412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Габрыэль Маркес » Каханне падчас халеры » Текст книги (страница 4)
Каханне падчас халеры
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Каханне падчас халеры"


Автор книги: Габрыэль Маркес



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 26 страниц)

– Ах ты нахабнік! – сказаў ён яму.

Папугай адказаў голасам гаспадара:

– А ты, пэўна, яшчэ большы нахабнік, доктар.

Доктар працягваў гамонку з папугаем, не спускаючы з яго вачэй, пакуль насоўваў чаравікі, вельмі асцярожна, абы толькі не спужаць птушку. Затым падняў шлейкі і выйшаў на гразкі ад дажджу двор, намацваючы перад сабой шлях кіем: не хапала яшчэ спатыкнуцца на трох прыступках тэрасы. Папугай не варухнуўся. Ён быў так нізка, што доктар працягнуў яму кій, каб папугай сеў на срэбнай булдавешцы, як звычайна рабіў, але той упарціўся. Ён скокнуў на суседнюю галінку, трохі вышэй, але тое месца было нават лепш дасягальным, бо на галіну абапіралася лесвіца, якую прыставілі да прыходу пажарных. Доктар Урбіна прыкінуў вышыню на вока і падумаў, што варта падняцца на дзве прыступкі, і ён дацягнецца да папугая. Вось ён адолеў першую прыступку, напяваючы песню, каб адцягнуць увагу капрызлівай птушкі, якая паўтарала словы без мелодыі, але адыходзіла па галінцы бакавымі крокамі. Доктар Урбіна ўзняўся на другую прыступку без цяжкасці, трымаючыся за лесвіцу рукамі, і папугай пачаў паўтараць усю песню цалкам, але не варушыўся. Гаспадар узняўся на трэцюю прыступку і адразу на чацвёртую, бо ён блага разлічыў вышыню галінкі. Тады, трымаючыся за лесвіцу левай рукой, паспрабаваў узяць папугая правай. Дыгна Парда, старая кухарка, ішла папярэдзіць, што доктар ужо спазняецца на пахаванне, убачыла чалавека на лесвіцы са спіны і не пазнала б Хувэналя Урбіна, калі б не знаёмыя эластычныя шлейкі ў зялёную палоску.

– А Божа ж мой! – закрычала яна. – Ён жа заб’ецца!

Доктар Урбіна схапіў папугая за глотку з пераможным уздыхам: «А во як!» Аднак тут жа адпусціў яго, бо лесвіца выслізнула з-пад ног, і ён на хвілю павіс у паветры, уцяміўшы, што памірае без прычасця, не маючы часу на каянне і развітанне з блізкімі, у чатыры гадзіны і сем хвілін у дзень святое нядзелі, на Сёмуху.

Фэрміна Даса каштавала на кухні суп для вячэры, калі пачула лямант Дыгны Парда, тупат хатняй прыслугі і тут жа – галасы суседзяў. Яна кінула лыжку і пабегла, як мага хутчэй, адчуваючы непазбежны цяжар сваіх гадоў, і раўла, нібыта ашалелая, не ведаючы яшчэ, што здарылася пад ценем мангавага дрэва, і сэрца абарвалася, калі ўбачыла мужа, які ляжаў тварам дагары ў непралазнай гразі, ужо амаль мёртвы. Ён яшчэ супраціўляўся апошняму ўдару смерці, каб жонка паспела прыбегчы, і пазнаў яе ў натоўпе скрозь слёзы гора, бо паміраў ён у ейнай адсутнасці. Доктар паглядзеў на яе ў навечна апошні раз, і ў ягоных вачах было столькі святла, суму і ўдзячнасці, колькі яна не бачыла ў іх за паўстагоддзя сужыцця, і ён паспеў шапнуць ёй апошнім сваім подыхам:

– Толькі Бог ведае, як я цябе кахаў!

Гэтая смерць засталася ў памяці люду, і небеспадстаўна. Толькі скончыўшы сваю спецыялізацыю ў Францыі, доктар Хувэналь Урбіна стаў вядомым у краіне тым, што своечасова спыніў апошнюю эпідэмію халеры, якая ўспыхнула ў правінцыі, спыніў новымі і рашучымі метадамі. Папярэдняя эпідэмія, якая надарылася, калі ён яшчэ быў у Еўропе, скасіла чвэрць гарадскога насельніцтва менш чым за тры месяцы, смерць забрала нават ягонага бацьку, таксама вельмі паважанага лекара. Карыстаючыся набытай павагай і тым, што ён удала ўклаў сямейныя сродкі, доктар заснаваў Медыцынскае таварыства, першае і адзінае ў прыбярэжных правінцыях на працягу многіх гадоў, і стаўся ягоным пажыццёвым старшынёй. Ён дамогся, каб збудавалі першы водаправод, першую каналізацыйную сістэму і крыты гарадскі рынак, што дазволіла палепшыць стан смуроднае бухты Прывідаў. Апрача таго, ён быў прэзідэнтам Моўнай і Гістарычнай акадэмій. Рымска-каталіцкі патрыярх Ерусаліма ўганараваў яго тытулам кавалера Ордэна Труны Гасподняй за ягоныя заслугі перад касцёлам, а ўрад Францыі надаў яму Ордэн Ганаровага Легіёна і прысвоіў ступень камандора. Ён быў душою ўсіх рэлігійных і грамадскіх таварыстваў, якія існавалі ў горадзе, і асабліва – Патрыятычнага аб’яднання, куды ўваходзілі ўплывовыя грамадзяне без пэўных палітычных інтарэсаў, якія рабілі ціск на ўрад і на мясцовых камерсантаў прагрэсіўнымі ініцыятывамі, вельмі смелымі для тых часоў. Сярод іх яшчэ сёння прыгадваюць спробу выкарыстаць для горада паветраны шар, які ў першым сваім урачыстым палёце павёз ліст у Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага, нашмат раней, чым людзі пачалі думаць пра рэальныя перавагі авіяпошты. Іншымі ініцыятывамі сталіся стварэнне Цэнтра мастацтваў, які пазней арганізаваў Школу мастацтваў у тым будынку, дзе яна існуе і сёння, і ладжанне штогадовых красавіцкіх паэтычных чытанняў.

Толькі ён дасягнуў таго, што здавалася немагчымым на працягу стагоддзя: рэстаўрацыі Тэатра камедыі, які з часоў калоніі ператварыўся ў арэну пеўневых баёў і гадавальнік для байцовых пеўняў. Гэта была кульмінацыя каласальнай грамадскай кампаніі, у шэрагі якой былі ўцягнутыя ўсе пласты насельніцтва без выключэння. Удзельнікаў кампаніі было дужа багата, і многія ўважалі, што ейная мэта мелася б быць больш годнай. Але ўсё ж новы Тэатр камедыі быў адкрыты, хоць яшчэ не было ні крэслаў, ні лямпаў, і гледачы мусілі прыносіць самі, на чым сядзець і чым асвятляць залу ў антрактах. Быў уведзены этыкет, уласцівы вялікім прэм’ерам Еўропы, – дамы дэманстравалі пад карыбскай спякотай доўгія вечаровыя строі і футры ад найлепшых кушняроў. Праўда, спатрэбіўся дазвол на ўваход прыслузе: хтосьці ж мусіў несці крэслы, лямпы і ўсялякую ежу, інакш як вытрываць бясконцыя п’есы – аднойчы праграма зацягнулася да ранішняе імшы. Сезон адкрыла французская оперная трупа, якая здзівіла публіку навінкай у аркестры – арфай. Слыннасць трупы трымалася на бездакорна чыстым сапрана і драматычным таленце турчанкі, якая спявала басанож, і на кожным пальцы ейных ног ззялі пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі. Ужо ў першым акце сцэну было ледзь відаць, а ў спевакоў прападаў голас з-за дыму ад шматлікіх лямпаў на алеі дзікае пальмы кароса. Але гарадскія хранікёры ніякім чынам не згадалі гэтай дробнай непрыемнасці, затое дэталёва распісалі самае векапомнае. Безумоўна, тое была самая заразлівая ініцыятыва доктара Урбіна, бо на оперную ліхаманку нечакана захварэлі самыя шырокія пласты насельнікаў горада – так узнікла цэлае пакаленне Ізольдаў і Атэлаў, Аідаў і Зігфрыдаў. Аднак ніколі не даходзіла да скрайнасцяў, пра якія марыў доктар Урбіна: яму так і не давялося ўбачыць, як прыхільнікі італьянскай опернай традыцыі біліся б кіямі ў антрактах з аматарамі вагнераўскага стылю.

Доктар Хувэналь Урбіна ніколі не займаў афіцыйных пасад, якія прапаноўвалі яму даволі часта і без якіх-кольвек умоў, і бязлітасна крытыкаваў лекараў, што выкарыстоўвалі свой аўтарытэт дзеля палітычнай кар’еры. Хоць яго лічылі лібералам, і на выбарах ён галасаваў за іх партыю, рабіў ён гэта, хутчэй, па звычцы, чым з перакананняў, і, верагодна, быў адзіным нашчадкам вялікага роду, які дасюль кленчыў, калі бачыў парадную карэту арцыбіскупа. Ён лічыў сябе прыроджаным пацыфістам, прыхільнікам канчатковага замірэння лібералаў і кансерватараў на карысць радзіме. Але ягоная грамадзянская пазіцыя была такой незалежнай, што ніхто не прымаў яго за паплечніка: лібералы запісалі доктара Урбіна да пячорных арыстакратаў, кансерватары казалі, што яму і да масона недалёка, а масоны пагарджалі ім як патаемным клерыкалам, які перадусім служыў Святому Прастолу. Менш крыважэрныя крытыкі меркавалі, што ён усяго толькі зачараваны Паэтычнымі спаборніцтвамі арыстакрат, які не заўважае, што нацыя патанае ў крыві бясконцай грамадзянскай вайны.

Толькі два ўчынкі не вязаліся з гэтым вобразам. Першым быў пераезд у новы дом квартала нуварышаў са старажытнага палаца маркіза Касальдуэра, дзе больш за стагоддзе жыў ягоны род. Другім быў шлюб з мясцовай прыгажуняй без імя і маёмасці, з якой употайкі смяяліся дамы з доўгімі прозвішчамі[10], пакуль насуперак амбітнасці не ўпэўніліся, што яна была ў сем разоў вышэйшай за іх годнасцю і характарам. Доктар Урбіна заўжды меў на ўвазе гэтыя ды іншыя заганы свайго грамадскага аблічча, і ніхто так, як ён, не ўсведамляў, што застаўся апошнім дзейным нашчадкам згасаючага роду. Ягоныя дзеці былі толькі бляклым тупіком. Марка Аўрэліё, ягоны сын, таксама лекар, як бацька і ўсе першынцы кожнага пакалення, не зрабіў за пяцьдзясят гадоў жыцця нічога вартага – нават сына. Адзіная дачка Афэлія пайшла за працавітага банкаўскага клерка з Нью-Арлеана і да клімаксу нарадзіла трох дачок і ніводнага сына. Аднак, нягледзячы на шкадаванне, што яго кроў не будзе сілкаваць хаду гісторыі, смерць больш за ўсё трывожыла доктара Урбіна тым, што Фэрміне Дасе давядзецца жыць у самоце.

Так ці інакш, трагічнае здарэнне скаланула не толькі блізкіх, але перадалося і на просты люд, што выходзіў на вуліцу, спадзеючыся ўбачыць хоць водбліск вялікасці паважнага нябожчыка. Была абвешчаная трохдзённая жалоба, дзяржаўныя ўстановы прыспусцілі сцягі, званы ўсіх храмаў званілі, пакуль не зачынілі грабніцу ў сямейным склепе. Майстры са Школы мастацтваў знялі пасмяротную маску, якая мусіла служыць формай для бюста ў натуральную велічыню, але ад праекта адмовіліся, ніхто не палічыў годным памяці нябожчыка той жах апошняга імгнення, які адбіў злепак. Знакаміты мастак, які выпадкова знаходзіўся ў горадзе праездам у Еўропу, напісаў вялікае палатно, поўнае патэтычнага рэалізму, дзе паказаў доктара Урбіна на лесвіцы ў наканаваны момант, калі ён працягнуў руку, каб злавіць папугая. Адзінае адхіленне мастака ад жорсткае праўды здарэння было ў тым, што ён напісаў яго не ў кашулі без устаўнога каўнерыка і са шлейкамі ў зялёную палоску, а ў капелюшы і чорным сурдуце, як на партрэце, што змясцілі газеты часоў эпідэміі халеры. Праз колькі месяцаў пасля трагедыі, каб людзі маглі пабачыць твор, карціну выставілі ў «Залатым дроце», прасторнай галерэі, дзе гандлявалі імпартнымі таварамі і праз якую праходзіў увесь горад. Затым карціна была паказаная ва ўсіх дзяржаўных і прыватных установах, якія лічылі сваім абавязкам схіліцца перад памяццю слыннага суайчынніка, і нарэшце на ўгодкі павесілі ў Школе мастацваў, адкуль шмат гадоў пазней студэнты жывапісу знялі яе, каб спаліць на ўніверсітэцкім пляцы як сімвал агіднай эстэтыкі і ненавісных часоў.

З першага моманту стала відавочным, што ўдава Фэрміна Даса не бездапаможная істота, як баяўся памерлы муж. Яна была рашуча настроеная не дазваляць аніякім чынам выкарыстоўваць труп ейнага мужа, пагрэбаваўшы нават ганаровай тэлеграмай прэзідэнта рэспублікі, які загадаў ушанаваць нябожчыка і наладзіць доступ да цела ў актавай зале правінцыяльнага ўрада. З такой жа годнасцю адмовілася яна ад таго, каб штось падобнае адбылося ў кафедральным саборы, як прасіў яе асабіста арцыбіскуп, і толькі дазволіла ненадоўга прывезці нябожчыка ў сабор для адпявання. Нават на просьбы агаломшанага рознымі прапановамі сына Фэрміна Даса адказвала стойкасцю і сялянскім перакананнем, што мёртвы не належаць нікому, акрамя ўласнай сям’і, і развітвацца з ім будуць дома, п’ючы каву з хатнім пірагом і маючы поўную свабоду аплакваць яго, каму як заўгодна. Традыцыйныя дзевяць дзён жалобы яна не ладзіла: дзверы зачыніліся пасля пахавання і адчыняліся толькі перад самымі блізкімі.

Дом быў ва ўладзе смерці. Каштоўныя рэчы прыбралі ў надзейнае месца, і на голых сценах можна было ўбачыць сляды ад знятых карцін. Крэслы – свае і пазычаныя ад суседзяў – стаялі ўздоўж сцен ад залы да спальні, і пустыя месцы здаваліся велізарнымі, а галасы гучалі прывідна, бо грувасткую мэблю таксама павыносілі, толькі раяль застаўся ў сваім куце пад белым покрывам. У цэнтры кабінета-бібліятэкі, на бацькоўскім пісьмовым стале, яшчэ без труны, ляжала цела таго, хто яшчэ нядаўна быў Хувэналем Урбіна дэ ля Калье, з застылым выразам апошняга жаху на твары, у чорным плашчы і з баявой шпагай кавалера Ордэна Труны Гасподняй. Побач, у глыбокай жалобе, трапяткая, але цалкам валодаючы сабой, Фэрміна Даса прымала спачуванні без драматызму, нават без лішніх рухаў да адзінаццатай раніцы наступнага дня, калі развіталася з мужам, махнуўшы з порціку хусткай.

Няпроста было ёй узяць сябе ў рукі з таго моманту, як яна пачула кліч Дыгны Парда ў двары, і ўбачыла так любага ёй старога чалавека пры смерці ў мешаніне ліпкае гразі. Першай рэакцыяй была надзея, бо ягоныя вочы былі расплюшчанымі і выпраменьвалі такое святло, як ніколі ў жыцці. Яна прасіла Бога даць ёй хоць імгненне, каб ён не сышоў без упэўненасці ў тым, што яна кахала яго, нягледзячы на прыкрыя сумневы, і адчула нястрымнае жаданне наладзіць сумеснае жыццё наноў, каб яны маглі сказаць тое, чаго не здолелі сказаць адзін аднаму, і каб маглі перарабіць тое, што не атрымалася раней. Аднак ёй давялося скарыцца перад непазбежнасцю смерці. Ейнае гора ператварылася ў сляпую злосць да ўсяго свету і нават да сябе, і гэта надало ёй сілу і мужнасць для сустрэчы з адзінотай сам-насам. З таго моманту яна не ведала ні хвілі спакою, але засцерагалася, каб які-кольвечы жэст не зразумелі як праяву паказнога гора. Толькі аднойчы, далібог міжволі, дапусціла яна патэтычную ноту, і гэта здарылася ў нядзелю аб адзінаццатай ночы, калі прывезлі біскупскую труну, якая пахла гонкім кедрам, з меднымі ручкамі і шаўковай, сцёганай абіўкай. Доктар Урбіна Даса адразу загадаў зачыніць труну, бо ў доме не было чым дыхаць з-за водару безлічы кветак у невыноснай спякоце, да таго ж яму падалося, што на бацькавай шыі праступілі першыя цёмна-лілейныя плямы. Хтосьці разгублена сказаў у цішы: «У такім веку чалавек і жывы напалову згнівае». І вось тады, перад тым, як зачынілі труну, Фэрміна Даса зняла шлюбны пярсцёнак і надзела яго нябожчыку мужу, затым прыкрыла яго руку сваёй, як рабіла заўсёды, калі бачыла, што ён паглыбляецца ў летуценні на людзях.

– Хутка пабачымся, – вымавіла яна.

Флярэнтына Арыса, нябачны ў натоўпе выбітных асоб, адчуў, нібыта яму працялі бок шпагаю. Фэрміна Даса не заўважыла яго ў мітусні першых спачуванняў, хоць ніхто так, як ён, не заставаўся ў доме практычна да канца і не быў гэтак карысным у клопатах цяжкой ночы. Менавіта ён навёў парадак на кухні, каб кавы хапала ўсім. Ён дастаў крэслы, калі не стала хапаць нават суседскіх, і падказаў ставіць да сцяны двара вянкі, бо ў доме яны ўжо не змяшчаліся. Дзякуючы яму хапіла брэндзі для гасцей доктара Лясыдэса Алівэллі, якія, даведаўшыся пра трагедыю падчас яго срэбнага юбілею, адразу прыехалі, так бы мовіць, на працяг, пасеўшы ўкола мангавага дрэва. Ён адзіны своечасова зрэагаваў, калі папугай-уцякач з’явіўся апоўначы ў ядальні з узнятай галавой і раскінутымі крыламі, ад чаго ўсе прысутныя здранцвелі, бо з’яўленне папугая нагадвала абрад пакаяння. Флярэнтына Арыса схапіў яго за глотку, не даўшы яму часу выкрыкнуць якое глупства, і ў клетцы пад покрывам вынес у стайню. Ён усё зрабіў настолькі дыхтоўна і талкова, што нікому не прыйшло да галавы падумаць, нібыта гэта ўмяшальніцтва ў чужыя справы, – наадварот, людзі ўспрынялі яго паводзіны як бясцэнную дапамогу ў гадзіну сямейнага гора.

Флярэнтына Арыса быў такім, якім здаваўся: сур’ёзным і паслужлівым старым. Ён быў хударлявы, але не ссутулены, са скурай смуглявай і безвалосай, прагныя вочы пазіралі скрозь круглыя акуляры ў асадзе з белага металу, а рамантычныя вусы з напамаджанымі канцамі здаваліся трохі старамоднымі. Апошнія пасмы валасоў ён прычэсваў ззаду і ўкладваў лакам пасярэдзіне бліскучага чэрапа – адзінае мажлівае вырашэнне пры поўнай аблыселасці. Яго прыроджаная ветлівасць і разняволеныя манеры скаралі адразу, але, як у заўзятага халасцяка, адначасова выглядалі падазрона. Ён выдаткаваў шмат грошай, хітрамудрасці і сілы волі, каб не так заўважаліся ягоныя семдзесят шэсць гадоў, якія ён адзначыў у сакавіку, і быў упэўнены ў тым, што сам-насам са сваёй душою ён кахаў моўчкі і нашмат мацней, чым хто-кольвек на белым свеце.

У ноч развітання з доктарам Урбіна ён быў у тым жа, у чым яго заспела сумная вестка і, дарэчы, як заўсёды, нягледзячы на чэрвеньскую спёку: у тройцы з цёмнай тканіны, з шаўковым бантам замест гальштука, з цэлюлоідным каўнерыкам, у пільсцёвым капелюшы і з парасонам з чорнага атласу, які служыў яму адначасна і кіем. Але на золку ён на пару гадзін знік з жалобнага дому, а з першымі промнямі сонца, свежы, старанна паголены, вярнуўся, прынёсшы з сабою водар ласьёну. Ён пераапрануўся ў чорны старамодны сурдут, які апраналі хіба што на хаўтуры альбо да імшы перадвелікоднага тыдня; строй завяршаў цвёрды каўнерык са стужкай, якую насілі мастакі замест гальштука, і лёгкі капялюш. Ён зноўку прыйшоў з парасонам, на гэты раз не толькі па завядзёнцы, але й таму, што быў упэўнены: да дванаццатай пройдзе дождж, пра што сказаў доктару Урбіна Дасу на выпадак, калі той надумае перанесці хаўтуры на больш ранні час. І сапраўды, доктар Урбіна Даса паспрабаваў гэта зрабіць, бо Флярэнтына Арыса належаў да сямейства карабельнікаў і сам з’яўляўся прэзідэнтам Карыбскай параходнай кампаніі, а гэта дазваляла меркаваць, што ён разбіраецца ў капрызах надвор’я. Але доктар Урбіна Даса не здолеў узгадніць змены своечасова, бо напярэдадні прадстаўнікі цывільных і вайсковых уладаў, грамадскіх і прыватных устаноў, вучэльняў і рэлігійных супольнасцяў, вайсковы духавы аркестр і аркестр Школы мастацтваў былі запрошаныя да адзінаццатай, так што пахавальная працэсія, што мела ўвайсці ў гісторыю, была разагнаная жудаснай навальніцай. Толькі некаторыя з іх дахлюпалі па гразі да фамільнага склепа, побач з якім ад каланіяльных часоў расла сэйба, галіны якой раскінуліся па-над мурамі цвінтара. У ценю гэтай самай сэйбы, але за сцяной, на дзялянцы для самагубцаў, карыбскія ўцекачы напярэдадні пахавалі Ерэмію дэ Сэнт-Амура разам з ягоным сабакам, адпаведна апошняй волі нябожчыка.

Флярэнтына Арыса быў сярод тых, хто дайшоў да склепа і адбыў да самага канца пахавання. Ён прамок да сподняга і паспяшаўся дадому, баючыся захварэць на пнеўманію пасля столькіх гадоў выключнай перасцярогі і празмернай прафілактыкі. Ён загадаў, каб яму зрабілі гарачага ліманаду з брэндзі, выпіў шклянку з дзвюма пілюлямі фенаспірыну, лёг і доўга пацеў, захутаны ў коўдру з воўны, пакуль цела не прыйшло ў норму. Вярнуўшыся на хаўтуры, ён ужо пачуваўся вельмі добра. Фэрміна Даса зноў узяла ў свае рукі ўладныя лейцы, дом ужо быў прыбраны да прыёму людзей. У чырвоным покуце кабінета яна паставіла пастэльны партрэт нябожчыка мужа з жалобнай стужкай на рамцы. А восьмай увечары набілася шмат людзей, і было спякотна, як напярэдадні, але адразу пасля малітвы за спачын душы хтосьці запусціў шэптам просьбу не затрымлівацца доўга, маўляў, няхай удава адпачне першы раз пасля ліхой хвілі.

Фэрміна Даса развітвалася з бальшынёю гасцей, стоячы каля покуці, але апошнюю групу блізкіх сяброў праводзіла да дзвярэй, каб зачыніць за імі, як яна рабіла заўсёды. Яна ўжо збіралася гэта зрабіць, калі заўважыла: Флярэнтына Арыса ў жалобе стаяў сярод ужо пустой залы. Яна нават узрадавалася: шмат гадоў таму яна выкрасліла гэтага чалавека са свайго жыцця, і цяпер, калі адбылося ачышчэнне часам, упершыню толкам бачыла яго. Але яшчэ да таго, як яна паспела вымавіць словы ўдзячнасці, ён з трымценнем і годнасцю прыклаў капялюш да сэрца і выціснуў нарыў, з якім пражыў амаль усё жыццё.

– Фэрміна, – сказаў ён, – я чакаў выпадку больш за паўстагоддзя, каб зноў паўтарыць клятву вечнай адданасці і кахання. Фэрміна Даса магла б вырашыць, што перад ёю – вар’ят, калі б не мела падстаў думаць, што ў гэтае імгненне ім кіраваў Святы Дух. Адразу ўзнікла жаданне кінуць яму праклён за блюзнерства: гэта ж трэба сказаць такое, калі нябожчык муж яшчэ не паспеў астыць у труне. Але гэтаму супраціўлялася годнасць, якую яна захоўвала ў хвіліны шаленства. «Прэч адсюль, – сказала Фэрміна. – І ніколі болей да самае магілы не лезь мне ў вочы». Яна адчыніла дзверы насцеж і дадала:

– Спадзяюся, няшмат табе засталося.

Калі ягоныя крокі на пустой вуліцы сціхлі, яна павольна зачыніла дзверы на засаўку і замкі, і самотна сустрэла лёс. Да гэтага моманту ніколі ў жыцці яна не ўсведамляла ўсёй глыбіні той драмы, якую сама спарадзіла, калі ёй толькі споўнілася васямнаццаць, і якая будзе пераследаваць яе ажно да самае смерці. Яна заплакала ўпершыню з моманту няшчасця і без сведак – толькі так яна і ўмела. Аплакала смерць мужа, сваю самоту і сваю злосць, а калі ўвайшла ў пустую спальню, аплакала і сябе, бо амаль ніколі не спала адна ў гэтай пасцелі з тае пары, як стала жанчынай. Усё, што належала мужу, выклікала слёзы: хатнія пантофлі з пампонамі, піжама пад падушкай, прастора без яго ў люстэрку туалетнага століка, асаблівы пах ягонай скуры. Раптам яна скаланулася ад няяснае думкі: «Любыя людзі мусяць паміраць разам з іхнымі рэчамі». Яна не прыняла дапамогі прыслугі, каб легчы, і нічога не стала есці перад сном. Разбітая горам, яна маліла Бога паслаць ёй смерць гэтай жа ноччу ўва сне і легла з надзеяй, што так яно й будзе. Яна імгненна заснула, нават не распранаючыся, а толькі скінуўшы чаравікі. Спала як забітая, ведаючы, аднак, што ў сне працягвае жыць, што палова ложка раптоўна аказалася залішняй; яна ляжала бокам на левай палове, як заўсёды, але з другога боку не хапала мужа для раўнавагі. Скрозь сон яна падумала, што больш ніколі не здолее спаць, як раней, і пачала енчыць у сне, і далей спала ў слязах, ні разу не мяняючы позы. Праспаўшы ўсіх пеўняў, яна прачнулася ад нялюбага без яго ранішняга сонца. Толькі тады яна зразумела, што спала зашмат, але не памерла, і пакуль спала, плачучы, больш думала пра Флярэнтына Арысу, чым пра нябожчыка мужа.

Са свайго боку, Флярэнтына Арыса не пераставаў думаць пра яе ні на хвіліну з тае пары, як Фэрміна Даса безапеляцыйна адмовіла яму пасля доўгага і супярэчлівага кахання, а здарылася гэта пяцьдзясят адзін год, дзевяць месяцаў і чатыры дні назад. Яму не трэба было весці лік дням без яе, драпаючы крэскі, нібыта на сценах турэмнае камеры, бо не было дня без таго, каб нешта не змушала прыгадаць яе. Калі яна парвала з ім, яму было дваццаць два гады і ён жыў з маці, Трансытай Арысай, якая арандавала паўдома на вуліцы Вэнтанас, дзе з маладосці трымала галантарэйную краму і яшчэ распускала рваныя кашулі і старыя анучы – шчыпала корпію, якую набывалі лазарэты для параненых. Ён быў яе адзіны сын, плён выпадковай сувязі з вядомым карабельнікам донам Піем Пятым Ляайсам і – усе ведалі – старэйшым з трох братоў, што заснавалі Карыбскую параходную кампанію і далі першы штуршок паравой навігацыі па рацэ Магдалене.

Дон Пій Пяты Ляайса памёр, калі сыну было дзесяць гадоў. Хоць бацька патаемна падтрымліваў хлопца, ён і не думаў прызнаваць яго перад законам, а таксама не забяспечыў яму будучыні, так што Флярэнтына Арыса насіў адзіна матчына прозвішча, але народ ведаў, чый насамрэч ён сын. Пасля бацькавай смерці Флярэнтына Арысу давялося кінуць вучобу, ён уладкаваўся вучнем на пошце, дзе яму даручылі ўскрыццё мяхоў і разбор карэспандэнцыі; ён таксама абвяшчаў пра прыбыццё параходаў з поштай, уздымаючы сцяг адпаведнай краіны над дзвярыма канторы.

Ягоная кемлівасць не засталася па-за ўвагай тэлеграфіста, нямецкага імігранта Лятарыя Тугута, які, акрамя асноўнае службы, граў на аргане падчас вялікіх святаў у кафедральным саборы і даваў прыватныя заняткі музыкі. Лятары Тугут навучыў яго карыстацца азбукай Морзэ і тэлеграфічным апаратам; некалькі заняткаў ігры на скрыпцы хапіла, каб Флярэнтына Арыса зайграў на слых, як прафесіянал. Калі васямнаццацігадовы Флярэнтына Арыса ўпершыню ўбачыў Фэрміну Дасу, ён ужо лічыўся самым цікавым маладым чалавекам свайго кола, лепш за ўсіх танчыў пад модную музыку, чытаў на памяць сентыментальныя вершы і заўсёды быў гатовы далучыцца да сваіх сяброў, каб граць сольныя скрыпічныя серэнады іхным каханкам. Ужо тады ён быў хударлявым, індзейскія валасы скараліся толькі духмянаму фіксатару, акуляры ад блізарукасці падкрэслівалі бездапаможны выгляд. Дэфект зроку не быў адзіным, яшчэ ён усё жыццё пакутаваў ад хранічных запораў і карыстаўся рознымі паслабляльнымі сродкамі. У яго быў адзіны выходны строй, які дастаўся ад нябожчыка бацькі, але Трансыта Арыса так сачыла за ім, што кожную нядзелю ён выглядаў, як новы. Нягледзячы на чэзлы выгляд Флярэнтына, на яго замкнёнасць і змрочнае адзенне, дзяўчаты яго кола патаемна разыгрывалі латарэю на права застацца з ім сам-насам, ды і ён не быў супраць такіх гульняў, пакуль не ўбачыў Фэрміну Дасу: тады час гульняў скончыўся.

Упершыню ён убачыў яе аднойчы днём, калі Лятары Тугут даручыў яму аднесці тэлеграму чалавеку без дакладнага адраса, якога звалі Лярэнса Даса. Флярэнтына Арыса адшукаў яго ў раёне Евангельскага скверыка, у самым старажытным, амаль разваленым доме, унутраны дворык якога быў падобны да галерэі абацтва, з той розніцай, што тут у кветніках расло адно пустазелле і стаяў фантан без вады. Флярэнтына Арыса не пачуў ні гуку, які б выдаў прысутнасць чалавека, пакуль ішоў за босай прыслужніцай пад зводамі калідора, дзе бачыў яшчэ не распакаваныя пасля пераезду скрыні, мулярскія інструменты, кучы вапны і наваленыя мяхі з цэментам, бо дом сур’ёзна рэстаўравалі. У глыбіні дворыка месцілася часовая кантора, дзе вельмі тоўсты чалавек з кучаравымі бакенбардамі і закручанымі вусамі бавіў сіесту, седзячы за пісьмовым сталом. Яго сапраўды звалі Лярэнса Дасам, яго мала хто ведаў у горадзе, бо ён прыехаў аднекуль менш чым два гады таму і, апрача таго, сыходзіўся з людзьмі не надта проста.

Лярэнса Даса ўзяў тэлеграму, нібыта гэта быў працяг кашмарнага сну. Флярэнтына Арыса з пэўным прафесійным спачуваннем глянуў у ягоныя бляклыя вочы, заўважыў няўпэўненасць у пальцах, калі той ірваў налепку на складзенай тэлеграме, – гэта быў жах, які сціскаў сэрца, жах, часцяком заўважны ў адрасатаў, якія ўсё яшчэ звязвалі тэлеграмы са смерцю. Лярэнса Даса прачытаў тэкст і акрыяў. Уздыхнуў: «Добрыя навіны» – , і ўручыў Флярэнтына Арысу пяць рэалаў[11], даўшы зразумець усмешкай палёгкі, што не відаць бы яму манеты, калі б навіны былі благія. Пасля паціснуў руку на развітанне, што не было прынята рабіць у дачыненні да кур’ераў, і прыслужніца правяла Флярэнтына да ўваходнае брамы, але не каб правесці, а каб прасачыць за ім. Яны вярталіся тым жа шляхам, пад скляпеннямі калідора, але цяпер Флярэнтына Арыса дазнаўся, што ў доме жыве хтосьці яшчэ, бо заліты святлом дворык напаўняўся жаночым голасам, які паўтараў урок чытання. Праходзячы каля пакоя для шытва, ён убачыў праз акно дарослую жанчыну і дзяўчыну, якія сядзелі ў састаўленых ушчыльную крэслах і разам сачылі па кнізе, якую дарослая жанчына трымала на прыполе. Яму падалося дзіўным, што дачка вучыць чытаць маці. Ён памыліўся толькі ў адным, бо старэйшая была цёткай, хоць выхоўвала дзяўчыну як маці. Заняткі не спыніліся, але дзяўчына ўзняла вочы, каб паглядзець, хто праходзіць каля акна, і гэты выпадковы погляд спарадзіў такі катаклізм кахання, які не згас і праз паўстагоддзя.

Флярэнтына Арыса дазнаўся пра Лярэнса Дасу толькі тое, што ён пераехаў з Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага з адзінай дачкою і незамужняй сястрой, як толькі мінулася эпідэмія халеры, і тыя, хто бачыў, як яны сыходзілі з парахода, не сумняваліся, што сям’я прыехала назаўсёды, бо прывезла ўсё неабходнае, каб добра абсталяваць дом. Жонка Лярэнса Дасы памерла, калі дзяўчынка была зусім маленькай. Сястру звалі Эскалястыка, ёй было сорак гадоў, і яна дала зарок насіць вопратку францішканкі па-за домам і паясны шнур – на вачах у сям’і. Дзяўчынцы было трынаццаць гадоў, і яе звалі, як нябожчыцу маці, – Фэрмінай.

Людзі меркавалі, што Лярэнса Даса быў чалавекам заможным, бо ён нічым не займаўся, але жыў добра ды гатоўкай аддаў дзвесце песа золатам за дом у Евангельскім скверыку, рэстаўрацыя якога мусіла абысціся яму, прынамсі, удвая даражэй. Дачка вучылася ў школе З’яўлення Святой Дзевы, дзе паненкі з найзаможнейшых дамоў ужо цягам двух стагоддзяў засвойвалі мастацтва прыстойнага і пакорлівага жыцця ў шлюбе. Падчас калоніі і ў першыя гады Рэспублікі туды прымалі толькі дачок са знакамітых родаў. Але незалежнасць прынесла і заняпад арыстакратычных дынастый, якія мусілі падпарадкавацца рэаліям новых часоў, і школа адчыніла дзверы для ўсіх, нягледзячы на наяўнасць ці адсутнасць радаводаў на пергаменце, абы толькі плацілі, але з адной абавязковай умовай: паступаць мелі права толькі законный дочкі з каталіцкіх сем’яў. Ва ўсялякім выпадку, гэта была дарагая школа, і той факт, што Фэрміна Даса вучылася там, вызначаў эканамічнае становішча сям’і ў вачах люду, хоць і не меў дачынення да яе сацыяльнага статусу. Гэта ўзрадавала Флярэнтына, бо факты пацвердзілі тое, што гожая дзяўчына з мігдалавымі вачыма цалкам магла быць рэальным аб’ектам ягоных мараў. Аднак вельмі хутка суворы рэжым, усталяваны ейным бацькам, паўстаў перад ім неадольнай перашкодай. Яе аднагодкі хадзілі ў школу групкамі альбо з дарослай прыслужніцай, а Фэрміна Даса заўсёды ішла з цёткай, і яе паводзіны гаварылі пра тое, што забаўкі ёй не дазволены.

Вось такім нявінным чынам Флярэнтына Арыса пачаў патаемнае жыццё самотнага паляўнічага. А сёмай раніцы ён ужо сядаў на лаўцы ў скверыку пад мігдалавым дрэвам і рабіў выгляд, нібыта чытае зборнік вершаў, пакуль не з’яўлялася непрыступная дзяўчына ў школьнай форме з сінімі палоскамі, у панчохах на гумачцы да каленяў, у строгіх чаравіках, зашнураваных крыж-накрыж, з цяжкою касой, звязанай сціплаю стужкай, – каса спадала па спіне да самае таліі. Ішла яна ганарліва, што выглядала зусім натуральна, з прыўзнятай галавой і нерухомым позіркам, вастраносая, са школьным партфелем, прыціснутым да грудзей скрыжаванымі рукамі, ішла хадою газелі, нібы не падначаленая сіле гравітацыі. Цётка ў бурай вопратцы з францішканскім паясным шнурком ледзь паспявала за ёю, і прысутнасць цёткі выключала магчымасць падысці да дзяўчыны. Флярэнтына Арыса назіраў, як яны ішлі і вярталіся чатыры разы на дзень ды яшчэ раз у нядзелю пасля імшы, і пакуль што яму было дастаткова толькі назіраць за дзяўчынай. Паступова ён стаў ідэалізаваць яе, прыпісваючы ёй неверагодныя дабрадзейнасці, уяўныя пачуцці, і праз два тыдні ўсе ягоныя думкі былі толькі пра яе. Ён вырашыў даслаць каханай просты допіс – адзін аркуш, запоўнены з абодвух бакоў каліграфічным пісарскім почыркам. Аднак некалькі дзён допіс заставаўся ў кішэні, бо ён абдумваў, як яго перадаць, а пакуль тое, дапісаў яшчэ колькі старонак перад сном, і такім чынам першапачатковы допіс ператварыўся ў слоўнік кампліментаў, на якія яго натхнялі кнігі, завучаныя на памяць, – гэтулькі разоў ён іх перачытаў, чакаючы яе ў скверыку.

Прыкідваючы, як перадаць ліст, Флярэнтына Арыса паспрабаваў пазнаёміцца з іншымі дзяўчатамі з яе школы, але яны былі надта далёкія ад яго свету. Апрача таго, пасля шпацыраў з імі яму здалося неразумным дзяліцца з кімсьці сваімі памкненнямі. Аднак ён дазнаўся, што праз некалькі дзён пасля прыезду Фэрміну Дасу запрасілі на суботні баль, але бацька забараніў ёй ісці даволі рэзка: «На ўсё свой час». Ліст ужо займаў шэсцьдзесят з нечым старонак, калі Флярэнтына Арыса больш не здолеў супраціўляцца ціску ўласнае таямніцы і без астачы адкрыўся маці, адзінаму чалавеку, з якім зрэдчас дазваляў сабе хоць якую шчырасць. Трансыта Арыса расхвалявалася да слёз ад наіўнасці сына ў любоўных справах і паспрабавала накіраваць яго святлом свайго ўласнага досведу. Перадусім яна пераканала сына не ўручаць каханай стоса лірычных паперак, бо так можна спудзіць дзяўчыну ягонае мары: тая магла быць такой жа недасведчанай у амурных справах, як і яе сын. Перш за ўсё, сказала Трансыта Арыса, трэба даць ёй зразумець, што ён цікавіцца ёю, тады прызнанне не заспее яе знянацку, у яе будзе час падумаць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю