Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 26 страниц)
Інцыдэнт, безумоўна, даў ім мажлівасць прыгадаць мноства іншых дробных сутычак, якія здараліся раней у цьмяны перадзолкавы час. Адныя крыўды варушылі іншыя, раскрыліся старыя шнары, якія зноў прыносілі боль, і абое спужаліся, бо адчай падвёў да разумення: гэтулькі гадоў сумеснага жыцця яны адно што гадавалі прыкрыя крыўды. Ён нават прапанаваў разам пайсці на адкрытую споведзь, запрасіўшы найсвяцейшага арцыбіскупа, калі трэба, каб сам Бог у апошняй інстанцыі вырашыў, ці было мыла ў мыльніцы, ці яго не было. Тады яна, што выдатна ўмела стрымліваць сябе, страціла ўсялякі самакантроль, і з душы вырваўся покліч, які ўвайшоў у гісторыю сямейства:
– У сраку твайго найсвяцейшага арцыбіскупа!
Гэткая знявага скаланула ўвесь горад, спарадзіла самыя неверагодныя чуткі, якія цяжка было абвергнуць, і навечна ўвайшла ў простанародную мову: яе паўтаралі як падпеўку з Аперэткі: «У сраку твайго найсвяцейшага арцыбіскупа!» Яна ўцяміла, што гэтым разам перайшла ўсялякія межы, а таму апярэдзіла рэакцыю мужа, прыгразіўшы яму, што пераедзе ў стары бацькоўскі дом, які яшчэ належаў ёй, хоць часова быў здадзены ў наём пад дзяржаўныя канторы. Гэта не было бравадаю: яна насамрэч хацела пераехаць, яе не турабавала магчымасць публічнага скандалу, і муж спахапіўся своечасова. У яго не хапіла мужнасці кінуць выклік сваім прымхам. Не ў тым сэнсе, каб пагадзіцца, было, маўляў, мыла ў ваннай, бо гэта было б абразай для праўды, а ў тым, каб жыць пад адным дахам, але ў асобных пакоях, не звяртаючыся адно да аднаго. Вось так і елі, упраўляючыся з такім зайздросным спрытам, што навучыліся перадаваць даручэнні з аднаго канца стала да другога праз дзяцей так, каб тыя і не здагадваліся, што бацькі не размаўляюць. Паколькі ў кабінеце ванны не было, новая формула іхных паводзінаў вырашыла ранішнія канфлікты: цяперака ён мыўся пасля падрыхтоўкі да лекцыі і сапраўды імкнуўся не будзіць жонкі. Часта яны падыходзілі да ваннай адначасова і па чарзе чысцілі зубы перад сном. Праз чатыры месяцы доктар лёг пачытаць у сужэнскі ложак, пакуль жонка яшчэ была ў ваннай, як бывала раней, і раптам заснуў. Яна легла побач даволі рэзка, каб ён прачнуўся і сышоў. Так і атрымалася, ён сапраўды прачнуўся, але замест таго, каб устаць, выключыў начнік і зручней прымасціўся на падушцы. Яна ўзяла яго за плячо і патрэсла, нагадваючы гэтым, што ён мусіць пайсці ў кабінет, але той так добра пачуўся на фамільнай пярыне, што вырашыў капітуляваць.
– Дазволь мне застацца, – сказаў ён. – Так, мыла было.
Прыгадваючы эпізод ужо на паваротцы да старасці, ні ён, ні яна не маглі паверыць, што ўсё гэта было, яны здзівіліся, але тая сварка была найстрашнейшай за паўстагоддзя сумеснага жыцця і адзінай, якая выклікала ў іх жаданне здацца і пачаць жыццё па-іншаму. Нават у глыбокай і паблажлівай старасці яны засцерагаліся прыгадваць той канфлікт, бо слаба загоеныя раны здольныя нанава краваточыць, нібыта іх нанеслі ўчора.
Хувэналь Урбіна быў першым мужчынам у жыцці Фэрміны Дасы, якога яна чула, як ён мочыцца. Была іх першая шлюбная ноч, і гэта здарылася ў каюце карабля, які вёз іх у Францыю. Яе змусіла легчы марская хвароба, і гук конскага струменя, што даносіўся праз тонкую перагародку з прыбіральні, падаўся ёй такім магутным і ўладным, што натуральная баязлівасць нявесты ператварылася ў жах. Менавіта ўспаміны пра гэта ажывалі ў памяці часцяком па меры таго, як гады аслаблялі той струмень, бо жонка ніколі не магла змірыцца з тым, што кожны раз пасля яго край унітаза заставаўся мокрым. Доктар Урбіна спрабаваў упэўніць яе даступнымі аргументамі – было б жаданне ўцяміць – што гэта паўтаралася з ім штодня не з неахайнасці, як яна вымаўляла яму, а з прыродных прычын. У маладосці ягоная крыніца біла так моцна і мэтанакіравана, што ў школе ён заўсёды выйграваў заклад на трапнасць – хутчэй і лепей за ўсіх напаўняў бутэлькі на адлегласці. Аднак з часам крыніца не толькі аслабла, цяпер струмень скрывіўся, непрадказальна дзяліўся на дробныя цуркі. Нарэшце, прыпадабняўся фантанчыку, які працуе з такім уяўленнем, што яго немажліва накіраваць нават коштам самых сумленных намаганняў. Ён яшчэ прыгаворваў: «Унітаз, відаць, вынайшаў той, хто нічога не ведаў пра мужчын». Ён зрабіў унёсак у хатні мір учынкам, у якім было болей самазнявагі, чым пакоры: стаў шторазу выціраць край унітаза гігіенічнай паперай. Жонка ведала пра гэта, але маўчала, пакуль аміячныя выпарэнні ў прыбіральні не сталі занадта надакучлівымі, і тады яна выкрывальна абвяшчала: «Тут трусятнікам патыхае». Напярэдадні канчатковага састарэння цялесная непрыемнасць падказала доктару Урбіна найлепшае рашэнне: наперад ён бруіў седзячы, як і яна. Унітаз заставаўся чыстым, а заадно скончыліся кпіны.
Ён ужо з цяжкасцю ўпраўляўся сам, аднойчы паслізнуўся ў ваннай, што магло для яго дрэнна скончыцца, і гэта выклікала засцярогу доктара ў адносінах да душа. Дом быў сучасным, але без металічнай ванны на львіных лапах, звычайнай ужо ў заможных дамах старога горада. Ён яшчэ раней загадаў вынесці яе і аргументаваў гэта прычынамі гігіены: ванна – дрэнь, якіх досыць у еўрапейцаў, яны мыюцца цалкам толькі ў апошнюю пятніцу месяца ў вадзе, бруднай тым брудам, якога яны намагаюцца пазбыцца. Ён жа загадаў замовіць ёмістыя, па ягоных мерках, масіўныя ночвы з гуаяканы[6], і ў іх Фэрміна Даса купала мужа, як зазвычай купаюць нованароджаных. Купанне доўжылася больш за гадзіну, у трох водах, куды падлівалі адвар з лісця мальвы і апельсінавай цэдры, і водар гэтак супакойваў яго, што часам ён засынаў у духмяным настоі. Пасля купання Фэрміна Даса тальчыла яму прамежнасць і змазвала какававым алеем апрэласці, насоўвала з вялікай любоўю шкарпэткі, бы якія пялюшкі, і далей – усю вопратку ад нагавіцаў да гальштука з тапазам на заціску. Шлюбныя золкі сталіся ціхамірнымі, бо ён вярнуўся ў маленства, адабранае ў свой час дзецьмі. Жонка, са свайго боку, прыстасавалася да сямейнага распарадку, бо і ейныя гады міналіся: яна спала ўсё меней, ёй яшчэ не было сямідзесяці, як яна ўжо ўставала раней за мужа.
У нядзелю на Сёмуху, калі доктар Урбіна прыўзняў коўдру і ўбачыў цела Ерэміі дэ Сэнт-Амура, яму адкрылася штосьці, чаго ён не мог знайсці ў часе сваіх вандраванняў па самых ясных сферах медыцыны і веры. Нібыта пасля доўгіх гадоў блізкіх стасункаў са смерцю – не дарэмна ж ён змагаўся і ўступаў у сутычкі з ёю – тое быў першы выпадак, калі ён наважыўся глянуць смерці ў твар, і яна, смерць, таксама на яго пазірала. Гэта не быў жах перад смерцю. Не, жах жыў у ім ужо шмат гадоў, суіснаваў з ім, быў ценем ягонага ценю. І гэта пачалося аднойчы ўначы, калі ён прачнуўся, спужаны дурным сном, і ўсвядоміў, што смерць – не толькі сталая верагоднасць, як ён уважаў раней, але яшчэ й неад’емная рэальнасць. Але ж у той дзень ён адчуў фізічную ўвасобленасць таго, што да тае пары адчувалася як уяўная сапраўднасць. Ён сумна ўсміхнуўся, – пасярэднікам нябёсаў для страшнага адкрыцця быў Ерэмія дэ Сэнт-Амур, якога ён заўсёды ўважаў за святога, што не ведае пра сваю святасць. Але ліст выявіў праўду пра ягоную асобу, жудаснае мінулае, неверагодную здольнасць Ерэміі да прытворства, і доктар адчуў: штосьці незваротнае і канчатковае здарылася ў ягоным жыцці.
Тым не менш, Фэрміна Даса не заразілася ягоным змрочным настроем. Ён спрабаваў, безумоўна, завесці яе, пакуль яна дапамагала трапіць нагамі ў калашыну штаноў і зашпільвала чараду гузікаў на кашулі. Аднак доктару гэта не ўдалося, бо Фэрміна Даса не была ўразлівай, да таго ж, размова ішла не пра смерць любага ёй чалавека. Яна толькі ведала, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур – інвалід на мыліцах, якога яна ніколі не бачыла. Ён уратаваўся ўцёкамі ад карнага аддзела, пазбег расстрэлу падчас аднаго з мноства паўстанняў на адной са шматлікіх Антыльскіх выспаў. Пасля ён стаў дзіцячым фатографам, бо трэба было неяк жыць, карыстаўся найвялікшым попытам ва ўсёй правінцыі і яшчэ выйграў шахматную партыю ў кагосьці, каго яна згадвала як Торэмалінаса, хоць насамрэч гэта быў Капаблянка[7].
– Ён быў толькі ўцекачом з Каены, яму вынеслі пажыццёвы прысуд за страшэннае злачынства! – усклікнуў доктар Урбіна. – Уяві сабе, ён нават еў чалавечыну.
Доктар Урбіна ўручыў ёй ліст з таямніцамі Ерэміі дэ Сэнт-Амура, якія ўцякач думаў знесці ў іншы свет, але жонка, не прачытаўшы, паклала складзеныя старонкі ў шуфлядку туалетнага століка і замкнула на ключ. Яна прызвычаілася да яго бяздоннай здольнасці здзіўляцца, да перабольшванняў у думках, якія з цягам часу рабіліся ўсё больш заблытанымі, да вузкасці крытэрыяў, якія не адпавядалі ягонай рэпутацыі ў грамадзе. Але тым разам ён перасягнуў сам сябе. Яна думала, што ейны муж паважаў Ерэмію дэ Сэнт-Амура не за яго мінулае, а за тое, кім ён стаў, прыехаўшы без маёмасці, калі не лічыць незаменнага для ўцекачоў заплечніка, і цяпер не магла зразумець, чаму муж так разгубіўся ад запозненага адкрыцця наконт сапраўднай асобы Ерэміі дэ Сэнт-Амура. Яна таксама не магла ўразумець, чаму мужу непрыемна, што ў таго была патаемная сувязь з жанчынай, хоць гэта было традыцыйным атавізмам у ягоным асяродку, нават у яго ў свой час была каханка, апрача таго, ёй здавалася кранальным доказам кахання тое, што жанчына дапамагла ажыццявіць рашэнне пайсці з жыцця. І Фэрміна Даса сказала мужу: «Калі б ты таксама рашыўся на такі крок, ды з такіх сур’ёзных прычын, як ён, маім абавязкам было б учыніць так сама, як яна». Доктар Урбіна нанава адчуў сябе на ростанях звычайнага непаразумення, якое ўжо паўстагоддзя раздражняла яго.
– Нічога ты не разумееш, – адказаў ён. – Мяне абурыла не тое, кім ён быў і што ён зрабіў, а падман, няведанне, у якім ён трымаў нас усіх столькі гадоў запар.
Ягоныя вочы засцілі раптам набеглыя слёзы, але яна прыкінулася, быццам нічога не заўважае.
– Ён учыніў слушна, – дадала яна. – Скажы вам праўду, і ні ты, ні тая бедная жанчына, словам, ніхто ў гэтым горадзе не палюбіў бы яго, як яго любілі.
Яна зашпіліла яму кішэнны гадзіннік, прасунула ланцужок праз пельку камізэлькі, падцягнула вузел гальштука і паправіла заціск з тапазам. Пасля ўцерла слёзы, прамакнула заслёзненую бараду наадэкалоненай насоўкай і сунула яе ў верхнюю кішэню, расправіўшы кончыкі, нібыта гэта не насоўка, а магнолія. Гадзіннік прабіў адзінаццатую, і рэха разарвала зацішша памяшкання.
– Хадзем, – сказала яна і ўзяла яго пад руку. – Інакш мы спознімся.
Амінта Дэшам, жонка доктара Лясыдэса Алівэллі, і яе сем старанных дачок прадугледзелі ўсё, каб абед у гонар срэбнага юбілею мужа і бацькі стаў сапраўднай падзеяй года. Іхны фамільны дом у гістарычнай частцы горада быў у старажытнасці памяшканнем Манетнага двара, і пазбавіў яго самабытнасці фларэнтыйскі дойлід, які прайшоўся па тутэйшых кварталах, як злы вецер абнаўлення, ды перайначыў не менш за чатыры рэліквіі XVII стагоддзя ў венецыянскія базілікі. Дом меў шэсць спальняў і дзве залы, адна служыла ядальняй, а другая – гасцёўняй, абедзьве былі вялікімі і добра праветрываліся, але не настолькі, каб збіраць гасцей з усяго горада і абраных з наваколля. Двор быў роўны ў памерах кляштарнай галерэі, з каменным фантанам, у якім цурчала вада, і кветнікамі, дзе буялі геліятропы, – увечары яны напаўнялі дом сваім водарам, – але раздзеленая каланадай прастора не дазваляла змясцідь столькіх славутасцяў. Так што яны вырашылі зладзіць абед у сваёй загараднай сядзібе, за дзесяць хвілін язды на аўто па каралеўскай дарозе, бо там двор займаў цэлую фанегаду[8], і на ім раслі вялізныя індыйскія лаўры, а ў ціхай рачулцы – крэольскія вадзяныя лілеі. Людзі з шынка дона Санча пад кіраўніцтвам спадарыні Алівэллі нацягнулі каляровыя тэнты ў сонечных месцах, саставілі са столікаў прастакутнік на сто дваццаць дзве персоны, накрылі льнянымі абрусамі, а ганаровы стол упрыгожылі букетамі свежых, толькі што зрэзаных ружаў. Акрамя таго, збудавалі эстраду для духавога аркестра з даволі абмежаваным рэпертуарам – яны выконвалі адно што кантрадансы і айчынныя вальсы, – а таксама для струннага квартэта Школы мастацтваў, гэга быў сюрпрыз спадарыні Алівэллі для вельмішаноўнага настаўніка мужа, які мусіў старшыняваць на абедзе. Хоць дата не зусім супадала з угодкамі атрымання лекарскага дыплома, Сёмуха была абраная, каб такім чынам падкрэсліць значнасць юбілею.
Падрыхтоўка пачалася за тры месяцы, бо баяліся, што праз брак часу ўпусцяць штосьці неабходнае. Загадалі прывезці жывых кур са Сьенага-дэ-Ора, вядомых на ўсё ўзбярэжжа не толькі памерамі і смакам, але яшчэ й тым, што ў каланіяльны перыяд яны жылі-падзёўбвалі сабе ў наносных землях, таму ў іхных валляках часам знаходзілі драбкі чыстага золата. Спадарыня Алівэлля, разам са старэйшай дачкой і прыслужніцамі, асабіста падымалася на борт раскошных трансатлантычных караблёў і набывала ўсё самае якаснае з кожнай краіны, каб адпаведна ўганараваць заслугі свайго мужа. Яна ўсё прадугледзела, за выключэннем таго, што свята супала з адной з нядзеляў чэрвеня, а сезон дажджоў сёлета зацягнуўся. Яна здагадалася пра гэта раніцой, калі выйшла на абедню і яе спужала надзвычайная вільготнасць паветра, яна бачыла – неба было густым і нізкім, а з боку мора гарызонт не відзён быў увогуле. Нягледзячы на відавочныя прыкметы, дырэктар мясцовай астранамічнай абсерваторыі, з якім яна сустрэлася ў касцёле, нагадаў ёй, што за ўсю бурлівую гісторыю горада нават у самыя лютыя зімы ніколі не ішоў дождж у Сёмухаў дзень. І ўсё ж а дванаццатай, калі адгулі званы і госці ўжо пілі аперытывы на вольным паветры, рокат самотнага грому скалануў зямлю, і моцны парыў ветру з мора перакуліў частку сталоў і знёс тэнты, а неба абрынулася на людзей жудаснай навальніцай.
Доктар Хувэналь Урбіна з цяжкасцю дабраўся ў навальнічнай віхуры разам з запозненымі гасцямі, з якімі сустрэўся па дарозе. Доктар хацеў, як яны, прайсці ад стаянкі для аўто да дома, скачучы з камяня на камень праз заліты плынямі вады двор, але ўсё-ткі прыняў зняважлівую прапанову людзей дона Санча – яны панеслі яго на руках, трымаючы над ім кавалак жоўтага брызенту. Сталы наноў накрылі як маглі па ўсім доме, нават у спальнях, і госці зусім не імкнуліся схаваць таго, што з надвор’ем ім пашэнціла, як пасажырам патанулага карабля. Спякота стаяла, нібыта побач з карабельным катлом, таму што давялося зачыніць вокны, іначай касыя струмені дажджу залілі б увесь дом. У двары кожнае месца за сталом было абазначана карткай з імем госця. Акрамя таго, гаспадары думалі пасадзіць мужчын з аднаго боку стала, а жанчын – з другога, адпаведна традыцыі. Але візітныя карткі з імёнамі гасцей пераблыталіся, і праз вымушаную цеснату госці паселі, дзе змаглі, часта насуперак прымхам вышэйшага грамадства. У гэтым бязладдзі Амінта дэ Алівэлля была нібыта паўсюль адначасова, з мокрымі ўшчэнт валасамі, у заляпаным граззю пышным строі, аднак яна пераносіла няшчасце з нязменнай усмешкай, якой навучылася ад мужа, каб не скарацца перад горам. Ёй дапамагалі дочкі, загартаваныя ў горне матчыных традыцый, і Амінта дэ Алівэлля здолела, наколькі гэта было мажліва, прытрымаць месцы за ганаровым сталом – у цэнтры пасадзіла доктара Хувэналя Урбіна, а праваруч – арцыбіскупа Абдуліё-і-Рэя. Фэрміна Даса села каля мужа, яна звыкла баялася, што ён задрэмле падчас абеду альбо пралье сабе поліўку на штрыфель. Насупраць сеў сам доктар Лясыдэс Алівэлля, – пяцідзесяцігадовы, па-жаноцку манерны мужчына, які добра захаваўся, але яго вясёлы нораў ніяк не ўплываў на дакладнасць дыягназаў. За гэтым сталом селі прадстаўнікі правінцыйных і муніцыпальных уладаў ды яшчэ леташняя каралева прыгажосці, якую губернатар прывёў пад руку і пасадзіў ля сябе. Хоць традыцыі не патрабавалі, каб госці неяк адмыслова апраналіся, тым больш для загараднага абеду, жанчыны прыехалі ў вечаровых строях і з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, а бальшыня мужчын – у цёмных строях з чорнымі гальштукамі, некаторыя ж нават у суконных сурдутах. Толькі самыя выбітныя, сярод іх і доктар Урбіна, дазволілі сабе прыехаць у звычайнай вопратцы. Кожны госць перад сабою знайшоў меню на французскай мове, упрыгожанае залатымі віньеткамі.
Спадарыня Алівэлля турбавалася з-за жахлівае спякоты і абышла ўвесь дом, просячы напрамілы Бог, каб мужчыны знялі пінжакі за сталом, але ніхто не асмельваўся падаць прыклад. Арцыбіскуп звярнуўся да доктара Урбіна і заўважыў, што ў пэўным сэнсе гэта быў абед гістарычны: упершыню за адным сталом сядзелі супрацьлеглыя бакі, якія ў бясконцай грамадзянскай вайне пралівалі кроў у краіне з часоў абвяшчэння незалежнасці, і абед нібыта даказваў, што раны зацягнуліся і крыўды развеяліся. Гэтая думка супала з энтузіязмам лібералаў, перадусім маладых, якія дамагліся абрання свайго прэзідэнта пасля сарака пяці гадоў гегемоніі кансерватараў. Але доктар Урбіна не быў згодны: прэзідэнт-ліберал здаваўся яму нічым не адрозным ад прэзідэнта-кансерватара, хіба што ліберал горш апранаўся. Аднак ён не стаў пярэчыць арцыбіскупу, хоць яго й падмывала заўважыць, што ніхто не быў запрошаны на абед з-за перакананняў, а выключна з прычыны прыналежнасці да слынных родаў, што заўсёды было вышэй за нязгоды палітыкі і жахі вайны. З гэтага пункту гледжання, сапраўды, ні на каго не забыліся.
Навальніца прайшла, як і пачалася, раптоўна, і тут жа ў чыстым небе заззяла сонца, але бура была такой суворай, што павырывала з карэннем дрэвы, а рачулка разлілася па двары і ператварыла яго ў сапраўднае балота. Найбольшая бяда напаткала кухню. Дзеля свята адмыслова абклалі цаглінамі некалькі вогнішчаў за домам, пад адкрытым небам, і кухары ледзь паспелі ўратаваць катлы ад дажджу. Яны згубілі каштоўны час, вычарэпваючы ваду на кухні і хуценька ладзячы новыя вогнішчы ў галерэі ззаду. Але а першай выйшлі з бядотнага становішча, не ставала толькі дэсерту – яго замовілі ў мнішак кляштара Святой Клары, і яны абяцалі прыслаць усё не пазней за адзінаццатую. Гаспадыня баялася, што рачулка, якая перасякала галоўную дарогу, выйшла з берагоў, як гэта заўжды здаралася ўзімку, а тады яна не зможа атрымаць дэсерт раней, чым праз дзве гадзіны. Як толькі мінулася навальніца, адчынілі вокны, і дом асвяжыўся навальнічным азонам. Затым загадалі духавому аркестру пачынаць праграму вальсамі на тэрасе порціку, але гэта толькі замінала гасцям, бо рэзананс ад медных інструментаў у доме прымушаў размаўляць крыкам. Стомленая ад чакання, з усмешкаю, праз якую праступалі слёзы, Амінта дэ Алівэлля загадала падаць абед.
Квартэт са Школы мастацтваў пачаў канцэрт сярод урачыстае цішыні, якая была перарваная першымі тактамі Моцартавага «Палявання». Нягледзячы на пошум галасоў, што нарастаў і заблытваў гукі, на беганіну мурынаў, што служылі ў дона Санча, а яны, разносячы гарачыя стравы, ледзь прадзіраліся паміж сталамі, доктар Урбіна здолеў сканцэнтраваць сваю ўвагу на музыцы да канца праграмы. Ягоная здольнасць да засяроджання меншала з года ў год, дайшло да таго, што ён мусіў запісваць на паперцы кожны шахматны ход, каб ведаць, на чым спыніўся. Аднак ён яшчэ мог падтрымліваць сур’ёзную размову, не губляючы нітавіну канцэрта, хоць і ніколі не дасягаў віртуознасці аднаго дырыжора нямецкага аркестра, яго вялікага сябра з Аўстрыі, які чытаў партытуру «Дона Джавані», слухаючы Вагнеравага «Тангейзера».
Другі твор праграмы, «Дзяўчына і смерць» Шуберта, быў выкананы, на думку доктара Урбіна, з залішнім драматызмам. З цяжкасцю разбіраючы музычныя гукі скрозь звон прыбораў і талерак, ён заўважыў ружовашчокага юнака, які прывітаў яго, схіліўшы голаў. Безумоўна, ён недзе бачыў яго, але не мог прыгадаць, дзе менавіта. Гэта здаралася з ім часцяком і перадусім з імёнамі нават самых блізкіх знаёмцаў ды мелодыямі даўніх часоў, і выклікала ў ім такі страшны адчай, што аднойчы ўначы ён злавіў сябе на тым, што хацеў бы памерці, толькі б не дачакацца золку. Ён ледзь не дайшоў да падобнага стану, калі міласэрны сполах прасвятліў памяць: гэты юнак летась вучыўся ў яго. Ён здзівіўся, што хлопец прысутнічае сярод вярхоў грамадства, але доктар Алівэлля нагадаў яму, што юнак быў сынам міністра гігіены і прыехаў, каб напісаць дысертацыю па судовай медыцыне. Доктар Хувэналь Урбіна весела махнуў маладому лекару рукой, а той прыўстаў і адказаў паклонам. Але ні тады, ні калі-небудзь пазней доктар Урбіна не прыгадаў, што гэта быў той самы практыкант, які чакаў яго раніцой у доме Ерэміі дэ Сэнт-Амура.
Супакоены яшчэ адной перамогай над старасцю, ён аддаўся празрыстай плыні лірызму апошняга твора, які так і не змог пазнаць. Пазней малады віяланчаліст, які толькі-толькі вярнуўся з Францыі, сказаў яму, што гэта быў твор для струннага квартэта Габрыеля Фарэ, імя якога доктар Урбіна ніколі не чуў, хоць уважліва сачыў за еўрапейскімі навінкамі. Фэрміна Даса, якая назірала за ім заўсёды, а цяпер бачыла такім засяроджаным на людзях, перастала есці і ўзяла яго за руку. Затым шапнула: «Не думай болей пра гэта». Доктар Урбіна ўсміхнуўся ёй з другога берага свайго экстазу і зноў падумаў пра тое, чаго яна пабойвалася. Ён прыгадаў Ерэмію дэ Сэнт-Амура, цела якога пад той час ужо ляжала ў стылізаванай вайсковай уніформе з бутафорскімі ўзнагародамі ў труне пад дакорлівымі поглядамі дзяцей з партрэтаў. Ён павярнуўся да арцыбіскупа, распавёў пра самагубства, але той ужо ведаў. Вельмі шмат гаварылі пра гэта пасля абедні і нават атрымалі прашэнне палкоўніка Хероніма Арготэ ад імя ўцекачоў Карыбскага басейна, каб ім дазволілі пахаваць паплечнікаў асвячонай зямлі. Арцыбіскуп сказаў: «Само прашэнне я ўспрыняў як поўную адсутнасць такту». Затым, у больш спакойным тоне, спытаў, ці вядомая прычына самагубства. Доктар Урбіна адказаў вельмі трапным словам, лічачы, што вынайшаў яго ў той самы момант: герантафобія. Доктар Алівэлля апекаваўся бліжэйшымі гасцямі, але на хвілю пакінуў іх, каб уставіць слова ў размову: «Вельмі сумна сутыкнуцца з суіцыдам, прычынай якога не ёсць каханне». Доктар Урбіна зусім не здзівіўся, паслухаўшы ўласную думку ў вуснах свайго найлепшага вучня.
– І што горай, – дадаў настаўнік, – ён атруціўся цыянідам золата.
Доктар Урбіна вымавіў гэта і адчуў, што шкадаванне сталася мацнейшым за горыч, якую выклікаў ліст, і быў удзячны за гэта не жонцы, а дзівоснай музыцы. І доктар Урбіна загаварыў з арцыбіскупам пра чалавека, які быў для яго свецкім святым і якога ён зведаў доўгімі шахматнымі вечарамі. Казаў пра тое, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур прысвяціў сваё мастацтва дзецям, што за жыццё дасягнуў рэдкай эрудыцыі і ведаў пра ўсё на свеце, а сам вёў спартанскі лад жыцця. Доктар здзівіўся ўласнай душэўнай чысціні, з якой раптам аддзяліў нябожчыка ад ягонага мінулага. Затым сказаў алькальду, што добра было б набыць архіў негатываў, каб захаваць вобразы цэлага пакалення, бо, магчыма, толькі ў партрэтах яны будуць шчаслівымі, а ў іх руках – будучыня горада.
Арцыбіскуп абурыўся тым, што інтэлігентны і ваяўнічы каталік дазволіў сабе думаць пра святасць самазабойцы, але не пярэчыў прапанове адносна архіва негатываў. Алькальд хацеў дазнацца, у каго трэба выкупіць архіў. Гарачае вуголле таямніцы абпаліла язык доктара Урбіна, але ён вытрываў, не выдаўшы падпольную спадкаемніцу Ерэміі дэ Сэнт-Амура, і адказаў: «Я асабіста займуся гэтым». І адчуў, што загладзіў сваю віну перад жанчынай, якую за пяць гадзін да таго лічыў агідным мярзотным стварэннем. Фэрміна Даса заўважыла гэта і ціхім голасам папрасіла паабяцаць, што ён пойдзе на пахаванне. Ён шапнуў ёй з палёгкай у душы, што, вядома, пойдзе, абавязкова.
Юбілейныя прамовы былі кароткімі і ўспрымаліся лёгка. Духавы аркестр узяўся за простанародныя мелодыі, не прадугледжаныя праграмай, а госці сталі шпацыраваць па тэрасах, чакаючы, пакуль людзі з шынка дона Санча адвядуць ваду з двара – раптам хто-небудзь наважыцца танчыць. У зале засталіся толькі госці за ганаровым сталом, якія ў захапленні заўважылі, што доктар Урбіна, пачуўшы фінальны тост, залпам выпіў паўчаркі брэндзі. Ніхто не мог прыгадаць падобнага выпадку, за выключэннем калісьці прыгубленага кубка віна найвышэйшага гатунку, без якога ён не ацаніў бы вартасці далікатэснае стравы, але на гэты раз само сэрца прасіла здацца, і за слабасць, якую ён дапусціў, ён быў узнагароджаны: зноў, упершыню за столькі гадоў, яму захацелася спяваць. І ён бы заспяваў, безумоўна, балазе малады віяланчаліст настойліва прапаноўваў акампанемент, калі б не аўто апошняе мадэлі, якое нечакана ўзнікла, праехала цераз забалочаны двор, заляпаўшы музыкантаў граззю і спудзіўшы качак з блізкага загона аглушальным качыным крыкам клаксона, каб рэзка спыніцца каля ганка. З аўто выйшлі доктар Марка Аўрэліё Урбіна Даса і ягоная жонка, абое рагаталі, як ненармальныя, трымаючы ў руках па падносе, прыкрытым карункавай сурвэткай. Іншыя падносы ляжалі на фатэлях і нават на падлозе аўто, каля кіроўцы. Гэта быў запознены дэсерт. Калі госці перасталі пляскаць і весела свісцець, доктар Урбіна Даса ў сур’ёзным тоне патлумачыў, што мнішкі папрасілі яго адвезці дэсерт, пакуль не ўсчалася бура, але ён мусіў быў развярнуцца, бо хтосьці сказаў, што гарыць бацькоўскі дом. Доктар Хувэналь Урбіна перапужаўся яшчэ да таго, як сын завяршыў аповед. Але ягоная жонка своечасова нагадала яму, што ён сам распарадзіўся выклікаць пажарных, каб яны злавілі папугая. Амінта дэ Алівэлля ўздыхнула з палёгкай і вырашыла падаць дэсерт на тэрасах, не зважаючы на тое, што каву падалі раней. Аднак доктар Хувэналь Урбіна і ягоная жонка, не пакаштаваўшы салодкага, пайшлі, бо да пахавання амаль не заставалася часу для яго нязменнай сіесты.
Доктар паспеў трохі паспаць, але мала, бо, як вярнуўся дадому, ён сутыкнуўся з тым, што пажарныя нарабілі большае шкоды, чым пры сапраўдным пажары. Спрабуючы сагнаць папугая, яны струменямі з брандспойтаў збілі з дрэва ўсё лісце, а адзін няўдала накіраваны струмень прайшоў праз адчыненае акно вялікай спальні і непапраўна папсаваў мэблю і партрэты далёкіх продкаў. Суседзі пачулі сірэну пажарнай машыны і прыбеглі – падумалі, што дом гарыць. Большай шкоды не было нанесена толькі праз адсутнасць грамады школьнікаў-дапаможцаў, бо школы ў нядзелю зачыненыя. Калі пажарныя здагадаліся, што не дастануць папугая нават з дапамогай рухомай лесвіцы, яны ўзяліся за мачэтэ і пачалі ссякаць галіны, і толькі ўчасны прыход доктара Урбіна Дасы перапыніў знішчэнне дрэва. Тады пажарныя сказалі, што прыедуць зноў а пятай, на выпадак, калі гаспадар дазволіць ссекчы дрэва, загадзілі бруднымі ботамі ўнутраную тэрасу і залу ды падралі турэцкі дыван, які так любіла Фэрміна Даса. І ўсё гэта – без аніякага сэнсу, бо, хутчэй за ўсё, папугай, скарыстаўшы з бязладдзя, зляцеў у суседскія двары. І праўда, як доктар Урбіна ні шукаў папугая ў лістоце, той не адказваў ні на якой мове, ні свістам, ні спевам, так што гаспадар палічыў, што птушка згінула, і пайшоў спаць а трэцяй. Перад тым, як легчы, ён адчуў хвілінную асалоду ў прыбіральні – ягоная мача ачысцілася і набыла пах патаемнага саду, бо ў той дзень ён паеў цёплае спаржы.
Прачнуўся ён ад суму. Гэта быў не той сум, які адолеў яго, калі раніцой пабачыў цела свайго сябра, а нябачны туман, якім набрыняла душа пасля сіесты, і доктар успрыняў яго як нябесную вестку пра тое, што ён дажывае апошнія дні. Да пяцідзесяці гадоў ён не адчуваў памераў, вагі і стану сваіх унутраных органаў. З гадамі, лежачы з заплюшчанымі вачыма пасля штодзённай сіесты, доктар пачаў адчуваць іх у сабе, асобна адзін ад аднаго. Ён спазнаў форму ўласнага бяссоннага сэрца, таямніцы печані, замкнёнасць падстраўнікавай залозы, і раптам адкрыў, што найстарэйшыя людзі былі маладзейшыя за яго, а ён, адзін з тых, хто здымаўся на легендарных групавых партрэтах яго пакалення, перажыў усіх астатніх. Адчуўшы ўпершыню, што страчвае памяць, доктар звярнуўся да сродку, пра які распавёў калісьці нехта з ягоных настаўнікаў у Школе медыцыны: «Хто згубіў звычайную памяць, зробіць сабе папяровую». Аднак гэта была ілюзія, бо ён дайшоў да таго, што забываў сэнс кароткіх цыдулак, якія валяліся ў кішэнях. Ён абыходзіў дом і шукаў акуляры, якія былі ў яго на пераноссі, зноў круціў ключ у замку пасля таго, як ужо зачыніў дзверы, губляў нітавіну чытанага, бо забываў зыходныя моманты сюжэту ці ступень сваяцтва герояў. Але больш за ўсё яго трывожыў недавер да ўласнага розуму: спакваля, набліжаючыся да немінучага крушэння, ён здагадваўся, што страчвае пачуццё справядлівасці.
Уласны досвед, хоць і не абгрунтаваны навукова, падказваў доктару Хувэналю Урбіна, што бальшыня смяротных хваробаў мае свой пах, але ніводзін з іх не быў такім спецыфічным, як пах старасці. Ён адчуваў яго ва ўскрытых целах на рэзекцыйным стале, пазнаваў у пацыентах, што выдатна хавалі свой век, а таксама ў поце ўласнай адзежы і ў ціхамірным подыху жонкі, калі яна спала. Каб ён не быў тым, кім ёсць, а менавіта – старамодным хрысціянінам, верагодна, пагадзіўся б з Ерэміем дэ Сэнт-Амурам у тым, што старасць – гэта стан ганебны і яе трэба прадухіліць своечасова. Адзінае суцяшэнне для яго, у мінулым моцнага ў ложку мужчыны, было павольнае і міласэрнае знікненне пажадлівага апетыту. У восемдзесят адзін год у яго была ясная галава, і ён ведаў, што на зямлі яго трымаюць адно тонкія ніткі, здольныя абарвацца без болю нават ад змены позы ў сне, і калі ён імкнуўся захаваць тыя ніткі цэлымі, дык толькі ад жаху, што не знойдзе Бога ў сутонні смерці.
Фэрміна Даса занялася ўратаваннем спаскуджанай пажарнымі спальні, і крыху раней за чацвёртую папрасіла аднесці мужу штодзённы кубак ліманаду са здрабнёным лёдам і нагадаць, што ён мусіць апранацца і ісці на пахаванне. У той вечар доктар Урбіна меў пад рукою дзве кніжкі: «Таямніцы чалавека» Алексіса Карэля і «Гісторыю Святога Мішэля» Аксэля Мунтэ[9]. Апошняя яшчэ не была разрэзаная, і ён папрасіў Дыгну Парда, кухарку, прынесці забыты ім у спальні нож са слановай косткі. Але, калі яна прынесла нож, ён ужо раскрыў «Таямніцы чалавека», знайшоў патрэбнае месца па канверце, які служыў закладкай, і чытаў: заставалася колькі старонак да канца. Чытаў ён марудна, прабіраючыся па радках хісткай увагай, якая выслізгвала з выгінаў памяці, ён адчуваў востры галаўны боль, які звязваў з фінальным тостам і выпітай тады паловай келіху брэндзі. Перарываўся ён і каб сербануць ліманаду, затрымліваўся, пасмоктваючы кавалачак лёду. Сядзеў у шкарпэтках, у кашулі без устаўнога каўнерыка, з апушчанымі па баках шлейкамі ў зялёную палоску, і сама думка пра тое, што трэба пераапранацца на пахаванне, раздражняла яго. Неўзабаве ён кінуў чытанне, паклаў адну кніжку на другую і стаў павольна гушкацца ў лазовым крэсле, аглядаючы з сумам бананавае кустоўе ў мокрым двары, абадранае дрэва манга, мошак, якія з’яўляліся пасля дажджу, – эфемерны бляск яшчэ аднаго дня, які сыходзіў назаўжды. Ён забыўся ўжо на тое, што меў папугая з Парамарыба, якога любіў, як чалавека, калі раптам пачуў яго. «Каралеўскі папугайчык», – сказаў уцякач. Па голасе доктар Урбіна здагадаўся, што папугай дзесьці надта блізка, амаль побач з ім, і тут жа заўважыў яго на самай нізкай галінцы мангавага дрэва.








