Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 23 (всего у книги 26 страниц)
– Прыходзьце калі заўгодна, – сказала яна. – Я амаль заўсёды адна.
Праз чатыры дні, у аўторак, ён прыйшоў без папярэдняга паведамлення, і яна, не дачакаўшыся кубка гарбаты, паспешліва распавяла, як дапамаглі ёй ягоныя лісты. Ён удакладніў, што гэта не былі лісты ў прамым сэнсе слова, а асобныя старонкі кнігі, якую ён хацеў бы напісаць. Так, яна так і зразумела, і збіралася вярнуць пасланні, калі толькі гэта не будзе ўспрынята за абразу, каб ён распарадзіўся імі па прызначэнні. Яна працягнула гамонку, сказаўшы, як лісты падтрымалі яе падчас цяжкіх выпрабаванняў, і прамовіла гэта з такім энтузіязмам, удзячнасцю і нават яўнай сімпатыяй да яго, што Флярэнтына Арыса адважыўся ўжо не на цвёрды крок, а на смяротны піруэт.
– Раней мы былі на «ты», – сказаў ён.
«Раней» было забароненым словам. Яна адчула набліжэнне хімерычнага анёла мінуўшчыны, і паспрабавала пазбавіцца ад наслання. Аднак ён удакладніў думку: «Я хацеў сказаць, у нашых колішніх лістах». Яна засмуцілася, ёй давялося праявіць волю, каб ён не прыкмеціў. Але ён і без таго ўцяміў: трэба прасоўвацца больш асцярожна, хоць інцыдэнт паказаў – яна была неўтаймаваная, як у маладосці, але з гадамі навучылася змякчаць уражанне пяшчотай.
– Я хацеў сказаць, – паправіўся ён зноўку, – што гэтыя лісты – зусім іншая рэч.
– Усё змянілася ў свеце, – адказала яна.
– Я не, – дадаў ён. – А вы?
Яна спыніла ўзняты кубак гарбаты на паўдарозе і паглядзела на яго дакорліва, вачыма, якія ўжо перажылі жорсткасць.
– Якая розніца, – сказала яна ціха. – Мне семдзесят два гады.
Флярэнтына Арыса прыняў удар, які прыйшоўся ў самае сэрца. Ён хацеў знайсці рэпліку з хуткасцю і трапнасцю стралы, але адчуў сябе пераможаным цяжарам узросту: ніколі ён не адчуваў сябе такім стомленым пасля кароткай гаворкі, балела сэрца, і кожная хваля крыві аддавалася металічным рэзанансам у сасудах. Ён адчуў сябе старым, сумным і бессэнсоўным чалавекам, раптам так захацелася плакаць, што ён не здолеў вымавіць ні слова. Яны дапілі другі кубак у цішы, поўнай прадчуванняў. Першай загаварыла Фэрміна Даса: папрасіла служанку, каб тая прынесла тэчку з лістамі. Ён ледзь не сказаў, што яна можа пакінуць іх сабе, бо ён пісаў кожны ліст пад капірку, але ўсё ж падумаў, што гэтая перасцярога падасца ёй невысакароднай. Гаманіць больш не было пра што.
Перад тым, як развітацца, ён папрасіў пра сустрэчу ў наступны аўторак і ўдакладніў, ці падыходзіць гэты самы час.
– Я не бачу сэнсу ў гэтых візітах, – сказала яна.
– І я не надаю ім асаблівай значнасці, – супакоіў ён.
Тым не менш, ён прыйшоў да яе ў аўторак а пятай вечара, а потым і ва ўсе наступныя аўторкі, а на зыходзе другога месяца гэтыя візіты сталіся іхнаю завядзёнкай. Флярэнтына Арыса прыносіў ангельскае печыва да гарбаты, глазураваныя каштаны, грэцкія масліны, маленькія прысмакі, здабытыя ім на трансатлантычных караблях. Аднойчы ён прынёс копію партрэта Фэрміны Дасы і Ільдэбранды Санчас, які зрабіў бельгійскі фатограф больш за паўстагоддзя таму, ён набыў яго за пятнаццаць сентава на распродажы паштовак каля Натарыяльнай брамы. Фэрміна Даса не здолела зразумець, як копія трапіла туды, і ён не мог гэта зразумець іначай, як цуд кахання. Аднойчы раніцой, зразаючы ружы ў садзе, Флярэнтына Арыса не ўтрымаўся ад спакусы і вырашыў наступным разам падараваць ёй ружу. З улікам мовы кветак, гэта была складаная справа ў дачыненні да нядаўна аўдавелай жанчыны. Чырвоная ружа, сімвал палымянае жарсці, пры гэтых абставінах магла быць прынятая як абраза яе жалобы. Ружы жоўтыя, якія разумеліся на мудрагелістай мове як кветкі ўдачы, папросту азначалі рэўнасць. Калісьці яму казалі пра чорныя ружы з Турцыі, гэта, мажліва, было б лепшым рашэннем, але ён не змог дастаць іх для акліматызацыі ў сваім садку. Пасля доўгага роздуму ён рызыкнуў паднесці ёй белую ружу, якая пасавала нявіннасцю і нематой: ні пра што не гаварыла. У апошнюю хвілю, каб Фэрміна Даса не надала кветцы ў сваёй хітрадумнасці пэўнага сэнсу, ён адрэзаў усе шыпы.
Белая ружа была ўспрынятая належным чынам, як падарунак без патаемнага сэнсу, і тым самым ён узбагаціў рытуал кожнага аўторка. Гэта настолькі ўвайшло ў звычай, што калі ён прыходзіў з белай ружай, кожнага разу ўжо была падрыхтаваная ваза з вадою ў цэнтры століка, за якім пілі гарбату. Пры чарговым візіце, ставячы ружу, ён нібыта выпадкова сказаў:
– У наш час прыносілі не ружы, а камеліі.
– Вы маеце рацыю, – пацвердзіла яна, – але за гэтым стаяла іншае, вы добра ведаеце.
Так было заўсёды: ён спрабаваў рабіць крок насустрач, а яна выслізгвала. Але на гэты раз, нягледзячы на дакладны адказ, Флярэнтына Арыса здагадаўся, што трапіў у дзясятку, бо ёй прыйшлося адвярнуцца, каб ён не заўважыў чырвані, якая заліла яе шчокі. Гарачая юнацкая чырвань, якая нахлынула нахабна і выключна з уласнае волі, выклікаўшы ў яе незадаволенасць сабой. Флярэнтына Арыса засцерагаўся пераходзіць да больш далікатных тэм, але ягоная ветлівасць была такой відавочнай, перайгранай, і гэта абурыла яе. Той аўторак выдаўся няўдалым. Яна ледзь не папрасіла яго спыніць візіты назаўсёды, але думка пра спрэчкі, якія бываюць паміж жаніхом і нявестай, былі ў іх узросце і становішчы такім абсурднымі, што яна толькі нервова засмяялася і доўга не магла спыніцца. У наступны аўторак, калі Флярэнтына Арыса ставіў кветку ў вазу, яна пільна перагледзела свае пачуцці і радасна ўпэўнілася: з мінулага тыдня не засталося ні следу горычы!
Неўзабаве візіты набылі даволі двухсэнсоўны характар сямейных сустрэч, бо час ад часу сын Фэрміны, доктар Урбіна Даса, і ягоная жонка з’яўляліся нібыта выпадкова і заставаліся гуляць у карты. Флярэнтына Арыса гуляць не ўмеў, але Фэрміна Даса навучыла яго за адзін візіт, і яны накіравалі Урбіна Дасу пісьмовы выклік на наступны аўторак. Турніры былі прыемныя ўсім і ўвайшлі ў звычай гэтак сама хутка, як і ягоныя візіты. Яны вызначылі нормы ўнёскаў кожнага ўдзельніка. Доктар Урбіна Даса і ягоная жонка, якая выдатна выпякала, прыносілі арыгінальныя, штораз новыя торты. Флярэнтына Арыса працягваў частаваць далікатэсамі, якія знаходзіў на борце еўрапейскіх караблёў, а Фэрміна Даса заўсёды прыдумвала новы сюрпрыз. Турніры праводзіліся ў трэці аўторак штомесяц, яны не рабілі грашовых ставак, але ад таго, хто прайграваў, патрабаваўся спецыяльны ўнёсак на наступную партыю.
Доктар Урбіна Даса цалкам адпавядаў свайму грамадскаму вобразу: быў не надта разумным, нягеглым, пакутаваў ад раптоўных узрушэнняў, ці то падзея радасная, ці то якая-кольвек непрыемнасць, без дай прычыны чырванеў, што змушала задумацца пра яго душэўнае здароўе. Аднак ён быў добрым чалавекам, ягоная дабрыня відавочна прыкмячалася з першага погляду, хоць Флярэнтына Арыса якраз не хацеў бы, каб пра яго самога гаварылі як пра добрага чалавека. Доктарава жонка, наадварот, адрознівалася хітрым норавам і вельмі дарэчнай іскаркай плебейства, што надавала яе элегантнасці вельмі чалавечнае адценне. Нельга было пажадаць лепшае пары для гульні ў карты, і неспатольная прага да кахання Флярэнтына Арысы спатольвалася ілюзіяй прыналежнасці да сям’і.
Аднойчы ўначы, калі яны выходзілі з дома Фэрміны Дасы, доктар запрасіў яго на абед: «Заўтра а палове на першую ў Грамадскім клубе». У Флярэнтына было адчуванне, нібыта яму падалі вытанчаную страву, якую прапаноўвалася запіць атручаным віном: у клубе дзейнічалі забароны на ўваход з розных прычын, адно з важкіх правілаў, у прыватнасці, абвяшчала, што ўваход забаронены незаконнанароджаным. Дзядзька Леон XII у гэтым сэнсе меў некаторы раздражняльны вопыт, дый сам Флярэнтына Арыса перажыў аднойчы абразу: яму ўказалі на дзверы, калі ён ужо сядзеў за сталом, запрошаны адным з заснавальнікаў клуба. Флярэнтына Арыса рабіў таму чалавеку неацэнныя паслугі, звязаныя з рачным гандлем, і чалавек не знайшоў лепшага выйсця, як адвесці яго на абед у іншае месца.
– Мы, хто стварае рэгламэнт, больш за іншых абавязаныя выконваць ягоныя патрабаванні, – сказаў ён.
Аднак з доктарам Урбіна Дасам Флярэнтына Арыса рызыкнуў прыйсці і быў прыняты з падкрэсленай ветлівасцю, хоць яму і не прапанавалі распісацца ў залатой кнізе ганаровых гасцей. Абед быў нядоўгім, прысутнічалі яны ўдвух, і ўсё прайшло ў мінорным тоне. Страх, які непакоіў Флярэнтына Арысу з папярэдняга вечара ў сувязі з гэтай сустрэчай, развеяўся ад выпітага на аперытыў келіха белага віна. Доктар Урбіна Даса хацеў пагаманіць з ім пра маці. Флярэнтына Арыса здагадаўся, што яна распавяла сыну пра яго. Да таго ж нахлусіла ў ягоную карысць. Сказала, што сябравала з ім з маленства, што яны гулялі разам з тае пары, як яна прыехала з Сан-Хуандэ-ля-Сіенагі, што менавіта ён прышчапіў ёй густ да чытання. За гэта яна захоўвала да яго даўнюю ўдзячнасць. І яшчэ сказала сыну, што часцяком, выходзячы са школы, бавіла час з Трансытай Арысай, якая тварыла вышываныя цуды ў галантарэйнай краме, бо была выдатнай майстрыхай, і што не бачыла Флярэнтына Арысу так часта, як хацела б, не па ўласнай волі, а толькі таму, што іх раздзяліла само жыццё.
Перад тым, як дайсці да галоўнага, дзеля чаго ладзілася сустрэча, доктар Урбіна Даса падзяліўся роздумам пра старасць. Ён лічыў, што прагрэс у свеце прасоўваўся б шпарчэй, калі б не старыя: «Чалавецтва, як пяхота, рушыць з хуткасцю самых павольных». Ён прадбачыў, што свет будзе больш чалавечым і цывілізаваным, калі пагадзіцца на будоўлю селішчаў для сталых людзей у гарадах-спадарожніках, дзе яны маглі б жыць па-свойму, пазбягаючы сораму, пакутаў і жахлівай самоты на старасці гадоў. Але пакуль грамадства не дайшло да падобнай ступені міласэрнасці, адзінае рашэнне – гэта інтэрнаты, дзе старыя суцяшалі б адно аднаго, жывучы са сваімі густамі і агідамі, крыўдамі і сумам, вольныя ад натуральнае розніцы з наступнымі пакаленнямі. Ён сказаў: «Старыя сярод старых былі б менш старымі». Так доктар Урбіна Даса хацеў падзякаваць Флярэнтына Арысу за тое, што ён складаў добрую кампанію маці, пазбаўляючы яе ад удовінай самоты, і маліў яго, каб ён працягваў наведваць яе на карысць і дзеля зручнасці сям’і і не звяртаў увагі на яе старэчы настрой і нязносны характар. Флярэнтына Арыса ўздыхнуў з палёгкай. «Будзьце спакойны, – адказаў ён. – Я на чатыры гады старэйшы за яе, і гэтая розніца ўзнікла не цяпер, а існавала нават у тую пару, калі вас яшчэ не было на свеце». Затым ён паддаўся спакусе і адвёў душу іранічным выбрыкам.
– У тым грамадстве, пра якое вы казалі, – падкрэсліў ён, – вам давялося б рабіць шпацыры на могілкі штодня з кветкамі ёй і мне.
Дагэтуль доктар Урбіна Даса не ўсведамляў бязглуздасці ўласных сацыяльных праектаў. Цяпер жа ён, апраўдваючыся, трапіў у цясніну малазразумелых тлумачэнняў, у якіх заблытаўся ўшчэнт. Аднак Флярэнтына Арыса дапамог яму выбрацца з няёмкага становішча. Ён выпраменьваў радасць, бо ведаў, што рана ці позна мусіць сустрэцца з доктарам, каб выканаць непазбежнае патрабаванне этыкету: фармальна прасіць рукі ягонай матулі. Абед абнадзейваў тым, што паказаў, як лёгка будзе прынятая незвычайная просьба. Калі б ён загадзя заручыўся згодаю Фэрміны Дасы, не было б больш зручнага выпадку. Між іншым, пасля такой размовы за гістарычным абедам фармальная просьба магла быць нават залішняй.
Флярэнтына Арыса заўсёды ўздымаўся і спускаўся па лесвіцы з асаблівай засцярогай нават маладым, бо лічыў, што старасць пачынаецца з першага, няхай нават бяскрыўднага падзення, а смерць прыходзіць з другім. Самай небяспечнай здавалася яму лесвіца ягонай канторы, стромая і вузкая, і задоўга да таго, як ён заспеў сябе на тым, што мусіць рабіць дадатковыя высілкі, каб не шоргаць нагамі, ён уздымаўся, гледзячы, куды ступаць, і трымаўся за парэнчы з двух бакоў. Часам яму прапаноўвалі перарабіць лесвіцу, зрабіць яе менш небяспечнай, але рашэнне кожнага разу адкладалася на наступны месяц, бо згода на рамонт для яго была роўнай прызнанню ўласнай старасці.
Ішлі гады, ён пераадольваў лесвіцу ўсё марудней, але не таму, што рабіў гэта з большай цяжкасцю, а таму, як ён сам тлумачыў, што з часам рабіўся больш асцярожным. Аднак увечары, калі вяртаўся з слыннага абеду, падчас якога выпіў келіх белага віна для апетыту і палову чырвонага за ежай, а галоўнае – пасля пераможнай размовы з сынам Фэрміны Дасы, ён паспрабаваў дасягнуць адразу трэцяй прыступкі нібыта танцуючы, з такім юнацкім запалам, што вывіхнуў левую шчыкалатку, упаў на спіну і цудам не разбіўся насмерць. Калі падаў, паспеў падумаць, што ён не памрэ, логіка жыцця не дазволіць, каб два чалавекі, якія так доўга і моцна кахалі адну жанчыну, загінулі падобным чынам з розніцай адзін год. І ён меў рацыю. Яго нагу закратавалі ў гіпсавы панцыр ад пяткі амаль да калена і абавязалі яго ляжаць без руху. Але ў ім было больш жыцця, чым да падзення. Калі доктар прадпісаў яму шэсцьдзесят дзён поўнага спакою, ён не мог пагадзіцца.
– Так нельга, доктар, – выгукнуў ён, – для мяне два месяцы – гэта як для вас дзесяць гадоў.
Некалькі разоў Флярэнтына Арыса спрабаваў устаць, падымаючы нагу – нагу статуі – дзвюма рукамі, і заўсёды адступаў перад рэальнасцю. Але калі ўрэшце пачаў хадзіць, адчуваючы боль у шчыкалатцы і ў пабітай спіне, ахвотна паверыў, што выпадак быў знакам лёсу, узнагародай за шматгадовую ўпартасць.
Горшым днём стаўся першы панядзелак. Боль адступіў, доктараў прагноз абнадзейваў, але ён не мог прыняць фатальную відавочнасць: упершыню за чатыры месяцы ў прызначаны аўторак ён не пабачыць Фэрміну Дасу. Аднак пасля мірнай сіесты скарыўся перад рэчаіснасцю і напісаў ёй ліст з прабачэннямі. Напісаў яго ад рукі, на духмянай паперы і атрамантам, які свяціўся ў цемры, у допісе ён без згрызотаў сумлення драматычна перабольшыў нешчаслівасць выпадку, жадаючы выклікаць яе шкадобу. Яна адказала праз два дні, усхвалявана, ветліва, але без адзінага лішняга слова, як падчас іх вялікага кахання. Ён схапіў мажлівасць з лёту і зноў напісаў. Калі яна адказала другі раз, ён вырашыў прасунуцца далей шыфраваных размоў па аўторках і загадаў устанавіць тэлефон каля ягонага ложка на той падставе, што яму трэба штодня сачыць за справамі прадпрыемства. Ён папрасіў тэлефаністку цэнтральнага камутатара злучыць яго з трохзначным нумарам, які яна, зразумела, тут жа запомніла з першага званка. Голас прыглушанага тэмбру, напружаны ад таямніцы адлегласці, любы голас адказаў. Яна таксама пазнала ягоны голас, але развіталася пасля трох агульнапрынятых фразаў вітання. Флярэнтына Арысу засмуціла яе абыякавасць: яны зноў вярнуліся туды, адкуль пачыналі.
Аднак прайшло яшчэ два дні, і Флярэнтына Арыса атрымаў ад Фэрміны Дасы ліст, у якім яна маліла яго больш не званіць. Матывы прыводзіліся важкія. У горадзе было так мала тэлефонаў, што сувязь праз тэлефаністку, якая ведала ўсіх абанентаў, абарочвалася шырокай галоснасцю: усе былі навідавоку. Нават калі абанент выходзіў з дома, усё роўна тэлефаністка яго знаходзіла, дзе б ён ні быў. Да таго ж яна была ў курсе ўсіх размоў, ведала таямніцы асабістага жыцця людзей, драмы, якія як след ахоўваліся, і нярэдка раптам улазіла ў дыялог, каб выказаць уласны пункт погляду альбо супакоіць тых, хто занадта разыходзіўся. З іншага боку, у тым годзе заснавалі вячэрнюю газету «Справядлівасць», адзінай мэтай якой было ўдарыць па шляхетных сем’ях, указваючы імёны без літасці: уладальнік газеты помсціў за тое, што ягоныя дзеці не былі дапушчаныя ў Грамадскі клуб. Нягледзячы на чысціню свайго жыцця, Фэрміна Даса больш чым калі засцерагалася размоў, таілася нават перад блізкімі сяброўкамі. Такім чынам, яны абралі ліставанне. Карэспандэнцыя ў той ці іншы бок стала такой частай і працінальнай, што ён забыўся пра нагу, пра прысуд пасцельнага рэжыму, пра ўсё – і цалкам аддаўся эпісталярнаму жанру за партатыўным столікам, якімі карысталіся для харчавання пацыентаў.
Яны нарэшце перайшлі на «ты», абменьваліся каментарыямі пра жыццё, як у лістах маладосці, але Флярэнтына Арыса праявіў паспешлівасць, надрапаў шпількай яе імя на пялёстках камеліі і паслаў яе разам з лістом. Праз два дні ён быў вернуты без якіх-кольвек тлумачэнняў. Фэрміна Даса не магла інакш, гэта занадта нагадвала ягоныя дзіцячыя забаўкі з меланхалічнымі вершамі ў Евангельскім скверыку, з тайнікамі па дарозе ў школу, з урокамі вышывання пад мігдалавымі дрэвамі. Не без болю ў душы яна паставіла яго на месца нібыта выпадковым пытаннем сярод іншых трывіяльных рэплік: «Чаму ты ўпарцішся і ўсё гаворыш пра тое, чаго ўжо няма?» Пазней яна назвала бясплённай упартасць, з якой ён намагаўся супрацьпаставіць сябе натуральнай старасці. На яе погляд, адсюль выцякалі ягоная паспешлівасць, няўмераная прыхільнасць да ўспамінаў пра мінулае. Яна не магла ўцяміць, як чалавек, здатны да разважанняў і высноў, якія так дапамаглі ёй перанесці ўдовіну самоту, блукаў, як немаўля, не ў стане ўжыць іх у жыцці ўласным. Ролі памяняліся. Тады яна зрабіла спробу ўзняць яму настрой з дапамогай шматабяцальнай фразы: «Няхай час сабе ідзе, а мы пабачым, што ён прынясе». Ён у недальнабачнай спешцы не здолеў расшыфраваць фразу, бо не быў такім добрым вучнем, як яна. Прымусовая нерухомасць, усё большая ўпэўненасць у хуткаплыннасці часу, шалёнае жаданне бачыць яе, – усё даказвала, што страх, перажыты пры падзенні, быў больш абгрунтаваны і трагічны, чым яму здавалася. Упершыню ён пачаў думаць сур’ёзна пра рэальнасць смерці.
Леона Касіяні дапамагала яму прымаць ванну і праз дзень мяняць піжаму, ставіла клізмы, падавала гаршчок, клала арніковыя кампрэсы на спіну, пакрытую язвамі ад удару, масажавала яго на параду лекара, каб пазбавіць ад ускладненняў, звязаных з нерухомасцю. Па суботах і нядзелях яе замяняла Амэрыка Вікунне, якая ў снежні таго года мусіла атрымаць дыплом настаўніцы. Ён абяцаў, што накіруе яе на вышэйшыя курсы ў Алабаму за кошт параходнай кампаніі, часткова дзеля таго, каб сунуць кляп у глотку ўласнаму сумленню, але, перадусім, каб не чуць яе папрокаў, якія яна не ведала, як выказаць, і адтэрмінаваць уласныя тлумачэнні, без якіх, ён адчуваў, не абыдзецца. Ён не ўяўляў, як яна пакутавала ў інтэрнаце бяссоннымі начамі, у выхадныя дні без яго, у жыцці без яго, бо ведаць не ведаў, як яна яго кахала. Са школы паведамілі афіцыйным лістом, што з першага месца ў паспяховасці яна дакацілася да апошняга і была на мяжы правалу выпускных іспытаў. Але ён не выканаў апякунскага абавязку, не напісаў пра гэта бацькам Амэрыкі Вікунні: замінала пачуццё вінаватасці, якога ён не здолеў утаймаваць; ён і ёй нічога не сказаў, маючы падставы баяцца, што яна назаве сапраўдную прычыну сваёй паразы. Падсвядома ён пачаў адкладваць рашэнні праблем са спадзевам на тое, што іх вырашыць смерць.
Не толькі жанчыны, якія займаліся ім, здзіўляліся таму, як ён перамяніўся. Здзіўляўся і сам Флярэнтына Арыса. Усяго дзесяць гадоў таму ён узяў служанку пад параднай лесвіцай дома, узяў як стаяла, і, нават не распрануўшы яе, хутчэй за філіпінскага пеўня пакінуў яе з жыватом. Прыйшлося падараваць ёй цалкам абстаўлены дом, і яна паклялася, што аўтарам яе сораму быў нейкі нядзельны жаніх, які ні разу не пацалаваў яе, і бацька з роднымі дзядзькамі служанкі, здаровыя мачэтэра[29], што працавалі на сафры[30], прымусілі небараку ажаніцца. Не, не верылася, што гэта быў той самы чалавек, якога цяпер абмацвалі і пераварочвалі з боку на бок дзве жанчыны, якія зусім нядаўна змушалі яго дрыжаць ад любові. Яны мылі яго з галавы да ног, выціралі ручнікамі з егіпецкай бавоўны і рабілі яму агульны масаж цела, але ў яго гэта не выклікала ніякага хвалявання. Кожная з іх тлумачыла страту ім жыццёвага апетыту па-свойму. Леона Касіяні думала, што гэта была прэлюдыя смерці. Амэрыка Вікунне лічыла яго становішча з’явай, якую ёй не дадзена разгадаць. Адзін ён ведаў праўду, і праўда мела ўласнае імя. Адно было так ці інакш няслушна: больш пакутавалі яны, калі прыслужвалі яму, чым ён, прымаючы іх клопаты.
Трох аўторкаў хапіла Фэрміне Дасе, каб зразумець, як ёй не хапае візітаў Флярэнтына Арысы. Яна бавіла час з найбліжэйшымі сяброўкамі вельмі добра, усё лепш па меры таго, як аддалялася ад звычаяў нябожчыка мужа. Люкрэсія дэль Рэаль дэль Абіспа з’езділа ў Панаму праверыцца з прычыны вушнога болю, які ніяк не адступаў, і вярнулася праз месяц у значна лепшым стане, але чула яна горш, чым перад вандроўкай, і тое з дапамогаю слухаўкі, якую прыкладвала да вуха. Фэрміна Даса звыклася да канфузаў, звязаных з гэтым, хутчэй за іншых сябровак, і гэта так стымулявала Люкрэсію, што амаль не было дня, калі б яна не з’яўлялася ў доме. Але Фэрміна Даса нікім не здолела замяніць Флярэнтына Арысу і спакой, які прыносілі вечары з ім.
Памяць пра мінулае не вызваляла ад будучыні, як ён быў схільны думаць. Затое ўзмацняла заўсёдную ўпэўненасць Фэрміны Дасы ў тым, што і пякельныя пакуты ў дваццаць гадоў былі чым заўгодна, няхай самымі высакароднымі і гожымі, толькі не каханнем. Насуперак сваёй жорсткай шчырасці, яна не мела намеру выказаць яму гэта ні поштай, ні асабіста. Ёй не хапала смеласці давесці Флярэнтына, як фальшыва гучалі сантыменты ў ягоных лістах у параўнанні з чарадзейным суцяшэннем, якое прыносіў ягоны эпісталярны роздум, і як ён шкодзіў сабе гэтай лірычнай лухтой, маніякальна настойваючы на вяртанні да мінулага. Не, не было радка ў ягоных даўніх лістах, не было ніводнага моманту ў яе мізэрным юнацтве, якія змусілі б яе адчуваць тое, што яна адчула цяпер: вечар кожнага аўторка быў такім доўгім без яго, так пакутліва самотным без яго.
У адным з парываў навядзення парадку ў доме яна сплавіла на стайню радыёлу, падараваную мужам на першыя альбо другія ўгодкі іхнага шлюбу, і якую яны думалі падараваць музею, бо гэта была першая радыёла, што з’явілася ў горадзе. У змроку жалобы яна вырашыла не карыстацца радыёлай: удава з яе прозвішчам не магла нават у адзіноце слухаць музыку, якая б яна ні была, не апаганіўшы памяці нябожчыка. Але на трэці аўторак пасля расстання з Флярэнтына Арысам яна загадала прынесці радыёлу ў залу, і не для таго, каб атрымаць асалоду ад сентыментальных спеваў, што перадавала радыё Рыёбамба, як раней, а каб ажывіць мёртвы час, які амаль не цягнуўся, слязлівымі радыёнавеламі з Сант’яга-дэ-Кубы. Гэта было ўдалым рашэннем, бо калі яна нарадзіла дачку, пачала губляць прагу да чытання, што муж старанна прышчапіў ёй з часоў вясельнай вандроўкі, а ад прагрэсуючай стомленасці зроку яна наагул перастала чытаць, часам месяцамі не ведала, дзе паклала акуляры.
Фэрміна Даса так звыклася да радыёнавелаў з Сант’яга-дэ-Кубы, што чакала штодзённыя перадачы з нецярплівасцю. Час ад часу яна слухала навіны, каб ведаць, што робіцца ў свеце, і калі зрэдчас яна заставалася ў доме адна, яна лавіла далёкія мэрэнгесы[31] з Санта-Дамінга і плэнасы[32] з Пуэрта-Рыка. Аднойчы ўвечары на нейкай незнаёмай радыёстанцыі, якая раптам загучала так моцна і ясна, нібыта перадавала з суседняга дома, яна пачула жахлівую навіну: пара вельмі сталага ўзросту, якая паўтарала вясельнае падарожжа там жа, дзе праводзіла яго сорак гадоў таму, была забітая лодачнікам, які веславаў падчас марской прагулкі; забойства было здзейснена ўдарамі вясла, і мэтаю быў рабунак – лодачнік забраў у забітых усю гатоўку, што яны мелі, – чатырнаццаць даляраў. Жахлівае ўражанне ўзмацнілася, калі Люкрэсія дэль Рэаль распавяла гэты выпадак цалкам па публікацыі ў мясцовай газеце. Паліцыя высветліла, што забітыя вяслом старыя – ёй было семдзесят восем гадоў, а яму – восемдзесят чатыры, – былі насамрэч патаемнымі каханкамі, яны бавілі адпачынак разам сорак гадоў запар, хоць кожны з іх жыў у стабільным і шчаслівым шлюбе і меў вялікую сям’ю. Фэрміна Даса ніколі не плакала, слухаючы радыёнавелы, але ад гэтага аповеду ледзь стрымала слёзы, якія падступілі да горла. У наступным лісце Флярэнтына Арыса даслаў выразку з газеты, што ўтрымлівала навіну, без каментарыя.
Але гэта былі не апошнія слёзы, якія Фэрміна Даса мусіла стрымаць. Яшчэ не скончылася шасьцідзесяцідзённае пасцельнае зняволенне Флярэнтына, як газета «Справядлівасць» апублікавала на ўсю шырыню першай паласы і з фатаздымкамі дзейных асоб артыкул пра меркаваную любоўную сувязь Хувэналя Урбіна і Люкрэсіі дэль Рэаль дэль Абіспа. Газета спекулявала на падрабязнасцях іх сувязі, частаце і характары сустрэч, прыгадвала і іншыя доктаравы забаўкі, – садамію з неграмі на ўласным цукровым заводзе. Аповед, надрукаваны буйным шрыфтам крывавага колеру, раскаціўся катастрафічнай маланкай у пратрухлым асяродку мясцовай арыстакратыі. Аднак у ім не было ніводнага праўдзівага радка: Хувэналь Урбіна і Люкрэсія дэль Рэаль сябравалі з халасцяцкай пары і працягвалі сяброўства пасля, але ніколі не былі каханкамі. У цэлым жа стваралася ўражанне, што публікацыя толькі міжволі зачапіла імя доктара Хувэналя Урбіна, чыя памяць шанавалася аднадушна, а мела іншую мэту: нашкодзіць мужу Люкрэсіі дэль Рэаль, абранаму прэзідэнтам Грамадскага клуба на мінулым тыдні. Скандал сцішылі за некалькі гадзін, але Люкрэсія дэль Рэаль больш не наведвала Фэрміну Дасу, і тая ўспрыняла гэта як прызнанне вінаватасці.
Неўзабаве, аднак, стала ясна, што Фэрміна Даса таксама не была застрахаваная ад падобнай рызыкі. «Справядлівасць» здзекавалася з яе са слабога фланга: па лініі спраў бацькі. Калі бацька ў сілу невядомых абставінаў быў вымушаны з’ехаць у выгнанне, Фэрміна Даса дазналася пра эпізод яго цёмнай камерцыі са слоў Галы Плясыдыі. Пазней, калі доктар Урбіна пацвердзіў пасля сустрэчы з губернатарам, што саромны факт меў месца, яна засталася пры сваёй думцы: бацька стаўся ахвярай подласці. Рэч была ў тым, што два ўрадавыя агенты прыйшлі ў дом каля Евангельскага скверыка з ордэрам на ператрус, агледзелі памяшканні ад столі да падлогі, але не знайшлі таго, што шукалі, і ўрэшце загадалі адчыніць шафу з люстэркам у былой спальні Фэрміны Дасы. Гала Плясыдыя была ў доме адна і, не маючы мажлівасці папярэдзіць сям’ю, адмовілася адамкнуць шафу з прычыны, што ў яе, маўляў, няма ключоў. Тады адзін з агентаў разбіў люстэрка рэвальверам і паміж люстэркам і драўлянай панэллю дзверцаў выявілі прастору, набітую фальшывымі купюрамі ў сто даляраў. Так завяршыўся ланцуг слядоў, якія вялі да Лярэнса Дасы – апошняга звяна разгалінаванай міжнароднай аперацыі. Гэта было махлярства майстэрскае, бо махляры захавалі вадзяныя знакі банкаўскай паперы: яны часткова сцерлі фарбу на купюрах у адзін даляр хімічным спосабам, блізкім да чарадзейства, і дадрукавалі толькі нулі, ператварыўшы іх у сотні. Лярэнса Даса даказваў, што шафа, набытая не так даўно, мусібыць, з’явілася ў доме ўжо са схаванымі купюрамі, але паліцыя здолела абвергнуць ягоныя сцверджанні. Апрача яго самога, ніхто не мог хаваць фальшывы скарб за люстэркам. Доктар Урбіна, калі дамовіўся з губернатарам, што накіруе цесця на радзіму, каб не дапусціць скандалу, распавёў жонцы толькі гэта. Аднак у газеце напісалі шмат болей.
Артыкул распавёў пра тое, што падчас адной са шматлікіх войнаў мінулага стагоддзя Лярэнса Даса быў пасярэднікам паміж ліберальным урадам Ахілеса Пары і невядомым польскага паходжання, якога звалі Юзаф К. Каржанеўскі. Ён затрымаўся ў горадзе на некалькі месяцаў з экіпажам гандлёвага карабля «Сэнт-Антуан», які быў пад французскім сцягам, спрабуючы завяршыць цёмную ўгоду са зброяй. Каржанеўскі, пазней стаўшы знакамітым у свеце пад імем Джозэф Конрад, невядома як усталяваў кантакт з Лярэнса Дасам, і той набыў у яго партыю зброі за кошт урада, карыстаючыся паўнамоцтвамі, якія законна аформілі дакументамі і аплацілі высакапробным золатам. У далейшым, адпаведна версіі газеты, Лярэнса Даса абвясціў, што зброя знікла ў выніку малаверагоднага нападу, а пасля прадаў партыю за падвойную цану кансерватарам, якія вялі вайну супраць урада.
«Справядлівасць» таксама апавядала, што калі генерал Рафаэль Рэес заснаваў ваенна-марскі флот, Лярэнса Даса набыў зусім танна цэлае судна ботаў – ангельская армія распрадавала лішкі – і толькі гэтай аперацыяй падвоіў свой скарб за шэсць месяцаў. Паводле артыкула, калі груз прыбыў у порт, Лярэнса Даса адмовіўся яго прымаць, бо ўсе боты былі на правую нагу, але калі мытня распрадавала тавар на аўкцыёне ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, у яго не знайшлося канкурэнтаў, і ён выкупіў груз за сімвалічную суму – сто песа. У той самы час ягоны саўдзельнік набыў боты на левую нагу, якія паступілі ў порт Рыёача, і таксама амаль задарам. Калі ўсё было прыведзена да ладу, Лярэнса Даса выкарыстаў сваяцтва з сям’ёю Урбіна дэ ля Калье і прадаў іх новаму ваеннаму флоту з дзвюма тысячамі адсоткаў прыбытку.
Інфармацыя «Справядлівасці» завяршалася тлумачэннем, што Лярэнса Даса пакінуў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу напрыканцы мінулага стагоддзя не ў пошуках лепшага асяродку для сваёй дачкі, як ён любіў паўтараць. Ён гэта зрабіў таму, што папаўся на прыбытковай справе змешвання імпартнага тытуню з драблёнай паперай, якая вялася так хітра, што нават заўзятыя курцы не заўважылі падману. Таксама выявілі ягоныя сувязі з падпольным міжнародным прадпрыемствам, чыя найбольш плённая дзейнасць напрыканцы мінулага стагоддзя крылася ў ажыццяўленні нелегальнага ўезду кітайцаў з Панамы. Так што падазроны гандаль муламі, які так нашкодзіў ягонай рэпутацыі, выявіўся адзінай сумленнай справай, якой ён калі займаўся.
Калі Флярэнтына Арыса падняўся з ложка, хоць спіна яшчэ гарэла полымем і ён упершыню вымушаны быў карыстацца кіем замест парасона, першы выхад з дома прывёў яго да Фэрміны Дасы. Яе цяжка было пазнаць праз больш відавочныя прыкметы старасці і крыўды, якія пазбавілі яе прагі да жыцця. Доктар Урбіна Даса, які двойчы наведаў Флярэнтына Арысу за час яго вымушанага арышту, распавёў яму пра прыгнечаны стан маці, выкліканы публікацыямі ў «Справядлівасці». Першы артыкул справакаваў такі гнеў на мужа за ягонае вераломства, што яна адмовілася ад наведвання сямейнага маўзалея штомесяц: яе выводзіла з сябе, што ён не здольны чуць са сваёй труны тых абразлівых слоў, якія яна хацела выкрыкнуць: інакш кажучы, Фэрміна Даса змагалася з нябожчыкам. Не даравала і сяброўцы. Яна загадала перадаць Люкрэсіі дэль Рэаль адкрыта: няхай, маўляў, нарадуецца суцяшэннем, што, прынамсі, мела аднаго мужчыну сярод мноства тых, хто прайшоў праз яе ложак. Што тычыцца публікацыі пра Лярэнса Дасу, невядома было, што больш параніла яе: ці то сам артырул, ці то спозненае выкрыццё праўды пра сапраўднае аблічча бацькі. Але артыкул зніштожыў яе. Валасы колеру чыстае сталі, якія надавалі высакароднасць яе твару, здаваліся цяпер пажоўклымі валокнамі маісу, гожыя вочы пантэры не мелі былога бляску, нават калі яна гневалася. Фэрміна Даса вырашыла, што жыць не мае сэнсу, і гэта было відаць у кожным яе жэсце. Яна здаўна адмовілася ад палення ў ваннай, але цяпер узнавіла дурную звычку публічна і з нястрымнай ненажэрнасцю. Напачатку сама рабіла самакруткі, як заўжды ёй падабалася. Затым паліла самыя звычайныя цыгарэты, якія можна было набыць у крамах, бо не хапала ўжо ні часу, ні цярплівасці вазіцца з тытунём і папяроснай паперай. Не будучы Флярэнтына Арысам, любы чалавек запытаў бы ў сябе, што можа прынесці будучыня такому, як ён, старому, кульгаваму, з параненай спінай, і жанчыне, якая не хацела ўжо іншага шчасця, акрамя смерці. Аднак Флярэнтына Арыса думаў інакш. Ён ратаваў агеньчык надзеі сярод руінаў бедства, бо яму здавалася, што няшчасце ўзвышала Фэрміну Дасу, гнеў упрыгожваў яе, злосць на ўвесь свет вяртала ёй неўтаймаваны характар, якім ён быў у дваццаць гадоў.








