355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » Змагарныя дарогi » Текст книги (страница 27)
Змагарныя дарогi
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 12:41

Текст книги "Змагарныя дарогi"


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 27 (всего у книги 38 страниц)

Дзесь наперадзе зноў адчыняюцца грудзi зямлi й рвуцца ў паветра дзесяткi снарадаў-мiнаў. Сымон падае, а за iм i амунiцыйны.

– Пасоўвайся наперад! Чаго там лёг? – крычыць зьвязны.

– Снарады лятуць, дык i лёг.

– Прасi толькi Матку Боскую, i ўсё будзе ў парадку. Я заўсёды на яе спадзяюся.

– Сьцеражонага й Бог сьцеражэ. Не рабi зь сябе гэроя там, дзе цябе б'юць, а ты адбiвацца ня можаш, – адказвае Спарыш i, то прыпадымаючыся, то падаючы, трушком перабягае наперад. Язык, быццам у гончага сабакi, вылазiць наверх зь перасохлага роту. Пот залiвае вочы. Ледзь-ледзь ловяць грудзi паветра. Пудовы "п'ят", здаецца, пацяжэў у разоў пяць.

Пасьля кароткага перапынку зноў чуваць "нэбэльвэрфэр". Страшэнны гул дэтанацыi тузае ўсё цела. Чуваць енк i стогн. Нехта паранены, яшчэ нехта iншы – забiты. Крыжуюцца ў паветры снарады. Побач затрымоўваецца трэцi зьвяз. Ня можа пасоўвацца наперад пад такiм густым абстрэлам змучаная пяхота. Крычыць-раве ззаду лейтанант – камандзер зьвязу. Адно танкi стала паўзуць наперад i сякуць з гарматаў i браўнiнгаў. Iм ня страшны "нэбэльвэрфэр".

Iзноў, прабегшы колькi крокаў, Сымон падае. Адзiн кароценькi момант, i адзiн дарагi вобраз перад вачыма, а мо цэлыя мiражы ў памяцi... Гэта там, на Бацькаўшчыне. Высокая, зялёная, пахкая канюшына. Чырваньню абсыпаныя межы, бельлю ахутаныя сады. Гаючы пах прыбраных жоўтай квеценьню лiпаў. Тысячы працавiтых пчолак роем гудуць гiмн працы. Вiшнёвы сад... Гэта там... А тут? Вясна, брутальна згвалчаная чалавекам, хараство й прыгажосьць – стаптаныя сiлай. Буйныя загоны пшанiцы спаласаваныя, парэзаныя шырокiмi гусенiцамi танкаў, падзiраўленыя снарадамi, парыжэлыя ад полымя агнямётаў. Краса й зьнiшчэньне, зьнiшчаная краса...

Але няма калi... Трэба хутчэй i далей, асьцярожна, але ўсё-ж наперад, стала й як найхутчэй, каб не даць тым, з другога боку, зьвiць новых гнёздаў, хаця-б i часовых, каб выпхнуць i дакончыць. Страшэнны гул торгае паветра. Iзноў падымаюцца й перабягаюць наперад згорбленыя, абцяжараныя рыштункам i зброяй спацелыя фiгуры, хуткiм дыханьнем ловячы ў грудзi гарачае паветра. Зьнiкае iлюзiя вясны. Застаецца адно зьнiшчэньне. Яно патрэбнае, неабходнае. Каб зьнiшчыць тых, хто нiшчыць, каб больш ня было зьнiшчэньня.

Пад вечар быў здабыты й апанаваны з двух бакоў наступны шырокi канал. Разьведка рушыла наперад, а змучаныя людзi пазасядалi ў апусьцелых хатах на начлег.

VII

Выбiтыя з апошнiх слабых, на хуткую руку падрыхтаваных лiнiяў абароны, немцы былi ў агульным адступленьнi. Там-сям трымалiся малыя адзьдзелы фанатыкаў. Некаторыя-ж пераапраналiся ў цывiльнае й гэткiм чынам старалiся скрыцца ад палону. Пятая амэрыканская й Восьмая брытанская армii ўзышлi на раўнiну далiны По й сьпяшалi дарогамi да вялiкiх прамысловых цэнтраў i партоў Паўночнае Iталii. 21 красавiка 1945-га году, а гадзiне дзесятай ранiцою, адзьдзелы амэрыканцаў з захаду й палякаў з паўдзённага ўсходу сустрэлiся на цэнтральным пляцы Балёнii. Усё жывое ў горадзе вылезла на вулiцы вiтаць "лiбэратараў". Загулi дзесяткi званоў гарадзкiх сьвятыняў. У шматтысячным натоўпе зьявiлiся iтальянскiя нацыянальныя й чырвоныя камунiстычныя сьцягi. Палякi сыпанулi агнём па чырвоных сьцягах i забiлi колькi чалавек. Танкiсты выладоўвалi злосьць на камунiстах, хаця й ня тых, што паняволiлi iхнюю бацькаўшчыну.

Корпус Андэрса атрымаў загад спынiць марш. Адрэзак перанялi брытанцы.

– Бачыш iх, англiшмонаў гэтых, – наракалi жаўнеры, – як бiцца, дык iх ня было, ззаду сядзелi. А цяпер на гатовенькае, вызвольнiкаў гуляць, дык i яны знайшлiся. На джыпах плады перамогi зьбiраць рухнулi...

Ангельскiя зматарызаваныя калёны, амаль не спатыкаючы супрацiву, накiравалiся дарогамi на Верону, Падую, Венецыю й Трыест, а там i ў Аўстрыю, да ракi Дравы, дзе пазьней запiсалiся ў гiсторыю няслаўнай выдачай бальшавiкам вялiкай казацкай армii, што памылкова палiчыла iх за прыяцеляў i хаўруснiкаў.

28 красавiка на галоўным пляцы Мiлану разбушаваны й ашалелы натоўп павесiў нагамi ўверх i доўга зьдзекаваўся над трупамi Бэнiто Мусалiнi й ягонай каханкi Кляры Петачы, якiх партызанам пашанцавала злавiць пад час уцёкаў у Швайцарыю над возерам Комо.

Напрыканцы красавiка фэльдмаршал фон Кэсэльрынг падпiсаў капiтуляцыю. Iтальянскi фронт перастаў iснаваць пару тыдняў перад канцом "тысячагадовага" Райху.

У часе заняцьця Балёнii сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады пяхоты знаходзiўся кiлямэтраў за дзесяць на ўсход ад места. Загадалi вярнуцца й заняць кватэры на паўдарозе мiж Iмоляй i Балёнiяй. Сымон Спарыш вярнуўся ў свой зьвяз "кар'ераў". Акрамя Пранука Бонка ў акцыi загiнула яшчэ чацьвёра. Але-ж была й нейкая прыбыль.Кашыбанда, вясёлы й жартаўлiвы, як i раней, прыдбаў сабе "жонку". Так называў маладую, прыгожую ды фiгурную дваццацiпаругадовую iтальянку, што прывёз з Балёнii.

– Ваенная здабыча, – жартаваў, сьмяючыся й абдымаючы дзяўчыну. – Будзе нам варыць i даглядаць нас.

– О-го! А як-жа! Здабыча, i не абы-якая! – захаплялiся сябры са зьвязу. А ўжо цi надаецца яна да гатаваньня стравы – дык гэта зусiм другараднае пытаньне.

Да чаго дзяўчына надавалася – аб тым нiхто ўголас не гаварыў. Ва ўсiх былi зусiм ндвузначныя ўсьмешкi. Камандзер зьвязу наўмысьля iгнараваў новую прыбыль i быццам не заўважаў, што ў зьвязе зьявiўся яшчэ адзiн рот.

ЗАГУБА ГЕНЭРАЛА ЕЗАВIТАВА

I

Факт назначэньня расейца Шувалава рэфэрэнтам вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе быў надзвычай цяжкiм ударам для генэрала Канстантына Езавiтава. Перажываў вельмi моцна. Нiяк не магло памясьцiцца ў галаве, што прэзыдэнт БЦР здольны на такi крок. Езавiтаў на працягу свайго жыцьця ўсе сiлы аддаваў на службу беларускаму народу. Нацыянальна-вызвольная справа была для яго заўсёды важнейшай, чымся прыватныя iнтарэсы. Пад час працы пры БЦР шмат чаго бачыў i зусiм трапна ацанiў перадусiм тое, што ўчарашнi акупант Беларусi быў пры сьмерцi. Мяркаваў, што сваёй працай, гуртаваньнем беларусаў усьцеражэ й дапаможа шмат каму з суродзiчаў захаваць жыцьцё. Ведаючы добра камандуючага БКА Кушаля й поўнасьцю яму давяраючы, верыў, што змабiлiзаваных беларусаў аддае ў добрыя рукi, што навет у крытычную хвiлiну падпалкоўнiк зробiць усё, каб выратаваць сваiх жаўнераў.

Самае крыўднае было тое, што прэзыдэнт БЦР дазволiў сабе на такую вялiкую, проста здраднiцкую нiкчэмнасьць у дачыненьнi да вельмi заслужанага змагара за волю беларускага народу. Калi-б хаця той другi быў беларусам, дык з горам напалову, як кажуць, давялося-б зь лёсам пагадзiцца. А то-ж гэны быў расейцам, што вунь вайну цэлую ў абозе ваеннапалонных прасядзеў.

Яшчэ ў раньняй маладосьцi, будучы на становiшчы мiнiстра вайсковых справаў Беларускае Народнае Рэспублiкi, пасьля-ж будуючы беларускае школьнiцтва ў Латвii, аддаючы ўсе сiлы ўзгадаваньню сьведамага маладога беларускага пакаленьня пад чужой акупацыяй, Езавiтаў пазнаў цану кантролю над пачуцьцямi. Для некаторых пачуцьцёвы самакантроль быў рэччу цяжкой, для iншых – амаль немагчымай. Генэрал ведаў, што страта самаапанаваньня была першай перадумовай паразы. Выдатна ўсьведамiўшы гэта, ён рэдка хваляваўся, прынамсi, вонкава, а яшчэ радзей трацiў раўнавагу. Адылi гэтым разам удар быў такi моцны й балючы, ды яшчэ з дамешкаю подласьцi, што Езавiтаў даўжэйшы час ня мог апамятацца й здабыць духовую раўнавагу. Асвоiўшыся нарэшце з думкаю, што ў даным часе й месцы для прэзыдэнта Астроўскага граф Шувалаў зь ягонымi запасамi прадуктаў быў чалавекам больш прынадным i вартасным, генэрал прыйшоў у тупiк. Што-ж рабiць далей? I самае найважнейшае: як-жа паказацца цяпер на вочы беларускаму грамадзтву? Гэта-ж справа ня простая. Сказаць, што Астроўскi выкiнуў яго, каб замянiць цёпленькiм маскалём, дык яно й ня выглядае так проста. Цi-ж шмат людзей ведала асноўную iстоту Астроўскага? Прост-напраст могуць не паверыць дый, чаго добрага, – падумаць, што Езавiтаў, нягледзячы на ягоны стаж у беларускiм вызвольным руху, ёсьць нейкi недарэка цi няздатнiк.

Астроўскi не манiўся распашырацца сярод зацiкаўленых прычынай, дзеля якой зрабiў зьмену на такiм важным становiшчы. Калi ня мог сказаць праўды, дык наогул лепш было прамаўчаць. Пэўна-ж, мог-бы тлумачыць, што Езавiтаў быў неэфэктоўны на сваiм становiшчы, што не стаяў на вышынi заданьня, што ў працы ягонай былi недахопы й падобнае, але Астроўскi выбраў маўчаньне. Магчыма, наўмысьля даў Езавiтаву нагоду, каб той мог уратаваць свой твар, дый ня сумляваўся ў тым, што стары заслужаны вайскавiк знойдзе шлях такога ратунку. I сапраўды, шмат перадумаўшы, генэрал Езавiтаў знайшоў ганаровы выхад з сытуацыi: зьявiлася вестка, што адмовiўся ён ад становiшча рэфэрэнта вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе з прычыны хваробы.

II

Канстантын Езавiтаў цярпеў на занядбаную правабочную грыжу. У апошнiм часе гэты анатамiчны дэфэкт пагоршыўся да тае ступенi, што ўнемагчымiў яму доўгае стаяньне, не гаворачы ўжо аб больш iнтэнсыўным хаджэньнi. Адылi стан хваробы нiяк не належаў да наглай катэгорыi, што вымагала-б безадкладнай апэрацыi.

У гарадзкiм шпiталi ў Фiнстэрвальдэ, што ляжаў прыблiзна сотню кiлямэтраў на поўдзень ад Бэрлiну, працаваў беларускi лекар Мiкола Шчорс, якi часьценька наведваў Бэрлiн, Беларускую Цэнтральную Раду й добра зьблiзiўся зь Езавiтавым. Шпiталь быў перапоўнены пераважна вайсковымi. Была добрая нагода зрабiць генэралу аперацыю пад наглядам i апекаю свайго чалавека.

Езавiтаў, цяпер пазбаўлены Астроўскiм свайго становiшча, хацеў пакiнуць Бэрлiн, дзе сваю прысутнасьць уважаў зусiм бязмэтнай. Мроiў аб тым, каб далучыцца да беларускiх адзьдзелаў у раёне Вайдэн каля колiшняй чэскай мяжы. Ясна, што ў гэткiм стане здароўя ня мог накiравацца ў вайсковыя адзьдзелы, дзе штодзённыя заняткi й розныя непрадугледжаныя выпадкi ў сувязi з ужо амаль пэўным развалам Трэцяга Райху вымагалi добрага здароўя.

– Братка, са сваёй грыжай я далёка не ўцяку, – гаварыў неаднойчы Езавiтаў Шчорсу. Генэрал меў на думцы ўцёкi ад бальшавiкоў. Усходнi фронт блiзу двух з паловаю месяцаў трымаўся на месцы й прабягаў лiнiяй Одры й Нiсы. Ад раёна Губэн, дзе былi перадавыя бальшавiцкiя пазiцыi, да Фiнстэрвальдэ было менш сотнi кiлямэтраў – такую адлегласьць танкавыя адзьдзелы маглi гуляючы прайсьцi за пару дзён. Нязьменнасьць усходняга фронту, а таксама й частыя нямецкiя гутаркi аб нейкай новай, яшчэ зусiм няведамай i жахлiвай зброi – "вундэрвафэ", што была апошняй надзеяй немцаў на перамогу, у вялiкай меры спрычынiлiся да таго, што генэрал Езавiтаў наважыўся выехаць у Фiнстэрвальдэ на апэрацыю.

Варта заўважыць, што Францiш Кушаль адраджваў генэрала ад гэтага. Калi-ж ужо Езавiтаў настойваў, дык камандуючы БКА раiў яму паехаць у Амбэрг, дзе жыла ягоная, Кушалева, сям'я, дзе было многа вайсковых шпiталяў i (мо самае галоўнае) непадалёк якраз знаходзiлiся беларускiя вайсковыя адзьдзелы з дывiзii "Беларусь". Цяжка ў гэты час было прадугледзець, што магло стацца на ўсходнiм фронце. Усе зацiкаўленыя, значыцца, перадусiм Езавiтаў, пасьля-ж Шчорс i Кушаль, не маглi ведаць, што бальшавiкi канчаюць сьцягваць вялiкiя запасы ваенных матэрыялаў i прадуктаў, каб неўзабаве пачаць вясеньнi наступ для канчатковага разгрому гiтлераўскае Нямеччыны. Кушаль даводзiў, што заўсёды iснавала небясьпека прарыву бальшавiкамi ўсходняга фронту й дзеля таго ў Фiнстэрвальдэ ехаць было рызыкоўна – больш мо навет, чымся заставацца ў самым зруйнаваным Бэрлiне. Генэрал Езавiтаў усё-ж наважыўся мець апэрацыю ў шпiталi, дзе працаваў Шчорс...

III

Генэрал апэраваны быў 15 красавiка 1945-га году ў Гарадзкiм Шпiталi Фiнстэрвальдэ. Дзесь на чацьвёрты дзень пасьля апэрацыi бальшавiкi пачалi генэральнае наступленьне ў раёне Губэн i Кюстрын. Весткi з фронту былi супярэчныя. Немцы цьвердзiлi, што бальшавiцкi наступ правалiўся. Адылi няшмат было наiўных, што iм верылi. Гарматны гул ня толькi ня сьцiхаў, але мацнеў i прыблiжаўся.

Лекар Мiкола Шчорс, што пiльна сачыў за пацыентам, мяркаваў, што няма чаго чакаць. Неадкладна трэба было даваць нейкую раду. У месьце знаходзiўся ад'ютант Езавiтава Яневiч, што быў амаль неадступным ценем генэрала. Быў ён вучнем Езавiтава з Латвii. Мiж iмi былi ледзь не сямейныя адносiны – як у бацькi з сынам. Пад рукою працаваў i знаёмы паляк, санiтар i шафёр, якога Шчорс добра ведаў яшчэ з Варшаўскага шпiталю. Паляк належаў да тых, якiм можна было давяраць.

Згодна з загадам нямецкiх уладаў, лекар Мiкола Шчорс ня мог пакiнуць шпiталь пад пагрозаю расстрэлу. Для ратаваньня Езавiтава трэба было шукаць iншых рук.

У Шчорсавага шэфа ў гаражы стаяла аж тры аўтамабiлi. Лекар мяркаваў, што адзiн зь iх можна для такой вялiкай неабходнасьцi пазычыць, тым больш што прыгаданы шэф дзесьцi часова адсутнiчаў. Гэткiм чынам прыдбаўшы нямецкае аўта "ДКВ", давялося адно палагодзiць iншыя сьпешныя фармальнасьцi. Да iх належала перадусiм выданьне Езавiтаву (на выпадак захопу яго бальшавiкамi) фiкцыйнага дакумэнту на прозьвiшча Я-га з Гораднi. Пасьведка была выпiсаная на блянцы Беларускага Варшаўскага Камiтэту задняй датаю. Ясна, што генэрал, як i Яневiч, што быў у мундзiры лейтананта, мелi дастаткова дакументаў для немцаў. Езавiтаў быў у цывiльнай вопратцы, а свой генэральскi мундзiр трымаў у чамадане.

Два беларускiя вайскавiкi селi на заднiм сядзеньнi. Паляк запусьцiў матор. Шчорс раiў iм ехаць проста на захад i нiдзе ня спыняцца. Ня трацiлi шмат часу на разьвiтаньне, бо было надта трывожна. "ДКВ" хутка згубiлася ў агульнай хвалi машын, што паўзьлi далей ад агню з усходу.

Пару дзён пазьней Мiкола Шчорс i ягоная нарачоная ўзялi самакаты, запакавалi, што мелi найбольш неабходнага, на багажнiкi й накiравалiся на захад. Кiлямэтраў сорак на паўдзённы захад ад Фiнстэрвальдэ ў малым мястэчку Эльстэрвэрдэ Шчорс зусiм прыпадкова сустрэў на вулiцы Езавiтавага ад'ютанта Яневiча. Той паведамiў зацiкаўленаму лекару, што генэрал знаходзiцца ў нямецкiм палявым шпiталi ў гатэлi пад апекаю вайсковых лекараў. Мiкола Шчорс наведаў той шпiталь i сьцьвердзiў, што ў пацыентаў сувязi зь нядаўнiм пераездам наступiла загнаеньне раны. Тэмпература даходзiла да 38-мi градусаў.

Зь хiрургiчнага гледзiшча загнаеньне раны пасьля апэрацыi нейкiм паважным ускладненьнем не зьяўляецца: прадаўжаецца працэс гаеньня й канчальнага аздараўленьня пацыента. Агульны стан здароўя Езавiтава, як пераканаўся Шчорс, быў зусiм здавальняючы.

Генэрал Езавiтаў i Яневiч паведамiлi Шчорсу, што немцы паабяцалi iх вывезьцi ў той-жа цi заўтрашнi дзень зь iншымi хворымi нямецкiмi вайсковымi на поўдзень Нямеччыны. Шчорс у гэты час ня ведаў, што бачыўся з Езавiтавым апошнi раз.

Ажно ў 1946 годзе, сустрэўшы Яневiча ў Нюрнбэргу, лекар даведаўся, што ад'ютант пакiнуў Канстантына Езавiтава на другi дзень пасьля Шчорсавай зь iм сустрэчы, некалькi гадзiн перад прадугледжанай эвакуацыяй шпiталя. Яневiч запэўнiваў, што пакiнуў генэрала згодна зь ягоным-жа ўласным жаданьнем таму, што нямецкiя ўлады адмовiлiся ўзяць Яневiча, як поўнасьцю здаровага чалавека, у санiтарны транспарт.

Гэткiм чынам лейтанант Яневiч быў апошнiм беларусам зь Беларускае Краёвае Абароны, што бачыў Езавiтава жыывым i вольным. Што далей сталася – няцяжка ўгадаць, узяўшы на ўвагу, што Яневiч пакiнуў генэрала Езавiтава ў апецы нямецкiх шпiтальных уладаў 22 цi навет аж 23 красавiка. Больш чым праўдападобна, што перадавыя бальшавiцкiя панцырныя калёны захапiлi нямецкi санiтарны транспарт, а ў лiку яго й Езавiтава, у дарозе. Трэба прыгадаць тут, што мясцовасьць, у якой Езавiтаў быў затрымаўся ў палявым шпiталi, знаходзiлася за нейкiх пяцьдзесят кiлямэтраў на паўдзённы ўсход ад места Торгаў над Эльбай, дзе перадавыя амэрыканскiя й бальшавiцкiя танкавыя калёны спалучылiся 26 красавiка 1945-га году.

Зь вялiкай насьцярожанасьцю аднесьцiся трэба да слоў Яневiча ў сьвятле таго, што выйшла наяву зараз пасьля сканчэньня вайны. Амэрыканская контрразьведка ў Нямеччыне ўстанавiла, што лейтанант Яневiч быў савецкiм агентам. Арыштаваць яго не пасьпела, бо ўцёк. Такiм чынам, найбольш праўдападобна, што Яневiч, да якога Езавiтаў адносiўся, як бацька да сына, якому поўнасьцю i абсалютна давяраў, неадступна цэлы час быў пры Езавiтаве, пакуль выдаў яго ў бальшавiцкiя рукi. Ня выключана, што й сам Яневiч не пакiнуў Езавiтава колькi гадзiн перад эвакуацыяй шпiталя з Эльстэрвэрдэ, як пазьней казаў Шчорсу, а трапiў да бальшавiкоў, а пасьля, атрымаўшы ўзнагароду ды новыя iнструкцыi, падаўся на Захад i знаходзiўся ў Заходняй Нямеччыне пасьля вайны аж да часу, пакуль амэрыканская контрразьведка яго не асачыла.

Наступная i ўжо апошняя вестка адносна долi генэрала Езавiтава была перададзеная па бальшавiцкiм радыё дзесь напрыканцы 1945-га году. Паводле яе, "здраднiк беларускага народу й радзiмы, фашыст Канстантын Езавiтаў быў засуджаны ў Вiцебску на кару сьмерцi праз павешаньне, й прысуд быў выкананы".

Чаму якраз у Вiцебску, а ня ў Менску? Цi-ж не таму адно, каб насыпаць беларускаму народу солi на сьвежыя балючыя раны, загубiлi маскоўскiя акупанты аднаго з найбольш заслужаных народных сыноў у месцы ягонага нараджэньня?

Гэткi фiнал бурнага, працавiтага й ахвярнага жыцьця аднаго з самых перадавых сыноў беларускага народу. Страта была яшчэ больш балючая пры ўсведамленьнi таго, што яе можна было-б пазьбегчы, калi-б ня iнтрыгi некаторых самалюбных i амбiцыйна хваравiтых людзей. Дзякуючы iм Езавiтаў знайшоўся ў найбольш крытычны час у найбольш небясьпечным месцы на ваеннай шахаўнiцы Эўропы – на шляху бальшавiцкiх панцырных калёнаў, што як мага сьпяшылi на Эльбу, каб навязаць кантакт зь перадавымi амэрыканскiмi адзьдзеламi.

Памiнаючы ролю Яневiча, якi зьявiўся адно дапаможным дзейнiкам, каб даставiць генэрала ў рукi Сталiна i ад якога, урэшце, апошнiя падзеi на фронце не залежалi, нельга памiнуць таго, што маральную адказнасьць за згубу генэрала Канстантына Езавiтава прыпiсаць трэба прэзыдэнту Беларусскае Цэнтральнае Рады Радаславу Астроўскаму, якi дзеля асабiстых парахункаў замянiў генэрала Езавiтава на зусiм прыпадковага чалавека, што нiчога супольнага зь беларускiм вызвольным рухам ня меў, на расейца – палкоўнiка Шувалава.

ДЫВIЗIЯ "БЕЛАРУСЬ" ПЕРАХОДЗIЦЬ ДА АМЭРЫКАНЦАЎ

I

15 красавiка 1945-га году дывiзiя "Беларусь", папярэдне абяззброеная, атрымала загад маршыраваць з ваколiцаў Ваергамэра на чэшскi бок Судэтаў. Пасьля колькiх дзён прабываньня там маёр Гэнэфэльд папрасiў да сябе падпалкоўнiка Кушаля й аб'явiў, што, згодна з загадам вышэйшага камандаваньня, войска мае заўтра на досьвiтку вымаршыраваць на поўдзень у кiрунку Пассаў. Кушаль мае весьцi дывiзiю, i (таму што самаход забраў палкоўнiк Шувалаў) яму будзе прыдзеленая параконная брычка. Сам-жа маёр Гэнэфэльд мусiць назаўтра зьявiцца ў вышэйшым штабе ды дагонiць дывiзiю пазьней у дарозе.

– А куды-ж дывiзiя перасоўваецца? – спытаў Кушаль.

– Я таксама ведаю, як i вы, – пацiснуў плячыма Гэнэфэльд. – Мне сказалi, што далейшыя загады атрымаеце ў дарозе.

Кушаль загадаў усiм адзьдзелам, уключна з абозам, каб заўтра ранiцою а гадзiне чацьвёртай былi гатовыя да маршу. У згаданы час беларускае войска вымаршыравала шашою ў кiрунку Пассаў.

Доўгая калёна праходзiла паўз штаб дывiзii, дзе раней памяшчалiся немцы. Быў гэта вельмi прыгожы будынак пры самай шашы. Ужо здалёк, едучы на сваёй брычцы, Кушаль заўважыў, як жаўнеры выбягалi з маршавае калёны, забягалiся ў будынак i пасьля сьпешна даганялi сяброў. Параўняўшыся з будынкам, камандзер заўважыў на фронце яго вялiкую шыльду, на якой на чэскай мове было напiсана "Выгляды". Паводле знадворнага выгляду й разьмяшчэньня "Выглядаў" можна было мяркаваць, што даўней была тут нейкая санаторыя цi нешта падобнае.

Калi Кушаль загадаў хурману затрымаць конi й для цiкавасьцi забегся ў вялiкi, на колькi дзесяткаў пакояў дом, перад ягонымi вачмi ў падвале зьявiўся наступны вобраз сярод шматлiкiх паразьбiваных скрынак з гарэлкай, каньяком, вiнамi, а таксама разнаякай емiнай (сыры, шынкi, цукар i хлеб) ледзь кiваўся на нагах падпiты палкоўнiх Шувалаў, а побач яго – культурна-асьветны й прапагандовы афiцэр БКА сп-р Лобiк. Пабачыўшы Кушаля, палкоўнiк Шувалаў не бязь цяжкасьцяў намагаўся прывесьцi да паслухмянасьцi ацьвярдзелы ад п'янкi язык.

– О-о-о! Господин полковник, как хоро... хорошо, что и вас бачым. Пожалуйте-ка, просим бардзо, будьте любез... – i граф iзноў перахiлiў уверх пляшку з каньяком.

– Што гэта ў вас за пiр i зь якой нагоды? – кiваў галавой, гледзячы на ап'янелых афiцэраў, камандзер дывiзii.

– Да вот германцы кинули тут эта всё, так разве можна ведь не позаботиться о сохранении? Да скажыце, калi ласка, разве можно ли? – бацяляўся на аслабелых нагах граф.

– А-а-а, понимаю, понимаю! – пераключыўся з усьмешкай на расейшчыну беларускi падпалкоўнiк. – Да и видно, вы уж очень усердно заботитесь о сохранении.

– Да вам-то что? Вы вот ведите дивизию, а мы вас из господином Лобиком догоним. Лишь надо позаботиться об разделении этих продуктов, да и только.

Шувалаў тыцнуў Кушалю ў руку пляшку каньяку й загадаў палажыць у хурманку паўмяха цукру. Кушаль пакiнуў двух апекуноў алькагольных напiткаў i харчовых прадуктаў у падвале. Прыабяцалi яму заладаваць частку харчоў на вазы й даставiць у дывiзiю. Сапраўды харчы, дзякуючы стараньням Шувалавага кумпана Лобiка, прывезеныя былi пасьля да Кушаля. Забралi iх хурманы з хваста дывiзiйнага абозу, што затрыманыя былi Лобiкам у "Выглядах", i пасьля дагналi галоўную калёну.

Нiводнага з тых алькагольных i харчовых "попечителей" не пабачыў больш падпалкоўнiк Кушаль да канца вайны. Шувалаў некуды змыўся сам, а ягоны кумпан Лобiк ужо пасьля сканчэньня вайны выхваляўся, што ў Аўстрыi зашыўся дзесь да маладое ўдоўкi й сядзеў там, колькi яму падабалася.

– Я, братцы, быў самы апошнi жаўнер зь беларускае дывiзii, што пайшоў да амэрыканцаў у палон.

Гэткая "баёвая вытрываласьць" лейтананта Лобiка сталася пасьля прадметам жартаў у тых, якiм шмат цяжэй давялося перажываць апошнюю фазу вайны.

II

Звыш дзьвюх тысяч беларускiх жаўнераў былi цалкам на адказнасьцi падпалкоўнiка Кушаля. Пры кожным батальёне быў нямецкi капiтан у якасьцi афiцэра сувязi, апрача таго, па пяцьдзесят вельмi добра ўзброеных нямецкiх жаўнераў. Пад час маршу беларусы пераканалiся, што нямецкая армiя таяла на iхных вачох. Па дарозе валялася шмат пакiнутай немцамi зброi, вазоў з амунiцыяй i iншымi ваеннымi рэчамi. Беларусы дазбройвалiся знойдзеным.

На другi дзень маршу пад вечар дывiзiя прыйшла ў Айзенштайндорф. Тут беларусы аканчальна пераканалiся, што палажэньне на фронце трагiчнае, нямецкая армiя неарганiзавана адступае цi проста ўцякае. Аброслыя, худыя немцы групамi й па адным валачылiся дарогамi, самi, мусiць, ня ведаючы куды. Адно войскi СС яшчэ трымалiся. Яны чынiлi самасуды над здэмаралiзаванымi жаўнерамi. Можна было назiраць шмат выпадкаў вешаньня эсэсаўцамi армейскiх афiцэраў, асуджаных за дэзэрцыю. Дывiзiя "Беларусь" пасоўвалася наперад, ня ведаючы, куды й чаго. Нiякiх загадаў у часе маршу падпалкоўнiк Кушаль не атрымаў. Можна было мяркаваць, што змыўся дзесь у бясьпечнае месца й сам маёр Гэнэфэльд.

Прааналiзаваўшы крытычную сытуацыю, Кушаль наважыў далей не маршыраваць, а даў загад спынiцца ў Айзенштайндорфе i чакаць выясненьня сытуацыi. Паклiкаў да сябе нямецкiх афiцэраў сувязi й заявiў, што дывiзiя далей ня пойдзе, а калi iм гэта не адпавядае, дык яны й нямецкiя радавыя маюць вольную руку. Гэтае абвешчаньне немцам Кушаль зрабiў у прысутнасьцi свайго штабу, што складаўся з капiтана Орсiча, старшага лейтананта С. i сяржанта П. Нямецкiя афiцэры абурылiся на беларускага камандзера й пагражалi, што ён будзе за гэта сурова пакараны. Пагрозы на Кушаля зусiм не падзейнiчалi. Дывiзiя пачала разьмяшчацца па кватэрах у Айзенштайндорфё й суседнiх вёсках. Так устанавiлася ў Нямеччыне першая беларуская акупацыйная зона.

Каля поўначы на вулiцы паднялiся крыкi й лаянка на нямецкай мове. Кушаль, пачуўшы гвалтоўны стук у дзьверы свайго пакоя, усхапiўся. Калi адчынiў дзверы, у пакой убег камандзер батальёну, ранейшы капiтан Чырвонай Армii Тамiла й адзiн зь нямецкiх капiтанаў. Тамiла скардзiўся, што немцы цiшком намагалiся забраць беларускi абоз i ўцячы, але ягоныя вартаўнiкi паднялi трывогу. Вось яны цяпер i прыйшлi да Кушаля на вырашэньне справы.

Падпалкоўнiк загадаў беларускаму капiтану, каб у выпадку патрэбы зброяй баранiў абоз, але каб немцы спакойна адыйшлi зь беларускае дывiзii. Iм меў быць выдадзены двухдзённы харчовы паёк i прыдзелена колькi хурманак для харчоў i амунiцыi. Нямецкi капiтан на гэта згадзiўся, i гэтай ноччу немцы аканчальна пакiнулi беларускую дывiзiю.

Кiлямэтраў за сем ад Айзенштайндорфа знаходзiлася невялiкае мястэчка Айзенштайн Маркт. Колькi беларускiх вайскоўцаў, пераапрануўшыся ў цывiльнае, былi высланыя туды Кушалем на разьведку. Вярнуўшыся, разьведчыкi прынесьлi трывожныя весткi. У Айзенштайн Маркце стаяць вельмi добра ўзброеныя адзьдзелы СС. Немцы, пакiнуўшы дывiзiю "Беларусь", паехалi туды й паведамiлi, што беларусы ўзбунтавалiся, у вынiку чаго эсэсаўцы наважылi напасьцi на беларускую дывiзiю й зьнiшчыць яе. Адначасна разьведка паведамiла, што непадалёк знаходзiцца адна дывiзiя генэрала Ўласава.

Атрымаўшы такiя весткi, Кушаль стаў перад праблемай: або баранiцца перад эсэсаўцамi самому, маючы малыя шансы на перамогу з прычыны вельмi значнай перавагi ворага ва ўзбраеньнi, або шукаць хаўрусу з уласаўскiм адзьдзелам. З двух дрэнных выйсьцяў выбраў другое й неадкладна паехаў шукаць камандзера расейскае дывiзii. Калi зьявiўся ў штабе, сустрэў яго ад'ютант i, папрасiўшы пачакаць, пайшоў далажыць. Праз колькi часу з кабiнета выйшаў нямецкi генэрал i папрасiў Кушаля заходзiць.

Камандзер уласаўскае дывiзii генэрал Мальцаў паходзiў зь сям'i расейскае iнтэлiгенцыi. Быў чалавекам адукаваным i добра выхаваным. Сярэдняга росту, шчуплы, з густой сiвой чупрынай на галаве, жывым выразам твару, энергiчнымi рухамi, быў ён у пяцiдзесятых гадох. Гаварыў хутка й ясна.

Пазнаёмiўшыся з Кушалем, запрасiў яго сесьцi пры стале. У абшырным пакоi сялянскай хаты, акрамя Мальцава й вышэйменаванага нямецкага генэрала, было яшчэ пару малодшых афiцэраў. Немец хутка выйшаў.

– Маглi-б вы паiнфармаваць мяне аб палажэньнi на фронце, а таксама выказаць вашу думку адносна нашай сытуацыi? – пачаў Кушаль.

– Я быў-бы вельмi рады, калi-б вы маглi гэта зрабiць. Я нiчога ня ведаю, адказаў, усьмiхнуўшыся, Мальцаў.

– Што-ж вы думаеце рабiць? – пытаўся Кушаль.

– Я думаю... ды не, не. Можа, вы сказалi-б мне, што самi думаеце рабiць.

– Магу вам давяраць?

– Поўнасьцю.

– На маю думку, нiчога нам не застаецца, як прабiцца празь нямецкi фронт i далучыцца да амэрыканцаў, – ня зводзячы з Мальцава вачэй, адказаў Кушаль.

– Правiльна, зусiм правiльна, – ажывiўся Мальцаў i борзьдзенька захадзiў па пакоi. – Я вельмi рады, што вы з намi адной думкi. Цяпер скажу вам больш. Я ўжо навязаў лучнасьць з камандзерам амэрыканскага корпусу празь людзей, якiя гарамi й лясамi пераходзяць цераз фронт туды й назад. У даны час дамаўляюся аб канкрэтным месцы й часе прарыву нямецкага фронту.

– А цi ведае аб гэтым той нямецкi генэрал, якога я бачыў нядаўна тут у вас у кабiнеце?

– О, гэты, – усьмiхнуўся расеец, – ён у мяне афiцэрам сувязi зь нямецкiм штабам, ведае аб маiх плянах i салiдарызуецца з намi поўнасьцю.

– Маглi-б вашы перамоўнiкi весьцi перамовы з амэрыканцамi й ад майго iмя дзеля пераходу беларускай дывiзii?

– Ды чаму-ж не! Дзьве дывiзii – не адна. Гэта будзе яшчэ лепш. Нам лягчэй удасца.

– Дык будзьце добрыя тады...

– Абавязкова. Неадкладна загадаю. Ня турбуйцеся.

Пасьля гэтага Кушаль i Мальцаў абмяркавалi праблему супольнае абароны ў выпадку атакi эсэсаўцаў з суседняга мястэчка. Мальцаў паабяцаў, што калi эсэсаўцы нападуць на беларусаў, ён адкрые па немцах агонь з цяжкiх кулямётаў i артылерыi. На тым гутарка скончылася.

Вярнуўшыся ў сваю дывiзiю, Кушаль загадаў сабраць усiх афiцэраў i падафiцэраў. Паiнфармаваў сабраных аб палажэньнi, аб пагрозе з боку нямецкiх эсэсаўцаў ды аб сваёй умове з камандзерам уласаўскае дывiзii. Загадаў неадкладна правесьцi зборкi ў адзьдзелах i расказаць аб гэтым радавым. Быў прыемна зьдзiўлены, пабачыўшы на вопратках амаль усiх жаўнераў Ярылавы крыжы й "Пагонi" замест нямецкiх адзнакаў.

Першы батальён, што быў закватараваны найблiжэй Айзенштайн Маркта (iм камандаваў капiтан Ч.), узяў абавязак выставiць моцную палявую варту й патруляваць ваколiцы аж да самага мястэчка.

III

29 красавiка зьявiўся ў Кушаля пасланец ад Мальцава й перадаў яму лiст. Расеец прасiў беларускага камандзера, каб разам са сваiм камандным афiцэрскiм корпусам прыехаў у ягоны штаб на пiльную нараду. Беларусы не марудзiлi. Калi зьявiлiся ў Мальцава, той, спасьцярогшы беларускiя вайсковыя адзнакi на мундзiрах, сказаў:

– Вот вам, господа, и Лига наций.

Некаторыя з прысутных расейцаў усьмiхнулiся.

На супольнай нарадзе ўласаўскi камандзер падаў да ведама, што ўжо канчаткова дамовiўся з камандзерам амэрыканскага корпусу аб пераходзе цераз нямецкi фронт 30 красавiка. Абедзьве дывiзii маюць iсьцi шашой Айзенштайн Маркт – Цьвiзэль, а ў часе пераходу амэрыканскiя паветраныя сiлы й артылерыя будуць абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Начальнiк штабу Мальцава прачытаў дакладны парадак маршу й плян бою, калi-б немцы спрабавалi ставiць супрацiў.

Дзень 30 красавiка быў сонечны й бязьветраны. Ранiцою абедзьве дывiзii ўпарадкавалiся ў доўгую маршавую калёну са сваiмi камандзерамi на чале кожнай i рушылi ў кiрунку Айзенштайн Маркта i Цьвiзэля. Кожны батальён дывiзii "Беларусь" нёс разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг.

Пасьля трохгадзiннага маршу Кушаль пачуў ззаду сiгнал самаходу. Калi аўтамабiль параўняўся зь беларускiм камандзерам, той заўважыў у iм праз вакно таго самага нямецкага генэрала, якога кагадзе бачыў у штабе Мальцава. Самаход дасягнуў уласаўскага генэрала наперадзе, i ўся калёна затрымалася. Чакалi амаль паўгадзiны. Раптам чало адзьдзелу расейцаў завярнулася й накiравалася па шашы назад.

– Што здарылася? – спытаў Кушаль Мальцава, калi той затрымаўся каля яго.

– Мой афiцэр сувязi генэрал Ашбэрг атрымаў ад Андрэя Андрэевiча (Уласава) радыяграму паўстрымацца зь пераходам да амэрыканцаў, аж пакуль ён не загадае. Бачыце, мушу паслухацца загаду свайго начальнiка. Казаў мне iсьцi вунь у тыя вёскi, – Мальцаў паказаў на адлеглую на пару кiлямэтраў мясцовасьць на ўсход ад шашы, – там маем закватаравацца й чакаць далейшага.

– Цьфу, прападзi ты, гэткi хаўрусьнiк! – ледзь не вылаяўся беларускi падпалкоўнiк. – Давайце кiнем уласаўцаў i маршыруем самi, – сказаў свайму начальнiку штаба капiтану Орсiчу. Орсiч нiчога не адказаў.

Тым часам над доўгай калёнай войска ўверсе пачалi кружыць амэрыканскiя разведвальныя самалёты. Сытуацыя была крытычная. Небясьпечна было самiм беларусам без простай сувязi з амэрыканцамi iсьцi ў няведамае. Беларуская калёна атрымала загад завярнуць назад. Маршыравалi каля дзьвюх гадзiн. Iзноў ззаду пачуўся сiгнал, i войска абмiнуў апрануты ў цывiльнае чалавек на матацыкле. Затрымаў генэрала Мальцава й перадаў яму пакет. Калёна зноў спынiлася.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю