412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Габрыэль Маркес » Каханне падчас халеры » Текст книги (страница 18)
Каханне падчас халеры
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Каханне падчас халеры"


Автор книги: Габрыэль Маркес



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 26 страниц)

Фэрміна Даса нічога не выявіла, бо пацыенты мужа, за выключэннем агульных сяброў, былі таксама часткаю манапольнага ўладання, неапазнанымі людзьмі, якія адрозніваліся не тварамі, а болем, не колерам вачэй альбо сардэчнымі справамі, а павялічанай печанню, налётам на языку, пяском у мачы і галюцынацыямі ад начнога жару. Гэта былі людзі, якія верылі яе мужу, верылі, што яны яшчэ жывыя, дзякуючы яму. Насамрэч яны жылі для яго, і апошняя нататка, якую муж дадаваў у гісторыю хваробы, сведчыла пра гэта: «Вечны спачын, Бог чакае цябе за парогам». Фэрміна Даса кінула пошук пасля дзвюх бяздумных гадзін з такім адчуваннем, нібыта яна спакусілася на згубу годнасці.

Фэрміну Дасу штурхала ўяўленне, і яна пачала адкрываць змены ў характары мужа. Хувэналь Урбіна здаваўся ўхілістым, страціў апетыт за сталом і жаданне ў ложку, часцяком упадаў у раздражненне, дазваляў сабе іранічныя рэплікі на яе адрас; знаходзячыся дома, ён ужо не быў былым спакойна-разважлівым чалавекам, а хутчэй, ільвом у клетцы. Упершыню з моманту іхнага шлюбу яна пачала адсочваць спазненні, кантралявала час ажно да хвіліны, ілгала, каб выцягнуць з яго праўду, але потым адчувала сябе смяротна параненай ад новых супярэчнасцяў. Аднойчы ўначы прачнулася з перапуду, нібыта ў прывідным стане, – муж разглядаў яе ў цемры, як ёй здалося, з нянавісцю. Фэрміна Даса здрыганулася, як колісь у квецені дзявоцтва, калі ёй прымроілася, нібыта Флярэнтына Арыса стаяў каля ложка. Але паміж імі была і розніца: тое з’яўленне несла ў сабе не нянавісць, а каханне. Апрача таго, на гэты раз размова не ішла пра гульню ўяўлення. Муж прачнуўся а другой ночы, прысеў на ложак і глядзеў на яе ўва сне. Калі яна спытала, у чым справа, ён нанава паклаў голаў на падушку і адказаў:

– Пэўна, табе гэта прыснілася.

Пасля тае ночы былі і іншыя падобныя эпізоды, і Фэрміна Даса ўжо не магла вызначыць, дзе завяршаецца рэальнасць і дзе пачынаецца мроіва. Раптам яе асляпіла думка, што яна паціху вар’яцее. Нарэшце Фэрміна Даса згадала, што яе муж не прычасціўся ў чацвер целам Хрыстовым, як не зрабіў гэтага ані ў адну з некалькіх апошніх нядзеляў, і ніводнага разу ў гэтым годзе ён не адвёў сабе часу для адасаблення з мэтаю духоўнага самаачышчэння. Калі яна спытала, што выклікала небывалы пералом у ягоным духоўным здароўі, дык атрымала няўцямны, змрочна-раздражнёны адказ, які здымаў усялякі сумнеў, бо муж ні разу не абышоўся без важкага касцельнага абраду з моманту першага прычасця ў восем гадоў, а тым больш у святочныя дні. Такім чынам Фэрміна Даса зразумела: муж не толькі ўпаў у смяротны грэх, але яшчэ і ўпарціцца ў ім, не звяртаючыся па дапамогу да свайго спаведніка. Яна ніколі не ўяўляла, што пройдзе пякельныя пакуты праз тое, што, па сутнасці, з’яўляецца антыподам кахання. Што ж, нічога не зробіш, у такім выпадку найлепшы сродак ад маруднае смерці – спаліць змяінае кубло, якое атручвала душу. Так яна і зрабіла. Аднойчы ўдзень яна цыравала шкарпэткі на тэрасе, якраз калі муж завяршаў штодзённае чытанне пасля сіесты. Раптам яна адклала працу, узняла акуляры да ілба і звярнулася да яго без найменшай адзнакі жорсткасці:

– Доктар!

Муж быў заглыблены ў чытанне «Вострава пінгвінаў», рамана, які ўвесь свет чытаў у тыя дні[27], і адказаў ёй, не выплываючы на паверхню: «Так». Яна патрабавала:

– Паглядзі мне ў твар.

Ён гэта зрабіў, зірнуў, не бачачы яе ў тумане ад акуляраў для чытання, аднак і не было патрэбы іх здымаць, каб абпаліцца вуголлем яе позірку.

– Што здарылася? – спытаў ён.

– Ты гэта ведаеш лепш за мяне, – парыравала яна.

I больш нічога не вымавіла. Зноўку апусціла акуляры і працягвала цыраваць. Тады доктар Хувэналь Урбіна ўцяміў, што доўгія дні пакутлівае трывогі засталіся ззаду. Ён уяўляў сабе гэты момант зусім інакш, сейсмічнага ўздрыгу сэрца не было, ён перанёс толькі разлічаны ўдар і вялікую палёгку, бо здарылася гэта рана, а не позна, і гэта ўсё роўна мусіла здарыцца: прывід сеньярыты Барбары Лінч увайшоў, нарэшце, у дом.

Доктар Хувэналь Урбіна быў знаёмы з ёю чатыры месяцы, з тае пары, калі ўгледзеў яе ў чарзе па кансультацыю ў шпіталі Міласэрнасці і імгненна ўцяміў: штосьці непапраўнае здарыцца ў ягоным лёсе. Яна была высокая элегантная мулатка шырокае косці, са скураю таго самага колеру і прыроды, што й мёд; той раніцай на ёй быў чырвоны строй у белы гарошак і капялюш з тае самае тканіны з шырокімі палямі, якія зацянялі нават вейкі. Стваралася ўражанне, што яна больш акрэсленага полу, чым якая-кольвек іншая чалавечая істота. Доктар Хувэналь Урбіна не прымаў хворых у клініцы, хоць калі праходзіў побач і не дужа спяшаўся, зазірнуў, каб старэйшыя студэнты не забываліся: няма лепшых лекаў за добра пастаўлены дыягназ. Так што ён умудрыўся папрысутнічаць на лекарскім аглядзе мулаткі і паводзіў сябе з засцярогай, каб вучні не заўважылі нават жэста, які мог бы быць зразуметы як невыпадковы, ён амаль не глядзеў на яе, аднак добра запомніў звесткі пра яе. Удзень, пасля хатніх візітаў, загадаў спыніць пралётку ля дома па адрасе, які яна называла ў клініцы, і неўзабаве ўжо сядзеў на тэрасе і радаваўся сакавіцкай свежасці.

Дом быў тыпова антыльскі, афарбаваны ў жоўты колер да цынкавага даху, – жалюзі на вокнах, папараць і гваздзікі ў гліняных гаршчках, што віселі на сценах порціка. Дом стаяў на драўляных палях каля багны заліва Дурнога Выхавання. У порціку таксама вісела клетка, а ў ёй спявала івалга. Якраз насупраць дома Барбары Лінч месцілася пачатковая школа, і на той момант, калі доктар загадаў спыніцца, школьнікі выбеглі чародкай, рамізнік ледзь стрымаў спуджаную кабылу, нацягнуўшы лейцы да ўпору. Усё складвалася ладна, сеньярыта Барбара Лінч паспела пазнаць доктара. Яна павітала яго фамільярным жэстам, нібыта старога знаёмага, запрасіла, уважыўшы ягонае засмучэнне, на кубак кавы, і ён выпіў тую каву з задавальненнем насуперак уласнай завядзёнцы, слухаў яе аповед пра сябе, – адзінае, што яго цікавіла з тае раніцы і што не пакіне яму ні хвілі спакою ў бліжэйшыя месяцы. Неяк неўзабаве пасля шлюбу з Фэрмінай Дасай адзін з сяброў сказаў яму ў прысутнасці маладой жонкі, што рана ці позна ім прыйдзецца мець справу з вар’яцкай жарсцю, здольнай паставіць пад удар стабільнасць шлюбу. Доктар, які верыў у тое, што ведае сябе, як і ў моц сваіх маральных прынцыпаў, засмяяўся, пачуўшы падобны прагноз. І вось адбылося.

Сеньярыта Барбара Лінч займалася тэалогіяй і была адзінай дачкой негрыцянскага святара Джонатана Б. Лінча, хударлявага пратэстанцкага пастара, які аб’язджаў на муле бедныя хутары заліва, прапаведаваў слова аднаго са шматлікіх багоў, імёны якіх Хувэналь Урбіна пісаў з прапісной літары, каб адрозніць ад свайго. Яна гаварыла на добрай кастыльскай мове, але часцяком спатыкалася аб каменьчыкі сінтаксісу, што надавала яе мове асаблівую грацыёзнасць. У снежні ёй будзе дваццаць восем гадоў, незадоўга да сустрэчы з доктарам Барбара Лінч скасавала шлюб з пастарам, вучнем яе бацькі, з якім пражыла два гады не найлепшым чынам, таму не гарэла жаданнем рэцыдыву. Яна сказала: «Нікога не люблю, апрача маёй івалгі». Але доктар Урбіна быў надта сур’ёзным, каб падумаць, што яна сапраўды мела гэта на ўвазе. Наадварот, доктар спытаў сябе ашалела, а раптам такая лёгкая ўдача – толькі Божая пастка, пасля якой наступіць жорсткая расплата, але тут жа ён адкінуў думку, як тэалагічную драбязу, народжаную засмучэннем.

Ужо развітваючыся, доктар Хувэналь Урбіна нібыта выпадкова завёў гаворку пра ранішнюю кансультацыю, ён ведаў, што хворыя схільныя гаварыць пра ўласныя пакуты з асалодаю, і яна так міла распавяла дэталі хваробы, што ён абяцаў вярнуцца заўтра а чацвёртай для больш падрабязнага агляду. Яна спужалася, ведаючы, што лекар такой катэгорыі вышэй за яе мажлівасці, але ён яе супакоіў: «Мы ў нашай прафесіі імкнёмся да таго, каб багацеі плацілі і за бедных». Затым ён занатаваў: «Сеньярыта Барбара Лінч. Заліў Дурнога Выхавання, субота а чацвёртай». Праз некалькі месяцаў Фэрміна Даса прачытала гісторыю хваробы з дэталямі дыягназу, прадпісанняў і развіцця хваробы. Яна звярнула ўвагу на імя, нечакана вырашыла, што гаворка ідзе пра адну з распусных артыстак з караблёў, якія везлі садавіну ў Нью-Арлеан, аднак адрас падказаў, што, хутчэй за ўсё, гэта жанчына з Ямайкі, да таго ж, само сабой, негрыцянка, і Фэрміна Даса без сумневу вывела яе з кола магчымых прыхільнасцяў мужа.

Доктар Хувэналь Урбіна прыбыў на суботнюю сустрэчу хвілін на дзесяць раней за прызначаны час, і сеньярыта Лінч не паспела апрануцца. Яшчэ са студэнцтва ў Парыжы, калі ён неаднойчы абміраў пры думцы пра неабходнасць здачы вусных іспытаў, доктар не адчуваў падобнай напругі. Сеньярыта Лінч ляжала ў пасцелі, засланай бялюткай прасцінай, у тонкай шаўковай камбінацыі, і была бясконца гожай. Усё ў ёй было дакладным і працінальным: буйныя сцёгны сірэны, скура, пры выглядзе якой доктар гарэў на марудным агні юрлівасці, дзівосныя грудзі, тачоныя зубы, – словам, усё цела выпраменьвала здароўе, і менавіта пах здаровага цела знаходзіла ў вопратцы мужа Фэрміна Даса. Барбара Лінч звярнулася ў кансультацыю, бо пакутавала на нейкую хваробу, якую яна трапна назвала «кучаравымі колікамі», і доктар Урбіна лічыў, што да падобных сімптомаў нельга ставіцца бесклапотна. Так што доктар абмацваў яе ўнутраныя органы, не спяшаючыся, хутчэй, мэтанакіравана, чым проста ўважліва. Ён паступова забываўся на ўласную мудрасць, адкрываючы ў поўным здзіўленні, што цудоўнае стварэнне было гэтак прыгожым знутры, як і звонку, і тады ён аддаўся ўцехам мацання. Ужо не як лекар найвышэйшай кваліфікацыі на ўсім Карыбскім узбярэжжы, а як бедны боскі чалавек, які пакутаваў ад бязладдзя пачуццяў. Толькі аднойчы здарылася штосьці падобнае ў суворым прафесійным жыцці, і тое быў дзень яго найбольшага сораму, бо абураная пацыентка адвяла ягоную руку, села на ложак і сказала яму: «Тое, чаго вы жадаеце – магчыма, але толькі не з вамі». Сеньярыта Лінч, наадварот, даверылася ягоным рукам, і калі не заставалася сумневу, што лекар ужо не думае пра дыягназ, раптам сказала:

– Я думаю, што гэта не вітаецца этыкай.

Доктар, мокры ад поту, нібыта залез у сажалку апрануты і пасля выйшаў на бераг, выцер рукі і твар ручніком.

– Этыка, – адказаў ён, – мяркуе, што дактары драўляныя.

Яна ўдзячна працягнула яму руку.

– Мала што я падумала, гэта не азначае, што нельга, – шапнула яна. – Уяві сабе, што такое для беднай негрыцянкі, як я, быць даспадобы чалавеку з такой шумнай славай.

– Я не пераставаў думаць пра вас ні на імгненне, – прызнаўся ён.

Прызнанне было гэтак трапяткім, як і вартым жалю. Аднак яна ўратавала яго ад збянтэжанасці гучным шчырым смехам, ад якога стала светла ў спальні.

– Я зразумела гэта, калі зірнула на цябе ў шпіталі, доктар, – патлумачыла яна. – Я негрыцянка, але ж не пачвара.

Іхныя адносіны складаліся далёка не проста. Сеньярыта Лінч хацела мець незаплямленую годнасць, хацела ўпэўненасці ў каханні, і лічыла, што цалкам гэтага заслугоўвае. Доктару Урбіна яна дазваляла ўсяляк спакушаць яе, але не заходзячы, аднак, у спальню нават у тых выпадках, калі яна была адна ў доме. Самае большае, што яна дазваляла яму, быў паўтор цырымоніі агляду, мацанне і праслухоўванне, як ён хацеў, з этычнымі парушэннямі, але не здымаючы з яе вопраткі. Са свайго боку, праглынуўшы кручок, ён не мог выпусціць нажыўку і таму не спыняўся, круціўся ля яе штодня. З прычын чыста практычнага плана працяглая сувязь з сеньярытай была амаль немажліваю, аднак доктар выявіўся занадта слабавольным, каб спыніцца своечасова, таксама як пазней яму не хапіла духу працягваць. Ён проста дайшоў да межаў мажлівасці.

Пастар Лінч жыў даволі неўпарадкаваным жыццём. Ён мог з’ехаць з дому ў любы момант на муле, нагружаным бібліямі і брашурамі Евангелічнай царквы з аднаго боку, і з прадуктовымі прыпасамі з другога, а вяртаўся, калі гэтага менш за ўсё чакалі. Яшчэ адной перашкодай была школа насупраць, бо дзеці распявалі на занятках, гледзячы ў акно на вуліцу. І лепш за ўсё бачылі дом насупраць, яго адчыненыя з шасці гадзін раніцы дзверы і вокны, сеньярыту Лінч, калі яна вешала клетку пад навесам даху, каб івалга таксама засвойвала ўрокі спеваў, бачылі яе ў адмысловым пярэстым турбане, і яна таксама спявала сваім бліскучым карыбскім голасам, займаючыся хатнімі справамі. Пазней, седзячы пад порцікам, яна спявала вечаровыя псальмы на ангельскай мове сола.

Доктар Хувэналь Урбіна і сеньярыта Барбара Лінч мусілі абраць час, калі школа пуставала, а таму мелі дзве мажлівасці: у перапынку на абед, паміж дванаццаццю і дзвюма, але ў гэты час доктар абедаў дома, альбо напрыканцы дня, калі дзеці разыходзіліся па дамах. Апошні варыянт быў лепшым, але да гэтага часу доктар ужо завяршаў візіты і неўзабаве мусіў вяртацца дамоў, бо там па традыцыі ўвечары збіраліся разам. Трэцяя і найцяжэйшая праблема хавалася ва ўласным сацыяльным становішчы, якое змушала ездзіць на візіты ў пралётцы, даволі вядомай у горадзе, якая мусіла заўсёды чакаць яго каля дзвярэй. Зразумела, ён мог адкрыць таямніцу рамізніку, як рабілі амаль усе ягоныя сябры па клубе, аднак гэта выходзіла за межы яго звычаяў. Калі візіты да сеньярыты Лінч сталіся надта відавочнымі, дайшло да таго, што фамільны ліўрэйны рамізнік асмеліўся спытаць, ці не лепш для яго вяртацца па доктара пазней, каб не стаяць так доўга каля дзвярэй. Доктар Урбіна адрэагаваў дзіўным чынам: адказаў рамізніку, як адрэзаў:

– З тае пары, як я цябе ведаю, упершыню чую ад цябе не тое, што трэба, – рэзка сказаў ён. – Будзем лічыць, што я не пачуў.

Выйсця не было. У такім горадзе здавалася немажлівым хаваць ад людзей хваробу, калі пралётка доктара стаяла каля дзвярэй. Часамі сам лекар браў ініцыятыву на сябе і ішоў пешшу, калі адлегласць дазваляла, альбо наймаў экіпаж, каб пазбегнуць наўмысна злых альбо дачасных меркаванняў. Аднак падман практычна нічога не даваў, бо рэцэпты, якія траплялі ў аптэку, заўсёды дазвалялі дазнацца праўду. Даходзіла да таго, што доктар Хувэналь Урбіна прапісваў уяўныя лекі разам з патрэбнымі, каб абараніць святое права хворых на ціхую смерць і на тое, каб знесці таямніцу хваробы ў магілу. Доктар таксама меў мажлівасць апраўдваць прысутнасць пралёткі каля дома сеньярыты Лінч рознымі сумленнымі спосабамі, але гэта не магло доўжыцца доўга. Тым больш столькі, колькі б ён хацеў: усё жыццё.

Свет ператварыўся ў апраметную. Як толькі доктар Хувэналь Урбіна задаволіў першаснае шаленства, абое ўсвядомілі рызыку, але доктар ніколі не адважыўся пайсці на скандал. У фебрыльных трызненнях ён абяцаў сабе што заўгодна, але потым усё праходзіла і нанава вярталася на заганнае кола. Аднак паступова, як расло жаданне быць з ёю, рос і страх страціць яе, і сустрэчы сталіся больш паспешлівымі і цяжкімі. Hi пра што іншае ён не думаў. Доктар Урбіна чакаў на свой час з невыноснаю жарсцю, ён забываўся на іншыя абавязкі, забываўся на ўсё, але калі пралётка набліжалася да заліва Дурнога Выхавання, ён маліў Госпада Бога, каб у апошнюю хвілю непрадбачаная перашкода не змусіла яго прамінуць яе дом. Ён ездзіў да яе ў такім стане адчаю, што часам нават радаваўся, угледзеўшы з перакрыжавання вуліц сівую, як бавоўна, галаву пастара Лінча, схіленую над кніжкай на тэрасе, у той час як дачка ў зале навучала катэхізісу дзяцей квартала і спявала з імі евангельскія псальмы. Тады доктар ад’язджаў дамоў на вяршыні шчасця, пазбаўлены неабходнасці выпрабоўваць лёс, але пазней страчваў розум ад жарснага жадання, каб тут жа настаў заўтрашні дзень і гадзіна, і гэта паўтаралася штодня а пятай па абедзе.

Любоўныя сустрэчы зрабіліся для яго цяжарам, калі пралётка ля дзвярэй стала ўжо занадта заўважнай, і праз тры месяцы ператварыліся ў суцэльную пакуту. Яны не паспявалі нават пагаманіць, сеньярыта Лінч бегла ў спальню, як толькі яе пякельны палюбоўнік уваходзіў у дом. Яна пускала ў ход розныя хітрыкі, у дні чакання апранала шырокую, вельмі гожую ямайскую сукенку з чырвонымі кветкамі на фальбонках, але без сподняй, на аголенае цела, думаючы, што лёгкасць задачы дапаможа яму пазбавіцца страху. Аднак доктар зводзіў на нішто ўсе яе намаганні, накіраваныя на тое, каб зрабіць яго шчаслівым. Ён ішоў за ёю, задыхаючыся, да спальні, кідаючы на хадзе куды заўгодна кій, партфель лекара, панаму, – словам, усё, і аддаваўся панічнай любові. Спушчаныя штаны блыталіся ля каленяў, пінжак заставаўся зашпіленым, каб менш замінаў, залаты ланцужок з гадзіннікам боўталіся між імі не да месца, нават чаравікі ён не здымаў, напружана думаючы больш пра тое, як бы хутчэй пайсці, чым пра ўцеху. Яна заставалася незадаволенай, нанава ўваходзячы ў тунэль уласнай самоты. А ён ужо зноўку зашпільваўся на ўсе гузікі, знясілены, быццам бы любіў яе ўсімі пачуццямі на мяжы жыцця і смерці, у той час калі насамрэч рабіў немалаварты, але скамечаны фізічны подзвіг. Аднак доктар захоўваў распарадак: подзвіг займаў роўна столькі, колькі трэба было для шараговай унутрывеннай ін’екцыі. Пасля гэтага доктар вяртаўся дамоў, саромеючыся сваёй слабасці, з жаданнем памерці, кідаючы праклёны сабе за адсутнасць мужнасці прасіць Фэрміну Дасу, каб тая зняла з яго штаны і ўсадзіла голым азадкам на патэльню. Ён не вячэраў, маліўся няўпэўнена, прыкідваўся, нібыта ў ложку працягвае чытанне, пачатае падчас сіесты, пакуль жонка завіхалася па доме, прыводзячы свой свет у парадак перад сном. Неўзабаве ён дзюбаў носам над кніжкай і патанаў у немінучых мангавых зарасцях трызненняў пра сеньярыту Лінч, у выпарэнні ляснога гушчара, у ложку ягонае смерці. Тады ён не мог думаць больш ні пра што, апрача як пра тую хвіліну наступнага дня, калі ягоны гадзіннік пакажа без пяці хвілін пяць, і яна будзе чакаць яго ў пасцелі, адкінуўшы вар’яцкую ямайскую сукенку, агаляючы пяшчотны ды цёмны ўзгорак, які замыкаў апраметнае кола яго жарснага прыцягнення.

У апошнія гады доктар Хувэналь Урбіна пачаў адчуваць вагу ўласнага цела. Ён ведаў гэтыя сімптомы, чытаў пра іх у спецыяльных тэкстах, бачыў, як яны пацвярджаліся ў рэальным жыцці ў пацыентаў, якія былі старэйшыя за яго, і раптам у іх пачыналі праяўляцца дакладныя, нібыта скапіяваныя з медыцынскіх кніжак сіндромы, якія пазней выяўляліся ўяўнымі. Ягоны настаўнік па дзіцячай клініцы Ля Сальпетрыер рэкамендаваў яму педыятрыю як самую сумленную спецыяльнасць, бо толькі дзеці хварэюць, калі насамрэч хворыя, і не гавораць доктару ўмоўных слоў, а дэманструюць канкрэтныя сімптомы рэальных хваробаў. Затое людзі сталага веку альбо знаходзілі ў сябе сімптомы, але не хварэлі, альбо, што яшчэ горш, пакутавалі на цяжкія хваробы, якія праяўляліся праз сімптомы іншых, бяскрыўдных хваробаў. Доктар Урбіна адводзіў іх, сцішаючы боль сродкамі, спасылкамі на ўзрост, і паступова яны вучыліся не звяртаць увагі на недамаганні, суіснаваць з імі на сметніку старасці. Але доктар Урбіна ніколі б не падумаў, што лекар ягоных гадоў, які нібыта ўсялякае бачыў у жыцці, не здольны пераадолець трывожнага пачуцця хваробы, сапраўды не хварэючы. Альбо горш: не лічыць сябе хворым, кіруючыся навуковымі прымхамі, будучы насамрэч хворым. У веку сарака гадоў доктар напаўжартам сказаў сваім студэнтам: «Адзінае, што мне патрэбна ў гэтым жыцці – чалавек, які б мяне разумеў». Але калі ён заблытаўся ў лабірынце пачуццяў да сеньярыты Лінч, ён ужо думаў пра гэта не на жарт.

Рэальныя і ўяўныя сімптомы старэйшых пацыентаў акумуляваліся ў целе доктара Урбіна. Ён адчуваў форму ўласнай печані з такой яснасцю, што мог вызначыць яе памеры, не мацаючы яе. Ён адчуў буркатанне санлівага ката ў сваіх нырках, нібыта сваімі вачыма бачыў пераліўчаты бляск жоўцевага пухіра, да яго даходзіла цурчанне крыві ў артэрыях. Часам доктар прачынаўся на золку, задыхаючыся, як рыбіна на сушы. Ён адчуваў ваду ў сэрцы. Бывала, што здараўся імгненны збой у сардэчным рытме, быццам бы затрымка на адзін удар, – так часамі фальшывілі ягоныя аднакласнікі ў школе, граючы вайсковы марш, – і гэта паўтаралася, але затым ён адчуваў, што рытм узнаўляецца, бо Бог вялікі. Але замест таго, каб карыстацца тымі самымі паліятыўнымі сродкамі, якія ён прапісваў сваім хворым, доктар апускаўся ў бездань жаху. Праўда ж таілася ў тым, што доктар Урбіна ў сваіх пяцьдзясят восем гадоў сапраўды адчуваў патрэбу ў чалавеку, які б яго зразумеў. У выніку ён звярнуўся да Фэрміны Дасы, якая яго кахала як мае быць, і якую ён кахаў больш за ўсё на свеце, з ёю ён знаходзіў спакой, і праз яе здолеў нарэшце супакоіць сваё сумленне.

Гэта здарылася пасля таго, як Фэрміна Даса перапыніла ягонае дзённае чытанне і загадала зірнуць ёй у вочы, а ён адчуў першы сігнал: апраметнае кола выяўлена. Доктар, аднак, не зразумеў, як гэта здарылася, бо немажліва было ўявіць, каб Фэрміна Даса магла адкрыць праўду адно сваім выключным нюхам. Як бы тое ні было, гэты горад ніколі не быў прыдатным для захоўвання таямніцы. Неўзабаве пасля ўсталявання першых хатніх тэлефонаў некалькі сямейных пар разышліся праз ананімныя намовы. Шмат якія спужаныя сем’і адключылі свае тэлефоны альбо наагул адмовіліся ад паслуг тэлефоннай кампаніі на доўгія гады. Доктар Урбіна ведаў, што яго жонка надта паважала сябе, каб паверыць у ананімную намову па тэлефоне, і не мог уявіць сабе настолькі дзёрзкага чалавека, які б адважыўся зрабіць гэта ад уласнага імя, не хаваючыся. Аднак ён баяўся класічнага метаду: паперы, якую прасоўвалі пад дзверы незнаёмыя рукі. Гэты спосаб мог быць эфектыўным, бо гарантаваў не толькі падвойную ананімнасць – таго, хто накіроўваў, і таго, хто атрымліваў паперу, але і наданне гэтаму здарэнню метафізічнай афарбоўкі з прычыны знакамітасці і легендарнасці яго роду. Маўляў, усё, што адбываецца з дэ ля Калье – адбываецца праз Боскую Волю.

Дом доктара Хувэналя Урбіна не ведаў рэўнасці: на працягу трыццаці гадоў сямейнага спакою лекар хваліўся ўслых, і да тае пары было праўдай, што ён, як шведская запалка, запальваўся толькі ад уласнае скрыні. Аднак ён не ведаў, якая магла быць рэакцыя ганарлівай і годнай жанчыны з цвёрдым характарам перад відавочнай нявернасцю. Словам, пасля таго, як лекар на яе загад паглядзеў ёй у вочы, ён толькі засмуціўся і зрабіў выгляд, нібыта ўсё яшчэ блукае па прыгожых абрысах выспы Алька, пакуль прыдумваў, што рабіць. Са свайго боку, Фэрміна Даса таксама больш нічога не сказала. Яна скончыла цыраваць шкарпэткі, кінула ўсё бязладна ў кошык, распарадзілася на кухні наконт вячэры і пайшла ў спальню.

Тады доктар Хувэналь Урбіна адважыўся настолькі, што без пяці хвілін пяць ён не з’явіўся ў доме сеньярыты Лінч. Словы пра спрадвечнае каханне, пра сціплы дом для яе, дзе б ён мог бываць без страху, пра няспешнае шчасце да самае смерці, – усё, што ён наабяцаў у полымі любові, было адмененае адразу і назаўжды. Апошняе, што сеньярыта Лінч атрымала ад яго, была смарагдавая дыядэма, якую рамізнік уручыў ёй без слоў і без допісу ў скрыні, якую доктар абгарнуў аптэчнай фірмовай паперай, каб нават рамізнік паверыў: гаспадар тэрмінова перадаў лекі. Ён больш не сустрэў яе нават выпадкова да канца сваіх дзён, і аднаму Богу вядома, які боль ён адчуў ад геройскага рашэння, колькі горкіх слёз праліў, зачыняючыся ў прыбіральні, каб перажыць крушэнне інтымнага жыцця. А пятай, замест сустрэчы з ёю, ён пайшоў на споведзь, несучы ў сабе словы найглыбейшага раскаяння, а ў наступную нядзелю прыняў прычасце з разадраным на кавалкі сэрцам, але са спакойнай душой.

Уначы канчатковай адмовы ад каханкі, пакуль доктар укладваўся спаць, ён паўтарыў Фэрміне Дасе горкі аповед пра ягоную перадзолкавую бессань, пра раптоўны калючы боль, пра жаданне плакаць на захадзе сонца, пра зашыфраваныя сімптомы прытоенай любові, якія ён тады выдаваў за прыкметы старасці. Яму трэба было выгаварыцца, каб не памерці, і заадно распавесці праўду, і, нарэшце, ягоная душэўная палёгка перайшла б у хатні рытуал любові. Фэрміна Даса слухала яго ўважліва, але не глядзела на яго, нічога не казала, прымаючы вопратку, якую ён з сябе здымаў. Яна нюхала кожную рэч без адзінага жэсту, які б выдаў яе злосць, клала рэчы абы-як, і не знайшла вядомага паху, але ёй было ўсё роўна: у Бога дзён многа. Перад тым, як стаць на калені для малітвы каля маленькага алтара ў самой спальні, ён завершыў спіс сваіх бедаў сумным і шчырым уздыхам, і заключыў: «Я, напэўна, хутка памру». Яна нават не міргнула вокам.

– Гэта было б лепш, – сказала яна, – так для абаіх будзе спакайней.

За некалькі гадоў да гэтых падзей доктар, падчас крызісу небяспечнай хваробы, таксама загаварыў пра мажлівую смерць, на што яна кінула аднолькава жорсткую рэпліку. Доктар Урбіна аднёс яе словы да натуральнай жаночай неміласэрнасці, на якой зямля трымаецца. Тады ён не ведаў, што жонка заўсёды ўзводзіла перашкоду злосці, каб пераадолець страх. У тым, даўнім выпадку – страх застацца без яго.

Той ноччу яна, наадварот, пажадала ягонай смерці ўсёй душой, і пэўнасць гэтага яе пачуцця яго ўстрывожыла. Пазней ён пачуў, як яна ўсхліпвала ў цемры, плакала ціха, кусаючы падушку, каб ён не пачуў. Гэта канчаткова заблытала доктара, ён ведаў, што яна амаль ніколі не плакала з-за цялесных альбо душэўных боляў. Яна плакала толькі ад вялікае злосці, асабліва, калі прычынаю служыў страх уласнае вінаватасці, – тады яна яшчэ больш злавала ад сваіх слёз, бо не магла дараваць сабе падобнай слабасці. Доктар не асмеліўся суцешыць жонку, ведаючы, што немажліва суцешыць тыгрыцу, працятую дзідай, ён таксама не знайшоў у сабе адвагі сказаць ёй, што чыннік яе слёз знік сёння ўдзень, што ён быў выдраны з каранямі назаўсёды, як з ягонай душы, так і з ягонай памяці.

Стома ненадоўга перамагла доктара. Калі ён прачнуўся, яна ляжала з расплюшчанымі вачыма, без слёз, пры святле матавага начніка. Штосьці канчаткова выспела ў ёй, пакуль ён спаў: асадак, назапашаны ў глыбінях яе душы цягам доўгіх гадоў, ускіпеў ад пакут рэўнасці, выйшаў на паверхню і састарыў яе імгненна. Усхваляваны раптоўна ўзніклымі зморшчынкамі, завялымі вуснамі, попелам яе сівізны, ён рызыкнуў сказаць ёй, каб яна паспрабавала заснуць: гэта было амаль а трэцяй ночы. Яна загаварыла, не зірнуўшы на яго, але ўжо без следу злосці ў голасе, амаль спакойна.

– Я маю права ведаць, хто яна, – вымавіла Фэрміна Даса.

I тады доктар Урбіна распавёў ёй усё, адчуваючы, што здымае з сябе сусветны цяжар, бо ён быў упэўнены, што жонка ўсё ведала загадзя і яму толькі заставалася пацвердзіць дэталі. Аднак гэта было, зразумела, не так. Таму, пакуль ён гаварыў, яна зноўку заплакала, але тое не былі сарамлівыя ўсхліпы, як напачатку. Яна заплакала буйнымі салёнымі слязьмі, якія цяклі па твары, гарэлі на начной кашулі і спальвалі яе жыццё. Бо ён не зрабіў таго, чаго яна чакала з душою на валаску, ён не адмовіў усё ўшчэнт, не раз’юшыўся ад паклёпу, не крычаў, што сраць хацеў на праклятае грамадства, якое без згрызотаў сумлення топча чужую годнасць. Ён не захаваў, як мусіў мужчына, непарушны спакой перад неабвержнымі доказамі ягонай нявернасці. Потым, калі доктар распавёў ёй, што ўдзень быў на споведзі, яна ледзь не аслепла ад нянавісці. Яшчэ са школы Фэрміна Даса была ўпэўненая, што святары пазбаўленыя якой-кольвек боскай святасці. Гэта была істотная расколіна ў хатняй гармоніі, якую яны дагэтуль абыходзілі без спрэчак. Але тое, што муж дазволіў сабе да такой ступені пасвяціць святара ў інтымныя справы, якія тычыліся не толькі яго, а таксама і яе, пераўзышло ўсялякія межы.

– Гэта ўсё роўна, што апавядаць пра гэта першаму стрэчнаму ашуканцу каля гарадской брамы.

Для яе гэта быў канец. Яна ўпэўнілася, што яе годнасць безнадзейна растапталі яшчэ да таго, як муж завяршыў споведзь раскаяння, і пачуццё знявагі было невыносна большым за сорам, злосць і боль ад здрады мужа. І горш за ўсё, чорт бы яго пабраў, што ён зблытаўся з негрыцянкай. Доктар яе паправіў: «Яна мулатка». Але ўдакладненне было залішнім, Фэрміна Даса ўжо скончыла размову.

– Адна халера, – сказала яна, – цяпер я ўцяміла: гэта быў пах чарнамазай.

Гэта здарылася ў панядзелак. У пятніцу а сёмай вечара Фэрміна Даса ступіла на борт рэйсавага карабліка, які вёз яе ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу, з адным куфрам, у суправаджэнні падчаркі, хаваючы пад вэлюмам твар, каб пазбавіць сябе і мужа ад увагі цікаўных. Доктар Хувэналь Урбіна не з’явіўся ў порт праз іх дамову, якая была дасягнутая ў выніку стамляльнай гаворкі, што доўжылася тры дні. Падчас гаворкі яны вырашылі, што яна паедзе ў маёнтак стрыечнай сястры Ільдэбранды Санчас, у сялібу Флёрэс-дэ-Марыя, і пабудзе там, колькі трэба, каб падумаць, перад тым як прыняць канчатковае рашэнне. Не ведаючы аб чынніках, дзеці ўспрынялі расстанне як неаднойчы адкладаную вандроўку, да якой самі імкнуліся здаўна. Доктар Урбіна ўладкаваў усё так, каб ніхто з пляткарскага свету не здолеў скарыстаць іх няшчасце, і гэта яму ўдалося. Так што Флярэнтына Арыса не знайшоў і следу, які б падказаў, куды і як знікла Фэрміна Даса, і не праз адсутнасць сродкаў і спосабаў дакапацца да ісціны, а выключна ў сілу таго, што слядоў не засталося. Муж не сумняваўся: яна вернецца, як толькі пройдзе злосць. Аднак яна была пэўнаю ў тым, што злосць не пройдзе ніколі.

Тым не менш, вельмі хутка яна зразумела, што яе нястрымная рашучасць не столькі плён крыўды, як наступства застарэлае настальгіі. Пасля вясельнай вандроўкі Фэрміна Даса неаднойчы наведвала Еўропу, нягледзячы на тое, што трэба было плыць дзесяць дзён, і заўсёды знаходзіла час для шчасця. Яна бачыла свет, навучылася жыць і думаць інакш, але ніколі не вярталася ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу пасля няўдалага палёту на паветраным шары. Вандроўка ў правінцыю да стрыечнай сястры Ільдэбранды была няхай познім, але збавеннем. Яна падумала пра гэта не ў сувязі з сямейнай катастрофай: патрэба ў такой разрадцы жыла ў ёй здаўна. Так што адна думка пра адраджэнне юнацкіх пачуццяў суцяшала яе ад сямейнага няшчасця.

Фэрміна Даса з падчаркай выйшла на прычал Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі, прывяла ў дзеянне немалыя рэзервы свайго характару і пазнала сялібу насуперак найгоршым чаканням. Грамадзянскі і вайсковы каменданты гарнізона, да якіх яна мела рэкамендацыйныя лісты, запрасілі яе на шпацыр у афіцыйнай карэце да адыходу цягніка на Сан-Пэдра-Алехандрына, дзе ёй схацелася пабываць, каб праверыць чуткі, нібыта ложак, на якім памёр Вызваліцель, быў маленькі, амаль што дзіцячы[28]. Тады Фэрміна Даса нанава пабачыла сваю вялізную сялібу ў спякоце – было роўна дзве гадзіны папаўдні. Яна зноўку бачыла вуліцы, хутчэй, падобныя на долы з пазелянелымі лужынамі; заможныя дамы партугальцаў з разнымі родавымі гербамі на порціках і бронзавымі жалюзі на вокнах; дамы, у змрочных салонах якіх бязлітасна паўтараліся адны і тыя ж трапяткія і сумныя практыкаванні на піяніна, так яе маладая мама вучыла граць дзяўчатак з заможных дамоў. Яна глядзела на пустэльны пляц без адзінага дрэва ў патэльні каменнае глебы, шэраг хаўтурных экіпажаў і кабыл, якія спалі стоячы, жоўты цягнік на Сан-Пэдра-Алехандрына, а за рагом вялікага касцёла стаяў найлепшы, найпрыгажэйшы дом з арачным калідорам з пазелянелага камення, з кляштарнымі варотамі. Яна ўгледзела акно спальні, дзе шмат гадоў пазней народзіцца Альвара, калі ў яе не будзе ўжо і памяці, каб прыгадаць пра гэта. Фэрміна Даса падумала пра цётку Эскалястыку, якую безнадзейна працягвала шукаць на небе і на зямлі, і, думаючы пра яе, яна раптам згадала вобраз Флярэнтына з ягонай кніжкай вершаў пад мігдалавымі дрэвамі скверыка, як згадвала яго зрэдчас, калі на памяць прыходзілі ўспаміны пра цяжкія школьныя гады. Афіцыйная карэта зрабіла некалькі колаў, аднак Фэрміна Даса так і не здолела пазнаць стары фамільны дом, бо там, дзе, як ёй здавалася, ён стаяў, месцілася свінаферма, а за рагом пачыналася вуліца бардэляў, і путаны ўсяго свету спраўлялі сіесту ў порціках на выпадак, калі раптам пройдзе паштар ды прынясе ім ліст з дому. Гэта ўжо не было сялібай яе дзяцінства. Напачатку шпацыру Фэрміна Даса схавала паўтвару мантылляй, не таму што баялася быць пазнанай – не, тут ніхто не мог ведаць яе, – а каб не бачыць нябожчыкаў, якія пухлі на сонцы паўсюль ад чыгуначнай станцыі да могілак. Грамадзянскі і вайсковы каменданты гарнізона сказалі ёй: «Гэта халера». Яна здагадалася, што так і было, угледзеўшы белую пену каля рота абпаленых сонцам целаў, але таксама заўважыла, што ні ў кога не было следу ад кулі ў патыліцы, як падчас вандроўкі на паветраным шары.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю