Текст книги "Змагарныя дарогi"
Автор книги: Кастусь Акула
Жанр:
Биографии и мемуары
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 38 страниц)
Адно пачалi дакучаць вошы. Доўгiмi гадзiнамi, калi не было пагрозы ад немцаў, былыя менскiя кадэты займалiся вынiшчэньнем дакучлiвага ворага. Адны, здзеўшы кашулi, клалi iх на камень i бiлi другiм камянём зьверху. Другiя-ж знаходзiлi большую забаўнасьць, палюючы па швах i па рубчыках.
IV
– Але ты ведаеш, мусiць, дарма хваляць французаў як добрых кухараў, казаў Вiктар Сянькевiч Лабуну, якi сядзеў побач. – Яны-ж бульбу ня ўмеюць зварыць. Сыраватую прынесьлi.
– Я спасьцярог, што яны ня сцэджваюць, як звараць, а так i пакiдаюць у гарачай вадзе. Пасьля выцягваюць i адразу ядуць. Таму яна й ёсьць такая вадзянiстая, – спасьцярог Лабун.
– Мусiць, няма большых спецыялiстых ад бульбы, чымся беларусы, – дадаў Сянькевiч.
Абодва сядзелi пад дрэвам на ўскраi лесу. Навокал быў чуваць гоман iншых сяброў. Вось французы толькi што раздалi гарачую, недавараную бульбу й сыр (хутчэй нейкi камяк з тварагу, чымся сыр) на абед. Ужо тры днi трымаюцца яны пры гэтай вёсцы. Перайшлi сюды цераз галоўную дарогу. Ледзь немцы iх не спасьцераглi, хоць i было тое ўночы. Сярод макiсаў знайшоўся тут у сярэднiм веку маскалёк, якi пару дзён iмi "апекаваўся". Гэта маскалёк расказаў Вiктару Сянькевiчу, што макiсы тут наагул былi слаба актыўнымi, нiколi лiшняй адвагай не грашылi, надта ў бой ня кiнулiся-б. Адно былi пасыўнымi працiўнiкамi акупанта, хаця й зброi мелi цi мала. Вось такую работу, як, прыкладам, прыхiнуць дэзэртыраў iншых нацыянальнасьцяў, асаблiва-ж памагчы ўцекачам-палонным – гэта было па iхняй спецыяльнасьцi. Беларусы былi для iх навiною, але таму, што самi пакiнулi немцаў i прыйшлi ваяваць на гэты бок адразу сталiся прыяцелямi.
Той маскалёк расказаў Вiктару Сянькевiчу, што калi-б немцы ў гэтай вёсцы наскочылi неспадзеўкi, то трэба бегчы ў паўночны бок у лес каля гораў, дзе ёсьць вялiкая "яма", у якую льга добра схавацца. "Яма" ў будучынi выдатна памагла Вiктару Сянькевiчу ў распазнаньнi вёскi.
У той момант, трымаючы ў правай руцэ недавараную бульбiну, а ў левай камяк сыру, Сянькевiч паволi перажоўваў адно й другое ды нi аб чым надта ня думаў. Воддаль была вiдаць польная дарога, непадалёк – хаты малой вёскi. Дзень быў пагодны. Дакучалi крыху намуленыя ногi, й Вiктар пачаў меркаваць, цi ня лепш ськiнуць чаравiкi ды даць нагам адпачыць, праветрыцца. Шкарпэткi былi амаль гнiлыя. У левым чаравiку падносак адстаў ад скуры i ўбаку вiдаць была шчэрбiна. Бадзяючыся часьценька па мокрадзi, не ўсьцеражэшся ад вады. Дык Вiктар цяпер i мяркаваў, цi не паськiдаць чаравiкi й праветрыць шкарпэты. Ужо глядзеў, дзе тут побач палажыць бульбiну й той сыр ды ўзяцца разувацца, як раптам непадалёк на польнай дарозе вырас, быццам тая дамавiна, з чорным крыжом на баку нямецкi танк. За iм паўзло яшчэ некалькi. Першы зь iх неадкладна пачаў пляваць агнём.
Вiктар Сянькевiч не памятаў, калi i як сарваўся зь месца й пусьцiўся наўцёкi. Хутка натрапiў на нейкую канаву й мерыў адлегласьць, колькi меў сiлы. Побач, стараючыся не застацца ззаду, соп Каравы.
– Бяжым налева! – крыкнуў той Сянькевiчу.
– А мо лепш направа? Га?
Налева вiдаць былi нейкiя зарасьнiкi, быццам балота, а направа было сушэй. Вiктар Сянькевiч, доўга не думаючы й не зважаючы на спадарожнiка, кiнуўся направа. Па некаторым часе заўважыў, што нiхто зь iм не бяжыць. Уся група кiнулася ў тым кiрунку, куды пабег Каравы.Нямецкiя танкi, пастраляўшы ды спасьцярогшы, што ў балотныя зарасьнiкi рызыкоўна ехаць, завярнулi й паехалi сваёй дарогай. Усе аддыхнулi лягчэй. Толькi Вiктар Сянькевiч, адбегшыся ад цэлай групы, не ведаючы, што сталася, наважыў iсьцi сваёй сьцяжынай наперад. Празь нейкiх пяцьдзесят мэтраў натрапiў на дарогу. Многа ня думаючы, зiрнуў у бакi й шпарка пераскочыў яе. Прайшоўшы яшчэ мэтраў трыста, Сянькевiч пачуў галасы, што гаварылi па-нямецку. Ён бухнуў у густа зарослую канаву ды падлез пад вялiкi куст, што адначасна служыў сховiшчам ад людзей i быццам парасонам ад дажджу, якi зараз пачынаў цярушыць. Прылiп да зямлi й затаiў дыханьне, хоць у гушчары ня было чаго баяцца: цяжкавата было-б некаму спасьцерагчы малога юнака. Сянькевiч выразна чуў галасы нямецкiх артылерыстаў. Зь iхняй размовы здагадаўся, што поблiзу стаяла процiлятунская гармата. Як доўга ляжаў Вiктар сам не патрапiў-бы сказаць. З надыходам ночы асьмелiўся выкарабкацца й зашыцца ў гусьцейшыя кусты, прымасьцiцца на сушэйшым, каб праседзець там мо й цэлую ноч. Толькi цяпер намацаў у кiшэнi тую недавараную бульбiну, якую перашкодзiлi ў супакоi даесьцi нямецкiя танкi. Астылая й развадзянелая, смакам нагадвала, як здалося Сянькевiчу, мокры грыб. Але, як казаў той, кiшкi марш гралi, дык не ганьбаваў-бы й другой такой бульбiнай, калi-б знайшлася пад рукой. Каля поўначы побач прайшлi немцы. Яны голасна гутарылi i йшлi з настаўленымi ад дажджу каўнярамi ды глядзелi пад ногi, дык Вiктара й не заўважылi.
АДГАЛОСКI
I
Калi-б вы належалi да тых шчасьлiвых, што маюць час i грошы падарожнiчаць дзеля прыемнасьцi ў мiрны час, i калi-б апынулiся ў Францыi, варта было-б заглянуць i ў Эльзас. Можа, мы й ня зусiм дакладна кажам. Варта было-б заглянуць у Эльзас у тым выпадку, калi вы маеце асалоду любавацца прыгожымi краявiдамi й тым больш, калi зьяўляецеся садоўнiкам або, прынамсi, любiце сады. Тут-жа й засьцерагаемся. Калi-б вы ехалi зь Мюльгаўзэна на поўнач, варта было-б ехаць паволi, мо навет не цягнiком цi аўтамашынай, проста самакатам ды сям-там i затрымацца, каб нацешыцца й налюбавацца гэтай краiнай. Варта наведаць яе ў жнiўнi й пры добрай пагодзе.
Воддаль на колькi дзесяткаў кiлямэтраў на ўсход i на захад шашы, раўналегла да яе, расьцягнулiся апранутыя лёгкiм блакiтам ланцугi гораў. На захадзе – Вагезы, на ўсходзе – крышку далей за Рэйнам – Шварцвальд. Лёгка вышчарбленымi грабянямi вырысоўваюцца яны на спакойным, бясхмарным, залiтым сонцам гарызонце. Вы, можа, затрымаецеся на дарозе й пачнеце ўгадваць, якая адлегласьць ад аднаго да другога горнага ланцуга. Можаце лёгка памылiцца. Трэба ўзяць на ўлiк, што абодва грабянi гораў акаймляюць падоўжаную, роўную, як стол, нiзiну па абодвух баках Рэйну.
Выехаўшы з Мюльгаўзэна й пасоўваючыся ў паўночным кiрунку, якiх дзесяць пятнаццаць кiлямэтраў будзеце праязджаць праз лясы акацыяў, клёнаў, таполяў, грабаў i дубоў. Калi-ж вы беларус i пачнеце шукаць тут вольхаў цi бярозаў дарэмныя будуць шуканьнi. Мiнуўшы лясы, вы будзеце пасоўвацца па роўненькай нiзiне. Да вас будуць усьмiхацца чырвоныя й жоўтыя сьпелыя яблыкi, усялякiх родаў грушы, жоўценькiя й цёмна-сiнiя сьлiвы, а часта сустрэнеце й вялiзнае, як дуб, разложыстае галiнамi ўверсе дрэва, на якiм растуць iтальянскiя арэхi. Па баках шашы, можа, пачнеце лiчыць высокiя платы вiнаграду. Дарэмна: iх тут такая маса, што ўсялякi лiк страцiш. Цяжкiя й сытыя галiны вiнаградных ягад аж просяцца, каб iх пакаштаваць. У iншым месцы позiрк ваш затрымаецца на высокiм ураджайным полi кукурузы. У бальшынi гэта кукуруза кармавая, якую ўзiмку так любiць усякая хатняя жывёла. Там-сям натрапiце на загон пшанiцы, жыта цi бульбы, але, параўноўваючы колькасьць агульнай плошчы, занятай гэтымi культурамi, пэўна, зацiкавiцеся, цi мясцовыя жыхары часам не харчуюцца больш яблыкамi, грушамi, сьлiвамi й вiнаградам, чымся жытнiм цi пшанiчным хлебам. А вось гэтыя вялiкiя расьлiны з надта шырокiмi лiсьцямi, што цяпер мiнаеце, табака. Яе тут надта шмат.
Побач дарогi заўважыце моцныя, ужо добра зьверху пазарастаныя й амаль непрыкметныя бункеры: гэта зьвяно лiнii Мажыно. Высокiя шкiлеты жалезных слупоў трымаюць на сваiх вярхах таўстое павуцiньне электрычных правадоў. Па iх электрычная энэргiя бяжыць з электрастанцыяў з Альпаў i Вагезаў у фабрыкi й памешканьнi Мюльгаўзэна, Кольмара й Штрасбурга.
Калi-б вам пашанцавала ў залаты пагодны жнiвеньскi дзень узыйсьцi дзесь на якi ўсходнi схiл Вагезаў i кiнуць вокам на ўсход, прылiпнеце нагамi да свайго месца на доўгi час. Бо хiба-ж не захочаце налюбавацца той цудоўнай панарамай, што перад вамi раськiнецца? Пад нагамi зялёным дываном разаслаўся суцэльны сад, паперасяканы блiскучымi асфальтавымi стужкамi дарогаў. Мiж каронаў высокiх разложыстых дрэваў i сьпiчастых таполяў адрозьнiце чырвоныя стрэхi эльзаскiх вёсак; над кожнай зь iх абавязкова дамiнуе высокая вежа гатыцкай сьвятынi. Сярод гушчы зеленi вашае зыркае вока лёгка ўгледзiць высокiя комiны й цёмныя карпусы фабрыкаў Мюльгаўзэна й Кольмара. I тыя дымныя комiны, i шэрыя фабрыкi здадуцца вам зусiм не на месцы ў гэтым пладавiтым велiзарным эльзаскiм садзе. Вока хоча цешыцца зеленьню й прасторам. Грудзi з насалодаю ўцягваюць сьвежае горнае паветра, а зрок павандраваў гэтак далёка – аж да блакiтна-туманнага хрыбта Шварцвальда за Рэйнам. Вы ў такую хвiлiну зьяўляецеся шчаслiвым чалавекам i будзеце дзякаваць Творцу за тое, што маеце магчымасьць напiвацца асалодай аднаго з найпрыгажэйшых вобразаў Ягонага тварэньня.
Але вы, здаецца, знаходзiцеся не ў Вагезах, а на дарозе й наблiжаецеся да вёскi. Уязджаючы ў яе, пэўна-ж заўважыце на правым баку вялiкую статую Збавiцеля або сьв. Дзевы Марыi i, калi вы набожны чалавек, з пакораю сьхiлiце галаву. Чырванастрэхiя, крытыя дахоўкай, тынкаваныя дамы гусьценька абступiлi па абодвух баках вулiцу. Некаторыя зь iх маюць так званыя тырольскiя сьцены, iншыя-ж схавалiся – абрасьлi дзiкiм вiнаградным жываплотам.
Вы, пэўна, ужо не адну гадзiну ў падарожжы й дзеля таго спынiцеся ў мясцовай гасподзе, дзе перш за ўсё замовiце адборнага вiна, каб адагнаць смагу. Сядайце за стол i раскашуйцеся, на колькi дазваляе ваша падарожная кiшэня. Эльзасцы – народ бывалы, турыстаў ведаюць: накормяць, напояць i прыхiнуць.
II
Але мы ня турысты, кiшэнi ў нас пустыя, i час ваенны. Калi-б нам раптам i прысьнiлася, што падарожнiчаем на ўлоньнi мiрнае прыроды дзеля свае асалоды, нядоўга будзе трываць уява. Пагоднае залатое жнiвеньскае цi верасеньскае неба падняло зь няпрыяцельскiх лётнiшчаў цэлую масу ангельскiх ганчакоў "спiтфаераў" i амэрыканскiх "мiчэляў". Пэўна-ж, яны ня кружаць над эльзаскай раўнiнай, каб пры-глядацца чупрынам яблыняў, слiваў цi лiчыць зьверху платы густых вiнаграднiкаў. Шпаркiм лётам снуюць над дарогамi, пiльна сочаць усякi рух адзьдзелаў пад загадамi Трэцяга Райху, цяжкiм грукатам зь лёгкiх гарматак частуюць тых, што былi настолькi неасьцярожнымi, каб у такi сонечны й выгадны для паветраных сiл дзень асьмелiцца ўжываць мясцовыя шляхi зносiнаў.
А гарматкi тыя ня звычайныя. Яны пасылаюць ускосным ланцугом унiз рой вiсклiвых цяжкiх куляў, што пры сутычцы з цвёрдым прадметам – цi гэта садовае дрэва, нямецкая вайсковая аўтамашына, цi мякаць чалавечага цела, або навет i конiка дванаццатае роты – iрвуць аб'ект на сотнi дробных кавалкаў. Кулi тыя завуцца бом-бом, i калi адна, не дай Божа, трапiць у вас, не знойдзеце ратунку. Адно добрае – канец ваш будзе хуткi, бо надта хутка сплывеце крывёю. Дый самае грукатаньне гарматак цяжкое й дэмаралiзуючае. Навет калi й ня вы, а нейкi сусед знойдзецца пад абстрэлам, вы ўсё-ж не на жарты перапалохаецеся. Грукат той скалане вас да самай глыбiнi, моцна патрасе вашы й так ужо напружаныя, а мо й зусiм зьнячуленыя нэрвы. У той момант будзеце праклiнаць хвiлiну, калi вам уздумалася цi было загадана якраз у сонечны дзень апынуцца на гладкай эльзаскай дарозе. Мо на адзiн мiг уявiце, як слаўна было-б, калi-б побач раней яшчэ нехта нарыхтаваў ямку, каб вы маглi цяпер гоцнуць у яе й перачакаць небясьпеку. Але вам кажуць iсьцi далей, i йсьцi трэба. Бо вы-ж ня турысты, й час цяпер ваенны. Бывае, што гэтыя ганчакi апоруць вялiкую ваенную калёну. Як-жа заядла зачнуць яе рваць на дробныя кавалкi, мясiць! Хавайся, хто жывы! Эльзаскi сад, перапоўнены грукатам, узрывамi, сьвiстам, стогнамi й енкамi, замяняецца ў пекла.
Вунь далёка на захадзе ў Вагезах два штурмавiкi "спiтфаеры" дзяўбуць нешта ўжо на працягу гадзiны. Хутчэй за ўсё разбiваюць мост або нейкi доўгатрывалы абаронны пункт. Вось адзiн зь iх шырокiм лукам закружыў над мэтаю й, адляцеўшы на пару кiлямэтраў, набiраючы iмпэту, зноў прыблiжаецца да яе. Вось ужо ён далятае i, быццам той каршун, падае раптоўна на ўгледжаную здабычу. Вам здалёк здаецца, што ён зараз разаб'ецца аб горы – так нiзка прыблiзiўся да зямлi. Але не. Раптоўна пад вострым кутом адрываецца й ня мiнае дзесяцi часiнаў, як да вушэй вашых далятае перш скугольны енк, а потым глухi й адрывiсты гук цяжкога ўзрыву. Гэта "спiтфаер"-штурмавiк паслаў у аб'ект яшчэ адну бомбу. А вунь ужо й другi пачынае раптоўна падаць унiз. Другая бомба крышыць назначаны аб'ект.
Вам здаецца, што два самалёты, проста забаўляючыся, дзяўбуць здабычу. I ня дзiва. Нiдзе навокал не пабачыце нiводнага нямецкага самалёту. "Люфтваффэ" дажывае апошнiя месяцы. Ёй не хапае палiва, паветраных апаратаў, лётнiкаў. Дзеля таго й забаўляюцца ангельскiя штурмавiкi над эльзаскiм садам.
Бывае, што яны забягуцца, каб пацiкавiцца, што робiцца за Рэйнам. Там ужо забава цяжэйшая. Нямецкая супрацьлятунская артылерыя пачынае раптоўна пляваць у блакiтныя высi з дзесяткаў хуткастрэльных гарматаў. Снарады ўзлятаюць у неба й там iрвуцца на шмат дробных кавалкаў. Здаецца вам, што нехта б'е малаткамi па пустых чарапах. Немцы, вiдаць, умацоўваюцца й наважылiся баранiцца на Рэйне. Пэўна, спадзяюцца, што рака яшчэ раз выканае ролю добрае натуральнае абароны Нямеччыны з захаду, як рабiла ўжо цi раз у мiнулым.
Але вось з усходу чуваць магутны гул. Дрыжыць i стогне зямля. Гул мацнее й блiжэе. Гэта сотнi хаўрусьнiцкiх бамбавiкоў вяртаюцца з рэйду на Нямеччыну. Цяпер яны ўжо, як вокам сягнуць, пакрываюць лёгкаблакiтнае верасеньскае неба. Якая-ж iх маса! Не пералiчыш! Яны сягоньня поўныя валадары нямецкага неба, а заўтра – пераможанага нямецкага народу.
III
Можа, у мiрны час войска стаiць i школiцца на месцы ў якiмсьцi абозе цi, як яшчэ даўней, у цьвярдынi. Можа, тым, што стаяць доўгi час на адным месцы, брыдзее штодзённасьць, можа, яны хочуць даўгiх маршрутаў, зьмены месцаў, новых абставiнаў. Адылi вайною дакучае пяхотнаму жаўнеру сталая валакiта. Цэлымi месяцамi ня ведае ён утульнай цяплынi бараку, супакою рутынна-манатоннага жыцьця вайсковага вабозу. Вялiкая й бязьлiтасная ваенная машына кiдаецца iм, быццам вецер, лёганькай пярынкай. Сяньня, кладучыся спаць, ён ня ведае, дзе будзе наступны яго супачынак.
Надта цешылiся жаўнеры дванаццатай роты, калi, нарэшце, пасьля даўгой дарогi, што пачалася ад Альбрэхтаў, спынiлiся над нейкiм каналам на поўнач ад Мюльгаўзэну й даведалiся, што тут даўжэйшы час давядзецца затрымацца.
– Значыцца, мы й дома, – гаварыў нехта, усьмiхаючыся.
– Покуль што дома. Адно – покуль што... – адказаў iншы.
Бесьперапыннае падарожжа ня было адзiным няшчасьцем дванаццатай роты, што ад гэтага часу якiмсьцi загадам перамянiлася ўжо ў шостую. (Мусiць, думалi рэарганiзаваць дывiзiю.) Асноўным ворагам быў голад. Вось ужо мiнула два днi, як жаўнеры не атрымлiвалi нiякiх пайкоў. Жылi пераважна садавiнай i бульбай. Калi з Кольмару прывезьлi хлеб, людзi ўсьцешылiся, бо надарылася магчымасьць прыпомнiць, як ён смакуе.
Уявiце сабе, зь якой урачыстасьцю дзялiлi колiшнiя кадэты той "фарфлюктар". Перш трэба было падзялiцца ўсiм на групы па сем чалавек у кожнай, бо бохан хлеба выпадаў на сямёх. Гэтак сабралася сем чалавек, што накiравалi свайго найбольш даверанага сябру пайсьцi прынесьцi харчы. Пайшоў чалавек з коцам пад пахаю, а шасцёрка стаiць ззаду й чакае на ўрачыстасьць. Вяртаецца сябра i ў перакiнутым цераз плячо коцы нясе штосьцi ды аж прыгiнаецца, быццам ад цяжару вялiкага. Хлопцы сустракаюць яго сьмехам. Смяяцца-ж трэба, бо сьмех трымае цябе пры жыцьцi, гумар дадае сiлаў i вытрываласьцi.
Гэтак выбраны харчавы зь вялiкаю павагай, паволi кладзе на травiцу коц ды надта-ж асьцярожна разгортвае яго.
– Увага, хлопцы, увага! – падняўшы ўверх паказальны палец правае рукi й зрабiўшы позу, быццам той сьвятар на казаньнi, пачынае ўзьнёслым тонам. – У гэты ўрачысты момант, з ласкi самага добрага й ласкавага "фюрэра", вы маеце магчымасьць прыглядацца харчавому прадукту – гэтак званаму хлебу. Усе помняць, што такое хлеб i як яго есьцi?
З уданым зьдзiўленьнем, цесна абступiўшы харчавога, шасьцёрка маўчыць.
– Дык пытаюся яшчэ раз: цi ўсе ведаюць, што такое хлеб? Цi вы ўжо зусiм адвыклi ад яго й прывыкаць ня хочаце?
Сем пар вачэй упiваюцца ў падсохлую, чарнявую, быццам зямля, крохкую малую буханку хлеба, што ляжыць пасярод коца.
– Хлеб? – пытаецца адзiн з грымасай.
– Хлеб, кажаце? Запраўды ён?
– Гляньце, хлопцы! Далiбог, мусiць, хлеб!
– Ня можа быць!
– Як-жа не! Зiрнi вунь на гэны аб'ект. Да чаго ён падобны?
– Да цэглы.
– Эш, дурань ты. Гэта-ж хлеб!
– I хто-ж дасьць таму веры? Дай лепш панюхаем, цi запраўды ён, i тады будзем ведаць напэўна. – Гэтак сказаўшы, аўтар словаў намагаецца ўзяць баханку.
– Прэч, нячыстыя рукi! – крычыць харчавы i зноў зь вялiкай пашанай кладзе хлеб на месца. – Ёсьць якiя прапановы?
– Засушыць цэлую баханку, надзець на завостраны калочак i трымаць перад вачыма ўсiх ува ўсе часы дня й ночы, каб нiколi не забывалiся, як выглядае хлеб! – прапануе адзiн.
– Эх, братка, i зварыла-ж галава твая! Дык уночы-ж нехта ўкрадзе й зьесьць.
– Як украдзе? Вартавога паставiм!
– Дык вартавы й зьесьць, каб хутчэй варту мог скончыць i йсьцi спаць.
– Разумна гаворыш.
Усе дружна рагочуць.
– Дык ты-ж, харчавы, не марудзь надта. Дзялi ўжо.
– Усе згаджаюцца? – пытае харчавы.
– Дзялi! Дзялi! – крычаць.
– Добра, – кажа харчавы. – Воля народу – воля Бога. Калiсь Хрыстос надзялiў некалькiмi баханкамi колькi тысяч чалавек, а я-ж спадзяюся, што гэтай баханкай нас сямёх задаволю. Цьфу! Цьфу!
Харчавы быццам плюе на далонi й зь вялiкай павагаю закасвае рукавы, а хтосьцi ўжо падсоўвае яму нож. Нагiнаецца над баханкаю хлеба, вокам вымярае таўшчыню кавалкаў i пачынае рэзаць. Усе, нахiлiўшы галовы, уважна сочаць кожны рух нажа.
– Ты-ж глядзi, хаця ня крышы, – перасьцерагае нехта.
– Ня бойся. Нiводная макулiнка не змарнуецца.
Баханка ўжо парэзаная. Раптам рука з нажом павiсае ў паветры над парэзанымi кавалкамi. Харчавы вiнаватым позiркам акiдвае таварышоў.
– Ээээээ! Дык што-ж ты да сямi лiчыць не ўмееш?
– А дзе-ж ты двух падзеў?
– Браточкi, вiнаваты! – апраўдваецца харчавы з пакаяньнем. – I як гэта сталася, што пачынаў дзялiць на сем, а выйшла толькi пяць?
– Ты-ж скажы.
– А мо хто ня хоча хлеба?
– Хто не хоча хлеба? Руку ўверх!
Маўчаньне. Па тварах бегаюць усьмешкi.
– Э, браткi, – цярэбiць заклапочана галаву харчавы, – мусiць, мне давядзецца цяпер паварушыць мазгаўнiцай, як тут зь пяцi сем склеiць.
– Ну, дык хутчэй варушы, ды ўжо-ж надта не марудзь, бо зашмат мы возiмся.
Харчавы доўга мяркуе, нажом значыць палоску на кожным кавалку, пасьля адразае. Стараецца з малых кавалачкаў злажыць вялiкiя. Выходзiць нядрэнна. Амаль усе кавалкi роўныя.
– Ну, як? – пытае, акiдваючы ўсiх пераможным поглядам.
– Удала, удала! – апрабуе адзiн.
– Дзялi ўжо маргарыну! – спанукае iншы. Паўтараецца той самы працэс з маргарынай i мармалядай. Нарэшце ўсё падзелена, й кожны бярэ свой паёк.
– Ну, вось, браткi, – зноў гаворыць харчавы, – цяпер застаецца вам толькi вырашыць пытаньне, цi гэты так званы хлеб кожны з вас мае праглынуць за адзiн раз, цi захаваць кавалачак на памятку. Але гэта ўжо справа кожнага з вас паасобку.
IV
У аўторак 12 верасьня на новым месцы пастою адбылася зборка цэлага батальёну, да якога належала шостая (раней дванаццатая) рота. Толькi цяпер, ужо пасьля пераходу людзей да макiсаў i пасьля нямецкiх рэпрэсiяў, можна было заўважыць, як пахуднеў батальён.
Найбольш беднай выявiлася шостая рота, хаця й iншыя паменшалi. Тэмаю зборкi была адозва камандзера дывiзii Зiглiнга да жаўнераў. У ёй гаварылася, што ўцёклыя ў Францыi жаўнеры былi загiтаваныя й перацягнутыя на другi бок францускiмi тэрарыстамi дзеля зьнiшчэньня, што неразумным i неабдуманым крокам самi трапiлi ў варожую пастку, бо пападуць у рукi Сталiна, а там ужо ведама, што iх чакае.
Адозву чытаў той самы перакладчык, зь якiм нам давялося пазнаёмiцца раней. У прыгожа афарбаваных словах Зiглiнг выясьняў, што Нямеччына ня толькi не прайграе вайны, а што цяпер, як нiколi раней, стаiць яна на парозе канчальнай перамогi над усiмi ворагамi гэтак званай новай Эўропы й нацыянал-сацыялiстычнага ладу. Нямецкiя вучоныя працуюць над новай зброяй, якая будзе такая рэвалюцыйная й зьнiшчальная, што адразу забясьпечыць Гiтлеру перамогу. А пасьля гэткай перамогi i ўсе тыя, што верна служылi й памагалi "вялiкай Нямеччыне" ў самы цяжкi й выпрабавальны час, атрымаюць узнагароды паводле заслугаў.
Канец адозвы ў вельмi нясьцiплых выразах дакляраваў усiм розныя ўзнагароды, й выглядала, што iхныя велiчынi ўзалежнiвалiся ад ахвярнасьцi й вытрываласьцi, якую жаўнеры цяпер маюць выказаць.
Ясна было, што Зiглiнг стараўся падняць мараль ненадзейных i прыпадковых хаўрусьнiкаў Нямеччыны. Прыпадковых таму, бо вялiзарная бальшыня гэтых апранутых у нямецкiя мундзiры чужынцаў апынулася ў iх толькi дзякуючы свайму бязвыхаднаму становiшчу, а часта й капрызнай памылцы лёсу. Аднак, як прыкладам, былыя чырвонаармейцы пайшлi сюды, каб у нямецкiх лагерах ваеннапалонных не памерцi з голаду й холаду, жаўнеры БКА выбралi чужыну, каб не застацца пад бальшавiцкiм прыгонам. Школа Камандзераў БКА апынулася тут таму, бо пасьля эвакуацыi зь Менску была надзея прадаўжэньня шкаленьня i ў Гораднi, а пасьля ўжо ня было iншага выйсьця.
Была гэта, ясна, зусiм iншая група. Да яе трэба аднесьцi iшмат каго з былых палiцаяў. Сярод iх было багата добрасумленных людзей, пераважна беларусаў, якiя нiколi нiкому не зрабiлi крыўды, выконваючы службовыя абавязкi на Бацькаўшчыне. Але ў групе гэтай была маса й такiх, што апынулiся ў палiцыi дзеля нажывы й рабунку. Былi гэта пераважна палякi, якiя пасьля назвалiся беларусамi, або рознае масьцi рэнэгаты. Шмат яны зрабiлi людзям крыўды й многа вынiшчылi нявiннага беларускага народу. Людзi гэтыя, калi-б асталiся дома, сустрэлi-б заслужаную кару ад самога народу, якi нядаўна так безаглядна вынiшчалi дзеля собскай нажывы цi ў iнтарэсах варожых для беларусаў сiл.
Адозва Зiглiнга не магла дасягнуць свае мэты. Усе ўжо перасталi верыць словам немцаў. Вечны голад, нястача курыва, цёплае вопраткi – гэта рабiла самы большы ўплыў на людзей.
Трынаццаць чалавек з шостай роты было адвезена ў штаб батальёну, што знаходзiўся на другiм баку каналу. Украiнскi капiтан у прысутнасьцi двух немцаў выбраў з групы найбольш выглядных хлопцаў – дзесяцёх з трынаццацi, у тым лiку нашых двух герояў: Вiктара Караткевiча й Сымона Спарыша. Былi павыбiраныя людзi i з iншых групаў-агулам 169 чалавек. Украiнец патлумачыў, што ўсе выбраныя пойдуць на ўтварэньне аднаго баёвага батальёна. Якi гэта меў быць батальён i чым меў розьнiцца ад iншых адзiнак дывiзii, капiтан ня выясьнiў.
Фактычна канцом iснаваньня былой Школы Камандзераў БКА, цяпер шостай роты, як суцэльнай, моцна спаенай патрыятычным беларускiм духам адзiнкi трэба лiчыць сярэдзiну верасьня 1944 году. Апрача ўзятых з шостай роты дзьвюх групаў адной у канцлягер i другой у новы батальён – за пару дзён частка людзей была выслана зноў у зусiм iншы адзьдзел. Такiм чынам, у шостай роце засталася малая жменька беларусаў з колiшняй афiцэрскай школы з Менска. Рота была папоўнена чужымi з iншых адзьдзелаў. Вiдаць, такое разбiцьцё роты было немцамi добра ўплянаванае, i ўжыцьцяўленьне яго мела сваю мэту, аб якой няцяжка было дадумацца, бяручы на ўвагу кароткую гiсторыю маршу афiцэрскай школы з Менску да Эльзасу.
БАТАЛЬЁН МУРАЎЁВА
I
Шаснаццатага верасьня дзесятка хлапцоў з шостай роты ў суправодзе падафiцэра, пакiнуўшы сваiх сяброў, прайшла дарогай восем кiлямэтраў у паўдзённым кiрунку i, павярнуўшы ў бок Рэйну, зрабiла яшчэ кiлямэтры чатыры. Быў тут лес, бальшыню якога складалi ня высокiя й гонкiя дрэвы, а розныя нiзкiя кусты. Колькi баракаў стаяла ў двух шэрагах. Яны былi ў добрым стане. Дарожкi мiж баракаў, таксама як i асноўная дарога, што вяла ад асфальтавай шашы, былi заасфальтаваныя. Непадалёк, на поўнач ад баракаў, была паляна, На ёй рудзела выпаленая сонцам трава. Вiдаць, i трава ня вельмi расла на гэтым недагледжаным лапiку зямлi, хаця, выйшаўшы зь лесу, вялiкi ростам чалавек мог адразу поўнасьцю схавацца ў рослай кукурузе цi табацы. Ужо па дарозе ў вабоз хлопцы зь вялiкiм задаваленьнем заўважылi лапушыстую табаку, бульбу, яблынi й садавiну, што цяжка прыгiнала галiны дрэваў.
Хутка давялося iм цi мала скарыстаць з ураджайнай ваколiцы. Першых пару дзён пасьля прыходу ў вабоз амаль нiякiх заняткаў ня было, адно рабiлi розныя сьпiскi для картатэкi новага адзьдзелу. У вольныя хвiлiны, асаблiва надвечар, хлопцы хадзiлi па полi, дзе абладоўвалiся бульбай, садавiнай i зялёнай табакай, якую пасьля сушылi на вогнiшчах у лесе. На такiя харчы яны не надта наракалi, бо колькi-ж ужо разоў раней даводзiлася быць у шмат горшых абставiнах.
Баракi запаўнялiся войскам. Папрыходзiла па жменьцы чалавек з усiх адзьдзелаў дывiзii. Людзi былi пераважна дабраныя: маладыя векам, здаровыя, хоць перамучаныя дарогай i недаяданьнем. Хутка давялося пазнаёмiцца з афiцэрамi й даведацца, у якi адзьдзел яны трапiлi.
На той палянцы сабраўся цэлы батальён у сiле каля 600 чалавек. Усе афiцэры давалi каманды й гутарылi толькi па-расейску. Яны былi былымi чырвонаармейцамi. Ужо-ж каму як каму, а тым дзесяцi юнакам з шостай роты трэба будзе вучыцца каманды ў трэцяй мове: пасьля сваёй беларускай i чужой нямецкай прыйшла на зьмену расейская.
Маёр Мураўёў, векам гадоў каля 35, зграбны, нiштаваты з выгляду, з добра вытрэнiраванымi вайсковымi манэрамi, прыняў рапарт ад камандзера першае роты й пачаў гаварыць па-расейску. Гаварыў бязь лiшняй нацягнутасьцi, проста, адкрыта й зразумела. Вось што ў галоўным сказаў:
– Я скажу вам ясна, манiць ня маю прычыны. Нашае палажэньне цяпер няважнае. Вялiкая колькасьць нашых сяброў з дывiзii Зiглiнга, якога я асабiста ведаю, пайшла да францускiх тэрарыстаў. Яны здрадзiлi тым, зь кiм побач тры гады ваявалi. Цяпер, калi немцам прыйшлося туга, яны пакiнулi iх i пайшлi на той бок. Цi добра зрабiлi? Не!
Яны як адыходзiлi, дык, мусiць, забылiся, што гэтым сваiм крокам кладуць пляму на ўсiх тых сваiх сяброў, што застаюцца. Пайшло два батальёны цэласьцю. Апрача таго, пайшло шмат зь iншых адзьдзелаў меншымi групамi. Яны пабiлi сваiх афiцэраў i iнструктараў-немцаў. Але на францускiм баку iх зараз абяззброiлi. Яны-ж нам так напаскудзiлi, што больш i нельга было. Палажылi пляму не толькi на нас, але на ўсiх тых, што прыбылi з усходу ў Нямеччыну.
Што-ж заставалася рабiць? Зiглiнг заявiў аб гэтым здарэньнi Гiтлеру. Той, памяркаваўшы, што з дывiзii гэтай, мусiць, нiчога ня выйдзе, загадаў адаслаць яе на цяжкiя работы пры будове фартыфiкацыяў над Рэйнам.
Палажэньне было цяжкое й амаль бязвыхаднае. Я як маёр выпрасiў у Зiглiнга дазволу на ўтварэньне з часткi гэтых людзей аднаго баёвага батальёна на спробу, каб паглядзець, што з таго выйдзе. Гэта была мая добрая воля. Я даў Зiглiнгу слова, што з выбраных людзей зраблю дасканалую вайсковую адзiнку. Палкоўнiк мне дазволiў. Даў мне таксама нашых найлепшых афiцэраў, бо я веру, што вы лепш будзеце слухаць сваiх афiцэраў, чымся нямецкiх.
Мураўёву, мусiць, i ў галаву ня прыйшло, што шматлiкiя выбраныя iм людзi расейцаў, г. зн. ягоных афiцэраў, уважалi такiмi-ж самымi чужынцамi, як i немцаў.
– Цяпер я звяртаюся да вас, – працягваў украiнскi русафiл, – навет не як да жаўнераў, а проста як да людзей. Прылажэцеся вы працай i ўсiмi стараньнямi, каб дасягнуць тое, што перад сабою мы паставiлi. У вас павiнна быць яшчэ жаўнерская гордасьць. Ад вас залежыць лёс сем'яў i вашых сяброў. Або вы сваймi паводзiнамi загонiце iх у магiлу, або давядзеце, што вы можаце быць жаўнерамi. Дык дайце мне слова, што будзеце на сто працэнтаў выконваць усе загады, каб дасягнуць нашу мэту. Ну што, даяце?
– Даём! – крыкнула часьць сабраных.
– Ну, паглядзiм, – закончыў пагрозлiва маёр. – Крычаць вы таксама ўмееце, я гэта ведаю.
У голасе Мураўёва ня чулася хвальшывае ноты. Здавалася, што гаварыў шчыра й сам верыў у тое, што казаў. Адно ў тым жаўнерскiм адказе "даём" чулася нотка няпэўнасьцi, хiстаньня. Што-ж мелi рабiць? Iзноў вунь пазганялi, спрабуюць нанава ляпiць новае цi ўжо надта-ж старое, майстраваць нешта ў iмя няведама чаго. Трэба-ж неяк усё гэта перажыць. А там? Далей мо праясьнiцца, будзе вiдаць.
II
Было прыгожае верасеньскае надвячор'е. Стаяла залатая пагода. Вяла ападалi на зямлю першыя пажаўцелыя лiсткi дрэваў, ледзь-ледзь варушыў чубамi дрэваў i кустоў навакольнага лесу вецер.
Каля пятай гадзiны васемнаццаць чалавек, у тым лiку й Сымон Спарыш, рыхтавалiся трымаць варту. Раптам прыйшоў загад сабрацца цэламу батальёну. Iзноў месцам зборкi была суседняя паляна, дзе пару дзён таму назад прамаўляў маёр Мураўёў. Прыехаў вайсковы духавы аркестр. Батальён стаў у дзьве раўналеглыя калёны. Чакалi коратка.
У прысутнасьцi двух ад'ютантаў-капiтанаў i маёра Мураўёва зьявiўся палкоўнiк Зiглiнг. Быў гэта чалавек сярэдняга веку й росту, з гладка прычэсанымi цёмнымi валасамi, ледзь паднятым уверх носам, мала заўважнымi яшчэ маршчынамi на лбе. На гладка дапасаваным зялёным мундзiры вiдаць быў цэлы шэраг медалёў. Сярод iх увыдатняўся Жалезны крыж, пад iм нейкi меншы белы крыж, колькi адзнакаў за раны. На правай пярэдняй кiшэнi зiхцела вялiкая зорка, пакрытая меншай свастыкай. Абуты быў у кавалерыйскiя боты з доўгiмi выглянцаванымi халявамi.
Прыняўшы рапарт ад камандзера першае роты, госьць затрымаўся каля правага флангу адзьдзела. Чаргова вiтаўся, салютуючы й падаючы руку камандзерам ротаў. Мiж афiцэраў завязалася жывая гутарка, густа пераплятаная сьмехамi й жартамi. Вiдаць, што палкоўнiк быў прыхiльнiкам блiзкiх кантактаў са сваймi падуладнымi, добра ацэньваючы iх вартасьць для пабудовы цясьнейшага сужыцьця й зразуменьня, якое так часта патрэбна ў баёх. Ён хутка, бязь лiшняй помпы, зрабiў вакол сябе хатнюю сяброўскую атмасфэру. Аркестр, што стаяў побач, зайграў марш, пасьля колькi iншых песьняў, разам з падношанай i надта-ж ужо ўцёртай бальшавiцкай "Кацюшай". Жаўнерам было загадана сесьцi з дазволам курыць i размаўляць. Усе прынялi загад з задаваленьнем. Паселi там, дзе стаялi.
Камандзер дывiзii быў цэнтрам агульнай увагi. Сеў ён на прынесенай лаўцы, па правай руцэ пасадзiўшы Мураўёва. Навокал паселi iншыя афiцэры. У рухах i гутарцы Зiглiнга вiдаць была ўпэўненасьць i сьвядомасьць таго, што ён тут поўны гаспадар. Пару разоў пачаставаў блiжэйшых афiцэраў цыгарэтамi, гутарыў i жартаваў з iмi. Над жаўнерамi падымалiся густыя клубкi смярдзючага табачнага дыму. У большай меры быў гэта дым з недасушанай, накрадзенай вечарамi зялёнай табакi, што расла тут-жа па суседзтву.