412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Габрыэль Маркес » Каханне падчас халеры » Текст книги (страница 25)
Каханне падчас халеры
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Каханне падчас халеры"


Автор книги: Габрыэль Маркес



сообщить о нарушении

Текущая страница: 25 (всего у книги 26 страниц)

Потым надышлі бясконцыя спякотныя дні. Рака зрабілася вузкай і каламутнай, замест гушчароў і дрэў-волатаў, якія здзівілі Флярэнтына Арысу падчас першай вандроўкі, яны бачылі спаленыя долы, вартыя жалю рэшткі сельвы, зжэртай катламі караблёў, руіны забытых Богам сялібаў, чые вуліцы заставаліся пад вадой нават у сезоны самых жорсткіх засух. Уначы людзі прачыналіся не ад русалчыных спеваў ламанцінаў, якія колісь ляжалі на адхонах, а ад мярзотнага смуроду трупаў, якія праплывалі ў бок мора. Ужо не было войнаў і халеры, але надзьмутыя целы плылі па рацэ, як і раней. Капітан стрымана шапнуў Флярэнтына Арысу: «Нам загадана даводзіць пасажырам, што гэта выпадковыя тапельцы». І ўжо не было нястрымнага базару папугаяў і вісклівай свары нябачных з карабля малпаў, якія ў былыя часы памнажалі паўдзённую спякоту сваім балаганам, – толькі злоснае маўчанне ссохлай зямлі.

Было так мала месцаў, дзе прадавалі дровы, і яны знаходзіліся так далёка адно ад аднаго, што «Новая Вернасць» засталася без паліва на чацвёрты дзень шляху. Карабель стаяў на якары амаль тыдзень, пакуль матросы паглыбляліся ў спапялелыя багны далей ад берага ў пошуках апошніх забытых ствалоў. Але іх не было: дрывасекі кінулі дзялянкі і ўцяклі ад драпежных уладальнікаў зямлі, ад нябачнай халеры, ад войнаў, якія ўтойваліся ўладамі за шырмай указаў, што толькі адцягвалі ўвагу. Тым часам пасажыры нудзіліся, ладзілі спаборніцтвы ў плаванні, арганізоўвалі паляўнічыя экспедыцыі і вярталіся з жывымі ігуанамі, а потым рэзалі іх, даставалі з іх гронкі празрыстых і мяккіх яек, і нанава зашывалі вялізнымі ігламі, а яйкі потым вялілі проста на борце. Вартыя жалю прастытуткі з блізкіх пасёлкаў ішлі за экспедыцыямі, ставілі імправізаваныя намёты на беразе ракі, прыводзілі музыкаў і гандляроў гарэлкай, ладзілі гулянкі каля карабля, які міжволі спыніў хаду.

Задоўга да таго, як Флярэнтына Арыса стаў прэзідэнтам параходнай кампаніі, ён атрымліваў трывожныя паведамленні пра стан ракі, але амаль не чытаў іх. Кампаньёнаў жа ён супакойваў: «Не хвалюйцеся, пакуль дровы скончацца, у нас будуць караблі на бензіне». Ён ніколі не пакутаваў ад гэтага, затуманены жарсным каханнем да Фэрміны Дасы, і калі ўцяміў усю глыбіню праўды, ужо нічога не заставалася рабіць, хіба што прывезці сюды новую раку. Уначы нават у лепшыя часы трэба было ставіць карабель на якар. І тады жыццё рабілася невыносным. Пасажыры, перадусім еўрапейцы, выходзілі з прапахлых гніллю каютаў і бавілі ноч на палубе, усімі сродкамі адганяючы заедзь ручнікамі, золак жа сустракалі знясіленымі, з апухлымі ад пакусаў тварамі. Англійскі вандроўнік пачатку XIX стагоддзя пісаў пра камбінаваны маршрут – на лодцы, а потым на муле, – які доўжыўся пяцьдзясят дзён, што гэта «найгоршая і самая нязручная пілігрымка па пакутах, якую чалавек здольны сабе ўявіць». Гэта перастала быць праўдай за восемдзесят гадоў рачной навігацыі, а потым зноў ёй сталася, і ўжо назаўсёды, калі кайманы з’елі апошняга матылька, былі выбітыя ламанціны, вымерлі альбо ўцяклі кудысьці папугаі, малпы, а сялібы апусцелі – калі прыйшоў канец усяму.

– Няма праблем, – смяяўся капітан, – пройдзе некалькі гадоў, і мы паедзем па сухім рэчышчы на шыкоўных аўто.

Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса ратаваліся ў пяшчотнай вясне закрытай веранды, але калі ўзнікла праблема з дровамі і веранда перастала абдуваць, прэзідэнцкая каюта ператварылася ў кававарку. Фэрміна Даса вытрымлівала начныя стаянкі дзякуючы ветру, які праходзіў праз адчыненыя вокны, і адганяла камароў ручніком, бо помпа для распылення інсектыцыду на нерухомым караблі не працавала. Вушы зноў балелі невыносна, але аднойчы раніцой яна прачнулася і заўважыла, што боль раптам знік, як спеў цыкады, якую раструшчылі ботам. Да самае ночы яна не здагадвалася, што левым вухам зусім не чуе, пакуль Флярэнтына Арыса не сеў побач і ёй не прыйшлося павярнуць галаву, каб пачуць, што ён кажа. Яна нікому не распавяла пра гэта і ўспрыняла глухату як адзін з непазбежных дэфектаў, выкліканых узростам.

Аднак затрымка карабля стала для іх ратавальнай. Флярэнтына Арыса аднойчы прачытаў: «Каханне робіцца больш велічным і высакародным у бядзе». Вільгаць прэзідэнцкай каюты пагрузіла іх у ірэальную летаргію, у якой лягчэй было кахаць без лішніх пытанняў і слоў. Яны перажылі неверагодна прыгожыя гадзіны ў мяккіх крэслах веранды, трымаючы адно аднаго за рукі, і цалаваліся яны няспешліва, адчувалі асалоду ад пяшчотаў напоўніцу. У трэцюю ноч задушлівай спякоты яна чакала яго з бутэлькай анісавай гарэлкі, якую папівала калісьці ўпотайкі з сяброўкамі стрыечнай сястры Ільдэбранды, а пазней, у шлюбе ужо, – з прыяцелькамі, якія незаўважна з’явіліся ў тым новым для яе свеце, што нібыта не належаў ёй, а быў проста часова пазычаны. Яна вырашыла крыху выпіць, заглушыць думкі, якія страшылі яе залішняй яснасцю, але Флярэнтына Арыса падумаў, што яна п’е дзеля храбрасці, каб наважыцца на апошні крок. Натхнёны ілюзіямі, ён адважыўся, намацаў пальцамі вялую шыю, грудзі ў панцыры з кітовага вуса ад гарсэта, кашчавыя клубы, сцёгны старой аленіхі. Яна прыняла яго пяшчоты спакойна, без здрыготы, толькі заплюшчыла вочы. Час ад часу яна марудна ўцягвала дым цыгарэты альбо адпівала анісаўку. Калі ўрэшце ягоная рука слізганула ніжэй, анісаўка перапоўніла яе сэрца.

– Калі ўжо дурэць, дык давай, – сказала яна, – але ўсё ж як дарослыя людзі.

Яна павяла яго ў спальню без фальшывага сораму, пры святле стала распранацца.

Флярэнтына Арыса лёг на ложак, разглядаючы столь, спрабуючы ўзяць сябе ў рукі, зноў не ведаючы, што рабіць са шкурай тыгрыцы, якую ён толькі што дабіў. Яна сказала: «Не падглядай». Ён спытаў: «Чаму?» – не адрываючы вачэй ад столі.

– Таму што табе не спадабаецца ўбачанае, – адказала яна.

Потым усё ж павярнуў галаву, убачыў яе, аголеную да таліі, і ўпэўніўся: яна была менавіта такой, якой ён яе ўяўляў. Плечы ў зморшчынках, грудзі – вялыя, бледная скура аддавала жабіным холадам. Яна прыхавала грудзі блузкай і патушыла святло. Тады і ён устаў і распрануўся ў цемры, шпурляючы ў яе адзеннем, што здымаў з сябе, і яна ўсё яму вяртала, ціхенька смеючыся.

Яны ляжалі доўга: ён адчуваў сябе аглушаным па меры таго, як да яго вярталася цвярозасць, яна была спакойна разняволеная, але малілася Богу, каб не засмяяцца нават у думках, што здаралася з ёю часта пад уздзеяннем анісаўкі. Яны цягнулі час. Пагаманілі пра сябе, пра тое, наколькі па-рознаму склалася іхнае жыццё. Пра неверагодную выпадковасць таго, што яны ляжалі, у чым маці іх нарадзіла, у цемры каюты карабля, што стаяў на якары, і думалі бог ведае пра што, калі час быў падумаць пра смерць. Раней яна ніколі не чула, каб у яго была жанчына, хоць адна, і гэта ў горадзе, дзе ўсё было вядома нават раней, чым адбывалася ў сапраўднасці. Яна сказала пра гэта знянацку, і тут жа ён адказаў, не міргнуўшы вокам:

– Я захоўваў цнатлівасць для цябе.

Яна б яму не паверыла, нават калі б гэта было чыстай праўдай: ягоныя любоўныя лісты цаніліся ёй не за сэнс, не за спрытнасць спляцення выразаў, а за моц асляпляльнай шчырасці. Аднак ёй падабалася смеласць, з якой ён гэта сцвердзіў. Са свайго боку, Флярэнтына Арыса раптам злавіў сябе на тым, што ніколі б не адважыўся спытаць, ці была ў яе патаемная сувязь па-за шлюбам. Здзівіць яго было немажліва, ён ведаў, што жанчыны і мужчыны аднолькавыя ў сваіх патаемных прыгодах: тыя ж хітрыкі, тое ж нечаканае натхненне, тая ж здрада без згрызотаў сумлення. Але ён зрабіў слушна, не задаўшы пытання. У даўнія часы, калі яе адносіны з касцёлам былі ўжо даволі сапсаваныя, святара на споведзі раптоўна спытаў яе, ці здраджвала яна калі-небудзь мужу, і яна ўстала моўчкі, пайшла, нават не развіталася, і больш ніколі не спавядалася перад тым духоўнікам. Стрыманасць Флярэнтына Арысы нечакана была ўшанаваная: яна працягнула ў цемры руку, ласкава прайшлася па ягоным жываце, амаль безвалосым лабку і шапнула: «У цябе скура, як у немаўляці». Потым яна зрабіла апошні крок: пацягнулася ніжэй, пашаравала там і, развітваючыся з ілюзіямі, знайшла тое, што шукала, без прыкметаў жыцця.

– Ён мёртвы, – ціха сказаў Флярэнтына Арыса.

Гэта здаралася ў яго на самым пачатку з усімі і заўсёды, так што ён навучыўся суіснаваць з гэтай заганай: штораз праходзіў вучобу нанава, нібыта ўпершыню. Ён узяў руку Фэрміны Дасы і паклаў яе сабе на грудзі, яна адчула старое нястомнае сэрца, яго моц, паспешлівасць і хаатычны юнацкі пульс. Ён сказаў: «Зашмат любові таксама шкодна, як і адсутнасць любові». Але вымавіў гэта не вельмі ўпэўнена: насамрэч ён перажываў сорам, злосць на сябе самога і жадаў знайсці прычыну, каб абвінаваціць яе ва ўласнай паразе. Яна гэта ведала, пачала ўзбуджаць безабароннае цела жартаўлівымі ласкамі – так пяшчотная котка атрымлівае асалоду ад уласнай жорсткасці. Скончылася тым, што ён не здолеў вытрываць пакутаў і сышоў у сваю каюту. Яна думала пра яго да золку, упэўненая, нарэшце, у сваім каханні, па меры таго, як анісаўка вытыхалася лянотнымі хвалямі, яна з усё большай трывогай думала, што ён пакрыўджаны і больш не вернецца ніколі.

Але ён вярнуўся на наступную раніцу нечакана, аб адзінаццатай, свежы і бадзёры, і тут жа распрануўся перад ёю, праявіўшы штосьці накшталт самахвальства. Яна, задаволеная, разглядала яго пры натуральным святле дня і пабачыла менавіта тое, што ўяўляла ў цемры: пасярод пакоя стаяў мужчына няпэўнага ўзросту, чыя смуглявая скура гладка паблісквала, як раскрыты парасон, пазбаўленая валасоў, за выключэннем рэдкага пушку пад пахамі і на лабку. Ён быў напагатове, і яна здагадалася, што ён агаліў зброю зусім не выпадкова, а наадварот, выставіў яе на паказ, нібыта вайсковы трафей, дзеля смеласці. Ён нават не даў ёй часу зняць начную кашулю, якую яна апранула, калі падзьмуў золкавы брыз, і ягоная таропкасць навічка змусіла яе дрыжэць ад шкадобы. Але яна не перашкодзіла яму, у такім стане ёй цяжка было адрозніць шкадобу ад кахання. Зрэшты, аднак, яна пачувалася пустою.

Упершыню за дваццаць з лішнім гадоў Фэрміна Даса кахалася, і яна гадала, ахопленая цікаўнасцю: як гэта будзе пасля такога доўгага перапынку? Але ён не даў ёй часу вызначыць, ці сапраўды хацела гэтага яе цела. Ён быў хуткім і сумным, і яна падумала: «Мы ўсё спляжылі». Аднак гэта была памылка: нягледзячы на расчараванне, на ягонае раскаянне за тое, што быў такі няспрытны, і на яе шкадаванне, выкліканае анісавым шаленствам, яны больш не расставаліся ні на імгненне. Яны пакідалі каюту, толькі каб схадзіць на абед. Капітан Самарытана, які інстынктыўна пранікаў у любую таямніцу з тых, што завяліся на караблі, штораніцы пасылаў ім белую ружу, ладзіў серэнады з вальсамі іх маладосці, загадаў гатаваць ім жартаўлівыя стравы з прыправамі, якія б падбадзёрвалі. Яны больш не спрабавалі кахацца, да таго моманту, пакуль натхненне не прыйшло да іх знянацку, а ўвогуле ім хапала простага шчасця быць разам.

I той дзень яны б правялі ў каюце, калі б не капітан, які абвясціў у дасланым допісе, што яны прыбываюць у Ля-Дараду, то бок у канцавы порт, пасля адзінаццаці дзён вандроўкі. Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса бачылі з каюты вялізны прыгорак і дамы пад цьмяным сонцам, і ім падалося зразумелым, чаму паселішча назвалі менавіта так, але назва падалася менш трапнай, калі яны адчулі спякоту, якая нібыта сапла ў паветры, як пара ў катлах, і ўбачылі расплаўлены асфальт вуліц. Апрача таго, карабель кінуў якар не каля схілу прыгорка, а на супрацьлеглым беразе, дзе знаходзілася апошняя чыгуначная станцыя ў кірунку на Санта-Фэ.

Як толькі пасажыры сышлі на бераг, яны пакінулі свой прытулак. Фэрміна Даса падыхала вольным паветрам беспакаранасці ў пустым салоне, і потым абое назіралі з борта, як шумны натоўп разбіраў валізкі, пакі і баулы проста каля вагонаў цягніка, які з борта выглядаў лялечным. Здавалася, што пасажыры прыбылі з Еўропы, асабліва жанчыны, чые цёплыя футры і капелюшы мінулага стагоддзя выглядалі бязглузда ў пыле і спякоце. У некаторых валасы былі ўпрыгожаны кветкамі батату, якія тут жа вялі ад спякоты. Яны толькі што прыехалі з прыандыйскай раўніны пасля доўгай язды цераз саванну, поўную трызненняў, і яшчэ не паспелі пераапрануцца з улікам клімату Карыбскага басейна.

Сярод базарнага шуму надта стары чалавек з несуцешным выглядам даставаў куранят з кішэняў жабрацкага паліто. Ён з’явіўся нечакана, прабіўшы сабе шлях у натоўпе, і было відаць, што ягонае паліто колісь належала камусьці іншаму, больш высокаму і мажнаму. Ён зняў капялюш, паставіў перад сабой на прычале на выпадак, калі хтосьці пажадае кінуць яму манету, і працягваў даставаць з кішэняў пяшчотных і яшчэ шэрых куранят жменькамі – яны нібыта памнажаліся проста ў яго на руках. Неўзабаве прычал апынуўся пад дываном з мітуслівых куранят – яны пішчэлі, бегалі пад нагамі таропкіх пасажыраў, якія трушчылі іх, не заўважаючы. Зачараваная выключным відовішчам, нібыта яго давалі ў яе гонар, бо яна адна глядзела, Фэрміна Даса прапусціла момант, калі пачалася пасадка на карабель для адваротнага рэйса. Свята для яе скончылася: сярод новых пасажыраў яна пазнала ў твар знаёмых і нават сяброў, якія да нядаўняй пары спачувалі ёй і наведвалі яе ў жалобе. Яна паспяшалася ў каюту – адзінае ціхае месца на караблі. Флярэнтына Арыса знайшоў яе ў прыгнечаным стане, яна была гатовая памерці, толькі б не трапляць на вочы знаёмым, якія, канечне ж, асудзяць яе за забаўляльныя вандроўкі ўсяго толькі праз год пасля смерці мужа. Флярэнтына Арыса так блізка прыняў да сэрца яе занепакоенасць, што паабяцаў прыдумаць спосаб укрыцця ад любых вачэй і ад незаслужанага зняволення ў каюце.

Ідэя ўзнікла нечакана, калі яны вячэралі ў капітанскай ядальні. Капітана хвалявала праблема, якая здаўна патрабавала абмеркавання з Флярэнтына Арысам, але прэзідэнт кампаніі заўсёды пазбягаў дыскусій, высоўваючы звыклы аргумент: «У гэтых дробязях Леона Касіяні разбіраецца лепш за мяне». Гэтым разам, аднак, Флярэнтына Арыса выслухаў капітана. Размова ішла пра тое, што караблі, як правіла, везлі груз да вярхоўяў ракі, але вярталіся без яго, а пасажырская плынь была адваротнай. «Між тым выгадней мець справу з грузам, які больш плаціць і не просіць есці», – сказаў капітан. Фэрміна Даса вячэрала неахвотна, ёй надакучыла нервовая спрэчка двух мужчын пра мэтазгоднасць дыферэнцыяцыі тарыфаў. Але Флярэнтына Арыса давёў дзелавую размову да канца і толькі потым падкінуў пытанне, якое здалося капітану вестуном ратавальнай думкі:

– Прыміце гэта як гіпотэзу, – сказаў ён. – Ці мажлівая простая вандроўка без грузу і пасажыраў, без прыпынкаў у портах па дарозе?

Капітан адказаў, што гэта сапраўды мажліва толькі як гіпотэза. Параходная кампанія мела абавязкі перад супрацоўнікамі, і Флярэнтына Арыса ведаў пра гэта лепш за ўсіх, былі кантракты па фрахце, пасажырскіх перавозках, паштовых мяхах, і многія з іх, калі не бальшыня, прадугледжвалі жорсткія санкцыі. Адзіным, што дазволіла б абысці ўсе абавязкі і законы, было надзвычайнае здарэнне: халера на борце. На караблі абвяшчалі каранцін, уздымалі жоўты сцяг і пераходзілі на рэжым надзвычайнага плавання без заходу ў порты. Капітану Самарытана давялося ўчыніць гэтак некалькі разоў у сувязі з сапраўднымі ўспышкамі халеры ў прырэчных сялібах альбо на караблі, хоць у выніку санітарныя ўлады вымушалі дактароў пісаць даведкі пра звычайную дызэнтэрыю. Апрача таго, часта ў гісторыі ракі ўздымалі жоўты сцяг, каб абысці падаткі, не прымаць на борт непажаданага пасажыра ці пазбегнуць непажаданых інспекцый. Флярэнтына Арыса знайшоў пад сталом руку Фэрміны Даса.

– Вось і добра, – сказаў ён. – Так і зробім.

Капітан здзівіўся, але дзякуючы праніклівасці старога ліса, імгненна зразумеў сітуацыю.

– Я камандую караблём, але вы камандуеце намі, – адказаў ён. – Так што, калі вы не жартуеце, дайце мне пісьмовы загад, і мы выходзім зараз жа.

Зразумела, Флярэнтына Арыса гаварыў сур’ёзна, і загад быў падпісаны. Зрэшты, людзі ведалі, што часы халеры не прайшлі, нягледзячы на салодкія казкі санітарных уладаў. Што тычыцца карабля, тут праблем не было. Нейкі груз быў перавезены на іншы карабель, пасажырам сказалі, што выяўлены тэхнічныя непаладкі, і на золку накіравалі іх караблём іншай кампаніі. Калі ў іншых выпадках гэта рабілася з амаральных і нягодных прычын, Флярэнтына Арыса не бачыў сур’ёзных падстаў супраць таго, каб спрычыніць гэта ў імя кахання. Капітан маліў толькі пра адно: пра кароткі прыпынак у Пуэрта-Нарэ, каб прыняць на борт пасажыра, які раздзеліць цяжкасці вандроўкі асабіста з ім: у яго таксама была сардэчная таямніца.

Так што «Новая Вернасць» узняла якар на золку наступнага дня без грузу і пасажыраў, з жоўтым сцягам халеры, які радасна лунаў над караблём. Увечары падышлі да Пуэрта-Нарэ і падабралі жанчыну, яшчэ больш высокую і мажную, чым сам капітан, вычварна прыгожую, якой не хапала толькі барады, каб атрымаць кантракт у цырку. Яе звалі Зэнайда Ньевэс, але капітан называў яе «мая Волатка», гэта была даўняя сяброўка, якую ён браў на борт у адным порце і вёз да наступнага; калі яна падымалася на борт, то прыцягвала за сабою вецер удачы. Над тым сумным царствам смерці, дзе Флярэнтына Арыса настальгічна прыгадваў Расальбу, пабачыўшы цягнік на Энвігада, які цяжка поўз па старым карнізе для мулаў над безданню, на «Новую Вернасць» накінулася амазонская навальніца, якая з невялікімі паўзамі суправаджала іх да канца вандроўкі. Але гэта нікога не турбавала: для свята на вадзе меўся добры дах. Уначы Фэрміна Даса зрабіла асабісты ўнёсак у агульную гулянку, бо спусцілася на кухню пад воплескі экіпажа і нагатавала для ўсіх прыдуманую ёю страву, якую Флярэнтына Арыса назваў «Баклажаны кахання».

Удзень гулялі ў карты, елі як след, падчас сіесты спалі, нібыта глыбы граніту, да знясілення, і як толькі сонца схілялася да захаду, аркестр выходзіў на палубу, і яны пілі анісаўку да поўнай спатолі смагі, закусваючы вэнджаным ласосем. Плылі шпарка, карабель без грузу быў лёгкім. Узровень вады ўзняўся з-за навальніцы ў вярхоўях ракі, дзе за тыдзень выпала больш дажджу, чым калі. На падыходзе да некаторых сялібаў карабель сустракалі гарматным стрэлам міласэрнасці, каб выгнаць халеру, і яны дзякавалі сумным гудком. Караблі іншых кампаній, якія сустракаліся на шляху, пасылалі ім сігналы спачування. У сялібе Малянгэ, дзе нарадзілася Мэрсэдэс[34], пагрузілі дровы на рэшту дарогі.

Фэрміна Даса напачатку чула гудок карабля толькі здаровым вухам, але на другі дзень з дапамогай анісаўкі яна ўжо чула лепш абодвума вушамі. Яна адчула таксама, што ружы былі больш духмяныя, чым раней, што птушкі спявалі на золку званчэй, і што Бог наноў сатварыў ламанціна і пасадзіў яго на адхоне Тамалямэкі толькі дзеля таго, каб своечасова яго абудзіць. Капітан спыніў карабель, і яны бачылі вялізную самку, якая карміла малых. Hi Флярэнтына, ні Фэрміна не заўважылі, як зайшлі ў сваёй блізкасці так далёка. Яна дапамагала яму ставіць клізму, падымалася раней за яго, каб пачысціць яму зубныя пратэзы, якія ён пакідаў у шклянцы перад сном. Да таго ж, вырашыла праблему з акулярамі, бо ягоныя падыходзілі ёй для чытання і цыравання. Аднойчы яна прачнулася і, заўважыўшы ў паўцемры, што ён прышывае гузік да кашулі, адразу ўзялася за гэтую справу, апярэдзіўшы рытуальную фразу пра тое, што яму, маўляў, патрэбныя дзве жонкі. У сваю чаргу, Фэрміне спатрэбілася толькі, каб ён паставіў ёй аднаго разу банькі ад болю ў спіне.

Са свайго боку, Флярэнтына Арыса натхніўся аркестравай скрыпкай, і праз паўдня ўжо змог сыграць для яе «Вальс Каранаванай багіні», і ён іграў гэты вальс некалькі гадзін запар, пакуль яго не спынілі сілай. Аднойчы ўначы, упершыню за ўсё жыццё, Фэрміна Даса раптам прачнулася, абліваючыся слязьмі, і гэта былі слёзы не злосці, а суму, – яна прыгадала старых, забітых у лодцы ўдарамі вясла. Бясконцая навальніца ніколькі не ўзрушала яе, і яна запознена падумала, што, напэўна, Парыж не быў такім змрочным, як ёй здавалася, і ў Санта-Фэ не было столькі пахаванняў на вуліцах. Мара пра наступныя вандроўкі з Флярэнтына Арысам замаячыла на гарызонце: пра шалёныя вандроўкі без лішніх баулаў і грамадскіх кампрамісаў, пра вандроўкі кахання.

Напярэдадні прыбыцця яны ладзілі свята з папяровымі гірляндамі і рознакаляровым асвятленнем. Неба ачысцілася ўвечары. Капітан і Зэнайда танчылі, прыціснуўшыся адно да аднаго, першыя балеро, якія ў тыя гады пачалі ўваходзіць у моду. Флярэнтына Арыса адважыўся шапнуць Фэрміне Дасе, што час ужо танчыць вальс для дваіх, але яна адмовілася. Аднак ківала галавой, грукала абцасамі і нават раптам затанчыла, седзячы, пакуль капітан распускаўся ў абдымках сваёй пяшчотнай волаткі ў паўзмроку балеро. Яна выпіла столькі анісаўкі, што без дапамогі не здолела ўзняцца па лесвіцы, і яе ахапіў прыступ смеху скрозь слёзы, які выклікаў трывогу. Аднак калі яна суняла смех у духмянай затоцы каюты, яны заняліся каханнем з маладой сілай, як старыя ва ўсплёску эмоцый, і тая ноч засталася ў яе памяці найлепшым успамінам пра самнамбулічную вандроўку. Яны ўжо не адчувалі сябе жаніхом і нявестай, як меркавалі капітан з Зэнайдай, а тым больш – познімі палюбоўнікамі. Абое нібыта мінулі галгофу шлюбнага жыцця і прасунуліся шмат далей – да самой сутнасці кахання. Яны маглі сядзець моўчкі, нібыта даўнія муж з жонкаю, якія прайшлі ўсе жыццёвыя выпрабаванні. Яны былі ўжо па той бок жарсці, па той бок горычы ад нязбыўных ілюзій і расчараванняў, усё гэта было для іх прымітыўнасцю, бо яны пражылі разам досыць, каб уцяміць: каханне было каханнем ва ўсе часы і паўсюль, але заўсёды яно больш працінальнае з набліжэннем смерці.

Прачнуліся а шостай. Яна з галаўным болем, смакам анісаўкі ў роце і аглушальным пульсам ад уражання, што доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся, больш мажны і малады, чым ў той дзень, калі ўпаў з дрэва, і ён сядзеў у крэсле-гушкалцы, чакаючы жонку каля парога іхнага дома. Аднак яе думкі былі яснымі, і яна разумела, што гэта не было цяжкім пахмеллем, што рэч у іншым – немінучасці вяртання дадому.

– Вярнуцца дамоў будзе як памерці, – сказала яна.

Флярэнтына Арыса здзівіўся: яна нібыта прачытала думку, якая яму не давала спакою з таго моманту, як яны пусціліся ў адваротны шлях. Hi ён, ні яна не маглі ўявіць, як яны будуць спаць у іншым доме, акрамя каюты, есці інакш, чымся на караблі, жыць жыццём, якое заўсёды будзе чужым. Гэта і сапраўды было падобна на смерць. Ён ужо не заснуў, ляжаў са сплеценымі пад галавой рукамі. Раптам кінжальны ўспамін пра Амэрыку Вікунню вымусіў яго скурчыцца ад болю, ён ужо не мог адмахвацца ад праўды, зачыніўшыся ў ваннай, выплакаўся няспешліва, да апошняй слязінкі. Толькі пасля гэтага адважыўся прызнацца сабе самому, як яе кахаў.

Яны апрануліся, каб сысці на бераг. Між тым, карабель пакінуў за сабой апошні адрэзак рэчышча Магдалены – забалочаны старажытны іспанскі канал – і плыў сярод карабельных парэштак і мёртвых затокаў ужо ў бухце. Пачынаўся сонечны чацвер над залатымі купаламі горада віцэ-каралёў, але Фэрміна Даса стаяла на верандзе і кляла ў думках смурод старажытнай славы, ганарлівасць цвярдыняў, апаганеных ігуанамі, увесь жах рэальнага жыцця. Яны абое не хацелі і не маглі здацца проста так.

У ядальні сустрэлі капітана. Ён меў жахлівы выгляд, які ніяк не спалучаўся са звыклай акуратнасцю: няголены, з пачырванелымі ад бессані вачыма, у потнай вопратцы мінулай ночы. Гарэлкавая адрыжка часам перарывала ягоныя словы. Зэнайда спала. Яны моўчкі снедалі, калі катар санітарнай службы порта загадаў іх караблю спыніцца. Капітан узняўся на масток і сваім грымотным голасам адказаў на пытанні ўзброенага патруля. Яны захацелі ведаць, якім від халеры ў пасажыраў, колькі іх на караблі, колькі з іх хворыя, ці ёсць рызыка далейшага заражэння. Капітан адказаў, што ён вязе трох пасажыраў і ўсе трое інфікаваныя халерай, але знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі. Hi пасажыры, што ўзняліся на борт у порце Ля-Дарада, ні экіпаж кантактаў з імі не мелі. Але камендант патруля не задаволіўся гэтым і загадаў вывесці карабель з бухты і чакаць у забалочаным канале Ляс-Мэрсэдэс да другой папаўдні, пакуль будуць уладкаваныя фармальнасці для дэкларацыі каранціну на борце. Капітан выбухнуў лаянкай рамізніка, але ўзмахам рукі загадаў лоцману развярнуцца і выйсці зноў да канала.

Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса ўсё пачулі, седзячы за сталом, але капітан нібыта не надаў гэтаму значэння. Ён еў моўчкі, кепскі настрой праявіўся толькі ў парушэннях правілаў этыкету, на якіх трымалася легендарная рэпутацыя рачных капітанаў. Ён прабіў кончыкам нажа жаўткі чатырох смажаных яек, макаў у яечню кавалкі банана, браў жаўткі ў рот цалкам і жаваў з дзікунскай асалодай. Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса глядзелі на яго моўчкі, нібыта вучні за партай, якія чакалі, калі будуць зачытаныя гадавыя адзнакі. Яны не абменьваліся ні словам, нават пакуль ішоў дыялог з санітарным патрулём, не мелі ні найменшага панятку пра тое, што ім наканавана, але паводле пульсацыі сасудаў капітанавых скроняў абое ведалі, што ён думае менавіта пра гэта.

Пакуль ён распраўляўся з яечняй, з цэлым падносам смажаных бананаў і вялізным кубкам кавы з малаком, карабель на малой хадзе выйшаў з бухты, праклаў сабе шлях цераз покрыва гнілой зеляніны і рачнога лотаса з ліловага колеру кветкамі і вялізнымі сэрцападобнымі лістамі, вяртаючыся да багнаў. Вада пералівалася мірыядамі рыбін, што плылі на баку, забітыя браканьерскім дынамітам, і птушкі, якія ляталі над вадой і над зямлёй, насіліся кругамі над імі з рэзкімі металічнымі крыкамі. Карыбскі вецер біў у акно шумам птушынага базару, і Фэрміна Даса адчула ў крыві хаатычны пульс сваёй свабоды. Справа ад іх каламутнае ды маруднае вусце вялікай ракі Магдалены цягнулася да другога канца свету.

Калі талеркі былі спустошаныя, капітан выцер ражком абруса вусны і загаварыў груба, раз і назаўсёды ставячы крыж на ўсіх міфах пра культурную мову рачных капітанаў. Ён гаварыў не для іх, а проста спрабуючы суцішыць гнеў. Нарэшце ён рассеяна сцвердзіў, што не бачыць спосабу, як выйсці з дурнога становішча, у якое яны трапілі з гэтым халерным сцягам.

Флярэнтына Арыса выслухаў яго, не міргнуўшы. Затым агледзеў вокны, прабег вачыма поўны круг квадранта ружы вятроў, выразную лінію гарызонту, бясхмарнае снежаньскае неба, воды, якія нібыта абяцалі надзейную навігацыю да сканчэння вякоў, і сказаў:

– Пойдзем проста наперад, зноў да порта Ля-Дарада.

Фэрміна Даса здрыганулася, бо пазнала даўні голас, адзначаны знакам Святога Духу, і кінула ўчэпісты позірк на капітана. Але капітан не бачыў яе, ашаломлены моцнай сілай натхнення Флярэнтына Арысы.

– Вы кажаце гэта сур’ёзна?

– Ад самага свайго нараджэння, – адказаў Флярэнтына Арыса, – я не прамовіў нічога несур’ёзнага.

Капітан паглядзеў на Фэрміну Дасу і заўважыў першыя водбліскі зімовай шэрані на яе вейках. Потым ён перавёў позірк на Флярэнтына Арысу, адчуў яго непераможную ўладарнасць, непахіснасць ягонага кахання, і быў працяты запозненай здагадкай, што не смерць бязмежная, а жыццё.

– І да якое пары, вы думаеце, мы будзем матляцца туды і назад? – зноў спытаў капітан.

Адказ Флярэнтына Арысы быў гатовы ўжо пяцьдзясят тры гады, сем месяцаў і адзінаццаць дзён і начэй таму.

– Усё жыццё, – адказаў ён.

Пераклаў з іспанскай Карлас Шэрман



    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю