Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 26 страниц)
– Але галоўнае, – тлумачыла маці, – ты мусіш заваяваць спачатку не яе, а цётку.
Парады, безумоўна, былі мудрымі, але, на жаль, запозненымі, бо менавіта ў той дзень, калі Фэрміна Даса адарвалася ад чытання і ўзняла вочы, каб паглядзець, хто праходзіць пад скляпеннямі галерэі, Флярэнтына Арыса ўразіў яе сваёй аўрай безабароннасці. Увечары, падчас вячэры, бацька гаварыў пра тэлеграму, і такім чынам яна дазналася, навошта прыходзіў Флярэнтына Арыса ў дом і якая ў яго прафесія. Гэта падштурхнула яе цікавасць, бо для яе, як і для многіх людзей таго часу, вынаходніцтва тэлеграфа мела пэўную сувязь з магіяй. Так што яна пазнала яго, угледзеўшы ў скверыку, калі ён нібыта чытаў пад ценем мігдалавага дрэва, аднак і знаку не падала, пакуль цётка не заўважыла, што ён тырчыць на адным месцы ўжо не першы тыдзень. Пазней, калі яны ўбачылі яго і пасля нядзельнай імшы, цётка канчаткова пераканалася ў тым, што такія частыя сустрэчы не могуць быць выпадковымі. І сказала пляменніцы: «Не дзеля мяне ён гэтак выпінаецца». Нягледзячы на суворыя паводзіны і манаскую вопратку, цётка Эскалястыка Даса адчувала ў сабе лішку жыццёвае моцы і пакліканне да саўдзелу, што былі яе найлепшыя якасці. Адна думка пра тое, што мужчына праяўляе зацікаўленасць пляменніцай, выклікала ў яе буру пачуццяў. Аднак Фэрміна Даса была яшчэ далёкая нават ад простай цікаўнасці да праяў кахання, і Флярэнтына Арыса адно абудзіў пэўнае шкадаванне – ёй здавалася, што ён хворы. Але цётка патлумачыла, што трэба жыць і жыць, каб спасцігнуць сапраўдную сутнасць мужчыны, і што яна не сумняецца: ён прыходзіць у скверык, каб пабачыць яе, і дыягназ у яго адзін – каханне.
Цётка Эскалястыка была крыніцаю разуменне й пяшчоты для самотнай дзяўчыны, чые бацькі пражылі разам без любові. Цётка гадавала дзяўчыну са дня смерці маці, а ў дачыненні да свайго брата Лярэнса паводзілася, хутчэй, як старэйшая сяброўка, чым сястра. Так што зяўленне Флярэнтына Арысы сталася для іх адной з тых патаемных забаў, якія яны прыдумлялі, каб аздобіць жыццё застылага ў часе дома. Чатыры разы ў дзень, праходзячы ўздоўж Евангельскага скверыка, яны неўпрыкмет кідалі позірк у бок бледнага і сціплага, каб не сказаць вартага жалю, вартаўніка кахання, які амаль заўжды быў у чорным строі, нягледзячы на спякоту, і засяроджана рабіў выгляд, што чытае. «Вунь ён», – гаварыла тая з іх, якая заўважала яго першай, і тады яны душыліся са смеху. А ён уздымаў вочы і бачыў дзвюх суворых асоб, далёкіх ад ягонага жыцця, – яны рушылі ўздоўж скверыка, нібы не заўважаючы яго.
– Ах ты, гаротнік, – сказала аднойчы цётка. – Ён не адважваецца падысці, бо з табою я, але прыйдзе дзень і, калі ў яго сур’ёзныя намеры, дык ён неяк перадасць табе ліст.
Цётка прадбачыла мажлівыя перашкоды і навучыла дзяўчыну патаемнай сувязі на мове жэстаў – незаменнаму сродку для забароненага кахання. Нечаканую цётчыну гарэзлівасць, што межавала з дзяцінасцю, Фэрміна Даса ўспрымала цікаўна, усё было ёй у навіну, але яна ніколі не падумала б, што за колькі месяцаў гульня зойдзе так далёка. Яна і не заўважыла, як забава ператварылася ў жарсную патрэбу, кроў пенілася ад прагі яго ўбачыць, а аднойчы ўначы дзяўчына прачнулася пераляканая: ёй прымроілася, што ён стаіць у цемры каля ложка і разглядае яе. Тады яна ўсёй душой пажадала, каб цётчыны прагнозы спраўдзіліся, і ў сваіх малітвах прасіла Бога даць юнаку смеласці, каб ён перадаў ёй ліст, – толькі б дазнацца, што там напісана.
Аднак ейная просьба не была пачутая. Якраз наадварот. Гэтак супала, што Флярэнтына Арыса якраз адкрыўся маці, і яна ўгаворвала яго пакінуць пры сабе семдзесят старонак з прызнаннямі і кампліментамі. Карацей кажучы, Фэрміна Даса чакала да канца года. Само чаканне давяло яе да адчаю: набліжаліся снежаньскія вакацыі, і яна ўзрушана пыталася ў сябе, што рабіць, каб бачыць яго і каб ён яе бачыў на працягу трохмесячных школьных вакацый. Сумневы грызлі яе да самае ночы перад Раством, калі яна задрыжэла ад прадчування, што ён побач, у натоўпе вернікаў, якія сабраліся ў кафедральным саборы, і не зводзіць з яе вачэй, – вось тады трывожна ды няўрымсліва забілася сэрца. Яна не адважылася павярнуць голаў, бо сядзела паміж бацькам і цёткай, ёй давялося трымаць сябе ў руках, каб родныя не заўважылі, што з ёй адбываецца. Але ў натоўпе каля выхаду з храма яна адчула яго прысутнасць так блізка, што непераадольная сіла змусіла зірнуць цераз плячо, калі яны выходзілі з храма праз цэнтральны выхад, і тады ў дзвюх пядзях ад сябе пабачыла зледзянелыя вочы, бледны твар і скамянелыя ад жаху й кахання вусны. З перапуду за ўласную дзёрзкасць яна схапілася за руку цёткі Эскалястыкі, каб не ўпасці, а цётка ўлавіла, што рука пляменніцы схаладнела і праз карункавыя пульсэткі прыдала ёй смеласці ледзь прыкметным знакам саўдзелу. Сярод выбухаў петардаў і барабаннага дробату, сярод бляску каляровых ліхтарыкаў над кожнымі дзвярыма і гулу натоўпу людзей, што прагнулі міру, Флярэнтына Арыса бадзяўся да золку, бы самнамбула, і бачыў свята скрозь слёзы, агаломшаны шалёнай думкай пра тое, што менавіта ён, а не Бог, нарадзіўся той ноччу.
Шаленства разгарэлася яшчэ мацней на наступным тыдні падчас сіесты, калі без асаблівай надзеі ён падыходзіў да дома Фэрміны Дасы і ўгледзеў, што яна з цёткай сядзіць пад мігдалавым дрэвам каля ўвахода ў дом. Гэта быў паўтор над адкрытым небам карціны, якую ён бачыў аднойчы днём у пакоі для шытва: дзяўчына вучыла цётку чытаць. Але Фэрміна Даса без школьнае формы выглядала інакш: яна была ў ільняной сукенцы з мноствам складак, якія збягалі з плячэй і нагадвалі грэцкі хітон, а галоўку ўпрыгожваў вянок са свежых гардэній, які надаваў ёй выгляд каранаванай багіні. Флярэнтына Арыса сеў на сваёй заўсёднай лаўцы ў скверыку, у полі ейнага зроку, і на гэты раз не стаў удаваць, нібыта зачытаўся, а паклаў на калені раскрытую кніжку і глядзеў на дзяўчыну сваёй мары, якая не адказала яму ніводным літасцівым позіркам.
Напачатку ён вырашыў, што чытанне пад мігдалавым дрэвам – выпадковая змена, звязаная, верагодна, з бясконцым рамонтам дома, але ў наступныя дні ён зразумеў, што Фэрміна Даса збіралася сядзець тут штодня ў аднолькавы час на працягу ўсіх трох месяцаў школьных вакацый. У яго адкрылася другое дыханне. Ён не ўлавіў аніводнага позірку, не заўважыў ані мізэрнага знаку цікаўнасці альбо знявагі, аднак ейная абыякавасць свяцілася зусім інакш, нібыта падбадзёрваючы ягоную настойлівасць. І вось аднойчы ўдзень пры канцы студзеня цётка пакінула вязанне на крэсле і пляменніца засталася адна каля брамы, сярод зжаўцелага апалага лісця мігдалавага дрэва. Асмялеўшы ад шалёнай здагадкі, што цётка пайшла не проста так, Флярэнтына Арыса перайшоў вуліцу і стаў, рыхтык як слуп, перад Фэрмінай Дасай гэтак блізка, што адчуваў ейны подых і кветкавы водар, паводле якога пазнаваў яе, дзе б яна ні была, да самага скону. З паднятаю галавою ён загаварыў рашуча, як асмеліўся гаварыць зноўку аднойчы толькі праз паўстагоддзя.
– Я толькі прашу пра адно, – вымавіў ён, – прыміце ад мяне ліст.
Фэрміна Даса не чакала пачуць такі дакладны і ўпэўнены голас, ён ніяк не вязаўся з ягонымі млявымі манерамі. Яна, не адрываючы вачэй ад вышыўкі, адказала: «Я не магу прыняць яго без бацькавага дазволу». Флярэнтына Арыса задрыжэў, пачуўшы прыглушаны тэмбр ейнага цёплага голасу, які ўтрымае ў памяці на ўсё жыццё. Аднак ён захаваў рашучасць і тут жа сказаў ёй: «Тады папрасіце дазволу». Потым змяніў жорсткі тон на мальбу: «Гэта пытанне жыцця і смерці». Фэрміна Даса не зірнула на яго, не адклала вышыванне, але ягоная рашучасць прыадчыніла дзверы ейнае душы, якая магла ўвабраць увесь белы свет.
– Прыходзьце штодня, – завяршыла яна, – і дачакайцеся, пакуль я не перасяду на другое крэсла.
Флярэнтына Арыса не мог зразумець, што яна мела на ўвазе, да наступнага панядзелка, калі, седзячы на сваёй лаўцы, убачыў заўсёдную карціну, адно што ў іншым варыянце: цётка Эскалястыка ўвайшла ў дом, і тады Фэрміна Даса ўстала ды перасела на другое крэсла. Флярэнтына Арыса з белай камеліяй на штрыфелі сурдута перасёк вуліцу, стаў перад ёю і сказаў: «Гэта найвялікшы шанец майго жыцця». Фэрміна Даса, як і раней, не зірнула на яго, а агледзелася вакол, убачыўшы пустыя вуліцы пад сухой спякотай і віраванне мёртвай лістоты, устрывожанай ветрам.
– Давайце ліст, – сказала яна.
Флярэнтына Арыса думаў аднесці ёй усе семдзесят старонак, якія змог бы паўтарыць на памяць пасля столькіх перачытванняў, але ў апошні момант вырашыў напісаць няпоўную старонку ў стрыманым і ясным тоне, дзе абяцаў самае галоўнае: адданасць перад усялякім выпрабаваннем і вечнае каханне. Ён дастаў ліст з унутранае кішэні сурдута і працягнуў засмучанай вышывальніцы, якая не адважылася нават зірнуць на яго. Яна ўбачыла блакітны канверт, што дрыжэў у скамянелай ад страху руцэ, і ўзняла пяльцы, каб ён паклаў ліст: яшчэ не хапала, каб ён заўважыў, што і яе рукі дрыжаць. І тут здарылася вось што: на галінцы мігдалавага дрэва пырхнула птушка і нешта белае шмякнулася роўна на вышыўку. Фэрміна Даса хутка прыняла пяльцы, схаваўшы іх за крэслам, каб ён не заўважыў прыкрага здарэння, і ўпершыню ўзняла на яго вочы, што палалі ад сораму. Флярэнтына Арыса з лістом у руцэ вымавіў зусім спакойна: «Гэта добры знак». Яна падзякавала яму першай усмешкай, літаральна схапіла ліст, склала і сунула яго за ліф. Ён працягнуў ёй камелію, якая ўпрыгожвала штрыфель. Яна не прыняла яе: «Камелія – кветка заручынаў». Тут жа спахапілася, бо ў яе не было ўжо часу, і зноў замкнулася ў сваёй стрыманасці.
– А цяпер ідзіце, – сказала яна яму, – і не падыходзце, пакуль я не паведамлю.
На пачатку ўсёй гэтай гісторыі маці здагадалася пра пачуцці сына яшчэ да таго, як ён адкрыўся, бо ён зусім не размаўляў і страціў апетыт, не спаў начамі, бясконца варочаўся ў ложку. Але калі пацягнуліся дні чакання адказу на першы ліст, пакутлівае ўзрушэнне ўскладнілася жудаснымі паносамі і зялёнымі ванітамі, ён страціў арыентацыю ў прасторы, ён раптоўна губляў прытомнасць, і маці страшэнна спалохалася: ягоны стан не быў падобны на пакуты ад кахання, гэта былі, безумоўна, сімптомы халеры. Флярэнтынаў хросны, стары гамеапат, якому Трансыта Арыса давярала ўсё з часоў яе патаемнага кахання, таксама ўстрывожыўся станам хворага, як толькі паглядзеў яго, бо пульс быў слабы, дыханне няроўнае, хлопец збялеў з твару і пацеў, як перад сконам. Аднак агляд паказаў, што жару, як і болю, не было, адно што канкрэтна ён адчуваў – гэта жаданне хуткае смерці. Гамеапат кемліва распытаў спачатку яго, а потым маці, каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, што сімптомы кахання нічым не адрозніваюцца ад сімптомаў халеры. Ён прапісаў хвораму адвар ліпавага цвету, каб суняць нервы, і падказаў, што вельмі карыснай была б змена асяроддзя, каб знайсці суцяшэнне на адлегласці. Аднак Флярэнтына Арыса жадаў зусім іншага – смакавання пакутаў.
Трансыта Арыса была вольналюбівай метыскай з інстынктыўнай цягай да шчасця, якое абмежавалася нястачай, і яна перажывала любоўныя пакуты сына як уласныя. Яна падавала яму адвар, калі чула стогны, і ўхутвала ў коўдры, каб суняць ліхаманку, але адначасова яна не замінала пакутам кахання.
– Кахай, пакуль ты малады, і пакутуй ад кахання, пакуль ты можаш, – гаварыла яна, – бо гэтак не будзе ўсё жыццё.
На пошце, зразумела, думалі іначай. Флярэнтына Арыса аддаўся чаканню ўсёй душой, таму забываўся і стаў блытаць сцягі, з дапамогай якіх абвяшчаў пра прыбыццё пошты, і ў сераду ўзняў нямецкі сцяг, калі параход кампаніі «Лэйлэнд» прывёз пошту з Ліверпуля, а іншым разам узняў сцяг Злучаных Штатаў, калі карабель французскай Галоўнай Трансатлантычнай кампаніі даставіў паштовыя мяхі з Сэн-Назэра. Нядбайнасць, выкліканая хваробай кахання, стварала перашкоды з дастаўкай і выклікала шматлікія скаргі кліентаў, і Флярэнтына Арыса не застаўся без працы адно таму, што Лятары Тугут пакінуў яго працаваць на тэлеграфе і, да таго ж, уладкаваў граць на скрыпцы пры хоры кафедральнага сабора. Іх паразуменне цяжка было асэнсаваць праз розніцу ў гадах: яны б маглі быць дзедам і ўнукам, аднак ім было добра разам як на працы, так і ў партовых тавернах, дзе збіраліся начныя валацугі рознай класавай прыналежнасці, ад п’янчугаў і жабракоў да панічоў, апранутых па этыкеце, якія ўпотайкі збягалі з урачыстых святаў у Грамадскім клубе, каб паесці ўволю смажанай рыбы-лебранча і рыса з какосавай падлівай. Лятары Тугут часцяком бываў у гэтых месцах пасля вечаровай змены на тэлеграфе і не аднойчы сустракаў золак, папіваючы ямайскі пунш і граючы на акардэоне сярод ашалелых матросаў з антыльсісіх шхунаў. Ён быў мажным, падобным да чарапахі, з залацістай бародкай, і для начных прыгодаў любіў апранаць фрыгійскі каўпак; калі б яму яшчэ звязку палявых званочкаў, дык якраз атрымаўся б святы Мікола. Мінімум штотыдзень ён разбаўляў самоту з якой начной птушкай, як сам называў тых, хто за грошы рабіў неадкладную сэкс-дапамогу ў гатэлі для матросаў. Калі Тугут пазнаёміўся з Флярэнтына, ён адразу з пэўнай асалодай настаўніка ўвёў яго ў таямніцу свайго раю і нават абіраў для яго найлепшых, як на яго густ, птушак, гандляваўся з імі, абумоўліваў спосабы і нават прапаноўваў ім грошы наперад – свае крэўныя – за яго. Але Флярэнтына Арыса адмаўляўся ад гэтых прапаноў: ён яшчэ не зведаў жанчыны і цвёрда вырашыў не рабіць гэтага без кахання.
Гатэль месціўся ў занядбаным палацы каланіяльных часоў, дзе вялікія залы і мармуровыя пакоі былі раздзеленыя на маленькія спальні, і кардонныя перагародкі мелі шмат дзірак, зробленых шпількамі, бо нумары здаваліся і для кахання, і для падглядання. Флярэнтына Арыса чуў пра аднаго аматара такіх вострых пачуццяў, якому выкалалі вока прутком для вязання, а другі такім чынам пазнаў сярод крутляў уласную жонку. А часам у гатэль наведваліся пераапранутыя ў дробных гандлярак арыстакраткі, якія кідаліся ў ложак да якога заезджага боцмана, – карацей кажучы, Флярэнтына Арыса наслухаўся пра шмат якія нягоды, якія адбываліся з тымі, хто падглядаў і за кім падглядалі, таму сама думка пра тое, каб хоць аднойчы зірнуць у суседні пакой, здавалася яму жахлівай. Так што Лятары Тугут не здолеў упэўніць яго ў тым, што гэтыя нявінныя забавы – толькі праява вытанчанага густу еўрапейскіх каралевічаў.
Мажнасць Лятарыя Тугута была на рэдкасць падманлівай, ягоная мужчынская годнасць не была большай, чым у херувіма, і нагадвала пупышку перадзолкавай ружы, але гэты дэфект, верагодна, нечым кампенсаваўся, бо найлепшыя птушкі аспрэчвалі права пераспаць з ім, а тая, што перамагала, вішчэла, як рэзаная, і ад гучных стогнаў дрыжэлі старажытныя падпоры палаца ды хаваліся з пераляку прывіды. Казалі, нібыта ён націраў жанчынам скроні крэмам на змяінай атруце, і гэта так заводзіла іх, але ён прысягаў, што не ведаў ніякіх падобных сродкаў, апрача таго, што яму было дадзена Богам. Лятары Тугут смяяўся да слёз, прыгаворваючы: «Гэта чыста каханне». Спатрэбілася шмат гадоў, каб Флярэнтына Арыса зразумеў, што ягоны настаўнік меў paцыю, але гэта адбылося значна пазней, калі ён ужо штосьці засвоіў у жыцці, і сустрэў чалавека, які жыў, як кароль, бо трое жанчын працавалі на яго адначасова. Яны трымалі справаздачу перад ім на золку, цалавалі ногі, каб ён дараваў ім невялікі заробак. Яны хацелі адну ўзнагароду – пераспаць з ім, што ён рабіў з жанчынай, якая прыносіла больш грошай. Флярэнтына Арыса тады падумаў, што толькі жах здольны падштурхнуць да такой гнюснасці. Але адна з гэтых трох жанчын засведчыла яму зусім іншае.
– Прычынай усяго гэтага, – сказала яна, – можа быць толькі каханне.
З цягам часу Лятары Тугут стаўся самым пажаданым кліентам гатэля, і не столькі таму, што ён быў выдатны каханак, колькі з прычыны вялікай асабістай абаяльнасці. Маўклівы і ваўкаваты Флярэнтына Арыса таксама карыстаўся павагай гаспадара і ў самы жорсткі перыяд любоўных пакутаў знайшоў тут сабе прытулак, зачыняючыся ў душным нумары, чытаючы вершы ды слязлівыя раманы з працягам, і ў ягоных мроях гнездаваліся на балконах цёмныя ластаўкі, гукі ад пацалункаў і плясканне крылаў у дрымотным бяссіллі сіесты. Увечары, калі сыходзіла спякота, немажліва было не пачуць размовы мужчын, якія забягалі сюды адвесці душу пасля працоўнага дня. Так Флярэнтына Арыса дазнаўся пра чыюсьці нявернасць і нават пра дзяржаўныя таямніцы, якія паважныя кліенты і мясцовыя чыны давяралі часовым палюбоўніцам, не думаючы, што з суседніх пакояў усё было чутно. Такім чынам аднойчы ён дазнаўся пра тое, што ў чатырох марскіх лігах на поўнач ад архіпелагу Сатавэнта на дне мора ляжыць яшчэ з XVII стагоддзя іспанскі галеон з грузам чыстага золата і каштоўных камянёў на пяцьсот мільярдаў песа. Ён быў узрушаны, але сур’ёзна падумаў пра гэта праз колькі месяцаў, калі шаленства кахання выклікала ў ім жарснае жаданне дастаць з марскога дна скарб, каб Фэрміна Даса магла купацца ў золаце.
Нашмат пазней, спрабуючы ажывіць у памяці сапраўдны вобраз каханай, ідэалізаваны алхіміяй паэзіі, ён не здолеў разгледзець яго скрозь успаміны аб тых ірваных вечарах. Нават цікуючы яе ў жарсныя дні чакання адказу на першы ліст, ён бачыў яе праз пасляабедзеннае іскрыстае мроіва, пад дажджом ападалых кветах мігдалавых дрэў, і для яго заўжды быў красавік, у любую пару года. Яму падабалася граць на скрыпцы з хорам кафедральнага сабора толькі таму, што з узвышэння ён бачыў, як у такт спеваў ледзь прыкметна калыхалася яе туніка. Але яго ўласнае шаленства пазбавіла яго тае асалоды, бо містычная музыка здавалася яму надта безгустоўнай як для стану ягонай душы, і ён спрабаваў запаліць яе любоўнымі вальсамі. Лятары Тугут быў вымушаны звольніць яго з хору. Гэта здарылася пад той час, калі ім апанавала дзіўнае жаданне з’есці гардэніі, якія Трансыта Арыса вырошчвала ў кветніку ўнутранага дворыку, і, зрабіўшы гэта, ён зведаў смак Фэрміны Дасы. Якраз тады ён зусім выпадкова ў матчыным куфры знайшоў літровую бутэльку кантрабанднага адэкалону, які прадавалі матросы, што працавалі на караблях кампаніі «Гамбург Амерыкан Лайн», не ўтрымаўся і адпіў з яе, шукаючы новых адценняў водару любай дзяўчыны. Ён прагна жлукціў адэкалон усю ноч, п’янеючы ад Фэрміны Дасы спачатку ў партовых тавернах, а потым, замкнёны ў сабе, на стромкім беразе мора, дзе аддаваліся ўцехам кахання беспрытульныя пары, пакуль не страціў прытомнасць. Трансыта Арыса з абарваным сэрцам чакала сына да шостай раніцы, потым у адчаі шукала яго паўсюль, і знайшла пасля поўдня ў лужыне з ванітаў са страшэнным пахам адэкалону – каля затокі, дзе звычайна знаходзілі тапельцаў.
Маці скарысталася са змушанага перапынку ў шаленстве сына, пакуль ён прыходзіў да памяці, і лаяла яго за пасіўнасць, з якой ён чакае адказу на ліст. Яна нагадала яму, што слабыя ніколі не ўвойдуць у царства кахання, бо гэта бязлітаснае і ненажэрнае царства, а жанчыны аддаюцца смелым і рашучым мужчынам, здольным даць пачуццё бяспекі, якога жанчынам так не стае ў жыцці. Флярэнтына Арыса, відаць, засвоіў ад маці больш, чым трэба. Трансыта Арыса не магла схаваць ганарлівасці, хутчэй жаноцкай, чым матчынай, калі пабачыла, як сын выходзіць з галантарэйнай крамы ў чорным строі, капелюшы і з рамантычнай стужкай пад цэлюлоідным каўнерыкам, і яна жартам спытала, ці не ідзе ён на хаўтуры. У яго зачырванелі вушы, і ён адказаў: «Бадай што так». Яна зразумела, што сын ледзь дыхаў ад жаху, але ягоная рашучасць была непераадольнай. Яна дала апошнія настаўленні, блаславіла яго і затым, смеючыся, абяцала яшчэ адну літровую бутэльку адэкалону, каб разам адзначыць перамогу.
З тае пары, як Флярэнтына Арыса ўручыў ліст, мінуў месяц; часам ён парушаў абяцанне і з’яўляўся ў скверыку, імкнучыся адно не трапіць ёй на вочы. Таго дня ўсё ішло, як раней. Урок чытання пад дрэвамі скончыўся недзе а другой, горад ужо прачынаўся ад сіесты, і Фэрміна Даса засталася вышываць з цёткай, пакуль не сыдзе спякота. Флярэнтына Арыса не дачакаўся, калі цётка пойдзе ў дом, ён перасёк вуліцу ў некалькі ваяўнічых скокаў, што дазволіла яму перамагчы слабасць у каленях. Але звярнуўся ён не да Фэрміны Дасы, а да цёткі.
– Вельмі прашу пакінуць мяне ненадоўга з дзяўчынай сам-насам, – сказаў ён, – мне трэба сказаць ёй штось важнае.
– Нахабнік! – сказала цётка. – Няма такіх слоў для яе, якіх бы я не магла чуць.
– Тады я нічога не скажу, – знайшоўся ён, – але папярэджваю: за наступствы будзеце адказваць вы.
Эскалястыка Даса не чакала такіх паводзінаў ад ідэальнага кавалера, але з перапуду ўзнялася, бо ўпершыню адчула, што Флярэнтына Арыса размаўляе, натхнёны Святым Духам. Так што цётка ўвайшла ўсё-ткі ў дом, нібы каб памяняць іголкі, і пакінула маладых сам-насам пад мігдалавым дрэвам, каля варотаў.
Трэба сказаць, што Фэрміна Даса няшмат ведала пра гэтага маўклівага юнака, які з’явіўся ў ейным жыцці, нібы ластаўка ўзімку, нават імя яго засталося б таямніцай, калі б не подпіс пад лістом. Але з часам адкрылася, што ён рос без бацькі, што ён сын сур’ёзнай і працавітай жанчыны, безнадзейна адзначанай распаленым кляймом адзінай дзявоцкай памылкі. Ёй паведамілі, што юнак не проста разносіў тэлеграмы, як яна меркавала, а быў кваліфікаваны малодшы тэлеграфіст з перспектывамі на будучыню. Яна ўсхвалявана падумала, што ён прынёс бацькаву тэлеграму знарок, каб пабачыць яе. Яшчэ яна дазналася, што ён быў музыкам саборнага хору, і хоць ёй ніколі не ставала смеласці ўзняць вочы ды паглядзець на яго падчас набажэнства, аднойчы ў нядзелю яна ўцяміла, што іншыя музыкі гралі для ўсёй паствы, а скрыпка гучала толькі для яе. Яна не такім уяўляла свайго абранніка. Сіроцкія акуляры, па-манаску сціплая вопратка, загадкавыя паводзіны выклікалі ў ёй цікаўнасць, але хіба яна магла ўявіць, што цікаўнасць і ёсць адна з многіх пастак, каля якой каханне пільнуе чалавека? Фэрміна Даса сама не магла патлумачыць, чаму прыняла ліст. Яе гэта не турбавала, але ўсё больш настойлівы абавязак адказаць неяк замінаў жыць. Кожнае слова бацькі, кожны ягоны выпадковы позірк альбо трывіяльны жэст здаваліся ёй пасткай, якая бязлітасна выкрывала ейную таямніцу. Дзяўчына так баялася, што за сталом імкнулася маўчаць, нібыта міжволі магла сябе выдаць, і нават стала пазбягаць цёткі Эскалястыкі, хоць тая падзяляла пачуцці пляменніцы, быццам уласныя. Фэрміна Даса магла раптам зачыніцца ў прыбіральні без патрэбы ды перачытаць ліст, спрабуючы знайсці ў ім патаемны шыфр, чарадзейную формулу, схаваную ў адной з трохсот чатырнаццаці літар, у адным з пяцідзесяці васьмі слоў, спадзеючыся, што яны адкрыюць ёй штосьці большае, чым тое, што было напісана. Але нічога не знайшла звыш таго, што зразумела пры першым чытанні, калі пабегла ў прыбіральню і разадрала канверт са спадзевам на доўгі ўзрушальны ліст, а знайшла толькі духмяны допіс, рашучасць якога яе спужала.
Напачатку Фэрміна Даса і не падумала неяк пра тое, што ўсё гэта яе да нечага абавязвае, але тэкст ліста быў занадта дакладным і недвухсэнсоўным, немажліва было пакінуць яго без адказу. А пакуль, у навальніцы сумневаў, яна здзіўлялася таму, што думае пра Флярэнтына Арысу часцей і больш зацікаўлена, чым жадала б сабе дазволіць, і нават занервавалася, калі не ўбачыла яго ў звыклы час у скверыку, забыўшыся на тое, што сама прасіла не прыходзіць, пакуль яна не прадумае адказ. Вось так гэта і пачалося. Яна б ніколі не здолела ўявіць, што можна думаць пра кагосьці з такім трымценнем, адчуваючы прысутнасць асобы там, дзе яе не было, жадаючы бачыць там, дзе юнак не мог быць, прачынаючыся раптоўна з фізічным адчуваннем, што ён разглядвае яе ў цемры пакоя, калі яна спіць. І таму, аднойчы днём пачуўшы яго рашучыя крокі, шоргат лісця пад яго нагамі ў скверыку, ёй цяжка было паверыць, што гэта не чарговы здзек яе ўяўлення. Але калі Флярэнтына Арыса патрабаваў адказу з уладнасцю, якая не мела нічога агульнага з ягонымі млявымі манерамі, яна пераадолела свой страх і паспрабавала адмаўчацца: не ведала, што яму адказаць. Аднак ён не дазволіў сабе яшчэ раз адступіць, хоць сэрца нібыта падала ў бездань.
– Калі вы прынялі ліст, – сказаў ён, – выхаванасць патрабуе адказу.
Гэта было выйсце з лабірынту. Фэрміна Даса ўжо больш спакойна перапрасіла за маруднасць і фармальна дала яму слова, што ён атрымае адказ да завяршэння школьных вакацый. І стрымала слова. У апошнюю пятніцу лютага, за тры дні да пачатку навучальнага года, цётка Эскалястыка зазірнула ў тэлеграф спытаць, колькі каштуе тэлеграма ў вёску П’едрас-дэ-Малер, якой наагул не было ў спісе тэлеграфных пунктаў краіны, але ж для гэтага падыйшла да Флярэнтына з такім выглядам, нібыта ніколі раней не бачыла яго, і, сыходзячы, наўмысна забыла на прылаўку пераплецены скураю яшчаркі малітоўнік, у якім ляжаў канверт з каштоўнай валакністай паперы з залатымі віньеткамі. Ашалелы ад шчасця, Флярэнтына Арыса правёў рэшту дня з лістом, ён жаваў пялёсткі ружаў і перачытваў словы па літарах зноўку і зноўку, і чым болей чытаў, тым больш пялёсткаў з’ядаў, да поўначы ён з’еў цэлы кветнік, і маці давялося ўгаварыць яго, каб ён, цялё дурное, выпіў адвар з зёлак на касторавым алеі.
Вось і настаў год палымянае ўлюбёнасці. Hi ён, ні яна не жылі нічым іншым, думалі толькі адзін пра аднаго, жарсна чакалі лістоў і адказвалі на іх не менш жарсна. Hi ў тую шалёную вясну, ні ўвесь наступны год яны не мелі магчымасці пагутарыць, як ім хацелася, пачуць жывы голас любага чалавека. Больш за тое, ад першай сваёй сустрэчы ажно да пацвярджэння ім кахання паўстагоддзя пазней, яны ні разу не бачыліся сам-насам і не здолелі сказаць ні слова пра свае пачуцці. Але ж за першыя тры месяцы не было дня без ліста, а не, дык і двох за дзень, пакуль цётка Эскалястыка не спалохалася ненажэрнасці вогнішча, якое сама дапамагла распаліць.
Пасля першага ліста, дастаўленага ў тэлеграфную кантору, нібы помсцячы за ўласны лёс, цётка штодня дазваляла ім абменьвацца пасланнямі падчас быццам бы выпадковых сустрэч, але не хапіла ёй смеласці на тое, каб паспрыяць размове, нават банальнай і мімалётнай. Аднак праз тры месяцы цётка ўцяміла, што ў пляменніцы не лёгкі рамантычны ветрык у галаве, як здавалася напачатку, і што пажар кахання ставіць пад пагрозу яе ж, цётчына, жыццё. Эскалястыка Даса не мела іншай крыніцы сродкаў на існаванне, акрамя міласэрнасці брата, яна ведала, што пры яго тыранічным характары ён не даруе падобнага злоўжывання даверам. Але калі настаў момант прыняць канчатковае рашэнне, яна не змагла стацца чыннікам гора пляменніцы, гора, адбітак якога сама несла з юнацкіх гадоў, таму вырашыла скарыстацца спосабам, які нібы вызваляў яе ад ролі саўдзельніцы. А спосаб быў просты: Фэрміна Даса штодня пакідала свой ліст у патаемным месцы па дарозе з дома ў школу, і ў лісце падказвала каханаму, дзе б яна жадала знайсці адказ. Флярэнтына Арыса рабіў такім самым чынам. І вось лісты – прадметы канфлікту цёткі Эскалястыкі з сумленнем – хаваліся ў царкоўных хрысцільнях, у дуплах старых дрэў, у шчылінах напаўразваленых каланіяльных фартэцый. Часцяком закаханыя знаходзілі лісты, зусім мокрыя ад дажджу, запэцканыя граззю, разадраныя злым чалавекам, а некаторыя наагул прапалі з невядомых прычын, але яны заўсёды ўзнаўлялі кантакты з зайздроснаю вынаходлівасцю.
Флярэнтына Арыса пісаў Фэрміне Дасе штоноч, ён не шкадаваў сябе дзеля гэтага, труцячыся дымам какосавага алею ад лямпы за перагародкай галантарэйнай крамы, і ягоныя лісты рабіліся ўсё больш доўгімі і самнамбулічнымі, бо ён спрабаваў імітаваць сваіх улюбёных паэтаў, чые кнігі выходзілі ў серыі «Народная бібліятэка», што тады ўжо налічвала восемдзесят тамоў. Маці, якая дагэтуль усяляк спрыяла каханню сына, цяпер трывожылася за яго здароўе. «Ты ж так звар’яцееш, – крычала яна са спальні, калі пачыналі спяваць першыя пеўні. – Няма жанчыны, якая б была вартая такога». Яна і сапраўды не ведала нікога, хто дайшоў бы да такога жарснага адчаю. Але Флярэнтына яе не слухаў. Часам ён прыходзіў на працу, не паспаўшы ні хвіліны, з заблытанымі ад перажыванняў валасамі, пасля таго, як пакідаў ліст там, дзе Фэрміна Даса знойдзе яго па дарозе ў школу. Яна ж, жывучы пад нястомным наглядам бацькі і бессаромным віжаваннем манашак у школе, ледзь паспявала напісаць паўстаронкі школьнага сшытку, зачыніўшыся ў прыбіральні або на ўроках, удаючы, што піша канспект. Лісты Фэрміны Дасы абыходзілі ўсялякія сентыментальныя рыфы і фактычна пераказвалі жыццёвыя акалічнасці ў службовым стылі навігацыйнага журнала, але не толькі праз спешку ці боязь быць выкрытай, а яшчэ і праз уласцівасці характару. Для яе ліставанне было забавай, абы толькі падтрымліваць жар вуголля, не рызыкуючы лезці рукамі ў полымя, тым часам Флярэнтына Арыса спапяляў сябе ў кожным радку. Ён хацеў заразіць яе сваім шаленствам і дасылаў ёй вершы, якія пісаў шпількай на пялёстках камеліі, як спрактыкаваны мініятурыст. Менавіта ён адважыўся паслаць ёй у лісце пасму сваіх валасоў, але ніколі не атрымаў жаданага адказу ў выглядзе хоць бы аднаго воласа з ейнае касы. Тым не менш, ён дамогся ад Фэрміны Дасы яшчэ аднаго кроку насустрач, і з тае пары яна пасылала яму засушанае ў слоўніку лісце з пухкімі атожылкамі, крылы матылькоў, пер’е чарадзейных птушак, а ў ягоны дзень нараджэння падаравала яму кавалачак сутаны святога Пэдра Клявэра, з тых, што ў тыя часы таемна прадавалі па цане, недасяжнай для большасці шкалярак. Аднойчы ўначы Фэрміна Даса раптам прачнулася, бо пачула серэнаду – самотная скрыпка выводзіла адзін і той жа вальс. Яе страсянула ад думкі, што кожная нота – гэта падзяка за пялёсткі з гербарыяў, за скрадзены ў арыфметыкі час на напісанне ліста, за жах на іспытах, калі яна больш думала пра яго, чым пра прыродазнаўства. Яна ўзрушылася, але не пасмела паверыць, што Флярэнтына Арыса здольны на падобную неасцярожнасць.
На наступны дзень, падчас сняданку, Лярэнса Даса ледзь стрымліваў цікаўнасць. Па-першае, таму што не ведаў, што азначае на мове серэнадаў, калі граюць толькі адзін твор, а па-другое, таму, што, як уважліва ён ні слухаў, усё ж не здолеў вызначыць, перад чыім домам гралі. Цётка Эскалястыка спакойна зазначыла, вяртаючы пляменніцы душэўную раўнавагу, што глянула была за фіранкі спальні і ўбачыла самотнага музыку ў дальнім кутку скверыка. Да таго ж, выкананне адзінага твора – гэта азнака канчатковага расстання. У лісце таго дня Флярэнтына Арыса пацвердзіў, што гэта ён граў серэнаду, і вальс склаў ён жа, і назваў твор яе імем, з якім Фэрміна Даса жыла ў ягоным сэрцы: «Каранаваная багіня». Пазней ён больш не граў ля скверыка, абіраючы месяцовымі начамі іншыя месцы – так, каб яна магла чуць яго са спальні. Яго ўлюбёным месцам сталі адкрытыя вятрам і навальніцам могілкі для бедных на схіле прыгорка, дзе спалі аўры, а рэзананс быў звышнатуральным. З цягам часу ён навучыўся ўлічваць напрамак ветру і мог быць упэўнены – голас ягонай скрыпкі далятаў да дзяўчыны.








