Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 26 страниц)
– Hi адно, ні другое, – адказаў Лярэнса Даса. – Я іспанскі падданы.
– Табе шанцуе! – усклікнуў правадыр і развітаўся, жартам узняўшы руку. – Няхай жыве кароль!
Праз два дні яны сышлі з гор у светлую даліну, дзе знаходзіўся вясёлы пасёлак Вальедупар. У дварах ішлі баі пеўняў, на скрыжаваннях гучалі акардэоны, вершнікі гарцавалі на пародзістых конях, званілі званы, бахалі петарды. Але Фэрміна Даса нават не заўважыла святочнага настрою. Яны спыніліся ў доме Лісымака Санчаса, які даводзіўся ёй дзядзькам па маці. Ён выйшаў сустракаць іх на дарогу на чале шумнай кавалькады маладых сваякоў на лепшых на ўсю правінцыю конях, і іх правялі па вуліцах пасёлка сярод святочных феерверкаў. Дзядзькаў дом стаяў на Вялікім пляцы, побач з каланіяльнай, шмат разоў перабудаванай царквою, і больш быў падобны на каланіяльную факторыю праз свае прасторныя і прыцененыя пакоі ды калідор, што пах цёплым сокам з цукровага трыснягу і выходзіў у вялізны фруктовы сад.
Як толькі яны спешыліся каля стайні і ўвайшлі ў дом, гасцёўні напоўніліся мноствам незнаёмых сваякоў, якія абрынулі на Фэрміну Дасу вадаспад цёплых пачуццяў, але яна не хацела бачыць нікога на свеце, бо пакутавала ад сядла, не ела і не спала столькі дзён і марыла застацца на самоце ў якім ціхім месцы, каб выплакацца. Толькі стрыечная сястра Ільдэбранда Санчас, старэйшая за яе на два гады і такая ж па-каралеўску ганарлівая, адразу зразумела ейны стан, бо сама таксама гарэла полымем патаемнага кахання. Калі звечарэла, Ільдэбранда завяла Фэрміну ў спальню, падрыхтаваную для іх дваіх, і не змагла зразумець, як Фэрміна яшчэ жывая з такімі пухірамі на клубах. З дапамогаю маці, вельмі пяшчотнай жанчыны, падобнай да мужа, нібыта да блізнюка, Ільдэбранда падрыхтавала ёй ванну і сцішыла боль, прыклаўшы да язваў кампрэсы з адварам купальніка, а дом у гэты час здрыгаўся ад піратэхнічнае кананады.
Апоўначы госці сышлі, гулянне рассыпалася на мноства вясёлых групак, і кузіна Ільдэбранда дала Фэрміне Дасе сваю міткалевую начнушку, дапамагла ёй легчы; тады Фэрміна Даса адчула пяшчоту прасціны, мяккасць пуховае падушкі, і ёй стала раптам страшна ад прыліву шчасця. Нарэшце яны засталіся ў спальні сам-насам. Кузіна зачыніла дзверы на засаўку і дастала з-пад матраца свайго ложка запячатаны сургучом канверт з манільскай паперы і эмблемай Нацыянальнага тэлеграфа. Фэрміне Дасе досыць было ўгледзець хітраватыя і радасныя іскрынкі ў вачах кузіны, каб зноўку прарос у памяці сэрца задумлівы водар белых гардэній, – яна тут жа разадрала сургучную пячатку зубамі і да золку патанала ў моры слёз, перачытваючы адзінаццаць няўрымслівых тэлеграм.
Тады яна даведалася пра ўсё. Да пачатку вандроўкі Лярэнса Даса зрабіў памылку, тэлеграфам паведаміўшы пра свае намеры швагру Лісымака Санчасу, а той перадаў вестку шырокай і заблытанай чарадзе сваякоў, раскіданай па розных вёсках і хутарах правінцыі. Так што Флярэнтына Арыса не толькі даведаўся пра дакладны маршрут вандроўкі, але яшчэ й скарыстаўся з пачуцця братэрства тэлеграфістаў, якія трымалі след Фэрміны Дасы крок за крокам да апошняга хутара на яе шляху каля мыса Вала. Гэта дазволіла закаханаму Флярэнтына падтрымліваць з ёю інтэнсіўнае ліставанне з моманту яе прыезду ў Вальедупар, дзе яна гасцявала тры месяцы, і да канца вандроўкі ў горадзе Рыёача паўтара года пазней, калі Лярэнса Даса вырашыў, што дачка пра ўсё забылася, і разважыў вярнуцца дадому. Мажліва, ён сам не ўсвядоміў, як паслабіў пільнаванне за дачкою, яму заміналі ганаровыя прыёмы, якія ладзілі сваякі па лініі нябожчыцы жонкі, якія пасля доўгіх гадоў варожасці адкінулі ў бок свае кланавыя прымхі і прынялі яго з адкрытым сэрцам, як свайго. Візіт прынёс позняе замірэнне, хоць не дзеля гэтага ладзілася вандроўка. Насамрэч, сям’я нябожчыцы жонкі, Фэрміны Санчас, была катэгарычна супраць яе шлюбу з гаманкім, грубым і бязродным імігрантам, які заўжды быў у раз’ездах, гандлюючы звычайнымі муламі, – такі бізнэс здаваўся ім занадта простым, каб уважаць яго чыстым. Лярэнса Даса ставіў на карту ўсё, бо ён хацеў ажаніцца з самай віднай нявестай тыповага для тых краёў роду, да якога належалі гожыя жанчыны і лёгкія на руку, у сэнсе пусціць у справу зброю, мужчыны з пяшчотным сэрцам і да шаленства развітым пачуццём годнасці. Аднак нябожчыца Фэрміна Санчас, слепа верачы ў прадвызначэнне кахання, якому заміналі ажыццявіцца, капрызна настаяла на сваім і пайшла за яго замуж насуперак сям’і гэтак паспешліва і патаемна, што, здавалася, пайшла не па любові, а таму што нібыта трэба было схаваць пад шлюбным покрывам дачасную незасцярогу.
Праз дваццаць пяць гадоў Лярэнса Даса нават і не падумаў, што ягоная ўпартасць у дачыненні да кахання дачкі была грэшным паўторам яго ўласнай гісторыі, і скардзіўся на сваю бяду ўсім шваграм, якія калісьці не прымалі яго і гэтаксама скардзіліся на яго. Але час, які ён марнаваў на скаргі, дачка выкарыстоўвала дзеля свайго кахання. Так, пакуль бацька лягчаў бычкоў і аб’езджваў мустангаў на ўрадлівых землях сваіх шваграў, дачка вольна гуляла з чародкай сясцёр, на чале якіх стаяла Ільдэбранда Санчас, самая гожая і спрытная з іх, чыё палкае і пазбаўленае будучыні каханне да чалавека, які быў старэйшы за яе на дваццаць гадоў, жанаты і шматдзетны, задавальнялася адно што патаемнымі позіркамі.
Пасля доўгага перабывання ў Вальедупары яны працягнулі шлях прыгор’ем, па квітнеючых далінах і казачных плато, і ўва ўсіх паселішчах іх прымалі, як у першым, – з музыкай і феерверкамі, з новымі кузінамі-саўдзельніцамі і пунктуальнымі тэлеграфнымі пасланнямі. Неўзабаве Фэрміна Даса зразумела, што дзень прыезду ў Вальедупар не быў чымсьці выключным, – у гэтай багатай правінцыі жылі так, нібыта кожны дзень тыдня быў святам. Госці спалі, дзе заспявала іх ноч, і елі, калі было патрэбна, бо дамы ніколі не зачыняліся, заўсёды можна было знайсці павешаны для госця гамак і зборную, з трыма відамі мяса, поліўку на выпадак, калі хто з’яўляўся без папярэдняй тэлеграмы, як здаралася амаль заўжды. Ільдэбранда Санчас суправаджала кузіну да канца вандроўкі, весела ведучы яе скрозь гушчар крэўных сваякоў да каранёў радавога дрэва. Фэрміна Даса ўсвядоміла сябе, упершыню адчула, што яна сама сабе гаспадыня, якую паўсюль суправаджаюць сябры і якую шануюць, і напоўніцу дыхала паветрам свабоды, якое вярнула ёй супакой і волю да жыцця. Нават у старасці яна прыгадвала гэтую вандроўку, якая з гадамі ўсё больш праяснялася ў памяці ў бліскучым ззянні настальгіі.
Аднойчы ўвечары Фэрміна Даса вярнулася пасля традыцыйнага шпацыру, агаломшаная адкрыццём: усё-такі можна быць шчаслівай без кахання і нават насуперак каханню. Адкрыццё збянтэжыла яе; менавіта тады нейкая чарговая кузіна выпадкова пачула гамонку сваіх бацькоў з Лярэнса Дасам, у якой апошні выказаў ідэю аддаць дачку за адзінага спадкаемца казачнага багацця Клеафаса Маскотэ. Фэрміна Даса ведала яго. Бачыла яго на пляцы, калі той гарцаваў на гожым кані з выдатнымі гунямі, падобнымі на царкоўныя аздабленні; ён быў элегантным і спрытным, ад яго рамантычных веек млелі нават камяні, але яна параўнала яго ў памяці з Флярэнтына Арысам пад мігдалавымі дрэвамі скверыка, бледным і хударлявым, з кніжкаю вершаў на каленках, і не знайшла ў сваім сэрцы ні ценю сумневу.
Ільдэбранда Санчас была поўная спадзеваў пад уражаннем ад наведвання варажбіткі, якая здзівіла яе сілаю прадбачання. Спужаная намерамі бацькі Фэрміна Даса таксама пайшла да той жанчыны. Карты паказалі, што ў будучыні няма перашкодаў для доўгага і шчаслівага шлюбу, і гэты прагноз вярнуў ёй спакой і сілу, бо яна не магла ўявіць сабе, што такі ўдалы лёс можа скласціся з некім іншым, апроч таго, каго яна кахала. Акрыленая вераю, яна зноў набыла ўладу над сабой і волю да свабоды. Менавіта тады тэлеграфная перапіска з Флярэнтына Арысам перастала быць выказваннем намераў і ілюзорных абяцанак, набыўшы метадычны, практычны характар, пачасціўшыся, як ніколі раней. Яны вызначылі тэрміны і спосабы далейшых дзеянняў, прысягнулі жыццём у сумесным рашэнні ажаніцца, ні ў кога не пытаючыся дазволу, дзе б тое ні было, чаго б ні каштавала, як толькі яны зноўку сустрэнуцца. Фэрміна Даса так сур’ёзна паставілася да свайго слова, што аднойчы, калі бацька дазволіў ёй пайсці на першы ў жыцці дарослы баль у мястэчку Фансэка, яна палічыла несумленным ісці на баль без згоды свайго нарачонага. Флярэнтына Арыса тым вечарам знаходзіўся ў матроскім гатэлі ды граў у карты з Лятарыем Тугутам, калі паведамілі, што да яго прыйшло тэрміновае тэлеграфнае пасланне.
Да яго звярнуўся тэлеграфіст з Фансэкі, які злучыў ланцуг з сямі мясцовых станцый, каб Фэрміна Даса здолела спытаць пра згоду на першы баль. Але, атрымаўшы згоду, яна не задаволілася проста станоўчым адказам і папрасіла доказу, што менавіта Флярэнтына Арыса стукаў ключом тэлеграфа на другім канцы лініі. Хутчэй здзіўлены, чым улагоджаны, ён прыдумаў і перадаў фразу для пасведчання ягонай асобы: «Скажэце ёй, што клянуся каранаванай багіняй». Фэрміна Даса пазнала пароль і прабалявала ўпершыню ў жыцці ажно да сёмай раніцы – ёй давялося наспех пераапранацца, каб не спазніцца на імшу. Да таго часу ў глыбінях ейнага куфра назбіралася больш лістоў і тэлеграм, чым бацька калісьці знайшоў, і яна навучылася паводзіць сябе, як замужняя жанчына. Лярэнса Даса ўспрыняў перамену ў паводзінах дачкі як знак таго, што адлегласць і час вылечылі яе ад дзявочага фантазёрства, але не падзяліўся з ёю праектам шлюбнай дамовы. Іх адносіны крыху палепшыліся, не выходзячы за фармальныя рамкі, вызначаныя ёю, калі ён выгнаў цётку Эскалястыку, і гэта давала месца зручнаму суіснаванню, ва ўсялякім разе, ніхто з блізкага асяродку не сумняваўся ў тым, што іхныя адносіны заснаваныя на пяшчоце.
Тым часам Флярэнтына Арыса вырашыў распавесці ёй у лістах, што ён робіць спробы адшукаць скарб затопленага галеона дзеля яе. Гэта была чыстая праўда, ідэя ўзнікла ў імгненні натхнення светлым вечарам, калі мора было быццам бы выбрукаванае алюмінем з-за безлічы рыб, прыспаных травою дзіванны. З усяго неба зляцеліся птушкі і біліся за спажыву, і рыбакі адганялі іх вёсламі, каб не аспрэчвалі права на забаронены цуд. Выкарыстанне дзіванны, якая толькі прысыпляе рыбу, было забаронена законам яшчэ за часамі калоніі, але карыбскія рыбакі пускалі расліну ў ход сярод белага дня ажно да з’яўлення дынаміту. Доўга цягнулася вандроўка Фэрміны Дасы, і ў ейную адсутнасць Флярэнтына Арыса бавіў час, гледзячы з высокіх стромаў, як рыбакі грузілі ў свае індзейскія лодкі вялікія нераты з соннаю рыбай. Там жа чародкі хлопчыкаў, што плавалі не горш за акул, прапаноўвалі разявакам кінуць манеты на дно і хутка іх даставалі. Гэта былі тыя ж хлопчыкі, якія з той самай мэтаю плылі насустрач трансатлантычным караблям і таксама вярталіся са здабычай, пра іхны спрыт нямала напісана ў падарожных нататках, якія выходзілі ў Злучаных Штатах і Еўропе. Флярэнтына Арыса ведаў хлопчыкаў здаўна, яшчэ да таго, як закахаўся, але ніколі не думаў пра тое, што яны здольныя падняць скарб, затоплены разам з галеонам. Гэта прыйшло яму да галавы тым светлым вечарам, і з наступнай нядзелі, калі да вяртання Фэрміны Дасы заставаўся цэлы год, у яго з’явілася яшчэ адна мара.
Эўклідэс, адзін з тых хлопчыкаў, загарэўся, як і ён, ідэяй падводнай выведкі. Флярэнтына Арыса не адкрыў яму праўды пра мэты вышуку, затое падрабязна распытаў пра ягоныя здольнасці як мараплаўца і нырца. Ён спытаў, ці здолеў бы той без запасу паветра нырнуць на дваццаціметровую глыбіню, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці мог бы ён сам весці рыбацкі човен па адкрытым моры падчас шторму без прыбораў, пры дапамозе адно ўласнага інстынкту, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці здолеў бы ён знайсці дакладнае месца на адлегласці шаснаццаці марскіх міляў на паўночны захад ад вялікай выспы архіпелагу Сатавэнта, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці змог бы ён грэбці ўначы, па зорках, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці згодны ён справіцца з такой працай і атрымаць за гэта грошы, якія ён атрымлівае ад рыбакоў за дапамогу, і Эўклідэс адказаў, што так, толькі з дадаткам у пяць рэалаў па нядзелях. Ён спытаў, ці ўмее хлапчук бараніцца ад акулы, і Эўклідэс адказаў, што так, бо валодае чарадзейнымі таямніцамі, якія іх адпуджваюць. Ён спытаў, ці здольны хлапец захоўваць таямніцу нават пад катавальнымі машынамі інквізіцыі, і Эўклідэс сказаў, што так, бо ніколі не адказваў «не» і ўмеў казаць «так» гэтак натуральна, што немажліва было засумнявацца. Нарэшце, яны падлічылі выдаткі: пракат чоўна, пракат вясла, пракат рыбацкіх прыладаў, каб ніхто не здагадаўся пра сапраўдныя мэты вылазкі. Да таго ж, трэба было ўзяць харч, бочачку пітной вады, алейную лямпу, пакунак свечак і, на экстранны выпадак, паляўнічы рог, каб была магчымасць падаць сігнал бедства.
Хлапчуку было недзе дванаццаць гадоў, ён гаманіў без пярэдыху, быў рухавым ды спрытным, як вугор, – менавіта такім, якім трэба быць, каб праслізнуць праз цесны ілюмінатар карабля пад вадою. Вятры так прадубілі яго, што цяжка было ўявіць колішняе, натуральнае адценне ягонае скуры, што рабіла ягоныя вялікія жоўтыя вочы яшчэ больш прамяністымі. Флярэнтына Арыса вырашыў, што гэта ідэальны саўдзельнік задуманае прыгоды, і яны ўзяліся за справу адразу, як толькі надышла нядзеля.
Адплылі яны з рыбацкага порта на золку, маючы ўсё, што трэба, і ў добрым гуморы. Эўклідэс – амаль голы, у насцёгнавай павязцы, якую насіў заўсёды, а Флярэнтына Арыса – у сурдуце і цёмным капелюшы, лакаваных чаравіках і са стужкай, якую завязваюць паэты замест гальштука; ён узяў з сабою кнігу, каб бавіць час, пакуль яны дабяруцца да выспаў. З першага дня Флярэнтына Арыса зразумеў, што Эўклідэс гэтакі спрытны мараход, як і нырэц, хлапчук валодаў дзівоснымі ведамі пра прыроду мора і размаітае ламачча на дне бухты. Ён мог апавядаць з нечаканымі падрабязнасцямі пра кожную карабельную шкарлупіну, якую раз’ядала іржа, ведаў век кожнага буйка, колькасць звёнаў у ланцугу, з дапамогай якога іспанцы зачынялі ўваход у бухту. Баючыся, што ён таксама можа ведаць і пра мэту патаемнай экспедыцыі, Флярэнтына Арыса задаў яму некалькі хітрых пытанняў і такім чынам упэўніўся, што Эўклідэс нават не падазрае пра існаванне патопленага галеона.
Упершыню пачуўшы аповед пра скарб у матроскім гатэлі, Флярэнтына Арыса назбіраў рознае інфармацыі пра галеоны тае эпохі. Ён высветліў, што не адзін «Сан Хасэ» ляжыць на каралавым дне. Насамрэч, гэта быў флагманскі карабель Кантынентальнага флотн, які прыбыў у бухту пасля траўня 1708 года з легендарнага кірмашу Партабэльё ў Панаме, дзе пагрузілі частку ягонага скарбу: трыста куфраў са срэбрам Пэру і Вэракруса ды сто дзесяць куфраў перлінаў, назбіраных і падлічаных на выспе Кантадора. За доўгі месяц у бухце, дзе штодня і штоночы ішло народнае гулянне, пагрузілі рэшту скарбу, якая была здольная выцягнуць з бядноты Іспанскае каралеўства: сто шаснаццаць куфраў са смарагдамі з Мусы і Самандокі і трыццаць мільёнаў залатых манет.
Кантынентальны флот складалі дванаццаць караблёў розных памераў, яны пакінулі порт з суправаджэннем выдатна ўзброенай французскай эскадры, якая ўсё ж не здолела ўратаваць флот ад трапных гарматных залпаў ангельцаў з Чарлзам Уэйджэрам на чале, што чакалі іх у раёне архіпелага Сатавэнта, каля выйсця з бухты. Так што патануў не толькі «Сан Хасэ», хоць дакладных, дакументальных сведчанняў пра тое, колькі караблёў патанула і колькі пазбегла агню ангельцаў, не было. І ў чым ніхто не сумняваўся, дык толькі ў тым, што флагманскі карабель патануў адным з першых, з экіпажам у поўным складзе і нерухомым у сваёй рубцы капітанам. Толькі гэты карабель вёз асноўны груз.
Флярэнтына Арыса вывучыў шлях галеонаў паводле навігацыйных мапаў тае эпохі і думаў, што вылічыў месца катастрофы. Яны выйшлі з бухты, прайшлі паміж дзвюма фартэцыямі Бока-Чыкі, і праз чатыры гадзіны човен аказаўся ва ўнутраных водах архіпелага, на каралавым дне якога можна было лавіць сонных лангустаў проста рукою. Паветра было лёгкім, а мора такім ціхім і празрыстым, што Флярэнтына Арыса адчуў, нібыта ён – уласны адбітак у вадзе. Пры канцы затокі, за дзве гадзіны ходу ад вялікай выспы, і было месца крушэння карабля.
Флярэнтына Арыса, ледзь жывы ў сваёй хаўтурнай вопратцы ад пякельнага сонца, папрасіў Эўклідэса, каб ён паспрабаваў нырнуць на дваццаціметровую глыбіню і дастаць любую рэч з дна. Вада была празрыстая, ён бачыў, як хлапчук плыў на глыбіні, нібыта бруднага колеру акула сярод блакітных акулаў, якія перасякалі ягоны шлях, але не чапалі яго. Потым хлапчук знік у каралавых зарасцях, і калі Флярэнтына Арыса ўжо думаў, што ўсё набранае ў лёгкія паветра скончылася, ён пачуў голас за спінай. Эўклідэс стаяў на дне з паднятымі рукамі, і вада даходзіла яму да таліі. Так што яны сталі шукаць больш глыбокія мясціны далей на поўнач, плывучы па-над цёплымі скатамі, сарамлівымі кальмарамі, цёмна-ружовымі караламі, пакуль Эўклідэс не зразумеў, што яны проста губляюць час.
– Калі вы не скажаце, што я мушу шукаць, я нічога і не знайду, – сказаў хлапчук.
Але Флярэнтына Арыса не сказаў. Тады Эўклідэс прапанаваў яму распрануцца і нырнуць з ім, хоць бы для таго, каб пабачыць неба іншага свету – свету каралаў. Аднак Флярэнтына Арыса звычайна гаварыў, што мора было прыдуманае Богам з адной мэтай – каб людзі бачылі яго праз акно, таму ён так і не навучыўся плаваць. Калі пачало вечарэць, неба схавалася за аблокамі, паветра сталася сцюдзёным і вільготным, і так хутка сцямнела, што давялося арыентавацца на маяк, каб трапіць у порт. Ужо каля ўваходу ў бухту яны вельмі блізка мінуліся з вялізным белым трансатлантычным караблём пад французскім сцягам і з поўнай ілюмінацыяй, які пакідаў за сабою водар далікатнага смажанага мяса і квяцістай капусты.
Вось так яны згубілі тры нядзельныя дні дый змарнавалі б яшчэ, калі б Флярэнтына Арыса не вырашыў падзяліцца таямніцай з Эўклідэсам, які адразу змяніў увесь план пошукаў, і яны накіраваліся да старажытнага фарватару для галеонаў, які знаходзіўся на адлегласці дваццаці з лішкам міляў на ўсход ад вызначанага Флярэнтына Арысам месца. Месяцы праз два, дажджлівым днём, Эўклідэс доўга заставаўся пад вадою, і човен так аднесла, што давялося плыць амаль паўгадзіны, каб нагнаць яго, бо Флярэнтына Арыса не здолеў наблізіцца да яго на вёслах. Калі, нарэшце, хлапчук падняўся на борт, ён дастаў з рота і паказаў як знак перамогі і ўзнагароду за ўпартасць пару жаночых упрыгожанняў.
Хлопчыкаў аповед гэтак зачараваў Флярэнтына, што той пакляўся навучыцца плаваць і ныраць на глыбіні, толькі каб пабачыць усё на свае вочы. Эўклідэс сказаў, што на тым месцы, на глыбіні якіх васямнаццаці метраў, ляжыць на каралах столькі старажытных ветразнікаў, што немажліва нават падлічыць альбо прыкінуць іхную колькасць, і што яны раскіданыя па прасторы – вокам не ахапіць. Ён сказаў, што яго больш за ўсё здзівіла: ніводная шкарлупіна з бухты не была ў такім добрым стане, як патопленыя караблі. Ён дадаў, што бачыў каравэлы, іх было некалькі, і ўсе – з некранутымі ветразямі, а караблі відны былі на дне выдатна, нібыта патанулі разам са сваімі прасторай і часам, быццам бы над імі тое самае сонца, што стаяла ў небе аб адзінаццатай раніцы ў суботу 9 чэрвеня, калі яны і пайшлі на дно. Ён паведаміў, задыхаючыся пад напорам уласнага ўяўлення, што найлягчэй было разглядзець галеон «Сан Хасэ», чыя назва свяцілася на карме залатымі літарамі, але адначасова гэта самы пашкоджаны ангельскай артылерыяй карабель. Ён сказаў, што на караблі бачыў старога васьмінога, якому не менш за трыста гадоў, ягоныя мацкі выходзілі праз гарматныя адтуліны, і ён так вырас у карабельнай ядальні, што цяперака можна было выслабаніць яго, толькі разабраўшы корпус. Ён працягваў, кажучы, што бачыў цела капітана, якое плавала бокам на мосціку, нібыта ў акварыуме, і што не спусціўся ў трумы са скарбам адно таму, што не хапіла паветра ў лёгкіх. І вось доказы: завушніца са смарагдам і медальён з выявай Святое Дзевы, ланцужок якога раз’ела соль.
Гэтая навіна пра скарб была першай, якую Флярэнтына Арыса згадаў у лісце да Фэрміны Дасы, накіраваным ёй у Фансэку незадоўга да яе вяртання. Легенду пра патанулы галеон яна чула, пра гэта неаднойчы распавядаў Лярэнса Даса, які змарнаваў час і грошы, спрабуючы дамовіцца з нямецкай кампаніяй падводных даследаванняў пра сумесную арганізацыю вышуку зніклага скарбу. Ён бы настаяў на сваім, калі б некалькі сяброў Акадэміі гісторыі не пераканалі яго ў тым, што легенда пра затоплены галеон насамрэч была прыдуманая якім-небудзь віцэ-каралём, каб такім чынам прыўласціць маёмасць іспанскай кароны. Ва ўсялякім выпадку, Фэрміна Даса ведала, што галеон ляжаў на глыбіні двухсот метраў, цалкам недасяжнай для чалавека, але ніяк не дваццаці, як пісаў Флярэнтына Арыса. Аднак яна настолькі прызвычаілася да яго паэтычных перабольшанняў, што ўспрыняла прыгоды з галеонам як адно з іх. Тым не менш, яна і далей атрымлівала лісты з новымі, усё больш фантастычнымі падрабязнасцямі, і напісаныя яны былі не менш сур’ёзна, чымся ягоныя палюбоўныя пасланні, так што яна прызналася Ільдэбрандзе, што, маўляў, пабойваецца, што ейны летуценны жаніх страціў розум.
Эўклідэс даставаў з дна столькі доказаў поспеху іхных пошукаў, што ўжо бяздумна было збіраць завушніцы ды пярсцёнкі сярод каралаў, – трэба было ствараць моцнае прадпрыемства дзеля пад’ёму паўсотні караблёў з іхнымі вавілонскімі скарбамі. Тады і здарылася тое, што рана ці позна мусіла здарыцца, бо Флярэнтына Арыса не мог не звярнуцца да маці па дапамогу на завяршэнне распачатае справы. А ёй досыць было паспрабаваць метал упрыгожанняў на зуб і паглядзець на святло праз шкляныя каменьчыкі, каб зразумець: хтосьці нажываўся на наіўнасці ейнага сына. Эўклідэс на каленях пакляўся Флярэнтына Арысу, што ў ягоных паводзінах не было ніякага падману, але ў наступную нядзелю ён не з’явіўся ў рыбацкі порт, а надалей – нідзе і ніколі.
Ад гэтага шваху Флярэнтына Арысу застаўся толькі адзіны прытулак – маяк. Ён дабраўся да яго аднойчы ўначы на чоўне Эўклідэса, калі шторм заспеў іх у адкрытым моры, і з тае пары хадзіў вечарамі гаманіць з даглядчыкам маяка, слухаць аповеды пра незлічоныя і адно што яму вядомыя дзівосы мора і сушы. Гэта быў пачатак сяброўства, якое перажыло мноства катаклізмаў у свеце. Флярэнтына Арыса навучыўся падтрымліваць святло маяка, спачатку бярэмамі дроваў, а потым, пакуль не працягнулі да маяка электрычнасць, цэлымі збанамі алею. Ён навучыўся накіроўваць прамень і павялічваць яго люстрамі, а час ад часу, калі даглядчык чамусьці не мог, дзяжурыў уначы на маяку. Ён навучыўся пазнаваць караблі паводле гудкоў, паводле памеру святла на лініі далягляду і адчуваў, нібы нешта ад іх вярталася да яго з водбліскамі маяка.
Удзень, асабліва ў нядзелі, ён знаходзіў задавальненне ў іншым. У нетрах квартала Віцэ-каралёў, дзе жылі багатыры старога горада, жаночы пляж аддзяляўся ад мужчынскага тынкаванай агароджай: адзін пляж знаходзіўся справа ад маяка, а другі – злева. Так што даглядчык прыладзіў падзорную трубу, з дапамогаю якой можна было паназіраць за жаночым пляжам за плату ў адзін сентава. Дзяўчаты з вышэйшага свету не ведалі пра гэта, але ўсё роўна хадзілі па пляжы ў сваіх купальніках з вялікімі фальбонкамі, у пляжным абутку і шыракаполых капелюшах, якія хавалі цела не горш за звычайную вопратку, і да таго ж адбаўлялі прыгажосці. Маці пільнавалі іх, седзячы на беразе ў лазовых крэслах-гушкалках пад страшэнным сонцам і ў такой самай вопратцы, у такіх самых капелюшах з пёрамі, з такімі самымі муслінавымі парасонамі, з якімі хадзілі на імшу. Яны пабойваліся, што мужчыны з суседняга пляжа маглі спакусіць іхных дачок пад вадою. Карацей кажучы, праз марскі бінокль нельга было ўбачыць нічога больш пікантнага, чым на вуліцы, але нядзельных кліентаў, якія аспрэчвалі адзін у аднаго права на бінокль дзеля таго, каб адведаць горкіх яблыкаў з чужога саду, было шмат.
Флярэнтына Арыса заставаўся сярод іх, хутчэй ад нудоты, і не бінокль стаўся чыннікам ягонага сяброўства з даглядчыкам маяка. Сапраўдная прычына тоілася ў тым, што пасля разлукі з Фэрмінай Дасай, калі ім авалодала ліхаманка бязладных любоўных сувязяў у спробе забыць яе, менавіта на маяку, а не дзе яшчэ, ён пражыў найшчаслівейшыя са сваіх гадзін і знайшоў суцяшэнне. Гэта было яго ўлюбёнае месца, прычым настолькі, што шмат гадоў ён рабіў спробы ўпэўніць маці, а затым і дзядзьку Леона XII, каб тыя дапамаглі выкупіць яго. Маякі Карыбскага мора былі ў тыя часы прыватнай маёмасцю, іх гаспадары атрымлівалі плату за права праходу да порта адпаведна памерам судна. Флярэнтына Арыса думаў, што гэта адзіная высакародная мажлівасць спалучэння выгоднае справы з паэзіяй, але ні маці, ні дзядзька гэтак не думалі, а калі ён займеў патрэбныя сродкі, маякі ўжо перайшлі ва ўласнасць дзяржавы.
Мары, аднак, не былі дарэмнымі. Гісторыя з галеонам, а пазней і новая зацікаўленасць маяком прынеслі палёгку пакутам ад расстання з Фэрмінай Дасай, і тут у самы нечаканы момант прыйшла вестка пра яе вяртанне. Пасля доўгай пабыўкі ў Рыёачы Лярэнса Даса вырашыў вярнуцца. Гэта быў не найлепшы час для вандроўкі морам, бо дзьмулі снежаньскія пасаты, і шхуна, якая адважылася на падобны пераход, магла апынуцца на золку ў порце адпраўкі з-за сустрэчнага ветру. Дарэчы, так і здарылася. Фэрміна Даса правяла ноч, нібыта ў агоніі, яна ванітавала жоўцю, прывязаная да ложка ў каюце, якая была падобная да тавернавай прыбіральні не толькі праз сваю невыносную цеснату, але таксама праз тое, што там жудасна смярдзела і парыла. Мора ўсхадзілася так, што часцяком здавалася, нібыта ірваліся пасы бяспекі ейнага ложка, з палубы чуўся лямант, быццам бы пры крушэнні, і тыгровы храп бацькі побач даводзіў яе да жаху. Упершыню за тры гады яна правяла ноч у бяссонні, не думаючы ніводнае хвілі пра Флярэнтына Арысу. Ён жа, насупраць, ляжаў таксама ў бессані ў сваім гамаку за перагародкай і лічыў бясконцыя хвілі да яе вяртання. На золку вецер раптам суняўся, мора супакоілася, і Фэрміна Даса зразумела, што заснула насуперак жахліваму гойданню, і толькі металічнае скрыпенне якарнага ланцуга абудзіла яе. Тады яна расперазала пасы, паглядзела ў ілюмінатар са спадзевам убачыць Флярэнтына Арысу ў натоўпе тых, хто сустракаў карабель, але ўгледзела адно мытныя склады сярод пазалочаных першымі промнямі сонца пальмаў і падгнілы пірс Рыёачы, скуль шхуна адплыла мінулай ноччу.
Дзень прайшоў, рыхтык як галюцынацыя, у тым жа доме, дзе яна была напярэдадні адплыцця, і зноўку яна прымала людзей, якія развіталіся з ёю ўчора, і гаманілі яны пра тое самае, і яе аглушыла адчуванне, што яна нанава перажывала пражыты фрагмент жыцця. Паўтор быў такім яўным, што яе трэсла ад аднае думкі – а раптам паўторыцца і ноч на шхуне, успамін пра якую выклікаў адно жах. Аднак альтэрнатыўны спосаб вяртання дамоў патрабаваў бы двух тыдняў вярхом на муле па горных карнізах і ва ўмовах больш небяспечных, чымся першы раз, бо новая грамадзянская вайна, што ўспыхнула ў андыйскім штаце Каўка, ужо ахапіла й карыбскія правінцыі. Так што а восьмай увечары яе зноўку праводзіў да порта той самы картэж шумных сваякоў, які праліваў тыя ж развітальныя слёзы і ўручаў тыя ж пакункі з правізіяй на дарогу, якія не пралазілі праз дзверы каюты. У момант адплыцця мужчыны клану развіталіся са шхунай залпам з асабістае зброі, і Лярэнса Даса адказаў з борта пяццю рэвальвэрнымі стрэламі. Трывога Фэрміны Дасы хутка развеялася, бо ўначы яны плылі са спадарожным ветрам, і мора пахла кветкамі, так што яна выдатна заснула і спала без пасаў бяспекі. Ёй снілася, што яна зноўку бачыць Флярэнтына Арысу, і ён зняў з сябе твар, які насамрэч быў маскаю, але сапраўдны твар пад маскай быў такім самым. Яна прачнулася на золку, заінтрыгаваная таямніцай сну, і знайшла бацьку ў капітанскім бары – ён піў моцную горкую каву з брэндзі і трохі ўжо касавурыў вокам ад выпітага, а шхуна між тым упэўнена набліжалася да дому.
Яны ўваходзілі ў порт. Шхуна бясшумна ішла па лабірынце з ветразнікаў, што стаялі на якары каля пірса гарадскога рынку, чый смурод адчуваўся за некалькі міляў ад берага, і золак нібы набрыняў лёгкім мроівам дажджу, які неўзабаве перарос у навальніцу. Флярэнтына Арыса, які чакаў на балконе тэлеграфнай канторы, пазнаў шхуну, як толькі яна з намоклымі ветразямі перасекла бухту Прывідаў і кінула якар насупраць рыначнага пірса. Напярэдадні ён чакаў да адзінаццатай ранку, калі, дзякуючы выпадковай тэлеграме, дазнаўся пра затрымку шхуны праз сустрэчны вецер, і на наступны дзень чакаў ад чацвёртай раніцы. Ён чакаў, не адрываючы вачэй ад шлюпак, якімі везлі да берага рэдкіх пасажыраў, што наважыліся высадзіцца нягледзячы на навальніцу. Бальшыня з іх мусіла пакінуць шлюпку, што села на мель на паўшляху да пірса, і чэпаць па балоцістым дне ўзбярэжжа. А восьмай, пасля дарэмнага чакання, пакуль распагодзіцца, мурын-грузчык, стоячы па пояс у вадзе, зняў Фэрміну Дасу з борта шхуны і данёс яе на руках да самага берага, але яна так вымакла, што Флярэнтына Арыса не пазнаў яе.
Яна сама не ўсведамляла, як пасталела за час вандроўкі, пакуль не ўвайшла ў забыты дом і не занялася геройскай справай – вяртаннем дому да жыцця з дапамогай мурынкі Галы Плясыдыі, прыслужніцы, якая вярнулася з былога рабскага гета, дзе яна жыла, толькі пачуўшы навіну пра прыбыццё сям’і. Фэрміна Даса ўжо была не проста адзінай дачкою, якую бацька адначасна любіў і прыгнятаў, а паўнаўладнай гаспадыняй імперыі пылу і павуціння, якую можна было аднавіць толькі непераможнай сілай кахання. Яна не спужалася, яе натхняла сіла волі, здольная зрушыць горы і нават зямны шар, калі б спатрэбілася. Увечары пасля вяртання, калі яны пілі гарачы шакалад з сырным пірагом, бацька перадаў ёй усю паўнату ўлады ў доме, і зрабіў гэта з рытуальнай урачыстасцю.
– Я ўручаю табе ключы ад твайго жыцця, – сказаў ён.
Ёй ішоў васямнаццаты год, яна прыняла ўладу цвёрдай рукой, усведамляючы, што кожны крок набытай свабоды спрацуе на карысць кахання. Уначы ёй сніліся жахлівыя сны. Раніцой у яе было адчуванне, блізкае да адчаю, упершыню пасля вяртання дамоў, калі яна адчыніла балконнае акно і зноўку ўбачыла нудны тонкі дождж над скверыкам, статую нейкага героя без галавы, мармуровую лаўку, на якой звычайна Флярэнтына Арыса сядзеў з кніжкаю вершаў у руках. Яна ўжо не думала пра яго, як пра патаемнага нарачонага, а рыхтык як пра мужа. Яна адчувала цяжар змарнаванага часу, і ўцяміла, чаго вартае жыццё і якая энергія душы спатрэбіцца ёй, каб кахаць яго, згодна Божаму запавету. Яна здзівілася таму, што яго не было ў скверыку (бо ён ніколі не зважаў на дождж), што не атрымала ад яго ніякай весткі ні нават знаку на мове інтуіцыі, і раптам яе ўзрушыла дзікая думка пра тое, што ён памёр. Але яна тут жа адкінула гэтую думку, бо прыгадала: у жарсных тэлеграмах апошніх дзён перад вяртаннем яны забыліся вызначыць спосаб сувязі ў горадзе.








