Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 26 страниц)
Hi ў першую, штармавую, ноч, ні ў наступныя, ужо пры ціхім моры, ні калі-небудзь пазней за вельмі доўгае шлюбнае жыццё Фэрміны Дасы, не здарылася тых брыдкіх рэчаў, якіх яна баялася. Першая ноч, нягледзячы на памеры карабля і раскошу каюты, сталася жахлівым паўторам ночы на шхуне з Рыёачы, і муж выявіўся паслужлівым доктарам – ён не спаў ні хвіліны, суцяшаючы яе, бо толькі гэта мог зрабіць знакаміты лекар супраць марской гойданкі. Але шторм сціх на трэці дзень, калі прайшлі порт Гуайра, і ўжо тады яны правялі столькі часу разам у бясконцых размовах, што адчулі сябе старымі сябрамі. На чацвёртую ноч, калі яны рыхтаваліся да сну, доктар Хувэналь Урбіна быў здзіўлены, заўважыўшы, што маладая жонка не памалілася. Яна адказала шчыра: крывадушнасць мнішак адвярнула яе ад царкоўных абрадаў, але вера яе непераможная і яна навучылася верыць моўчкі. І дадала: «Лепш разумецца з Богам непасрэдна». Ён прыняў ейныя аргументы, і з тае пары абое верылі кожны па-свойму. Жаніханне было нядоўгім, але даволі нефармальным для таго часу, бо доктар Урбіна наведваў яе дома, без трэціх асоб і ўсялякі раз увечары. Яна б не дазволіла яму дакрануцца да яе нават пальцам да блаславення біскупа, але ён і не спрабаваў. Менавіта ў першую ноч пры спакойным моры, ужо ў ложку, ён упершыню пачаў лашчыць яе, і так далікатна, што ёй здалося натуральным ягонае жаданне, каб яна апранула начную кашулю. Яна накіравалася ў прыбіральню, але папярэдне згасіла святло ў каюце, а калі выйшла ў начной кашулі, дык спярша заткнула шчыліну ў дзвярах анучамі й пайшла да ложка ў суцэльнай цемры. І пакуль ішла, сказала жартам:
– Чаго ж ты хочаш, доктар. Я ж упершыню кладуся з незнаёмым мужчынам.
Доктар Хувэналь Урбіна адчуў, як яна асцярожна слізганула каля яго, спрабуючы легчы як мага далей на вузкі каютны ложак, дзе дваім цяжка было абысціся без дотыкаў. Ён узяў яе за руку, халодную і напружаную ад жаху, сплёў з ёю пальцы і амаль шэптам распавёў успаміны пра іншыя марскія вандроўкі. Яна зноўку сціснулася, бо ўцяміла, кладучыся, што ён распрануўся нагола, пакуль яна пераапраналася ў прыбіральні. І гэта адрадзіла ейны страх перад наступным крокам. Аднак наступны крок затрымаўся на некалькі гадзін – доктар Урбіна працягваў ціхую гамонку, дабіваючыся даверу яе цела міліметр за міліметрам. Ён апавядаў пра Парыж, пра парыжскіх закаханых, што цалаваліся проста на вуліцы, у амнібусах, на тэрасах кавярняў пад адкрытым небам, і пра сентыментальныя акардэоны парыжскага лета, і пра тых, хто любіўся, стоячы на набярэжных Сены, – і ніхто ім не замінаў. Ён гаманіў у цемры і лашчыў кончыкамі пальцаў выгін шыі, шаўковы пушок рук, ухілісты жывот, і калі адчуў, што яе напруга спала, упершыню паспрабаваў узняць начную кашулю, але яна заўпарцілася і не дазволіла. Сказала: «Я ўмею распранацца сама». Яна сапраўды скінула з сябе кашулю і потым засталася ляжаць нерухома. Доктар Урбіна нават паверыў бы, што яе няма побач, калі б не жар дзявочага цела ў цемры.
Крыху пазней ён зноў узяў яе за руку і адчуў яе цеплыню і разняволенасць, але яшчэ вільготную, нібы ад пяшчотнае расы. Вось так праляжалі трошкі, моўчкі, у спакоі, ён – чакаючы моманту для наступнага кроку, і яна таксама, не ведаючы, скуль чакаць, пакуль цемра не напоўнілася яго ўсё больш напружаным подыхам. Ён раптам выслабаніў ейную руку і рэзка адхінуўся: паслініў сярэдні палец і нечакана ледзь-ледзь прылашчыў смочкі. Яна адчула смяротны разрад, быццам бы ён зачапіў аголены нерв. Яна ўзрадавалася цемры, праз якую ён не ўгледзеў, што яна ўспыхнула гарачым сорамам, які ўзрушыў яе да карэньчыкаў валасоў. «Супакойся, – шапнуў ён вельмі ўпэўнена. – Не забывай, што я іх ведаю». І адчуў, што яна ўсміхнулася, голас стаў зноў пяшчотным у змроку каюты.
– Дзе ж тут забудзешся, – адказала яна, – я дасюль злую на цябе.
Тады доктар Хувэналь Урбіна зразумеў, што яны разам нібыта абмінулі мыс Добрай Надзеі, ён зноўку ўзяў яе мяккую руку і стаў пакрываць лёгкімі пацалункамі: напачатку тугое запясце, доўгія пальцы прадракальніцы, празрыстыя пазногці, а потым – іерогліфы яе лёсу на потнай далоні. Яна сама не ведала, як яе рука апынулася на ягоных грудзях і натрапіла на штосьці, але не магла ўцяміць, што. Ён сказаў ёй: «Гэта ладанка». Яна пачала лашчыць ягоныя валасатыя грудзі, потым схапіла зарасці рукой, нібыта хацела вырваць іх. «Мацней», – прапанаваў ён. Яна спрабавала, хоць усведамляла, што не здолее раніць яго, а затым ейная рука ўжо шукала ягоную, нябачную ў цемры. Але ён не даў ёй сплесці пальцы, а ўзяў яе за запясце і павёў яе руку ўздоўж свайго цела з няўважнай, але кіруючай сілай, пакуль яна не адчула гарачы подых драпежніка, невядомага, але жарснага ў сваёй напрузе. Насуперак таму, што ён меркаваў і што Фэрміна сама магла прадбачыць, яна не адвяла руку і не пакінула яе інертна там, дзе ён яе паклаў. Імгненна яна даверыла сябе душой і целам Святой Дзеве, сціснула зубы, баючыся смеху ад уласнага шаленства, і пачала абмацваць ворага, што стаяў дыбам, спазнаючы яго памеры, моц камля, размах крылаў, лякаючыся яго рашучасці, але спачуваючы яго самоце. Яна пранікала ў падрабязнасці з прагнай цікаўнасцю, якую чалавек з меншым досведам, чым яе муж, мог бы ўспрыняць як ласку. Ён сабраў апошнія сілы, каб вытрываць нясцерпнае выпрабаванне, але раптам яна кінула яго, як дзіця – нялюбую цацку, нібыта штосьці непатрэбнае – у смецце.
– Ніяк не магу ўцяміць, як дзейнічае гэтая штука, – сказала яна.
Тады ён растлумачыў ёй, метадычна і сур’ёзна, як настаўнік, і вёў ейную руку па месцах, якія называў, а яна дазваляла яму рабіць гэта з пакораю ўзорнай школьніцы. У дарэчны момант ён падказаў, што ўсё гэта лягчэй засвойваецца пры святле. Ён ужо хацеў запаліць яго, але яна спыніла: «Я лепш бачу рукамі». Насамрэч яна хацела запаліць святло, але прагнула зрабіць гэта сама. Так яна і зрабіла. Ён убачыў, што яна ляжыць у позе эмбрыёна, ахінутая прасцінай. Але яна зноў без сораму, з цікаўнасцю ўзяла драпежніка, павярнула яго так і гэтак, як даследчык, і зрабіла выснову: «Які ён брыдкі, больш брыдкі, чым у жанчын». Ён пагадзіўся з ёю і ўказаў на іншыя непрыемныя абставіны, больш важкія, чым брыдкі выгляд. Ён сказаў ёй: «Гэта – нібы старэйшы сын: усё жыццё працуеш на яго, усім ахвяруеш дзеля яго, а ў вырашальны момант ён паступае так, як яму заманецца». Яна яшчэ разглядвала яго, пытаючыся, навошта гэта ды тое, а потым, калі вырашыла, што ўжо ўсё ведае, прыкінула рукамі вагу, быццам бы даводзячы сама сабе, што і вагою гэта нішчымная штука, і кінула яго са зневажальным жэстам.
– Да таго ж, мне здаецца, што тут шмат лішняга, – дадала яна.
Ён зірнуў на яе разгублена. Менавіта такой была тэма яго дысертацыі – мэтазгоднасць спрашчэння чалавечага арганізма. Ён, арганізм, здаваўся яму архаічным, меў шмат бяздумных альбо дубляжных функцый, якія былі патрэбныя ў былыя эпохі жыцця людскога роду, але не цяпер. Так, цела магло быць больш простым і менавіта таму – менш даступным. Ён зрабіў выснову: «На гэта, зразумела, здольны толькі Бог, аднак, так ці інакш, было б карысна абгрунтаваць гэта тэарэтычна». Яна весела засмяялася, ды так натуральна, што ён скарыстаўся выпадкам, – абняў яе і ўпершыню пацалаваў у вусны. Яна адказала яму, і ён не спыніўся, пяшчотна цалаваў ейныя шчокі, нос, павекі, рука, тым часам, слізганула пад прасцінаю і знайшла круглы і гладкі, нібыта ў японкі, узгорак. Яна не адвяла руку, але трымала сваю напагатове, каб адбіць, на ўсялякі выпадак, іншы, наступны крок.
– Нешта зацягнулася твая лекцыя па медыцыне, – сказала яна.
– Слушна, – адказаў ён. – Зараз будзе лекцыя любові.
Ён сцягнуў з яе прасціну, і яна не толькі не супрацівілася, але і адкінула яе далей ад ложка шпаркім зрухам нагі, бо спякота была нясцерпнай. Яе цела, акруглае і пругкае, было нашмат прыгажэйшым, чым гэта здавалася ў вопратцы, яно мела спецыфічны водар горнага звера, што дазваляў пазнаць яе сярод усіх жанчын свету. Безабаронная пад моцным святлом, яна адчула хвалю гарачай крыві, што ўдарыла ў твар, і адзінае, што ёй прыйшло да галавы і дазваляла схаваць гэта ад мужа, было павіснуць у яго на шыі ды цалаваць яго аддана і моцна, пакуль хапала паветра.
Ён ведаў, што не кахае яе. Ажаніўся, бо яму былі даспадобы яе ганарлівасць, сур’ёзнасць, моц, і яшчэ з-за долі фанабэрыі ў ім самім. Але калі яна ўпершыню пацалавала яго, ён быў пэўны, што наперадзе не будзе ніякіх перашкодаў, і можна будзе будаваць моцнае каханне. Яны не гаварылі пра гэта ў тую першую ноч, хоць пра шмат чаго гаманілі ажно да золку. Уласна кажучы, ніколі пра гэта не гаварылі. Але час паказаў, што яны не памыліліся.
Калі яны на світанні заснулі, яна яшчэ была цнатлівай, але цяпер ненадоўга. Насамрэч, наступнай ноччу, пасля таго, як ён навучыў яе танчыць венскія вальсы пад зорным небам Карыбскага мора, ён пайшоў у прыбіральню пасля яе, а калі вярнуўся ў каюту, убачыў, што яна чакае яго ў ложку аголеная. Тады яна ўзяла ініцыятыву на сябе і аддалася яму без жаху і болю, з радасцю ад прыгоды ў адкрытым моры і не большымі адзнакамі крывавага абраду, чым ружа гонару на прасціне. Яны любіліся цудоўна, так было і ўначы, і ўдзень, усё лепш ды лепш, так што да прыбыцця ў Ля-Рашэль паміж імі ўсталявалася разуменне, нібыта яны былі даўнімі каханкамі. Прабылі яны ў Еўропе шаснаццаць месяцаў, жылі ў Парыжы і рабілі кароткія вандроўкі ў суседнія краіны. Увесь гэты час яны аддаваліся любоўным асалодам штодня, а часцей – зімовымі нядзельнымі днямі, калі заставаліся ў ложку да абеду. Ён быў мужчынам моцнага тэмпераменту, да таго ж, фізічна натрэніраваным, а яна не была створана для таго, каб хто-кольвек апярэдзіў яе, так што ім давялося раздзяліць лідарства і ў ложку. Пасля трох месяцаў гарачай любові ён западозрыў, што хтосьці з іх няплодны, і яны абое прайшлі дэталёвае абследаванне ў клініцы Сальпэтрыэр, дзе ён колісь праходзіў інтэрнатуру. Абследаванне было надзвычай пільным, але цалкам бясплённым. Аднак, калі яны менш за ўсё таго чакалі, і без усялякага пасярэдніцтва навукі, адбыўся цуд. Напрыканцы наступнага года, калі яны вярталіся дамоў, Фэрміна Даса была на шостым месяцы цяжарнасці і ўважала сябе самай шчаслівай жанчынай на свеце. Сын, якога яны так жадалі, нарадзіўся без ускладненняў пад знакам Вадаліва, і яго назвалі імем дзядулі, які памёр ад халеры.
Немажліва было дакладна вызначыць, ці то Еўропа, ці то каханне змянілі іх, бо абедзве рэчы супалі па часе. Адбыліся глыбокія змены не толькі ў дачыненні адно да аднаго, але і ў дачыненні да ўсяго, і гэта адчуў Флярэнтына Арыса, калі ўбачыў іх каля выхаду з сабора праз два тыдні пасля вяртання, у тую нядзелю ягонага няшчасця. Яны прыехалі з новай канцэпцыяй жыцця, перапоўненыя заморскімі ведамі і гатовыя камандаваць парадам у грамадстве. Ён – з навінкамі літаратуры, музыкі і, галоўнае, навукі. Прывёз падпіску на Le Figaro, каб не губляць сувязі з рэчаіснасцю, а таксама на Revue des Mondes, каб не губляць сувязі з паэзіяй. Апрача таго, ён дамовіўся са сваім парыжскім бібліятэкарам, што будзе атрымліваць кніжкі самых чытаных пісьменнікаў. Сярод іх былі Анатоль Франс і П’ер Ляці і найбольш любыя яму Рэмі дэ Гурмон і Поль Буржэ, але ні ў якім разе не Эміль Заля. Ён цярпець не мог Заля, нягледзячы на яго адважны выступ на працэсе Дрэйфуса. Сам кнігар узяўся дасылаць яму па пошце найбольш грунтоўныя партытуры, якія з’явяцца ў каталогу фірмы Рыкордзі, галоўным чынам – камернай музыкі, каб ён пераняў заваяваную бацькам славу быць першым у горадзе арганізатарам канцэртаў.
Фэрміна Даса, якая негатыўна ставілася да сляпога пераймання моды, прывезла шэсць куфраў са строямі для розных сезонаў, бо яе не вабілі рэчы знакамітых марак. Пасярод зімы яна з’ездзіла ў Цюільры на прагляд калекцыі Уорта, гэтага тырана высокай моды, і адзінае, што прывезла адтуль, – бранхіт, пасля чаго пяць дзён не ўздымалася з ложка. Ляфэр’ер здаваўся ёй менш прэтэнцыёзным і саманадзейным, але яна мудра вырашыла аббегчы крамы распродажаў, хоць пераляканы муж кляўся, што там прадаюць рэчы нябожчыкаў. Яшчэ яна накупляла шмат італьянскіх чаравікаў без маркі, аддаючы ім перавагу перад экстравагантным абуткам ад Фэры, і яшчэ набыла чырвоны, як полымя апраметнай, парасон ад Дзюпуі, які даў багата матэрыялу для абсмоктвання рэпарцёрам з раздзела свецкае хронікі. Яна набыла толькі адзін капялюш ад мадам Рэбу, але затое запоўніла цэлы куфар гронкамі штучных вішань, галінкамі ўсялякіх пільсцёвых кветак, звязкамі стравусіных пёраў, хвастамі паўлінаў і азіяцкіх пеўняў, фазанаў і калібры, муляжамі экзатычных птушак, якія застылі на ляту альбо ў момант спеву ці агоніі, – адным словам, усімі рэчамі, якія на працягу наступных дваццаці гадоў былі патрэбныя для таго, каб адныя і тыя ж капелюшы здаваліся рознымі. Яна прывезла калекцыю веераў з розных краін і адзін адметны веер, прыдатны на ўсе выпадкі жыцця. Прывезла ўзрушальную эсенцыю, абраную сярод шмат якіх іншых у парфумерыі Bazar de la Charite да таго, як веснавыя вятры разнеслі попел пагарэлага будынка, але карысталася ёю толькі аднойчы, бо, змяніўшы пах, яна не пазнавала саму сябе. Яна таксама набыла касметычны набор, апошнюю навінку на рынку спакусы, і стала першай жанчынай, якая карысталася ім на святочных вечарынах, калі проста прыпудрыцца на людзях разглядалася як непрыстойнасць.
Акрамя ўсяго, яны прывезлі тры незабыўныя ўспаміны: пра беспрэцэдэнтную прэм’еру «Казак Гофмана» ў Парыжы, пра жахлівы пажар, што знішчыў усе венецыянскія гандолы насупраць пляца Святога Марка, – яны з болем у сэрцы назіралі яго праз акно гатэля, і пра імгненную сустрэчу з Оскарам Уайлдам пад першым студзеньскім снегападам. Але сярод гэтых ды іншых успамінаў доктар Хувэналь Урбіна захаваў адзін і заўсёды шкадаваў, што не раздзяліў яго з жонкаю, бо ўспамін адносіўся да часоў халасцяцкага студэнцтва ў Парыжы. Гэта быў успамін пра Віктора Гюго, які карыстаўся кранальнай славай. Пагаворвалі (хоць гэтага ніхто не чуў), быццам пісьменнік сказаў, што нашая канстытуцыя – для краіны, дзе жывуць не людзі, а анёлы. З тае пары ён стаўся прадметам асаблівага культу, і бальшыня шматлікіх суайчыннікаў доктара, якія ездзілі ў Францыю, са скуры лезлі, толькі б пабачыць яго. З паўтузін студэнтаў, сярод якіх быў Хувэналь Урбіна, падчэквалі пісьменніка насупраць ягонай рэзідэнцыі на авеню Эйлё, у кавярнях, дзе, па чутках, ён абавязкова мусіў з’явіцца, але так і не з’явіўся, і яны пісьмова папрасілі, нарэшце, асабістай аўдыенцыі ад імя анёлаў Рыёнеграўскай Канстытуцыі. Адказу яны так і не атрымалі. Аднойчы ўдзень Хувэналь Урбіна праходзіў каля Люксембурскага саду і ўгледзеў яго – ён выходзіў з Сената з маладой жанчынай, якая вяла яго пад руку. Ён быў зусім стары, з цяжкасцю перасоўваўся, валасы і барада не былі такімі бліскучымі, як на партрэтах, і апрануты ён быў у паліто, быццам бы з чужога, больш мажнага пляча. Хувэналь Урбіна не хацеў псаваць незабыўнае ўражанне дзёрзкім вітаннем: таго ледзь не ірэальнага спаткання хапіла яму на ўсё астатняе жыццё. Калі доктар апынуўся ў Парыжы пасля вяселля і мог бы сустрэцца з пісьменнікам, Віктора Гюго ўжо не было сярод жывых.
Хувэналь і Фэрміна суцешыліся тым, што прывезлі сумесны ўспамін пра снежны вечар, калі іх заінтрыгавала група людзей, што стаяла насуперак непагодзе каля маленькай кнігарні на бульвары Капуцынаў, – выявілася, што ў краме знаходзіўся Оскар Уайлд. Калі, зрэшты, ён выйшаў з падкрэсленай элегантнасцю, людзі акружылі яго і сталі прасіць аўтографы, падсоўваючы аўтару яго кнігі. Доктар Урбіна спыніўся, каб проста паглядзець, аднак яго імпульсіўная жонка схацела перайсці вуліцу і атрымаць аўтограф на тым, што, як ёй здалося, падыходзіла замест кнігі: на выдатнай пальчатцы са скуры газелі, доўгай, гладкай, мяккай, аднаго колеру са скурай маладой пашлюбёнкі. Яна была ўпэўненая, што такі вытанчаны чалавек ацэніць жэст. Але муж рашуча запярэчыў, і, калі яна ўсё ж паспрабавала гэта зрабіць, не звяртаючы ўвагі на яго довады, ён адчуў, што не перажыве падобнага сораму.
– Калі ты толькі пяройдзеш вуліцу, – сказаў ён, – дык, вярнуўшыся, знойдзеш мяне мёртвым.
Такімі былі яе натуральныя паводзіны. Мінула менш за год пасля шлюбу, і яна ўжо паводзіла сябе ў свеце са спрытам, з якім яшчэ дзяўчынкай царавала ў глухой глыбінцы Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага. Паводзіла сябе, нібыта нарадзілася з велікасвецкімі звычкамі. Яна свабодна стасавалася з незнаёмцамі, што дужа дзівіла мужа, і мела талент таямнічага паходжання – разумецца па-кастыльску з кім заўгодна і дзе заўгодна. «Мовамі трэба валодаць, калі мусіш штосьці прадаць, – гаварыла яна ўсмешліва. – А калі ідзеш набываць, усялякі цябе зразумее, на якой бы мове ты ні звяртаўся». Цяжка было ўявіць сабе чалавека, які б так хутка і радасна засвоіў штодзённае жыццё Парыжа, яна з любоўю прыгадвала гэты горад, нягледзячы на яго няспынны дождж. Аднак, калі Фэрміна Даса вярнулася дамоў, поўная ўражанняў, стомленая дарогай, напаўсонная ад цяжарнасці, і яе ў порце найперш спыталі, як ёй еўрапейскія дзівосы, яна адказала сцісла, з непераможным карыбскім акцэнтам:
– Шмат шуму з нічога.
Удзень, калі Флярэнтына Арыса ўбачыў Фэрміну Дасу на бабінцы кафедральнага сабора ды заўважыў, што яна прыкладна на шостым месяцы цяжарнасці і цалкам асвоілася з новым абліччам велікасвецкай жанчыны, ён канчаткова вырашыў зрабіць сабе імя й стаць заможным з тым, каб заслужыць яе каханне. Ён нават не падумаў пра відавочную перашкоду – шлюб, бо адначасна вырашыў, нібыта гэта залежала ад яго, што доктар Хувэналь Урбіна мусіць памерці. Ён не ўяўляў, калі і як, галоўным было тое, што падзея, якую ён прымеркаваў, непазбежная, вось ён і будзе цярпліва чакаць хоць да сканчэння вякоў.
Ён пачаў з таго, што без папярэдняй дамовы з’явіўся ў канторы Леона XII, старшыні Рады дырэктараў і генеральнага дырэктара Карыбскай параходнай кампаніі, і сказаў яму, што гатовы скарыцца і прыме любую прапанову. Дзядзька быў пакрыўджаны на яго за тое, што пляменнік адмовіўся ад добрай пасады тэлеграфіста ў Вілья-дэ-Лейвэ, але ўсё ж паддаўся, бо быў упэўнены, што людзі не нараджаюцца раз і назаўсёды ў дзень, калі маці прыносіць іх у свет, – жыццё змушае іх не аднойчы перанараджаць саміх сябе. Апрача таго, удава ягонага брата памерла летась, так і не дараваўшы мужавай нявернасці, але і не пакінуўшы нашчадкаў. Адным словам, ён уладкаваў прыблуднага пляменніка на працу.
Гэта было тыповае для дона Леона XII Ляайсы рашэнне. Пад панцырам бяздушнага камерсанта хаваўся геніяльны летуценнік, які быў здольны заснаваць крыніцу ліманаду ў пустэльні Гуахіра і патапіць у слязах шматлюдныя пахаванні душараздзіральным спевам «In questa tomba oscura»[16].
Ён быў кучаравым і губатым, рыхтык як фаўн, адно што не хапала ліры ды лаўровага вянка, каб стаць дакладна падобным да вобраза падпальшчыка Нерона ў хрысціянскай міфалогіі. Вольны ад кіраўніцтва кампаніяй і адвечных праблем з навігацыяй, ён прысвяціў час папаўненню свайго лірычнага рэпертуару. Больш за ўсё ён любіў спяваць на пахаваннях. У яго быў голас галерніка, не пастаўлены, але з уразлівым дыяпазонам. Хтосьці распавёў яму, што Энрыка Каруза[17] мог разбіваць ушчэнт крышталёвыя вазы сілаю свайго голасу, і тады на працягу многіх гадоў ён спрабаваў рабіць тое ж самае нават з аконнымі шыбамі. Сябры, вяртаючыся з далёкіх вандровак па белым свеце, прывозілі яму найтанчэйшыя вазы і ладзілі адмысловыя святы, каб ён, урэшце, ажыццявіў сваю мару. Усё было дарэмна. Але ў глыбіні грымотнага голасу паблісквала кволае святло пяшчоты, ад якога ўзнікалі расколіны ў сэрцах слухачоў, нібыта ў крышталёвых вазах вялікага Каруза.
Менавіта таму ён быў так чаканы на пахаваннях. Толькі аднойчы, калі яму прыйшла да галавы думка заспяваць «When wake up in Glory»[18], гожую i кранальную пахавальную песню з Луізіяны, капелан загадаў яму змоўкнуць, бо не мог трываць лютаранскага пранікнення ў ягоны каталіцкі касцёл.
Так, між справаю спяваючы оперныя партыі і неапалітанскія серэнады, ён праявіў камерцыйны талент і непераможны прадпрымальніцкі дух, якія ў эпоху найвышэйшага росквіту зрабілі з яго магната рачнога суднаходства. Ён узняўся з нічога, як і ягоныя нябожчыкі браты, і ўсе яны дасягнулі, чаго хацелі, насуперак сораму, пячатку якога неслі як пазашлюбныя, і, апрача таго, непрызнаныя і пазней сыны. Гэта былі вяршкі гэтак званай тады «арыстакратыі прылаўка», свяцілішчам якой стаў Камерцыйны клуб. Аднак, ужо маючы сродкі і мажлівасць жыць, як той рымскі імператар, на якога ён быў падобны, дзядзька Леон XII не пакінуў старога горада. Гэта было зручна для працы; ён жыў з жонкай і трыма дзецьмі так сціпла і ў такім простым доме, што ніколі не здолеў пазбыцца славы скнары. Адзіная раскоша, якую ён сабе дазволіў, была, па сутнасці, яшчэ прасцейшай: дамок ля мора, за дзве лігі ад канторы, усю мэблю якога складалі шэсць самаробных крэслаў, суднік і гамак на тэрасе, каб паляжаць і падумаць у нядзелю. Лепш за ўсіх ён сам назваў сябе, калі хтосьці кінуў яму ў твар, што ён багаты.
– Я не багаты, – адказаў ён. – Я жабрак пры грашах, а гэта зусім іншае.
Гэты дзіўны спосаб мыслення, які аднойчы пахвалілі ў публічнай прамове, назваўшы вельмі мудрым вар’яцтвам, дазволіў Леону XII адразу разгледзець у Флярэнтына Арысу тое, што ніхто ў ім не бачыў ні да таго, ні пасля. З таго дня, як пляменнік з’явіўся ў канторы прасіць працу са сваім жалобным выглядам і дваццацю сямю бессэнсоўна пражытымі гадамі, дзядзька пачаў выпрабоўваць яго з казарменнай суворасцю, якая магла зламаць самага нязломнага. Але пляменніка застрашыць не ўдалося. І ніколі не падазраваў дзядзька Леон XII, што Флярэнтынава стойкасць ішла не ад неабходнасці выжыць, не ад плебейскай упартасці, перададзенай яму бацькам, а ад жарснага кахання, і што ні адна перашкода на свеце не здолела б збіць яго з абранага шляху.
Найцяжэйшымі былі першыя гады, калі яго прызначылі пісарам Генеральнай дырэкцыі, на пасаду, нібыта знарок прыдуманую пад яго. Лятары Тугут, які калісьці вучыў Леона XII музыцы, якраз і параіў яму прызначыць пляменніка на працу, звязаную з пісаннем, бо малады чалавек быў нястомным спажыўцом літаратуры, праўда, хутчэй, дрэннай, чым добрай. Дзядзька Леон XII не звярнуў увагі на ўдакладненне пра катэгорыі чытанак, якія праглынаў пляменнік, бо пра яго асабіста Лятары Тугут колісь таксама сказаў, што ў яго, маўляў, не было горшага вучня на спеў, а пры тым ён пазней змушаў плакаць нават надмагільныя камяні. Так ці інакш, немец меў рацыю менавіта ў тым, што Флярэнтына Арыса пісаў любую паперу з такой жарсцю, што нават афіцыйныя дакументы ў яго былі падобнымі да любоўных лістоў. Як ён ні стараўся, дэкларацыі пагрузкі атрымліваліся рыфмаваныя, а звычайныя камерцыйныя лісты дыхалі лірызмам, праз які ім бракавала аўтарытэтнасці. Аднойчы дзядзька з’явіўся ў канторы са стосам карэспандэнцыі, якую ён не адважыўся падпісаць сваім імем, і даў пляменніку апошнюю мажлівасць для выратавання душы.
– Калі ты не здольны напісаць звычайны камерцыйны ліст, дык пойдзеш прыбіраць смецце на прыстані, – сказаў ён.
Флярэнтына Арыса прыняў выклік. Ён высіліўся адужаць самога сябе, каб засвоіць зямную прастату камерцыйнае прозы, пераймаючы ўзоры з натарыяльных архіваў з такім дбаннем, з якім колісь пераймаў стыль улюбёных паэтаў. У тыя дні ён бавіў вольны час каля Натарыяльнае брамы: дапамагаў непісьменным закаханым пісаць духмяныя лісты, каб разгрузіць уласнае сэрца ад слоў кахання, якія нельга было ўпісаць у мытныя справаздачы. Але праз шэсць месяцаў ён, як ні круці, усё ж не здолеў скруціць шыю свайму ўпартаму лебедзю. Так што, калі дзядзька Леон XII зноў прыйшоў з нараканнямі, ён усё-ткі здаўся, але з пэўным гонарам.
– Мяне цікавіць толькі каханне, – сказаў ён.
– Бяда ў тым, – адказаў дзядзька, – што без рачной навігацыі няма і кахання.
Ён выканаў пагрозлівае абяцанне і паслаў пляменніка прыбіраць смецце на прыстані, але даў слова, што будзе прасоўваць яго крок за крокам па службовай лесвіцы, пакуль той не знойдзе сябе. Так і здарылася. Не было працы, здольнай яго зламіць, якая б цяжкая альбо зневажальная яна ні была: ён не адчайваўся праз мізэрны заробак, ніколі не губляў сваёй непарушнай спакойнасці перад грубасцю кіраўніцтва. Аднак нельга сказаць, каб усё гэта рабілася ад наіўнасці: хто пераходзіў яму дарогу, той атрымліваў па заслугах, бо ён быў здольны на ўсё і дзейнічаў з разбуральнай рашучасцю, нягледзячы на свой бездапаможны выгляд. Як прадбачыў і хацеў дзядзька Леон XII, ён зведаў усе таямніцы прадпрыемства, прайшоў праз усялякія пасады за трыццаць гадоў адданай і настойлівай працы, праз мажлівыя і немажлівыя выпрабаванні. На ўсялякай пасадзе ён выяўляў выдатныя здольнасці, вывучаючы кожную дэталь патаемнага механізма гэтак адмыслова, як паэзію, але ніколі не перамог у барацьбе за жаданы трафей, – ён так і не склаў добра ніводнага камерцыйнага ліста. Ён не ставіў перад сабою такой мэты і нават не думаў пра гэта, але давёў сваім жыццём, што ягоны бацька меў рацыю, калі паўтараў да апошняга ўздыху: няма людзей з больш ясным мысленнем, няма больш упартых каменячосаў ці небяспечных і практычных адміністратараў, чымся паэты. Так, прынамсі, апавядаў яму дзядзька Леон XII, які почасту размаўляў з пляменнікам пра бацьку ў хвіліны сардэчнае блізіні, ствараючы перад ім вобраз чалавека, які нагадваў не прадпрымальніка, а летуценніка.
Дзядзька апавядаў, што Пій V Ляайса карыстаўся кантораю не так для нястомнае працы, як для ўцехі, і заўсёды сыходзіў з дома па нядзелях, нібыта дзеля таго, каб прыняць груз альбо выправіць карабель. Больш за тое, на складскім двары ён загадаў уладкаваць спісаны кацёл з параходным гудком, і хто-небудзь гудзеў, калі яму было патрэбна, навігацыйным кодам на выпадак, калі б жонка раптам стала прыслухоўвацца, каб праверыць яго. Дзядзька Леон XII быў упэўнены, што Флярэнтына Арысу зачалі на пісьмовым стале ў дрэнна зачыненым пакоі параходнай канторы спякотным нядзельным днём, пакуль жонка ягонага бацькі чула развітальныя гудкі карабля, які ніколі і нікуды не адплыў. Калі жонка дазналася пра гэта, ужо было позна, бо муж да таго часу памёр. Яна намнога яго перажыла, атручаная горыччу сваёй бяздзетнасці, і ў сваіх малітвах яна прасіла Бога пра вечны праклён пазашлюбнаму сыну.
Бацькаў вобраз хваляваў Флярэнтына Арысу. Маці распавядала пра яго як пра чалавека без камерцыйнага паклікання, які ўцягнуўся ў рачныя справы толькі таму, што яго большы брат быў вельмі блізкім супрацоўнікам нямецкага камандора Егана Б. Эльбэрса, заснавальніка рачной навігацыі. Браты былі пазашлюбнымі дзецьмі аднае маці, што працавала кухаркай і нарадзіла іх ад розных мужчын, і яны захавалі прозвішча маці і былі названыя імем рымскага папы, абранага наўздагад у царкоўным календары, акрамя дзядзькі Леона XII, – яго назвалі імем апостальскага намесніка, які ачольваў касцёл, калі ён нарадзіўся. Флярэнтына звалі дзядулю братоў па матчынай лініі, так што сын Трансыты Арысы атрымаў гэтае імя праз цэлае пакаленне першасвятароў.
Флярэнтына захоўваў сшытак, дзе бацька запісваў вершы пра каханне, на якія яго натхніла Трансыта Арыса. Старонкі былі аздобленыя працятымі стралой сэрцамі. Дзве акалічнасці здзівілі Флярэнтына. Першай быў бацькаў почырк, ідэнтычны почырку Флярэнтына, хоць апошні абраў яго на ўласны густ са шматлікіх шрыфтоў, прадстаўленых у падручніку па каліграфіі. Другая праявілася, калі ён знайшоў у бацькавых допісах фразу, якую ўважаў за сваю, а напісаная яна была бацькам задоўга да таго, як сын нарадзіўся: «Балюча паміраць толькі тады, калі гэта смерць не ад кахання».
Флярэнтына таксама бачыў два бацькавыя партрэты. Першы здымак быў зроблены ў Санта-Фэ, калі бацька яшчэ быў таго самага, як ён, узросту, калі ўпершыню яго ўбачыў. Стаяў бацька ў футры, нібыта на яго насунулі скуру карнавальнага мядзведзя, ён прыхінуўся да п’едэстала помніка, ад якога на фота быў бачны адно што край, і тое не да канца. Побач з ім стаяў хлапчук – гэта быў Леон XII у фуражцы капітана карабля. На другім здымку бацька стаяў з групаю байцоў, няведама, праўда, якой па ліку вайны, яго вінтоўка была даўжэйшая за астатнія, а парахавы пах ад вусоў можна было адчуць нават праз фота. Ён быў лібералам і масонам, як і ягоныя браты, аднак хацеў, каб сын пайшоў у семінарыю. Флярэнтына Арыса не знаходзіў падабенства да бацькі, як яму казалі, але, паводле слоў дзядзькі Леона XII, Пію V таксама вымаўлялі за лірызм у дакументах. Як бы там ні было, вонкавага падабенства не адчувалася ані на здымках, ані ў захаваным вобразе, ані ў скажоным праз каханне партрэце, што малявала маці і выпраўляў з грацыёзнай жорсткасцю Леон XII. Аднак Флярэнтына Арыса выявіў, што ён падобны да бацькі, праз шмат гадоў, прычэсваючыся перад люстэркам, і толькі тады ўцяміў: чалавек разумее, што пачынае старэць, калі знаходзіць падабенства з бацькам.
Ён не прыгадваў яго на вуліцы Вэнтанас. Ён нібыта ведаў, што пэўны час бацька заставаўся там начаваць на пачатку яго кахання да Трансыты Арысы, але пасля родаў больш не заходзіў. На працягу многіх гадоў пасведчанне аб нараджэнні было нашым адзіным дакументам для вызначэння асобы, дакумент жа Флярэнтына Арысы, згодна з запісам прыходскага касцёла Святога Тарыбіё, цвердзіў, што ён – пазашлюбны сын пазашлюбнае дачкі, бязмужняе грамадзянкі Трансыты Арысы. У паперы не фігуравала імя бацькі, які, аднак, прыняў на сябе ўтрыманне сына і ўпотайкі выконваў свой доўг да апошняга дня жыцця. Сацыяльнае становішча зачыніла перад Флярэнтына Арысам дзверы семінарыі, але таксама пазбавіла яго ад вайсковае службы ў самую крывавую эпоху войнаў, бо ён быў адзіным сынам самотнай жанчыны.
Штопятніцы пасля школы ён сядаў ля канторы Карыбскай параходнай кампаніі і праглядаў кніжку з карцінкамі жывёльнага свету, прытым гэта паўтаралася так часта, што яна ўжо проста развальвалася. Бацька ўваходзіў у кантору, не гледзячы на яго, заўсёды ў сурдуце – пазней Трансыта Арыса перашывала гэтыя сурдуты пад сынавы памеры, – а з твару ён быў дакладнай копіяй Яна Багаслова на алтары. Калі праз колькі гадзін ён выходзіў, дык даваў хлапчуку грошай на тыднёвыя выдаткі, але так, каб не заўважыў нават вознік. Яны не размаўлялі не толькі таму, што бацька і не спрабаваў завесці размову, а яшчэ з-за страху, які адчуваў перад ім сын. Аднойчы, пасля доўгага, як ніколі, чакання, бацька даў яму некалькі манет і сказаў:
– Вазьміце і больш не прыходзьце.
Так Флярэнтына Арыса бачыў яго апошні раз. Але з часам ён дазнаўся, што дзядзька Леон XII, дзесь на дзесяць гадоў маладзейшы за бацьку, і надалей прыносіў грошы маці; ён дапамагаў яшчэ і пазней, калі Пій V памёр ад дрэнна залечаных колікаў, не пакінуўшы пісьмовых распараджэнняў і не паспеўшы пакінуць тастамента нават вусна на карысць адзінага сына, сына вуліцы.








