Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 26 страниц)
Кінуты бацькам дом даў Фэрміне Дасе ўласны прытулак ад задушлівай атмасферы родавага палаца. Пры першай магчымасці схавацца ад вачэй свету яна ўпотайкі збягала ў дом перад Евангельскім скверыкам і там прымала новых сябровак і некаторых былых – па школе альбо па ўроках жывапісу: гэта быў нявінны сурагат шлюбнай нявернасці. Яна бавіла свае гадзіны самотнае маці ва ўспамінах пра насычанае падзеямі дзяцінства. Зноўку набыла крумкачоў, пазбірала вулічных катоў, якіх даглядала Гала Плясыдыя, ужо старая і абмежаваная ў рухах з-за раматусу, але ў якой яшчэ ставала сіл, каб адрадзіць дом. Фэрміна Даса зноў адчыніла пакой для шытва, дзе Флярэнтына Арыса ўбачыў яе ўпершыню, дзе доктар Хувэналь Урбіна загадаў ёй паказаць язык, спадзеючыся ўгледзець ейнае сэрца, і ператварыла пакой у свяцілішча мінулага. Адным зімовым вечарам Фэрміна Даса ішла зачыняць балкон, бо набліжалася бура, і ўбачыла Флярэнтына Арысу на ягонай нізенькай лаўцы пад мігдалавым дрэвам скверыка, у перашытым пад яго бацькавым строі і з раскрытай кніжкай на каленях. Але не такім, якім бачыла яго выпадкова ды не раз, а ў тым веку, у якім ён застаўся ў яе памяці. Яна спужалася, што гэтая мара магла быць прадвесцем смерці, і ёй зрабілася балюча. Яна адважылася сказаць сабе, што, магчыма, яна была б шчаслівай з ім у доме, які з такім каханнем рэстаўравала дзеля яго, як і ён узнаўляў свой дзеля яе. Ад гэтага простага дапушчэння яе ажно страсянула, бо яна ўцяміла, да якіх скрайнасцяў няшчасця яна дайшла. Тады яна сабрала рэшткі сіл і змусіла мужа размаўляць адкрыта, твар да твару. Яны спрачалася да слёз ад гневу за страчаны рай, спрачаліся да трэціх пеўняў, і святло прабралася да іх цераз палацавыя карункі, і ўзышло сонца, і муж, хрыплы ад доўгай гамонкі, стомлены ад бяссоннае ночы, з умацаваным ад пралітых слёз сэрцам завязаў шнуркі на чаравіках, зацягнуў пас, патужэй зацягнуў тое з мужчынскага, што заставалася ў ім, і сказаў: «Так, любая, мы зноў адшукаем каханне, якое пакінулі ў Еўропе, – і ўжо назаўжды». Рашэнне было незваротным. Ён дамовіўся са Скарбовым банкам, сваім паўнамоцным прадстаўніком, пра неадкладны продаж саліднай фамільнай маёмасці, здаўна раскіданай па розных бізнэсах, капіталаўкладаннях, недатыкальных каштоўных паперах, якія марудна назапашвалі прыбытак. Гэта быў скарб, пра які толькі ён сапраўды ведаў, што ён не быў бязмерным, як сцвярджала легенда. Скарб быў рыхтык такім, каб пра яго не думаць. І грошы, абмененыя на золата найвышэйшае пробы, мусілі паступова пераводзіцца на ягоныя замежныя рахункі, пакуль для яго і жонкі не застанецца ў гэтым неміласэрным краі нават цалі зямлі, каб быць тут пахаванымі.
А Флярэнтына Арыса ўсё ж існаваў, хоць да тае пары яна спрабавала верыць у адваротнае. Ён быў на пірсе, куды прычаліў трансатлантычны карабель з Францыі, калі яна пад’ехала з мужам і сынам у ландо, запрэжаным залацістымі коньмі, ён бачыў, як яны выйшлі з экіпажа такімі, як гэта было неаднойчы на грамадскіх урачыстасцях, – беззаганнымі. Яны ішлі з сынам, выхаванне якога ўжо дазваляла здагадвацца, якім ён станецца з гадамі. Хувэналь Урбіна павітаў Флярэнтына Арысу, весела прыўзняўшы капялюш: «Едзем на заваёву Фландрыі». Фэрміна Даса ледзь схіліла галаву ў знак вітання. Флярэнтына Арыса тут жа зняў капялюш, адказаў лёгкім рэверансам, і яна паглядзела на яго без ценю спачування яго заўчаснаму палысенню. Так, гэта быў ён, якім яна і бачыла яго. Гэта быў цень чалавека, якога яна так і не спазнала.
Флярэнтына Арыса таксама перажываў не найлепшыя часіны. Да ўсё больш напружанай працы, да злыбедаў патаемнага паляўнічага, да мёртвага штылю ягоных гадоў дадаўся фінальны крыз Трансыты Арысы, чыя памяць ужо не захоўвала ўспамінаў і сцерлася дабяла. Дайшло да таго, што часам яна паварочвалася да яго, калі ён чытаў, як заўсёды, у сваім фатэлі, і здзіўлена пыталася: «А ты чый будзеш?» Ён заўжды адказваў сур’ёзна, але яна тут жа перарывала:
– А скажы мне, сынку, – казала яна, – а хто я такая?
Трансыта Арыса растаўсцела настолькі, што ледзьве рухалася, і таму бавіла цэлы дзень у галантарэйнай краме, дзе ўжо нічога не заставалася для продажу. Яна амаль не спала. Клалася позна, прачыналася з першымі пеўнямі і пачынала ўпрыгожвацца: насоўвала нейкія вянкі на голаў, фарбавала вусны, пудрыла твар і рукі, пасля чаго пытала ў таго, хто быў побач, як яна выглядае. Суседзі ведалі, чаго яна чакала, і заўсёды адказвалі: «Ты Прусачка Мартынэс». Толькі гэтае імя, запазычанае ў персанажа дзіцячае казкі, задавальняла яе. Яна гойдалася, абмахваючы сябе звязкай вялізных ружовых пёраў, пакуль не пачынала ўсё спачатку: насоўвала вянок з папяровых кветак на голаў, намазвала мускусам павекі, кармінам – вусны, бяліламі – твар. І зноўку пыталася ў таго, хто быў бліжэй: «Як я выглядаю?» Калі з яе стаў смяяцца ўвесь квартал, Флярэнтына Арыса загадаў разабраць за адну ноч прылавак і секцыі са скрынямі былой галантарэі, зачыніў назаўсёды дзверы з вуліцы, абсталяваў памяшканне так, як яна ўяўляла сабе спальню Прусачкі Мартынэс, і наперад Трансыта Арыса больш ніколі не пыталася, хто яна такая.
Як падказаў яму дзядзька Леон XII, для догляду за маці Флярэнтына Арыса знайшоў жанчыну ў гадах, але тая, няшчасная, больш спала, чым займалася маці, а часам стваралася ўражанне, што і сама забывалася ўласнае імя. Так што Флярэнтына Арыса кіраваўся наўпрост дамоў, як толькі выходзіў з канторы, і заставаўся пры маці, пакуль тая не засынала. Ён ужо не гуляў у даміно ў Камерцыйным клубе і падоўгу не бачыўся з былымі сяброўкамі, бо нешта ў ягоным сэрцы зламалася пасля жахлівай сустрэчы з Алімпіяй Сулетай.
Сустрэча была фатальнай. Флярэнтына Арыса адвёз дзядзьку Леона XII дамоў у разгар кастрычніцкай буры – з разраду тых, ад якіх доўга адыходзіш. І на зваротным шляху раптам заўважыў з экіпажа невысокую і вельмі спрытную дзяўчыну ў адзенні з мноствам фальбонак, больш падобным на ўбранне нявесты. Яна мітусілася туды і сюды, бо вецер вырваў з рук ейны парасон і знёс у бок мора. Ён выратаваў дзяўчыну ад буры, прапанаваўшы месца ў экіпажы, і збочыў з кірунку, каб падвезці яе дамоў, у старажытную, уладкаваную для жытла капліцу на беразе мора, на двары якой было поўна клетак з галубамі, – іх відаць было з вуліцы. Па дарозе яна распавяла яму, што менш за год таму выйшла замуж за гандляра, што прадаваў на рынку ганчарныя вырабы. Флярэнтына Арыса часта бачыў, як той сыходзіў з караблёў ягонай кампаніі, цягнучы скрыні з рознымі збанамі для продажу альбо несучы цэлы свет галубоў у лазовых клетках, якімі карысталіся маці на рачных караблях для правозу немаўлятак. Алімпія Сулета, верагодна, належала да сямейства асіных, і не толькі праз доўгія лыткі ды невыразны бюст – яна ўся была нейкая такая: валасы нібы з меднага дроту, на твары – сонечнае рабацінне, вочы – круглявыя і жывыя, расстаўленыя шырэй, чым у іншых людзей, галасок – танклявы, да таго ж яна гаварыла зрэдчас і выказвала адно што слушныя і вясёлыя думкі. Флярэнтына Арысу яна падалася больш пацешнай, чым прыцягальнай, і ён забыўся пра яе, толькі высадзіў ля дома, дзе яна жыла з мужам, цесцем і іншымі мужавымі сваякамі.
Колькі дзён пазней ён зноўку заўважыў ейнага мужа ў порце – той не згружаў скрыні, а наадварот – загружаў іх, і калі карабель адплыў, Флярэнтына Арыса дакладна пачуў каля самага вуха голас д’ябла. Увечары ён адвёз дзядзьку Леона XII дамоў, затым праехаў нібыта выпадкова побач з жытлом Алімпіі Сулеты і ўгледзеў яе праз паркан: яна карміла неспакойных галубоў. Не выходзячы з экіпажа, ён крыкнуў ёй праз агароджу: «Колькі каштуе адна галубка?» Яна пазнала яго і весела адказала: «Яны не прадаюцца». Тады ён зноў спытаў: «Што ж мне рабіць, каб займець галубку?» Не перапыняючы свайго занятку, яна адказала: «Досыць уратаваць галубятніцу ад навальніцы, як у мінулую пятніцу». Гэтак, Флярэнтына Арыса вярнуўся ўвечары дамоў з падарункам ад Алімпіі Сулеты ў знак падзякі – паштовым голубам з металічым колцам на лапцы.
Наступным днём, якраз падчас абеду, гожая галубятніца ўбачыла падораную птушку ў сябе на двары і падумала, што тая зляцела ад новага гаспадара. Яна ўзяла яе ў рукі, каб разглядзець, і знайшла пад бляшаным пярсцёнкам паперку – гэта было прызнанне ў каханні. Флярэнтына Арыса пакінуў пісьмовы след у першы раз, але не ў апошні, хоць жа тады ён меў пільнасць не падпісацца. Назаўтра, у сераду, ён ужо ўваходзіў у дом, калі нейкі хлапчук з вуліцы ўручыў яму тую ж птушку ў клетцы з вусным наказам, маўляў, што вось галубятніца прасіла ўручыць і яшчэ перадаць: трымайце птушку, калі ласка, у зачыненай клетцы, каб не злятала, бо яна вяртае яе вам у апошні раз. Флярэнтына Арыса не мог уцяміць: ці то птушка, летучы, згубіла ліст, ці то галубятніца вырашыла прыкінуцца дурніцай, ці то вяртала птушку для таго, каб ён зноўку перадаў ліст. Аднак у гэтым разе натуральна было б вярнуць птушку з адказам.
У суботу раніцой, пасля доўгага роздуму, Флярэнтына Арыса накіраваў галубку з чарговым лістом без подпісу. І ўжо ўвечары той самы хлапчук зноў прынёс птушку ў іншай клетцы і сказаў, што вось яшчэ раз вяртаюць вам птушку, што зляцела, тры дні назад вярнулі яе пану з выхаванасці, а сёння з-за шкадавання, але цяперака вы сапраўды не пабачыце яе, калі зноў адпусціце. Трансыта Арыса дапазна забаўлялася з птушкай, даставала яе з клеткі, трымала ў руках, як немаўля, люляла яе пад калыханку, і раптам заўважыла, што за пярсцёнкам была паперка, а ў ёй толькі тры словы: «Не прымаю ананімак». Калі Флярэнтына Арыса прачытаў гэтыя словы, сэрца забілася так, нібыта тое была кульмінацыя першай у жыцці любоўнай прыгоды, і ўначы спалося яму кепска, ён усё круціўся ў ложку ад нецярплівасці. Раніцой, да таго, як сысці на працу, ён зноў адпусціў птушку з амурным пасланнем, пад якім паставіў выразны подпіс і, да таго ж, прычапіў да пярсцёнка самую свежую, яркую ды духмяную ружу са свайго саду.
Не ўсё было так проста. Нават пасля трох месяцаў заляцанняў гожая галубятніца адказвала аднолькава: «Я не з тых». Але яна не пераставала прымаць цыдулкі і прыходзіць на сустрэчы, якія Флярэнтына Арыса ладзіў так, нібыта яны сустракаліся выпадкова. Яго было не пазнаць: палюбоўнік, які ніколі не дзейнічаў адкрыта, самы прагны, але й самы сквапны ў справах кахання, які нічога не даваў, але браў, ён, які ніколі не дазваляў сабе захаваць у сэрцы нават бліскавічнага следу, патаемны паляўнічы раптам выйшаў на свет боскі з плынню падпісаных лістоў, галантных падарункаў, недарэчных шпацыраў каля хаты галубятніцы, у двух выпадках нават ведаючы, што ейны муж не ў вандроўцы і не на рынку. Toe быў першы выпадак, калі ён адчуў стралу Амура ў самым сэрцы.
Праз шэсць месяцаў, нарэшце, адбылася першая інтымная сустрэча ў каюце рачнога карабля, які стаяў ля прычала для пафарбоўкі. Вечар быў цудоўным, Алімпія Сулета любіла весела, сапраўды з душою шумлівай галубятніцы, потым доўга ляжала распранутая ў млявым спакоі, напаўняючы прастору адпачынкам, ад якога атрымлівала такую самую асалоду, як ад мілавання. Каюта была напаўразабраная, яе толькі пачалі фарбаваць, і доўгія гады пах шкіпінару выклікаў у памяці згадкі пра шчаслівы вечар. Раптам, у парыве нахабнага натхнення, Флярэнтына Арыса адкрыў бляшанку з чырвонай фарбай, што стаяла пад ложкам, абмакнуў указальны палец і намаляваў на лабку гожае галубятніцы крывавую стралу з накірункам на поўдзень, а над стралою вывеў словы: «Гэтая птушка – мая». Уначы Алімпія Сулета распранулася перад мужам, забыўшыся на гэта, і ён не вымавіў ані слова, толькі пайшоў у ванны пакой па лязо, пакуль яна апранала начную кашулю, і з аднаго ўзмаху перарэзаў ёй горла.
Флярэнтына Арыса дазнаўся пра гэта шмат дзён пазней, калі схапілі мужа, што кінуўся наўцёкі, і той распавёў журналістам аб прычынах і спосабе забойства. Цягам многіх гадоў Флярэнтына Арыса з жахам думаў пра лісты з подпісам, ведучы рахунак гадам зняволення забойцы, які добра ведаў яго па справах, бо ён жа карыстаўся караблямі кампаніі. Ён не так баяўся ўдару лязом па шыі альбо публічнага скандалу, як фатальнасці таго, што Фэрміна Даса можа дазнацца пра ягоную нявернасць. Адным з тых дзён прыдушанага чакання жанчына, якая даглядала Трансыту Арысу, затрымалася на рынку даўжэй, чым заўсёды, праз раптоўную навальніцу, і калі вярнулася дамоў, знайшла Трансыту Арысу мёртвай. Яна сядзела на гушкалцы з вянком з папяровых кветак на галаве, нафарбаваная, як заўжды, але з вачыма такімі жывымі і з такой хітраватай усмешкай на вуснах, што жанчына толькі праз дзве гадзіны заўважыла, што Трансыта была нежывая. Незадоўга да смерці Трансыта Арыса раздала суседскім дзецям каштоўныя камяні і залатыя рэчы са збаноў, што датуль перахоўваліся пад ложкам, прыгаворваючы, што гэта цукеркі, іх можна есці, і некаторыя найкаштоўнейшыя рэчы вярнуць не ўдалося. Флярэнтына Арыса пахаваў маці ў старажытным маёнтку Ля-Мана-дэ-Д’ёс, які быў вядомы як Халерныя могілкі, і над магілкай пасадзіў ружовы куст.
У часе самых першых наведванняў могілак Флярэнтына Арыса выявіў, што непадалёк пахаваная і Алімпія Сулета, без помніка, але імя і дата былі выведзеныя пальцам па свежым бетоне надмагільнай пліты, і Флярэнтына Арыса ў жаху падумаў, што тое была крывавая кпіна ейнага мужа. Калі ружовы куст квітнеў, ён употай пакідаў адну ружу на магілцы Алімпіі Сулеты, а пазней пасадзіў чаранок ад матчынага куста. Кусты так забуялі, што Флярэнтына Арыса мусіў браць з сабою садовыя нажніцы ды іншыя інструменты, каб іх парадкаваць. Але гэта было вышэй за ягоныя сілы, – праз пару гадоў кусты распаўзліся, як пустазелле, сярод магіл, і людзі перайменавалі былыя Халерныя могілкі ў Ружовыя, пакуль нейкі алькальд, які сваім здаровым сэнсам саступаў народнай мудрасці, не загадаў выкарчаваць за ноч усе ружы і павесіць на ўваходнай арцы новую назву ў рэспубліканскім стылі: Універсальныя могілкі.
Матчына смерць зноўку прысудзіла Флярэнтына Арысу да суворага распарадку: кантора, сустрэчы з чарговымі каханкамі па жорсткім графіку, партыі даміно ў Камерцыйным клубе, тыя ж кніжкі пра каханне, нядзельныя наведванні могілак. Гэта была іржа руціны, ганебная і страшная, якая, аднак, ратавала яго ад усведамлення свайго веку. Але неяк нядзельным снежаньскім днём, калі садовыя нажніцы ўжо не дапамагалі ў барацьбе супраць ружовага кустоўя, ён заўважыў, што ластаўкі сядзяць на толькі што працягнутых электрычных лініях. Ён раптоўна ўцяміў, колькі часу мінула пасля матчынай смерці, і колькі – з дня забойства Алімпіі Сулеты, а яшчэ колькі – з іншага, далёкага снежаньскага вечара, калі Фэрміна Даса даслала яму ліст, у якім пісала, што так, што будзе кахаць яго вечна. Да гэтага дня ён жыў так, нібы час мінае толькі для іншых. А вось на мінулым тыдні ён сустрэў на вуліцы адну са шматлікіх параў, якія злучыліся дзякуючы напісаным ім лістам, і не пазнаў першынца, свайго хрэсніка. Ён выйшаў з няёмкага становішча пры дапамозе гучнай дзяжурнай фразы: «О, дык ён ужо сапраўдны мужчына!» Флярэнтына Арыса застаўся, якім быў раней, і пасля першых сігналаў трывогі ягонага цела, бо датуль здароўе ў яго было бы каменным, як ва ўсіх знешне хваравітых людзей. Трансыта Арыса часта казала: «Мой сын хварэў толькі на халеру». Яна блытала халеру з каханнем, зразумела, яшчэ задоўга да таго, як страціла памяць. Але так ці інакш, яна памылялася, бо яе сын патаемна перажыў шэсць трыпераў, хоць лекар сцвярджаў, што іх было не шэсць, а адзін – усё той самы, які чапляўся зноў пасля кожнага прайгранага двубою. Апрача таго, у яго быў аднойчы бубон, чатыры разы чыры і шэсць разоў экзэмы, аднак ні яму, ні якому-кольвек іншаму мужчыну не прыйшло б да галавы лічыць гэта нечым іншым, чым баявымі трафеямі.
Толькі-толькі адзначыўшы саракагоддзе, яму давялося звярнуцца да лекара са скаргай на незразумелы боль у розных частках цела. Пасля некалькіх аглядаў лекар зрабіў выснову: «Гэта праблемы веку». Ён заўсёды вяртаўся дамоў і нават не пытаўся ў сябе, ці сапраўды ўсё гэта мае дачыненне да яго. Адзіная кропка адліку яго мінулага была ў каханні да Фэрміны Дасы, і толькі тое, што адносілася да яе, тычылася і пражытага жыцця. Так што ў дзень, калі Флярэнтына Арыса бачыў ластавак на электрычных лініях, ён перабіраў мінулае з самага далёкага ўспаміну. Ён прыгадваў выпадковых каханак, незлічоныя рыфы, якія абыходзіў, каб здабыць пасаду загадчыка кампаніі. На памяць прыйшло мноства інцыдэнтаў, справакаваных бязлітасным рашэннем пра тое, што Фэрміна Даса будзе з ім і ён з ёю, што б ні здарылася, насуперак перашкодам. І толькі тады ён уцяміў, што жыццё мінае. Яго ўсхваляваў глыбінны жар, які ішоў з нетраў цела, у вачах сцямнела, і яму давялося кінуць на зямлю садовыя інструменты і абаперціся аб глухую сцяну могілак, каб яго не кінуў на зямлю першы ўдар драпежнай лапы смерці.
– Каб яго чэрці, – ускрыкнуў ён у жаху, – усё гэта – дваццаць гадоў таму! Так яно і было. Дваццаць гадоў мінула таксама, зразумела, і для Фэрміны Дасы, але для яе гэтыя гады былі самымі прыемнымі і плённымі ў жыцці. Страшныя дні ў палацы Касальдуэра засталіся на сметніку яе памяці. Яна жыла ў новым доме, у раёне Ля-Манга, будучы поўнай гаспадыняй свайго лёсу. Жыла з мужам, якога абрала б сярод усіх мужчын свету, калі б давялося абіраць зноў. З ёю былі сын, які працягваў сямейную традыцыю ў Школе медыцыны, і так падобная да яе дачка, што часам яе трывожыла адчуванне паўторанасці. Тройчы яна ездзіла ў Еўропу пасля трагічнай вандроўкі, з якой вырашыла не вяртацца ніколі, каб пазбавіцца ад няспыннага жаху жыцця ў родавым палацы з сям’ёю мужа.
Напэўна, Бог пачуў, нарэшце, ейныя малітвы: праз два гады жыцця ў Парыжы, калі Фэрміна Даса і Хувэналь Урбіна ледзь намацвалі рэшткі кахання сярод руінаў мінулага жыцця, начная тэлеграма страсянула іх весткай пра тое, што донна Блянка дэ Урбіна ў цяжкім стане, а затым амаль адразу прыйшло паведамленне пра яе смерць. Яны тут жа вярнуліся. Фэрміна Даса сышла з карабля, апранутая ў чорную туніку, свабодны пакрой якой не здолеў схаваць яе стану. Насамрэч, яна зноўку зацяжарала, і чуткі пра гэта спарадзілі ананімную песеньку, не зласлівую, хутчэй, хітраватую, чый рэфрэн застаўся модным да канца года: «I што гэта робіць прыгажуня ў Парыжы, што заўжды вяртаецца дамоў, каб нарадзіць?» Нягледзячы на грубасць тэксту, доктар Хувэналь Урбіна замаўляў гэтую песню і шмат гадоў пазней на святах у Грамадскім клубе як знак добрага настрою.
Палац маркіза Касальдуэра і ягонага роду, пра паходжанне і пра геральдыку якога не было дакладных сведчанняў, напачатку быў прададзены муніцыпалітэту за разумную цану, а пасля, калі галандскі даследчык правёў раскопкі і даказаў, што там знаходзілася сапраўдная магіла Хрыстафора Калумба – пятая па ліку, – дом перапрадалі за вялізныя грошы цэнтральнаму ўраду. Сёстры доктара Урбіна засталіся без воты ў кляштары салесіянак, і Фэрміна Даса жыла ў старым бацькавым доме, пакуль не скончылі будоўлю вілы ў раёне Ля-Манга. Яна ўвайшла ў новы дом цвёрдым крокам, увайшла гаспадыняй, з ангельскай мэбляй, прывезенай з вясельнай вандроўкі і дадаткова купленай падчас ваколсветнага круізу. З першага дня яна ўзялася напаўняць дом рознымі відамі трапічных жывёлінаў, якіх сама набывала на шхунах з Антыльскіх выспаў. Яна ўвайшла з адваяваным мужам, з добра выгадаваным сынам і з дачкою, якая нарадзілася праз чатыры месяцы пасля вяртання, і яе ахрысцілі імем Афэлія. Доктар Урбіна, са свайго боку, зразумеў, што не зможа вярнуць сабе жонку цалкам, каб яна была настолькі ягонай, як падчас вясельнай вандроўкі, бо частка любові, якой яму так не ставала і па якой ён сумаваў, была аддадзена дзецям разам з большаю часткай яе часу, але доктар навучыўся жыць і быць задаволеным рэшткамі ейнага кахання. Жаданая гармонія дасягнула кульмінацыі, калі менш за ўсё чакалі, – падчас аднае ўрачыстай вячэры падалі вельмі смачную страву, якую Фэрміна Даса не здолела апазнаць. Яна з’ела вялікую порцыю, але ёй так спадабалася, што яна тут жа ўзяла яшчэ і ўжо шкадавала, што нельга замовіць яшчэ праз прымхі добрага тону, калі дазналася, што з’ела з вялізнай асалодай дзве поўныя талеркі баклажаннага пюрэ. І прайграла яна з годнасцю: з тае пары ў віле, якая ўпрыгожвала раён Ля-Манга, падавалі баклажаны на ўсе спосабы амаль гэтак сама часта, як гэта рабілі ў палацы Касальдуэра. І ўсе елі іх, ды так, што доктар Хувэналь Урбіна жартаваў на старасці гадоў, прыгаворваючы, што хацеў бы мець яшчэ адну дачку, каб назваць яе самым любімым у доме імем: Бэрэнхэна[26] Урбіна.
Фэрміна Даса ведала, што прыватнае жыццё, у адрозненне ад грамадскага, зменлівае і непрадказальнае. Не проста было вызначыць істотную розніцу паміж дзецьмі і дарослымі, аднак, добра падумаўшы, яна аддавала перавагу дзецям, бо іх крытэрыі выяўляліся больш слушнымі. Ледзь яна абагнула мыс спеласці і пазбавілася, нарэшце, усялякіх міражоў, перад ёй замаячыла расчараванне, бо яна ніколі не была такой, якой марыла быць у маладосці, у Евангельскім скверыку, а сталася – хоць ніколі раней не асмельвалася прызнацца ў гэтым – прывілеяванай прыслужніцай. У грамадстве з часам яе палюбілі, і яна трымалася вольна, таму яе баяліся больш за ўсё, але ні ў чым не патрабавалі больш і не прабачалі менш, чым у кіраванні домам. Заўсёды яна адчувала, што жыве жыццём, якое міласэрна пазычыў ёй муж – паўнаўладная каралева бязмежнай дзяржавы шчасця, якое збудаваў ён і толькі для сябе самога. Яна ведала, што ён кахае яе больш за ўсё на свеце, але кахае толькі для сябе, найлепшага ў свеце.
Але ад чаго ўсур’ёз пакутавала яна, дык гэта ад пажыццёвага прысуду гатавання штодзённых абедаў. Яны не толькі мусілі падавацца своечасова – ад іх патрабавалася дасканаласць, да таго ж, гэта мусіла быць менавіта тое, чаго яму ў дадзены момант хацелася, без папярэдніх узгадненняў. Калі яна часам звярталася да яго з пытаннем на гэты конт, захоўваючы бяздумную цырымонію хатняга рытуалу, дык ён нават не адводзіў вачэй ад газеты для адказу: «Што заўгодна». І ён казаў праўду, і тон яго быў прыемным, бо цяжка было ўявіць сабе менш дэспатычнага мужа. Але падчас абеду трэба было падаваць не што заўгодна, а менавіта тое, што ён жадаў, і без наймізэрнейшых адхіленняў: каб мяса не пахла мясам, рыба – рыбай, свініна – скурай, а птушка пёрамі. Яшчэ да наступу сезона спаржы трэба было даставаць яе за любыя грошы, каб ён мог суцешыцца выпарэннямі сваёй уласнай мачы ў прыбіральні. Яна не вінаваціла яго – вінаваціла сваё жыццё. Досыць было яму толькі засумнявацца, як ён адсоўваў талерку са словамі: «Ежа прыгатаваная без любові». У гэтым ён праяўляў фантастычнае натхненне. Аднойчы, ледзь пакаштаваўшы рамонкавы настой, ён вярнуў кубак з фразай: «Гэтае пойла аддае акном». Фэрміна Даса з усёй прыслугай здзівіліся, яны не ведалі чалавека, які мог бы выпіць адвар акна, але толькі пакаштаваўшы яго, яны зразумелі: так, менавіта такі быў смак старога падгнілага акна.
Гэта быў узорны муж: ніколі не падымаў нічога з падлогі, не гасіў святла, не зачыняў дзвярэй. У змроку раніцы, калі ў вопратцы не ставала аднаго гузіка, яна чула ягоныя словы: «Добра было б мець дзвюх жонак, – адну для кахання, а другую – прышываць гузікі». Штодня, толькі пачаўшы піць каву альбо ўзяўшы першую лыжку поліўкі, ён раптам пачынаў раўці, нікога ўжо не пужаючы, і тут жа следавалі словы палёгкі: «Калі я сыду з гэтага дома, ведайце, што мне абрыдла жыць з абпаленым ротам». Ён казаў, што ў доме ніколі не гатавалі такіх смачных і разнастайных абедаў, як у тыя дні, калі ён не мог есці з-за разгрузкі з выкарыстаннем паслабляльнага, і верыў, што гэта – жончыны хітрыкі, і ўрэшце ён адмовіўся ад прымання паслабляльнага, калі яна не прымала яго разам з ім. Ён дапёк яе сваім бяздушшам, і аднойчы Фэрміна Даса сказала, што на дзень нараджэння хоча атрымаць нязвыклы падарунак: каб ён адзін дзень пазаймаўся хатнімі справамі. Ён радасна пагадзіўся і на золку насамрэч прыняў лейцы кіравання домам. І загадаў падаць сапраўды выдатны сняданак, але забыўся на тое, што яна не магла есці яечню, да таго ж, не піла каву з малаком. Потым распарадзіўся гатаваць урачысты абед на восем персон і загадаў накрываць святочны стол, – словам, так імкнуўся гаспадарыць лепш за яе, што апоўдні яму давялося капітуляваць без адзінай адзнакі сораму. З першага моманту ён здагадаўся, што не ведае, дзе што знаходзіцца, асабліва на кухні, і прыслужніцы дазволілі яму перавярнуць усё ў пошуках кожнае драбязы, бо яны таксама ўвайшлі ў гульню. А дзясятай ён не паспеў вырашыць адносна дэталяў абеду, бо не была скончаная ўборка ў доме і не прыбраная спальня. Ванны пакой застаўся нявымытым, ён забыўся папоўніць запас гігіенічнай паперы, памяняць прасціны і накіраваць возніка па дзяцей. Заадно пераблытаў ролі прыслужніц, то бок загадаў кухарцы перасцілаць пасцелі, а пакаёвак накіраваў на кухню. Аб адзінаццатай, калі вось-вось мусілі прыйсці госці, у доме быў такі хаос, што Фэрміна Даса зноўку прыняла лейцы кіравання, душачыся са смеху. Але не з пераможным выглядам, як меркавала, а ўзрушаная шкадобаю пры выглядзе бездапаможнасці мужа ў хатніх справах. Ён уздыхнуў з сумам і выказаў спрадвечны аргумент: «Прынамсі, я справіўся не горш, чымся ты б лекавала людзей». Але навука была карыснай, і не толькі для яго. Праз шмат гадоў кожны сваім шляхам прыйшоў да мудрай высновы, што яны не маглі жыць разам і кахаць адно аднаго інакш: на гэтым свеце няма нічога складанейшага за каханне.
У зеніце свайго новага жыцця Фэрміна Даса бачыла Флярэнтына Арысу на розных грамадскіх мерапрыемствах, і тым часцей, чым вышэй уздымаўся ён па службовай лесвіцы, але яна навучылася паводзіць сябе пры гэтым так натуральна, што з рассеянасці не аднойчы забывалася вітаць яго. Яна чула пра яго часта, бо ў дзелавым свеце стала агучвалася тэма ягонага асцярожнага, але нястомнага руху ўгару па адміністрацыйнай лесвіцы Карыбскай параходнай кампаніі. Яна заўважыла, што ягоныя манеры мяняліся ў лепшы бок, а нясмеласць прымала выгляд загадкавага аддалення, яму пасавала лёгкая дабаўка вагі, і была да твару нетаропкасць сталага чалавека, ён нават здолеў годна вырашыць праблему падступнага аблысення. Адным толькі Флярэнтына Арыса кідаў выклік часу і модзе – змрочнай вопраткай, анахранічнымі сурдутамі, адзіным капелюшом, страшным парасонам, гальштукамі ў выглядзе стужкі з матчынай крамы, якія насілі хіба што паэты. Фэрміна Даса павольна звыклася глядзець на Флярэнтына Арысу іншымі вачыма і, зрэшты, перастала атаясамліваць яго з млявым юнаком, які сядзеў і ўздыхаў па ёй пад парывамі ветру ў пажоўклым лістападзе Евангельскага скверыка. Ва ўсялякім разе, яна ніколі не пазірала на яго абыякава і заўсёды радавалася добрым весткам пра яго, бо гэтыя весткі паступова аблягчалі цяжар яе віны.
Аднак калі яна паверыла ўжо самой сабе, што сцерла яго назаўсёды з памяці, ён зноў з’явіўся там, дзе яна менш за ўсё чакала, прывідам яе настальгіі. Гэта супала з першымі знакамі старасці і праявілася так, нібыта ў ейным жыцці здарылася непапраўнае, і адчуванне гэтае абвастралася, калі яна чула грымоты перад дажджом. Самотны гром, каменны і пунктуальны, грымеў у кастрычніку штодня роўна а трэцяй за абедам недзе ў гарах Вільянуэвы, і, як стала нагадвае пра сябе невылечная рана, успаміны з гадамі сталіся яшчэ больш натуральнымі. Новыя падзеі блыталіся ў памяці праз некалькі дзён, а легендарная вандроўка па правінцыі кузіны Ільдэбранды прыгадвалася так дэталёва, нібыта ездзіла яна ўчора, і ўсё – праз вусцішную дакладнасць настальгічных успамінаў. Яна прыгадвала горны Манаўрэ, адзіную вуліцу ў ім, роўную і зялёную, з птушкамі шчасця, з домам жахаў, дзе яна прачыналася ў кашулі, мокрай ад слёз Пэтры Маралес, што памерла ад кахання шмат гадоў таму ў тым самым ложку, дзе Фэрміна Даса тады спала. Яна згадвала смак гуаявы, які больш ніколі не быў такім, свае прадчуванні, такія моцныя, што іхны шэпт заглушаў пошум дажджу, тапазавы бляск вечароў у Сан-Хуан-дэль-Сэсары, калі яна выходзіла на шпацыр з чародкаю шумных кузін і сціскала зубы, каб не выскачыла сэрца, калі яны праходзілі паўз тэлеграфную кантору. Яна, не гандлюючыся, прадала дом бацькі. Ёй балюча было прыгадваць юнацтва, бачыць з гаўбца пусты скверык, адчуваць прарочы водар гардэній душнымі начамі і зноў перажываць страх перад старасвецкім дамскім партрэтам таго лютаўскага дня, калі вырашыўся ейны лёс, і куды б ні павярнула памяць тых часоў, яна абавязкова сутыкала яе з Флярэнтына Арысам. Аднак яна заўсёды цвяроза ацэньвала сітуацыю і разумела, што гэта не былі ўспаміны пра каханне альбо каянне, а толькі памяць пра горкі сум, які пакідаў па сабе доўгі след слёз. Яна не ведала, што і ёй пагражала тая самая пастка спагады, у якую траплялі выпадковыя ахвяры Флярэнтына Арысы.
Фэрміна Даса трымалася за мужа. Тым часам і муж усё больш адчуваў патрэбу ў ёй, бо апярэджваў яе ў веку на дзесяць гадоў, хістаючыся самотна ў тумане старасці і слабеючы як мужчына. Зрэшты яны настолькі спазналі адно аднаго, што, дасягнуўшы трыццацігоддзя сумеснага жыцця, сталіся нібыта адной істотай з двума тварамі і пачуваліся няёмка, калі часта ненаўмысна ўгадвалі думкі адно аднаго альбо калі прылюдна незнарок вымаўлялі тое, што мусіў сказаць другі. Яны разам пераадолелі будзённыя непаразуменні, раптоўныя пыханні гневу на ўзаемныя гідоты і казачныя бліскавіцы шлюбнае блізкасці. Пад той час яны кахалі адно аднаго без спеху, не перагінаючы палкі, і абое былі свядома ўдзячныя адно аднаму за невераемныя перамогі над злыбедамі. Жыццё, зразумела, гатавала ім і іншыя смяротныя выпрабаванні, але гэта ўжо не было такім важным: яны былі на другім беразе жыцця.
З прычыны наступлення новага стагоддзя была падрыхтаваная незвычайная праграма ўрачыстасцяў, сярод якіх самай незабыўнай сталася першая вандроўка на паветраным шары, плён невычэрпнай ініцыятывы доктара Урбіна. Паўгорада сабралася на Арсенальным пляцы, каб палюбавацца вялізным шарам з тафты колераў нацыянальнага сцяга, які павёз першую паветраную пошту ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу – трыццаць ліг на паўночны ўсход напрасткі. Доктар Хувэналь Урбіна з жонкаю, якія зведалі хваляванні палёту на Сусветнай выставе ў Парыжы, першымі ўзняліся ў лазовую гандолу, за імі рушыў бартавы інжынер і шэсць ганаровых гасцей. Яны везлі муніцыпальным уладам Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі ліст губернатара правінцыі, у якім фіксаваўся гістарычны факт першай перасылкі пошты паветраным шляхам. Рэпарцёр з «Камерцыйнай газеты» спытаў у доктара Хувэналя Урбіна, якія былі б ягоныя развітальныя словы ў выпадку, калі ён загіне ў палёце, і доктар, не задумваючыся, выдаў адказ, за які пасля многія яго лаялі. “На мой погляд, – сказаў ён, – XIX стагоддзе скончылася для ўсяго свету, але толькі не для нас”.








