355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » Змагарныя дарогi » Текст книги (страница 24)
Змагарныя дарогi
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 12:41

Текст книги "Змагарныя дарогi"


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 24 (всего у книги 38 страниц)

Палкоўнiк спадзяваўся на задаваленьне сваёй просьбы не таму, што нядаўна страцiў на фронце масу людзей, але таму, што лiчыў, што армiя патрабуе маладых, энэргiчных, загартаваных у баях афiцэраў. За гэткага, бязумоўна, сябе ўважаў. Быў-бы задаволены, калi-б атрымаў навет батальён. Адылi ягонай просьбе наадрэз адмовiлi. Наадварот: нядвузначна сказалi, што паколькi змог у такi рэкордна кароткi час страцiць столькi людзей, то ад яго цяпер будуць чакаць, каб у рэкордна хуткi час прывёў дывiзiю да ранейшага стану.

Усё было амаль па-старому: Зiглiнг заставаўся камандзерам дывiзii, у складзе якой была адно жменька нямецкiх афiцэраў. Таксама, як некалi ў лiпенi пад Варшавай, трэба было папаўняць яе людзкiмi сiламi з раней акупаваных усходнiх земляў – пераважна зь Беларусi. Дый часу на рэарганiзацыю надта мала было. Гэта палкоўнiку надта-ж ня прыйшло да смаку, асаблiва цяпер, калi поўнасьцю страцiў да беларусаў давер. Калi-ж глядзець на ягоную асабiстую кар'еру, Зiглiнг вярнуўся да пункту, на якiм знаходзiўся пад час першай арганiзацыi трыццатай дывiзii каля Варшавы, з той адно розьнiцай, што ў ягонай вайсковай кар'еры зьявiлася вялiкая чорная пляма: параза ў Эльзасе. Хто ведае, цi ўдасца яе сьцерцi.

Яшчэ адно, цi ня самае найгалоўнейшае, выявiлася пры абмяркаваньнi новай сытуацыi, у якой знайшоўся: Зiглiнг бачыў, што вайна блiзiлася да канца, параза Трэцяга Райху была нямiнучай, а значыцца, яму не стане часу, каб набраць новых людзей i прывесьцi iх хоць да частковай баяздольнасьцi. Гэткiм чынам новы загад вышэйшых вайсковых уладаў разумець трэба было як поўную адстаўку назад на пазiцыю школьна-адмiнiстрацыйнага афiцэра. Гэта й было для яго найбольшай карай, не ўспамiнаючы ўжо таго, што палкоўнiку даўно карцiла ня мець нiчога супольнага з "унтэрмэншамi" з усходу.

III

У пачатку сьнежня 1944 году палкоўнiк Зiглiнг разам з недабiткамi з Эльзасу прыехаў у баварскае мястэчка Гiршаў, недалёка на ўсход ад Нюрнбэргу. Зрабiўшы невялiкiя зьмены ў сваiм штабе, распачаў працу. Людзi набiралiся зь недабiткаў розных iншых адзьдзелаў, амаль з цэлай Нямеччыны. Нямецкага iнструктарскага пэрсаналу напачатку хапала. Людзi, накiраваныя да яго загадамi зьверху, былi пераважна беларусамi. Заняты плянамi адбудовы трыццатае дывiзii, камандзер не спасьцярог, як мiнуў Новы год. У пачатку студзеня атрымаў з Бэрлiну тэлеграму, каб зьявiўся туды на iнспэкцыю Першага Беларускага Кадравага Батальёну на Лiхтэнэрштрасэ дзеля магчымага ўключэньня яго ў сваю адзiнку.

У Беларускай Цэнтральнай Радзе адбылася нарада Зiглiнга з Астроўскiм i Езавiтавым. Пасьля настойваньня двух апошнiх i кансультацыi са сваiмi ўладамi немец згадзiўся, каб дывiзiя называлася "Беларусь" i каб камандны склад быў беларускiм да камандзера батальёна ўлучна. Немцы мелi быць адно iнструктарамi. Згадзiўся й на тое, каб пры iм быў беларускi афiцэр – сувязны памiж Беларускай Цэнтральнай Радай i дывiзiяй.

Дамовiўшыся аб усiм, Зiглiнг паехаў на Лiхтэнэрштрасэ. Уважна перагледзеўшы выстраеных беларускiх вайскоўцаў, сказаў, што старэйшых векам у дывiзiю ня прыме. Крыху пазьней зьявiўся ў Бэрлiне пасланы Зiглiнгам маёр. Атрымаўшы ад Езавiтава сьпiсы людзей, праверыў iх, пасадзiў на чыгуначны транспарт i павёз на поўдзень.

Усё гэта зрабiла на падпалкоўнiка Кушаля – камандуючага Беларускае Краёвае Абароны – надта цяжкое, навет трагiчнае ўражаньне. Выглядала, Беларуская Цэнтральная Рада перадала немцам беларускiх вайскоўцаў, што марылi аб змаганьнi за Беларусь, як звычайнае гарматнае мяса. Ды ня было для беларусаў нiякае рады. Становiшча было цяжкае.

На афiцэра сувязi мiж Зiглiнгам i БЦР вызначаны быў маёр Барыс Рагуля, якi тады-ж выехаў у Гiршаў, у ваколiцах якога разьмясьцiлiся жаўнеры Беларускага Кадравага Батальёну. На сваiм становiшчы маёр Рагуля быў надта коратка. Немец намагаўся быць у дывiзii поўным гаспадаром, зусiм не зважаючы на Рагулю. Атрымаўшы беларускiх афiцэраў i радавых, хутка пастараўся забыцца аб умове з БЦР i беларускаму маёру не надаваў больш вагi. Калi-ж той неаднаразова дамагаўся ганараваньня ўмовы, перадусiм забясьпячэньня адзьдзелаў беларускiм камандным пэрсаналам, немец хутка знайшоў добрую прычыну, каб яго пазбыцца. Запрапанаваў Рагулi паехаць на школу перашкаленьня штабовых афiцэраў дзесь на Памор'i.

Маёр Барыс Рагуля чуў аб лёсе, што сустрэў капiтана Мiкулу ў Эльзасе, i ведаў прычыны яго. Наважыў, што ня было патрэбы яму стацца другiм Мiкулам, бо для беларускае справы гэта ня прынесла-б нiякае карысьцi, таму й выехаў у прапанаваную школу. Гэткiм чынам Зiглiнг застаўся поўным панам у дывiзii i, маючы ўжо звыш паўтары тысячы людзей, распрацаваў пляны ды пачаў заняткi.

IV

Штоначы, а нярэдка навет i пры дзённым сьвятле, безабаронны з паветра Бэрлiн цярпеў жахлiвыя налёты амэрыканскае авiяцыi. Аднойчы моцнае бамбардаваньне пашкодзiла гасподу Беларускае Цэнтральнае Рады на Вайсэнзэе. Пад час паветранае атакi працаўнiкi БЦР зь сем'ямi хавалiся ў падвале будынку. Бомба трапiла якраз над самымi галовамi, шмат хто страцiў прытомнасьць, у iх лiку й сам прэзыдэнт Астроўскi. Iншая бомба лучыла ў будынак на Лiхтэнэрштрасэ, дзе месьцiлася рэшта беларускiх вайскоўцаў. Забiтыя былi адзiн афiцэр i ягоная жонка. Пасьля гэтага сябры БЦР i працаўнiкi яе пачалi неарганiзавана пакiдаць Бэрлiн, кiруючыся на захад i на поўдзень.

Астроўскi падмяркаваў свой выезд пад 25 сакавiка. Забраўшы ў самаход ад'ютантаў, выехаў у Гiршаў, каб адсьвяткаваць там Дзень незалежнасьцi Беларусi. Назад ужо не вярнуўся. Зь Гiршаў чыгункаю выехаў да свае раднi ў горад Гекстар. Ад гэтага часу па iм i сьлед прастыў. Зьявiўся на вочы беларусаў адно ўвосенi 1945 году, доўга пасьля сканчэньня вайны, пад прозьвiшчам Крывiцкi.

Напрыканцы сакавiка прыехаў у Гiршаў i падпалкоўнiк Кушаль. Варта нам блiжэй пазнаёмiцца з гэтым чалавекам, дзякуючы стараньням якога пазьней усе жаўнеры дывiзii "Беларусь" удала ўратавалiся пад самы канец ваенных дзеяньняў.

Францiшак Кушаль нарадзiўся 16 лютага 1895-га году ў сяле Пяршаi былой Менскай губэрнi Менскага павету. Паводле пазьнейшага польскага адмiнiстрацыннага падзелу быў гэта Валожынскi павет Наваградзкага ваяводзтва. Атрымаў сярэднюю асьвету. У травенi 1915-га году змабiлiзаваным быў у расейскую армiю й прыдзелены ў 29-ты запасны полк у Варонежы. Скончыўшы рэкруцкае шкаленьне й падафiцэрскую школу (г. зв. вучэбную каманду), атрымаў ступень малодшага унтэр-афiцэра. Напрыканцы таго-ж году быў адкамандзераваны ў Вiленскае ваеннае вучылiшча, што ў гэты час было эвакуаванае зь Вiльнi ў Палтаву. Пасьля чатырох месяцаў, скончыўшы гэту школу, быў авансаваны ў першы афiцэрскi ранг – прапаршчыка ды прыдзелены ў 155-ты запасны полк у Астраханi дзеля набыцьця практыкi ў камандаваньнi зьвязам i ротай. У траўнi 1916 году Кушаль накiраваны быў на нямецкi фронт, у 276-ты купянскi полк. Там служыў увесь час да лiстапада 1917 году. Будучы заўсёды на перадавой лiнii, камандаваў ротай, браў удзел у шматлiкiх баях, атрымаў дзьве баявыя ўзнагароды й даслужыўся да штабс-капiтана. Пасьля развалу царскае армii вярнуўся да сваiх бацькоў, што жылi ў Забор'i каля Налiбокаў. На гэтым скончыўся першы этап Кушалевай ваеннай службы – у расейскай армii.

Улетку 1919-га году, калi польская армiя, адкiдаючы бальшавiкоў на ўсход, займала Беларусь, штабс-капiтан Кушаль жыў у Вiльнi. Група беларускiх дзеячаў прапанавала польскаму галоўнаму камандаваньню арганiзаваць беларускае войска дзеля змаганьня з бальшавiкамi. Палякi ў гэты час былi не аброслымi яшчэ ў пер'е, як кажуць, ды ня ведалi, цi ўходаюцца з бальшавiкамi сваймi сiламi. Згадзiлiся на прапанову й паклiкалi Беларускую Вайсковую Камiсiю, у якую сябрам увайшоў i Кушаль. Працаваў там кiраўнiком пэрсанальнага адзьдзелу, а пасьля эвакуацыi камiсii ў Лодзь, улетку 1920-га, выконваў абавязкi старшынi. Пасьля сканчэньня польска-бальшавiцкае вайны й лiквiдацыi Беларускае Вайсковае Камiсii ды беларускiх вайсковых адзiнак Кушаль увесну 1921 года выйшаў з войска й жыў у Вiльнi, бяручы там актыўны ўдзел у беларускай нацыянальна-грамадзкай працы.

Годам пазьней уступiў у польскую армiю ў якасьцi прафэсiйнага афiцэра й скончыў афiцэрскую школу ў Варшаве. Далей скончыў спэцыяльную школу па спэцыяльнасьцi "цяжкiя кулямёты", быў прыдзелены ў 66-ты пяхотны полк, дзе й камандаваў падафiцэрскай школай. У 1932 годзе быў пераведзены ў корпус кадэтаў, дзе камандаваў ротай на працягу чатырох гадоў. Адгэтуль прыдзялiлi яго ў школу падхаронжых рэзэрву ў Пултуску. Такiм чынам праз усю службу ў польскай армii Кушаль займаў камандныя становiшчы ў вайсковым школьнiцтве.

У 1939 годзе браў удзел у баёх супраць немцаў, галоўным чынам як камандзер батальёну ў абароне Львова. 17 верасьня на загад камандзера Львоўскага корпусу абаронцы гораду капiтулявалi перад Чырвонай Армiяй. Гэткiм чынам, апынуўшыся ў бальшавiцкiм палоне, Кушаль скончыў другi этап вайсковае службы – у армii польскай.

Ад 1941 года пачаўся трэцi разьдзел Кушалевай вайсковай службы – гэтым разам для свайго беларускага народу. Аб гэтым чытач ведае з раней намi прыгадванага. Пасьля арганiзацыi дапаможнае палiцыi, Беларускае Краёвае Абароны, Кушаль, ужо ў рангу падпалкоўнiка, займае становiшча рэфэрэнта вайсковых спраў пры БЦР аж да прыходу генэрала Канстантына Езавiтава, пасьля чаго зноў вяртаецца на становiшча Камандуючага Беларускае Краёвае Абароны.

V

У канцы сакавiка 1945 году, прыехаўшы з Бэрлiну ў Гiршаў, Камандуючы БКА знайшоў дывiзiю "Беларусь" у поўным развале. Зiглiнга, як вiдаць было, папярэдняя практыка ў Эльзасе здабываць давер у беларусаў не навучыла. Як магло, прыкладна, падабацца беларускаму радавому, што першы-лепшы нямецкi капiтан загадваў падпалкоўнiку Сокал-Кутылоўскаму, камандзеру батальёна, што той мае рабiць. Сокал-Кутылоўскi, колiшнi камандзер Слуцкае дывiзii ў змаганьнi супраць бальшавiкоў, быў нацыянальным, агульнашанаваным i ведамым гэроем. Тое, што кожны немец меў верх над беларускiм афiцэрам, было ў Зiглiнга агульнай практыкай – раней у Эльзасе й цяпер у Баварыi.

Зь мясцовасьцяў, куды надыходзiлi амэрыканцы, немцы вывозiлi моладзь, якую пачалi арганiзоўваць у новую дывiзiю СС "Нiбелунгi". Таму, што для яе ня было нi зброi, нi iншых вайсковых матэрыялаў, немцы панадзiлiся адбiраць патрэбнае ў жаўнераў i афiцэраў дывiзii "Беларусь". Пакiдалi беларусам адну стрэльбу цi адзiн кацялок на некалькi чалавек. Акцыя гэта выклiкала ў людзей падазрэньне, што немцы хочуць зрабiць зь iх рабочыя адзьдзелы дзеля капаньня акопаў.

Камандзерам "Нiбелунгаў" назначаны быў Зiглiнг, а "Беларусi" – маёр Гэнэфэльд. Быў гэта недалужны, паклiканы з рэзэрву стары. Даў ён падпалкоўнiку Кушалю вольную руку, i гэткiм чынам камандуючы БКА стаўся фактычным камандзерам беларускага адзьдзелу.

Кушаль неадкладна выкарыстаў новаствораную сытуацыю. У першую чаргу склiкаў сход афiцэраў. Пераканаў iх, што ў гэткiя цяжкiя й крытычныя часы мусяць любой цаной трымацца разам са сваiмi людзьмi. Адно арганiзаваным парадкам могуць супольна ўтрымацца пры жыцьцi, ды, апрача гэтага, захаваньне арганiзаванасьцi будзе мець для беларусаў вагу й з боку палiтычнага. На наступны дзень такiя самыя гутаркi ўсе афiцэры правялi ў сваiх адзiнках. Войска пачало рэгулярна выходзiць на заняткi, неўзабаве ў дывiзii "Беларусь" наладзiлася нармальнае вайсковае жыцьцё.

Хутка пасьля гэтых падзеяў заглянуў у дывiзiю палкоўнiк Шувалаў. Насамперш забраў пакiнуты ў Гiршаў самаход Астроўскага. Надта надужваючы мову Пушкiна й Дастаеўскага, ён лаяў прэзыдэнта БЦР i ягоных ад'ютантаў за тое, што, выяжджаючы з Бэрлiну, забралi ўсе ягоныя харчовыя й iншыя запасы. Хаця-нехаця граф цяпер галадаў. Зьявiлiся ў дывiзii i ўсе старыя афiцэры, што былi раней на Лiхтэнэрштрасэ адкiнутыя Зiглiнгам як няздольныя да ваеннай службы.

У пачатку красавiка завiтаў да Кушаля галоўны шэф Саюза Беларускае Моладзi Мiхась Ганько й паведамiў, што маса беларускае моладзi знаходзiцца непадалёк у Судэтах i што ён ня ведае, што зь ёй рабiць. Кушаль раiў прывесьцi моладзь у дывiзiю, бо ў крытычны момант найлепш быць разам. Ганько абяцаў зрабiць гэта ў найхутчэйшым часе. Адылi анi самога шэфа СБМ, анi ягонае моладзi нiхто больш у дывiзii ня бачыў. Як скрозь зямлю правалiлiся.

НАД СЭНЬЁ

I

Раньняй вясной 1945 году хвалiстая лiнiя фронту ў Iталii прабягала, пачынаючы з захаду ад Генуйскае затокi, праз паўночны хрыбет Апенiнаў у кiрунку на ўсход, адразаючы над Адрыятычным морам малы паўдзённа-ўсходнi трохкутнiк ураджайнай далiны По. Гэтак званая Лiнiя Готаў – сэрыi нямецкiх абаронных умацаваньняў у паўночных Апенiнах, што сьцераглi падыход да стратэгiчна важнай далiны ракi По, – была ў шматлiкiх месцах праломаная. Дзьве зьнедужэлыя нямецкiя армii – дзесятая й чатырнаццатая – пад камандаю фельдмаршала фон Кэсэльрынга за ўсякую цану старалiся ўтрымаць пазыцыi. Таскана была ў руках амэрыканскае Пятае армii, а брытанская Восьмая, у склад якое ўваходзiў Другi корпус Андэрса, заняла частку правiнцыi Эмiлii з гарадамi Форлi. Фаэнцай i Равэннай. Старажытная Балёнiя ляжала ў адлегласьцi каля сарака кiлямэтраў ад перадавых пазыцыяў Восьмае армii.

У сваiх стратэгiчна нявыгадных пазыцыях немцы ня мелi шансаў на працяглае ўтрыманьне фронту. Маглi адно апазьнiць пераможны наступ хаўруснiцкiх армiяў на поўнач. Румынскiя нафтавыя палi ў Плаешты, што забясьпечвалi патрэбы нямецкае армii, ляжалi ў папялiшчах. Пры недахопе палiва Вэрмахт ня мог лiчыць на падтрымку анi панцырнай зброi, анi люфтвафэ. Цяжка было й з транспартам. Жалезныя клешчы хаўрусьнiцкiх i бальшавiцкiх армiяў падпаўзалi ўжо пад Бэрлiн, душылi за гарляк Гiтлераў "тысячагадовы Райх", што дрыгаў у перадсьмяротных канвульсiях. Фон Кэсэльрынг ведаў, што абарона iтальянскага бота была безнадзейнай. Хаўрусьнiкi рыхтавалiся да апошняга рашучага наступу.

Асноўныя надзеi даводзiлася немцам пакладаць на галодную перамучаную пяхоту. Сьцiплыя харчы й амунiцыю з прычыны недахопу палiва падвозiлi iтальянскiмi валамi. Часта й густа жылi харчамi мясцовага насельнiцтва. Дарма, што лаяўся "хаўрусьнiк" Мусалiнi – ня было iншай рады. Ды немцы на дыктатара Бэнiто не надта й зважалi. Цi-ж то не Скарцэнi ўкраў яго з горнай цьвярдынi з рук хаўрусьнiкаў пасьля адыходу на другi бок маршала Бадольё? Дык паколькi квадратнагаловы дыктатар заўдзячваў Гiтлеру сваё жыцьцё, навошта было яго на ўвагу браць? I так днi ягоныя былi палiчаныя.

Польскiя адзьдзелы, забраўшы каля Форлi Прэдап'ё, – маёмасьць i месца народжаньня Мусалiнi, абрабавалi паселiшча дашчэнту. Быццам на апраўданьне рабункаў прыгадвалi, што Бэнiто некалi перад вайной зь вялiкай пагардай гаварыў аб iхняй Бацькаўшчыне. Цяпер-жа галава iтальянскага фашызму са сваёй каханкай Кларай Петачы хаваўся недзе над возерам Комо.

У немцаў нiколi ня было лiшнiх iлюзiй наконт iтальянцаў i iхняй баяздольнасьцi. Паколькi, з аднаго боку, жыхары апенiнскага паўабтоку вечна славiлiся таленавiтымi творцамi й выканальнiкамi опэраў, дык з другога – iхняе ваеннае майстэрства амаль што ўвайшло ў насьмешлiвыя прыказкi. Якi-ж наiўны чалавек асьмелiўся-б спадзявацца, што яны, якiя не ваявалi навет на пачатку вайны i адмаўлялiся баранiць свае афрыканскiя калёнii, маглi раптам цяпер перарадзiцца? Фон Кэсэльрынг да такiх не належаў. Гэта-ж ня тое, што змагацца на пяскох з паўдзiкiмi ў той час i слаба ўзброенымi абiсiнцамi цi ўжо, як было напярэдаднi Другой сусьветнай вайны, схапiцца ўдужкi з грэкамi.

На поўднi, вызвалiўшы тры чвэрцi Iталii, стаяў добра дагледжаны, накормлены, апрануты, дасканала ўзброены й вышкалены жаўнер хаўрусьнiцкiх армiяў. Навет iтальянскiя фашысты ведалi, што абарона паўночнае часткi краiны была бяссэнсоўнай. Самi-ж былi занятыя праблемаю, якую нiяк нельга было адкладваць: як змыцца ў нейтральную Швайцарыю або прыхавацца-прытаiцца ў iншым зацiшным куточку.

Народ-жа бачыў, што ўся вайна была фактычна нямецкай. Дык няхай тады немцы й ваююць. Народу – абы захаваць у цэласьцi свой здабытак. Узяўшы-ж на ўвагу, што галодныя немцы жывiлiся рабункамi мясцовага насельнiцтва, гэта якраз i было найцяжэйшым заданьнем. Iснавала ў немцаў за плячыма, пераважна ў гарах, iтальянская партызанка. Былi партызаны нацыянальныя й чырвоныя, адны й другiя вельмi слаба актыўныя. Абмяжоўвалiся дробным сабатажам, а калi ўваходзiлi ў збройнае змаганьне зь немцамi, дык адно там, дзе былi ў абсалютнай лiчбавай перавазе.

II

2 сакавiка 1945 году iтальянскi мараплаў "Аргенцiна" прыбыў з Брындызi ў Анкону i выладаваў новыя рэзэрвы для франтавых адзьдзелаў Другога корпусу. Анкона ў той пэрыяд была найбольш высунутым на поўнач, вызваленым ад немцаў портам на Адрыятычным моры. У лiку прыбыўшых былi Вiктар Караткевiч, Сымон Спарыш, Аляксандр Лабун, Кастусь Дзежка й iншыя сябры. Транспартныя машыны, заладаваўшы жаўнераў, накiравалiся шырокай прыгожай шашой па самым узьбярэжжы мора, у паўночным кiрунку. Надвечар пакiнуўшы Анкону, калёна ехала цэлую ноч. Мiнула Пэсаро, Рымiнi, Форлi й павярнула ў бок на Брызыгэлю. Тут знаходзiлiся сямнаццаты й чатырнаццаты батальёны пяхотнай 6-й Львоўскай брыгады. Адзiн Караткевiч трапiў у чатырнаццаты батальён, уся рэшта сяброў – у сямнаццаты. Дзежка, Самароб i Чарнецкi былi прыдзеленыя ў другую роту, а Сымон, Лабун i Ялонскi – у чацьвёртую. Сымону не пашанцавала: ён адзiн трапiў у зьвяз "кар'ераў" роты.

Для паiнфармаваньня чытача мусiм зьвярнуць увагу на "кар'ер". Слова гэтае, жыўцом узятае з ангельскае мовы, азначае "носьбiт". У войску "кар'ерам" называўся лёгкi панцырны, з адкрытым верхам, воз на гусенiцах. Апрача шафёра звычайна ў iм памяшчалася двое кулямётчыкаў i ставала месца на запас амунiцыi. Будучы хуткабежным i надта паваротлiвым, "кар'ер" ужываўся для перавозу амунiцыi на перадавыя пазыцыi, надаваўся на ўдарныя патрулi й наогул быў успамагальнай адзiнкай для пяхоты. Маючы такiя ўласьцiвасьцi, як вялiкую сiлу агню, хуткасьць i паваротлiвасьць, "кар'ер" часьценька выкарыстоўваўся ў пагонях за адступаючым працiўнiкам. У першыя днi побыту на фронце Сымону давялося пераканацца, што "кар'ер" служыў i iншым патрэбам, зусiм не прадугледжаным анi яго канструктарамi, анi камандзерамi.

Адным з шафёраў чатырох "кар'ераў" у зьвязе бых звыш саракагадовы, чарнявы, сярэдняга росту, шыракаплечы Пранук Бонк. Стары жаўнер, узяты бальшавiкамi ў палон у 1939 годзе, перажыўшы шмат у Сiбiры, пасьля, прайшоўшы Сярэднi Ўсход i ваенную кампанiю ў Афрыцы, Пранук чуўся ў войску быццам дома. Меў усе прыкметы старога жаўнера: няшмат думаў, быў вясёлым, нiчым надта не клапацiўся й на вайне чуўся быццам той селянiн з касою на сенажацi. Гаварыў шмат, пераважна аб драбнiцах, вельмi любiў выпiць i пагуляць з жанчынамi. Вiна ў Iталii даволi было ўсюды, а тым больш пры фронце, дзе ў пакiнутых гаспадарках стаялi вялiкiя, напоўненыя вiном бочкi.

Зьвяз "кар'ераў" чацьвёртае роты заняў пакiнутую iтальянцамi фэрму ў адлегласьцi 300-400 мэтраў ад нямецкiх перадавых пазыцыяў. Была раньняя вясна, навокал усё прыгожа зелянiлася. Трымалася залатая сонечная пагода. Неяк надвечар Пранук Бонк i ягоны сябра, званы Кашыбанда, вясёлыя вярнулiся ў хату, што служыла перадавым абаронным пунктам (ПАП). Iншыя то трымалi варту, то поркалiся каля зброi або кар'ераў. Пранук з самага пачатку трапiўся быў Сымону на вока як тып самага перасечнага польскага жаўнера. Ён часьценька любiў тое-сёе зацягнуць сваiм прапiтым хрыплаватым басам. Гэтак i цяпер, ужо амаль на зьмярканьнi, ззаду хаты мiж садовых дрэў заскрыпеў Пранукоў бас:

...наварыла майму Тонi макаронi, ого!

макаронi, ого! Iтальяно.

О-о-о макаронi.

Нон капiрэ iтальяно, ого-о-о!

Гэта пародыя на нейкую iтальянскую песьню пашыраная была па цэлай армii. Пранук з Кашыбандам ня вельмi ўжо роўным крокам прыблiжалiся ззаду да хаты.

– Чаго ты гарлапанiш? – асьцярог падпiтага шафёра капрал, што сядзеў каля парогу.

– Ты ведаеш што, пане капрал, – кiнуўся перад iм Пранук, – ведаеш, што мы знайшлi ў суседняй пунi?

– Ну што?

– Ого-о што! Ну, адгадай! – памог Кашыбанда.

– Нямецкiя вошы? – жартаваў капрал.

– От фраер! Вошы? Якiя там вошы, пане капрал! Цi-ж мы-б, на вошы паглядзеўшы, упiлiся?

– Дык вы там пiлi?

– Ня пiлi, пане капрал, але вось крышку пацягнулi, каб смагу прагнаць, вось што...

– Вiдаць, што й казаць...

Некалькi жаўнераў выйшла з хаты, прыблiзiлiся i тыя, што поркалiся каля кар'ераў, каб пачуць навiну.

– Я вам кажу, пане капрал, – прадаўжаў Пранук, – вось такую, з гэтую хату, бочку вiна мы найшлi, дый не адну, вось што. Так, пане капрал, вось як...

– Не жартуеш? – заблiшчэлi ў капрала вочы. – То надта добра. Але ты, браце, перш iдзi, дакладзi сяржанту, а пасьля аб вiне...

– Ну, што там новага прынесьлi? – пытаўся Пранука й Кашыбанду сяржант Ядлецкi, седзячы пры стале й разглядаючы нейкiя паперы.

– Пане сяржанце, усё добрае, – пачаў Пранук.

– Ёсьць там хто ў той хаце?

– Нiкога няма, пане сяржанце, толькi...

– Толькi?

– Нядаўна нехта там быў.

– Як вы гэта ведаеце? – Сяржант устаў ад стала.

– Нехта прастрэлiў вялiзную кадушку з вiном; такая вялiкая яна, што, можа, пяць тысяч лiтраў мае i больш чым напалавiну поўная. Дзюркi мы так-сяк пазаторквалi, але вiно ўцякае. Трэба было б...

I тут Кашыбанда, дапамагаючы Бонку словамi, у якiх вычуваўся жаль п'янiцы, што ўцякае "боскi нэктар", лямантаваў, што трацiцца так цэнная й зусiм неабходная для жаўнерскага жыцьця вадкасьць. На ягоную думку, варта было-б перашкодзiць поўнай катастрофе – пад'ехаць туды на "кар'еры" i напоўнiць пару бочак вiном.

III

Хата, аб якой была мова, знаходзiлася на правым флянгу ад пункта зьвяза "кар'ераў", нейкiх мэтраў за дзьвесьце ўзад. Яшчэ раней сяржант выслаў Бонка й Кашыбанду ў гэны бок на разьведку й вось цяпер атрымаў такi рапарт. Разьведчыкi даводзiлi, што немцаў нiдзе ня бачылi, што вiно было сярэдняй моцы й добрай якасьцi, хоць i "б'янко" (белае), ды што яны ўжо зусiм нядрэнна, паспрабавалi.

У гэтым апошнiм сяржант Ядлецкi ня меў сумлеваў, добра ведаючы ўсiх людзей свайго зьвязу, зь якiмi зжыўся на працягу вайны, за выняткам хiба новага Сымона.

– Што-ж... Як хочаце, дык пад'едзьце. Толькi не цяпер, а як сьцямнее. Ды ўважайце, каб пацiхеньку, каб часамi не папасьцiся.

Гэтага толькi й трэба было. Два разы не давялося паўтараць. Хутка на адным, звольненым ад амунiцыi й зброi "кар'еры" зьявiлiся дзве пустыя бочкi й лейкi, знойдзеныя тут-жа, на месцы. Чатыры чалавекi, у тым лiку й Сымон, якога папрасiлi дапамагчы ў такой важнай апэрацыi, ледзь маглi дачакацца цямна.

Ноч была цiхая й цёмная. У шматллiкiх месцах фронт гудзеў перастрэламi. З польскага боку адзывалiся "брэны", а з нямецкага – "спандалы" (гэтак хаўруснiкi называлi нямецкiя кулямёты "машынгэвэр цвай унд фiрцыг" ад месца iх прадукцыi ў Спандаў каля Бэрлiну). Радзей шумелi ў паветры снарады зь мiнамётаў. Ня маючы дакладна вызначанай мэты, яны стралялiся адно з мэтай дакучаньня працiўнiку й атрымалi мянушку зводзячых.

Па гладзенькай, вылажанай каменьнямi мiжхутарнай дарожцы несамавiта гудзеў гнаны Бонкам "кар'ер".

– Павальней! Сьцiшы матор! – асьцерагаў шафёра адзiн зь ездакоў.

– Надта-ж, халера, чуваць. Каб хаця швабы не аблажылi нас мiнамi.

Ледзь пасьпеў перасьцерагчы, як непадалёк вялiкiм рэхам тарганулася начная цiшыня. Адна мiна, другая, трэцяя. Усе кулём пакацiлiся на зямлю. Пачакаўшы колькi часу, з поўначы прынесла яшчэ тры.

– Пся крэў! Цi-ж яны не разумеюць, што не на баявое заданьне едзем?!

– А чаго гонiш, як вар'ят!

– Халерныя швабы! Дачакаецеся, сукiны сыны!

– I як то нас так хутка абмацалi!

– Усё ў парадку? Дык давайце далей.

– Ты пад'едзь сам, а мы тут ужо трушком.

– О'кэй!

Мэта хутка была дасягнутая. Катастрофа ў трысьцене, дзе стаялi дзве велiзарныя бочкi, па тры мэтры вышынi й столькi ж у дыямэтры, была вялiкай. Вiно выцякала праз папрастрэльваныя дзiркi. Яно вышынёй на пядзю залiло ўжо цэлы трысьцен.

– Пся крэў! То-ж мы заторкнулi. А Божа-ж каханы, столькi выцекла за гэты час. Як то магло стацца? – жалiўся Пранук Бонк.

– Мусiць, мы слаба пазаторквалi, калi зноў пацякло, – паясьнiў Кашыбанда.

– Вы самi, мусiць, не памятаеце, цi заторкнулi. Напiлiся, як бэлi, ды п'яныя назад папаўзьлi.

– Не гавары-ж ты мне дурнiц. Як Бога кахаю, заторкнулi, – бажыўся, стукаючы кулаком у грудзi, нецьвярозы яшчэ шафёр.

– Ну, добра. Давайце за працу! – скамандаваў капрал. – Ты, Спарыш, стой там на дварэ на варце, а мы самi справiмся.

– Каго ты пасылаеш, такога зялёнага?!

– Як то зялёнага? Варту ня ўмее трымаць? Дык чаго-ж тады на фронт прыехаў? Давайце за працу.

Сымон з "томсанам" напагатове выйшаў на двор i, прыслухоўваючыся да адгалоскаў навокал, пiў зрокам цемру. У трысьцене тройка не марудзiла. Вiдаць было па iхнiх рухах, што аперацыю такую даводзiлася праводзiць не ў пяршыню. Кашыбанда вялiкiмi глыткамi сёрбаў з кожнага напоўненага вядра, а пасьля напаўняў бочкi празь лейку, зь якой аж цераз берагi цякло. За нейкае паўгадзiны абедзьве бочкi былi поўныя, добра заторкнутыя. Пасьля цяжкiх уздыханьняў, паценьняў, стагнаньняў i "псякрэваў" былi яны заладаваныя на "кар'ер". Да фэрмы, дзе стаяў зьвяз, "кар'ер" папоўз чарапахай. Матор чхаў, заiкаўся й душыўся пад цяжарам ладунку.

Назаўтра Кашыбанда аднекуль прынёс скручаную мядзяную трубку й колькi пасудзiнаў – цэлы самагонны апарат. Разлажыўшы ў вялiкiм iтальянскiм камiнку малое вогнiшча, пачаў пераганяць вiно на сьпiрт. Сымон здагадаўся, назiраючы за працаю самагоншчыка, што той меў у гэтым прыдатным рамястве вялiкую практыку, крышку быў зьдзiўлены, што такая дзейнасьць адбываецца з дазволу сяржанта – шэфа зьвязу, што наогул нiхто таму не пярэчыў, што ўсе любiлi выпiць, i прыйшоў да выснаву, што ў такiх абставiнах было гэта зусiм нармальным.

IV

Зьвяз "кар'ераў" быў падзелены й высланы на старожу мастоў на невялiкiм канале – па чатыры чалавекi на кожны мост. Сымон з трыма iншымi трапiў на мост, адлеглы мо на паўкiлямэтра ад першага абарончага пункта. Канал бег паралельна да ракi Сэньё. Усе рэчкi, якiя да гэтага часу давялося бачыць Сымону, былi з абодвух бакоў абложаны высокiмi, мо на мэтраў шэсьць вышынi, процiпаводнымi насыпамi. Немцы, быццам тыя краты, павыкопвалi ў iх цэлыя лабiрынты акопаў i бункераў. Мелi адтуль добры нагляд над суседняй раўнiнай.

Пры мосьце стаяла ангельская шасьцiфунтавая супрацьтанкавая гармата. Побач былi руiны мураванкi з падзiраўленымi снарадамi сьценамi й згарэлай страхой. У ёй кватаравалi брытанскiя артылерысты. Новапрыбылыя са зьвязу "кар'ераў" людзi двойкамi трымалi варту пры мосьце. "Кар'ер" свой i рэчы пакiнулi ў адлеглай на мэтраў дзьвесьце направа ад моста фэрме. Сымон зьдзiвiўся, убачыўшы на хутары цывiльных. Як выглядала, яны зусiм нармальна жылi, хоць мо ня зусiм нармальна гаспадарылi. Беручы пад увагу, што рака Сэньё й нямецкiя перадавыя пазiцыi былi адлеглымi не далей як на паўкiлямэтра, трэба было дзiвiцца сьмеласьцi iтальянцаў.

Праўда, канал ня быў пярэдняй лiнiяй хаўрусьнiкаў. Наперадзе былi адзьдзелы пяхоты. Усё-ткi, калi-б пайшло на благое, калi-б разбушаваў артылерыйскi агонь, iтальянцы маглi-б пацярпець ня толькi маёмасьцю, але й жыцьцём. Немцы-ж ведалi, што войска з гэтага боку часта памяшчалася ў дамах цi iншых сялянскiх будынках. Жаўнеры неахвотна сядзелi пад голым небам, хiба ў выпадку крайняй патрэбы.

Маючы пад бокам цывiльных, Сымон назiраў за iхным жыцьцём. Гэта быў вялiкi кантраст у параўнаньнi з жыхарамi паўдзённай Iталii. Зямля была ўраджайная, багатая садамi, вiнаградам. пшанiцаю, гароднiнай. Калi на поўднi ўсюды сьвяцiлася бяда, дык тут навет i цяпер, пад час вайны, – дастатак. Далiна По правiльна ўважалася сьвiрнам перанаселенай Iталii. Яе найлепш можна было-б прыраўнаць да вядомай ужо чытачам Эльзаскай раўнiны.

Перастрэлка на фронце была слабая. Зь нямецкага боку актыўнасьць была мiнiмальная. Часамi прыляталi на паўдзённы бок мiны, радзей – артылерыйскiя снарады. Шмат зь iх ня дэтанавала. Факт гэты тлумачыўся тым, што ў нямецкiх фабрыках было шмат чужых i варожых немцам работнiкаў, якiя займалiся сабатажам. Людзей, такiм чынам, усьцераглi ад калецтва й сьмерцi. З боку хаўруснiкаў артылерыя была даволi актыўная. У кожны ясны й пагодны дзень над лiнiяй фронту бурчэў у паветры маленькi двухкрылы самалёт-разьведчык. Там артылерыйскi назiральнiк, звычайна афiцэр, дакладна сачыў за непрыяцелем i па радыё iнфармаваў артылерыйскiя пазыцыi. Немцы баялiся ўдзень выкарыстоўваць сваю старанна замаскаваную цяжэйшую артылерыю, трывожачыся, каб двухкрылы назiральнiк не асачыў яе.

На другi дзень, калi Сымон i Кашыбанда вярнулiся з варты, стары iтальянец выйшаў з хаты й папрасiў iх на спагэцi.

– Прэго, сiньёры, прэго! Манджарэ спагэцi, – цягнуў нiзенькi чарнявы гаспадар у хату.

– Аспэто! – затрымаў яго Кашыбанда. – Ты маеш ахвоту на спагэцi? – пытаўся Сымона.

– Ня ведаю. Нiколi ня еў. Што гэта такое?

– Нешта падобнае да макаронаў, толькi надта даўгое й круглае. Хадзi, зараз пабачыш.

За даўгаватым сталом сядзела ўжо цэлая сям'я – матка, дзьве дачкi й дзяцюк. Адна дачка была ў дваццатых гадох – чарнявая, круглаватая, вельмi прыгожая, iншая – падлетак. Побач старэйшай сядзеў дзяцюк.

Калi селянiн прывёў двух жаўнераў, гаспадыня, быццам тая квактуха, усхапiлася й забегала па хаце. Каля печы наладавала дзьве талеркi горбамi спагэцi, якiя зараз-жа апынулiся на стале перад гасьцямi.

– Прэго, прэго! – паказваў гаспадар на крэслы.

Хлопцы селi.

Сымон прыглядаўся да залiтых памiдоравым соўсам, пахучых спагэцi, што тоненькiмi сувоямi расплылiся па талерках. "Як-жа iх есьцi гэткiм вiдэльцам?" – думаў юнак, сочачы за iншымi. Iтальянцы чаплялi на канцы вiдэльцаў па колькi столак тоненькiх спагэцi, пасьля паволi круцiлi цаўямi, аж пакуль не нарасталi на iх тоўсьценькiя клубкi, якiя паважна несьлi ў раты й спажывалi. Кашыбанда бязь лiшнiх слоў узяўся за яду. Зусiм нядрэнна даваў сабе раду. Адно ў Сымона чырванаватыя й сьлiзкiя, быццам тыя чэрвi, спагэцi нiяк не хацелi накручвацца й трымацца. Як нi стараўся, вiдэлец заставаўся пусты. Мяркаваў, што цi ня лепш было-б пасеч iх на кавалкi, каб былi карацейшыя, ды пасьля ўжо, неяк падчапiўшы, у рот данесьцi. Хлапцу было вельмi нязручна, тым больш што iтальянцы прыглядалiся да ягонай бяздарнасьцi.

З процiлеглага боку стала сьвяцiлiся, здавалася, зь лёгкай усьмешкай, цёмныя й прывабныя прамянiстыя вочы. Сымону раней ня было калi ўважней прыгледзецца да гэтай прыгожай дзяўчыны. Цяпер-жа, седзячы зусiм насупраць яе цераз стол, адчуваў, як нешта заказытала ў ягоных грудзях пад зялёным "батледрэсам". Сачыў за ёю больш, чымся за ейным суседам. Чамусьцi здалося яму, што дзяцюк гэты мае на дзяўчыну нейкае права, пэўна-ж, ён не брат, бо неяк i не па-брацку сядзеў побач, i беларус ужо падсьведама пачаў зайздросьцiць яму, а можа, й ня любiць iтальянца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю