выданы. На просьбу прафэсара Гука капiтан Загурскi, што меў добрыя кантакты ў польскай газеце "Дзеньнiк польскi i дзеньнiк жолнежа", пастараўся, каб газэта зьмясьцiла вайсковы загад. Гэткiм чынам шмат беларусаў даведалася, што ад гэтага часу, цi былi-б яны ў наземных, паветраных цi марскiх польскiх збройных сiлах, маглi належаць да свае беларускае арганiзацыi самапомачы. Загад меў быць прачытаны i па ўсiх адзьдзелах, але шматлiкiя, нязычлiвыя беларусам афiцэры наўмысьля яго iгнаравалi.

Вiктар Сянькевiч, вярнуўшыся ў свой адзьдзел, з большай энэргiяй узяўся за працу. Быў сакратаром у батальёне й таму позьнiмi вечарамi пасьля службовых гадзiн мог карыстацца машынапiскай i рататарам. Праўда, стараўся рабiць гэта ўпотайку ад начальства.

У працы арганiзацыйнай i публiцыстычнай Вiктар быў пачаткоўцам, асаблiва калi iшла гаворка пра статут, камунiкаты й iншыя справы афармленьня. Тут на помач прыйшла дасьпеласьць i дасьведчанасьць прафэсара Гука. Стары настаўнiк i арганiзацыйны працаўнiк яшчэ з Бацькаўшчыны цешыўся, што ў асобе маладога юнака знайшоў добрую тэхнiчна-канцылярскую сiлу. Хутка зьявiўся першы нумар часопiса "На шляху", пасьля прыйшлi камунiкаты й розныя пiсьмы арганiзацыйнага характару. Быццам жаўранкi напрадвесьнi, цешыла роднае слова рассеяных суродзiчаў. Надыходзiў новы пэрыяд у жыцьцi выгнаньнiкаў. Лучылiся адзiнкi й групы, на чужой глебе паказалiся парасткi новага беларускага арганiзму.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю