412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Габрыэль Маркес » Каханне падчас халеры » Текст книги (страница 11)
Каханне падчас халеры
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Каханне падчас халеры"


Автор книги: Габрыэль Маркес



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 26 страниц)

Флярэнтына Арыса трываў цяжкасці вандроўкі з каменнай цярплівасцю, якая зазвычай прыводзіла ў адчай ягоную маці і раздражняла сяброў. За ўвесь шлях ён ні з кім не пагутарыў. Ён не нудзіўся, днямі седзячы каля парэнчаў палубы, скуль глядзеў на нерухомых кайманаў пад сонцам на беразе ракі, якія адкрывалі пашчу, каб лавіць матылькоў, бачыў чароды чапляў, якія раптам узляталі, зляканыя, над багнай, ламанцінаў, што кармілі сваіх малых вялізнымі цыцкамі і пужалі пасажыраў жаночым лямантам. За адзін дзень міма праплылі распухлыя і ззелянелыя рэшткі трох нябожчыкаў, на якіх сядзелі грыфы. Напачатку праплылі целы двух мужчынаў, адзін – без галавы, а пасля – рэшткі малое дзяўчынкі, ейныя валасы, бы медуза, калыхаліся ў кільватэрным струмені карабля. Як заўсёды, ніхто не ведаў, чые гэта ахвяры, халеры альбо вайны, але агідны смурод засціў нават Флярэнтынавы згадкі пра Фэрміну Дасу.

Заўсёды было так: усё, што б ні здарылася, добрае альбо дрэннае, было нейк звязанае з ёю. Уначы, калі карабель стаяў і бальшыня пасажыраў шпацыравала па палубах, ён перачытваў раманы пад святлом адзінай карбіднай лямпы, якая гарэла ў ядальні ажно да золку. І столькі разоў выпакутаваныя ім у думках драмы набывалі своеасаблівую чароўнасць, калі ён падмяняў прыдуманых аўтарам персанажаў знаёмымі з яго сапраўднага жыцця ды пакідаў за сабою і Фэрмінай Дасай ролі змагароў за каханне. Часам уначы ён пісаў ёй лісты адчаю, а потым ірваў іх і кідаў абрыўкі ў ваду, якая бясконца цякла ў бок горада, дзе яна засталася. Вось так ён пакутаваў у самыя жорсткія хвіліны – у абліччы засмучанага прынца альбо закаханага паладзіна, а часам – ва ўласнай скуры, абваранай кіпнем яе абыякавасці, пакуль не ўздымаўся першы перадзолкавы брыз, – тады ён сядаў у крэсла каля парэнчаў палубы і драмаў.

Аднойчы ўначы ён перарваў чытанне раней, чым заўсёды, і рассеяна накіраваўся да прыбіральні паўз пустую ядальню, калі наперадзе раптам адчыніліся дзверы, чыясьці рука каршуком схапіла яго за рукаў кашулі, уцягнула ў каюту і зачыніла дзверы. У цемры ён ледзь паспеў адчуць голае цела. Жанчына няпэўных гадоў, моцна дыхаючы, нечакана кінула яго на ложак, адпусціла яму пас, расшпіліла ўсе гузікі, легла над ім, нібыта распятая, і бясслаўна пазбавіла яго цнатлівасці. Яны абое абрынуліся ў бездань, дзе, як на беразе мора, пахла крэветкамі. Яна крыху паляжала на ім, спрабуючы аддыхацца, і растварылася ў цемры.

– А зараз ідзіце і забудзьцеся на мяне, – сказала яна, – тут нічога не было.

Штурм быў такім імгненным і пераможным, што яго нельга было разумець як праяву раптоўнага шаленства ад нуды, гэта быў плён прадуманага да драбязы плана. Ухвальная ўпэўненасць распаліла ненажэрнае хваляванне Флярэнтына Арысы, які зрабіў важнае адкрыццё на вяршыні асалоды і не мог паверыць, адмаўляўся нават усвядоміць, што ілюзорнае каханне да Фэрміны Дасы магло быць замененае зямной жарсцю. Вось тады ён пажадаў зняць покрыў таямніцы і знайсці жанчыну, якая па-майстэрску згвалціла яго, у чыім інстынкце пантэры ён, магчыма, знайшоў бы сродак ад няшчасця. Але яму гэтага не ўдавалася. Наадварот, чым больш ён паглыбляў вышук, тым далей адчуваў сябе ад ісціны.

Ён стаўся яе ахвярай у апошняй каюце, але яна спалучалася з перадапошняй праходнымі дзвярыма, так што каюты ператвараліся ў сямейную спальню з чатырма ложкамі. Займалі каюты дзве маладыя кабеты і трэцяя, што выглядала выдатна, але была старэйшая за іх, а таксама немаўля, якому было некалькі месяцаў. Яны селі на карабель у Баранка-дэ-Лёбе, мясцовы порт абслугоўваў грузы і пасажыраў з Мампоксу[15] ад тае пары, як гэты горад застаўся ўбаку ад параходных маршрутаў з-за капрызаў ракі, і Флярэнтына Арыса тады звярнуў увагу на іх толькі таму, што яны неслі соннае немаўля ў вялізнай птушынай клетцы.

Яны былі апранутыя, як на наймаднейшых трансатлантычных караблях, з турнюрамі пад шаўковымі спадніцамі і карункавымі каўнярамі на старажытны лад. Насілі яны шырокаполыя капелюшы, аздобленыя крыналінавымі кветкамі, а маладыя кабеты пераапраналіся з ног да галавы колькі разоў на дзень, так што яны выпраменьвалі вясновую свежасць, калі астатнія пасажыры задыхаліся ад спякоты. Усе тры спрытна карысталіся парасонамі і веерамі з пёраў, аднак мелі нейкія загадкавыя намеры, як усе жыхаркі Мампоксу тых часоў. Флярэнтына Арысу не ўдалося высветліць нават сваяцкіх сувязяў паміж імі, хоць, без сумневу, яны належалі да адной сям’і. Напачатку ён падумаў, што старэйшая магла б быць маці маладых, але потым здагадаўся, што розніца ў гадах была не такой і вялікай. Апрача таго, яна яшчэ насіла адзнакі жалобы, якой не падзялялі астатнія. Ён не ўяўляў, каб адна з іх магла наважыцца на такі адчайны ўчынак, калі астатнія спалі на суседніх ложках; адзіна лагічнае меркаванне таілася ў тым, што яна выкарыстала выпадковы альбо дамоўлены з імі момант і засталася адна ў каюце. Ён праверыў: часцяком дзве з іх дыхалі свежым паветрам на палубе да ночы, пакуль трэцяя прыглядала за дзіцём у каюце, але аднойчы ўначы пры невыноснай спякоце яны выйшлі разам, нават узялі соннае немаўля ў клетцы, ахінутай лёгкім полагам.

Нягледзячы на поўную нявызначанасць прыкмет, Флярэнтына Арыса паспяшаўся адкінуць меркаванне, што аўтаркай нападу была старэйшая з іх, і адразу зняў таксама віну з малодшай, самай гожай і, напэўна, дзёрзкай. Ён думаў так беспадстаўна, толькі таму, што пільнае віжаванне за імі падвяло яго да жарснага жадання, а не да ісціны, і ён вырашыў, што яго маланкавай палюбоўніцай была маці немаўляткі. Гэтая версія была такой прынаднай, што ён стаў думаць пра яе часцей, чым пра Фэрміну Дасу. Яго не турбаваў відавочны факт – маладая маці жыла толькі дзеля дзіцяці. Ёй было не больш за дваццаць пяць гадоў, і яна была ладнай ды светлай, даўгія партугальскія вейкі рабілі яе яшчэ больш далёкай, і ўсялякі мужчына быў бы шчаслівы нават ад драбніцы тае пяшчоты, з якой яна лашчыла сына. Ад самага сняданку да ночы яна займалася дзіцём у салоне, пакуль астатнія гулялі ў кітайскія шашкі, і як толькі ўдавалася ўлюляць яго, яна вешала клетку каля парэнчаў, на самым свежым месцы. Але яна не пакідала дзіця, нават калі яно спала, а гушкала клетку, ціха спяваючы дзявочыя песні, і яе думкі луналі ў аблоках. Флярэнтына Арыса ўхапіўся за саломінку ілюзорнае думкі, маўляў, рана ці позна яна мусіла выдаць сябе хоць бы адным жэстам. Ён сачыў за яе дыханнем па рухах медальёна над батыставай блузкай, разглядваў яе з-за стосу кніжак, якія нібыта збіраўся чытаць, і адважыўся перасесці ў ядальні на іншае месца, каб апынуцца насупраць яе. Аднак ён нічога не высветліў, не дазнаўся, ці валодае яна другою паловай ягонае таямніцы. Ад яе засталося толькі імя, і тое таму, што маладзейшая дзяўчына звярнулася да яе: Расальба.

Ішоў восьмы дзень падарожжа. Карабель з цяжкасцю прасоўваўся па вузкай ды мутнай цясніне паміж мармуровымі ўступамі і да абеду прышвартаваўся ў Пуэрта-Нарэ. Там мусілі высадзіцца пасажыры, якія накіроўваліся ўглыб Антыёцкай правінцыі, што найбольш пакутавала ад новай грамадзянскай вайны. Порт складаўся з паўтузіна пальмавых хацін і харчовага склада з цынкавым дахам, а ахоўвалі яго некалькі патрулёў – босыя і кепска ўзброеныя салдаты, – бо прасачылася вестка пра намер паўстанцаў рабаваць мінаючыя караблі. За хаткамі да самых нябёсаў уздымаўся неадольны горны ланцуг з падковападобным карнізам, выбітым каля краю бездані. Ніхто на борце карабля не здолеў заснуць, аднак уначы нападу не было, і на золку людзі пачалі збірацца на нядзельны кірмаш – індзейцы гандлявалі амулетамі з какосавых пладоў і эліксірам кахання, вокал стаялі нагружаныя мулы, падрыхтаваныя да шасцідзённага пад’ёму ў архідэйныя сельвы цэнтральнага горнага ланцуга.

Флярэнтына Арыса глядзеў, як мурыны разгружалі карабель – яны выносілі на бераг кашы з кітайскаю парцалянай, раялі для старых дзевак з Энвігада, – і надта позна заўважыў, што сярод пасажыраў, што заставаліся, былі Расальба і яе спадарожніцы. Ён убачыў іх, калі жанчыны ўжо ад’язджалі ад порта верхам, седзячы ў сёдлах на адзін бок, у амазонскіх ботах і з парасонамі экватарыяльных колераў. Тады ён пайшоў на ўчынак, на які не асмельваўся ў папярэднія дні: памахаў Расальбе рукой на развітанне, і раптам усе тры жанчыны адказалі яму тым жа, прычым нейк па-свойску, і ў душы зашчыміла за надта познюю адвагу. Ён убачыў, як яны паварочвалі за складам, за імі ішлі мулы, нагружаныя куфрамі, скрынямі для капелюшоў, тамсама была і клетка немаўляці, а крыху пазней ён угледзеў, як яны караскаліся чародкай мурашак па краі бездані і знікалі з ягонага жыцця. Тады ён адчуў нясцерпную самоту, і ўспамін пра Фэрміну Дасу, які стаіўся апошнімі днямі, намёртва ўчапіўся ў яго.

Ён ведаў, што яна пойдзе пад шлюб у наступную суботу, што вяселле будзе шыкоўным, а чалавек, які больш за ўсё кахаў яе і будзе кахаць вечна, пазбаўлены нават права памерці за яе. Рэўнасць, якая да тае пары патанала ў слязах, завалодала ягонай душой. Ён маліў Бога, каб бліскавіца нябеснай справядлівасці пацэліла ў Фэрміну Дасу ў той час, калі яна паклянецца ў каханні і пакоры чалавеку, які бярэ яе як упрыгожанне ўласнага грамадскага становішча. Ён істэрычна радаваўся, уяўляючы, як нявеста – ягоная або нічыйная – упадзе тварам дагары на пліты кафедральнага сабора сярод белых кветак, зледзянелых ад расы смерці, а белапенны вэлюм раскінецца на мармуровых плітах, пад якімі былі пахаваныя перад галоўным алтаром чатырнаццаць біскупаў. Аднак, як толькі помста вычарпалася, ён горка каяўся, праклінаў сябе за злосць і ўяўляў, як Фэрміна Даса ўставала і дыхала роўна, чужая, але жывая, бо свет не мог існаваць без яе. Ён больш не спаў, і калі часам сядаў што-кольвек паесці, дык толькі таму, што яму мроілася, нібыта Фэрміна Даса сядзіць за сталом альбо насупраць, каб не галадаць разам з ёю. Часам ён суцяшаў сябе думкай, што на п’яным вяселлі альбо нават у шалёныя ночы мядовага месяца Фэрміна Даса перажыве імгненне, няхай толькі адно, адно дык напэўна, калі ў яе свядомасці з’явіцца прывід падманутага, зняважанага і апляванага жаніха – прывід, які азмрочыць ейнае шчасце.

Напярэдадні прыбыцця ў порт Караколі, канцавы пункт вандроўкі, капітан зладзіў традыцыйнае развітальнае свята з духавым аркестрам з чальцоў экіпажа і рознакаляровым феерверкам з капітанскага мосціка. Амбасадар Вялікабрытаніі перажыў адысею з узорнай вытрымкай, палюючы на жывёлу фотакамерай замест стрэльбы, і не было вячэры, калі б ён не з’яўляўся апрануты не па пратаколе. Але на развітальнае свята ён прыйшоў у шатландскай вопратцы клана Мактэйвіш, граў з асалодаю на валынцы і вучыў усіх, хто пажадаў, нацыянальным скокам, і недзе на золку яго давялося амаль што несці ў каюту. Флярэнтына Арыса, знясілены пакутамі, адышоў у самы аддалены кут палубы, куды не даходзіў шум гульбы, накінуўшы паліто Лятарыя Тугута, бо дрыжыкі прабіралі яго да касцей. Ён прачнуўся а пятай раніцы, як прачынаецца вырачаны на смерць на золку ў дзень пакарання, і ўсю суботу толькі й рабіў, што ўяўляў сабе кожную драбніцу вяселля Фэрміны Дасы. Пазней, вярнуўшыся дамоў, ён зразумеў, што пераблытаў час і ўсё было не так, як яму ўяўлялася, і яму нават хапіла пачуцця гумару, каб пасмяяцца са сваёй няўрымслівай фантазіі.

Аднак тая жарсная субота скончылася прыступам жару, калі яму падалося, нібыта маладыя ўпотайкі збеглі праз патаемныя дзверы, каб паскорыць асалоду першае ночы. Хтосьці заўважыў, што ён увесь дрыжыць, і паведаміў капітану, а той тэрмінова з бартавым лекарам пакінуў гулянне, баючыся, што гэта халера, і лекар накіраваў Флярэнтына Арысу ў карантынную каюту, накачаўшы яго брамідамі. На наступны дзень, аднак, калі паказаўся стромкі бераг Караколі, жар спаў, да Арысы вярнуўся бадзёры настрой, бо ў зацьменні свядомасці, выкліканым заспакаяльнымі, ён вырашыў раз і назаўсёды, што пашле да д’ябла светлую будучыню тэлеграфа і вернецца гэтым самым караблём на сваю старую вуліцу Вэнтанас.

Было няцяжка дамовіцца, каб яго завезлі назад у знак падзякі за каюту, якую ён саступіў прадстаўніку каралевы Вікторыі. Хаця капітан таксама паспрабаваў разупэўніць яго, даводзячы, што телеграф – тэхніка будучыні. Да такой ступені, сказаў ён, што ўжо ствараюць адмысловую сістэму для караблёў. Аднак Флярэнтына Арыса не даў сябе ўгаварыць, і, нарэшце, капітан павёз яго, ды не так дзеля кампенсацыі за нескарыстаную каюту, як дзеля таго, што ведаў праўду пра Флярэнтынава дачыненне да Карыбскай параходнай кампаніі.

Зваротны шлях па рацэ ўніз заняў менш за шэсць дзён, і Флярэнтына Арыса адчуў сябе зноў дома, як толькі параход увайшоў на золку ў лагуну Міласэрнасці і ён угледзеў ланцужок агнёў з рыбацкіх каноэ, што калыхаліся на хвалях ад іхнага карабля. Яшчэ ў цемры яны кінулі якар за дзевяць марскіх ліг ад бухты ў лагуне Заблукалага Дзіцяці, якая была апошнім прыпынкам рачных параходаў, пакуль не прачысцілі драгамі дно былога іспанскага фарватэру. Пасажыры мусілі да шостай чакаць флатылію шлюпак, якія за грошы перапраўлялі на прычал. Але Флярэнтына Арыса быў так усхваляваны, што паплыў раней у паштовай лодцы, бо паштары прызналі ў ім свайго чалавека. Да таго, як пакінуць карабель, ён не ўстрымаўся ад сімвалічнага ўчынку – кінуў у ваду сваю ношку з пасцеллю і доўга сачыў за ёю: напачатку яна асвятлялася паходнямі рыбацкіх лодак, затым выплыла з лагуны і знікла ў акіяне. Флярэнтына Арыса верыў, што ношка тая не спатрэбіцца яму да скону, бо ён ніколі не з’едзе з горада Фэрміны Дасы.

Бухта на золку была ўвасабленнем спакою. Па-над туманам Флярэнтына Арыса ўбачыў купал кафедральнага сабора, пазалачоны першымі прамянямі сонца, галубятні на тэрасах, і, узяўшы іх за арыенцір, знайшоў балкон палаца маркіза Касальдуэры, дзе, як ён меркаваў, жанчына яго няшчасця яшчэ драмала, паклаўшы голаў на плячо спатоленага мужа. Гэтыя думкі ранілі душу, але ён не адганяў іх, а наадварот, атрымліваў асалоду ад болю. Сонца ўжо прыгравала, калі паштовая лодка праклала сабе шлях у лабірынце ветразнікаў, што стаялі на якары, дзе смурод ад гарадскога рынку змяшаўся ў адно з доннай цвіллю. Толькі што прыбыла шхуна з Рыёачы, і каманды грузчыкаў, стоячы па пояс у вадзе, прымалі пасажыраў з борта і неслі на руках да самага берага. Флярэнтына Арыса першым скочыў на зямлю з паштовай лодкі, і з тае пары больш не адчуваў смуроду бухты, а толькі непаўторны водар Фэрміны Дасы, дзе б ён ні быў у горадзе. Усё мела яе водар.

Ён не вярнуўся ў тэлеграфую кантору. Адзіным яго заняткам стала чытанне раманаў пра каханне і тамоў «Народнае бібліятэкі», якія маці працягвала набываць. Флярэнтына Арыса чытаў іх і перачытваў, лежачы ў гамаку, пакуль не вывучыў на памяць. Ён нават не спытаў, дзе скрыпка. Ён узнавіў кантакты з былымі прыяцелямі, часам гуляў у більярд альбо гутарыў з імі ў адкрытых кавярнях пад аркамі Кафедральнага пляца, але на суботнія танцы больш не хадзіў: не мог уявіць іх без яе.

У раніцу вяртання з няўдалай вандроўкі ён даведаўся, што Фэрміна Даса бавіць мядовы месяц у Еўропе, і яго агаломшанае сэрца нашэптвала яму, што яна застанецца жыць там, калі не назаўжды, дык на шмат гадоў. Гэтая ўпэўненасць выклікала першыя водбліскі спадзеву на забыццё. Ён думаў пра Расальбу, і гэты ўспамін гарэў у душы ўсё мацней, сцішаючы ўсе астатнія. Якраз пад той час ён адпусціў даўгія вусы з напамаджанымі закручанымі кончыкамі, і не расстаўся з імі да скону, вусы нібыта змянілі не толькі яго знешнасць, але і манеры, а думка пра замену кахання штурхнула яго ў нечаканым кірунку. Паступова водар Фэрміны Дасы развейваўся і, нарэшце, застаўся адно што ў белых гардэніях.

Ён жыў без мэты, не ведаючы, якім чынам працягваць жыццё, як аднойчы ўначы падчас вайны знакамітая Назарэцкая ўдава прыбегла, зляканая, і схавалася ў матчыным доме, бо ейны дом быў зруйнаваны гарматным стрэлам, калі генерал паўстанцаў Рыкарда Гайтан Абэса распачаў аблогу горада. Трансыта Арыса адразу скарысталася з сітуацыі і накіравала ўдаву ў спальню да сына, маўляў, у ейным пакоі няма месца, а насамрэч са спадзевам на тое, што каханне іншага кшталту вылечыць сына. Флярэнтына Арыса ні з кім не спаў пасля таго, як страціў цнатлівасць з Расальбай у каюце карабля, і яму здалося натуральным, каб у такую страшэнную ноч удава спала на ложку, а ён – у гамаку. Аднак яна вырашыла за яго. Прысеўшы на край ложка, дзе Флярэнтына Арыса ляжаў і ламаў голаў, куды б яму падзецца, яна распавяла пра несуцешнае гора па мужы, які памёр тры гады таму, і адначасова здымала з сябе і раскідвала ўкола сваю ўдовіну вопратку, пакуль не засталася нават без вясельнага пярсцёнка. Яна зняла блузку з тафты, вышытую бісерам, і кінула яе праз пакой на крэсла ў кутку. Яна адным рухам зняла доўгую сукенку з фальбонкамі, атласны пас з падвязкамі і шаўковыя панчохі жалобнага колеру, раскідаўшы ўсё па падлозе так, што пакой ператварыўся ў сапраўдны музей жалобнай вопраткі. Яна рабіла гэта з такім размахам, з такімі добра адмеранымі перапынкамі, што кожны яе рух супадаў з гарматнымі залпамі войска паўстанцаў, ад якіх трэсся ўвесь горад. Флярэнтына Арыса паспрабаваў дапамагчы з зачэпкай станіка, але яна апярэдзіла яго, бо за пяць гадоў шлюбнай вернасці навучылася абыходзіцца сама ў любоўных справах, нават падчас прэлюдыі. Нарэшце яна сцягнула з сябе карункавыя панталоны, і ад спрытнага апошняга руху, як у плаўчыхі, яны леглі каля ейных ног.

Ёй было дваццаць восем, нараджала яна тройчы, але яе цела заставалася бы некранутым, як у дзяўчыны. Флярэнтына так ніколі й не зразумеў, як гэтая пакаянная вопратка магла схаваць няўрымслівую сілу незацуглянай маладой кабылкі, якая распранула яго, задыхаючыся ад уласнага запалу, чаго ніколі не дазваляла сабе з мужам, каб ён не ўважаў яе за крутлю. Тут жа яна паспрабавала адзіным прыступам спатоліць прагу ад жалобнага ўстрымання і доўгіх пяці гадоў бездакорнае шлюбнае вернасці. З таго моманту, як маці яе нарадзіла, і да гэтае ночы яна ніколі не ляжала побач ні з адным мужчынам, за выняткам нябожчыка мужа.

Яна не дазволіла сабе крывадушнага каяння. Наадварот. Вогненныя снарады бзычэлі над дахамі і не давалі спаць, таму яна да самага золку ўзгадвала добрым словам незабыўнага мужа, і толькі за адну здраду яна наракала на яго – за тое, што памёр адзін, не з ёю, – і яна даравала яму гэта, бо ніколі муж так не належаў ёй, як з тае пары, калі апынуўся ў забітай дванаццацю трохцалевымі цвікамі труне на глыбіні двух метраў пад зямлёю.

– Я шчаслівая, – сказала яна, – бо толькі цяпер я дакладна ведаю, дзе ён, калі яго няма дома.

Той ноччу яна скінула з сябе жалобу адным махам, без нудных пераходных перыядаў з блузкамі ў шэрую кветку, і жыццё падхапіла яе спевамі пра каханне ды пярэстай вопраткай з папугаямі ды матылькамі, і яна аддавалася ўсім, хто не ленаваўся папрасіць. Пасля шасцідзесяці трох дзён аблогі войска генерала Гайтана Абэса было разбітае, тады яна аднавіла зруйнаваны гарматным стрэлам дом і збудавала гожую тэрасу над берагавымі стромамі, каля якіх падчас шторму асабліва шалелі марскія хвалі. Гэта было яе любоўнае гняздо, так яна без дробкі іроніі называла тэрасу, дзе прымала толькі тых, хто быў ёй даспадобы, калі хацела і як хацела, ні ад каго не брала ані шэлегу, бо лічыла, што гэта мужчыны рабілі ёй ласку. Адно што ў выключных выпадках яна прымала які-небудзь падарунак, абы толькі не золата, і абстаўляла ўсё так, што ніхто не змог бы абвінаваціць яе ў непрыстойных паводзінах. Толькі аднойчы яна апынулася на мяжы публічнага скандалу. Тады прайшлі чуткі пра тое, што арцыбіскуп Дантэ дэ Люна памёр не выпадкова, з’еўшы порцыю атрутных грыбоў, а з’еў іх наўмысна, бо яна, маўляў, прыгразіла, што перарэжа сабе горла, калі ён не спыніць свае святатацкія заляцанні. Ніхто не спытаў яе, ці праўда гэта, ніколі больш яна не ўздымала гэтае тэмы, нічога яна не змяніла ў сваім жыцці. Коцячыся ад смеху, яна казала, што з’яўляецца адзінай вольнай жанчынай ва ўсёй правінцыі.

Назарэцкая ўдава заўжды прыходзіла на нячастыя сустрэчы з Флярэнтына Арысам, нават калі была дужа занятая, і не прэтэндавала на тое, каб кахаць альбо быць каханай, хоць штораз спадзявалася знайсці штосьці падобнае на каханне, але без праблем, якія спадарожнічалі каханню. Часам ён прыходзіў да яе дамоў, і ім падабалася сядзець разам на тэрасе, каб мора абдавала іх салёнай пенай, пакуль яны глядзелі на золак над светам каля далёкага гарызонту. Ён намагаўся навучыць яе тым рэчам, якія назіраў праз замочныя шчыліны ў матроскім гатэлі, а таксама пра якіх даведаўся праз тэарэтычныя настаўленні Лятарыя Тугута. Ён прывучыў яе не саромецца кахання, мяняць абрыдлую місіянерскую позу на позу марскога ровара, альбо куркі на верцяле, альбо чацвертаванага анёла, і яны ледзь не разбіліся ўшчэнт, калі лопнулі мацавальныя вяроўкі гамака, у якім яны спрабавалі прыдумаць штосьці новае. Але гэтыя заняткі не прыносілі плёну. Яна была адважнай вучаніцай, аднак была цалкам пазбаўленая здольнасці накіроўваць свае эратычныя фантазіі ў неабходнае рэчышча. Яна так і не ўцяміла, як можна сур’ёзна ставіцца да сэксуальных практыкаванняў, не ведала натхнення, яе аргазмы былі заўчаснымі і кволымі: адным словам, вартая жалю валтузня. Флярэнтына Арыса вельмі доўга жыў у падмане, упэўнены, што ён у яе адзін, і ёй была прыемная гэтая вера, пакуль аднойчы яна не загаварыла ў сне. Паступова, прыслухоўваючыся да ейнага мармытання, ён збіраў па фрагментах навігацыйную мапу яе сноў, каб плаваць сярод мноства выспаў яе патаемнага жыцця. Тады ён дазнаўся, што яна і не мела намеру выйсці за яго замуж, але адчувала сябе звязанай з ім бязмернай удзячнасцю за тое, што ён яе разбэсціў. Часцяком яна паўтарала:

– Я люблю цябе, бо ты зрабіў з мяне курву.

Папраўдзе, яна не была далёкая ад праўды. Флярэнтына Арыса пазбавіў яе цнатлівасці бязрадаснага шлюбу, больш шкоднага, чым прыродная цнота альбо ўдовіна ўстрыманне. Ад яго яна засвоіла, што ў ложку няма чаго саромецца, калі гэта падсілкоўвае каханне. І яшчэ тое, што сталася сэнсам яе жыцця: ён пераканаў яе, што чалавеку лёсам наканавана вызначаная колькасць жыццёвай энергіі, а не ажыццёўленая з уласнай ці чужой віны любоў губляецца назаўсёды. Ейная заслуга палягала ў тым, што яна зразумела яго літаральна. Флярэнтына Арыса думаў, што ведае яе лепш за ўсіх, і таму не мог уцяміць, скуль такі вялікі попыт на жанчыну з інфантыльным норавам, якая, да таго ж, у ложку няспынна жалілася, як яна гаруе па мужу-нябожчыку. Ён знайшоў толькі адно тлумачэнне, якога ніхто не здолеў аспрэчыць: Назарэцкая ўдава назапасіла зашмат пяшчоты, што кампенсавала брак баявога запалу. Яны сталі сустракацца ўсё радзей з цягам таго, як яна пашырала кола палюбоўнікаў, а ён выведваў сваё, прагнучы пазбавіцца пакутаў у іншых разбітых сэрцах, і, нарэшце, яны забылі адно аднаго без болю.

Гэта была першая фізічная любоў Флярэнтына Арысы. Аднак замест таго, каб імкнуцца да трывалае сувязі, як марыла маці, абое скарысталіся момантам інакш: адштурхнуліся і нырнулі ў жыццё. Флярэнтына Арыса стварыў метады, якія здаваліся неверагоднымі для такога чалавека, як ён, замкнёнага ды хударлявага, ды, апрача таго, апранутага, як старасвецкі дзед. Але ён карыстаўся дзвюма перавагамі. Адна з іх – трапнае вока: ён адразу распазнаваў жанчыну, якая чакала яго, няхай сабе ў натоўпе, ён не зважаў на гэта, заляцаючыся да яе з асцярогай, бо ведаў, нішто не спрычыняе большага сораму і знявагі, чым адмова. Другой перавагай было тое, што распазнаныя трапным вокам жанчыны імгненна вызначалі яго як самотнага чалавека, якому бракуе любові, як вулічнага шукальніка кахання, які мог любіць іх бязмежна, з пакораю бітага сабакі, што нічога не прасіў, жанчыны нічога не чакалі ад яго і былі задаволеныя тым, што зрабілі яму прыемную ласку. Ён быў узброены толькі гэтым, з гэтай зброяй ён і ўступаў у гістарычныя баталіі, захоўваючы абсалютную таямніцу праз скрупулёзную шыфраваную рэгістрацыю ў сшытку, які адрозніваўся ад іншых сваім красамоўным назовам: «Яны». Першы запіс ён зрабіў пасля сустрэчы з Назарэцкай удавой. Цераз пяцьдзясят гадоў, калі Фэрміна Даса вызвалілася ад святых шлюбных абавязкаў, у яго назапасілася дваццаць пяць сшыткаў, якія ўтрымлівалі шэсцьсот дваццаць два запісы пра ўстойлівыя любоўныя прыгоды, і гэта без заліку мноства імгненных эпізодаў, якія не заслужылі і кароткага спагадлівага запісу.

Пасля шасці месяцаў неўтаймоўнай любові да Назарэцкай удавы сам Флярэнтына Арыса прыйшоў да высновы, што ён дасягнуў мэты – пазбыўся разбуральнае тугі па Фэрміне Дасе. Флярэнтына Арыса нават неаднойчы казаў пра гэта маці за тыя амаль два гады, што доўжылася вясельная вандроўка. Ён працягваў верыць у гэта з пачуццём бязмежнай свабоды, пакуль раптоўна не заўважыў каханай адной нешчаслівай нядзеляй без якога-кольвек прадчування ў сэрцы. Яна выходзіла з кафедральнага сабора пасля імшы пад руку з мужам сярод ухвальных водгукаў новага асяроддзя і пад цікаўнымі позіркамі натоўпу. Тыя самыя высакародныя дамы, што напачатку зневажалі і кпілі з яе, як з бязроднае выскачкі, цяпер са скуры вылузваліся, каб яна адчувала сябе сваім чалавекам сярод іх, і проста п’янелі ад яе чараў. Яна прыняла становішча велікасвецкае жонкі з такой годнасцю, што Флярэнтына Арысу давялося на імгненне засяродзіцца, бо з першага погляду ён не пазнаў яе. Яна была іншай: манеры дарослай жанчыны, высокія абцасы, капялюш з вэлюмам і каляровым пяром якойсьці ўсходняй птушкі, – усё ў ёй было іншым і адначасна натуральным, нібыта такой яна нарадзілася. Ён знайшоў яе прыгожай і маладой, але далёкай ад яго, як ніколі, і не ўцяміў прычыны, пакуль не прасачыў лінію жывата пад шаўковай тунікай: яна была на шостым месяцы цяжарнасці. Аднак галоўнае ўражанне прынесла тое, што яны з мужам складалі цудоўную пару, абое трымаліся на людзях з лёгкасцю, нібыта плылі па-над рыфамі рэальнасці. Флярэнтына Арыса не адчуў рэўнасці ці злосці, а толькі глыбокую пагарду да сябе самога. Ён адчуў, што сам – бедны, брыдкі, нізкі і нягодны ні для яе, ні для любой іншай жанчыны на свеце.

Такім чынам, яна вярнулася. І вярнулася без аніводнай прычыны, каб скардзіцца на паварот лёсу, асабліва пасля таго, як быў адолены цяжкі шлях першых гадоў сужыцця. І гэта было тым больш ухвальна таму, што яна дажыла да вясельнае ночы ў тумане цнатлівасці. Фэрміна Даса пачала губляць яе падчас вандроўкі па роднай правінцыі з кузінай Ільдэбрандай. У Вальедупары яна, нарэшце, уцяміла, чаму пеўні ганяюцца за курамі, прысутнічала пры жорсткай злучцы аслоў, бачыла, як нараджаюцца цяляты, а яшчэ чула, як кузіны без сарамлівасці размаўлялі пра тое, якія пары ў вялізным сямействе яшчэ займаюцца любоўю, а якія калі і чаму перасталі, хоць працягвалі жыць разам. Вось тады яна зведала задавальненне ад любові ў самоце з дзіўным адчуваннем, што нібыта адкрывае тое, што інстынктыўна ведала заўжды. Напачатку ў пасцелі, стаіўшы подых, каб пра гэта не здагадваліся ў спальні, дзе начавалі з паўтузіна кузінаў, а затым – у дзве рукі, раскінуўшыся з распушчанымі валасамі на падлозе ваннага пакоя і выпальваючы пасля першыя тонкія цыгаркі. Яна заўжды займалася гэтым са згрызотамі сумлення, якія пакінулі яе толькі пасля шлюбу, і заўжды ўпотайкі, а ейныя кузіны выхваляліся не толькі тым, колькі разоў за дзень яны займаліся гэтым, а й дзяліліся, якою была форма і працягласць аргазмаў. Аднак, нягледзячы на чароўнасць тых пачатковых рытуалаў, яна працягвала ўпарта верыць, што страта цнатлівасці – гэта жудасная крывавая ахвяра.

Такім чынам, яе вяселле, адно з самых шумных пры канцы мінулага стагоддзя, мінулася для яе як пярэдадзень жаху. Адчай перад шлюбнай вандроўкай яна перажыла вастрэй за скандал у грамадстве праз шлюб з першым па рангу жаніхом тых гадоў. З тае пары, як падчас імшы ў кафедральным саборы было абвешчана пра іх шлюб, Фэрміна Даса зноў пачала атрымліваць ананімныя допісы, у якіх пагражалі смерцю, але амаль не заўважала іх, бо ўвесь жах, на які яна была здольная, засяродзіўся на немінучай перспектыве быць згвалчанай. Гэта была слушная, хоць і міжвольная рэакцыя на ананімкі ў асяродку, звыклым схіляць галаву перад здзейсненымі фактамі. Так што ўсё, што было супраць яе, пераходзіла на ейны бок, калі стала вядомым, што вяселле адбудзецца і што гэта непазбежна. Яна прыкмеціла паступовыя змены ў стаўленні бледных жанчын, што пакутавалі ад артрытаў і крыўдаў, яны раптам пераконваліся ў марнасці ўласных фанабэрлівых інтрыг і з’яўляліся без папярэджання ў доме каля Евангельскага скверыка з перадвясельнымі падарункамі і кучай кулінарных рэцэптаў. Трансыта Арыса добра ведала той свет, хоць упершыню пакутавала з-за яго асабіста. Яна ведала, што яе кліенткі пачыналі прыходзіць да яе напярэдадні вялікіх святаў, і ласкава прасілі, каб яна адкапала свае збаны і выдала ім закладзеныя каштоўнасці ўсяго на дваццаць чатыры гадзіны за дадатковыя працэнты. Аднак даўно такога не здаралася. Збаны пусцелі адзін за адным, і дамы з доўгімі арыстакратычнымі прозвішчамі пакідалі свае змрочныя церамы, каб вярнуцца ў бляску ўласных, але закладзеных каштоўнасцяў, бо былі запрошаныя на самае слыннае вяселле канца стагоддзя. Самай галоўнай навіной было тое, што пасаджаным бацькам меўся стаць доктар Рафаэль Нуньес, тройчы абраны прэзідэнт рэспублікі, філосаф, паэт і аўтар тэксту нацыянальнага гімна, як пра яго можна было прачытаць на старонках новых энцыклапедый. Фэрміна Даса падышла да алтара пад руку з бацькам, якому ўрачысты гарнітур надаў на адзін дзень зманліва рэспектабельны выгляд. Яна пайшла пад вянец навечна перад галоўным алтаром кафедральнага сабора на імшы, якую правілі тры біскупы аб адзінаццатай раніцы ў пятніцу перад Сёмухай, пайшла без адзінае думкі пра Флярэнтына Арысу, які ў той час пакутаваў ад жару, паміраючы праз яе, бо так і не здолеў дасягнуць забыцця. Падчас цырымоніі і потым, на вяселлі, яна захоўвала ўсмешку, нібыта намаляваную свінцовымі бяліламі, у якой не было і ценю душэўнай радасці, што некаторыя госці зразумелі як кплівы выраз перамогі. Насамрэч гэта быў бездапаможны спосаб, як схаваць жах перад тым, што чакае толькі што пашлюбаваную дзяўчыну. На шчасце, нечаканыя абставіны ды разуменне з боку мужа дазволілі ёй правесці першыя тры ночы без болю. Лёс быў літасцівы да яе. Камандзір карабля Генеральнай Трансатлантычнай кампаніі, выбітага з графіку дрэнным надвор’ем у Карыбскім моры, толькі за тры дні абвясціў, што паскарае адплыццё на дваццаць чатыры гадзіны. Так што яны адплывалі ў Ля-Рашэль не на наступны дзень пасля вяселля, як было прадугледжана за шэсць месяцаў, а ў святочную ноч. Усе госці паверылі, што паскоранае адплыццё – усяго толькі адна з мноства экстравагантных неспадзяванак слыннага вяселля, бо свята завершылася апоўначы на борце трансатлантычнага карабля пры поўнай ілюмінацыі, з венскім аркестрам, які выконваў у часе вандроўкі найноўшыя вальсы Ёгана Штрауса. Вось і некаторых гасцей, што перабралі шампанскага, пацягнулі да пірса раззлаваныя жонкі, калі яны пачалі распытваць афіцыянтаў, ці няма вольных кают, каб гульнуць да самага Парыжа. Апошнім высадзіўся Лярэнса Даса ў разадраным фраку. Ён плакаў на ўвесь голас, як арабы аплакваюць сваіх нябожчыкаў, седзячы каля партовых тавернаў проста пасярод вуліцы ў вялізнай смуроднай лужыне, якая магла б быць лужынай ягоных слёз.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю