412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Габрыэль Маркес » Каханне падчас халеры » Текст книги (страница 20)
Каханне падчас халеры
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Каханне падчас халеры"


Автор книги: Габрыэль Маркес



сообщить о нарушении

Текущая страница: 20 (всего у книги 26 страниц)

Калі дзядзька насуперак уласнай волі адышоў ад спраў, скарыўшыся дактарам, Флярэнтына Арыса ахвотна ахвяраваў любоўю па нядзелях дзеля яго. Ездзіў у ягоны прытулак на адным з першых аўто, якія з’явіліся ў горадзе, чый стартэр меў такую аддачу, што адарваў руку першаму кіроўцу. Яны гаманілі гадзінамі, стары ляжаў у гамаку са сваімі ініцыяламі, вышытымі шоўкам, спінай да мора, далёкі ад сусветнай мітусні, у старажытным рабаўладальніцкім маёнтку, дзе з тэрасы, што патанала ў астрах, на заходзе сонца бачыліся заснежаныя горныя вяршыні. Флярэнтына Арыса і ягоны дзядзька ніколі не гаварылі пра штосьці іншае, акрамя рачнога параходства, і так было і ў тыя доўгія вечары, калі смерць прысутнічала ў доме нябачнай госцяй. Дзядзьку Леона XII хвалявала адно: каб рачная гаспадарка не апынулася ў руках прадпрымальнікаў з унутраных правінцый, звязаных з еўрапейскімі канцэрнамі. «Гэта заўсёды было нашай справай з часоў гандлю рабамі, – сказаў ён. – Калі гэтым завалодаюць франты са сталіцы, усё дастанецца задарам немцам». Такі быў ягоны заўсёдны клопат, які падтрымліваўся і палітычнымі перакананнямі, і ён любіў паўтараць гэта пры ўсякай нагодзе альбо без яе.

– Мне хутка будзе сто гадоў, я бачыў перамены ва ўсім, нават у зрухах нябесных целаў, але яшчэ нічога не змянілася ў нашай краіне. Мы тут маем новыя канстытуцыі, новыя законы, новыя войны кожныя тры месяцы, аднак мы па-ранейшаму жывём, як у каланіяльныя часы.

Братам, прыхільнікам масонаў, якія лічылі, што ўсе беды маюць месца з-за паразы федэралізму, ён заўсёды пярэчыў: «Тысячадзённая вайна прайграная за дваццаць тры гады да яе пачатку, у вайне семдзесят шостага года». Флярэнтына Арыса, бязмежна абыякавы да палітыкі, слухаў усё больш частыя тырады, нібыта пошум марскіх хваляў. Аднак ён жорстка аспрэчваў палітыку самога прадпрыемства. Насуперак крытэрыям дзядзькі, Флярэнтына Арыса думаў, што адсталасць рачнога параходства, якое заўсёды было на мяжы катастрофы, можна было пераадолець толькі добраахвотнай адмовай ад манаполіі на эксплуатацыю параходаў, дараванай Карыбскай параходнай кампаніі Нацыянальным кангрэсам на дзевяноста дзевяць гадоў і адзін дзень. Дзядзька пратэставаў: «Гэта мая цёзка Леона з яе анархісцкімі замашкамі ўнушае табе такія думкі». Але гэта было слушна толькі часткова. Флярэнтына Арыса абгрунтоўваў стратэгію адмоўным досведам нямецкага камандора Егана Б. Эльбэрса, які звёў высакародную справу на нішто празмернымі ўласнымі амбіцыямі. Дзядзька лічыў, са свайго боку, што параза Эльбэрса была звязаная не з ягонымі манапольнымі правамі, а з нерэальнымі абавязальніцтвамі, якія ён прыняў на сябе ўвадначас, нібыта цяжар поўнай адказнасці за ўсю нацыянальную геаграфію. Ён адказваў за ўтрыманне ракі ў прыдатным для навігацыі стане, за партовыя забудовы і абсталяванне, за транспартныя сродкі. Апрача таго, як сцвярджаў дзядзька, рашучы супраціў гэтаму прэзідэнта Сімона Балівара не належаў да шэрагу дробных перашкодаў.

Большасць партнёраў успрымалі гэтыя дэбаты як сямейныя спрэчкі, у якіх абодва бакі мелі рацыю. Упартасць старога здавалася цалкам натуральнай, і не таму, што старасць пазбавіла яго заўсёднай дальнабачнасці, як лічылі легкадумцы, – адмовіцца ад манаполіі азначала выкінуць на сметнік трафеі гістарычнае бітвы, выйгранай ім і ягонымі братамі ў магутных супраціўнікаў з усяго свету. Так што дзядзька аформіў свае правы такім чынам, што ніхто не мог аспрэчваць іх да законнага завяршэння тэрміну. Аднак раптам, калі Флярэнтына Арыса ўжо склаў зброю ў тыя вечары роздуму на тэрасе маёнтка, дзядзька Леон XII пагадзіўся на адмову ад стогадовых прывілеяў з адзінай умовай: каб яны захоўваліся да ягонай смерці.

Гэта было яго апошняе рашэнне. Ён больш не гаварыў пра справы, не раздаваў парадаў, не страціў ніводнага воласа з сваёй густой шавялюры, ні кроплі яснасці розуму, але зрабіў усё мажлівае, каб пазбегнуць сустрэчы з тымі, хто мог глядзець на яго са шкадаваннем. Ён праводзіў дні ў назіранні спрадвечных снягоў з тэрасы, марудна гойдаўся ў венскім гамаку каля століка, на якім служанкі заўсёды трымалі гарачай каву і шклянку содавага раствору з двума зубнымі пратэзамі, якімі ён карыстаўся толькі для прыёму наведнікаў. Ён зрэдчас бачыўся з сябрамі і гаварыў адно што пра далёкае мінулае, задоўга да пачатку рачной навігацыі. Аднак у яго ўзнікла новая тэма: ён пажадаў, каб Флярэнтына Арыса ажаніўся. Стары выказваў гэтую думку заўсёды ў аднолькавай форме.

– Мне б скінуць з сябе пяцьдзясят гадоў, – паўтараў ён, – я б пайшоў пад вянец са сваёй цёзкай Леонай. Уявіць сабе не магу лепшай жонкі.

Флярэнтына Арыса дрыжаў ад аднае думкі, што намаганні ўсяго жыцця могуць быць змарнаваныя ў апошнюю хвілю праз нечаканую ўмову старога. Ён, хутчэй, адмовіўся б ад спадчыны, выкінуў бы ўсё за борт, памёр бы, чым здрадзіў Фэрміне Дасе. На шчасце, дзядзька Леон XII так і не настаяў на сваім. Калі яму стукнула дзевяноста два гады, ён прызнаў пляменніка адзіным нашчадкам і здаў свае паўнамоцтвы.

Праз шэсць месяцаў партнёры аднадушна прызначылі Флярэнтына Арысу прэзідэнтам рады прадпрыемства і генеральным дырэктарам. У дзень уступлення пляменніка на пасаду стары адстаўны леў узняў кубак шампанскага, перапрасіў за тое, што выступае, седзячы ў гамаку, і зымправізаваў кароткую прамову, блізкую да элегіі. Ён сказаў, што ягонае жыццё пачалося і завяршаецца поўнымі сэнсу падзеямі. Напачатку Вызваліцель узяў яго на рукі ў сялібе Турбака, калі завяршаў нешчаслівую вандроўку, якая прывяла яго да смерці. Другая падзея адзначалася тым, што, нягледзячы на ўсе супярэчлівасці лёсу, ён знайшоў годнага паслядоўніка і нашчадка. Напрыканцы прамовы, спрабуючы адвесці напругу ад ягонай асабістай драмы, ён дадаў:

– Адзінай няўдачай у маім жыцці я лічу тое, што, праспяваўшы за сваё доўгае жыццё на шмат чыіх пахаваннях, я, пэўна, не здолею праспяваць на ўласным.

На фінал цырымоніі ён заспяваў арыю Тоскі «Бывай, жыццё». Спяваў а капэла, як яму больш падабалася, і ягоны голас быў яшчэ моцны. Флярэнтына Арыса ўсхваляваўся, але наўрад ці хто заўважыў дрыжыкі ў ягоным голасе, калі ён дзякаваў дзядзьку. У адпаведнасці з ягонымі намаганнямі і задумаю жыцця, Флярэнтына Арыса дасягнуў вяршыні ў жорсткай барацьбе з адзінай мэтай – дажыць здаровым да моманту, калі Фэрміна Даса раздзеліць з ім лёс.

Аднак успаміны не толькі пра яе суправаджалі яго ўначы на свята, якое зладзіла Леона Касіяні. Ён прыгадаў усіх: і тых, хто знайшоў спачын на могілках пад кустоўем пасаджаных ім ружаў, і тых, хто яшчэ дзяліў падушку са сваімі мужамі, чые рогі прыгожа залаціліся пры святле поўні. У адсутнасць адной-адзінай ён хацеў быць з усімі адначасна, як бывала ў моманты перапуду і хвалявання. Нават у найцяжэйшыя часы, у горшыя хвіліны ён падтрымліваў хоць слабую сувязь са шматлікімі палюбоўніцамі на працягу многіх гадоў: заўсёды сачыў за ніткаю іх жыцця.

Так што той ноччу ён згадаў Расальбу, самую першую, якая знесла ў якасці трафея ягоную нявіннасць, і памяць выклікала боль, як у першы дзень расстання. Досыць было заплюшчыць вочы, і ён бачыў яе ў муслінавым строі і капелюшы з доўгімі шаўковымі стужкамі, яна пакалыхвала клетку-зыбку з малым на борце карабля. Некалькі разоў за доўгія гады жыцця ён гатовы быў пусціцца ў пошукі, не ведаючы, дзе яе шукаць, не ведаючы яе прозвішча, не будучы ўпэўненым, што знойдзе яе хоць недзе ў зарасцях архідэй. Штораз праз рэальную перашкоду ў апошнюю хвілю альбо праз нечаканую асечку волі ён адкладваў вандроўку, калі вось-вось мусілі прыбраць сходні карабля, і заўсёды прычыны былі так ці інакш звязаныя з Фэрмінай Дасай.

Ён згадаў Назарэцкую ўдаву, адзіную, з кім ён апаганіў матчын дом на вуліцы Вэнтанас, хоць якраз не ён, а Трансыта Арыса запрасіла яе. Ён разумеў яе лепш за каго іншага. Толькі яна, нягледзячы на яе ляноту ў ложку, выпраменьвала столькі пяшчоты, што нават магла б замяніць яму Фэрміну Дасу. Аднак яе пакліканне спрадвечнае коткі, больш неўтаймоўнае, чым сіла яе пяшчоты, асудзіла іх на нявернасць. Тым не менш, яны кахалі адно аднаго з перапынкамі на працягу трыццаці гадоў, паводле мушкецёрскага дэвіза: «Не верныя, але не вераломныя». Апрача таго, толькі пры ёй Флярэнтына Арыса дарэшты выканаў свой абавязак: калі яму перадалі, што яна памерла, што яе няма каму пахаваць, і гэтым зоймецца служба міласэрнасці, ён узяў усе выдаткі на сябе і адзін прысутнічаў на хаўтурах.

Ён прыгадаў і іншых, некалі каханых удоў: Прудэнсію Пітрэ, найстарэйшую з тых, хто яшчэ жыў, вядомую як Удаву Двух, бо яна ўдавела двойчы, і другую Прудэнсію, удаву Арэляны, якая з любові да Флярэнтына пускалася на самыя мудрагелістыя хітрыкі: напрыклад, зрывала ўсе гузікі ягонага строю, каб ён затрымаўся, пакуль яна прышые іх нанава; і Хасэфу, удаву Суннігі, – тая настолькі шалела ад кахання, што ледзь не пазбавіла яго мужчынскай годнасці падчас сну пры дапамозе садовых нажніцаў, каб ён нікому не належаў, калі не належаў ёй.

У ягонай памяці ўзнікла Анхелес Альфара, эфемерная і любая, якая прыехала на шэсць месяцаў вучыць дзяцей граць на смычковых інструментах у Музычнай школе. Яна праводзіла з ім ночы пад поўняй на тэрасе яго дома, у чым маці нарадзіла, граючы найгажэйшыя сюіты на віяланчэлі. Голас зграбнага інструмента набываў мужчынскі тэмбр у абдымках яе залацістых сцёгнаў. З першай ночы пад месяцам яны жорстка паранілі сабе сэрцы любоўю, нібыта звар’яцелыя навічкі. Аднак Анхелес Альфара з’ехала, з чым і з’явілася – з пяшчотаю ў сэксуальных забавах і віяланчэллю, якая гучала грэшна, – на трансатлантычным караблі пад сцягам расстання, пакінуўшы на тэрасе пад промнямі поўні толькі развітальныя ўзмахі белае хусткі, якая замаячыла самотнай і сумнай галубкай на гарызонце, нібыта ў вершах Паэтычных гульняў. З ёю Флярэнтына Арыса засвоіў тое, ад чаго пакутаваў не аднойчы, сам таго не разумеючы: можна кахаць некалькіх жанчын адначасна з аднолькавай жарсцю, не здрадзіўшы ніводнай з іх. Самотны ў натоўпе на прыстані, ён сказаў сабе ў парыве злосці: «У сэрцы столькі ж пакояў, колькі ў бардэлі». Ён абліваўся слязьмі ад болю расстання. Але як толькі карабель знік за лініяй гарызонту, думкі пра Фэрміну Дасу зноўку запоўнілі ягонае сэрца дарэшты.

Ён згадаў Андрэ Барон, перад домам якой прайшоў на мінулым тыдні, але аранжавы колер анучы з акна ваннага пакоя і запаленае святло падказалі, што да яе нельга: хтосьці апярэдзіў яго. Хтосьці, мужчына альбо жанчына, бо Андрэ Варон не спынялася перад падобнымі дробязямі ў любоўных справах. З усіх жанчын ягонага спіса толькі яна зарабляла сваім целам, але больш па ахвоце і не прыбягаючы ў сваім прадпрыемстве да паслуг сутэнёра. За немалыя гады яна зрабіла галавакружную кар’еру падпольнай куртызанкі і заслужыла баявую мянушку: Святая Дзева Усіх Прагных. Яна зводзіла з глузду губернатараў і адміралаў, яна бачыла слёзы на вачах у некаторых герояў вайны і пісьменнікаў, не такіх, дарэчы, знакамітых, як яны самі думалі. Але ў яе бывалі і слынныя асобы. Скажам, прэзідэнт Рафаэль Рэес за паўгадзіны ў спешцы паміж двума выпадковымі візітамі ў горад прызначыў ёй пажыццёвую пенсію за выдатную службу ў Міністэрстве фінансаў, дзе яна не прарабіла ані дня. Яна міласэрна, да поўнае стомы раздавала ўцехі любові, і хоць людзі ведалі пра яе паводзіны, ніхто не здолеў прад’явіць бездакорных доказаў супраць яе, бо слынныя саўдзельнікі абаранялі яе, як баранілі б уласнае жыццё, яны ж разумелі, што страцілі б ад скандалу больш, чым яна. Праз яе Флярэнтына Арыса парушыў свой святы прынцып – не плаціць, і яна парушыла правіла – не любіць задарма нават уласнага мужа. Яны пагадзіліся на сімвалічнай плаце, адзін песа за раз, але яна не прымала грошай і ён не даваў іх ёй на рукі, а кідаў у скарбонку ў выглядзе смешнага парасяці, якая поўнілася, пакуль не набіралася сума, дастатковая для набыцця якой-кольвек заморскай рэчы каля Натарыяльнай брамы. Менавіта яна прыпісвала асаблівую пажадлівасць клізмам, да якіх прыбягала пры моцных запорах, і ўпэўніла яго раздзяліць слодыч працэдуры – прымаць яе адначасна шалёнымі вечарамі і тым самым знайсці яшчэ больш любові ў самой любові.

Ён лічыў, што яму пашанцавала, бо сярод безлічы ўдалых сустрэч толькі адна жанчына змусіла яго зведаць кроплю горычы, і гэта была замкнёная Сара Нар’ега, якая скончыла свае дні ў вар’яцкім доме Боскае Пастаркі, чытаючы старэчыя вершы з такімі нахабнымі непрыстойнасцямі, што прыйшлося ізаляваць яе, каб канчаткова не звесці з глузду астатніх пацыентак. Аднак калі Флярэнтына Арыса прыняў на сябе поўную адказнасць за лёс параходнай кампаніі і ўжо не было ні часу, ні жадання замяніць Фэрміну Дасу кім-кольвек, ён ведаў, што ніхто яе не заменіць. Паступова ён упадаў у звычку наведваць старых палюбоўніц, і тыя дарылі яму любоў, наколькі гэта было магчыма, наколькі хапала ім жыцця. У нядзелю Святой Сёмухі, калі памёр Хувэналь Урбіна, з ім заставалася толькі адна, чатырнаццаці гадоў ад нараджэння, якая мела ўсё, што ніводная з яе папярэдніц у поўнай меры не магла мець, каб ён звар’яцеў ад любові.

Яе звалі Амэрыка Вікунне. Яна прыбыла два гады назад з прыморскай сялібы Пуэрта Падрэ, накіраваная ўласнай сям’ёй да яе апекуна Флярэнтына Арысы, з якім мела прызнаныя сваяцкія сувязі. Яна атрымала ўрадавую стыпендыю на педагагічную адукацыю і прыехала з невялічкім клункам адзення і маленькім, рыхтык лялечным, бляшаным куфрам. Ледзь яна спусцілася з борта карабля ў белых чаравіках і з залатой коскаю, Флярэнтына Арысу працяла прадчуванне, што яны будуць бавіць разам шмат якія нядзельныя сіесты. Яна была яшчэ дзяўчынкай ва ўсіх адносінах, з няроўнымі зубкамі і драпанымі каленкамі. Але ён адразу здагадаўся, якая гэта будзе неўзабаве жанчына. Ён выхоўваў яе для сябе доўгі год з суботамі ў цырку, з нядзелямі ў парках з марозівам, з вечарамі, падчас якіх ён дабіваўся яе даверу і пяшчоты. Ён пяшчотна вёў яе за руку да свайго патаемнага халасцяцкага пакоя з хітрасцю добранькага дзядулі. Для яе ўсё здарылася раптоўна: нібыта перад ёю адчынілася нябесная брама. Яна быццам бы разарвалася ў буйной квецені, ад якой лунала ў німбе шчасця, і гэта эфектыўна стымулявала вучобу, бо яна заўсёды імкнулася быць першай на курсе, каб не пазбавіцца права пакідаць інтэрнат напрыканцы тыдня. Для яго гэта быў найцяплейшы прытулак у бухце старасці. Пасля доўгіх гадоў разлічаных любоўных спраў прэсны смак цнатлівасці прынёс яму дзівосы абноўленай распусты.

Усё супала. Яна паводзіла сябе натуральна, як дзяўчынка, гатовая адкрываць жыццё пад апекай шаноўнага чалавека, які нічому не здзіўляўся, а ён свядома паводзіў сябе, як састарэлы жаніх, хоць усё жыццё больш за ўсё баяўся гэтага. Ён ніколі не атаясамліваў яе з Фэрмінай Дасай, нягледзячы на тое, што параўнанне міжволі напрошвалася: узрост, школьная форма, каса, паходка аленіхі і, нарэшце, ганарлівы і непрадказальны характар. Так, нягледзячы на гэта, сама думка пра падмену, якая так падагравала яго ў пошуках міласэрнай любові, знікла ўшчэнт. Яна яму падабалася, якой была, і, нарэшце, ён пакахаў яе з нейкай трапяткой змрочнасцю. З ёю ён упершыню прыняў жорсткія меры прадухілення выпадковай цяжарнасці. Пасля паўтузіна сустрэч яны ўжо толькі і марылі пра сумесныя нядзельныя вечары.

Адзін Флярэнтына Арыса меў права забіраць яе з інтэрната. Ён ездзіў па яе ў шасціцыліндравым «Гудзоне» Карыбскай параходнай кампаніі, і часам, калі не было сонца, яны каталіся на аўто з апушчаным верхам уздоўж пляжа. Ён, як звычайна, у змрочным капелюшы, – і яна, смеючыся ад шчырае радасці, і прытрымліваючы рукамі шапачку школьнае формы, каб яе не здзьмула ветрам. Хтосьці сказаў ёй, каб яна не заставалася даўжэй чым трэба з апекуном, каб не ела ежу, якую ён пакаштаваў, і трымалася на адлегласці ад яго дыхання, бо старасць заразная. Але яна не звяртала ніякай ўвагі на гэтыя парады. Яна ставілася абыякава да таго, што маглі падумаць пра іх, бо ўсе ведалі пра сваяцтва, да таго ж, крайняя розніца ва ўзросце ратавала ад усялякай падазронасці.

У нядзелю Святое Сёмухі, толькі яны скончылі займацца любоўю, калі а чацвёртай па абедзе званы зазванілі па нябожчыку. Флярэнтына Арыса ледзь стрымаў хваляванне. У яго маладосці рытуал уключаўся ў цану пахавання і адмаўлялі ў ім хіба што самым бедным і невядомым. Аднак да завяршэння апошняй вайны ў краіне, якраз на мяжы двух стагоддзяў, рэжым кансерватараў падмацаваў каланіяльныя звычаі, і хаўтуры з ганараваннем сталіся настолькі дарагімі, што былі даступныя толькі багацеям. Калі памёр арцыбіскуп Дантэ дэ ля Люна, званы ўсёй правінцыі званілі безупынна дзевяць дзён і дзевяць начэй, і так давялі народ, што спадкаемца нябожчыка зусім адмяніў хаўтуры са званамі, зрабіўшы выключэнне толькі для самых знакамітых і слынных. Таму, ледзь Флярэнтына Арыса пачуў званы кафедральнага сабора а чацвёртай па абедзе ў нядзелю Святое Сёмухі, ён адчуў, нібыта яго наведаў прывід страчанай маладосці. Флярэнтына Арыса не здолеў уявіць, што гэта быў той самы звон, які ён так жадаў пачуць на працягу доўгіх гадоў з тае нядзелі, калі ўгледзеў Фэрміну Дасу на шостым месяцы цяжарнасці пры выхадзе з абедні.

– Хай яго чэрці, – сказаў ён у цемры, – гэта мусіць быць надта вялізная акула, калі б’юць у званы на кафедральным саборы.

Аголеная Амэрыка Вікунне канчаткова прачнулася.

– Пэўна, у гонар Святое Сёмухі, – адказала яна.

Флярэнтына Арыса не быў знаўцам альбо хоць бы крыху азнаёмленым са справамі касцёла, ён не наведваў імшы з тае пары, як граў на скрыпцы ў хоры з немцам, які да таго ж навучыў яго тэлеграфнай навуцы, альбо калі шукаў звесткі пра Фэрміну Дасу. Пра лёс немца ён не ведаў нічога дакладнага. Але, безумоўна, ён ведаў, што званы не звоняць у гонар Святое Сёмухі. Гэта быў сапраўды жалобны звон. Раніцой камісія карыбскіх уцекачоў наведала ягоны дом і паведаміла, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур быў знойдзены мёртвым на золку ў сваёй фотамайстэрні. Флярэнтына Арыса не быў блізкім сябрам нябожчыка, але ведаў шмат каго з уцекачоў, якія заўсёды запрашалі яго на ўрачыстыя сходы і перадусім на хаўтуры. Аднак ён быў упэўнены, што званы званілі не па Ерэмію дэ Сэнт-Амуру, які быў ваяўнічым бязбожнікам і зацятым анархістам, да таго ж, ён скончыў жыццё самагубствам.

– Не, – запярэчыў ён, – так звоняць па губернатары альбо вышэй.

Амэрыка Вікунне, на целе якой чаргаваліся светлыя і цёмныя палосы з-за не да канца зачыненых жалюзі, была не ў тым узросце, калі думаюць пра смерць. Яны займаліся любоўю пасля абеду і адпачывалі ў спякоце сіесты, аголеныя, пад лопасным вентылятарам, гудзенне якога не маглі заглушыць гулкія, нібыта град, крокі аўраў па распаленым жалезным даху. Флярэнтына Арыса кахаў Амэрыку Вікунне, як і шмат выпадковых жанчын у ягоным доўгім жыцці, але яе ён кахаў адчайна, бо быў упэўнены, што памрэ ад старасці, ледзь яна скончыць школу.

Пакой, хутчэй, нагадваў карабельную каюту, сцены з вагонкі былі афарбаваныя паслойна некалькі разоў, як на караблях, а спякота а чацвёртай па абедзе была больш невыноснай, чым у каюце любога рачнога карабля, нягледзячы на намаганні электрычнага вентылятара над ложкам, – жалезны дах назапашваў спякоту. Фармальна гэта не была спальня, а наземная каюта, якую Флярэнтына Арыса загадаў збудаваць за канторай параходнай кампаніі з адзінай мэтай – знайсці добры прытулак для старэчага кахання. У працоўныя дні тут, праўда, не далі б паспаць крыкі партовых грузчыкаў, грукат кранаў і караблёў каля самай прыстані. Аднак у нядзелю для дзяўчынкі гэта быў рай.

У дзень Святое Сёмухі, яшчэ за пяць хвілін да вечаровага звону, яны думалі заставацца разам да яе вяртання ў інтэрнат, але звон па нябожчыку нагадаў Флярэнтына Арысу, што ён абяцаў прысутнічаць на пахаванні Ерэміі дэ Сэнт-Амура, і ён апрануўся шпарчэй звычайнага. Але перад тым, як заўсёды, заплёў дзяўчынцы касу, якую ён сам распускаў перад любоўнымі ўцехамі, пасадзіў яе на стол і завязаў ёй матузкі форменных чаравікаў, што яна заўжды рабіла кепска. Ён дапамагаў ёй без хітрыкаў, а яна прымала гэта як належнае: абое страцілі ўсведамленне свайго ўзросту з першых сустрэч і ставіліся адно да аднаго з даверлівасцю шлюбнае пары, якая столькі адкрыла ў жыцці, што амаль не заставалася слоў.

У выхадны дзень кантора была зачыненая, і каля прычала стаяў толькі адзін карабель з патухлымі катламі. Спякота прадракала дажджы, першыя ў гэтым годзе, але празрыстае паветра і нядзельная ціша порта нагадвалі прыемны сухі сезон. На вуліцы святло было больш жорсткім, чым ў змроку каюты, больш сумна гучалі званы, хоць Флярэнтына Арыса не ведаў, па кім яны званілі. Яны з дзяўчынкай спусціліся ў салетравы двор, які калісьці служыў іспанцам у якасці рабагандлёвага порта, – тут яшчэ захаваліся рэшткі шаляў і іншае ржавыя жалеззе, звязанае з эпохай. Аўто чакала пад ценем пакгаўза, яны не пабудзілі кіроўцу, які спаў за стырном, пакуль не ўладкаваліся на заднім сядзенні. Аўто развярнулася за пакгаўзам, абведзеным металічнай сеткай, нібы пішклятня, яны мінулі стары базар каля бухты Прывідаў, дзе напаўаголеныя дарослыя гулялі ў мяч, і выехалі з рачнога порта, уздымаючы аблокі гарачага пылу. Флярэнтына Арыса думаў, што пасмяротнае ганараванне не мела адносінаў да Ерэміі дэ Сэнт-Амура, але ўпартасць званоў змусіла яго засумнявацца. Ён паклаў руку на плячо кіроўцы і спытаў яго голасна каля самага вуха, па кім звоняць званы.

– Па тым доктары, што з вострай бародкай, – адказаў кіроўца. – Як гэта яго звалі?

Флярэнтына Арысу не давялося ламаць галаву, каб зразумець, пра каго гаворка. Аднак калі кіроўца распавёў, як той памёр, імгненная ілюзія развеялася, настолькі ўсё выглядала непраўдападобным. Нішто так не адпавядае сапраўднаму абліччу чалавека, як спосаб ягонай смерці, але гэтая смерць не мела нічога агульнага з асобай, пра якую казалі. Тым не менш, гэта быў ён, нягледзячы на поўны абсурд: доктар з найвялікшым стажам і найлепшай кваліфікацыяй у горадзе, знакаміты заслугамі, памёр з разбітым ушчэнт храбетнікам васьмідзесяці аднаго года ад нараджэння – зваліўся з мангавага дрэва, спрабуючы злавіць папугая.

Усё, што Флярэнтына Арыса рабіў з тае пары, як Фэрміна Даса пайшла пад шлюб, было звязана з надзеяй пачуць гэтую навіну. Аднак прабіла гадзіна, і ён адчуў не пераможнае ўзрушэнне, якое прадбачыў у начах бессані, а ўдар страху: фантастычную яснасць ва ўсведамленні таго, што яны маглі памяняцца месцамі і званы маглі быць вестунамі ягонай смерці. Седзячы побач у аўто, якое падскоквала на брукаванцы, Амэрыка Вікунне спужалася ягонай бледнасці і спытала, што з ім. Флярэнтына Арыса ўзяў яе ручку сцюдзёнай рукой.

– О, мая дзяўчынка, – уздыхнуў ён, – трэба б яшчэ пяцьдзясят гадоў, каб распавесці табе пра ўсё.

Ён забыўся аб пахаванні Ерэміі дэ Сэнт-Амура. Пакінуўшы дзяўчынку каля дзвярэй інтэрната з таропкім абяцаннем, што прыедзе па яе ў наступную суботу, ён загадаў кіроўцу ехаць да дома доктара Хувэналя Урбіна. Яны сутыкнуліся з мноствам аўто і наёмных экіпажаў на прылеглых вуліцах, з натоўпам разявакаў каля дома. Госці Лясыдэса Алівэллі дазналіся пра сумную вестку ў разгары свята і прыбылі разам. У доме было цяжка прасунуцца з-за натоўту людзей, але Флярэнтына Арыса прабіў сабе шлях да спальні, выцягнуў голаў над групай, якая блакавала дзверы, і пабачыў Хувэналя Урбіна на шлюбным ложку так, як хацеў бачыць з тае пары, калі пачуў пра яго ўпершыню: доктар патанаў у гнюсоце смерці. Сталяр зняў меркі для труны. Побач з нябожчыкам, яшчэ ў вопратцы, у якой ездзіла на свята, Фэрміна Даса была засяроджанай і сумнай.

Флярэнтына Арыса ўяўляў сабе гэты момант да самай малой драбязы з дзён далёкага юнацтва, калі ён прысвяціў сябе без астачы свайму адважнаму каханню. Праз яе ён зрабіў сабе імя і багацце, не дужа разборліва ставячыся да сродкаў на шляху да мэты. Праз яе бярог здароўе і сачыў за сваім выглядам, што ніяк не лічылася адзнакаю мужнасці ў ягоным коле. І ён чакаў гэтага дня, як ніхто ніколі не чакаў на белым свеце: без якіх-кольвек знакаў нуды. Ён упэўніўся, што смерць заступілася за яго, і гэта надало яму смеласці паўтарыць Фэрміне Дасе ў першую ўдовіну ноч клятву спрадвечнай вернасці і кахання.

Ён не адмаўляў перад сваім сумленнем, што ўчыніў бяздумна, што момант быў абраны не лепшым чынам, – загаварыў ад страху, што аказія ніколі не паўторыцца. Ён хацеў, і не раз да гэтага планаваў, каб размова адбылася не ў такіх жорсткіх абставінах, але лёс не даў яму іншай магчымасці.

Ён выйшаў з жалобнага дома з болем: яна засталася ўзрушаная ад пачутага, як і ён, аднак не ў ягоных сілах было змяніць хаду падзей, бо ён адчуваў, што жахлівая ноч запісаная назаўсёды на старонках іх лёсаў. На працягу двух апошніх тыдняў ён амаль не спаў. Ён пытаўся ў сябе ў адчаі, як там Фэрміна Даса без яго, пра што думае, што збіраецца рабіць у астатнія гады са страшным цяжарам свайго няшчасця. Нервовае напружанне справакавала невядомы раней запор, жывот надзьмуўся як бубен, і давялося звярнуцца да малапрыемных сродкаў. Старэчае недамаганне, з якім ён спраўляўся лягчэй за сваіх сучаснікаў, бо яно было вядомае яму з маладосці, падступала з усіх бакоў. Ён з’явіўся ў канторы ў сераду пасля тыднёвай адсутнасці, і Леона Касіяні спужалася, пабачыўшы яго бледным і млявым. Але ён яе супакоіў: маўляў, зноў, як заўсёды, давяла яго бессань. І змоўк, каб праўда не прасачылася праз шматлікія адтуліны яго знявечанага сэрца. Дождж даў сонцу перадых для роздуму. Яшчэ адзін тыдзень мінуў, нібы ў тумане, ён не мог засяродзіцца, еў дрэнна, спаў яшчэ горш, спрабуючы ўлавіць зашыфраваныя сігналы, якія б паказалі шлях да паратунку. Але ў пятніцу без вядомай прычыны на яго раптам напаў спакой, і ён тлумачыў яго як знак таго, што нічога новага не адбудзецца, усё, што ён зрабіў у жыцці, было бессэнсоўным і не мела працягу: усяму прыходзіць канец. У панядзелак, аднак, ён прыйшоў дамоў на вуліцу Вэнтанас, угледзеў ліст, які плаваў у лужыне, што ўзнікла ў вітальні, і на мокрым канверце адразу пазнаў ганарлівы почырк, які не змаглі змяніць павароты жыцця, яму нават прымроіўся начны водар завялых гардэній, сэрца ўжо ўсё падказала з першага погляду. Гэта быў ліст, якога ён чакаў, не ведаючы ні імгнення спакою, на працягу паўстагоддзя.

Фэрміна Даса і ўявіць не магла, што яе ліст, прадыктаваны сляпой злосцю, будзе ўспрыняты Флярэнтына Арысам як любоўнае пасланне. Яна ўклала ў яго ўсю жорсткасць, на якую была здольная, напісала самыя прыкрыя словы і пякельныя праклёны, няхай няслушныя, але мізэрныя ў параўнанні з перанесенай абразай. Гэта было на зыходзе двух тыдняў горкіх заклінанняў, сілаю якіх яна спрабавала замірыцца са сваім новым становішчам. Яна зноў хацела стаць сабой, жадала вярнуць тое, ад чаго была вымушаная адмовіцца за паўстагоддзя рабства, якое несумнеўна рабіла яе шчаслівай, але як толькі памёр муж, не пакінула ёй і следу ўласнай індывідуальнасці. Яна была прывідам у чужым доме, які раптоўна стаў аграмадным, поўным самоты, яна бадзялася па доме без мэты, у адчаі пыталася ў сябе, хто з іх сапраўды мёртвы: ён, насамрэч памерлы, альбо яна, што засталася без яго?

Яна не магла пазбавіцца ад падсвядомага пачуцця крыўды на мужа, што кінуў яе на прыхамаць лёсу ў акіяне жыцця. Усё, што належала яму, выклікала слёзы: піжама пад падушкай, хатнія тапачкі, якія чамусьці здаваліся ёй шпітальнымі, успамін пра тое, як ён распранаўся ў глыбіні люстэрка, пакуль яна расчэсвала валасы перад сном, пах ягонай скуры, які застанецца з ёй доўгі час пасля яго смерці. Часам яна перапыняла хатнія справы лёгкім плясканнем даланёй па ілбе, бо нечакана згадвала – штосьці забыла яму сказаць. На кожным кроку ўзнікалі пытанні, на якія мог адказаць толькі ён. Аднойчы ён распавёў ёй, што хворыя пасля ампутацыі адчуваюць боль, сутаргі, казытанні ў назе альбо руцэ, якой ужо не было. Так яна цяпер адчувала сябе і прысутнасць мужа там, дзе яго не было.

Яна прачнулася ў сваю першую ўдовіну раніцу, круцілася ў ложку яшчэ з заплюшчанымі вачыма ў пошуках больш зручнай позы, каб нанава аддацца сну, і менавіта тады ён для яе памёр. Яна зразумела, што ўпершыню ён начаваў па-за домам. Другое падобнае ўражанне ўзнікла за сталом, і не ад болю, што выклікала самота, а ад дзіўнай упэўненасці, што яна снедае з чалавекам, якога ўжо няма. Яна дачакалася прыезду дачкі Афэліі з мужам і трыма дочкамі з Нью-Арлеана і зноў села за стол, але не за звычайны, – яна загадала паставіць другі, меншы, у калідоры. Да тае пары, дарэчы, яна ніколі не ела своечасова. Зазірала на кухню ў любую хвілю, як толькі адчувала, што хацела есці, лезла відэльцам у кожную каструлю і перакусвала пакрысе без талеркі, стоячы перад плітою, размаўляючы з жанчынамі, якія служылі ў доме, адзінымі людзьмі, з якімі яна пачувалася добра. Аднак, як Фэрміна Даса ні імкнулася, яна не магла пазбавіцца ад пераследу нябожчыка мужа: куды б ні ішла, у кожным кутку дома сутыкалася з рэчамі, якія нагадвалі пра яго. На яе погляд, боль быў натуральны і слушны, але страшыла пагроза замкнуцца ў жалобных пачуццях. Так што яна прыняла жорсткае рашэнне выдаліць з дома ўсё, што нагадвала пра нябожчыка, угледзеўшы ў гэтым адзіны спосаб працягу жыцця без яго.

Яна пачала цырымонію знішчэння. Сын пагадзіўся ўзяць бібліятэку, каб маці магла ўладкаваць у кабінеце мужа пакой для шытва, якога ніколі не мела пры ягоным жыцці. Дачка, у сваю чаргу, звезла якуюсьці мэблю і шматлікія рэчы, якія ёй здаліся прыдатнымі для аўкцыёнаў антыкварыяту ў Нью-Арлеане. Гэта прынесла палёгку Фэрміне Дасе, хоць было не вельмі прыемна даведацца, што рэчы, набытыя ёю падчас вясельнай вандроўкі, ужо ўяўлялі цікавасць для антыквараў. Насуперак маўкліваму здзіўленню служанак, суседзяў і блізкіх сябровак, якія бывалі з ёю, яна загадала раскласці вогнішча на заднімі двары за домам і там спаліла тое, што нагадвала пра мужа. Яна спаліла самую каштоўную і элегантную вопратку, якую бачылі ў горадзе з мінулага стагоддзя, самы зграбны абутак, капелюшы, больш здольныя прэтэндаваць на падабенства з ім, чым яго маляваныя партрэты, гамак для сіесты, з якога ён падняўся ў апошні раз насустрач смерці, – словам, шматлікія рэчы, настолькі звязаныя з ім, што ўжо складалі частку яго асобы. Яна зрабіла гэта без ценю сумневу, у поўнай упэўненасці, што муж ухваліў бы ўчынак, ды не толькі з гігіенічных прычын. Неаднойчы ён выказаў жаданне быць крэміраваным, а не закратаваным у цемры кедравай труны без адзінай шчыліны. Рэлігія не дазваляла, зразумела. Ён адважыўся выведаць погляды арцыбіскупа на гэты конт, але той запратэставаў катэгарычна. Дый не магло быць інакш: касцёл не дазваляў будаваць крэматорыі на могілках нават для людзей іншых канфесій, не кажучы ўжо пра каталікоў. І трэба ж было здарыцца, каб самому Хувэналю Урбіна прыйшла думка пра мэтазгоднасць іх будоўлі. Фэрміна Даса не забылася на страхі мужа і нават у мітусні першых гадзін загадала сталяру пакінуць яму суцяшэнне – шчыліну, якая б прапускала святло да яго ў труну.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю