Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 26 страниц)
Арцыбіскуп не прыйшоў. Так што асада была б знятая, калі б не Ільдэбранда Санчас, якая прыехала правесці да кузіны Каляды, што паўплывала на далейшае жыццё абедзвюх. Сустрэлі яе а пятай раніцы, калі падплыла шхуна з Рыёачы, сярод натоўпу напаўмёртвых ад гойданкі пасажыраў, але яна ступіла на зямлю радасная, вельмі жаноцкая, хіба што адчуваўся пэўны тлум праз цяжкую ноч у моры. Ільдэбранда прывезла шмат кошыкаў з жывымі індыкамі і іншымі дарамі багатых родных земляў, каб хапіла ўсім на працягу ейнага перабывання. Лісымака Санчас, ейны бацька, загадаў спытаць, ці патрэбны музыкі на святкаванне Вялікадня, у яго, маўляў, ёсць на прыкмеце найлепшыя, і абяцаў неўзабаве даслаць груз з гатовымі феерверкамі. Яшчэ ён перадаў, што не зможа прыехаць па дачку да сакавіка, так што ў дзяўчат ставала часу.
Кузіны адразу сталіся неадлучнымі. Яны купаліся разам з першага дня, запырскваючы вадою адна другую. Яны намыльвалі адна адну, дапамагалі даставаць гніды, мераліся сцёгнамі, грудзямі, – адна глядзелася ў люстэрку другой, каб ацаніць жорсткасць часу з таго дня, калі яны ў апошні раз бачыліся голымі. Ільдэбранда была мажнай і моцнай, з залацістай скурай, але расліннасць на целе была мулацкай – кароткай і кучаравай, як тонкая стальная стружка. Фэрміна Даса, насупраць, была бледнацелай, з падоўжанымі лініямі рук і ног, з пяшчотнай скурай і гладкімі валасамі. Гала Плясыдыя распарадзілася, каб ім у спальні паставілі два аднолькавыя ложкі, аднак часам яны клаліся разам, гасілі святло і гаманілі да світання. Употай яны разам палілі тонкія доўгія цыгары, што прывезла Ільдэбранда, схаваўшы за абіўкай куфра, а потым спальвалі лісткі араматызаванай паперы, каб ачысціць паветра ў спальні ад моцнага паху. Фэрміна Даса запаліла ўпершыню ў Вальедупары і працягвала ў Фансэцы, у Рыёачы, дзе з тузін кузінаў збіраўся ў адным пакоі, каб пагаманіць пра мужчын і папаліць употайкі ад дарослых. Яна навучылася паліць з канца цыгаркі, як гэта рабілі мужчыны ўначы на вайне, інакш агеньчык выдаваў іх ворагам. Але ніколі Фэрміна не паліла адна. Цяперака з Ільдэбрандай зноўку пачала дыміць у спальні перад сном і з тае пары прывыкла да палення, хоць і рабіла гэта не навідавоку, хаваючыся нават ад мужа і дзяцей, не толькі таму што на жанчыну, якая дазваляла сабе паліць на людзях, глядзелі скоса, а, хутчэй, дзеля асалоды, што прыносіла таямніца.
Ільдэбрандаву вандроўку таксама зладзілі бацькі, каб аддаліць дзяўчыну ад прадмета безнадзейнага кахання, хоць і пераканалі, што яна мусіць дапамагчы Фэрміне і ўгаварыць яе на бліскучую партыю. Ільдэбранда прыняла прапанову са спадзевам, што зможа падмануць само забыццё, як ейная кузіна ў свой час, і дамовілася з тэлеграфістам з Фансэкі, каб ён накіроўваў ейныя пасланні з асаблівай засцярогай. Таму яна так расчаравалася, дазнаўшыся, што Фэрміна Даса парвала з Флярэнтына Арысам. Апрача таго, Ільдэбранда разумела каханне як феномен універсальнага характару, і нават лічыла, што любоўныя цяжкасці аднае асобы адбіваюцца на каханні кожнай істоты ўва ўсім свеце. Аднак яна не адмовілася ад ажыццяўлення сваёй задумы. З адвагаю, якая выклікала ў Фэрміны Дасы жах, яна адна пайшла ў тэлеграфную кантору з намерам схіліць Флярэнтына Арысу да саўдзелу.
Ільдэбранда не знайшла ў ім ніводнае рысы, якая б супала з вобразам, створаным аповедамі Фэрміны Дасы. З першага погляду яна вырашыла: немагчыма, каб Фэрміна аказалася на мяжы шаленства з-за гэтага нягеглага чалавека з выглядам пабітага сабакі, чыя вопратка, як у беднага рабіна, і ўрачыстыя манеры наўрад ці змаглі б усхваляваць жанчыну. Аднак неўзабаве яна выраклася першага ўражання. Флярэнтына Арыса прапанаваў ёй свае паслугі без усялякіх умоў, нават не ведаючы, хто яна. Ніхто не зразумеў яе так, як Флярэнтына Арыса, таму ад яе не патрабавалася ні імя, ні якога-кольвек адраса. Ягоны план быў самым простым: яна будзе зазіраць да яго ў тэлеграфную кантору штотыднёва ў другой палове дня, каб атрымаць у рукі адказы каханага чалавека, вось і ўсё. З іншага боку, калі Флярэнтына Арыса прачытаў першае пасланне, што прынесла Ільдэбранда, ён спытаў, ці не можа ён даць ёй параду, і яна пагадзілася. Флярэнтына Арыса спачатку ўнёс праўку паміж радкамі, выкрасліў яе, перапісаў, але яму не хапала месца, і ўрэшце ён парваў старонку ды наноў напісаў зусім іншы тэкст, які ёй падаўся ўзрушальным. Яна выйшла з тэлеграфнай канторы, ледзь стрымліваючы слёзы ўдзячнасці.
– Ён непрыгожы ды сумны, – сказала яна Фэрміне Дасе, – але ён само каханне.
Больш за ўсё выклікала здзіўленне Ільдэбранды самота кузіны.
– Ты, – сказала яна, – нібыта старая дзеўка ў дваццаць гадоў.
Звыклая да шматлікіх ды раскіданых паўсюль сваякоў, да дамоў, дзе ніхто не мог сказаць дакладна, колькі чалавек у дадзены момант знаходзіцца і колькі яшчэ зазірне на абед, Ільдэбранда не магла ўявіць, што дзяўчына яе веку можа жыць у адзіноце, па-за грамадскім жыццём. А Фэрміна Даса гэтак і жыла: ад абуджэння а шостай ранку і да таго, як яна клалася спаць, яна займалася адно марнаваннем часу. Жыццё ўрывалася ў дом звонку. Напачатку, з першымі пеўнямі, малочнік будзіў яе дзвярным малатком. Затым грукалі гандлярка рыбай са скрыняй парга, мажныя зяленшчыцы, якія прыносілі гародніну з Марыі-ля-Бахі і садавіну з Сан-Хасынта. А пазней увесь дзень грукалі жабракі, дзяўчаты, якія гандлявалі латарэйнымі білетамі, сёстры міласэрнасці, тачыльшчык са сваёй жалейкай, скупшчыкі пустых бутэлек, старых упрыгожанняў, газетнай паперы, несапраўдныя цыганкі, якія прапаноўвалі прачытаць лёс па картах, па лініях рукі, па кававай гушчы, у патаемнай вадзе. І Гала Плясыдыя марнавала ўвесь тыдзень на тое, каб адчыняць і зачыняць дзверы і казаць, што не трэба, прыходзьце іншым разам, альбо раз’юшана крычала з балкона, маўляў, не дакучайце, Божа, ужо набылі ўсё, што патрэбна. Яна замяніла цётку Эскалястыку з такім жаданнем і такім поспехам, што Фэрміна ўжо аднолькава іх паважала, а часам і блытала. Гала Плясыдыя мела навязлівыя звычкі рабыні. Ледзь выдаваўся вольны час, яна бралася прасаваць бялізну ды рабіла гэта бездакорна, складвала напрасаванае ў шафу з кветкамі лаванды, прычым прасавала і складвала не толькі тое, што прала, але і тое, што заляжалася і страціла выгляд. Таксама беражліва яна ўтрымлівала гардэроб Фэрміны Санчас, Фэрмінавай маці, якая памерла шмат гадоў таму. Аднак рашэнні ў доме прымала Фэрміна Даса. Яна загадвала, што гатаваць на абед, якія прадукты набываць, што рабіць у любым выпадку, і такім чынам нібыта вызначала хатняе жыццё, хоць сапраўды ўжо нічога не трэба было вызначаць. З таго моманту, як былі чыста памытыя клеткі, накормленыя птушкі і дагледжаныя кветкі, у яе не заставалася ніякіх спраў. Пасля выключэння са школы яна часта клалася спаць падчас сіесты, а прачыналася на наступную раніцу. Заняткі жывапісам былі для яе самым займальным спосабам баўлення часу. Адносіны з бацькам пазбавіліся адзнак любові з дня выгнання цёткі Эскалястыкі, хоць здавалася, што яны прыйшлі да такога ладу жыцця, каб не замінаць адно аднаму. Калі яна ўставала, ён ужо займаўся дзесьці сваімі справамі. Амаль заўсёды ён вяртаўся да рытуальнага сямейнага абеду, але еў толькі зрэдчас, звычайна яму было досыць аперытыву з галісійскімі перакускамі прыходскай кавярні. Ён і не вячэраў: яму пакідалі стравы на стале ў адной талерцы, накрытай другой, але ведалі, што гэта ён з’есць разагрэтым толькі на сняданак. Раз на тыдзень ён выдаваў дачцэ грошы на бягучыя выдаткі, ведаючы, што яна абыдзецца з імі ашчадна, аднак з задавальненнем выконваў усялякія яе просьбы, калі размова заходзіла пра непрадбачаныя пакупкі. І ніколі не патрабаваў ад яе рахункаў, але яна паводзіла сябе так, нібыта рабіла справаздачу перад судом Святой Інквізіцыі. Ён ніколі не размаўляў з ёю пра характар і стан сваіх спраў, нават ні разу не паказаў сваю кантору ў порце – месцы, забароненым для сумленных дзяўчатак нават у суправаджэнні бацькоў. Лярэнса Даса не вяртаўся дамоў раней за дзясятую ўвечары, калі пачыналася каменданцкая гадзіна ў найменш крытычныя перыяды бясконцых войнаў. Да дзясятай жа ён заставаўся ў прыходскай кавярні, гуляючы ўва што заўгодна, бо ведаў да тонкасцяў салонныя гульні. Ён прыходзіў заўжды з яснаю галавой, не турбуючы дачкі, нягледзячы на тое, што першы кілішак анісаўкі выпіваў, ледзь расплюшчыўшы вочы, а затым жаваў патухлую цыгару і піў час ад часу на працягу дня. Аднойчы ўначы, аднак, ён абудзіў Фэрміну. Яна пачула яго цяжкія крокі на лесвіцы, шумнае дыханне ў калідоры другога паверха, грук далонню ў дзверы спальні. Яна адчыніла яму і ўпершыню спалохалася касога вока і замаруджанага вымаўлення.
– Мы разарыліся, – сказаў ён. – Гэта канец, вось так.
Ён толькі гэта й сказаў і ніколі болей не паўтарыўся, аднак пасля тае ночы Фэрміна Даса ўсвядоміла, што засталася адна на белым свеце. Бо жыла яна па-за соцыумам. Яе былыя аднакласніцы луналі ў забароненых для яе сферах, тым больш пасля яе ганебнага выключэння са школы. Яна не была суседкай для суседзяў, якія ведалі яе з выгляду як дзяўчыну без мінулага ў форме школы З’яўлення Святое Дзевы. Бацькаў свет уяўляў сабою зборню купцоў і партовых грузчыкаў, вайсковых дэзерціраў і самотных мужчын, якія збіраліся ў публічным берлагу прыходскай кавярні. Апошнім часам заняткі жывапісам сталіся палёгкай: настаўніца звыклася даваць калектыўныя ўрокі і прыводзіла іншых вучаніц у пакой для шытва. Аднак гэта былі дзяўчаты нявызначанага сацыяльнага становішча, і для Фэрміны Дасы яны заставаліся часовымі сяброўкамі, іх прывязанасць завяршалася з кожным урокам. Ільдэбранда хацела парасчыняць вокны і дзверы дома, імкнулася праветрыць яго, прывесці музыкаў, зладзіць святочныя феерверкі з бацькавых цюкоў, зладзіць карнавал, каб скразнякі знеслі паедзены моллю настрой кузіны, але хутка і канчаткова зразумела – яе намер дарэмны, бо весяліцца няма з кім.
Аднак менавіта Ільдэбранда ўдыхнула ў Фэрміну Дасу жыццё. Удзень, пасля заняткаў жывапісам, Ільдэбранда цягнула яе на шпацыр, нібыта з тым, каб азнаёміцца з горадам. Фэрміна Даса паказала ёй свой штодзённы маршрут з цёткай Эскалястыкай, лаўку ў скверыку, дзе Флярэнтына Арыса рабіў выгляд, што чытае, каб дачакацца яе, завулкі, па якіх ён прадзіраўся ўслед за ёю, патаемныя месцы для лістоў, змрочны палац, які служыў турмою Святой Інквізыцыі, а пазней быў рэстаўраваны і перададзены ненавіснай школе З’яўлення Святой Дзевы. Яны ўзняліся на прыгорак, дзе знаходзіліся могілкі для бедных, скуль Флярэнтына Арыса граў для яе на скрыпцы, ловячы спадарожны вецер, адтуль цалкам убачылі гістарычны цэнтр, бітую дахоўку і раз’едзеныя часам сцены, руіны замкавых муроў у зарасцях, чараду выспаў у бухце, жабрацкія баракі вокал багнаў, агромністае Карыбскае мора.
Уначы на Раство яны пайшлі ў кафедральны сабор на ўсяночную. Фэрміна заняла месца, дзе найлепш было чуваць лірычную музыку Флярэнтына Арысы, і паказала кузіне дакладнае месца, дзе аднойчы ў такую ж ноч яна ўпершыню ўбачыла зблізку яго спалоханыя вочы. Яны адважыліся і пайшлі без суправаджэння да Натарыяльнае брамы, набылі прысмакі, пабывалі каля незабыўнай канцылярскай крамы, і Фэрміна Даса паказала кузіне месца, дзе раптам адкрыла, што ейнае каханне – міраж. Яна сама не здагадвалася пра тое, што кожны крок з дома ў школу, кожнае месца ў горадзе, кожнае імгненне яе нядаўняга мінулага існавалі дзякуючы Флярэнтына Арысу. Ільдэбранда сказала ёй пра гэта, але яна не пагадзілася, бо ніколі б не замірылася з рэальнасцю, з тым, што Флярэнтына Арыса, добра гэта ці не, уяўляў сабою адзінае, што здарылася ў ейным жыцці.
Пад тыя дні нейкі бельгіец абсталяваў фотастудыю каля Натарыяльнае брамы, і кожны, хто мог заплаціць, карыстаўся аказіяй, каб замовіць свой партрэт. Фэрміна з Ільдэбрандай былі сярод першых кліентаў. Яны напачатку перавярнулі ўсю шафу Фэрміны, падзялілі паміж сабою самую ўрачыстую вопратку, парасоны, выходныя чаравікі, капелюшы і пераапрануліся, рыхтык як дамы па пяцьдзясят гадоў. Гала Плясыдыя дапамагла ім зацягнуць гарсэты, навучыла хадзіць у крыналінавых сукенках з дротавым каркасам, надзяваць пальчаткі, зашнуроўваць чаравікі на высокіх абцасах. Ільдэбранда абрала шыракаполы капялюш са страусавым пер’ем, што спадала ёй на плечы. Фэрміна надзела капялюш не такога старога фасону, аздоблены бутафорскай садавіной і крыналінавымі кветкамі. Затым яны пасмяяліся як след перад люстэркам, пабачылі сябе ў ролі бабцяў, якімі іх адлюстроўвалі на дагератыпах, і пайшлі, шчаслівыя, заліваючыся гучным смехам, здымацца. Гала Плясыдыя прасачыла з балкона, як яны з раскрытымі парасонамі перасякалі скверык, трымаючыся з апошніх сіл на абцасах і штурхаючы дротавыя каркасы сукенак целам, нібыта дзіцячыя хадункі, і блаславіла іх, – няхай Бог дапаможа з гэтымі партрэтамі.
Перад фотастудыяй бельгійца стаяў пошум, бо ён якраз здымаў Бэні Сэнтэна, які напярэдадні выйграў чэмпіянат па боксе ў Панаме. Ён стаяў у баксёрскіх шортах, у пальчатках і з чэмпіёнскай каронай на галаве. І не так проста было здымаць яго, бо паспрабуй прастаяць у позе атакі і не дыхаць на працягу хвіліны. А тут яшчэ, як толькі ён прымаў байцоўскую стойку, прыхільнікі ладзілі яму авацыю, і ён, не ў сілах стрымліваць сябе, пачынаў рухацца, нібыта на рынгу. Калі дайшла чарга да кузінаў, неба паспела зацягнуцца аблокамі, і дождж падступіў ушчыльную. Яны дазволілі прыпудрыць сабе твары крухмалам і сталі, так натуральна абапіраючыся на алебастравую калону, што здолелі заставацца нерухомымі нават болей, чым патрабавалася для фота. Партрэт аказаўся сапраўды незабыўным. Калі Ільдэбранда памерла ледзь не ў стогадовым веку ў родавым маёнтку Флёрэс-дэ-Марыя, там знайшлі адзін са здымкаў у замкнёнай на ключ шафе яе спальні, – партрэт быў схаваны сярод духмянай бялізны побач з лістом, які ўтрымліваў адну скамянелую думку, сцёртую гадамі, – усё пра таго ж недасяжнага каханага. Фэрміна Даса доўгія гады трымала свой партрэт на першай старонцы сямейнага альбома, скуль ён знік пры невядомых абставінах і апынуўся ў руках Флярэнтына Арысы цераз ланцуг неверагодных выпадковасцяў, калі ім было ўжо за шэсцьдзесят.
Пляц каля Натарыяльнае брамы быў перапоўнены ажно да балконаў, калі Фэрміна з Ільдэбрандай пакінулі фотастудыю бельгійца. Яны забыліся на тое, што твары ў іх прыпудраныя крухмалам, вусны нафарбаваныя памадай шакаладнага колеру, а іхная вопратка не адпавядала ні часу, ні эпосе. Натоўп на вуліцы сустрэў іх здзеклівым свістам. Іх загналі ў кут, яны дарэмна спрабавалі пазбегнуць публічнага сораму, калі раптам пад’ехала пралётка, запрэжаная гнядымі. Свіст спыніўся, варожа настроеныя людзі разышліся. У Ільдэбранды на ўсё жыццё засталося першае ўражанне пра чалавека, што з’явіўся на падножцы ў атласным цыліндры і расшытай золатам камізэльцы, з гожымі жэстамі і пяшчотай у вачах.
Хоць Ільдэбранда ніколі раней не бачыла доктара, яна адразу пазнала яго. Фэрміна Даса апавядала пра яго мімаходзь і без якога-кольвек інтарэсу. Неяк месяц таму яна не захацела прайсці перад домам маркіза дэ Касальдуэра, бо каля ўвахода стаяла вядомая пралётка. Тады яна распавяла, хто гаспадар пралёткі, і спрабавала патлумачыць кузіне прычыны сваёй антыпатыі да яго, але ні словам не прыгадала ягоныя заляцанні. Ільдэбранда забылася на гэта. Аднак, пазнаўшы яго, нібыта казачнага прынца, яна адразу адкінула блытаныя тлумачэнні Фэрміны.
– Сядайце, калі ласка, – сказаў доктар Хувэналь Урбіна. – Я адвязу вас, куды скажаце.
Фэрміна Даса спрабавала адмовіцца, але Ільдэбранда прыняла прапанову. Доктар Хувэналь Урбіна спусціўся і кончыкамі пальцаў, ледзь датыкаючыся, дапамог ёй узняцца ў пралётку. Фэрміна ўзнялася ўслед за кузінай, і яе твар гарэў ад сораму.
Дом знаходзіўся за тры кварталы ад месца іх сустрэчы. Дзяўчаты не адразу здагадаліся, што доктар Урбіна дамовіўся з вознікам, хутчэй за ўсё, так і было, бо пралётцы на дарогу спатрэбілася больш за паўгадзіны. Яны ехалі на галоўным сядзенні, а ён – насупраць, спінай да фурмана. Фэрміна адвярнулася да акенца і замкнулася ў сабе. Ільдэбранда, наадварот, была зачараваная, а доктар Урбіна – яшчэ больш, але ўжо тым, што яго прапанова была прынятая. Як толькі пралётка зрушылася з месца, Ільдэбранда ўлавіла цёплы пах натуральнае скуры сядзення, адчула ўтульнасць абіўкі інтэр’ера і сказала, што гэта зусім неблагое месца і тут можна было б заставацца жыць. Неўзабаве яны ўжо смяяліся, абменьваліся жартамі, як даўнія знаёмыя, і дайшлі да дзіцячай гульні – устаўлялі паміж кожным складам слова яшчэ адзін вызначаны склад, і так нібы размаўлялі на нейкай варварскай мове. Яны рабілі выгляд, нібыта мяркуюць, што Фэрміна не разумее іх, хоць ведалі, што яна не толькі разумее, але яшчэ і напружана прыслухоўваецца. Праз некаторы час яны насмяяліся, і Ільдэбранда прызналася, што больш не здольная цярпець пакуты ад старамодных чаравікаў.
– Няма нічога прасцейшага, – адказаў доктар Урбіна. – Я, напэўна, таксама скіну свае, каб пазбавіць вас ад няёмкага становішча. Паглядзім толькі, хто хутчэй выслабаніцца.
Ён пачаў разбэрсваць матузкі сваіх ботаў, а Ільдэбранда прыняла выклік. Ёй было нялёгка, гарсэт са спіцамі не даваў нагнуцца, але доктар Урбіна знарок цягнуў, пакуль яна з пераможным смехам не дастала чаравікі з-пад сукенкі, нібыта вылавіла толькі што ў сажалцы. Тады абое зірнулі на Фэрміну і ўбачылі ейны дасканалы профіль івалгі, тонкі, як ніколі, у святле захаду сонца. Яна ўся кіпела з трох прычын: бязглуздае становішча, у якім яна апынулася, легкадумныя паводзіны Ільдэбранды і, нарэшце, упэўненасць, што пралётка кружляла на месцы, каб зацягнуць час. Аднак Ільдэбранда разышлася не на жарт.
– Цяпер я ўцяміла, – сказала яна, – мне заміналі не гэтыя чаравікі, а дротавая клетка.
Доктар Урбіна адразу здагадаўся – размова ішла пра каркас старажытнае вопраткі, і з лёту зразумеў, што трэба выкарыстаць і гэтую магчымасць.
– Няма нічога прасцейшага, – адказаў ён, – здыміце гэтую клетку.
Хуткім жэстам ілюзіяніста ён дастаў з кішэні насоўку і завязаў сабе вочы. – Я не гляджу.
Павязка падкрэслівала чысціню ягоных вуснаў паміж чорнай круглявай бародкай і вострымі вусамі. Ільдэбранда засмуцілася і ў паніцы кінула позірк на Фэрміну. Гэтым разам заўважыла на яе твары не злосць, а жах ад думкі, што кузіна здольная зняць спадніцу пры доктары. Ільдэбранда ўсхвалявана спытала на мове жэстаў: «Што рабіць?» Фэрміна Даса адказала тым жа чынам, што, маўляў, калі яны зараз жа не накіруюцца дамоў, яна саскочыць з пралёткі на хадзе.
– Я чакаю, – сказаў доктар.
– Можаце глядзець, – адказала Ільдэбранда.
Доктар Хувэналь Урбіна зняў павязку, прыкмеціўшы змены ў Ільдэбрандзіным настроі і ўцяміў, што гульня скончылася, прытым скончылася не найлепшым чынам. Ён падаў знак фурману, які адразу развярнуўся і заехаў у Евангельскі скверык, якраз калі ліхтарнік запальваў вулічныя ліхтары. Званы склікалі на вечаровую малітву. Ільдэбранда шпарка выйшла з пралёткі, прысаромленая тым, што засмуціла сястру, і развіталася з лекарам бесцырымонна, падаўшы яму руку. Фэрміна зрабіла гэтаксама, але калі паспрабавала выслабаніць руку ў атласнай пальчатцы, доктар Урбіна моцна сціснуў ейны безымянны палец, палец сэрца.
– Я ўсё яшчэ чакаю ад вас адказу, – шапнуў ён.
Тады Фэрміна пацягнула руку з сілай, і пальчатка засталася ў руцэ лекара, але яна і не падумала чакаць, калі ён яе верне. Дома, не павячэраўшы, Фэрміна легла спаць. Ільдэбранда, нібыта нічога не здарылася, увайшла ў спальню пасля вячэры на кухні з Галай Плясыдыяй і з натуральнай гуллівасцю загаманіла пра падзеі дня. Яна не хавала сваіх пачуццяў, выказвала захапленне доктарам Урбіна, яго элегантнасцю і абаяльнасцю, а тым часам Фэрміна, хоць не сказала ні слова, ледзь спраўлялася з хваляваннем. Надышоў момант, і Ільдэбранда прызналася: калі доктар Хувэналь Урбіна завязаў сабе вочы, і яна зірнула на бляск яго роўных зубоў і ружовыя вусны, дык адчула неадольнае жаданне кінуцца яго цалаваць. Фэрміна Даса адвярнулася да сцяны і паклала канец размове без намеру пакрыўдзіць кузіну, хутчэй, з усмешкай, але ад сэрца:
– Ну і курва ты!
Фэрміна спала ўрыўкамі і ў сне бачыла доктара Хувэналя Урбіна паўсюль: ён смяяўся, спяваў, сыпаў з зубоў сярністымі іскрамі, бо вочы былі завязаныя, ён здзекаваўся з яе на варварскай мове без вызначаных правілаў, і працягваў сваё катаванне ўжо ў іншым экіпажы, які вёз іх у бок могілак для бедных. Яна прачнулася на досвітку, знясіленая, і ўжо не заснула, а ляжала з расплюшчанымі вачыма і думала пра тыя незлічоныя гады, якія яшчэ давядзецца пражыць. Раніцой, пакуль Ільдэбранда мылася, яна паспешліва накрэмзала ліст, уклала яго ў канверт і да таго, як Ільдэбранда выйшла з ваннага пакоя, накіравала ліст доктару Хувэналю Урбіна праз Галу Плясыдыю. Гэта быў ліст у яе стылі, без адзінай лішняй літары, у якім яна напісала, што так, доктар, можаце пагутарыць з маім бацькам.
Калі Флярэнтына Арыса дазнаўся, што Фэрміна Даса бярэ шлюб з радавітым і багатым доктарам, які атрымаў адукацыю ў Еўропе і карыстаўся незвычайнай, як на ягоны век, рэпутацыяй, ён упаў у прастрацыю, і не было сілы, здольнай вывесці яго з гэтага стану. Трансыта Арыса рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб суцешыць яго, калі заўважыла, што ён страціў мову і апетыт, душачыся ўначы слязьмі. Толькі праз тыдзень яна здолела накарміць яго. Тады яна звярнулася да дона Леона XII Ляайсы, адзінага з трох братоў, які яшчэ жыў на белым свеце; без тлумачэння прычын яна папрасіла яго ўладкаваць пляменніка на працу, каб той займаўся чым заўгодна ў параходнай кампаніі, абы толькі ў якім-небудзь порце, забытым у гушчарах ракі Магдалены, дзе не было б ні пошты, ні тэлеграфа, дзе ён не ўбачыў бы ніводнага чалавека, здольнага распавесці пра здарэнні ў гэтым нягодным горадзе. Дзядзька не ўладкаваў яго да сябе з павагі да братавай удавы, якая жахалася нават факта існавання пазашлюбнага сына ейнага мужа, але ўсё ж знайшоў яму працу тэлеграфіста ў Вілья-дэ-Лейвэ, санлівым мястэчку на вышыні трох тысяч метраў над роўнем вуліцы Вэнтанас, да якога трэба было плыць дваццаць дзён па рацэ.
Флярэнтына Арыса не надта ўсведамляў, што ад’язджае ў аздараўленчую вандроўку. Ён пазіраў на гэта праз туманныя акуляры свайго няшчасця. Атрымаўшы тэлеграму пра новую пасаду, ён нават не ўспрыняў яе ўсур’ёз, аднак Лятары Тугут упэўніў яго сваімі нямецкімі аргументамі ў тым, што яго чакае светлая будучыня на адміністрацыйнай службе. Тугут сказаў яму: «Тэлеграф – прафесія будучыні». І падараваў яму пару пальчатак, падбітых трусіным мехам, шапку на выпадак высакагорнае сцюжы і паліто, выпрабаванае студзеньскімі маразамі Баварыі. Дзядзька Леон XII дадаў яму два строі і пару гумовых ботаў, якія належалі старэйшаму брату, і ўручыў яму білет на спальнае месца ў каюце найбліжэйшага карабля. Трансыта Арыса перашыла вопратку пад сына, бо ён быў не такім мажным, як бацька, і ніжэйшым за немца ростам, купіла яму шкарпэткі з воўны і сподняе на зіму. Такім чынам, у яго было ўсё на суворыя ўмовы высакагор’я. Флярэнтына Арыса, які стаў жорсткім ад пакутаў, прысутнічаў пры зборах, як мог прысутнічаць нябожчык на ўласных хаўтурах. Ён нікому не сказаў пра свой ад’езд, ні з кім не развітаўся, наглуха замкнуўся, як тады, калі толькі адкрыў маці таямніцу нешчаслівага кахання, але напярэдадні вандроўкі Флярэнтына Арыса свядома паддаўся апошняму шалу свайго сэрца, што папросту магло каштаваць яму жыцця. Апоўначы ён апрануў выходны строй і адзін сыграў пад балконам Фэрміны Дасы складзены для яе вальс пра каханне, які ведалі толькі ён і яна: на працягу трох гадоў вальс быў іх сумесным сімвалам. Ён граў і шаптаў словы, абліваючы скрыпку слязьмі, і ягонае натхненне было такім, што за першымі акордамі забрахалі сабакі на той вуліцы, а потым і сабакі ўсяго горада, але яны паступова змоўклі, зачараваныя музыкай, і ён дайграў вальс у ненатуральнай цішыні. Ніхто не адчыніў балконнага акна, ніхто не зірнуў на вуліцу, нават вартаўнік, які заўсёды з’яўляўся з ліхтаром у руцэ, каб падзарабіць на чужым каханні. Учынак стаўся заклёнам, што прынёс палёгку Флярэнтына Арысу, калі ён паклаў скрыпку ў футарал і пайшоў мёртвымі вуліцамі, не аглядваючыся назад, ён ужо амаль забыўся, што ад’язджае наступнай раніцай, бо здаўна ў яго саспела гэтае неабарачальнае рашэнне – не вярнуцца сюды ніколі.
Адзін з трох аднолькавых караблёў Карыбскай параходнай кампаніі быў перайменаваны ў гонар заснавальніка фірмы і называўся «Пій V Ляайса». Гэта быў плыткі двухпавярховы дом на металічным каркасе, шырокі ды пляскаты, максімальная яго асадка складала пяць футаў, што дазваляла пераадолець мелі, якія падсоўвала зменлівае дно ракі. Найстарэйшыя караблі былі збудаваныя ў Цынцынаці ў сярэдзіне стагоддзя на ўзор легендарнай мадэлі тых, што курсавалі па Агаё і Місісіпі на двух бакавых колах, якія прыводзіліся ў рух катлом на дровах. Як і іхныя папярэднікі, караблі Карыбскай параходнай кампаніі мелі на ніжняй палубе, амаль на роўні вады, паравую машыну й кухні, а таксама вялізныя загоны для кур, дзе чальцы экіпажа вешалі свае гамакі, перакрыжаваныя на розных роўнях. На верхняй палубе знаходзіліся мосцік, каюты капітана і ягоных памочнікаў, зала адпачынку і ядальня, куды хоць аднойчы за рэйс запрашалі слынных пасажыраў павячэраць і пагуляць у карты. Паміж дзвюма палубамі была сярэдняя, з шасцю каютамі першага класа па баках ад агульнай ядальні, а ў насавой частцы – крытая палуба адпачынку з драўлянымі парэнчамі і металічнымі стойкамі, да якіх прывязвалі гамакі пасажыры агульнага класа. Але ў адрозненне ад старых караблёў, гэтыя не мелі рухавых лопасцяў па баках, а адно вялізнае кола з гарызантальнымі лопасцямі на карме пад душнымі прыбіральнямі пасажырскае палубы. Калі Флярэнтына Арыса ўзняўся на борт у адну з нядзеляў ліпеня а сёмай раніцы, у яго не было ніякага жадання агледзець карабель, як гэта ледзь не інстынктыўна рабілі пасажыры, якія плылі на караблі ўпершыню. Флярэнтына Арыса ўсвядоміў сваё новае становішча, толькі калі звечарэла і яны праплывалі ўздоўж сялібы Калямар. Ён прайшоў на карму, каб адліць, і ўгледзеў праз дзірку прыбіральні велізарнае драўлянае кола, якое круцілася пад ягонымі нагамі з вулканічным гулам пеністае вады і гарачай пары.
Дагэтуль Флярэнтына Арыса ніколі не выязджаў са свайго горада. Ён узяў бляшаны куфар з вопраткай для ўмоў высакагор’я, раманы з ілюстрацыямі, што выходзілі з працягам штомесяц, і ён іх сам пераплятаў у цвёрдую вокладку, а таксама зборнікі вершаў пра каханне. Гэтыя зборнікі былі настолькі зачытаныя, што вось-вось маглі рассыпацца ў пыл. Ён пакінуў скрыпку, бо яна надта атаясамлівалася з ягоным горам. Маці змусіла яго ўзяць з сабою ношу са спальнымі рэчамі, што ўлучала падушку, прасціну, ацынкаваны тазік і вязаны полаг ад маскітаў, і ўсё гэта было загорнутае ў цыноўку з дзвюма вяроўкамі, каб павесіць, як гамак, у непрадбачаным выпадку. Флярэнтына Арыса не хацеў вазіцца з ношкай: думаў, што ўсё гэта ніяк не спатрэбіцца ў каюце з нармальным ложкам, аднак у першую ж ноч у думках падзякаваў маці за дзівосную інтуіцыю. Насамрэч у апошнюю хвіліну на борт карабля ўзняўся пасажыр у фраку, які прыбыў на золку з Еўропы, і яго суправаджаў асабіста губернатар правінцыі. Пасажыр пажадаў, не адкладваючы, працягнуць вандроўку з жонкай, дачкой, лёкаем у ліўрэі ды сямю куфрамі з залачонай абіўкай, якія з цяжкасцю праходзілі па вузкіх карабельных лесвіцах. Капітан, волат з Курасао, здолеў закрануць патрыятычныя пачуцці крэолаў, каб уладкаваць нечаканых гасцей. Флярэнтына Арысу ён патлумачыў на сумесі іспанскай і піджыну пап’ямэнта, што чалавек у фраку – новы паўнамоцны амбасадар з Англіі, які накіроўваецца ў сталіцу рэспублікі. Капітан нагадаў яму пра вырашальную ролю Злучанага Каралеўства ў справе здабычы незалежнасці ад іспанскага прыгнёту, і было відавочна, што ўсялякая ахвяра з боку патрыётаў будзе нішчымнай, толькі б годнае сямейства адчувала сябе ў нашым доме лепш, чым ва ўласным. Флярэнтына Арыса, вядома ж, адмовіўся ад свайго спальнага месца ў каюце.
Напачатку ён не шкадаваў пра гэта, бо рака пад тую пару года была шматводная, і карабель плыў без перашкодаў на працягу першых дзвюх начэй. Пасля вячэры, а шостай, матросы раздавалі пасажырам брызентавыя раскладушкі, і кожны ставіў сваю, дзе ўдавалася, слаў тое, што захапіў з дому, і ратаваўся полагам ад маскітаў. Раскладушак на ўсіх не хапала. У каго быў гамак, той вешаў яго ў салоне, а тыя, у каго нічога не было, начавалі на сталах у агульнай ядальні, ахінаючыся абрусамі, што мяняліся не больш, чым два разы за вандроўку. Флярэнтына Арыса большую частку ночы не спаў. Ён чуў пругкі пошум свежага рачнога брызу, і яму мроіўся голас Фэрміны Дасы, ён сілкаваў самоту ўспамінамі, чуў яе спевы ў подыху карабля, што рушыў скрозь туман крокамі вялізнага драпежніка, пакуль не з’яўляліся першыя ружовыя палосы на даляглядзе, і новы дзень раптам не выбухаў святлом над пустэльнымі пашамі і затуманенымі багнамі. Тады вандроўка здавалася яму яшчэ адным доказам мудрасці маці, ён адчуваў прыліў сіл і гатоўнасць неяк забыць мінулае.
Глыбакаводдзя хапіла на тры дні, далей навігацыя стала цяжкой праз пясчаныя мелі і ліхія віры, што ўзнікалі раптоўна. Рака замуцілася, усё больш звужалася, яе цясніла густая сэльва з вялізнымі дрэвамі, дзе толькі час ад часу трапляўся саламяны будан са складзенымі побач дровамі для карабельных катлоў. Тарабаршчына папугаяў і віскат нябачных малпаў нібы яшчэ больш павялічвалі паўдзённую спякоту. Але ўначы, калі трэба было спаць, карабель спынілі, і тады само жыццё здавалася нясцерпным катаваннем. Да спякоты і амерыканскіх маскітаў дадавалася выпрабаванне смуродам ад салёнага мяса, якое сушылася на парэнчах палубы. Бальшыня пасажыраў, і перадусім еўрапейцы, пакідалі смуродныя каюты і начамі шпацыравалі па адкрытай палубе, адганяючы розных інсектаў тымі ж ручнікамі, якімі выціралі няспынны пот, і на золку былі стомленыя ды апухлыя ад укусаў.
Апрача таго, у той год распачаўся яшчэ адзін эпізод бясконцай грамадзянскае вайны паміж лібераламі і кансерватарамі, і капітан прыняў суворыя меры засцярогі дзеля аховы парадку і бяспекі пасажыраў на караблі. Каб пазбегнуць памылак і правакацый, ён забараніў любімую ў вандроўках таго часу забаўку – стральбу па кайманах, што грэліся на сонцы на берагах ракі. Пазней, калі частка пасажыраў у выніку агульнай дыскусіі раздзялілася на два варожыя бакі, ён адабраў зброю ўва ўсіх і даў слова вярнуць яе напрыканцы вандроўкі. Ён быў непахісным нават у дачыненні да брытанскага амбасадара, які на золку другога дня з’явіўся на палубе ў вопратцы паляўнічага, узброены карабінам з аптычным прыцэлам і дубальтоўкай для палявання на тыграў. Абмежаванні сталі больш жорсткімі за портам Тэнэрыфэ, калі яны размінуліся з караблём пад жоўтым сцягам, які азначаў, што на борце былі хворыя на халеру. Капітан не атрымаў ніякай дадатковай інфармацыі, бо сустрэчны карабель не адказаў на ягоныя сігнальныя запыты. Але ў той жа дзень сустрэлі іншы карабель з грузам быдла для Ямайкі, і ягоны капітан перадаў, што на караблі пад халерным сцягам везлі двух хворых, а эпідэмія лютавала на ўчастку ракі, у які яны толькі ўвайшлі. Тады пасажырам забаранілі сыходзіць на бераг не толькі ў партах, але і ў бязлюдных мясцінах, куды яны падыходзілі загружацца дровамі. Так што за астатнія шэсць дзён вандроўкі пасажыры набылі турэмныя звычкі. Сярод іх – такую брыдкую, як разгляданне пакунка галандскіх парнаграфічных паштовак, што перадаваўся з рук у рукі. Ніхто не падазраваў нават, адкуль яны ўзяліся, хоць усе ветэраны навігацыі ведалі, што гэта была мізэрная частка з капітанавай калекцыі. Аднак гэтая забаўка, зрэшты, толькі падкрэслівала нуду.








