355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » Змагарныя дарогi » Текст книги (страница 11)
Змагарныя дарогi
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 12:41

Текст книги "Змагарныя дарогi"


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 38 страниц)

"Але-ж то файнае войска, – падумаў ён, – так хутка пачулi небясьпеку й самi бягуць на змаганьне з партызанамi". Дзеючы больш пад iмпульсамi, чымся з развагай, ён хутка схапiў зброю, шлем i, клiкнуўшы падафiцэраў, каб не заставалiся ззаду, кiнуўся ў ведамым нам ужо кiрунку. Бегчы прыйшлося нядоўга. Неяк па дарозе яшчэ цюкнула ў галаву Петрыку сумлеўная думка: чаму гэтае войска так хутка апранулася й зусiм без майго ведама кiнулася ў бок стралянiны? Адкуль такi энтузiязм да наступу?

Петрыку доўга не давялося чакаць на адказ. Прайшоўшы цi прабегшы блiзу кiлямэтр праз падгорныя хмызнякi, рэдкiя дрэвы, ён апынуўся на нейкiм узбоччы сярод сваiх жаўнераў. За iм, засопшыся, цягнуўся й нямецкi iнструктар Будкэ. Толькi Кацынскi, што пры пачатку трывогi зьбiраў хлапцоў у групу, прыйшоў у баявым парадку. Раптам немцы заўважылi, што яны абкружаныя з усiх бакоў суцэльнай сьцяной жаўнераў. Юнакi трымалi зброю напагатове.

– Злажыце зброю! – загадаў моцны ўпэўнены голас, i два чалавекi наблiзiлiся да немцаў. Тыя не супрацiўлялiся, толькi яшчэ зь нейкай зьбянтэжанасьцю, быццам вушам ня верачы, пазiралi навокал.

– Лейтанант Петрык, – пачаў той-жа цьвёрды голас, – мы ўсе, якiх тут бачыце, сяньня наважылi пакiнуць нямецкую армiю й перайсьцi да францускiх партызанаў...

– Чаму? – вырвалася раптам у лейтананта.

– Самая галоўная прычына, калi хочаце ведаць, гэта тое, што мы пайшлi ў беларускую армiю, а не ў нямецкую. Мы пайшлi змагацца за Беларусь, а не за ваш нямецкi "фарфлюктар", i былi добраахвотнiкамi. Думаю, што мы добраахвотнiкамi можам i адыйсьцi, i вы, немцы, не павiнны за гэта крыўдзiцца. Зразумела вам усё?

– Яволь, – адказаў ужо слабейшым i больш нясьмелым голасам афiцэр. Ён азiраўся навокал, быццам зьнячэўку злоўлены ў пастку зьвярок. У гэты момант яму менш абыходзiла прычына ўцёкаў жаўнераў, чымся трывога аб сваiм далейшым лёсе. Пробаваў угадаць, што зь iм зробяць: цi адпусьцяць, цi застрэляць. Дарма трывожыўся Петрык. Жаўнеры ня мелi на яго злосьцi, бо нiякае крыўды iм не зрабiў. Быў найбольш бясколерным нямецкiм афiцэрам, якога колiшнiм кадэтам давялося пазнаць пад час кароткае вайсковае кар'еры. Гэта быў процiлеглы полюс да таго зьненавiджанага Шнайдара. Заўсёды трымаўся быццам ззаду, а калi й даводзiлася мець дачыненьнi з жаўнерамi – меў iх колькi разоў кожны дзень – то быў вельмi талерантным. Хлопцы яго за гэта паважалi. Калi-ж ходзiць аб зьвязовых Будкэ й Кацынскiм, то на гэтых шмат хто хацеў бы налажыць руку. Але трэба было браць увагу на тое, што ззаду засталiся сябры, якiя маглi-б пасьля пацярпець за лiквiдацыю немцаў. Дык найвыгадней было ўсiх трох адпусьцiць назад.

– Вы цяпер пойдзеце назад i слухайце ўважна, што вам скажу, – гаварыў Кастусь Дзежка. – Ня сьмейце рабiць нiякiх рэпрэсiяў за наш пераход да французаў на тых, што з вамi засталiся. Яны за гэта не нясуць адказнасьцi. Калi-ж вы станеце караць нашых людзей, дык памятайце, што мы дачуемся й вас знойдзем.

Апошнiя словы былi вымаўлены пагрозьлiвым тонам, што не пакiдаў нiякага сумлеву.

– Мы хочам, каб вы далi слова, што ня будзеце рабiць рэпрэсiяў, настойваў Дзежка.

Петрык нейкi час маўчаў i пазiраў на другiх немцаў, быццам хацеў спытаць, цi даваць такое слова.

– Дык што? Даеце слова?

– Я-ж афiцэр, выконваю загады, служу Нямеччыне... – мармытаў немец.

– Вы можаце гаварыць як чалавек.

– Што-ж, як чалавек я ня буду старацца рэпрэсаваць...

– А вы? – спытаў Дзежка ў Будкэ й "фольксдойча" Кацынскага.

– Я нiкога не зачаплю, – пасьпяшыў Будкэ.

– I я тэз... – вырвалася па-мазурску ў Кацынскага.

– Вельмi добра. Такiмi мы заўсёды хацелi вас, немцаў, бачыць, каб з вамi часам як зь людзьмi льга было пагаварыць. А то найчасьцей вы захоўвалiся й паводзiлiся, як зьвяры. А цяпер... – тут Дзежка хапiў аўтаматы немцаў, павымаў зь iх магазыны з амунiцыяй i перадаў зброю ўласьнiкам, – можаце iсьцi назад. I памятайце! Паўтараю яшчэ раз: не чапайце нашых людзей, бо мы вас знойдзем. Можаце iсьцi.

У шчыльным кругу зрабiўся праход, i немцы, раз аглянуўшыся навокал, павольным крокам пакiнулi месца збору.

– Я-б iх пусьцiў, гадаўё гэткае! – пагражаў голас.

– Пастраляў-бы, вось што!

– Вось разумнiк знайшоўся! Ты забыўся, што там нашы засталiся? Цi, можа, прыпомнiць, як немцы робяць? Дзесяць за аднаго! Страляючы iх, ты страляў-бы сваiх.

– А-ах!

– Вось табе й а-ах!

Раптам усе загаварылi. Пачалiся нарады – як i што?

– Увага! – гукнуў Дзежка. – Тут нам заставацца цяпер нельга, хоць i цёмна iсьцi, дый хто ведае, куды можна трапiць. Але трэба меркаваць, што немцы могуць па нас вярнуцца ды зь сiлаю. Давайце тады пяройдзем хоць пару кiлямэтраў ад галоўнае дарогi, дзе затрымаемся да свiтаньня. Там ужо будзем бачыць.

Шнурком i групамi малы адзьдзел пералез гару, якая была нявысокая, i паволi зыйшоў у лагчыну. Выглядала ў групе чалавек сорак, ня больш, хаця шматлiкiя варажылi, што мусiла ўцячы больш. Паслугоўваючыся дзе вачыма, а дзе вобмацкам, адзьдзел пасунуўся перш на захад, як здавалася, а пасьля крыху на поўнач. Каля другое гадзiны ночы пачаўся страшэнны лiвень. Далей iсьцi было немагчыма. Зашыўшыся ў густы хмызьняк, пастанавiлi спынiцца. Людзi былi стомленыя ад няпрывычнага хаджэньня па ўзбоччах гораў. Дарма што вада цякла ручайкамi пад нагамi – жаўнеры, стулiўшыся пад дрэвамi, старалiся заснуць i перачакаць ноч.

III

Уночы хтосьцi моцна тузануў Сымона за нагу. Ён спаў пад нацягнутай на трох калочках трохкутнай маскiроўкай.

– Эй, Сымон! – забубнеў голас да соннага хлапца. – Ты ня ранены?

– Га? Чаго,ты?

– Ты ня ранены?

Сымон ня зразу ўпрытомнеў, чаго ад яго хацелi. Так моцна спаў, што ня чуў нiякай стралялiны, а зусiм забыўся аб тым. што сябры ўцякалi ў горы.

– Што ты, здурэў? – крыкнуў ён злосна. – Якое ранены й чаго ранены? Уматывайся к чорту й не перашкаджай спаць!

Калi ён разбудзiўся ранiцай, заўважыў, што ўжо мусiла быць шмат пазьней, чымся звычайна, калi ўставала рота. Хутка стаў карабкацца з-пад свайго, нацягнутага на тры палачкi, маскавальнага трыкутнiка. Таўхануў пасярэдзiне палатно, i вада лiнула яму за шыю. Гэта ноччу дождж налiў на версе маскiроўкi маленькую сажалку.

– Вось, каб цябе нячыстая! – вылаяўся.

Лёгкi туман пакрываў далiну рэчкi. Пацягваючыся й расчэсваючы буйныя валасы, Сымон аглядаўся навокал. Абуў чаравiкi, апрануў мундзiр i схапiў кацялок, каб пайсьцi зачэрпнуць з рэчкi вады й памыцца. Але тут вельмi дзiўнай раптоўна выдалася навакольная цiшыня.

"Дзе-ж гэта ўсё падзелася? Што яны робяць?"

Заглянуў побач пад Вiктараў трыкутнiк. Сябра ўжо быў устаўшы.

"Дзе-ж ён мог быць?"

Воддаль заўважыў цыбатага Янкоўскага. Ён належаў да тых, што заўсёды i ўсюды плёўся ў хвасьце й атрымаў мянушку "недаробленага". Быў гэта сярэдняга росту тонкi юнак, з даўгой шыяй, адвiслымi вушамi, прышчаватым тварам. Найбольш ненармальнымi былi ягоныя, падобныя да дзьвюх мяцёлак, чорныя густыя бровы, што тырчэлi наўскасяк i ўверх. Янкоўскi корпаўся каля сваiх рэчаў. За iм заўважыў Сымон i малога Жука.

– Гэй, Янкоўскi! Скажы мне, дзе гэта ўсе нашы падзелiся? – гукнуў Сымон.

– А што, ты ня чуў?

– Што чуў?

– Ноччу бальшыня пайшла ў горы.

– Iдзi ты...

– Праўду кажу.

– У горы пайшлi? А як-жа то мяне пакiнулi?

I цяпер толькi прыпомнiў хлапец, як учора Дзежка прапанаваў iсьцi разам i як позьнiм вечарам ён адмовiўся ды, прымасьцiўшыся побач Вiктара Караткевiча, палез пад свой трыкутнiк i ноч пераспаў, нiчога ня чуючы.

– Дык, як то? Усе пайшлi й толькi цябе пакiнулi? – перапытаўся Спарыш Янкоўскага.

– Шмат вунь засталося. Хто каля вазоў сабраўся, а iншыя сваймi справамi займаюцца.

Зь iмглы высунулася шырокая сутулаватая фiгура Вiктара Караткевiча. Ён, мусiць, быў каля хурманак, адкуль чуваць быў гоман, але нiчога ня было вiдаць.

– Ты ўжо ўстаў? Я не хацеў цябе будзiць, бо сягоньня пабудкi ня было. Ты чуў, што сталася?

– Крыху чуў.

– А мы, брат, так i празявалi.

– Бачыш, што выйшла. Колькi людзей уцякло?

– Цяжка iх палiчыць, але выглядае, што палавiна нашай роты й шмат зь iншых ротаў.

– А хто з нашых беларускiх падафiцэраў?

– Грамыка й Гуць.

– Малайцы хоць за тое, што адважылiся. Ты слухай, а дзе нашыя швабы?

– Бачыў Штыка, як мiтусiўся каля свае палаткi. Iншых ня бачыў. Хтосьцi казаў, што Петрык паехаў раненька на канi, мусiць, цi ня ў полк...

– Такая справа.

Абодва памаўчалi.

– Чорт вазьмi, – з заклапочаньнем церабiў каля правага вуха Сымон, – хто ведае, што з гэтага выйдзе. Нiколi ня ведаеш, што швабы могуць зрабiць. Мо лепш было ўжо ўсiм смаргануць разам. А што там каля кухнi робiцца?

– Дымiць, вiдаць.

– Дык мо варта падыйсьцi туды, каб кавы хаця якой дастаць?

Хлопцы ўзялi кацялкi й пайшлi да кухнi. Выдавалi каву. Вальтэр быў хмарны й зь нiкiм у гутарку ня ўваходзiў. Навокал групкамi стаялi жаўнеры й на розныя лады камэнтавалi наглыя падзеi. З гутарак вiдаць была агульная няпэўнасьць што да будучынi. Усе з непакоем чакалi далейшых выпадкаў.

IV

Празь нейкiя паўгадзiны тое, што засталося з дванаццатай роты й iншых адзiнак, якiя начавалi на лузе, заварушылася. Вымаршыроўвалi ў далейшую дарогу. Пасьля пару гадзiнаў маршу зноў пачаўся густы лiвень. Затрымалiся ў вёсцы й перачакалi яго, пахаваўшыся, дзе хто мог – хто пад страху, хто пад дрэвы.

Як толькi спынiўся дождж, зьявiлiся лейтанант Петрык, Кацынскi й Будкэ. Першы быў на канi, два апошнiя – на самакатах. Зь iмi, таксама конна, быў нейкi незнаёмы лейтанант. Гэта быў перакладчык са штабу батальёна. Калi рэшткi дванаццатае роты сталi ў трох шэрагах, як было загадана, на зборку, аказалася, што лiк паменшыўся напалову. Перакладчык пачаў да жаўнераў па-расейску:

– Сягоньня шмат з вашых сяброў уцякло ў горы. Яны прылучацца да францускiх тэрарыстых i пасьля пападуць у рукi ангельцаў, якiя адашлюць iх Сталiну, згодна заключанай умовы. Вашых сяброў чакае дрэнны лёс, калi не пагiбель. Цяпер скажыце – а з вас некаторыя пэўна ведаюць – чаму яны гэта зрабiлi? Цi iм было дрэнна ў нас? Цi есьцi мала? Або, можа, яны мелi iншую мэту? Можа, мелi зь кiм сувязь? Тут маўчаць ня трэба. Пэўна, з вас нехта хоць адзiн ды ведае прычыны.

Адзьдзел маўчаў.

– Яшчэ раз прашу, хто ведае прычыны дэзэрцыi вашых сяброў, сказаць нам аб iх.

– Ну дык кажы, чаго-ж iх баiшся, – голасам i таўхялём пад бок заахвочваў сусед Каханчыка. Гэты апошнi быў адным з найбольш рослых, сьмелых i разважных у роце. Расейскi перакладчык заўважыў рух ягонага суседа.

– Вы што знаеце? – падскочыў да Каханчыка. Усе немцы пазiралi на хлапца з запытаньнем.

– А што ведаю, тое магу сказаць, – пачаў сьмела, аглянуўшыся на сяброў, Каханчык. – Як толькi мы прыехалi ў Нямеччыну цi яшчэ ў Прусiю, дык немцы адразу пачалi нам дапякаць, што тут вам "кайн Руслянд", сталi абзываць дурнямi й тым падобнымi, адным словам, зьневажаць, колькi ня трэба. А мы-ж вунь прыйшлi ў Менск ахвотнiкамi, дык нам i не падабалася, што як тых "кнэхтаў" нас трактуюць. Ды хаця-ж, каб толькi не падабалася... Мы-ж людзi зь сярэдняй асьветай. Думалi, што немцы гэта на ўвагу возьмуць. Афiцэрская школа як-нiяк... Ажна тутака адносiлiся, казаў той, не як да хаўрусьнiкаў, якiя прыйшлi добраахвотнiкамi ў войска, а быццам як да нейкага быдла, што сiлком пазьбiралi, цi што... Што да ежы, то я адно пра сябе скажу: мне хапала...

– Мала было! – крыкнуў голас, набраўшы сьмеласьцi.

– Есьцi нiколi не хапала! – памог iншы.

Самы большы ядун Мулага не далажыў свайго слова, бо калi-б i адкрыў рот, каб што сказаць, маглi-б высьмяяць. Да выказваньняў Каханчыка тое-сёе далажылi iншыя. Усё зводзiлася да таго, што немцы трактавалi колiшнюю школу камандзераў БКА не па-людзку, адносiлiся як да "унтэрмэншаў", што агоркла-абрыдла гэнае "кайн Руслянд" i iншае. Адылi аб сапраўднай прычыне пераходу сяброў iхных да французаў нiхто й не заiкнуўся. Бо хто-ж мог быць настолькi сьмелым, каб вытлумачыць гiтлераўцам, што беларусам, якiя пайшлi ваяваць за шляхотную iдэю, было не па дарозе зь iмi, што вучнi Школы Камандзераў БКА даўно i надта-ж падрабязна вывучылi iх, ведалi, што чакае iх у будучынi, калi-б засталiся побач гiтлераўцаў... Хто-ж мог сказаць немцам, што вайну яны ўжо прайгралi? Дый цi варта было?

Цiкава было-б збоку назiраць, як, слухаючы трапныя простыя заўвагi, хаця i ў перакладзе лейтананта, i немцы наплывалi з твараў крывёй. Гэта-ж мо нiводнаму зь iх не даводзiлася раней слухаць, каб чужынцы адкрыта iх крытыкавалi, дый што самае горшае – яны, нядаўнiя паны Эўропы, стаялi, бязрадна апусьцiўшы рукi, i мусiлi слухаць. Цi адзiн зь iх, паводле ранейшых прывычак, выхапiў-бы аўтамат i пачаў-бы касiць сьвiнцом тых "унтэрмэншаў". Але-ж самi адчувалi, што знаходзiлiся на дрыгве. Iх было мала, а войска ўсё чужое. I дзеля таго злавалi яшчэ больш, усьведамiўшы сваю бясьсiльнасьць. Цi адзiн мо абяцаў сабе ў думках, што адпомсьцiць за гэта "унтэрмэншам" у будучынi.

Нейкi час пазьней дванаццатая рота перайшла пару кiлямэтраў наперад, дзе сабраўся цэлы адзьдзел у сiле каля двух батальёнаў, цi таго, што засталося з учарашнiх двух батальёнаў. На невялiкай вясковай плошчы стаяла жменя афiцэраў перад фронтам пастаўленага чатырохкутнiкам адзьдзелу, i зноў гаварыў перакладчык, паясьняючы й пашыраючы тое, што сказаў яму старэйшы афiцэр. Яшчэ раз страшыў, што ўцёкшыя да тэрарыстаў беларусы пападуць у рукi Сталiна i г. д. Пераконваў, што Нямеччына ў нiякiм выпадку вайны не прайграе, бо гэтага навет i быць ня можа. Толькi, чаму быць ня можа – перакладчык ня вытлумачыў. Вiдаць, i сам ня верыў у тое, што гаварыў.

– Эх ты, братка, махаеш ты нам перад носам старым пудзiлам i старымi абяцанкамi. А папытаўся-б хто, цi каторы табе паверыць... – камэнтаваў голас у другiм шэрагу дванаццатай роты.

Ужо ў часе гэтай батальённай зборкi хлопцы заўважылi, што ў першым зьвязе бракавала яшчэ чатырох чалавек, якiя ранiцою былi на першай зборцы. Значыцца, махнулi ў горы. Вiктар iзноў намаўляў Сымона, але калега адмовiўся.

У гэты-ж самы дзень, калi, прайшоўшы некалькi кiлямэтраў, адзьдзел спынiўся на абед, Сымон зь Вiктарам адшукалi афiцэра-перакладчыка, якому яшчэ з большымi дэталямi расказалi аб прычынах незадаваленьня i ўцёкаў беларусаў. Гаварыў найбольш Сымон, а сябра слухаў i час-ад-часу дакладаў слова.

Паўтарыўшы сказанае раней сябрамi, Сымон успомнiў яшчэ аб непашанотных адносiнах немцаў да беларускiх афiцэраў i пасьля даў два прыклады, як Кацынскi спрычынiўся да незадаваленьня жаўнераў, а ўрэшце й да ўцёкаў. Гэтымi прыкладамi былi сяржант Грамыка й зьвязовы Гуць.

Грамыка служыў яшчэ разам з Кацынскiм у польскiх "уланах" у Быдгашчы. Няведама чаму Кацынскi мсьцiўся на даўным знаёмым. Адно ўсе бачылi яго нялюдзкiя й зьняважлiвыя дачыненьнi да беларускага сяржанта. А Грамыка як-нiяк быў шанаваны ў роце. Ён быў рослы, разважны дый не належаў да тых, што абы-каму дадуць над сабой верх трымаць. "Фольксдойч", зрабiўшы беларусу шмат непрыемнасьцей, у Прусii даў яму функцыю загадчыка канюхоў, гэткiм чынам фактычна адзьдзялiўшы ад роты.

Гуць у Менску быў гаспадарскiм падафiцэрам школы. Адзiн з найбольш гарачых патрыётаў, ён быў вясёлым i жартаўлiвым хлапцом. Усе юнакi паважалi яго як старэйшага, дасьведчанага й сяброўскага. "Фольксдойч" Кацынскi адабраў у Гуця па дарозе ў Францыю пiсталет i вызначыў зьвязовага на сталую працу пры кухнi. Такiм чынам, Гуць з харчовага падафiцэра колiшняй афiцэрскай школы стаўся памочнiкам кухара Вальтэра. Ён ня мог браць удзелу ў палявых занятках роты.

Абодва падафiцэры не маглi дараваць вялiкае крыўды й чакалi на нагоду. Калi прыйшла магчымасьць, яны адны зь першых пайшлi да французаў.

Сымон расказаў перакладчыку i аб тым бунце за "фарфлюктар" па дарозе зь Цеханава ва Ўсходнюю Прусiю. Расеец, выслухаўшы ўсё ўважна, запэўнiў Сымона й Вiктара, што ў штабе батальёна аб гэткiх несамавiтых выхадках Кацынскага ня ведалi, i ён мяркаваў, што як шэф Кацынскi, так i ўсе нямецкiя iнструктары дванаццатай роты будуць зьмененыя. Сам перакладчык, як хлопцы ўцямiлi з гутаркi з iм, быў колiшнiм афiцэрам Чырвонае Армii. Яны ня прывязвалi вялiкае вагi да ягоных мяркаваньняў, бо i ён-жа, пэўна, ня спрыяў беларусам больш, чымся тыя гiтлераўцы.

Пасьля пераходу сяброў да макiсаў, гутарак з афiцэрамi й частага ўжываньня пудзiла Сталiна тыя, што засталiся ў дванаццатай роце, не варажылi сабе добрае будучынi. Шматлiкiя чакалi, што немцы яшчэ пакажуць свой акрываўлены жалезны кулак. У якой форме ён выявiцца – цi ў форме працоўных лягероў, цi экзекуцыяў – дагадваўся, як хто мог. Ня было нiчога пэўнага, й кожны стараўся адганяць ад сябе найбольш чорныя думкi. Гэта было надзвычайна цяжка.

Калiшняя весялосьць роты, што вынiкала зь сьвядомасьцi ейнай сiлы, аснованай на салiдарнасьцi, што цi раз ужо была дэманстраваная й вытрымала iспыты перад немцамi, беспаваротна зьнiкла. Рэшткi адзьдзелу ўзышлi на самы небясьпечны адрэзак вандроўнага шляху. Небясьпечным ён быў таму, бо былi перакананымi, што ня мiнуць iм кары з боку немцаў, дый нiчога парадзiць, каб запабегчы таму, не маглi. Трэба было аддацца волi лёсу й спадзявацца найлепшага.

Калi-б вучнi колiшняе афiцэрскае школы БКА ведалi поўную сытуацыю, былi-б яшчэ больш трывожнымi. Хаця да вушэй даходзiлi такiя-сякiя весткi аб пераходах да макiсаў iншых адзьдзелаў з трыццатае дывiзii, мала хто навет дагадваўся аб разьмерах дэзэрцыяў. У катлавiне ракi Дуб, пачынаючы ад Монтбэльярд i Бэльфорт, сягаючы на поўначы да Бэзуль i на захадзе на Доль, па дарогах i чыгунках пасоўвалiся, гэтым разам ужо на ўсход, элемэнты трыццатае дывiзii. Амаль ня было дня, каб з таго цi iншага адзьдзелу людзi не далучалiся да французаў. Дэзэрцыi сталiся масавымi. Але пераходы малых групаў былi нiчым у параўнаньнi з пераходам цэлага трэцяга батальёну, што пакiнуў немцаў на захад ад Бэзансону, непадалёк Доль. Фактычна й нельга сказаць, што пакiнуў немцаў, бо большасьць нямецкiх афiцэраў была беларусамi зьлiквiдаваная. Камандны склад трэцяга батальёна ў бальшынi складаўся зь беларусаў. Пераход да французаў быў плянаваны й добра арганiзаваны.

РЭПРЭСII Й АХВЯРЫ

I

Немцы заўважылi сваю памылку запозна. Палягала яна ў накiраваньнi трыццатай дывiзii ў Францыю. Беларусы хутка спасьцераглi, хто iхныя хаўрусьнiкi, й не хацелi ваяваць побач гiтлераўцаў. Найбольш дзiвiла немцаў тое, што за выключэньнем колькiх арганiзаваных пераходаў ня менш людзей уцякала ў горы малымi групкамi. Значыцца, бязь нiякага кiраваньня, без падказваньня зьверху, зусiм без агiтацыi людзi пакiдалi вайсковыя шэрагi. Выглядала, што думка была агульная. Пагражала небясьпека, што калi-б затрымацца адзьдзелам трыццатае дывiзii ў Францыi даўжэйшы час, дык бальшыня пяройдзе да макiсаў. Трэба было думаць аб контрмерах.

У iнтарэсе немцаў было, каб адцягнуць адзьдзелы трыццатае дывiзii з Францыi ў Немяччыну. Гэта якраз супадала з плянамi камандаваньня. З-пад Марсэля пасоўвалася амэрыканская армiя, у складзе якое быў першы францускi корпус г. зв. Вольнай Францыi. Стратэгiчна для абароны найбольш прыдатным быў хрыбет Вагезаў i францускiх Альпаў. Трэба было ўмацаваць, абсадзiць войскам далiну ракi Дуб, раёны ад Дэль на швейцарскай мяжы й праз Бэльфорт на поўнач. Гэта мела быць абаронная лiнiя перад Рэйнам. Такiм чынам трыццатую дывiзiю трэба было адцягнуць у Эльзас, якi немцы лiчылi Нямеччынай.

Каб спынiць уцёкi беларусаў у Францыi, трыццатая дывiзiя была абяззброеная. Працэс арыштаў афiцэраў i абяззброеньня дывiзii цягнуўся больш тыдня ў пачатку верасьня. Галоўная хваля арыштаў афiцэраў адбылася зараз пасьля арганiзаванага пераходу да французаў трэцяга батальёну. Дзеяньне было скаардынаванае па ўсiх раськiданых на вялiкiх адлегласьцях адзьдзелах. Вывезьлi iх перш у лягер за Рэйн, пасьля ў канцэнтрацыйны лягер у Дахаў. Даносчыкi, iнтрыганты й звычайныя нелюдзi мелi тут важкае слова. Найбольш шкоды беларусам прынесьлi расейцы, што былi абселi вярхi каля палкоўнiка Зiглiнга.

Амаль па ўсiх адзьдзелах карысталiся немцы выпрабаванай тэхнiкай раззбраеньня. Звычайна людзям, якiя мала што падазравалi, хаця й былi неспакойныя, загадвалася перад абедам цi перад вячэрай вычысьцiць зброю й паставiць яе цi то ў роўныя шэрагi, цi ў копкi, у залежнасьцi, дзе гэта адбывалася – на полi цi ў абозе. Калi жаўнеры, паабедаўшы, вярталiся ад кухнi, зброi на папярэднiм месцы не знаходзiлi. Часьцей маглi навокал заўважыць узброеныя нямецкiя палiцыйныя адзьдзелы. Гэткiм чынам абкружаныя, яны чакалi са страхам i трывогаю, пакуль камандзеры павыбiраюць часьць людзей для адпраўкi ў Нямеччыну на нявольнiцкую працу. Вялiкая маса беларусаў трапiла гэткiм чынам на будову вакопаў на другiм баку Рэйна, у Дахаў, на будовы чыгунак, на фабрыкi й iншыя варштаты нявольнiцкай працы гiтлераўскага Райха.

II

Капiтан Вiталi Мiкула быў узяты немцамi й расейцамi на вока ад часу той памятнай эльбiнскай канфэрэнцыi. Вучнi калiшняй менскай школы БКА бачылi яго апошнi раз на цягнiку, калi падарожнiчаў адным эшалёнам разам зь iмi з Усходняй Прусii ў Францыю. Ужо пасьля, калi шматлiкiя наважылiся ўцякаць да макiсаў, кадэты шкадавалi, што ня было пры iх капiтана Мiкулы, якi змог-бы пакiраваць i павесьцi. Нiхто зь iх ня ведаў аб лёсе шэфа штаба Беларускае Краёвае Абароны. Капiтан Вiталi Мiкула быў, зараз пасьля прыезду ў Францыю, назначаны камандзерам зьвязу ў першай роце шостага батальёна. Ротай камандаваў немец, а заступнiкам ягоным быў расеец. Гэтак Мiкулу спiхнулi на камандзера адзiнкi, якой мог бы, у выпадку неабходнасьцi, камандаваць старэйшы падафiцэр.

Мiкула, спасьцярогшы сваю дэградацыю, стараўся неаднаразова навязаць кантакт зь Беларускай Цэнтральнай Радай або штабам БКА. Адылi, пасьля шматлiкiх захадаў, прыйшоў да выснаву, што яго наўмысьля старалiся iзаляваць ад беларускай вайсковай верхавiны, тлумачылi, што ня ведаюць, дзе ёсьць БЦР i штаб БКА, ды давалi iншыя ўнiклiвыя адказы. Гэткiм чынам, капiтан Мiкула ня мог прабiць варожае яму сьцяны Зiглiнгавага штабу трыццатае дывiзii. Расейцы дбалi, каб гэты перадавы й адзiн з найвыдатнейшых беларускiх афiцэраў i патрыётаў, раз трапiўшы ў пастку, ня ўцёк зь яе.

Мiкула быў арыштаваны адным зь першых, зараз-жа пасьля пераходу да французаў трэцяга батальёну. Дэпартаваны ў канцлягер каля Карльсругэ, прабыў там больш месяца, а пасьля быў адасланы ў Дахаў. У лiку нязьлiчоных тысячаў iншых ахвяраў дахаўскiя газавыя крэматорыi спапялiлi й Вiталiя Мiкулу добрага чалавека, выдатнага беларуса й высокаквалiфiкаванага афiцэра, якiх у беларусаў было так няшмат.

Шырока вядомым ёсьць сярод iншых народаў абразок, як адзiн немец адпраўляў свайго сына ў войска. Казаў бацька юнаку: "Сынок, калi трэба будзе загiнуць за Нямеччыну, iдзi наперад сьмела. Памятай, аднак, каб вораг дорага заплацiў за тваё жыцьцё. Бо ня будзе для твайго бацькi большай крыўды, а для народу большае няславы, калi ты загiнеш задарма".

Шмат беларускiх афiцэраў, а перадусiм адзiн з найвызначнейшых зь iх капiтан Вiталi Мiкула – не загiнуў у Дахаў задарма. Адылi страта для беларускага народу была надта балючай.

III

З дванаццатай роты дзьвюмя групамi накiравалi немцы ў канцлягеры дванаццаць чалавек, у iх лiку й ведамага чытачу Мулагу. Зброю й iншае вайсковае знарадзьдзе загадалi пакiнуць у роце. Дазволiлi забраць толькi па адным коцу й прылады да ежы ды вопратку й абутак. Новыя нявольнiкi былi завезеныя ў лягер каля Карльсругэ, дзе будавалi новую чыгунку. Спалi ў канюшнi, елi раз у дзень, гадавалi вошы й ледзь валачылi на працы ногi. У гэтым лягеры была вялiкая група, звыш тысячы рэпрэсаваных з трыццатае дывiзii. Былi сярод iх расейцы, немцы, татары, iншыя азiяты, пераважна ўзбекi, што некалi трапiлi ў трыццатую дывiзiю зь нямецкага палону. 80 працэнтаў усiх складалi беларусы.

ГРУПА ГРАМЫКI Ў МАКIСАЎ

I

Сяржант Грамыка мог быць добрым загадчыкам канюхоў, добрым сябрам i нядрэнным жаўнерам, але, як выявiлася пасьля на шкоду цэлае групы дванаццатае роты, што адыjшла ад немцаў у ваколiцы мястэчка Клерваль i якую мы ад гэтага часу будзем называць групай Грамыкi, з; яго быў дрэнны камандзер.

Каманду-ж яму даверылi ранiцою пасьля тае ночы з 31-га жнiўня на 1-га верасьня, калi больш паўсотнi былых кадэтаў, сяк-так задрамаўшы на ўзбоччы гары, задаволенымi былi, што нарэшце разьвiднела й можна будзе неяк рухацца далей. Сяржант Грамыка быў найстарэйшы векам (меў 37 год) i рангам. Выбар яго на камандзера быў зусiм лягiчным.

Група йшла краем лесу, усё больш адыходзячы ад галоўнае дарогi. Дзень быў хмарны, але дождж перастаў яшчэ над раньнем. Пастаноўлена было шукаць кантакту з французамi. Вычувалася нейкая крыўда да тых сяброў з дванаццатай роты, што не пайшлi разам у горы, а засталiся зь немцамi. Адылi ня было часу крыўдаваць, а трэба было думаць аб сабе, перадусiм-жа аб забясьпечаньнi будучынi, здабыцьцi нейкай пэўнасьцi, грунту пад нагамi. Маршыравалi аж да гадзiны другой па абедзе, выбiраючы лягчэйшыя сьцежкi й дарожкi ды асьцярожна сочачы, цi ня вiдаць якой вёскi. Пазнаходзiлася больш сяброў, што давалi аб сабе знаць адзiночным стрэлам уверх. Ежы ў групе ня было нiякай, але зброi хапала. Была ў кожнага стрэльба, два кулямёты, былi й гранаты. Па абедзе назьбiралася звыш сямiдзесяцi чалавек.

На ўскраi лесу пярэднiя заўважылi вёску, i ўсё спынiлася. Пачалi радзiцца, што рабiць. Трэба было разьведаць, цi ў вёсцы ёсьць немцы. Воддаль чуваць быў грукат аўтамашын. Няведама было таксама, як да беларусаў аднясуцца французы. Самае-ж горшае – у групе Грамыкi ня было нiводнага чалавека, што добра ведаў-бы францускую мову. На вялiкае шчасьце, па некалькi словаў ведалi Лабун i Рак. Супольнымi сiламi яны маглi-б неяк паразумецца. Iх i выбралi для навязаньня кантакту. Разам з Грамыкам накiравалiся ў вёску, а група заняла баёвыя становiшчы на ўскраi лесу й чакала больш гадзiны.

– Вiдаць, што французы надта-ж асьцярожныя. Пакуль абмацваюць ды пытаюць, – камэнтаваў Дзежка, паглядаючы ўсё на рог хаты, за якiм ужо даўненька схавалiся тры фiгуры сяброў.

– А можа, нiкога дома няма? – адазваўся iншы.

– Слушна кажаш. Можа, у цэлай вёсцы нiкога няма дома. Вось башка твая зварыла.

– Калi ў хуткiм часе ня вернуцца, бадай, давядзецца нам iсьцi шукаць iх.

– Няйначай.

З-за кута крайняй хаты, адлеглай ад занятых групай пазыцыяў ня больш чымся на трыста мэтраў, паказалiся тры вайсковыя фiгуры ў суправодзе двух цывiльных. Яны хутка прыблiжалiся. Усе iшлi спакойна, адно Лабун махаў правай рукою, паказваючы на ўскрай лесу, пасьля далей назад, недзе на небакрай, мусiць, стараючыся французам расказаць, адкуль прыйшлi беларусы.

Французы зь вялiкай асьцярожнасьцю, але й з задаваленьнем прынялi беларусаў да сваёй сям'i змагароў супраць супольнага ворага. Двух цывiльных, што паўголасам заменьвалiся мiж сабою незразумелымi словамi, завялi ўсю групу ў даволi вялiкую будынiну непадалёк вёскi й сказалi чакаць, пакуль не прынясуць ежы. За паўгадзiны прытарабанiлi дзьве скрынi з хлебам i сырам. Былыя менскiя кадэты надта былi радыя, што нарэшце быў пастаўлены першы крок, зьвязаныя першыя нiткi з новым сьветам. Тым часам сама сьведамасьць таго, што чалавек сядзеў пад страхою ў сухiм месцы й мог што-небудзь улажыць у пусты жывот, падбадзёрыла й падтрымала не аднаго з iх.

II

Хутка пасьля навязаньня кантакту з макiсамi Грамыка згадзiўся аддаць французам зброю. Узамен за гэта французы забавязалiся кармiць i трымаць беларусаў у бясьпечных месцах аж да прыходу амэрыканцаў. Гэта сьведчыла, што мясцовыя адзьдзелы макiсаў не плянавалi нiякiх важных ваенных дзеяньняў у задах нямецкага фронту, бо калi-б што хацелi рабiць, пэўна-ж, людзi былi-б iм патрэбныя ў вялiкiх колькасьцях.

Гэткая ўмова Грамыкi выклiкала ў групе вялiкую буру. Французы пакiнулi толькi чатыры стрэльбы й некалькi гранатаў. Некаторыя лiчылi гэта поўнай капiтуляцыяй. Былi цяпер на ласцы й няласцы ў францускiх партызанаў. Найгорш балела тое, што зрабiў гэта добраахвотна ўсiмi выбраны чалавек, якому даручылi свой лёс. Выявiлася ў далейшым, што Грамыка ня здольны быў да нiякага кiраваньня. Некаторыя беларусы падазравалi французаў, што з прыходам амэрыканцаў яны мелi намер аддаць iм беларусаў як сваiх палонных.

Надыйшлi днi вандроўкi. Пераходзiлi з аднаго месца ў другое. Францускiя праваднiкi – лучнiковыя вадзiлi беларусаў па лясах, хаваючы iх ад нямецкiх вайсковых адзьдзелаў. Адна вёска не магла пракармiць столькi людзей доўгi час. Вадзiлi таму па розных вёсках, прычым у бальшынi выпадкаў беларусы ў вёсках зусiм не паказвалiся, а начавалi дзесь па суседзтву. Удзень, ведаючы, што немцаў навокал няма, людзi сьмялелi, заходзiлi навет у хаты, дзе даставалi гарачыя стравы. Як маглi, так старалiся паразумецца з французамi на мiгi. Колькi кiлямэтраў зрабiлi беларусы пад час тае вандроўкi – цяжка сказаць. Хадзiлi начамi й днямi, але ў асноўным круцiлiся па тых самых мясцовасьцях.

III

Асноўная сутычка беларусаў зь немцамi адбылася зусiм неспадзявана. Было гэта ў вёсцы, дзе начавалi ўжо пару дзён. Перад абедам французы сабралi цэлую групу на вулiцы й пачалi пералiчваць. Мелi выдаваць яду. Гэта адбывалася напрыканцы вёскi. Зусiм неспадзявана з-за загiбу вулiцы паказаўся нямецкi "тыгр", а за iм яшчэ некалькi. Нямецкiя танкiсты, пабачыўшы групу людзей на вулiцы ў нямецкай вопратцы, падумалi, што натрапiлi на свой адзьдзел, i першы танк звольнiў. Думалi, магчыма, што ад сваiх удасца здабыць якiя-небудзь iнфармацыi.

Беларусы-ж ведалi, што гэта не "свае", i ў першы момант вельмi здзiвiлiся, якiм гэта чынам немцы змаглi незаўважаныя пераехаць праз цэлую партызанскую вёску й так неўспадзеўку злавiць iх на вулiцы. Вiдаць было, што макiсы часьценька рабiлi тое-сёе бяз самых элемэнтарных мераў асьцярожнасьцi. Магчыма, што камандзер мясцовага iхняга зьвяна быў больш аматарам, чымся жаўнерам.

Думаць было некалi. Усё, што жывое й мела здаровыя ногi, кiнулася наўцёкi. У баку гораў быў высокi мураваны плот, якi трэба было пераскокваць. Як яго ўдалося пераскочыць, мала хто памятаў. Людзi ня беглi, а проста ляцелi. Зараз-жа за вёскай была высокая й стромая гара. Туды ўсё й накiравалася. Трэба было перабегчы шырокi луг. Танкi адкрылi агонь, але ў нiкога не трапiлi. Колькi чалавек, схаваўшыся за муры будынкаў, спрабавалi адбiцца гранатамi. Немцы, дадумаўшыся, што гэта партызанская вёска, пачалi бiць па ёй з гарматаў. Знiшчылi сем хат. Беларусы не маглi ня толькi змагацца наагул, але навет баранiцца. Што-ж мелi зрабiць з чатырма стрэльбамi супраць танкаў?

На суседняй гары прасядзелi рэшту дня й цэлую ноч. Усе французы паўцякалi зь вёскi. Ужо на другi дзень ранiцою павялi беларусаў у iншую мясцовасьць.

Група Грамыкi вычувала, што наблiжаецца фронт. Хадзiлi адно начамi й мусiлi быць шмат больш асьцярожнымi. Увесь раён, па якiм блукалi, воджаныя й укрываныя макiсамi, быў вельмi лясiсты й гарысты. Пагода, на вялiкае шчасьце, трымалася добра. Рэдка былi дажджы, й часьцей выглядала сонца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю