Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 22 (всего у книги 26 страниц)
Тым часам Флярэнтына Арыса працягваў жыць. Рана ці позна ён прадбачыў станоўчы адказ Фэрміны Дасы, і таму распачаў другую рэканструкцыю ўжо выкупленага дома, каб надаць яму выгляд, варты будучай гаспадыні і сеньёры. Ён нанава наведаў некалькі разоў Прудэнсію Пітрэ, як абяцаў, каб давесці, што кахае яе насуперак бязлітасным адбіткам узросту, і пад пякельным сонцам, і пры адчыненых дзвярах, а не толькі начамі адчаю. Ён бываў і ў доме Андрэ Барон, пакуль не прыкмеціў, што ў ваннай патушанае святло, і спрабаваў давесці сябе да грубага шаленства ў яе ложку дзеля таго, каб не страціць форму ў адпаведнасці з даўнім ягоным перакананнем, якое ніхто не абверг і дагэтуль: цела годнае, пакуль чалавек карыстаецца ім.
Адзінай складанасцю быў стан ягоных адносінаў з Амэрыкай Вікунняй. Кіроўцу ён даў сталы загад – забіраць яе з інтэрната штосуботы а дзясятай раніцы, але сам, на жаль, не ведаў, што рабіць з ёю на працягу двух выхадных дзён. Упершыню ён не займаўся ёю, і гэтая змена яе злавала. Флярэнтына Арыса даручаў служанкам, каб адвялі яе ў кіно на дзённы сеанс, на канцэрт у дзіцячым парку, на розыгрыш дабрачыннай латарэі. Ён прыдумваў нядзельныя праграмы для яе і дзяўчат яе курса, каб не трэба было везці ў патаемны рай за кантораю, куды яна марыла вярнуцца з тае самае пары, як пабывала там упершыню. Флярэнтына Арыса не здагадваўся ў тумане новай ілюзіі, што жанчыны здольныя сталець за некалькі дзён, а з таго моманту, як ён сустрэў яе, калі яна прыбыла на карабліку з Пуэрта-Падрэ, мінула тры гады. Як ён ні імкнуўся падсалоджваць пілюлю, змены для яе былі надта жорсткімі, але яна не магла ўцяміць прычыну растання. У дзень, калі ён сказаў, седзячы ў кавярні, што збіраецца ажаніцца, і гэтым адкрыў праўду, дзяўчына перажыла страшэнны ўдар, але потым сама мажлівасць ягонага шлюбу здалася ёй настолькі абсурднай, што яна ўшчэнт забылася на тое, што пачула. Аднак вельмі хутка паверыла, што ён паводзіць сябе так, нібыта тыя словы былі праўдай, без дай прычыны пазбягаючы яе, нібыта не ён старэйшы за яе на цэлых шэсцьдзесят гадоў, а наадварот.
Аднойчы ў суботу Флярэнтына Арыса сустрэў яе ў сваёй спальні, яна рабіла спробу друкаваць, і гэта атрымлівалася даволі прыстойна, бо ў школе выкладалі і машынапіс. Яна надрукавала больш за паўстаронкі тэксту, у пэўных месцах якога лёгка выдзяляліся фразы, што выяўлялі яе настрой. Флярэнтына Арыса схіліўся над плячом Амэрыкі Вікунні, каб прачытаць тое, што на дадзены момант выходзіла з друкаркі. Яна ўсхвалявалася ад цеплыні ягонага цела, ад няроўнага подыху, ад духмянае вопраткі, што мела водар ягонай падушкі. Яна ўжо не была той навапрышлай дзяўчынкай, якую ён распранаў, нібыта гадавалую малую, з хітрыкамі, разлічанымі на дзяцей: напачатку гэтыя чаравікі – для мядзведзя, потым кашульку для сабачкі, затым майточкі ў кветачкі для труса, а цяперака я пацалую салодкую вульвачку. Не, і фармальна, і па сутнасці яна ўжо была жанчынай, гатовай браць ініцыятыву ў свае рукі. Працягваючы друкаваць адным пальцам правай рукі, левай яна прайшлася навобмацак угору па назе Флярэнтына Арысы, знайшла тое, што шукала, адчула, як драпежнік чакае, расце, заходзіцца ад жадання; подых Флярэнтына Арысы стаўся перарывістым, цяжкім. Яна ведала: з гэтага імгнення ён пераставаў валодаць сабой, у яго раздвойваўся розум, ён ужо залежаў ад яе і не знаходзіў шляхоў вяртання да сябе самога, пакуль не дабіраўся да фіналу. Яна павяла яго за руку ў ложак, як вядуць сляпога цераз вуліцу, і нібыта разадрала яго на кавалкі мудрагелістай пяшчотай, пасаліла яго колькі трэба, пасыпала духмяным перцам, дадала зубчык часнаку, нарэзаную цыбулю, лімонны сок, лаўровы ліст, словам, прыправіла яго на патэльні ўласнай пяшчоты. І запаліла ў печы. У доме нікога не было. Служанкі кудысьці выйшлі, цесляры і сталяры, якія рэканструявалі дом, не працавалі па суботах, – так што ўвесь свет належаў ім дваім. Але раптоўна ён выйшаў з экстазу на мяжы бездані, адвёў яе руку, прысеў і сказаў дрыготкім голасам:
– Асцярожна, у нас няма гумкі.
Амэрыка Вікунне праляжала ў ложку нерухома доўгі час, раздумваючы, што ж гэта здарылася, і калі вярнулася ў інтэрнат на гадзіну раней, чым зазвычай, яна была вельмі далёкая ад жадання плакаць, яна напяла нюх і навастрыла кіпцюры, каб знайсці след тае, што ўлезла ў яе жыццё. Тым часам Флярэнтына Арыса яшчэ раз дапусціў вядомую мужчынскую памылку, думаючы, што яна ўпэўнілася ў бессэнсоўнасці сваіх намераў і вырашыла забыць яго.
Флярэнтына Арыса стаяў на сваім. Калі прайшло шэсць месяцаў без якогасьці сігналу ад Фэрміны Дасы, ён зноў праварочаўся ў ложку да золку, блукаючы ў пустэльні ўжо падзабытай ім бессані. Ён думаў, што Фэрміна Даса распячатала ліст з-за бяскрыўднага выгляду канверта, заўважыла знаёмы ініцыял, як у лістах мінулага, і кінула яго ў полымя разам са смеццем, нават не ўзяўшы на сябе цяжар разарваць старонкі. Ёй было дастаткова зірнуць на наступныя канверты, каб рабіць тое самае, не распячатваючы іх, і так да таго часу, пакуль ён не завершыць свой пісьмовы роздум. Яму не верылася, што хоць адна жанчына здольная супраціўляцца цікаўнасці паўгода, не ведаючы нават, атрамантам якога колеру напісаныя лісты. Але калі б і знайшлася такая жанчына, гэта магла быць толькі яна.
Флярэнтына Арыса адчуваў, што ў старасці час падобны не да бурлівай плыні, якая цячэ ў гарызантальнай плоскасці, а да бяздоннай цыстэрны, праз якую памяць сцякае ў нікуды. Ягоныя выдумкі былі на зыходзе. Ён бадзяўся некалькі дзён запар паблізу яе дома ў квартале Ля-Манга і зразумеў: падобным юнацкім спосабам не адчыніць клятыя дзверы яе жалобы. Аднойчы раніцой ён шукаў чыйсьці нумар у тэлефонным даведніку і выпадкова сутыкнуўся з яе каардынатамі. Патэлефанаваў. Апарат званіў доўга, нарэшце ўзялі слухаўку, і ён пазнаў яе голас, засяроджаны і хрыплы: «Слухаю». Ён паклаў слухаўку, не вымавіўшы ні слова, але бясконцая адлегласць паміж ім і аддаленым голасам Фэрміны Дасы пазбавіла яго спакою надоўга.
Між тым Леона Касіяні запрасіла вузкае кола сяброў, каб адзначыць свае народзіны. Флярэнтына Арыса па няўважлівасці праліў на сябе соус, якім была прыпраўлена курыца. Яна замыла ягоны штрыфель, макаючы край сурвэткі ў шклянку з вадою, і затым начапіла яму сурвэтку, як слінючку, каб пазбегнуць новых непрыемнасцяў: ён сядзеў, нібыта старое немаўля. Падчас абеду Леона Касіяні некалькі разоў заўважала, што ён працірае акуляры насоўкай, бо вочы бясконца слязіліся. Калі падалі каву, ён заснуў з кубкам у руцэ, і яна спрабавала ўзяць кубак, не пабудзіўшы яго, але ён зрэагаваў збянтэжана: «Я толькі даў адпачыць вачам». Пазней, кладучыся спаць, Леона Касіяні здзіўлена думала пра тое, як шпарка праявілася старасць.
Да першых угодкаў смерці Хувэналя Урбіна сям’я разаслала пісьмовыя запрашэнні на памінальную імшу, якая мусіла адбыцца ў кафедральным саборы. Да таго часу Флярэнтына Арыса паслаў Фэрміне Дасе сто трыццаць два лісты і ні на адзін з іх не атрымаў адказу, што пацягнула яго на адважнае рашэнне: пайсці на імшу без запрашэння. Грамадзе ўчынак падаўся, хутчэй, фанабэрыстым, чым кранальным. Флярэнтына Арыса прыйшоў сярод першых, каб заняць месца там, дзе Фэрміна Даса не магла б не бачыць яго. Лавы, рэзерваваныя пажыццёва з правам спадкавання, пазначаліся меднай шыльдачкай з імем уладальніка. Ён падумаў, што ягонай задуме лепш за ўсё адпавядаюць месцы ў цэнтральным нефе, за імяннымі лавамі, але ўжо набілася столькі людзей, што ён не знайшоў свабоднага кутка. Прыйшлося ўладкавацца ў нефе, дзе зазвычай сядзелі бедныя сваякі. Адтуль ён бачыў, як увайшла Фэрміна Даса пад руку з сынам, апранутая ў чорны аксаміт да манжэтак без упрыгожанняў, з шэрагам гузікаў ад шыі да ног, як на сутане біскупа, і пад шалем з кастыльскіх карункаў замест капелюша з вэлюмам, якія насілі ўдовы і іншыя дамы, што марылі аўдавець. Адкрыты твар пабліскваў, як алебастр, стрэлападобныя вочы жылі сваім жыццём пад вялізнымі жырандолямі цэнтральнага нефа, і ішла яна так роўна, так ганарліва, так незалежна, што здавалася не старэйшай за сына. Флярэнтына Арыса стаяў, паклаўшы руку на спінку пярэдняе лавы, пакуль не перастала кружыцца галава, што здарылася таму, што ён адчуў: яны знаходзяцца не за сем крокаў адно ад аднаго, а ў розных днях.
Фэрміна Даса вытрывала цырымонію каля фамільнай лавы супраць галоўнага алтара з тым жа выразам велічы, з якім наведвала оперу. Аднак напрыканцы яна парушыла нормы паводзінаў, не засталася на месцы, каб выслухаць спачуванні, як гэта было прынята, а рушыла па праходзе і дзякавала кожнаму запрошанаму: абнаўленчы жэст, які быў вельмі тыповым для яе характару. Вітаючы адных і другіх, яна нарэшце абышла лавы для бедных сваякоў і напаследак азірнулася, каб упэўніцца, ці не забылася на кагосьці са знаёмых. Тады Флярэнтына Арыса адчуў, нібыта звышнатуральны вецер збівае яго з ног: яна ўгледзела яго. Сапраўды, Фэрміна Даса адышла ад асобаў, якія суправаджалі яе, вельмі лёгка, так нязмушана яна заўсёды паводзіла сябе ў грамадстве, тады працягнула яму руку і сказала з салодкай усмешкай:
– Дзякуй, што прыйшлі.
Рэч, зразумела, у тым, што Фэрміна Даса не толькі атрымала ягоныя лісты, але і прачытала іх са шчырай цікавасцю, і знайшла ў іх далёка не банальны роздум пра тое, як жыць далей. Яна сядзела за сталом, снедала з дачкою, калі атрымала першы ліст; разгарнула яго са зразумелай цікаўнасцю – ліст быў надрукаваны, і раптам пачырванела: яна пазнала подпіс. Але Фэрміна Даса адразу апамяталася і, паклаўшы ліст у кішэню фартуха, сказала: «Гэта спачуванне ад урада». Дачка здзівілася: «Усе спачуванні ўжо прыйшлі». Яна не змянілася з твару: «Акрамя гэтага». Яна мела намер спаліць ліст, каб пазбегнуць пытанняў дачкі, але як было ўтрымацца ад спакусы і не зазірнуць у тэкст?
Фэрміна Даса чакала годнага адказу на яе абразлівае пасланне, пра якое пачала шкадаваць з моманту яго адпраўкі, але паважлівы зварот Флярэнтына Арысы і сутнасць ягоных намераў, выкладзеных у першым абзацы, збянтэжылі: сапраўды, штосьці змянілася ў гэтым свеце. Фэрміна Даса была так заінтрыгаваная, што зачынілася ў спальні, каб перачытаць ліст спакойна, перад тым як спаліць, і перачытвала не раз, а тройчы, не пераводзячы дыханне.
Гэта быў роздум пра жыццё і каханне, старасць і смерць, думкі, якія часцяком праляталі, нібыта начныя птушкі, над яе галавой, але яна не здолела зачапіцца за іх, яны знікалі, пакідаючы ёй толькі жменьку пёраў. Вось яны, дакладныя, простыя, выказаныя тымі словамі, якія чамусьці не даваліся ёй, і зноўку яна шкадавала, што ўжо не абмяркуе іх з мужам, як яны, бывала, абмяркоўвалі падзеі мінулага дня перад сном. Такім чынам, перад ёю праяўляўся невядомы Флярэнтына Арыса, яснасць думак якога не адпавядала як ліхаманкавым допісам юнацтва, так і змрочным паводзінам ягонага жыцця. Гэта былі, хутчэй, словы чалавека, пра якога цётка Эскалястыка думала, што яго натхняе Святы Дух, і гэтая думка спужала яе таксама, як і ў маладосці. Аднак спакою душы спрыяла ўпэўненасць, што ліст старога мудраца не ўтрымлівае спробы паўтарыць нахабную выхадку, якую ён дазволіў сабе ў жалобную ноч, а было прадыктавана вельмі высакародным памкненнем – сцерці мінулае.
Наступныя лісты канчаткова супакоілі яе. Фэрміна Даса ўсё роўна іх спальвала пасля чытання, хоць пры гэтым адчувала віну, якую ніяк не магла развеяць. Так што калі яна пачала атрымліваць нумараваныя пасланні, яна стала шукаць і знайшла для сябе маральнае апраўданне, каб не знішчаць іх. Яе аргументы, прынамсі напачатку, былі звязаныя не з захаваннем лістоў, а з чаканнем аказіі, каб вярнуць іх Флярэнтына Арысу, – яна не магла ўзяць на сябе віну за страту таго, што было, як ёй здавалася, сапраўды карысным. На вялікі жаль, час ішоў, лісты працягвалі прыходзіць праз тры альбо чатыры дні на працягу года, і яна ўсё не ведала, як іх вярнуць, каб гэта не выглядала як неіснуючая ўжо знявага і каб ёй не прыйшлося тлумачыць гэта ў лісце, бо гонар не дазваляў яго напісаць.
Ёй хапіла першага года, каб прыняць удовін лёс. Памяць пра мужа, якая нібыта ачысцілася часам, перастала замінаць у будзённых учынках, патаемных думках, у самых простых намерах, і ператварылася ў сталую прысутнасць, якая накіроўвала яе, не прыгнятаючы. Часам яна знаходзіла яго – і не як прывід, а як жывога чалавека – менавіта там, дзе ў ім была патрэба. Ён быў з ёю, але без мужчынскіх капрызаў, патрыярхальнай патрабавальнасці, напамінаў пра тое, што яна абавязаная кахаць яго з рытуалам недарэчных пацалункаў і пяшчотных слоў, якімі ён кахаў яе. Цяпер яна разумела яго лепш, чым пры жыцці: ведала, як ён жадаў кахання, у якім шукаў упэўненасці, апірышча ва ўласных грамадскіх справах, чаго насамрэч так і не знайшоў. Аднойчы на мяжы адчаю яна крыкнула яму: «Ты не здагадваешся, што я нешчаслівая жанчына». Хувэналь Урбіна ўласцівым яму жэстам без хвалявання зняў акуляры, абвёў яе празрыстасцю сваіх хлапечых вачэй, і адной фразай раздушыў яе невыносным цяжарам сваёй мудрасці: «Помні заўсёды: галоўнае ў шлюбе не шчасце, а стабільнасць». З першых дзён удовінае самоты яна засвоіла: тая фраза не хавала ў сабе сур’ёзнай пагрозы, пра якую яна тады падумала, а была месяцавым каменьчыкам, які прынёс ім шмат шчаслівых гадзін.
Падчас вандровак па свеце Фэрміна Даса набывала ўсё, што прыцягвала яе ўвагу. Яе цягнула да гэтых рэчаў нейкім першасным парывам, якому Хувэналь Урбіна не пярэчыў, каб зрабіць жонцы прыемнасць. Размова ішла пра рэчы гожыя і карысныя, пакуль яны знаходзіліся ў натуральным асяродку, на вітрынах Рыма, Парыжа, Лондана, Нью-Ёрка, які ліхаманіла ад чарлстону, дзе пачыналі расці хмарачосы. Але рэчы страчвалі гожасць і карыснасць у іншых абставінах, не выносячы, напрыклад, вальсаў Штрауса з цыкадамі і паэтычнымі гульнямі пад саракаградуснай спякотай у ценю. Так ці інакш, на адваротным шляху яна везла паўтузіна вялізных вертыкальных баулаў з храмаванага металу, з абабітымі меддзю куткамі, падобнымі да фантастычных трунаў. Яна рабілася гаспадыняй найноўшых цудаў свету, якія, тым не менш, адпавядалі цане, заплачанай за іх золатам толькі ў той момант, калі нехта з сяброў ці суседзяў бачыў іх упершыню. Яна ўсвядоміла бязглуздасць вобразу, які яна стварыла ў вачах грамадства задоўга да парога старасці, і ў доме часцяком чулі яе словы: «Трэба вызваліцца ад гэтага смецця, нам ужо няма дзе жыць». Доктар Урбіна смяяўся з яе добрых намераў, ён ведаў, што пустыя месцы зноў будуць запоўненыя новым смеццем. Але яна настойвала, бо іх зжывалі з дома рэчы, якім ужо ніколі не знайшлі б выкарыстанне, нібыта кашулі, што віселі на клямках кожных дзвярэй, альбо еўрапейскія зімовыя паліто, складзеныя нават у шафках на кухні. Так што наступала раніца, і яна ў добрым настроі спусташала шафы і баулы, пераварочвала каморы, уздымала гвалт, нібыта пры вайсковых дзеях. Яна навальвала вакол сябе купы няношанай вопраткі, новенькіх капелюшоў, якія здаўна выйшлі з моды, а таксама чаравікаў, якія з’яўляліся копіямі тых, што імператрыцы абувалі ў дзень каранацыі. Гэта былі копіі, зробленыя еўрапейскімі майстрамі, але дзяўчаты са шляхетных сямей пагарджалі імі, бо чаравікі такога самага фасону набывалі негрыцянкі на базары, дзе яны прадаваліся як хатнія тапкі. Усю раніцу ўнутраная тэраса заставалася нібыта ў абложным становішчы, у доме было цяжка дыхаць з-за паху ад нафталінавых шарыкаў. Аднак спакой узнаўляўся за некалькі гадзін, бо ўрэшце ёй рабілася шкада ўсяго гэтага шоўку, што валяўся на падлозе, парчы, стужак і махроў, хвастоў чарнабуркі, якія былі асуджаныя на вогнішча.
– Спаліць усё гэта – грэх, – гаварыла яна, – калі шмат тых, у каго няма нават чаго паесці.
Такім чынам, выкананне прысуду адкладвалася на неакрэслены час, і рэчы толькі пераносіліся з месца на месца, пакідалі прывілеяваныя куткі дома і траплялі ў стайню, якая ператваралася ў склад нерухомых рэштак. Тым часам вызваленая прастора, як гаварыў муж, нанава напаўнялася, забівалася рэчамі, якія жылі хіба што імгненне, каб затым памерці ў шафах. Яна часцяком паўтарала: «Дзе ж тыя вынаходцы, няхай бы прыдумалі, што рабіць з рэчамі, якія ўжо не патрэбныя, калі шкада выкінуць». Яе і насамрэч палохала ненажэрнасць, з якой рэчы, як агрэсары, займалі ўсю жыццёвую прастору, адштурхоўваючы людзей, заганяючы іх у кут. Фэрміна Даса не была акуратнай, але выпрацавала ўласны адчайны метад, што дапамагаў ёй здавацца такой: яна хавала беспарадак. Калі памёр Хувэналь Урбіна, прыйшлося вызваліць палову кабінета і неяк скласці рэчы ў спальнях, інакш не было б нават мажлівасці пасядзець ля труны.
Прыход смерці ў дом вырашыў і гэтую праблему. Як толькі Фэрміна Даса спаліла вопратку мужа і выявіла, што пульс пры гэтым у яе не пачасціўся, у адным парыве яна загадала час ад часу раскладваць вогнішча і наперад. Яна кідала ў агонь усё старое і нават сёе-тое новае, не думаючы пра зайздрасць багацеяў альбо помсту нябогаў, якія паміралі з голаду. Нарэшце яна загадала выкарчаваць мангавае дрэва, каб не засталося і следу ад няшчасця, і падаравала жывога папугая новаму гарадскому музею. Толькі пасля гэтага яна ўздыхнула з палёгкай у доме сваёй мары: прасторным, зручным, сваім.
Афэлія, яе дачка, пабыла з ёю тры месяцы і вярнулася ў Нью-Арлеан. Сын прыводзіў сваю сям’ю на нядзельныя абеды, а час ад часу і сярод тыдня. Найбліжэйшыя сяброўкі Фэрміны Дасы зноў пачалі яе наведваць, як толькі яна перажыла крызіс жалобы. Яны гулялі ў карты, спрабавалі новыя стравы, гатаваныя па рэцэптах, уводзілі яе ў курс падзей патаемнага жыцця ненажэрнага свету, які працягваў існаваць без яе. Адной з самых блізкіх была Люкрэсія дэль Рэаль дэль Абіспа, арыстакратка на стары манер, з якой Фэрміна Даса заўсёды падтрымлівала сяброўскія адносіны, але асабліва зблізілася пасля смерці Хувэналя Урбіна. Маларухомая праз жорсткі артрыт, Люкрэсія дэль Рэаль сама прайшла праз немалыя беды ў жыцці і складала Фэрміне Дасе добрую кампанію ў сумны час. Яны абмяркоўвалі розныя грамадскія праекты, якія рыхтаваліся ў горадзе, а таксама свецкія навіны, і ад гэтага Фэрміна Даса адчувала грамадзянскую карыснасць незалежна ад патранажу магутнага мужа. Тым не менш, ніколі раней Фэрміну Дасу так упарта не звязвалі з ім, бо цяпер апускалі дзявочае прозвішча, з якім звярталіся да яе пры жыцці мужа, і яна сталася проста ўдавой Урбіна.
Паступова, як набліжаліся першыя ўгодкі смерці мужа, Фэрміна Даса ўваходзіла ў заценены, поўны свежасці і цішы асяродак, нібыта ў гушчар непазбежнасці. Да пары яна не ўсведамляла да канца, наколькі дапамаглі ёй знайсці душэўны спакой пісьмовыя развагі Флярэнтына Арысы. Менавіта яны, прыкладзеныя да яе вопыту, дазволілі ёй зразумець уласнае жыццё і з вытрымкай чакаць таго, што наканавала ёй старасць. Сустрэча падчас імшы, якую прысвяцілі памяці мужа, сталася шчаслівай аказіяй: яна дала Флярэнтына Арысу зразумець, што дзякуючы ягоным узнёслым лістам, яна таксама гатовая сцерці з памяці мінулае.
Праз два дні яна атрымала ад яго іншы ліст: напісаны ад рукі на шыкоўнай паперы і з поўным разборлівым подпісам на адвароце канверта. Усё тым жа зграбным почыркам першых юнацкіх лістоў, з лірычнай свабодай ён дзякаваў за ветлівасць яе слоў у кафедральным саборы. Фэрміна Даса думала пра гэты ліст некалькі дзён запар, усхваляваная ўспамінамі пра юнацтва, якія былі такімі добрымі, што ў наступны чацвер яна без дай прычыны спытала ў Люкрэсіі дэль Рэаль дэль Абіспа, ці не ведае яна Флярэнтына Арысу, уладальніка рачных караблёў. Люкрэсія адказала сцвярджальна: «Відаць, гэта прапашчы чалавек». Яна паўтарыла вядомую версію пра тое, нібыта ён не ведаў у жыцці жанчын, хоць мог бы скласці добрую партыю, і завёў сабе патаемнае жытло, куды прыводзіў хлапчукоў, за якімі ўначы ганяўся па прычалах. Фэрміна Даса чула гэтую легенду з даўніх часоў, але ніколі ў яе не верыла, як і наагул не надавала значэння чуткам. Аднак тая ж легенда, паўтораная Люкрэсіяй дэль Рэаль дэль Абіспа, пра якую таксама пляткарылі, нібыта ў яе дзіўныя густы, гучала ўжо інакш, і Фэрміна Даса захацела дакапацца да ісціны. Яна распавяла, што ведала Флярэнтына Арысу з маленства. Нагадала, што ягоная маці трымала галантарэйную краму на вуліцы Вэнтанас і, апрача таго, выкупала старую бялізну, дзерла з яе корпію і прадавала як заменнік ваты для першае дапамогі параненым падчас грамадзянскіх войнаў. Тыраду яна завяршыла ўпэўнена: «Ён рос у сумленнай сям’і і ўзняў сябе сумленнай працай». Гэта было выказана з такім пафасам, што Люкрэсія ўзяла свае словы назад: «Зрэшты, і пра мяне кажуць амаль тое самае». Фэрміна Даса не праявіла цікаўнасці, не спытала сябе, чаму яна так моцна абараняла чалавека, які быў адно ценем яе жыцця. Яна працягвала думаць пра яго, асабліва калі пошта не прыносіла чарговага ліста. Прайшло два тыдні без вестак, і раптам служанка абудзіла яе падчас сіесты трывожным шэптам.
– Сеньёра, – ледзь вымавіла служанка, – прыйшоў дон Флярэнтына.
Вось ён і з’явіўся. Першая рэакцыя Фэрміны Дасы была панічнай. Яна паспела падумаць, што не, няхай прыходзіць іншым разам, у больш зручны час, яна не ў стане прымаць яго і не ведае, пра што з ім гаварыць. Аднак узяла сябе ў рукі і загадала, каб госця праводзілі ў залу і прынеслі яму кавы, пакуль яна прывядзе сябе да ладу.
Перад гэтым Флярэнтына Арыса стаяў ля дзвярэй, спальваючы сябе пад пякельным паабедзенным сонцам, у жахлівай напрузе. Ён быў гатовы да адмовы з якойсьці прычыны, і гэтая гатоўнасць хоць часткова падтрымлівала яго. Аднак адказ Фэрміны Дасы, перададзены праз служанку, скалануў яго да вантробаў, ён увайшоў у прахалодны цень залы і ледзь паспеў назваць пра сябе ўсё гэта цудам, як раптоўна ягоныя вантробы ўспушыла ад пеннага выбуху, і гэта выклікала моцны боль. Ён прысеў, прытаіў дыханне, пакутуючы ад клятага ўспаміну пра птушыны памёт на першым любоўным лісце, і сядзеў нерухома ў паўзмроку, адчуваючы першы прыступ дрыжыкаў, гатовы прыняць любое няшчасце, толькі не гэты злосны боль.
Флярэнтына Арыса ведаў сябе: нягледзячы на запоры ад нараджэння, чэрава здраджвала яму публічна тройчы альбо і болей за доўгае жыццё, і кожнага разу ён мусіў ратавацца ўцёкамі. Менавіта гэты выпадак ды яшчэ некалькі іншых, не менш ганебных, вымусілі Флярэнтына зразумець глыбінны сэнс фразы, якую ён раней паўтараў не інакш, як жартам: «Не веру ў Бога, але баюся Яго». Ён стаў ліхаманкава шукаць у памяці любую малітву, каб памаліцца, але нічога не згадвалася. У маленстве нейкі хлапчук навучыў яго чарадзейным словам, каб дакладна трапіць каменем у птушку: «Цінаціна, натраплю альбо стрэльну міма». Ён спрабаваў дзейнасць гэтых слоў пры першым паходзе ў горы з новенькай рагаткай, і птушка ўпала, нібыта яе паразіла бліскавіца. Ён зачапіўся за гэтую саломінку і паўтарыў формулу, як малітву, але – ніякага эфекту. Кішкі так закруціла ў спіраль, што ён змушаны быў прыўстаць. Пена ў вантробах, усё больш густая, выдала балючы стогн, ён адчуў сцюдзёны пот па целе. Служанка прынесла каву і спужалася, пабачыўшы перад сабою твар мерцвяка. Ён уздыхнуў: «Гэта ад спякоты». Яна адчыніла акно, але сонца біла ў твар, і акно давялося тут жа зачыніць. Ён уцяміў, што не вытрывае больш ніводнае хвілі, і тут з’явілася Фэрміна Даса, амаль нябачная ў паўзмроку зацемненага пакоя, і таксама спужалася, пабачыўшы яго ў такім стане.
– Можаце зняць пінжак.
Флярэнтына Арысу не так страшыў смяротны боль, колькі тое, што яна магла пачуць здрадніцкае буркатанне. Аднак ён знайшоў у сабе сілы сказаць слабым голасам, што не, дзякуй, ён толькі прыйшоў спытаць, калі яна можа прыняць яго. Агаломшаная, яна адказала: «Але вы ўжо тут!» І прапанавала яму прайсці на тэрасу над патыё, дзе было не так спякотна. Ён адмовіўся такім слабым голасам, што ёй здалося, нібы гэта быў уздых шкадавання:
– Я вас малю... заўтра...
Яна згадала, што заўтра будзе чацвер, дзень візіту пунктуальнай Люкрэсіі дэль Рэаль дэль Абіспа, таму вырашыла са звычайнай цвёрдасцю: «Паслязаўтра а пятай». Флярэнтына Арыса падзякаваў, тут жа развітаўся, прыціснуўшы капялюш да сэрца, і пайшоў, пакінуўшы нечапаны кубак кавы. Яна здзіўлена стаяла пасярод залы, не разумеючы, што ж усё-ткі здарылася, пакуль гудзенне аўто не растала на тым канцы вуліцы.
Між тым Флярэнтына Арыса знайшоў найменш балючую позу на заднім сядзенні, заплюшчыў вочы, расслабіўся і аддаўся на волю цела. Боль адразу адпусціў. Кіроўца, які працаваў з ім шмат гадоў і ўжо нічому не здзіўляўся, сядзеў непарушна. Але калі адчыніў дзверцы каля парога ягонага дома, усё ж сказаў:
– Асцярожна, дон Флярэнтына, гэта падобна да халеры.
Аднак халерай тут, зразумела, і не пахла. Флярэнтына Арыса падзякаваў Богу ў пятніцу а пятай, калі служанка правяла яго цераз паўзмрок залы на тэрасу над патыё і там ён пабачыў Фэрміну Дасу за столікам на дзве персоны. Яна прапанавала гарбату, шакалад альбо каву. Флярэнтына Арыса папрасіў гарачую і вельмі моцную каву, і яна загадала служанцы: «Мне як заўсёды». Фэрміна Даса піла густы напой з розных усходніх траў, які ўздымаў тонус пасля сіесты. Пакуль яна скончыла сваю гарбату, а ён – свой кубак кавы, абое паспелі закрануць нязначныя тэмы, тактоўна абыходзячы галоўнае, пра што не наважваліся загаварыць. Абое былі крыху засмучаныя, не разумелі, што яны робяць так далёка ад юнацтва на шахматнай дошцы тэрасы нічыйнага дома, які дасюль хаваў пах жалобных кветак. Яны сядзелі так, што маглі б дацягнуцца адно да аднаго, і ў іх быў час на тое, каб спакойна пагаманіць упершыню за паўстагоддзя. Абое бачылі сябе такімі, якімі яны былі: старымі, якіх высочвае смерць, яны не захавалі нічога агульнага, калі не лічыць памяці пра мінулае, што належала ўжо не ім, а дваім маладым, якія маглі быць іхнымі ўнукамі. Яна падумала, што Флярэнтына Арыса нарэшце зразумее ўсю бязглуздасць ягонай мары і гэтым выкупіць сваю недаравальную дзёрзкасць.
Яна абыходзіла рыфы цяжкіх паўзаў альбо нежаданых тэм з дапамогай трывіяльных пытанняў пра рачныя параходы. Гучала дзіўна, што ён, уладальнік параходнай кампаніі, толькі аднойчы пусціўся ў вандроўку – шмат гадоў таму, калі яшчэ не меў ніякіх адносінаў да прадпрыемства. Яна не ведала, што тады паклікала яго ў дарогу; ён прадаў бы душу, каб распавесці ёй пра гэта. Яна таксама не ведала ракі. Муж падзяляў яе непрыязнасць да паветра Андаў, але ён меў свае прычыны: тут і небяспека вышыні для сэрца, і рызыка падхапіць пнеўманію, і двудушнасць людзей, і несправядлівасці цэнтралізму. Так што яны ведалі паўсвету, але не ведалі ўласнай краіны. Падчас сустрэчы Флярэнтына Арысы з Фэрмінай Дасай у яе доме гідрасамалёт «Юнкерс» лётаў з сялібы ў сялібу па басейне ракі Магдалены, нібыта алюмініевы конік, які браў на борт апрача двух членаў экіпажа шэсць пасажыраў і мяхі з поштай. Флярэнтына Арыса пракаментаваў: «Лятучая труна». Яна ўдзельнічала ў першым пералёце на паветраным шары і не перажыла ніякай трывогі, хоць цяпер наўрад ці магла паверыць, што сама асмелілася на падобныя прыгоды. Яна ўдакладніла: «Усё змянілася». Але хацела сказаць, што змянілася яна, а не спосабы вандравання.
Часам да яе далятала гудзенне самалётаў. Яна бачыла, як яны праляталі вельмі нізка і выконвалі акрабатычныя манеўры да сотых угодкаў смерці Вызваліцеля. Адзін з іх, чорны, як вялізны грыф-аура, праляцеў, чапляючы дахі квартала Ля-Манга і пакінуўшы кавалак крыла на галінах суседняга дрэва, і сам павіс на электрычных правадах. Але нават пасля гэтага Фэрміна Даса не схацела ўсвядоміць, што самалёты насамрэч існуюць. Яна нават не ездзіла разам з іншымі цікаўнымі знаёмымі ў бухту Мансанілля, дзе гідрасамалёты сядалі на ваду пасля таго, як караблі аховы разганялі рыбацкія і шпацырныя лодкі, бо іх кожным разам збіралася ўсё больш. Нягледзячы на сталы ўзрост, менавіта яе абралі для прыёму Чарлза Ліндбэрга з букетам ружаў, калі ён выконваў палёт добрай волі. Але яна так і не зразумела, як мог такі вялізны, светлавалосы і гожы мужчына ўзняцца ў паветра на апараце, зробленым нібыта з мятай бляшанкі, яго нават два механікі штурхалі з хваста, дапамагаючы яму ўзлятаць. Думка пра тое, што ў такім маленькім самалёце можна ўзняць у паветра восем чалавек, не змяшчалася ў галаве. Тым часам яна чула, што рачныя караблі выдатныя, бо на іх не адчуваецца гойданка, як на марскіх караблях, хоць чалавек мусіць перажыць іншую небяспеку: рачнікі траплялі на мелі, на пасажыраў нападалі бандыты.
Флярэнтына Арыса патлумачыў ёй, што гэта міфы даўніх часоў: на сучасных караблях ёсць залы для танцаў, прасторныя і раскошныя, каюты, нібыта нумары ў гатэлі, з асобнай ваннай і электрычным вентылятарам, а з часоў грамадзянскай вайны не было ўзброеных нападаў. Ён таксама сказаў не без задавальнення ад уласнае перамогі, што прагрэс вызначаны больш за ўсё свабодаю навігацыі, за якую ён выступаў, бо гэта стымулявала канкурэнцыю: замест адзінай кампаніі, як раней, іх было тры, вельмі актыўныя і грунтоўныя. Аднак хуткі прагрэс авіяцыі стаў рэальнай небяспекай для ўсіх. Яна спрабавала суцешыць яго, маўляў, караблі будуць існаваць заўсёды, бо не так шмат знойдзецца вар’ятаў, гатовых лезці ў апарат, які здаваўся ёй вяршыняй ненатуральнасці. Нарэшце, Флярэнтына Арыса загаманіў пра прагрэс як у галіне транспарту, так і ў дастаўцы пошты, спрабуючы падвесці яе да размовы пра ягоныя лісты. Але – безвынікова.
Пазней, аднак, аказія прадставілася сама. Яны адышлі далёка ад тэмы, калі служанка перарвала гамонку, каб уручыць Фэрміне Дасе ліст, толькі што дастаўлены спецыяльнай гарадской поштай, якая выкарыстоўвала такую самую сістэму, як пры дастаўцы тэлеграм. Яна не магла знайсці акуляры для чытання, як здаралася з ёю амаль заўсёды. Флярэнтына Арыса сядзеў спакойна.
– Няма патрэбы, – сказаў ён, – ліст ад мяне.
Ён напісаў ліст напярэдадні ў стане жахлівай дэпрэсіі, бо не мог пераадолець сораму за свой першы, так бы мовіць, візіт. У лісце ён перапрашаў за дзёрзкую спробу наведаць яе, не атрымаўшы папярэдняе згоды, і адмаўляўся ад далейшых намераў на гэты конт. Ён кінуў ліст у скрыню, не раздумваючы, а калі спахапіўся, ужо было позна. Аднак ён лічыў непатрэбнымі гэтыя тлумачэнні і папрасіў Фэрміну Дасу аб ласцы – не чытаць ліст.
– Добра, – адказала яна. – Зрэшты, лісты належаць таму, хто іх напісаў, ці не так?
Ён зрабіў цвёрды крок насустрач.
– Сапраўды, – пацвердзіў ён. – Таму іх вяртаюць перадусім пры скасаванні адносінаў.
Яна прапусціла міма вушэй ягоныя словы і аддала яму ліст, але дадала: «Шкада, што не прачытаю, астатнія лісты вельмі дапамаглі мне». Ён набраў у грудзі паветра, здзіўлены спантанным прызнаннем, якое пераўзыходзіла ягоныя чаканні, і ўздыхнуў: «Вы не ўяўляеце, якое шчасце для мяне дазнацца пра гэта». Але яна змяніла тэму, і яму не ўдалося разгаварыць яе да канца вечара. Ён развітаўся пасля шостай, калі пачалі запальваць святло ў дамах. Ён адчуваў сябе больш упэўнена, але без лішніх ілюзій, бо не забываў, які зменлівы быў характар і нечаканыя рэакцыі Фэрміны Дасы ў дваццаць гадоў, і не было прычын думаць, што яна перамянілася. Таму толькі асмеліўся спытаць са шчырай пакорай, ці можна зазірнуць да яе іншым разам, і адказ зноў здзівіў яго.








