412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Габрыэль Маркес » Каханне падчас халеры » Текст книги (страница 15)
Каханне падчас халеры
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Каханне падчас халеры"


Автор книги: Габрыэль Маркес



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 26 страниц)

Аднак акрамя заўсёднае прагі давесці сябе ў ложку да знямогі, яна аддавала сябе ўсю пакутам паэзіі. І не толькі мела дзівосную памяць на сентыментальныя вершы таго часу, што прадаваліся ўсё новымі двухграшовымі брашурамі на вуліцах горада, але і прыколвала да сцен шпількамі самыя кранальныя з іх, каб чытаць уголас у любы час. Яна пераклала тэксты падручніка па добрых манерах і лекцыі грамадазнаўства на мову класічнай паэзіі паўнагучнай рыфмай, але не дамаглася афіцыйнага прызнання. Часам яе так даводзіў дэкламатарскі сверб, што яна працягвала выкрыкваць радкі падчас любоўных уцехаў, і Флярэнтына Арыса змушаны быў усоўваць ёй у рот соску гвалтам, як робяць з дзецьмі, каб перасталі плакаць.

У разгар іхнай сувязі Флярэнтына Арыса спытаўся ў сябе, які з двух станаў льга лічыць любоўю – стан буйных любоўных уцехаў альбо спакой вечарамі ў нядзелю, і Сара Нар’ега супакоіла яго простым аргументам, маўляў, што б мы ні рабілі аголенымі, гэта і будзе любоў. І дадала: «Для любові душэўнай – вышэй за талію, для любові цялеснай – ніжэй». Гэтае ўласнае вызначэнне здалося ёй удалай тэмай для паэмы пра шчаслівае каханне, яны напісалі паэму ў чатыры рукі, і Сара Нар’ега прадставіла яе на V Паэтычных гульнях, упэўненая ў тым, што ніхто такой арыгінальнай паэмы ніколі не абіраў. І зноўку прайграла.

Флярэнтына Арыса правёў яе дамоў, і ўсю дарогу яна гнявілася. Не могучы таго патлумачыць, яна была ўпэўненая ў тым, што ёй не далі прэміі праз інтрыгі Фэрміны Дасы. Флярэнтына Арыса не звяртаў на яе ўвагі, ён пагрузіўся ў змрочны настрой з моманту ўручэння ўзнагароды, бо вельмі даўно не бачыў Фэрміны Дасы, і той ноччу ў яго склалася ўражанне, што яна глыбока змянілася: упершыню няўзброеным вокам можна было заўважыць, што, як ні круці, яна маці. Гэта не было навіной для яго, бо ён ведаў, што яе сын ужо ходзіць у школу. Аднак мацярынскі век раней не здаваўся яму такім відавочным, як цяпер, мяркуючы не адно па памерах таліі, зменах у хадзе, а й па тым, што ёй не ставала паветра пры чытанні вынікаў конкурсу.

Каб дакументальна падмацаваць свае ўражанні, ён наноў перагледзеў альбомы, прысвечаныя Паэтычным гульням, пакуль Сара Нар’ега гатавала вячэру. Ён разглядаў хромалітаграфіі з часопісаў, зжаўцелыя паштоўкі, што прадаваліся, як сувеніры, ля Натарыяльнае брамы, і гэта было нібыта прывідным пераглядам фальшу ягонага жыцця. Да тае пары ён трымаўся ілюзіі, што ўвесь свет старэе, мяняюцца звычаі, моды, толькі не яна. Але цяпер ён упершыню свядома ўгледзеў, што і жыццё Фэрміны Дасы мінае, і ягонае жыццё збягае, а ён толькі і робіць, што чакае. Ніколі ён не гаварыў пра яе ні з кім, бо разумеў, што не здольны вымавіць ейнае імя так, каб людзі не заўважылі, як ён хвалюецца, – нават вусны збялелі б. Але ў той вечар, калі ён разглядаў альбомы ўжо соты раз вечарамі падчас нядзельнай нудоты, Сара Нар’ега чарговым разам выпадкова ўжыла тое трапнае вызначэнне, ад якіх стыла кроў.

– Яна сапраўдная прастытутка, – сказала яна.

Яна выказала гэта мімаходзь, убачыўшы здымак, на якім Фэрміна Даса на маскарадным балі была ў вопратцы чорнай пантэры, і Сары не давялося называць імя, каб Флярэнтына Арыса здагадаўся, пра каго яна сказала. Баючыся выкрыцця, якога страшыўся ўсё сваё жыццё, ён паспрабаваў быў асцярожна бараніць Фэрміну. Адзначыў толькі, што ён амаль не ведаў Фэрміны Дасы – знаёмства зводзілася да фармальных вітанняў – і нічога не ведаў пра яе асабістае жыццё, але думаў, што гэта цудоўная жанчына, якая стварыла сябе з нічога, дзякуючы ўласным вартасцям.

– Дзякуючы шлюбу па разліку з чалавекам, якога не кахае, – перарвала яго Сара Нар’ега. – Гэта самы агідны ўзор прастытуцыі. Не такімі рэзкімі словамі, але таксама ў тоне суворай маралі маці казала Флярэнтына Арысу тое самае, спрабуючы сцішыць ягонае гора. Узрушаны, ён не знайшоў адпаведнага адказу на словы бязлітаснай Сары Нар’егі і вырашыў змяніць тэму. Аднак Сара Нар’ега не паддалася і працягвала паліваць брудам Фэрміну Дасу, пакуль не адвяла душу. Усплёск інтуіцыі, які Сара Нар’ега не здолела б вытлумачыць, падказваў: Фэрміна Даса зладзіла змову, каб не даваць ёй прэміі. Прычын для такога сцверджання не было: яны не былі знаёмыя, не ведалі адна адну ў твар, і Фэрміна Даса не мела ніякага дачынення да конкурснага вердыкту, хоць была ў курсе спраў журы. Сара Нар’ега дадала безапеляцыйным тонам: «Мы, жанчыны, – празарлівіцы». І гэтым спыніла спрэчкі.

Тады Флярэнтына Арыса і яе ўбачыў іншымі вачыма. Для яе таксама міналі гады. Няўрымслівая натура бясслаўна марнела, гадамі стрымванае каханне вымушала яе ўсхліпваць, на павекі ўжо леглі цені мінулай горычы. Гэта была ўчорашняя кветка. Апрача таго, ад гневу паразы яна страціла лік кілішкам брэндзі. Гэта не была ейная ноч: пакуль елі падагрэты рыс з какосам, яна спрабавала высветліць унёсак кожнага ў стварэнне паэмы, каб дазнацца, колькі пялёсткаў Залатой архідэі яны маглі атрымаць паасобку. Не ўпершыню яны пускаліся ў беспрадметныя дыскусіі, але ён скарыстаўся выпадкам, каб гаварыць, вярэдзячы адкрытую рану, абразы. Вось так яны схапіліся ў бязглуздай спрэчцы і прыгадалі ўсе дробныя крыўды, што назапасіліся за пяць гадоў любоўнае сувязі.

Заставалася дзесяць хвілін да поўначы, калі Сара Нар’ега стала на крэсла, завяла насценны гадзіннік і паправіла стрэлку на вока, верагодна, з намерам сказаць яму без слоў, што час сыходзіць. Тады Флярэнтына Арыса адчуў тэрміновую неабходнасць вырваць з карэннем гэтую сувязь без любові і стаў шукаць зачэпку, каб узяць ініцыятыву ў свае рукі, – так ён дзейнічаў заўсёды. Ён маліў Бога, каб Сара Нар’ега паклікала ў ложак – вось тады ён бы сказаў ёй, што не, усё скончана, – ён папрасіў яе, калі яна спусцілася з крэсла, прысесці побач. Аднак яна вырашыла трымацца на адлегласці і села ў крэсла для гасцей. Тады Флярэнтына Арыса працягнуў ёй указальны палец, абмакнуўшы яго ў брэндзі, – Сара Нар’ега любіла смактаць яго ў прэлюдыях любові. Яна адвярнулася.

– Не трэба, – сказала яна, – я чакаю чалавека.

З тае пары, як яму адмовіла Фэрміна Даса, Флярэнтына Арыса навучыўся пакідаць за сабой апошняе слова. Пры менш горкіх абставінах ён бы дабіўся згоды Сары Нар’егі і завяршыў бы ноч з ёю ў раскошным ложку, бо ён быў упэўнены ў тым, што жанчына, якая аднойчы легла з мужчынам, і надалей будзе спаць з ім, толькі б мужчына таго захацеў ды здолеў абудзіць пяшчоту. Ён напакутаваўся дзеля ўласнае ўпэўненасці, ішоў на што заўгодна нават пры самых цёмных прыгодах, толькі б не даваць аніводнай жанчыне мажлівасці сказаць апошняе слова. Але тае ночы ён адчуў сябе гэтакім зняважаным, што ўраз выпіў брэндзі, паказваючы, як толькі мог, сваю крыўду, і пайшоў моўчкі, нават не развітаўшыся. Яны больш ніколі не бачыліся.

Сувязь Флярэнтына Арысы з Сарай Нар’егай была адной з найдаўжэйшых і найстабільнейшых, хоць і не адзінай за тыя пяць гадоў. Калі ён зразумеў, што яму з ёю добра, перадусім у ложку, але што яна ніколі не заменіць яму Фэрміны Дасы, ягоныя ночы самотнага паляўнічага зноў пачасціліся, і ён даваў рады часу і сілам, дзе толькі мог. Аднак Сара Нар'ега сталася на пэўны час цудам палёгкі. Ва ўсялякім разе на той час ён здолеў жыць, не бачачы Фэрміны Дасы, чаго раней не ўдавалася: ён у любы момант мог кінуць свае справы, каб выйсці шукаць яе там, дзе падказвала ягонае прадчуванне. Шукаў ён яе на самых невергодных вулках, у месцах, дзе яе быць не магло, бяздумна хадзіў з такою нудой у душы, што не мог знайсці спакою, пакуль не ўгледжваў яе хоць на хвілю. Расстанне з Сарай Нар’егай зноў патрывожыла яго прыспаныя летуценні, і ён зноўку адчуў сябе, як у тыя вечары бясконцага чытання ў скверыку, але гэтым разам усё стала складанейшым праз думку, што доктар Хувэналь Урбіна мусіць памерці.

Здаўна Флярэнтына Арыса ведаў, што ягоны лёс – ашчаслівіць удаву, якая ашчаслівіць і яго, але гэта ніяк не турбавала яго. Наадварот, ён быў да гэтага падрыхтаваны. Ён так добра ведаў іх па сваіх прыгодах, што ўрэшце ўпэўніўся: свет поўны шчаслівых удоў. Ён бачыў, як яны шалелі ад гора, калі хавалі мужа, як малілі, каб іх пахавалі жыўцом у той жа труне і пазбавілі такім чынам ад бядотаў змрочнае будучыні, але паступова прыходзіла замірэнне з рэальнасцю новага становішча, і яны адраджаліся з попелу, праяўлячы маладую жывучасць. Яны пачыналі жыць, нібыта інсекты ў цені вялізных пустых дамоў, выслухоўвалі споведзі прыслужніц, лашчылі пустыя падушкі і пакутавалі ад адсутнасці клопату пасля мноства гадоў бясплённага рабства. Яны марнавалі час, прышываючы гузікі да вопраткі нябожчыка, чаго раней ніколі не паспявалі зрабіць, бясконца прасавалі кашулі з накрухмаленымі каўнерыкамі і манжэткамі, каб яны віселі ў ідэальным парадку. Працягвалі класці ў прыбіральні мыла, якое ён любіў, мянялі навалочкі з ягонай манаграмай у ложку, ставілі прыбор там, дзе ён звычайна сядаў за стол, на выпадак, калі ён раптам вернецца адтуль без папярэджання, як рабіў пры жыцці. Але ў тых рытуалах самоты яны пачыналі ўсведамляць, што зноў атрымалі свабоду пасля таго, як адмовіліся не толькі ад свайго прозвішча, але і ад сваёй самасці, і ўсё – замест жыццёвай трываласці, якая насамрэч была адной са шматлікіх нявесціных ілюзій. Толькі яны ведалі, як цяжка было з чалавекам, якога шалёна кахалі і які, мажліва, іх таксама кахаў. Але яго ж даводзілася даглядаць да апошняга ўздыху, карміць грудзьмі, мяняць яму запэцканыя пялюшкі, адцягваючы ўвагу матчынымі прыгаворкамі, каб зменшыць страх, які ён адчуваў перад ранішнім выхадам на вуліцу і сутыкненнем з рэчаіснасцю. Аднак варта было мужу выйсці з дома пад жончыны падбухторванні скарыць свет, і ўжо яна заставалася сам-насам з жахам, ці вернецца ён калі. Такім было жыццё. Каханне, калі яно існавала, было нечым асобным, нечым у іншым жыцці.

Тым часам, узнаўляючы жыццёвыя сілы ў самоце, удовы знаходзілі, што адзіна сумленны спосаб жыцця патрабуе падначалення целу, калі ясі, калі хочаш есці, кахаеш без маны, спіш без патрэбы ўдаваць, што ты заснула, каб пазбегнуць ганебнасці кахання паводле раскладу, калі маеш, нарэшце, поўнае права на ложак толькі для сябе, і ніхто не аспрэчвае паловы прасціны, паловы паветра, паловы ночы, каб цела насыцілася ў сне, каб прачнуцца самотнай. Падчас сваіх золкаў патаемнага паляўнічага Флярэнтына Арыса сустракаў іх каля выхада з храма пасля ранішняе імшы а пятай, апранутых у чорную жалобную вопратку і з крумкачом лёсу на плячы. Ледзь заўважыўшы яго ў першых промнях золку, яны пераходзілі вуліцу і ішлі па ходніку на супрацьлеглым баку дробнымі нервовымі крокамі, крокамі птушкі, бо нават проста прайсці паўз мужчыну на ходніку азначала запляміць сваю годнасць. Аднак ён быў упэўнены, што роспачная ўдава куды болей, чымся якая іншая жанчына, магла несці ў сабе зерне шчасця.

Колькі ўдоў у ягоным жыцці, пачынаючы ад Назарэцкай удавы, дазволілі яму дазнацца, якімі стаюцца шчаслівыя пашлюбёнкі пасля смерці мужа! Toe, што для яго датуль было марнай ілюзіяй, дзякуючы ім ператварылася ў рэальную магчымасць. Ён не знаходзіў прычын, з якіх Фэрміна Даса не магла б быць такой самай удавой, падрыхтаванай самім жыццём, каб прыняць яго, якім ён быў, без прывіднае віны перад нябожчыкам мужам, гатовай адкрыць з ім другое шчасце ў другім каханні, здольнай зрабіць з кожнае хвілі цуд жыцця, які належаў бы толькі ёй і які прышчэплены самой смерцю ад любое заразы.

Мабыць, ён не быў бы такім аптымістам, калі б хоць падазраваў, як далёка была Фэрміна Даса ад ягоных ілюзорных разлікаў, калі яна толькі ўваходзіла ў свет, дзе для яе было прадугледжана ўсё, акрамя няшчасця. Быць заможным тады азначала мець мноства пераваг – зразумела, і мноства невыгодаў таксама, але паўсвету прагла заможнасці, бачачы ў ёй спосаб дасягнуць несмяротнасці. Фэрміна Даса адмовіла Флярэнтына Арысу, калі якраз пачынала сталець, і тут жа расплацілася пакутамі шкадавання, але ніколі не сумнявалася ў слушнасці свайго ўчынку. У свой час яна не магла патлумачыць сабе, якія патаемныя прычыны прывялі да працінальнага прадбачання, аднак шмат гадоў пазней, ужо на парозе старасці, яна раптоўна, не ведаючы, якім чынам, знайшла тыя прычыны падчас выпадковай размовы пра Флярэнтына Арысу. Прысутныя ведалі, што ён быў спадкаемцам Карыбскай параходнай кампаніі ў эпоху росквіту, усе былі ўпэўненыя, што бачыліся з ім шмат разоў, вялі з ім нейкія справы, аднак ніхто не мог узнавіць ягонага аблічча ў памяці. Вось тады Фэрміна Даса адкрыла падсвядомыя прычыны, якія заміналі кахаць яго. І яна вымавіла: «Гэта нібы не чалавек, а цень». Так, цень чалавека, якога ніхто ніколі не спазнаў. Але пакуль яна супраціўлялася заляцанням доктара Хувэналя Урбіна, які быў чалавекам сапраўды супрацьлеглага кшталту, яна пакутавала ад прывіду вінаватасці: адно што гэтае пачуццё яна не здолела сабе падначаліць. Калі Фэрміна Даса адчувала, што вінаватасць звальваецца на яе, жанчыну ахоплівала невытлумачальная паніка, і ёй удавалася кантраляваць сябе, толькі калі побач знаходзіўся чалавек, які яе суцяшаў. Яшчэ зусім малой, разбіўшы талерку на кухні, прышчаміўшы палец у дзвярах, убачыўшы, як нехта ўпаў, Фэрміна Даса паварочвалася ў жаху да дарослага, які знаходзіўся бліжэй за іншых, і адразу казала яму: «Гэта ты вінаваты». Хоць насамрэч яе не турбавала, хто вінаваты, альбо ці вінаватая яна сама, – ёй досыць было кагосьці звінаваціць.

Комплекс быў настолькі відавочным, што доктар Урбіна своечасова здагадаўся, да якой ступені гэта пагражае гармоніі ў сям’і, і як толькі заўважаў ягоную прысутнасць, спяшаўся сказаць жонцы: «Не хвалюйся, мая каханая, ва ўсім вінаваты я». Ён больш за ўсё пабойваўся раптоўных і незваротных рашэнняў жонкі і ведаў, што прычына ўсяго хавалася ў пачуцці вінаватасці. Аднак унутраны канфлікт, выкліканы тым, што яна адмовіла Флярэнтына Арысу, не мог вырашыцца адной суцяшальнай фразай. Фэрміна Даса па-ранейшаму адчыняла балкон раніцой цягам некалькіх месяцаў, і заўсёды сумавала па самотным прывідзе, які мусіў чакаць на лаўцы пустэльнага скверыка, яна бачыла ягонае дрэва, самую непрыкметную лаўку, дзе ён сядаў чытаць, думаючы пра яе, пакутуючы праз яе, і яна мусіла зачыняць балкон, уздыхаючы: «Няшчасны, няшчасны». Яна нават перажыла расчараванне, што ён выявіўся не такім упартым, як яна меркавала, калі было запозна цыраваць мінулае, і часам жадала прачытаць запознены ліст, які ёй ужо ніколі было не прачытаць. Але калі давялося наважыцца на шлюб з Хувэналем Урбіна, яе напаткаў яшчэ большы крызіс, бо яна ўцяміла, што няма істотных падстаў, каб аддаваць перавагу яму, калі яна адмовіла Флярэнтына Арысу. Насамрэч яна амаль не кахала доктара, як і папярэдняга прэтэндэнта, да таго ж ледзь яго ведала, і яго лісты былі пазбаўленыя палкасці тых, папярэдніх, не ўтрымлівалі ўзрушальных доказаў кахання. Па праўдзе, памкненні Хувэналя Урбіна ніколі не былі сфармуляваныя моваю кахання, і ва ўсялякім разе было дзіўна, што такі ваяўнічы каталік, як ён, прапаноўваў ёй толькі зямныя даброты: упэўненасць у будучыні, лад, шчасце, – нібыта лічбы, падсумаванне якіх, мажліва, магло быць падобным на каханне, амаль каханнем. Але гэта не было ім, і сумневы множылі разгубленасць, бо яна таксама не была ўпэўненая, што для сапраўднага жыцця ёй бракавала менавіта кахання.

Галоўны факт супраць доктара Хувэналя Урбіна тоіўся ў яго падазронай падобнасці да ідэальнага мужчыны, пра якога Лярэнса Даса марыў для дачкі. Немажліва было не бачыць у доктары дзіця бацькоўскае змовы – хоць гэта было і не так, – і Фэрміна Даса паверыла ў гэтую версію тады, калі ён увайшоў у дом другім разам, з лекарскім візітам без выкліку. Размовы з кузінай Ільдэбрандай заблыталі яе ўшчэнт. Быўшы сама ахвяраю нешчаслівага кахання, там яна ледзь не атаясамлівала сябе з Флярэнтына Арысам, забываючыся на тое, што Лярэнса Даса зладзіў яе прыезд менавіта дзеля таго, каб яна паўплывала на Фэрміну Дасу на карысць доктара Урбіна. Толькі Бог ведае, якіх высілкаў каштавала Фэрміне Дасе не скласці кампанію кузіне, калі тая пайшла ў тэлеграфную кантору, каб пабачыць Флярэнтына Арысу. Фэрміна Даса таксама хацела б пабачыць Флярэнтына Арысу зноўку, супаставіць ягоны воблік з успамінам і пазбыцца сумневу. Яна б пагутарыла з ім сам-насам, зведала б яго дарэшты. Толькі так яна магла ўпэўніцца ў тым, што імгненнае рашэнне не штурхне да іншага, больш цяжкога, якім сталася б капітуляцыя ў асабістай вайне супраць бацькі. Але яна прыняла рашэнне ў крытычны момант свайго жыцця, не зважаючы ні на мужчынскую гожасць прэтэндэнта, ні на легендарную заможнасць, ні на яго раннюю славу, ні на іншую рэальную годнасць, а толькі праз жах таго, што можа ўпусціць такі шанец і праз немінучасць дваццаці аднаго года, скрайняе рысы, якую яна сабе ўпотайкі прызначыла, каб скарыцца перад лёсам. І адзінай хвілі выявілася досыць, каб прыняць рашэнне, як Бог загадаў і як чалавечыя законы таго патрабуюць, – да самага скону. Тады развеяліся ўсе сумневы, і Фэрміна Даса магла зрабіць без згрызотаў сумлення тое, што розум абраў: яна годна, без слёз цалкам сцерла ўспаміны пра Флярэнтына Арысу, і на тым месцы памяці, дзе ён раней жыў, пасеяла макавы дол. І толькі дазволіла сабе больш глыбокі, чым звычайна, апошні ўздых: «Няшчасны, няшчасны!»

Найстрашнейшыя сумневы, аднак, пачаліся, як толькі Фэрміна Даса вярнулася з вясельнай вандроўкі. Ледзь яны паспелі адчыніць куфры, распакаваць мэблю і разабраць адзінаццаць скрыняў, прывезеных ёю дзеля таго, каб належным чынам прыняць лейцы кіравання ў якасці гаспадыні старажытнага палаца маркіза Касальдуэра, яна ледзь не страціла прытомнасць, бо ўсвядоміла: яна стала зняволенай у чужым доме і, што яшчэ горай, не з тым мужам, пра якога марыла. І шэсць гадоў пайшло на тое, каб выбрацца адтуль. Шэсць найгоршых гадоў жыцця і адчаю ад горкага сумы донны Блянкі, ейнай свякрухі, і ад разумовае недаразвітасці заловак, якія не згнілі жыўцом у кляштарным зняволенні толькі таму, што іхныя душы здаўна існавалі ў нябачных, унутраных келлях.

Доктар Урбіна, з пакорай аддаючы даніну прыналежнасці да ўласнага роду, стаўся глухім да ейнага малення і спадзяваўся на Боскую мудрасць і на жончыну здольнасць прыстасоўвацца да чужога асяродку; з часам, маўляў, усё стане на месца. Яму балюча было бачыць, што маці, чыя прага да жыцця колісь давала моцы жыць нават самым разгубленым, зламалася. Гожая ды разумная жанчына з незвычайнай для яе асяродку пяшчотай у сэрцы на працягу амаль сарака гадоў была душою і целам свецкага раю. Смерць мужа кінула яе ў бездань горычы да такое ступені, што ад колішняе аптымісткі не засталося нічога, бо яна сталася ў душы змрочнай і калючай, увесь свет нібы стаў супраць яе. Адзіна мажлівае тлумачэнне дэградацыі маці хавалася ў крыўдзе за тое, што муж свядома ахвяраваў жыццём дзеля зграі мурынаў, як яна казала, бо адзіным апраўданнем ягонай смерці для яе магло быць самаахвяраванне дзеля яе. Так ці іначай, шчаслівы шлюб Фэрміны Дасы доўжыўся столькі, колькі доўжылася вясельная вандроўка, а побач быў муж, які мог бы ўратаваць яе ад канчатковага крушэння спадзеваў, але быў паралізаваны страхам перад матчынай уладай. Менавіта яго, а не дэбільных заловак альбо напаўзвар’яцелую свякруху Фэрміна Даса вінаваціла за прыгатаваную для яе смяротную пастку. Яна вельмі позна зразумела, што за прафесійным аўтарытэтам і вялікасвецкай прывабнасцю чалавека, які стаў яе мужам, хаваліся бездапаможнасць і слабасць, – адным словам, убоства, якое харобрылася грамадскаю вагою яго імёнаў і прозвішчаў.

Фэрміна Даса знайшла суцяшэнне ў нованароджаным сыне. Яна нарадзіла яго з такой палёгкай, нібы вызвалілася ад чагосьці чужога, і перажыла страх ад самое сябе, калі зразумела, што не адчувае аніякае пяшчоты да той маленечкай істоты са свайго ўласнага жывата, якую павітуха паказала ёй. Ён быў голы, бы засалены і заляпаны крывёю, з абматанай укола шыі пупавінай. Але ў самоце палаца яна зведвала яго ўсё болей і болей, яны пазналі адно аднаго, і Фэрміна Даса з вялікай радасцю адкрыла, што дзяцей любяць не таму, што яны нашыя дзеці, а з-за блізкасці, якая ўзнікае, пакуль іх гадуеш. З часам яна ўжо нікога і нічога не магла трываць у тым доме ейнай нягоды, акрамя сына. Яе душылі самота, сад, падобны да могілак, застаяласць часу ў агромністых пакоях без вокнаў. Яна адчувала, што шалее доўгімі начамі, калі чуліся крыкі вар’ятак з суседняй псіхіятрычнай клінікі. Ёй было зусім няёмка ад звычаю штодня накрываць банкетны стол, з вышываным абрусам, срэбнымі прыборамі і хаўтурнымі кандэлябрамі, каб пяць прывідаў вячэралі нязменным кубкам кавы з малаком і мядовымі пернікамі. Яна зненавідзела вечаровыя малітвы, застольную манернасць, бясконцую крытыку таго, як яна ўпраўляецца са сталовымі прыборамі, як шпарка яна ходзіць – бы якая вулічная дзеўка, як апранаецца – бы ў цырку, яе крытыкавалі нават за тое, што яна абыходзіцца з мужам, бы якая сялянка, за тое, што карміла сына, не прыкрываючы грудзей мантылляй. Калі яна ўпершыню самастойна запрасіла сяброў на гарбату а пятай са здобным печывам і кветкавым канфітурам згодна з апошняй ангельскай модай, донне Блянка стала колам напярок таго, каб у ейным доме падавалі людзям патагоннае замест кубка шакаладу і юкавых хлябцоў з расплаўленым сырам. Свякруха не абышла прыдзірлівай увагай нават яе сны. Аднойчы раніцой Фэрміна Даса распавяла, што бачыла ў сне, нібыта незнаёмец шпацыруе аголеным, раскідваючы жменькі попелу па залах палаца, і тады донна Блянка рэзка перарвала яе:

– Прыстойнай жанчыне не могуць сніцца такія сны.

Да непарыўнага адчування таго, што яна ў чужым доме, дадаліся дзве вялікія бяды. Першая – гэта амаль штодзённая баклажанная дыета на ўсе спосабы, якую донна Блянка адмаўлялася адмяняць з павагі да нябожчыка мужа, а Фэрміна Даса цярпець не магла баклажаны. Яна іх зненавідзела з маленства, яшчэ не пакаштаваўшы, таму што ёй заўсёды здавалася, што яны маюць колер атруты. Праўда, на гэты раз ёй давялося прызнаць, што так ці іначай штосьці змянілася ў жыцці, цяпер яе не прымусіш гэта есці, а калі ў пяць гадоў яна вымавіла нешта пра колер атруты за сталом, бацька змусіў яе з’есці цэлы рондаль на шэсць персон. Яна думала, што памрэ, спачатку праз тое, што яе званітавала здрабнёнымі баклажанамі, а потым праз кубак з касторкай, якую ўлілі ў яе гвалтам, каб вылечыць ад бацькавага пакарання. Гэтыя два моманты змяшаліся ў памяці, ператварыліся ў адно паслабляльнае, як ад згадак пра смак, так і з перапуду перад атрутай, і падчас мярзотных абедаў у палацы маркіза Касальдуэра ёй даводзілася адводзіць вочы, каб не вывернуць вонкі ежу – такія сцюдзёныя касторавыя ваніты падступалі да горла.

Другой бядой была арфа. Аднойчы, цалкам усведамляючы вагу сваіх слоў, донна Блянка сказала: «Я не веру ў прыстойнасць жанчын, якія не ўмеюць граць на піяніна». Гэта быў загад, якому паспрабаваў запярэчыць нават сын, бо найлепшыя гады ягонага маленства прайшлі ў галерным рабстве ўрокаў грання на фартэпіяна, хоць у спелым веку ён быў удзячны бацькам за іхную настойлівасць. Ён не мог сабе ўявіць, як можна прымусіць займацца гэтым чалавека ў дваццаць пяць гадоў ды яшчэ з такім характарам, як у ягонай жонкі. Але ад маці ён дамогся толькі згоды на замену піяніна арфай, па-дзіцячы давёўшы ёй, што гэта інструмент анёлаў. З Вены выпісалі для іх цудоўную арфу, якая здавалася залатой выглядам і гучаннем: пазней арфа станецца бясцэннай рэліквіяй гарадскога музея, пакуль знакаміты пажар не знішчыць літаральна ўсіх экспанаты. Фэрміна Даса скарылася, спрабуючы зрабіць апошні высілак, каб прадухіліць развал сям’і. Яна пачала займацца ў слыннага педагога, якога адмыслова прывезлі з Мампокса, але ён праз пятнаццаць дзён нечакана памёр, і яна некалькі гадоў працягвала заняткі з галоўным музыкам семінарыі, які сваім настроем далакопа скажаў любое арпеджыа.

Фэрміна Даса сама дзівілася сваёй пакоры. Не пагаджаючыся ў думках і ў глухіх спрэчках з мужам у гадзіны, якія раней прысвячалі любові, Фэрміна Даса хутчэй, чым сама магла падумаць, заблыталася ў зарасцях умоўнасцяў і прымхаў свайго новага свету. Напачатку яна карысталася рытуальнай фразай для сцверджання свабоды думкі: «Да чорта веер, вее вецер». Аднак пазней яна пачала даражыць атрыманымі шлюбам прывілеямі, баялася сораму і кпінаў, і была гатовая трываць нават знявагі, спадзеючыся на тое, што Бог, нарэшце, пашкадуе донну Блянку, якая ў малітвах нястомна прасіла паслаць ёй смерць. Доктар Урбіна апраўдваў уласную слабасць крызісам стаўлення да жонкі, нават не спытаўшы сябе, ці не супярэчыць ягоная думка ўстанаўленням касцёла. Ён не дапускаў, што канфлікты з жонкаю ўзнікаюць з прычыны напружанай атмасферы ва ўсім доме, і верыў: прычына закладзена ў самой прыродзе шлюбу – абсурднай вынаходцы, якая існуе толькі дзякуючы бясконцаму цярпенню Бога. Шлюб не меў аніякага навуковага абгрунтавання: чаму дзве ледзь знаёмыя асобы рознага полу без звязкі роднасці, з розным культурным узроўнем раптам прымаюць абавязак жыць разам, спаць разам, падзяляць лёс, які, магчыма, быў прадвызначаны зусім іначай. Ён казаў: «Праблема ў тым, што шлюб завяршаецца штоночы пасля мілавання, і штораніцы трэба ўзнаўляць яго да сняданку». Яшчэ горш складваліся стасункі ў межах іх шлюбу, тлумачыў ён, бо яны былі прадстаўнікамі двух антаганістычных класаў, ды яшчэ ў горадзе, які па-ранейшаму марыў пра вяртанне віцэ-каралёў. Адзіным магчымым матэрыялам, які мог звязаць іх, было ўяўнае і зменлівае каханне, калі яно ўвогуле існавала, а ў іх выпадку яго дакладна не было падчас вяселля, а надалей лёс толькі балюча сутыкнуў іх ілбамі ў той час, калі яны ледзь не прыдумалі сабе сваю гісторыю кахання.

Вось так яны і жылі ў арфавы перыяд. Засталіся ззаду гожыя выпадковасці, калі, напрыклад, яна магла ўвайсці ў ванны пакой, дзе ён мыўся, і, не зважаючы на спрэчкі, на атрутныя баклажаны, на сясцёр-вар’ятак і на такую ж вар’ятку свякруху, у ім яшчэ было досыць пяшчоты, і ён прасіў, каб яна пацерла яму спіну. Яна намыльвала яго, трымаючыся тых дробак кахання, якія засталіся пасля Еўропы, і яны абое паддаваліся мане ўспамінаў, міжволі расслабляліся, кахаліся моўчкі, пакуль не паміралі ад любові на падлозе ваннага пакоя, запырсканыя водарнай пенай, чуючы гамонку прыслужніц, якія пралі бялізну за сценкай: «У іх няма больш дзяцей, бо яны не трахаюцца». Час ад часу, калі яны вярталіся дамоў пасля якой шалёнай вечарыны, нуда, што вычэквала іх за дзвярыма, раптам валіла іх долу, і тады адбываўся дзівосны выбух, калі ўсё адраджалася наноў, рабілася, як раней, і на працягу пяці хвілін яны былі тымі неўтаймаванымі каханкамі, як падчас вясельнае вандроўкі.

Але за выключэннем тых рэдкіх аказій, адзін з іх заўсёды быў страшэнна стомленым у час, калі яны клаліся ў ложак. Яна затрымлівалася ў прыбіральні, круцячы цыгаркі з араматызаванае паперы, паліла на самоце, зноўку аддавалася ўцехам юнацтва, калі яна жыла ў сваім доме і ейнае цела належала ёй адной. У яе заўсёды балела галава альбо было надта спякотна, заўсёды, ці яна ўдавала, што ўжо спіць альбо зноў пачалася менструацыя, менструацыя, заўсёды менструацыя. І так часта, што доктар Урбіна наважыўся сказаць на лекцыі, каб палегчыць душу без намёкаў на асабістае жыццё, што пасля дзесяці гадоў шлюбу ў жанчын менструацыя можа быць да трох разоў на тыдзень.

Бяда адна не ходзіць. Фэрміне Дасе давялося перажыць у найгоршы год свайго жыцця тое, што яна мусіла зведаць раней ці пазней: праўду пра звышпрыбытковыя і патаемныя справы бацькі. Губернатар правінцыі выклікаў Хувэналя Урбіна ў свой кабінет, каб увесці яго ў курс злачынстваў цесця, і падсумаваў адной фразай: «Няма такога боскага альбо чалавечага закона, цераз які б гэты тып не пераступіў». Найбольш цяжкія злачынствы былі ажыццёўленыя ў цені зяцевага аўтарытэту, і было цяжка паверыць, каб зяць і ягоная жонка не ведалі пра гэта. Разумеючы, што толькі яго рэпутацыя магла іх уратаваць, бо іншай такой сілы не было, доктар Хувэналь Урбіна зрушыў усе спружыны і важкасць уласнага становішча, каб згасіць скандал, даўшы слова гонару. У выніку, Лярэнса Даса выехаў з краіны на першым караблі, каб больш ніколі не вярнуцца. Шлях ён трымаў на радзіму, нібыта кіруючыся ў адну з тых вандровак, на якія пускаўся час ад часу, каб замарыць чарвяка настальгіі, і ва ўсім гэтым была доля праўды: ён ужо здаўна меў звычку ўздымацца на караблі, што прыходзілі з ягонай радзімы, каб проста выпіць шклянку вады, набранай у яго родным мястэчку. Лярэнса Даса з’ехаў, хоць і не здаўся, бо ўпарта працягваў цвердзіць, што ён не вінаваты, імкнучыся ўпэўніць зяця ў тым, што ён стаў ахвярай палітычнае змовы. Ад’яжджаючы, ён плакаў па сваёй дзяўчынцы, як ён называў Фэрміну Дасу ад дня вяселля, плакаў па ўнуку, па зямлі, дзе стаў заможным і незалежным чалавекам, дзе ўчыніў бацькоўскі подзвіг, ператварыўшы дачку ў вытанчаную даму, дзякуючы сваім цёмным справам. З’ехаў ён састарэлым ды хворым, але пражыў нашмат болей, чым жадалі яму ахвяры ягоных махінацый. Фэрміна Даса не здолела стрымаць уздыху палёгкі, калі да яе дайшла вестка пра бацькаву смерць, і яна не прытрымлівалася канонаў жалобы, каб пазбегнуць пытанняў, але цягам колькіх месяцаў зачынялася ў прыбіральні, каб папаліць-паплакаць з глухой злосцю, не ведаючы прычын, – насамрэч, гэтак яна плакала па бацьку.

Самым абсурдным у іх становішчы было тое, што ніколі яны не здаваліся такімі шчаслівымі на людзях, як у тыя нешчаслівыя гады. Напраўду, гэта быў час іх вялікіх перамог над стоенай варожасцю асяроддзя, якое не хацела іх прымаць такімі, якімі яны былі, – адрознымі ды сучаснымі, адпаведна, і парушальнікамі заведзенага ладу. Аднак гэтаму Фэрміна Даса давала раду лёгка. Свецкае жыццё, што дагэтуль здавалася ёй чымсьці няпэўным, было ўсяго сістэмай атавістычных пактаў, банальных цырымоній, прадвызначаных шаблонаў, з дапамогай якіх бамонд забаўляўся, каб не пазабіваць адно аднаго. Галоўнай азнакай у гэтым раі правінцыйнае легкадумнасці быў жах перад невядомым. Яна вызначыла гэта даволі простым чынам: «Праблема жыцця ў грамадстве – навучыцца стрымліваць страх, а праблема сямейнага жыцця – навучыцца адольваць нуду». Ёй адкрылася гэта, як нейкае пасланне з нябёсаў, калі яна ўвайшла, цягнучы за сабой бясконцы шлейф вясельнага строю, у вялізны салон Грамадскага клуба. Там атмасфера была зусім іншай, чым заўсёды, ад змяшанага водару мноства кветак, бляску вальсаў, вальяжнае гаманы ўспацелых мужчын і неўрастэнічных жанчын, якія разглядвалі яе, яшчэ не ведаючы, што б такога змысліць з гэтай асляпляльнай пагрозай, пасланай ім вонкавым светам. Ёй толькі споўніўся дваццаць адзін год, і датуль яна выходзіла з дома толькі дзеля таго, каб дайсці да школы, але досыць было зірнуць на прысутных, каб уцяміць: яны не былі ахопленыя нянавісцю – іх паралізаваў жах. Яна, таксама з перапуду, раптам міласэрна зрабіла крок насустрач. Яны выявіліся такімі, якімі яна меркавала іх бачыць, так здаралася і з гарадамі, не горшымі і не лепшымі за іх вобраз у яе сэрцы. Парыж, не зважаючы на бесперапынны дождж, жміндаў-крамнікаў ды гамерычную грубасць вознікаў, заўсёды прыгадваўся як найпрыгажэйшы горад свету, не таму, што ён быў альбо не быў такім, а таму, што яна звязвала яго з настальгіяй па гадах шчасця. Доктар Урбіна, са свайго боку, вёў змаганне той зброяй, якую выкарыстоўвалі супраць яго, але ён рабіў гэта з дыхтоўным розумам і разлічанай урачыстасцю. Нічога не адбывалася без іх удзелу: ці то публічныя гулянні, ці то Паэтычныя гульні, культурныя імпрэзы, дабрачынныя латарэі, патрыятычныя сходы, першы палёт на паветраным шары. Паўсюль былі яны, і амаль заўсёды – каля вытокаў і на грэбені справы. Ніхто не мог і ўявіць сабе, каб нехта быў шчаслівейшы за іх, каб недзе ў свеце існавала такая сямейная гармонія.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю