Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 26 страниц)
Тым часам Флярэнтына Арыса быў упэўнены, што яна не вярнулася, пакуль тэлеграфіст з Рыёачы не пацвердзіў: у пятніцу яна села на тую самую шхуну, што вярнулася напярэдадні з-за сустрэчнага ветру. Адным словам, напрыканцы тыдня ён палка лавіў прыкметы жыцця ў знаёмым доме і ў панядзелак увечары заўважыў праз акно трапяткое святло лямпы, якое згасла пасля дзявятай у спальні з балконам. Ён не спаў, ад жарсці мутнела ў галаве, як у першыя ночы ягонага кахання. Трансыта Арыса ўзнялася з пеўнямі, устрывожаная тым, што сын выйшаў на двор апоўначы ды не вярнуўся. У доме яго не было. Ён хадзіў па берагавых скалах, чытаў вершы пра каханне тварам да ветру, і плакаў ад шчасця, пакуль не надышоў золак. А восьмай раніцы ён ужо сядзеў пад аркаю прыходскай кавярні, прымроены бессанню, і рабіў спробы прыдумаць спосаб, як перадаць Фэрміне Дасе сваё ўзрушэнне ад ейнага вяртання. І раптам яго сэрца скаланула з неверагоднай моцай.
Гэта была яна. Яна перасякала Кафедральны пляц разам з Галай Плясыдыяй, якая несла кошыкі для пакупак, і ўпершыню ён бачыў яе не ў школьнай вопратцы. Яна сталася вышэйшая ростам, рысы твару набылі дакладнасць, а прыгажосць – ачышчэнне даросласцю. Яна зноў адгадавала касу, але несла яе не за спінай, а перакінула наперад цераз левае плячо, і гэтая простая перамена здымала з твару ўсялякую дзіцячасць. Флярэнтына Арыса стаяў, як слуп, пакуль дзяўчына пераходзіла пляц, гледзячы проста перад сабой. Але ж тая непераадольная сіла, што спаралізавала Флярэнтына Арысу, змусіла яго кінуцца ўслед, як толькі яна павярнула за сабор ды знікла ў шумным натоўпе гандлёвага лабірынта.
Упершыню ён бачыў яе ў звычайным паходзе па прадукты. Не паказваючы сябе, ён адкрываў невядомыя яму жэсты, выспелую грацыёзнасць, раннюю даросласць самай любай на свеце істоты. Яго здзіўляла лёгкасць, з якой яна ішла праз натоўп. Гала Плясыдыя натыкалася, чапляла кошыкамі мінакоў і мусіла ўвесь час бегчы, а Фэрміна Даса ішла сярод вулічнага натоўпу адасоблена і нібыта ў іншым часе, ні з кім не сутыкаючыся, як кажан уначы. Яна часам рабіла такія паходы з цёткай Эскалястыкай. Але тое заўсёды былі дробныя пакупкі, бо бацька асабіста забяспечваў дом не толькі рэчамі ды прадуктамі, але нават жаночай вопраткай. Так што першы самастойны выхад быў для яе дзівоснай прыгодай ейных дзіцячых мараў.
Яна не звяртала ўвагі ні на воклічы змеяловаў і траўнікаў, якія прапаноўвалі ёй эліксір вечнага кахання, ні на мольбы жабракоў, што на кожным кроку выстаўлялі свае пакрытыя сукровіцай язвы, ні на несапраўднага індзейца, які спрабаваў прадаць ёй прыручанага каймана. Яна ішла доўга без канкрэтнага кірунку, затрымваючыся, каб толькі без мітусні зведаць асалоду ад пранікнення ў сутнасць рэчаў. Яна падыходзіла да кожнага месца, дзе штосьці прадавалі, і паўсюль што-кольвечы знаходзіла, і гэтыя знаходкі нібыта сілкавалі ейную прагу да жыцця. Яна радасна ўдыхала пах абівачнае тканіны, якую даставалі з вялізных куфраў, накідвала на плечы каляровы шоўк, смяялася, угледзеўшы сябе ў строі мадрыдскай дзяўчыны з грэбенем і распісаным веерам каля вялікага люстэрка гандлёвае галерэі «Залаты дроцік». Яна ўвайшла ў бакалейную краму, прыадчыніла бочку з марынаваным селядцом і ўзгадала паўночна-ўсходнія ночы далёкага маленства, у Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага. Ёй далі пакаштаваць крывянку з Алікантэ са смакам лакрычніку, яна набыла яе для суботняга сняданку ды яшчэ траску і чвэртку настоеных на самагоне парэчак. У краме са спецыямі яна расцірала пальцамі лісце шалфею і маярану ды ўдыхала водар з відочнай асалодай, потым набыла жменьку гваздзікі, молатага анісу і яшчэ імбіру і ядлоўцу ды выйшла на вуліцу, чхаючы ад каенскага перцу. У французскай аптэцы, пакуль яна набывала рэйтэрскае мыла і росны ладан, яе надушылі за вушкам моднай у Парыжы парфумай і падаравалі пілюлю, якою карысталіся пасля палення, каб пазбавіцца непрыемнага паху.
Што праўда, яна грала ў паход за пакупкамі, але патрэбнае набывала без сумневу, з уладнасцю, якая не дапускала думкі пра тое, што гэта ўпершыню, і яна ўсвядоміла, што бярэ што-небудзь не толькі сабе, а і яму: дванаццаць ярдаў ільнянога палатна на сямейныя абрусы, тонкі паркаль на прасціны, якія прымуць іхную цеплыню штоноч, найлепшыя, чароўныя рэчы, каб раздзяліць з ім асалоду ў доме іхнага кахання. Яна ўмела патрабавала зніжкі, збіваючы кошт грацыёзна і годна, пакуль не дамагалася свайго, і плаціла залатымі: крамнікі правяралі іх на гук толькі дзеля таго, каб адчуць асалоду ад звону на мармуровых прылаўках.
Флярэнтына Арыса зачаравана сачыў за ёю, пераследаваў яе, стаіўшы дыханне, некалькі разоў натыкнуўся на кошыкі прыслужніцы, якая адказвала на ягонае перапрашэнне ўсмешкай, і аднойчы Фэрміна Даса прайшла так блізка, што ён паспеў адчуць павевы ейнага водару, і калі яна не пабачыла яго, дык толькі праз ганарлівую хаду. Яна здавалася яму такой прыгожай, такой спакуслівай, не падобнай да простых людзей, што ён не мог уцяміць, чаму гэта ніхто з глузду не з’ехаў, як ён, ад перастуку ейных абцасікаў-кастаньетаў па брукаванцы, ні ў кога не спынілася сэрца ад уздыхаў-шаргацення спадніцы з фальбонкамі, чаму не ашалеў ад кахання ўвесь свет, чуючы шэпт ейнай касы, бачачы ўзлёт рукі, прымаючы залаты звон ейнага смеху. Ён не ўпусціў ніводнага жэсту, ані самай дробнай праявы характару, але не адважваўся падысці, каб не парушыць зачаравання. Аднак, калі яна нырнула ў мітусню Натарыяльнае брамы, ён зразумеў, што рызыка ўзрасла, – ён мог згубіць мажлівасць, якую столькі гадоў чакаў.
Фэрміна Даса падзяляла са школьнымі сяброўкамі вядомую думку пра тое, што Натарыяльная брама была месцам для згубленых людзей, безумоўна, забароненым для прыстойных дзяўчатак. Гэта была галерэя з аркамі перад невялікім пляцам, дзе знаходзіўся прыпынак вознікаў і гужавых калёсаў і дзе таксама густа ды шумна ішоў дробны гандаль. Назву брама атрымала за часоў калоніі, тамака яшчэ тады сядзелі маўклівыя пісары ў камізэльках і нарукаўніках, якія пісалі на замову ўсялякія дакументы па цэнах, прымальных для беднага люду: скаргі й прашэнні, пазоўныя лісты, віншавальныя паштоўкі і спачуванні, любоўныя лісты для любога веку. І не ад іх, зразумела, ішла дурная слава бойкага кірмашу, але ад сучасных гандляроў, якія прапаноўвалі з-пад прылаўка ўсялякія рэчы цёмнага паходжання, прывезеныя на караблях кантрабандай з Еўропы, – ад юрлівых паштовак і ўзбуджальных мазяў да слынных каталонскіх кандомаў з плаўніком ігуаны, які варушыўся ў патрэбны момант, альбо з пупышкай, чые пялёсткі раскрываліся, калі жадаў карыстальнік. Фэрміна Даса не ведала вуліцы і праскочыла праз браму, не здагадваючыся, дзе знаходзіцца, з адным жаданнем – трапіць на ценевы бок вуліцы, схавацца ад сонца, якое, як звычайна, шалела аб адзінаццатай ранку.
Яна трапіла ў спякотны вір, слухаючы воклічы чысцільшчыкаў абутку, гандляроў птушкамі і старымі кнігамі, чараўнікоў і жанчын, якія рэкламавалі свае ласункі гучней за ўсіх, прапаноўваючы пакаштаваць ананасавыя цукеркі, якіх свет не бачыў, а вось какосавая пасціла, якой нідзе няма, а гэтыя прысмакі паела б нават сама Мікаэла. Але Фэрміна Даса ішла, абыякавая да кірмашовага гармідару, раптоўна зачараваная прапановамі гандляра канцылярскімі вырабамі, які паказваў чарадзейнае чарніла, чырвонае і цёплае, як кроў, сумных адценняў для хаўтурных паведамленняў, люмінісцэнтнае для чытання ў цемры, нябачнае, якое праяўляецца над агнём. Яна хацела была набыць усе гатункі, каб пагуляць з Флярэнтына Арысам, здзівіць яго мудрагелістай прыдумкай, але пасля пары спробаў усё ж набыла толькі флакончык залатога чарніла. Затым яна падышла да жанчын, якія сядзелі за вялікімі шклянымі колбамі, і набыла па паўтузіна прысмакаў кожнага гатунку, паказваючы на іх пальцам, бо ў пошуме ніхто не чуў яе: шэсць з гарбузовым сіропам, шэсць – малочнае пасцілы, шэсць – кунжутных, шэсць мядовых пернікаў з юкай, шэсць шакаладных батончыкаў у пакунку, шэсць рулецікаў з бялковым крэмам, шэсць каралеўскіх, шэсць такіх і гэтакіх, па шэсць усіх, і яна клала іх у кошык з чароўнай грацыёзнасцю, зусім абыякавая да чорнай хмары мух, што кружлялі над сіропам, абыякавая да валтузні натоўпу, да пахаў горкага поту, што праціналі смяротна спякотнае паветра. Парушыла ідылію шчаслівая мурынка з пярэстай хусцінай на галаве, круглявая і гожая, якая прапанавала ёй трохкутнічак ананасу, насаджаны на вялізны нож. Яна ўзяла кавалачак, цалкам уклала яго ў рот і смакавала, смакавала сакавіты ласунак, пакуль аглядала натоўп. І раптам ад узрушэння замерла на месцы. За яе спінай раздаўся голас, і так блізка ад яе, што толькі яго яна й пачула ў гуле натоўпу:
– Гэта не найлепшае месца для каранаванай багіні.
Яна павярнулася на голас і за дзве пядзі ад сябе ўбачыла яго халодныя вочы, бледны твар, скамянелыя ад жаху вусны, як калісьці ў натоўпе падчас начное імшы, ён быў блізка ад яе, але з той розніцай, што гэтым разам яна адчула не шаленства ад кахання, а бездань расчаравання. На імгненне перад ёй паўстала ўся веліч самападману, яна спытала сябе ў жаху, як магла мілаваць у сэрцы столькі часу ды з такой упартасцю гэткую хімеру. Яна ледзь паспела падумаць: «Божа мой, гаротны чалавеча!» Флярэнтына Арыса ўсміхнуўся, паспрабаваў штосьці сказаць, пайсці за ёю, але яна выкрасліла яго са свайго жыцця адным узмахам рукі.
– Прашу вас, не трэба, – сказала яна, – забудзьцеся.
Удзень, пакуль бацька спаў падчас сіесты, яна накіравала яму ліст з двух радкоў праз Галу Плясыдыю: «Сёння, убачыўшы вас, я зразумела, што нашая сувязь – толькі ілюзія». Прыслужніца таксама аднесла яму тэлеграмы, вершы, засушаныя камеліі і папрасіла вярнуць лісты і падарункі, атрыманыя ад яе: малітоўнік цёткі Эскалястыкі, лісточкі з пухкімі атожылкамі з яе гербарыя, квадратны сантыметр сутаны святога Пэдра Клявэра, медальёны са святымі, касу, адрэзаную ў пятнаццаць гадоў, з шаўковым бантам ад школьнае формы. У наступныя дні, знаходзячыся на мяжы шаленства, ён напісаў ёй мноства адчайных лістоў і даймаў прыслужніцу, каб яна перадала іх, але яна выканала суворы загад гаспадыні: не прымаць нічога, акрамя вернутых падарункаў. І яна была гэтак настойлівай, што Флярэнтына Арыса вярнуў ёй усё, акрамя касы, якую вяртаць адмовіўся, калі Фэрміна Даса не сустрэнецца з ім асабіста хоць на хвілю, каб выслухаць яго. Але марна. Баючыся фатальнага памкненне сына, Трансыта Арыса здушыла свой гонар і папрасіла Фэрміну Дасу літасціва прыняць яе на пяць хвілін, і Фэрміна Даса выйшла да яе ў калідор свайго дома ненадоўга, не запрасіла яе ані сесці, ані ўвайсці, не выказала ані дробкі сумневу ў сваіх паводзінах. Праз два дні, пасля спрэчкі з маці, Флярэнтына Арыса зняў са сцяны сваёй спальні пыльны шкляны футарал, у якім, бы святая рэліквія, была выстаўленая каса, і Трансыта Арыса сама вярнула яе ў аксамітнай, расшытай залатымі ніткамі шкатулцы. Флярэнтына Арыса больш ніколі не меў мажлівасці пабыць, паразмаўляць сам-насам з Фэрмінай Дасай падчас імгненных сустрэч за іх доўгія гады жыцця – яны засталіся сам-насам толькі праз пяцьдзясят адзін год, дзевяць месяцаў і чатыры дні, калі ён зноў пакляўся ёй у вечнай вернасці і каханні ў яе першую ўдовіну ноч.
У свае дваццаць восем гадоў Хувэналь Урбіна ўважаўся за самага віднага халасцяка. Ён вярнуўся дамоў пасля доўгага перабывання ў Парыжы, дзе атрымаў вышэйшую медыцынскую, у тым ліку й хірургічную адукацыю, і, ледзь ступіўшы на родную зямлю, выдатна даказаў, што не страціў у Еўропе ніводнае хвілі часу. Ён вярнуўся беззаганна адукаваным, з вялікім самавалоданнем і годнасцю, і ні адзін аднагодак не быў такім скрупулёзным і дыхтоўным у навуцы, як ён, але таксама ніхто не ўмеў танчыць модныя танцы альбо імправізаваць за раялем лепш за яго. Зачараваныя яго асобай, а таксама ўсведамляючы яго сямейную заможнасць, дзяўчаты ягонага кола патаемна разыгрывалі права сустракацца з ім; і ён таксама гуляў з агнём, калі ішоў на такія сустрэчы, здолеўшы, аднак, захаваць незалежнасць вольнага, спакуслівага халасцяка, пакуль без якога-кольвечы супраціву не скарыўся перад плебейскімі чарамі Фэрміны Дасы.
Яму падабалася паўтараць, што гэтае каханне было вынікам клінічнай памылкі. Ён сам не мог паверыць у тое, што здарылася, тым болей у той час, калі ўсе эмацыйныя рэзервы былі падначаленыя толькі справе ўратавання горада, пра які ён размаўляў, мажліва, занадта часта, але толькі таму, што не сумняваўся: падобнага горада няма ва ўсім свеце. У Парыжы, калі ён позняй восенню шпацыраваў пад руку з чарговаю спадарожніцай, яму здавалася, што не было большага шчасця, чым гэтыя залатыя вечары з рэзкім водарам смажаных на вуліцы каштанаў, з млявымі гукамі акардэонаў, з ненажэрнымі парамі каханкаў, якія паўсюдна цалаваліся на адкрытых тэрасах, і ўсё-ткі, паклаўшы руку на сэрца, ён сказаў сабе, што ні за што не прамяняў бы адно-адзінае імгненне карыбскага красавіка на ўсе гэныя парыжскія радасці. Ён быў яшчэ надта малады, каб ведаць, што памяць сэрца вынішчае кепскія ўспаміны і высоўвае на першы план прыемныя, дзякуючы чаму нам лягчэй даць рады мінуламу. Але калі з палубы карабля ён зноў убачыў белы прыгорак каланіяльнага квартала, нерухомых аўраў на дахах, бялізну бедных, якая сушыцца на балконах, тады толькі зразумеў, што стаўся лёгкай ахвярай міласэрнага самападману, імя якому – настальгія.
Карабель пракладаў сабе шлях у бухце праз суцэльнае покрыва з тушак патанулых жывёлінаў, і ад смуроду амаль усе пасажыры збеглі ў свае каюты да прыбыцця ў порт. Малады лекар Хувэналь Урбіна спусціўся па сходнях карабля ў бездакорным альпакавым строі з камізэлькай і ў плашчы, з бародкаю, як у маладога Пастэра, і прычоскай на просты прабор, якая адкрывала бледную і дакладную лінію раздзелу валасоў. Вытрымка ледзь дазваляла яму прыхаваць узрушанне не так ад суму, як ад жаху. На амаль бязлюдным прычале, які вартавалі босыя ўзброеныя салдаты без формы, чакалі ягоныя сёстры з маці і блізкія сябры. Яны падаліся яму бляклымі ад яўнай адсутнасці перспектывы на будучыню, нягледзячы на свецкі выгляд, і размаўлялі пра крызіс і грамадзянскую вайну, як пра штосьці далёкае і чужое, але ўсё ж не маглі схаваць дрыжыкаў у голасе і разгубленасці ў вачах, якія супярэчылі словам. Больш за ўсіх збянтэжыла маці, яшчэ не старая жанчына, якая дасягнула шмат чаго ў жыцці прыроднай элегантнасцю і мэтанакіраванасцю, а цяперака звядала на марудным агні старасці ў камфарным водары крэпавай удовінай вопраткі. Яна, верагодна, зразумела трывогу сына, бо паспяшалася абараніцца пытаннем, чаму ён бледны, як воск.
– Жыццё такое, маці, – адказаў ён. – У Парыжы ўсе зелянеюць.
Трохі пазней, задыхаючыся ад спякоты ў закрытым экіпажы каля маці, ён ужо не мог трываць сутыкнення з бязлітаснай рэчаіснасцю, якую бачыў праз акенца і якая захлынала яго. Мора выглядала так, нібыта было пасыпанае попелам. Старажытныя палацы маркізаў ледзь трывалі, аблепленыя жабракамі, і праз смяротны смурод адкрытых сцёкаў немагчыма было адчуць цёплага духу язміну. Усё здавалася драбнейшым, чым да ад’езду, бяднейшым і змрачнейшым, і па гразкіх вуліцах бегала столькі галодных пацукоў, што пужаліся коні. За доўгі шлях ад порта да роднага дома ў самым сэрцы квартала Віцэ-каралёў ён не знайшоў нічога, што б перагукалася з ягонай настальгіяй. Узрушаны, ён адвярнуўся, каб маці не заўважыла, і бязгучна заплакаў.
Старажытны палац маркіза Касальдуэры, гістарычнае гняздо сямейства Урбіна дэ ля Калье, не быў узорам найвышэйшага дастатку ў асяродку агульнай спустошанасці. Доктар Хувэналь Урбіна адкрыў гэта, і сэрца разрывалася, калі ён увайшоў у змрочны калідор, а пасля ва ўнутраным дворыку ўгледзеў запылены фантан ды здзічэлыя, густыя зарасці без кветак, сярод якіх поўзалі ігуаны, ён заўважыў адсутнасць шмат якіх мармуровых плітаў, шчыліны ў прыступках шырокай мармуровай лесвіцы з меднымі парэнчамі, якая вяла ў галоўныя пакоі дома. Бацька, лекар, хутчэй, самаахвярны, чым слынны, памёр падчас эпідэміі халеры, якая навалілася на горад шэсць гадоў таму, а з ім знік і дух гэтага дома. Донна Блянка, ягоная жонка, пагружаная ў жалобу на ўсё астатняе жыццё, замяніла вечаровымі малітвамі знакамітыя лірычныя вечарыны і камерныя канцэрты, ладжаныя пры жыцці мужа. Абедзве сястры Хувэналя Урбіна, нягледзячы на свае выдатныя знешнія дадзеныя і пакліканне да зямных радасцяў, былі асуджаныя на манаскае існаванне.
Той ноччу доктар Хувэналь Урбіна не спаў ні хвіліны ад страшэннае непрагляднае цемры і мёртвае цішы, ён адчытаў тры ружанцы Святому Духу, а затым паўтарыў вядомыя яму малітвы для прадухілення бедаў, крушэнняў і розных начных няшчасцяў. Тым часам праз дрэнна зачыненыя дзверы ў спальню пралезла аўдотка і пачала спевам дакладна адзначаць надыход кожнай новай гадзіны. Ён пакутаваў ад жахлівых енкаў жанчын з недалёкай псіхіятрычнай клінікі «Боская пастырка», ад бязлітасных кропляў, што падалі са збана ў таз і напаўнялі гулам увесь дом, ад кульгавае хады аўдоткі, ад прыроджанай боязі цемры, ад нябачнай прысутнасці нябожчыка бацькі ў вялізным сонным доме. Калі аўдотка заспявала а пятай ва ўнісон з суседскімі пеўнямі, доктар Хувэналь Урбіна душой і целам аддаўся на волю Бога, бо яго пакінулі сілы, і ён не ведаў, як пражыць хоць бы дзень на зруйнаванай радзіме. Аднак ласка родных, нядзельныя паездкі ў вёску, ліслівыя дзяўчаты ягонага асяродку ўсё-ткі падсаладзілі горыч першага ўражання. Паступова ён зноў прызвычайваўся да кастрычніцкай спякоты, да рэзкіх пахаў, да няўзважаных высноў сяброў, да «заўтра будзе відаць, доктар, не хвалюйцеся!», пакуль не здаўся канчаткова перад чароўнай сілай звычак. Неўзабаве ён прыдумаў апраўданне сваёй пазіцыі. Гэта быў ягоны свет, сказаў ён сабе, сумны і цяжкі, але такі ён створаны Богам, і ён, Хувэналь Урбіна, мусіць служыць яму.
Перадусім, ён авалодаў бацькавым кабінетам і лекарскай практыкай. Ён пакінуў на месцы грунтоўную ды паважную ангельскую мэблю, якая дыхала золкавай прахалодай, але занёс на гарышча трактаты часоў віцэ-каралеўства і рамантычнае медыцыны ды запоўніў зашклёныя паліцы творамі новай французскай школы. Ён зняў са сцяны клятву Гіпакрата ўрачыстай готыкай і бляклыя хромалітаграфіі, за выключэннем адной, дзе лекар змагаецца са смерцю за жыццё аголенай хворай, а замест іх, каля адзінага бацькоўскага дыплома, павесіў разнастайныя дыпломы з найвышэйшымі адзнакамі, атрыманыя ім у розных еўрапейскіх школах.
Ён спрабаваў увесці шпіталь Міласэрнасці ў адпаведнасць з наватарскімі крытэрыямі, але зрабіць гэта было не так лёгка, як яму, маладому энтузіясту, здавалася. Эскулапы старога дома здароўя ўпарта трымаліся сваіх атавістычных поглядаў, там па-ранейшаму ставілі ножкі шпітальных ложкаў у посуд з вадою, каб перашкодзіць хваробам падлезці да хворага, і патрабавалі, каб хірургі ўваходзілі ў аперацыйную адпаведна салоннаму этыкету, у касцюме і ў замшавых пальчатках, бо былі ўпэўненыя: элегантнасць – істотная ўмова асептыкі. Яны не маглі выносіць, як малады лекар, што толькі прыехаў, каштаваў мачу хворага, вызначаючы наяўнасць цукру, як ён цытаваў Шарко і Трусо, нібыта яны былі ягоныя суседзі па пакоі, як ён на лекцыях сувора папярэджваў слухачоў пра смяротную небяспеку прышчэпак, і выказваў падазроную веру ў найноўшае вынаходніцтва – медыцынскія свечкі. Сутычкі здараліся на кожным кроку: уласцівы яму дух абнаўлення, маніякальнае пачуццё грамадзянскай адказнасці, замаруджанае пачуццё гумару ў краіне бессмяротных смехуноў, – усе яго насамрэч найлепшыя якасці выклікалі падазронасць з боку старэйшых калег і крывадушныя кпіны з боку маладых.
Ім авалодаў клопат пра небяспечнае санітарнае становішча ў горадзе. Ён звярнуўся ў найвышэйшыя інстанцыі з прапановаю зліквідаваць адкрытую каналізацыю, пабудаваную яшчэ іспанцамі, якая нагадвала віварыум для пацукоў, і патрабаваў замяніць яе падземнай сістэмай, сцёк якой не выходзіў бы да рынкавай бухты, як дасюль, а быў бы далёка за горадам. Добра ўладкаваныя каланіяльныя дамы мелі септычныя яміны пад прыбіральняй, але дзве траціны люду жылі ў бараках каля самых балотаў, спраўляючы патрэбы пад адкрытым небам. Фекаліі высыхалі пад сонцам, ператвараліся ў пыл, і люд радасна дыхаў імі, калі на Каляды дзьмуў свежы і шчаслівы снежаньскі брыз. Доктар Хувэналь Урбіна паспрабаваў арганізаваць праз мясцовыя ўлады абавязковы курс для бедных, каб навучыць іх будаваць сабе прыбіральні. Ён змагаўся за тое, каб не выкідвалі смецце ў дзікія мангровыя зарасці, якія за стагоддзе ператварыліся ў смярдзючую дрыгву, каб не менш за два разы на тыдзень вывозілі смецце і палілі ў бязлюдных месцах. Але ўсё дарэмна.
Ён усведамляў смяротную небяспеку пітной вады. Нават думка пра будаўніцтва водазабору здавалася фантастычнай, бо тыя, ад каго залежала рэалізацыя падобнае думкі, мелі ўласныя падземныя рэзервуары, дзе пад густою зялёнаю цвіллю гадамі назапашвалася дажджавая вада. Сярод найкаштоўнейшых рэчаў тае эпохі быў выдатны драўляны посуд разбярскай работы з каменным фільтрам, – цераз гэтыя фільтры ўдзень і ўначы капала вада ў збан. Каб ніхто не піў з алюмініевага вядзерца, з дапамогаю якога даставалі ваду з вадаёма, яно мела зубчасты край, рыхтык як карона жартаўлівага караля. Вада ў цемры глінянага збана была празрыстая і свежая і аддавала лесам. Аднак доктар Хувэналь Урбіна не давяраў такому спосабу ачысткі, ён ведаў, што насуперак перасцярогам дно збана было прытулкам для розных казюрак. Малым ён гадзінамі глядзеў на іх з ледзь не містычным здзіўленнем, упэўнены, як людзі таго часу, што істоты – гэта звышнатуральныя прывіды, яны заляцаюцца да дзяўчатак адтуль, са дна збана, і здольныя на жорсткую помсту з-за кахання. У маленстве ён бачыў, як пацярпеў дом Лясары Кондэ, школьнай настаўніцы, якая адважылася ўгнявіць іх, ён бачыў бітыя шыбы на вуліцы і купу камянёў, якія ёй кідалі ў вокны тры дні і тры ночы запар. Мінула шмат часу, пакуль ён зразумеў, што мае справу з лічынкамі даўганогіх маскітаў, і, зразумеўшы, назаўжды засвоіў, што не толькі гэтыя, але і іншыя хваробатворныя істоты здольныя лёгка прасачыцца праз недасканалыя каменныя фільтры.
Доўгі час уважалася, што вада з рэзервуараў была чыннікам машонкавай кілы, ад якой мужчыны цярпелі – чаго ж саромецца! – нават з пэўнай патрыятычнай фанабэрлівасцю. Калі Хувэналь Урбіна хадзіў у пачатковую школу, ён са страхам глядзеў на мужчынаў, якія спякотнымі днямі сядзелі ля сваіх дамоў і абмахвалі веерам вялізную кілу, як якое немаўля, што заснула паміж ног. Казалі, што кіла перад начной навальніцай свісціць, нібыта змрочная птушка, і даводзіць да нясцерпнага болю, калі побач спальвалі пяро аўры, але ніхто не скардзіўся, бо найбольшая і з годнасцю выпакутаваная кіла ўважалася перадусім за адзнаку мужнасці. Калі доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся з Еўропы, ён ужо добра ведаў пра навуковую неабгрунтаванасць мясцовага забабону, аднак ён быў так распаўсюджаны, што бальшыня адмаўлялася ад мінеральнага ўзбагачэння пітной вады, бо людзі баяліся, што яна страціць чарадзейную ўласцівасць уплываць на ўтварэнне рэспектабельнае кілы.
Доктара Хувэналя Урбіна непакоілі забруджванне пітное вады і антысанітарны стан гарадскога рынку, які займаў вялізную плошчу на адкрытым месцы каля самай бухты Прывідаў, дзе кідалі якар антыльскія ветразнікі. Знакаміты вандроўнік таго часу пісаў, што гэта адзін з самых багатых рынкаў свету. Ён і насамрэч быў заможным, вялікім ды шумным, таму, верагодна, і непакоіў больш за іншых. Рынак стаяў на звалцы адкідаў, якія назбіраліся за доўгія гады, і залежалі ад нораву марскога прыліву, менавіта там адрыжка бухты вяртала на зямлю мярзоцце гарадской каналізацыі. Туды ж траплялі і адкіды старой мясабойні: адсечаныя галовы, гнілыя вантробы, лайно жывёлы, – і ўсё гэта плыло пад сонцам у крывавым месіве. Аўры бясконца біліся за іх з пацукамі і сабакамі сярод свежае аляніны і выдатнага на смак мяса бычкоў з Сатавэнты, якія віселі пад паветкай крам, дзе гандлявалі вясновай гароднінай з Архоны, вываленай на цыноўках пад нагамі пакупнікоў. Доктар Хувэналь Урбіна хацеў ажыццявіць санацыю мясцовасці, перавесці мясабойню ў іншае месца, збудаваць крыты рынак з вітражным купалам – падобнае ён бачыў у старой частцы Барселоны, дзе прадукты былі настолькі свежыя і чыстыя, што шкада было іх есці. Але нават самыя зычлівыя і блізкія сябры шкадавалі доктара, бо ягоная цяга да санітарыі здавалася ім ілюзорнай. Такімі яны былі: усё жыццё нагадвалі пра высакароднасць свайго паходжання, гістарычныя вартасці горада, каштоўнасць ягоных рэліквій, гераізм і прыгажосць, заплюшчваючы, аднак, вочы на бязлітаснасць часу. Доктар Хувэналь Урбіна, наадварот, надта любіў горад і не мог глядзець на яго, крывячы душой.
– Якім высакародным мусіць быць гэты горад, – сказаў ён, – калі ўжо чатырыста гадоў запар мы спрабуем яго даканаць, але марна. Горад быў на мяжы катастрофы. Эпідэмія халеры, чые першыя ахвяры зваліліся, нібы збітыя бліскавіцай, проста ў лужыны рынку, за адзінаццаць дзён забрала столькі людскіх жыццяў, як ніколі ў гісторыі горада. Да пачатку навалы слынных нябожчыкаў хавалі пад плітамі касцёлаў, побач з суворымі арцыбіскупамі і чальцамі капітула, а меней заможных – на падворках кляштараў. Галота трапляла на каланіяльныя могілкі – гэта быў прыгорак на сямі вятрах, аддзелены ад горада каналам з мёртвай вадою, цераз які перакінулі патынкаваны мост з шыльдай, на якой, на загад нейкага алькальда, быў выбіты прарочы надпіс: «Lasciate ogni speranza, voi ch’entrate»[13]. За першыя два тыдні халеры могілкі былі перапоўненыя, не засталося ніводнага вольнага месца і ў касцёлах, хоць рэшткі шмат якіх невядомых герояў перавялі на агульнаграмадзянскае пахаванне. У кафедральным саборы не было чым дыхаць з-за выпарэнняў ад кепска запячатаных склепаў, і дзверы адчыніліся для вернікаў толькі праз тры гады, пад той час, калі Фэрміна Даса ўпершыню ўбачыла Флярэнтына Арысу пасля каляднай імшы. Падворак кляштара Святой Клары быў таксама перапоўнены магіламі ажно да таполевае алеі, і праз тры тыдні эпідэміі пад могілкі давялося выкарыстаць гарод, што быў удвая большы. Там выкапалі глыбокія яміны, каб хаваць на трох узроўнях, наспех ды без трунаў, але ўрэшце адмовіліся ад гэтага, бо зямля сталася, як губка, – варта было зрабіць па ёй хоць крок, як з зямлі плюхала страшэнна смуродная крываўка. Тады вырашылі працягваць пахаванні ў Ля-Мана-дэ-Д’ёс – маёнтку для адкорму быдла за адну лігу[14] ад горада, які пазней асвяцілі як гарадскія могілкі.
Як толькі абвясцілі пра эпідэмію халеры і выдалі адпаведны ўказ, гармата ў замку пачала страляць кожныя пятнаццаць хвілін удзень і ўначы, дзеля народнае веры ў тое, што порах ачышчае паветра. Халера была больш жорсткай да мурынскага насельніцтва, шматлікага і найбяднейшага, але, наагул, не вызначала ахвяры ні паводле колеру скуры, ні паводле грамадскага становішча. Яна знікла раптоўна, як і з’явілася, і людзі ніколі не дазналіся пра колькасць ахвяраў, не таму, што нельга было падлічыць, рэч у іншым: адна з самых распаўсюджаных рысаў нашага характару палягае ў тым, каб саромецца ўласнай бяды.
Доктар Марка Аўрэліё Урбіна, Хувэналеў бацька, стаўся народным героем тых трагічных дзён, а таксама іх самай значнай ахвярай. Афіцыйным распараджэннем яму даручылі прадумаць санітарную стратэгію і кіраваць яе ажыццяўленнем, але з уласнай ініцыятывы ён пачаў умешвацца ва ўсе справы сацыяльнага характару, і ў найкрытычнейшыя моманты эпідэміі халеры нібыта не было аніякай улады, апрача ягонай. Шмат гадоў пазней, праглядаючы хроніку тых дзён, доктар Хувэналь Урбіна зразумеў, што бацькавыя метады былі, хутчэй, міласэрнымі, чым навуковымі, і шмат у чым супярэчылі логіцы, так што ў вялікай ступені спрыялі ненажэрнай халеры. Ён адчуў спагаду, уласцівую дзецям, паступова ператвораным самім жыццём у бацькоў сваіх бацькоў, і ўпершыню пашкадаваў, што не раздзяліў з бацькам самоту ягоных памылак. Аднак ён прызнаў яго заслугі: стараннасць, самаахвярнасць і, перадусім, асабістую мужнасць, за якія яго ганаравалі як след, калі ад горада адышла навала, – бо шанавалі яго імя, і яно справядліва стала побач з імёнамі герояў іншых, менш шляхетных войнаў.
Ён не дажыў да дня славы. Знайшоўшы ў сябе незваротныя адзнакі, сумна вядомыя па іншых хворых, ён не прыняў бессэнсоўнага бою, а зачыніўся ад свету, каб нікога не заразіць, у службовым пакоі шпіталя Міласэрнасці, глухі да галасоў сваіх калег і да маленняў сваякоў, чужы да жаху іншых хворых, што паміралі ў маруднай агоніі на падлозе перапоўненага калідора; ён напісаў жонцы і дзецям ліст, поўны любові і ўдзячнасці за існаванне, і ліст паказаў, як апантана ён любіў жыццё. Гэта было развітанне на дваццаці вырваных аднекуль старонках, дзе змены почырку давалі мажлівасць меркаваць, як прагрэсавала хвароба; не трэба было ведаць яго, каб здагадацца: ён ставіў свой подпіс на апошнім уздыху. Згодна з ягоным тастаментам, яго попельнага колеру цела пахавалі ў агульнай магіле, і ніхто з тых, хто любіў доктара, не пабачыў яго.
Доктар Хувэналь Урбіна атрымаў тэлеграму праз тры дні ў Парыжы, падчас сяброўскай вячэры, і ўзняў шампанскае за бацьку: «Гэта быў добры чалавек». Пазней ён вінаваціў сябе за тое, што стрымліваў сябе, каб не заплакаць. Праз тры тыдні Хувэналь Урбіна атрымаў копію перадсмяротнага ліста і нарэшце цалкам усвядоміў, што бацькі няма. Раптоўна перад ім паўстаў глыбінны вобраз чалавека, якога ён спазнаў раней за ўсіх. Ён выхаваў яго і даў яму адукацыю, жыў і любіўся з ягонай маці трыццаць два гады, але ніколі да гэтага ліста не адкрыў, кім быў насамрэч. І толькі таму, што яму замінала чыстая і незвычайная сарамлівасць. Датуль Хувэналь Урбіна і ягоная сям’я ўспрымалі смерць як няшчасце, якое здаралася з іншымі, з бацькамі іншых, з братамі і мужамі чужых людзей, але не сваімі. Гэта былі людзі, чыё жыццё працякала павольна, ніхто не бачыў іх старымі, хворымі альбо ўжо нябожчыкамі, яны неяк знікалі паступова, кожны ў свой тэрмін, ставаліся ўспамінамі, падобнымі на туман іншай эпохі, пакуль іх не праглынала забыццё. Бацькаў перадсмяротны ліст куды болей, чым тэлеграма з сумнаю навіной, надаў яму ўпэўненасці ў смяротнасці чалавека. Аднак вельмі стары ўспамін, калі яму было, напэўна, гадоў дзевяць альбо найбольш адзінаццаць, быў, у пэўным сэнсе, першай весткай пра смерць і быў звязаны з бацькам. Яны ўдвох сядзелі ў хатнім кабінеце дажджлівым днём, сын маляваў каляровымі крэйдамі на плітах падлогі жаўрукоў і сланечнікі, а бацька чытаў каля акна ў расшпіленай камізэльцы, з гумкамі, што перапярэзвалі рукавы ягонай кашулі. Раптам ён перапыніў чытанне, каб пачасаць сабе спіну доўгім скрабком са срэбнай ручкай. Але, не дастаўшы, ён папрасіў сына пачасаць яго, што той і зрабіў, са здзіўленнем усвядоміўшы, што хаця ягоная рука чэша, ягонае цела нічога не адчувае. Бацька зірнуў на сына цераз плячо з сумнай усмешкай на вуснах.








