355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » Змагарныя дарогi » Текст книги (страница 17)
Змагарныя дарогi
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 12:41

Текст книги "Змагарныя дарогi"


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 17 (всего у книги 38 страниц)

– Эй, там! – раве на ўсю глотку лейтанант. – Кто вам приказал прятаться? Встать сейчас же, такую вашу...! Ишь ты! Вон какие с вас, значится, вояки. Подыматься! Погодите, вы еше ничего не видели! Еще, может быть, забудете, куда и прятаться надо будет!

Не без задаволенай ухмылкi на твары параўнаў у гэны момант Сьцервiн сябе, спрактыкаванага i, паводле яго-ж самога, вельмi адважнага жаўнера, з гэтым, на яго думку, палахлiвым збродам дэзэртыраў. Аж выпрасталася з задаваленьня кароценькая шыя i раўней пайшлi ногi.

Перад будынкам, дзе мясьцiлася каманда батальёну, падзел людзей адбыўся хутка. Усе былi накiраваныя да сваiх ротаў.

– Глядзеце, хлопцы, ня курыце й цiха гаварыце, – перасьцерагаў зьвязны падафiцэр малую групку, у якой былi Сымон i Вiктар.

Групка мiнула колькi цёмных хатаў, увайшла ў зарасьнiкi ды, зь цяжкасьцю выцягваючы ногi зь мяккай размоклай глiны, павярнула на край лесу, дзе ледзь вiдаць былi абрысы нейкага будынку. Падыйшоўшы, заўважылi, што была гэта невялiкая сьвятыня. Увайшлi. Вокны касьцёлу пазавешаныя былi знутры жаўнерскiмi коцамi, а ў цьмякым сьвятле адзiнокае сьвечкi, што гарэла ў куточку, можна было разгледзець пару дзесяткаў замурзаных, аблепленых засохлаю глiнай людзей, што спалi на падлозе. За алтаром, у круглай адтулiне ў сьцяне, тырчаў кулямёт, а пры iм сядзеў чалавек. Побач, у кутку, галава статуi Маткi Боскай схавалася ў рудавата-глiнястым шлеме. У куце, зьмешаныя з розным жаўнерскiм хламам, тулiлiся касьцельныя рэчы.

– Хто тут ёсьць? Войнiк! Гэта ты? – пачаў клiкаць Сымон, прыпомнiўшы, што тут павiнна быць пару ягоных сяброў.

– Как, Спарыш? И ты здесь? Каким образом? – пачуў хлопец няпрыемны голас курносенькага Рэшатава, што ў паўдрэмцы сядзеў на прыступках аўтара.

– Я ня ведаю, гаспадзiн обер-лейтанант, – зьбянтэжыўся такiм спатканьнем Спарыш. Ён быў ужо крыху й падзабыўся аб iснаваньнi расейца, хоць прыгадваў, што ён тут. У сустрэчы ня было нечаканасьцi, адно зьбянтэжанасьць. Накiравалi мяне толькi аднаго з канюхоў. Цi гэта, можа, прыпадкова? Пашлiце мяне назад, обер-лейтанант. Тут адзiн не мае стрэльбы, дык я яму аддам гэту, а ў абозе маю другую.

– О, нет! – ашчэрыўся Рэшатаў. – Ты теперь с фронта не уйдешь, будешь здесь все время. Уж будем воевать вместе...

– Давайце строiцца тыя, што прыйшлi! – загадаў лейтанант Калмыкоў. Старшына Налепа ўзяўся за ўпарадкаваньне новапрыбылай групы.

– Зараз пойдзеце ў вакопы, дзе маеце прасядзець у абароне па дваццаць чатыры гадзiны, – тлумачыў Калмыкоў. – Глядзеце, каб нiхто не пакiдаў пазыцыяў без загаду.

Калмыкоў даў кароткую iнфармацыю аб баёвой сытуацыi й распалажэньнi роты. Трынаццаць чалавек, прызапасiўшыся амунiцыяй, пакiнулi касьцёл. Прайшоўшы прыблiзна дзьвесьце мэтраў, спынiлiся на самым бугру ўзгорка. Перад iмi на захадзе адкрылася далiна. Пры млявым сьвятле месяцавага сярпа Сымон заўважыў у цемры будынкi горада Альткiрха. Прыблiзна адлеглая на пяцьсот мэтраў на захад, цьмяна вызначалася стужка шашы, што бегла да пярэднiх вакопаў батальёна Мураўёва. Блiжэй у гэты бок ледзь можна было заўважыць крывулю прасёлачнай дарогi. Бугор, на якiм затрымалася група, быў даволi абрывiсты; пэўна, цяжка было-б узьлезьцi на яго танкам працiўнiка. Гэтулькi спасьцерагло маласпрактыкаванае ў вайсковай тапаграфii вока канюха Сымона. Зiгзагаватая глыбокая канава, аж па каленi напоўненая вадой, была адным з перадавых вакопаў.

– Хлопцы, вылазьце! Зьмена прыйшла! – гаркнуў зьвязовы.

Паволi, зь вялiкай цяжкасьцю выцягваючы з глiнястае калатушкi ногi, пачалi вылазiць з ямы запэцканыя з ног да галавы цёмныя фiгуры.

– Але-ж вы й абляпiлiся! Чаго тут i баяцца: вас i супрацьпанцырны не ўзяў-бы! – здабыўся адзiн з прыбылых на жарт.

– Скалi, скалi зубы. Пабачыш, як табе стане весела, тут пасядзеўшы, агрызнуўся нехта з папярэдняй зьмены.

– Колькi чалавек прывёў? – пачуўся голас дружыновага Лакусты.

– Трынаццаць.

– Хто з вас знае панцырфаўст?

– Я, – пахвалiўся Ўладзiк.

– I я, – далучыўся Сымон.

– Iдзеце там колькi крокаў проста наперад. Там у бункеры сядзяць трое з гэтым "шрэкамi" – зьмянiце iх. Хто трэцi? Давайце хутка, не марудзiць! Чаго стоўпiлiся так у кучу? Што, вы на кiрмашы, думаеце? Хочаце, каб вас мiнай узнагародзiлi? Давайце, хто там яшчэ, – пяць чалавек iдзеце налева. Завядзi iх, Пiсаронак, пакажы!

Сымон, Уладзiк i трэцi, iм незнаёмы, накiравалiся наперад. З бункеру вылязьлi Войнiк, Панумарэнка й Бабрыцкi. Ногi ўлезьлi аж па каленi ў глiнястую калатушку. Упоцемку хлопцы абмацалi ў сьценах бункеру даўгаватыя полкi, высланыя ўжо вiльготнай саломай. Два Сымонавы таварышы палезлi на тыя полкi спаць, а канюх, узяўшы з сабою панцырфаўст, што называў "балдавешкай", ды "качаргу", падняўся па выразаных прыступках на перадавы назiральны пункт, каб трымаць варту. Толькi цяпер прыгадаў, што дзесь па дарозе згубiўся вызначаны, мабыць, у другi вакоп Вiктар Караткевiч.

– Але-ж цяля, – бурчаў пад носам Сымон. – Яго, як тое дзiця, за ручку вадзi. Чаму-ж нам цяпер якраз собiла разьдзялiцца, у ваблiччы найбольшай мо небясьпекi...

НОЧ I СЬВIТАНЬНЕ

I

Зольная васеньняя эльзаская ноч дыхала хуткабежнымi нiзкiмi хмарамi, хлiстала густым i назойлiвым, праймаючым аж да касьцей дробненькiм дожджыкам, там-сям шпурляла й тузалася мiнамi й снарадамi. Людзi зяблi й дрыжэлi, ляскалi зубамi, мясiлiся ў жыдзенькiм глiняным цесьце, адхуквалi й церлi пасiнелыя рукi; трасучыся ад золi, тулiлiся да акалелых i насычаных вадою сьценаў вакопаў, абрасталi рудаватаю глiнаю. Людзi, як краты. Краты ў глiне.

Сымон Спарыш прылiп да пярэдняе сьцяны вакопу. Дрыжыкi пачыналiся зьнiзу, ад мокрых нагавiцаў i шкарпэтак. Хваляю прабягалi па сьпiне й канчалiся на пасiнелых ад сьцюжы вуснах. Цяжка было трымаць паднятымi алавяныя павекi. Мала памагаў настаўлены тонкi каўнер мундзiра. Маскавальная палатка крышку ратавала ад дажджу, але ня грэла. Навокал былi дзiч i пустка. Хмары, дождж i глiна. Золь i глiна. Зямля й цемра.

Сымон амаль ня здольны быў думаць. Здавалася, што пад халодным шлемам празяблi мазгi. Толькi нудны й жаласны вецер сьвiстаў каля шлему, паўзучы нiзенька над самымi грудамi ральлi. Над вакопамi мiльганула нейкая цёмная шыракакрылая зьява i, пакруцiўшыся, шыбнула зь ветрам у кiрунку лесу. Здалося, што груган.

– Цьфу на цябе! – злаваўся былы канюх. – На нядобрае ты, гад, мусiць, варожыш.

У галаве пашарпанымi абрывамi, малазьвязанымi вобразамi перасоўвалiся мiражы: цi гэта быў брэд. Не, мусiць не. Чалавек быў у тым стане, калi анi ня сьпiць, анi ня жыве сьведама. Мусiць, i мазгi былi празябшыя, здранцвелыя, акалелыя.

Першаы мiраж: мiска стравы. Тлустай, сытнай, гарачай. Абавязкова гарачай, хоць мо й ня так тлустай. Ах, якое то было-б багаслаўленьне для прысохлага да сьпiны жывата, для прагнучага цяпла арганiзму. I няхай бы хто папробаваў тады сказаць Сымону, што ёсьць на сьвеце лепшыя дабрадзействы за тлустую, сытную, гарачую мiску стравы. Нiчога ня было. Была адно цемра, золь, быў галодны празяблы Сымон, i ў ягоным уяўленьнi – гарачая мiска стравы.

Дзе гэта апошнi раз давялося былому кадэту-канюху спажываць такi ўяўлены прысмак? Хiба-ж ня была гэта тая густая нямецкая гарохавая зупа ды ўжо й, пэўна-ж, ня рэдзенькiя крупы са смярдзючай канiнай. Не. Гэта было хiба шмат раней. Так. Напэўна, раней. Здаецца, так нядаўна – усяго чатыры цi пяць месяцаў таму назад, а з другога боку – цэлая вечнасьць. Гэта было ўдома, яшчэ на Бацькаўшчыне, у бацькавай хаце, калi прыехаў зь Вiльнi...

Другое трызненьне – абед у сялянскай хаце. З-за шырокага дубовага падоўжанага стала далятае звон алюмiнiевых лыжак аб глiняныя мiскi. Сямейка, аблакацiўшыся, нахiлiўшыся над мiскамi, заядла сёрбае. Няма часу. На полi чакае жнiво, а то й малацьба. Мала хто гаворыць. Толькi кот мяўкае, круцiцца й трэцца каля ног пад сталом, назiрае, дзе й як падпiльнаваць кусочак леташняй, пахучай, на дробненькую мязгу пацёртай у зупе сьвiнiны.

– Кастусь, не разьлiвай на кашулю, разiнька ты, – перасьцерагае й навучае бацька.

Кастусь – самы малодшы. Ён яшчэ не ўмее добра валодаць лыжкаю. Пакуль пад'есьць – залье ўвесь перад сiняй кужэльнай кашулi. На сьцяне паволi, мераючы хвiлiны, цыкае-такае вага вялiкага, пазалочанага, прывезенага некалi бацькам з Петраграду, гадзiньнiка. Вось захрыпелi спружыны, адхiнуўся далёка назад мядзяны малаточак.

– Бум!

– Раз, – чуецца дзiцячы голас з-за стала.

– Бум!

– Два.

– Чуем безь цябе. Глядзi ўжо, куды лыжку нясеш, разiнька, – iзноў ня вытрымаў бацька.

Як прыемна й утульна было ў роднай хаце, хоць i беднай, але-ж сваёй. Дзе-ж яны падзелiся – родныя, дарагiя, незаменныя? Цi зьмёў iх ужо з паверхнi зямлi нячысьцiк з усходу? Госпадзi, Валадар Усемагутны! Цi-ж пры падзеле долi на гаротнай зямельцы гэтай ня выпала ў Цябе трохi больш дабра беларусу? Чаму й за што так цяжка караеш?

Пасiнелыя вусны шэпчуць, ледзь варушачыся ў цемры...

Уяўленьне зноў вяртае вобраз бацькi – хваравiтага, спрацаванага, згорбленага горам i несканчонай жыцьцёвай злыбядой. Зморшчаны ласкавы твар. Блакiтныя спачувальныя вочы. I словы:

– Iдзi-ж, сынок, калi ты ўжо так пастанавiў, але помнi, што сам сабе мусiш раду даваць. Я больш ня ў сiлах. Каб во не бяда гэта й не вайна, дык, можа-б, як i памог, а так...

I ў гэны момант, здаецца, няма мiж бацькам i сынам адлегласьцi.

Голас зноў абрываецца. Ён– зусiм нярэальны. Цi й сапраўды калi такi быў? Усё-ж ужо нярэальнае, навет жыцьцё самое. Яно – жахлiвае, беспрасьветнае...

Але-ж не. Некалi ня было для Сымона анi гэтай эльзаскай калатушкi-глiны, анi чужой золi, нi выючага ветру. Была сям'я, цяпло, утульнасьць, бацькоўскае й мацярынскае каханьне й клопаты. Было роднае цёплае гняздзечка, крыльле, што ахоўвала, вусны, што сьпявалi й цешылi, грудзi, што тулiлi, сэрца, што бiлася любоўю... Былi штодзённыя дробныя клопаты, звычайная будзёншчына ў сваёй сямейцы. Усё гэта, такое далёкае, непаўторнае, цяпер адыйшло ў нябыт...

Трэцi мiраж: на Росах ледзь стаiць ужо пахiлены, збуцьвелы, падгнiлы драўляны крыж. На iм пагода амаль зьлiзала чорны надпiс. На зусiм аселую, амаль зраўнаную з навакольнай зямлёй магiлку дрыжачая юнацкая рука стаўляе запаленую сьвечку. Вецер гасiць яе. Далонь ахутвае слабое полымя. Заплылыя сьлязамi вочы яшчэ раз поўзаюць па тым зьлiзаным на крыжы надпiсе, каб упэўнiцца, што яна тут, а ня ў iншым месцы... Дарагая, незаменная, адзiная... Хоць адзiн сын знайшоў сюды сьцяжыну, каб адведаць, успомнiць. Чаму-ж лiхi лёс не дазволiў легчы табе ў роднай вёсцы, каб адведвалi дзеткi, каб штодзень зрок iхны шукаў зводдаль месца твайго супачынку?

Калiсьцi даўно-даўненька, здаецца, назад цэлыя стагодзьдзi таму, было гэта. Сымону гадоў цi ня дзесяць тады мiнула. Вунь памагаў ужо матцы зь сярпом пры загоне перасьпелага жыта. Трэба-ж чым хутчэй. Суседзi, у якiх стае рук да працы, даўно пажалi. Памагае й самая старэйшая замужняя сястра. Рэжуць вострыя сярпы таўстыя сьцёблы, й паволi пляцецца гутарка.

– Эх, Божа-ж мой, Божа, – уздыхае, выпрастаўшы сьпiну й навокал пазiраючы, мацi, – працуеш, працуеш век, а памрэш, дык цi ўспомнiць хаця хто...

– Мама, мамачка даражэнькая... каб ты толькi ведала...

Але гэтых апошнiх слоў ня чуваць было тады на жытнiшчы. Iх цяпер заглушае жаласлiвы вецер на чужой эльзаскай зямлi.

II

Ад самай першай сутычкi з французамi, ад часу заняцьця пазыцыяў на фронце, перабежкi людзей да працiўнiка прадаўжаюцца. Пераходзяць найчасьцей малымi групамi – па тры-чатыры. Камандзеры бачаць, як таюць шэрагi, як убываюць людзi. Рапарты аб перабежках падаюцца ўверх позна – каб адцягнуць, утаiць. Афiцэры бачаць, што мараль войска нiзкая. Адной з прычынаў зьяўляецца нiзкаякаснае й нярэгулярнае харчаваньне. I чаго-ж вартая ў баi армiя, якая навет на сталым адрэзку фронту, пры добрых магчымасьцях даставаў, ня можа наладзiць нармальнага харчаваньня?

Няма сумлеву, што працiўнiк ад перабежчыкаў ведае колькасьць, якасьць, твар, баявую маральнасьць i распалажэньне ўсiх адзiнак на гэтым баку. Ён ужо добра зарыентаваны, што тут адно павуцiная заслона, прайсьцi празь якую ня будзе нiякiх цяжкасьцяў. Ведае, пэўна-ж, i тое, што беларусы ня маюць намеру баранiць чужой нявольнiцкай iмпэрыi. Працiўнiк, як вiдаць, спынiўся адно для перадышкi, каб падцягнуць запасы амунiцыi, харчоў, людзей. Тое з трыццатай дывiзii, што само не адпаўзе добраахвотна на той бок ды пакуль што трымаецца ў цэласьцi, жыве на пазычаным часе.

Галодныя жаўнеры насуперак загадам зьверху лазяць па гаспадарскiх падвалах, забiраюць усё, што пападаецца пад руку зь емiны. Iншыя, забываючыся, залiваюцца вiном. Цi адзiн ужо дастаў за гэта кулю ў лоб ад немцаў. Але галодных не накормiш загадамi, забаронамi, не пашлеш у вакоп баранiць свае пятлi...

Камандзеры батальёну Мураўёва, прынамсi, тыя, што стараюцца бачыць i думаць, ведаюць, што штучна склееная адзiнка дажывае апошнiя днi. Дзеля таго думаюць яны аб ратаваньнi свайго жыцьця ў недалёкай будучынi. Калi пачнецца апошнi акт драмы на нямецкiм баку, калi гарматнымi грымотамi адчыняцца дзьверы ў новы сьвет, трэба ўцалець пад агнём i перайсьцi на другi бок – вось асноўная iдэя, што гнезьдзiцца цi ў адной галаве.

Лейтанант Сьцервiн зноў паклiкае на дапамогу ўсю сваю вынаходлiвасьць. Што хутка фронт крахне – у яго няма сумлеву. Застаецца адно крыху прадугледзець, а пасьля – папярэдзiць выпадкi. Трэба перабрацца на той бок – гэта ўжо ясна, ведама й пастаноўлена ня сяньня. Трэба ня толькi перайсьцi цэлым, але й захаваць усё сваё багацьце.

Лейтананта Башмакова – камандзера зьвяза з чацвёртай роты – Сьцервiн ведаў яшчэ зь Беларусi. Разам у палiцыi доўгi час служылi. Каб яму, Сьцервiну, столькi год здаровага й шчаслiвага жыцьця, колькi яны ўдвух лiтраў самагонкi зглумiлi. Дый чаго iншага толькi ня выраблялi пад час таго глумленьня... Адным словам, гэта – "парень", зь якiм шмат чаго можна было зрабiць. Дый цi першы раз рабiць прыйдзецца...

Ня трэба было Башмакову й двух слоў, каб зразумеў, у якi бок кiруе Сьцервiн свае аглоблi.

– Так в чем же дело, – адказаў былы чырвонаармеец, – давай, не медля...

Умовiлiся на сяньня. Башмакоў мае быць дзяжурным па роце, будзе цэлы час у баёвой гатоўнасьцi. Каля гадзiны адзiнаццатай сустрэнуцца на перадавых пазыцыях, на левым крыле абаронных вакопаў Асбаху. Сьцервiн будзе абыходзiць пазыцыi свае роты, а там ужо сустрэнуцца й гайда... Так, здаецца, проста й дасканала. Як пiць даць, казаў той. Ужо раней асачылi й абмяркавалi дарогу на другi бок, найбольш праўдападобныя месцы пазыцыяў працiўнiка, да якiх трэба накiравацца.

Сьцервiн зацягнуў пару глыткоў штучна пэрфумаванага, пахучага, удушлiвага дыму зь нямецкае цыгарэты, устаў i зiрнуў на камандзера роты, што драмаў за сталом пры закуранай лямпе.

– Думаю пройтись, Иван Павловнч, – кiнуў, быццам нехаця.

– Да, да, хорошо, пройдитесь, – адказаў камандзер, – проверьте, как там ребята и вообще, что где слышно. Черт подери, уже двадцать три человека из роты удрало, – церабiў галаву. – Разве они не знают?.. Да, впрочем... – махнуў вялай рукой капiтан.

Сьцервiн бярэ на плячо аўтамат i, не азiраючыся, выходзiць.

– Але-ж i цёмна, бляха! – кляне, спынiўшыся за дзьвярыма.

Ноч цёмная, як дзёгаць. Лейтанант пастаяў, колькi змог разгледзеўся, штосьцi памяркаваў. Рука выцягнула з-пад пазухi плоскую пляшку, а вусны ўзялiся смактаць зь вялiкай прагнасьцю. Цяплыня разьлiлася па жываце.

Сухi вецер магутнымi крыльлямi бушаваў у цемнаце. Дзесьцi ўверсе шумелi густыя клубы хмараў, калацiлiся вяршынi аголеных дрэваў. Вецер церабiў выстаючую ў Сьцервiна з-пад шапкi грыўку валасоў.

Нiдзе нiкога ня вiдаць. Лейтанант пастаяў, пасьля, паволi адмераўшы крокаў трыццаць у заходнiм кiрунку, павярнуў налева ў бочную, вядучую на поле, вулiчку. Ужо наблiжалася адзiнаццатая, i хто ведае, цi Башмакоў яго не чакае. Ён i ня думае паказвацца ў вакопы свае роты. Чаго? Няма дурных. "Трохi мо й занадта цёмна, але хто яго ведае. Можа, так i лепш", – мяркуе, асьцярожна ступаючы, Сьцервiн.

Ззаду, здаецца, чуваць нейкiя крокi. Ён спыняецца й азiраецца, але нiчога не бачыць. Зрэшты, навокал-жа свае. Чаго-ж тут баяцца? Але нейкая няпэўнасьць пачала дакучаць апошнiмi днямi... Ледзь ня трывога. Нiколi так раней ня было... Эх, дурнота, – махае ён у думках рукой i для пэўнасьцi падцягвае ды трымае напагатоў аўтамат, каб у выпадку нечаканасьцi... Тулiцца блiжэй да сьцяны забудаваньняў па левым баку. Можа, так хутчэй спасьцеражэ спадарожнiка. Iзноў спыняецца й чакае момант, але нiчога ня вiдаць. "Ат, мусiць, цi не здалося мне. Дый чаго я так, як дзiця, трывожуся? Свае ж навокал..." – i ставiць смялей крокi, трымаючыся амаль самых сьцен.

Раптам нечыя рукi, быццам стальныя кляшчы, хапаюць за шыю й цягнуць за вугал хаты.

– Ах ты! У-у-у-ух! – вырываецца нечакана ў Сьцервiна, i ён напружвае ўсе сiлы, каб вырвацца са стальных абдымкаў. Але напасьнiк балюча крутануў назад левую руку Сьцервiна, а другой умiг ськiнуў з пляча аўтамат i трымае за горла.

– Стой, гадзюка! – нянавiсьцю дыша голас. – Папаўся ты нарэшце!

Ззаду хуткiм трушком зблiжаюцца нечыя крокi, й перад Сьцервiным вырастае рослая фiгура.

– Малiся, нячысьцiк, калi ў Бога верыш! – загадвае шурпаты бас. – Бо прыйшла хвiлiна помсты. За ўсе крыўды, якiя ты прынёс беларускаму народу, за гвалчаную матку, мужа, дзiця, за расстраляных i апаганеных...

– Пу-у... – задыхаецца i ўецца, быццам тая гадзюка ў кляшчах, Сьцервiн.

Вочы ягоныя аж вылазяць з вачнiц, спасьцярогшы маланкавы рух правай рукi папярэдняга напасьнiка. Даўгое жыгала кантаватага штыка ўядаецца пад рэбры.

– У-у-ух!

Сьцервiнавы каленi гнуцца, арганiзм слабее й звужаецца, паглынае ўсё навокал начны дзёгаць.

Дзьве постацi моўчкi пару хвiлiн стаяць над сьвежым трупам. Насок жаўнерскага чаравiка паварочвае ўверх улiплы ў балота нос.

– Цi ня лепш было-б дзе прыхаваць?

– Пэўна-ж. Але дзе?

– А вось, давай, цягнем туды, – паказвае гаспадар голасу ў бок будынку з большым падстрэшшам. – Чым-небудзь накрыем. Пакуль суд ды справа, дык i ня будуць ведаць, дзе падзеўся. Падумаюць, што ўцёк. А то нашы нявiнныя хлопцы пацярпець могуць...

– Дык давай хуценька!

Адзiн бярэ труп за рукi, другi за ногi й цягнуць пад iншы будынак. Палажыўшы пад самай сьцяной, воддаль ад вулiцы, бяруць, што трапляецца пад рукi – усялякi хлам – i кiдаюць наверх. Штык застаецца ў грудзях.

– Здаецца, што будзе добра.

– Мабыць, ужо ня вiдаць, – мяркуе друтi.

– Ты стой! – спасьцерагаецца першы. – Гэты-ж гад на сабе кучу золата пэўна. меў... Чаму-б не папароцца?

Момант маўчаньня.

– Можа, й праўда... Ах, – махае рукой другi, – няхай яно яму на водкуп ад чарцей у пекле будзе. Хадзем хутчэй!

Адзiн падымае кiнуты па дарозе каля вугла хаты Сьцервiнаў аўтамат, i абое накiроўваюцца ў поле. Паволi, крадучыся, мiнаюць пярэднiя пазыцыi i, кiруючыся на захад, таюць у ночы.

III

Пасьля ўсяночнай варты, па каленi ў калатушцы, Сымон быў зьменены. Вярнуўшыся ў касьцёл, крышку, што ўдалося, падсушыў, адпачыў i зноў быў накiраваны з панцырфаўстам у хату, дзе з двума iншымi мелi назiраць з акна ў падвале. Тут крышку пажывiлiся. Праўда, у гаспадарскай пустой хаце не знайшлi хлеба. Тут не яны ўжо першыя былi, ды мо й не апошнiя. Адно было ўволю яблыкаў i кiслага белага вiна. Цэлы час паласкалi вiном засохлыя горлы й закусвалi фруктамi.

Таго самага вечару, калi помста дагнала лейтананта Сьцервiна, Сымон зноў быў высланы на правы фланг у малы ненакрыты вакопчык. Зь iм пайшоў ведамы ўжо чытачу Гвардзейчык. Нiводзiн не спаў, бо й спаць было цяжкавата неяк. Каля паўночы сухi вецер пачаў разганяць хмары, i зноў паказаўся серп месяца. Мiны не давалi заснуць. Яны сьвiсталi, чаргуючыся, па ўсёй лiнii фронту. Направа ад таго месца, дзе трымалi пазыцыю Сымон i Гвардзейчык, на паўночны захад ад iх, нехта нанiзваў вогненныя пацеркi на шнурочак. Рэгулярныя дугi агнявых куляў то падымалiся ўверх i лукам спадалi да зямлi, то зноў ёмка несьлiся, прыгнуўшыся, здавалася, да самых чубоў недалёкiх кустоў. На дапамогу iм побач рагаталi снарады лёгкай артылерыi й мiнамёты. Аб'ектам працiўнiка быў мост на канале ў вёсцы Гагэнбах. Здабыўшы яго, можна зайсьцi ў тыл адзьдзелам у Асбаху, адрэзаць iм дарогу водступу. З боку "трыццаткi" агонь быў слабы. Навет няшмат зарыентаваным у вайне Спарышу й Гвардзейчыку пасьля паругадзiннага назiраньня ясна было, што працiўнiк здабыў аб'ект i вужакай улез у зробленую адтулiну. Пад дзень агонь перанёсься добрых пару пядзяў на ўсход.

Нядзельнае свiтаньне 26 лiстапада загрымела сотнямi глотак францускiх гарматаў. Загарэлася доўгая дуга эльзаскага фронту. Французы згушчалi агонь на пярэднiх пазыцыях вёскi Асбаха, намацвалi бункеры й звычайныя вакопы. Снарады торгалi мяккiя грудзi голага поля, крышылi дрэвы. Жвавы вецер разганяў едкi сiнявы дымок пораху па-над буграмi й далiнамi. Пасьля блiзу гадзiннай артылерыйскай, амаль аднабочнай, кананады згусьцелi хвалi гукаў танкавай, аўтаматычнай i пяхотнай хуткастрэльнай зброi. Сухi ляскат "стэнаў" амэрыканскiх кароценькiх скарастрэлаў – нагадваў трэск ломаных галiнаў.

Цяжар галоўнага ўдару пайшоў на Асбах i направа ад Сымона, праз вёску Гагэнбах, дзе ноччу працiўнiк здабыў мост на канале. З боку "трыццаткi" супрацiў быў зусiм слабы, амаль нiякi. Толькi на пярэднiх пазыцыях Асбаха кароткi час бражджэў "максiм", але й той хутка заглох. Працiўник хутка й глыбока ўядаўся ў грудзi "трыццаткi".

Яшчэ на досьвiтку, калi хваляй пасыпалiся артылерыйскiя стрэлы, Сымон гаварыў Гвардзейчыку:

– Ну, братка, цi ня ёсьць ужо гэта пачатак канца?

– Так выглядае.

– Няхай там што будзе – будзе, а кiшкi зноў пачынаюць марш падыгрываць. Варта было-б крышку iх заспакоiць.

Гэтак памяркаваўшы, двое сяброў палезьлi ў свае сiнiя торбы, званыя хлебакамi, i памалу жавалi чорны сухi хлеб, пасьля яблыкi. Нарэшце, не спяшаючыся, закурылi, увесь час пазiраючы наперад у бок працiўнiка. Лагчына перад фронтам была пустая й спакойная. Яны ня спускалi вачэй з бочных i заднiх вакопчыкаў, зь якiх ледзь тырчалi вяршкi шлемаў. Ззаду, крокаў сто воддаль, блiзка краю лесу, тырчаў зь ямы шлем лейтананта Калмыкова, i за iм абое найбольш сачылi. Калмыкоў ад учарашняга быў на той самай пазыцыi, адкуль назiраў, каб нiхто не пакiдаў прызначаных месцаў.

Ураганны агонь францускай артылерыi быў перанесены далей назад, а з боку Асбаху й з правага крыла ўжо далёка ззаду даляталi водгукi рэдкiх i кароткiх сэрыяў "стэнаў".

– Слухай, цi не пара нам вылазiць? – запытаўся ў Гвардзейчыка Сымон.

– Хто яго ведае.

– Бач, Калмыкова ўжо няма, цi ня скрыўся дзе ў лесе. Шлёмы таксама парадзелi па вакопах.

– Дык давай, вылазiм.

– Падпаўзём, давай, да суседзяў налева.

– Слухайце, дзе Калмыкоў? – пыталi суседзяў Гвардзейчык i Сымон, асьцярожна аглядаючыся навокал.

– А я ня ведаю, – адказаў адзiн.

– Дык чаго тады сядзець? Давайце ў лес. У лесе далучылiся да вялiкай групы – каля паўсотнi чалавек. Былi тут обер-лейтанант Рэшатаў, Калмыкоў, дружыновыя Лакуста, Булько, Вiткоўскi й iншыя падафiцэры. Новапрыбылыя хутка даведалiся аб трапнасьцi сваiх ранейшых мяркаваньняў. Працiўнiк заняў вёску й абкружыў ззаду лес: завязаў мяшок, як казалi. Доказам гэтага быў трэск i грукат разнаякай зброi, перанесены далёка на поўнач за канал. Да групы цэлы час далучалiся новыя. Радзiлiся, як найлепш й найбясьпечней трапiць у палон.

– Так вот, ребята, – пачаў курносенькi Рэшатаў, – желаем мы этого или нет, у нас только один остался теперь путь – это в плен. Мы окружены. Слышите стрельбу со всех сторон? Удирать нам уже некуда. Только и кранись, как всех нас перестреляют. Нужно сдаваться. Ваша судьба, конечно, лучшая, чем у нас, офицеров. Кто знает, что с нами сделают. Но вы сами знаете: я мог давно удрать, да ведь остался только для вас. Потому и остался, что вас жалко...

– Каб табе скула ў бок, як ты праўду гаворыш, ты, крывадушны маскалюга! злосна загрымеў былы Рэшатаў канюх Спарыш.

Обер-лейтанант раней гаварыў, гледзячы больш сабе на мыскi хромавых боцiкаў, чым у вочы людзям, а цяпер, пры такой нечаканай рэакцыi, цi навет, як магло яму здацца, пагрозе, яўна зьбянтэжыўся й на момант зусiм зьбiўся з панталыку. Кiнуў вокам перш на былога свайго канюха, пасьля на Калмыкова й рэшту людзей, быццам чакаючы ад iх слоўнай дапамогi.

З групы пачулiся галасы:

– Кiнь ты, Спарыш, цяпер не пара на гэта.

– Перастань, Сымон.

– Дык чаго тады чакаць? Давайце, iдзём, – запрапанаваў адзiн з групы.

– Все согласны? – пасьмялеў маскалёк i зiрнуў яшчэ раз на Сымона.

– Давайце.

– А погоны нужно сорвать, я думаю, – гаварыў Калмыкоў Рэшатаву.

– Да зачем? Разве солдаты не знают или не скажут? Пущай уже, что будет все равно.

– Давайце тады не чакаць, бо могуць па нас страляць, – перасьцярог Булько.

– Паслаць аднаго да iх. Хто тут умее крыху па-француску? Няхай iдзе й скажа, што мы тут чакаем.

– Кiдаем зброю! – крычэў голас.

– Давайце сюды ў кучу. Пасы, патранташы – усё чысьценька. Не разыходзьцеся.

– Только не кричать! – супакойваў сам неспакойны Рэшатаў. – Могут услышать – они здесь близко – тогда дело плохо.

– Кто там пойдет к ним?

– Лоеў, давай ты, ты-ж крышку гаворыш...

– Давай, Лоеў!

Таго, каго называлi Лоевым, ня трэба доўга намаўляць. На хаду адкiнуў пас, хлябак i накiраваўся лясной дарожкай у кiрунку Асбаху.

IV

Ськiдаючы з пляча стрэльбу й пас з патранташамi ды шлём, Сымон Спарыш адчуваў, што закрывае яшчэ адзiн разьдзел у сваiм жыцьцi. Шкадаваць ня было чаго, й перад сумленьнем ня трэба было рабiць справаздачы: сiлай апранутае адкiдалася набок, на ваенны сьметнiк. Адно, што юнак думаў, – гэта тое, што не адкiнуў-бы так лёгка зброi, калi-б змагаўся за Бацькаўшчыну. Сьвядомасьць сiлы, як права, ужо даўно была асвоеная яшчэ гадамi зялёным юнаком. Для Сымона стрэльба была больш чымся прылада, якой можна было забiваць; гэта быў сымбаль прыналежнасьцi да тых, якiя нейкае права маюць цi мець могуць, да тых, што змагаюцца за быт i людзкiя правы, а зусiм не да тых, што надужваюць сiлу для паняволеньня й прыгнятаньня слабейшых. Стрэльба ў Сымонавых вачах – гэта перадусiм прылада абароны, адстойваньня сваiх правоў у тых месцах i абставiнах, дзе лiчылiся толькi з моцнымi, зброю маючымi.

Юнак стараўся мяркаваць, дзе й на якiх пазыцыях ён быў i куды пойдзе ў будучынi. Як-нiяк – знаходзiўся на парозе няволi. Цi ў няволю йдзе дабравольна цi пад прымусам – менш iстотна. Сымон цешыў сябе, лепш сказаць – ашукваў сам сябе тым, што йдзе ў няволю дабравольна... Дык i стрэльбу трэба было дабравольна адкiнуць.

У хуткiм часе вярнуўся Лоеў. Ногi ягоныя ледзь валачылi цяжкiя драўляныя клумбы, што французы далi ўзамен за чаравiкi.

– Гляньце, гляньце! Ужо ўспелi пераабуць! – зьдзiвiўся хтосьцi з натоўпу.

– Нявузка, брат! Якiя ёмкiя дзеравяшкi!

– Это плохо, что они сапоги снимают, – заўважыў Рэшатаў i з жалем, развiтальным поглядам кiнуў на свае хромавыя боцiкi.

– Давайце хутчэй! – загадаў Лоеў. – Далi мне пятнаццаць хвiлiн часу й папярэдзiлi, што калi за гэты час не прывяду вас, то будуць страляць. Станавецеся тройкамi!

Два разы ня трэба было паўтараць. Усе сталi тройкамi й рушылi дарожкай, кiруючыся ў вёску.

– Падымайце рукi ўверх! – крыкнуў Лоеў, iдучы наперадзе й махаючы ня зусiм ужо чыстай i ня надта белай насаткай.

Сьпераду, з прыдарожных кустоў, вырасла некалькi фiгураў i, гарлапанячы на розныя лады незразумелай мовай, падняўшы ўверх аўтаматы, наблiжалiся да калёны палонных. Адзiн, старэйшы рангам, паказаў рукой, каб спынiлiся.

– Афiцэры, наперад! – загадаў па-нямецку.

Успомненыя выйшлi на чало калёны.

– Цi зброi ў каго няма?

– Няма.

– Марш наперад! I не гаварыць! Рукi трымаць уверсе!

Калёну з двух бакоў абступiла больш дзесятка французаў. Некаторыя зь iх хiсталiся на нагах, вiдаць, былi падпiўшы. Два былi апранутымi ў чорныя цывiльныя штаны, у аднаго ў похве пры баку вiсеў доўгi нож. Усё гэта было малое, хударлявае, мiзэрнае. Мiж iмi – тры чорныя. Як даведалiся палонныя пазьней, тут было шмат мараканцаў, сенегальцаў i iншых афрыканцаў.

Сымону зь першага пагляду не спадабалiся гэтыя "вызвольнiкi". "Што-ж, разважаў ён, iдучы, – каб хаця йшоў чалавек у палон ды да нейкага сапраўды людзкога войска. Парабак i той добрым панам ганарыцца. А тут во нейкая нявыразная плеўка, казаў той. Аж сорамна да такiх у палон iсьцi. Цi-ж гэта войскам яно называцца мае права? Вунь гэны паўцывiльны й паўвайсковы, а гэты во з нажом ходзiць... Цьфу ты, нячыстае! Бандыты нейкiя, дый годзе. Вось каб было за што ваяваць, дык адпсяюрылi-б што называецца, паказалi-б мы iм, дзе добрае войска. Вы гэта ня думайце, што нас зброяй перамаглi..."

Найбольш балючым i панiжаючым у Сымонавым разуменьнi было тое, што вось гэтыя, хто ведае адкуль пазбiраныя ў адну кучу бандыты думалi, што зброяй перамаглi й прымусiлi здацца ў палон такiх рослых, дужых, але – на iх думку баязьлiвых i малавартасных жаўнераў...

FORT BREVILLE

I

Ад швайцарскае мяжы аж да паўдзённых Вагезаў 26 лiстапада 1944 году прарваная была лiнiя нямецкае абароны. Павуцiньне пяхоты, мясцамi толькi падтрыманае артылерыяй, ня выказала значнага супрацiву. Адно штаб Зiглiнга й рэшткi некаторых адзьдзелаў мелi час i магчымасьць адступiць. Масы беларусаў жаўнераў трыццатае дывiзii – хлынулi ў адчыненыя французамi й амэрыканцамi дзьверы, узыйшлi на парог новага сьвету. З вакопаў i бункераў, з умацаваных будынкаў, з узгоркаў i далiнаў, адусюль, дзе знайшоў iх хаўрусьнiцкi агонь, па адным, меншымi й большымi групамi валаклiся гэтыя новыя нявольнiкi пад зброю францускiх i амэрыканскiх канвойных. Вочы iх гарэлi-сьвяцiлiся ад непраспаных начэй, запалыя шчокi, бледныя твары сьведчылi аб недаяданьнi й вялiкiх фiзычных цярпеньнях. Кожны цягнуў на сваёй вопратцы па пару кiлаграмаў глiны цi чорнай гразi. Шмат каго канвойныя пазбавiлi чаравiкаў, абулi ў танныя дзеравянкi, а то й пакiнулi ў шкарпэтках цi анучах.

Група Рэшатава й Калмыкова кiравалася галоўнай вулiцай Асбаху ў бок Альткiрху. Пры ўваходзе ў вёску, налева побач дарогi, францускiя танкiсты старалiся выцягнуць зь вязкай гразi цяжкi амэрыканскi танк "шэрман". Па абодвух баках яго вежы бялелi лёрэнскiя крыжы – прынятыя дэ Голем знакi Вольнай Францыi. Вёска была перапоўненая цывiльнымi й войскам. Па вулiцы ва ўсходнiм кiрунку паволi паўзьлi танкi й машыны. Жаўнеры, седзячы на iх зьверху, насалоджвалiся хвалямi радасных галасоў i прывiтаньняў жыхароў, якiя падносiлi iм хлеб i вiно. Маладыя дзяўчаты, якiх жаўнеры трыццатай дывiзii рэдка й бачылi, кiдалiся ў абдымкi да афрыканцаў, голасна сьмяялiся й дарылi iх сакавiтымi пацалункамi.

Група Рэшатава са сьлiмачай хуткасьцю пасоўвалася па самым краi вулiцы. Яе праводзiлi крыкi, гiгiканьне, лаяньне й зьдзеклiвыя насьмешкi чорных афрыканцаў. Адна цi другая жанчына з натоўпу разьюшана падскоквала да калёны з кулакамi. Мужчыны кiдалiся зь яўным намерам, каб ударыць каторага палоннага. Канвойным цяжка было трымаць воддаль цывiльных. што раптам набралiся адвагi. Жыхары Асбаху хацелi, вiдаць, адпомсьцiць галодным жаўнерам "трыццаткi" за тое, што адважылiся на працягу апошняга тыдня заспакойваць свой голад куском iхняга хлеба цi агароднiны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю