Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 26 страниц)


Gabriel García Márquez
EL AMOR EN LOS TIEMPOS
DEL CÓLERA
Серыя «Noblesse Oblige»
Габрыель Гарсія Маркес
КАХАННЕ
ПАДЧАС ХАЛЕРЫ
Раман
Пераклад з іспанскай
Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка
Серыя заснавана ў 2017 годзе
Рэдактар серыі Сяргей Макарэвіч
Пераклад з іспанскай Карласа Шэрмана паводле выдання:
Gabriel Garsía Márquez. El amor en los tiempos de cо`lera. Barcelona: Bruguera, 1985.
У афармленні вокладкі выкарыстаны фрагмент карціны Віктора Браўнэра «Фрыка ў выглядзе страху» (1950 г.)
Маркес, Г. Г.
Каханне падчас халеры : раман / Габрыель Гарсія Маркеспер. з ісп. Карласа Шэрмана. – Мінск : А. М. Янушкевіч, 2017. – 368 с. – (Cерыя «Noblesse Oblige»).
ISBN 978-985-7165-43-8.
«Каханне падчас халеры» – раман знакамітага калумбійскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1982 года Габрыеля Гарсія Маркеса (1927—2014).
Прыгажуня Фэрміна Даса адмовілася выйсці замуж за Флярэнтына Арысу, якога кахала. І пабралася шлюбам з іншым. Флярэнтына ж не траціў надзеі некалі падзяліць з каханай шчасце сумеснага жыцця. Праз пяцьдзясят тры гады, сем месяцаў і адзінаццаць дзён яго мара здзейснілася.
Самы аптымістычны твор Маркеса. Упершыню выдаецца па-беларуску.
© GABRIEL GARCÍA MÁRQUEZ, 1985 and Heirs of GABRIEL GARCÍA MÁRQUEZ
© К. Шэрман, пераклад на беларускую мову, 2005
© Афармленне. Выдавец А. М. Янушкевіч, 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Прысвячаецца Мэрсэдэс, вядома ж
Прагрэс не абышоў гэтага месца —
яно нават мае каранаваную багіню.
Леандра Дыяс
Гэта было непазбежна: пах горкіх мігдалаў заўсёды змушаў доктара Хувэналя Урбіна думаць пра лёс тых, чыё каханне адрынулі. Ён улавіў злавесны пах, як толькі пераступіў парог яшчэ пагружанага ў змрок дома, куды накіраваўся з пільнай патрэбы, якая шмат гадоў таму перастала быць для яго пільнай. Антыльскі ўцякач Ерэмія дэ Сэнт-Амур, інвалід вайны, дзіцячы фатограф і самы паблажлівы спаборнік доктара ў шахматных баталіях, пазбавіўся ад пакутаў успамінаў пры дапамозе параў цыяніду золата.
Доктар Урбіна знайшоў труп пад коўдрай на паходным ложку, дзе ўцякач заўсёды спаў. Побач стаяў зэдлік, а на ім – фатаграфічная кювета: менавіта гэтая кювета і спатрэбілася яму напаследак, цяпер для атруты. На падлозе, прывязанае да ложка, ляжала нежывое цела вялікага дацкага дога – чорнага, са снежнай грудкай, а побач валяліся мыліцы. Той ранняй гадзінай у душны ды цесны пакой, які адначасова служыў спальняй і лабараторыяй, праз адчыненае акно толькі пачало прабівацца святло, аднак і яго было досыць, каб тут жа распазнаць уладарку-смерць. Астатнія вокны, як і ўсялякія іншыя шчыліны ў пакоі, былі заткнутыя анучамі ды чорным кардонам, – таму гэтак адчувалася цяжкая духата. Вялікі стол быў завалены рознымі бутэлечкамі і цюбікамі без апазнавальных надпісаў. Дзве аблупленыя металёвыя кюветы стаялі пад звычайнай лямпай у чырвоным папяровым абажуры. Трэцяя ванначка – для фіксажу – знаходзілася каля нябожчыка. Наўкола валяліся старыя часопісы і газеты, стосы шкляных фотанегатываў, паламаная мэбля, але чыясьці старанная рука берагла ўсё гэта ад пылу. Хоць паветра, што трапіла ў пакой праз адчыненае акно, і ачысціла памяшканне ад пабочных пахаў, той, хто колісь зведаў пах горкіх мігдалаў, яшчэ мог адчуць ледзь улоўны павеў нешчаслівага кахання. Не аднойчы доктар Хувэналь Урбіна думаў пра жытло прыяцеля, што гэта не самае ўдалае месца для смерці з Божае ласкі. Аднак змрочных прадчуванняў не было, і з цягам часу ён неяк прызвычаіўся ды вырашыў, што гэты гармідар усё-ткі падначалены загадкаваму наканаванню нябёсаў.
Камісар паліцыі апярэдзіў яго. Ён ужо быў тут разам з юнаком, які праходзіў практыку па судова-медыцынскай экспертызе ў дыспансеры муніцыпалітэта, і менавіта яны праветрылі пакой і ўкрылі нябожчыка, чакаючы доктара Урбіна. Абодва павіталіся з ім урачыста, і гэтым разам выказвалі, хутчэй, спачуванне, чымся пашану, бо не было чалавека, які б не ведаў пра доктарава сяброўства з нябожчыкам Сэнт-Амурам. Знакаміты мэтр падаў ім руку, як заўжды вітаўся з кожным са сваіх студэнтаў перад штодзённай лекцыяй па агульнай клініцы, пасля ўзяў край коўдры двума пальцамі, нібыта кветку, і ўзняў яе, агаляючы нябожчыка павольна, з рытуальнай маруднасцю. Цела было зусім голым, сутаргава скрыўленым і ссінелым, з расплюшчанымі вачыма. Нябожчык выглядаў на шмат гадоў старэйшым, чым мінулай ноччу. Зрэнкі былі празрыстыя, барада і валасы – пажоўклыя, а стары шнар перасякаў жывот. Ён быў калісьці зашыты простай грубай ніткай. Торс і рукі, напрацаваныя мыліцамі, выглядалі моцнымі, рыхтык як у галерніка, затое якімі кволымі былі ногі! Доктар Хувэналь Урбіна паглядзеў на яго і адчуў – сэрца сціснулася, як толькі зрэдчас бывала за доўгія гады бясплённай вайны са смерцю.
– Баязлівец, – шапнуў ён. – Самае страшнае ўжо мінулася.
Ён ахінуў яго коўдрай і зноў адчуў сваю акадэмічную годнасць. Летась доктар тры дні афіцыйна адзначаў сваё васьмідзесяцігоддзе і ў прамове ўдзячнасці ўжо не ўпершыню пераадолеў спакусу адысці ад справы. Ён сказаў: «У мяне будзе зашмат часу на адпачынак пасля смерці, але гэтае сумнае мерапрыемства пакуль не ўваходзіць у мае планы». Хоць правым вухам доктар чуў усё горш і карыстаўся кіем са срэбнай булдавешкай, каб хаваць няўпэўненасць хады, ён, як і ў маладосці, насіў ільняную тройку, камізэльку якой упрыгожваў залаты ланцужок гадзінніка. Пастэраўская бародка, што паблісквала перламутрам, і срэбныя валасы, акуратна зачасаныя на просты прабор, былі слушнымі паказнікамі ягонага характару. Усё больш трывожную эрозію памяці ён па мажлівасці кампенсаваў цыдулкамі на шматках паперкі, якія зрэшты блыталіся па кішэнях, як інструменты і флаконы з лекамі сярод рознай драбязы ў набітым партфелі. Ён быў не толькі найстарэйшым і найслыннейшым лекарам, але і найэлегантнейшым чалавекам у горадзе. Аднак праз неадольнае жаданне бліснуць эрудыцыяй і далёка не беззаганную манеру карыстацца сілай свайго імя яго паважалі менш, чым ён заслугоўваў.
Інструкцыі камісару і практыканту ён выдаў дакладна і шпарка. Не трэба губляць час на ўскрыццё. Паху ў доме досыць, каб вызначыць: прычынай смерці сталіся пары цыяністай солі. Каб выклікаць рэакцыю ў скрыні, фатограф выкарыстаў кіслату, якую меў для працы, а нешчаслівы выпадак выключаўся, бо Ерэмія дэ Сэнт-Амур выдатна ведаў хімію. Калі камісар завагаўся, доктар паразіў яго, нібыта ўдарам шпагі, тыловым для яго: «Не забудзьма, пасведчанне аб смерці падпісваю я». Практыкант быў расчараваны: яму ніколі не даводзілася бачыць на практыцы ўплыў цыяніду на арганізм чалавека. Доктар Хувэналь Урбіна здзівіўся, што раней не бачыў юнака ў Школе медыцыны, але, заўважыўшы сарамлівасць і андыйскае вымаўленне, уцяміў: ён, відаць, зусім нядаўна прыехаў у горад. І сказаў яму: «Хопіць яшчэ вар’ятаў ад кахання, праз дзён колькі і ў вас будзе мажлівасць». І толькі вымавіўшы гэта, схамянуўся, бо сярод безлічы самагубцаў, якія ўжывалі цыяністую соль, на ягонай памяці гэта быў першы, хто пакінуў свет не з прычыны нешчаслівага кахання. Штосьці змянілася ў ягоным голасе.
– Вось тады і звярніце ўвагу, – дадаў ён, – у іх зазвычай пясок у сэрцы.
Потым доктар Урбіна загаварыў з камісарам, нібыта з падначаленым. Ён загадаў абысці ўсялякія фармальнасці з тым, каб пахаванне адбылося сёння ж увечары і цалкам патаемна. І падкрэсліў: «Я пагутару з алькальдам[1] пазней». Доктар Урбіна ведаў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур жыў надзвычай аскетычна, у найвышэйшай ступені сціпла, але сваім мастацтвам зарабляў шмат болей, чымся трэба для пражыцця, таму ў якой-небудзь шуфлядзе мусяць быць грошы, на хаўтурныя выдаткі будзе досыць.
– А калі і не знойдзеце, не бяда, – удакладніў ён, – я бяру ўсё на сябе.
Ён загадаў сказаць журналістам, што фатограф памёр натуральнай смерцю, хоць і падумаў: навіна не зацікавіць іх ні з якога боку. І падкрэсліў: «Калі трэба, я пагутару з губернатарам». Камісар быў чыноўнікам сур’ёзным ды нешматслоўным, ён ведаў, што мэтр сваім грамадзянскім сумленнем раздражняў нават самых блізкіх і цярплівых сяброў, таму яго здзіўляла лёгкасць, з якой доктар, каб паскорыць пахаванне, абыходзіў законныя працэдуры. Камісар адно што не пагадзіўся на размову з арцыбіскупам, каб той дазволіў пахаваць Ерэмію дэ Сэнт-Амура ў святой зямлі гарадскіх могілак. Праўда, ён тут жа засмуціўся з-за сваёй дзёрзкасці і паспрабаваў неяк згладзіць няёмкую сітуацыю.
– Я так разумею, гэта быў святы чалавек, – сказаў ён.
– Не тое слова, – адказаў доктар Урбіна, – гэта быў святы атэіст. Але ў гэтых справах толькі Бог суддзя.
Здалёк, з іншага краю каланіяльнага горада, пачуліся званы кафедральнага сабора, якія склікалі да ўрачыстага набажэнства на Святую Сёмуху. Доктар Урбіна надзеў пенснэ са шкельцамі-палавінкамі ў залатой асадзе і зірнуў на гадзіннік, квадратны і тонкі, з вечкам на спружыне: яшчэ трошкі, і ён прапусціў бы святочную імшу.
У пакоі стаяла вялізная фотакамера на маленькіх колах, такая, як у парках; насупраць вісеў заднік з намаляваным самаробнымі фарбамі захадам сонца над морам. Сцены ж былі ўвешаныя дзіцячымі партрэтамі: першая камунія, першы карнавал, шчаслівы дзень нараджэння. Доктар Урбіна год за годам назіраў, як паступова пад фотапаперай знікалі сцены, меркаваў аб гэтым падчас засяроджаных вечаровых роздумаў і не раз думаў з адчаем прадчування, што ў гэтай галерэі выпадковых партрэтаў крыецца зародак будучага горада, якім будуць кіраваць, давядуць яго да распусты гэтыя незнаёмыя дзеці, і ў якім не застанецца і попелу ад ягонай, доктара Урбіна, славы.
На пісьмовым стале, каля шклянкі з курыльнымі люлькамі старога марскога ваўка, засталася шахматная дошка з незавершанай партыяй. Нягледзячы на спешку й змрочны настрой, доктар Урбіна не ўтрымаўся ад спакусы прааналізаваць партыю. Ён дакладна ведаў, што гэта была партыя мінулага вечара, бо Ерэмія дэ Сэнт-Амур гуляў штовечар і як мінімум з трыма рознымі партнёрамі, але заўжды, завяршаючы гульню, клаў фігуркі ў скрыню, а скрыню – у шуфлядку стала. Ведаў ён і тое, што нябожчык гуляў толькі белымі, і ў гэтай партыі, увачавідкі, яго чакала немінучая параза праз чатыры хады. «Калі б размова ішла пра забойства, вось дзе была б зачэпка, – сказаў ён сабе. – Толькі адзін чалавек у горадзе здолеў бы падвесці да такой геніяльнай пасткі». Для доктара Урбіна жыццё сталася б невыносным, калі б пазней ён не дазнаўся, чаму непакорлівы салдат, які звычайна змагаўся да апошняй кроплі крыві, пакінуў поле апошняй у жыцці бітвы дачасна.
А шостай ранку, падчас канчатковага абходу, вулічны вартаўнік заўважыў паперу, прыколатую да ўваходных дзвярэй: «Зайдзіце без стуку ды выклічце паліцыю». Неўзабаве з’явіўся камісар з практыкантам, і яны разам абыходзілі дом у пошуках абвяржэння недвухсэнсоўнага паху горкіх мігдалаў, але дарэмна. Аднак цяпер, за лічаныя хвіліны, што спатрэбіліся доктару для разбору незавершанай партыі, камісар знайшоў сярод папер на пісьмовым стале канверт, адрасаваны доктару Хувэналю Урбіна ды так запячатаны плямінамі сургуча, што давялося літаральна раздзерці яго, каб дастаць ліст. Доктар адвёў чорную фіранку з акна майстэрні, – інакш было цёмна, – потым шпарка прагледзеў усе адзінаццаць старонак, якія ўцякач напісаў з двух бакоў разборлівым почыркам, і як толькі прачытаў першы абзац, зразумеў, што давядзецца забыць пра прычасце на стольным свяце Сёмухі. Ён чытаў у вялікім хваляванні, вяртаючыся на некалькі старонак, каб знайсці страчаную нітку сэнсу, і калі завершыў чытанне, яму здавалася, што ён толькі што вярнуўся здалёк, праз перашкоды часу і прасторы. Прыгнечанасць была відавочнай, хоць ён старанна яе хаваў: на ягоныя вусны легла смяротная сінеча, ён не здолеў суняць дрыготку ў пальцах, калі складваў ліст і засоўваў яго ў кішэню камізэлькі. Тут ён узгадаў пра камісара з практыкантам і ўсміхнуўся ім праз туман смутку.
– Нічога асаблівага, – уздыхнуў ён, – тут апошнія даручэнні.
Гэта было праўдай толькі напалову, але яны паверылі яму, бо ён загадаў узняць адну з плітак падлогі, пад якой яны знайшлі старадаўні блакнот з запісамі прыбыткаў-выдаткаў і кодам сейфа. Там было менш грошай, чым яны чакалі, але цалкам хапала на хаўтурныя і іншыя выдаткі. Доктар Урбіна нарэшце ўцяміў, што не паспее ў кафедральны сабор нават да канца заключнага псалма.
– У трэці раз я прапускаю нядзельную імшу з тае пары, як помню сябе, – уздыхнуў ён. – Даруй мне Божа.
Ён затрымаўся яшчэ на колькі хвілін, распарадзіўся пра ўсё да драбязы, хоць ледзь стрымліваў жаданне як мага хутчэй падзяліцца з жонкай адкрыццямі ашаламляльнага ліста. Ён узяўся перадаць вестку пра смерць Ерэміі дэ Сэнт-Амура шматлікім карыбскім уцекачам, што жылі ў горадзе, бо яны, верагодна, захочуць развітацца з найбольш шаноўным, актыўным і непакорлівым з іх, хоць было відавочна, што з гадамі яго апанавала расчараванне. Акрамя таго, доктар Урбіна паведаміць сумную навіну прыяцелям па гульні ў шахматы, сярод якіх былі і вядомыя гораду людзі, і невядомыя рамеснікі; ён распавядзе пра сумнае здарэнне нават тым, хто зрэдчас заходзіў на партыю-другую, яны, магчыма, захочуць прыйсці на пахаванне. Яшчэ не прачытаўшы ліст, ён думаў, што быў самым лепшым сябрам нябожчыка, але пасля чытання страціў усялякую ўпэўненасць. Так ці іначай, ён прышле найлепшы вянок з гардэній, – хто ведае, а мо Ерэмія дэ Сэнт-Амур адчуў перад смерцю хоць хвіліннае каянне. Пахаванне прызначылі на пятую ўвечары – найлепшы час у спякотны сезон года. Калі будзе патрэба, доктара можна будзе знайсці апоўдні або пазней у загараднай сядзібе доктара Лясыдэса Алівэллі, яго ўлюбёнага вучня, які ў той жа дзень адзначаў срэбнае вяселле з медыцынскай прафесіяй урачыстым абедам.
Распарадак дня доктара Хувэналя Урбіна, які ён вызначыў раз і назаўсёды з тае пары, як засталіся ззаду гады першых баявых хрышчэнняў, і ён дасягнуў найвышэйшай пашаны ў правінцыі, быў надзвычай простым. Уздымаўся ён з першымі пеўнямі і адразу прымаў свае патаемныя лекі: бромісты калій для падняцця гумору, саліцылавы натар ад ламаты перад дажджом, колькі кропель выціску прарослага жыта ад кружэння галавы, беладонну для спакойнага сну. Лекі ён прымаў штогадзіны, заўжды ўпотайкі, бо цягам усёй сваёй лекарскай ды выкладчыцкай практыкі і ўслых выказваўся супроць прызначэння паліятыўных сродкаў ад старасці: чужы боль ён перажываў лягчэй, чым свой. У кішэні ў яго заўсёды была падушачка з камфарай, і, калі ніхто не бачыў, ён глыбока ўдыхаў яе пары, – гэта нібыта здымала страх, які ўнушала блытаніна з лекамі, што ён прымаў.
Гадзіну доктар бавіў у сваім кабінеце, рыхтуючы лекцыю па агульнай клініцы: ён выкладаў у Школе медыцыны ад восьмай ранку кожны дзень ад панядзелка да суботы да самага пярэдадня сваёй смерці. Ён таксама з ахвотай знаёміўся з новымі літаратурнымі творамі, якія дасылаў яму па пошце парыжскі бібліятэкар або замаўляў для яго ў Барселоне гаспадар мясцовай кнігарні, хоць за іспанамоўнай літаратурай не сачыў гэтак, як за французскай. Аднак ён ніколі не чытаў уранні – толькі гадзінку пасля сіесты[2], і ўначы, перад сном. Падрыхтаваўшыся да заняткаў, ён рабіў у ванным пакоі пятнаццаціхвілінную дыхальную зарадку перад адчыненым акном, – ён дыхаў толькі ў той бок, адкуль чуваць было спеў пеўняў; з таго боку ішло свежае паветра. Потым ён прымаў ванну, падпраўляў бародку, напамаджваў вусы, ахутаны сапраўдным адэкалонам ад Фарыны Гегенюбэр, надзяваў белую ільняную тройку, мяккі капялюш і саф’янавыя чаравікі. Ён размяняў восемдзесят другі год, захаваўшы зграбныя манеры і вясёлы нораў, з якімі колісь вярнуўся з Парыжа пасля страшэннай эпідэміі халеры, і валасы, якія ён старанна зачэсваў на просты прабор, заставаліся дакладна такімі, як у маладосці, хіба што набылі лёгкае металёвае адценне. Снедаў ён у сямейным атачэнні, але прытрымліваўся адметнай дыеты: адвар з кветак палыну, карысны для страўніка, і галоўка часныку, каб не было спазмаў сэрца, – ён чысціў кожны зубчык і жаваў яго старанна з лустаю хлеба. Пасля лекцыі доктар рэдка не быў заняты ажыццяўленнем якой-небудзь ініцыятывы агульнагарадскога маштабу, касцельным мерапрыемствам або якой іншай мастацкай ці сацыяльнай прыдумкай.
Абедаў ён амаль заўжды дома, пасля праводзіў сіесту хвілін на дзесяць, седзячы на тэрасе, што выходзіла ва ўнутраны дворык. Скрозь сон ён чуў спевы прыслужніц у ценю мангавых дрэў, воклічы вулічных гандляроў, шыпенне алею і трэск матораў з бухты, смурод з якой лунаў у доме ў гадзіны дзённай спякоты, бы анёл, асуджаны на гніенне. Пасля ён з гадзіну чытаў новыя кніжкі, перадусім раманы і гістарычныя доследы, вучыў французскай мове і песням хатняга папугая, які здаўна стаў мясцовай славутасцю. А чацвёртай выпіваў вялікі збан ліманаду з ільдом і выходзіў на візіты да хворых. Нягледзячы на паважны век, ён адмаўляўся прымаць пацыентаў у хатнім кабінеце і працягваў наведваць іх сам: горад усё ж заставаўся такім утульным, што можна было куды заўгодна зайсці пехатою.
Вярнуўшыся першы раз з Еўропы, ён стаў ездзіць у фамільным ландо з парай светла-гнядых коней, але ландо з гадамі стала непрыгодным, і ён замяніў яго на аднаконную пралётку, карыстаўся ёю ўвесь час, не зважаючы на моду, нават калі экіпажы пачалі знікаць з ужытку, а на тых, што засталіся, каталі турыстаў або вазілі развітальныя вянкі на пахаваннях.
Хаця ён адмаўляўся сыходзіць на адпачынак, ён разумеў, што яго выклікаюць толькі да безнадзейных пацыентаў, і лічыў гэта пэўнай формай спецыялізацыі. Ён мог вызначыць з першага погляду, што з хворым, і ўсё меней давяраў патэнтаваным лекам, а распаўсюджанне хірургіі непакоіла яго. «Скальпель – слушны доказ паразы медыцыны», – казаў ён. Доктар уважаў, што, па вялікім рахунку, любыя лекі ёсць атрутай, а семдзесят адсоткаў з паўсядзённых прадуктаў харчавання набліжаюць смерць. «Наогул, – казаў ён студэнтам, – тое нямногае, што вядома медыцыне, ведаюць толькі лічаныя лекары». Ад свайго маладога энтузіязму ён перайшоў да пазіцыі, якую сам вызначыў як фаталістычны гуманізм: «Кожны чалавек – гаспадар сваёй смерці, і калі надыходзіць час, мы здольныя толькі дапамагчы памерці без страху і болю». Але, не зважаючы на гэтыя скрайнасці, якія сталіся часткай мясцовага медыцынскага фальклору, ягоныя былыя студэнты, ужо дактары са стажам, працягвалі кансультавацца з Хувэналем Урбіна, бо прызнавалі за ім тое, што завецца «вокам клініцыста». Як бы тое ні было, ён заўсёды быў лекарам дарагім і элітарным, ягоная кліентура жыла ў радавых сядзібах квартала Віцэ-каралёў.
Дзень быў так скрупулёзна распісаны, што ў тэрміновым выпадку жонка магла накіраваць яму цыдулку менавіта ў той дом, дзе ён у гэты час знаходзіўся з візітам. У маладосці, бывала, затрымліваўся ў прыходскай кавярні пасля абыходу пацыентаў і там удасканальваў шахматнае майстэрства з цесцевымі знаёмцамі ды карыбскімі ўцекачамі. Але на пачатку новага стагоддзя ён кінуў хадзіць у кавярню і паспрабаваў арганізаваць нацыянальныя турніры пад эгідай мясцовага клуба. Якраз тады з’явіўся Ерэмія дэ Сэнт-Амур, ужо са змярцвелымі каленямі, але яшчэ без рамяства дзіцячага фатографа, і праз тры месяцы яго ведалі нават тыя, хто ледзь навучыўся рушыць слана па дошцы, бо ніхто не здолеў выйграць у яго ніводнай партыі. Для доктара Хувэналя Урбіна сустрэча тая была нібыта цуд, шахматы сталі яго неўтаймаванай жарсцю, і амаль не было спаборнікаў, якія б спатолілі яе.
Дзякуючы яму Ерэмія дэ Сэнт-Амур стаў тым, кім быў сярод нас. Доктар Урбіна апекаваўся ім без якойсьці ўмовы, зрабіўся ягоным асабістым і бясспрэчным крэдыторам, нават не паспрабаваўшы дазнацца, што гэта за чалавек, чым займаўся раней, якія зняслаўленыя войны прывялі яго да інваліднасці і выгнання. Нарэшце доктар пазычыў яму грошай на абсталяванне майстэрні, і з тае пары, як Ерэмія дэ Сэнт-Амур зрабіў першы здымак спуджанага ад успышкі магнія немаўляці, ён вяртаў пазыку з дакладнасцю пазументніка, усё да апошняга шэлега.
А ўсё шахматы. Спачатку гулялі а сёмай пасля вячэры, са справядлівымі саступкамі для доктара, бо перавага ўцекача была відавочнай, але з кожным днём саступкі рабіліся ўсё меншымі, пакуль яны не пачалі гуляць нароўні. Пазней, калі дон Галілеа Даконтэ заснаваў першы ў горадзе кінематограф пад адкрытым небам, Ерэмія стаў найвярнейшым з яго кліентаў, і шахматныя партыі гуляліся толькі тады, калі не было кінапрэм’еры. Уцякач так пасябраваў з доктарам, што апошні хадзіў з ім у кіно, але заўжды без жонкі, бо, з аднаго боку, ёй бракавала цярплівасці адсочваць нітку складанага сюжэта, а з другога, Урбіна нібы падсвядома адчуваў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур нікому б не мог скласці належнай кампаніі.
У нядзелю распарадак доктара быў іншым. Ён хадзіў на абедню ў кафедральны сабор, пасля вяртаўся дадому, адпачываў і чытаў на тэрасе. У дзень адпачынку ён вельмі рэдка выходзіў на візіт, хіба што ў тэрміновых выпадках, і шмат гадоў запар ён не браўся ні за якія грамадскія справы, калі яны не былі сапраўды абавязковымі. У той дзень Сёмухі па неверагодным супадзенні сышліся два надзвычай рэдкія здарэнні: смерць сябра і срэбны юбілей славутага вучня. Тым не менш, замест таго, каб тэрмінова вярнуцца дадому, як ён разлічваў, пасля засведчання смерці Ерэміі дэ Сэнт-Амура, доктар раптам вырашыў спатоліць неадольную цікаўнасць.
Сеўшы ў пралётку, ён яшчэ раз прабег вачыма перадсмяротны ліст і загадаў возніку везці яго да пэўнага дома ў былым квартале рабоў па даволі блытаным маршруце. Гэткае рашэнне настолькі не вязалася з ягонымі звычкамі, што вознік адважыўся перапытаць, ці так ён зразумеў. Памылкі не было, адрас быў паўтораны, а ў тым, што запісана дакладна, сумневы адпалі адразу. Па дарозе доктар Урбіна перачытаў ліст ад першай старонкі, наноў паглыбіўшыся ў крыніцу непрыемных адкрыццяў, якія маглі б перакуліць ягонае жыццё, нават нягледзячы на ўзрост, калі б ён здолеў пераканацца, што ліст – не трызненне вар’ята.
Нябёсы пачалі губляць гумор яшчэ ўранні, было хмарна і халаднавата, але дажджу да абеду не чакалася. Спрабуючы знайсці найкарацейшы шлях, вознік паглыбіўся ў брукаваны лабірынт каланіяльнага горада, і яму часам прыходзілася спыняць каня, каб яго не спудзілі гарэзлівыя школьнікі і паства, што вярталася з імшы. На вуліцах, упрыгожаных папяровымі гірляндамі ды кветкамі, гучала музыка, дзяўчаты з муслінавымі фальбонкамі на сукенках і рознакаляровымі парасонамі сачылі за святочным шэсцем з балконаў. На Кафедральным пляцы, дзе сярод афрыканскіх пальмаў і шароў новых ліхтароў ледзь праглядваўся помнік Вызваліцелю[3], надарыўся аўтамабільны затор, натоўп выходзіў з храма, і ў рэспектабельнай і шумнай прыходскай кавярні не было ніводнага вольнага месца. Адзіным конным экіпажам у заторы быў той, што належаў доктару Урбіна, і ён адрозніваўся ад тых нямногіх, што засталіся ў горадзе, бляскам лакаванага верху, бронзавай акоўкай, каб не зжэр яе салёны вецер, чырвона-залатымі вензелямі на колах і аглоблях, акурат як у венскіх карэтах для ўрачыстага наведвання оперы. Апрача таго, самыя манерныя сямействы здавольваліся тым, што іхныя вознікі апраналі чыстую кашулю, а доктар па-ранейшаму патрабаваў ад свайго, каб той з’яўляўся толькі ў старой аксамітнай ліўрэі і ў цыліндры цыркавога ўтаймавальніка, а гэта было не толькі анахранізмам, але, зважаючы на карыбскую спякоту, і адсутнасцю міласэрнасці.
Доктар Хувэналь Урбіна любіў горад фанатычна і ведаў яго лепш за ўсіх, але раней ён амаль не меў мажлівасці заехаць у нетры былога квартала рабоў. Возніку давялося нямала пакруціцца-панарэзаць ды колькі разоў спытаць дарогі, бо ён ніяк не мог знайсці патрэбны адрас. У глыбіні квартала доктар Урбіна адчуў чмур, спрадвечную балотную цішу з тапельным смуродам, які раніцой уздымаўся над горадам і ўваходзіў з бессанню ў ягоную спальню, прымешваючыся ў палісадніку да водару язміну, і тады ён пераносіў пахі абыякава, нібы вецер, што мінуўся і не мае ніякіх адносінаў да яго жыцця. Але смурод, трохі ідэалізаваны настальгіяй старога месціча, стаў невыноснай рэальнасцю, калі пралётка пачала падскокваць па ямінах балоцістай вуліцы, дзе аўры[4] дзяўбліся за адкіды з мясабойні, што выносіў марскі прыліў. У адрозненне ад камяніцаў квартала Віцэ-каралёў, тут усе дамы былі драўлянымі і аблезлымі, а дахі цынкавымі. Большасць будынкаў стаялі на драўляных палях, – толькі гэта ратавала ад сцёкаў адкрытай каналізацыі, што была яшчэ іспанскаю спадчынай. Усё гэта мела жахлівы і беспрытульны выгляд, але з тавернаў далятала грымаценне бязбожнай святочнай музыкі, бо тут касцельных канонаў не прытрымліваліся – гэта была Сёмуха галечы. Калі, нарэшце, знайшлі патрэбны адрас, за пралёткай ужо гналася чарада аголеных дзяцей, якія кпілі з тэатральнага ўбрання возніка, і той мусіў адганяць малых пугай. Доктар Урбіна, падрыхтаваны да канфідэнцыйнай сустрэчы, зразумеў надта позна, што няма на свеце наіўнасці больш небяспечнай, чымся наіўнасць ягонага веку.
Звонку дом без нумару нічым не адрозніваўся ад іншых, меней шчаслівых, хіба што карункавымі фіранкамі на вокнах і цяжкімі дзвярыма – калісьці іх знялі, відаць, з нейкай старажытнай бажніцы. Вознік пагрукаў малаточкам, дазнаўся, што адрас супаў, дапамог доктару выйсці з пралёткі. Дзверы адчыніліся бязгучна, у цемры вітальні стаяла жанчына сталага веку, убраная ва ўсё чорнае, з чырвонай ружай за вухам. Нягледзячы на свае гады, а ёй было не менш за сорак, яна была статнай мулаткай з залацістымі калючымі вачыма і валасамі, прычасанымі да галавы так шчыльна, нібы каска з металічнай ваты. Доктар Урбіна не пазнаў яе, хоць бачыў неаднойчы, ахутаны туманам шахматнай гульні, у майстэрні фатографа, і колісь нават прапісаў ёй хінныя кроплі ад рэцыдываў малярыі. Ён працягнуў руку, і яна прыняла яе не так дзеля вітання, як дзеля таго, каб дапамагчы ўвайсці. У зале доктар адчуў свежыню і шапаценне нябачнага саду, ён азірнуўся і ўбачыў мэблю і мноства гожых рэчаў, кожная з якіх займала ўласнае, натуральнае месца. Доктар Урбіна без горычы прыгадаў антыкварную краму ў Парыжы, восеньскі панядзелак мінулага стагоддзя ў доме 26 на Манмартры. Між тым жанчына прысела насупраць і загаварыла з адчувальным акцэнтам:
– Будзьце як дома, доктар, – казала яна. – Я не чакала вас так хутка.
Доктар Урбіна пачуўся здраджаным. Ён паглядзеў са спагадай на яе, на яе жалобны строй, і на годнасць яе смутку, і тады ўцяміў – яго візіт не меў сэнсу, яна лепш за яго ведае ўсё, што напісаў і вытлумачыў у перадсмяротным лісце Ерэмія дэ Сэнт-Амур. Так яно і было. Яна знаходзілася пры ім ледзьве не да самае смерці, таксама, як і на працягу дваццаці гадоў з тым абагаўленнем і пакорлівай пяшчотай, якія надта ж нагадвалі чыстае каханне і пра якія ніхто не ведаў у санлівай сталіцы правінцыі, дзе ўсім былі вядомыя нават дзяржаўныя таямніцы. Яны пазнаёміліся ў прыдарожным шпіталі Порт-а-Прэнсу, горада, дзе яна нарадзілася і дзе ён жыў першы час, калі стаў уцекачом, і яна прыехала да яго ўжо сюды, у гэты горад, праз год, як быццам ненадоўга, хоць абодва ведалі, што яна застанецца тут назаўжды. Яна прыбірала майстэрню штотыдзень, але нават самыя падазроныя суседзі не бачылі ўсёй праўды: яны, як усе, меркавалі, што інваліднасць Ерэміі тычылася не толькі хворых ног. Сам доктар Урбіна таксама лічыў так з вельмі грунтоўных прычын медыцынскага характару і ні за што не паверыў бы, што ў Ерэміі дэ Сэнт-Амура была жанчына, калі б той не прызнаў гэта ў лісце. Аднак ён не мог уцяміць, чаму двое дарослых і вольных людзей без грахоўнага мінулага, амаль падпадаючы пад прымхлівую падазронасць эгаістычнага грамадства, абралі рызыку забароненага кахання. Яна патлумачыла яму: «Так ён захацеў». Да таго ж, патаемнасць, раздзеленая з мужчынам, які ніколі не належаў ёй цалкам, патаемнасць, якая не аднойчы даравала ім імгненныя выбухі шчасця, не здавалася ёй чымсьці адмоўным. Наадварот: самое жыццё давяло, што іхная сувязь была прыгожай.
Напярэдадні ўвечары яны схадзілі ў кіно паасобку, з квіткамі ў розных месцах, як хадзілі не менш, чым двойчы на месяц з тае пары, як італьянскі імігрант дон Галілеа Даконтэ адчыніў свой салон пад адкрытым небам на руінах кляштара XVII стагоддзя. Глядзелі яны экранізацыю папулярнай летась кніжкі, якую доктар Урбіна чытаў з адчаем у сэрцы і ўсведамленнем варварства вайны, – «На Заходнім фронце без зменаў». Затым яны сустрэліся ў майстэрні, ён здаваўся сумным і разгубленым, але яна падумала, што на яго паўплывалі жудасныя сцэны, дзе параненыя салдаты паміралі ў дрыгве. Яна паспрабавала развеяць сум, запрасіла згуляць партыю ў шахматы, і ён пагадзіўся дзеля яе, але гуляў няўважліва, белымі, вядома ж, здагадаўся раней за яе, што праз чатыры хады ягоная параза немінучая, і бясслаўна здаўся. Доктар Урбіна ўцяміў, што спаборнікам апошняй партыі была яна, а не генерал Хероніма Арготэ, як ён меркаваў раней. Ён зачаравана шапнуў:
– Вы згулялі цудоўна!
Яна настаяла на тым, што тое была не яе заслуга, проста Ерэмія дэ Сэнт-Амур ужо блукаў у тумане смерці і рушыў фігуркі без імпэту. Калі ён перарваў партыю, прыблізна ў чвэрць на дванаццатую, бо было чуваць, што скончыліся музыка і танцы, ён папрасіў, каб яна пакінула яго аднаго, бо хацеў напісаць ліст доктару Хувэналю Урбіна, якога лічыў найбольш паважаным чалавекам з усіх, каго ведаў, і, апрача таго, задушэўным сябрам, як ён любіў казаць, нягледзячы на тое, што збліжала іх адно адданасць шахматнай гульні, якую яны ўспрымалі як дыялог розуму, а не як навуку. Тады яна і даведалася, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур добраахвотна патанаў у агоніі, і яму заставалася часу не больш, чым на напісанне ліста. Доктар Урбіна не мог ёй паверыць:
– Дык вы ўсё ведалі! – усклікнуў ён.
– Не толькі ведала, – пацвердзіла яна, – але і дапамагла перанесці агонію з тым жа каханнем, з якім дапамагала адкрываць шчасце. Бо такімі былі яго апошнія адзінаццаць месяцаў: жорсткай агоніяй.
– Ваш абавязак быў паведаміць, – сказаў доктар.
– Я б не здолела, – адказала яна абурана, – я надта кахала яго.
Доктар Урбіна, які лічыў, што ўжо чуў што заўгодна на свеце, не прыгадваў нічога падобнага, да таго ж, сказанага з такой шчырасцю. Ён паглядзеў на яе, усмоктваючы вобраз усімі пачуццямі, каб прыгадаць яе менавіта такой, якой яна была ў той момант: яна здавалася яму ідалам на беразе ракі, без ценю страху, у чорнай вопратцы, са змяінымі вачыма і ружай за вухам. Даўно, калі яны абое ляжалі аголеныя пасля кахання на бязлюдным гаіцянскім пляжы, Ерэмія дэ Сэнт-Амур раптам уздыхнуў: «Ніколі не буду старым». У гэтых словах яна ўгледзела смелы намер бязлітасна змагацца са шкодай, якую прыносіць час, але ён удакладніў: у ім выспела непахісная рашучасць скончыць жыццё самагубствам у шэсцьдзесят гадоў.








