Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 26 страниц)
– Калі я зараз памру, – сказаў ён, – ты наўрад ці прыгадаеш мяне, як дажывеш да маіх гадоў.
Ён сказаў гэта без дай прычыны, і анёл смерці раптам праплыў, перасёк халодны паўзмрок кабінета і вылецеў праз акно, пакінуўшы пасля сябе пер’е, але хлапчук яго не ўбачыў. Прайшло больш за дваццаць гадоў з тае пары, і вельмі хутка Хувэналю Урбіна будзе столькі гадоў, колькі было бацьку тым дажджлівым днём. Ён ведаў, што з твару падобны да яго, і да таго ж цяперака дадалося ўсхваляванае разуменне таго, што і ён смяротны. Халера сталася ягонай маніяй. Ён ведаў не нашмат больш за тое, што вывучыў на звычайным факультатыўным курсе, і яму здавалася неверагодным, што толькі трыццаць гадоў таму ў Францыі, у самым Парыжы халера забрала сто сорак тысяч жыццяў, калі не болей. Але пасля бацькавай смерці ён вывучыў усё, што можна было, пра розныя формы халеры, і гэта сталася для яго ледзь не пакаяннем, учынкам дзеля памяці бацькі. Больш за тое, ён стаўся вучнем слыннага эпідэміёлага і вынаходцы санітарных кардонаў прафесара Адрыяна Пруста, бацькі вялікага раманіста. I, вяртаючыся на радзіму, яшчэ на караблі ён адчуў смурод рынку, потым угледзеў, як пацукі сноўдаюць у адкрытых каналізацыйных канавах, а голыя дзеці валяюцца на вуліцы ў лужынах, і не толькі зразумеў чыннікі ранейшай бяды, але ўпэўніўся ў тым, што яна здольная паўтарыцца ў любы момант.
Доўга чакаць не давялося. Менш за год. Ягоныя студэнты са шпіталя Міласэрнасці папрасілі агледзець хворага, які паступіў з жахлівай сінюшнасцю па ўсім целе. Доктару Хувэналю Урбіна варта было толькі зірнуць з парога, каб пазнаць ворага. Усё ж шанцавала: хворы прыбыў тры дні таму на шхуне з Курасао і сам прыйшоў па кансультацыю, так што здавалася малаверагодным, каб ён каго-небудзь заразіў. На ўсялякі выпадак доктар Хувэналь Урбіна папярэдзіў сваіх калег. Ён дамовіўся, каб улады паднялі трывогу ў суседніх партах і даў дакладную інструкцыю: знайсці небяспечную шхуну і ўсталяваць каранцін. Да таго ж, яму давялося супакоіць ачольніка вайсковага гарнізона, які ўжо хацеў выдаваць загад аб асадным становішчы і адразу ўжыць тэрапію гарматных стрэлаў кожную чвэрць гадзіны.
– Ашчаджайце порах да наступу лібералаў, – параіў доктар. – Сярэднявечча ўжо мінула.
Хворы памёр праз чатыры дні, задушаны белымі зярністымі ванітамі, але за наступныя тыдні не выявілі ніводнага выпадку, хоць назіранне не перапынялася. Трохі пазней «Камерцыйная газета» надрукавала навіну пра тое, што двое дзетак памерлі ад халеры ў розных раёнах горада. Удалося высветліць, што насамрэч адзін хлапчук памёр ад звычайнай дызентэрыі, але пяцігадовая дзяўчынка сапраўды сталася ахвяраю халеры. Яе бацькі і тры браты былі раздзеленыя для індывідуальнага каранціну, і ўвесь раён стаўся аб’ектам суворага медыцынскага кантролю. Адзін з братоў дзяўчынкі захварэў, але неўзабаве паправіўся, і сям’я вярнулася дадому, калі мінула небяспека. Яшчэ адзінаццаць выпадкаў былі зарэгістраваныя на працягу трох месяцаў, на пяты ж месяц становішча трывожна абвастрылася, але праз год можна было цвёрда сказаць, што горад пазбавіўся ад небяспекі эпідэміі. Ніхто не сумняваўся ў тым, што жорсткія санітарныя захады доктара Хувэналя Урбіна больш за ягоныя ўгаворы зрабілі мажлівым нечуваны раней цуд. З тае пары і ледзь не да сярэдзіны новага стагоддзя халера набыла эндэмічны характар не толькі ў горадзе, але па ўсім Карыбскім узбярэжжы і ў басейне ракі Магдалены, але ніколі не даходзіла да эпідэмій. Трывога адыграла сваю ролю ў тым, што папярэджанні доктара Хувэналя Урбіна былі разгледжаныя ўладамі як след. Адкрылі кафедру для абавязковага вывучэння халеры і жоўтае ліхаманкі ў Школе медыцыны, была прынятая прапанова аб тэрміновай ліквідацыі адкрытай каналізацыі, вырашылі збудаваць новы рынак у іншым месцы, чым гарадскі сметнік. Аднак доктар Урбіна не заўважаў прызнання ягонае перамогі і не адчуваў прыліву сіл на ўвасабленне свайго грамадскага паклікання, бо сам тады жыў нібы з падбітым крылом: агаломшаны і разгублены, ён вырашыў закінуць усё на свеце і пра ўсё забыць, уражаны бліскавіцай кахання да Фэрміны Дасы.
Гэта і насамрэч сталася вынікам клінічнай памылкі. Яго сябру-лекару прымроіліся папярэднія сімптомы халеры ў васямнаццацігадовай пацыенткі, і ён папрасіў доктара Хувэналя Урбіна агледзець яе. Доктар не стаў марудзіць, спалоханы тым, што выпадак паказваў на мажлівасць пранікнення халеры ў заможны раён старога горада, бо ўсе папярэднія факты захворвання былі зарэгістраваныя ў маргінальных раёнах і амаль усе – сярод мурыкаў, але падчас візіту ён сутыкнуўся з іншымі, менш сумнымі неспадзяванкамі. Дом пад ценем мігдалавых дрэў Евангельскага скверыка звонку здаваўся напаўразбураным, як астатнія пабудовы каланіяльнага квартала, але ўнутры ён знайшоў незвычайны парадак, чысціню і дзівоснае святло, якое выпраменьвалася нібы з іншай эпохі. Вітальня выходзіла наўпрост на дворык севільскага тылу, квадратны, з пабеленымі апельсінавымі дрэвамі ў квецені; падлога і сцены былі аздобленыя кафляй. Цурчала нябачная крыніца, на карнізах стаялі вазоны з гваздзікамі, у кожнай арцы вісела клетка з рэдкімі птушкамі. Самымі дзіўнымі былі тры крумкачы ў вялізнай клетцы, якія часам шумна ўзмахвалі крыллем, напаўняючы паветра падманлівым пахам. Раптам дзесьці забрахалі прывязаныя сабакі, ашалелыя ад паху чужога чалавека, але жаночы вокліч змусіў іх змоўкнуць. Аднекуль павыскоквалі каты і пабеглі хавацца сярод кветак, спужаўшыся ўладнасці голасу. I тады настала такая празрыстая ціша, што скрозь птушыныя спевы і шэпт вады на камянях адчуваўся адчайны подых мора.
Усхваляваны ўпэўненасцю ў фізічнай прысутнасці Бога, доктар Хувэналь Урбіна падумаў, што такі дом не падуладны халеры. Ён пайшоў услед за Галай Плясыдыяй па галерэі, мінуў пакой для шытва, дзе Флярэнтына Арыса ўпершыню ўгледзеў Фэрміну Дасу, калі дом яшчэ рамантаваўся, узняўся па новай мармуровай лесвіцы на другі паверх і пачакаў перад дзвярыма спальні, пакуль прыслужніца паведаміла хворай пра ягоны прыход. Гала Плясыдыя выйшла са словамі:
– Сеньярыта сказала, што зараз прыняць вас не можа, бо бацькі няма дома.
Ён зноў прыйшоў а пятай увечары, як казала прыслужніца, і Лярэнса Даса асабіста адчыніў яму дзверы і правёў у спальню дачкі. Бацька застаўся сядзець у зацемненым кутку, скрыжаваўшы рукі і робячы спробы суцішыць сваё цяжкое дыханне да канца агляду. Нялёгка было б вызначыць, хто больш саромеўся, – лекар са сваімі нясмелымі дотыкамі альбо хворая дзяўчына – сама цнота – у шаўковай начной кашулі, але яны не глядзелі адзін аднаму ў вочы, доктар толькі задаваў пытанні адчужаным голасам, а яна адказвала яму голасам трапяткім: абое адчувалі прысутнасць бацькі ў паўцемры. Потым доктар Хувэналь Урбіна папрасіў хворую сесці і далікатным рухам апусціў на ёй начную кашулю да таліі: ганарлівыя нечапаныя грудзі з дзіцячымі яшчэ смочкамі раптам успыхнулі ў сутонні спальні, нібыта сполахі стрэлаў, і яна тут жа паспешліва схавала іх за скрыжаванымі рукамі. Лекар, нягледзячы на яе, развёў яе рукі і быццам бы абыякава распачаў простае праслухванне: прыклаў вуха спачатку да грудзей, а потым да спіны.
Пазней доктар Хувэналь Урбіна часта казаў, што калі пазнаёміўся з жанчынай, з якой потым пражыве жыццё ажно да скону, ён не адчуў ніякіх эмоцый. Доктар згадваў блакітную начную кашулю з карункамі, ліхаманкавыя вочы, даўгія валасы, якія збягалі з плячэй, але ён быў так узрушаны тым, што халера ўварвалася ў каланіяльны раён, што не звяртаў ніякай увагі на прыгажосць дзяўчыны, а толькі шукаў хоць найменшую адзнаку, якая магла б пацвердзіць меркаванне калегі. Яе ж думкі былі больш акрэсленымі: малады доктар, пра якога яна столькі чула ў сувязі з халерай, падаўся ёй педантам, няздольным любіць нікога, акрамя сябе самога. Ён паставіў дыягназ: кішэчная інфекцыя стрававага паходжання, якую адолелі пасля трох дзён лекавання ў хатніх умовах. Супакоены тым, што дачка ўсё ж не захварэла на халеру, Лярэнса Даса праводзіў доктара Хувэналя Урбіна да пралёткі і заплаціў яму адзін песа золатам за візіт. Трэба сказаць, што цана здалася яму завысокай, няхай перад ім стаяў лекар для багацеяў, але развітваўся шчаслівы бацька, не стрымліваючы слоў удзячнасці. Ён быў аслеплены бляскам прозвішча доктара і не толькі не хаваў свайго стаўлення да яго, а гатовы быў зрабіць што заўгодна, каб сустрэцца зноў і пры менш фармальных абставінах.
Справу можна было лічыць завершанай. Аднак у аўторак на наступным тыдні без выкліку альбо якога-кольвек папярэджання доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся ў той самы дом пад даволі нязручны час – у абед а трэцяй гадзіне. Фэрміна Даса з дзвюма сяброўкамі знаходзілася ў пакоі для шытва, дзе ішоў урок алейнага жывапісу, калі ён з’явіўся каля акна ў бездакорным белым сурдуце, у белым цыліндры і зрабіў знак, каб яна наблізілася да яго. Яна пакінула палітру на крэсле і на дыбачках падышла да акна, прыўздымаючы сукенку з фальбонкамі, каб яна не цягнулася па падлозе. На дзяўчыне была дыядэма, галоўны камень упрыгожваў лоб, і адтуль ішло святло такога нявызначанага адцення, як ад ейных вачэй, а ўкола лунаў водар свежасці. Доктар звярнуў увагу на тое, што яна была апранутая святочна, хоць проста займалася жывапісам. Ён праверыў праз акно пульс, папрасіў паказаць язык, агледзеў горла з дапамогаю алюмініевай лапатачкі, апусціў ніжняе павека і кожны раз рабіў ухвальны жэст. Ён быў не такім сарамлівым, як падчас мінулага візіту, затое яна – так, бо не разумела прычыны нечаканага агляду, ён жа сам сказаў, што не вернецца, хіба што яго выклічуць. Да таго ж, яна казала сабе, што наперад не жадае яго бачыць. Завяршыўшы агляд, ён паклаў лапатачку ў партфель з мноствам інструментаў і нейкіх флакончыкаў ды зачыніў яго.
– Вы – як нованароджаная ружа, – сказаў ён.
– Дзякуй.
– Богу аддзячце, – паправіў ён і тут жа, адступаючы ад тэксту, працытаваў Святога Тамаша. – Прыгадайма: «Дабро, скуль бы яно ні з’явілася, ідзе ад Святога Духа». Ці вы любіце музыку?
Ён спытаў пра гэта з чароўнай усмешкай, нібыта выпадкова, тым не менш, яна не прыняла ягонага тону.
– Дзеля чаго вы пытаецеся? – пазбегла яна прамога адказу.
– Музыка спрыяе здароўю, – патлумачыў ён.
Доктар насамрэч верыў у гэта, а крыху пазней яна даведаецца і запомніць на ўсё жыццё, што тэма музыкі была для яго чарадзейнай формулай прапановы сяброўства, але тады яна ўспрыняла яго словы як жарт. Акрамя таго, яе сяброўкі, якія да пары ўдавалі, нібы працягваюць пісаць свае эцюды, раптам у адзін голас хіхікнулі, а дакладней, піскнулі, як мышы, і тут жа схавалі твары за эцюднікамі, што засмуціла Фэрміну Дасу яшчэ болей. Аслепленая гневам, яна рэзка зацягнула акно. Ашаломлены доктар убачыў перад сабою карункавыя фіранкі і паспяшаўся знайсці дарогу да выхаду, але пераблытаў кірунак і натрапіў на клетку, у якой сядзелі крумкачы. Яны глуха закрумкалі, з перапуду замахалі крыламі, і вопратка доктара набралася пахамі жаночай парфумы. Грымотны голас Лярэнса Дасы змусіў яго спыніцца на месцы:
– Доктар, пачакайце мяне.
Ларэнса Даса ўсё бачыў з другога паверха і цяпер спускаўся, зашпільваючы кашулю. У яго быў ацёчны й пачырванелы твар, а бакенбарды яшчэ тырчэлі пасля трывожнага сну сіесты. Доктар паспрабаваў суцішыць засмучанасць:
– Я сказаў вашай дачцэ, што яна – як ружа.
– Гэта так, – адказаў Лярэнса Даса, – але ў гэтае ружы зашмат шыпоў.
Ён прайшоў каля доктара, хоць і не павітаўся з ім, адкінуў фіранку і груба запатрабаваў ад дачкі:
– Зараз жа папрасі прабачэння ў доктара!
Доктар хацеў было спыніць спрэчку, але Лярэнса Даса нават не звярнуў увагі на ягоны шэпт і патрабавальна дадаў: «Паспяшайся!» Фэрміна Даса паглядзела на сябровак з прыхаванай просьбай разумення і сказала бацьку, што ёй няма за што перапрашаць, яна ж зацягнула акно толькі таму, што сонца замінала іх заняткам. Доктар Урбіна хацеў пацвердзіць яе тлумачэнні, аднак Лярэнса Даса настояў на сваім. Тады Фэрміна Даса, бледная ад шаленства, вярнулася да акна, высунула правую ножку наперад, прыўздымаючы прыпол кончыкамі пальцаў, і зрабіла доктару тэатральны рэверанс.
– Прыношу вам мае самыя глыбокія прабачэнні, сеньёр, – сказала яна.
Доктар Хувэналь Урбіна з радасцю падыграў ёй, прыпадняўшы цыліндр са спрытам мушкецёра, але так і не дачакаўся міласэрнай усмешкі, якой чакаў. Затым Лярэнса Даса запрасіў яго ў кантору на кубачак кавы, што сімвалізавала б поўнае замірэнне, і ён пагадзіўся з асалодай, каб не пакінуць аніякага сумневу ў тым, што ў душы не засталося гарачых вуголляў крыўды.
Папраўдзе, доктар Хувэналь Урбіна не піў кавы ўдзень – толькі адзіны кубачак раніцой, нашча. Ён таксама не ўжываў алкаголю, хіба што келіх віна на ўрачыстых абедах, але ён выпіў не толькі каву, прапанаваную Лярэнса Дасам, але яшчэ і кілішак анісаўкі. Затым паўтарыў і каву, і кілішак, а крыху пазней – зноўку, хаця яшчэ не завяршыў візіты. Напачатку ён слухаў перапрашэнні, што Лярэнса Даса прыносіў ад імя дачкі, якую характарызаваў як дзяўчыну разумную і сур’ёзную, годную мясцовага альбо прышлага прынца; адзіная загана, сказаў ён, гэта характар муліцы. Аднак пасля другога кілішка доктару прымроіўся голас Фэрміны Дасы з боку двара. Яго ўяўленне памкнулася за ёю па звечарэлым доме і пераследавала яе, пакуль яна запаліла святло ў калідоры, выгнала маскітаў са спальняў інсектыцыдным куродымам, падышла да пліты і адкрыла каструлю з поліўкай, якую мелася есці з бацькам на вячэру, удваіх – ён і яна. І ўсё гэта – не ўздымаючы вачэй, ціха, каб не разбіць люстэрка крыўды да тае пары, пакуль бацька не прызнае залішнюю суворасць.
Доктар Урбіна ведаў жаночую псіхалогію і здагадваўся, што Фэрміна Даса не зазірне ў кантору, пакуль ён не пойдзе, але адцягваў развітанне: напэўна, ужо адчуваў, што прышчымлены ёю гонар не дае яму спакою. Лярэнса Даса, ужо амаль п’яны, нібыта і не прыкмеціў, што доктар яго не слухае, бо і так знаходзіў ужытак сваёй няспыннай гаварлівасці – слухаў сябе сам. Гаварыў ён галопам, бясконца жуючы патухлую цыгару, модна кашляў і злосна пляваўся, ёрзаў на крэсле-вярцёлцы, спружыны пад ім вылі, бы жывёлы ў перыяд цечкі. Ён выпіў па тры кілішкі на кожны кілішак госця, і толькі калі заўважыў, што яны ўжо не бачаць адзін аднаго, зрабіў паўзу, каб узняцца і запаліць лямпу. Доктар Хувэналь Урбіна разгледзеў ягоны твар пры святле лямпы, убачыў вылупленае, як у рыбіны, вока, і заўважыў, што ягоныя словы не адпавядаюць варушэнню вуснаў, і вырашыў: гэта ўжо алкагольныя галюцынацыі. Тады ён узняўся з чароўным адчуваннем: ён – унутры чужога цела, і яно, гэтае цела, засталося сядзець, калі ён ужо стаяў, і яму давялося высіліцца, каб не з’ехаць з глузду.
А сёмай з нечым ён выйшаў з канторы ўслед за Лярэнса Дасам. Ім свяціла поўня. Двор, які здаваўся нерэальным з-за анісаўкі, гойдаўся, як расліны на дне акварыума, і клеткі, якія ахінулі покрывамі, выглядалі як сонныя прывіды ў цёплым водары квецені. Акно пакоя для шытва было адчыненым, над сталом свяціла лямпа, і няскончаныя карціны засталіся на эцюдніках, нібы на выставе. «Дзе ж ты, калі цябе няма?» – спытаўся доктар Урбіна, праходзячы каля акна, але Фэрміна Даса не чула яго, не магла чуць, бо яна плакала ад гневу ў спальні, лежачы ніцма на ложку і чакаючы бацькі, каб расквітацца за знявагі гэтага дня. Доктар не пакідаў спадзеваў на тое, каб развітацца з ёю, але Лярэнса Даса нічога такога не прапанаваў. Доктар прыгадаў яе ясны пульс, язык, як у коткі, пяшчотныя міндаліны, аднак яго браў адчай ад аднае думкі пра тое, што яна не хацела ўбачыць яго і нават дазволіць найменшага збліжэння. Калі Лярэнса Даса ўвайшоў у вітальню, крумкачы пад покрывам прачнуліся, і доктар пачуў іх жалобны кліч. «Узгадуй крумкачоў, і яны выдзяўбуць табе вочы», – вымавіў ён услых, думаючы пра дзяўчыну, і Лярэнса Даса павярнуўся, каб спытаць:
– Што вы сказалі?
– Гэта не я, – адказаў доктар, – гэта анісаўка.
Лярэнса Даса правёў яго да пралёткі, паспрабаваў усунуць яму яшчэ адзін песа золатам за паўторны візіт, але доктар не ўзяў грошай. Ён загадаў возніку, каб той вёз яго яшчэ да двух пацыентаў, і падняўся ў экіпаж без старонняй дапамогі. Аднак калі экіпаж заскакаў па ямінах бруку, ён адчуў сябе кепска і загадаў возніку змяніць кірунак. На імгненне ён паглядзеў на сябе ў люстэрка пралёткі і ўбачыў, што яго адлюстраванне працягвае думаць пра Фэрміну Дасу. Паціснуў плячыма. Затым адрыгнулася анісаўкай, ён схіліў голаў на грудзі і заснуў, а ў сне пачуў, што званы б’юць за спачын душы. Спачатку званілі ў кафедральным саборы, а потым далучыліся званы ўсіх бажніцаў адзін за адным, ажно да бітых гаршчкоў касцёла Святога Юліяна Гасціннага.
– Д’ябал, – шапнуў ён скрозь сон, – памерлі ўсе нябожчыкі.
Маці і сёстры вячэралі за сталом для ўрачыстасцяў у вялікай гасцёўні. Ім падалі, як заўсёды, каву з малаком і мядовыя пернікі, калі ён узнік на парозе з вартым жалю тварам, і з ім увайшоў у гасцёўню блядскі пах крумкачоў. Звон з кафедральнага сабора аддаваўся рэхам у вялікім фантане двара. Маці ўстрывожана запыталася, дзе ён цягаўся, бо шукалі яго паўсюль – быў тэрміновы выклік да генерала Ігнасіё Марыі, апошняга ўнука маркіза Хараіса дэ ля Вэры, па кім ужо званілі званы: удзень у яго адбылося кровазліццё ў мозг. Доктар Хувэналь Урбіна слухаў маці, не чуючы, трымаючыся за вушак, потым павярнуўся, робячы спробу дайсці да спальні, але ўпаў ніцма, ванітуючы анісаўкай.
– Святая Марыя! – ускрыкнула маці. – Штосьці сапраўды незвычайнае здарылася, калі ты дазволіў сабе вярнуцца дамоў у такім стане.
Самае незвычайнае, аднак, было наперадзе. Ён выкарыстаў прыезд слыннага піяніста Рамэа Лусічы, які сыграў цыкл санатаў Моцарта, як толькі горад спыніў жалобу па генералу Ігнасіё Марыі, і загадаў пагрузіць раяль Музычнае школы на калёсы, мулы даставілі інструмент на адрас. Такім чынам, доктар Хувэналь Урбіна арганізаваў для Фэрміны Дасы незабыўную серэнаду. Яна прачнулася з першымі тактамі, ёй не трэба было выглядаць праз карункавыя фіранкі балконнага акна, каб зразумець, хто зладзіў нечуваную імпрэзу. Яна толькі шкадавала, што не пасмела, як іншыя ўгневаныя дзяўчаты, выліць на голаў непажаданага кавалера змесціва начнога гаршчка. Лярэнса Даса, наадварот, хутка апрануўся, пакуль гучала серэнада, пасля чаго запрасіў доктара Хувэналя Урбіна і піяніста, яшчэ ў канцэртным фраку, у гасцёўню, дзе аддзячыў за серэнаду кілішкам выдатнага брэндзі.
Неўзабаве Фэрміна Даса здагадалася, што бацька спрабуе ўлагодзіць ейнае сэрца. На наступны дзень пасля серэнады ён сказаў ёй, быццам бы незнарок: «Уяві, што б адчула маці, калі б дазналася, што да цябе заляцаецца нашчадак Урбіна дэ ля Калле». Яна суха адказала: «Перавярнулася б у труне». Сяброўкі, з якімі яна займалася жывапісам, распавялі ёй, што Лярэнса Даса быў запрошаны на абед у Грамадскі клуб, і запрасіў яго доктар Хувэналь Урбіна, за што атрымаў суворае папярэджанне, бо парушыў правілы клубнага рэгламенту. Потым яна даведалася, што бацька ўжо некалькі разоў падаваў заяву на прыём у клуб, і яны былі адхіленыя з такой колькасцю чорных шароў, якая рабіла немажлівай новую спробу. Аднак Лярэнса Даса прапускаў знявагі праз сваю загартаваную алкаголем печань, і зноўку ішоў на ўсялякія хітрыкі, каб зноў пабачыцца з Хувэналем Урбіна, не здагадваючыся, што і сам Хувэналь Урбіна імкнуўся, каб новая сустрэча адбылася. Часам яны гаманілі ў канторы, і ў доме нібыта спыняўся час: гэтак Фэрміна Даса паскарала сыход нежаданага госця. Добрым прытулкам для будучых цесця й зяця сталася прыходская кавярня. Менавіта там Лярэнса Даса даў Хувэналю Урбіна пачатковыя ўрокі гульні ў шахматы. Вучань так стараўся, што шахматы сталіся яго невылечнай хваробай, на якую ён хварэў да апошняга дня жыцця.
Адным з вечароў пасля імпрэзы з серэнадай Лярэнса Даса знайшоў пад дзвярыма свайго дома ліст, запячатаны сургучом. Ліст быў адрасаваны дачцэ, і на сургучнай пячатцы лёгка прачытвалася доктарава манаграма. Праходзячы каля спальні Фэрміны, ён падсунуў ліст пад дзверы, і яна не здолела зразумець, як ліст з’явіўся ў яе: нельга ж было ўявіць, што бацька змяніўся так, што ўжо прыносіць ёй лісты кавалераў. Яна пакінула ліст на начным століку, насамрэч не ведаючы, што з ім рабіць, і ліст заставаўся запячатаны колькі дзён, да таго дажджлівага вечара, калі Фэрміне Дасе прыснілася, што Хувэналь Урбіна прыйшоў да іх і падараваў ёй лапатачку, з дапамогаю якой аглядаў ейныя гланды. Лапатачка ў сне была не алюмініевая, а з нейкага апетытнага металу, смак якога захапляў яе падчас наступных сноў, і яна ў сне паламала лапатачку і вярнула яму меншы кавалак. Прачнуўшыся, яна распячатала ліст. Ён быў кароткім і стрыманым, пра адно толькі прасіў Хувэналь Урбіна: каб яна дазволіла прасіць згоды ейнага бацькі на прыватныя візіты. Яе ўразілі сціпласць і сур’ёзнасць, і тады раздражнёнасць, якую яна песціла ў душы на працягу многіх дзён, раптам знікла. Яна паклала ліст у пустую скрынку на дне куфра, але прыгадала, што менавіта туды яна складвала духмяныя пасланні Флярэнтына Арысы, таму, раптам адчуўшы сорам, зноў дастала ліст, каб перакласці яго ў іншае месца. Потым падумала, што лепш будзе, калі яна зробіць выгляд, што нічога не атрымала, і спаліла ліст над лямпай, назіраючы, як кроплі сургуча выбухаюць сінімі пырскамі над агнём. Яна ўздыхнула: «Гаротны чалавеча!» І раптоўна ёй прыйшло да галавы, што яна вымавіла ў думках тыя словы год з лішкам таму, на імгненне падумала пра Флярэнтына Арысу і сама здзівілася, як і ён далёкі ад яе жыцця: гаротны чалавеча.
У кастрычніку, з апошнімі дажджамі сезона, яна атрымала яшчэ тры лісты, першы – разам са скрыначкай фіялкавых цукерак, якія вырабляла абацтва Флавінні. Два лісты перадаў каля ўвахода фурман доктара Хувэналя Урбіна, і сам ён пры гэтым павітаўся з Галай Плясыдыяй праз акенца пралёткі, па-першае, каб не было сумневу ў тым, што гэта лісты ад яго, а па-другое, каб ніхто не здолеў сцвердзіць, што лісты не былі ўручаныя. Апрача таго, тыя лісты мелі сургучную манаграму і былі напісаныя неразборлівымі каракулямі, Фэрміна Даса іх пазнала – гэта быў доктарскі почырк. Яны, па сутнасці, паўтаралі першае пасланне і былі складзеныя ў тым самым пакорлівым духу, але скрозь іх прыстойнасць ўжо праглядала пакутлівае хваляванне, якога ніколі не мелі асцярожныя пасланні Флярэнтына Арысы. Фэрміна Даса прачытала іх адразу ж, як толькі яны, з двухтыднёвай паўзай, былі дастаўленыя, і без тлумачэння для сябе захавала абодва лісты, хоць у першую хвіліну збіралася кінуць іх у полымя. Аднак і не падумала адказваць.
Трэці кастрычніцкі ліст быў падсунуты пад уваходныя дзверы і ўва ўсім адрозніваўся ад папярэдніх. Почырк аказаўся дзіцячым, бо пісалі яго, верагодна, левай рукою, але Фэрміна Даса нічога не зразумела, пакуль сам тэкст не праявіў, што прыслалі ёй гнюсную ананімку. Аўтар сцвярджаў, што Фэрміна Даса свядома спакусіла сваімі чарамі доктара Хувэналя Урбіна, і, зыходзячы з гэтага меркавання, ананімшчык рабіў жудасныя высновы. Ліст завяршаўся пагрозай: калі Фэрміна Даса не адмовіцца ад прэтэнзій у адносінах да самага вяльможнага ў горадзе чалавека, будзе пакараная праз публічную ганьбу.
Яна адчула сябе ахвярай жорсткай несправядлівасці, але й не падумала помсціць за няпраўду, наадварот, яна жадала б даведацца, хто аўтар ананімкі, каб давесці яму пра памылку вычарпальнымі тлумачэннямі, бо яна была ўпэўненая ў тым, што ніколі і ні пры якіх абставінах не адкажа на заляцанні Хувэналя Урбіна. Наступнымі днямі яна атрымала яшчэ два лісты без подпісу, гэтак жа беспардонныя, як і першы, але ў іх не паўтараўся почырк першага ліста. Альбо яна ахвяра змовы, альбо прыдуманы сакрэт уяўнага таямнічага кахання распаўсюдзіўся ўжо надта далёка, ва ўсякім разе, далей за найсмялейшыя меркаванні. Яе непакоіла думка пра тое, што гэта вынік звычайнай бездыхтоўнасці Хувэналя Урбіна. Яна нават падумала, што, мажліва, ён не такі высакародны, як выглядае, і, мусібыць, даваў волю языку падчас візітаў, хваліўся ўяўнымі перамогамі, як шмат якія мужчыны яго класа. Яна збіралася напісаць яму, як след вылаяць за грубую абразу яе годнасці, але потым адмовілася ад свайго намеру, падумаўшы, што, верагодна, гэтага ён і чакаў. Яна спрабавала дазнацца пра тое, што адбывалася, цераз сябровак, якія прыходзілі да яе займацца жывапісам у пакоі для шытва, але тыя толькі чулі добрыя водгукі пра сольную серэнаду на раялі. Яна адчула прыліў злосці, бездапаможнасці і знявагі. У адрозненне ад першай рэакцыі, калі яна гатовая была сустрэцца з невядомым ворагам, давесці, што ён памыляецца, цяперака яна мела іншы намер – пусціць яго на шматкі з дапамогай садовых нажніцаў. Яна праводзіла ночы без сну, аналізавала асобныя выразы ў ананімных лістах са спадзевам на тое, што знойдзе хоць нейкі след. Але ілюзіі былі марнымі: Фэрміне Дасе ад прыроды быў чужы ўнутраны свет такіх сямействаў, як Урбіна дэ ля Калле, яна была ўзброеная для абароны ад іх добрых, але не ад злых намераў.
Яшчэ больш засмуціла яе, нагнала на яе жах чорная лялька, дасланая ёй пад тыя дні без суправаджальнага ліста, хоць няцяжка было зразумець, хто яе падараваў: гэта мог быць толькі доктар Хувэналь Урбіна. Лялька была набытая на Мартыніцы, як абвяшчала арыгінальная бірка, яе вопратка выглядала цудоўна, пасмы валасоў паблісквалі золатам, яна нават умела заплюшчваць вочы. Фэрміне Дасе лялька здалася такой пацешнай, што яна перамагла сябе і ўдзень клала на сваю падушку, а ўначы спала з ёю. Праз некаторы час, аднак, адыходзячы ад цяжкога, стамляльнага сну, яна прыкмеціла, што лялька расце: гожая сукенка ўжо не хавала сцёгнаў, а чаравічкі трэснулі пад ціскам ножак. Раней Фэрміне Дасе даводзілася чуць пра розныя віды афрыканскага вядзьмарства, але страшнейшага за гэта яна не прыгадвала. З іншага боку, яна не магла ўявіць сабе, каб такі чалавек, як Хувэналь Урбіна, быў здольны на такую нялюдскасць. Яна мела рацыю: ляльку прынёс не доктараў фурман, а вулічны гандляр крэветкамі, пра якога ніхто не змог сказаць нічога ўцямнага. Спрабуючы разгадаць таямніцу, Фэрміна Даса нейкі час думала на Флярэнтына Арысу, бо ягоная змрочнасць заўсёды наводзіла страх, але жыццё само адкінула яе міжвольную памылку. Таямніца так і засталася таямніцай, раптоўны ўспамін пра якую ўзрушаў яе нават шмат пазней, калі яна жыла ў шлюбе, нарадзіла дзяцей і лічыла сябе выбранніцай лёсу, найшчаслівейшай з жанчын у свеце.
Апошнюю спробу доктар Урбіна зрабіў праз пасярэдніцу – сястру Франку дэ ля Люс, што ачольвала школу З’яўлення Святое Дзевы і не магла адмовіцьу просьбе сям’і, што спрыяла ўмацаванню рэлігійнага прыхода з часоў свайго пераезду на сталае жыхарства ў Паўднёвую Амерыку. Яна з’явілася ў суправаджэнні паслушніцы а дзявятай раніцы, і ім прыйшлося прабавіць з паўгадзіны каля птушыных клетак, пакуль Фэрміна Даса мылася. Манахіня была мужападобнай немкай з металічным акцэнтам і загадным позіркам, якія не мелі нічога агульнага з яе інфантыльнымі жарсцямі. Нішто і нікога ў свеце Фэрміна Даса не прыгадвала з такой нянавісцю, як яе і ўсё, што было з ёю звязанае, адзін толькі ўспамін пра крывадушную міласэрнасць выклікаў у ёй сверб, нібыта скарпіёны завяліся ў вантробах. Досыць было пазнаць яе з парога ваннай, каб наноў перажыць, як удар, школьныя пакуты, нудоту штодзённай імшы, жах іспытаў, рабскую пакору паслушніц, жыццё, скажонае ў прызме беднасці духу. Манахіня Франка дэ ля Люс, наадварот, вітала былую вучаніцу з радасцю, якая магла падацца шчырай, і здзівілася таму, што яна гэтак вырасла і стала дарослай, ухваліла за тое, што разумна вяла дом, за добры густ, з якім аздобілі двор, ахоплены пажарам квецені. Яна загадала паслушніцы чакаць, не надта набліжаючыся да крумкачоў, – за няўважлівасць яны здольныя выдзеўбці вочы, і вачыма шукала ціхае месца, каб пагутарыць з Фэрмінай сам-насам. Тая запрасіла мнішку ў гасцёўню.
Візіт быў кароткім і рэзкім. Манахіня Франка дэ ля Люс, не губляючы часу на прэамбулы, прапанавала Фэрміне Дасе ганаровую рэабілітацыю. Прычына яе выключэння будзе сцёртая не толькі з кнігі актаў, але таксама з памяці прыхода, і гэта дазволіць ёй завершыць вучобу і атрымаць дыплом бакалаўра гуманітарных навук. Фэрміна Даса, агаломшаная, пажадала даведацца пра матывы такога павароту.
– Гэта просьба чалавека, які заслугоўвае ўсялякай пашаны, і адзінае яго жаданне – гэта зрабіць цябе шчаслівай, – сказала манахіня. – Ці ведаеш, пра каго я кажу?
Тады Фэрміна Даса ўцяміла. Яна спытала сябе, якім чынам аказалася палюбоўным пасланцом жанчына, якая скамечыла яе жыццё з-за наіўнага ліста, але не адважылася сказаць пра гэта ўслых. І адказала яна інакш, сцвердзіла, што так, ведае гэтага чалавека і менавіта таму разумее, што ён не мае ніякага права ўмешвацца ў яе жыццё.
– Ён толькі просіць цябе аб сустрэчы на пяць хвілін, – настойліва тлумачыла манахіня. – Я ўпэўненая, твой бацька не будзе пярэчыць.
Фэрміна Даса яшчэ больш узлавалася ад аднае думкі, што бацька мог быць саўдзельнікам і пагадзіцца на падобны візіт.
– Мы бачыліся двойчы, калі я хварэла, – адказала яна манахіні. – Цяпер неабходнасці няма.
– Для любой жанчыны з ілбом вышынёю хоць бы ў два пальцы гэты чалавек – дарунак нябёсаў, – безапеляцыйна настойвала манахіня.
Яна ўзнёсла ўзялася расхвальваць ягоныя чалавечыя дабрадзейнасці, адданасць веры, яго высокае прадвызначэнне служыць пакутнікам. З гэтымі словамі яна дастала з рукава залаты ружанец з Хрыстом са слановае косці, пакруціла перад вачыма Фэрміны Дасы. Гэта была сямейная рэліквія больш чым стогадовае даўніны работы сіенскага майстра, яе нават блаславіў папа Клімент IV.
– Гэта табе.
Фэрміна Даса адчула нястрымны прыліў крыві і раптам адважылася.
– Даруйце, – прамовіла яна, – але як вы можаце спрыяць яму, калі ўважаеце, што каханне – грэх?
Манахіня Франка дэ ля Люс зрабіла выгляд, нібыта не зразумела яе, але ейныя павекі ўсё ж звузіліся. Яна працягвала круціць перад вачыма залаты ружанец.
– Лепш пагадзіся са мною, – сказала яна, – інакш пасля мяне можа прыйсці сеньёр арцыбіскуп, а з ім не пажартуеш.
– Няхай прыходзіць, – адказала Фэрміна Даса.
Манахіня Франка дэ ля Люс схавала залаты ружанец у рукаве. Потым дастала з другога скамечаную насоўку і сціснула ў руцэ, разглядаючы Фэрміну нібыта здалёк і з усмешкаю спагады.
– Бедная мая дачушка, – уздыхнула яна, – ты ўсё яшчэ думаеш пра таго чалавека.
Фэрміна Даса праглынула дзёрзкасць і нават не міргнула, гледзячы ў вочы манахіні, не выдала ніводнага слова, пакуль не прыкмеціла з бясконцай злараднасцю, што ейныя мужчынскія вочы напоўніліся слязьмі. Манахіня Франка дэ ля Люс уцерла іх скамечанаю насоўкай і ўзнялася.
– Слушна кажа твой бацька: у цябе характар муліцы, – скончыла яна размову.








