Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 26 страниц)
Флярэнтынава драма падчас ягонай працы пісарам у Карыбскай параходнай кампаніі палягала ў тым, што ён не здолеў пазбегнуць лірызму ў лістах, бо бясконца думаў пра Фэрміну Дасу ды так і не навучыўся пісаць, не думаючы пра яе. Пазней, калі яго пераводзілі на іншыя пасады, каханне так поўніла душу, што ён не ведаў, куды яго падзець, і дарыў яго непісьменным каханым, – бясплатна выводзіў за іх любоўныя пасланні каля Натарыяльнае брамы. Ён ішоў туды пасля працы. Скідаў сурдут і акуратна вешаў яго на спінцы крэсла, насоўваў нарукаўнікі, каб не запэцкаць кашулю, расшпільваў камізэльку, каб лягчэй думаць, і часам да глыбокае ночы ўздымаў дух бездапаможным людзям звышкранальнымі лістамі. Часцяком падыходзілі да яго ці то бедная жанчына, у якой былі праблемы з сынам, ці то ветэран вайны, які настойліва патрабаваў выплаты пенсіі, ці то чалавек, якога абакралі і які хацеў паскардзіцца ўладам, але як ні імкнуўся Флярэнтына Арыса, ён не здолеў дапамагчы ім – ён умеў выкарыстоўваць у мэтах пераканання каго-кольвек толькі форму любоўнага ліста. Ён нават нічога не пытаўся ў новых кліентаў, яму досыць было пабачыць бялкі іхных вачэй, каб пранікнуцца іх станам і пачаць запаўняць аркуш за аркушам неўтаймаваным каханнем, прытрымліваючыся вернай формулы: пісаць, думаючы пра Фэрміну Дасу, і толькі пра яе. Дзесьці праз месяц яму давялося ўвесці папярэдні запіс, інакш ён бы патануў у замовах на лісты.
Найпрыемнейшы ўспамін тае пары застаўся ад вельмі баязлівай, зусім маладзенькай дзяўчыны – яна, дрыжучы ад страху, папрасіла напісаць адказ на толькі што атрыманы ліст, які нельга было пакінуць без адказу, і Флярэнтына Арыса пазнаў па почырку, што ён сам склаў гэты ліст напярэдадні ўвечары. Ён адказаў у іншым стылі, сугучна эмоцыям і веку дзяўчыны, а таксама патрэбным почыркам, бо навучыўся мяняць почырк адпаведна сітуацыі і характару кожнага кліента. Ён склаў ёй ліст, уяўляючы, што гэтак бы адказвала Фэрміна Даса, калі б кахала яго так, як кахае свайго кавалера гэтая безабаронная дзяўчына. Праз два дні, зразумела, ён мусіў складаць ліст жаніха з почыркам, стылем і той ступенню кахання, якія ён яму прыпісаў у першым лісце, і вось так ён аказаўся ўцягнутым у палкую перапіску з самім сабой. Не мінуў і месяц, як абое паасобку прыйшлі аддзячыць яму за прапанову ў лісце жаніха, якая была прынятая з радасцю ў адказе дзяўчыны: яны збіраліся ажаніцца.
Толькі калі ў іх нарадзілася дзіця, у выпадковай гутарцы яны выявілі, што іхныя лісты былі напісаны адным пісарам, і ўпершыню прыйшлі разам да Натарыяльнае брамы, каб прасіць яго стацца хросным бацькам немаўляці. Флярэнтына Арыса прыйшоў у такое захапленне ад практычнай рэалізацыі ягонай мары, што знайшоў неяк час і напісаў «Дапаможнік для закаханых». Вядома, ён напісаў больш паэтычна і дэталёва за тыя брашуры, якія тады прадавалі на кожным рагу за дваццаць сентава, і якія амаль увесь горад ужо ведаў на памяць. Ён прывёў да ладу ўяўныя сітуацыі, у якіх маглі аказацца Фэрміна Даса і ён, і для кожнай з іх напісаў некалькі ўзораў і мажлівыя альтэрнатыўныя адказы. Нарэшце, ён сабраў каля трох тысяч аркушаў у трох тамах, таўстых, як слоўнік Каваруб’яса, але ніводзін выдавец горада не рызыкнуў іх надрукаваць, так што твор апынуўся недзе на гарышчы з іншымі паперамі былых часоў. Трансыта Арыса рашуча адмовілася адкопваць збаны і пусціць на вецер тое, што ашчаджала ўсё жыццё, дзеля недарэчнага выдавецкага шаленства. Шмат гадоў пазней, калі Флярэнтына Арыса меў уласныя сродкі на выданне трохтомніка, ён з горыччу даведаўся, што лісты кахання ўжо выйшлі з моды.
Пакуль ён рабіў першыя крокі ў Карыбскай параходнай кампаніі ды задарма пісаў лісты каля Натарыяльнае брамы, сябры юнацтва ўжо былі ўпэўненыя, што гублялі яго паступова, але беззваротна. Так яно і было. Па вяртанні з незабыўнай рачной вандроўкі ён яшчэ бачыўся з некаторымі сябрамі са спадзевам, што неяк з іх дапамогай згасіць успамін пра Фэрміну Дасу. Ён гуляў з імі ў більярд, хадзіў на свае апошнія танцы, аддаваўся азарту, калі дзяўчаты разыгрывалі яго ў латарэю, займаўся ўсім, што здавалася добрым сродкам, каб зноўку стацца тым, кім ён быў. Пазней, калі дзядзька Леон XII прызначыў яго на пасаду працаўніка кампаніі, ён стаў гуляць у даміно з калегамі па працы ў Камерцыйным клубе, і яны пачалі прызнаваць у ім свайго чалавека, – ён ужо гаварыў толькі пра справы навігацыйнага прадпрыемства і называў яго не поўнай назвай, а толькі абрэвіятурай: КПК. Ён змяніў нават рэжым харчавання. Да тае пары за сталом ён быў абыякавым і неразборлівым, а тут стаў прытрымлівацца ўмеранай і суворай дыеты, і не парушыў яе ажно да скону: кубак кавы на сняданак, порцыя рыбы з рысам на абед, кава з малаком і кавалкам сыру на вячэру. Каву піў ён у любы час, у любым месцы і пры розных абставінах, да трыццаці філіжанак за дзень: гэта быў настой, падобны на сырую нафту, ён гатаваў яе асабіста і трымаў пад рукою ў тэрмасе. Ён змяніўся, насуперак свайму намеру і жаданню захавацца такім, якім быў да смяротнага правалу ў каханні.
I сапраўды, ніколі ўжо яму не было суджана вярнуцца да таго нявіннага стану. Фэрміна Даса так і заставалася адзінай мэтай яго жыцця, і ён быў так упэўнены, што рана ці позна яны будуць разам, што падгаварыў Трансыту Арысу працягваць узнаўленне дома, каб ён быў гатовы да таго, каб прыняць яе ў любы момант, як толькі адбудзецца цуд. І маці зрэагавала не так, як на прапанову выдання «Дапаможніка для закаханых», тут Трансыта Арыса зайшла вельмі далёка: набыла дом у растэрміноўку і пачала поўную рэканструкцыю. Яны зрабілі гасцёўню там, дзе была спальня, збудавалі на другім паверсе адну спальню для шлюбнае пары і другую – для меркаваных дзяцей, абедзве даволі вялікія і светлыя, а на тым месцы, дзе колісь месцілася тытунёвая фабрыка, разбілі вялізны сад з рознымі відамі ружаў – ім Флярэнтына Арыса прысвячаў свой час на золку. У знак пашаны да мінулага рамонтам не зачапілі памяшканне галантарэйнай крамы. За перагародкай, дзе спаў Флярэнтына Арыса, захавалі назаўсёды нацягнуты гамак і вялікі стол, завалены кніжкамі, але ён перасяліўся на другі паверх, у пакой, які меркаваўся пад шлюбную спальню. Гэта быў найвялікшы і найсвяжэйшы пакой у доме, з выхадам на ўнутраную тэрасу, дзе было прыемна бавіць час увечары, бо там адчуваліся ласкавы марскі брыз і водар ружаў, пакой таксама адпавядаў суворым адносінам Флярэнтына Арысы да рэчаў. Шурпатыя сцены былі пабеленыя, з мэблі ён пакінуў турэмную койку, начны столік са свечкай у бутэльцы, старую шафу і рукамыйнік са збанам і тазам.
Работы па аднаўленні цягнуліся амаль тры гады, а іх заканчэнне супала з бурлівым эканамічным уздымам горада, які адбыўся, дзякуючы пашырэнню рачнога руху і транзітнага гандлю, фактараў, якія падтрымлівалі яго веліч у каланіяльныя часы, і праз больш чым два стагоддзі ператварылі яго ў браму Амерыкі. Але менавіта тады Трансыта Арыса адчула першыя сімптомы невылечнай хваробы. Яе даўнія кліенткі састарэлі, пабляклі, сталі з гадамі больш слізкімі, і Трансыта Арыса, якая мела справы з імі паўжыцця, не пазнавала іх альбо блытала разлікі з імі. Гэта стала важкай перашкодай для іх адносінаў, якія складаліся гадамі, бо, захоўваючы ўласны і чужы гонар, яны не падпісвалі ніякіх папер, давалі і прымалі слова гонару як дастатковую гарантыю. Напачатку ёй здалося, нібыта яна глухне, аднак неўзабаве высветлілася, што гэта кропля за кропляй выцякае памяць. Так што яна спыніла прадпрымальніцтва, а грошай у збанах хапіла, каб скончыць рамонт дома і набыць мэблю, апрача таго, у яе захаваліся найдаражэйшыя антыкварныя каштоўнасці горада, бо іх уладальнікі не мелі сродкаў, каб іх выкупіць.
Флярэнтына Арысу давялося тады вырашаць шмат праблем, якія накінуліся на яго адначасна, аднак ён не спыніў, а, хутчэй, памножыў прыгоды патаемнага паляўнічага. Пасля досведу з Назарэцкай удавой, якая адкрыла яму шлях да блуднай любові, ён працягваў паляваць на сіроцкіх начных птушак на працягу некалькі гадоў, усё яшчэ сілкуючы спадзеў на суцяшэнне без каханай Фэрміны Дасы. Аднак з часам ён ужо не мог сказаць пра сваю звычку, што яна склалася як безвыходная патрэба душы ў нудоце. Ён усё радзей наведваў матроскі гатэль, не столькі таму, што той яго больш не вабіў, як праз усведамленне, што рызыкуе быць пазнаным пры пікантных абставінах. Аднак у трох тэрміновых выпадках ён звярнуўся да сродку, так ужыванага ў іншай, не пражытай ім эпосе: пераапранаў у мужчынскае сябровак, якія баяліся трапіць каму-кольвек на вочы, і ўваходзіў з імі ў гатэль, удаючы начных гулякаў. Аднак, прынамсі, двойчы хтосьці заўважыў, што ён з прыяцелем ішоў не ў бар, а ў асобны пакой, і ўжо даволі падарваная рэпутацыя Флярэнтына Арысы атрымала апошні ўдар. Нарэшце, ён кінуў хадзіць у гатэль, і калі зрэдчас гэта здаралася, дык не дзеля таго, каб адвесці душу, а наадварот, каб знайсці прытулак і адпачыць ад шалёных амураў.
Ледзь пакінуўшы кантору а пятай вечара, ён пачынаў аблётваць тэрыторыю, як ястраб-куракрад. Напачатку задавальняўся тым, што прапаноўвала ноч. Ён знаёміўся з прыслужніцамі ў парках, мурынкамі на рынку, франтаватымі модніцамі на пляжах, амерыканкамі з нью-арлеанскіх параходаў. Ён вёў іх да прыбярэжных скал, дзе з заходам сонца паўгорада займалася тым жа, вёў іх куды мог, а часам і куды не мог, бо нярэдка выпадала забягаць у змрочны пад’езд і рабіць гэта як-небудзь за дзвярыма.
Маяк заўсёды заставаўся надзейным прытулкам, ён з настальгіяй згадваў яго ўжо ў старасці, калі падобныя праблемы засталіся ззаду, бо тое было месца, нібы знарок створанае для шчасця, асабліва ўначы, і ён нават думаў тады, што пэўная эманацыя ягонага кахання абавязкова мусіла перадавацца маракам з кожнай успышкай маяка. Так што ён па-ранейшаму з’яўляўся на маяку часцей, чым дзе-кольвек, і ягоны сябра, даглядчык маяка, прымаў яго з задавальненнем і пры гэтым рабіў выгляд апошняга дурня, што больш за ўсё супайковала пужлівых птушак. Каля маяка стаяла хаціна, літаральна на краю скалы, аб якую біліся і з грукатам разбіваліся хвалі. Там любошчы былі больш працінальнымі, бо прымалі адценне крушэння ў адкрытым моры. Аднак пасля першае ночы Флярэнтына Арыса аддаў перавагу вежы маяка, бо адтуль быў відзён увесь горад, агні рыбацкіх лодак у моры і нават святло аддаленых багнаў.
Да тае эпохі адносяцца спрошчаныя Флярэнтынавы тэорыі пра сувязь фізічных дадзеных жанчыны з яе любоўнымі здольнасцямі. Ён пазбягаў жанчын пачуццёвага тыпу, якія нібыта былі гатовыя праглынуць жыўцом хоць каймана, але ў ложку зазвычай былі найбольш пасіўнымі. Ягоны тып быў супрацьлеглы: ён любіў хударлявых жабак, якім ніхто з мужчын не глядзеў услед. Ад іх нічога не заставалася, калі яны распраналіся, і аж слёзы прабіралі – так храбусцелі іхныя косці пры першым кантакце, аднак яны якраз і маглі вытрыбушыць ушчэнт ды выкінуць у сметніцу вантробы любога балбатуна, што хваліўся сваімі перамогамі. Флярэнтына Арыса пачаў было запісваць свае папярэднія назіранні дзеля таго, каб скласці практычны дадатак да «Дапаможніка для закаханых», але праект напаткаў лёс асноўнага рукапісу, калі Аўсэнсія Сантандар, якая, бы старая мудрая сучка, раздзерла яго, расшкуматала, паставіла дагары нагамі, падкінула, апусціла ды наноў нарадзіла, рыхтык як немаўля, разбіла ўшчэнт усе тэарэтычныя высновы і навучыла Флярэнтына толькі таму, што трэба ведаць для кахання: мудрэй за жыццё нічога не прыдумаеш.
Аўсэнсія Сантандар жыла ў шлюбе дваццаць гадоў, нарадзіла трох дзетак, якія таксама перажаніліся і займелі дзяцей, так што яна ганарліва лічыла сябе найлепшай у ложку бабуляй. Ніхто дакладна не ведаў, ці яна кінула мужа, ці ён кінуў яе, а мо абое кінулі адно аднаго, калі ён сышоў да сваёй сталай палюбоўніцы, а яна адчула свабоду прымаць адкрыта, праз парадныя дзверы капітана рачнога парахода, якога звалі Расэнда дэ ля Роса, – датуль яна шмат разоў пускала яго ўначы праз чорны ход. Якраз капітан і прывёў да яе Флярэнтына Арысу.
Капітан запрасіў яго на абед і прынёс з сабою абплеценую бутлю самагонкі і інгрэдыенты найвышэйшага гатунку для славутага санкоча[19], якое магчыма было прыгатаваць толькі з тлустай кураціны, пяшчотнай цяляціны, мяса вепрука, які добра паваляўся ў сялянскім хляве, і цудоўнай гародніны з надрэчных сёлаў. Аднак Флярэнтына Арыса з першага моманту быў не ў такім захапленні ад выдатных страў ці ад пышных формаў гаспадыні, як ад прыгажосці яе дома. Яму даспадобы быў дом, светлы і свежы, з чатырма вялізнымі вокнамі, якія выходзілі да мора і, з двара, на старое места. Спадабаліся дзівосныя рэчы, якія надавалі гасцёўні незвычайны і адначасна суворы выгляд, з усімі рамеснымі сувенірамі, якія капітан Расэнда дэ ля Роса прывозіў з кожнай вандроўкі да тае пары, пакуль у доме заставалася вольнае месца. На тэрасе з краявідам на мора сядзеў на абручы малайскі какаду з неверагодна белым пер’ем і такім засяроджаным спакоем, што было над чым задумацца. Гэта была найпрыгажэйшая птушка, якую калі-небудзь бачыў Флярэнтына Арыса.
Капітан Расэнда дэ ля Роса ўзрадаваўся радасці свайго госця і падрабязна распавёў яму гісторыю кожнае рэчы. Апавядаючы, ён піў самагон маленькімі, але частымі глыткамі. Стваралася ўражанне, што гэты гігант быў створаны з жалезабетона: вялізны, увесь пакрыты валасамі, за выключэннем галавы, з вялікім, як пэндзаль маляра, вусам, непаўторным голасам партовае лябёдкі і надзвычайнай ветлівасцю. Але не было чалавека на свеце, здольнага піць, як ён. Да таго, як сесці за стол, ён выжлукціў палову бутлі і раптам з грукатам абрынуўся ніцма на паднос, на якім Аўсэнсія Сантандар падавала напоі і кубкі. Аўсэнсія Сантандар была вымушаная папрасіць дапамогі, і яны разам пацягнулі нерухомае цела кіта-небаракі ды распранулі яго, бо ён ужо спаў. Потым, у парыве натхнення, за які Аўсэнсія Сантандар і Флярэнтына Арыса былі ўдзячныя ўдаламу раскладу зораў нябесных, яны распрануліся ў суседнім пакоі, не дамаўляючыся, без найменшага намёку на што-кольвек альбо намеру, і працягвалі распранацца на працягу доўгіх сямі гадоў і калі толькі маглі, то бок, калі капітан быў у плаванні. Рызыкі раптоўных прыходаў не было, бо капітан меў добрую марацкую звычку і заўсёды папярэджваў пра вяртанне ў родны порт гудком парахода, нават на золку: напачатку трыма доўгімі рыкамі для жонкі з дзевяццю дзецьмі, а потым двума перарывіста меланхалічнымі – для палюбоўніцы.
Аўсэнсіі Сантандар было пад пяцьдзясят, і гэта заўважалася, але ў яе быў развіты выдатны любоўны інстынкт, і не існавала ні саматужных, ні навуковых тэорый, каб прытупіць яго. Паводле графіка руху караблёў Флярэнтына Арыса ведаў, калі мог яе праведаць, і з’яўляўся без папярэджання ў любы час удзень ці ўначы, і не было выпадку, каб яна яго не чакала. Яна адчыняла яму дзверы, як бегала ў матчыным доме да сямі гадоў: зусім аголенай і з газавым банцікам на галаве. Яна не давала яму ступіць ні кроку, пакуль не здымала з яго вопратку, бо цвёрда верыла, што апрануты мужчына ў доме прыносіць няшчасце. Гэта выклікала частыя спрэчкі з капітанам Расэнда дэ ля Росам, бо той верыў прымхам і быў упэўнены – паліць аголеным не да дабра, таму любіў пачакаць з мілаваннем, толькі б не затушыць нязменную кубінскую цыгару. Флярэнтына Арыса аддаўся радасцям аголенасці. Яна здымала з яго вопратку з вялікім задавальненнем. Толькі зачыніўшы дзверы, яна не давала яму часу нават для вітання, для таго, каб зняць капялюш і акуляры, пачынала цалаваць яго ўсюды, прымаючы шпаркія пацалункі ў адказ, расшпільваючы гузікі знізу ўгору. Напачатку – гузікі прарэхі, за кожны гузік – пацалунак, потым – папругу, а пры канцы – камізэльку і кашулю, пакуль ён не заставаўся, як жывая растрыбушаная рыбіна. Потым яна саджала яго ў залі і здымала з яго боты, цягнула за калашыны, каб скінуць штаны разам з кальсонамі, што даходзілі да шчыкалатак, вызваляла эластычныя падвязкі на лытках і скідала шкарпэткі. Тады Флярэнтына Арыса спыняў пацалункі, каб зрабіць адзінае, што заставалася пры традыцыйнай цырымоніі: здымаў ланцужок кішэннага гадзінніка з камізэлькі, здымаў акуляры і клаў гэтыя рэчы ў боты, каб быць упэўненым, што не забудзе іх. Ён заўсёды без выключэння рабіў так, калі распранаўся ў чужым доме.
Як толькі ён завяршаў цырымонію, яна накідвалася на яго без секунды чакання на той самай канапе, дзе толькі што распранала, і толькі зрэдчас – на ложку. Яна падкладвалася пад яго, авалодвала ім для сябе, замкнёная ў сваіх пачуццях, рухаючыся навобмацак па ўнутранай цемры, наступала, адступала, мяняла нябачны курс у пошуках іншага, больш слушнага шляху, каб не пацярпець крушэння на беразе ўласнага ўлоння. Яна пыталася сама ў сябе і адказвала чмяліным палётам мясцовага дыялекту дзесьці ў змроку. Так, яна ўсё гэта ведала і хацела толькі для сябе, пакуль не падала, не дачакаўшы ягонае асалоды. Яна правальвалася адна ва ўласную бездань урачыстым выбухам поўнае перамогі, падобнай да сусветнага землятрусу. Флярэнтына Арыса, знясілены і спустошаны, плаваў у лужыне поту з такім уражаннем, што ён толькі інструмент яе асалоды, і казаў ёй: «Ты паводзіш сябе так, нібыта я яшчэ адзін у цябе». Яна доўга смяялася смехам вольнае самкі і адказвала яму: «Наадварот, нібыта адным менш». А ў ім заставаўся нядобры асадак, які шэптам падказваў, што яна ненажэрна і прагна праглынае яго. Гэта закранала ягоны гонар, і ён сыходзіў з цвёрдым намерам ніколі больш не вяртацца. Аднак раптам ён прачынаўся без дай прычыны з жахліва светлым адчуваннем самоты ўначы і згадваў эгаістычную любоў Аўсэнсіі Сантандар, усведамляючы яе сутнасць: гэта пастка шчасця, якую ён ненавідзеў і якой прагнуў, з якой нельга было вызваліцца.
Неяк у нядзелю днём, пасля двух гадоў знаёмства, адчыніўшы дзверы, яна замест традыцыйнага распранання зняла з яго акуляры, каб лепей пацалаваць. Такім чынам Флярэнтына Арыса дазнаўся, што яна ўжо пакахала яго. Нягледзячы на тое, што з першага дня ён адчуваў сябе выдатна ва ўжо любімым, нібы ўласным, доме, ён ніколі не заставаўся больш за дзве гадзіны, ніколі не начаваў і толькі аднойчы там паабедаў, бо яна афіцыйна запрасіла яго на абед. Насамрэч ён ішоў туды з адной мэтай і заўсёды прыносіў як падарунак адну ружу, а затым знікаў да наступнага непрадбачанага візіту. Аднак калі яна зняла з яго акуляры для пацалунку, мо праз кранальнасць учынку, мо таму, што заснулі разам пасля спакойнага кахання, яны правялі дзень у вялізным капітанскім ложку.
Прачнуўшыся пасля сіесты, Флярэнтына Арыса яшчэ захоўваў у памяці крыкі какаду, чый пранізлівы віск супярэчыў прыгажосці пёраў. Але спякотная ціша а чацвёртай дня была празрыстай, і праз акно спальні вымалёўваўся профіль старажытнага горада з сонцам на плячах і з бліскучым морам да самай Ямайкі. Аўсэнсія Сантандар працягнула юрлівую руку, намацваючы прыспанага драпежніка, аднак Флярэнтына Арыса адвёў яе і сказаў: «Не трэба, у мяне дзіўнае адчуванне, быццам на нас глядзяць». Яна зноўку спудзіла какаду сваім шчаслівым смехам і адказала: «Такія адгаворкі для Хомкавай жонкі». Яна не прыняла ягоных тлумачэнняў, аднак падначалілася яму, што тут скажаш, і яны доўгі час лашчылі адно аднаго ў цішыні, у асалодзе спакою. А пятай, калі сонца стаяла яшчэ высока, яна саскочыла з ложка, як заўжды, аголеная, з банцікам на галаве, і пайшла на кухню, каб прынесці чаго папіць, аднак ледзь яна пераступіла парог спальні, як з ейнага горла вырваўся пранізлівы енк.
Яна не магла даць веры вачам. У доме засталіся адно падвясныя лямпы. Астатняе: фірмовая мэбля, індыйскія дываны, статуі і габелены, незлічоныя рэчы з каштоўных камянёў і шляхетных металаў – усё, што ператварала дом у найпрыемнейшае і найгустоўнейшае жытло горада, літаральна ўсё знікла, нават недатыкальны какаду. Маёмасць вынеслі праз тэрасу з краявідам на мора, не перашкаджаючы іхным любоўным уцехам. Засталіся толькі пустыя пакоі з чатырма адчыненымі вокнамі і надпіс малярным пэндзлем на сцяне: «Ну што, датрахаліся?» Капітан Расэнда дэ ля Роса так і не здолеў зразумець, чаму Аўсэнсія Сантандэр не заявіла пра пакражу, не спрабавала наладзіць кантактаў з гандлярамі крадзеным і не дазваляла нават згадваць пра той выпадак.
Флярэнтына Арыса працягваў наведваць абкрадзены дом, дзе мэблю складалі тры скураныя табурэты, забытыя злодзеямі на кухні, і спальня, дзе яны знаходзіліся ў дзень здарэння. Але наведванні ўжо не былі такімі частымі, як раней, і не праз спустошанасць, як яна меркавала і казала яму, а праз навінкі пачатку новага стагоддзя – трамвай на мулах, які стаў шчодрым і арыгінальным гняздом вольных птушак. Ён ездзіў трамваем чатыры разы на дзень, двойчы ў кантору і двойчы – дамоў, і почасту, пакуль чытаў альбо рабіў выгляд, што чытае, яму ўдавалася наладзіць першы кантакт для далейшай сустрэчы. Пазней, калі на распараджэнне дзядзькі Леона XII яму выдзелілі экіпаж з параю бурых мулаў у пазалочаных гунях, як у прэзідэнта Рафаэля Нуньеса, ён пакутаваў ад настальгіі па часах трамвая – самых плённых у ягоных прыгодах паляўнічага. Ён меў рацыю: няма горшага ворага для патаемнай любові, чым экіпаж, што чакае цябе ля дзвярэй. Каб пазбавіцца ад гэтае перашкоды, ён амаль заўсёды пакідаў экіпаж каля дома і ўпотайкі ішоў пешшу на паляванне, кружляў па горадзе, толькі б не пакінуць у пыле слядоў ад колаў. Таму ён з такім замілаваннем прыгадваў стары трамвай са змучанымі пляшывымі муламі, бо ў ім дастаткова было акінуць салон позіркам, каб даведацца, дзе цябе чакае каханне. Аднак сярод мноства пяшчотных успамінаў ён не мог абмінуць безабаронную птушачку, імя якой так і не спытаў, бо давялося пражыць з ёю толькі палову бурлівае ночы, чаго хапіла, каб азмрочыць да скону наіўна-бязладную радасць карнавалу.
Яна звярнула на сябе ўвагу абыякавасцю сярод агульнага святочнага ўзбуджэння. Ёй было гадоў дваццаць, і па ёй нельга было сказаць, што ў горадзе адбываецца карнавал, хіба што адмыслова ўбралася пад нябогу: вельмі светлыя і даўгія валасы натуральна спадалі на плечы, а апранутая яна была ў белую туніку з простае тканіны без упрыгожанняў. Яе зусім не цікавіла музыка, што тарабаніла па вуліцах горада, рысавая пудра і цуркі вады, якімі вясела абпырсквалі пасажыраў трамвая, мулы якога, белыя ад крухмалу, працягвалі свой шлях з кветкавымі капелюшамі ўсе тры дні радаснага шаленства. Карыстаючыся з гармідару, Флярэнтына Арыса запрасіў яе на марозіва, бо не думаў, што яна пойдзе на большае. Яна паглядзела на яго без здзіўлення і сказала: «З задавальненнем, але папярэджваю – я вар’ятка». Ён прыняў жарт, пасмяяўся і павёў яе глядзець парад карнавальных карэт з балкона кавярні. Потым апрануў узятае напракат кароткае даміно, і яны зліліся з натоўпам, што танчыў на Мытным пляцы, і весяліліся разам, нібыта толькі што заручоныя, бо ейная абыякавасць з наступай шумнае ночы абярнулася вялікай радасцю: яна танчыла, як прафесіяналка, праяўляючы багатае ўяўленне і вясёлую адвагу, адным словам, была самім зачараваннем.
– Ты не ўяўляеш, у якую гісторыю ты са мной уліпнуў, – крычала яна, паміраючы ад смеху ў пякельным гармідары карнавалу. – Я ж хворая з вар’ятні.
Флярэнтына Арыса адчуваў, што гэта была ноч вяртання да нявінных хлапчуковых авантураў, калі каханне яшчэ не спрычыніла няшчасця. Аднак ён ведаў, хутчэй інтуітыўна, чым з досведу, што такое лёгкае шчасце не магло трываць доўга, так што да таго, як весялосць пачала згасаць, калі толькі пачалі ўручаць прызы за найлепшыя строі, ён прапанаваў дзяўчыне пайсці сустракаць золак на маяку. Яна адразу ж пагадзілася, але толькі пасля ўручэння прызоў. Флярэнтына Арыса быў цалкам пэўны, што затрымка ўратавала яму жыццё. Насамрэч, дзяўчына падала яму знак, маўляў, хадзем, калі два санітары і медсястра псіхіятрычнае клінікі «Боская пастырка» накінуліся на яе. Яе шукалі з моманту ўцёкаў а трэцяй дня, і не толькі яны, а ўсе сілы грамадскага парадку. Яна адсекла галаву вартаўніку і цяжка параніла яшчэ двух супрацоўнікаў клінікі мачэтэ, якое выхапіла ў садоўніка, бо ёй дужа хацелася патанчыць на карнавале. Але нікому з пагоні ні разу не прыйшло да галавы, што яна пусціцца ў скокі проста на вуліцы, думалі, што яна стаілася і святкуе карнавал у адным з дамоў, дзе бывала раней, і паліцыя абшукала тыя дамы літаральна да цыстэрнаў для пітное вады.
Скруціць яе выявілася няпростай справай. Яна баранілася садовымі нажніцамі, якія хавала пад вопраткай на грудзях, і спатрэбілася шасцёра мужчын, каб нацягнуць на яе ўтаймоўную кашулю, а натоўп на Мытным пляцы ў гэты час пляскаў у далоні і свісцеў ад радасці, бо людзі падумалі, што крывавая бойка была адной з карнавальных пастановак. Флярэнтына Арыса стаяў, і сэрца ў яго шчымела ад спагады, таму ад Попельнай серады[20] ён стаў хадзіць на вуліцу, дзе месцілася клініка, са скрыначкай шакаладных цукерак для яе. Ён разглядаў хворых, што сыпалі на яго з высокіх вокнаў адборнай лаянкай ці кампліментамі, і дражніў іх цукеркамі ў спадзеве, што на пошум у закратаванае акно выгляне і яна. Але ён больш ніколі яе не бачыў. Калі праз колькі месяцаў пасля здарэння ён выходзіў з трамвая, маленькая дзяўчынка, што шпацыравала з бацькам, папрасіла ў яго цукерку. Бацька штосьці буркнуў дзяўчынцы і перапрасіў у Флярэнтына Арысы, але той аддаў усю скрынку, падумаўшы, што ўчынак пазбавіць яго ад горычы, і супакоіў бацьку, паляпаўшы яго па плячы.
– Цукеркі былі для маёй каханкі, каб ёй бакі парвала, – патлумачыў ён.
Кампенсацыяй, быццам дасланай лёсам, зрабілася для Флярэнтына Арысы сустрэча ў трамваі з Леонай Касіяні, якая сталася адзінай сапраўднай жанчынай у ягоным жыцці, хоць ні ён, ні яна так і не даведаліся пра гэта: яны ніколі не кахаліся. Ён адчуў яе раней, чым убачыў, вяртаючыся дамоў трамваем а пятай гадзіне: матэрыялізаваны позірк мурынкі крануў яго, нібы тыцнуў пальцам. Ён узняў вочы і заўважыў яе ў супрацьлеглым канцы вагона, адразу адзначыўшы яе сярод іншых пасажыраў. Яна не адвяла вачэй, наадварот, глядзела на яго так нахабна, што ён мог падумаць адно тое, што і падумаў: мурынка, маладая ды гожая, але прастытутка, няма сумневу. І выкрасліў яе са свайго жыцця, бо не ўяўляў сабе нічога больш гнюснага, чым каханне за грошы: ён не рабіў гэтага ніколі.
Флярэнтына Арыса выйшаў на Карэтным пляцы, канцавым прыпынку трамвая, і шпарка нырнуў у гандлёвы лабірынт. Маці чакала яго а шостай, але калі ён прашыў натоўп і аказаўся ў другім баку, дык пачуў вясёлы перастук жаночых абцасаў па брукаванцы і павярнуўся, каб упэўніцца ў тым, у чым ужо быў упэўнены: гэта была яна. Мурынка была апранутая, нібыта рабыні на гравюрах, – сукенка з фальбонкамі, якую яна ўскідвала, бы ў танцы, калі пераскоквала вулічныя лужыны, дэкальтэ, што агаляла ейныя плечы і шыю ў каляровых каралях, ды белы турбан. Ён ведаў такіх па матроскім гатэлі. Почасту з самага ранку і да шостай вечара яны сядзелі галодныя, і ім не заставалася нічога іншага, як карыстацца сваёй адзінай зброяй – сэксам, як дарожны рабаўнік карыстаецца фінкай: яны хапалі за горла першага сустрэчнага і патрабавалі: чэлес альбо смерць. Каб канчаткова пераканацца, Флярэнтына Арыса змяніў напрамак, звярнуўшы ў пусты Ліхтарны завулак, і яна пайшла за ім, набліжаючыся з кожным крокам. Тады ён спыніўся, павярнуўся і загарадзіў ходнік, абапіраючыся рукамі на парасон. Яна стала перад ім.
– Ты памылілася, прыгажуня, – сказаў ён, – я не твой кліент.
– Само сабой, – адказала яна, – на тваім твары гэта напісана.
Тут Флярэнтына Арыса прыгадаў фразу, пачутую ў маленстве ад сямейнага доктара, яго хроснага бацькі, з нагоды хранічнага запору: «Чалавецтва дзеліцца на тых, хто сярэ добра, і тых, хто сярэ дрэнна». На гэтай выснове доктар пабудаваў цэлую тэорыю пра характары і ўважаў яе больш дакладнай, чым астралогія. Але пазней дасведчаны ўжо Флярэнтына Арыса перайначыў фразу: «Чалавецтва дзеліцца на тых, хто трахаецца, і тых, хто не трахаецца». Да апошніх ён ставіўся з недаверам: калі яны выбіваліся з наезджанай каляіны, гэта было для іх такой навіною, што яны выхваляліся сваёй любоўю, нібыта самі вынайшлі яе. Тыя, хто займаўся ёю звычайна, наадварот, жылі адно для любові. Яны адчувалі сябе так добра, што маўчалі, як магілы, бо ведалі, што ад уласнае стрыманасці залежыць іх жыццё. Яны ніколі не распавядалі пра свае подзвігі, не давяраліся нікому, і іх уяўная абыякавасць дасягала такой ступені, што да іх прыліпала слава імпатэнтаў, недаробкаў, а то і сарамлівых педэрастаў, як у выпадку з Флярэнтына Арысам. Аднак яны радаваліся падобным памылковым чуткам, і памылка таксама іх бараніла. Яны складалі закрытую ложу, сябры якой пазнавалі адзін аднаго ва ўсім свеце надта проста, хоць і размаўлялі на розных мовах. Вось чаму Флярэнтына Арыса не здзівіўся, пачуўшы адказ жанчыны: яна была свая і, адпаведна, ведала, што ён гэта разумее.
Але тады ён памыліўся, і свядомасць будзе нагадваць яму пра гэта няўмольна, штогадзіны ажно да скону. Яна хацела не любові, і тым больш – не аплачванае любові, ёй патрэбна была праца, любая, за любыя грошы, у Карыбскай параходнай кампаніі. Флярэнтына Арысе зрабілася гэтак сорамна за свае паводзіны, што ён павёў яе да кіраўніка аддзела кадраў, і той даў ёй стаўку найніжэйшай катэгорыі ў агульным аддзеле, і яна выконвала службовыя абавязкі сур’ёзна, сціпла і старанна на працягу трох гадоў.
Кантора КПК з дня заснавання знаходзілася каля рачнога прычала, які нічога агульнага не меў з марскім портам альбо з рынкавым прычалам на беразе бухты Прывідаў і месціўся на супрацьлеглым беразе бухты. Будынак быў драўляны, з двухсхільным цынкавым дахам, адным доўгім балконам на слупах з боку фасада і некалькімі вокнамі, забранымі металічнаю сеткай, праз якія было відаць караблі ля прычала, нібыта карціны, што віселі на сценах. Калі немцы, заснавальнікі фірмы, збудавалі дом, дык пафарбавалі дах чырвонай фарбай, а драўляныя перагародкі – блішчастымі бяліламі, так што будынак чымсьці нагадваў рачны карабель. Пазней яго цалкам перафарбавалі ў сіні колер, і да таго часу, калі Флярэнтына Арыса паступіў на працу ў кампанію, дом ператварыўся ў пыльны барак няпэўнай афарбоўкі, а на ржавым даху віднеліся латы з новых лістоў гонты. За будынкам, у патынкаваным дворыку, які абнеслі сеткай, нібы загарадзь для курэй, знаходзіліся два склады пазнейшае пабудовы. У глыбіні двара праходзіў закрыты смуродны канал, дзе гнілі адкіды рачнога суднаходства, што назбіраліся за паўстагоддзя. Гэта былі парэшткі гістарычных параходаў ад самых прымітыўных, аднатрубных, пры ўрачыстым спуску на ваду якіх прысутнічаў Сімон Балівар, і да пазнейшых, што мелі ўжо электрычныя вентылятары ў каютах. Бальшыню з іх паспелі разабраць, каб выкарыстаць матэрыялы на іншых караблях, але шмат з іх былі ў такім добрым стане, што, здавалася, варта іх пафарбаваць, і льга было зноўку пускаць у навігацыю. Толькі разам з ігуанамі і з зарасцямі вялізных жоўтых кветак, якія надавалі годным караблям налёт настальгіі.








