355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » Змагарныя дарогi » Текст книги (страница 30)
Змагарныя дарогi
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 12:41

Текст книги "Змагарныя дарогi"


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 30 (всего у книги 38 страниц)

Амэрыканец чуецца як быццам на хмарах, пад нябёсамi. Што-ж яму... Кiшэнi трашчаць лiрамi й далярамi. Гэта-ж ён зьяўляецца грамадзянiнам найбагацейшай й наймагутнейшай краiны на сьвеце – эканамiчнага гiганта й культурнага малакасоса. За даляры-ж можна купiць цi ня цэлую зруйнаваную калыску хрысьцiянска-эўрапэйскай культуры. Вось калi захоча, дык нейкi паўгалодны беспрацоўны маэстро, што гадамi студыяваў Вэрдзi, Бетховена цi Пучынi, за жменю лiраў пачысьцiць яму чаравiкi. Гэта-ж дома ў перапоўненых сьвiрнах абжыраюцца пацукi. Мо заўтра часьць таго збожжа з ласкi "Дзядзькi Сэма" будзе прызначаная для галодных у Iндыi, Афрыцы цi хаця-б сабе й тут, у Iталii. Ён магутны валадар сьвету, уласьнiк цьвёрдай гарматнай сталi й нявычарпальных запасаў харчоў. Каго зажадае – на павадку павядзе. Для галодных-жа – адно хлеб наўме.

Дык чаму-ж ня жваць гумы, ня цыркаць нiтачкай сьлiны праз трубачкай скручаныя вусны й не пазiраць на ўсё зьверху. Думаеце, ён ведае, што знаходзiцца ў сьвятынi эўрапэйскай культуры й яму балiць тое, што нашчадкi Рафаэлевых мадоннаў красу прадаюць па завуголлях? Анiчуць. Цi тое, што без скарынкi хлеба блукаюць падарожнiкi-творцы, што пайшлi сьцежкамi Мiкеланджала, Расiнi цi Паганiнi? Не. Ён любiць i захапляецца чорнымi выканальнiкамi джазу, што выводзiцца з афрыканскiх джунгляў, чытае Эрскiна Калдуэла й Джона О'Хару, калi наогул што чытае... Верх красы ў ягоным уяўленьнi – "мiльёндаляровыя" ножкi Бэты Грэйбл i прынадная фiгура Рыты Гэйварт. У газэтах нiчога ня чытае, акрамя комiксаў i спорту. Пасьля школы ўсьпеў забыцца ўжо той мiнiмум аб Шэкспiры й Лiнкольне.

Дайце дарогу! Сягоньня ён гуляе. Прыгаршчамi раськiдвае даляры й лiры. Вы, найслаўнейшыя са слаўных творцаў эўрапэйскае культуры й цывiлiзацыi, чакайце й прасiце, каб кiнуў вам скарынку ля хатнiх парогаў. Недаацэньвае ён вашых статуяў i мазаiк, галерэяў i музэяў, опер i бiблiятэк. Сяньня сiльны той, у каго трашчыць жывот, хто добра апрануты й мае туга набiты кашалёк, каму гiмн гудуць прапелеры самалётаў i хто валодае гарматнай стальлю, флотамi мараплаваў ды ў каго дома склады перапоўнены запасамi харчоў... Ня вам-жа хiба крыўдзiцца, што культура ваша не прасякнула, не прабiлася праз банкавыя вогнетрывалыя сховiшчы, напоўненыя капiталам, празь сьцены вялiкiх фабрык i складоў. Ён – гадунец культуры даляра, калi яе наогул так назваць можна. I цi-ж ягоная ў тым вiна?

II

Нiводнае iншае месца не адлюстроўвае так добра матэрыяльнага боку жыцьця людзкога, як рынак. Тут гандаль таварамi гаворыць аб дабрабыце цi аб беднасьцi народу. Асаблiва выразныя рысы матэрыяльных розьнiцаў народу пасьля вайны. Калi не лянуецеся, заглянем тады на нэапалiтанскi рынак – не таму, што самi маем нечым гандляваць, а проста каб пацiкавiцца.

Тут больш, чымся дзесь у горадзе, сустракаем вайсковых. Прадаюць спэкулянтам цыгарэты, некаторыя збываюць вайсковую вопратку, абутак. Асаблiва добра й лёгка iдуць вайсковыя коцы, ручнiкi, посьцiлкi. Як звычайна, трапляюць яны адразу ў рукi спэкулянтаў, што могуць плацiць большыя цэны. Гэта яны ўжо пасьля нажываюцца з тых, зь якiх якраз найменш трэба было-б нажывацца, – з самых найбяднейшых.

Бачым тут харчавыя прадукты, пераважна розных сартоў макароны, алiвы, муку, агароднiну й iншае. Мы харчоў ня купляем i дакладна навет ня ведаем аб разьмерах бюджэту, патрэбнага на ўтрыманьне сям'i, але з таго, што бачым i чуем мiмаходам, вiдаць, што цэны высокiя. Праходзiм праз доўгiя шэрагi лавак, на якiх прадаецца ўсялякае рызьзё. Вiдаць, што рука нэапалiтанца апустошвае шафы й куфры, каб неяк пажывiцца за кошт падношанае вопраткi. У iншых мясцох вiдаць сталовае срэбра, абразы няведамых нам мастакоў. Гэтыя прыбылi сюды, мусiць, з дамоў багацейшых цi мо ад каторых аматараў зьбiраньня мастацкiх рэчаў, якiх той самы голад прымусiў расстацца зь iмi. Калi-б хто захацеў зрабiць спiс усяго, што тут ёсьць на продаж, давялося-б цi мала папацець i шмат страцiць часу. Ад сярэбраных падсьвечнiкаў да падношаных шаўковых хусьцiнак i ад нiжняга жаночага хусьця да слаўных iтальянскiх акардэонаў чаго тут толькi няма! Усе зьвягаюць, заклiкаючы магчымых купцоў, як хто ўмее й патрапiць. Над морам гэтым, што часта павыцягвала з хаты апошняе, каб збыць i прыдбаць кавалак хлеба, ды тымi, што ахапкамi скуплiваюць вайсковыя рэчы, каб пасьля нажыцца зь бедных, нясупынна стаiць вялiкi гоман.

Вось прылiп да нас нейкi стары мужчына й выхваляе рознакалёрныя сувэнiры: розныя пацеркi, выкладаныя блiскучымi каменьчыкамi крыжыкi, здымкi Вэзувiя й нэапалiтанскага каралеўскага палацу, прыгожыя, зробленыя з рознакалёрнай плястыкi папяросьнiцы й табакеркi й яшчэ тое-сёе. Збоку хлопчык аж ахрып, выхваляючы свае цыгарэты "Нацыяналi", водар якiх падобны да смуроду бальшавiцкага "Памiра". Ён налягае на цывiльных, а ад вайсковых стараецца купiць "Плеерсы" i "Капстаны". Цана больш-менш сталая – сто лiраў за пачку з дваццацi штук. Гаворачы аб самiх грашах, варта зацемiць, што можна тут купiць якую хочаш валюту, пераважна-ж ангельскiя й амэрыканскiя папяровыя фунты й даляры. Ангельскi фунт хiстаецца ад чатырох да шасьцi сот лiраў, амэрыканскi даляр ня возьмеш нiжэй за сотню. Фунты йдуць найхутчэй пяцёркамi, а даляры дзесяткамi.

Лiры – пераважна акупацыйныя, выпушчаныя ваеннымi ўладамi, але сустракаюцца й шырокiя ды прыгожыя перадваенныя. Асаблiва ўважайце на акупацыйныя, калi гандлюеце з цывiльнымi, бо сярод вялiкае масы капiталу ў руху прыблiзна адна трэцяя – гэта фальшыўкi. Таксама пiльна сачыце за сваiмi кiшэнямi, бо лёгка можаце стацца ахвяраю спрактыкаваных спэцыялiстаў. Тут, на гэтым рынку, ясна, можаце купiць ня толькi тое, што вочы бачаць. Пэўна, палова цывiльных, якiх бачыце з пустымi рукамi, гандлюе таварам, што ходзiць на дзьвюх нагах.

Адылi найбольш сэнсацыйныя гандлёвыя абароты адбываюцца ня тут, на рынку, а ў дарагiх кавярнях цi начных клюбах. Там пераважна сярэднiя афiцэрскiя чыны й пераважна амэрыканскiя сустракаюцца з цывiльнымi, што кураць дарагiя цыгары, i мiльёны лiраў цi тысячы даляраў мяняюць сваiх уласьнiкаў. На наступны дзень цi вечар вайсковае транспартнае аўта заяжджае ў нейкi глухi завулак, i адбываецца пераладоўваньне цыгарэтаў, бэнзiны, алiвы цi апонаў у цывiльную машыну. Тая пасьля спяшыць дзесьцi ў склад, i прывезены ладунак развозiцца меншымi машынамi, а то й разносiцца ў шматлiкiя пункты для збыту рукамi меншых спэкулянтаў. Карыстае пры гэтым цэлая сетка. Найчасьцей тыя, што робяць свой iнтарэс у кавярнi цi начным клубе, курачы дарагiя цыгары й п'ючы лiкёры, рэдка бачаць сам тавар. Адно загадваюць сваiм лейтанантам, а ўдзень дзесьцi працуюць у бюро ды на паверхнi захоўваюць усе патрэбныя нормы добрага грамадзянiна.

Бывае i йнакш. Калi вайсковае аўта перакiне свой ладунак у якiм цёмным завулку цi складзе на цывiльнае, то па дарозе раптам напаткае вайсковую жандармерыю. Гэта апошняя, забраўшы тавар, акружным шляхам прадае яго iншаму спэкулянту – звычайна большай рыбцы, – а там-жа зноў i ўжо iншая, здаецца, група жандармерыi ловiць цывiльных па дарозе ды зноў канфiскуе, каб пазьней колькi разоў тое-ж самае прадаць. Ня дзiвiцеся. Гэта ня выдумка, а праўда. Гэткiя "гандлi" часта адбывалiся ў Рыме, Нэапалi, Мiлане й iншых iтальянскiх ды эўрапэйскiх гарадох. Зразумела, што з боку вайсковых спэкулянтаў, што выкарыстоўваюць тут збройную сiлу над цывiльнымi, мусiла дзейнiчаць спраўная сетка дзесяткаў людзей. Небясьпека была вялiзная, але затое-ж i мiльёны грошыкаў дармавых. Рабiлiся такiя "абароты" часта пераважна амэрыканцамi. Аб якой-небудзь маральнасьцi цi сумленнасьцi спэкулянтаў наогул, а вайсковых у асаблiвасьцi, не даводзiцца й гаварыць.

III

Iдзём вулiцай Вiя Рома. Направа ўверх пад гару цягнуцца доўгiя й вузкiя завулкi. Яны цяпер у засенi старых муроў, дарма што нядаўна прабiла поўдзень. На шэра-цёмных сьценах пры ўваходах у завулкi чарнеюць вялiкiя калы з iксамi (X) пасярэдзiне, а пад нiзом – вялiкi надпiс па-ангельску: "Оut of bounds for all military personnel" (забаронена для ўсякага вайсковага пэрсаналу). Вайсковым, значыцца, няма туды ўваходу. Там – зусiм другi сьвет, чым на Вiя Рома. Там – бяда й галеча, прастытуцыя й гнёзды зладзеяў. Там жыве чалавек, якога капiтал i вайна сьпiхнулi на самую нiжэйшую прыступку грамадзкае драбiны.

Мала хто з жаўнераў зважае на тое "аўт оф баўндс". Бывае, праўда, што загляне сюды вайсковая палiцыя ды адвядзе колькi адважных пад юрысдыкцыю палiцыйнага вайсковага сяржанта. Здараецца. Але-ж i палiцыя ведае, што немагчыма пералавiць усiх, калi-б навет i старалiся. Норы-ж там цёмныя, доўгiя й глыбокiя, сырыя й небясьпечныя. Дык i йдуць жаўнеры, пераважна з адной думкай у галаве, звычайна сьпяшаць за малым басаногiм замурзаным хлопчыкам. Хто там будзе ўвагу браць на тыя знакi...

Уваходзiм у завулак. Ён вузкi й цесны. Шэрыя сьцены муроў дзесяткi гадоў ужо, напэўна, ня нюхалi вапны цi якой фарбы. Каля самага нiзу яны падзёўбаныя, быццам паабгрызаныя, месцамi шчарбатыя, з павыпаданай цэглай, быццам шчарбатыя. Брук даўно забыўся, як выглядае мятла. Каля сьцен ляжаць кучы сьмецьця, у якiх капаюцца замурзаныя, апранутыя ў рызьзё, а то й зусiм голыя малыя дзеткi. Тырчаць дзесяткi галоваў з шырокiх паадчыняных дзьвярэй. Адтуль цягне змрокам i сырасьцю. Вось пры адных такiх дзьвярах жанчына з бязладна апалым на худыя плечы й на бледны твар валосьсем дае дзiцяцi грудзi. Малое зусiм голае. Яго не падманеш сухiмi грудзьмi. Крычыць на найвышэйшай ноце слабенькiм, ад частага плачу надарваным галаском. Матка трасе яго, каб супакоiлася, i штось крычыць на падлеткаў, што непадалёк паднялi зь нейкай прычыны вэрхал.

Туды й сюды снуюцца цёмныя ценi людзей. Пасярод вулкi курыцца малое вогнiшча. Над кароткiмi языкамi агню ў дыме стаiць на чатырох ножках рашотка. На ёй – пара гаршкоў, а побач – у адкрытых вайсковых кансервных пушках грэецца фасоля. Няцяжка пазнаць, адкуль яна: гэта – амэрыканскi "порк энд бiнс". Хто ведае, якiм шляхам сюды трапiла – мо праз рынак цi зладзейскiя кiшэнi, а магчыма, й пры пасярэднiцтве таго маленькага хлопчыка-агента. Навокал вогнiшча – згорбленыя фiгуры старых. Дзецi выглядаюць iм цераз плечы й зачаравана сочаць за пажывай у бляшанках. Паморшчаная гадамi старэчая сiняватая рука выцягвае з катла развараную, калiсьцi сушаную рыбу. Павольна пачынае кратацца й жаваць бяззубы, аброслы шчацiнаю рот. Рызман споўз зь пляча. Збоку ляжыць жабрачая кавяла, якую часамi падымае касьцiстая худая рука, каб адагнаць зьвяглiвых i назойлiвых малых.

– Вiя! А вiя! – ледзь чутна сярод агульнага вэрхалу. Дзесьцi з глыбiнi нары-завулка захлiпаецца надарванымi i паржавелымi гукамi шарманка. Вунь здалёк зблiжаюцца з раўнамерным рытмам па каменьнях дзьве цяжкiя пары жаўнерскiх чаравiкаў, а мiж iмi тупаюць дробненькiмi крокамi ня зусiм ужо новыя, але добра яшчэ ўтрыманыя жаночыя туфлi.

Быццам вiхор, пранёсься мiма нас басаногi малы хлапчук наўцёкi ад падлетка, якi нешта крычыць i лаецца на малога. Уверсе на шнурках сохне латаная бялiзна. Дзесьцi зь верхняга вакна жаночы голас клiча сына цi дачку. З кутка зноў далятае плач дзiцяцi. Чуваць гоман у шэрых цемнаватых сырых падвалах. Там цэлыя сем'i жывуць ва ўмовах, якiя цяжка было-б апiсаць.

Гэта – дно жыцьця, нара, у якую ўваход забаронены – "аўт оф баўндс". Продкi гэтых беднякоў некалi пад загадам магутнага Рыма тапталi iншыя дзяржавы й народы, вышчэрблiвалi й бурылi чужыя абаронныя муры, кiравалi моцнымi людзьмi тагачаснага сьвету. Iншыя служылi ў сваёй-жа дзяржаве нявольнiкамi, даглядалi гаспадаркi й прыслужвалi пры багатых сталах патрыцыяў. Ня так даўно ганялi па пустынi абiсiнцаў, дужалiся з грэкамi й парадавалi па вулiцах са зброяй у руках пад загадам Мусалiнi. Прыйшла новая вайна – зноў-жа ня iхняя. Тысячамi забiралi iх у палон у Афрыцы ў той час, як дзецi шукалi па сьметнiках скарынак хлеба i аранжавых шалупiнаў, а маткi, жонкi, сёстры й дочкi аддавалi апошняе на продаж за сродкi для мiзэрнага iснаваньня.

Вайна прынесла яшчэ большую галечу, сьпiхнула на яшчэ нiжэйшую прыступку. Пэўна-ж, бальшыня з гэтых пралетараў нiколi ня чула пра барадатага Маркса. Адылi сяньня рукi iхныя пэцкаюць чырвонай фарбай сярпы й молаты ды камунiстычныя клiчы па сьценах i платох цэлае краiны. Ня ведаюць, што хаця-нехаця зьяўляюцца шчупальцамi самага большага тырана, што ўслаў касьцямi мiльёнаў ахвяраў Эўропу й Азiю. Крывадушныя й зманлiвыя клiчы тыранавых служкаў не гарманiзуюцца з сэнсам казаньняў слугаў рымскага намесьнiка сьвятога Пятра. Ды хто зь iх, гэтых бедных i пакрыўджаных, ужо заўтра жадае лезьцi ў замагiльны рай? Як можа чалавек мацавацца духова, калi занадта дакучае сяньня ненакормленае й неапранутае цела?

Вунь у тысячах сьвятыняў па цэлай краiне застылi ў мармуры i ў фрэсках статуi й воблiкi, абразы й фiгуры сьвятых i самога Валадара Нябеснага. Зьзяюць у вясеньнiм сонцы купалы й вежы касьцёлаў, енчаць, заклiкаючы на малiтву, цяжкiя званы. На стварэньне сьвятыняў вякамi адкладвалася найбольшае багацьце. Вунь стальныя жаролы й шматпрапелерныя бамбавiкi зраўнялi з зямлёю кляштар й сьвятынi Монтэ Касыно. Адылi ўцалелi валадары стальных жаролаў i самалётаў, таксама як уцалелi й собсьнiкi кляштару. Першыя спажываць будуць плёны перамогi, iншыя на руiнах кляштару пабудуюць яшчэ мацнейшы й прыгажэйшы. Адно доўгiмi гадамi сьлязьмi будзе выплакваць вочы гаротная матка цi малая сiрата, гараваць будзе ўдава цi з кавёламi цягацца па жыцьцёвых сьметнiках ваенны калека.

Iншы тыран зь iншае зямлi карыстаць будзе зь нядолi найбяднейшага й найбольш пакрыўджанага, муцячы цёмную вадзiчку й заклiкаючы яго да нейкiх новых i яшчэ большых высiлкаў. Тыран нап'ецца больш крывi паняволеных, а ў новай вайне вырастуць новыя крыжы або й бязь iх ахутае зямля шмат бязыменных i загубленых.

IV

Мы, паважаны чытачу, зайшоўшы ў Нэапалiтанскi завулак i ўгледзеўшыся ў самае дно жыцьця людзкога, ня будзем плакаць па чужым горы, бо сваё цераз берагi пералiваецца. Ведаем, што родзiчы дома жывуць у такой самай, а мо й горшай галечы й што на Бацькаўшчыне рэдка знойдзеш сям'ю, што ўцалела ад вайны. Учора яшчэ ў беларускiх лясох i пушчах вецер разносiў попел зьедзеных пажарамi беларускiх вёсак, i вылi па начах над папялiшчамi ваўкi, што раней абжыралiся сьвежымi трупамi. Побач, у зямлянках, дрыжэлi ад гэтага выцьця галодныя сяляне. Вечны гаротнiк беларус парыць косьцi ў параскiданых па ўсёй Эўропе й маскоўскай Азii супольных магiлах замучаных i закатаваных, а iншы, яшчэ жывы нявольнiк на парозе сьмерцi трасе аковамi.

Месяцамi й гадамi, днямi й непраспанымi начамi крывавiлiся нашы сэрцы аб нядолi братоў i сясьцёр, бацькоў i матак, блiзкiх i родных. Прасiлi й далей прасiць будзем Усемагутнага, каб накiраваў моц гневу свайго супраць крыўдзiцеляў i тыранаў, панявольнiкаў i iх сьведамых слугаў, ды каб не пакiнуў нас без апекi i памог спрычынiцца да выраўнаньня крыўдаў i прыспораньня ўзнагародаў найбольш цярплiвым з усiх цярплiвых.

Мы сяньня блукаем з вамi, паважаны чытачу, па чужых краiнах, гарадах i завулках, мерачы чужую нядолю. Мы – у чужых мундзiрах i пад зяленiвам вайсковай тканiны ў сэрцах сваiх тоiм крыўду й гоiм зробленыя нам вялiкiя раны, песьцiм любоў да патаптаных i прыгнечаных, захоўваем нянавiсьць да тых, што плянуюць у будучынi iншыя няволi й iншыя бойнi.

У нас – чыстае сумленьне, бо нiкога не забiвалi й ня крыўдзiлi, ня прыгняталi i ў ланцугi не закоўвалi. Мiралюбны сялянскi народ наш вякамi араў свае гонi й сачыў, як ягонае дабро падарожнiчала на ўсход i на захад, а сам жыў у заўсёднай нястачы. Мы ганарымся ня тым, што ўпалi i вось ужо пару вякоў у чужым ярме стогнем, а лiхi вецер разганяе-растрасае нас па прасторах сусьветных, але тым, што сьмела назвацца можам сваiм нацыянальным iмем i проста глянуць у вочы кожнаму, бо не належым да нацыянальных разбойнiкаў i афэрыстаў.

Народ наш, у той навет слаўны далёкi час, калi меў сiлу й магутнасьць, калi межы ягоныя сягалi ад Балцкага да Чорнага мора, не падымаў рук на слабейшых i агрэсiяй не сягаў на чужое. Сталь ужываў на нарогi для плугоў i iншыя прылады, што прадуктавалi дабро, а ў школах нашых ня вучылi нянавiсьцi да блiжняга так, як у суседзкiх, але дбайна ахоўвалi прамень сьвятла, што зырка разганяў найглыбейшыя цемры невуцтва й нясьведамасьцi. Краiна наша славiлася тымi людзьмi, што ня толькi здабылi першыя дасягненьнi ў галiне асьветы дома, але й несьлi зьнiч веды ў суседнiя дзяржавы.

Майстры нашы й скульптары будавалi сьвятынi, каб славiць Бога, школы й дамы для людзей, а не вастрылi зброi, каб пашыраць гвалт i разбой, якi нiколi ня меў асноваў у характары беларуса. Аб абаронныя пiкi й шчыты нашы разьбiвалiся татарскiя орды, крыжацкiя ордэны й маскоўскiя палкi. Трагэдыяй народу нашага было тое, што надта даверлiвы быў да чужынцаў ды занадта вялiкае й шляхотнае меў сэрца. Не спасьцярог у пару, што сiла для абароны межаў сваiх павiнна быць такая-ж моцная, як тая, што мусiла-б быць нарыхтаваная для захопнiцтва.

Iншыя доўга вастрылi свае зубы й прагнулi нашай крывi. За неасьцярожнасьць мы дорага заплацiлi, бо кроў гэта паплыла рэкамi, i вось стагодзьдзямi ўжо ня высыхае акрываўленае рэчышча нашых цярпеньняў. Зямелька наша дарагая ўсеяна сьвятынямi ахвяраў у абароне вольнасьцi – курганамi-магiламi, руiнамi абаронных цьвярдыняў, магiльнымi камянямi. Скарбы нашы народныя спачываюць у музэях, галерэях i банках Масквы, Бэрлiну й Варшавы, а пракляты нашчадак няслаўнага Iвана Грознага й Пятра Першага апляваў i апаганiў пасад Рагнеды й Вiтаўта.

Мы не выхваляемся вялiкiмi цярпеньнямi, бо вялiкi ня той, хто слынны ў перамозе й разбойнiцтве, а плача ў нядолi, а той, хто сьцiплым i велiкадушным патрапiць быць на шчыце свае магутнасьцi ды захавае вернасьць iдэям сваiм i мужнасьць ды вытрываласьць у прадоньнях фiзычных i духовых цярпеньняў. Мы цешымся й ганарымся тым, што нiякiя лiхалецьцi й прылады чужога гвалту над нашым народам ня перарэзалi асноўнай тканiны ягонае жывучасьцi й што сяньня непераможны беларускi арганiзм расьце новымi маладымi парасткамi, якiя ў будучынi выцягнуцца да сонца каронай пышнае вяршынi сярод чужога пустазельля.

Нам варта ўжо раз i назаўсёды навучыцца, што дабрата, вялiкадушнасьць i любоў да iншых маюць сваю меру, асаблiва калi тымi iншымi могуць быць патэнцыяльныя нашы ворагi. Колькi-б даброцi нi мелi мы ў народным сэрцы сваiм, як моцна нi трымалiся-б законаў Валадара Зямнога й Нябеснага, мусiм не забывацца анi на хвiлiну, што знаходзiмся на зямлi й жывём сярод ваўкоў. Пастух ня хвалiць авечак сваiх за тое, што яны, зьбiўшыся ў кучу й не парупiўшыся аб абароне, бездапаможна сочаць, як пражэрлiвыя ваўкi цягаюць жывёлiн зь iхняга статка. Гэтак i Бог не пахвалiць бездапаможных з прычыны iхняе незараднасьцi. Калi на недахоп зараднасьцi ў народзе нашым наракаць не даводзiцца, то трэба адзначыць, што на этапах гiсторыii часта адкiдалi мы ўбок зброю, каб узяцца за ручкi плуга тады, як надыходзiла грозная хмара, а сяньня гаруем цераз меру з прычыны неасьцярожнасьцi ў мiнулым.

Дбайлiва гартаць мусiм бачыны мiнуўшчыны нашай, аналiзаваць-ператрасаць памылкi продкаў, каб не паўтарыць iх цяпер i ў будучынi. Са скарбнiцы людзкой культуры й навукi мусiм здабываць пэрлы й дыяменты ведаў, карыстацца iмi, бесьперапынна шлiфаваць й песьцiць, каб яшчэ ўлепшанымi перадаць наступным нашым пакаленьням.

Не забываймася, што акрамя прысуду Валадара Зямнога й Нябеснага будуць судзiць нас i нашыя нашчадкi. Жыцьцё наша ёсьць адно кароценькае злучво ў ланцугу бязьмежнага часу, й шкадавата трацiць яго на гадоўлю тоўсьценькага сытага жывата цi выключна на памножаньне свайго матэрыяльнага багацьця. Няма нiчога цяжэйшага для разумнага чалавека, як пры адыходзе ў магiлу мучыцца сьведамасьцю, што згнаiў жыцьцё сваё й не прыдбаў у скарбнiцу сямейную й народную нiякага духовага й матэрыяльнага, асаблiва-ж духовага, капiталу. Цяжка таму, хто пападзе ў няволю й хто ведаў вольнасьць, але не лягчэй таму, хто ў няволi родзiцца й якому не даюць расьцi й нармальна разьвiвацца. Ён не пачне капацца ў прычынах, чаму дзед ягоны цi прадзед выпусьцiў з аслабленае рукi меч, а больш парупiцца аб тым, каб памяць продкаў зганiць праклёнамi.

Цяпер, пасьля сусьветнага катаклiзму, людзi й народы капаюцца ў руiнах ды, выцягваючы адтуль галавешкi, стараюцца адгадаць ня толькi прычыны пажару цi ўстанавiць iмёны й вiну падпальнiкаў, але й знайсьцi сьляды памылак, што зрабiў род людзкi, дапусьцiўшы падпальнiкаў да iхняе мэты. Нам больш, чым каму, пакапацца трэба ў папялiшчах ня толькi сусьветнага пажару, але, перадусiм, свайго роднага гнязда, каб распазнаць ды вывучыць крывулi, якiмi вандравалi нашы далейшыя й блiжэйшыя продкi. Адно такiм чынам зможам цяпер i ў будучынi правiльна стаўляць чарговыя вехi на шляху да вызваленьня й дабрабыту народу нашага.

Горкая нядоля шмат чаму нас навучыла, а – найважнейшае – тое, што народ наш вытрывалы й несьмяротны, дарма што апынуўся ў найцяжэйшым i найбольш мулкiм ярме. Адсюль у нас вера, што перад iм ляжыць сьветлы прасьцяг будучынi, а вера гэта – непахiсная. Паколькi сьветласьць будучынi той у вялiкай меры залежыць ад таго, што мы за час жыцьця свайго зробiм цi чаго ня зробiм, то будзем старацца адно, каб Усемагутны прыспорыў нам сiлаў да працы, здароўя, адвагi й вытрываласьцi. А з усiм гэтым ня будуць страшыць нас на шляху нiякiя перашкоды, й нiякай людзкой сiле ня ўдасца ўжо спынiць наш рух да народнага вызваленьня й дабрабыту.

IМГЛIСТЫЯ БЕРАГI

I

Зьзяе ўдзень блакiтнае Мiжземнае мора, пазалочанае сонечнымi праменьнямi. Яно – звычайна спакойнае. Адно лёганькi ветрык-гарэза гойдаецца на грыўках хваляў. Сонца ўглядаецца ў шурпатае люстэрка мiльёнамi кавалкаў золата. Кiнь зрокам навокал мараплава й заўважыш не адзiн статак дэльфiнаў. Гэтыя гулякi пырскаюцца вадою, быццам тыя гладка-падкормленыя парсюкi, выскакваюць над вадою, гоцкаюцца. У iхняй лянiва-павольнай гульнi прасочыш заадно бестурботнасьць i самаўпэўненасьць прыроды, уцеху ўсяго жывога – здаецца, каб наўмысьля пажартаваць зь вечна заклапочанага чалавеку. Маеш уражаньне, што няма ў iх клопатаў аб харчах цi розных сямейных справах. Мо яны належаць да марскiх гультаёў, а мо пажыва сама прыходзiць iм у адкрыты рот?

Калi сонца патоне ў блакiце хваль на захадзе, вада апранаецца ў цёмна-папялясты колер. Тады яшчэ выразьней чуваць, як мараплаў рэжа спакойныя вадзяныя грудзi i як шырокая канава ззаду зьлiваецца голасным плёскатам у гладкую плошчу, пакрытую белаватаю пенай.

Перад Сымонам Спарышом, што любiць замыкацца ў свой собскi сьвет i якi цяпер зноў, абапёршыся на апору на задняй палубе, углядаецца ў дэльфiнаў i тую канаву ззаду мараплава, адчынiўся новы сьвет невядома куды ськiраванай дарогi. Ад аднаго чужога берагу да другога, ад Нэапаля – да Лiверпуля. Так даўно, здаецца, дарога тая пачалася, так шмат прыйшлося рабiць крывуляў, ламаць перашкодаў, блудзiць. Калi-б гэты мараплаў вёз яго на вольную Бацькаўшчыну...

Але цi-ж ён адзiн? На Апэнiнскiм паўабтоку пакiнуў пяць месяцаў маладога жыцьця, адрэзак змаганьня за чужую славу й iнтарэсы. Засталiся там блiзкiя сябры. А колькi-ж было такiх, што, выкiнутыя з Бацькаўшчыны, цераз сiбiрскую тайгу й казахстанскiя стэпы ды афрыканскую спякоту прыйшлi на сонечны бераг i там засталiся спачываць навекi...

Спарыш асягнуў ранейшае, iм-жа пастаўленае "абы перажыць i выжыць". Дый дарога тая некалi-ж паверне на Беларусь.

II

Мараплаў "Самарыя", што ў лiку iншых прыблiжаўся да Лiверпуля, познай травеньскай ранiцою шукаў дарогi, плыў быццам вобмацкам, часта дрыжэў густым сiгналам. Памалу абмацаўшы сьцежку, уехаў у шырокую паласу мiж "боямi" (навiгацыйнымi знакамi). Гэта былi малыя сьпiчастыя плаўкi-вежы, што трымалiся на якарах i жаласна-манатонна, быццам тыя авечкi цi козы ў гарах, пабрыньквалi невялiчкiмi званкамi. Боi-плаўкi вызначалi трасу да порта, былi бар'ерам мiж глыбейшым i мялiзнаю. Мокра-густая iмгла тоўстаю павалокаю засланяла ўсё навокал. Дзесьцi ўверсе, на ўсходзе крышку паясьнела. Там мусiла падняцца ўжо вясеньняе сонца, што прамянямi, быццам дзiдамi, старалася пранiзаць тоўстую й шэрую мглiстую сярмягу. А сярмяга тая рухалася i, здавалася, то радзейшымi, то гусьцейшымi слаямi пасоўвалася на ўсход.

Як пчолы перад выраем увесну суцэльнаю масаю пакрываюць вулей, так усё, што жывое было ў мараплаве, карабкалася з ягоных нетраў на палубы, дзе ледзь можна было працiснуцца. Зялёны натоўп зрокам упiваўся ў сiвую мокрую сярмягу, стараўся ўгледзець абрысы адным блiзкага, а мо й роднага, iншым – чужога порта. Чырвона-рудыя, загарэлыя пад паўдзённым сонцам твары не гарманiзавалiся з капрызным iмглiстым надвор'ем. Кнiгаўкi ватагамi кружылi навокал, напаўняючы паветра журботнымi, аднатоннымi крыкамi. Здавалася, што й крыльлямi лянiлiся махаць, адно якраз колькi было патрэбна, каб у лёце ўтрымацца.

Неба пачало праясьняцца, й навокал вырасталi першыя партовыя ды гарадзкiя аб'екты. Былi гэта цёмныя сiлуэты высокiх партовых алеватараў, доўгiх складоў пры прыстанях, далей-жа – будынкi самога гораду. Шмат мiiнула часу, пакуль адзiнаццаць пасажырскiх мараплаваў, у тым лiку й "Самарыя", знайшлi адпаведныя месцы ля прыстаняў i пазакiдалi якары. Ваенныя караблi, што праводзiлi iх праз Атлянтычны акiян, раней яшчэ павярнулi назад, у ваенныя парты.

Выладоўваньне дзесяткаў тысяч жаўнераў ды iхняга багажу трывала цэлы дзень. Жаўнеры пераходзiлi на чыгуначную станцыю, званую "Рывэрсайд стэйшн", што знаходзiлася тут-жа пад носам, ды разьяжджалiся ва ўсе кiрункi Ангельшчыны.

Сымон Спарыш, таксама як i iншыя кандыдаты ў школу падхаронжых, уважна сачыў за ўсiм, што адбывалася вавокал. Перадусiм цiкавiлi яго людзi. У кожным сустрэчным цывiльным стараўся ўгледзець ня толькi твар i характар гэтага новага для яго народу, але, здавалася, i сваю будучыню на iхняй зямлi. Тое, што бачыў, не падабалася. Людзi выглядалi страшэнна бледнымi, худымi, халоднымi й шэрымi, да гэтай iмглы падобнымi. Здавалася, што калi яны сустракаюцца з роднымi й блiзкiмi, якiх даўно ня бачылi ды якiя вяртаюцца ўцалелымi й здаровымi з вайны, уся iстота iхная мусiць быць перапоўненая непамерным шчасьцем. Радасьць мусiла-б пералiвацца цераз берагi, проста ня мець межаў. А тут яно ўсё неяк ня так, як мусiла-б быць – здавалася Сымону. Праўда, вiдаць на тых бледных i загарэлых тварах сьляды радасьцi й чуваць галасы ўцехi, вiдаць цалункi жонак з мужамi, матак з сынамi. Але ўсё гэта надта-ж стрыманае, нейкае над меру асьцярожнае, сказаў-бы хтосьцi, аж залiшне абмежаванае. Цi-ж гэтак вiтаюцца беларусы, калi радня вяртаецца з далёкае ды яшчэ ваеннае дарогi?

"Цiкавы гэта, мусiць, народ" – думаў Сымон. – "Цi-ж ня ўмеюць яны па-людзку весялiцца, радасьцi свае выказаць? А мо гэта так адно публiчна? Усё-ж завялiкая стрыманасьць. Як-бы-ж гэта я цешыўся, калi-б дапамог мне.Бог, скажам, вярнуцца ў свой Менск цi родную вёску... Я з радасьцi хадуром на галаве хадзiў-бы, можа, падскочыўшы з уцехi ў бацькоўскай хаце, столь галавой прабiў-бы... Божа-ж ты мой, Божа! Няўжо-ж не будзе канца гэтай вандроўцы? Якiмi-ж гэта сьцежкамi яшчэ прыйдзецца валачыцца й якiя лiхалецьцi перажыць, пакуль зноў, як калiсьцi, штодня iдучы ў гiмназiю, буду мець магчымасьць пакланiцца Вастрабрамскай Божай Мацi цi раўнамерным крокам мерыць менскi тратуар?.."

III

Вялiкi вайсковы абоз Кэтэрык Кэмп, што знаходзiўся ў Ёркшыры ў адлегласьцi кiлямэтраў чатырох ад мястэчка Рычманд, не належаў да тых, што пад час другой вайны будавалiся брытанцамi на скорую руку. Быў ён цэнтрам панцырнага шкаленьня брытанскае армii. Невялiкая часьць прыдзелена была для ўжытку польскага першага корпусу генэрала Мачка й зьяўлялася цэнтрам панцырнага вышкаленьня польскiх адзьдзелаў у Ангельшчыне. Абоз быў прыгожа расплянаваны, з добра дагледжанымi баракамi, складамi, майстэрнямi. Акрамя такiх аб'ектаў штодзённага ўжытку, як лазьнi, кухнi, сталовыя, кавярнi, меў сваё кiно й большы будынак, якi можна было назваць тэатрам. Там адбывалiся розныя выступы-вар'етэ прыежджых артыстычных трупаў. Сетка цэмэнтовых дарог i сьцежак была асаблiва важнай тут, дзе дажджы падалi часьцей, чым сьвяцiла сонца. Плошча, занятая будынкамi, сягала, пэўна, гэктараў трыста. Навокал раскiнулiся сотнi гектараў няўжыткаў, якiмi Вялiкая Брытанiя даволi ведамая. Там былi стрэльбiшчы для вайсковых практыкаваньняў i поле для аўтамабiльнай i панцырнай язды.

У той час, калi нашы кандыдаты зьявiлiся ў Кэтэрык Кэмпе, было там ня больш трох сотняў палякаў з розных адзьдзелаў першага корпусу. Вучылiся яны рамяству танкiстаў, прычым канчалi звычайна адзiн з чатырох курсаў: танкавага стралецтва, шафёрства танкаў, курс радыёвы (бадай, найцяжэйшы, бо ў праграму навукi ўваходзiла не толькi праца з радыёперадатчыкам, але й вывучэньне ўстаноўленай сiстэмы шыфраў) ды, нарэшце, курс камандзераў танкаў, звычайна прызначаны для падафiцэраў. Аб'ектам вывучэньня быў навейшы ангельскi танк "Кромвэл", хаця знаёмiлiся з "Чэрчылямi" й iншымi ангельскiмi й амэрыканскiмi танкамi.

Польская школа падхаронжых панцырнай зброi, што тут знаходзiлася, праводзiла навуку канвэерным мэтадам – зусiм так, як рабiлi гэта ангельцы.

Кожныя два месяцы пачынаўся новы курс. У лiку яго было дваццаць чатыры чалавекi, якiя для штодзённых заняткаў дзялiлiся на тры роўныя лiкам групы. Адна група, прыкладам, у даны перыяд праходзiла курс радыёвы, iншая стралецкi, трэцяя – шафёрства. Кожны курс трываў чатыры тыднi. З прычыны кароткага часу матэрыялу давалася вучням вельмi шмат. Акрамя ўспомненых трох курсаў усе вучнi школы праходзiлi яшчэ курс шафёрства транспартных аўтамашынаў. Вучылiся езьдзiць, як прынята ў Ангельшчыне, па левым баку дарогi. Практыкавалiся на паўтаратонных "Бэдфордах" i "Фордсанах". Пасьля iшоў курс камандзераў танкаў i кiраваньня зьвязамi. Тапаграфiя й хуткая арыентацыя па мапах была прадметам найбольш iнтэнсыўнага вывучэньня. Ужо напрыканцы вывучаўся агульны курс тактыкi, арганiзацыi армii, стратэгii й зьвязаных з гэтым пытаньняў, што трэба было ведаць будучым танкавым афiцэрам.

Пэрыяд навукi ў школе трываў роўна восем месяцаў. Скончыўшы яго, курсанты былi поўнасьцю падкутымi танкiстамi, што маглi ня толькi справiцца з заданьнем любога зь пяцi чалавек экiпажа танку, але й кiраваць меншымi танкавымi адзьдзеламi ды наогул мелi добрыя асновы для вайсковай кар'еры.

Парогам, якi кожны кандыдат мусiў пераступiць, каб трапiць у школу, быў псыха-тэхнiчны экзамен. Паводде яго вынiкаў кiраўнiкi школы арыентавалiся, цi даны кандыдат надаваўся наогул у панцырную зброю, ды асаблiва на афiцэра. У склад экзамену ўваходзiлi розныя штучкi, некаторыя, здавалася-б, зусiм простыя, разьлiчаныя на пазнаньне хуткасьцi арыентацыi кандыдата. Калi пры выкананьнi адных заданьняў найбольш важнай была хуткасьць у часе, то iншыя, цяжэйшыя, мелi на мэце выяўленьне засягу агульнай i тэхнiчнай адукаванасьцi. Мы не пачнём нудзiць чытача апiсаньнем кожнага зь iх, бо ня ў гэтым ляжыць асноўная мэта нашага апавяданьня. Успомнiм яшчэ, што быў i пiсьмовы экзамен, якi меў даць кiраўнiкам школы агульны вобраз як характару, так i iнтэлектуальнага ўзроўню кандыдата. Адказы на цэлы сьцяг пытаньняў, што ацэньвалiся пунктамi*, давалi трапную ацэнку кандыдата з усiх бакоў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю